Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Як цётка Прузына нацыю шукала

1.

“Ну й дзе шукаць тую Нацыю?” – бедавала цётка Прузына, узіраючыся ўжо крыху сьлепаватымі вачыма ў добра-такі зашмальцаваную, школьнае клеткі паперыну. На ёй была накрамзолена досыць мудрагелістая адрэса: “У месте наскім, у гмаху высачэзным, у хватэры пад № …”

* * *

А яшчэ нейкі час таму, з добры месяц ці болей, прыйшла ў Забалацьце, у якім нарадзілася, жыла й нават выжыла цётачка, бяда вялікая. Безь нічога ніякага ды за няма што рагулькі-карміцелькі па хлявах пачалі раўсьці-раўсьці дый за які дзень акачурвацца. Вада ў калодзежах сьмярдзюшнай плеўкаю пакрылася, ад якой малых прабіраў капітальнейшы дрыст, а ў дарослых жываты рэзала-пушыла ды недзе за вухам аддавала. Куры сталі несьціся бесшкарлуповымі яйкамі, якія, аднак, разьбіць было амаль немагчыма, а калі й хто разьбіваў, то ўпадаў ад таго ў вялікую шкадобу: выплюхнутае на патэльню яйка ня толькі патэльню разьядала, але й печку або пліту газавую ёдкасьцю сваёй паходжаньня невядомага трушчыла. І нават каты вясковыя, да марцаваньня заўсёды ахвочыя, хадзілі нейкія прыбітыя ды адначасна ашалелыя, пастаянна на заднія лапы прыпадаючы ды пад хвастом сабе з вуркатаньнем зьверскім падлізваючы.

Карацей, хаты развальваліся, быдла калела, дзеці бесперастанку саплівіліся, людзі нурыліся, а хто-ніхто, бадай што, і да Кузьміцкага на піва з кляцьбою ўсіх ды ўся зьбірацца пачаў.

Ды не такія былі людзі забалотныя, каб адразу Богу сьвечкі ставіць ці Д’яблу паклоны біць. Сабраліся яны на сход свой вясковы ды раду трымаць пачалі: а што б такое зрабіць, каб навалу гэткую няпрошную ды жудлую ад Забалацьця адсунуць? Праўда, спачатку шмат хто маўчаў, панасуплены, а той-сёй усялякую непатрэбшчыну выгукваў: маўляў, і хаты заражоныя трэба папаліць, і катам штукі іх сьвярбячыя выразаць, і адзінага жыда на вёску ўсю Ахрэмку Мамоньдэра з мосту ў вір забугдырыць. Можа, і ад вялікага розуму тое прапаноўвалася ды, ясная рэч, у шчымлівы момант сучаснасьці не патрапляла.

І тут нехта ці найбольш разумнейшы, ці найбольш памятлівы, а такім аказаўся сівізны, аднак яшчэ досыць рухомы хоць і рассыпны дзядок, гэтак важнецка зрок: “А людкі, што ўспомніў! То ж у гараду, у месте, значыць, наскім, Нацыя жыве!” “Якая 'шчэ к д’яблу нацыя?” – загаманілі забалацюкі. “А такая! – працягваў салідовец-старажыл глыбакадумна. – Яна ў нас таго… пазычку ўзяла калісьці. Час аддаць даўно, а яна, бач, і ня думае. З таго, я так мяркую, і зрынула ўсё.” “Чаго-чаго пазычыла? У каго?” – напіраў сход высокі на дзеда-рассыпушу. “А гэтага, браточкі-людачкі, я вам от так, усім агулам, і не скажу”. “Як так?” “А так. Нацыя, што ў месьці наскім жыве, штучка тонкая. Да яе з падыходам трэба. Тут якую цётку трэба, добрую ды пэўную, правераную”.

Далей раду радзячы, у глыбінна-нязьведныя нюансы развагаў дзедавых сход унікаць ня стаў, а цётку добрую ды правераную са шчыльных шэрагаў сваіх вылучыў: ехаць да гораду ды Нацыю шукаць найлепей выпадае цётцы Прузыне: і кабеціна разважлівая ды строгая, хоць і адзінокая, і быдла ў хляве не раве - не тужлівіцца, а за маленькім падсьвінкам суседка прыгледзіць. На тым усе й пастанавілі.

Ехаць дык ехаць – што ж, калі грамада так рашыла. “А што за пазычка, дзеда?” – толькі цётка й спытала, ужо прыкідваючы, што ў торбачку сваю дарожную ўзяць ды якою хусьцінкаю пакрыцца.

“А гэта я табе на вуха…” – і да сябе дзед цётачку прыхіліў і нешта зусім каротае ёй на вуха прамовіў…

2.

“У хватэры пад №…” – зноў вочы ейныя аб крамзольку камечаную спатыкнуліся. Якраз гэты самы №… і не магла разабраць цётка Прузына. Як на дзіва, і места наскае яна знайшла, і да гмаху высачэзнага дадыбала, а вось да хватэры пад №… дапясьці ніяк не магла. Лічбы, трапіўшы на згіб аркушу, сьцерліся ды расплыліся, і нават самы зікрасты маладзён, бадай, іх не разабраў бы. А калі б разабраў, то, хутчэй за ўсё, памыліўся б і назваў бы зусім ня тое, што было напісана. І нават калі б назваў тое, то хто вам скажа дакладна, ці гэта той самы гмах высачэзны, і места наскае, а не якое там небудзь чужынскае?

Таму й круціла паперыну цётка Прузына па-рознаму, ужо й на сьвятло яе разглядала, і нават, палец сьлінячы, аркуш церла ды блізенька да вачэй падносіла – усё дарэмна. Задрала яна яшчэ раз сваю галаву бядотную, сумным паглядам гмах высачэзны акінула ды, перакінуўшы з плечыку на плячук палатняную сваю торбачку, да першага пад’езду падыбала-патупала…

“Пайду, —падумала, — абыйду ўсіх – а можа, дзе й знайду тую Нацыю?..” Але нават і не з таго клопату дужа балеў цётчын голаў. На які ляд была Прузыне Нацыя, што яна дамагчыся хацела – цётка запамятала. Памятала толькі, што нешта завінавацілася тая самая Нацыя людзям на вёсцы, узяла, здаецца, пазычку нейкую, а аддаваць і ня думае. А вось што канкрэтна, якую такую пазычку, што ёй там дзед на вуха нашаптаў, — хоць забі, бедная жанчына сказаць не магла. Ясная рэч, у 60 год ужо ня толькі ногі ацечныя, але й склероз госьць хоць і нямілы, ды часты…

“Анічога, — падумала Прузына, да першых дзьвярэй падыходзячы. – Мне б толькі хватэру патрэбную знайсьці ды самую Нацыю пазнаць – а там, Бог дасьць, і пазычку ўспомню”. І, машынальна палец сьлінячы, яна рашуча кнопку званочка націснула.

Ніхто ёй не адказаў.

І тады цётка, можа ўпершыню ў жыцьці ня просячыся, адважна ў хату чужую ўвайшла.

3.

“А людцы мілыя! Во папала дык папала!..” – у цёткі аж нешта ў сэрцы забулькацела і ў роце пад шчокамі холад зрабіўся, калі яна парог хватэры пад № 1 пераступіла.

Першымі, хто яе тут вочы ў вочы сустрэлі, былі тлустыя, нахабныя прусакі, якія разьбягацца ад нечаканае візытанткі й ня думалі. Яны толькі паварушвалі лянотна сваімі даўжэзнымі вусідламі ды далей сабе нейкую даўкую вадкасьць, разьлітую на падлозе ў вітальні, смакавалі. Дарэчы, і “падлога”, і “вітальня” – у дадзеным выпадку паняцьцямі былі досыць умоўнымі й аб сваёй сутнасьці нагадвалі хіба тым, што на падлозе, якая, пры пэўнай долі фантазіі, агучвала плач зьдзічэлае Яраслаўны па ці то скрадзеных, ці то дуба заўчасна даўшых дошках, можна было прайсьціся (рызыкуючы, аднак, зламаць сабе нагу а то й шыю), а ў вітальні, у якой аб былое гасьцінасьці (прынамсі, Прузыне хацелася спадзявацца!) навявала ўспамін толькі недадранае шмацьцё брудна-ружовых шпалераў, хіба што сказаць каму-некаму “дабрыдзень”. Што цётка Прузына добрасумленна й зрабіла. А, каб гэтага самага “каго-некага” на сувязь адваротную выклікаць, уздыхнула шырэй ды гукнула:

—А ці ё тут хто?

—Ё, ё, каросту тваю растуды! Каго там чорт прэ?

Адказ, наколькі арыгінальны, настолькі й нечаканы, меў на Прузыну надзвычай уражлівае дзеяньне. Яна аж торбачку сваю з рук выпусьціла, хуценька зноў яе падхапіла ды ўжо крок, другі, трэйці да дзьвярэй ступіла.

—Ну й чаго (маць-так!..) маўчыш (маць-растак!..) раз прыйшла (цераз растак!..) маць!.. – ляцела бясспрэчна глыбакадумнае мармытаньне з пакою. Прычым слова “маць” усплывала ў ім нашмат часьцей за іншыя разборлівыя словы, і было незразумела: ці то гэта паважны зварот, ці нешта больш мудрагелістае. А потым, ужо цішэй, зь неадольнай тугою ды вераю: — Гарэлаўка… ёсьць?

—А мілок жа ты мой, — загаласіла расьпеўна цётка Прузына, нібы голас перад хаўтурамі невядома па кім спрабавала, у пакой зазірнуць усё не рашаючыся. Аднак зазірнула, агледзелася й увайшла. – Ды якая ў мяне гарэлаўка? Во крупак ды мучыцы надыбала, сьвінчо трэйці ўжо дзень у хляве раве – дамешкаў просіць. А гарэлкі – Бог барані! І мой Бутрым, хай зямля яму пухам, у губу ня браў, і сама я… баба цьвярозая, во!

—Ну то йдзі ты на х..!

За голым сталом, сярод абадраных, парэпаных сьценаў сядзеў гэтакі ж абсалютна голы чалавек. Не, нешта на ім было, што здалёк трусы ды майку нагадвала, аднак не сказаць каб дакладна. Абсалютна гола было й ва ўсёй хаце. Хібо што ўсё тыя ж прусакі-нахабы й тут свой баль правілі, але ўжо на столі, у цеснае колца сабраўшыся, ды, відаць, радзячыся, як і апошнія трусы з майкаю з гаспадара садраць… Ага, яшчэ ў куце ляжаў матрац, ускалмачаны ды сьмярдзючы, бруднымі ды гэткімі ж сьмярдзючымі лахманамі закіданы.

—А то! І пайду, пайду, галубок. Я тут Нацыю… расшукваю. Ды, пэўне ж, абмылілася. – Прузына імкліва, наколькі ейны ўзрост ды рухавасьць маглі дазволіць, да выхаду падалася.

—Нацыю?! – нечакана голаў ускінуў ды пальцы запусьціў у свае зблытаныя, сечаныя, брудныя валасы чалавек. – А мы й ёсьць нацыя! – і па сталешні кулаком садануў так, што нават колькі легкадумных і ня надта ўчэпістых прусакоў уніз галовамі пасыпаліся, страсеньне мазгоў атрымліваючы. – Гэлька! Чуеш?! Баба нацыю шукае! А ты хто?..

—Хто, хто! Хуй у скураным паліто, — адказалі нечакана лахманы ў куце, заварушыліся ды на паверхню нешта чалавекападобнае, якое, аднак, пры больш пільным розглядзе жанчыну нагадвала, выпхнулі.

—Гэлька! Сьціхні! Калі ты тут жывеш, калі ты тут ссыш ды гарэлаўку жракаеш, то ты й нацыя, падла! – Рукі ў гаспадара трэсьліся, майку на чэзлай грудзі ён ірваў ды камечыў і да такое неверагоднае ступені быў усхваляваны, што нават на імгненьне, на адно кароткае імгненьне ацьверазеў. – Мы, бля, тут гаспадары! Мы, а ніякая там курвіна!

—Дурны ты, — нечакана разважліва на гэта апухлая ад гарэлкі жанчына адказала й раптам неапісальна брыдотна, агідна ды гнюсна заплакала, зараўла, заеньчыла: — Ы-ы-ы-ы-ы! Ды-ыа-ай вы-ы-ы-ы-піць, гы-гы-ы-а-а-да!..

—На! – разануў ёй у сківіцу ўскалмачаны знаўца нацыі. Прычым зрабіць ён гэта хацеў зухавата й хвацка, аднак ня ўстояў ды з жанчынаю побач грабануўся.

Далейшую куламесь, рыклівае цубаньне й разьдзіраньне вуха з сыхронным вычаўленьнем вачэй, крыкі й енкі цётка Прузына ўжо ня бачыла й ня чула, бо даўно за дзьвярыма хватэры пад № 1 стаяла ды толькі хутка-хутка, пераляканая да гікаўкі, жагналася.

4.

Цётчын пераляк, аднак, досыць хутка мінуўся. Ну, можа й ня так хутка, як ёй самой хацелася, але ўжо празь якіх хвілінаў дзесяць сэрца не старой яшчэ жанчыны адносна роўна тахкала, а сама яна спачатку ціха й нясьмела, а потым ужо болей настойліва ў дзьверы хватэры пад № 2 грукала. Магла, канешне, і пазваніць, аднак электрычнага званка чамусьці не было ў наяўнасьці, а замест яго блішчастая шыльдачка са скрыжаванымі косткамі ды гладкім чэрапам на дзьвярох была прышрубаваная. Аднак цётку Прузыну падобная змрочнасьць у гэтым незвычайным гмаху высачэзным ўжо мала палохала. Болей турбавала іншае: на ейныя грукі так ніхто й не адказаў, а гучны, рэзкі ды відавочна нечым незадаволены голас, што адначасна з гукамі бравурных маршаў заезджанае кружэлкі мяшаўся, нічога добрага не прадракаў. Ды толькі цётку на парозе бравурнае невядомасьці трымаў грамадзкі абавязак. І хоць нічога такога канкрэтна патаснага цётка не адчувала, аднак на выкананьне ўскладзенае на яе місіі была гатовая пакласьці ня толькі шарачковую торбачку, але й, калі б таго вымагалі абставіны, гаротнае сваё бабскае жыцьцё. У вапошнім, праўда, на гэты раз не было патрэбы.

Бо чарговы цётчын паўгрук раптам пачулі. Нехта цьвёрдым, аніякіх лішніх сумненьняў ды хістаньняў не прымаючым крокам да дзьвярэй падыйшоў ды наросхрыст іх ірвануў.

Цётка Прузына свой твар тарбешкаю ўжо была засланіла, каб, значыць, зьнянацку ці мала на якія непрыемнасьці не наштурхнуцца, аднак уладар непахісных крокаў раптам радасна засьмяяўся ў гэты самы твар пажылое госьцейцы.

—Чаканая! Маці. Жанчына. Карміцелька!

—А каток жа ты мой любы, — ад такое нечаканае славасловіцы цётка й ня ведала, што адказаць. – Ну якая я табе “жанчына”? Так, баба вясковая…

—Не! – малады чалавек ламануў на сабе рашуча тугія рамяні партупеі. – Гэта вы кіньце! Вы й ёсьць – наш непатопны карабель, нават наш крыгалом рэвалюцыі! І гэта вы павядзеце нас заўтра на завалы! – сваім красамоўствам упіваючыся ён выразныя погляды ў вялізную люстру, што вісела ў бакавушцы, кідаў, нібыта ацэньваючы: ці ў патрэбным месцы свае палымянае прамовы з патрэбным жэстам руку выкінуў, ці дастаткова зухавата й хвацка абцасамі сваіх да бляску наваксаваных хромавых ботаў прытупнуў.

І цётка Прузына, якая да гэтага моманту ўсё не магла зразумець, з кім жа так незадаволена гаварыў да ейнага прыходу гэта маленькага расточку бядовы хлопчык, раптам уцяміла: гаварыў ён тут сам з сабою, без сумневу, гэтак жа эфэктова ды самазадаволена ў люстру пазіраючы… Аднак спытала яна зусім пра іншае:

—А што жа на рукаву ў цябе, хлопча?

Хлопча горда павязку на рукаве расправіў ды ня меней ганарова адказаў:

—Салярны знак, маці!

—Пасолены ці што?

—Старажытны знак сонца! І калі ў нас скончацца кулі, а таксама ўвесь выйдзе атрутны газ фасгэн, мы сарвем нашыя нарукаўніцы й будзем душыць імі нашых ворагаў!

—Як так: сонцам – і душыць? – выказала свой бабскі сумнеў Прузына.

—Ніякіх сумневаў! Вы й толькі вы будзеце з намі на нашых завалах!

—Вой, дзетка! Ці мне на нейкія там “абвалы” перціся?.. Вы, маладзейшыя, ужо самі як-небудзь, безь мяне…

—Не абвалы, а завалы, мамуся. Запаветны слоўнік, балонка шаснаццаць: “барыкады” з пранцускае азначаюць завалы! І бяз вас, так і ведайце, нам змагацца будзе архіскладана! – матлянуў галавою маладзён. Ды на гэты раз дакладна свайго руху не выверыў, бо купка непакорных валасоў, старанна зачэсаных на лад выкшталцоны, ва ўсе бакі раптам разьляцелася ды нейкую дзіцячую непасрэднасьць і бездапаможнасьць надзвычай на першы погляд сувораму твару надала. Спробы прывесьці фрызуру ў належны й першапачатковы стан плёну прынесьлі мала – валасы ўкладвацца ў супрацьнатуральнае для іх становішча відавочна не хацелі.

—Ай, ды кінь ты, хлопча! І напраўду – як Гітлёр тэй. То ж так табе лепш, — зрашучылася нечакана цётка, сьмеласьці ад самога гаспадара набіраючыся.

—Я ведаю лепей, як лепш! – у барацьбітовым запале выгукнуў апошні. – Вось глядзіце: я станаўлюся тварам на Поўнач, і нішто нават здалёк не павінна нагадваць, што нехта ці нешта глядзіць на Ўсход! Нішто, ніводзін валос, ніводная пярхоціна!

І хоць урокі гэаграфіі цётка праходзіла яшчэ за “Польшчэю”, ды нават яе просты розум зьмякіціў: гэты ўвесь у скураных рамянях малы вярзе нешта ня тое…

—Паслухай бабу дурную: а як тварам на Поўдзень станеш – дык усё наадварот атрымаецца?

—Не, толькі на Поўнач! І гэта будзе наш апошні адчайны кідок! Мы пойдзем шчыльнымі радамі, мы ўзрушым усе завалы, мы павядзем за сабою ўсю нацыю! Не, гэты вы яе павядзеце, бо на такіх простых вясковых жанчынах, як вы, яна й трымаецца!

Знаёмае слова пачуўшы, цётка раптам сьцепанулася й міжволі за сьпіну зірнула: як тая самая праклятая Нацыя магла незаўважна ёй на плечы ўскараскацца ды нахабна такі працяглы час езьдзіць? Аднак, нікога ня ўбачыўшы, жанчына расчаравана слухала гаспадара далей. Але ён нечакана сам сябе на паўслове абарваў:

—Хопіць, аднак, балбатні!

Рамяні рыпнулі, боты грукнулі, кружэлка зайшлася чарговым бравурным маршам. А цётка Прузына ў сваіх руках страшэнны цяжар супрацьтанкавага гранатамёта раптам адчула ды вочы свае ад жаху вырачыла.

—Вось, трымайце! І вядзіце нас у вапошні й рашучы бой! – твар байца аж сьвяціўся ад невыноснага, непераадольнага шчасьця.

—І… йі… — зноў да горла Прузыны гнюсная гікаўка падкаціла. – І дзе ж тая Нацыя?

—А я адзін і ёсьць нацыя!

—Можа і так, сынку. Ды… ўсё ж неяк непадобны. Выбачай ужо бабе старой. І… і штуковіну гэтую… ад мяне лепш забяры, вазьмі. А то – сам ведаеш, у бабы й спадніца… бывае, страляе, — і цётка ціхенька, з сапэрскай асьцярогаю, гранатамёт да сьцяны прыставіла. – А на ноч малачка папі цяпленькага… зь мёдам. Як няма – то я табе пакіну, — і побач з гранатамётам крыначка малака апусьцілася, акуратна матузком абкручаная.

Цётка Прузына зноў да выхаду падалася, а ў вачах гаспадара, што неадрыўна глядзеў на яе, чыталася неадольная туга ды расчараваньне.

5.

Болей хватэр на пляцоўцы не было. Уздыхнуўшы, цётухна пашыбавала паверхам вышэй. У хватэры пад № 3 ніхто не адчыніў, а за дзьвярыма пад № 4 так апантана грукалі, пілавалі ды паміналі ўсіх сьвятых ды заклятых з такім асьцервянеьнем, што Прузына спакушаць лёс у чарговы раз ня стала ды ў пошуках Нацыі яшчэ вышэй паднялася…

Адчынілі ёй не адразу. Спачатку сьціхлі нейкія неверагодныя й таемна выразныя стогны (але цётка вырашыла не зьвяртаць увагі ні на што, абы толькі ў гэтым гмаху высачэзным няўлоўную Нацыю адшукаць), потым замёр зацяты, ашалелы сьмех, нават ня сьмех, а паўпрыдушанае скірліганьне, урэшце стала больш прыціснутым разарвана-неўразумелае мармытаньне ды рыпеньне (спружынаў старога матрацу?.. прадаўленае канапы?), і нарэшце пачулася адразу некалькі танклявых галасоў, як быццам супакойваючых адно адное…

—Мне б толькі Нацыю, — выдыхнула цётка, калі ёй неўзабаве загадкавая асоба адчыніла, апранутая ў… словам, ёсьць такое адзеньне, яшчэ са старажытных часоў распаўсюджанае, як касьцюм прамацеркі Эвы. Бадай, такім шыкоўным уборам ягоная ўладальніца відавочна ганарылася, таму, са смакам прысмальваючы новую цыгарэту ад ужо амаль стухлае, у крутыя свае бокі ўзялася ды некуды ўглыб гукнула:

—Нат, цябе!

І да цёткі выйшла Нат. І цётка ў чарговы раз пашкадавала, што ў гэтую згубную авантуру з дурное свае галавы ўгрэмзалася. Мала таго, што строі чарговае насельніцы новага котлішча нічым не адрозьніваліся ад, так бы мовіць, апранахаў ейнае папярэдніцы, мала таго, што цела ейнае было расштукавана сінястымі малюнкамі ды эпістоламі такога сакрушальнага зьместу, а ў вачах мільгацеў такі ўсеабдымны шал, мала таго, што адною рукою яна пагладжвала грудзь такіх неабсяжных памераў, што нават цётка Прузына, якая ніколі на велічыню гэткага дабра не пакутавала, і тая ўразілася невыказна, дык яшчэ трымала яна нейкую мудрагелістую штуковіну, што нагадвала здалёк, як падалося Прузыне спачатку, ня вельмі зручную таўкучку для бульбы, а пры больш пільным розглядзе – той самы ворган, які звычайна забалотныя мужыкі рукамі прыкрывалі, у халодны вір пасьля спапяляючае пары вясковае лазьні кідаючыся…

Аднак самым глуздадробным было нават ня гэта. Там, дзе ў любое нармальнае жанчыны павінна быць тое, што й павінна, знаходзілася відавочна мужчынская прылада, прычым выразная яе структура ды стан ні з чым іншым зблытаць не дазвалялі.

—Ну, чаго табе, цётка?

Але цётка, гэткай жудасьцю агаломшаная, толькі й здолела, што зноў яра перажагнацца ды, запінаючыся, зь сябе наступнае выціснуць:

—А Божухна! Ды хто ж ты ёсьць?!

—Як хто? Нат.

—Вой, я не пра тое. М-мужык ты… ці баба?

—А-а! – у голасе Нат (ці то Ната?!) пачулася расчараваньне. – А мы й самі ня ведаем.

—І… і… - у які ўжо раз невыносная гікаўка замуляла ды ў даўкі камяк ператварылася, які яна дарэмна пракаўтнуць спрабавала. – І многа вас такіх?..

—Ды ўсе, — адказ быў настолькі просты й нечуваны, што ў Прузыны нават камяк пракаўтнуўся, затое па-здрадніцку часта-часта заторгалася спачтаку левае, а потым і правае павейкі. За адказам чакала цётку й сапраўднае адкрыцьцё: аказваецца, тая (ці ўсё ж тое?!), што выйшла першым, ні чым ад Нат не адрозьнівалася. Тут у Прузыны, як ёй падалося, ня толькі павейкі, але й рукі з нагамі заторгаліся.

—Ды каго вам трэба? – млосна пацягнулася першая мужыка-баба, як пра сябе цётка Прузына яго (ці ўсё ж яе?) ахрысьціла.

—Мне? Нацыю!

—А-а! Дык ня Нат?

—Я ж кажу, Нацыю!

Нешта нарэшце ўцяміўшы, Нат усё яшчэ ў поўнае аслупянеласьці жанчыне недвухсэнсоўна падміргнула ды за сабою яе пацягнула. У пакоі, мэблю якога складаў адзіны, затое неабсяжны, вялізны ложак, гарэла цьмянае, блякла-аранжавае сьвятло, і вочы Прузыны, за не такое ўжо й малое жыцьцё натомленыя, не адразу на тым вялікім ложку вялікі рух і борздкае шавяленьне разгледзелі. А разгледзеўшы, не марудзячы шлях вылузваньня са сваіх арбітаў шукаць пачалі.

Сказаць, што гэта быў клубок туга пераплеценых, спатнелых, горача дыхаючых, ахутаных неверагодным букетам пахаў, сярод якіх пах стухлых селядцоў водарам парнаскае амброзыі здаваўся, аргазмуючых целаў – значыць, не сказаць нічога. Бо нават у зморным начным кашмары валасатых, даўгалыгіх істотаў з парослымі жудаснай, дротавай поўсьцю жаночымі грудзьмі, дарэчы, у некаторых яшчэ й з бародамі, Прузына ня ўбачыла б. Ужо ня кажучы пра гладкапаголеных, як на першы погляд, дзяўчат, але (тут цётка як прыклала руку да сэрца, дык болей да самага заканчэньня свайго закалотнага візытанцтва не адрывала) зь нейкімі мужчынскімі чэлясамі, прычым мацаваліся яны часьцей не на сваім “прыродным”, калі толькі тут магчыма ўжыць гэтае самае слова, мейсцы, а дзе ім ўздумаецца: на сьпіне, крыху вышэй калена й нават падпашкамі; коўзалася па ложку й нешта сабакападобнае, аднак з чалавечым тварам, затое з адным вокам пасярэдзіне, якое адначасна, як магло падацца спачатку, з функцыяй похвы стасавалася, аднак дробныя зубкі па краёх маглі зьбіць з панталыку ня толькі такога шматдасьведчанага, а хутчэй міжвольнага назіральніка, як цётка Прузына, але й якога сацыяльнага фантаста Брэдбэры, чые творы, ясная рэч, яна ніколі не чытала. Урэшце, убачыла яна там і такое, што ў простых цётчыных словах апісаньню не паддаецца, а выдумляць абы што, успамінаючы потым галавакружную сваю вандроўку, яна не толькі не хацела, але, каб і хацела, проста не змагла б.

Што зь ёю, дзе яна – цётка ўжо ня ведала. Адно яна ўцяміла дакладна: нацыю яна тут ня знойдзе.

І, нібыта ейныя думкі пачуўшы, усё тая ж Нат, што за цётчынай сьпінаю стаяла, юрліва ўнікуды гукнула:

—О-у-ы! М-м!.. Нацыя! Вылазь! Да цяб-бе пры-ый-шлі!

Куча на момант зьнерухомела. Усё савакупленыя ў адзіным парыве энтузіязму істоты ў Прузыну ўтаропіліся. І тут з-пад самага нізу той, хто найболей на мужчыну паходзіў, вылузаўся, прагна глынаючы, а часьцей сабе сьліну на падбародьдзе губляючы, узьнёсла загаварыў:

—Вы што, усе забыліся?! О, так, вы забылі, забылі, натхнёныя! Гэта ж мы – штоночы, штодня, штохвіліны – ствараем! Ствараем новую нацыю, па вобразу ды падабенству свайму! О, прамяністыя! О, на шлях дзікарослых церніяў закліканыя! Пладзіцеся й памнажайцеся, памнажайцеся й пладзіцеся! Хто ты, прышэліца?

—Я? – цётухна, зьніякавелая аратарствам мужападобнае істоты, спачатку заслухалася, аднак пры згадцы аб ейным прышэльстве ўраз аддранцьвела. – Прузына. Баба я…

—Баба? І ў цябе ўсё ёсьць?

—Анягож! Пэўне, ёсьць, калі баба…

—О, праўдзівая! Дык гэта ты, ты закладзеш пачатак! Ты дасі здаровы й нераскушаны плод! Ты будзеш!.. Ты станеш!..Ты панясеш!..

І тугі клубок на асобныя жудла-гідкія стварэньні рассыпаўся, і ўсе яны завуркаталі-заюркаталі-загагачыліся, і прагныя, плюгкія, ліпкія канечнасьці-лапы да паўмёртвае цёткі Прузыны пацягнуліся. Да Прузыны, якая зразумела, што яшчэ імгненьне,— і яна ўпадзе, згубіць прытомнасьць, і ўперад нагамі яе адсюль вынесуць…

6.

—Цётачка, родненькая, ды чаго вы так напалохаліся? – супакойвала яе нейкая зграбная кабецінка ў хватэры пад № ці то 6, ці то 666, у якой Прузына хоць забі як апынулася ня памятала. Шклянка з халоднай вадою ў ейнай руцэ хадзіла ходырам, а калі цётка адглынуць спрабавала, дробна-дробна па зубах калаціла. – Ну? Ну?.. Ясачка мая, ачомайцеся!

Ачомацца Прузына ачомалася, але належным чынам варухнуцца яшчэ не магла.

—Дзе я? – толькі вымавіць і здолела.

—Як дзе, як дзе, — прыязна сакатала кабецінка. – У нас, у Праўдзецкіх. Вой, ды не калаціцеся вы так! Міхаська! – паклікала некага гаспадынька, і да іх выйшаў Міхаська.

У гарадзкой кватэры выглядаў ён, мякка кажучы, па-дзівацку. Так апраналіся хіба што напачатку стагодзьдзя заможныя ды крэпкія сяляне або тая частка купецтва, што толькі-толькі сваю справу распачынала, але ўжо пасьпяхова таго-сяго накрасьці пасьпела. Апісаньне ягоных строяў, бадай, будзе тут залішнім, а каб іх уявіць, дастаткова ўспомніць адно-другое выразнае фота ці карцінку з этнаграфічнага даведніку або якое энцыкляпэдыі. Зрэшты, так выглядаў ня толькі Міхаська, але й сама Матруська (так зваў сваю пракаветную з такой жа чысьценькае маляванкі Міхаська).

—Міхаська, — паўтарыла кабеціна, калі той моўчкі зьнерухомеў побач, машынальна сарочыцу разгладзіўшы. – Госьцейцы ў шкляначку – валяр’яначкі крышку. Вой, а як вас, цётачка, і не спыталася!

—Прузына, — нарэшце цьвёрда вымавіла Прузына, яшчэ некалькі глыткоў ужо прапахлае валяр’янаю вады каўтнуўшы.

—Вой, Прузынка! Ай, як добранька! – замілавана пляснула даланямі Матруська, а Міхаська шырака пасьміхнуўся. – Гэта ж вы Ефрасінькаю будзеце!..

—Ефрасіньняю?.. – цётцы нешта далёка-знаёмае прыгадалася: можа, запіс у “мэтрыках”, а можа, і тыя цёплыя словы, якія калісь яшчэ ейны Бутрымка, калі быў маладзёнам, шаптаў…

—Ну так! – Сыйшоўшая з маляванкі Матруска аж сьвяцілася. – Не! Калі напраўдзе па-нашаму, па-нацыянальнаму, то –Аўфрасіньняю!

Тут, знаёмае слова пачуўшы, цётка зьлёгку здрыганулася і, мала ўважаючы на апошняе, перапытала:

—Што?.. Як вы сказалі?

—Аўфрасіньняю!

—Не. Да гэтага… Пра Нацыю нешта.

—А-а! Ну дык як жа! Мы – нацыя й ёсьць. То й імёнейкі ў нас – нацыянальныя быць мусяць.

Прузына ўжо неяк па-іншаму разглядваць стала і гаспадароў, і пакой, у якім сядзела. На сьценах – карцінкі-фота нейкіх сур’ёзных дзядзькоў з жанчынамі, на стале – карункі-сурвэтачкі вязаныя, а на іх – збанкі ды глечыкі гліняныя, у адным куце пралка стаіць вясковая, без кудзелі, праўда, затое бліскучым тлустым лакам узятая, у другім – драўлянае кола ад возу, яшчэ болей блішчастае ды ў рамонкі расфарбаванае…

Хто іх ведае, калі толькі ня хлусяць, то, можа, і ўпраўду – гэтая прыязная, ва ўсім чысьцюткім ды вышываным жанчына ды гэты пасьміхаста-маўклівы дзядзька ў падобнае ж вышыванцы – і ёсьць… тая самая… Што абое – то нічога, можа, прозьвішча ў іх такое? Але, здаецца, прозьвішча сваё яны называлі. Ну то, мусіць, мянушка?..

—Тады, людцы, да вас я.

—Да нас, да нас! Вось і хорашанька, вось і цудоўненька! – зноў засакатала Матруська. – Зараз мы гарбатачкі зь зёлачак, з блінцамі ды з сочывам, з пампушачкамі ды зь печывам!

І пакуль Прузына аднеквалася ды дзякавала, стол вокамгненна ў цудоўны абрус-самабранку ператварыўся. Ужо праз хвілінаў пяць на ім курыліся-парыліся, паднябеньне казыталі кулябяка зь верашчакаю, зяленівам ухвошчаная смажаніна з дымлянінаю, сьвіная мачанка з грыбною пражанкаю, сытныя тварожнікі з галушкамі ды лазанкамі, у сьмятане патанулымі, тонка нарэзаная саланіна з добра ўсмажанымі, так на самой патэльні й пададзенымі карасямі; у дадатак да гэтага ўсяго – разрываючая наздрыны разнастайнейшымі спэцыямі юшка, сабраная зь ня меньшай колькасьці гародніны ды іншае адмысловае запраўкі салянка, тлусты наварысты боршч з гордым узвышшам таўшчэзнага кавалу мяса, і яшчэ, што заслугоўвала ўвагі значна меньшае, — аблітыя сочывам розных гатункаў кнышы, лянівыя варэнікі, з дробна нашынкаваным шмальцам дранка, маленькая бабілёнская вежа фантастычна прывабных піражкоў, крутабокая горка пышнацелых, самлелых у масьле аладак; а астатняе цётка Прузына, калі б і хацела, то відавочна ў сваёй памяці ўтрымаць не змагла б. І над усім задзіраў горда нос пузаты гарбатнік такіх неверагодных памераў, што, здавалася, трэба было некалькі вёдраў вады ў яго заліваць, каб з добры венік зёлак запарыць.

Адно цётка ведала: калі яна гэта зьесьць, то памрэ адразу, што называецца, ад стала не адыходзячы. Нават калі ня зьесьць, а толькі па малюпасенькаму кавалачку ад кожнае стравы адшчыкне, то сёньня ёй забясьпечана калі не рэанімацыя, то карасканьне на сьцяну дакладна. Зь неадольным жахам, амаль зьдзічэла, узіралася яна ва ўсё гэтае багацьце. І тут мозг, усім убачаным ды зьнюханым перапуджаны, выратавальную думку ёй падказаў:

—А дзякаваць вам, людцы мае мілыя, дзякаваць! Толькі ж я да вас не за гэтым.

—А за чым? – адначасна бровы гаспадары пераламалі ды ўскінулі.

—Ды паслалі мяне… пазычку забраць.

—Якую пазычку? – бровы гаспадароў апусьціліся, а твары пасур’ёзьнелі.

—А каб я памятала! Забыла, забыла баба старая! То, можа… вы самі… як-небудзь?

Гаспадары лбы напружылі, аднак адказ Прузыне далі несуцяшальны:

—Не. Ня памятаем штосьці, каб у некага пазычаліся. Дый што канкрэтна, цётухна?

—А каточкі ж вы мае! Кажу, ня памятаю! А вы пачакайце, пачакайце, я зараз! – і цётка бордзенька з пакою да выхаду памкнулася. – Недзе запісана ж было. Мо, у суседзяў пакінула?

—Не жывіце там доўга! – ужо сьледам ёй пярэрваным чаяпіцьцем крыху засмучаная Матруська гукнула. – А то ахалоне ўсё – нясмачным будзе.

—Ага, ага, — толькі й пасьпела адказаць Прузына. Цяпер яна ведала дакладна: у хватэры, ёю пакінутай, жыла ня Нацыя. Бо дзе гэта вы бачылі, каб, з пазычак жывучы, такі гэпікурэйскі стол для першае стрэчнае ладзілі?.. Урэшце, слова “гэпікурэйскі” цётка ў думках, можа, і не ўжывала, аднак сутнасьць ад гэтага не мяналася.

7.

Між тым, дзень даўно на другую палову перакінуўся, а цётка яшчэ нават і аднога пад’езду не абышла. А іх у гмасе высачэзным было з дванаццаць, ня меней. У верасьні ж ( а справа бала якраз па гэтае пары) надвор’е можа сапсавацца нечакана, сьцямнець раптоўна ды хутка, і тады Прузыне, прыехаўшы апошнім аўтобусам, цераз густы цёмны пералесак да свайго Забалацьця перціся прыемнасьцяў будзе мала.

І хоць абавязак патрабаваў: абыйсьці ўсе хватэры без вынятку, чуйная жаночая натура на гэты раз падказвала: занятак гэты беспэрспэктыўны ды марны. Таму цётка Прузына вырашыла: у яшчэ адно жытло, няхай некалькімі паверхамі вышэй, зазірнуць, а ў Забалацьці грамадзе, можа, упершыню ў жыцьці схлусіўшы, сказаць, што тая самая хватэра пад № …, у якой жыве тая самая Нацыя, зачыненаю стаяла. А так яно магло й быць на самой справе.

* * *

І вось, унутрана сабраная й да ўсяго гатовая, што толькі перад людзкімі вачыма можа паўстаць, цётка цісьне на кнопку чарговага, на шчасьце, як яна думае, для яе апошняга (!) званка чарговае хватэры пад № … Тут цётка каторы раз за сёньняшні дзень вочы працірае, бо на дзьвярох прыбітыя ясныя й дакладныя тры нулі: “ООО”. Паколькі яна пра “общество с ограниченной ответственностью”, у сваёй вёсцы амаль безвылазна седзячы, і чуць ня чула, але ведала, што на грамадзкіх прыбіральнях звычайна “00” прышрубоўваюць, то й рэакцыя ейная была адпаведнаю: пільна паветра сваім цопкім носам уцягнуць, што ад дзьвярох хватэры зыходзіць.

Нічым такім, аднак, што б цётчын успамін нагадвала, не пахне. А пахне хутчэй прусакамі, зь якімі сёньня ёй сутыкацца даводзілася, і якія цётку палохалі мала. Ды раптам такое яснае лёгікі думкі Прузыны нечая дужай й хопкая рука перапыняе ды за дзьверы хватэры яе ўцягвае, на адступленьне ані каліўца надзеі не пакідаючы.

—Каго табе? – перад ёю стаіць высачэзны мужыдла, аднак чамусьці ў форму колішніх бой-скаўтаў апрануты, яра трэснутую па швох ды ўмяшчаць магутныя суглобы ды цягліцы грамілы яўна не жадаючую.

—Нацыю… — ціха выціскае зь сябе Прузына, і рэшткі хоць якое надзеі поўнаю безнадзейнасьцю зьмяняюцца.

—А-а! Ну то будзь. Глядзі. Вешайся!

—А галуба ж ты мой! То хто ж ты такі?.. Каб мне!.. і вось так!.. Вешацца! – загаласіла-заеньчыла жанчына.

—Як хто? Галоўны. Сама сказала. Нацыянал!

—Хай сабе й Нацыянал! Дык па якому праву і мяне – у пятлю?

—А ў нас “ООО”. Ні за што не адказваем, цётка!

—Як жа ні за што, дык як жа ні за што? А як прыйдуць і знойдуць? Мяне? Тут? Цёплую?..

—А-га-га-га! – рагоча грамідла задаволена. – А мы любім! Яшчэ цёплых!.. Мы, нацыяналы, усе такія! Я табе казаў глядзі – дык глядзі! Праходзь! Вешайся! – і прадаўжальнік слаўных справаў бой-скаўтаў далей сабе рагоча й рагоча, пакуль цётка, якая са сваёй незайздроснаю доляю быць засіленай у гэтай клятай апошняй хватэры ўжо зьмірылася, раптам не заўважае: а нешта ж з гэтым зьдзіцянелым цеплюком відавочна ня тое…

І яна прайшла. І пакой, усім мяккім абабіты, ды пад самую сталешню досыць разнастайным людам напакаваны, убачыла. І нават самім стрэўшым яе грамідлам прадстаўлена была:

—Во, баба прыйшла. Вешацца будзе. Цікавіцца нацыянальным пытаньнем!

Тут, апошнія словы ўчуўшы, нейкі наскрозь працьвілы, плюгасты мужычок наперад выскачыў ды кулакамі ў пустое паветра замалаціў:

—Нацыя ёсьць адзіны й непадзельны, неабвержаны канглямэрат пернікажэраў і мясыскаглыкаў! – і рашуча запатрабаваў: “Пернікаў! Пернікаў! Пернікаў!”, чамусьці, аднак, на мяса забыўшыся. Няйначай, сам ён мясыскаглыкам ня быў.

Можа, ён і яшчэ нешта сказаць хацеў, аднак плюгастага прамоўцу цяжэзны чугунны прас, што апусьціў яму на голаў, відаць, ягоны апанэнт па нацыянальным пытаньні, перапыніў. Першы, аднак, у перадсьмяротным кандраціі не захрыпеў, а толькі шчасьліва засьмяяўся ды, можа, зьнянацку, а можа, сьведама, на непрыстойныя прыпеўкі перайшоў:

Як у Івана Кузіна
Так-кая кукурузіна!
Ад тое кукурузіны
Хаджу я ўвесь згарбузены!
О-па! О-па!
Зрслася зь нечым жопа!
Гэтага ня можа быць:
Бо прамежак вінен быць!

А ўвогуле, сьмяяліся рупліўцы гэтага незвычайнага “ООО” пастаянна, а калі не сьмяяліся, то горка, безуцешна, узрыгам плакалі.

Далей падзеі раскручваліся імкліва. Уладальнік чугуннае жалязякі, ініцыятыву ў плюгаўца перахапіўшы, басавіта яго перакрыў:

—Нацыя, ёлы палы! Гэта ж як два пальцы – у разетку і ў рот! Во, дэманструю!

І ён, насамрэч, абяцанае сьцьверджваць ужо пачаў, аднак у разетку пальцы ўсунуць усунуў, але да рота паднесьці не пасьпеў. Адразу тры ці чатыры чарговых дыскутантаў высунуць пальцы назад басавітаму проста не далі й каля разеткі да тое пары яго трымалі, пакуль ён сьвяціўся-сьвяціўся ды ня стухнуў ушчэнт. Праўда, пры гэтым сьвяціліся ды гэтак жа патухалі й яны, але зноў жа – з радасным сьмехам ды задаволенымі павіскваньнямі.

Дыскусыя, так шчасьліва распачатая, магла зачахнуць на карані. Ды на тое й быў да іх галоўным нацыяналам перарослы бой-скаўт прыстаўлены, каб падобныя дыскусіі на карані ня чахлі.

—А ну! – толькі ён выгукнуў, і ўсе зьнерухомелі. – Пытаньне вырашаецца проста. Калі нацыя ёсьць, то яна павінна што?..

—Што? – у адзіным парываньні да лідара пацягнуліся “ООО”-наўцы.

—Павесіцца! – падагульніў ён пераможна. – Плачце, нацыяналы!

І нацыяналы заплакалі. Усе. Спачатку ціха, потым усё грамчэй, пакуль нарэшце не перайшлі на такі роў, на такі зубоўны скрыгат ды скавытаньне, на такія адчайныя глюка-усхліпы, нібыта аснову асноў яны трацілі, нібыта іх толькі што ўтапіць, як сьляпенькіх кацянятак, родная мама зьбіралася, нібыта нейкіх няшчасных паўрубля да жаданае пляшкі ім не хапіла, нібыта ў плачы гэтым ад агульнага й добраахвотнага павешаньня выратаваньне адзінае было. І пакуль яны так раўлі, пакуль па кафельнае падлозе качаліся ды галовамі ў мяккія сьцены біліся, тым відавочна незадаволеныя, што ад удараў гэтых аніякага гукавога эфэкту няма, цётка Прузына да выхаду ціхенька падалася ды, здаецца, нікім з дыскутантаў-заўзятараў па нацыянальным пытаньні не прыкмечаная, хватэру пад дзіўным нумарам “ООО” шчасьліва пакінула.

8.

Забалацьце спало глыбокім, хоць, мяркуючы па рэдкаму брэху сабак, і чуйным сном, калі зьнясіленая гэтым вар’яцкім днём цётка Прузына дабралася нарэшце да сваёй хаціны.

Яна сяк-так павячэрала халоднай бульбаю, расправіла настылы за дзень у няпаленай хаце ложак адзінокае кабеты і таксама правалілася ў сон, яшчэ глыбейшы за той, якім спала вёска.

* * *

Сьнілася ёй страшнае. За неабсяжным абедзеным сталом сядзеў велізарны белы чарвяк у шынялі ды генэральскае папасе й жэр, жэр, жэр мэтадычна ды бесьперапынна напітых, укормленых прусакоў з даўжэзнымі вусідламі, апошнія трусы з майкаю голага п’янюгі, наваксаваныя да бляску рамяні з ботамі, па ходу дзела выкалупваючы з зубоў скураное шмацьцё навюткім гранатамётам, расьпісаную татуіроўкамі мудрагелістую штуковіну, якую цётка з таўкушкаю для бульбы цяпер ня зблытала б, барадатых жанчын, крывячыся пры гэтым ад іх як ад горкіх, але неабходных для падтрыманьня ці то генэральскага, ці то чарвяковага тонусу, пігулак, пралку з колам, закручаным у карункі, сурвэткі ды вышыванкі, аблітымі такім несакрушным лоем, што для таго, каб яго пракаўтнуць, чарвяку давялося прыкласьціся некалькі разоў да носіка неабдымнага гарбатніка; розныя дымляніны-вэнджаніны чакалі яшчэ свае чаргі на краечку стала, а дэгустатар ягоны разьдзелваўся з бой-скаўцкай формаю, сьледам прагна запіхваючы ў свой ненажэрны рот шматок за шматком мяккае сьцянное абабіўкі ды адрыгваючы асабліва няўварных, аднак упарта рагочучых і ў такі зусім не спрыяльны для іх час нацыяналаў.

А насупраць гэтай кашмары, гэтага ненажэры й гадзтва сядзела зьніякавелая, з туга зашморгнутай вяроўкаю на шыі цётка Прузына, якой раз-пораз чарвячына ў папасе дыхала сьмярдзючай сваёй пашчаю ў твар ды па-дурному раўла: “Я табе пакажу Нацыю! Пазычку! Пазычку аддай! Пазычку вярні, гадаўка!”

9.

…Прачнуўшыся ў халоднае змакрэласьці, цётка Прузына ясна й дакладна ўжо ведала, што ёй рабіць надалей. Перш-наперш, яна, яшчэ босая, злазіла ў падпольле, дзе, зь месца не зыходзячы, загасіла бяз шклянкі паўнавартую пляшку мутна-сівога первачыны ды пры гэтым смачна крэкнула й нават вуснаў не абцерла. А затым, без ваганьняў і дрыжыкаў, пасунула з патаемнае хованкі надзейна змазаны, ды яшчэ ў вайну прыхаваны кулямёт, з анучкі выкруціла ды на цыцкі сабе павесіла, папярэдне адну зь іх на волю выпхнуўшы ды, ужо наверсе каля печы, даўжэзнай нізкаю грыбоў сушаных падперазаўшыся. Станоўча па масьціне пяткай гэпнуўшы, зачарпнула за халоднымі чыгункамі чорна-сіняе сажы, тлустымі пасамі яе на шчокі сабе нанесла, крутнуўшыся на адной назе, рэзка чахнула другой па паленіцы, ды так, што толькі трэскі разьляцеліся па падлозе, а затым, урэшце ў боты-кірзачы нябожчыка Бутрымкі ўскочыўшы, выйшла.

Выйшла, каб расправіцца з чарвячынаю ненажэрнай, уратаваць ад пагібелі немінучай сваё роднае Забалацьце.

Верасень-лістапад 1995 г.