Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Выкраданьне вепрука

Грысь Чаравячка ўвесь Божы дзень ды добры жмут ночы жлукціў каламутную первачыну. Трэба сказаць, што жлукціў яе ён і дзень таму, і тыдзень, і месяц, і яшчэ шмат-шмат гадоў да тых знамянальных падзеяў, якія неўзабаве разгорнуцца перад ягоным займглістым позіркам, і пра якія ён нават яшчэ й не здагадваецца.

Не здагадваецца разам зь ім і ягоная жонка Марыля Чаравячка. Праўда, хоць тая ж сівая первачына была для яе не такое прыцягальнае смакаты, як для Грыся, аднак і гэтую сухастойную ды заўважна струхлелую кабетухну ніводная лішняя шклянка наравіла не прамінуць. А пакуль самлелая ад усё ж такі залішняе дозы гарэлкі Марыля пахропвае на ўзбуранае бруднае канапе за сьпінаю Грыські, сам ён, акуліўшы ў гарапашнае сваё нутро немаведамаякую-па-ліку шклянку, гучна гэпае кулачочкам па стэлешні ды таксама ў каторы ўжо раз ускрыквае гучна-горка:

—От, сучка!

Сучкаю была іхняя шалапутная дачка Наталка. Толькі ўвесну яна бразнула клямкаю адзінаццацігодкі, ледзь дацягнуўшы да паўнасталага атэстату, як ужо ў ліпені ёй заманілася выскачыць замуж. Ды як мага хутчэй, хоць ты разьбіся, каб, значыць, ані хвіліны болей не заставацца ў роднае бацькоўскае хаце!.. Бо тут, бач ты на сучку, яе ўжо ванітуе. Бо тут і не жыцьцё зусім, а нейкае п’янотнае гарыва. Бо тут нават прыстойна паесьці – і тое няма як. Бо тут хоць якая лішняя тысяча ўперваецца ў цукар ды дрожджы, а яна вымушана даношваць-пераношваць сукенкі яшчэ з восьмае-дзявятае клясы. Ладна!.. Грысь, можа б, іншым разам і перамаўчаў, бо ці мала якое лухты ў дурное сваёй гарачцы маладыя не намалоцяць. Але ж усё тое Наталка выдала ім толькі сёньня. Малочна-туманнае раніцою, калі прывалаклася невядома адкуль, уся бы ў апараным летуценьні, а яны дружна накінуліся на яе: “Дзе ты, блядзючка падкалодная, перакочвалася?!.” Грысь нават хапянуўся за сукаватую паляняку, ды Наталка раптам цопка перахапіла ягоную руку, выкруціла паляняку ды, сама замахнуўшыся, зьмяюкаю сыкнула ашаломханаму бацьку ў твар:

—А ну, сьціхніце!

—Што?! Ах ты, блядзючка!.. – здаецца, больш спуджана, чым злосна, агрызнуўся Грысь.

—Яшчэ раз назавеце “блядзючкаю” – не пагляджу, што бацька, так вось гэтым сукам у лабешню і ўперу!.. – па ўсім было відаць, што жартаваць у Наталкі не было аніякіх намэраў.

Намэры ў яе былі нашмат шырэйшыя ды глябальнейшыя. Пра гэта яна й паведала, не зыходзячы зь месца ды ўсё яшчэ трымаючы ў руцэ паляняку:

—Рыхтуйцеся, заўтра сваты прыедуць.

—Якія… сваты? – схапілася скручанымі пальцамі за свае асьмяглыя, патрэсканыя вусны Марыля.

—Звычайныя, з ручнікамі. Замуж я выходжу, — канстатавала, як неабвержны факт, Наталка ды адкінула, нарэшце, прэч бярозавую сукаватку.

—Га! – раптам, бы дурны, рагатнуў Грысь. – За каго?

—А... – сьцепанула плячыма дачка. – Вы ўсё роўна ня ведаеце.

—А нас ты спытала? – імкнучыся напоўніць праўдзівай пагрозаю свой голас, толькі хрыпла вычавіла зь сябе Марыля.

—Не пытала й пытаць не хачу, — зноў сказала, як адрэзала, Наталка, накіроўваючыся да ганку.

—Ну, тваю ж маць!.. – штурхануў Грысь нагою струхлелую калоду. Лёгкая, тая адразу перакулілася ды адчувальна выцяла Грыся па той самай назе. – Ты што гэта, сур’ёзна?

—Сур’ёзьней і не бывае, — абярнулася, ужо стоячы на парозе, Наталка. Так што рыхтуйцеся, — зноў паўтарыла, як загадала, яна. – У суботу вясельле.

—А во табе вясельле! – скруціў раптам зьверскую дулю Грысь, падскочыў да Наталкі ды сунуў тую дулю ёй проста ў нос. – Во! Во!..

—Пачакай ты, дачушка… — усё ніяк ня магла пакінуць ў спакоі свае перасьмяглыя вусны Марыля, гэтак жа нэрвова цярэбячы іх пальцамі. – Ты ж кажаш, заўтра сваты толькі прыедуць…

—Заўтра сваты прыедуць, а вясельле – у суботу! – рашуча ўзялася за клямку дзьвярэй Наталка, ані не зьвяртаючы ўвагі на зьверскія бацькавы дулі. – Мы з Алікам усё рашылі.

—З Алікам? А хто гэта? – няўцямна ўстаўбурыла на яе маленькія сьлязьлівыя вочы маці.

—Жаніх мой, мамка. Гарадзкі ён… Ад яго сваты заўтра й будуць. А ў суботу – вясельле.

—А чаго так хутка? А чым жа іх сустракаць? А дзе ж вы жыць будзеце? – неспакой усё болей апаноўваў хоць і прашпіртаванае, аднак усё ж такі матчына сэрца Марылі. І тут нечаканая здагадка наскрозь працяла ўсё тое ж дрыжачае сэрца. Марыля аж прыкусіла ражок бруднай хусьцінкі: — Вой, Натачка, ты бярэмянная, ці што?..

—Байстрючка нагадавала, бля… — ужо было зноў ледзь не зьляцела запаветнае слоўка з языка Грыські, ды красамоўны доччын пагляд на адкінутую сукаватку своечасова яго спыніў.

—А ня вашая справа, — нават не міргнула на гэта Наталка. – Ня схочаце вясельля тут – у Аліка справім. А сваты заўтра прыедуць па-любому. Хочуць зірнуць, як жывем мы тут. Ну, і з вамі, значыцца, пазнаёміцца. Ха, было б з кім…

—Ты як на бацькоў, га? – усё яшчэ харобрыўся Грысь.

—Ага! – агрызнулася Наталка, расчыняючы ў сенцы дзьверы.

—Дык ты бярэмянная ці не? – дапытвала сваё Марыля.

—Вой, мамка! Бярэмянная я ці не бярэмянная – гэта ўжо час пакажа… — неяк задумна-мэлянхалічна прамовіла Наталка ды памкнулася ступіць у чарноцьце роднае хаты. Але затрымалася, бо пачула, як маці выпусьціла з грудзёх сакрушальны ўздых:

—Ды чым карміць-та, сватоў гэных?..

—На гарэлку грошы знаходзіце, то й на закуску знойдзеце, — як адрэзала Наталка ды ўрэшце бразнула за сабою дзьвярма.

—От, сучка! – зноў бабохнуў кулаком па сталу Грысь. Аднак на гэты раз трохі цішэй, бо да гэтага часу зьбіў той надта ўжо абы які кулачок на горкі яблык.

Асабліва муляла Грысю зусім ня тое, што дачка вырашыла выскачыць замуж, ані не зважаючы на бацькоўскае меркаваньне. І ня тое, што ён, Грысь, і блізка ня бачыў на вочы таго самага гарадзкога Аліка-жанішочка. І нават ня тое, што маладыя ўсё вырашылі-разьмеркавалі без хоць бы якога іхнага саўдзелу. Асабліва рэзалі яму, бы вузельчыкі на гумцы ў дзіравых трусах, Наталчыны словы пра грошы, што знаходзяцца на гарэлку, і якіх вечна бракуе на харч.

Што яна, дурніца даўгалыгая, ведае пра грошы?!. І што пра гарэлку? Бач, сорам ёй вочы коле, што бацькі п’юць. Хай пажыве зь іхняе, Грысева ды Марылінае, невядома яшчэ… як сама… можа, болей за іх будзе. Дый хіба яны п’юць?! Так, выпіваюць. Як і ўсе нармалёвыя людзі, ня больш ды ня меньш. А яна!.. бач ты на яе!.. “Знаходзіце грошы!.. то знойдзеце й на харч!..”

Ён што – тыя грошы, бы клепкі, кляпае? Ці яму зь неба ў рот крупы-кілбасы валяцца? Ён жа не куркуль які, бы той суседзік ягоны, Андрэй Шупейка. Тры кіёскі з парфумаю-чакалядамі пасярод мястэчку трымае ды яшчэ парачку адкормных парсючкоў у хляўчуку на падворку дзержыць. І што? Анічога. Жонка ягоная, Верка, на што баба разумная ды з усіх бакоў ладная, і тая, кажуць, зьбіраецца ад яго ўцякаць. Надта ж Андрэй, бы жаба ў балота, у палітыку прэцца. І начальства местачковае ў яго ледзь не штодня па вечарох кватаруе. І сам ён, як толькі вольны выходны выпадае, у сталіцу матаецца (куды й каго толькі, цікава, цікава!..). І нават местачковыя знаўцы цьвердзяць, што як была пяць год таму першая прэзыдэнцкая кампанія, нібыта Андрэйка самага апальнага кандыдата як мае быць падтрымаў. І ня толькі грашыма, а яшчэ тым-сім. О, ці не да яго цяперака першы куркуль местачковы й матаецца? Ну, то ня дзіва, што справы ягоныя… бы хер у масьле… а тут!.. хоць ты зачавіся!.. Сваты, бляха!.. Патрэбныя яму тыя сваты, бы сабаку на срацы скула!..

Грысь зноў пацягнуўся да бутэлькі, зьмесціва якое ўжо боўталася на самым донцы.

Рэшткі самагонкі піліся, як звычайная вада; нават вада магла зараз паказацца Чаравячку смачнейшаю. І пакуль ён марудна глыкаў гар, якая нават ня смыліла, у галаве барухалася, бо чорт у палонцы, тупое, ірванае шмацьцё думак:

“Парсючкі, чакаляды… Прэзыдэнцкі гранатамётчык… Як устану – панам стану!.. Жывем, бы мышы ў засерні… Ладна! Гарэлкі я вам… ад пуза… яшчэ ёсьць… у хлеўчуку прыкапана… А жраць чаго?.. То ж няма нічога!.. Ну, Наталка! Ну, сучка!.. От, зараза! Тут шкварку добрую… І сальцісона! А то падумаюць… Што шпань-галадрань якая!.. Што… Сьвербіянка ёй… шмоньку дзярэ!.. А-а!.. Пляваць!.. Дурная дачка – дурное й вясельле. Бач ты, у гараду сьмятана смачнейшая. І гною меньш… І сьвіньні ня рохкаюць. От, бы вас усіх і накарміць тым гноем сьвінячым… Тым гноем!.. Сьвінячым!..” А ў той момант, як апошняя кропля первачыны кранулася сьценак перапаленага грысевага страўніку, шмацьцё думак з галавы ягонай некуды раптам сплыло, і на вольнае мейсца нечакана ўстрэмілася авантурная ды ва ўсіх адносінах рызыкоўная пляна.

Грысь ацяжэла адштурхнуўся ад стала, узьняўся, спрабуючы захаваць раўнавагу. Калі падлога выраўнялася ды зноў выпрасталася больш-меньш паралельна столі, ён вызірнуў ў вакно: там панавала самая сярэдзіна цёмнае й, на шчасьце, бязьмесацавае ліпеньскае начы. “Самае тое!” – падумаў Грысь ды пачаў катурхаць сваю жонку:

—Марыська, уставай!

—А! Што?.. – спалохана падхапілася заспаная Чаравячка.

—Ціха! – Грысь вырачыў на яе страшныя вочы. – Слухай… — ён падсеў ушчыльню да жонкі, наблізіў да яе свой гарачы чырвоны твар.

—Што? Што ты?.. – усё ніяк не магла даўмецца Марыля, чаго ён ад яе хоча.

—Ды ціха ты! – ужо злаваўся Грысь. – Наталку разбудзіш… Слухай, што я табе скажу…

—А што такое?

—Гаўно рабое! – нецярпліва лаянуўся Чаравячка ды пачаў урэшце п’янотна, хутка, праз пень-калоду распавядаць жонцы пра сваю авантуру.

Яна, рачачы на яго вокамігам ацьверазелыя вочы, то адмоўна матляла галавою, то спалохана адсоўвалася да сьцяны, то проста ды гэтак жа страшна глядзела яму ў твар, ані ня верачы, што ўсе гэтыя мужавы словы насамрэч ды па-сур’ёзнаму.

—Ох, Грысю! – сполах так і гнуў ейную няшчасную постаць да ўскалмачанае пасьцелі. – Ты гэта напраўду?..

—Напраўду, бляха, напраўду!

—І не баісься?

—А-а!.. – толькі рэзануў рукою паветра Грысь. – Але разам трэба.

—Што – разам?

—Ну, ісьці… Разам! Адзін я не давалаку…

—Вой, не! – Марыля нават не заўважыла, як раскусіла да крыві на губе больку. – Дурное ты…

Далей, аднак, Марыля не дагаварыла. Бо Грысь узьняўся з канапы, пачаў злосна ўзьдзерваць ногі ў старыя свае нагавіцы, што віселі на вяроўцы ў запеччы. Адна нага, зараза, усё ніяк не хацела лезьці ў калашыну, і ён як стаяў так і бразнуўся сярод хаты.

—Вы зусім там падурэлі ці што? – пачуўся раптам заспаны голас Наталкі з бакавушкі. Яна яшчэ нешта прамармытала няўцямнае ды сьціхла. Грысь трохі перачакаў, так-сяк урэшце прасунуў нагу ў калашыну ды пачаў падымацца з падлогі. Марыля борздка зьлезла з канапы, падхапіла яго пад локаць.

—А няўжо пойдзеш?.. – глядзела на яго, як на добраахвотнага чарнобыльца-сьмертніка, жонка.

—Э! – толькі злосна рыпнуў зубамі Грысь. – Ад вас – хіба толькі… – адсунуў ён жонку прэч ды, ірвануўшы з запечка тую самую вяроўчыну, на якой боўталіся ягоныя дзіравыя нагавіцы, пачаў скручваць яе ў жмутак.

Убачыўшы такое, ды падумаўшы раптам чорт ведама што, Марыля ледзь не самлела. Але ў наступную хвілю яна ўжо вісела на шыі Грыся ня горш за любое вяроўкі ды мёртваю хваткаю абшчапіла яго рукамі, рызыкуючы задушыць нашмат раней адмеранага Грысю часу.

—Не, не! – ані не зважаючы на ноч, залямантавала яна на ўсю хату. – Ат, дурны! Кінь вяроўку, кажу!..

Насустрач Грысю, які абсалютна не чакаў такога скруту, і які пад цяжарам павіслае на ім жонкі зусім страціў раўнавагу, (а зь ёй у яго да гэтага часу й без таго былі вялікія праблемы), раптам імкліва пачала набліжацца падлога. Ён яшчэ са зьдзіўленьнем пасьпеў адзначыць, што хоць паміж ім і падлогаю была гэткай “буфэрнай зонаю” ягоная ўласная жонка Марыля, але чамусьці першаю да нямытае масьціны дакранулася ягоная няшчасная лабешня, а ўжо потым загрукацела й усё астатняе, уключаючы й яго гарапашаную постаць, і сухакостную Марыську.

—Вы дасьцё сёньня паспаць ці не? – на гэты раз наталчын голас быў не такі заспаны ды поўніўся ўжо не жартоўнаю злосьцю.

—Дамо, дачушка, дамо, — з лагоднай інтанацыяй, што зусім не адпавядала крытычнае сытуацыі, у якой яны апынуліся, адказала, лежачы на Грысю ды са сполахам касавурачыся на бакавушку, Марыля. А потым, будучы ўсё яшчэ зьверху, выдыхнула яму ў твар: — Вяроўка табе на што?..

—Ну, не засіліцца ж я хачу, ё-маё! Для дзела, значыць!..

Марыля яшчэ трохі паляжала на мужу, відаць, канчаткова пераконваючыся, што ён не зьбіраецца зводзіць рахункі зь няшчасным сваім жыцьцём, падумала аб нечым сваім бабскім ды патаемным і, урэшце, рашылася:

—Адзін ня пойдзеш.

—А на халеру ты мне!.. – занаравіўся быў Грысь, узбрыкваючы пад Марыляю.

—Ціха, ваяка. Яшчэ пападзесься…

—Ладна. – урэшце прымірэнча пагадзіўся Чаравячка ды пачаў выкачурвацца з-пад жонкі. – Аднаму яно… я ж казаў… напружна занадта… Пасобіш!..

Чаравячкі так-сяк падняліся. Стараючыся не рабіць болей лішняга шуму-глузду, на цырлах падаліся да дзьвярэй. Ужо на парозе Марыля, праціскаючыся за Грысем скрозь дзьверы, зноў схапіла яго за руку ды выдыхнула тое ж самае, з чаго пачынала: “Ох, Грысю!.. Дурное ты…”

Але Грысь, здаецца, яе не пачуў. А калі й пачуў, дык не было зараз на сьвеце такое сілы, якая магла б яго пераканаць, што задуманае ім – надта ўжо дурная й бязглуздная справа…

* * *

Ноч была чорнаю, хоць выбі вока.

Нават зоры кудысьці пахаваліся, зацягнутыя нечаканымі хмарамі. На шчасьце, дождж яшчэ не цярушыў, магчыма, толькі зьбіраўся; інакш на прысушанай за дзень ды змочанай вільгацьцю зямлі яны б пакідалі досыць выразныя адбіткі сваіх атопкаў. З кожнай хвіляю сярод дрэваў адчуваўся ўсё большы пошум ветру, і гэта таксама спрыяльна клалася на іхнюю начную авантуру.

Грысь ішоў трохі паперадзе, Марыля старалася ступаць зь ім крок у крок. Яны нават не йшлі, а валачыліся дрыготкімі прывідамі, сагнуўшы сьпіны крукамі, ня надта цьвёрда ставячы ногі ў разору паміж градаў… Час ад часу то Грыся, то Марылю адчувальна хістала ды рэзка паводзіла ўбок: перад сваім начным вылазам яны пасьпелі яшчэ па разу, а потым і па другому добра прыкласьціся да зьмесьціва пяцілітроўнае бутлі з расчыненаю бражкаю; такую ж паўнюткую бутлю Марыля зараз сунула перад сабою, ашчадна прыціскаючы да сваіх запалых грудзей…

Вось і апошняя разорка, а там, за плотам, — падворак Андрэя Шупейкі. Менавіта сюды перліся Чаравячкі, і перліся, вядома ж, ня дзеля начной пагулянкі.

Так-сяк, перадаючы адзін аднаму неабдымную бутлю ды перадзершыся цераз плот, яны замёрлі ў палахлівым трымценьні.

На падворку Шупейкі было ціха. Праўда, над парогам хаты па-здрадніцку гарэла яркая лямпачка, якую Андрэй звычайна запальваў, калі клаўся спаць, і якая потым гарэла ўсю ноч, заліваючы сьвятлом амаль што ўвесь падворак. Можна было б бэцнуць зараз па ёй камянюкаю, і Грысю ў мазгі нават пальнула такая дураломная думка, але ж ён учас уцяміў, што на гэтым іхні напаўсвалотны вылаз хуткацечна й скончыўся б. Ён прыхінуўся яшчэ ніжэй сам, уладна прыхіліў голаў Марыські, так, што яна проста ўжо курчылася й пад гэтым уладным прыхіленьнем, і пад цяжарам бутлі з брагаю, ды паказаў супрузе сваёй, што ступаць трэба як мага бліжэй да плоту й гаспадарчых збудаваньняў. Урэшце, сунуцца на самое дворыска яны й не зьбіраліся.

А зьбіраліся яны сунуцца й нават, на дзіва, досыць хутка ўшчаміліся, куды хацелі, таму як быў гэты хляўчук чамусьці зачынены на звычайную драўляную зашчапку, у задушны сьвінскі прыстанак – канчальную мэту іхняга, не зусім, так бы мовіць, добрасуседзкага візытанцтва.

Два ўкормленых, угадаваных кабанчыкі ўзбрыкнулі са сьвежае саламянае посьцілкі настустрач нечаканым прыхадням, зьдзіўлена рохкнулі ды зачухалі лычамі аб перагародку, магчыма, у таемным спадзеве, што зараз, хоць і няўчас, ім дадуць якіх мешанцаў з пракіслымі недаедзенымі блінцамі.

—Ціха ты, Марыська… — стаяў сам ледзь жывы Грысь, хоць Марыська ягоная не выдавала ані гуку. Ён акідваў ацэньваючым п’янотным вокам то аднаго вепручка, то другога, усё ніяк не рашаючыся, на якім спыніць свой выбар. – Давай гэтага… Магамая! – урэшце тыцнуў ён пальцам у большага, як яму падалося, трохі лепш укормленага ды дагледжанага, нечакана нават успомніўшы ягоную мянушку.

—Ну, давай… — таксама мітусьліва заблукаў па вепручках марылькін пагляд.

Ёй таксама болей падабаўся гэны, на якога тыцнуў Грысь. Чарнабокі, ладненькі, ён раптам навеяў жанчыне ўспаміны аб басотным сваім дзяцінстве, калі пасьвіла яна падсьвінкаў на выгане, і асабліва любіла пачухаць якому кручкахвостаму гарэзьліўцу белы гладкі пузанчык ці пад шыйкаю…

—Давай, давай! Бражкі яму давай! – сыкнуў на жонку Грысь.

—Вой, зараз… — рукі Марылі раптаўна ўспацелі; бутля так і наравіла высьлізгнуць зь іх на драўляны насьціл. – Ледзь не ўпусьціла…

Грысь зьнішчальна наставіў вочы на жонку:

—Я табе ўпушчу! Давай хутчэй! Пакуль ціха…

—Вой, а як ня пройме?

—А як ня пройме, дык… — але Марыля так і не пасьпела зразумець, што хавалася за гэтым страхотным “дык”. Кабанчыкі, нібы адчуўшы, што замест мешанкаў ім зараз можа перапасьці нешта нашмат смачнейшае ды больш задзёрыстае, ужо пачалі ледзь ня кідацца на загароджу, за якое муляліся двое гарапашцаў валацужна-партызанскага аблічча.

—Ну, давай! Лі ў карыта яму, к-кароста!.. – нецярпліва, хоць і лёганька чвэхнуў у сьпіну жонцы Грысь. – Яшчэ ўчуе хто… Адразу канец кіну будзе!..

—Сам стой ціха! – агрызнулася Марылька. – Я сюды што – сама перлася? – Пры гэтым, аднак, яна ўрэшце адкаркавала бутлю ды перахіліла яе цераз загарадку: — Гэтаму ліць ці якому?

—Ды гэтаму, гэтаму! Магамаю!..

—А я ведаю: Магамай гэта табе ці Мамай!..

—У Магамая бакі чорныя. І вуха! Яму й лі!

Марыля яшчэ ніжэй нахіліла рыльца пасудзіны, і ў карыта Магамая паліўся нарэшце магутны струмень з духам перабрадзілых дрожджаў ды яблыкаў. Гэты жэст, аднак, займеў досыць нечаканыя й не зусім адэкватныя бягучаму моманту наступствы. Вядома, сам Магамай порстка ўставіў лыч у карыта ды пачаў прагна хлябтаць бражку, аж зарохкаўшы адметным басам ад сьвінскага свайго задавальненьня. Затое другі кабанчык, досыць хутка адчуўшы такую дыскрымінацыю, храпатнуў так, што Магамай нават яшчэ шчыльней прысунуўся да свайго карыта, зусім не зьбіраючыся дзяліцца з аднакроўкам ані кропелькаю дурнап’яннага зьмесьціва. Якраз у той момант, калі крыўдны хроп абдзеленага бражкаю вепручка зьбіраўся перейсьці ў зацяглы ды невыносны віскат, Грыська вырваў з Марылькіных рук бутлю й бабохнуў амаль усю тую бражку, якая там яшчэ заставалася, і ў ягонае пустое карыта.

Вепручкі, задаволена прыцмокваючы ды лагодна ўзрыгваючы, захлябталі бражку ў два лычы.

Грысь аж трохі аслупянеў, так яго мілоціла гэткае ідылічнае вепручынае паеньне. Урэшце ён адарваў пагляд ад чорнага вуха Магамая, крытычна ды заклапочана акінуў ягоную ўсю сьвінячую паставу. Пасунула бровы адно на адно й Марыля:

—Ну, што?..

—А чорт яго ведае! Здаецца, не бярэ…

—Яшчэ дабаў…

Грысь перакуліў бутлю, але адтуль выцекла ў карыта Магамая толькі некалькі кропель каламутнае астатняе жыжкі. Здаволены хмельным пітвом вяпручок усярбнуў і гэтыя кроплі, зноў задраў лыч угору, відаць, патрабуючы саладжавага дадатку. Дадатку, аднак, болей не было ані макаўкі.

—Ну, давай, Магамайчык, давай! – імкнуўся паддобрыцца да жывёліны Грысь. – Ну!.. Што глядзіш? Не праняло ці што, чорт ты паганы!..

—Ня лайся так. Яшчэ ня пойдзе, — прашаптала Марыля, якая рабілася з кожнай хвіляю ўсё болей пераляканаю, бо ёй здавалася, што ў хаце даўно пачулі, як яны тут капошкаюцца, і зараз сам гаспадар Андрэй Шупейка выйдзе ды ўсмаліць ім так, што яны зарыюцца ў зямлю ня горай за таго ж паганага вепручка, якога не бярэ ні чорт, ня бражка.

—Я яму не пайду! – качнуўся раптам наперад Грысь, сам чапляючыся за загарадку ды пагрозьліва нахіляючыся ўніз, рызыкуючы зваліцца проста ў карыта Магамая. Той, адчуўшы знаёмы бражнячы водар, які зыходзіў ад Чаравячкі, таксама памкнуўся наперад і, патрабавальна рохкнуўшы, нават ускінуў пярэднія лапы на драўляную папярэчку, дзе й пасьпяхова зашчаміў іх. Тут Чаравячка, нарэшце, заўважыў жаданае. Маленькія сьвінячыя вочкі Магамая набрынялі цяжарам, пачалі налівацца тупым саноцьцем, рохканьне зь ягонай пашчы за кожным разам вырывалася зь нейкім прыбулькацелым прыдыхам, ён нядобра пачаў завальвацца некуды набок. Грысь, каб кабан не абрынуўся ўніз і не сапсаваў грукатам ужо немаленькай сваёй тушы ўсю іхнюю авантуру, здагадаўся зноў нахінуцца да загарадкі ды зноў дыхнуць сьвінчуку проста ў лыч. І тут здарылася неверагоднае.

Круглыя дзьве дзюрачкі на магамайскім лычы, прагна ўцягнуўшы пах сьмярдзюшнага гарыва з чаравячкавага рота, нпружана сьцяліся, выпрасталіся; вяпручок, стоячы на задніх лапах, рэзка памкнуўся ўверх і… раптам сашчаміў свае іклы на здубянелым грысевым твары.

—А-а! – зароў Грысь, не могучы крыкнуць на ўсё горла й проста заходзячыся калатуном ад шоку, болю й крыўды. – Ён мяне ўкусіў! Падла! Марыля!.. Ён мяне ўкусіў! – ціха галёкаў Грысь.

На дзіва, у той жа час ён яшчэ мог больш-меньш адэкватна ацэньваць абстаноўку, таму, не марудзячы, накінуў вяроўку на шыю Магамая, вышмаргнуў са сваёй завэзганае штаніны шырокую драную насоўку й, злосна мацюкаючыся, скамечыў яе камляком ды запхнуў вепручку глыбока ў пашчу. Пры гэтым ён нават не пасьпеў спужацца: а раптам падпоеная жывёліна храпнула б яго на гэты раз ужо за руку?.. Далей усё замільгацела ў тлумнае, замутнёнае калейдаскапічнасьці.

Вяпручок ацяжэла пачаў апускацца ўніз. Грысь, стараючыся не надта плявацца крывёю, па-малу адпускаў нацягнутую вяроўку, каб Магамай не загрукацеў на салому ўсімі сваімі рэбрамі. Марыля спачатку кінулася да дзьвярэй хлеўчуку, але пачуўшы грысева: “Загарадку!.. Загарадку адкінь, баба дурная!..”, памкнулася назад, непаслухмянымі пальцамі ўчапілася за бярвенца. Грысь пачаў асьцярожненька выводзіць за вяроўку кабанчыка, а той, не раўнуючы, бы наркаман-апушчэнец, упарта цягнуў свой лыч да твару Чаравячкі. Грысю нічога не заставалася, як раз-пораз хукаць на вепручка перапалам, пры гэтым са сполахам адразу ж адстараняцца, каб, крый Божа, гэтая вышкрэбтаная поскудзь ня зжэрла яму твар увогуле.

Калі яны выходзілі з хлеўчыка, то ў гарачцы нават не заўважылі, як другі кабанчык, марудна падламіўшы пярэднія лапы, раптам заваліўся на бок ды салодка захроп, прычмокаючы ў сьне, бы абпоенае парным сырадоем дзіця…

Вось і падворак.

Пад напорам набіраючага сілу вятрыска мітусьліва закачаліся ды кінуліся прэч даўжэзныя пад лямпачкаю-стоваткаю цені Чаравячкаў. Яшчэ адзін, больш прыземлены й не такі мітусьлівы, цень Магамая марудна пацёгся за імі сьледам… Грысь халадзеў ад роспачы: вяпручок усё болей п’янеў. І рызыка застацца зь ім, бяздухім ды нязрушным, проста сярод гаспадарскага дворыску дабаўляла гарачага поту на яго й без таго мокры лоб.

—Давай, давай, разграбай плот!.. – зацята вымаліў у Марылі Грысь, падцягваючы вепручка да заваленага штыкетніку, які, праўда, і плотам назваць было цяжка. Марылька нечага закошпалася, тузаючы туды-сюды штыкеціны, і на свой гародчык Чаравячка ўвалок Магамая у амаль што непрытомным стане, сам ледзь-ледзь не аддаючы Богу душу ад нечалавечае фізычнае ды нэрвовае напругі. – Загароджвай, загароджвай! Рабі, як было!.. – яшчэ пасьпеў адкамандваць жонцы Грысь. І, губляючы апошнія сілы, не забываючы, аднак, пахукваць сівушнаю гараю ў сьвінячую пысу, якая, бы радар, строга паварочвалася на пах самагонкі, увалок-такі ў свае сенцы ўшчэнт ап’янелага Магамая.

Кабан спыніўся пасярод сенцаў, утаропіўся у абоіх Чаравячкаў тупым паглядам сваіх звужаных у непрасьветныя шчыліны вачэй, а потым, з рэдкім парохкваньнем ды вантробным мармытаньнем, перасычаным глухім булькаценьнем і перарывістым прысьвістам, неяк марудна й задаволена качнуўся спачатку ў адзін бок, затым у другі, і раптам коратка й рэзка зламаўся, усім цяжарам грымнуўся на падлогу, пасьпеўшы яшчэ задаволена рохкнуць, як астатні п’янюга, які кулем валіцца ў карчы, думаючы, што пасьпяхова дабраўся дадому…

І адразу за вокнамі перарэзала ноч маланка, страшэнна грымнула, а па ўсёй верандзе разьліўся магутны сьвінячы дух.

Такім чынам, ледзь не асноўная частка начное грысевае авантуры была пасьпяхова рэалізавана. Далей ў пляне няўрымсьлівага адурэлага Чаравячкі значылася спачатку забойства, а потым смаленьне вепручка ды поўная разьдзелка тушы.

* * *

—Зачыняйся, зачыняйся!.. – аж калаціла ўсяго Грыся Чаравячку. Ён хапаў ротам паветра, рукі гарэлі ад ўрэзанае вяроўкі, каленкі трэсьліся агіднай няспыннай трасучкаю.

—Вой, зачынілася я, зачынілася! – таксама якатала сэрца Марылі. Яна як стаяла, так і села на лаву. – І што цяпер?..

—Што?..

—Ну, што цяпер зь ім рабіць будзем?

Над хатаю зноў уперыла. Марыля падскочыла з лавы, памацала кручок, на які зачыняліся знутры сенцы, нібы ад удару грому той мог сам выпадкова адкінуцца.

—А бутля дзе?

—Якая?..

—Ты што, бляха, кінула яе там ці што?.. – толькі зараз Грысь заўважыў, што зь ягонай шчакі, так неабачліва падстаўленай пад зубы Магамая, па-ранейшаму цюрчыць юха, хоць ужо й не такімі буйнымі кроплямі, як раней. – Ёду дай!.. Ну, дык дзе?

—Што – дзе? – бы дурная, перапытвала Марыля.

—Дзе бутля, я пытаю!

—А-а! – нарэшце ўцяміла жанчына, што ад яе хоча Грысь. – Дзе я табе вазьму таго ёду? Во бутля, во! – высунула з-пад лавы невядома як і калі ўбаёданы туды посуд Марыська. – Што я дурная табе там яе пакідаць?..

—Можа й дурная… калі пытаеш… — адказаў хутчэй нейкім сваім тугатлумным думкам, чым жонцы, Грысь. Утаропіўшыся ў адну кропку на лобе нерухомага Магамая, ён тузануў зь цьвічочку стары завэзганы ручнічок, разадраў яго ўздоўж ды абы-як перахапіў ім шчаку, тым самым адразу болей пачаў нагадваць ушчэнт замудоханага пацыента зубное лякарні, чым начнога зладзюгу-сьвінакрада.

А думкі грысевы былі аб тым, чым жа й як ён пазбавіць жыцьця Магамая.

Можна было б, канешне, клясычна закалоць яго звычайнаю швайкаю, як гэта паўсюль рабілася й робіцца. Але не зусім звычайныя абставіны, што склаліся перад вынясеньнем канчальнага выраку гэтаму сьвінчу, таксама вымагалі адметных карэктываў. Таму Грыська адразу адмёў гэтакі спосаб марчаньня Магамая. Зноў грымнула, і ў голаў яму чамусьці адразу ўчаўплася думка, што добра было б скінуць яго з гарышча, каб бразнуўся ён усім сваім цэнтнэрам аб падлогу ды аддаў Богу сьвінячую сваю душу, не пасьпеўшы зразумець нават, што да чаго. Але ж і тут была невыкрутка: ня з грысевай, а тым болей не з марылькінай сілаю выпадала валакчы гэткае цяжэрства на гарышча. І таму Чаравячка вырашыў забіць вепручка так, як яшчэ не забіваў аніхто.

Грысь, круцячы ў руках вяроўку, з насьцярогаю наблізіўся да Магамая, прысеў над ім, трохі паслухаў, а затым, зь яшчэ большаю насьцярогаю, абвязаў вепручыную шыю, перакінуў два канцы вяроўчыны на розныя бакі. Марыля, здаецца, пакуль не зусім цяміла, што ён зьбіраецца рабіць:

—А што гэта ты?..

—Трымай! – толькі загадна гыркануў Грысь.

—Навошта?

—От, бабаўё дураломнае! А што я табе, калоць яго буду? Каб ён тут нам… Каб мястэчка – на ногі ўсё?..

Марыля зірнула на Грыся паглядам, нашмат страшнейшым за ранейшыя. Аднак моўчкі падалася наперад, моўчкі ўхапілася за вяроўчыну, усё гэтак жа неадрыўна гледзячы ў вочы Грыся. Той уладна тузануў за вяроўку, нібы лішні раз правяраючы яе на моц, загадна хітнуў Марылі:

—Давай!

І яны пацягнулі. Вяроўка напялася, твары Чаравячкаў заліліся суцэльным барвіньнем; пятля, што абхоплівала шыю Магамая, усё глыбей пачала ўрэзвацца ім у рукі, а таксама ў тоўстую вепручыную скуру.

—Ну!.. Ну!.. – заахвочваў і сябе, і жонку Грысь, ужо проста сіні ад натугі. – Давай!

—Не магу… — толькі прахрыпела Марыля, не выпускаючы, аднак, канец вяроўкі. – А!.. – пры гэтым ускрыкнула яна, прысядаючы над Магамаем, калі недзе зблізу хаты зноў добра ляснула.

—Яшчэ… трошкі… — ня горай за яе хрыпеў Грысь.

Да гэтага часу ўжо ўшчэнт замудоханыя, яны сабралі рэшты апошніх сілаў ды зацягнулі вяроўчыну, колькі маглі. У нейкі момант Грысю падалося, што справа вырашана: кабанчык, лежачы на баку, раптам увесь здрыгануўся, выпрастаў ды адразу падкурчыў пад сябе ўсе чатыры лапы, а з горла ягонага, перацягнутага намёртва, вывалілася спачатку абсьліненая грысева брудная насоўка, потым пачулася перачаўленае булькаценьне, геркаценьне; на шчэць парсючынага падбародьдзя паплыла з пашчы густая сьліна, а потым недзе з саміх вантробаў Магамая папёрла глыбінная хрыпата, якая вельмі нагадвала перадсьмяротную. Грысь для пэўнасьці яшчэ раз тузануў свой канец ды нарэшце адкінуў вяроўку:

—Усё, Марылька, капцы!

Марылька, якая сама ледзь не адчула напраўдзе, што такое “капцы”, раптам выказала абсалютна цьвярозую думку:

—Ты правер…

Грысь зіркануў на жонку, асьцярожна дакрануўся нагою да гладкае кумпячыны, неяк няпэўна прамармытаў:

—А што правяраць… Нажы давай.

—А як жывы?

—Ды які жывы? Ухадохалі мы яго…

Аднак уся змучаная постаць Марылі выказвала суцэльны недавер. Яна прысела над Магамаем, а потым хуценька апусьцілася на каленкі, прыклала вуха да ягонага жывата й пачала ўважліва ўслухоўвацца…

—Ну, што? – смыліла Грысю.

Марыля нецярпліва махнула на яго рукою, каб не перашкаджаў. Яна паслухала ў адным месцы, потым прыклала вуха трохі вышэй, а потым яшчэ вышэй. Затым адарвала голаў ад кабанячага пуза, няўцямна паціснула плячыма:

—А чорт яго ведае.

—Ну то нясі нажы!

Марылька была памкнулася зь сенцаў, а потым спынілася:

—Ты што, нясмаленага яго?..

Грысь утаропіўся ў марылін рот, нібы адтуль выперла такая лухта, якой яшчэ ня чуў цэлы сьвет. Аднак, пасьля хвіліннае развагі, ён зразумеў, што на гэты раз жонка мае абсалютную рацыю. На дзіва, нібы спэцыяльна чакаючы гэтага моманту, у куточку веранды хавалася тое, што трэба: там, прыкрытая дранай анучкаю, пад шапкаю густога пылу стаяла паяльная лямпа. Грысь ўзяў яе ў рукі, страсянуў пыл, пашалёхаў: унутры нешта плёхалася. Зьвіньціў маленькую накрыўку, панюхаў: у нос шыбанула рэзкім пахам бэнзыны.

—Запалкі давай! – загадаў ён жонцы.

Марылька крутанулася, выбегла зь сенцаў, хутка вярнулася назад з запалкамі. Дрыжачымі рукамі працягваючы іх Грысю, спытала:

—А як хату спаліш?..

—Ты, дурыла, меньш языкам мяньці!

—Ох, Грысю, глядзі!..

—Ды гляджу, не сьляпы ж, тваю маць!

І лямпа шуганула полымем.

Грысь лацьвей ўзяўся за ейную ручку, вольнай рукою ўхапіўся за лапу Магамая ды скіраваў полымя ў вепручыны бок. Але толькі гарачы язык агню лізнуў сьвінячую скуру, як Магамай дзіка рохкнуў, пераляканая Марыля, адначасова жагнаючыся й заціскаючы сабе рот, каб не закрычаць гэтак жа дзіка, падалася назад, а сам Грысь ледзь не бразнуў паяльную лямпу на падлогу.

—Ажыў, падла! – вычавіў скрозь зубы Чаравячка, гасячы лямпу. – От, паскуда! Ну й чым яго цяпер?..

—Вой, Грысю!..

—Што Грысю? Што Грысю?.. – паўтарыў раззлавана сьледам за ёю Грысь, і невядома было, на каго ён болей злуецца: на вепрука ці на жонку.

—Неяк бы канчаў ты зь ім, га?..

—Ну й як я табе зь ім скончу? Можа, скажаш яшчэ назад, туды, дзе быў, зацягнуць? Ці за хатаю закапаць?

—Вой, ня ведаю…

—Тады схадзі сама да Андрэя, скажы, што мы ў яго кабанчыка сьпёрлі!

—Ай! – адмахнулася ад яго Марыля.

—Вось табе й “ай”! Вечна вы, бабы, з лухтой сваёй!..

На гэты раз ня вытрымала ўжо жанчына:

—То ты так?! Ты бач на яго, баба ў яго вінаватая!.. Можа, гэта я цябе падгаворвала сьвіньню гэтую сюды валакчы?! Ці, можа, я вінаватая, што ты, дундук пасівелы, яе вяроўкаю засіліць схацеў?!.

Чаравячка раскрыў быў рот, каб хутка абрэзаць жонку, але якраз у гэты момант Магамай заварушыўся зноў. “Калі ён зараз ачомаецца, — маланкава пранеслася ў грысевай чарапушцы, — дык…” Што магло адбыцца сьледам за гэты самым “дык” – у ягоных мазгах дакладнага адказу не прагучала, бо вока наштурхнулася на нешта такое, што адразу зьмяніла гэты пачатак панічных развагаў. Грысь раптам убачыў тое, чым ён заб’е Магамая ўжо напэўна.

У тым жа кутку, пад тым жа пылам, з-пад якога ён хвілю таму выдзер паяльную лямпу, ляжала перавернутаю дагары лапкамі даўно згарэлая электрычная плітка. Аднак сама плітка зараз была яму без патрэбы. Яму трэба было толькі адно – электрычны шнурок. І Грысь, наступіўшы адною нагою на плітку, схапіўся за шнур ды йрвануў яго на сябе. Стары шнурок трымаўся ня надта. Таму ў наступны момант Грыська ўжо склаў яго надвое, падьдзеў зьнізу тым самым нажом, які прынесла Марылька, пакуль ён распальваў лямпу, агаліў з двух бакоў расшкамутаныя на ніткі канцы дроту. І, пакуль жонка канчальна ўцяміла, што да чаго, ён борзьдзенька падскочыў да разэткі ды ўваткнуў туды гэтыя самыя два дроцікі. Яшчэ барзджэй Грысь уваткнуў супрацьлегля канцы ў дзьве наздрыны магамайскага лычу, не забываючы, аднак, з асьцярогаю трымацца за ізаляцыю. Вяпручок рэзка торгнуўся, нават бздануў, і ў той жа міг засьмярдзела паленым мясам па-жывому.

—Ты што?! – вярэснула ціха Марыля.

—Што?!.

—Кінь дрот, кажу!

—А то што?..

—Кінь! – зноў паўтарыла Марыська, але не падыходзіла да Грыся й блізка.

—Ага, зараз!

—Заб’есься, дурніска ідыёцкае!..

—Вой, не мяньці! Мо ж, не забьюся.

—Пэўне, скажаш, што дротам гэным сьвінчо змярцьвіш?

—А то! – Грысь насьцярожана агледзеў кабанчыка. Той болей ня бзьдзеў і не варушыўся. – Гатовы!..

Але толькі апошняе слова зьляцела з вуснаў Чаравячкі, як Магамай пачаў хоць і ціха, аднак агідна, працягла, роспачна, проста-такі па-сьвінску адчайна павіскваць.

—Ах ты, падла! – пераможніцкі аптымізм хутка стлеў у нязьведнай цемры душы Чаравячкі. – Бач ты – жывое, сьмярдзюшэнства паскуднае!..

Тут Грысь стаў нешта тлумна прыпамінаць са сваіх, ужо недасяжна далёкіх, урокаў фізыкі. А менавіта прымроілася яму, што нібыта ў вадзе напруга электратоку ўзрастае, таму й маланкавы разрад у залеву такі небясьпечны…

—Вядро давай!

—Якое вядро?

—Рабое! Во, што на калодцы стаіць, з вадою!

І, не пасьпела Чаравячыха, у якой да гэтага часу быў зусім задураны голаў, ухапіцца за дзюралевае вядро, як Грысь вырашыў дакладна паўтарыць сваю электразабойчую апэрацыю, але ўжо з гідраўдасканаленьнем.

—Давай, сюды паднось! – тупнуў ён нагою побач з самуськім Магамаем. Марыля паднесла. – Стаўляй усутыч! – Марыля паставіла. А паколькі два канцы дроту па-ранейшаму былі ўтыцнутыя ў разетку, дык Грысю толькі й заставалася, што ўмакнуць канцы, побач зь якімі ён трымаўся за ізаляцыю, у ваду ды адначасна дакрануцца імі да рэбраў Магамая. Але на гэты раз ён не ўлічыў аднаго: што ягоная Марыська не пасьпее адвесьці руку ад вядзернае дужкі. Марылю ўрэзала токам так, што гаротная жанчына адразу пераламілася напалам. Твар стаў чорны, язык прыкіпеў да паднябеньня; ёй падалося, што рукі адарвала ці выкруціла за плечы.

Перапужаўся й сам Грысь: машонка сьцялася, на патыліцы валасы заварушыліся самі сабою.

—Марылечка! Ты жывая? – нейкім чужынскім голасам вычавіў ён зь сябе.

—Й-а-а… Я-а… Ты што? Ты што, вылюдак роду ты чалавечага?.. – хапалася шарарахнутая токам Марыля за сэрца так, нібы хацела яго вырваць ды выкінуць прэч.

—Марыля!.. – зноў равануў Чаравячка, і ў гэты момант у двары пачуліся нечыя прыцішаныя галасы…

Недзе за паўгадзіны да таго, як Марылю працяла навылёт электратокам, сусед Чаравячкаў зажытны куркуль Андрэй Шупенька нечакана прачнуўся ў сваім ложку ад занадта ўжо гучнастрэльнага ляскату грому. Ён трохі паляжаў, раз-пораз ловячы вачыма бліскавіцы за вакном ды думаючы, як моцна сьпіць перад пачаткам навальніцы ягоная, усё болей яму чужая, жонка Верка. Потым Шупеньку падумалася, што няблага было б выйсьці на двор. І ня толькі да ветру, а на ўсялякі выпадак праверыць сваю гаспадарку. І хоць Андрэю ня надта хацелася выпроствацца з-пад коўдры ды адрываць сваё ўпацелае цела ад гарачага жаночага боку, аднак перакат грымотаў прымусіў Шупеньку ўсё ж падняцца.

Ужо на ганку яму адразу зрабілася неяк трывожна. Яшчэ не разумеючы, адкуль і што ўзялося, ён, нават забыўшы справіць сваю малую патрэбу, адразу пашыбаваў да таго самага хлеўчуку, дзе кватаравалі ягоныя ўкормныя два кабанчыкі.

Першае слова, якое зьляцела з вуснаў Андрэя Шупенькі, як толькі ён сюды ўвайшоў, было далёка не лагодным. Другое было такім жа.

—Ну, лярвы! – не мог ніяк супакоіцца Андрэй. Спачатку ён ўвогуле падумаў, што нечая зладзейская рука мала таго, што зьвяла аднаго вепручка прэч, дык другога проста прыкончыла на месцы ды так тут і кінула. Ён са шкадобаю нахіліўся над нерухомым кабанчыкам. Сьлядоў гвалтоўнай сьмерці, аднак, нідзе не знайшоў. Тады ён прыслухаўся, прынюхаўся ды агледзеўся больш уважліва.

Кабанчык дыхаў. Але ледзь-ледзь, таму як спаў проста мёртва. І, на зьдзіўленьне, несла ад яго брагавітым духам.

Шупенька ўважліва стаў вывучаць месца вакол загароджы. Ягоныя пільныя пошукі хутка прынесьлі свой плён. Рэдкія невялікія плямы, якія вельмі нагадвалі барвовыя плямы крыві, вялі ад загарадкі да парожку і далей – ўздоўж усіх хляўчукоў-пунечак да падворку галотнага Чаравячкі…

І Шупенька, доўга не разважаючы, кінуўся ў хату да тэлефона.

—Ало, слухаю! – адказалі яму амаль адразу на тым канцы дрота.

На зьдзіўленьне Шупенькі, участковы міліцыянт Мікіта Стралкоўскі ня спаў. Хоць ужо павяртала на другую палову ночы, ён са сваім памочнікам Віктарам Малюком займаўся тым, чым і наканавана займацца ў такі позьні час нашым беззаганным службістам парадку. А менавіта – яны пілі горкую. Трэба сказаць, што гэтай самай горкай да трэйцяе гадзіны раніцы яны выпілі столькі, што ўжо ставілі па чарзе селядзец вэртыкальна на хвост і пад пісталетам прымушалі яго як мага даўжэй трымацца, зьбіраліся выходзіць на вулку паліць з табэльнае зброі па пустых пляшках, а потым хацелі ехаць да вядомае местачковае шалавы Мані Сікірыцкай рабіць міліцэйскі “шрубалёт” з Манькаю пасярэдзіне… І толькі рэзкі тэлефонны званок, які разрэзаў прастору прадымленае ўшчэнт дзяжуркі, спыніў усе іхнія высакародныя намэры.

—Ало! – зноў равануў у слухаўку старшына Стралкоўскі. – Участковы Стралкоўскі слухае!..

—Гэта я, Андрэй Шупенька, — адказаў усхваляваны Шупенька. – Вы прабачце, што так позна… Але, здаецца, у мяне былі злодзеі.

—Якія злодзеі? – няўцямна перапытаў Стралкоўскі, нібы пачуў скрозь слухаўку аб нечаканым візытанцтве Папы Рымскага.

—Ня ведаю. Але скралі Магамая…

—Якога Магамая?! – яшчэ болей зьніякавеў участковы міліцыянт, зусім адурэлы ад выпітае гарэлкі.

—Прабачце, вепручка. Гэта мянушка…

—Чыя мянушка?!

—Я ж кажу, вепручка. – Андрэй, наколькі мог, стараўся не губляць раўнавагі. Па першых рэпліках Стралкоўскага ён з жалем зразумеў, што міліцыянты п’яныя ў дупель. Але й ён сам наліваў ім сёньня надвячоркам, калі яны заехалі да яго пацікавіцца, ці няма якіх-небудзь лішніх праблемаў. І во на табе – праблемы зьявіліся.

—Якога вепручка?.. – усё сыпаў дурнымі пытаньнямі Стралкоўскі.

—Ды майго, майго!

—І што зь ім?

—Нехта зьвёў з хлява! Напаіўшы абаіх, як мне здаецца па паху, бражкаю.

Стралкоўскі няўцямна ўпароў вочы ў слухаўку. Памаўчаўшы, зноў паднёс яе да вуха:

—А ты што, праз слухаўку бачыш і пах можаш чуць?

На гэты раз ужо ўзламаў бровы Шупенька. Яны там у сваёй міліцыі ўжо зусім мазгі сабе адпілі ці што?..

—Ды кабанчыкаў маіх бражкаю напаілі, кабанчыкаў! І аднаго зьвялі.

—Куды?..

—А я ведаю! Вывялі з хлява й павялі!.. Але ёсьць сьляды.

—Сьляды?

—Так. Кроў.

Пачуўшы пра кроў, Стралкоўскі жэстам паказаў Малюку неадкладна зноў наліць. Малюк наліў. Старшына хлабяснуў поўную шклянку.

—А ты таго… не выдумляеш?

—Ды якое выдумляю?

—Ну, мала чаго. Можа, прысьніў чаго ці з бабаю… не таго…

І без таго засмучаны ўшчэнт Шупенька, пачуўшы пра бабу, раззлаваўся не на жарт:

—Слухай, Стралкоўскі, ты прыедзеш да мяне ці не? Тут кроў, кроў, разумееш ты гэта, міліцыянт доўбаны? Навальніца ж пачынаецца. Зараз змые к чорту матары ўсё!..

Стралкоўскі, відавочна пакрыўджаны на Шупеньку за “доўбанага міліцыянта”, проста зароў у слухаўку:

—Нічога там не чапаць! Неадкладна выязджаем. Чакай!

—Што такое, Мікіта? – перапытаў сяржант Малюк у Стралкоўскага, убачыўшы, як у таго чырвоныя вочы наліваюцца проста бурачыньнем.

—А х… хрэн яго ведае! Магчыма, забойства. – Стралкоўскі спрабаваў запхнуць пісталет у кабур, аднак ён, гадзючына, ніяк не хацеў туды ўлазіць.

—Ц-ю-у!.. – сьвістануў Малюк. А потым нечакана скрушна вырачыўся на Мікіту: — Дык, значыць, да Манькі ня паедзем?..

—Да якой Манькі?

—Сікірыцкай.

—Да якой Манькі?!. – роў Стралкоўскі. – Зьбірайся! Да Шупенькі выязджаем. Кабана ў яго скралі.

—Дык што: і забойства, і крадзёж?

—Там разьбяромся! – рыпнуў зубамі Стралкоўскі. І, наколькі магла дазваляць яму камплекцыя, паспрабаваў даволі жвава выбегчы зь дзяжуркі да машыны, аднак урэзаўся плечуком аб вушак дзьвярэй ды дакладна бразнуўся б на падлогу, каб ня верны памочнік Малюк, які аддана падхапіў сытага ды пьянога начальніка пад белыя рукі.

Праз якую хвіліну матор міліцэйскага легкавіку заравеў, і машына пад хвацкім кіроўствам сяржанта Малюка крывой куляю паперла ад дзяжурнае часьці да гасподы Шупенькі.

А яшчэ праз якіх хвілінаў пятнаццаць перапуджаныя Чаравячкі пачулі ў сваім двары прыцішаныя галасы. Вялікія непрыемнасьці ўжо стаялі на іхнім парозе.

Грысь хутка пазбавіўся ад здранцьвеньня. Яшчэ толкам не ўсьведамляючы, што ж такое робіць, Чаравячка падхапіў Магамая, калі можна так сказаць, пад пахі й павалок у бакавушку, у якой спачывала іхняя бядовая дачка Наталка. Марыля, як заўсёды, пасунулася за ім. Галасы за вакном пачалі набліжацца, часу на развагі не заставалася. Грысь адною рукою зьдзер коўдру з Наталкі, тая падхапілася на локці:

—Бацька, маці, вы што?!.

І якраз у гэты момант нехта пагрукаў у дзьверы.

Бацька ўмольна ўтаропіўся ў дачку праваламі сваіх вачэй:

—Ох, Наталка, маўчы. Маўчы й не гавары нічога. Адкінеш коўдру – пасадзяць!..

—Каго, каго пасадзяць? – а ўбачыўшы вепручка, проста самлела: — Каго вы сюды прывалаклі?

У дзьверы зноў пагрукалі. На гэты раз грамчэй.

—Бацьку, бацьку нашага пасадзяць, — зрабіўся адразу мокрым зморшчаны твар Марылі.

А Чаравячка прыклаў палец да вуснаў:

—Скрадзены ён, ясна? Тут… хай… пабудзе.

І Грысь пачаў уздымаць вепручковае цела з яўным намэрам пакласьці яго побач з дачкою.

Тая завішчала ўголас:

—Вы што, здурэлі? Прыбярыце яго адсюль!

—Маўчы, маўчы, дачушка. Ты пацярпі…

—Я вам пацярплю! Прыбярыце, а то з хаты ўцяку!..

—Наталачка, дачушачка, няма куды хаваць, – як магла, угаворвала яе Марыля. – Бацьку пашкадуй… Бо пасадзяць, дурня сівога! Хай пабудзе. Потым забяром.

—Крычаць буду! – выказала нежартоўную пагрозу Наталка.

Але тут ў дзьверы ўжо загрукалі проста шалёна. І Наталка, якая ўжо шырока ракрыла рот, адразу яго прыкрыла, так і не пасьпеўшы крыкнуць. Скарыстаўшыся гэтай замінкаю, бацька ўваліў-такі ёй у ложак нерухомае сьвінячае цела, і пляхнуў зьверху на іх абоіх шырокую коўдру якраз тады, калі Наталка яшчэ нешта прамычала, аднак пачуўшы зацятае матчына “Міліцыя!..”, спалохана зьнерухомела.

—Чаго доўга не адчыняеце, вашу маць! – злосьць так і перла са шлунак Стралкоўскага.

—Ды спалі мы, спалі, — наганяла на сябе, наколькі магла, сонны выгляд, Марылька. – Ці мала хто грукае. І пярун грукае…

—Я табе пакажу пярун! – міліцыянцкі чын скіраваў сваё пуза на пераляканую жанчыну. – Ну, дзе схавалі?

—Каго?

—Каго, начальнік? – перапытаў сьледам за жонкаю Грысь.

—Самі далжны знаць! – адрэзаў Стралкоўскі. А ягоны памочнік Малюк падцьвердзіў:

—Бо ня першы год замужам, я так палагаю?..

—Ды замужам, замужам, — пагадзілася Марылька.

—Ты адказвай па форме, калі цябе пытаюць, а не дуры галавы! – адрэзаў Малюк. – Сыгнал паступіў. – Ён рыгнуў. – Мы правяраем. – І пахіснуўся. – Дзе схавалі?

—Ды каго, каго? – абсьлюмачаны ражок хусьцінкі зноў нырнуў у марылькін рот.

—А то ня ведаеце, — сьледам за Малюком адрыгнулася й Стралкоўскаму. Ён паспрабаваў узьняць палец высока ўгору, але толькі й здолеў, што ўтрымаць яго на ўзроўні пуза. – Сьляды! Да вас прывялі, вашу маць!..

—Вой, ня лайцеся, вой, ня лайцеся, — зачасьціла жанчына. – Ня знаем мы нічога й ня ведаем. Якія сьляды? Куды прывялі?..

—Ну!.. – запытаў-падцьвердзіў жончыны сумненьні Грысь.

—Ты ня “нукай”, а хату паказвай! І падворак!.. – адрэзаў на гэта Стралкоўскі.

—Ды глядзіце, раз трэба, — зьмірыўся з непазьбежнасьцю Чаравячка.

І ўчастковы з памочнікам пачалі глядзець.

А паколькі самагонныя пары яшчэ трывала ўладарылі іхнімі целамі ды мазгамі, дык шмон атрымліваўся ў іх нейкі бесталковы. Міліцыянтаў адчувальна хістала. Перад вачыма ўсё плыло. Малюк “зь мясам” абарваў некалькі шафак на кухні, пакуль правяраў іхняе зьмесьціва, не на жарт думаючы, што Чаравячкі да гэтай пары ужо поўнасьцю разьдзелалі вепручка ды расхавалі яго па частках абы куды. Біўся посуд, зьвінелі пустыя вёдры, ляцелі дзяжурныя мацюганы. Трымцела Марылька, як нічога ніякага туліўся ў куточку Грысь.

—А там што? – паказаў Стралкоўскі на бакавушку й рашуча скіраваўся да яе, ледзь не перакуліўшыся праз бразнутае на падлогу вядро.

—А, там!.. — раптам запабег яму наперад Грыська. – Дачка там. Сьпіць яна.

—А мы гэта зараз праверым! – рашуча адстараніў Грыся Стралкоўскі ды шырока расхрыстаў дзьверы.

І трэба ж было такому здарыцца, што дакладна ў той момант, калі міліцыянцкі бот улупіў у дзьверы, хмялюга раптоўна пачала выветрывацца са сьвінскай душы Магамая. Ён, спачатку, праўда, ня гучна, зарохкаў ды зьлёгку заварушыўся пад коўдраю. Наталка хацела закрычаць, ускочыць і кінуцца прэч, куды глядзяць вочы. Але раптам, зусім недарэчы, у суцэльнае цемры пад коўдраю перад вачыма пачало зіркацець пагрознае слова “Саўдзельніца! Саўдзельніца!..”, і яна, глыбока ўбіўшыся зубамі ў сваю руку, вырашыла пакуль маўчаць, наколькі будзе хапаць ейных дзявочых сілаў. Невыносна сьмярдзела хлявом, жывым сьвінствам, перабрадзілаю брагаю. Другою рукою Наталка моцна сьціскала Магамаю лыч, каб ён, скаціна, не завішчаў на ўсё моц. Ясная рэч, гэта яму зусім не спадабалася. І тады ён пачаў тузацца больш адчувальна. Не магла ўлежаць на адным месцы й Наталка, вымушаная тузацца ў тахт рухам працьверазелага вепручка.

Здавалася, налітыя волавам вочы Стралкоўскага назаўсёды прыкіпелі да гэтай сцэны. Побач муляўся Чаравячка. У дзьвярох стаяў Малюк, спрабуючы празь іхнія сьпіны годна ацаніць абстаноўку.

—Дык кажаш, сьпіць?.. – прахрыпеў участковы.

—Ну… — як мог, цягнуў час Чаравячка. – Яна не адна.

—А хто зь ёю?!

—Жаніх прыехаў. Ну й пайшло… Зяць, значыць…

—Які зяць? То ж няма ў вас ніякага зяця!..

—Ужо ёсьць. Надвячоркам прыехаў.

—Што, надвячоркам прыехаў і ўжо жаніх?

—Ну… Ён раней быў. А тут прыехаў… Надвячоркам.

—Ох, Чаравячка, нешта цямніш!

Вепручок пад коўдраю нечакана часта-часта задрыгаў лапкаю. Наталка ледзь утрымала коўдру, каб тая не зьляцела прэч.

—Якое цямню? – стаяў проста мёртвы Грысь. – Бачыце, як… разышліся. І ня чуюць нават… Як хочаце, то правярайце. Але ня раю.

—Чаму гэта? – вырачыўся Стралкоўскі. Ён ўжо гатоў быў сам садраць коўдру ды глянуць проста ў нахабныя вочы гэтаму самаму жанішку.

—Чорны ён.

—Як… чорны?

—Ну… Як! Як негр.

—Які негр?

—Звычайны. Чорны. Альбертам зваць.

—Ты, падла, гавары талкова! – замахнуўся нежартоўна на Грыся Малюк.

—Я й кажу. Кяніец ён. Дыпламат…

—Ілжэш, пэўна?

—Ды каб я ня ўстаў! – збажыўся Чаравячка. – Зь Менску самога. Як што ня так – адразу крычыць: “Я ў АОН буду жалавацца!.. На парушэньне маіх правоў чалавечых!..”

—У АОН?.. – ледзь не ў адзін голас мармытнулі міліцыянты. Стралкоўскі, было бачна, ужо ня так рашуча намерваўся тузануць на сябе коўдру, пад якой упарта варушыліся Магамай, а сьледам за ім і Наталка.

А Малюк, памаўчаўшы, злавесна шапатнуў:

—А дзе ж ён адорву тваю падчапіў?..

—Ды гэта ня ён, а яна яго падчапіла. Як па Менску надысь гойсала. У тэхнікум не паступіла, ну, а гэтага, во, — падчапіла, – зноў натхнёна збрахаў Чаравячка. Яму нават падалося, што небясьпечныя міліцыянцкія абцугі бяруцца за яго ня так хвацка… І як толькі вепручок зноў тузануўся што твой налім у кашы, Грысь балюча штурхануў пад бок Марыльку: “Давай!”

—Ну, дзела маладое! Няхай адпачываюць!.. – адразу скеміла Марылька, чаго хоча ад яе Грысь. І ўжо сама лёганька ўзяла пад таўсматую ручку Стралкоўскага: — Ды хадземце ў прыбудовачку. Вы там яшчэ не глядзелі.

Цопкі нос участковага імгненна варухнуўся ў прадчуваньні нечага да болю знаёмага.

—У прыбудовачку?..

—Ну!.. Каб усё, значыць, абгледзелі. І супакоіліся…

—Супакойвацца нам няма як, — адразу напусьціў на сябе важнецкасьці старшына. – А прыбудовачку мы праверым.

І, хоць яму так і карцела ўсё ж упароць вока пад коўдру, каб, значыць, пераканацца ў наяўнасьці там на Наталцы ці пад ёю таго самага кянійскага дыпламатычнага нэгроіда, які так любіць скардзіцца ў ААН на правы чалавека, аднак захавальніцкі інстынкт зашкробся недзе ў ягоным чэраве, і Стралкоўскі мусіў падацца далей ад бяды. А заадно павалакчы за сабою й Малюка, які таксама нежартоўна западозрыў, што ў прыбудовачку Чаравячыха цягне іх не проста так…

—Ну, Наталка, ну, дачушка!.. – няшчасным сьмешыкам зачавіўся Грысь, як толькі бразнула клямка хаты за міліцыянтамі. – Век дзякаваць буду!

—А во вам вашае дзякаваньне! – доччына далонь аж прыкіпела да грысевае шчакі, так уляпіла яна яму адмашную поўху. Потым з агідаю адштурхнула ад сябе барухатага вепручка, ускочыла з ложка, хутка памкнулася да дзьвярэй.

—Куды ты? – паспрабаваў спыніць яе спалоханы Грысь.

—Пусьціце! – на ўсім скаку абмінула Наталка бацьку і коркам з-пад шампанскага выскачыла з хаты. А потым, чавячыся сьлязьмі, крыўдаю, чорнай зьнявагаю, паляцела, паляцела подбегам па начы цераз неабсяжнае жытняе поле, цераз пералесак ды балотныя чараціны, і болей Наталку пасьля таго ў мястэчку ніхто ня бачыў.

Між тым, у любую хвіліну маглі вярнуцца міліцыянты. Туманістасьць у галаве Грыські ўпарта не хацела праясьняцца. Некуды тэрмінова трэба было перахоўваць Магамая. Але куды, каб яму чорт рэбры лічыў?!.. У хаце ўжо не было як, гэта ясна. Не павалачэш і на двор, зграбуць адразу. І тут Чаравячка ўспомніў.

Ён успомніў аб сваёй старой матацыклетцы. Аб той самай матацыклетцы, якую ён заводзіў у апошні раз, мо, тады, калі яшчэ вазіў Марыльку дзеўкаю на таньчыкі-шманьчыкі ў местачковы клюб, і якая даўно стаяла зламанаю ў пунечцы. “Бляха, не завядзецца!..” – смыльнула ў галаве Чаравячкі. Але разважаць не было калі.

Ён падхапіў вепручка, як ужо некалькі разоў хапаў яго за гэтую праклятую ноч, і павалок. Павалок проста нахабна й адкрыта з хаты праз двор да пунечкі, молячы Бога й Марыльку сваю, каб яна затрымала ў прыбудове міліцыянтаў як мага падолей. Вецер раптоўна сьціх, і першыя буйныя кроплі ўпалі на зямлю й халоднай вільгацьцю – на грысеў твар. Яму пашчасьціла: з прыбудовы неслася гучнае гергетаньне Стралкоўскага й прыцішаны хрып Малюка, для якіх Марылька не пашкадавала апошні непрыкапаны трохлітровік.

Матацыклетка стаяла там, дзе калісьці кінуў яе Грысь: у кутку пад сенам, са спушчанымі коламі, з напалову разабраным рухавіком і завэзганай гноем люлькаю. “Не завядзецца, бляха!” – зноў здрадніцкай пстрычкаю стрэліла думка. Надрываючыся да кілы, Грысь увалок у каляску Магамая, так-сяк пачаў яго прыстойна ўсаджваць, нават нацягнуў моташлем, які, на дзіва, быў прышпілены да задняга сядала. Кабанчык, аднак, сядзець не хацеў. Ён, амаль што ацьверазеўшы, штосьці парохкваў ды наравіў выскачыць прэч.

—Сядзі, курва! – улімоніў кулаком яму ў лыч Грысь і ледзь сам не зароў ад болю: у кулаку нешта падазрона храснула, і каб сам Грысь у цемры мог нешта разгледзець, дык пабачыў бы, што скура на руцэ адразу счарнела. Магамай квікнуў, аднак на нейкі момант сьцішыўся. На дзіва, нешта бліснула каля сьвінячага азадку ў люльцы. Начны зладзюган-бедачына хапянуў гэтае блішчастае. Гэта была пакрытая шматгадовым пылам пляшка з нейкай вадкасьцю. “Самагонка!” – вокамігам скеміў Грысь. Ані не разважаючы, ён выдзер зубамі корак і глыкнуў з бутэлькі столькі, колькі здолеў за адзін раз. У пляшцы, аднак, была не самагонка.

“Тваю маць!.. Бэнзыны насёрбаўся!” – аж здурэў Чаравячка. Спрабуючы сплюнуць хоць трохі, ён адначасна ўрэзаў нагою па завадное лапцы, і… матацыклетка завялася, узраўла, затрашчала! Ужо ня ведаючы, што ён творыць, Чаравячка ўскочыў на сядала й вывернуў да канца газавую рукавятку.

Як толькі матацыклетка выбіла дзьверы з пунечкі й вылецела на двор, ёй насустрач кінуліся зь пісталетамі міліцыянты, відаць, пачуўшы яшчэ ў прыбудове ейнае мэталёва-скрыготнае ляскадрыньства.

—Стой! Куды?.. – ужо ня бачыў белага сьвету Стралкоўскі, якому з кожнаю хвіляю ўсё цяжэй было перамяшчаць у прасторы сваё напітае чэрава. Здавалася, ён вось-вось заваліцца сам у якую пуню на сена ці, на горшы выпадак, у салому, каб захрапсьці там на суткі ці болей…

—Як, куды? – Грысь ледзь не пераехаў хромавыя боты Малюка. – Ня бачыце – кума дахаты вязу.

У чарапку ўчастковага а заадно й ягонага памочніка рабілася нешта страшэннае. Дакладней, там толькі драбабохала лядашчая матацыклетка, а болей… Ну, хіба яшчэ мільгацелі нейкія нэгроіды, скрадзеныя дыплёмы ці дыпламаты, местачковая поп-зорка Маня Сікірыцкая, селядцы з чакалядамі, неабсяжнае мора самагонкі, у якім плавалі жывыя індыкі да засмажаная парасяціна, ладна ўхвошчаная цыбуляю, кропам ды хрэнам… Яны спрабавалі добра ўгледзецца ў твар грысевага кума, але бачылі толькі нейкае зарослае шчэцьцю мурло.

—Штосьці ён у цябе… на чалавека не падобны, — зрок глыбакадумна Малюк.

—Дык вочы гарэлкай заліў. Сьвіньня!.. – злосна дыхнуў бэнзынавамі парамі Чаравячка на непахісных службоўцаў. І, не чакаючы болей, пакуль яны ад гэткага дурнавенства так-сяк абмыляюцца-прадыхнуцца, урэзаў па газах.

—Стой! Стой! Страляць буду!.. Спыні мацыклетку, сволач!.. – адразу некалькі сухіх пісталетных стрэлаў ярка смыльнулі за сьпінаю матацыклетчыка.

Выбегла з прыбудовы на стрэлы Марылька й адразу звалілася, апусьцілася ў непрытомнасьці ў гразь каля хаты…

Але выперла матацыклетка з двара. І паперла, паперла яна па вуліцы, а потым ужо па шашы, звозячы ў невядомае Грыську разам са скрадзеным гадаванчыкам Магамаем.

Навальніца раскашавала ваўсю. Пярун біў нежартоўна. Грысь нічога ня бачыў, але ўпарта выкручваў газ, і толькі сьцяна вады злучала неба зь зямлёю – справа, зьлева, паўсюль. Кабанчык квічэў, тузаўся, лупіў капыточкам, куды толькі траплялася. І ўсё ж, падлюган, сядзеў, глядзеў паперад сябе у ноч, не раўнуючы бы той пан міністар, якога вязуць на прыём у ангельскую амбасаду.

Раптам дакладна над матацыклеткаю вырвалася з чорнага воблака расшкамутанай зьмяёю маланка, і сьмяротнаю немінучасьцю дакладна й трапна пацэліла ў голаў Грыся.

Але Грысь не памёр адразу.

Ён успыхнуў, бы тая паходня, запалаў рознакаляровым полымем, у якім было ўсё: і закурэлая поўсьць, і первачына, і чалавечы лой, і нафтапрадукты, ды, выдыхаючы апошняе паветра з грудзей, мёртвай хваткаю ўчапіўся ў руль матацыклеткі.

І ляцела яна з прабітымі коламі па шашы скрозь навальнічную ноч; разрываў залеву палаючы нерухомы вершнік, і ў страшэнным віскаце заходзіўся ў люльцы ні ў чым ня вінны вепручок, якому шлем зьехаў на самы лыч, назаўжды перакрываючы вольны подых…

Люты-сакавік, 1999 г., м. Кобрынь