Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Краіна-восень

Гэта шэрасьць. Шэрае золата, шэры пунс, шэры смарагд. Зiма -- не зiма, i лета -- ня лета, а так -- подых восенi. Чорна-белыя днi. Стома. Мы прайшлi ўсе вышынi. Залаты век. Мышасты колер пустаты. I белы иней -- шэрань. I вечар -- шарая гадзiна. Шэра-жоўтае лiсьце. Шэра-блакiтнае неба i вочы. Шэра-чырвоная паска на шэра-белым сьцягу. Шэра -- у неабжытым доме. Шэра й сыра. Краiна канфармiстаў i канфармiзму. Прырода... Восень палiтыкi. Восень культуры. Восень мовы.

Марна ўзмацняць колеры. Нават флюарэсцэнтныя восеньню -- шэрыя.

Шэры восеньскi холад. Беларусь -- не Альжыр, дзе асьляпляльнае сонечнае сьвятло стала прычынаю забойства араба. У нас клiматычнай прычынай такога забойства мог бы стаць пранiзьлiвы восеньскi холад, якi зацямняе розум.