Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Ад Выдавецтва

Калі ў 1952 годзе “Бацькаўшчына” ўвяла на сваіх бачынах месячны “Літаратурны дадатак”, у нас была зьявілася думка пакідаць друкарскі набор зьмяшчаных у ім літаратурных твораў нашых эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў, каб пазьней, выбраўшы найлепшыя й найхарактэрнейшыя, выдаць іх асобным зборнікам. Гэткая гэнэза гэтага вось альманаху “Ля чужых берагоў”.

Такое прыпадковае паўстаньне гэтага альманаху і ня менш прыпадковы ягоны ўклад мусілі, рэч ясная, да некаторай меры адбіцца на ягоным характары й зьмесьце.

У альманах увайшлі выключна творы, што друкаваліся ў “Літаратурным дадатку” газэты “Бацькаўшчына” на працягу трох апошніх год, і творы толькі тых аўтараў, якія, друкуючыся ў газэце, выразілі жаданьне фігураваць і ў альманаху.

У альманах, як сказана вышэй, падбіраліся толькі найлепшыя й найхарактэрнейшыя творы, друкаваныя раней у “Бацькаўшчыне”, пры чым, як правіла, творы напісаныя на эміграцыі і раней, апрача “Бацькаўшчыны”, нідзе нядрукаваныя. Як рэдкія выключэньні, у альманах увайшлі й некаторыя творы, напісаныя яшчэ на Бацькаўшчыне або ўжо друкаваныя, якія, на зычэньні аўтараў, зьмешчаныя гэтта, як неабходныя дзеля цэласьці цыкляў або дзеля іх асаблівай характэрнасьці для дадзеных аўтараў. У альманаху зьмешчаныя толькі творы, што зьяўляюцца закончанай цэласьцяй. Таму не паявіліся ў ім адрыўкі друкаваных у “Бацькаўшчыне” твораў, ня гледзячы на тое, што некаторыя зь іх прадстаўлялі сабою не малую мастацкую цэннасьць.

Колькасьць адведзеных тут для кажнага аўтара бачынаў таксама ня сумерная. Прыкладам, Натальлі Арсеньневай адведзена найбольш месца ў параўнаньні зь іншымі аўтарамі. Гэта таму, што зьмешчаныя тут ейныя вершы становяць сабою закончаны цыкль, разьбіваць якога ня было-б мэтазгодным.

У сувязі з вышэй сказаным, гэтае выданьне ў ніякім выпадку не зьяўляецца анталёгіяй беларускай паэзіі й мастацкай прозы эміграцыйных аўтараў, але толькі альманахам-зборнікам, пры чым, як зазначалася, даволі прыпадковым. Тым ня меней, ён, як цэласьць, можа даць больш менш шырокае ўяўленьне аб беларускім літаратурным руху на эміграцыі.

Пры ўкладаньні альманаху быў захаваны альфабэтычны парадак аўтараў.

Выпускаючы гэты свой першы літаратурны альманах, Рэдакцыя й Выдавецтва “Бацькаўшчыны” плянуе і ў будучыні, у меру запасу друкарскага набору зьмяшчаных у “Літаратурным дадатку” газэты “Бацькаўшчыны” твораў, выдаваць падобныя альманахі. Ажыцьцяўленьне гэтага праекту будзе, аднак, залежыць галоўным чынам ад нашых паэтаў і пісьменьнікаў.