Я сучасны менскi iнтэлiгент. Я падобны да Марсэля Пруста, якi па дарозе да Свана шукае страчаны час. Я шукаю страчаны вобраз свайго гораду. Мая сьвядомасьць працiвiцца той упакоўцы, у якой яна высьпела. Я падобны да шыцiка, якi выпаўзае з свае паўразбуранай хаткi, што сталася для яго радзiльняй i часткай ягонага цела. Шыцiк бяз хаткi нежыцьцяздольны й безабаронны. Але дзе мой iншы горад, мой несавецкi Менск? I дзе ў Менску iншы, несавецкi я?
Вобраз гораду, калi гэта твой горад, фармуецца як вобраз гораду ўвогуле. Урэшце i Парыжам, i Адэляiдай, пра якiя мы чыталi ў кнiгах i глядзелi ў кiно, -- для нас, менчукоў, быў наш Менск. Менск -- Сан-Францыска Джэка Лёндана i Лёндан Олiвэра Твiста, Пецярбург Дастаеўскага i Будэёвiцэ Гашака. Твой горад -- люстэрка урбанiстыкi сьвету. Прыяжджаючы ў Пецярбург, я неўсьвядомлена знаходзiў там тое, што атаясамiў з горадам Дастаеўскага ў Менску i такiм чынам прысвойваў СПб. Патаемны вобраз гораду фармаваўся як унiвэрсум. Гэты вобраз зьлiўся з намi, стаў часьцiнкаю нас.
Але наўрад цi мянчук распавядзе табе менскую гiсторыю. Не гiсторыю гораду, а менавiта гарадзкую гiсторыю. Адну. У кожнага гораду мусiць быць нешта такое: пра купцоў, якiя селi на мель, цi пра Напалеона, якi хацеў на далонi перанесьцi ў Парыж касьцёл, цi пра заклятую панну... Менская гiсторыя -- гэта Нямiга. Як пасярод мiрнага часу людзi руйнавалi свой стары горад i здымалi гэта ўсё на кiнастужку, як сюжэт нядаўняе агрэсii. Сумнеўнае мастацтва запатрабавала зусiм рэальных ахвяраў. Унiкальная гiсторыя. Гэта не рэгенэрацыя, не касмэтыка, ня рост... Я ня ведаю, што гэта.
Сапраўдная трагедыя гораду ў тым, што ён не памiрае. Яго нiшчаць, нявечаць, дратуюць, i ён працягвае жыць такiм зьнiшчаным i зьнявечаным. Я ўяўляю сабе прафэсара Праабражэнскага, якога апэруюць Шарыкавы. Будзь Менск чалавекам, ён сканаў бы ад непамыснасьцi самое сытуацыi. Яму выдаляюць сэрца i ўстаўляюць звонкi мэханiчны будзiльнiк, замест галавы прышываюць футбольны мяч, замест ног -- пастамэнт, а ў рукi даюць вясло... Такiм "чалавекам" уяўляецца мне Менск. Але Менск не чалавек...
Калi мой вобраз Менску сутыкаецца зь менскай гiсторыяй, я пачуваюся бацькам, якi перажыў уласных дзяцей. У горадзе ўжо няма тых мясьцiнаў, дзе колiсь знаходзiў я Сан-Францыска й СПб. Кожнае пакаленьне менчукоў асуджанае перажыць свой горад. Але сам Менск не пачуваецца нябожчыкам. Празь зьнiшчэньне й недарэчнасьцi ён упарта адмаўляе сваю старасьць ды гэтак жа настойлiва й хваравiта заваёўвае сабе права звацца ма-ла-дым.
Зусiм iнакш пачуваецца старая Вiльня -- беражлiва захаваны Сан-Францыска й СПб кожнага пакаленьня сваiх жыхароў. Вобраз гораду падобны ў спракаветных насельнiкаў i ў сучасьнiкаў. Таму я магу меркаваць, што тое, што адчуваю тут я, адчувалi яшчэ Скарына, яшчэ Гарэцкi й Танк... Праўда, я -- менскi iнтэлiгент i мае адчуваньнi ў Вiльнi выхаваныя й сфармаваныя Менскам. Стары горад жыве ўспамiнамi пра свой багаты досьвед, а малады -- прадчуваньнем досьведу. Менск жыве марай пра Вiльню, а Вiльня -- настальгiяй па Менску.