Касташ Дзяленьдзік, няйпярвейшы ў мястэчку рыбар і непітушчы мужчына, даўно прымерваўся да гэтае сажалкі. Ня тое, каб рыбы было там суцэльная прорва ці месьцейка ціхае, непрыкметнае, па ўсіх кліматычна-прыродных паказчыках вабнае. Не, дрэвы вакол расьлі тут крывыя, трава – чэзлая, вада ў сажалцы была нейкая каламутная, і было вакол зусім не прывабна, а нават трохі й страшна. Рыбы ў сажалцы не было зусім. Гэта ведалі ўсе, хто кольвек уздумваў размотваць тут вуды ды закідваць іх што паблізу ад берага, што як мага далей ад яго. Акрамя чорных, утравелых карчагаў ці якое дурное жабіны, болей тут на кручок не траплялася анічога.
Але зь нейкай пары ў цёмнай вадзе бяздоннае сажалкі стаў мільгаць нейкі мірсьлівы цень, а на паверхні раз-пораз пляскала нешта цяжкое, уважыстае… Няйначай, старызны, пудовы самідла, думаў тады найпярвейшы ў мястэчку рыбар Касташ. А калі чуў гэты плёскат і раз, і другі, і трэйці, то сэрца ягонае проста заходзілася ў высакародным рыбарскім перагруку. Ясная рэч, ён ня мог трываць гэты іспыт бясконца. Аднак, колькі меў цярпеньня й сілы, адцягваў момант свайго патаемнага візытанцтва да змрочнае сажалкі ў глухім пералеску – і тым большае наталеньне магчымаю ўловістаю прыгодаю прадчувалася ім наперадзе. Праўда, да яго ўжо спрабавалі закінуць вуды ці нерат у гэтае чорна-сіняе водзіва, аднак траплялі гэтым нецярпякам толькі ўсё тыя ж ціністыя карчагі… А цень, між тым, мільгаў, а па вадзе ўсё нешта плёхала. Некаторыя нават пачалі пагаворваць, што, няйначай, тут нешта ёсьць ад нячыстай сілы: маўляў, сядзіць там які лысы чорт ці распусная вазёрная дзеўна ды толькі чакае, каб каго завабіць на самае дно з усімі вантробамі…
Гэткае дурное малаценьне няўтомнымі языкамі яшчэ болей разьвярэджвала цьвярозую душу Касташа. Урэшце, калі чарговы няўдачысты вудляр прыцёгся ад сажалкі з абарванымі гачыкамі й перамурзаным у чорны глей тварам, ды яшчэ, калі добра прыгледзецца, з зацятым сполахам у мітусьлівых вачах, ён ціха, але ўпэўнена сказаў сам сабе: “До!..”
І Дзяленьдзік Касташ пачаў рыхтаваць вуды.
Надвячорак дыхнуў вільготным цяплом у твар, калі ён зрабіў першы крок з хаты. Хрась! – зачапіўся раптам Касташ кішэняю брызэнтоўкі за ручку дзьвярэй. Ён няўдала тузануўся, шво паехала, разадралася яшчэ болей, і куртка адразу стала нагадваць ней-кае жаласнае драньцё. Стараючыся не памінаць чорта к ночы, Касташ ступіў уніз па драўляных сходах і на самым нізе няўдала падвярнуў левую нагу. Нейкую долю хвіліны ён вагаўся, ці не павярнуць яму назад, у цёплую заспакоенасьць хаты, аднак дурная рыбарская ўпартасьць адмяла сходу прэч усе ягоныя здрадніцкія сумненьні.
Да пералеску заставалася, мо, якіх мэтраў трыста-чатырста, як раптам проста перад вачыма мільганула нейкая жахлівая электрычная зьмяюка, адразу нешта бохнула, трэснула, і зь неба на голаў Дзяленьдзіка ды на ўсё навокал абрынуліся нястрымныя патокі залевы. Халодныя кроплі бязжальна хвасталі па голае шыі, па руках, па твары; бліскавіцы паласавалі паўсюдна неба, і Касташ ужо трохі нават панічна прыкідваў: ці спaліць маланка яго тут, у голым полі, ці жахне ў першае ж дрэва, да якога ён пасьпее дабегчы. Закрываючыся ад дажджу падхватнікам ды вудамі, ён то подбегам, то хуткай хадою неяк дапяў да пералеску й зашыўся ў густую папараць, каб аддыхацца…
* * *
Да сажалкі ён дадзёрся тады, калі дождж па-ранейшаму моцна малаціў па дрэвах. Пра якое сушэйшае ды зацішнейшае мейсца не было чаго нават думаць. Хіба што пад разрослаю густою алешынаю было хоць трохі лепей, чым паўсюль. Дзяленьдзік абтросься, бы ўшчэнт змакрэлы сабака, агледзеўся, змрочна сплюнуў у ваду ды пачаў раскручваць свае вудзільні.
Нясьцерпна хацелася закурыць. Ён палез у кішэню прыліплых да ног штаноў, дастаў размоклы пачак гарадзенскае “Пушчы”, паспрабаваў выкалупаць хоць бы якую цэлую цыгарэціну. Дарма: усе яны разьлезьліся-пачавіліся, і Дзяленьдзіку нічога не засталося, як з жалем адкінуць скамечаны пачак прэч. Тое ж было й з запалкамі.
Тады ён зноў ўзяўся за вуды.
Калі голыя гачыкі змрочна блісканулі ў срэбры дажджовае смугі, Касташа скалануў нэрвовы рагаток. Як каму, а яму ў гэты час ды ў гэтым мейсцы было ад чаго сьмяяцца: усе ягоныя прынады засталіся дома. Усё канфорыстае цеста ды параная груца, усе гэтыя чарвячкі-шыцікі, ладныя боблешкі маладзенькае бульбы – усё, дбайна запакаванае ды наладкаванае, засталося ляжаць забытым у сенцах.
А калі рагаток яго адпусьціў, Дзяленьдзік у поўнае адчаюзе ды з усяго замаху бабохнуў гэрманскім, ды толькі зараз нікчэмным вудзілам па сажалковае мутнасьці. Бабохнуў раз, а затым і другі, для большае пераканаўчасьці яшчэ й джвагнуў нагою па мокрае ўтравелае купіне. Яшчэ адна імпартовая вуда, што ляжала ўжо раскручанаю на берагавых чарацінах, раптам зьехала ў ваду, і не пасьпеў рыбар зразумець што да чаго, як яна пачала павольна адплываць ад берага. І тут цярпеньню Дзяленьдзіка прыйшлі капцы. Тым самым вудзілам, якое трымаў у руках, ён расьсек паветра ды добра-такі, нават з падгакваньнем, пляснуў па плывучае вудзе.
Яшчэ не разышліся ды ня зьнікнулі ў нябыце вадзяныя кругі, як раптам паплавок гэтай самай вуды рэзка пайшоў убок, абмі-нуў зялёную стрэлачку водарасьцяў ды зьнік-патануў у бяздонным чарноцьці.
Касташ вырачыў вочы, а затым як стаяў так і пляснуўся ў ваду (шчасьце, што ў апошні момант схапіўся за купіну чарацінаў, інакш вечным пакоем скончылася б ягонае цяперашняе рыбарства…), а затым учапіўся ў вуду, як чапляецца клешч у дурную авечку. Неяк вытрапеўшыся з вады назад на бераг, ён лацьвей перахапіў вуду ды тузануў яе на сябе ў халодна-узмакрэлым прадчуваньні. Лёска напялася, зазьвінела й… нават не зварухнулася. Гэта было ўжо сур’ёзна. Дзяленьдзік раскірачыў на беразе па-матроску ногі ды пачаў барадзьбу на сьмерць. О, які гэта быў кляс вуджэньня, які вышэйшы пілятаж на працягу добрае паўгадзіны ці болей! Няма такіх слоў, каб апісаць усё гэта. Хіба толькі сказаць, што куды там якому Хэмінгуэю зь ягоным Старым ды Морам!..
Пра нячыстую сілу Дзяленьдзік успомніў тады, калі лёска значна аслабла, і да яго зноў пачала вяртацца рыбарская ўпэўненасьць. Аднак ні мейсца, ні знаку не засталося ад яе, калі раптам з вады паказалася… О, хто паказаўся раптам з вады!
Карацей, праз яшчэ пару хвіляў наш адмысловы, мокры, упацелы вудляр сядзеў, ашалелы, на беразе бруднае сажалкі й з ашызьдзіненьнем уваччу разглядваў тое, што з такою ўпартасьцю ён выцягнуў-такі на сьвет Божы.
Сапраўдная, як можа быць сапраўдным жыцьцё, русалка сядзела перад ім на беразе. Так, вільготнавалосая, гладкаскурая й глыбіннавокая руцечка-русявачка.
Не пасьпеў Дзяленьдзік перажагнацца, як яна крыва-горка ўсміхнулася яму ды голасам, поўным крыўды ды болю, правуркатала:
—Ах, Касташ, Касташ!.. Што ты ж ты зрабіў, Касташ?!.
—Я… М-м… Кха! – мармытаў-чавіўся невымоўнымі словамі зьбялелы Касташ. – Адкуль ты ведаеш, хто я?..
—Адтуль і ведаю, — пакуль не зьбіралася палагоднець перад гэткім зухам-марухам русалка. – Ня кожнаму ўпаляваць мяне дадзена. А каму дадзена – няхай ахутаецца асьцярожнасьцю…
—В-вух! – аж страсянуў галавою Дзяленьдзік. – Ну нічога ж не…
—А ты зірні на мяне, — не дала дакончыць яму бядотная руцечка. – Добра зірні. Тады й зразумееш!..
І Касташ Дзяленьдзік зірнуў. Добра зірнуў, як яна й яму раіла. Ох, лепей бы ён адразу кінуўся ў ваду ды захлынуўся б у ёй назаўсёды!.. Праўда, Дзяленьдзік захлынуўся й без таго. Але не ў вадзе – у неабмежных, ва ўсепаглотных, у цнатліва-аквамарынных вачах русявачкі.
Канчатковы вырак быў падпісаны яму: без паперы, бяз судьдзяў, без нікчэмнага бляклага атраманту.
Аднак маўчаў Касташ, чакаючы, чаго ж яшчэ скажа яму русявачка.
—Як жа табе зараз ад мяне пазбавіцца? – памаўчаўшы, вымавіла яна.
—А… — сьцепануўся рыбар. – А можа, я й зусім не жадаю ад цябе пазбаўляцца? – сказаў ён ды сам бязьмежна зьдзівіўся гэтакае свае абсьмялеласьці…
—Не жадаеш? – здаецца, гэта толькі ўзрадавала русалку. – А не пашкадуеш?
—Дай падумаць… — раптам плямкнуў вуснамі Касташ.
—А ня думаючы?
—А ня думаючы – дык так! – і зноў буйныя кроплі гарачага поту зьбеглі па запалых шчоках Дзяленьдзіка.
—Ну, калі так… то так! – узьняла ў чарговы раз на яго свае маркотна-шалыя вочы руцечка, нібы зацьвярджаючы тое, што было падпісана хвіляй таму…
Усю дарогу назад нёс Касташ на руках сваю здабычу, кінуўшы на беразе сажалкі вуды, забыўшы пра іх, здаецца, ужо назаўсёды. І ўсю дарогу глядзеў ён у вочы русалкі, з жахлівасьцю разумеючы, што ніколі ўжо ня знойдзе ён адтуль выйсьця…
А калі прынёс і асьцярожна ўсадзіў на самае лепшае мейсца – на крэсла-качалку пасярод сваёй хаты, калі з хвілю глядзеў, як лагодна яна ў гэтым крэсьле качаецца-раскачваецца, толькі тады запытаў, бы дурны сарамлівец:
—Можа, скажаш, як зваць?..
—Ну, пэўне ж, скажу! – ізноў атакавала яго руцечка ўсьмешкаю зногзьбівальнаю.– Макрэнкай мяне завуць. Марусяй па-вашаму…
—Марусяй?..
—Ага. Дык давай…
—Што… давай? – зноў пайшоў буйным потам Касташ.
—Вып’ем давай. За знаёмства, — вочы Макрэнкі так і сьвяціліся зманлівым полымем. – Як прынята…
—Не! – рашуча матлянуў галавою Касташ. – Я ня п’ю.
—Што, зусім? – шчыра стала дзівіцца руцечка.
—Зусім. Цьвярозьнік я.
Было бачна, што апошнія словы рыбара Макрэнка яўна не ўпадабала. Яна нават перастала раскачвацца ў крэсьле й нахінулася да яго бліжэй:
—І нават дзеля мяне? Хоць кропельку? Хоць губку ўмакнуць?..
Касташу зусім не хацелася піць. У чарапку забарабанілі думкі: а як пакрыўдзіцца?.. а як у сажалку назад папросіцца?.. а як падумае, што я… дундук нейкі, а не мужык?.. а як… А вусны, між тым, самі сабою скрывіліся:
—Ды ў мяне й гарэлкі дома… нямашака.
Гэта, аднак, зусім не ўстрывожыла руцечку. Яна толькі на стол пагляд свой хітравата-спакусьлівы кінула ды прамовіла:
—Іншым разам і вадою калодзежнаю прычаркавацца можна. Каб толькі схацеў… Дык як? Вып’ем мы сёньня ці не? За знаёмства, значыць, для цябе й для мяне нечаканае…
І Касташ, як і там, на лесавым беразе, зусім не чакаючы такога-гэткага ад сябе, раптам рашуча рукою паветра расьсек:
—Вып’ем!
І яны насамрэч прычаркаваліся. Той самай вадою калодзежнаю, пра якую Макрэнка гаварыла, зь вядра ацынкаванага чарпануўшы.
Як толькі апошняя кропелька прабегла праз дзяленьдзікавы кадычок, як толькі пякучая гаркота нечувана-прыемна асмыліла ягонае непраалькаголенае нутро, і як толькі яшчэ раз акінуў паглядам госьцю сваю нечаканую, ён раптам аж закрыў твар рукамі ад сполаху.
Ух, якая гэта была прыгажосьць! Ах, якое вочаколеньне ды ўзрушэньне! У чароўнае туманістасьці сьвітаньня русалка выглядала, нібы… ён і слова ня мог падабраць, як яна выглядала! Вясёлкавым бляскам адлівала кожная лусачка, медзяны вадаспад доў-гіх кос хваляваў кожным сваім уздыхам-узрухам, ледзь-ледзь прыкрываючы, а болей адкрываючы красу ўсёй красы – русальчыны пругкія, зманна-салодкія персі, бы жнівеньскія набрынялыя даўкім сокам дулі, а рукі… вой, гэтыя рукі! Так і жадалася, каб сьціскалі яны вас у вабдымках сваіх да безваротнай сьмяротнасьці!..
Вядома, нічога такога на словах Касташ палоньніцы сваёй добраахвотнае не сказаў. Дый ня мог, бо раней ніколі нікому нават і не спрабаваў сказаць такое. Перад вачыма ўсё плыло, у дадатак нечакана яму гучна йкнулася. І ён толькі й змог, што вымавіць ціха-ціха:
—А можна… можна пацалаваць цябе, Макрэнка-Марусечка?
І яшчэ адна нечаканасьць звалілася на Касташа: ён заплакаў. Не пасьпеў ён дакончыць выраз свой, як бязгучныя сьлёзы пакаціліся па ягоных азызлых шчоках, ён пачаў размазваць іх сваімі рыбарскімі кулачыдламі, раз-пораз шморгаючы носам, бязьмежна шкадуючы й самога сябе, і жыцьцё сваё халасьцяцкае нікчэмнае, успамінаючы, як нечага саромеліся яго вечна дзеўкі на местачковых танцульках, як круцілі насамі, калі ён, набраўшыся сьмеласьці, загаворваў зь якой-ніякой зь іх на вуліцы, як хацелася плюнуць тады гэтым наравячкам у сьпіну, але замест гэтага ён толькі закідваў на плечы вуды ды цёгся рыбаліць плотак на возера…
Аднак вадаземная Маруська сьлёзаў гарачых ягоных, здаецца, нават не заўважала. Яна толькі кульнула чарговую чарачку калодзежнае аквавіты ды спакойна так у Дзяленьдзіка вочкамі стрэліла:
—А хату спаліш?
—Хату?.. Якую хату? – няўцямна вырачыўся на яе Касташ, і нават сьлёзы ягоныя, што так неспадзявана пырснулі, перасыхаць пачалі.
—Ну, вядома ж, не сваю. – У крыўдачцы лёгкае, руцечка брыво сваё вабнае на гаспадара няўцямнага ўскінула.
—А… навошта? – плямкаў той, нібы выкінутая на бераг рыбіна.
—Пацалаваць мяне хочаш?
Касташ маўчаў. Голаў мутнеў ды наравіў некуды паплыць ад яго прэч… Ён аніяк ня мог дапяць, як гэта так: за пацалунак нейкае дзівы падводнае – і падпаліць к чорту матары чужую хату?! Гэта ж дадумацца!.. У-у, вірлавоцтва нахабнае! От зараз палешняю як трэсьне ёй паміж броўкаў гэтых самых!.. Хутка з качалкі дагары нагамі перакуліцца!.. Ці дагары хвастом, чорт бы яе пабраў, машынальна падумаў Касташ.
Але й пацалаваць гэтае вірлавоцтва ух як карцела. Бо калі яшчэ… каб русалку… каб сапраўдную! Ім самім злоўленую!.. Вось гэтымі – во!..во!.. – рукамі! А то ж зноў – сьмяяцца пачнуць… Пальцам паказваць… Усялякімі словамі дурнавеннымі называць!.. Не, ня сьцерпіць такое Касташ, до, нацярпеўся!
Ён зноў узьняў вочы на руцечку.
Ай, вусны смакотныя! Ну, вішні ж марожаныя, ей бо! Ну, сучка зялёнахвостая! Ды ён, бляха, ня тое што хату – вуліцу ўсю, не! усё, на хрэн, мястэчка дымам здыміць, каб толькі да губак Макрэнкі дапяць!..
—Пасадзяць, — між тым, нібы сам па сабе вымавіў рот ягоны.
—Не пасадзяць, — зноў пачала качацца ў каталцы Макрэнка.
—Адкуль ты…
—Я зраблю так, што не пасадзяць, — не дала яна завяршыць, неадрыўна на яго гледзячы. – Ты толькі…
Дзяленьдзік ўзьняўся з лавы. Качнуліся ды некуды паехалі сьцены. Ён паспрабаваў схапіцца за тую, якая бліжэй, аднак пад руку трапілася чамусьці пустое вядро з лавы, падлога імкліва стала набліжацца да твару, і раптам рэзка скантачыла з Касташовай лабешняю. Вядро з бразгатам адляцела, пакацілася; Касташ паспрабаваў падняцца, зноў ухапіўся за гэтае самае вядро і, да свайго бязьмежнага зьдзіўленьня, скрозь туман ды невысахлыя 'шчэ сьлёзы, пабачыў, што яно да самых краечкаў нечым напоўнена. Раптам зь вядра яму ў нос ударыла рэзкім пахам газы (ці бэнзыны, што, урэшце, на той момант для Дзяленьдзіка значыла мала). Неяк карачачыся задам да сенцаў, ён пацёг за сабою вядро, пасьпяхова пераадолеў парожак, ды, са страхам адчуваючы на сябе ўсё той жа неадрыўны пагляд воднае дзівы, зьнік у магутных ранішніх промнях сьвітанку…
Ягоны сусед Зьмітро Каламіец згарэў наспрах. Дакладней, згарэлі наспрах ягоныя хата, пуня ды гаражык з навюткаю “Яваю”. А сам ён, жонка Дарота ды чацьвёра дзіцянятак саплівых уратаваліся проста цудам: калі дворышча шугала полымем так, што з хаты было ні ўвайсьці-ні выйсьці, ашалелы Зьмітро ўсё ж здолеў высадзіць знутры раскладанкаю вакно ды павыкідаць адзін за адным спачатку здурэлых ад перапалаху дзяцей, затым ужо непрытомную Дароту, а потым, ужо у палымнеючых портках, скочыў і сам… І спагасьнікі, і міліцыя, што прыехала на голае папялішча, прычыну падпалу адшукалі дружна ды хутка: дом загарэўся ад таго, што Каламійцава жонка ноччу курыла ў ложку. Здурэлы Зьмітро як мог даказваў, што ягоная Даротка ня ведае нават, зь якога канца запальваюцца папяросы, што й сам ён яшчэ падшыванцам забыў назаўжды смак табакі, аднак усё было марна. Довады ягоныя прызналі за пакрываньне роднае жонкі перад дзяржаўнымі ворганамі, яшчэ й уляпілі за гэта адпаведны штраф ды пазбавілі ўсіх страховачных выплатаў… І пацёгся чорны ад навалачы Зьмітро Каламіец з усім сваім саплівістым вывадкам ды брудным вузельчыкам на плячы ў гаротны сьвет-капейку…
Ужо цьвярозым вярнуўся наш фаховы рыбар дахаты.
Ух, і смакотную слодыч, ох, і вярэдзістае ўсепаглотнае змучаньне, казытна-жарсьлівае трапятаньне, галаватлумны, спапяляючы вір, халаднавата-мірсьлівую, невыносна-пругкую напятасьць адчуў дзяцюк, як толькі губы ягоныя крануліся русальчыных падманна-рэальных вуснаў. Яны смалілі, яны рэзалі, яны зацягвалі, яна пазбаўлялі волі й жыцьця, і Касташу здавалася, што гэтае непраўдзівае шчасьце ня скончыцца для яго ўжо ніколі.
Аднак яно скончылася, як толькі рука ягоная, нібы гадзюка да малака, сасьлізгнула з пляча Макрэны ды пацягнулася да русальчынае высокаўздымнае грудзі, што пад вадаспадам валасоў доўгіх, раскашовых, адліўных, зялёна-залатых хавалася.
—Не, мой коцік, не! – хоць і мякка, але рашуча Макрэнка яму вымавіла. – Гэта не тваё…
—А чыё? – зноў, як дурань, спытаўся Касташ.
—Нічыё.
—А… каб… Ну, толькі…
Касташ пайшоў потам. Гарачым, ёдкім, вочаедным. А Макрэнка толькі ўсміхалася.
—Можна, можна, сарамлівец ты мой упацелы!..
—Дык чаго ты?! – дзьмуў губы ў крыўдзе Касташ.
—Я – дык нічога. А ты, калі й упраўду гэтага хочаш…
Дзяленьдзік аблізнуўся. Верхняя губа трэснула. Адтуль нават высачылася маленечкая кропелька крыві. Аднак ён не адчуў болю, нават сам прыкусіў пякучую ранку.
—Хачу, Макрэна. Так хачу, як…
—Ціха, ціха, — прыставіла палец да сваіх барвяна-каралёвых вуснаў руцечка. І сама голасам яшчэ болей сьцішаным адно толькі слова вымавіла: — Золата.
—Што – золата? – ня ўцяміў Касташ.
Аднак палоньніца ягоная, зь якой цалаваўся ён толькі што не на жыцьцё, а на сьмерць, маўчала.
А грудзі русальчыны вабілі, грудзі сьвятлом месяцовым, варожба-туманным сьвяціліся, грудзі дыхалі пахам казытных водарасьцяў ды халвы, што патакаю медавічнаю пад рукою цячэ-расьцякаецца…
Дзяленьдзік адступіў на крок ад Макрэнкі. Колькі ж начное вільготнае магіі было ў ейным перакуленым позірку!
—Скрасьці ці што? – здаецца, уцяміў Касташ.
Макрэнка маўчала. Маўчаў і Касташ. Нарэшце, ня вытрымаўшы, ён вычавіў зь сябе нейкім пеўнічкавым фальцэтам:
—Ды ў местачкоўцаў нашых таго золата й няма ў нікога!
Русалка нібы не пачула. Яна ўзьвіхрыла яму няскорныя кучары ды ў лабочак узмакрэлы, успацелы пацалавала:
—Мне местачкоўцы твае… У банчочку яно, золатка ты маё, у банчочку. І шмат… Вось усё й нясі!..
—Ну, ты й!.. – толькі й здолеў дыхануць ёй у твар Касташ. – Там міліцыя, матацыклеткі, сыгналізацыя!!!
—Ты рыбар? – толькі спытала на гэта Макрэнка.
—Ну! – быў рашучым ўзмах галавы Дзяленьдзіка.
І зноў прамаўчала руцечка. Толькі вуду ягоную апошнюю тэлескапічную, што ў куце зачахлёнай стаяла, яму падала ды, да рукі раптам даткнуўшыся, нібы высакавольтнаю электрычнасьцю апарыла.
—Ну, дык на тое й сабака, каб зайца… — і, не дагаварыўшы, уголас свой зманна-здрадніцкі засьмяялася.
Усю ноч нешта мантачыў-кляпаў у каморцы пры газьнічцы Касташ.
Макрэнка, расьцягнуўшыся ў ягоным пуховым ложку, салодка спала, доўгі зялёны хвост пад сябе какэтліва падвярнуўшы, і невядома, ці чула яна, як ціхенька пагрукваў у каморцы малаточак, нешта патрэсквала, а са шчыліны на хату цягнула куродымам, камфораю, шкыпінарам…
А раніцою наступнага дня на галоўным местачковым пляцы, дзе розныя канторкі мясьціліся, у тым ліку й банчок маленькі, але зажытны, нешта з грукатам зубадробным ляздырбохнула. Пакуль усе зьбягаліся паглядзець, шарарахнула яшчэ раз, і сьцены банку ціха аселі, нібы крохкае пясочнае печыва. На шчасьце, нікога не пазабівала.
Ясная рэч, крыкі, енкі, праклінаньне сьвятых мацярок да голага пуза.
Напамажаных, кудзерыстых службічак банку як змыла. Сыгналізацыя раўла, матацыклеткі трашчалі, міліцыянты хапаліся за пісталеты. А чорны Касташ, карпечачыся ды клянучы нябёсы, гроб у падвале расшароханага банчочку якія былі залатыя зьліткі ды ўсялякае грошыва ў старэнькую парэпаную валізу. Так-сяк яе наладкаваўшы, ён прыкрыў валізкаю твар і бачком-бачком – падаўся, зьбіваючы ногі аб цагляністае крошыва ды арматуршчыну, прэч ад заклятна-закалотнага гармідарыску.
І ніхто не заўважыў Касташа-бамбамётчыка, ніхто ня даў рады ягоным золаташкурным памкненьням… Толькі адзіны жапасты маляка крычаў на чым сьвет “Дзядзька крадзе! Дзядзька крадзе!..”, ды нехта з разважна-ачумелых дарослых хутка даў маляку па карку.
У той жа дзень кіраўнічага банку Матлоха Скрыпніка арыштавалі. І таго ж дня вечарам зьняслаўлены Матлох павесіўся ў камэры папярэдняга сьледзтва, падраўшы на тое ўласныя нагавіцы.
—Ото ж! Золата тваё!..
Валізка бразнулася да ластападобнага хваста Макрэнкі. Вочы ейныя ўспыхнулі на ймгненьне вугольямі пьянотна-жарымі, але стухлі адразу, нібы начная мірсьлівая фэерычнасьць. Яна толькі паманіла да сябе Касташа адзіным гразьліва-дурасьлівым ківочкам, трошкі падалася сама да яго ды расхінула-адкінула з грудзей косы свае вадаспадныя…
І згарэў Касташ у пацалунках купалкі-руцечкі, да персяў жывічных прыціснуты, іхным пахам цнотным, а болей барбарскім дышучы, на ўладараньне галавазломнае, сэрцаразрыўнае, крывапеннае яму адданых.
Ён гладзіў і ціскаў іх, пакрываў даланямі й зноў адрываў, ня верачы вачам сваім, ён вадзіў па іх пальчыкам, лёгка дакранаўся да пругкіх, напятых сойчыкаў, гэтых цудовачак-вінаградак-разыначак, і трапятаў, трапятаў!..
—Ну што, ці шчасьлівы ты? – спытала яго Макрэнка-Марусечка, калі дурная азяблівасьць трохі стала адпускаць Дзяленьдзіка.
Той толькі маўчочкам матлянуў галавою ды зноў да грудкі цытрынкаскурнае, вінна-чарнае пацягнуўся. Ён патанаў, ён шукаў шаленства ды згубы; і згуба накотвала, засмоктала, ашаломхвала, і на волю прасілася нешта большае, невымернае, словам банальнейшым не выказальнае…
О, што прасілася на волю з разьятранае, зь петляў рыпучых сарванае, з гора-горкае душы Касташыка! Ды ня мог ён нават падумаць, уявіць ня мог нават гэта мазгамі сваімі затлумнымі, толькі болей вочы заплюшчваў, баючыся прызнацца сабе ва ўсеахопным, жарапальным жаданьні. Яго нават не турбавала, што ня мае Макрэнка звычайных дзявочых ног, ужо ж тое, што трэба, у яе ў наяўнасьці, спакойныя будзьця, панове!.. А калі ўжо ў наяўнасьці, то ён як-небудзь ухміхторыцца, ачоліць, ня схібіць. Але баяўся ён рота раскрыць, ня тое што каб… значыць… чаго большага…
А руцечка зайшлася сьмешыкам ціхім, напятыя нэрвы казычучым, — яна да ўсяго даўмелася, ласавачка вазёрная!..
—Бач, куды цэліш ты, рыбарочак ты мой прыўлашчаны! – яна й сама глытала яго без вынятку сваім люта-сьпешчаным, жарым паглядам, і грудка пад рукою Дзяленьдзіка трапятала, бы ластаўка ў кіпцюрох ката-мясаеда.
—Я… Ня цэлю я… — мармытаў, употай абзываючы сябе апошнім здыхлам, Касташ. – Я б таго… толькі… Ну, ня ведаю, як і ска… — І раптам выперла з грудзі ягонай на волю вольную: — О, Макрэнка, Макрэнка!..
—Што, Касташачка? Млосна?..
—А то ж! Я мужык табе ці хто, як-ніяк?!.
Русалка схавала ў вуснах сваіх крывы сьмешык ды тваніста-зманнаю безданьню на Дзяленьдзіка патыхнула:
—Ну, а калі мужык…
—Што?.. – ушчэнт нямогся Касташ. – Толькі скажы!.. Усё!.. Ей бо, усё, — пальцы адрэжу, абразы пасяку, печку грашыма распальваць буду, толькі ж… Макрэнка!.. Маруська мая ж ты мілая!..
—Пальцы рэзаць ня трэба…
—А што?..
Русалка зірканула на яго з-пад ілба. Адхінулася:
—Кроў мне трэба незамужняе ўдавічкі. Толькі цёплая, яшчэ не астылая…
Касташ раптам адчуў, як макрэе ягоны пуп. Ні слова ня кажучы, ён, ня гледзячы, чарпануў карцом з таго самага вядра ды хлабяснуў ломкае вадкасьці неадрыўна, прагна-неспатольна…
І зноў усё паехала прэч.
І ў тую ж хвілю ён раптам ведаў, да якое кабеціны заваліцца ў хату, як зробіць усё, каб шыта ды гладка, як вернецца зноў сюды, да шалапутнае Макрэнкі сваёй, і ўжо пад крываўку тую парыстую, неастылую – спаміж імі – ух! – усчнецца, зажарыцца, заіскрыцца…
І ня памятаў ён, як збрыньдзіўся з хаты. Цяжэзна потым успамінаў, як на край вулкі імя першага савецкага касманаўта Гагарына заваліўся. Як у дзьверы ўдоўкі Соні Марцылецкае пашкроб. А яна, не пытаючы, адчыніла. А ён у сенцы ўзвалокся, за сабою клямкаю бразнуў і, што пад руку патрапіла, а была тое драўляная каталачка для бялізны, Соньцы, якая й рота не патрапіла раскрыць, разоў з дванаццаць ці болей так-такі па галавенушцы й убабохаў.
І кроў цёплая, яшчэ не астылая, пырснула; а на згукі пабоішча сьмертазабойнага выпер чорт з гасьцёўні ўдоўчынае суседку, што крупадзёрку пазычаць прытупала, ды трое ейных унучкаў, якіх сын зь нявесткаю са сталіцы на лета падкінулі, і якіх яна за сабою да Марлецкае пацягнула, гарохам высыпалі… Не пасьпела кагалішча гэткае ў лямант ратунскі кінуцца, як пайшла гопаць-чвэхаць каталка ў крывавых руках Касташавых і па іхніх хрумстачных макавіначках.
Набраў прыгаршчу гарачае, іртутна-барвовае юхі Касташ, кінуўся назад да Макрэны. А яна ўжо ў ложку расьцеленым, ляжыць-завалілася, ведае, што ўсё споўніць рыбарочак-залётнік ейны, што, як спатрэбіцца, то й не адну прыгаршчу прынясе. І такое там зачалося!.. Папёрла, паехала, пагрукацела калымагаю па ярам-стаеросам.
І прапаў назаўжды Касташ.
Пераламаўся, схібіўся, выцек. Як леташні сьнег, стаяў. І пальнула раптам яму ў голаў ясьнеча. Разгледзеў, як убачыў упершыню, рукі свае крывавыя. А пад сабою – хвост; мокры, агідны, склізэзны. Паварушыла Макрэна хвастом, і адразу ў жываце Касташа забалела. І ня толькі ў жываце, — таксама пад нізам, нібы праглынуў ён з гарачкі цьвік крохкі, іржавы, і то зараз той цьвік цераз чэляс ягоны выходзіць…
Усхапіўся з ложку Касташ, кінуўся рукі мыць з мылам пад медзяным рукамыйнікам. Не адмываюцца рукі! А тут у дзьверы грукаюць, лезуць у дзьверы удовічка Сонечка Марцылецкая з галавой праламанаю, цестам крывавым зьмешаную, а за ёю й суседчыны выпладкі – з раточкамі рванымі, расшкамутанымі, ух, і даўжэзныя рукі ў іх, так да гарлячкі касташавае й дацягваюцца, ды пеннай ружовасьцю раты гэтыя сапляюцца-плююцца, і нясьцерныя пляўкі гэтыя, а Макрэна сьмяецца, рагоча па-конску, здаецца, і не яна ў ложку ляжыць, а галава канячая, разам з шыяй адрэзаная, і касташавы чэляс спаміж зубоў коневых гнілых, аўсом сточаных, захраснуты…
Закусіў рукаво Касташ, каб не памерці ад крыка. Кінуўся, выбіў як быў голы плячом аканіцу. Выпаў Касташ у ноч. Бразнуўся аб зямлю, тузануў штыкеціну, падпер ёю дзьверы ўваходныя. І ўжо пальцамі дрыгаломнымі сярнічкі ў кішэні намацваў, ужо сваю хату, бы скончаны ідыёт, падпальваў. Хоць і суха было, ды не хацела гарэць разгараньне.
—Ну гары ж ты, гары! – чавіўся сьлязьмі ён сухімі.
І, як толькі сказаў, адразу анакондамі пабеглі пад дах агні, загуло, зашугала, запалымнела. Здаецца, крычала ў хаце Макрэна. Русалачка-руцечка, лярвотка мая ты мілотная… Гу-та-та, гу-ля-ля, пакрычы, пакрычы, выканаў я ўсе твае жаданьні. І ў вусначкі цалаваў, і грудзі мілоціў, і прасьцірадлы камячыў. А яшчэ ты тужлівасьцю йшла, як жа я пазбаўлюся ад цябе? А от так і пазбавіўся! Гу-та-та, гу-та-та! Добра гарыць, наўрад ці да раньня патухне.
Пастаяў Касташ, ва ўсе вочы гледзячы, як гарыць хата ягоная не вагнём прагна-жарым, а сьветлай, дзіцячай крывёю.
Пастаяў, пастаяў дый у вагонь як ёсьць быў кінуўся. Толькі рогат пераможніцкі, адчаёвы – “Гу-та-та, гу-ля-ля!” – нейкі час яшчэ над усім палыміскам-шугаломам гучаў…
І сьвяціліся ў небе зоры. Добра так, ціха-пакойна сьвяціліся.
Жнівень, 1998 г.