На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімір


XI. У гасьцях сьведкі біблейскіх часоў

«І зьявіўся Аўрааму Госпадзь каля дубровы,
Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў шацёр
свой у часе дзённай гарачыні. Аўраам узьняў
вочы свае і глянуў, і вось, тры мужы стаяць
насупраць яго... Ён пабег наспатканьне ім і...
пакланіўся да зямлі і сказаў: Уладыка! калі
я набыў Тваю ласку, не прайдзі міма раба Твайго».
З Бібліі

Аб зьяўленьні трох Божых мужоў Аўрааму згадваецца, калі паломнікі апынуцца каля славутага Мамврыйскага Дуба. Гэта на поўдзень ад Ерусаліму сярод велічных Юдэйскіх гораў на месцы колішніх дуброваў Мамрэ. Тады, калі Бог караў за распусту Садом і Гамору, за сорак кілёмэтраў ад Ерусаліму, недалёка ад Мёртвага мора пад засеньню лістоўніка таполі і дубоў, у шатрох жыў спакойна і аддаваў сябе малітве богашукальнік Аўраам. Гэта яму зьявіўся Госпадзь у выглядзе трох вандроўнікаў. А недалёка дубровы Мамрэ ад даўнейшых часоў быў і ёсьць цяпер слаўны і сьвяты для ўсіх трох веравызнаняў - мусульман, жыдоў і хрысьціянаў, - гарад Хэўрон, месца пакланеньня кажнага прававернага хаджы. Тут сем гадоў жыў і кіраваў дзяржаваю Давід. Тут над пячорай пахаваньня Аўраама, Інаака, Іякава і іхніх жонкаў узвышаецца цяпер велічная мячэць у 70 мэтраў удаўжыню і 38 ушыркі з мінарэтамі на кажным рагу моцных сьценаў. Калісьці гэта была вялікая царква сьв. царыцы Алены. Уніз, у пахавальную пячору Махпел, што была купленая Аўраамам за 400 сіклей срэбра ў Эфрона Хэттэяніна, цяпер пушчаюць адно магамэтанскіх сьвятараў - імамаў. Але надмагільныя падпісы і пліты пахаваных патрыярхаў можна добра бачыць з паверху, даступнага ўсім. Агромністыя каменныя саркафагі пад дарагой шаўковай матэрыяй, зялёнай для мужчынаў і чырвонай для жонак, робяць вялікае ўражаньне на ўсіх. Места Хэўрон шануецца магамэтамі ня меньш сьвятых для іх Мэккі і Мэдыны.

Таму і месца колішняй дубровы Мамрэ на адхонных лажбінах, што цягнуцца аж да Міжземнага мора на захад ад Хэўрону, шануецца ўсімі вернікамі. Цяпер заместа дуброваў - найбольш ўзараных палёў. Час, дажджы і ветры здзьмухваюць глебу, агаляюць вапняковыя каменьні. Дзе-нідзе сярод пустынных узгоркаў відаць рэшткі былое раскошы - невялікія сады масліны і вінаграднікі. І вось тут, на паўночным сьхіле аднаго з узвышшаў цудам уцалеў да нашага часу адзін дуб з часоў... якіх бы Вы падумалі?... з часоў Аўраама! Так, гэта не памылка друку, дарагі чытач! Менавіта, з ЧАСОЎ АЎРААМА... З тых незапамятных біблейскіх часоў, калі перад сваім шатром Аўраам пабачыў трох дзівосных вандроўнікаў. Можа гэта якраз і ёсьць той Дуб, які даваў засень Аўрааму ў той цудоўны момант, бо, паводле Сьвятога Пісьма, ён сядзеў у гарачы дзень каля шатра, калі пад паўднёвым сонцам удзень, калі яно там гэтак і смаліць, патрэбна было мець досыць засені. І вось роўна ўсе - і пасьлядоўнікі Ісуса Хрыста, і верныя запаветам Магамэта, і дбайнікі Закону Майсеявага - з аднолькавай руплівасьцяй сьцьвярджаюць, што гэта якраз той самы Дуб, каля якога стаяў Аўраамаў шацёр, калі адбылося Божае Зьявішча.

Многія хрысьціянскія пісьменьнікі ІV стагодзьдзя прыгадваюць аб Дубе Аўраама і паказваюць ягонае месца якраз там, дзе ён цяпер і знаходзіцца. Наш паломнік - суродзіч з ХІІ-га стагодзьдзя, ігумен Даніла, пісаў: «Ёсьць жа Дуб Сьвяты побліз дарогі... направа стаіць на высокім узвышшы. Дуб ні надта высокі, шурпаты вельмі; галіны яго нахіленыя да зямлі... Ад тога Дуба да Хэўрона - дзьве вярсты».

Тое, што Мамврыйскі Дуб ня выдаўся Данілу вельмі прыгожым, зусім зразумела. Палестынскія Дубы вельмі адрозьніваюцца ад нашых беларускіх. Хэўронскі дуб належыць да асаблівага, г.зв. каменнага дубу. Ён мае маленькія лісточкі, жорсткія, выцягнутыя накшталт яйца, з безлічай, як у піле, зубчыкаў. Палестынскі дуб зялёны круглы год. Але ягоныя невялічкія жалуды сьведчаць, што гэта сапраўдны дуб. Яны бадай што нічым не адрозьніваюцца ад эўрапейскіх жалудоў.

Такім чынам, Мамврыйскі Дуб - гэта адзіны цяпер жывы сьведка Богазьяўленьня прабацьку Аўрааму. Таемныя Падарожныя спушчаліся ў Хэўронскую Даліну. Аўраам, седзячы ў засені пад дубам у дзённую гарачыню, пабачыў іх на сьхіле гары, дзе цяпер выбудаваны расейскі сабор і манастыр. Архімандрыд Антанін купіў тую дзялянку з дубам ад Хэўронскага жыхара Ібрагіма Шалудзі за тры тысячы франкаў 1 лістапада 1868 году і замацаваў яго за Рускай Праваслаўнай Духовай Місыяй. Адразу тая дзялянка зямлі была абнесеная сьцяной, каб зберагчы сьвятое дрэва ад фанатыкаў-мусульманаў, якія маглі помсьціцца падпалам, і распачата будаўніцтва Дому Паломнікаў на паўночным сьхіле гары, крыху вышэй Сьвяшчэннага Дуба. У 1874 годзе Дом той адчыніўся для прыйма паломнікаў. З таго Дому добра відаць Хэўронская Даліна, частка гораду Хэўрону, мячэць над пячорай Махпел з грабніцамі прабацькаў. На далёкім Захадзе ледзь сінее ў шэрым тумане Міжземнае мора, да якога яшчэ сотня кілямэтраў.

Праваслаўная Духовая Місыя і далей купляла суседнія дзялянкі ад арабаў аж да самай рэвалюцыі 1917 году. Такім чынам, ейныя ўладаньні разрасліся аж да 72 тысяч і 355 квадратовых мэтраў. На тэй зямлі цяпер цьвітуць вялікія вінаграднікі і агароды для манашаскай браціі. У 1906 годзе распачалі будаваць вялікую царкву, якую і закончылі ў 1925 годзе. Сам Патрыярх Ерусалімскі Даміан асьвяціў яе ў імя сьв. Прабацькаў, а ейныя бакавыя алтары - у імя Сьвятой Тройцы (правы) і ў імя Сьв. Міколы (левы).

Цяпер там жыве колькі манахаў, што ахоўваюць месца і служаць у Царкве сьв. Праайцоў. На трэйці дзень сьвята Пяцідзесятніцы каля Мамврыйскага Дубу адбываецца Божая служба ў гонар зьяўленьня Прэсьвятой Тройцы.

Сам жа Дуб абнесены ўздоўж падножжа каменай сьцяною. Вакол яго зроблены жалезны навес, пад якім адбываюцца маленьні. Да ствала прымацаваная ікона Прэсьвятой Тройцы. Уся пляцоўка вакол Дубу агароджаная жалезнымі кратамі.

Каржакаваты Ствол тога Дубу за колькі тысячагодзьдзяў стаўся такім грубым, што разьдзяліўся на колькі ствалоў. Некаторыя зь іх ужо памерлі або былі зламаныя бурай. Але колькі сукоў асяродкавага ствала яшчэ ўсё жывуць, пакрытыя густымі лісьцямі, і даюць штогоду багаты ўраджай жалудоў.

Усевалад Ціхановіч колькі разоў абыйшоў агароджаную пляцоўку, над якой горда ўзвышае сваю зялёную галаву Сьвяты Дуб. Ён пільна ўглядаўся ў зялёна-рудую карону над галавой. Праз лісьцевую сетку сьвяцілася блакітна-чыстае неба. Таполі па той бок агарожы стаялі ціхімі сьвечкамі, ня кратаючы анічуць лісьцем. Усё вакол выглядала нібыта заварожаным Божай цішынёй. Сама вечнасьць, здавалася, запанавала тут, а над ёю жывым выяўленьнем тога дыханьня адвечнасьці ўздымаўся ўгору сваім жывым, так жывым, як і тысячы гадоў таму назад, зялёным лісьцем. Усевалад доўга ня мог запыніць свайго ўзрушаньня - магчымасьцяй адчуць пульсаваньне жывога жыцьця з глыбіні вякоў і тысячагодзьдзяў. Яму здавалася, што ён чуе, як грукочуць па карэньнях тога дрэва сокі зямлі, што ішлі з самых нетраў старога часу і паілі ім прабацьку ўсіх дрэваў, што аздаблялі тое ўзвышша. Усевалад беражліва клаў на руку леташнія пажаўцелыя ад часу і дажджу жалудкі. Ягонае сэрца сьціскалася жалем да тых сьвятых дароў, якіх гэтак шчодра раськідаў па зямлі сьвяты Дуб. І ён рупліва пачаў зьбіраць іх у мяшэчак, каб завесьці на той бок Акіяну, дзе яны яму будуць заўсёды соладка прыгадваць тыя часіны, калі стаяў беспасярэдня каля тога Дубу.

Тым часам усіх запрасілі ў Царкву памаліцца. Прайшлі дарогаю пад вінаграднымі дрэвамі, што цяжкімі гронкамі навісалі скрозь і закрывалі ад неба паломнікаў суцэльным парасонам. Дзе-нідзе гронкі пукатага вінаграду зьвісалі гэтак нізка, што краналіся галоў падарожных. Гэтак нібыта і прасіліся, каб чыясьці рука сарвала іх. Дзе-хто і спакусіўся быў тым плодам, употай ад іншых разжоўваў ціхама салодкія ягадзіцы. Мяркуем, што на гэты раз паломніцкія «Адамы і Евы» не ўпадобяцца прабацькам, якіх д'ябал здолеў спакусіць і ў грэх увесьці.

Пасьля агляду цудоўнае царквы і маленьня ў ёй, госьці былі запрошаныя ў манастырскую Трапезную. І трэба прызнаць, што на гэты раз пачостка пераўзышла ўсе чаканьні. Паломнікаў звычайна ў манастырох стараюцца пачаставаць як мага лепш. Гэтак было на Елеоне, у Гефсіманіі, Віфаніі і іншых месцах. Манашая брація ўсюды і заўсёды рада прымаць паломнікаў і дзяліць з імі хлеб-соль. Але тут каля Дуба Мамврыйскага брація гэтак пастаралася, што пакінула незабыўны ўспамін на ўсё жыцьцё. У часе яе Ігумен манастыра чытаў тэкст на тэмы сьвятых падзеяў тых месцаў.

Запамяталася агульнае ўзвышанае рэлігійнае пачуцьцё, што ахапіла ўсіх гасьцей. Да добрага настрою прычынілася асаблівае самаробнае вінаграднае віно, якім колькі хто жадаў частаваўся кажны.

У канцы манахі нават прапанавалі ўзяць з сабою па пляшцы тога віна. І Ўсевалад пазьней шкадаваў, што не скарыстаў з тае нагоды. Гэта-ж было такое віно, ад якога не п'янее чалавек, але чым больш п'е яго, тым больш вясёлы і ўздымны настрой апаноўвае яго. Галаве было ад яго лёгка, нагам ня цяжка, а на сэрцы лагодна і гэтак добра, што хочацца здаецца ўвесь сьвет абняць і ўсім дараваць усе колішнія і заадно і прышлыя крыўды. Так, гэта сапраўды хрысьціянскае віно і, магчыма, падобным віном некалі частаваў Ісус Хрыстос сваіх вучняў у часе Тайнай Вячэры на Сіёне, казаў: «Пійте от нея всі: сія есть кров Моя, яже за вы и за многія изливаемая во оставленіе грехов».

І калі цяпер Усевалад Ціхановіч згадвае багацьце трапезы каля Дубу Мамврыйскага і параўноўвае з абставінамі ў бяднейшым манастыры Прэпадобнага Георгія Хозэвіта па дарозе з Іерыхону ў Ерусалім, ягонае сэрца міжвольна сьціскаецца жалем. Там бедныя манахі ў закінутым высока і далёка ў пустынныя горы былі адно ў стане вітаць паломнікаў гучным звонам. Іхныя старыя лядаштыя рукі ўсё ж неяк здолелі з высокай надгорнай званіцы агаласіць прастору рэхам рознагалосых званоў.

Той тады звон горнае царквы Хозэвіта напоўніў сэрцы паломнікаў глыбокай удзячнасьцяй і спагадай да гасьцінных, закінутых у іншы сьвет дзеля іншага праведнага жыцьця, манахаў-пустыньнікаў.

Яны спатыкалі гасьцей тэю сольлю-хлебам, які яны адно і мелі. Іхны звон прагучаў у сэрцы вяшчуном-благавестам, за які ўсе, і Ўсевалад Ціхановіч асобна, былі ўдзячныя. Праўда, ня шмат цяпер знайшлося аматараў сяліцца там. Цяпер там і дзесятка манахаў не набярэцца. Адно колькі іх адважылася пасяліцца над горным патокам Харафа, які ўзімку з шумам і грымотным стукам нясе свае імклівыя воды ўздоўж глыбака пракапанага яру. Туды яшчэ ў біблейскія часы прышоў быў смуткаваць і маліцца нясуцешны Іаакім з роду Давідавага, якому за бязьдзетнасьць сьвятары не дазволілі прыняць ахвяру ў Храме. Яго тут наведаў Анёл Гасподзен і абяцаў яму нараджэньне Благаславёнай дачкі. Праведнік Іаакім вярнуўся да жонкі і хутка займеў дачку Марыю. А сьв. Анна пазьней малілася з колькімі набожнымі жонамі ў Кутылійскай Цясьніне і жыла там пустыньніцай. У пятым стагодзьдзі там знайшоў быў сабе прыстанішча пасьля пакланеньня Ерусалімскім сьвятыням сучасьнік Саввы Асьвячонага, прэпадобны Іаан з Эгіпту. За ім і была створаная тут Хозевіцкая Лаўра, а самога Іаанна празвалі Хазевітам. У старыя гады адзін ён быў за япіскапа кесарыі Палестынскай, але аддаў перавагу сваёй Лаўры, дзе і памёр у Госпадзе.

Лаўра тая асабліва павялачылася за часоў Георгія Хозевіта, у VІ-VІІ і VІІІ стагодзьдзях. Ягоная грабніца да сяньня паказваецца і манастыр носіць ягонае імя. Ён колькі разоў разбураўся дзікімі плямёнамі. Грэцкая Патрыярхія ў 1880 г. канчальна аднавіла яго ў выглядзе падобным на манастыр на Соракадзённай гары. Манастырскія кельлі і Храм, высячаныя цалкам у скале на вышыні ў 25 мэтраў над ручвом страшнага ўзімку і безводнага ўлетку патока.

Ад старажытнай Лаўры засталіся мастацкія фрэскі з абразамі жыція прав. Іаакіма, магільня прэп. Георгія, мазаіка ІV-VІ стагодзьдзяў. Над дахам сучаснае царквы, побач блакітнага купала і стройнай вежы каланчы, на горным схоне - пячора сьв. прарока Ільлі. Тут ён жыў, калі Ізраільскі цар Ахава загадаў яму пакінуць Самарыю і «схавацца каля патоку Хорафа, што насупраць Іардана». Тут сьв. Ільлю карміў воран. У пячоры стаіць вялікі абраз прарока Ільлі, які прымае ежу ад ворана. Цікава, што і да гэтага часу плойма воранаў заўсёды кружыцца над тым узвышшам.

Месца манастыра прэп. Георгія Хозевіта надзвычайна цікавае і асаблівае. Трэба доўга ісьці да яго горнаю камяністаю сьцежкаю, да перакінутага праз глыбокую цясніну каменнага маста. Унізе пакінуты млын зарос дзікаю травою і кустамі. Шуміць паціху бягучая вада па каналу аж у Ерусалім. Даехаць сюды можна адно на осьліку або пеша. Сьцяжынка ўвесь час бяжыць побач крутога яру, і трэба быць асьцярожным, каб не зваліцца ў бездань.

Уздоўж усхонных скалаў і да сяньня яшчэ жывуць дзе-нідзе пустэльнікі ў пячорах. Відаць пратаптаныя сьцежачкі ўздоўж адхонных кручаў. Надворны бок пячоры звычайна зачынены драўлянымі дзьверцамі пад крыжом. Зь іх спушчаюцца ўніз вяровачныя лесьвіцы, часта адзіны спосаб дастацца ў хаціну такога пустыньніка.

Прыходзіцца дзівіцца, чым яны жывуць, калі нідзе ніякіх адзнакаў абробленае зямлі ці якіх гародчыкаў. Відаць, патрэбы свае зводзяць да мінімуму. Але гэткім спосабам самаізаляваньня ад грэшнага сьвету, яны ратуюцца ад сусьветнага наступу сучаснае Садомы і Гаморы. Кажнаму сваё. Нам, людзям сьвецкага жыцьця, бачыцца іншая дарога служэньня Госпаду Богу. Мы стараемся праводзіць Божыя законы ў самім жыцьці. Але няма патрэбы адмаўляць і права пустыньніка собскімі дарогамі ісьці да Бога.

Дарэчы, знайшоў у манастыры Хозевіта прытулак сваёй Богалюбнай душы і адзін чалавек, казак з Дону. Каб хоць нешта здабыць на пракармленьне, ён расчыняе перад паломнікамі сундучок з чэрапам чалавека і прапаноўвае цалаваць яго, як аднаго з сьвятых падзьвіжнікаў Грузіі. Ад пацалункаў той чэрап ужо аж блішчыць. Вернікі ў чарзе падыходзяць пакланіцца тому сьвятому, цалуюць і кладуць даляры на скрынку. Казак кажнага запэўнівае, што адна думка аб тым падзьвіжніку наводзіць на спакой і пасяляе ў душы сьветлыя надзеі.

«Кажны чалавек зарабляе свой хлеб адно яму даступнымі сродкамі», - думаў пра тога казака Ўсевалад і паклаў яму свайго даляра на куфэрак. «Няхай яму Бог даруе ягонае вынаходзтва. Жыць жа яму неяк трэба і на тэй гары, куды яго закінуў лёс у ролі інака і дзе ён цешыцца той нямой цішынёй, у якой адно найлепш і слухаць голас Усявышняга і ратавацца ад наступу сатаны. І Бог яму, я пэўны, даруе тыя нявольныя грахі, ад якіх людзям зла ня робіцца, а беднаму інаку падмога вялікая. А часам можа і на дабро пойдзе, калі чалавек вераю лечыць злыдні, што пераследуюць яго?»

Немагчыма пералічыць усе манастыры ўсіх веравызнаньняў на Сьвятой Зямлі. Іх значна больш, чымся паломнікам даводзіцца за два тыдні наведаць. У кажным зь іх па-свойму, на сваёй мове і паводле сваіх традыцыяў, праслаўляюць Бога і прапаведуюць хрысьціянскі шлях жыцьця. Гэта заўсёды радуе і натхняе паломнікаў і ўсіх, каму дарагія Вялікія Хрыстовыя запаветы. Адно ў наш час наводзіць на сумныя развагі: немагчымасьць папаўненьня манахаў у праваслаўных манастырох вядзе да ўсе большага і большага скарачэньня іх ліку. Старыя манахі паступова паміраюць, - дарма, што іх век звычайна даўжэйшы, чымся людзей сьвецкага жыцьця. А на зьмену ім прыходзіць вельмі і вельмі мала. Вялікая крыніца іхняга заўсёдняга папаўненьня з праваслаўнага славянства цяпер бадай-што зусім запынілася ў выніку захопу ўлады ваяўнічымі бязбожнікамі. А маленькая Грэцыя, адзіная цяпер у вольным сьвеце праваслаўная эўрапэйская дзяржава, ня ў стане запоўніць усе вакансіі ў праваслаўных манастырох Палестыны. Таму праваслаўныя манастыры арабскае Палестыны запоўненыя далёка не на поўную магчымасьць. Часам там, дзе магла б быць сотня ці больш манахаў, жыве адно які дзесятак, а часьцей і таго менш. А ў Ізраільскай частцы Палестыны і таго горш. Ізраільскі ўрад не дазваляе наагул прыяжджаць манахам з-за мяжы і асяляцца ў манастырох. Разьлік просты: з часам старыя манахі адыйдуць у лепшы сьвет, а манастыры з-за адсутнасьці жыхароў адыйдуць да дзяржаўнае маёмасьці. Цяжка манастыром і з сродкамі: адзіная крыніца папаўненьня касы - ахвяры паломнікаў. Дабрабыт і лёс манастыроў тых у значнай ступені залежыць ад добрага сэрца кажнага хрысьціяніна ў сьвеце і ўсіх нас.