Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


"Брудныя" тэмы

Калi закранаеш у "Нашай Нiве" "брудныя" тэмы чужанiцы, хама, акупацыi, на руках непазьбежна застаюцца сьляды. Ужо ўсе рукi вымазаныя гэтым. I якую новую тэму ні возьмеш, пакiдаеш на ёй адбiткi. Надыходзiць час, калi ўсё навокал цябе перамазана i ўсё, што ты нi прыносiш сюды, -- таксама. I калi ты стомлена прысядаеш на крэсла, то бачыш, што ўсё вакол цябе замурзанае, але... Усё так i ёсьць. Гэта наш сьвет, адлюстраваны ў "НН". Гэта сьвет, якi ты спасьцiгаеш. Сьвет нябачны, якi ты маляваў сабе ва ўяўленьнi чыстымi фарбамi, дзякуючы брудным плямам набывае свае абрысы. Гэта твой сьвет -- бачны i ўжо амаль зразумелы.