... Тое, што адбылося й што адбываецца сёньня, мысьлiцца як Новая Культурная Сытуацыя. Гэта той краявiд, якi пачынаецца за вокнамi нашага цягнiка. Мы яшчэ ня ўбачылi яго як краявiд, бо нашую ўвагу прыцягвае мiльгаценьне нязвыклых будынкаў i дрэваў, якiя так раптоўна зьяўляюцца й зьнiкаюць за шыбаю. Нечаканыя кошты, парадкi, дзiўныя мiждзяржаўныя пагадненьнi, адстаўкi, рэйтынгi, абяцаньне вайны... Мы глядзiм на ўсе вочы, i новы пэйзаж выглядае спантанна й хаатычна. Але там, за будынкамi й дрэвамi, за плякатамi й помнiкамi, за ўсiм гэтым стракаценьнем хто захоча, ужо можа ўбачыць павольную лiнiю далягляду, пагоркi, над якiмi ўстае сонца. Гэта Новая Культурная Сытуацыя, у якую заяжджае наш шумлiвы цягнiк. Мы мусiм прыняць яе, а яна нас. Побач у вагоне нехта натужлiва крычыць пра патрэбу адраджэньня, а нехта -- пра дарэмна пражытае жыцьцё, нехта -- пра апатыю масаў. Тут адныя клiчуць да змаганьня з другiмi, а трэцiя дбаюць пра выгоднае месца ў новай гіерархii багатых i бедных... Але ўсё гэта -- чмурныя настроi напрыканцы доўгага падарожжа. Неўзабаве цягнiк спынiцца, i кожны пойдзе ў свой бок. Хто да вакзальнае пачакальнi, хто ў мiльгаценьне адставак i рэйтынгаў, а хто -- да павольных пагоркаў, над якiмi ўстае сонца...