— Тата, есці давай! — Маленькі Антось стаў у дзвярах і нахабна ўтаропіўся ў трох мужчын, што паселі вакол круглага стала.
— Знікні, смаркач! — Мікола нездаволена азірнуўся і зрабіў пагрозлівы жэст рукой. — Няма ў нас нічога!
— Ага, няма-а... — канючыў малы. — А ў сумцы што? Я бачыў! Дай кілек у соўсе!
— Во я табе зараз дам! — Мікола скочыў з-за стала, і Антось, як той суслік у нару, схаваўся ў выратавальнай цемры калідора.
— Ну канешне, кілек яму, — згадзіўся Юзік і сплюнуў на падлогу крошкі тытуню. — Як жа, разбяжымся... А нам чым тады закусваць, га, хлопцы?
— Кукіш панюхаеш, — прапанаваў Пётра. — Сам яго скруціш і да носа паднясеш. Свайго носа. Ці ўпершыню?
— Варвара вернецца і прынясе мо чаго малому, — сказаў Мікола. — Ну дык што? Спачатку раскідаем і потым па кроплі ці наадварот?
— Мусіць, спачатку ўсё ж пагрэемся, — выказаўся Юзік. — Цьфу, што за брыдоту яны замест тытуню ў цыгарэты пхаюць?
— Дык давай віно сюды, — узрадаваўся Пётра. — А то пасля ўчарашняга нешта ў грудзях пуста ды вантробы марша граюць.
Ён першы паставіў на стол дзве пляшкі таннага віна, дастаў з кішэні пінжака чатыры вялікія цыбуліны.
— Ты, Юзік, як маладзейшы, скоч на кухню па кількі, а Мікола між тым сервіроўку зробіць, так сказаць...
Юзік падняўся з крэсла і пасунуўся на кухню, адкуль праз хвіліну даляцеў гучны енк малога.
— Бач ты яго! — сказаў Юзік, вярнуўшыся ў пакой. — Гэта ж Антось адвёрткай паспеў раскалупаць бляшанку. Каб мы тут яшчэ крыху памалацілі языкамі, дык ён бы ўвесь соўс высмактаў праз дзірку, павук!
— Ты яго па вуху? — спытаў Мікола.
— Не, толькі шчаўбана ў макаўку. Аж падскочыў, шчанюк!
— Будзе, смаркач, ведаць, — пагадзіўся Мікола. Ён узяў з буфета тры гранёныя шклянкі, адзін відэлец і ключ для бляшанкі. Юзік упіўся ключом у раскурочаную спіну кансервы.
— М-да, у лепшыя часы двума “фаўстамі” мы не абмежаваліся б, — засумаваў Пётра і скруціў першай бутэльцы галоўку. — Гэта ж так, смех, хіба што размяцца...
— Ай, на дурную галаву ў мяне гульня не ідзе! — прызнаўся Юзік. — Карты часам блытаю, як той мухамор з белым. Ды і парыгаць хочацца.
— Малады яшчэ, — мурлыкаў Мікола. — А далей горш будзе, як жонка завядзецца і пачнеш яе ў ложку габляваць.
З кухні зноў пачулася мычанне.
— Ды заткніся ты, бо зараз кран набок скручу! — крыкнуў Мікола. — Цябе, Юзік, тое ж чакае, калі свой гэбель у гумку не будзеш хаваць.
— Я засцерагаюся, — адказаў Юзік. — Бо ад гэтых баб што хочаш можна падчапіць. Як жыжы з балота. Ну што?
Ён паставіў бляшанку на газету, якую Мікола пасцяліў на стале. Перадавіца “Народнай газеты” заклікала да барацьбы з дэструктыўнымі элементамі. Мужчыны паселі ў крэслы, Мікола ачышчаў ад лушпіння цыбуліну, а Пётра нешта мераў пальцам на пляшцы.
— На адзін раз разліваць ці на два расцягнем? — спытаў ён.
— А чаго тут ката за хвост цягнуць? — Мікола паклаў нарэзаную цыбуліну на сярэдзіну стала. — Лі ўсё адразу.
Пётра да краёў напоўніў тры шклянкі і задуменна паглядзеў на бутэльку, у якой яшчэ засталося нешта на донцы.
— Трэба было ўсё ж на два разы, — сказаў ён.
— Дап’е той, хто выйграе, — прапанаваў Юзік.
— Ну, то давайце! — Мікола першы ўзяў са стала шклянку. — За высокія спартыўныя дасягненні савецкіх працоўных!
— Прывітанне ўдзельнікам спаборніцтваў, так сказаць! — зарагатаў Пётра.
— Стоп! — Юзік стукнуў далонню па стале. — А хлеб?! Мы ж хлеба купілі...
Мікола сплюнуў, ускінуўся з-за стала і пабег на кухню. Юзік і Пётра пачулі хвосткі ўдар і амаль адразу — пранізлівы крык.
— Ну і казёл ты, Юзік! — сказаў Мікола, вярнуўшыся. — Дадумаўся смаркача сам-насам з хлебам пакінуць.
— Няўжо змалоў? — уразіўся Юзік. — Усю буханку? Во караед!
— Блін, як жа гідка гэтую кілю без хлеба есці! — скрывіўся Пётра. — Ну і хамяка ты выгадаваў, Мікола!
— Ай, што цяперака казаць! — махнуў той рукой. — Усё адно ўжо не аддасць, хоць ты яму на жываце скачы. Мая парода!
— Але ж, — згадзіўся Пётра. — Ведаем. Наліта ўжо...
Мужчыны ўзяліся за шклянкі. Мікола піў маленькімі глыточкамі, зморшчыўшыся, з грукатам апусціў пустую шклянку на стол і прагна схапіў моцнымі зубамі кавалак цыбуліны. Яна зашыпела ў ягоным роце. Юзік высока закінуў галаву, і ягоны кадык, бы тая помпа, са свістам прапіхваў “чарнілку” ніжэй, у хітравумныя спляценні чалавечых вантробаў. Выпіўшы, Юзік спрытна падчапіў відэлец і пачаў вывужваць з бляшанкі схуднелыя шкілецікі кілек. Пётра двума глыткамі расправіўся з пітвом, затрымаўшы пасля шклянку ў руцэ. Кулаком другой ён занюхаў віно, адразу ж прагна закурыў.
— Ну і няблага як для першай! — прызнаўся Мікола.
— Адно што, канешне, малавата, — паўтарыўся Пётра. — Гэта ж як вераб’ю лыткі абмачыць.
— Іншым разам мо будзе больш, — паабяцаў Мікола і шпурнуў на стол зашмальцаваную калоду карт. — Харош, Юзік, хрыбціны рыбам аблізваць!
Пётра ссунуў на край стала рэшткі цыбулі, вычышчаную да бляску бляшанку, шклянкі і бутэльку з чырвоным пітвом.
— Жылі б мы ў якой Англіі — з віном праблем не было б, — задуменна сказаў Юзік. — Там вось так, седзячы сабе за сталом, паклікаў бы чалавека, і праз пяць хвілін пі сабе што хочаш!
Юзік узяў амаль пустую бутэльку і відэльцам пагрукаў па цёмным шкле. У пакоі разлёгся высокі хрусткі звон.
З цемры калідора павольна высунуўся высокага росту юнак прыемнай знешнасці ў чорным смокінгу і з матыльком на белай кашулі. Рупліва адпрасаваная сурвэтка перацякала праз ягоную левую, сагнутую ў локці, руку.
— Я вас слухаю, джэнтльмены, — сказаў юнак.
— Ты не слухай, а зганяй ды прынясі чаго-небудзь, каб на душы зрабілася цёпла ды весела, — прапанаваў Мікола.
— К’янці, мурфатлар, бургундскае, шартрэз? — удакладніў юнак.
— Чаго? — не зразумеў Пётра. — Слухай, не выпендрывайся!..
— Маўчы! — спыніў яго Мікола. — Давай адразу чаго памацней!
— Адзін момант! — сказаў юнак, павярнуўся і выйшаў.
— А калі ён не вернецца? — засумняваўся Юзік.
— Сплюнь! — ашчэрыўся Мікола.
Праз колькі хвілін юнак укаціў у пакой столік на колцах, скрозь застаўлены размаітымі бутэлькамі, рознай формы кілішкамі і фужэрамі.
— Што там ёсць? — з палёгкай выцягнуў шыю Пётра.
— Віскі трох гатункаў, сакэ, “Гарбачоў-гарэлка”, “Выбарова”, чэшская слівянка, карэйская гарэлка з яшчаркай, анісавая... — пералічыў юнак. — Што будзеце піць?
— Усё! — акругліў вочы Юзік.
— Мне віскі сто пяцьдзесят, — загадаў Пётра.
— Прашу прабачэння, але я прапаную вам пачаць з маленькай, — лагодна заўважыў юнак. — “Доўгі Джон” ці “Белы конь”, сэр?
— Давай каня, ды хутчэй! — крыкнуў Пётра.
— І мне тады каня! — рагатнуў Юзік. — Гуляць дык гуляць!
— Вам, сэр? — юнак павярнуўся да Міколы.
— А мне карэйскай гары з гадам, — сказаў Мікола. — Піў аднойчы. Бярэ не раўнуючы як адэкалон “Шыпр”.
— Віскі з тонікам? — удакладніў юнак.
— З чым? — не зразумеў Юзік.
— Мне чыстае, — загадаў Пётра.
— Як сабе пажадаеце, — адказаў юнак і пачаў разліваць пітво па кілішках.
— Эй, а чым занюхаць? — ускінуўся Мікола. — Прынёс чаго?
— Кальмары пад маянэзам, анчоўсы, крэветкі, мідзіі... З гарачага магу прапанаваць ростбіф з бульбаю фры, а таксама стронгу гарачага вэнджання пад маладое белае віно тыпу “Гурджані”.
— І з салёным агурком, — дадаў Юзік.
— Як вам будзе найбольш прыемна, — стрымана адказаў юнак.
Праз колькі хвілін на вышываным настольніку стаяла мноства размаітых бутэлек, шампанскае ў цэбры з лёдам, розныя келіхі, вялікія талеркі з закускамі, над якімі ўзвышалася цёмнага металу масіўная свяцільня з тоўстымі свечкамі. Юнак у чаканні застыў побач са сталом.
— Блін, — прашаптаў Юзік. — Як у кіно.
— Сага пра Фарсайтаў, — пацвердзіў Мікола. — Столькі пітва ды жратвы толькі што на карцінах бачыў.
Пётра паправіў спартыўныя штаны з выцягнутымі каленямі і пагадзіўся:
— Чысты Снайдэрс, так сказаць, галандская школа...
Ён азірнуўся, не ведаючы, куды падзець скураную ўшчэнт “беламорыну”, потым, падумаўшы, раздушыў яе аб падэшву і шпурнуў пад ногі юнаку ў смокінгу.
— Прашу прабачэння, сэр! — сказаў той, падняў недакурак і паклаў яго ў маленькі папяровы пакецік.
— Такім чынам, спадары, прашу да стала, — запрасіў Мікола. — Іосіф Адамавіч, ці згодны вы, калі я займу месца насупраць вас?
Іосіф Адамавіч зашпіліў апошні гузік на кашулі і пакруціў перадаўленай шыяй.
— Ваша прысутнасць толькі расквеціць маё сціплае жытло, — дадаў Мікола Андрэевіч.
Сарамлівы Пётр Генадзевіч не ведаў, куды падзець свае худыя ногі ў дзіравых шкарпэтках, з якіх нахабна глядзелі скручаныя пальцы з пахам лівернай каўбасы.
— Джэнтльмены! — спыніў іх кельнер. — Зразумейце мяне правільна. Я зусім не хачу ўмешвацца ў вашыя асабістыя інтарэсы, але хачу прапанаваць вам пераапрануцца да вячэрняга стала. Калі ласка, сюды...
Іосіф Адамавіч першы ў ахвотку скочыў у калідор. За ім з недаўменнай усмешкай пасунуўся Пётр Генадзевіч, а Мікола Андрэевіч паспеў падхапіць са стала плод ківі і цалкам запхнуў яго ў рот.
— Спадар Іосіф Адамавіч Сударкевіч! — урачыста абвясціў дварэцкі, і з калідора ў залу выйшаў акуратна паголены маладжавы мужчына.
Ён наблізіўся да вялікага, метры з два вышынёй, люстэрка, паглядзеўся ў яго і злёгку паправіў гальштук-матылёк, шчаўчком пальца збіў нябачную пылінку з пляча. Чорны смокінг сядзеў на ім як уліты.
— Спадар Пётр Генадзевіч Макаўка! — пачуўся зычны голас ад дзвярэй.
Спадар Пётр Макаўка павольна сцягнуў з рук бялюткія лайкавыя пальчаткі, нядбайна апусціў іх у бліскучы чорны кацялок і, не азіраючыся, адвёў руку назад. Дварэцкі спрытна падхапіў кацялок. Спадар Пётр Макаўка прывітаўся за руку са спадаром Іосіфам Сударкевічам, адкусіў прыгожымі шчыпчыкамі кончык гаванскай сігары і прыкурыў ад запальнічкі чорнага камня. Абодва селі ля каміна: спадар Пётр Макаўка задуменна пускаў кольцы дыму, а спадар Іосіф Сударкевіч няўважліва гартаў ранішні выпуск “Файнэншл таймс”.
— Спадар Мікалай Андрэевіч Падбяжынскі! — аб’явіў дварэцкі.
Спадарства падхапілася ад каміна і зрабіла колькі крокаў насустрач. Спадар Мікалай Падбяжынскі прывітаўся з кожным за руку.
— Прашу прабачэння, што прымусіў вас, спадары, чакаць, — сказаў ён. — Таму адразу дазволю сабе запрасіць вас за стол.
Спадарства пасела за стол, гаспадар пазваніў у званочак, з цемры калідора нягучна выплыў кельнер.
— Вам, прашу прабачэння, віскі з тонікам, — сказаў ён спадару Сударкевічу. — Вы прасілі чыстае віскі, прашу... Вам?
Ён запытальна зірнуў на гаспадара.
— Будзь ласкавы, Джон, — сказаў спадар Падбяжынскі. — Я не прывык паўтараць двойчы...
— Карэйская гарэлка з гадам, як прасілі, сэр! — адказаў кельнер.
— Прозіт! — Спадар Падбяжынскі ўзяў са стала свой келіх.
— Добрага здароўя! — сказаў спадар Сударкевіч.
— Усялякіх поспехаў! — зазначыў спадар Макаўка.
Джэнтльмены выпілі і нягучна вярнулі келіхі на стол. Спадар Макаўка скрывіўся, ікнуў, і два ледзяшы са звонам выскачылі з ягонага рота.
— Джон, я хацеў бы, каб у наступны раз вы папярэдзілі асобна, што віскі даяце з лёдам, — стрымана выціснуў ён з сябе. — А то, так сказаць, сюрпрыз!..
— Прашу прабачэння, сэр! — адказаў Джон, прыбраў са стала келіхі і перад кожным з джэнтльменаў паставіў талеркі з закускамі.
— Блін, а нашто столькі відэльцаў? — шэптам спытаў спадар Сударкевіч спадара Макаўку. — І нажоў нямерана...
— Еш, казёл, халява ж! — адказаў спадар Макаўка і гучна дадаў: — Джон, а чаму б нам не паўтарыць?
— Гэта, зразумела, не мая справа, сэр! — сур’ёзна адказаў Джон. — Але чыстае віскі ды з рыбай... Прабачце!
— Джон, мне вельмі не хацелася б, каб вы пярэчылі маім гасцям, — сурова зазначыў спадар Падбяжынскі.
— Я зусім не хацеў вам назаляць, — папрасіў прабачэння Джон. — І ўсё ж да вэнджанай стронгі я параіў бы вось гэтае маладое віно...
— Ну што ж... — задумаўся на імгненне спадар Макаўка. — Можна крыху і беленькага...
Спадарства яшчэ раз выпіла і засяроджана пачало раздзіраць на шматкі доўгія, вытанчаныя тушкі стронгі. У каміне патрэсквалі акуратна пасечаныя сасновыя цурбаны, доўгавалосы віяланчэліст задуменна імправізаваў на тэму “Восеньская лістота” Вернона Дзюка.
Пасля рыбы Джон абышоў стол са зграбнай місай кітайскай парцаляны, у якой кожны з прысутных памыў кончыкі пальцаў. Спадарства выпіла яшчэ крыху чырвонага к’янці і задаволена адкінулася на высокія спінкі крэслаў у віктарыянскім стылі. За шыбамі, забранымі ў адмысловыя вітражы, рэзка крычалі паўліны.
Спадар Сударкевіч наблізіўся да каміна, доўгімі абцугамі дастаў вугольчык, прыкурыў ад яго і ахутаўся духмяным клубам дыму. Ён трымаў у руках піпку прыгожа, як трымаюць асабліва каштоўную рэч.
— Мне хацелася б адзначыць, спадары, што нашаму таварыству выразна не стае прыгожага полу, — заўважыў ён. — Згадзіцеся, тады б і гульня пайшла інакш...
— Але, — кіўнуў спадар Падбяжынскі. — Джон, паклапаціцеся!
Джон выйшаў з залы. Вялікі гадзіннік паважна адбіў дзесятую, водбліскі полымя ад каміна скакалі па вострых шаблях і дзідах з калекцыі зброі, развешанай паверх скуры бенгальскага тыгра.
— Спадарыня Настасся Кінскі! — сказаў Джон і расчыніў дзверы.
У зале з’явілася невялікага росту жанчына, апранутая сціпла, але з вялікім густам. Спадар Падбяжынскі зрабіў ёй крок насустрач.
— Вельмі рады бачыць спадарыню ў маім радавым замку, — сказаў ён і схіліўся да яе рукі. — Для мяне гэта вялікі гонар.
— Усё сваё жыццё марыла трапіць у такую мужчынскую кампанію, дзе мне ніхто не будзе задаваць пытанняў адносна маёй кінематаграфічнай кар’еры, — сказала спадарыня Кінскі, прыняўшы з рук Джона вялікі келіх з чырвоным крымскім шампанскім.
— Мілачка, і ўсё ж у сваёй апошняй ролі вы былі абаяльнай! — Рэха ад гучнага жаночага голасу забулькатала пад высокай столлю і павісла там уніз галавой, бы той кажан.
— Спадарыня Мадонна! — аб’явіў Джон.
— Хэло, сябры! — сказала Мадонна. — Як вы наконт таго, што я крыху распрануся?
Не чакаючы згоды, яна скінула з сябе бліскучы белы плашч і засталася ў дарагіх лінялых панталонах, ажурных калготах і чорным бюстгальтары.
— Зараз у модзе ўсё рускае, — растлумачыла яна. — Гэты непаўторны бюст я толькі ўчора атрымала з Масквы. Шык-мадэрн!
Джон уручыў Мадонне гранёную шклянку з гарэлкай і сподачак з тоўста нарэзаным гнілаватым агурком.
— Настасся, даражэнькая, не будзем тлуміць галаву мужчынам сваімі жаночымі інтарэсамі, — сказала спадарыня Мадонна і пацягнула актрысу да каміна. — Давайце лепш папляткарым на тэмы нашага шоу-бізнесу.
— Я так стамілася ад Галівуда! — паскардзілася спадарыня Кінскі.
— Спадарыня Сафія Ратару! — гучна прадставіў Джон наступную госцю.
— Прашу фанаграму! — сказала спявачка.
— Спадарыня! — здзіўлена развёў рукамі спадар Падбяжынскі. — Але ж тут не канцэртная зала Палаца з’ездаў. Тут не спяваюць песень Мацецкага і Крутога.
— А што тут? — здзівілася спадарыня Сафія Ратару.
— Тут джэнтльмены сабраліся з мэтай правесці час у прыемнай кампаніі за гутаркамі і картамі, — зазначыў спадар Сударкевіч.
— О, карты! Я згодна!
Спадар Макаўка адсунуў крэсла. Узмахнуўшы кароткай спаднічкай з валанамі, Сафія Ратару ўселася ў крэсла і паправіла на шыі вытанчанае калье з юбілейных рублёў.
— Прашу вас! — Спадар Падбяжынскі запрасіў прысутных за стол з зялёным сукном, поруч з якім тут жа стаў Джон, трымаючы некалькі запячатаных картачных талій.
— У што будзем іграць, лэдзі і джэнтльмены?
— У храпа! — сказаў спадар Сударкевіч. — Як вы наконт храпа, га?
— Мне больш даспадобы ачко, — прапанаваў спадар Макаўка. — Sorry, “Блэк Джэк”.
— А мо тысячу распішам? — спытаў спадар Падбяжынскі.
— Фі, тысяча! — капрызна скрывілася спадарыня Ратару. — Джон, а што вы можаце нам прапанаваць?
— Бадай што покер на наяўныя, — сказаў Джон. — Чатыры чалавекі — найбольш прыдатная кампанія для покера.
— Усе згодныя на наяўныя? — спытаў спадар Падбяжынскі. Ён абвёў прысутных уважлівым позіркам.
Прысутныя пагадзіліся з прапановай, і тады спадар Падбяжынскі ўрачыста паклаў на зялёны стол важкі пачак банкнотаў. Тое ж зрабіў спадар Макаўка, а спадар Сударкевіч паказаў чэкавую кніжку з надпісам на вокладцы “Банк Манхэтэн”. Спадарыня Сафія Ратару, крыху павагаўшыся, расшпіліла калье і з грукатам кінула яго на цэнтр стала.
— Гэтыя рублі забяспечваюцца золатам, каштоўнымі металамі і іншымі актывамі дзяржаўнага банка, — растлумачыла яна.
Джон з хрустам успароў абгортачную паперу з картачнай калоды.
— Такім чынам, лэдзі і джэнтльмены, мы пачынаем. Нагадваю, што верхняя стаўка не абмяжоўваецца, — сказаў ён. — Каб скончыць тур, кожны з вас мусіць тройчы паўтарыць апошнюю стаўку саперніка.
Кожнаму з удзельнікаў гульні ён скінуў па пяць карт.
Мадонна сядзела на каленях у віяланчэліста і вучыла яго іграць на адной струне мелодыю песні “Нібыта цнатлівая”. Настасся Кінскі глядзела па відзіку “Маленькую Веру” і ад зайздрасці грызла пазногці.
Спадар Падбяжынскі першы зазірнуў у свае карты. Ніводзін мускул не варухнуўся на ягоным твары, калі ён акуратна склаў карты на стале ў адзін стосік і пасунуў іх да Джона.
— Я папрашу замяніць мне ўсе пяць карт, — сказаў ён.
Джон скінуў яму шэсць карт. Спадар Падбяжынскі адкрыў іх сабе і амаль адразу вярнуў на стол адну непатрэбную яму. Выраз ягонага твару павесялеў.
Спадар Сударкевіч замяніў тры карты, спадар Макаўка абмежаваўся заменай адной. Спадарыня Сафія Ратару агледзела свае карты і сказала:
— Ха-ха!
— Што азначае вашае ха-ха? — не зразумеў яе Джон.
— Тое і азначае — ха-ха! — адказала спявачка. — Я гатова іграць без замены.
— Плюс сто фунтаў! — аб’явіў спадар Падбяжынскі.
“Блефуе!” — падумаў спадар Сударкевіч, дадаў да ста яшчэ дзесяць фунтаў і выпіў.
— Дзесяць плюс тысячу! — сказаў спадар Макаўка і міжволі памацаў рукой свае банкноты.
— Тысяча плюс адзін, — падтрымала спадарыня Сафія Ратару.
— Адзін плюс адзін, — зрабіў асцярожны крок спадар Падбяжынскі.
— Адзін плюс дзесяць. Дзесяць тысяч! — секануў спадар Сударкевіч. Ён залпам асушыў келіх гаванскага рому.
— Я — пас, — здзівіў усіх спадар Макаўка і скінуў свае карты на стол.
— Такім чынам, у банку дзесяць тысяч сто дванаццаць фунтаў, — нагадаў Джон.
— Дзесяць тысяч плюс адзін, — працягвала спадарыня Сафія Ратару.
— Адзін плюс адзін, — меланхалічна падтрымаў яе спадар Падбяжынскі.
— Пас! — выйшаў з гульні спадар Сударкевіч. — Карта не тая, каб гэтак рызыкаваць.
— Тады адзін фунт плюс прэмія Ленінскага камсамола, — сказала спадарыня Сафія Ратару.
— Прэмія Ленінскага камсамола плюс столькі ж, — паўтарыў яе стаўку спадар Падбяжынскі.
— Прэмія Ленінскага камсамола плюс ракетная база пад Чарнаўцамі, — гнула сваё спявачка.
— Ракетная база пад Чарнаўцамі плюс столькі ж! — зноў паўтарыў яе стаўку спадар Падбяжынскі.
— Ракетная база пад Чарнаўцамі плюс маёмасць КПСС! — урачыста абвясціла зорка савецкай эстрады.
— Тады я — пас! — сказаў спадар Падбяжынскі, акуратна паклаў свае карты на стол і тут жа наліў сабе поўную шклянку першага, што трапіла пад руку..
Спадарыня Мадонна вадзіла смыкам па жываце голага віяланчэліста. Той, адкінуўшыся назад, заплюшчыў вочы і глуха мычаў. Спадарыня Настасся Кінскі налівалася віном “Арпачак” і не зводзіла вачэй з блакітнага экрана. Праграма “600 секунд” паказвала Аляксандра Няўзорава з аўтаматам у руцэ. Перад ім на фоне Крамлёўскай сцяны стаялі адказныя супрацоўнікі пастаянных камісій Вярхоўнага Савета. Няўзораў камандаваў: “Не нашы, а таксама жыды і камісары — тры крокі наперад”. Зюганаў у скуранцы рыхтаваўся зачытаць прысуд.
— Вы спасавалі? — не паверыла спадарыня Сафія Ратару і дадала амаль па-адэску: — У вас няма столькіх грошай?
— Спадарыня Ратару не жадае паказаць свае карты? — спытаў Джон.
— Чаму б не паказаць? Ха-ха! Абавязкова пакажу! — сказала спадарыня Сафія Ратару і адну па адной паклала на стол пяць карт.
У спадара Падбяжынскага пацямнела ў вачах, ён навобмацак адшукаў бутэльку і з рыльца зрабіў вялізны глыток. Двойка, чацвёрка, пяцёрка, дзевятка... Найбольшай картай быў віновы валет! Спадарыня Ратару абкруціла ўсіх джэнтльменаў, як недавукаў са школы для разумова пакрыўджаных дзяцей.
— Я ж вас папярэдзіла: ха-ха! — сказала народная артыстка і начапіла на шыю рублёвае калье.
— Спадары, я на хвіліну пакіну вас адных, — ледзь чутна сказаў спадар Падбяжынскі, зняў са скуры бенгальскага тыгра інкруставаны каштоўнымі камянямі пісталет і з бутэлькаю ў руцэ няцвёрда скіраваўся да выхаду.
— Прашу ўвагі! Спадарыня Варвара Падбяжынская! — засведчыў Джон і схаваўся за дзвярыма. — Атас, хлопцы!
Ад спадарыні Мадонны адшчоўкнулася нешта чорнае і, двухгаловае, пачало лётаць па пакоі.
— Маці, жраць хачу! — пачуўся з кухні голас Антося.
— І што тут зноў такое?! — зараўла Варвара і шпурнула авоську з мёрзлай бульбай проста ў Юзіка. Той спаў, выдзімаючы носам пухіры з вялікай лужы таннага віна, разлітага па падлозе.
— Мы, гэта... з хлопцамі тутака... — прамармытаў Мікола і залыпаў вачыма. — Адным словам, у дурачка перакінуліся...
— Бачу, што не злёт пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва, — прапела гарадской сірэнай Варвара.
— Варварка, ну што ты, дальбог! — гугнявіў Пётра, бачком праціскаючыся каля вялікіх грудзей Варвары ў калідор. — Ну падумаеш, крышачку пасядзелі, віна папілі, пазвіздзелі сабе...
— Каб цябе чапялой сагнула! — узмахнула крыламі Варвара, і Пётра рвануў з месца, пакінуўшы ў пакоі з аблезлымі сценамі свае дзіравыя шкарпэткі.
— А гэта — што?! — крычала Варвара, трымаючы ў руках чорны бюстгальтар. — Можа, скажаш, тутака і блядзей не было?
— Во, блін, Мадонна забылася! — здзівіўся Мікола.
— А на табе Мадонну! — хвастанула яго бюстгальтарам па твары Варвара. — Можа, тут яшчэ і Ратару была, га?! А дзіця галоднае сядзіць, каб табе канец на вузел закруціла!
— Аіст на крышы, аіст на крышы, мір на зямлі... — прачнуўся Юзік. Варвара заткнула яму рот цыбулінай, і Юзік порстка кінуўся да унітаза.
Антось сядзеў на падлозе і моцнымі, спрытненькімі зубкамі адкусваў кавалкі сырой, бруднай бульбы.
Заканчваўся шосты год перабудовы. Раніцай наступнага дня Расія ў чарговы раз галасавала за свайго прэзідэнта. А Цэнтральнае тэлебачанне паказвала канцэрт Святаслава Рыхтэра, усе сродкі ад якога ішлі на ратаванне апошняй у свеце краіны сацыялізму. Ёй ужо не мог дапамагчы ніхто, апрача, бадай, Шапэна...
студзень 1991 г.