Ля чужых берагоў
Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў
Паэзія - З цыклю „Лірыка зь вялікага места”
Рыгор Крушына нарадзіўся 3 сьнежаня 1907 году на Случчыне. Друкуецца ад 1927 году. Друкам на эміграцыі выйшаў зборнік вершаў “Лебедзь чорная” ў 1947 годзе. Выэміграваў у Задзіночаныя Штаты Амэрыкі, але жыве цяпер часова ў Нямеччыне.
ДА ЦЯБЕ, ДАРАГАЯ
Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца.
Родзіць смутак. Сьляза на вакне.
Чую — маці пяшчотнымі пальцамі
Ціха, прывідна лашчыць мяне.
Сэрцу мірсьціцца даўнае, роднае!
Толькі боль узрастае ўдвая:
За паўсьветам, за далеччу воднаю
Ты гаруеш, матуля мая.
Душыць крыўда... Ніякімі лекамі
Не загоіцца смутак душы.
Засьпявай нашы песьні, як некалі,
І за сына малітву скажы.
Акіянскія горка-салоныя,
Перамерыўшы мілі, вятры
Прынясуць твае словы ў зялёныя
На ўзьбярэжжы сады — гушчары.
І як толькі ізноў распагодзіцца,
Я паеду за горад і там,
У кляновых прысадах ваколіцы
Тваё гора сьсяку папалам.
На гадзіну пазбаўлюся негадзі
Адзіноцтва, тугі і турбот...
Паплывуць мае думкі, як лебедзі,
Да цябе, дарагая, на ўсход.
У ЗАСМУЧАНЫХ ЭМОЦЫЯХ
Сабе дарогу песьняй сьцелячы,
Шукаю родныя мэлёдыі.
Уражаньне зь Нью-Ёрскай велічы
Расьце, а лірай не валодае.
Не, не натхніць мяне шум вуліцы,
Сабвэю бразганьне зялезнае!
Мур-камяніца ў неба сунецца,
Як тая вежа вялічэзная.
Ад ста паверхаў вокны волата
Схапілі сонечнае полымя.
А ці ў душы маёй, як золата,
Зайграе іскрамі вясёлымі?
Туга па Бацькаўшчыне моцная,
Найбольшая ад гэтай велічы.
Іду ў засмучаных эмоцыях,
Сабе дарогу песьняй сьцелячы.
ПАСЬЛЯ ПРАЦЫ
Халодным жвірам
Нікне думак жменя.
Пясок і цэгла.
Шум і мітусьня.
Жыцьцё камечыцца
Паміж таго каменьня,
Хвабрычным дымам
Копціцца штодня.
На голым урбанізьме
Лірыка ня можа
Прыгожа,
Пышна
Краскаю цьвісьці.
Дзе сінь, зяленіва —
Маё там падарожжа.
Я пасьля працы
Ў парк люблю зайсьці.
Раскошны парк —
Мой адпачынак у Нью Ёрку
Ад пекла скрыгату,
Ад пылу і сьмяцьця.
Цішком
Гарэшкамі
Гарэзную вавёрку
Я пачастую
Ўцешна, як дзіця.
Дзівоснай марай
Яву агарну:
Я ў лесе!
З куста зьвярок
Даверліва зірне.
Паўстануць дні маленства
З гоманам Палесься,
Да песьняў абуджаючы мяне.
Пасьля,
Увечары,
Калі ў пакоі ціха,
Як згасьне дзённы грукат
За вакном, —
Ізноў паэзія
Пачне сьпяваць і дыхаць
У снох маіх
Каханьнем,
Прыгаством.
БЕЛАЯ НЯВІННАСЬЦЬ
Была вясна. Былі заручаны.
І каля весьніцаў спатканьні.
І ўсё было вязьмом закручана:
пагляд, усьмешка і прызнаньні.
Язьмін і дзеўчына. Нявінныя...
Салодка вохныя і ў белым.
Навошта гэтыя ўспаміны я
сьпяваю часам агрубелым?
Навошта мучыцца пачуцьцямі
высокіх чыстых парываньняў?
Маю душу закаламуцілі,
зьвягае старасьць на выгнаньні.
Стаптаць прыгожае і добрае,
сябе самога зьнеахвоціць.
Паўзе з закуцьця, ўецца кобраю
нянавісьць, чорнае страхоцьце.
І разяўляе пашчу шырака
і сык чуцён з багновай тхлані:
— Нам не патрэбна Ваша лірыка
пра вёсны, кветкі і каханьне...
Дармо! Сьпяваю і ня слухаю
пустых гамзатых лемантацый.
Хачу, падбіты завірухаю,
часінку радасна сьмяяцца.
Пайду ў мой кветнік, абмінаючы
балота, зарасьлі калючак.
Люблю я сонца, шыр і далечы,
люблю я слова так балюча.
Яго шліфую, перасоўваю
з радка ў радок дзеля парадку.
Ізноў гарыць півонь пунсовая,
цьвітуць настуркі, мак і браткі.
Із гэтых кветак водар выстаяў,
гаючы подых Беларусі.
Яна жыве, мая квяцістая,
у жалю матчыным, у скрусе.
Жаданы час надыйдзе. Зьдзейсьніцца.
Хай ня зы мной, а з маім сынам.
Стаяцьме зноў ля родных весьніцаў
былая белая нявіннасьць.
АПОШНЯЯ РОСТАНЬ
Сумны ўспамінаецца абразок.
Наша ростань. Раніца і вазок.
І суседзі сельскія, і радня,
і мой дзьдзка зь лейцамі ля каня.
Сена лугавое у вазку
пахне зелянінаю хмызьняку.
І дармо пад ботамі сьнег хрумсьціць,
чорны грак з турботамі ўжо ляціць.
Пачынае пукацца вербалоз.
У далёкім грукаце рух калёс.
Гора палыновае да мяне
новае, вясновае завіне.
Смагай боль выростае. І ў бядзе
у вапошняй ростані аж гудзе.
На хурманцы досьвітак назнарок,
каб упіцца ўдосытак, цэдзіць сок.
Перадвесьняй дыхаю, п’ю імжу.
Урачыстасьць ціхая. І — кажу:
— Я вярнуся, родная, ў гэты край
у пару пагодную. Ты чакай...
Дзядзька лейцы кратае — рве каня.
Вее перад хатаю цяплыня.
Там ты з хусткай белаю у руцэ,
ізь сьлязой зьнямелаю на шчацэ.
ЦІ ПАЧУЕ...
Ці пачуе плач выгнаньніка
там у далечы яна?
Можа боль ад вытню праніка,
ад крутні верацяна
заглушае тое ўтойнае,
што ў грудзёх тугой пяе.
Маладосьць высокамройная
мае клопаты свае...
Я пакінуў хату бедную,
бы няўцешную ўдаву,
і цяпер я сам ня ведаю,
як існую, як жыву.
Празь нягоды разгубіліся
сваякі, сябры, сям’я.
Толькі вершы пульсам біліся,
і ці раз маліўся я:
дзякуй Богу, што занесены
на шчасьлівую зямлю.
Ды адно — ўсім сэрцам песенным
я няшчасную люблю,
тую — сяньня зрабаваную, —
на якой радзіўся, рос,
на якой знайшоў каханую
у маім заплёце кроз...
Цьвёрда, крокамі бадзёрымі
я па вуліцы іду.
Пад мурамі-хмарадзёрамі
валаку сваю бяду.
Набягае смутак кручаны,
кураць пылам камяні.
Прыгадаў сады я Случчыны
і лагоду цішыні...
А ізноў над камяніцамі
неба выдзерты шкумат.
Гэта-ж вочы любай выцьвілі
ў злую восень акурат.
Так душа мая, прарочыца
прышлых дзён, снуецца ў сьне.
Незнаёмы горад мрочыцца
і гамоніць галасьней.
Мне здаецца: гмахі хіляцца,
абдымаюцца яны.
І зыходзяцца, як ськівіцы
дзьве даўжэзныя сьцяны.
Абцугі каменнай вуліцы
ціснуць, муляюць мяне.
Сьвет па гэтым не хвалюецца...
І жыцьцё далей імкне.
НА БРАДВЭЮ
Вячорнае сутоньне расьцьвіло.
У чорнае прадоньне б’е сьвятло:
чырвонае, зялёнае,
жоўтае ды белае.
Яно —
чароўнае, шалёнае,
жорсткае, трымцелае.
Адно —
іскрыстая завея ля вітрын.
Маністамі Брадвэю на вятры
калышуцца, ня ўсьцішацца
зыркія вячорныя агні.
Цярушацца, мітусяцца
зоркамі у чорнай глыбіні.
ЗГАДКА
Строгі горад, страшны Бабілён
Не згасіў гарачага натхненьня.
Спомніў тую восень... Бабы лён
Білі і трапалі ў загуменьні.
Жвавы рух дзявочых рук, грудзей
Ляскаталі пранікі і сэрцы.
Час ішоў, як добры чарадзей...
Чар былога замстаю ня сьцерці.
Сяньня гумнаў сеннае цяпло
Захаваў я песьняю сваёю.
Акіянам поле праплыло
І прапахла сьвежаю ральлёю.
Мілы вобраз радасна узьнік,
Бо заўсёды роднае наўвеце:
Хата, пуня, хлеўчык і даржнік,
Барана і збруя пад павецяй.
І твая усьмешка, і твой сьпеў,
Сьвята маладосьці і размовы.
Мне шкада, табе я не пасьпеў
Выказаць затоеныя словы.
АДВЯЧОРКАМ
Горад смуткам цісьне мае плечы,
плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Адвячоркам чую голас нейчы
між руінаў там, дзе папялішча.
Гэта ціхі лямант беднай маці
па сынох, што гінуць дзесьці ў сьвеце,
па разбуранай вайною хаце,
па сьвятыні, кінутай у сьмецьце.
На дзядзінцы — чортава ігрышча.
А з выгнанцам ходзіць цень галечы.
Плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Горад смуткам цісьне мае плечы.
ГЭТАК ЧАСТА...
Калі я адзін,
гэтак часта бывае,
зь мінулых гадзін
Менск зазвоніць трамваем.
У гэту пару
так няўтульна ў пакоі.
Сабе і пяру
не даю супакою.
Крычыць аўтабус
і пад’земка грукоча.
І грукат угруз
у бяссонныя ночы.
У сэрцы ляжыць
неўгамоўнае гора.
Ня Менск, а чужы
хмарачэплівы горад.
Кладзецца на брук
пыл, як цьвіль на скарынку.
І гусь, і вяпрук
няжывыя на рынку.
І сьмягне трава
ў глухім панадворку.
І нельга трываць,
як пачуеш гаворку
сваіх землякоў.
Мроя ўспыхне і сьніцца:
палеская зноў
выбягае крыніца.
Кусты і блакіт —
зеляніна і неба.
Замовы ракіт
над сугліністай глебай.
Балота. Трысьцё.
І праз поле гасьцінец...
Ну, як пачуцьцё
заглушыць і адкінуць?
І хочу я, ледзь
не пазбаўлены веры,
у прышлае мець
незамкнёныя дзьверы.
Кантата самотных
І.
Твой вобраз мілы, Твой партрэт,
Як рыцар казкі амулет,
Па сьвеце ў сэрцы пранясу.
Ён часта гоіць мае раны.
Тваёй красой мой Край Забраны
Сваю выказвае красу.
Усьмешкай ветлай сьвеціць твар —
Палёў няскошаны абшар.
Кладуцца жытам пасмы кос,
З-пад іх палеская крыніца
Ў вачох пяшчотнасьцю бруіцца,
І бровы — ніцы вербалоз.
І вейкі зьлёгку жмурыш Ты —
Вось так ля багнаў чараты
У сьпякоце ўсьцішаныя сном.
А вусны — сьпелыя суніцы,
А грудзі — нетраў таямніцы
Пад саматканым палатном.
Мой няўміручы Край жыве
Ў Тваім цнатлівым харасьцьве.
І я ў ім радасьці таю.
За маладосьць Тваю малюся
І зычу шчасьця Беларусі,
Свае кантаты ёй пяю.
Мая старонка, дзе здаўна
Ваўчыцай носіцца вайна,
Ляжыць пабітая. усплылі
Людзкія сьлёзы й кроў ракою.
Ні вольнай працы, ні спакою
Няма на дзедавай зямлі.
І не здарма чакалі мы
Жабрачай кайстры і турмы,
Гнязьдзіўся страх і рос адчай.
А слова — гнеўны рокат хвалі.
Яго ад цэнзараў хавалі,
І толькі водгук чуў наш Край.
Там, дзе хмызьняк і дзікі мох,
Наш Беларус спакойна мог
Уголас родны гымн сьпяваць.
Пасьля і ў лесе стала цесна,
Чужыя людзі ловяць песьню,
Каб у вастрог яе загнаць.
І шпегі сочаць, як сычы.
Пясьняр нядолі, замаўчы!
За слова ласкі і тугі
Нямала гіне між высланых
Ў галодных стэпах Казахстану,
Ў халодным сіверы тайгі.
Чаму? За што? Што за чума?
Нікога блізкага няма —
Цьвінтар рухомых мерцьвякоў.
І ў гэтым часе паваротньм
Я стаў з пагардаю самотным
Паміж самотных землякоў.
Я замыкаўся ў кляштар мой
Таемна зь лірыкай нямой.
На прышласьць меў пагляд такі,
Што загаворыць, засьпявае
Мая паэзія нямая,
Мае маўклівыя радкі.
Яшчэ няпэўная пара
Жывіцца праўдаю пяра.
І думкі — смутнаю гурбой:
Народ цярпіць і марна гіне.
Мне горка, што ў маёй Краіне
Крукі кружацца над Табой,
Што Ты, каханая мая,
Цярпіш пакуту удвая.
Пасаг і гонар задарма
Бяруць чужынцы пад прымусам.
Стол не пакрыты тым абрусам,
Які саткала Ты сама.
На ім укладзены вузор
На любату і на спазор.
Па ўскраю — россып васількоў,
А па кутох тканіны коні
І воі ў велічы Пагоні
Паміж разьвеяных сьцягоў.
Настольнік гэты захавай.
Нам будзе памяткай няхай,
Што нашы прашчуры былі
Гаспадарамі Беларусі
А мы... пустой кішэняй трусім,
Надзелі з гора хатылі.
Калі чужынцы бралі хлеб,
Паролі скрозь, шукалі дзе-б
Знайсьці хоць зерне і забраць,
Ці льга было сядзець спакойна
На тым відовішчы разбойным
І ў войстрым болю не згараць?
Ці льга сьцярпець, калі мой брат
Глядзеў замучаны з-за крат,
Пытаў, за што ён вязьнем стаў?
Калі чужынцы ў нашай хаце
Перабіралі ўсё багацьце
і крыжавалі зноў Хрыста,
Калі сялібы-хутары
Ўздымалі з дымам дагары,
І трэсьлі кажную сям’ю.
Ці льга сьцярпець? Ці не нарокам
Маўчаў я, хутаючы змрокам
Душу бунтоўную маю.
Калі чужынцы секлі лес, —
Сьмяротны жаль у сэрца лез,
Гадзюкай джгаліў жаль цяжкі.
Дык як памсьціць за зьдзек над Маці,
Якую каты ў казамаце
Мардуюць, рэжуць на кускі?
Ці з болю змушаны маўчаць?
Зламаць жалобную пячаць,
Што на грудзёх маіх лягла!
Глядзеце — страшна навакола.
Сьцюдзённа! цёмна, мёртва, гола.
А ліпкі жах, нібы смала.
Я слова вымавіць ня мог,
Чуў звон кайданаў з маіх ног,
І звон зялеза з маіх рук.
Яны нябачныя віселі,
Яны нячутныя зьвінелі,
Як адгалосак маіх мук.
Ці я пазбаўлены правоў
Сыноўю выказаць любоў?
Вядома, навет Эскімос
На тундры, на пустэчу краю
Замілавана пазірае,
Бо нарадзіўся там і ўзрос.
А мы ўзрасьлі сярод палёў,
Сярод нязьлічаных лясоў,
Азёраў, рэчак і ставоў,
Дзе адвячоркам сіня-цьмяным
П’яным чаборам і цім’янам
Брынее водар паплавоў.
Дзе пахне рутай сенажаць,
Дзе скарбы вартасьцяў ляжаць
І на ральлі і ў папарох,
Дзе краскі радасныя ў полі.
Бярозы, стромкія таполі,
Наўсьцяж абапала дарог.
І горды бусел на гнязьдзе
Клякоча, гутарку вядзе.
І сьпеў задорнага шпака,
І звонкі пошчак салаўіны
Ў кустох парэчак і маліны,
Ў зялёных кучмах вішняка.
Каля старых прысадаў ліп
Жалейкі сьціплай сумны ўсхліп
Ды лёскат пугі пастуха.
I ўсё так міла, так прыгожа,
Як за лазовай агарожай
Твой сад і чорная страха.
І ты адтуль, мая вясна,
Глядзела сонейкам з вакна
І думку песьціла маю.
Нідзе няма такога краю,
Як Беларусь. Яе кахаю,
Ёй кроў і сэрца аддаю.
ІІ.
Ніяк ня думаў ані сьніў,
Што я пайду ад родных ніў,
Дый раптам стражнік — люты лёс
Мяне пагнаў з тугой самоты
На ўзвышша голае Гальготы
І чарку воцату паднёс.
Гады ахвяр, гады трывог
Я толькі песьняй перамог.
Сырэны жудасна гулі,
І сьмерць глядзела з-пад руінаў
Я і тады сьпяваць ня кінуў
Каханьню й радасьці зямлі.
Я аддаваў паклон Вясьне,
Што ў снох мярэсьцілася мне.
На крушнях друзаў і сьмяцьця
Я узьнімаўся з кволым словам.
Душа пад громам пяруновым
Расьціла сілу пачуцьця.
Я моцным “віват” ня крычаў,
Ня славіў з бойні крумкача,
А пеў выгнаную любоў.
І мне палітыкі-пііты
Сычэлі: “Сьціхні, замаўчы ты!
Наш век із скрыгатам зубоў.
І чалавек памізарнеў,
У ім бушуе толькі гнеў,
Скавыча ненавісьць, як зьвер.
Навошта нейкія пачуцьці,
Яны ў народзе не прачнуцца,
Навек загінулі, павер”...
Ня слухаў сьмешкі і парад.
Ня страціў сэрца ў плойме страт.
Хай лёс мне прыкрасьці рабіў —
Я не глядзеў на сьвет варожа
І не пайшоў у бездарожжа,
І веры ў праўду ня згубіў.
Лагоднай песьняй лашчыў слых
Усіх пакрыўджаных, нат злых
(А можа цешыў сам сябе?).
Мой голас гвалтам быў закуты,
Зрываўся, церпячы пакуты,
І захлынаўся на журбе.
Няўжо бяз Бацькаўшчыны мне
Ў далёкай гінуць старане?
Няўжо каханую маю
Я не пабачу, не пачую,
У заезьдзе дзесьці заначую
І верад-жаль не загаю?
Жыцьцё нізрынута далоў.
Няма для скаргі навет слоў,
А каб-жа меліся, каму
Патрэбны гэты згустак болі?
Маім братом няма патолі,
Прайшлі другую Калыму.
Вайна пад крыгі-туруны
Людзей хавала бяз труны.
Ламала, трушчыла скляпы.
Загуба ўсюды цікавала.
Цяпла для сэрца не ставала,
Жыў над усім інстынкт сьляпы.
Як той палярнік між ільдзін
Стаяў самотны ці адзін?
Міналі гадкія гады
Цяжкой хадой і зь небясьпекай,
А я паліў любоўнай сьпекай
Тугу бяздольнай грамады.
Ніякай радасьці нідзе.
У зморы, клопатах, нудзе
Галодны еў гнілы бурак.
I, абясьсілены, пакорны,
Ён кляў у немарасьці чорнай
За дротам лягерны барак.
Мяне таксама путаў дрот,
Ды вызваляў зь яго Эрот,
Выводзіў зь цемрадзі-глушы.
Я быў захоплены, узьняты.
І нараджаліся кантаты
Мае самотнае душы.
Так часта, часта уначы
Душыў я роспач, камячыў.
І пеў, як той Тарэадор
У небясьпечныя хвіліны
Каханьне... Мілыя ўспаміны
Мне ткалі матчыны вузор.
Пачуцьцяў хваля ў даль нясла
Мой чуткі човен безь вясла.
Ён у затоне песьняў плыў
Да мірсьцяў прыстані знаёмай,
Каб выйсьці проста ў сьпелы гоман
Усхваляваных родных ніў.
Дзяньнік я з памяці лістаў.
На ўзьлеску хутар. Ціхі стаў.
І Ты. Зы мною ў мроях Ты —
На паплавох, на сенажаці —
Сястра, каханка, мая маці,
Мой вобраз сьветлы і сьвяты.
Заходзіў я ў зялёны храм,
А там маліліся вятрам
Бярозы й сосны. І вясьне
Малітву дзіўную шапталі,
І сьлёзы шчасьця — рос крышталі
На вейках елак і ў мяне.
Адно я ў лесе спачываў.
Там кажны куст мне спачуваў,
І частаваў маю душу
Лясным ласункам — песьняй чыстай,
Прыгожай, весьняй, урачыстай.
Аб гэтым зь любасьцю пішу.
ІІІ.
Шумі, сасоньнік малады!
Жалейкай грай на ўсе лады.
Я чую пах смалістых хвой.
Ізноў мне Бацькаўшчына сьніцца...
Ці не стаптаная суніца
Сьцякае сокам над травой?
Цябе забыць я не магу...
І на выгнаньні п’ю тугу,
Цярплю нязвыклую жуду.
Самотай сэрца халадзее.
А ўсё-ж ня згублена надзея:
Вярнуся, любая, прыйду!
Хачу баржджэй самоту прэч
Пагнаць, як негадзь-немарэч.
Расьце, мой Божа, боль які!
Паміж чужых я адзінокі.
Перада мною шлях далёкі,
Гараць за морам маякі.
І Ты, гаротная, гарыш.
І пахіліўся дзедаў крыж.
І быльнягом парос курган.
І я, разлучаны з Табою,
Жыву астатняй барацьбою,
Узьняў пачуцьцяў гураган.
Табе ў самоце аддаю
Сябе самога і пяю,
Хіба ў міноры, дык прабач.
Нас безьліч вырасла самотных,
У восень птушак пералётных
Мы разумеем сумны плач.
Прырода крылы ім дала,
Шукаюць вечнага цяпла.
Аж пазайздросьціць можна ім,
Калі яны лятуць у вырай
Сямейкай дружнай, згоднай, шчырай
Насустрач далям залатым.
Пад крык гусей і журавоў
Мой родны Край згадаю зноў.
Я крылы мрояў распрастаў —
Чакаю сонечнай пагоды,
Паміж братоў шукаю згоды,
Паважных чынаў, лепшых спраў.
Мне сьняцца нашыя лугі,
Азёраў сініх берагі,
Акрытых соннаю смугой,
Лясоў раськінутыя шаты...
Душа даўно пяе кантаты
Маёй Краіне дарагой.
1951