1.
—Ну што, вісіць?
Лявон Печань разьдзер некалькі сьвежых струпакоў, адчуваючы невыноснае задавальненьне. Па звычцы аблізаў пальцы. Гной быў кіславаты на смак.
—Вісіць, свалата! (Паўза.) Кур-рвіску яго антыблядзкую маць! – Дрона Качалку аж перасмыкнула ад уласнае лаянкі. – Ужо ж трэйці дзень вісіць! І хоць бы гнілым зубам у хрэн!
—Якую?
—Што – якую? – аблізнуўся няўцямна Дрон. Яго трэсла. Трэсла з тае пары, як памерла ягоная жонка. Жонка памерла ад таго, што наварыла заўсёднага пустога баршчу ў новай алюміневай каструлі, прывезенай ім, Дронам, з самога гораду і купленай у краме “Тавары за дробны кошт”. Купляць той каструлі Дрон не хацеў. Ды Ганка (жонка) вельмі ж прасіла і нават лішніх некалькі тысачаў на піва тыцнула. Разам з жонкаю з тае каструлі елі дзеці. Дзеці памерлі таксама.
—Якую, ты сказаў, “маць”? – на мейсцы разадраных лявонавых струпакоў адразу ўскоквалі вадзяныя пругкія пухіры. У іх гной быў сьвятлейшы й не такі кіслы.
—А… Антыблядзкую!
Вочы Печаня надкусіў адвечны вясковы жах.
—І што…
—А х… хрушч яго ведае! Мо, вечарам… Пачакаем. – Дрон сплюнуў. Сьліна трапіла на падбародьдзе. Лявон заўважыў.
—Гы!
—А о табе! – не марудзячы, касматы абсьліняўлены Дрон уехаў Лявону ў лыч. – Гы…
—Яны ўсе там чакаюць, а ты… бьесься!.. – размазваючы юху па твары, скугульнуў Печань.
—Чакаюць? – (Паўза.) – А як… не дачакаюцца?
—Ты што!!! – Лявон нават забыўся на юху, нават сьвярбячка й тая – бы адпусьціла – на хвілю. – Яны ўсе!.. Там!!! Малаха нават галаву разгвэздала! Верыць!.. А дзяцей… Пра дзяцей!.. Забыў?..
—Ты мне… пра дзяцей… — Дрон аж задохся ад тупое, зацятае разьвярэджанасьці. – Заскарупся!..
—А буду, буду!.. – адбег на бясьпечнасьць Печань. – Здыхлік Міраненчын, што ўсё пальчык смактаў, і таго ўжо ня смокча, вачаняты пад лоб і цю-цю!.. А Бабранятка малое? Ручку да кульці прыставіць і трымае, прыставіць і трымае. Плача!.. Ці не – ужо ня плача… Што малыя – старыя самыя й тыя ўсе паспаўзьліся! А Міхаліха зусім зь дзірбаноў, голымі рукамі магілку раскопвае, кажа, я сваіх і татку-мамку хачу, каб, значыцца, на сьвет белы!.. Паміж сабой біцца пачалі – каму, каб першаму, каб упярод, каб хутчэй!.. А ты!.. “Не дачакаюцца, не дачакаюцца!” Дурны ці шо? Гы…
—Ты мне яшчэ “гыкні”, яшчэ “гыкні”! – азызлы дронавы твар наліўся барвіскам. – Я яго там не…
—А хто? Хто? Цьвікі чые? – падскокваў на мейсцы Лявон. На смурод гніючае скуры зьляталіся жоўта-зялёныя мухі. Адну зь іх ён злавіў, кінуў у рот і разжаваў рэштамі пярэдніх зубоў.
—Ах ты, гаўно! Сука! Лярво падлючае! – зьнянацку рвануў за брудную кашулю на сябе Дрон Лявона і хадохаў, і хадохаў яму каленкаю, стараючыся трапіць у самыя вочы. – От табе “гы”, падла! От табе “гы”! Гы? Гы, гы? – і адсунуў ад сябе прэч, і ўжо бяз злосьці вальнуў нагою пад пах.
—Ты ж мне… Ты ж мне… вока… А-а-а! Вока ня маечкі, гад! – пляжыўся сьлязьмі й крывёю на зямлі Печань.
—А ты схадзі, папрасі – можа, верне. – Дрон зноў сплюнуў. На гэты раз больш трапна: на стаптаны басотным Лявонам пыл.
—Ты штто – ня верыш? Ня верыш? – нечакана сьціх ды пасур’ёзьнеў той.
—Я… — (Зноў паўза, на гэты раз даўжэй за звычайную.) – Я… А во як я! – і ўжо жохнуў Лявону нагою так, як толькі мог, укладваючы ў замах увесь свой зацяты адчай.
Ягоны нэрвовы суразмоўца брыкнуўся ды змоўк. На гэты раз – надоўга.
Здавалася, паселішча працяла ціш. Але так толькі здавалася.
2.
Яны выпаўзьлі. Усе, адкуль хто мог. І пасунуліся, пацягліся, падзёрліся, пашвэндалі, павалюхаліся, пашкандыбалі, папёрліся, павалачыліся, пагрэбалі, узьбіваючы хто атопкамі, хто босымі пятамі сухі, уедлівы, атрутны пыл няшчаснай дарогі.
І прыйшлі. І абступілі шчыльна той самы – я г о н ы – буданчык. Нястрымна, па-жульніцку здрадна, плакала нечае дзіцятка.
—Ды прыцісьні ты яго, Божа! Дай сюды!..
Дзіцятка адабралі, прыціснулі, сунулі назад скавытна-счарнелае маці.
—Цыць! Будзе жыць.
Спачатку маўчалі. Нібы баяліся нечага ці чакалі. А потым – рвана, брудна, навобмацак:
—Ну, ты!.. Бач ты, з-зараза!.. Давай! Ну!.. Дапаможам, як што… Нацярпеўся, не?.. Мала? Мала, выродьдзе паганае? А нам як, га? Думаеш ты сваёй башкаўнёй сранае ці не? Што ж ты зьдзекі такія з нас?.. Што ж ты – на цьвіках сваіх, га? І рады яшчэ?.. А малыя гэтыя во няшчасныя – ты пра іх, пра іх, га?! Трэскі жарэм!.. Сікі п’ем! Пілаваньнем да ветру ходзім! (Паўза, прыслухаліся.) Ды ён што – не варушыцца там ці што? А воцат?.. Губку з воцатам – давалі?
—Давалі… Усё давалі. І дзідай пад рэбры, і церні… — усё!
—Ну то якога!.. Яко-о-ога! – і ўжо роў, ужо бурбалкі шкамутнае сілы, апошні сьляпы прыстанак адчаю.
І як не было таго струхлелага, спарахнелага таго буданчыку.
3.
І ў ярым бязвольлі білі яны цела нагамі, стараючыся трапіць у голы, напяты жывот ды вышэй, хісталі крыж, плявалі на яго й абмазвалі брудам. Сатанелі кабеты. Задзіралі высока спадніцы, паказвалі яму свае шырокія й вузкія азадкі, мярзотна рычэлі, трэсьлі перад ім хто згаслымі, адгарэлымі немаўлятамі, а хто ўкручанаю ў лапушыну палянякаю. Нават Лёня Печань, трымаючыся за адбітыя свае, апухлыя яльцы, прапоўз скрозь і, закалупнуўшы з самога сябе ладны згустак струпянела-зялёнага сьмердзюіска, гэтым самым пальцам прабіў па чарзе я г о н ы я ашкалелыя вочы.
—Ну, бля, прасьвятляйся!.. Уваскрасай! Узнасіся!..
Але ён не ўваскрасаў. І не ўзнасіўся. Мёртвае цела там-сям агалілася пад шэра-бруднае поўсьцю, беспрытульнымі шматкамі перакочвалася яна па зямлі. Змарнелае тоўпішча раптам замёрла, ня ў сілах адарвацца ад ашчэранай усьмешлівай пашчы.
І толькі Дрон Качалка ляпіў вока не туды, куды ўсе. Плешкі новых, яшчэ не праржавелых цьвікоў-“сотак” моцна прыціскалі да дрэва сухія сабачыя лапы.
“А добрыя былі цьвічкі. Шкада!..” – думаў Дрон.
6 чэрвеня, 1997 г.