Усё жыцьцё -- гэта вяртаньне з набыткамi, наiў аснашчаных, дзяцiнства мудрых.
Канец стагодзьдзя правакуе думкi пра канец гiсторыi, канец сьвету, канец слова... Мы йдзем мiж пагоркамi, i кожны наступны выглядае апошнiм, мы дапускаем у сэрца вусьцiшны салодкi страх -- пачуцьцё фатальнага канца. Але вось пагорак пройдзены, i на даляглядзе ўжо вiдаць наступны. Зямля круглая, пакаленьне зьмяняе пакаленьне, жыцьцё пэрыядычнае, як казаў Борхес.
Усё, што нi робiць чалавек, -- гэта толькi праекцыя яго самога й навакольнай прыроды. Кола -- праекцыя перакацi-поля, поршнева-штамповачная сувязь -- праекцыя бiялягiчнае зьвязкi, крык -- iмiтацыя зьвера або птушкi, мова -- шэпт трысьнягу...
Усё, што нi выдумляе чалавек -- праекцыя ў адцягненую лёгiку. Чалавеку ня дадзена выйсьцi з заканамернасьцяў уласнага пачатку. Гэтая абмежаванасьць i ёсьць форма, якая надае сэнс усяму iснаму.
Чалавек жыве пасярод малекулаў i электронаў, але ўсё гэта -- цалкам прыдуманы, названы, умоўны сьвет. Рэальны -- сьвiст патрывожанага дразда, невыносна рэальны плач мацi, даўка-рэальны плоцевы акт i хрыпатае слова бабулi. Усё гэта спараджае культуру чалавека. Усё гэта не разьвiваецца, а значыць, нiколi не памiрае. Прагрэс -- у iнфраструктуры, якая будзе разьвiвацца, пакуль ня зьнiкне, не растворыцца ва ўласнай дасканаласьцi, ня вернецца ў тло прыроды, зрабiўшы чалавека паўбогам.
"Лiхаманкавыя спэцкасьцюмы" -- "не назаўсёды".
Увесь гэты алюмiнiй, гэтыя тэхна, электра, кiбэр i г.д. iмклiва разьвiваюцца, каб урэшце перастаць быць. Яны -- рыштаваньнi, якiя толькi паўтараюць форму будынка, але нiколi не становяцца самiм будынкам. Дом актуальны вечна, а навуковыя дасягненьнi ўжо мiнулае пяцiгодкi выглядаюць зусiм рэтра. (Як дапатопна ўжо сёньня ўсё гэта выглядае ў творах ранейшых фантастаў.) Яны патрэбныя толькi для таго, каб зрабiць жыцьцё функцыянальным, г.зн. безадыходным. Каб нашчадак рукою зрываў чысты яблык з натуральнага дрэва, а не выклiкаў з агрэгату кнопкаю кансэрвант.
Нават якiя-небудзь лiтаратурныя жанры больш жывучыя за навуковыя тэорыi разам зь iхнiмi практыкамi. Што такое сацыялiзм? -- пытаўся Мао Цзэдун i сам адказваў, -- адна трацiна эпохi Мiнь... Жанры -- гэта эпохi.
Пакуль чалавек дакранаецца да рукi дзiцяцi -- ён чалавек. Калi б ён выйшаў у нейкае iншае вымярэньне i пачаў намацваць свае малекулы -- гэта было б ужо нешта iншае. I гэтаксама як застаецца iстотным дотык рукi дзiцяцi, сябра, жанчыны, -- таксама iстотным застаецца слова.
Дзiва кiно, тэле або кiбэрнэтыкi вытлумачваецца адразу. Вытлумачэньне цуду слова нараджае лiтаратуру й нiколi ня можа быць дастатковым.
Слова йснуе незалежна ад нас. Яно можа ляжаць у кнiзе тысячу гадоў, i яго не хвалюе, возьмем цi ня возьмем кнiгу ты або я.
Слова нефункцыянальнае. Гэта мы функцыянальныя адносна яго. Мы яго выкарыстоўваем гэтаксама, як выкарыстоўваем дрэва.
Слова належыць да базавых рысаў чалавека -- як есьцi, кахаць, спаць, памiраць. Усё астатняе -- мiкра- i макракосмы -- толькi вiзii, толькi праекцыi гэтых базавых рысаў.
Мы ня мысьлiм той моваю, якой мысьлiць электронiка, не жывем у яе хуткасьцях, не валодаем яе аб'ёмамi памяцi. Яна заўсёды будзе другаснай, нават калi мы зробiм яе бiялягiчнай i самаразьвiцьцёвай. Бо мы нiколi ня выйдзем за межы сябе, туды, дзе йснуе той, якi кiруе намi.
Да наступнага пагорку мы прыйдзем не ў лiхаманкавых спэцкасьцюмах, а ў кашулi i з кнiгаю ў руцэ. У кнiзе будуць словы, лiтаратура -- тое, што сьведчыць пра эвалюцыю розуму, а не пра эвалюцыю iнфраструктуры. Апошняя будзе заўсёды заставацца ззаду, на ўскрайку нашага шляху, як руцiна, як благая лiтаратура i неталенавiтае, тленнае слова.
Вось i ўсё. Талент i тлен. I больш нiчога.
Канец правакуе думкi пра канец. Пачатак -- пра пачатак.