Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Бібліятэка

Навука ўрэшце абрыдае таму, хто ня хоча памножыць свой смутак да змрочнага вынiку. Ня веды абрыдаюць (як у Маякоўскага: Никогда ничего не хочу читать!), а прапанаваная сыстэма ведаў. I тады, уваходзячы ў чытальную залю, я з наўмысна халодным позiркам iмклiва прамiнаю столiк бiблiятэкаркi й праходжу ў фонды, у сховы, у царства забытых iсьцiн, зь якiх кожнаму з нас дадзена спазнаць толькi нiкчэмна малую iх частку.

Тут кнiгi. Дзясяткi соцень, тысячы кнiг прапанаванай сыстэмы губляюцца ў моры, у акiяне антыкнiг, уступаючы зь iмi ў чаканыя й нечаканыя сувязi, творачы свае дзiўныя заканамернасьцi й нiкiм не заплянаваныя, непатрэбныя й нават шкодныя сыстэмы. Тут царства абсурду, тут тайны кантэкстаў i тайны часу... Бiблiяграфii. "Предварительный отчет по качественному изучению литовско-белорусского скота в Минской губернии"... "На стр. ХII г-жа Радченко напрасно вдалась в сравнение белорусского языка с английским и итальянским"... "Кантор не должен начинать молитвы, когда нет в синагоге по крайней мере десяти молящихся евреев (минион)"...

Як гэта ўсё называецца? "Ленинка"? Сама прапанаваная сыстэма называецца "ленинка". Што там у яе ў сярэдзiне... Бiблiяграфii. "Бибиков, Бибикова. Цветоводство для Северо-Западной зоны. Мн., 1984". "Император Николай I, отправляя в 1830 году в Польшу гвардию, сказал: "Вам придется сражаться с неприятелями, но помните, что они братья". "Инструктивно-методические рекомендации к проведению трехдневных городских и районных семинаров культпросветработников и секретарей комсомольских организаций. Мн., 1973". Далей, далей... Можна дасягнуць нават фiзычнага адчуваньня працэсу -- слова страчвае свой сэнс, нiбы пераапранаецца, i набывае сэнс зусiм iншы, амаль процiлеглы. Яшчэ трохi, i сэнс ня вытрымае такiх зь iм пэртурбацыяў, прападзе, каб пакiнуць пустое месца абсурду. Гэта й будзе выхад з прапанаванае сыстэмы.

"Савецкая ўлада стане ўладай ня толькi рускай, але й iнтэрнацыянальнай, роднай для сялян раней прыгнечаных нацыяў, калi ўстановы й органы ўлады загавораць i будуць працаваць на роднай мове" (Сталiн). А чаму, уласна, вы думаеце, што ён хлусiў?.. "ГРУБИАН Матвей Матвеевич (р. 1909, м. Соколовка, ныне Киевской обл.), еврейский советский поэт. Окончил лит. ф-т Минского пед. ин-та в 1938. В 1935 в Минске вышел первый сб. стихов "Из подвала -- к солнцу"... Але далей, далей...

Калi няспынна йдзеш мiма стэлажоў, выхоплiваючы кнiгу па кнiзе, старонку па старонцы, фразу па фразе, -- разумееш, што нiякай сыстэмы няма. Нiшто ня цiсьне на цябе й не абяцае змрочнага вынiку. Каб упэўнiцца, што гэта так, што гэта ня сон, паспрабуй на сэкунду параўнаць два гэтыя станы -- спынiся каля якой-небудзь палiцы й чытай запар...

Бовш В.И. Сионизм на службе международного империализма. Мн., 1970. Бовш В.И. Антикоммунизм -- главное идейно-политическое оружие империалистической реакции. Мн, 1971. Бовш В.И. Обострение идеологического противоборства... Мн., 1976. Бовш В.И. Антикоммунизм перед судом... 1983... Реальный социализм и современные "крестоносцы"... 1985...

Цяпер ты бачыш, што ўсё ў парадку. Спыняцца нельга.

ДИСФОРИЯ, расстройство настроения, характеризующееся напряженным, злобно-тоскливым аффектом с выраженной раздражительностью, доходящей до взрывов гнева с агрессивностью...

Здаецца, гэты Боўш напачатку перабудовы яшчэ пiсаў у газэтах нейкiя "антыперабудовачныя" артыкулы. Але антыкамунiзм усё ж перамог. Яшчэ не канчаткова, праўда, i нават ня поўнасьцю, але перамагло гэтае мора антыкнiг, завалiла, залiло прапанаваную сыстэму, разбураючы яе стройны шкiлет.

ГОЛЯК, шкурка преждевременно родившегося каракульского ягненка или плода, извлеченного из утробы павшей или преждевременно забитой матки. Шкурки покрыты коротким гладким волосом с едва заметным муаровым отливом или без него. После выделки используются для изготовления головных уборов.

Уся справа, вiдаць, у тым, хто надзене на галаву гэты "голяк". Але пра тое ў энцыкляпэдыях ня пiшуць. Там тлумачаць словы, якiя высыпаюцца з пульхных тамоў, з прапанаванае сыстэмы i жывуць сваiм, непрадбачаным жыцьцём.

"ГАРУН, река в Хабаровском крае, левый приток Амура". "ГРЯЗИ, город в Липецкой области РСФСР на р. Матыра". "ДНО, город (с), центр Дновского р-на Псковской обл." Расейская милость i польская miłość -- сутнасьцi, процiлеглыя абазначэньням. Прышласьць -- чужое й будучае, два паняцьцi ў адным. Чужая будучыня. "Бацька, канчаючы расказваць казку: "I воўк зьеў гэтае непаслухмянае цялё". Сынок на гэта: "А калi б цялё было паслухмянае, яго зьелi б мы?" ("Голас Радзiмы", 1968)...

Яшчэ трохi, i старая сыстэма будзе разбураная зусiм. Яшчэ трохi, i пачне завязвацца новая. Трэба толькi ўспомнiць, за што зачапiлася думка... Ага: хто надзене шапку? Можа, Боўш? А можа...

БАТЫРША Алиев (ок. 1710--1762), башкирский мулла, написавший в начале 1755 обращение, призывающее башкир, татар, казахов и узбеков к священной войне против "неверных" -- русских. В августе 1756 арестован, заключен в Шлисельбургскую крепость, где и умер.

P.S. Умер -- праз тое, што нацiск не на канцы -- гучыць неяк не канчаткова, ня цалкам, не зусiм. Лепей -- памёр.