Сваякі


Вершы

Мой гародчык

Не здолею зрабіць таго сама,
Але надзеяй цёплай грэю сэрца,
Што лёгка пойдзе, як піць даць,
Калі паклічу нашых „белавежцаў”.
А кожны з іх з сабою прынясе
Ўсе выкрутасныя мастацкія прыёмы,
Мяшок метафар і гэтак далей
І лёгкакрылых птушак легіёны.
Даволі нюняць нам і сумаваць
Па старой вёсцы, босай (трохі ў лапцях),
І ціха слёзы ліць (у гарадах),
Давайце лепей на вёску вяртацца!
Там дзядзьку Квасу трэба памагчы,
Што корпаецца адзінокі на палосцы,
Працуе, злуе, часам верашчыць.
А я, Мальвіна, баба хоць куды,
Да танца ды ружанца маладзіца,
Дзе чорт не можа, магу памагчы —
Люблю і працаваць і весяліцца.
Пакуль мы дыскутуем, каб расло
Нешта сэнсоўнае на той палосцы —
Каб больш гародніны, а меней слоў,
Я на пачатак закладаю свой „гародчык”.
27.07.1980



Шукаю Радзіму

Цябе знайду, цудоўная краіна,
Радзіма ўсіх няўдачлівых людзей,
І прыпаду адчайна, неадрыўна
Пабляклым тварам да тваіх грудзей.
Губамі ссохлымі цябе я пацалую
І, зарыдаўшы цяжка і без слёз,
Аб тых сваіх няўдачах раскажу я,
Якія даў мне недарэчны лёс.
Я не баніт, цвіце мая Радзіма,
Гаворыць, што будуе сацыялізм.
Ды ў Радзіме гэтай я — жанчына,
І мне свабоды чамусь не далі.
Традыцыя не мае пятай клепкі,
Кукіш паказвае на мой дыплом,
Кажа стаяць, дзе плачуць дзеткі,
Латаць штаны і варыць боршч.
А муж з сябрамі пры кілішку
Лапоча пра падзеі круглы дзень,
То лечыць „каца”, прамывае кішкі,
Ляжыць, як здохлы і глухі, як пень.
А людзі мяне лаюць: жонка я благая,
Гадзін па восем штодзень сплю,
Шкарпэтак мужу не латаю,
Канапак на работу не даю.
А я традыцыю ўзяла б за горла,
У рыла саданула б сотню раз
І вызваленай сілаю адорана,
Сказала б чыя рацыя, чыя віна.
Цябе знайду, Радзіма, не на Марсе,
Пайду туды, дзе дружна грамада,
Дзе за прагрэс змагаюцца упарта,
Хачу салдатам быць у тваіх радах.
Толькі на тыдзень дай заснуць на лузе,
Каб сонца лашчыла і вецер цалаваў,
І каб не бачылі ліхія людзі
Маіх заблытаных і кепскіх спраў.
Вярні ты кідкі чар красы дзявочай
І маладосці зазыўны агонь,
Чорныя бровы і ясныя вочы,
Дай такт нагам у танцы пад гармонь.
Букетам кветак свежых і пунсовых
Вярні з пад стомленых павек
Прыветны позірк, шчыры, бесклапотны,
Якім глядзіць на свет свабодны чалавек.
3.08.1980



Ён мне не пара

Сустрэла хлопца я на раздарожжы,
Быў малады, вясёлы і прыгожы.
Запаў глыбока ў сэрца яго позірк,
Ён не адну разяву заварожыў.

Я думала, за праўду йдзе змагацца,
А ён у бар спяшаўся лячыць „каца”.
Бацька — дырэктар, мае мураванку,
На „фіата” грошай даў і на гулянку.
Касцюмы — клас, курорты — заграніцай
(Аб тым простанароддзю нат не сніцца).
І хабар сунуў — сын стаў інжынерам.
І перад сынам усюды насцеж дзверы.
Цяпер ён шышка, сам хабары дорыць
І з абы-кім не дружыць, не гаворыць.
Аб дзеячу грамадскім гаварыў:
— Дурны, бо бедны, бедны — бо дурны.

Хоць і прыгожыя ён вочы мае,
Ён мне не пара, я ім пагарджаю.
10.08.1980



Пасля разводу

Калі навесну бэз цвіце,
Цвіце з расхрыстаным даверам,
Гляджу панура і не веру:
Не можа быць, што ён цвіце!
Чаму купае буйны цвет
У ранішняй расе бясконца,
Чаму яшчэ не гасне сонца,
Сусвет не валіцца яшчэ?
Вучоны вось закон знайшоў:
Нішто з нічога не бярэцца,
Матэрыя заўсёды вечна,
Нідзе не гіне нам ні што.
Скажы, вучоны, мне тады,
Каханне дзелася куды?
Скажы мне — і шукаць пайду я.
Балюча мне і вельмі дзіўна,
Таму і на вясну крыўдую.
А бэз навесну ўсё цвіце.
17.08.1980



З надзеяй у далонях

У кутку заліваўся дзівосна гармонік,
І ён, паправіўшы гальштук тайком,
Падышоў да мяне, даў надзею ў далоні,
І зрушыў усё навакол.

Дзяўчаты умомант ззелянелі са злосці,
Зірнулі абцасы на хату мадней,
Пранізлівым позіркам хвацкія хлопцы
Утаропіліся у мяне.

А я прагнай думкай вітаю ў старонні,
Аднаго толькі цэлай сабою хачу,
Каб бясконца чароўны іграў гармонік
І рука трымала руку.

Што, калі раптам музыка змоўкне
І з далоняў надзея спадзе?
Ён адыдзе у ноч, чужы, незнаёмы,
Хто дадому мяне правядзе?

І каму раскажу аб станістым клёне,
Якому гальштук барвяны вяжу,
Каб заўсёды нагадваў хлопца з калённі,
Да якога туліцца хачу.
24.08.1980



Сёе-тое пра каханне

Каханне дастала моцна па макаўцы,
Хто любіць на свеце няўдалых сірот.
Яно не стагнала з болю, не плакала,
Толькі шырока разявіла рот.
Дзіўна ўсё гэта, яйбогу дзіўна!
Каханню песні паэты пяюць,
А пакажы яго — брыдка калякаюць
І нават моцна па макаўцы б’юць.
Каханне канала, каханне калела,
Хоць жыць не ўмела, то жыць хацела.
Мужчыны шапкі знімалі ўжо,
Бабы хрысціліся тарапліва,
Толькі не плакаў чамусьці ніхто.
Труну — трэці сорт — унеслі ў хаціну,
Хтось ветліва свечку грамнічну прынёс,
Поп скацаваны, у грамадскім пачыне
Труну пакрапіў: — Нясіце ў воз!
Аднак каханне — якое нахабства! —
Узяло і ўстала — хоць ты дадушы! —
І, кволыя плечкі распраставаўшы,
Ціха занюняла: — Я хачу жыць!
Людзі абураны хуценька выйшлі,
Згадаўшы „халеру” і нешта пра „маць”.
Каханне ступіла, плячыма паціснуўшы,
Пайшло-паплялося шчасце шукаць.
Плялося і падала, уставала, плялося,
Ды ў гэтых пошуках яму не вязло,
Знаходзіла толькі шчасце ў двукоссі,
Сапраўднага шчасця яно не знайшло.
31.08.1980



Не зразумеў галодны сытых

Не разумее сыты галоднага,
Прывык галодны. Гэта нічога.
Не разумее галодны сытага —
Гэта бяда. А вось і прыклад.

У нас на рабоце, усе гэта знаюць,
Такая традыцыя — усё абмываюць.
Новыя боты і нагавіцы —
П’ецца гарэлка, нібы вадзіца, —
Шлюбы, жалобы і імяніны;
Рэдка, скажу вам, п’ем без прычыны.
А калі шэф наш у Польшчу рушыў,
То мы хадзілі проста на вушах.
Была і „звыкла” і „гатункова”,
Дамам салодкую Антак падсоўваў.
Былі грыбочкі і карнішоны,
„Пальцам напхана”, нават „свянцонэ”.
Елі, хвалілі, казалі: — Люксус!
Антак шчаслівы падкручваў вусы.
„Дзяды”, што трэба, усе ганаровы,
Ставілі часта, ставілі добра.
Гонар наказваў, дурная звычка:
— Не ад пустой мы бутэлькі затычка!
Як працавалі? Наогул някепска.
Туды не лезлі, дзе было кепска.
Дзе было лёгка — бізнес, кар’ера!
Дзе было цяжка — шукай фраера!
А свет шырокі, а свет вялікі —
Фраераў поўна, няма ім ліку.
Калі зракаўся, дык незадоўга
На яго месца мелі другога.
І так жылі мы. Бога хвалілі.
Пілі і елі, елі і pili.
Цяжка бывала толькі ад „каца”.
А тут наш фраер не хоча здацца.
Хлопец заўзяты, а голы, як біч.
Быў малады, хацеў зарабіць.
Толькі мазгоў не мог сабе ўставіць,
Нават „упісовага” нам не паставіў;
А на намёкі кіраўнічыя,
Аб дысцыпліне нешта навінчваў.
Фраер салідны таксама фраер,
Мы гэта цэнім, мы гэта знаем.
А што заўзяты, добра нагода —
Падоім фраера доўгія годы.
І так даілі слова не рэкшы,
Фраер журыў, або нас „вешаў”.
Не піў нат піва, быццам ён горшы,
Сыр па дванаццаць каўтаў і доршы,
І абкладаў мацюкамі звычнымі
Кволы заробак, амаль сімвалічны.
— З чаго тут жыць? — пытаў забаўна.
Мы гаварылі: — Які цікаўны!

Гады міналі, а хлопец ставіў.
І ажаніўся (вядома, фраер).
Сыплюцца дзеці, быццам з мяшка,
Новую працу трэба шукаць.
Матам пакрыў усіх на развітанне —
І сумна стала, што не паставіў.
14.09.1980



Адзінаццаць

Гляджу я часта у акно,
І карыстаюся „юдашам”.
Бачу у цемрыве варон
Страшную лічбу — 11.
О, гэты рэзкі скрып дзвярэй!
Нічым ён мне не пагражае —
Сусед вярнуўся, як дзень у дзень.
Будзе гуляць ён з малышамі.

Сонца, занавесь акно,
Не зазірайце, зоркі, у мае ночы!
Мне страшна. У пакой увайшло
„Адзінаццаць”. Ужо рагоча.
І пальцы два нашторц.
То пальцы з дулі. Бадане.
Мне страшна. На мяне
Ідзе рагамі 11.
Рагочуць сцены:
— Го-го-го! Не ўцячэш ад яго!
Страшная лічба 11.
Ужо сіл няма з ёю змагацца.
А што рабіць, куды ўцячы?
Мне страшна ўдзень і ўначы.

Каму мне хабар даць, не знаю,
Каб дачакаць таго,
Каго чакаю.
5.10.1980



Аб ідэі і маме

Мне, саракагадовай, не да твару
(Хоць і натуральная сірата)
Сентыментальнай быць,
Ды, кажуць, маму
Я маю недзе у ЦэКа.

Мама някепска мяне гадавала,
Быў хлеб, да хлеба, цукеркі нат былі.
Ад імя мамы паўтаралі няні:
— Вучыся, доню, будзе лягчэй жыць.
Дырэктар школы (нават беларускай)
Гадоў нямала талкаваў штораз:
Не для улад, не для яго вучуся,
Вучуся толькі для сябе.
А што з Айчынай?
Ні бэ, ні мэ.
І так вучыліся.
Так працавалі.
У грашах танулі для сябе,
Па вопратцы цанілі — сустракалі,
Па футрах і пярсцёнках залатых.
А што з ідэяй?
Ні бэ, ні мэ.
І я з узнёслым йшла да іх,
Тлумачыла,
А выйшла дуля.
Верх узяла „свая кашуля”.

Хоць з гэтым мне і не да твару,
Згубілася я ў свеце без ідэй.
Пара, пара знайсці мне сваю маму
І запытаць:
— А што далей?
9.11.1980