Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Саксафон Чынгісхана, альбо „хворыя” грошы - Сола ад Марка Шулькіна

а/ Things Ain’t What They Used To Be (“Справы не такія, як звычайна”). Мерсер Элінгтан

Тое, што зрабіў у той вечар Вінцэнт, — безумоўна, вышэйшы клас. Магу хоць сто разоў падпісацца пад уласнымі словамі, таму што гэта — словы прафесіянала. Прызнацца, я нават рады, што ўсё так атрымалася. І не толькі таму, што Сапега ў выніку размазаў па сценках усю гэтую паскудную кампанію, даў кожнаму з іх зразумець, хто ён, на што здатны і чаго каштуе. А яшчэ таму, што, дзякуючы здарэнню, ён сам адчуў, наколькі тут усё складана і што, іграючы ў “Зорцы”, не трэба думаць, нібыта ўвесь горад стане перад табой на калені. Такі саманадзейны чалавек у кожным калектыве заўсёды небяспечны, таму што ягоныя ўчынкі амаль немагчыма не толькі кантраляваць, але і прадказаць. А ў маім ансамблі ўсё павінна быць ціп-топ. Я сказаў — яны імгненна зрабілі. Я толькі падумаў — яны ўжо заварушыліся. Толькі так, без дыктату тут і кроку не зрабіць! Самадзейнасцю няхай займаюцца ў вясковых клубах. Таму спадзяюся, што Сапега сёе-тое зразумеў. Бо калі б не Ваўчыца са сваёй дурной, непрадуманай падказкай, Вінцэнт, мусіць, сёння ўжо ехаў бы дадому, а я лётаў бы па розных ванючых забягалаўках у надзеі прыткнуць дзе-небудзь свой скампраметаваны бэнд хоць на разавыя выступленні. Ды і хто ж яго ведае — ці існаваў бы наогул мой ансамбль, калі б Вінцэнт гэтак бойка не адшыў бы тады настырнага амерыканца?!

Ох няпросты гэты Джон! Хітры жук. Чалавек ён дзелавы, калі паабяцяе нешта зрабіць, — будзь спакойны, выканае, неаднойчы праверана на практыцы. Але адна справа — аблівацца шампанскім, а зусім іншая — падстаўляць мяне пад мясцовых бандытаў. Хіба ж так робяць людзі, якіх у пэўным сэнсе можна назваць кампаньёнамі?! Я што, такі вялікі навар маю з тых рэчаў, што ён прывозіць і перадае мне для рэалізацыі? Не для сябе ж руплюся, а ўсё дзеля нашых браточкаў-лабухаў: каму струны, каму трысціны, каму ноты. Рокерам вось прадаю розныя прымочкі для гітар, мікрасхемы, іншую неабходную дробязь, без якой не можа існаваць ніводная больш-менш прыстойная каманда. Я маю з рэалізацыі ўсяго толькі абумоўлены працэнт, але цэны вызначаю зусім не такія шалёныя, як Олек і ягоная бражка, таму музыканты павінны быць мне толькі ўдзячныя за дапамогу. Само сабой разумеецца, што Олек нічога не ведае пра нашыя кантакты з Джонам. Іначай бы... Тут — не, маўчу, бо нешта прадказваць — немагчыма!

Апошнім часам у газетах часта згадваюць мафію, арганізаваную злачыннасць. Канкрэтныя імёны, праўда, называюцца рэдка. Сябры-журналісты ды вы, паважаныя сышчыкі, ды хоць аднойчы зайдзіце вы ў нашую “Зорку” не гарэлкі папіць, а ўважліва паназіраць! Віцька распытайце, нарэшце! Ён вам такі матэрыяльчык падкінуць можа, што млосна зробіцца!

Але і ён напэўна ўсяго не ведае. І не хоча ведаць. Таму што разумее: калі і захоча тут нехта састрыгчы розную каросту, дык здолее ўхапіць адно вяршкі. На донца ж зазірнуць — немагчыма. Бо Олек трымае тут усё ва ўласных руках: і кухні, і спальні, і туалеты, і парадную браму, і ванючыя задворкі. Усе на яго працуюць, усе з ім мусяць лічыцца. Але Олек — не апошняе звяно ў ланцугу, упэўнены!

Са мной ён, праўда, паводзіць сябе больш-менш прыстойна. Прынамсі, гэтак было да апошняга часу. Мусіць, ён адчувае, што я не з тых наіўных, каго можна лёгка прыдушыць. Да таго ж, я яму адразу сказаў, што маю на яго сякі-такі матэрыял, і мы даволі хутка палюбоўна дамовіліся на ўмовах, якія задаволілі нас абодвух: трыццаць працэнтаў “хворых”, калі яны ў рублях, і пяцьдзесят — калі гэта “зялёныя” ці які іншы канвертуемы імпарт. Я пайшоў на гэта, разумеючы, што людзі Олека самі будуць імкнуцца сачыць, каб ніхто і пальцам не крануў маіх лабухаў, і адначасова скіроўваць да нас “хворых”, за што ім і неабходна будзе “адшпільваць” абумоўлены працэнт прыбытку.

Але вось учора паводзіны Олека мне вельмі не спадабаліся. Па-першае, не папярэдзіўшы, Олек накаціў на Сапегу такі балон, што ён мог запраста падмяць і мяне самога. Па-другое, ягонае патрабаванне аддаць яму цалкам трыста “зялёных”, што шпурнуў на падлогу амерыканец, — наогул чыстай вады нахабства. Мяне не цікавіць, чые гэта грошы: усе бачылі, што кліент “хварэў” шчыра і чэсна. Олек жа спрабаваў мне тлумачыць, што грошы ягоныя, і пры гэтым чамусьці груба намякаў на маіх сваякоў у Вене: маўляў, працуючы там, я буду мець значна больш. Дурны, дальбог! Няхай іншыя з’язджаюць, а мяне і тут жыццё цалкам задавальняе. Маю ўсё, што неабходна, і нават звыш таго. Адно толькі што не магу грошы выкарыстаць свабодна і адкрыта. Чакаю. Дзелавым людзям і тут ёсць дзе разгарнуцца, не пераходзячы пры гэтым нахабна межы законаў і ўказаў. Так што няхай ён сам, Олек, і едзе. Але там яму будзе куды цяжэй разгарнуцца. Таму што за мяжой да чыста бандытскіх звычак неабходна дадаць хоць каліўца інтэлігентнасці. А ў яго з тым — праблемы.

Прыблізна ў такім сэнсе я ўсё яму і растлумачыў і аддаў, як мы некалі і дамовіліся, роўна палову “хворых”. Па цяперашняму курсу гэта каля трох тысяч рублёў. Наперад няхай ведае, як рыхтаваць свае сюрпрызікі, каму і калі іх падносіць. Не на таго трапіў. Ён ужо меў час зразумець і адчуць, што я таксама нешта маю за спінай і што маё прыкрыцце не менш, бадай, моцнае за ягонае. Аддаў яму грошы і яшчэ раз прыгадаў Олеку вельмі разумнае пажаданне ката Леапольда: давайце жыць дружна!

А вось цяпер ёсць сэнс паразважаць, чаму ён гэтак усхадзіўся. Наконт Ваўчыцы ўсё ясна: яна ўбачыла ў Вінцэнце сапраўднага мужчыну, моцнага самца, які быў вельмі непадобны на яе штодзённых гладкіх ды сытых кліентаў. Так што тут матывы грунтуюцца выключна на сексуальнай глебе. З-за іх яна, трэба думаць, тады і села за раяль, і Вінцэнту трэба будзе звярнуць на гэта ўвагу, таму што ён, здаецца, апрача ўласнага саксафона, нічога не заўважае. З Олекам жа сітуацыя больш складаная.

Нядаўна я вельмі хутка і за прыстойныя грошы здаў клавішы “Ямаха”, якія ён мне перадаў на рэалізацыю. Людзі з Каўказа не таргаваліся і нават праставілі пляшку вельмі рэдкага ў нас каньяку. Можа, Олек не паверыў у тое, што я аддаў яму ўсю выручку, не пакінуўшы сабе кавалак-другі? Не, Шулькін па-дробнаму не прыніжаецца. Дзеля адной-другой тысячы рызыкаваць дзесяткамі? Дзякуй, няхай такімі справамі займаюцца мае браты-славяне, а я нават і не павярну свой пародзісты нос у бок тых грошай, якія лёгка могуць ператварыцца ў пярловую кашу з алюмініевым гарнітурам у якой-небудзь не дужа прыемнай установе з абмежаванай свабодай рухаў і дзеянняў.

А можа, Олеку не спадабалася, што я адшыў таго маладога саксафаніста, якога ён так упарта сватаў у мой бэнд? Так яго прапіхваў, што я такі згадзіўся паслухаць маладога. Фацэт з’явіўся — чыстая фірма: што шмаццё, што дудка. Усё ў яго было добра, апрача аднаго: музыкант ён быў ніякі, поўны нуль! Яму б катам на даху імправізаваць сакавіцкай ноччу ды з жабамі на балоце сэйшаны ладзіць. Хоць хто яго ведае, ці прынялі б яны малайца ў сваю кампанію? Я разумею: Олек хацеў замацаваць становішча і пасадзіць у мой ансамбль свайго чалавека, каб з ягонаю дапамогай паступова прыбраць нас да ўласных рук. А дулю з макам! Перш за ўсё мой бэнд павінен іграць прафесійна, а філіял дзіцячай музычнай школы я калі і адчыню, дык толькі пасля таго, як пайду на пенсію. А ісці на пенсію мне пакуль не хочацца. Яшчэ ёсць чым займацца.

Так што, Олек, запішы ў свой пасіў праваленую аперацыю і страту палутара соцень “зялёных” і маўчы пра тое, калі грошы сапраўды былі твае. А то рагатаць пачне ўвесь горад. Клянуся зоркаю Давіда, калі пра гэта дазнаюцца твае сябрукі, на наступны дзень ты будзеш прыносіць ім скуранкі з гардэроба і да канца жыцця не забудзешся на той дзень, калі пагарэў з-за нейкіх хрусткіх паперак, якіх у цябе значна больш, чым думаюць некаторыя набліжаныя да цябе асобы.

Згадай жа, Олек, хто кіраваў тут да цябе. І як толькі ты ўспомніш, які лёс напаткаў Ката, ты пачнеш ірваць на галаве свае прыгожыя валасы. Таму што Кот таксама сарваўся на дробязі, палез туды, куды сапраўдны, інтэлігентны “кот” не павінен быў і носа саваць. Мушу яшчэ раз нагадаць: адсутнасць інтэлігентнасці — гэта вашая агульная генетычная хвароба. Бо толькі дурань мог, захапіўшыся каньяком, асабіста паперціся на паверх у нумар да замежнага грамадзяніна, каб разабрацца, чаму ён не дадаў ягонай “супрацоўніцы” за сеанс нейкіх дохлых дзесяць “зялёных”! Швед жа, ці хто там быў, яшчэ запярэчыў, што дзяўчына непаўналетняя і таму, маўляў, павінна была спярша хоць бы падмыцца і паказацца ўрачу, што яна не ведае многіх хітрасцяў мастацтва кахання, і таму ён лічыць, што нават пераплаціў ёй. Ну нельга весці сур’ёзную гутарку пад уплывам паўднёвага напітку! Кот, нядоўга думаючы, гваздануў шведу кулаком і пагнаў яго голага па калідоры.

Хіба ж так робяць выхаваныя людзі? У Ката верх узяла калгасная натура, але вось імпэту ў яго хапіла літаральна на некалькі хвілін. Роўна да таго часу, калі з кабіны ліфта выйшлі двое ў фуражках і з такімі доўгімі, прыгожымі гумавымі палкамі. Ката ж панесла ваўсю... Ды куды ягоным кулакам супраць гумавых прыладаў? Вось і сядзіць ён цяпер невядома дзе, атрымаўшы дастаткова часу на тое, каб падумаць-паразважаць пра развіццё бізнесу ва ўмовах развітага сацыялістычнага грамадства і пра тое, як пралікі ў выхаванні адбіваюцца на тым бізнесе...

Так што Олеку ёсць у каго вучыцца і з каго — не браць прыклад. І шкада, што ён не карыстаецца дадзенай яму магчымасцю пашырыць адукацыю. Таму што калі яны ўтрох хацелі папужаць Сапегу (а я пра тое даведаўся хутка, будзьце спакойныя!), дык гэта быў учынак грубы і непрадуманы. Няхай сабе дзякуюць, што дзёшава ім усё абышлося. Сапега ж мог і паламаць каго, ды так, што потым і костачак не склеілі б.

У тым раённым кабаку я апынуўся выпадкова. Мясцовыя лабухі вырашылі шыкануць і ў адказ на сякую-такую дапамогу з майго боку накрылі стол. І адзін з тых раённых лабухаў аж зайшоўся ад рогату, тыкаў пальцам у бок Сапегі, калі той у сваім сінім швэдры выйшаў іграць. Ды я, як толькі пачуў пачварнае гучанне ягонага саксафона, адразу адчуў: такія музыканты, як Сапега, нараджаюцца раз на сто гадоў. Ну, можа, і не на сто, але ўсё адно рэдка. Іх так мала, што кожнага варта адразу ж заносіць у Чырвоную кнігу.

Зразумела, раённы кабак — не найлепшыя ўмовы для існавання такога музыканта. І я загадаў, каб у перапынку Вінцэнта прывялі да мяне. Мы дамовіліся пра ўсё надзіва хутка. У тым гарадку Сапегу не трымалі ні сям’я, ні вялікія заробкі. Галоўнае, я адчуў, што яго зацікавіла не столькі магчымасць забяспечыць сабе прыстойнае жыццё, колькі жаданне пайграць у сталіцы поруч з куды больш дасведчанымі партнёрамі. І я зрабіў яму практычна ўсё, што паабяцаў: забяспечыў працай з добрай зарплатай і такімі “хворымі”, якія нельга параўнаць з раённымі, даў вопытных калегаў, што ў рэшце рэшт прынясе яму вядомасць. Інтэрнат — справа часу, але будзе і яму дзе жыць. З прапіскай больш складана, ды канцы ў карысных людзей таксама маюцца. Тым больш што яны, тыя людзі, у “Зорку” таксама наведваюцца. Новы альт-саксафон — суперінструмент — заказаны ўжо, і яго вось-вось даставяць у мае рукі. Сапегу, такім чынам, застаецца адно: іграць тое, што яму скажуць.

Аднак вось тут я з цягам часу адкрыў у Вінцэнта рэчы для мяне не дужа прыемныя. Што ён быў геніяльны музыкант — факт! Ды яму вельмі шкодзіла адсутнасць школы, падмурка. І не таму, што ён быў дрэнна вывучаны — не! Усю вывучку ён альбо ўзяў сам, альбо яе недахоп кампенсавала прырода. Аднаго вось яна яму не дала: стабільнасці. Адзін вечар Сапега мог адпрацаваць так, што у мяне проста перахоплівала дыханне. Затое тры наступныя ён, па сутнасці, адбываў час на сцэне: ягоны саксафон гучаў блякла, невыразна, спатыкаўся ў найбольш простых месцах. Складвалася такое ўражанне, нібыта Вінцэнт думае пра нешта выключна ўласнае і перабірае клапаны інструмента аўтаматычна, не вельмі дбаючы пра тое, што з усяго гэтага атрымаецца. Як я хутка зразумеў, вырваць яго з абдымкаў такога дрымотнага стану мог толькі вельмі моцны знешні раздражняльнік. І Сапега валодаў таямнічай уласцівасцю імгненна пераўвасабляцца: здавалася, яшчэ колькі хвілін назад ён ляніва ды абыякава паласкаў на розныя лады нейкую папеўку, і раптам на слухачоў абрыньваўся сапраўдны вадаспад гукаў, і людзі былі вымушаны шырока расплюшчваць раты, каб не захлынуцца ў такой гукавой залеве, альбо нават — было і такое! — уцякаць з залы. Прасіць яго іграць цішэй ці наадварот — не мела аніякага сэнсу. Сапега толькі бурчаў нешта пад нос, замыкаўся ў сабе і заўсёды з нейкім выклікам рабіў зусім процілеглае.

І неўзабаве я ўцяміў: каб вырваць яго з летаргічнага сну, гэтага здранцвення, Сапегу трэба было альбо зачапіць, балюча укалоць слоўцам, альбо нават абразіць. Тады ён прачнецца абавязкова! Ён не памятаў злое, аднак на словы, якія закраналі яго асабіста, рэагаваў вельмі востра. Тады трэба было проста сказаць яму ў вочы і адысці ўбок. На гадзіну яго, будзьце спакойны, хопіць! А мне больш і не трэба. Мне не трэба, каб штодзень Сапега іграў на мяжы ўласных магчымасцяў. Гэтак ён хутка вытхнецца. Ён мусіць паказваць свой клас толькі ў адпаведны момант і толькі тым людзям, на каго і разлічана ягоная музыка. А дзятлы, якіх у “Зорку” штовечар прыносіць багата, няздольныя разабрацца, калі Сапега сапраўды працуе, а калі забівае іхні час. На тое яны і дзятлы. Ад іх адно толькі патрабуецца — своечасова “захварэць”. А ўсё іншае дазвольце ўжо вырашаць мне аднаму...

б/ Do Nothing Till You Hear From Me (“Чакай ад мяне звестак”). Дзюк Элінгтан

Я яшчэ спаў, калі Моніка штурхнула мяне ў плячо. Вось гэтага я не люблю. Работа ў мяне своеасаблівая: раней поўначы дадому ніколі не вяртаюся, таму спаць гадзін да дзесяці — святая справа. Але калі а паўдзевятай раніцы табе падсоўваюць пад нос тэлефон і просяць сказаць нешта дужа разумнае, я — пас. Таму што яшчэ на працягу дзвюх гадзін буду як сонны. Да дванаццаці да мяне лепш не набліжацца, безнадзейна! Мой бартавы камп’ютэр калі ўключыцца, дык толькі пасля абеду. Моніка мой расклад, здаецца, засвоіла цвёрда, а тут нешта і ў яе не спрацавала...

— Алё! — буркнуў я ў трубку. Зразумела, зрабіў тое не дужа ветліва.

— Маркіз, гэта Аляксей цябе турбуе, — пачуў я голас у адказ. Голас быў знаёмы, але каму ён належаў, я адразу не мог уцяміць. Дзіва што! Пазваніў бы ён яшчэ гадзінай раней! Я тады наогул бы толькі мычаў!

— Ну, — гэта было адзінае, што я мог з сябе выціснуць.

— Аляксей з “Сівога”! Прабач, што рана турбую.

— Бог цябе прабачыць. — Я яшчэ слаба разумеў, які гэта Аляксей і пры чым тут нейкі Сівы.

— Маркіз, тут у нас у панядзелак збіраецца ладная кампанія, каб трошкі пайграць для сваіх людзей.

— Ну і няхай сабе, — пачаў я нарэшце нешта ўсведамляць. — Няхай збіраецца. Толькі нашто мне пра гэта паведамляць так рана, Аляксей?

— Справа ў тым, што ўсе зацікаўленые пачуць твайго новага альтыста. Людзі паўсюль кажуць, нібыта ён няблага палівае, таму выказалі жаданне пачуць яго на ўласныя вушы. Што ты на гэта?

Я вельмі не люблю, калі мяне прымушаюць пачынаць думаць з самага ранку. А тут якраз і варта было падумаць перш, чым сказаць любое наступнае слова. Зразумела, пра Сапегу ў горадзе ўжо зрабілася чутно, таму, натуральна, яго жадалі ўбачыць зблізку. А што мне асабіста прынясуць тыя агледзіны?

— Маркіз, ну што? Ці чакаць вас?

— Хвілінку... — Я ўвесь напружыўся, задумаўся і нават не адрэагаваў на кубачак кавы, які мне прынесла Моніка. Прыгожа прыгатаваць каву і прыгожа падаць яе ў ложак яна ўмела хутка і адмыслова. Нездарма пачынала з афіцыянткі, пакуль мяне чорт не падштурхнуў зацягнуць яе ў ложак. А гэтаму яе ў вучылішчы не навучылі, хоць жаданне яна мела — неверагоднае! Адсюль усё і пачалося...

— Ведаеш што, Лёшачка... — пачаў я пасля глытка кавы. — Той, хто жадае пачуць Вінцэнта, можа і ў “Зорку” прыйсці. Ты ж разумееш, як я магу там сустрэць патрэбных людзей.

— Не крыўдзі мяне, Маркіз, — адказаў тады мне Аляксей. — Тут вось што яшчэ... Па-першае, сам Панкрат будзе. Па-другое, столік на ваш бэнд будзе сервіраваны за наш кошт. Што ты на гэта?

Аляксей мяне не столікам прынаджвае. Столік — што? Такі сервіс у нас сам сабой разумеецца. А вось тое, што там мусіць быць Панкрат... Тут зусім іншае. Калі нас запрашае Панкрат, не з’явіцца нельга. Таксама няпісаны закон. Панкрат проста так не запрашае. Ды і невядома, як усё надалей павернецца. Ад яго шмат што ў горадзе залежыць. Панкрат — значная фігура. Шапне дзе-небудзь слоўца-другое — і твой лёс можа вырашыцца імгненна. І далейшыя перспектывы пасля такія: ці на параходзе паехаць у Атлантыку іграць для замежных турыстаў, ці венік у рукі замест саксафона ўзяць. Панкрат усё можа. Ды пры ўсім гэтым сваю маску трымаць я таксама быў абавязаны.

— Хвілінку... — зноў сказаў я і ўзяў паўзу. Менавіта тут яшчэ адзін глыток кавы быў проста неабходны. — Вось што, Лёша. Дзякуй за запрашэнне. Я мушу параіцца са сваімі людзьмі. Сам разумееш, у нас цяпер хапае работы, трэба складаць новую праграму. Не буду, відаць, табе тлумачыць, як шмат залежыць ад маіх музыкантаў. Я табе перазваню. Праз дзень.

— Спадзяюся, што вы ў нас усё ж будзеце, — адказаў Аляксей і на тым развітаўся.

Так, правілы добрага тону я, здаецца, вытрымаў. Маркіз не хлопчык, каб адразу запляскаць у далоні і радасна пагадзіцца на ўсё. Аляксей напэўна гутарыў са мной ад імя Панкрата і ведаў, што адмовіцца я не змагу. Адначасова ён разумеў, што імгненна даць згоду — значыла для мяне павесці сябе неабачліва. Усё ж у “Зорцы” працуюць не пенцюхі, а класныя лабухі і не абы-якога ўзроўню. І яны зусім не дзеці, каб кінуць усё і паспяшацца на сэйшан. Нават улічваючы тое, што яго наладзіў сам Панкрат.

У гутарцы мы трымаліся няпісанага этыкету, хоць з самых першых слоў мне ўжо было зразумела, што я мушу рабіць далей. Ды вырашаць такія справы ў лоб у нашай прафесіі не прынята. Ёсць правілы, што прыдуманы не намі, а самім жыццём. Супраць жыцця, аднак, не пойдзеш.

Я яшчэ раней прадчуваў развіццё падзей і таму быў у пэўнай меры падрыхтаваны да такога званка. Толькі не думаў, што ўсё здарыцца гэтак хутка. Ніколі б так усё не закруцілася, калі б я ўзяў да сябе якога-небудзь вядомага музыканта. Яны, вядомыя, даўно ўпісаліся ў сістэму, занялі ў ёй адпаведнае месца. А Сапега тут — чужое пакуль цела, новы аб’ект увагі, які не знаходзіць сабе прытулку ў межах той сістэмы і таму ўвесь час літаральна блытаецца ва ўсіх пад нагамі. Аж пакуль не абламаецца і не зойме месца на адведзенай яму лёсам палічцы. І гэтак будзе! Калі толькі сістэма не выплюне Сапегу некуды далёка-далёка. Ды тое залежыць не толькі ад яго самога, але яшчэ ў немалой меры і ад мяне. А я не з тых людзей, якія пачынаюць нешта рабіць на злом галавы. У мяне ўсё прадумана, і перашкодзіць мне могуць толькі нейкія надзвычайныя абставіны. Я ж не бог, каб бясконца змагацца з фартунай, я ўсяго толькі магу абвесці яе вакол пальца. Што да сустрэчы Панкрата і Сапегі, дык яны ўсё адно павінны былі некалі сутыкнуцца. Нашто ж адцягваць сустрэчу, калі час, мяркуючы па ўсім, прыспеў?

Найбольш жа тут залежала ад самога Вінцэнта. Ён і быў маім галоўным клопатам, пра што я ўвечары, перад пачаткам праграмы, і сказаў сваім лабухам.

— А што я там не бачыў? — з месца ў кар’ер сарваўся Цэцэ. — Мне іхнія морды даўно абрыдлі. Да таго ж у панядзелак маем законны выхадны. Дайце хоць дзень без вашага лабства пажыць!

— Цімох, але ж Аляксей стол прастаўляе, — заўважыў Валяй і ўсміхнуўся.

— А хоць бы два сталы! — махнуў той рукой. — Усё адно потым сваё дакупляць будзем. Што, я не ведаю кааператыўшчыкаў? Яны ж усе скупердзяі!

— У цябе ўсё, Цэцэ? — перапыніў я пустую балбатню. — Калі сапраўды ўсё, дык валі на сцэну. Правер апарат.

— Ану вас усіх!.. — Цэцэ хуценька выскачыў з пакоя, зразумеўшы хіба, што ягонае меркаванне ў разлік усё адно не прымалася.

— Мне няма, спадзяюся, патрэбы тлумачыць вам, што гэта будзе за джэм, — пачаў я свой невялікі спіч. — “Ля Сівога” — тое месца, куды прыйдуць слухаць Сапегу. Я не патрабую, каб вы ў “Зорцы” штовечар ігралі як багі: тыя, хто прыходзяць сюды пажраць і напіцца, праглынуць любую музыку. Але я патрабую, каб у панядзелак на джэме вы падтрымалі Сапегу, каб усе, хто там будзе, запомнілі гэтую ноч лепш, чым сваю першую дзеўку. Асабліва пільным прашу быць цябе, Зуб. Будзь чуйны як ніколі. За Вінцэнта адказваеш асабіста, калі што — смела бяры ініцыятыву на сябе. Самі разумееце, там яго паспрабуюць лажануць, там будзе шмат лабухаў, хто пажадае забіць у грудзі Сапегу асінавы кол. Дый ты, Чырык, на паненак пашчу не разяўляй, а прыклейся да клавішаў і каб нікога да іх не пускаў. У мяне ўсё.

— Панкрат сапраўды будзе? — спытаў Валяй.

— Ён джэм і наладзіў. Не пайсці мы не можам, самі разумееце, — адказаў я. — Цяпер пагуляйце, я мушу сёе-тое сказаць Вінцэнту сам-насам.

в/ Crystal Silence (“Крыштальная цішыня”). Чык Корыа

Што такое джэм-сэйшан для джазавых музыкантаў, тлумачыць, відаць, не трэба. Калі коратка — гэта, апрача фестываляў, хіба адзінае свята для тых, хто імправізуе, шануе калегаў па цэху і сам пры тым мае што ім сказаць.

Выдатна памятаю свой першы джэм. Мне было тады гадоў шаснаццаць, вучыўся я ў музычнай школе, аддаючы шмат часу флейце. Мой дзядзька Сямён, які ў той час сам іграў у рэстаране на фартэпіяна, аднойчы вечарам пасадзіў мяне на матацыкл, і мы паехалі. Да горада ехаць было паўтары гадзіны, і я ведаў, што Сямён наведвае джэмы часта. Але тады я проста не разумеў, што ж так прыцягвае музыкантаў у адно месца, дзе можна пайграць для цеснай кампаніі, узяць кілішак-другі, сустрэцца са знаёмымі, абгаварыць нейкія справы.

Здаралася, джэмы адбываліся ў нейкіх клубах на ўскрайку горада, куды бліжэй да ночы сцягваліся музыканты, іх блізкія, сябры і сяброўкі. Ды часцей за ўсё такія музычныя вечарыны ладзіліся ў рэстаранах, калі іх арганізатары проста давалі пэўную суму абслузе; тады дзверы для чужых зачыняліся і музыка гучала аж да таго часу, калі з дэпо выпаўзалі першыя тралейбусы. Калі планаваўся джэм, пра яго ведалі толькі тыя, хто і павінен быў ведаць. Не таму, што на джэмах не хацелі бачыць шмат публікі: у рэшце рэшт, музыканты імкнуцца іграць менавіта для яе. А таму, каб на джэм не траплялі людзі выпадковыя і тыя лабухі, якія калі што і ўмеюць, дык гэта напівацца на халяву і потым ужо не іграць для ўласнай асалоды, а толькі мычаць у мікрафоны, не падпускаючы да іх усіх тых, хто сапраўды мае што паказаць.

Вось чаму з часам такіх інфармаваных аматараў паджэмаваць рабілася ўсё менш, хоць дзядзька Сямён, нягледзячы на тое, што жыў у іншым горадзе, заўсёды быў у курсе падрыхтоўкі ўсіх сэйшанаў. Але неяк расказаў мне, што сакрэтнасць іх падрыхтоўкі скончылася, калі аднойчы джэм цалкам праваліўся, хоць і памяшканне, і апаратура былі аплачаны наперад. Арганізатары джэма гэтак засакрэцілі месца яго правядзення, што на джэм наогул ніхто не з’явіўся, апрача трох-чатырох вясёлых ужо лабухаў, якія, нягледзячы на канспірацыю, усё адно заўсёды ўсё ведалі. Такім чынам, джэм скончыўся, так і не пачаўшыся: прысутныя паселі за агульны стол і праз якую гадзіну, праспяваўшы хорам у цёплай кампаніі некалькі шлягераў будаўнікоў светлай будучыні, разбрыліся хто куды.

Але калі дзядзька Сямён завёў мяне ў пракураную залу начной кавярні, у якой віравалі людзі і пранізліва, наўздагон ім, спявалі трубы і саксафоны, бухаў кантрабас і шапатаў малы барабан, мяне ахапіла дзіўнае пачуццё. Я імгненна зразумеў: вось яно, тое, без чаго мне жыць далей немагчыма. Гэта была мая атмасфера, мой свет, у якім я абавязаны быў заняць адпаведнае маім здольнасцям месца. І я ўжо тады ведаў, што з цягам часу буду тут не апошні, што мне таксама будуць лісліва ўсміхацца пры сустрэчы, паціскаць рукі, цалаваць у шчокі.

Сямёна ў той кавярні ведалі, мне здалося, усе. Нам адразу ж знайшлося месца за адным са столікаў, і дзядзька перазнаёміў мяне са сваімі сябрамі. Мне нешта налілі ў шклянку. “Давай, плямеш, не палохайся, — сказаў дзядзька. — Першы закон сапраўднага джазмена: без газу няма джазу”. У шклянцы была гарэлка, але я ўпершыню ў жыцці прымусіў сябе праглынуць яе, прагна схапіўшы працягнуты мне агурок.

Хутка ўсё наўкола мне ўжо страшна падабалася. Я адчайна біў у далоні, вітаючы кожнае сола, хоць некаторыя з музыкантаў стаялі ўжо на нагах даволі няўпэўнена і калі за што і трымаліся, дык хіба толькі за ўласныя інструменты. Я штохвілінна крычаў “Брава!”, вылятаў з-за стала пасля кожнай п’есы і не заўважаў іранічных усмешак маіх новых знаёмых. Потым я прабраўся на сцэну і сеў каля фартэпіяна, на якім іграў мой дзядзька. Я ніколі не чуў, каб ён іграў так добра. Сямён раз-пораз кідаў позірк у мой бок, усміхаўся, а крыху пазней, перакрыўшы музыку, крыкнуў мне: “Ну што, Марка, а калі ты пачнеш лабаць джэмы?”

А я ж гатовы быў пачаць хоць зараз. Адно толькі мая флейта не дужа адпавядала такім гучным мерапрыемствам. Што я ўмеў імправізаваць толькі тэарэтычна, а не практычна, — мяне мала хвалявала. Гледзячы, як дзядзькавы сябры на тры-пятнаццаць распраўляюцца з кожнай джазавай тэмай, я паступова завёўся так, што выскачыў да мікрафона і зычным голасам пачаў выдаваць такое, што чуў з пласцінак у выкананні боскай Элы. У мяне, відаць, сапраўды нештачкі атрымалася, таму што ў зале запляскалі ў далоні, нехта нават гукнуў: “Паддай газу!”

Мой удзел у тым джэме скончыўся тым, што дзядзька Сямён ласкава завёў мяне да століка, пасадзіў у крэсла і, схіліўшыся да вуха, урачыста паабяцаў дастаць мне сапраўдны сакс-тэнар. Мне яшчэ нечага плюхнулі ў шклянку, і я жвава праглынуў і гэта. На сцэне мяняліся музыканты, нейкія прыгожыя кабеты лахмацілі мне валасы, цалавалі і смяяліся. З адной некуды скіраваўся дзядзька Сямён, папярэдзіўшы, што неўзабаве вернецца, а я, як у тумане, свістаў салаўём, адбіваў рытм рукамі па стале і не заўважаў, як па зале разляталіся відэльцы, талеркі з закускамі. Нарэшце хтосьці адвёў мяне ў фае, паклаў на канапу, і я прачнуўся толькі тады, калі на вуліцы была ўжо раніца, а дзядзька Сямён рагатаў і штурхаў мяне ў плячо. “Прачынайся, джазмен, час дадому вяртацца”, — сказаў ён. Вакол было ціха-ціха. На падлозе валялася мноства недакуркаў, шматкі паперы, пустыя бутэлькі, і ад свежага паветра на вуліцы мяне рэзка павяло ўбок. Дзядзька Сямён увапхнуў мяне ў матацыклетную люльку, і мы паімчаліся дадому.

Зразумела, я прапусціў і ўрокі ў школе, і заняткі ў музыкалцы. Я не мог глядзець на сваю флейту, і толькі праз шмат гадоў, паслухаўшы, што і як яна можа ў джазе, дужа пашкадаваў, што здзрадзіў свайму першаму інструменту. Таму што праз некалькі дзён пасля нашай паездкі ў горад на джэм дзядзька Сямён сапраўды прынёс мне тэнар-саксафон — сур’ёзны, драпежны, найбольш джазавы з усіх інструментаў.

З яго менавіта ў мяне ўсё і пачалося...

З цягам часу я паступова навучыўся адрозніваць сапраўдныя джэмы ад звычайных музычных тусовак-п’янак, калі на сцэну бясконца лезуць нахабнікі, якія джаз ведаюць вельмі прыблізна. Апошнім часам такіх сэйшанаў чамусьці ўсё больш і больш. Тады і сам звычайна ўволю не пайграеш, і амаль нічога карыснага не пачуеш. Час ад часу на джэмы прывозяць славутых джазавых гастралёраў, але тады атрымліваецца яшчэ горш за тыя вечары, калі іграюць толькі свае людзі. Як правіла, славутасці аддаюць належнае гасціннасці гаспадароў, трымаюць у руках інструменты не больш за дзесяць хвілін, прымаючы абавязковую порцыю апладысментаў і ўзнёслых воклічаў, альбо вымушаны іграць самі толькі з той прычыны, што ніхто з нашых правінцыялаў не адважваецца стаць на сцэне побач з імі і паказаць, што яны таксама на нешта здатныя.

Добры джэм атрымліваецца толькі тады, калі ў яго ёсць гаспадар. Звычайна нехта з аўтарытэтных музыкантаў загадзя вызначае тэмы для імправізацый і запрашае тых, хто ў той вечар будзе іграць. Тады да мікрафонаў не трапляюць выпадковыя людзі, і кожны з удзельнікаў джэма мае магчымасць паказаць усё, на што ён здольны. Памятаю такі сэйшан, калі шасцёра музыкантаў выконвалі адну п’есу хвілін сорак. Ім ніхто не перашкаджаў, і хоць яны не былі выканаўцамі вышэйшага ўзроўню, усё тады атрымалася вельмі ўдала. Запіс гэтага джэма і дагэтуль валяецца недзе ў мяне дома. Па тым часе яго можна было смела выдаваць асобнай пласцінкай і ўключаць у вучэбныя дапаможнікі ў якасці выдатнай ілюстрацыі ў раздзеле “Майстэрства імправізацыі”.

Джэм, на які нас запрасіў Аляксей, меўся быць сур’ёзны, таму што ладзіў яго сам Пакрат. А гэты музыкант вельмі не любіў, калі да мікрафонаў лезуць нахабныя невукі. Тут не да жартаў, бо вечар ладзіць чалавек дасведчаны. А на маёй памяці гэта наогул быў першы выпадак у горадзе, калі на сэйшан запрашаліся не асобныя музыканты, а ўсе ўдзельнікі аднаго бэнда. Майго бэнда з рэстарана “Зорны дождж”.

А дзесятай вечара я падышоў да “Сівога”. Мае хлопчыкі былі ўсе, як адзін, нават Цэцэ, скрывіўшыся, стаяў каля дзвярэй. З унутранай кішэні ягонай куртачкі высоўваліся барабанныя палачкі. Ды куды ж ён падзенецца?! Куды ім усім, казлам, без мяне?

І мы прайшлі ў кавярню. Унутры было ўжо поўна людзей. З намі віталіся, ківалі ў бок Сапегі, які насуплена аглядаў памяшканне, прыціскаючы да сябе свой страшны чамадан, які, нягледзячы на каляровыя наклейкі, выглядаў няйначай як адская машынка. У куце я раптам заўважыў Ваўчыцу і імгненна насцярожыўся, хоць Олека і ягонай каманды побач не было. Ваўчыца сядзела за столікам адна: яна магла дазволіць сабе такое нават на тлумным джэме. Хіба ж Аляксей не паважае “зялёныя”?

Мы селі за столік у цэнтры залы. Пачастунак, які выставіў Аляксей, быў не царскі, але даволі прыстойны: дзве бутэлькі шампанскага, адна каньяку, добрая каўбаса і фрукты. У горадзе даўно прывыклі так рабіць: чым плаціць удзельнікам джэма грашыма, лепш было напаіць ды накарміць музыкантаў. Грошы на гэта браліся з тых кліентаў, хто трапляў сюды па білетах. А жадаючых заўсёды хапала: наведаць начны джэм лічылася прэстыжна. Ды той, каму было вельмі трэба, а грошай — шкада, праходзіў на такія сэйшаны без праблем. Як хоць бы Жужа, якая ад стойкі памахала нам лапкай.

Мы разлілі па пяцьдзесят, ды Сапега ад такой порцыі проста адмахнуўся. Я прачуў ужо ад Зуба, што ён, не міргнуўшы, выпівае шклянку гарэлкі, пасля чаго можа моўчкі сядзець, слухаючы музыку, і гадзіну, і другую. Ды бог з ім! Галоўнае, каб ён адпрацаваў сёння як мае быць. За што мы дружна і выпілі.

Да нашага століка прыйшоў Панкрат, весела ўсміхнуўся і прывітаўся з кожным за руку. Панкрат заўсёды трымае сваю марку альт-саксафаніста нумар адзін. Нічога, лоску ў цябе сёння напэўна ўбудзе.

— Маркіз, спачатку я разагрэюся са сваімі хлопцамі, — сказаў Панкрат. — А на трэцюю п’есу выводзь сваіх байцоў. Спадзяюся, мы з імі нешта прыдумаем, га?

Апошняе ён сказаў, зразумела, павярнуўшыся да Вінцэнта.

— Ну, — толькі і адказаў той.

— Тады мы пачынаем, — паведаміў Панкрат і пайшоў у бок сцэны. Мае хлопцы пачалі даставаць з футаралаў інструменты, толькі Сапега па-ранейшаму сядзеў насуплена і раз-пораз азіраўся па баках. Ягоны твар крыху прасвятлеў, калі ён сустрэўся позіркам з Жужай, але я адзначыў: убачыўшы Ваўчыцу, Вінцэнт сцяўся і пару разоў азірнуўся за спіну, быццам правяраючы, ці не прымроілася яна. Не, Ваўчыца горда сядзела сабе за столікам. Яна сядзела прыгожа і курыла таксама прыгожа, паклаўшы каля кілішка з каньяком пачак “Мальбара” і запальнічкі. У яе ўсе запальнічкі — выключна “Ронсан”...

Што ж, Панкрат зрабіў усё проста, ды тонка. Пайграе са сваімі, разагрэецца як след, а мае хлопцы мусяць выйсці і адразу іграць, нават добра не настроіўшыся. З іншага боку, як жа іначай? Тут сёння ён гаспадар і нікому даваць фору, зразумела, не збіраецца. Няхай напінаюцца, хто як можа, а першае слова будзе за ім. Я што, на ягоным месцы хіба зрабіў бы па-іншаму? Ды ніколі ў жыцці! Тут усе мусяць іграць па правілах гаспадароў.

Так што, хлопчыкі мае, рыхтуйцеся, што вас адразу пачнуць лажаць. А найбольш сярод усіх — Сапегу. Сёння ён тут намечаны галоўным хлопчыкам для біцця. Гэтак, прынамсі, многія думаць з прысутных у кавярні. Ды мы яшчэ паглядзім...

Панкрат прывёў з сабой крутых, вывучаных усяму лабухаў: за плячыма ў кожнага з іх біяграфія, поўная прыгод і дасягненняў. Зрэшты, як ва ўсіх, але апрача кабакоў і прырабаткаў на вяселлях, у філарманічных гоп-брыгадах, у гэтых была яшчэ і работа за мяжой на параходзе. Адпаведна — класныя інструменты. А яны ў нас — адразу амаль палова агульнага поспеху.

Сапраўды, праз колькі дзён прыйдзе новы сакс для Вінцэнта. Не хачу нават успамінаць, чаго ён мне каштаваў, але на сваёй пачварнай дудцы ён больш іграць не будзе. Хопіць з мяне местачковай батлейкі!

Між тым Панкрат са сваімі людзьмі пачаў джэмаваць. Разам з ім наперадзе стаяў нейкі малады негр, якога я бачыў упершыню. Зразумела, калі негр, дык і інструмент у яго быў класны — труба-гілеспаўка з ускінутым сексуальна ўверх раструбам. Мяне заўсёды ціха радаваў такі культ мужчынскай моцы, які пачаўся яшчэ ад прыгажунчыка Гілеспі. А што? Калі такая труба гучыць як мае быць, ніводная жанчына, калі яна толькі не фрыгіда якая замарожаная, не стрымаецца. Праўда, і сакс на лібідо добра ўздзейнічае, але для мяне ён заўсёды быў інструмент-жанчына. Формай жа саксафон нечым сапраўды нагадвае жаночую постаць, і калі такі мужчына, як Сапега, сцісне сакс сваімі жалезнымі пальцамі, пачне лашчыць яго, прытуліўшы да сябе, выгінаючыся ад наплыву пачуццяў, я сам гатовы на найбольш рашучыя крокі. Што тут казаць пра жанчын, якія толькі і бачаць сябе ў такіх руках замест саксафона?

Панкрат, зразумела, саліраваў адмыслова, так дакладна, што яго можна было выкарыстоўваць у музвучылішчы замест нагляднага дапаможніка, калі маладым трэба паказаць, на што здольны такі інструмент, як альт-саксафон. Адзінае, што мне не надта падабалася ў выкананні Панкрата, дык тое, што сам ён, на маю думку, ці то развучыўся, ці то проста забыў, што гэта такое — сапраўдныя джазавыя інтанацыі. Ён іграў на ўсе пяць, чысценька — пальчыкі аблізаць, але ад такой дакладнасці патыхала халадком, ягоная музыка яшчэ хвалявала, а вось само выкананне — не кранала.

— Зуб, як табе? — вырашыў я праверыць сябе.

— Крута, але без кайфу, — адказаў Зуб.

Вось яна, праўда! Панкрат — выключны музыкант, але ягоны прафесіяналізм, здаецца, даўно забіў пачуцці і эмоцыі. А без іх іграць джаз нельга. Гэта ўжо будзе не джаз, а інструментальная папса. Барані Бог ад яе сапраўдных музыкантаў!

Вось негр — той іграў зусім іначай. Ягоная натура, прырода адшукалі выйсце праз трубу і нястомна рваліся на свабоду. Негр часта збіваўся, не выдзімаў нават асобныя ноты, ды пры гэтым не звяртаў на тое аніякай увагі і, здаецца, кайфаваў яшчэ больш, смеючыся сам з сябе, і скаліў свае бялюткія зубы. Каб не негр, мне на гэтым паказальна-прафесійным джэме наогул зрабілася б кісла.

І тут Панкрат паклікаў на сцэну маіх хлопчыкаў. Сапега, халера, папёрся праз залу са сваім чамаданам. Яму заапладзіравалі, ды Вінцэнт набычыўся і нешта няспынна мармытаў пад нос, раскручваючы коўдру, у якую быў загорнуты ягоны сакс. Хлопцы паселі за інструменты, на сцэне побач з імі засталіся Панкрат ды негр, які шырокімі вачыма глядзеў то на Вінцэнта, то на ягоны інструмент. Нарэшце негр не вытрымаў, схіліўся да саксафона, вывучаючы яго, дакрануўся да муштука з сіняй ізаляцыйнай стужкай, прысвіснуў і паляпаў Сапегу па плячы, паказаўшы вялікі палец. І зноў шырока, на ўвесь фасад, усміхнуўся, сабака!

Панкрат перамовіўся з музыкантамі, і Чырык з Валяем пачалі іграць. Ну чыстыя казлы! У мяне сэрца абарвалася: гучаў уступ да “Тэйк файв” Брубека, п’есы са складаным памерам, утрымаць які было вельмі няпроста, асабліва Сапегу, у якога з рытмам усё ж былі пэўныя праблемы. Нягледзячы на свой выключны слых, ён такі часценька выбіваўся з рытму, яго заносіла, быцца машыну на коўзкай гравійцы. Карацей кажучы, Панкрат хітра вырашыў раз і назаўсёды паставіць усе кропкі над “і”. І мае казлы, замест таго каб наставіць вушы і выбраць для джэмавання што-небудзь прасцей, захлопалі тымі вушамі і самі падставіліся пад лакаматыў, імя якому — Панкрат. Ну што ж, трызна адбудзецца за іх жа кошт...

Панкрат пачаў саліраваць першы. Як я і прадчуваў, ён не стаў цягнуць ката за хвост: прайграў тэму, крыху паімправізаваў і аддаў усё ў рукі Цэцэ. Лепш разлічыць першы свой удар было немагчыма: як малады негр ні пакрыкваў, ні падбадзёрваў майго палкера, Цэцэ неўзабаве пачаў выбіваць на барабанах нешта зусім не з той оперы. Гэта ж табе не “Роланд”, які не памыляецца, а звычайныя барабаны! Цэцэ таму і скіс хутка, а ягонае сола на ўдарных мне нагадвала больш вальс, а не славутую “Тэйк файв” на пяць чвэрцяў. Панкрат між тым запрасіў да мікрафона Вінцэнта. І ў гэтыя імгненні мне захацелася заціснуць вушы, каб не пачуць усё, што зараз — я прадчуваў — адбудзецца абавязкова. Таму што настаў час для другога ўдару Панкрата.

Ды Сапега, як просценькі вясковы звяруга, аказаўся куды разумнейшы, чым я спадзяваўся. Першае, што ён зрабіў, — паўтарыў тэму. Другое, што ён зрабіў, — нота ў ноту паўтарыў імправізацыю Панкрата, пасля чаго вытрымаў паўзу, у час якой Чырык ачуняў і імгненна перахапіў ініцыятыву. Панкрат, пачуўшы ў выкананні Сапегі такі несамавіты гукавы фокус, азірнуўся ў ягоны бок, а малады негр аж завішчаў-заскуліў ад задавальнення. Тут Чырык кіўнуў Вінцэнту, але той, нібыта спалохаўшыся, адступіў раптам ад мікрафоннай стойкі, і цяпер становішча выратаваў Зуб. А Панкрат, апрытомнеўшы, ужо ўсміхаўся і нават тыцнуў пальцам у Сапегу: маўляў, ты цяпер, ты, ты!..

Вінцэнт, як я і думаў, доўга не пратрымаўся: ён такі праз пару хвілін вылецеў з рытму і нешта крыкнуў Цэцэ. Таго мне было шкада не менш. Адчуваў жа, што не трэба ісці на джэм! За Сапегу імправізацыю скончыў Зуб, Панкрат зноў падхапіў тэму і бойка давёў п’есу да канца. Што ж, тут ён не паказаў практычна нічога, ды нават не варухнуўшы пальцам, паклаў маіх байцоў на лапаткі. Дакладней кажучы, яны самі, як шчанюкі, леглі на спінкі лапкамі дагары. А так ім і трэба, казлам! Адно шкада: пра джэм — дня не міне — будуць ведаць усе лабухі горада. Імя Панкрата будуць згадваць як і належыць — са зразумелай пашанай, а вось Цэцэ размажуць, як кашу па сценках місы. Сапегу ж цалкам спляжаць. Ды найбольш смяяцца будуць з мяне: хто ж, як не я, сабраў гэтых геніяў разам і ўмела разнёс чуткі наконт таго, што ў “Зорку” сеў круты бэнд з выключным салістам? Я, Марк Шулькін, сын краўца Зіновія!

Цэцэ нават да стала не вярнуўся, а проста ад сцэны пайшоў з кавярні. З вінаватым выразам на твары плюхнуўся ў крэсла Валяй, Зуб адно сказаў: “М-да, дайграліся” і пачаў пакаваць сваю швайку. Чырык жа лёгка выблытаўся з няёмкай сітуацыі: ён падсеў за суседні столік да нейкіх маладзіц і з месца пачаў несці ім розную ахінею. У яго адно ў галаве: абы паміж ног не заржавела!

Апошнім да стала прыплёўся са сваім чамаданам Сапега. Сеў у крэсла, выпрастаў ногі і зморшчыўся, як апенька.

— Гаўнюк! — ціха сказаў я Вінцэнту. — Для цябе, паганца, робіш усё магчымае і немагчымае, а ты нават элементарнае выканаць не ў стане. Я ўсё запомню!

І я сапраўды запомню ўсё! У мяне памяць выдатная, і калі хто-небудзь з маіх байцоў правініўся, памылка, будзьце здаровыя, перш за ўсё адбіваецца на іх заробках. Зразумела, на тых заробках, якія складаюцца з “хворых” грошай. Вінцэнт упершыню атрымаў дадатковую прэмію ад мяне, Маркіза. Ён не ўразіўся рублям, хоць іх было і не так мала як для звычайнага рэстараннага лабуха. А вось “зялёныя” ён доўга круціў у пальцах, ледзь не абнюхаў іх, але долары Сапегу ўсё ж нечым не спадабаліся, і ён прапанаваў Чырыку абмяняцца. “Больш дзесяці за адзін “зялёны” не дам!” — як адрэзаў той. Сапега збянтэжыўся: “Нашто дзесяць? Я дам табе амерыканскія рублі, а ты мне — столькі ж савецкіх”. Мы там спачатку аслупянелі, а потым ледзь не кончыліся з рогату. Я так заходзіўся, што на кашулі гузік адскочыў. Здаецца, захацеў бы такога другога наіўнага прыдумаць — нічога б не атрымалася!

Думаеце, Сапега зразумеў, чаго мы рагочам? Дзе там! Але долараў тых ён нам больш не прапаноўваў. Мусіць, змяняў іх дзе ў падваротні, курсам абмену давёўшы валютчыка да нервовага зрыву.

Дык вось, па выніках апошняга месяца і Цэцэ, і Сапега атрымаюць “хворых” значна менш. І толькі ў савецкіх рублях. Каб ведалі. А яшчэ — запомнілі: калі працуеш на Маркіза, трэба варушыць мазгамі. А калі паварушыць няма чым — ідзі, даражэнькі, шукай уласныя жыццёвыя шляхі. Тут вам — надалей заказана, дурні больш не патрабуюцца!

— Твае хлопчыкі што — усё? Выдахліся? — пачуў я з’едлівы голас Панкрата. — Нешта ж хуценька яны...

— Адзін-нуль на тваю карысць, Панкрат, — шчыра прызнаўся я.

— Твой новенькі, скажу, пачаў выключна, а што з ім потым раптоўна зрабілася?

Панкрат размаўляў са мной, але так, каб і Сапега чуў ягоныя словы. А казаў ён як бацька кажа пра любімага сына — з цеплынёй у голасе і з павагай адначасова, толькі я ведаў, што ягоная душа поўніцца радасцю за атрыманую перамогу. Ды збольшага нашая гутарка мела характар тонкага дыпламатычнага паядынку, у якім важна сказаць так, каб дэлікатна выкласці думкі і пры гэтым незаўважна пырнуць нажом.

— Ты ж сам бачыў ягоны сакс, — вымушана падтрымаў я размову-гульню, у якой мы з усяе сілы імкнуліся інтэлігентна хлусіць адзін аднаму.

— Але ж ім толькі лапухі касіць каровам, — рагатнуў Панкрат, па-ранейшаму не звяртаючы на Сапегу ўвагі. — Музей металалому, дый толькі!

— Як на тое, сёння зранку ягоны “Сэлмер” адрубіўся, — працягваў хлусіць я. — Нешта з клапанамі. А не прыйсці мы не маглі, сам разумееш. Слова далі. А гэта ў нас — сур’ёзна!

— Клапаны — гэта дрэнь, — падхапіў маю хлусню Панкрат. — А чужы інструмент, ды яшчэ ў такім жудасным стане, — яшчэ горш. Мяне б папрасілі. Я б што-небудзь лепшае ў сябе адшукаў.

— Дзякуй! Але ж сам разумееш: калі сакс не строіць, што тут паробіш! А як “Сэлмер” будзе гатовы, мы яшчэ паіграем.

Тут нарэшце Панкрат звярнуўся да Сапегі.

— Тады хутчэй рамантуй сваю дудку, хлопчык, — сказаў ён і паляпаў — як прыбіў — Вінцэнта па плячы. — Мы яшчэ паджэмуем з табой на пару, паганяем анёлаў на нябёсах!

— А табе не страшна будзе там, высока? — нечакана для ўсіх спытаў Вінцэнт і спадылба зірнуў на Панкрата. За нашым столікам усе знерухомелі.

— Мне? Што?.. — прыкметна разгубіўся Панкрат, як і тады, на сцэне. — Чаго я павінен баяцца?

— Што цябе пачнуць вучыць, як іграць на саксе! — як адрэзаў Сапега.

— Ну ты даеш, хлопчык, — паволі апрытомнеў Панкрат. — Жартачкі ў цябе, такія... казліныя!

Апошняе слова Пакрата пераканала мяне ў тым, што ён і сапраўды спалохаўся: хто яго ведае, гэтага лахматага бамбізу? А што, як гваздане кулаком па чайніку? Навучыць — не навучыць, але ж на нябёсы трапіш інвалідам.

А тым больш я не мог пакінуць апошняе слова за Панкратам.

— Роўна праз тыдзень я зраблю джэм у “Зорцы”. Лічы, Панкрат, што ты запрошаны асабіста, два месцы — твае за мой кошт. Любы капрыз!

Сцэнарый таленавітага спектакля, галоўным пастаноўшчыкам якога быў уласна я, ужо склаўся ў маёй разумнай галаве. Мелася быць такое шоу, якога горад яшчэ не бачыў, якое горад запомніць назаўсёды, не будзь я Марк Шулькін, сын простага краўца Зіновія, які ладную частку свайго розуму здолеў перадаць свайму сыну.

г/ It Don’t Mean a Thing If It Ain’t Got That Swing (“Усё бяссэнсава, калі ў гэтым няма свінгу”). Дзюк Элінгтан

Рэч я сапраўды прыдумаў геніяльную. Я прыдумаў усім джэмам джэм: паўтузіна лепшых саксафаністаў горада будуць працаваць з маёй рытм-секцыяй. Калі ўсё атрымаецца, дык з духавікоў будуць выключна альт-саксафаністы! І трапяць на мой джэм толькі музыканты, каб на ўласныя вочы і вушы пераканацца, хто з гэтага часу будзе весці ў горадзе першую скрыпку.

І Сапега будзе іграць на сваёй новай дудцы, якой і Панкрат люта пазайздросціць. За яе я аддаў не менш як легкавік. Калі не два. Таму і “Сэлмерам” я Панкрата браў на понт. Тое, што ён убачыць, напэўна зваліць яго з ног. Мне пазванілі ўжо і паведамілі: ёсць штучка, прыплыла, тут яна, першая ў горадзе электронная дудка, якая здольная вырабляць сапраўдныя цуды. Хочаш — яна табе загучыць чыста як альт-саксафон, памяняў рэжым — маеш ужо барытон, яшчэ кнопку націснуў — флейта там ці трамбон. Муштук маецца, сам бачыў, і таму гэта менавіта ўсё ж дудка, а не сінтэзатар, хоць і далучаецца яна шнурам да цэлага блоку розных прымочак. А калі мне прывязуць яшчэ і сэмплерны блок, дык я і Сапегу дадому адпушчу: яму тут лавіць ужо не будзе чаго. Таму што блок той з памяццю дазволіць мне аднаму іграць то ў манеры Калтрэйна, то ў манеры Паркера, і ніхто — падкрэсліваю, — ніхто не адрозніць тады гучанне сакса Марка Шулькіна ад таго, як іграе Рэндзі Брэкер. А пакуль што Сапега мне неабходны. Я “раскручу” яго, арганізую яму вядомасць, а сабе — імя. А пасля ўжо проста пачну расчыняць нагамі ўсе патрэбныя мне дзверы. І спыніць мяне будзе немагчыма.

Канешне, Олек, як даведаецца пра новую дудку, месца сабе не знойдзе. Ды няхай! Яму пашалець, выпусціць крыху пары, магчыма, нават карысна будзе. Ён яшчэ, можа, у каталогах корпаецца, глядзіць на карцінку і не разумее, што гэта такое, а ў мяне дудка ўжо амаль у руках. Такім чынам, наладзіўшы вечар саксафаністаў у “Зорцы”, я маю магчымасць забіць адразу ж некалькіх зайцаў: паказаць Панкрату, што ён зусім не першы сакс у горадзе, сунуць Олеку пад нос электронную дудку і адначасова даць магчымасць добра пагуляць двум джэнтльменам, якія дапамаглі мне дастаць такую унікальную штуковіну.

Я ўсё разумею: у першы ж вечар выпускаць Сапегу з новай дудкай немагчыма. Трэба, каб ён прывык да яе, хоць бы злёгку вывучыў, што там і калі націскаць, прыцёрся да муштука. Я прыкінуў, што тыдня яму, калі ўпарта папрацаваць, на ўсё хопіць. Да таго ж Зуб добра ведае мову, каб разабрацца ў інструкцыях, таму на тыдзень я проста адмяняю рэпетыцыі з тым, каб забяспечыць усіх выключным сюрпрызам.

На наступны ж пасля джэма дзень я і паехаў па той электронны саксафон. Грошы загадзя пералічыў на вядомы мне рахунак — з наяўнымі лічу за лепшае важдацца як мага менш. З іншага боку, камерцыя трымаецца на даверы. Вось чаму ўсё адбылося хутка і інтэлігентна: я зайшоў, мне пацвердзілі, што грошы атрыманы, мы выпілі па кілішку каньяку, я ўзяў інструмент і пайшоў сабе, пакінуўшы два білеты на начны сэйшан за столік, які будзе накрыты, зразумела, на чатыры асобы. Два месцы за ім зоймуць сяброўкі Ваўчыцы. Яны не пашкадуюць, таму што ў маіх кампаньёнаў маюцца не толькі рублі.

Мушу сказаць, што з адным толькі футаралам ад электроннага інструмента можна з гонарам хадзіць па вуліцах. Ён — цёмна-карычневага колеру, з матэрыялу пад скуру, у яго далікатныя замочкі, выгодная ручка і — самае галоўнае — надпіс збоку строгімі, знаёмымі ўсім літарамі залатога колеру: “Ямаха”. Нічога, пэўны час Сапега пацешыцца з дудкі, а потым забяру яе сабе. Я падумаў аб гэтым, як толькі ўбачыў шыкоўны футарал. Сам Вінцэнт з такой дудкай здолее падмяць пад сябе ўсіх і адчыніць для мяне ўсе дзверы. А што? Хто потым скажа, нібыта Марк Шулькін няздольны ствараць музычных каралёў?!

У “Зорцы” першы мяне сустрэў Андрэй Захаравіч.

— Ого! Што нясеш такое прыгожае?

— Гэта тая “Ямаха”, на якой увесь музычны свет трымаецца, — адказаў я, а потым, прызнацца, крыху пакруціўся па фае, каб людзі звярнулі ўвагу на тыя пяць чарадзейных літар.

У пакойчыку я павольна расчыніў футарал і асцярожна дастаў упакаваны акуратнымі японцамі інструмент. Як жа яны ўмеюць рабіць гэтую справу — падаць тавар набыўцу, паказаць яго так, каб адразу ж, не вагаючыся, чалавек, убачыўшы нейкую рэч, сказаў: “Маё!” Ды не проста сказаў, а на ўвесь голас зароў: “Дайце мне! Маё!”

Паступова ў пакойчыку пачалі збірацца мае хлопчыкі, і ў кожнага з іх рэакцыя на маё набыццё была розная. Калі чалавек бачыць каштоўную рэч і здольны яе адпаведна ацаніць, ягоны характар і думкі праяўляюцца імгненна і найбольш непасрэдна. Каштоўная рэч — своеасаблівы тэст, з дапамогай якога правяраюцца людзі, таму што першая, найбольш шчырая рэакцыя скажа куды больш, чым славуты пуд солі, які нібыта трэба з’есці, каб добра зведаць чалавека.

— У, блін!.. І колькі такая штука пацягне ў “зялёных”? — шырока расплюшчыў вочы Цэцэ.

— А я чуў пра такую дудку. Як на ёй іграць? — Чырык паставіўся да інструмента чыста як прафесіянал.

— Глядзі ты, новенькая “ямашка”, прыгожанькая, — зафіксаваў Валяй, дый толькі.

А вось Зуб імгненна пра ўсё здагадаўся. Яго не зацікавіў кошт саксафона, дзе і як я яго здабываў, яму не трэба было тлумачыць, хто мусіць іграць на новай дудцы. Зуб узяў інструмент у рукі, патрымаў крыху, пакруціў і безуважна паклаў на месца.

— Баюся, Маркіз, што Сапегу з гэтай штукай не справіцца. Ён увесь час будзе думаць пра тое, як сыграць, а не што сыграць.

— Якасць выканання — галоўная задача, згадзіся, — адказаў я.

— Так! Але калі ты думаеш, дзе мусіш націснуць чарговую кнопку, калі ўключыць блок эфектаў, тут ужо не да музыкі. А ў Сапегі ж натура не настроеная на тое, каб у час выканання думаць пра кнопкі і эфекты.

— Але ж у цябе самога мноства прымочак да гітары, — не пагадзіўся я. — Яны, як я разумею, табе ніяк не замінаюць. Ты проста прывык да іх. Чаму з Сапегам павінна быць іначай?

— Мне, Маркіз, проста заўсёды здавалася, што лепшага за акустычную гітару інструмента няма і не будзе, што б твая “Ямаха” там ні выдумляла. Лепш за тое, што ўжо прыдумана прыродай, людзям не зрабіць. Нават разумным японцам.

Каб не надзейнасць Зуба як музыканта, каб не ягоныя сапраўдная інтэлігентнасць і дасведчанасць у мастацтве, я ніколі б не ўзяў яго ў свой бэнд. З адной толькі прычыны: ён занадта разумны, дазваляе сабе казаць шмат лішняга, таго, чаго свайму кіраўніцтву і казаць не варта было б. З іншага боку, хто яшчэ так выдрэсіраваў бы Сапегу? Вось чаму выказванне Зуба я пакінуў без каментарыя. Няхай сабе думае! А Сапега — будзе іграць на электроніцы!

Да ўсяго з’явіўся сам Вінцэнт. Такое ўражанне, што ён наогул нічога не заўважыў: плюхнуў на стол побач з “Ямахай” свой падрапаны чамаданішча, шчоўкнуў ягонымі замочкамі і дастаў з чамадана любімую коўдру, якую я пасаромеўся б выкарыстаць нават у якасці анучы. Сапега праверыў, ці добра трымаецца ў саксафона муштук, пару разоў дзьмухнуў у яго, аж пакуль не адчуў, што ўсе прысутныя напружана сочаць за ім. Кожнаму ж вельмі карцела праверыць, як адрэагуе Вінцэнт на дзівосны інструмент.

І ён — адрэагаваў!

— Там, перад уваходам у гатэль, пасярод вуліцы... два сабакі, адзін ускочыў на другога!.. Смех! — раптам сказаў Сапега.

— Няўжо? — спытаў Валяй, а Цэцэ, не вытрымаўшы напружання, сарваўся і нервова зарагатаў.

— Ну што я табе казаў? — праспяваў мне Зуб, і я быў гатовы ўкусіць яго. Сапега нават вокам не павёў, нават не спытаў, што знаходзіцца ў прыгожым футарале. Сапраўдны дзікун!

— Вінцэнт, — пачаў я, ледзь трымаючы сябе ў руках. — Зірні на хвілінку сюды. Гэта — твой новы інструмент, з дапамогай якога ты праз тыдзень размажаш Панкрата па сценках рэстараннай залы нашай “Зоркі”. З сённяшняга дня каб я больш не бачыў цябе тут з тваім смярдзючым чамаданам. Іграй на сваёй хакейнай клюшцы дзе хочаш, толькі не тут. У “Зорцы” ты будзеш іграць выключна на класным інструменце.

У мяне склалася ўражанне, што Сапега ўзяў у рукі не электронную цацку, а грымучую змяюку. Усім бэндам мы вывалілі на сцэну, урубілі апаратуру, падключылі “Ямаху” да блока эфектаў сінтэзатара і ўзмацняльнікаў. Сапега з палёгкай перадаў электронны саксафон Чырыку, які з дапамогай Зуба хутка вывучыў асноўныя аперацыі па ўключэнню інструмента. Гучала дудка проста фантастычна! І тады я загадаў вярнуць яе Вінцэнту.

Той па інэрцыі зрабіў крок насустрач мікрафоннай стойцы і на імгненне быццам скамянеў, калі раптам упэўніўся, што цяпер яму не патрэбны і мікрафон. Потым ён неяк пераадолеў сумненні і такі дунуў у муштук. З калонак вырваўся прыгожы вібрыруючы гук. Пасля першай спробы Вінцэнт пачаў паціху перабіраць кнопкі на пярэдняй панелі інструмента. Іх сістэма дазваляла свабодна арыентавацца нават ёлупню: дзве актавы і нажныя педалі для пераключэння рэгістраў, рэжымаў, для пад’ёму-апускання гуку. Элементарна і геніяльна адначасова. Сапегу патрабаваўся толькі час, каб да аўтаматызму адпрацаваць пераключэнні.

Я разумеў, што праблем перад ім паўстане даволі шмат: ён усё ж не ведаў нот і таму перабіраць кнопкі быў проста няздольны. Ён прывучыўся да духавога саксафона і быў не ў сілах за кароткі час спасцігнуць электроніку. Ды гэта часова. Менавіта тут і спатрэбіцца яму Зуб, які здольны растлумачыць усё нават такому мядзведзю, як Сапега. Усё ціп-топ, усё пакоціцца як належыць, прыйдзе той дзень, калі лепшыя музыканты горада неаднойчы папярхнуцца, пачуўшы выкананне Сапегі на электронным цудзе.

І раптам я пачуў з боку сцэны здаўлены стогн. Я ўбачыў Сапегу, які трымаў саксафон “Ямаха” перад сабой на выцягнутых руках, шырока вылупіўшы вочы. Між тым з дынамікаў працягвала гучаць музыка, больш дакладна — падбор выпадкова ўзятых ім нот, якія то раскладаліся на кварты, актавы, то паўтараліся ў варыянце выканання камерным хорам, арфай, гітарай, клавесінам. Гэта Чырык з Зубам сваволілі з рознымі рэжымамі на блоку эфектаў. Але найбольшы эфект зрабіў сам Сапега.

Ён літаральна вылупіўся на інструмент і нічога не мог зразумець: саксафон іграў без ягонага ўдзелу! І толькі цяпер мяне быццам нешта гвазданула па галаве: нельга было так рабіць, нельга было паказваць цяпер вось Вінцэнту, на што здатная электроніка! Проба з “Ямахай” сталася маёй прынцыповай памылкай...

— Д’ябал! — рычаў Сапега, паядаючы вачыма замежную дудку. — Тут сам д’ябал сядзіць!

Яшчэ імгненне — і ён бразнуў бы маімі многімі тысячамі рублёў проста аб падлогу. Першы да Сапегі падскочыў Цэцэ і асцярожна забраў “Ямаху” з рук шалёнага абарыгена.

Сапега — перахрысціўся!

Я працёр вочы. Гэтая таленавітая жывёліна сапраўды перахрысцілася і кінулася вон са сцэны, па дарозе, як мне здалося, здолеўшы яшчэ плюнуць праз плячо. Усё! Мая задума лопнула як мыльная бурбалка: эфектнага выхаду Сапегі на джэме не будзе. Плакалі мае грошыкі, таму што кошт “Ямахі” напрамую залежаў ад таго, як яе павінен быў паказаць мой музыкант. А ён — не пакажа. Значыць, я магу аказацца ў пралёце, значыць, я мушу падумаць, якім чынам падстрахавацца, каб, калі што, вярнуць укладзеныя ў інструмент грошы, бо ім пагражае небяспека з-за тупой абмежаванасці гэтага ваўкалака.

— Ну і халера з табой! — крыкнуў я ў спіну Сапегу. — Ты будзеш іграць на сваёй паскуднай клюшцы! Але гэта апошняе, што я табе дазваляю!

Ну ты проста падла, мой даражэнькі Вінцэнцік! Ну і наклаў ты мне ў душу, выцягнуў з кішэні кругленькую суму, але нашто ж было згінаць у крук мікрафонную стойку?! Яна тут пры чым?

— Спакойна, Маркіз! — пачуў я ў гэты момант вельмі знаёмы голас. — Мне яшчэ твая цётка Роза неяк раіла: не трэба мітусіцца пад кліентам.

Ваўчыцы тут толькі не хапала!

— Прывітанне! — сказала яна. — Што новенькага чуваць, Маркізік?

Гутарыць з Ваўчыцай у мяне не было ніякага жадання. Ды па ўсім было відаць, што гэтым разам ад яе так проста не адчапіцца: яна не магла прыйсці ў такі час у “Зорку” выпадкова.

— Мае навіны, здаецца, ты заўсёды ведаеш перш за мяне самога, — разануў я ў спадзяванні, што наш дыялог не будзе працяглы. Ды Ваўчыцу так проста не прабіць.

— Табе, Маркіз, не здаецца, што апошнім часам ты ўсё часцей ды часцей перабіраеш літаральна ва ўсім? Табе не здаецца, што цябе пачало заносіць?

— Кажы больш зразумела, — папрасіў я і, не запрашаючы Ваўчыцу, прысеў за адзін са столікаў каля сцэны. Яна засталася стаяць і з вышыні свайго росту свідравала мяне вачыма.

— Не буду табе тлумачыць, наколькі гэта істотна — своечасова скончыць, — сказала яна.

— Шчыра веру табе, — пусціў я другую шпільку. — Тут твой вопыт значна багацейшы за мой.

— Твая праўда, — пагадзілася Ваўчыца. — Але ж і ты, як нам здавалася, сяму-таму за апошнія гады павінен быў навучыцца. Але аказалася, што ў цябе, як у смаркача, энергіі хапае толькі на тое, каб хутка скінуць майткі і добра пачаць. А вось з канцоўкай у цябе значныя праблемы. Ты не паслухаў нашай парады і ўзяў да сябе Сапегу. Тваё шчасце ў тым, што ён сапраўды аказаўся спраўным музыкантам. Але ягонае з’яўленне ў “Зорцы” пацягнула за сабой цэлы ланцуг непрадбачаных табой учынкаў. Ты не раскусіў “хворага” амерыканца і элементарна, груба забраў у Олека “зялёныя”, якія табе ніколі не належалі. Ты, нарэшце, парушыў дамоўленасць і заказаў сабе новы інструмент не праз нас, а праз нейкіх людзей, імёны якіх мы даведаліся даволі хутка. Таму і кажу цяпер табе, Маркіз: якая ж вялікая рэч — умець своечасова скончыць!

Збоку гэтая сцэнка магла выглядаць даволі камічна: а як жа, галоўная “зондарша” вучыць рэстараннага лабуха мастацтву канцоўкі! Але мне ўсё парадкам надакучыла.

— Ваўчанё! — сказаў я. — Мне трэба сёе-тое абдумаць. Твая прыемная кампанія для майго роздуму не найлепшая ўмова. Таму валі піць каву ці яшчэ куды і не назаляй мне, таму што нервы ў мяне не жалезныя.

— І што тады? — пацікавілася Ваўчыца.

— Тады я на хвіліну забуду, што ты ўсё ж жанчына, і буду размаўляць з табой так, як размаўляў бы, калі б на тваім месцы стаяў нехта з тваіх знямоглых кліентаў. Дык вось: ты мне патрэбная толькі ў якасці партнёра па вельмі канкрэтных праектах, як, напрыклад, наша імпрэза ў панядзелак, калі дзвюм тваім супрацоўніцам я забяспечыў шырокі фронт работ і без нейкіх там, заўваж, камісійных. Адносна ж нашых нейкіх доўгатэрміновых кантактаў, дык іх няма і не можа быць. Тут я з усёй адказнасцю гатовы пакласці на вас усіх свой невялікі, але горды і спраўны чалавечы фактар.

— Ай да Маркіз, ай да салавейка! Як прыгожа спяваеш! — сказала Ваўчыца і рашуча прысела побач. Я зразумеў: наша гутарка толькі пачынаецца.

— Дык ты яшчэ і спяваць прыгожа навучыўся, — працягвала яна. — А калі сам спяваць любіш, дык і другіх мусіш слухаць час ад часу...

Ваўчыца закурыла, махнула Філю, і той умомант прынёс папяльнічку.

— Вось і паслухай мяне, Маркіз. Магчыма, мая гісторыя дапаможа табе сёе-тое зразумець...

ЛЕГЕНДА ПРА ДЖАЗМЕНА-НЯЎДАЧНІКА І ПРА ЎМЕННЕ СВОЕЧАСОВА СКОНЧЫЦЬ

Каб ты ведаў, Маркіз, я не з тых, каго называюць дзецьмі вуліцы: расла пры бацьках, якіх слухалася заўсёды, у школе вучылася паспяхова і нават скончыла музычную сямігодку па скрыпцы. Дарэчы, магла б спяваць у тваім бэндзе, бо раблю гэта, не раўнуючы, лепш за Моніку. Ды я не пра гэта.

Музычная школа навучыла мяне музыцы і прывіла да яе ўстойлівую нянавісць. Галоўнае ж было — складна выканаць п’еску, а ўсё іншае не існавала. Мне штодзень далдонілі: музыка дапаможа табе адчыніць дзверы ў свет цудоўнага. Вакол жа быў самы звычайны свет, дзе цудоўнае калі і прысутнічала, дык хіба што толькі ў падпеччы.

У дзевятым класе я паехала на сваю першую халтуру, спявала на вясковым вяселлі. Тады ж і выпіла ўпершыню первачу і таму не магла супраціўляцца, прапускаючы праз сябе па чарзе, здаецца, чатырох з пяці таксама ўшчэнт п’яных лабухаў халтурнага бэнда. Не яны былі ў мяне першыя: я даўно зразумела, што ніхто не парупіцца нават пра тое, каб я сапраўды ўбачыла тыя дзверы, якія адчыняюцца ў свет цудоўнага. Нават дзверы!

Адзін толькі чалавек тады, ноччу, не прыйшоў па маё цела. Адзін з усіх ён раніцай сказаў: “Няшчасная!” і прытуліў да сябе. Гэта быў Стасік Казінец. Ты пра яго напэўна не чуў, прынамсі, прозвішча табе нічога не скажа. Яго цяпер памятаюць нямногія, і калі згадваюць, дык толькі як Самотнага Каўбоя альбо Джазмена-няўдачніка.

Ён быў просты і шчыры чалавек, увасабленне дабрыні. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю па класу віяланчэлі і шмат гадоў працаваў у розных аркестрах, пакуль нечакана для самога сябе не перайшоў на кантрабас. У канцы шасцідзесятых ягоныя сябры зацягнулі Стася на нейкі джазавы канцэрт, пасля якога ў яго павольна пачало завальвацца гарышча. Хвароба не абрынулася імгненна, яна падкрадвалася да Стася паціху, непрыкметна для іншых. Мінула гадоў з пяць, як усе забыліся на тое, што быў такі Стась Казінец. Але асоба Самотнага Каўбоя зрабілася ў горадзе амаль легендарнай.

Ён іграў на кантрабасе выключна, таму што быў фанатам і гэтага інструмента, і джаза наогул. Адзінае, што яму вельмі істотна замінала і ў рэшце рэшт перашкодзіла зрабіць сапраўдную кар’еру — адсутнасць якіх бы ні было здольнасцей імправізаваць. Гэта значыць, калі перад ім знаходзіліся ноты выпісанай партыі няхай сабе і віртуознага плана, за Самотнага Каўбоя можна было не хвалявацца. Пакуль дах не зваліўся з ягоных плячэй канчаткова, у час студыйных запісаў ён наогул быў чалавекам незаменным. А вось на канцэртах... Чаму ён рэдка калі пастаянна працаваў у бэндзе? Ды таму, што загадзя было вядома: ён — найбольш ненадзейны музыкант, якога можна было напаткаць у асяроддзі джазменаў. У час канцэртаў ён таксама мог імправізаваць толькі па нотах. Нават найбольш простыя мелодыі і тое павінен быў мець выпісанымі на паперы перад вачыма. Імправізаваць жа без нот ён не мог наогул!

Я ўжо не згадваю ягоную няпамятлівасць, нейкае адчайнае і пастаяннае нешанцаванне ва ўсім. Толькі ў гэтага музыканта я раз ад разу назірала, як у час канцэртаў у ягонага кантрабаса рвалася чацвёртая, найбольш тоўстая — з мой мезенец — струна. Толькі Самотны Каўбой мог забыць кантрабас у трамваі і шукаць яго потым па ўсіх тралейбусных парках. Толькі ён пастаянна блытаў у час канцэртаў чарговасць нумароў і мог пачаць п’есу насуперак усяму бэнду, які ў тыя ж імгненні выконваў зусім іншую музыку. Вось чаму ён атрымаў і другую мянушку — Джазмен-няўдачнік.

Ён мяне і прывёў пасля таго вясковага групавога музыкавання ў дыксіленд. У ім сабраліся неверагодныя лабухі! Працавалі ўсе дзе хто, але двойчы на тыдзень збіраліся і рэпеціравалі п’есы традыцыйнага джаза. Яны рэдка ігралі халтуры, крыху часцей давалі канцэрты, як правіла, — бясплатна, але іх дзейнасць была скіраваная на адно — на джаз-фестывалі. Яны былі для музыкантаў сапраўднымі святамі, я потым і сама тое зразумела, калі трапіла на першы з іх.

У дыксілендзе мне спадабалася, я хутка вывучыла неабходны рэпертуар і пачала рэпеціраваць з ансамблем пастаянна, адначасова ўсё больш і больш прыглядаючы за Самотным Каўбоем, які чым далей, тым больш і часцей учыняў розныя дзівацтвы.

Калі, напрыклад, адзначаўся сусветны дзень экалогіі, Самотны Каўбой а дзесятай вечара ўспёрся са сваім кантрабасам на дах дзевяціпавярхоўкі, працягнуў да пюпітра провад з асвятленнем і пачаў іграць — як ён мне растлумачыў пазней — экалагічна чыстую музыку. Баха, здаецца... яшчэ некага з класікаў... Здымалі яго з даху ўсе разам: я, міліцыя, пажарныя ды брыгада з Навінак. Ён там прабыў тры дні, а калі вярнуўся з псіхушкі дадому, я, малое, сэрцам адчула: яму тэрмінова трэба спыніцца. Я засталася з ім на ноч, я ўпершыню свядома легла побач з мужчынам, я прапанавала яму сябе назаўсёды і абяцала даглядаць яго, як уласнае дзіцё. Ён пагладзіў мяне па галаве і сказаў: “Я не ўсё яшчэ зрабіў, каб спыняцца”. — “Але ж табе неабходна сказаць “Стоп!” цяпер жа!” —крычала я, седзячы на падлозе голай у ягоным пакоі. Ён ні на што не рэагаваў: “Паспею. Вось зраблю тое, што задумаў, а потым пачну разважаць, на якія мушу націснуць тармазы”. У тую ноч ён да мяне нават не дакрануўся...

У наступны раз ён трапіў у Навінкі пасля таго, як на гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў перад Домам урада і іграў беларускія народныя мелодыі на кантрабасе, перацягнутым бел-чырвона-белай стужкай...

Адпусцілі яго праз тыдзень. Увесь гэты час я жыла ў яго. Ранкам адзначалася ў школе, дзе выседжвала найбольш два ўрокі, і штодня чакала Самотнага Каўбоя. Я карміла ягоных акварыўмных рыбак, чытала кнігі, пра якія раней ніколі не чула, слухала ягоную шыкоўную фанатэку. У ёй былі запісы цудоўных, геніяльных музыкантаў, і магу цябе , Маркіз, упэўніць: Вінцэнт варты значна большага, чымсьці ты яму можаш прапанаваць.

Самотнага Каўбоя ў псіхушцы добра такі збілі. Думаю, толькі з-за таго, што пераканаліся: ніякі ён не псіх, а чалавек куды больш нармальны за многіх іншых. І толькі я ведала прычыну ягоных учынкаў: Самотны Каўбой канаў у затхлай атмасферы жыцця, якому не былі патрэбныя ні ён сам, ні ягоная музыка, ні няўклюдны кантрабас...

Неяк мы прыехалі дыксілендам на канцэрт, каб выступіць перад удзельнікамі нейкай камсамольскай канферэнцыі. Камсамол аказаўся той яшчэ канторай, а я ж у яго тады так верыла! Мяне адразу ўзялі за рукі і сілком адвалаклі ў бар, дзе прымусілі піць, нягледзячы на тое, што я ўвесь час паўтарала пра канцэрт і тлумачыла маю ў ім ролю. І толькі праз паўгадзіны мяне адшукалі мае музыканты, вырвалі з лапаў камсамольскіх правадыроў і пагналі на сцэну. Я праляцела праз кулісы да мікрафона, трапіла нагой у спляценне правадоў. Нага засела, я рванулася з усяе сілы, і тут ва ўсёй зале патухла святло. Нешта недзе грымнула на падлогу, людзі ў зале пачалі пстрыкаць запальнічкамі, прыбеглі манцёры, праз некаторы час далі святло на сцэну. І я выйшла да мікрафона. На першым радзе паселі мае камсамольскія кавалеры: чырвоныя твары, расшпіленыя кашулі, цыгарэты ў руках і бутэлькі ў кішэнях.

“Глядзі ты, яна — і васьмёра жыдоў!” — крыкнуў адзін з правадыроў моладзі. “Не, жыдоў сямёра, — удакладніў другі. — Той, з большай скрыпкай, — чукча”. Як весела ім было!

Самотны Каўбой у гэты час мітусліва выстаўляў ноты на пюпітр, які сам і паваліў у цемры. Наш Геначка, кіраўнік дыксіленда, уцяміў, што больш зацягваць пачатак канцэрта немагчыма, і напаўголаса скамандаваў: “Ну, жыдзяняты, паехалі!”

Ясна, што Самотны Каўбой не паспеў пачать разам з усімі. Ён спазніўся роўна на два такты, ды скочыць рэзка наперад было для яго задачай невырашальнай. Я нават не паспела заспяваць пра святых, якія маршыруюць, як Генік кінуў трубачу: “Давай коду!” Той перадаў загад далей, барабаншчыку: “Няхай Стас коду дае”. Барабаншчык голасам перакрыў грукат сваіх бачкоў: “Коду давай, Стас!” А кода ў Самотнага Каўбоя была напісана на іншым аркушы паперы, які яшчэ валяўся недзе на падлозе. Ён і выдаў у адказ чыстую праўду: “Няма коды!” Барабаншчык спачатку аслупянеў і збіўся з рытму, ды перадаў па ланцугу: “Няма коды...” Пачуўшы такі адказ, Генік, як кіраўнік дыксіленда, зрабіў крок вельмі рашучы: ён узняў руку з кларнетам і рэзка апусціў яе ўніз. Усе музыканты імгненна спыніліся. Усе, акрамя Самотнага Каўбоя, які глядзеў у ноты і намагаўся нагнаць упушчанае ў пачатку. Адтарабаніўшы роўна два такты, ён гучна выдыхнуў: “Фу, нарэшце дагнаў!”, пасля чаго задаволена ўсміхнуўся.

Як жа рагаталі гэтыя камсамольскія бонзы! Яны кідалі ў Самотнага Каўбоя цыгарэтамі, запалкамі, апельсінамі, яны свісталі, а я ў той самы час мусіла спяваць “Бальніцу святога Джэймса”, не ведаючы, што неўзабаве мой Самотны Каўбой трапіць у такую бальніцу назаўсёды...

Гэта ён першы, самаруч спыніўшы дыксіленд, крыкнуў чырванашчокім камсамольцам, крыкнуў без падказкі, без нот, але вельмі ўпэўнена: “Апошняя са шлюх — чалавек больш годны павагі, чым вы! Яна прадаецца адкрыта, а вас усіх купілі даўно, стварыўшы цэлую арганізацыю бясполых шлюх. Паганцы! Я калі і сыграю вам яшчэ раз, дык толькі ў сусветны дзень смутку па ленінскім камсамоле!” Божачкі, мой ціхі, рахманы Самотны Каўбой шпурнуў у бок камсамольцаў свой кантрабас. Гук утварыўся страшэнны!..

Яго ўдарылі на маіх вачах, яго білі двое ў цывільным, а вакол завываў натоўп пасланцаў моладзі, апладзіруючы таму, як прафесійна ліквідуецца ідэалагічная дыверсія... І ў “Зорку” я ўпершыню прыйшла з камсамольцамі, якія тады мяне адкрыта шантажыравалі. Мне не было куды дзецца: я мусіла ісці з імі. Камсамольцы сустракалі прадстаўнікоў нейкіх маладзёжных саюзаў з краін Еўропы. А тым пасля рускай гарэлкі і рускай лазні спатрэбіліся рускія дзяўчаты...

Не буду тлумачыць, як яны прыпёрлі мяне да сценкі, як прымусілі выконваць усё, што ім патрэбна было. У іх гэта за шмат гадоў было адпрацавана дасканала! Скажу толькі, што ні аб чым не думала тады, калі зрабіла першы крок і ў пэўным сэнсе стала на той самы шлях, на якім не здолеў своечасова спыніцца Самотны Каўбой.

Штомесяц цяпер наведваю яго. Самотны Каўбой безупынна ходзіць па пакоі і ўвесь час паўтарае: “Няма коды! Скажыце ім — коды няма!”

Вось чаму я хачу сказаць табе, Маркіз, што своечасова спыніцца — вялікае мастацтва, надзвычайны дар. Самотны Каўбой не здолеў зрабіць гэта, у мяне таксама амаль адсутнічаюць тармазы, цябе штокрок заносіць. Мы ўсе гэтак разагналіся, што ўжо напалову там, за мяжою рэальнасці і небыцця. Таму я прашу: Маркіз, спыні ты хоць бы Сапегу! Спыні, пакуль не позна, пакуль яго таксама жыццё не выкінула пад адхон. Ты ж цяпер цалкам адказваеш за яго! І калі ён скончыць гэтак жа блага, як і многія да яго, не будзе табе, Маркіз, даравання.

І яшчэ. Каб ты не думаў, што тут, у “Зорцы”, жартуюць. Столік, для якога ты заказваў дзвюх маіх дзяўчатак, у наступны панядзелак будзе пусты. Як я казала ўжо, Олеку не спадабалася, што інструмент прайшоў паўз яго, вельмі не спадабалася. Мне шкада, але той чалавек, музыкант, які прывёз табе японскую дудку, паслізнуўся пасярод вуліцы. Няхай цябе не засмучае, што цяпер — сярэдзіна лета. Ён паслізнуўся, уяві сабе, і ўпаў на пераходзе праз вуліцу. Упаў няўдала, рукі трапілі пад колы тралейбуса. Шкада, але яму трэба будзе вучыцца іншай прафесіі. Музыканта, як і камерсанта, з яго не атрымалася. Я не жадаю табе такога ж...