... Гэта было гадоў 10-15 таму. У Менску, у пустым двары памiж домам Ваньковiча й Домам масонаў шараю гадзiнай мы, студэнты, праводзiлi свой першы сьпiрытычны сэанс. Ведаеце, прага пазнаньня, цiкавасьць да патаемнага, вострыя ўражаньнi i ўсё такое. Здавалася, яшчэ трохi -- i памiж старых муроў пазьяўляюцца сапраўдныя прывiды. У той вечар мы выклiкалi дух Янкi Купалы. Зразумела, што першае наша пытаньне было: назавеце вашых забойцаў, Iван Дамiнiкавiч.
У двары павiсла мёртвая цiшыня, мы стаiлi дыханьне, захвалявалася самое паветра. Сподак скрануўся пад нашымi пальцамi i пачаў соўгацца па кругу, усё хутчэй i хутчэй. Мы ледзь пасьпявалi складаць лiтары: Мiрольд Камiнскi...
Пазьней у нас шмат пiсалi пра гiбель Купалы. У 1942-м годзе паэт упаў у лесьвiчны пралёт маскоўскага гатэлю й разьбiўся. Было выказана мноства вэрсiяў: энкавэдэ, немцы, выпадковасьць, самагубства... Адно з раньнiх i ўжо забытых меркаваньняў: сьмерць Купалы -- на сумленьнi беларускiх нацыяналiстаў. Прозьвiшча, якое мы даведалiся на сьпiрытычным сэансе, нiколi й нiдзе больш ня згадвалася.
Паступова жарсьцi вакол гiбелi паэта ўлеглiся. Адыйшлi ў лепшы сьвет два найбольш кампэтэнтныя дасьледнiкi гэтага таемнага эпiзоду нацыянальнай гiсторыi -- Георгi Колас i Барыс Сачанка. Але загадка так i засталася загадкаю.
I вось сёлета, у пачатку верасьня, у рэдакцыю "Нашай Нівы" прыйшоў лiст. Без зваротнага адрасу й бяз даты. Тэкст надрукаваны на беларускай машынцы i толькi подпiс акуратна выведзены асадкай: Мiрольд Камiнскi:
"Паважаны Спадар Рэдактар,
Самы паганы, самы хлусьлiвы й самаедзкi беларускi верш перакладзены на 80 моваў сьвету.
Гэты верш -- ключ, якiм у ХХ ст. была знутры замкнутая беларуская iдэя. Вось чаму ў 94-м яна ўжо не магла даць нiкога iншага, апроч Лукашэнкi, у 95-м -- нiякага iншага адказу на рэфэрэндум, вось чаму Беларусь ня здолее не далучыцца да Расеi.
Усё iншае ў ёй памiрае, забiтае, затыкнутае, затрамбаванае гэтай крыўдай з лапцямi. Салодкi мазахiзм эстэцкага паэта, якi нiколi (!) не насiў лапцi i быў заўсёднiкам установаў, куды й блiзка не падпускалi тых, хто "людзьмi ня зваўся".
Ён быў болей генiй, чым чалавек. Монстар у бязвольным аблiччы. У яго ёсьць боскiя вершы, але на 80 моваў сьвету перакладзены верш сатанiнскi, вусьцiшна-гульлiвы, швэйцарскi. Так ён выставiў свой народ за дзьверы "Штраля"...
За Шушкевiчам гэты верш ня быў выключаны з нашых школьных праграмаў. I таму нашы школьныя праграмы цяпер выключаюць са школаў.
Гэты верш быў вiрусам, якi выглядаў на жывую клетку, але таiў пры гэтым сваю сьмертаносную атруту, выклiкаў iмунадэфiцыт у нашым нацыянальным арганiзме. Пакуль не паралiзаваў усё. Ягоная генiяльнасьць -- гэта генiяльнасьць разбурэньня. Урэшце гэты верш матэрыялiзаваўся ў першай асобе доўгачаканай беларускай дзяржавы.
Ён сьпявае бяз нотаў, але побач зь iм глохне кансэрваторская прафэсура. Ён грае ў свой паляўнiчы ражок, i бязвольныя казулi статкамi iдуць на ягонае граньне. Але нi ён, нi яны ня робяць гэта ўсьвядомлена.
Трэба сказаць сабе праўду: Беларусь будзе далучаная да Расеi. Няма такой волi, якая б перашкодзiла гэтаму. Дый не было такой волi нiколi. Можа, таму, што воля -- гэта заўсёды неўсьвядомленая сiла? Яна нараджаецца як музыка. I ўзьдзейнiчае як музыка. А мы занадта рацыяналiстычны народ. Мы ня ўмеем верыць у Бога.
Трэба сказаць сабе праўду: беларуская мова памрэ. Нiхто сур'ёзна ня стане размаўляць на ёй. Яна памрэ, як толькi пакiне вёску. У горадзе нiхто -- самыя заўзятыя моўнiкi (паглядзiце сабе ў вочы) не размаўляюць на ёй сур'ёзна. Сур'ёзна па-беларуску магла гаварыць толькi вёска. Пакуль не навучылася па-iншаму.
Трэба сказаць сабе праўду: беларуская iдэя -- фiкцыя, якая так i ня стала рэальнасьцю. Наш спэктакаль зацягнуўся. Нашы жарты даўно сталi хлусьнёю.
Нацыя нараджаецца зь любовi й сьмерцi. Яна -- ня тая iдэя, якая дазваляе спазнаць сьвет. Таму нацыянальная iдэя -- не для пазнаньня, а дзеля шчасьця.
Трэба сказаць сабе праўду... Калi нас далучаць да Расеi, калi памрэ мова i беларуская iдэя разьвеецца як ранiшнi туман, -- тады мы будзем са скураю зьдзiраць зь сябе гэтую маску бязвольнага генiя i крывёю змываць таўро "людзьмi звацца".
Калi толькi маска не ўрасла ў касьцяк".