Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Крэцін

Ён знайшоў яе ў бары “Фіеста”. Яна, пьяная, ачмурэлая ад безьлічы выпаленых цыгарэтаў, стаяла на сходах, што вялі на вуліцу, ды кляла расейскай адборшчынаю свайго спадарожніка. Той нарэшце моцна пляснуў ёй па шчацэ ды падаўся прэч з бару.

Ён падыйшоў да яе, крануў за локаць. Яна зьдзіўлена падняла на яго вочы. Аднак дазволіла адвесьці ўбок, да акварыюму з ачахлымі, хоць яшчэ мітусьлівымі рыбкамі. А потым, моўчкі ўзяўшы прыпаленую ім цыгарэту, яшчэ як сьлед ня выпусьціўшы дыму, хутка-хутка пачала гаварыць:

—Ты, я гляджу, піжоністы! Запальніца ў цябе імпартовая, прыкід, і фэйсік… цагліны просіць. А ён, сука такая, трапло трыпэрнае, мужланам гэтым, што я… А яны лезуць, підзёрышы, кароста сраная, а мне ў іхнія рожы нават сікануць агідна! Ну што, чмыр задрочаны, чаго маўчыш? В… В… Вікай мяне завуць. Віка, Вікуля, зьняла хлопчыка-сруля. Ты што, язык у жопе носіш? Во, супэрмэн – статуйны мэн. Не! супэрмэн – вісячы хрэн. Ці стаячы?.. “Сустрэў я вас і стаў заікай”, так? Стаіць статуя, зусім бяз х…

Аднак тлумная пьяная тырада так і засталася незавершанаю. Ён раптам рэзка тузануў яе за руку й ледзь ня сілаю выштурхаў на вуліцу. А ўжо празь імгненьне побач тармазнула таксоўка. Віка, здаецца, зусім не заўважыла, як ён адчыніў перад ёю дзьверцы, забілася ў салён, потым пасунулася “шчэ далей, каб даць яму болей месца. Таксовец запытальна азірнуўся на мужчыну, аднак пазнаўшы знаёмы твар, толькі моўчкі націснуў на газ…

Віка нейкі час узіралася ў цямрэчу за вакном. А потым імкліва пасунулася-прыціснулася да яго, знайшла ягоную спакойную парослую чорнаю поўсьцю руку й горача зашаптала:

—Ты куды мяне вязеш? Да сябе, так? Мы будзем піць, так? Гарэліцу-шампінеліцу?.. І трахацца? А што – з табою, відаць, як з канём! Адажыё ўперамежку з алеграм і нават пад ложкам! Які ты ўвесь… прастрочаны! Проста “Джы-Ві-Сі” ва ўпакоўцы! А спідаку не баісься? Я ж фактар рызыкі! Ды не, па вачах бачу, што не баісься. Такія нічога не баяцца. Ненавіджу! Ненавіджу!

Яна стукнула яму сваім вострым кулачком у плячук, аднак ён, перахапіўшы тонкую руку, сьціснуў так моцна, што Віка толькі войкнула. Таксовец кінуў асьцярожны пагляд у люстэрка. Але, убачыўшы спакойны жэст мужчыны, маўляў, усё нармальна, руш сабе далей, выруліў у завулак зь цёмнымі сілуэтамі пірамідальных таполяў.

—Мы ўжо прыехалі, так? Зь ветрыкам за пяцьсот мэтраў? – неяк незадаволена мармытнула Віка. І, заўважыўшы, як ён працягвае таксоўцу дзесяцідаляравую купюру, хуценька ўзяла яго пад руку, усьміхнулася спакусьліва-агрэсыўна. – Зялёнымі кідаесься, козьлічак. А ты ведаеш, што я іншых не бяру таксама? – І раптам сыкнула, агаліўшы свае прыгожыя іклы: — Толькі ты, сучара, сваю прарэшку зашмаргні! Я табе, хрэн пазалочаны, усё роўна ня дам! Вось выпью ўсе твае шэры-брэндзі-віскі-шнапс і ня дам! Ну, дзе твая хаза?

Ён спакойна націснуў на кнопку сыгналізацыйнага замка перад весьнічкамі. Брамка адчынілася, ён прапусьціў яе папярод сябе, замыкаць за сабою ня стаў. Чорная мармуровая дарожка вяла да зграбнага каменнага асабнячку. Прыцішаныя вокны засяроджана сачылі за гэтаю незвычайнаю параю…

—Усё, я канчаю! Аргазм у мяне! Зорны палёт у Галяктыку Клітарных Пэртурбацыяў! Ці Мастурбацыяў… Ты разумны – як будзе правільна? Слухай, ты хоць скажаш, як цябе зваць?

Аднак ён па-ранейшаму маўчаў. Маўчаў, адмыкаючы дзьверы. Маўчаў, запальваючы сьвятло ў вітальні й чапляючы ключы на цьвічок у выглядзе д’ябальскай пыскі.

—Што, можна? – Віка замарудзілася ў парозе. – Ды я ж вам тут усё абтапчу, ды я ж вам на дываны званітую. У ванну адразу праходзіць ці дазвольце спачатку на гаршчок схадзіць? Паказваць, як я мачуся, вам ня трэба? Ці ваш вытанчаны густ такое сэксуальнае стымуляцыі не прымае? Слухай, а дзе й праўда тут у цябе…

Ён пстрыкнуў патрэбным выключальнікам, паказаў на дзьверы прыбіральні. Хацеў ужо падняцца наверх па лёгкіх драўляных сходах. Ды раптам насьцярожана замёр, бо, аказваецца, і ў прыбіральні Віка маўчаць не зьбіралася.

—Гэй, дзядзя, дзе ты там? Ты сапраўдны ідыёт ці толькі прыкідваесься? Я пра бідэ! Ты напраўдзе падмываеш на ім сваю задніцу? Ці гэта спэцыяльна для тых, каго ты прывозіш сюды па вечарох? І з кожнай гэтак маўчыш? І нават не выпытваеш у іх аўтабіяграфію? Во, хочаш, я табе сваю раскажу! А што! Рамантыка! Аўтабіяграфія, якую распавядае распусная жанчына, седзячы на фінскім блакітным унітазе! Ну, значыць, слухай. Нарадзілася я… У тысяча дзевяцьсот… У тысяча сямсот… У дзьве тысячы трыццаць пятым! Нармальна? Нармальна! Якая там далей графа? Ага, сямейнае паходжаньне. Сямейка, я скажу, у мяне была яшчэ тая! Ведаеш, кім у мяне бацька быў? Пісьменьнікам! І не абы якім, а бе-ла-рус-кім. Во! Нацыяналіст хрэнавы! А баб у яго было – мяне столькі мужыкоў не ператрахала. Ён днём кніжкі піша, па вечарох лісты ды звароты ў вабарону ад вынішчэньня роднае мовы складае, а па начах у яго якраз жыцьцё й пачыналася! Я ўжо вялікаю была, ведала што да чаго. Неяк у ягоны рабочы стол залезла ды нататнічак у чорнае вокладцы знайшла. Ніводнага мужчынскага імя! Ад А да Я – усе, усе бабы! Маці зь ім пяць разоў разыходзілася! А потым зноў… зыходзілася. Бо, аказваецца, кахала яго. Ці любіла… “Любіць” ці “кахаць” – як правільна па-беларуску? Калі жанчына з мужчынаю. Мужчына з жанчынаю… Мужчына з мужчынаю… Гэй, мужык, ты тут? Чакаеш? Чакай, я зараз…

Яна выйшла з прыбіральні, усьміхнулася яму неяк нават вінавата. Падыйшла блізка, паклала яму рукі на плечы:

—Толькі без пацалункаў. Не люблю сьлінявых… Я й так табе – усё, што трэба. Такса па лічыльніку. Але ты, відаць, знаеш – па мордзе бачу. Дзе будзем? Наверсе?

Віка пайшла першаю, звыкла дэманструючы свае бясконцыя эфэктовыя ногі. Ён, аднак, стараўся глядзець болей на парэнчы й на сваю руку, чым на дрогкія, ружаватыя жылкі ў падкаленных ямінках той, што йшла паперадзе… Наверсе яна адразу патанула ў мяккім раскашовым фатэлі, і нават заплюшчыла ад задавальненьня вочы, вялікія тужлівыя вочы ў атачэньні пышных папяліста-шэрых валасоў. Але ўжо праз хвіліну павярнулася да яго, выпрастала строга сьпіну…

—Тут паляць? – і, не пытаючыся дазволу, дастала свае цыгарэты, нахілілася да ягонай запальніцы. – Дык на чым я там спынілася? Ага, татуля мой… Карацей, паехаў ён. Крыша ў яго паехала. Ён жа, зараза, непітушчы ў нас быў. І баб сваіх – таксама на цьверазьняк… Вось нэрвы й покнулі. Нэрвы-кансэрвы… Мы гэта заўважылі, калі ён у штаб-кватэру ААН штовечару спрабаваў дазваніцца. Каб сюды, значыць, камісыю па правох чалавека даслалі. У вар’ятні цяпер ён. Маці яму, пакуль жывая была, туды шкарпэткі-перадачкі насіла. А потым рукі на сябе наклала. А што, яму добра там – асобны пакой, кандыцыянэр, міліцыянэр, тэлевізар. Нейкі, аказваецца, хрэнасос упакаваны, во, тыпу цябе, аб’явіўся. Грошай у яго цэлы мех, запатрабаваў, каб круглы год фрукты сьвежыя былі. У татусі майго, значыць… Гавораць, сынок ягоны, ад аднае крытыкесы, з дужа абвостаным пачуцьцём сэксуальнае недатыкальнасьці. Сам мільярдамі варочае, нешта там з прыватнай нафтаю ці з мытным рэкетам. А я яго дык у вочы ня бачыла. Вельмі трэба! У мяне, можа, калі ўлічаваць бацькавы вопыт, гэтых братэчкаў-сястрынак па ўсім сьвеце параскідана. Ага, адну, праўда, ведаю. У філярмоніі на мандаліне-трумбаліне грае. Бацька й пазнаёміў… Калі пры розуме яшчэ быў. У госьці нават запрашала. Ды канфузыя надарылася: турнула яна мяне. Я вазьмі ёй і замачы: “З такою скрыпкаю, што ў цябе спаміж ног, ты магла б бабкі шуфлем грэбсьці”. Мы піць што будзем?

Ён моўчкі ўстаў, падыйшоў да сьценкі з патаемным барам. Крыху падумаўшы, дастаў адтуль дзьве бутэлечкі кока-колы.

—Гэта й ёсьць твае віскі-марціні-кальвадос-шампань? – І, убачыўшы, што ён зусім не зьбіраецца пашыраць сэрвіроўку стала, Віка раптам засьмяялася гістэрычна, зь нейкім нечалавечым падвывам. – О-о-о, у! Ну, крэцін! Ну, казёл! Неданосак залізаны! На “сухую” захацеў? А жопа балець ня будзе? О, як гэта я забылася! Такія ж, як ты, сьпірытусу ні на губу, ні за шчаку не бяруць! У вас там у охвісах вашых мазгі ад працы перакіпаюць! Разам са спэрмаю! А яна, кіпучая, вам тады ў голаў ды ў іншыя часткі цела й лупіць! Імпатэнты сраныя! Дай выпіць! Табе што шкада? Ці для гвадылезыйскіх дыпламатаў беражэш? Шкура!..

Ён зноў моўчкі падняўся. Дастаў нераспачатую бутэльку “Сталічнае”, прыхапіў спачатку адну, а потым, крыху падумаўшы, і другую невялічкія чарачкі ды жаўтабокую крэпенькую цытрыну. І пакуль нарэзваў яе тонкімі скрыдлёчкамі, пакуль займаўся цукрынкаю, Віка сама зьвярнула накрутку, сама пасунула бліжэй да сябе чарку, наліла, выпіла ды зноў узялася за бутэльку. А потым хвіліну спакойна сядзела, прымружыўшы вочы, услухоўвалася ў тое, што адбывалася недзе ўсярэдзіне…

—Ну, ты яшчэ тут? – Віка расплюшчыла вочы. – І нават ня сьцелісься? Ці ты возьмеш мяне ў фатэлі? А можа, на падлозе? Скажы хоць слова, кастрат зашморганы! А-а, ты чакаеш! Працягу мае аўтабіяграфіі! Чакаеш, калі я пачну… А ў анальнае засмактаць мяне ня хочаш? Сучара! Ня зыркай! Ня той у цябе інтэрхвэйс, каб я табе пра свае “церніі к звёздам” расказвала! Запомні ды іншым гэткім жа на бідэ падмытым перадай: ніводная жанчына, якая сьпіць з мужыкамі за грошы, не раскажа ім, з чаго ў яе ўсё!.. Пра гэта нават песьня ёсьць, хочаш?

Што было – то й было,

А што будзе – на тое з башэннага крану насраць!

Але вы ў нас культурныя, спэцыяльна для вас – заменім на больш мяккі варыянт “А што будзе, на тое з башэннага крану… начыхаць”! Ну як, так нармалёва? Усё, стамілася я. Давай, нясі мяне ў ванну. Ладна, адвалі. Сама дайду. Дзе яна ў цябе? Там, унізе? О Божа, ногі пераламаеш. – І яна пацягнула ўверх кароценькую сукенку. Ажурная чорная бялізна, здаецца, асьляпіла вочы…

—Чакай, — раптам вымавіў ён.

—О! Ды вы гаворыце! І нават прыемным голасам! Не, гэта ты чакай. Асьвяжуся перад мёртваю схваткаю з такім імпазанцікам! Сьцялі пасьцельку, коцька-маркоцька. Ужо я цябе там паслухаю. Можа, ты мне пра курс акцыяў на Франкфурцкай біржы раскажаш? А члены кабялячыя там не катуюцца?..

—Віка, чакай…

Аднак стройныя ногі ўжо лёгка краналіся драўляных сходаў, імкліва зьбягаючы ўніз.

* * *

—Ну, як я табе?

Віка стаяла перад ім аголенаю, трымаючы ў руках майткі й станік, бессаромна дэманструючы сваё цела, адчайна-пранізьліва гледзячы яму проста ў вочы. І толькі лёгкія дрыжыкі краналі ейныя безабаронныя падпашкі…

—Віка, Віка…

Ён узяў яе, узяў па-мужчынску груба, жорстка, гэтак жа моўчкі, проста сярод пакою, ссунуўшы на падлогу бухматую скуру нейкага невядомага зьвера: можа, белага мядзьведзя, а можа, яшчэ каго…

І гэтак жа пранізьліва глядзела яна яму ў вочы пасьля.

Ён нібы толькі зараз заўважыў віччын пагляд. Марудна, па-доўгу затрымліваючыся на кожным радзімчыку й кожнай лагчынцы, агледзеў ейнае прывабнае цела. І раптам рэзка ўзьняўся, нахіліўся пад столік, ірвануў адтуль чорны шыкоўны кэйс. Кінуў яго ў фатэль, дзе яшчэ зусім нядаўна сядзела Віка, ды прамовіў, акуратна й коратка вымаўляючы кожнае слова:

—Я твой брат. Тут грошы. Шмат грошай. Табе хопіць. На ўсё. І надоўга. Толькі ніколі не хадзі па барах.

Віка, напятая нібы струна, толькі ціха войкнула, зграбла бялізну, прыціснула да грудзей, пацягнулася за сваёй сукенкаю. Скамячыла яе ў вахапак, пачала мітусьліва шукаць вачамі сваю скураную торбачку. А потым раптам адкінула ўсё прэч, тузанула да сябе імпартовы кэйс, той расчыніўся, адтуль пасыпаліся тугія хрумсткія пачкі даляраў.

—Крэцін! Ну, крэцін! – і першы пачак даляраў паляцеў яму проста ў твар. Другі трапіў у плячук, трэйці зноў у твар, яшчэ некалькі адскочылі ад грудзей і ад голага, прыпалага жывата.

Ён стаяў нерухома, зусім не ўхіляючыся ад патрапляючых у яго пачкаў. І па-ранейшаму неадрыўна глядзеў у віччыны вочы.

Тады яна зноў схапіла свае майткі, зьвераватым ваўчком падскочыла да яго ды рэзкім рухам нацягнула іх яму проста на галаву. І ўжо сама не адрываючы ад яго пагляду, падабрала сукенку й торбачку, бы зачараваная, падалася назад да лесьвіцы. Адступіла па першае прыступцы, потым яшчэ, яшчэ…

—Крэцін… Крэцін! Ну, крэцін!

А потым, давячыся вар’яцкім рогатам, разьвярнулася, яшчэ раз азірнулася ды зьбегла-зьляцела ўніз…

* * *

У васабнячку, які яна пакінула, было ціха.

Жнівень-1993, 5 ліпеня 1998 г.