Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Паэзія - Вершы

Сяргей Ясень нарадзіўся 9 жнівеня 1926 году ў Наваградчыне. Друкавацца пачаў ад 1947 году. Жыве цяпер у Нямеччыне.

ГЫМН ЗМАГАНЬНЮ
Што аб стрэхах пяяць саламяных
Ды аплакваць іх песьнямі нуднымі, —
Калі сяньня зямлянкамі бруднымі
Яны ў землю жыўцом закапаны!

Што пяяць, што шырокія гоні
Мы пакінулі дзесь недажатыя, —
Калі сяньня над імі гаратыя
Ланцугамі іржавымі звоняць!

Што пяяць аб прасторах Радзімы,
Аб гасьцінцах шырокіх, бярэзінах, —
Калі лісьце, вятрамі падрэзана,
Расьсяваюць сібірскія зімы!

Не! Ня час на такія нам песьні:
Век суровы цяпер, сэрцы — дзікія.
Выбар спрошчаны нам: волю выкаваць
Ці ў няволі ганучаю сплесьніць.

Гымн змаганьню — вось песьня на
сяньня! —
З нашых путаў яна нарадзілася.
Перазвонам іх з турмаў прабілася
І зруйнуе няволю дазваньня.

Калі ночы ёсьць — мусіць быць Раньне!
Мусім крыўды зьлічыць векапомныя!
Дык-жа чуйце вы, сэрцы нязломныя,
Гымн змаганьню — вось песьня на сяньня!

1948

ЯШЧЭ АДНО
Колькі на этапах іх перажылося!..
Гэткіх цяжкіх... проста да зьнямогі.
Зь вераю, што зыйдуцца дарогі,
Мы разьвіталіся, гэтак бо прыйшлося...

Ня здолела маці ўдоваль наглядзецца,
Сын цяпер яшчэ ў душы цалуе рукі.
Разьвітальных слоў нямыя гукі
Ўсё яшчэ ня сьціхлі, нам здаецца.

А пад іх балючыя разьлівы
Зь верай гэткай-жа ў супольную дарогу,
Памаліўшыся, ля нашага парогу,
Нарастаюць новыя
“Трымайся! Будзь шчасьлівы!”

1949

* * *
З апошняй зоркай ночка дагарае,
А ў дагараньні — сьвежы, новы дзень.
У сіні бор паплёўся сумна цень:
З апошняй зоркай ночка дагарае.

І сну напіўшыся, адсьвежаны прамень
Ізноў хвалу Усемагутнаму зайграе:
З апошняй зоркай ночка дагарае,
А ў дагараньні — сьвежы, новы дзень.

1948

МУЗЫКА
Хваля думак...
Дні перажытыя? —
Ня скажаш...
Што з табой?
Чаму раны, рубцамі пакрытыя,
Бруяцца дзіўною журбой?..
Дзе ты блукаеш? —
Па ўсіх мясьцінах...
Мэлёдыя ціха уецца...
Маці,
сябры,
дзяўчына —
Часом незнаёмая,
мройна ўсьміхнецца...
Жывеш у мінулым, хвалюешся, мроіш
І ціхай пяшчотаю сэрца напоіш.
Нешта плача ў табе —
мо’ душа? —
Сам ня ў змозе.
Няхай... пашто сьцішаць у салодкай
трывозе
Бязьмежны сум,
натхненьне,
радасьць
І думак рой...
Што з табой?..

1949

ВУГЛЯКОПЫ
Зьмяшаўшыся з вуглём, ляглі
Глыбы цемрадзі — густыя, ліпкія.
Каменьне моўчкі сьлязой усхліпвае, —
Мо жаліцца на штось зямлі?
І ціха, ціха, як...
Не! Ужо рушыла!
Ускалыхнулася, кімсьці ўзварушана,
Здрыгнула ў супакойным сьне
цемрадзь.
Глядзі!
Вунь ідуць!
Гэй, хто там?
Чуеце?!
Чаго, двуногія, вы тут вандруеце?
Куды нячысьцікі вас нясуць?!
А там, на нявідомых хвалях,
Пераліваюцца то ўверх, то ўніз,
Плывуць гуськом адзін, другі,
І прыбліжаюцца заддалі
вагеньчыкі.
Ня крычы: не спалохаеш —
У вочах іхных зацятасьць сьвеціцца.
Жывой пілой у сьцены ўрэжуцца
І задрыжыць зямля, завохкае.
І бязьлітасна нутро
Старое зямлі крышыць —
Упорыста, бязь перадышкі
Дабіваецца ў ядро
сталь.
А ў рогаце дзьвёх стыхіяў
Чуваць:
— Дзяўбі! Дзяўбі! — Адчыніцца.
Бо цяпер хто спыніцца,
Таму будуць вякі ліхія!..
Першай сутычкі кончыўся гром.
На нявідомых хвалях —
То ўверх, то ўніз —
замільгалі
І паплылі
адзін, другі
гуськом
вагеньчыкі.
Зьмяшаўшыся з вуглём, ляглі
Глыбы цемрадзі — густыя, ліпкія.
Каменьне моўчкі сьлязой усхліпвае, —
Мо жаліцца на штось зямлі?

1948

І ТРЭБА-Ж БЫЛО...
Сяньня Купала, а заўтра Ян —
Будзе вам, хлопчыкі, усё ліха вам.
(Купальская песьня)

І трэба-ж было здарыцца тады —
Пры вогнішчы яшчэ адзін агонь сустрэць:
Шчэ больш гарачы, палкі, малады...
І так згарэць!..

I каб адтуль! — з блакітных воч,
Такіх, як часам неба ўлетку...
І нанясло-ж у гэну ноч
Зьнянацку так папасьці ў сетку.

І трэба-ж было здарыцца тады —
Адчуць пры вогнішчы агонь яшчэ адзін:
Шчэ больш бурлівы, пахкі, малады —
Агонь-язьмін...

І каб адкуль! — з салодкіх губ,
З такіх, як зь ліпаў мёд бывае —
Агонь, што дакране і зруб
П’янога шчасьця вырастае.

Як папараці кветкай, запаліць
Зарой вясьнянаю жыцьця гады...
I ўсё згубіць...
Эх, трэба-ж было здарыцца тады!..

1948

ЗЯЛЕНІЦЬ ВЯСНА...

Сябром па зброі, што загінулі пад чужымі сьцягамі

Зноў зяленіць вясна, серабрыцца птушыная песьня;
Зноў сьмяюцца сады і цалуюцца зь ветрамі ўсьцяж, —
Ды нашто гэта тым, што жыцьцё на дарогах прадвесьня,
Адарваўшы ад роднае хаты, занясьлі на крывавую пляж?

І мо лёсу віна, што закінуў хлапцоў у змаганьне
Пад чужыя сьцягі ды ў чужацкую лямку запрог;
Можа ён вінават, што й балючая горыч расстаньня,
І пагарда “бялейшае косьці” павыпекалі раны ў грудзёх.

Спачываюць сябры. Іх уклала вайны калыханка —
Валавяная песьня, што сталь прапяяла вясной, —
Скамянеўшы ў акордзе крыжоў і магілаў вязанкай...
А над ёй — шмарагдовыя вёсы і халодны магільны спакой.

І ці раз шчэ сады расьсьмяюцца сьняжынкамі цьвету,
Пракалосяцца золатам нівы і сьцюдзёна адплачуць сьнягі, —
Ды нашто гэта тым, што панесьлі шырокаму сьвету
Ў сэрцах палкіх імя Беларусі ды Забранага Краю сьцягі?

ТУТ І НЕДЗЕ

(За сталом пры каляднай куцьці)

Распасьцёрся настольнік наш выбарам міс,
Дыша стол разнастраўнай сунегай...
Недзе-ж змучана пушча схілілася ўніз
Пад абрусам бялюсенькім сьнегу.
Нас пяшчотна прылашчыў утульны пакой,
Нам так добра на чыстых паркетах...
Недзе-ж сьцены дубоў сьцерагуць супакой
І зямлянак змаганьнем сагрэтых.
У руках нашых штодня кілішкаў крышталь,
А радзіма — ў ружовенькіх крозах...
Недзе-ж права
на быт наш
вырэзвае сталь
У сьпякотах ды ў дзікіх марозах.
Недзе жорсткасьць,
надзея,
упорыстасьць,
кроў,
Веліч веры і зморанасьць целаў...
Мы-ж чытаем, зацішна ад сьцюж і вятроў,
Пра чыны партызанскіх адзьдзелаў.

1952

ВОСЕНЬСКАЯ ПЕСЬНЯ
Падае лісьце, падае з клёнаў
Музыкай жоўтай, сумам чырвоным.

Сьцелецца лісьце, сьцелецца долам
Шчасьцем мінулым, подыхам кволым.

Золата ўнізе, уверсе просінь —
Родзіцца песьня, родзіцца ўвосень.

Ціхай малітвай, шэптам квяцістым
Сьцелецца песьня, сьцелецца зь лістам.

1953


З ПАРЫСКІХ КАНТРАСТАЎ
“Etoile des neiges, mon coeur amoureux...”
Кідае ў натоўп жабрачка сьляпая.
Мо песьняй на хлеба кавалак зьбярэ?..
Зьлітуйся, хто вочы ды сэрца мае...

“Etoile des neiges...” і голас дрыжыць;
Падперлася кульбай ад цяжкага крыжу.
Сьпякота. І холадам песьня імжыць
У шуме вясёлым п’янога Парыжу.

1952