У яго заставалася яшчэ адна нырка. Яе Тод бярог, як мог. “Цік-так, цік-так”, — мерна цікала яна, бы швэйцарскі гадзіньнік. І яму гэта падабалася.
* * *
Тодар, зглынаючы галодныя сутаргі, капаўся ў сьметніцы, даставаў і еў адтуль, што было ежаю калі заўгодна, толькі ня сёньня. Апошнія пяць даляраў ён аддаў яшчэ на тым тыдні той, якая прыходзіць. Яна ледзь не адзіная з усіх гэтых, хто да яго бязножжа ставіўся індыфэрэнтна. (Урэшце, калі жанчына чуе шоргат гэтых самых зямліста-зялёных паперак, яна шмат да чаго можа ставіцца індыфэрэнтна. Усё залежыць ад таўшчыні вашае магалейкі, ці ня так?)
Сёньня Тоду пашанцавала: пад бананаваю скажуркаю ляжаў досыць важкі недаедак піцы. Яшчэ раней на паркавае тэрасе ён натрапіў на плястыкавы балён зь цёплымі рэштамі колы. Гэта ўжо цягнула на сапраўднае банкетаваньне.
Прыціснуўшы падбародьдзем піцу, Тод зубамі ўзяўся за белы корак балёну, а вольнаю рукою (кхм, калі яна ў вас адзіная, то якім словам назваць адсутную?..) пачаў павольна адкручваць бутэльку. Здаецца, усё атрымалася трапна. Тод сплюнуў корак і, злаўчыўшыся, ладна кусануў бяззубым ротам халоднага цеста з адубелым расплаўленым сырам. Затым падняў падбародьдзе, рэшткі працыбуленага праснаку суха грукнулі якраз па дошцы ягонага самаскляпанага возіка. Перакуліў над сабою балён, пачаў лыкаць, а болей праліваць на ашчацінелы брудны твар колу. Заставалася знайсьці адпаведны рытм гэтага зьверавата-прыстойнага наталеньня галадухі.
Недзе па-шаманску замяўчэла ашалелая валацужная котка.
* * *
Да ўсяго, Тод любіў гэты бак. Менавіта з яго калісьці… па шмацьці рэклямных праспэктаў… спачатку нічога не разумеючы… “Купім. Разлік у СКВ”. …У тэлефоне адказвалі абсалютна няўцямна й блытана. Аднак далі адрас. І Тод пайшоў. Ад чысьціні, бляску, стэрыльнасьці ледзьве не званітавала. Там ён таксама… Ня тое, каб так вось, адразу… Але трэба было нешта жэрці. Жракаць! Пхаць ва ўласную ненаедную пашчу ўсялякае, бляха, дзярмо!!!
За палец, за ягоны жывенечкі, цяплюхенькі палец Тодару далі аж (ух, трымайце капелюхі, панове! мацьней прыцісьніце іх да вушэй!..) цэлы дваццатнік. Па курсу Нацбанку гэта было натуральнае рабаваньне. На гэтыя грошы Тод жыў крыху даўжэй за два тыдні. І нават неяк вячэраў (потым Тод хваліўся, што мантажыў там цэлы месяц) у местачковае ці не семнаццаціразраднае – калі б такі разрад прысуджаўся – рэстарацыі ды еў – о-го-го! – ікру з амараў. “Ну?!. Хто з вас яшчэ можа пахваліцца, што еў самую! ікру з саміх! амараў?!”
* * *
Крутыя часіны, аднак, чакалі непадалёк: адразу па выхадзе з рэстарацыі. Асабліва Тод люта незалюбіў саплівых жабракоў-валацужак: ім грошы давалі ні за што, толькі за сінь-глыбінь бяссаромных вачэй. Тод так ня мог. Тод нават чытаў газэты.
* * *
Правай рукі хапіла амаль на паўгода. Гэта было ўжо лепей. Праўда, не сказаць, каб ён разьвітваўся зь ёй зь вялікай ахвотай. Разоў пяць ці шэсьць закідваў: “А можа, такі левую?”, аднак ім упарта патрабавалася правая. Да таго ж, левая была з дэфэктам: на ёй не хапала аднаго пальца.
Затым чарга дайшла да нагі. Паступова Тод, што называецца, перайшоў ад содавае да сапраўднага ірляндзкага віскі. Левае вока, верхняя сківіца, ніжняя сківіца, ладны шмат скуры зь седаўкі, адна, а затым другая скабы, мясістыя тканкі носа. Пасьля ваганьняў (не сказаць, каб пакутных, аднак і не карнавальна-бязважкіх) нарэшце яшчэ адна нага. Нарэшце, нырка…
Прадайце як-небудзь пры зручнай нагодзе сваю абсалютна здаровую нырку і вы ўведаеце, што адчуваў Тод.
Аднак вашыя адчуваньні будуць вельмі прыблізнымі. Таму што блізьняшку той, якую хітрэнны Тодар бярог, як мог, у яго проста скралі. Элемэнтарна. Крыху глыбейшая доза наркозу – ці чаго там садычна-прымірэнча колюць гэтыя эскулапы?.. – і… Сьвядомы глыток сьвежага паветра увайшоў у грудзі ў рэдкім падлеску за горадам.
У вольнай (ха-ха!..) руцэ – два заціснутых пяцібаксавіка. Нармалёва. Здаецца… Тод асьцярожна абмацаў сваё цела (вядома, дзе мог дастаць, а паколькі ягонага цела да таго часу значна паменела, то цяжкасьці гэта не склала…) Яшчэ ніколі гэты падлесак не чуў такога нялюдзкага, сакрушальнага рову. І ўжо нідзе й ніколі Тод ня мог адшукаць нават сьлядоў той стэрыльна-скальпэльнае канторы. Толькі маленькія пазнамкі ад шасьці роўных швоў зь левага боку ўнізе сьпіны не-не ды нагадвалі Тоду аб ёй.
* * *
У той жа вечар ён жэр дурнаваты, п’яны самагон да зьверападобнага стану. Другія пяць баксаў дасталіся, як вядома, той, якая прыходзіць.
* * *
Каты, адзічэлыя памыйныя каты напалі на яго нечакана. Піцы заставалася, можа, на кус-другі. Яе падмялі, падабралі, падлізалі да апошняе крошкі. Аднак прэснае цеста пахла зусім ня так, як чалавек. Як гэтае хадзячае, крыху прасушанае на сонцы мяса, якое так і прасілася ў смуродныя кацячыя ненажэрнасьці.
Тод спрабаваў крычаць, адбівацца, страшна адмахвацца нічога цяпер ня вартым плястыкам. Катоў паболела, яны нечым нават нагадвалі вялізных, апаўсьцінелых глістоў, якія да ўсіх сваіх выгінастаў ды ўзьвіваў маюць дадаць яшчэ шылападобныя іклы ды сьмяртліва-разьдзерныя кіпці. Гэткія мілыя, ласкавыя, кашэчыя кіпцікі.
Плястыкавы балён адляцеў далёка. Тод перакуліўся дагары на сваім вазочку. Нейкі дурны кот зьлізваў з дошкі апошнія кроплі колы. Вусатыя ягоныя хаўрусьнікі вуркаталі, чмякалі, ірвалі па-жывому, зглытвалі, давячыся й адрыгваючы тое, што яшчэ нядаўна было Тодам. Яны дабіраліся да запаветнага свайго ласунку: цёплае, пульсуючае ныркі.
“Цік-так, цік-так, цік-так”, — нават раскрытая, усё яшчэ мерна цікала яна, бы швэйцарскі адладжаны гадзіннік.
9 чэрвеня, 1997 г.