—Выводзьце, на фіг, усіх!!!
З чыстаю стужкаю на рукаве, у наваксаваных да немагчымага бляску ботах, ён стаяў ля сьцяны, трымаючы ў танклявых пальцах шыкоўную дарагую цыгарэту, і ведаў, што зараз да сьценкі яны паставяць зацятага ягонага ворага. Столькі гадоў, столькі доўгіх марудных гадоў чакаў ён гэтага моманту! Не, не чакаў: сказаць “чакаў” – будзе сказаць няправільна. Ён рабіў яго, ён набліжаў яго – гэты момант. Набліжаў, калі з вадамётаў разьмяталі ўшчэнт іхнія напачатку нешматлікія сходы пратэсту, набліжаў, калі ўначы на працягу дваццацёх пяцёх дзён запар яны з Аднадумцамі ўздымалі на Галоўнай Будыніне сталіцы Іхні Сапраўдны Сьцяг, набліжаў, калі ў камэры папярэдняга сьледзтва падасланыя зэкі выбілі яму пярэдніх два зубы, набліжаў, калі, уцёкшы з турмы, хаваўся ў лесе ды харчаваўся амаль што аднымі перакручанымі карэньчыкамі ды чарвякамі, набліжаў, калі ПАЧАЛОСЯ ЎСЁ ГЭТА, ды ён быў адным зь першых сярод тых, хто без агляду зрынуў з пастамэнту нянавісны сымбольны Танк…
Ён добра, вельмі добра памятаў, хто стаяў за тымі людзьмі, якія кінулі яго на нары ды зьвялі надта рана на Той Завоблачны Сьвет ягоных бацькоў… Бы жывая, стаіць Маці перад ягоным тварам і цяпер. Вось яна падымае на яго блякла-сінія вочы, поўныя бязьмежнай тугі, бы просіць, каб ён застаўся дома, каб ня лез, каб не хадзіў, каб ня сьвяціўся сярод Тых… Што ж, каб сапраўды ня лез-не хадзіў, можа, былі б ягоныя бацькі яшчэ жывыя. Ды так было трэба! І аніхто ва ўсім белым сьвеце не пераканае яго, што ён памыляецца.
Але штосьці ён надта расчуліўся. Не да мейсца. Таму што нарэшце. Таму што час. Час адказваць па ўсіх рахунках таму, хто павінен быў па іх адказаць яшчэ ўчора.
Кожнае начы, засынаючы на мулкіх нарах, ён бачыў сёньняшні дзень. Таму што тады ўжо ведаў, як гэта ўсё будзе. Ён бачыў, як ягоныя Аднадумцы зь Легіёну Маладых Патрыётаў акружаюць змрочна-маўклівы дом, як высаджваюць нагамі дзьверы, як валакуць цераз парог зьбялелага гаспадара ды ашалелую ад жывёльнага страху жонку. Так, яна вінаватая таксама. Таму што маўчала, калі ён падпісваў свае нялюдзкія загады. Таму што згодна хітала галавою, калі ён прыходзіў, натомлены, са свае людаедзкае працы ды, ахайна мыючы пахоткім мылам рукі, з усьмешкаю распавядаў пра гэтых звар’яцелых недаробкаў, што за сваё “незалежніцка-вольніцкае паветра” згодныя хоць засіліцца, а потым ставіла важнецкаму супругу-чыну на стол смачную дымляніну ды крапілаў чарачку кропельку каньячку, у той момант, як ён на зоне крэмзаў на часткі, крышыў, душыўся скамянелаю, смуроднаю махрою, зь нязломным спадзевам, што калі-небудзь ён на поўныя грудзі ўсё ж удыхне гэтага самага незалежніцка-вольніцкага паветра…
Ён соладка зацягнуўся доўгай цыгарэтай “Ронхіл’у”. Усё, усё адбываецца так, як ён тады бачыў. Хіба што сьледам за жонкаю маладыя легіянеры выцягнулі яшчэ нейкага старога (хутчэй за ўсё, бацьку; калі так, то ў распыл і яго таксама, гэта ж трэба вырасьціць гэткага сыночка-вылюдка), вось нечакана рэзка тузанулі яго назад ды гэтак жа рэзка штурханулі наперад; стары бразнуўся проста лбом аб вушак, адразу па шчацэ ад скроні пабегла гарачая юха, маладыя зарагаталі нармальным, здаровым сьмехам; вось сьледам за старым з пашчы дзьвярэй выпхнулася нейкая неабмежнае таўшчыні кабеціна, хто б гэта ні быў – і яе таксама да сьценкі, у гэтым доме нармальных людзей быць ня можа; вось… І тут ён, раптам папярхнуўшыся дымам, ледзь не закашляўся ўголас. Аднак справіўся зь няёмкім цяглом да перханьня, стараючыся ані выдаць сябе, адкінуў цыгарэціну прэч.
Ён убачыў яе – маленькую, нязграбную і сьветлавалосую, як самое Жыцьцё. Яе асьцярожна вынес на руках самы высокі зь іхняе усяе каманды легіянер, і па ўсім было відаць, што легіянер яе таемна любіў. Сьцяты дрыжлівы камячык тузануўся ў яго на руках, быццам выдатна ведаў, што гэтыя грозныя дзядзі прыйшлі сюды не з цукеркамі…
—Опомнитесь, что мы вам сделали? – раптам змрочна загаварыў да іх Прыгавораны, увесь напяўшыся ды памкнуўшыся да дзяўчынёшкі. – Вы бы хотя бы… Хоть бы ради неё, Агафьюшки!..
Ён паправіў нарукаўніцу, скінуў нябачнае смецейка са складкі каўнеру ваеннага фрэнчу.
“Бач ты, сутнасьць акупанцкая! Нават аб літасьці па-людзку папрасіць ня можа! І дачушку – таксама “исконным” акупанцкім імем назваў!.. Але чаму яны нас ніколі не шкадавалі, а мы іх, гадаў, толькі за адныя не да часу пушчаныя дзіцячыя сьлюнчыкі-сапельчыкі шкадаваць павінны?! Не, дзядзя, на гэты раз такі нумар ня пройдзе!..”
Ён ужо хацеў апошнюю сваю думку выказаць услых і тым самым канчаткова закрыць узьнятую гадам тэму, як раптам чысты пагляд дзяўчынкі знайшоў (а хутчэй, проста сустрэў…) ягоныя суворыя вочы. Ён глядзеў неадрыўна ў гэтыя вочы, ён да немагчымага болю пазногціў сабе далоні, ён раптам уявіў, як адзіны сухі пісталетны стрэл разьнясе на друз, на перасьпелы кавун, на сухі струк гароху, на пырскі сьвежазамешанае гарчыцы, на расчаўлены гнілы яблык, на расьціснутае макавіньне гэтую маленькую, зіркасьценькую галоўку, і ўрэшце ня вытрываў, адвярнуўся, і нястрымныя, гарачыя сьлёзы захінулі сабою ўсё Неба…
А ў небе плылі сабе аблокі, марудна, паволі, плылі туды, дзе ціха павяваў лагодны, усьмешлівы ветрык. Плылі туды, дзе няма й ніколі ня будзе нас.
7 красавіка, 1998 г.