Клім Пустэча, добра ды смачна пасьнедаўшы, перахапіўшы пры гэтым грамаў трыста ці нават чатыраста першачку, выйшаў са сваёй хаты ў двор, гучна пашкрэб жывот, голасна адрыгнуў і раптам убачыў, як за суседзкім плотам проста на грушы боўтаецца на вяроўцы, непрыгожа высалапіўшы счарнелы язык, ягоны даўнейшы кум і прыяцель Янка Несамавіты. Кліму аж стала млосна, так уразіла яго гэткае ранішняе відовішча.
—А Божа ты мой! Божа ты мой! – усё прыгаворваў ды прыгаворваў Клім Пустэча, ад вялікага хваляваньня забегаўшы па двары ды замітусіўшыся па прыбудовах, усё нечага шукаючы й ня могучы адшукаць аніяк. – Ну хто ж так… Ну хто ж так, а каб ты здох!.. – сплюнуў зялёнай саплёю ён, калі нарэшце знайшоў тое, чаго так упарта шукаў.
А знайшоў ён амаль такую ж вяроўчыну, на якой ціхамірна раскачваўся нябожчычак Янка, хіба толькі ў разы тры даўжэйшую. З гэтай самай вяроўчынаю падзёрся на дах свае хаты, там прытарочыў яе да цаглянага коміну, і – оп-ля! – хвацка скруціў-зладзіў адмысловую пятлю-пэлечку, з размаху сунуў у яе голаў ды ступіў некалькі крокаў на край дахоўкі…
Пачуўшы дурны сьцяты крык, Ахрэм Цьвік кінуў лыжку ў пустую поліўку, у якой калупаўся да гэтага без кольвек якое ахвоты, выбег таксама ў двор ды ўбачыў – што зьлева што справа – у суседзкіх сядзібачках ужо нежывых Янку ды Клімку – двух самагубных вісельнікаў.
—От дурныя! От, дур-рныя! – аж зацягваўся сьлінаю да смакаваньня Ахрэм. Яшчэ трохі паўзіраўшыся ў апухлыя, расплылыя твары богу аддаўшых душы суседзікаў, Ахрэм Цьвік тузануўся ў пунечку, нечым там бразнуўшы ды ляскатнуўшы, выскасчыў адтуль з крывою касою ды нейкаю жоўтаю бляшанкаю. У бляшанцы быў звычайны мазут. Загрэбшы яго добры жмутак, Цьвік мазануў ім па голае шыі, прымерыўся як мага лацьвей адкляпанаю ды войстраю што твая брытва “літоўкаю” і… Расістая трава ля прызбы яшчэ болей стала расістаю ад шчодрае, ліпуча-дымнае барвяністасьці.
Сям’я Дрэвазубчыкаў нават не выходзіла з хаты. Ускалмачаны мужык з развэрзанаю жонкаю ды перамурзанымі дрэвазубчанятамі, што вечна глыдалі, ня могучы наталіцца, займшэлыя цьвілыя сухары, млява па чарзе вызірнулі ў вакно, нешта самі сабе толькі прамычалі й, пазаганяўшы ў шчыліны на раскірэчным стале старыя, крывыя відэльцы, проста гваздануліся на іх сваімі галовамі-галавёначкамі…
Юрка Хітры, які зайшоў да іх, каб пазычыць сякерку, таму як ягоная надта затупілася, хоць усе ведалі, што ён проста яе занадта беражэ й лішні раз ня высячэ нават сухастоіну, пабачыў вышэйзгаданы самаразбор, тут жа забыўся на сякерку, пляснуў сабе па лытцы ды пабег на край селішча, дзе месьцілася закінутая лесапільня. Там ён тузануў на сябе рубільнік, крутануў рукавятку, ціскануў прысьцібку, і піла здрыганулася, загула, завішчала. Вішчаў і Юрка, калі па-жываму рвалі-шкамуталі бязжальна-уедныя зубы пілы спачатку яму адну руку, затым другую, а потым і не вішчаў ён ужо, бо зваліўся ад шоку проста голым тварам на цыркулярку, а яна зрабіла справу сваю дакладна, разьмерана й тупа.
Не пасьпела як сьлед разднець, як жывымі ў паселішчы заставаліся толькі двое: Грынь Боўдзіла ды Міхал Шпакоўскі. Першы бегаў ад хаты да хаты, рачачы на ўсіх вочы ды рвучы на сабе валасы, а другі сядзеў спакойна на парозе свае хаты ды глыбакадумна зьбіваў развалены ад занадта доўгага выкарыстаньня драўляны зэдлічак, жуючы самасад.
—Усё кляпаеш?!. – ледзь не самлеў упараны Боўдзіла, калі ўрэшце дабег і да Міхала.
—Б-гу… — нават і кашлянуць Шпакоўскаму было занадта лянотна.
Тады Грынь трасучнымі рукамі рвануў на сябе зэдлік, грабануў ім аб плот ды яшчэ ляснуў па абломству для большае пераканаўчасьці голаю пятаю.
—От, бля, кляпaка! Ты хоць знаеш, што вакол робіцца?!
—Кхм! Кр-ха!.. – суха перхануўшы, узьдзеў вочы Шпакоўскі на Грыня, нібы на сапраўднага дурня.
—От табе й “кха”! – басотны Грынь дробна-дробна заперабіраў нагамі ды сходу зачaхаў-забалабоніў: — Усе ж пайшлі!.. Усе, як адзін, бля!..
—Куды… Пайшлі?
—Туды!! – узьдзеў угару брудны, абгрызены палец Боўдзіла. – Прычым, чуеш, Міхал? – самаахвотна!
У вачах Міхала з напругай варочалася туга й незразумеласьць. Ён нават перастаў жаваць табаку.
—А я табе раскажу!.. Не! Ты сам лепш прайдзі! – усё часьціў усхаломшаны Грынь. – Мацьвейчыкі ляжаць, электрадротам абмотаныя! Усе, радком!.. Яшчэ ўздрыгваюць!.. Палашка Гарачава ў сячкарню голаў – чах, чах! – і гатова!.. А Піліпка Кацюбкін – і сябе, і сямейства ўсё – па кавалу свайму ж кныру скарміў!.. Таратайкі зварыліся, Манюха Сідорчык тры тэрмомэтры ртутных зьела, стары Стас на кале сядзіць, Кузьма Анохін з бульдозера – і пад гусень – ж-жа!..
—Ну-м?… — зноў мыкануў Шпакоўскі, углядаючыся з болем у разьбіты адкінуты зэдлічак.
—Ну што, што “ну”? – аж падскокваў перад ім босы Боўдзіла. – Ня ясна табе, ці што?..
—Што? – ня ведаючы куды дзець рукі, Міхал асьцярожна выцер іх аб белае крысо хатняе кашулі.
—Што? То ж, таго!.. І нам!.. Раз такое пайшло, значыць!
—Куды… што пайшло?..
—Ты дурны, дурны? – замахаў маленькімі кулачкамі перад тварам Міхала перакрыўлены Грынь. – Не разумееш быццам!..
—Ідзі адсюль, — толькі й сказаў насустрач ягоным скокам Шпакоўскі.
—Ага! Так табе, значыць, болей трэба?! Так?.. Т…т… — шукаў і ня мог падабраць слова Грынь. – Куркуль ты! – раптам зноў наскочыў ён, бы той абадрана-харобры певень, на Міхала. – У-у, куркуліна! Разумным хочаш быць? Р-разумным? Ну то глядзі, разумнік!
І Грынь Боўдзіла апараным ракам выдзерся прэч з двара, бразнуў весьнічкамі ды з усяго размаху пляхнуўся пузам у брудную калюжыну. А там, стоячы пасярод вокраччу, пачаў хутка глытаць, лыкаць, засёрбвацца сіне-глейкаю гразёю. Ён зачэрпваў яе прыгаршчамі, ён глытаў яе й глытаў, страшна ды праклята перхаючы, кашляючы, зблёўваючы ёю назад у лужыну, аднак зноў і зноў зачэрпваючы ды ушчэнт забіваючы сабе рот. Вось мулкі, вільготны пясок поўнасьцю заляпіў Грыню горла, і ён, абхапіўшы рукамі шыю ды жудасна засіпеўшы, толькі ўтаропліва вырачыў у калюжыну вочы, якія вось-вось мусілі вылузацца ва ўскалмачаную ім жыжку ды патануць там ужо назаўсёды.
Міхал нейкі час тупа глядзеў на яго, а потым, нібы крадучы нешта, нібы робячы штосьці страшэнна забароненае, падцягнуў да сябе нагою, падняў зь зямлі раскурочаны зэдлічак ды пачаў ціха-ціха, асьцярожна-асьцярожна заганяць крываваты цьвічок на сваё належнае мейсца.
26-28 верасьня, 1998 г.