Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Каравайчык-34

Язэп Каравайчык, бы чорны крот, барухаўся ў гразі па макаўку на сваім лецішчы ды кляў у Бога й душу маць той дзень, калі згадзіўся ўзяць участак на былым тарфяніску.

—А!.. Тваю ж раскаросту!.. – перла хрыпам з горла Язэпа.

Амаль месяц, як нудотныя, бесьперастанныя дажджы бязьлітасна палівалі зямлю. Усё плыло. Рыдлёўка капітальна засаджвалася ў тлустую глебу ды, чвякаючы, адрывалася разам з пудовымі глеістымі камлямі. Старыя, разьбітыя гамашы Язэпа абляпіліся гразёю. Гэта былі ўжо не гамашы, а цяжэзныя гіры. Ён даўно б іх скінуў, але трэба было ўсёю вагою няшчаснага цела навальвацца на жалязьняк, а басанож – якое табе капаньне!.. Усё, што ён так старанна садзіў сваімі, вось гэтымі непакладнымі ручкамі, – пачало, бляха, гніць. У грады, зарослыя татальным пустазельлем, было ня ўбіцца. Памідоры – прапалі. Агуркі – прапалі. Морква – прапала. Кроп – прапаў. Бурак – прапаў. Бульба, і тая, каб яе чэрці хадохалі, — прапала!

Ну й, халера іх забірай. Язэпу было ўжо ўсё роўна.

Ён нават ведаў дакладны дзень, калі гэта ўсё пачалося.

Быў другі дзень праваслаўных Калядаў. Ён краіў за абедзеным сталом хлеб і раптам добра-такі секануў сабе па пальцы. Некалькі пунцовых кропляў трапіла яму проста ў боршч, які есьці Язэпу раптам расхацелася… Жонка Вера толькі зірканула на яго з-пад ілба, аднак нічога не сказала. А праз тыдзень пайшла ад яго прэч. От так узяла дый проста пайшла. “Нудзьга, сказала, з табою. А мне хочацца нечага… хоць чаго!” Ён так і не зразумеў, што азначала гэтае “хоць чаго!..” Яшчэ празь які час Язэп убачыў, як ягоная былая жонка едзе ў шыкоўным (сама б яна, кур-рва!, сказала б, у “люксусовым!..”) легкавіку зь нейкім мордаваротам (вось табе й “хоць чаго!..”).

У той жа день, нечага прыпёршыся на базар, ён раптам напароўся на ярка-чырвоную палатку, у якой яна жвава гандлявала відэакасэтамі, і дакладна ў той жа дзень у яго дома здох сабака. Сабаку ён пахаваў, закапаўшы ў зямлю, а жонку – назаўсёды замураваўшы ў каменныя пліты свайго счарсьцьвелага сэрца.

Яшчэ празь месяц Язэпа папёрлі з работы.

Каравайчык з тупое ўпартасьцю мацьней наваліўся на жалязьняк. Кроплі дажджу хвасталі па ўпацелым твары. А ён капаў. Спачатку капаў новыя радкі, каб перасадзіць уцалелае рассадаўе, а потым, плюнуўшы на гэты, як ён зразумеў, варты малпіных шчыраваньняў, занятак, пачаў капаць ямку. Вялізную ямку, у якую ён зьбіраўся скінуць усё паўгнілое зяленіва ды забыць пра яго к чорту матары. Чвэх! – і разам з гэтым гнільлём паляцяць у ямку бессаромныя, нахабныя вочы Веры-падманшчыцы. Чвэх! – і хутка плясьнецца сюды ягонае гарачкавае, бесперапыннае бяссоньне, ад якога іншым разам хацелася проста крычаць крыкам. Чвэх! – і знойдзе сабе тут капцы тая бясконцасьць выпітых, недапітых і разьбітых пляшак, якія ён сандаліў ды сандаліў ад самых Калядаў бяз роздыху ды зупынку. Чвэх! – і… каб ты трэсла, такая доля!..

Усё, усё ён тут закапае. І рыдлёўкай прыб’е. І прытопча. І паскача нагамі. І дупаю ўтрамбуе. Каб было роўна, гладка, без грудочку-гурбочку. І крыж паставіць. І на тым крыжы напіша…

Раптам пад вастрыём жалязьняку нешта заскрыгатала. З гарачкі Каравайчык садануў яшчэ раз. “Дзынь!” – адазвалася пад рыдлёўкаю. У зямлі было штосьці цьвёрдае. Хутчэй за ўсё, падумаў Язэп, нейкая зайржавелая жалязяка, падобная на тыя, што раз-пораз выпірала вонкі балотнае чэрава ягонага лецішча. Язэп спыніў капаньне, прысеў на кукішкі ды ўпароўся рукою як мага глыбей у карычнева-чорную глеістасьць. Намацаўшы жалязяку, ён хацеў ужо пацягнуць яе на сябе, але… а во табе, дулю! Жалязяка сядзела мёртва. Таму што была, адчуў ліпкім халадком сваёй узмакрэлай сьпіны Язэп Каравайчык, толькі нязначнай часткаю нечага нашмат большага ды невымернага. Нечага такога, што Каравайчык пакуль нават баяўся сабе ўявіць…

Затое ён мог капаць і капаць з ранейшай сваёй тупое ўпартасьцю. Што ён неадкладна й пачаў рабіць, зьнянацку натхнёны нечаканым “дзынем” ды мэталёвай фактурыстасьцю знаходкі.

І ён капаў. Доўга, бязроздышна, з асьцервяненьнем.

—Ё-маё! – толькі й змог выдыхнуць Каравайчык, калі да яго паступова пачало даходзіць, што ж такое спрабуе ён выдраць з учэпістых лапаў былога тарфяніску. – Дык гэта ж…

Раптам Язэп выскачыў зь ямы, бы ўджалены. Спачатку ён глядзеў ва ўсе вочы ўніз, затым, бы загнаны ў кут пацук, стаў зацята зіркаць па ўсіх баках. На шчасьце, на суседніх участках не было ніводнага чалавечку. (Якога дурня папрэ на лецішча ў такі дождж?!. Хіба такога, як сам Каравайчык…) Аднак гэты факт не прынёс палёгкі капальшчыку. Таму што там, унізе, толькі-толькі адкапаная зь зямлі, упэўнена ды неабвержна глядзела проста ў твар Язэпа варанёная сталь кароткай танкавай рулі.

—А ядры ж тваю макаўку! – вырачыўся на яе Каравайчык.

Ён яшчэ раз азірнуўся, а потым яшчэ й яшчэ. Вакол было ціха, пустэчна, моўкна. Толькі шаргацелі па тарфяністым дне ужо даволі глыбокага яміску, па мокрых штанінах Каравайчыка несканчальныя кроплі дажджу. Тады ён, ашаломханы, перажагнаўся, сабраў, колькі было сьліны ў перасохлым роце, сплюнуў ды скочыў назад у яму. Ён кранаў халодную рулю, праводзіў рукою ўздоўж мэталёвай змрочнасьці, асьцярожна грукаў па ёй кулаком, зазіраў у чорную адтуліну на канцы ды паступова пачынаў верыць у рэальнасьць таго, што бачылі ягоныя ашалелыя вочы… А гэта ж была толькі руля. Руля, што выпірала з танкавай вежы, частка якое таксама ўжо паказалася з-пад зямлі…

Раптам Язэпу стала горача. Што, бляха, рабіць з гэтым дабром? Закапаць назад? А як хто адкапае?.. Што, калі знойдзецца які цікаўны сусед, якому скарціць бязь сьведак папоркацца на мейсцы ягоных раскопак? Вунь колькі іх панарывала градаў вакол! І ўсе з рыдлёўкамі, усе з машынамі, усе па зорах хрэн сеюць, усе граматныя, бляха муха!!. А як не закапаць? І што?.. Сабе забраць ці што? Вой, пасадзяць, гэта ўжо точна! Ну й што?.. Ну й няхай! Яму што – тут лепей? Можа, ён тут штодня ананасы з папаётам жарэ?! Ці шуфлем ікру ў мэрсэдэсы грузіць? Ці чыю тлустую сіську смокча? Ага, з павышаным утрыманьнем каштоўнага вітаміну С! Бручка ў срацы ў яго, а не вітамін С! І вось гэтую самую бручку ён і смокча! Ды яшчэ за тую бручку дзякуе каму папала!.. Ды ён бы іх, паразытаў!..

Каравайчык, бы перапалоханы сусьлік, вызірнуў са сваёй ямкі. Здаецца, па-ранейшаму ціха. Тады ён зноў рашуча абхапіў ручку лапаты.

Цэлы дзень, ды яшчэ поўную ноч, бы ў нейкім трызьненьні, зь невялічкімі роздыхамі, зь незьвяртаньнем увагі на цяжкую стому, хвосткі дождж, крывавыя мазалі, працаваў Язэп. Ён узмахваў жалязьняком, бы прыкуты галернік вёсламі, ён рыў, бы пракляты, ён кляў той дзень, калі нарадзіўся на сьвет, а таксама ўсіх, хто да гэтага спрычыніўся, ён забыўся на ежу й на пітво, і да раніцы зрабіў тое, чаго, бадай, не зрабіла б і цэлая брыгада капальшчыкаў.

Пад раніцу Язэп Каравайчык адкапаў нарэшце амаль увесь танк.

—Ё… — хацеў выказаць ён увесь стан сваёй разьвярэджанай ушчэнт душы, але толькі ў гэтым кароткім “ё” усё й выказалася.

Гэта была той самы знакаміты Т-34 часоў Другой Сусьветнай, які Язэп добра ведаў па кінах пра вайну, што глядзеў яшчэ малым падшыванцам. Але вось якім чынам танк трапіў сюды, у балота, ён ня ведаў дый ведаць не хацеў ані. Урэшце, у вайну усё магло быць…

Ён асьцярожна абыйшоў танк з усіх бакоў. Вежа з руляю ды сярэдняя частка былі поўнасьцю вызваленыя ім зь зямлі. І толькі гусеніцы сядзелі ў балоцістай глебе, можна сказаць, мёртва. Але калі б ён і хацеў за іх узяцца, дык нічога б ня здолеў зрабіць: ногі ад стомы ў Язэпа проста падкошвала ды выдзірала. Аднак спыніцца Каравайчык ужо ня мог. Бы ў гарачцы, ён адкінуў рыдлёўку, ускочыў на вежу ды тузануў на сябе ручку люку… На тое, што люк паддасца, Язэп зусім не разьлічваў. Але люк паддаўся. Скрыгатнуўшы, накрыўка адкінулася, і пад ёю на Язэпа зеўрануў чорны правал халоднага танкавага чэрава… А значыць, яму заставалася толькі адно: улезьці. Залезьці, каб усё, нарэшце, пабачыць… Або ўцячы й забыць пра гэты жах назаўсёды.

Язэп прымасьціўся азадкам на вежы, зьвесіў ногі ў люк, ней-кую хвілю павагаўся і… Нібы тапелец у вір, нырнуў у змрочнае танкавае нутро.

—А, кар-роста!.. – вылаяўся ён, моцна збіўшы плячук аб нешта цьвёрдае й войстрае.

Нейкі час ягоныя вочы прывыкалі да цемры. Але вось паступова перад ім сталі праступаць нейкія абрысы, набываючы ўсё большую рэальнасьць ды прыкметнасьць. Язэп асьцярожна працягнуў рукі наперад; ага, гэта прыборны шчыток, гэта нейкія тумблёры, гэта ручкі (ці рычагі?.. а чорт іх ведае!) кіраваньня… Трэба сказаць, да гэтага яму ніколі не даводзілася сядзець у танку. А таму – што тут да чаго – Каравайчык ведаў цьмяна. Дакладней, ня ведаў зусім. Дрыжачымі пальцамі ён абхапіў нейкі тумблёрчык, і… у тры качарыжкі й сем керагазаў маць!.. пасунуў на сябе. Пачулася сухая пстрычка, Язэп уцягнуў голаў у плечы, і раптам чэрава танка залілася трошкі цьмяным, аднак досыць роўным сьвятлом. Перачакаўшы яшчэ з хвілю, Язэп ціха паварушыўся. Здаецца, болей у танку не адбылося ніякіх зьменаў. Ён агледзеўся.

Усё было чыста, акуратна; дзе належыць, як мае быць змазана, дзе патрэбна, моцна прыкручана, іржа нічога не кранула нават і блізка. Каравайчык павярнуўся й затросься: у васобным адсеку трыма роўнымі радкамі ляжаў поўны танкавы боекамплект. Добры тузін снарадаў з рознаю маркіроўкаю на войстрых дзюбках. Яму адначасна захацелася ўскрыкнуць, пукнуць ды дакрануцца да снарадаў рукамі. Але тут ён заўважыў проста перад сваімі вачыма нейкі невялічкі акуляр ды з асьцярогаю прыпаў да яго. Маці сьвента!.. Усё шырокае поле, усе лецішчы ды збудаваньні, азерка наводдаль і прасёлкавая дарога, што вяла ад участкаў да хуткаснае бятонкі, — усё было перад ім, як на далоні. Побач з акулярыкам тырчэла нейкая ручка. Язэп крутануў яе, кут зроку раптам зьмяніўся, і ён адразу пабачыў тое, што рабілася ў яго амаль за сьпінаю. Ён адарваўся ад акуляра й зноў зірнуў на снарады. Так, гэта рэальнасьць, можна нават ня шчыкаць сябе за вуха.

Рэальная рэальнасьць, як рэальная гэтая кулямётная гашэтка, што працягні толькі руку ды й!..

І тут на Каравайчыка накаціла нейкая дурная сьмеласьць. Ён запстрыкаў тумблёрчыкамі адзін за адным, ён пачаць тузаць ней-кія рукавяткі ды націскаць на нейкія кнопкі. Эх, каб гэтая грувашчэча дый яшчэ завялася!.. От бы ўжо ён і даў!!! Ох, бы ўжо ён і паезьдзіў!.. Аднак эфэкт ад ягоных адчайных пстрыканьняў быў, можна сказаць, нулявы. Танк нават ня чмыхнуў. На Язэпа накаціла лёгкая журбота. Ён хутчэй машынальна, чым сьвядома пацягнуў на сябе нейкую зусім маленечкую рукавятачку, нешта накшталт ручкі падсмоктаваньня у карбюратарным легкавіку, і раптам…Ого-го, раптам! Танкавае чэрава заскрыгатала, узвыла, засапло, узравела так, што Каравайчык аж закрычаў. Закрычаў моцна, уголас, з падвывам. Здавалася, што скрагошча й раве ў сярэдзіне жывата самога Каравайчыка. Але нават ня гэтыя скрыгі так яго напалохалі. Самае падлючае было тое, што Язэп ня ведаў, як выключыць танкавы рухавік. Ён тузануў на сябе яшчэ адну рукавятачку, пераключыў яшчэ пару-тройку тумблёрчыкаў, і дамогся толькі таго, што гэтая махінішча ўзравела яшчэ галасьней. “Другі рухавік! Я запусьціў другі рухавік!” – здагадаўся бядотны дачнік, хоць ніколі й блізка ня ведаў, колькі на самой справе гэтых чортавых рухавікоў на танку мадэлі Т-34…

Каравайчык захацеў выскачыць. Выскачыць ды бегчы ў сьвет вочы ад гэтае мярзотнае жалязякі. Ага, выскачыць!.. Ад страху, здавалася, ён прыліп, назаўсёды прыліп да мулкага, прапахлага машынным маслам, сядзеньня. Добра яшчэ, нагавіцы ня былі мокрыя…

Але ж ён завёў!.. Сам запусьціў “трыццацьчацьвёрку”!.. Гэта ж яна зараз раве ды трубіць, нібы сталёвы мамант. І гэта ж ён, сам Язэп Каравайчык, сядзіць тут у сярэдзіне!.. Сядзіць ні жывы ні ўмерлы, але – сядзіць! “А-а, гары яно чорным гарам! – можа, нават нечакана для самога сябе прасякнуўся пераможным трыюмфам Язэп. – Прарвемся! Як кіем у вока, прарвемся!..”

І ён, колькі было моцы ды сілаў, пацягнуў на сябе абодва крываватыя рычагі, што тырчэлі аднекуль зьнізу, адначасна націскаючы нагою на нейкае падабенства понажаў. Пацягнуў з думкаю вар’ята не адпускаць іх ані, пакуль… Танк узроў, тузануўся, затросься так, што, здавалася, зараз разваліцца на асобныя часткі. Вось ён тузануўся яшчэ раз, адчайна спрабуючы вырвацца з палону тарфяніску, вось штосьці ў ягонай мэханічнай сярэдзіне дзынькнула, клякнула ды зайшлося невыносным скрыгатам.

(“Узарвуся! Мама мая мілая!.. Узарвуся к чарцям сабачачым!..” – мільганула ў дурное галаве Каравайчыка…)

Раптам адбылося тое, чаго новасьпечаны танкіст мог чакаць меней за ўсё. “34-ка”, ужо скрыгочучы ды скавычучы на нейкіх проста шаленскіх абаротах, нечакана вымкнулася, выдзерлася, выперлася з учэпістай глебы; рэзка памкнула ўперад; Каравайчык, усё яшчэ да ўпору цягнучы на сябе рычагі, гэтак жа рэзка адкінуўся назад, а лёгкі танк, нібы корак, сьлізгануў па нахілу раскапанае яміны й… папёр, папёр!..

Язэпка асатанеў. Ён прырос да танкавых рычагоў, ягоныя вочы, што сталі па яблыку, прыкіпелі да шчыліны назіраньня, па сьпіне беглі гарачыя, буйныя, глейкія кроплі поту. Куды яго нясе, куды яго к чорту нясе! Ён-та за рулём легкавіку сядзеў мо два ці тры разы дый тое па маладосьці!.. А тут – цэлы танк!.. Ды яшчэ з поўным боекамплектам! А як куды занясе?!. Турма, ясна! турма яму ўжо запясьпечана.

Язэп адпусьціў адзін рычаг, а другі, ужо ня так рэзка, павярнуў ад сябе. Танк раптам замарудзіў хаду, затым амаль што павольна разьвярнуўся на мейсцы. Тады Язэп паўтарыў камбінацыю кіраваньня, але ўжо мяняючы рухі рычагоў. Танк зноў разьвярнуўся, на гэты раз у супрацьлеглым напрамку. Каравайчык перавёў іх у першапачатковы стан, і “34-ка” спынілася!.. Ага! Ха-ха!.. Ён можа! Ён можа кіраваць гэтай машынэрыяй! Нічога, тваю маць, складанага!.. І Язэп зноў, ужо як кончаны ды пракопчаны да дзюрак у чорных майтках танкіст, ірвануў рычагі на сябе.

І зноў танк папёр наперад.

А ў ім рагатаў Каравайчык.

Ён рагатаў, ён гікаў, ён амаль што ня плакаў. Ну што, блядзі?.. Хто цяпер супраць яго? Яго – Язэпа Каравайчыка, патомнага служачага, уражэнца слыннага мястэчка Крачынска?!. На чым едзе ён – бачыце?! Гэта вам ня бручка з хрэнам у адным цікавенькім месьцейку! Ох, ён вам зараз і ўрэжа! Ох, і ўхадорыць! Ох, ужо й замантачыць! Скразным прыцэлам, прамой наводкаю!!!

І тут Каравайчык, яшчэ раз ці два рагатнуўшы, раптам азмрочыўся. Таму што дакладна ведаў, да каго паедзе перш-наперш. Ну, вядома ж, вядома ж!.. Э, не, зусім не да Веркі-падманшчыцы, да гэтай апошняе атрутнае зьмяюкі. Да Кацькі Семяніхі зараз упляжыцца ён на падворак. Так, да той самай Кацькі, да якой сам зьбіраўся пайсьці яшчэ восем гадоў таму, але якая гідка ашчэрылася, пачуўшы такое-гэткае, ды адрэзала проста: “Не дуры галавы!” Ну, то зараз ён голаў адурыць!.. Во, зараз, толькі выруліць у належным напрамку!

У мястэчку зграбная ды сакаўная ўдавічка Каця Семяніха жыла на вотшыбу.

Яе ані не ўстрывожыла цяжкое ды змрочнае ракатаньне, што пачулася раптам пад вокнамі: ці мала які бульдозэр прыпёр гэткім раньнем рыць па нараду раўчук пад водаправодныя трубы?.. Кацька толькі перавярнулася на другі бок у сваім ложку ды шчыльней укруцілася ў цёплую, пухнатую коўдру… Аднак праз хвілю, калі па вокнах нешта страшна застрапакокала, і аскепкі войстрага шкла паляцелі ёй проста ў ложак, яна ўжо стаяла босая на пасьцелі ды крычала агаломшана:

—Вайна, вайна!.. Ратуйце, а-а, людцы мае, ратуйце!

Але пакуль ніхто не зьбіраўся яе ратаваць.

—Кацька, сука! – прынёс раптам вецер злосны крык са двара. – Выходзь, падлюка!.. Апошні вэксэль! Аплоціш!.. За ўсё заплоціш!

Ужо мёртвая ад сполаху Семяніха аднак неяк здолела асьцярожненька спусьціцца з ложка на падлогу, ціха-ціха прабралася да вакна ды, прыкрываючы рукамі й не паказваючы вонкі голаў, вызірнула на вуліцу. Людцы мае мілыя! Проста сярод двара ракатала неякае чорнае залезнае страхоцьце, і на самым версе гэтага страхоцьця, адкінуўшы накрыўку, сядзеў Язэп Каравайчык.

—Язэпка!.. Язэпка! Ты што?! – зьбелянела кужалем Семяніха.

—Я – што?.. Я – нішто! – драў горла, спрабуючы перакрычаць танкавае ракатаньне, Каравайчык. – Гэта ты!.. Тады, памятаеш?! Я ж – з усёй!.. А ты!.. “Не дуры, не дуры!..” Усё мне!.. Як кату, бляха!.. Усё пад хвост, бляха!

—Пад які хвост, родненькі?.. А мой ты Божачка! А вярні ж ты яму яго розум! – галёкала Кацярына.

—Пад чорны! Пад чорны сьмярдзючы кацячы хвост!.. – усё болей блажэў Язэп. – От жа цяпер і трымай, гадаўка!..

Язэп раптам праваліўся некуды ўніз, накрыўка ляскатнула, і, не пасьпела Семяніха зараўсьці дурным голасам, молячы ратаваньня хоць у каго, як танкавая руля марудна папаўзла ў ейны бок, на момант прыпынілася, а потым рэзка плюнула вогненным слупам, а сьледам бабохнуў такі гром, якога ўдавіца ніколі ня чула (…сьпявайце, анёлы, і ніколі ўжо не пачуе!..) ў сваім жыцьці.

Танкавым стрэлам разьнесла ўсё ўшчэнт. Калісьці такая вабнотная, а цяпер адарваная па-жывому жаночая рука пляснулася аб корпус “трыццацьчацьвёркі”, і Язэп Каравайчык задаволена пра сябе адзначыў, што першы вэксэль ужо праплочаны. Ён развярнуўся на пустэчным падворку, няшчадна распляжыў гусеніцамі тое, што яшчэ заставалася ад драўлянай хаціны былое ўдавічкі (хай знойдзе яна лёгкі шлюб з анёламі на нябёсах!..), ды паляскатаў на танку далей.

Далей – да свайго суседа Хвядоса Бабоскі. Да таго самага Бабоскі, які хадзіў у пазычках у Каравайчыка яшчэ з гарбачоўскіх сьветлых часінак. І ў тыя самыя сьветлыя часінкі Хвядос пазычыў у Язэпа сапраўдную дарэформенную траячку. Ого, як для каго, а для Язэпа на той час гэта былі сапраўдныя грошы!.. Потым Бабоска безьліч разоў абяцаў аддаць траячку з “новай палучкі”, але так, свалота тлустазадая, і не аддаў; ні з новай, ні са старой, ні з той-якой-аніякай!..

—Хвядоска! Выходзь! Т-тваю маць!.. – коратка гыркнуў з танкавай вежы Язэп, калі гусеніцы “трыццацьчацьвёркі” сталі мясіць усё ахайна-да-мейсца-прыгнанае начыньне ладненькага падворку Бабоскі.

Бы апараны, вылецеў Хвядос з хаты.

—Ты што?! Язэп, ты што?! – толькі й здолеў выпхнуць счаўленым камяком са сваіх грудзёх Хвядос.

—Нічога!.. – да зьбяленьня ў абкусаных пальцах учапіўся ў накрыўку люка Каравайчык. – А ну, мордаю ў гразь!..

--Што?.. – нібыта не зразумеў Хвядос Бабоска.

—Я сказаў, мордаю ў гразь, мурло сіпатае!.. – узроў на танку Язэп.

—Язэпка, ты што?!

—Я с-сказаў!!!

Бабоска грымнуўся ў калюжыну, раскідваючы ў розныя бакі брудныя пырскі. А потым заенчыў:

—Язэ-эп!.. Язэпачка-а!.. Не страляй! Не страляй!.. Што я табе зрабіў?..

—Што?! – пайшоў барвова-сінюшнымі пляміскамі Каравайчык. – А ты левы бот здымі!..

—Які бот? Які бот?!. – біў і біў брудным кулаком па краю калюжыны Хвядос і аж тросься.

—Левы, у якім ты маю траячку хаваеш!

—Якую?.. Якую траячку?

—А такую!.. За-ла-тую! – блажэў грозны танкіст Каравайчык. – З маскоўскім Крамлём, з кутняй вежаю! Здымай бот, кажу!..

—На, на табе левы! На табе й правы! – проста сярод гразі й дажджу стаў адчаёва стузваць зь сябе боты Бабоска. – На й гэта!.. – у адно імгненьне ён скінуў і нагавіцы. – Толькі прашу цябе – не страляй! Пашкадуй! Там жа матка мая, жонка, донечкі… Усё, усё забірай: і хату, і пуню!.. Толькі…

Толькі нічога гэтага Язэп ужо не пачуў. Раптам ён зноў, як і перад хатаю Семяніхі, праваліўся ў люк; Хвядос, па-бабску галосячы, папоўз на голых каленях пад танк, адначасна закрываючы твар рукамі…

Сакрушальны танкавы стрэл груба парваў на шматкі шчытнае, вільготнае паветра. Хаціна ўспыхнула, бы сухаўё ў гарачым, ліпеньскім лесе. Т-34 зрушыў з мейсца, падмяў пад сябе босага, перапэцканага гразёю Бабоску. Затрашчалі сухастоем чалавечыя косьці й мяса, з клякатаньнем-кудахтаньнем кінуліся ўросып пераляканыя куры.

А Каравайчык, седзячы пад пудаўём сталёвае броні, стрымліваючы адначасна і пераможна-скаціністы рогат, і набрынялыя ручаі недаравальнае вільгаці, што запрасіліся раптам на вочы, павёў сваю грозную машынэрыю на чарговыя рубяжы.

Ад грымотных стрэлаў мястэчка прачнулася ўраз. Людзей, амаль што голых, выпірала на вуліцы, кодла басотных хлапчыскаў ужо бегла сьледам за Т-34 з голасным крыкам, але Язэп нічога ня чуў і нікога ня бачыў. Ён, хоць і з дрыжачымі слязьмі на павеках ды шаленствам у горле, але ўпэўнена вёў сваю баявую машыну па вузкіх вулках, усё бліжэй падбіраючыся да цэнтральнага пляцу, да местачковае “мэрыі”.

Таму што там сядзеў тутэйшы старшыня Сьпірыдон Кандрашоў.

Той самы Кандрашоў, які калісьці ня даў яму пуцёўку ў ялцінскую санаторыю. От так узяў і ня даў, рыла падлючае!.. Ну, то зараз яму Язэп успомніць! Усё успомніць! І санаторыю, і абсэрваторыю, і хрэнаторыю разам! Дый усе астатнія там – сукі, падлы, заразы!!! Як калі-нікалі ў які габінэт ня сунесься – толькі гырк на цябе, толькі шварк на цябе, толькі брэх-гаў на цябе, с-сабакі!.. Якія сабакі?! Фашысты, натуралёвыя фашысты! Недабіткі паскудныя! Куркулі таўстазадыя!..

Язэп сам не заўважыў, як крычыць гэта ўсё ўголас. Нібы ў тлумным, гарачкавым сьне ўчапіўся ён у кулямётную гашэтку ды націскаў й націскаў на яе, не адрываючы рук. Ад сьценаў “мэрыі” адлятала тынкоўка, у друз разьляталася шкло, покаў бурбалкамі на даху шыфэр, агідна скавыталі сырэны сыгналізацыі ў зачыненых, нерабочых габінэтах. А Язэп даваў, Язэп гасіў, Язэп паліваў кулямётным агнём усё, што бачылі ў глядзельную адтуліну ягоныя, поўныя агромністых, нявыплаканых сьлёзаў, вочы. Паліваў да тае пары, пакуль ня скончыліся патроны.

Ашаломханае местачковае начальства хоць і наклала адразу ў штаны, аднак проста так здавацца не зьбіралася. Відаць, з галоўных габіэнтаў пасыпаліся званкі ў міліцыю ды КГБ, таму як неўзабаве на пляц сталі вырульваць міліцыянцкія “газікі”, па пэрымэтру выстройвалася ўзброенае АКМ-амі ды пісталетамі фуражыстае ачапленьне.

—Прапаноўваю неадкладна пракраціць абстрэл і спыніць безабразія! – неслася раззлавана-спалоханае ў жоўты мацюгальнік, які трымаў, ледзь яго не глынаючы, ля падбародьдзя сам начальнік тутэйшай міліцыі. – За нанесеныя ўрон і разбурэньні вы панясяце поўную атветственнасьць!

“Атветственнасьць?.. – прашапацеў сабе, амаль не разьляпляючы вуснаў, Каравайчык. – Гэта вы зараз!.. Панясеце!.. У мяне атветственнасьць!..”

Ён пераплюхнуўся зь вадзіцельскага сядзеньня на мейсца наводчыка, хапянуў адзін снарад, які падаўся яму занадта лёгкім, адкінуў яго, ірвануў на сябе чым цяжэйшы ды засабачыў яго ў прыёмнік.

—А! Ага! – шалеў Каравайчык ад каламутнае, дурнавеннае радасьці, што разрывала яго на часткі. Імкліва накручваючы рукавятку наводкі, ён другою рукою аж пляскаў сабе па лытцы – так было яму ўсё гэта ў жылу. – Бранябойным!.. Зараджай!! Агонь!!!

“Трыццацьчацьвёрка” зноў выбухова стрэліла. Палова фасаду “мэріі” абвалілася, з правалу шуганула чорна-людажэрнае полы-мя.

Шэрагі міліцыянтаў паўрасталі ў асфальт. Там-сям сярод пляцу ветрам перакочвала іхнія зьляцелыя, бы восеньскім ліставеем, фуражкі.

—Неадкладна пракраціця безабразія! Паўтараю!.. – злоўчыўся зноў равануць у мэгафон начальнік райаддзелу.

А Каравайчык між тым зараджаў ужо новы снарад.

—Бздуны!.. Гаўнажэры! Маць вашу ў дурдом! – кляцнуў Язэп затворам ды стаў павольна падводзіць танк як мага бліжэй да будынку.

Ба-бах!!!

—Я ж вас!.. Усіх разам, м-марухі! Асколачным!..

Ба-бах!!!

—Ну што, караеды? Не падабаецца?.. А мне?.. Усе гэтае вашае?!. Думаеце, падабалася?! А во вам! Трымайце! Трымайце фугасію!..

І зноў – ба-бах! А потым яшчэ й яшчэ – ба-бах! Ба-бах!! Ба-бах!!!

Ад местачковае “мэрыі” не заставалася болей нічога. Ужо й мацюгальнік змоўк назаўсёды, ужо даўно разьбегліся хто куды адурэлыя ад гэтага рвучага барабанныя перапонкі абстрэлу, спанталычаныя ды зпанікавелыя ўшчэнт доблесныя ахоўнікі правапарадку.

А Каравайчык прасаваў, Каравайчык пляжыў мястэчка. Яшчэ былі ў запасе снарады, яшчэ не ахалоў ён ні ад татальнага разгрому, ні ад паўсюдных пажараў ды разбурэньняў. Наадварот!.. З кожным грамабойным стрэлам яго трос усё большы рогат, ён учапіўся зубамі сабе ў рукаво ды ледзь ня хроп ад задавальненьня.

На разбураных вулках займаліся пажары. Там-сям пад танк траплялі аблудныя бедакі, і тады Каравайчыку здавалася, што ён нават чуе, як пад гусеніцамі трашчаць-разрываюцца косьці гэтых няшчасных.

—Ну што, кур-рвідлы?! Ядры тваю ў дрыст ёбаную качалку! – крыў адборнымі мацюганамі ён. – Гэта вам за Язэпчыка!.. Гэта вам за Каравайчыка! Гэта вам…

І тут раптам танк спыніўся. От так раптам стаў, чмыхнуў, гырхнуў і ўсё. Язэп адчайна стаў тузаць ручкі, націскаць понажы, марна спрабуючы зрушыць яго з мейсца. Дарэмна. Т-34 болей не падаваў ніякіх прыкметаў сваёй тэхна-ваеннай жыцьцядзейнасьці.

Усё. Гэта была фініта.

І гэта Каравайчык адчуў сваёй упацелай скураю.

Жыць болей было ня варта.

Горкія, буйнотныя сьлёзы, якія ён так доўга стрымліваў, пырснулі зь ягоных вачэй. Усё кончана. Усё, бляха, прапала!.. Э-э, к чортавай матары! Гары яно!.. Каму сьвеціць гэтае неба, каму?!. Анікому! А сонца? А зоры?!. А ветрык, што вее? А салавейкі-шпачочкі, што горлы дзяруць кожным раньнем?.. А тыя прыгожыя, сьветлыя, няскурвленыя жанчыны, якія, якія… Дурнавенства нейкае, тваю маць! Во, хрэнадром!.. Сьвінства, а не жытуха!

Каравайчык уманточыў у боепрыёмнік апошні снарад, выдзерся з танку, адбег на адлегласьць ды паўстаў, плачучы ды скавычучы, проста на ўзроўні рулі. Няхай, няхай і яго…ён сам… зараз!.. прамым пападаньнем! толькі б ня чуць… толькі б ня бычыць!.. толькі б… толькі б… Але ж як мог танк стрэліць сам, без наводчыка?! І Каравайчык зноў кінуўся ў ягонае жалезістае нутро, і, ужо седзячы ў танку, ірваў на шматкі ды паласаваў сваю кашулю, круціў зь яе жгут, прысабачваў да той самае жалязякі… якую толькі тузані!.. дзёрні!.. жвахні!.. Ого!

І зноў выпірала Язэпчыка вонкі. Зноў станавіўся ён перад руляю ды спрабаваў тузануць за жгуточак, але толькі абрывоцьце сваёй кашулі трымаў у няшчасных руках…

—І гэта ўсё?.. Я пытаюся, гэта ўсё?! – узьдзеў вочы ў недасяжную вышынь Каравайчык.

Ціха й лагодна было ў тых вышынях.

А ўнізе, на палітай дажджамі зямлі, перад руляю танка, стаяў раскудлачаны чалавек без кашулі ды, непрыгожа крывячы рот, размазваючы брудныя паскі па шчоках, голасна плакаў, нібы кінутае, хворае дзіцянятка.

За сьпінаю чалавека шугала полымем расстралянае ім мястэчка.

І як тыдзень, другі, трэйці таму сыпаў дробны, няспынны, халаднаваты дождж ды нясьцерпна пахла бярозамі.

25 чэрвеня, 1998 г.