Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Мастацтва ненароджаных

Калi ня думаць сёньня пра тых, хто пiша ўчора...

Гэтыя прыходзяць нiадкуль i ў нiкуды. Маладая лiтаратура... Ёй ня дадзена адлiчваць сябе ад папярэднiкаў, няма нават куды паставiць нагу. Папярэднiкi намацвалi тут глебу, але не пакiнулi вехаў, i балота зноў зацягнулася раскай...

Вучыцца ў клясыкаў? Але што выбiраць? У клясыкаў усё зьбiтае ў адно й разам пакрытае лякам. Клясыка ня ведае праблемаў самавыяўленьня. Вучыцца ў фальклёру? Але ён сам сёньня ня ведае сябе; аганiзуе, прыпудраны афiцыёзьнiкамi ды нэафiтамi. Вучыцца на Захадзе? Але Захад -- terra incognita...

Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, анi нават шырокiмi лiтаратурнымi стэрэатыпамi...

Iх няма, але яны не пустата... У слове няма -- факт iхнае прысутнасьцi.

Што будзе пасьля соцрэалiзму? Постмадэрнiзм? Гульня стыляў -- тое, чым сёньня ўжо можна назваць усё... Постсоцрэалiзм?

Новая лiтаратура шукае сябе ў перакладзе расейскамоўнай гарадзкой рэчаiснасьцi на беларускую мову. Яе наканаваньне -- прымiтывiзм, самавуцтва, "мэтодыка тыку". Старэйшыя пазiраюць на iх зь недаверам -- цi ж выжывуць?

Можна было здагадвацца, што будзе канфлiкт або што пераемнасьцi ня будзе, але каб настолькi...

Пашыраная беларуская зьява найноўшага часу -- бацька не пакiдае сыну нiчога iстотнага: нi дому, нi справы, нi капiталу, -- i кожнае пакаленьне пачынае спачатку. Тое самае ў лiтаратуры. Але гэта -- канстатацыя, а не апраўданьне.

Разам з тым, усё гэта аб'ядноўваецца ў пэўную агульнасьць. З школьных твораў гэта ўжо пачынае афармляцца ў лiтаратуру. Але гэта школа, у якой настаўнiкi схавалiся ад вучняў.

Можна здагадвацца пра тое, што iм балiць, але яны толькi здагадваюцца пра гэта самi. Нiчога не сьцьвярджаюць i нiчога не адмаўляюць.

-- Скажыце мне, што вы ёсьць.

-- Мы ёсьць!!! -- яны крычаць гэта так, быццам ад таго, цi iх пачуюць, i сапраўды залежыць, ёсьць яны цi не. Але iх не чуваць.

-- Скажыце, што вы ёсьць. Дайце якi-небудзь знак. Распалiце вогнiшчы. Калi вы жывыя... Хоць бы паварушыце рукой...