Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Неадказаныя пытаньні

Для шматлiкiх прадмоваў, артыкулаў i кнiг, прысьвечаных Альбэру Камю, стала агульным месцам пачынаць з эпiзоду сьмерцi пiсьменьнiка.

Легкавая машына спартыўнага тыпу неслася па шашы. Парыж быў ужо блiзка. За рулём сядзеў Мiшэль Галiмар, вядомы парыскi выдавец. Калядныя вакацыi закончылiся. У той дзень -- 4 студзеня 1960 г. -- дарога была пустая, iшоў дождж. Раптам аўтамабiль вылецеў на ўзбочыну i з грукатам урэзаўся ў платан. Кiроўца быў цяжка паранены. Пасажыр, якi сядзеў побач зь iм, -- забiты. Калi на месца катастрофы прыбылi жандары, то каля разьбiтай машыны знайшлi запырсканы гразёю партфэль. У iм быў пашпарт памерлага: Альбэр Камю, пiсьменьнiк... i рукапiс незавершанага раману "Першы чалавек".

Камю было 47. I тым ня менш ён ужо перажыў сябе. "Мы занадта доўга жывем", -- пiсаў ён у сваiх "Сшытках". Ужо нейкi час ён спынiўся ў сваёй разгадцы быцьця й адчуваў адно незадаволенасьць. Як бы недадумаў. Штосьцi яму замiнала. Я думаю -- што?

Ёсьць праблема межаў пазнаньня, але для мастака яна набывае выгляд асабiстае перашкоды. Як вятрак, зь якiм змагаецца Дон Кiхот. Мастак кiруецца ня столькi лёгiкай, колькi запытамi да ўласнае сутнасьцi.

Легалiзацыя гомасэксуалiзму, наркаманii ды iншага гаўнаедзтва -- быццам бы прыкметы дэградацыi чалавечага роду, выраджэньня. Але хто можа сказаць, што ня гэта патрабуецца? Патрабуецца -- кiм?..

Ёсьць зададзенасьцi. Мы прасачылi зададзенасьць працягу роду. Але цi ня можа зададзенасьць зьмяняцца? I цi ёсьць яна? I дзеля чаго мы? I дзеля чаго ўсё?

Дзеля любовi? -- адзiнага, чаго няма на тым сьвеце.

Любоў да кагосьцi -- гэта шкадаваньне, што ён усё адно ня дойдзе сэнсу (уласнага йснаваньня).

Чалавек любiць сабаку ад падсьвядомага шкадаваньня цi крыўды, што той нiколi ня будзе чалавекам.

Але калi чалавек любiць (шкадуе) чалавека, -- у iм гаворыць штосьцi вышняе.

Чалавек любiць сваё дзiця ад нязбыўнае тугi, бо зразумець сваё пачуцьцё ня дадзена. Растлумачыць ня дадзена. Гэтаксама тужлiва -- ад немагчымасьцi вытлумачыць бясконцасьць.

Многiя веды памнажаюць тугу ад таго, што ўсё адно галоўнага зьведаць ня дадзена.

Ёсьць дзьве абсалютныя дадзенасьцi -- iнстынкты, разам зь якiмi зададзеныя i ўсе магчымыя спосабы iх пераадоленьня, i так званы ўласны досьвед, якi ўвесь ускосна таксама зададзены, бо чалавек зьмяняе сьвет толькi паводле тае лёгiкi, якой у гэтага ж сьвету навучыўся. Зманлiвае пытаньне -- кiм, якiм розумам i якой лёгiкай гэта ўсё зададзена? I вось тут -- табу, сьцяна, якая, аднак, тоiць надзеi. Чалавечы розум пачынае як бы кружляць перад гэтым.

Вось просты сьвет -- вёска, хата, карова. Карова бачыць чалавека, ведае ягоныя рухi, голас. Але гэта чалавек задаў ёй сытуацыю йснаваньня. Чалавек цалкам валодае сытуацыяй каровы, тады як карова зусiм не валодае анi сытуацыяй каровы, анi тым больш сытуацыяй чалавека. Сытуацыя каровы цалкам усьведамляецца чалавекам, але не ўсьведамляецца каровай. У адрозненьне ад каровы, чалавек мае розум, але ня мае чагосьцi яшчэ, каб усьведамляць сытуацыю чалавека.

Прырода розуму цалкам вынiкае з прыроды ўвогуле, з прыроды сытуацыi каровы. Значыць i тое іншае, наступнае можа вынiкаць з гэтае прыроды. Значыць i чалавеку дадзена бачыць i чуць Трэцяга, якi валодае сытуацыяй чалавека?

Адчуваньне альбо нават толькi спакуса гэтага працягу i недахоп чагосьцi на гэты шляху i мучылі Камю. Можна было б уявiць сабе Бога -- уяўленага людзьмi Трэцяга. Але Бог -- не дае сатысфакцыi прагматычнага адказу. Яго нельга памацаць. Яго адказам нельга здаволiцца. Бо калi ён Трэцi, то за iм пытлiвы розум адразу пачынае шукаць Чацьвертага. Таго, хто валодае сытуацыяй Бога, якая тады робiцца тоеснай сытуацыi чалавека альбо папросту -- творам чалавечага розуму.

Развагi захапляюць, але заўсёды ёсьць спакуса спынiцца: маўляў, памiж сытуацыямi йснуюць неадольныя бар'еры, i гэтаксама як карова нiколi не зразумее сытуацыю чалавека, так i чалавек нiколi не зразумее сытуацыю Трэцяга. Розум ня можа мысьлiць пра большае, чым яму зададзена.

I зноў -- кiм зададзена?..