Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Самагубца

Жыў-быў конь. Не малады й не стары, звычайны, увогуле, конь. Аднак была ў яго адна слабіна: ён піў. Піў усё, што ўлівалі ў яго мужыкі: піва, гарэлку, зрэдьчас каньяк. Што за мужыкі, адкуль – конь ня ведаў. У ягоным закінутым хлеўчыку іх бывала да чорных д’яблаў. Да гэтых рагаценькіх многія й напіваліся. Асабліва старанныя піякі спалі тут жа, побач зь ім. Аб гэных ноччу конь як мог клапаціўся: дыхаў гарачаю параю ў твар, падсоўваў пад голаў саломкі…

Ніхто ня ведаў, калі конь пачаў піць. Удзень ён бадзяўся па горадзе, дзе ўсе да яго прывыклі й нават не заўважалі, а надвячоркам вяртаўся да сябе пад струхлелы дах. Тут яго ўжо чакалі заўсёднікі з пляшкамі. Ён шчыра зь імі напіваўся да зялёных сопляў, праваджаў кожную кампанію ціхім іржаньнем, чакаў наступнага ранку…

Але аднойчы вясною, калі добра прыгрэла, і зямля зноў пачала дыхаць цеплынёю, гнільлю, абсмактанымі карамелькамі, конь са свайго хляўчуку ня выйшаў.

Як заўжды, пад вечар сюды зазірнулі двое. Адзін трымаў у руках трохлітровік зь півам, штурхануў нагою дзьверы…

—А мая ж ты доля! – толькі й здолеў сказаць ён.

У кутку, падкурчыўшы ногі, вісеў засілены конь. Побач валяўся невялічкі зэдлік, выпэцканы ў гной, дзе добра адбіўся конскі капыт. Конь быў мёртвы.

—Нішто сабе! – нарэшце, ачаломаўся барадаты, які быў улегцы. – Гэта ж трэба!.. Каб каня!.. І ў пэльку!

—А што дзіва! Нашыя гарадзкія адорвы яшчэ й не такое могуць учаўпсьці! – пасьміхнуўся рыжы ды прыклаўся да слоіку.

Барадаты забраў ад рыжага трохлітровік, выжлукціў мала што да палавіны.

—От, кур-рва! Цяпер тут не пап’еш, — прагугнявіў у слоік ён. – Хутка такое сьмярдоцтва пойдзе – за кілямэтар усе птушкі выздыхаюць.

—А камунальнікі нашто? Не перажывай, знойдуць дзе закапаць.

Зноў сербануўшы піва, барадаты паставіў слоік паміж ног. Пашукаў сярод брудных папераў, каб абцерці мокрыя рукі.

—Д’ябал! Што за хлеў? Рук няма чым абцерці! Шкада, конь, што не было ў цябе ўласнае бібліятэкі…

—А гэта што? – раптам прамовіў рыжы й падышоў да вакенца. Пад ім, у шчыліне паміж дошак, быў заціснуты чорны нататнік. Рыжы яго выцягнуў, разгарнуў на першае старонцы.

—Ого, паслухай! “Сёньня я разьвітваюся з жыцьцём…”

Барадач выхапіў нататнік. Пакруціў з розных бакоў, нават панюхаў.

—Мышамі сьмярдзіць.

—Ты чытай лепш!

—Чакай…

“Сёньня я разьвітваюся з жыцьцём. Разумею, што гэта глупства, ідыятызм, але першы крок зроблены. Засталося знайсьці які абмылак ды вытрываць гэты боль…”

—Чорт ведама што, — спыніў барадач чытаньне. – Гэта што – конь напісаў? Дык ён жа непарнакапытны! – зарагатаў ён.

—Чакай, так табе й конь! Хто падвесіў, той і напісаў. Для такіх дурняў, як мы з табою.

Барадаты перагарнуў старонку.

—“З чаго ўсё пачалося? Ці не з таго дня, калі я ўпершыню трапіў у горад. Гаспадар прадаваў на кірмашы гарбузы, а я проста нурыўся ля варот. Глядзеў на людзей, ні аб чым ня думаў. І раптам заўважыў: прыгожая маладая кабыла, што стаяла побач, нешта ўважліва разглядае на плоце. Пасунуўся да яе бліжэй… Не паверыце, але кабыла чытала наклееныя аб’явы! Раптам яна павярнулася да мяне, усьміхнулася й сказала: “У вёсцы Адрынка прадаюцца лішкі аўса. Не жадаеце?” “Адкуль вы ведаеце?” – спытаў я. “А тут напісана”.

—Трэба ж навыдумляць такога! – зарагатаў раптам рыжы. – Бум-бам-літ нейкі! Гэты б нататнік – ды нашым маладым крэмзалётчыкам. Во дэтэктыўчык адгрукаталі б!

—Ат, куды ім да нашага каня! Ты слухай, што далей піша.

—Ну, давай далей…

—“Потым кабыла расказала аб сваім жыцьці. Аказваецца, жыве яна на ўскрайку мястэчка, у школьным хляве. Яшчэ ў той час, калі была жарабём, дзеці ад яе не адыходзілі. А дзеля забавы ня толькі частавалі цукеркамі ды пернікамі, але й прыносілі кніжкі, паказвалі літары ды лічбы. Вядома, яна не магла гаварыць чалавечаю моваю, аднак чытаць ды складаць навучылася хутка. Нават ведае, хто такі Арыстоцель…

Як пазайздросьціў тады той кабыле! Дый ня дзіва: яна жыла ў горадзе, умела чытаць, была ўвогуле культурнаю асобаю. А я быў ня варты нават ейнага капыта. Але пасьля той сустрэчы мне не давала спакою думка: няўжо нейкія кабылы могуць, а я – не? Няўжо мне ніколі не валодаць тым, чым валодае мая выпадковая знаёмая? Ня буду ўзгадваць тых цяжкасьцяў, што прыйшлося мне зьведаць спачатку. Нарадзіўся ж я ў засьценку, ў мне быў наканаваны лёс маіх супляменьнікаў: вазіць сена, ваду, дровы, араць зямлю… Якія ўжо тут веды!

Калі я, нарэшце, адважыўся? Калі неяк восеньскаю парою гаспадар вывеў мяне з хлява бяз путаў на двор напаіць. Ён стаў побач зь вядром, ні аб не падазраючы. Я прыўзьняў голаў ды нечакана цяпнуў яму за шчаку. Гаспадар, зьдзіўлена-пакрыўджаны, закрычаў, я вырваўся, пераскочыў браму ды зьбег…”

—Во, якія разумныя коні пайшлі, — барадач зноў пацягнуўся за слоікам. – Рыжы, а ты ведаеш, хто такі Арыстоцель?

—Ідзі ты! – вышчарыўся той. – Я ведаю толькі, што ўсё гэта лухта. Глядзі на яго: вучоным хацеў стаць! А жлукціў, як апошні пьянюга! Дай сюды, што там яшчэ напісана?

—Ну, трымай…

Рыжы ўзяў нататнік, пасьлініў палец, перагарнуў старонку.

—“Нарэшце, я быў у горадзе. На маё шчасьце, даволі хутка й зусім нечакана знайшоў гэты занядбаны, закінуты хлеўчык. Тут і пачаў жыць…

Я прагнуў ведаў, цягнуўся да культуры усёй сваёй істотаю. Але неўзабаве сутыкнуўся з праблемаю. Прычым, як потым высьветлілася, невырашальнаю… Нікому я быў непатрэбны, і вучыць мяне ніхто не зьбіраўся. А ў школу, бібліятэку, кінатэатар мяне не пускалі. Бо я быў канём.

Што заставалася рабіць? Толькі бадзяцца зранку да вечара па горадзе ды слухаць, пра што гамоняць людзі. І ўсё-такі з часам я навучыўся чалавечае грамаце – яно аказалася ня так і складана. Мне пашанцавала: на сьметніку, дзе я звычайна падсілкоўваўся, трапіла на вочы дзіцячая разразная азбука. Кожнае літары адпавядаў пэўны малюнак, і ня цяжка было зразумець, што да чаго. Спачатку я рагатаў! Скакаў, бы вар’ят, нават намагаўся брыкнуць самога сябе. Але хутка спыніўся. Бо зразумеў: той запас ведаў, які з такімі цяжкасьцямі здолеў набыць, быў мізэрны. Дык, можа, быў сэнс вярнуцца на хутар? Не, толькі ня гэта…

Часта ногі прыводзілі мяне да базару. Так, да таго самага, дзе калісьці пазнаёміўся з вучонаю кабылаю… Але, на жаль, сустрэць яе тут не выпадала. Ці то яна не жыла болей у гэтым горадзе, ці то проста не шанцавала. Затое пазнаёміўся, а хутка й пасябраваў зь мясцовымі грузчыкамі. Неяк апоўдні яны прыйшлі да мяне ў хлеўчык. Павіншавалі зь першамаем, выпілі, потым зацягнулі песьню. У ёй нехта прасіў, каб мароз не марозіў ні яго, ні ягонага няшчаснага каня. Прасіў так, што хацелася плакаць. Сьпяваць я ня ўмеў… Таму толькі так ціха-ціха, так самотна-самотна заржаў. Адзін зь іх падняўся, падышоў да мяне:

—Э, братка! Відаць, дрэнна табе. Можа, вып’еш з намі? – спытаў ён.

І я выпіў.

Аб далейшым маім жыцьці гаварыць няма сэнсу. Усе вы яго добра ведаеце. Ішоў час, я апусьціўся, зарос, пакрыўся струпакамі, каростаю, стаў злы й задзірлівы…”

—Усё? – спытаў барадаты.

—Не, чакай. Яшчэ ёсьць. Але мала.

—Ну, дачытвай гэтае трызьненьне, ды пойдзем адсюль.

—Што, надакучыла? Ці мёртвага каня спужаўся?

—Ха, спужаўся! Ды няхай тут хоць сам чорт без штаноў вісіць!

—Тады ня тузайся. Цікава ж пішуць, гады!

—Ну, чытай, чытай.

—“Пэўна, яшчэ некалькі год такога жыцьця, і я ціхамірна здох бы недзе пад плотам. Але ўчора… Учора здарылася жудаснае. Правёўшы ад сябе чарговую кампанію, выйшаў таксама. Ішоў, не выбіраючы дарогі. І не заўважыў, як апынуўся ў гарадзкім парку. Нікога ў ім не было. Ужо хацеў павяртаць назад, ды раптам убачыў, што каля возера зь берага п’е ваду маладая кабыла. Я памкнуўся да возера. Аднак адразу спыніўся, бы ўкопаны. П’яны, брудны, зьдзічэлы конь – і побач зь ёю?! А потым з жахам убачыў: яна таксама заўважыла мяне ды зь лёгкім іржаньнем пайшла насустрач! Уцякаць? Спачату так і хацеў зрабіць. Але потым перадумаў. Гэта было б проста глупствам – у маім цяперашнім стане ад маладой, здаровай кабылы ўцячы было немагчыма.

Вось так і стаяў, зьбянтэжаны, п’яны, ашаломханы… а яна – паволі, велічна – набліжалася. Ад сораму ня ведаў куды схавацца. І раптам – о, Божа! – я пазнаў яе! Так, гэта была тая самая вучоная кабыла, зь якою калісьці пазнаёміўся. Памыліцца ня мог: такая белая плямка пад левым вокам магла быць толькі ў яе адной…”

Рыжы аблізаў губы, пацягнуўся да слоіка.

—Во, даюць коні! Куды нам да іх, — смачна высмаркаўся ў руку барадаты.

—І не кажы. А добра было б зараз якую “кабылку” закілзаць…

—Ты й захочаш! Чытай лепей далей: як яны там, ці дамовіліся?

—“Яна падыйшла й моўчкі спынілася побач. Гатовы праваліцца скрозь зямлю, захлынуцца ў возеры, выбіць сабе вока аб любы першы сук, я ціха спытаў, ці памятае яна мяне? Кабыла маўчала. Зьлёгку асьмялеўшы, стаў распытваць далей: дзе яна цяпер жыве, ці добра сябе пачувае, можа, трэба правесьці дадому? Безвынікова. Нарэшце, ня вытрываўшы, заржаў на ўвесь парк: “Чаго ты маўчыш, скаціна сьмярдзючая?” нават – гэта! – яна не зразумела. І па-ранейшаму не пазнавала мяне…

А потым – загаварыла! Аднак размаўляла кабыла не на конскай, і не на чалавечай, а на нейкай нечуванай мне раней мове. Я стаяў, слухаў і толькі лупаў вачыма. Кабыла змоўкла гэтак жа раптоўна, як і пачала. Здаецца, яна нешта зразумела таксама. Мы яшчэ трохі пастаялі, паглядзелі адно на адное, а потым кожны рушыў у сваім накірунку…”

—Усё? – ускінуў калматыя бровы барадаты.

—Здаецца, усё, — рыжы пагартаў нататнік. – Але не, яшчэ чысло, подпіс.

—І якое чысло?

—Учарашняе.

—Шызуха нейкая. Але ня кідай, забяром з сабою. У мяне пляменьнік вершыкі лепіць, аддамо яму для “напхненьня”.

—Мне дык усё роўна.

Барадаты й рыжы падняліся. Не згаворваючыся, падыйшлі да сьценкі, рашпілілі прарэхі. Тугія струмяні ўдарылі па старых бярвёнах, а з куту на ўсё гэта ўважліва глядзела вока засіленага каня.

Студзень, 1990 г., м. Кобрынь