Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Дзядзька Міхась

Чалавек заўсёды адзiн. Калi ён гуртуецца ў суполкi, ён ужо ня сам па сабе чалавек. У статку ходзяць толькi маткi й дзецi. Але дзiк цi зубар заўсёды адзiн. Аднак, калi забiваюць адзiнца, сканчаецца й ягонае племя.

Так казаў дзядзька Мiхась.

Пятнаццаць гадоў таму ў лесе каля Доўскай шашы працавала падпольная беларуская школа. Мы даяжджалi сюды аўтобусам, а потым iшлi празь лес па адным. Была позьняя восень, i падаў першы сьняжок. Мы йшлi не па сьцежках, а проста па жухлым iмху, каб не пакiдаць сьлядоў. Каля вогнiшча на паляне нас чакаў настаўнiк дзядзька Мiхась. Ён заўсёды быў у гiмнасьцёрцы й заношаным курцяку. Нiхто ня ведаў, адкуль ён узяўся, i не пыталiся пра гэта.

-- Мова свая, калi ты сам свой, -- казаў дзядзька Мiхась. -- Каб адчуваць мову, трэба адчуваць сваю кроў.

Адчуваньне прыходзiла хутка. Мы былi вучаныя па-расейску i таму цяпер паўтаралi, як малiтву: адзiн цень, адзiн боль, адзiн сабака. Гэта было выпрабаваньне мужчынскага роду.

Дзядзька Мiхась загiнуў першы. Нехта навёў на школу гэбiстаў, i мiлiцыя зрабiла аблаву. А дзядзька Мiхась меў паляўнiчую стрэльбу. Яны абступiлi яго, i ён, не прамовiўшы анi слова, стрэлiў у неба. Гэтага было дастаткова, каб нехта стрэлiў у яго. З таго дня перастала йснаваць наша лясная школа.

-- "Адзiн" гучыць так толькi па-беларуску, -- казаў дзядзька Мiхась. -- Як першы званок цi як куля аб шкло -- "дзiн-н-н"...