Сваякі


Вершы

Дзе вы?

На лугах зялёных
Цішыня стаяла,
Кветак было многа,
Толькі сена мала.
Дзе яны прапалі,
Самасейкі-кветкі,
Што красой усцілалі
Нашыя палеткі?
Дзе старыя ліпы,
Рабіны, бярозкі?
Ад ветру хавалі
Стрэхі цэлай вёскі.
Лес навокал поля,
Сосны векавыя,
Што сталася з вамі —
Толькі вецер вые.
А дзе тыя межы,
Доўгія палоскі,
Цягнуліся шнурам
Ад гаю да вёскі.
Дзе вас пахавалі,
Серпікі гарбаты,
Вас цяпер не знойдзеш
Пад страхою хаты.
А цераз балота,
Купы тарфяныя
Шашу пралажылі
Волаты стальныя.
Імчаць па смалоўцы
Гарадскія госці,
А я па бярозках
Сумую чагосьці.
22.08.1976



Маладыя

Маладыя ў вёсцы
Не хочуць рабіці,
Уцякаюць у горад,
Каб з палёгкай жыці.
— Тату, вы зямельку
— Просяць — не здавайце,
Сяк-так памаленьку
Яе абрабляйце.
А да вас мы будзем
Часта заглядаці;
Будзем, калі трэба,
Вам дапамагаці.
І жывуць багата,
Калёсачку маюць,
Калі трэба бацьку
Яны памагаюць —
Цялятка зарэзаць,
Свінку разабраці,
Бульбай падзяліцца,
Мёд з вулляў сабраці.
Не жылі б багата,
Не гналі б у калёсцы,
Каб не бедны тата,
Што застаўся ў вёсцы.
19.09.1976



Юшкаў Груд

Едзеш у той бок, на Ялоўку —
Управа вёска Юшкаў Груд.
Тады дуй туды смалоўкай,
Чаго трэба, знойдзеш тут.

На ўзгорку агароджа,
Цэркаўка ў ёй стаіць,
А навокал так прыгожа,
Што захочаш у ладкі біць.

Каля „кулка” стаіць кузня,
Кавалі ў кавадла б’юць,
А насупраць хлопцы дружна
Пры гээсе піва п’юць.

І раміза ёсць у вёсцы,
Як аб ёй мне не сказаць —
Пажарнікі ў нас фахоўцы,
Трэба гонар ім аддаць.

Малачарню — сам не знаю —
Людзі ганяць ужо здаўна.
Зато школу паважаюць,
Справядлівая яна.

Спажывецкая спулдзельня.
З ёю жыць нам не бяда.
Пошта — гутарка аддзельна,
Бо працуе на медаль.

Тут газеты без угавору
І пісьмо не прападзе.
Заўсёды ў час і ўпору
Ў твае рукі пападзе.

А лячэбніца здароўя
Мусіць хворая сама,
Дактароў было тут двое,
Цяпер жаднага няма.

Хварэць тутака не можна
Абы-калі, у любы час,
Толькі ў серады-суботы,
У іншыя дні — болькам пас.
10.10.1976



Полько

Сярод лесу, як на дачы,
Побач з Нарваю ракой,
Стаіць вёска, Полько, значыць,
Сцяна плачу, крык душы...
Аднак, аўтар, не спяшы.

Ціхі сад да хат туліўся,
Шумеў лес, у аблокі біўся;
Салавей у ім спяваў,
Людзям жыць дапамагаў.
Дзеці ягады збіралі,
Жнеі ў полі жыта жалі,
Дуб стары пад лесам рос,
На дарозе ляскаў воз.
Пралятаў так дзень за днём,
Аж зляцела вараннё.

Надышоў год сорак першы,
А з ім страшная вайна.
Не ахопіш яе вершам,
Завялікая яна.
У Круглым Ляску, побач Полька,
Хтось падсолтыса забіў.
І спакойным людзям столькі
Бяды-гора учыніў.
Немцы вёску акружылі,
Выгналі людзей усіх,
Жанчын, дзяцей адлучылі,
Павезлі на Прусы іх.
Мужчын завялі ў хваіну
Да глыбокай ямы той,
Пастроілі на ўскраіне
У спавіты жахам строй.
Затрашчалі аўтаматы,
Заліло зямлю крывёй...

Устала Полько. Пара хатак
Неапаленых вайной.
23.01.1977



Зіма

Годзе, сваце, сядзець у хаце,
Зіма запрашае;
Клічуць санкі на катанкі,
Буланы пархае.
Удзень і ўночы ўляпіў вочы
Ў блакітну сюрпрызу.
Ты, як дзеці, звык глядзеці
Тую тэлевізу.
Будзем у мары гадзін пару,
Як крунем за вёску;
Пракоцімся, паімчымся
Свежаю дарожкай.
Зіма бела анямела,
Лес у пухкай шаце;
Быў шумлівы, стаў маўклівы,
Вітай, родны браце!
Плывуць санкі праз палянкі,
Іх ганяе ў бокі;
Званок звоніць, мароз гоніць,
Пячэ ў нос і шчокі.
8.01.1978



Бацька і сын

Шумяць абмалоты, снапы вытрасаюць,
Вісяць цапы ў клуні, работы не маюць.
Мой сын, першакласнік, на іх углядаўся:
— Нашто гэты палкі? — мяне ён спытаўся.
— Ды гэта, — жартую, — такія круцілкі,
У дзеда ручная была малацілка.
Снапоў накладзецца, і б’еш іх, вядома,
Пакуль застанецца пустая салома.
Сарвецца, бывала, біяк лысабокі,
Як голаў схаваеш, памацае бокі.
Кажу: — Падрасцеш ты, і зможаш ім біці,
Мы будзем з табою ўдвух малаціці.
— Э, тата, цапы вы ў музей перадайце,
Або для забавы нам, дзецям, аддайце.
Калі падрасту я, — сказаў ганарыста, —
Дык шоферам буду, або трактарыстам.
„Бізона” прымушу па полі хадзіці,
І будзе ён жаці, зараз й малаціці.

Запыхкаў губамі, за руль быццам узяўся,
Рвануўся нагамі і з клуні пагнаўся.
22.10.1978



Маёвая ноч

Ноч маёвая застыла,
З луга льецца жабін хор,
Цёхкае салоўка міла,
Пахне духмяны чабор.
А дарогай быстрым ходам
Агні коцяцца здалёк,
Гэта вочы самахода,
Каб не згнала яго ў бок.
За ракой грае гармонік,
Нехта жэніцца, відаць.
Бубен б’е, талеркі звоняць,
Людзям душу весяляць.
І туды бяжыць дарожка,
Па ёй хочацца ісці.
Эх, малодшым быць бы трошкі,
Сваю радасць там знайсці.
8.06.1980