Дваццаць восьмага ліпеня, у аўторак, Ютка Казубоўскі прачнуўся, як заўсёды, рана, памыўся, паснедаў на скорую руку і рушыў будаваць вежу да неба.
На гліністым пагорку ў канцы сотак мелася ў Юткі круглая, глыбокая яма, дзе на зіму буртавалася бульба. На дне гэтай ямы і заклаў Ютка першы камень у падмурак сваёй вежы.
Некаму можа падацца дзіўнаватым, што чалавек у наш час, на скорую руку паснедаўшы, без дай прычыны бярэцца за работу, у якой не было ў людзей аніякай патрэбы з пары Вавілона. Некаму, але не жыхарам Карун, дзе яшчэ зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, капаўся калодзеж скрозь усю зямлю, каб можна было ў яго скочыць і глянуць, што ж робіцца там, на другім канцы свету. Таму, калі Хведар Былінскі, сусед Юткі Казубоўскага, крочыў паўз Юткавы соткі на ферму і спытаўся ў Юткі, што гэта ён тут робіць, дык зусім не здзівіўся Юткавым намерам, а сказаў толькі:
- А... Ну, памагай Бог, - і пашыбаваў сабе далей.
- Казаў Бог, каб ты памог, - буркнуў яму ўслед Ютка, бо каціў вельмі ўжо вялікі камень, аднаму не пад сілу. Тады Хведар вярнуўся - і ўдвух яны скінулі камень у яміну.
- А дзе ты цяпер бульбу буртаваць будзеш? - спытаўся Хведар.
- Ат, - махнуў рукою Ютка, - колькі той бульбы. А работы з ёй - лепей у горадзе купіць.
- I то праўда, - згадзіўся Хведар. - Ты вялікае каменне адзін не цягай. Памагу, як з работы пайду.
На суботу, першага жніўня, падмурак быў закладзены, стаяў трывала, надзейна, хіба толькі землятрус яго мог скрануць. Дый то гледзячы які, бо яміна глыбінёю каля дзесятка метраў, выкапаная ў чырвонай ганчарнай гліне, з якой спрадвеку рабіліся ў Карунах звонкія, як гарэхі, гаршкі, - замураваная ледавіковымі валунамі такая яміна - гэта вам не жарты. А каб не чапляліся да Юткі, што ды чаго, чаму ды навошта, укапаў ён каля падмурка драўляны слупок, у макаўку якога ўвагнаў бляшаную шыльдачку, з аднаго боку якой былі выбіты аўтамабільныя нумары 17-39 ТРМ ПРИЦЕП, а з другога акуратна напісана, кожнае слова асобным колерам: будуецца вежа да неба.
- Гэта ты правільна прыдумаў, - сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. - Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.
Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць калодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун - і аказалася, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі нават карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Болыы таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова "дыверсія", пасля чаго ў Каруны прыехала аж чацвёра дактароў: трое ў хуткім часе з'ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.
Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар'ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.
Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны - і на тое былі дзве прычыны. Па-першае, ніхто ў Карунах толкам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па- другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў такую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а пацячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажацца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая карысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш-менш прыстойную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, не тут, а як-небудзь іншым разам і іншым часам.
Дзень за днём Юткава вежа паціху, але няўмольна падымалася да неба. Слых пра незвычайную будоўлю ў Карунах хутка абляцеў раён, вобласць, рэспубліку - і вырваўся за межы краіны. У канцы лета, трыццатага жніўня, у чацвер, каля дзесяці гадзін раніцы ў Каруны завітала першая замежная дэлегацыя: група прафсаюзных дзеячаў з Берага Слановай Косці.
Прафсаюзныя дзеячы з Берага Слановай Косці аказаліся перадавымі, таму каля вежы, якая была ўжо на пядзі чатыры вышэй за Юткаву галаву, адбыўся мітынг. Ютка не разумеў, пра што гаварылася на мітынгу, бо выступалі на ім выключна замежныя госці і гаварылі, мусібыць, не па-нашаму, але, калі адчуваў, што нехта з гасцей звяртаецца менавіта да яго, згодна ківаў галавой, а ў канцы выступлення кожнага з прамоўцаў разам з усімі пляскаў у далоні. Пасля мітынгу госці па чарзе паабдымалі Ютку, абцалавалі, пасля селі ў чырвоны "Ікарус" і, калі той крануўся, памахалі з вокнаў хто насаткай, хто цэлафанавым мяшэчкам. Раптам аўтобус спыніўся, дзверы зноў расчыніліся, і на зямлю скочыў даўгашыі хлапчына ў белай кашулі і белых портках.
- Слухай, мужык, - ціха спытаўся ён, падышоўшы да Юткі, - а нашто табе гэта трэба?
- Што? - перапытаў Ютка.
- Ну, гэта во, - хлапчына галавой кіўнуў на вежу.
- Не скажу, - адказаў Ютка. - Трэба, і ўсё. Хлапчына пацепнуў плячыма, сеў у аўтобус, дэлегацыя з Берага Слановай Косці яшчэ раз памахала насаткамі і мяшэчкамі і хутка назаўсёды знікла за Літвінавай гарой з акіянскім караблём пана Цырлюкевіча.
Увечары таго ж дня да Юткі завітаў старшыня калгаса Андрон Сыцюк, зусім малады яшчэ дзяцюк, але ўжо даволі нервовы, стомлены на кіруючай рабоце.
- Ты во што, Казубоўскі, - глынуўшы вады прама з вядра каля парога, не павітаўшыся, сказаў Андрон. - Балаган свой гэты канчай. У мяне жніво, я на паперы амаль усё скасіў, а ў полі яшчэ палова. Прыпрэцца з іншаземцамі начальства якое-небудзь тваю вежу глядзець, а ўбачыць жыта пераспелае. Што тады будзе, як ты думаеш?
- Скінуць цябе па цяперашнім часе, - выказаў меркаванне Ютка.
- Правільна, - згадзіўся Андрон. - А я не на тое пуп рву, каб мяне скінулі. Зразумеў?
- Зразумеў, - адказаў Ютка. - У мяне вежа будзе гатовай толькі тады, калі ўпрэцца ў неба. А раней пра тое, што яна гатовая, я крычаць не стану.
- Та-ак, - працягнуў Андрон, выціраючы рукою рот. - Заўтра я прышлю два бульдозеры, каб тваю вежу на пыл размалолі.
- Давай прысылай, - усміхнуўся Ютка, уявіўшы, як дарэмна будуць ірваць бульдозеры сваё сталёвае нутро. - А я на цябе ў суд падам.
- За што? - зноў узяўся за вядро з вадою Андрон.
- Мне ўрачы горны клімат рэкамендуюць. А ты мне пуцёўку ў санаторый даў?.. Не даў. Дык я вежу збудую, лягу там на самым версе і буду дыхаць горным паветрам.
Андрон паставіў вядро на лаву.
- Ты ў дурня са мной не гуляй. Хворы знайшоўся. На камбайн сесці - ён хворы, а камяні цягаць - не хворы. Я праверу яшчэ, хто там табе і што за бюлетэнь на тры месяцы выпісаў. Пабачым тады, хто з нас суда забаіцца.
- Правярай, - не стаў пярэчыць Ютка. - Толькі што ты рабіць будзеш, як правяраць возьмешся, а я тым часам вазьму ды памру? Тады ўжо табе старшынёй не ўтрымацца. Бо калі даруюць табе і жыта недажатае, і бульбу недакапаную, і капусту памерзлую, то мёртвага Ютку Казубоўскага ніхто табе не даруе. Ніхто і ніколі. Амінь.
Андрон, хоць і нервовы, але ўсё ж малады і здаровы, ніяк не гатовы быў да гаворкі пра смерць, а таму адчуў сябе ніякавата.
- Ну чаго ты гэта паміраць надумаў? - палагаднеў ён голасам і нават зрабіў такі жэст, нібы збіраўся пагладзіць Ютку. - Хіба табе жыць абрыдла?
- Абрыдне з такімі ёлупамі, як ты! - адразу адчуў Андронаву слабінку Ютка. - Выгады сваёй не разумееш! Ну што табе з таго, што, болей намалоціш і болей здасі? Нехта яшчэ больш намалоціць. А вежа да неба ў цябе будзе адна. На ўсёй зямлі адна - і ў тваім калгасе. Дапяў?
- Не. На які чорт мне твая вежа?
- Начорта яму вежа! - ускінуўся Ютка. - Ды каб ты сёння не ганяў па палях, не глытаў пыл, а быў каля вежы, ты б ужо рукаўся з прафсаюзнымі дзеячамі Берага Слановай Косці! А заўтра, як роўны, будзеш здароўкацца з палітычнымі лідэрамі, тэрарыстамі, эстраднымі спевакамі. А пазаўтра - з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі... Ну, дайшло?
- Я рукаўся аднойчы з намеснікам міністра фінансаў, - падумаўшы, сказаў Андрон. - Гэта мне нічога не дало.
- Яно і відно, - з жалем уздыхнуў Ютка.
- Чаго ты ўздыхаеш? - асцярожна перапытаў Андрон.
- Нічога. На клуб новы як не было грошай, так і няма. Стары вунь і той неадрамантаваны стаіць.
- Дык ты і пабудуй новы клуб замест сваёй вежы, - знайшоўся Андрон. - Работы меней, а толку намнога болей. I не для цябе аднаго, а для ўсіх. Для сына твай- го ж. Скончыць ён свой інстытут культуры, а тут якраз і клуб гатовы, калі ласка, ідзі загадчыкам. А так што яму ў нас рабіць?
- Ён загадчыкам вежы будзе, калі ты не хочаш, - раззлавана сказаў Ютка. - I адчапіся ты ад мяне. Ведаў я, Андрон, дзеда твайго, ведаў бацьку, абодва яны нашы былі, карунскія, а ты - як у Стрыпунах нарадзіўся.
Гэта была абраза. Стрыпуны - вёска праз лес ад Карун, у якой спрадвеку з'яўляліся на свет самыя знакамітыя ў тутэйшых мясцінах ёлупні. Дастаткова сказаць, што ў той час, калі карунцы капалі калодзеж скрозь усю Зямлю, а пан Цырлюкевіч запалохваў усіх сусветным патопам, адзін са стрыпунскіх гаспадароў, Кірыла Моргаўка, прадаў сваю хату, збыў спадчынную сялібу і паехаў у Амерыку, каб танна, а калі пашанцуе, дык і на дармавіну хапануць сотню-другую валокаў зямлі на дне Ціхага акіяна, пакуль там ніхто не ведаў, што водам ягоным зусім нядоўга засталося набягаць хвалямі на берагі штатаў Арэгон і Каліфорнія. Дармавых зямель на акіянскім дне Моргаўка не дачакаўся, але ж нездарма ў народзе славутая прымаўка жыве - дурням і праўда шанцуе: на кавалку камяністай пустэчы, купленай Кірылам за ўсе ягоныя грошы, у тым месцы, дзе пачаў ён бурыць артэзіянскую шчыліну, ірванулася з нетраў зямных не вада, а нафта - і Моргаўка стаў мільярдэрам. Змяніўшы ў сваім прозвішчы канчатак, ён зрабіўся стопрацэнтным амерыканцам, нафтавым магнатам, заснавальнікам магутнага клана Морганаў.
Да гэтага трэба дадаць, што Ютка Казубоўскі сапраўды быў хворы, на сорак сёмым годзе жыцця невядома з чаго пачала яго біць дыхавіца, а Андрон Сыцюк, хоць і нарадзіўся ў Карунах, з дзяцінства не разумеў жартаў. Бразнуўшы дзвярыма так, што вада ў вядры боўтнулася, старшыня выйшаў з Юткавай хаты.
Плюнуўшы на Юткаў падворак, Андрон завёў матацыкл, выкаціўся на вуліцу і ўбачыў свайго сына Цімку, які сядзеў на валуне каля рэчкі і ў прыцемках чытаў газету. Андрон пад'ехаў да рэчкі, злез з матацыкла і пагладзіў сына па галаве.
- Тата, - сказаў Цімка, - глянь, што ў газеце напісана.
У газеце - і не ў якой-небудзь мясцовай, а ў рэспубліканскай, што друкавалася ў Мінску, - Андрон убачыў вялікі фотаздымак кракадзіла ў рацэ. Над фотаздымкам кідкімі літарамі было напісана: "Сенсацыя! Кракадзілы ў Свіслачы! Не падыходзьце блізка да вады! Сцеражыце дзяцей, жанчын і хатніх жывёлін!" - а пад фотаздымкам друкаваўся каментарый навуковага кансультанта А. П. Пеўнікава пра перспектывы кракадзілагадоўлі ў цэнтральных раёнах рэспублікі. "Я перакананы, - завяршаў свой каментарый навуковы кансулыант, - што калі падысці да справы па-гаспадарску, з належным размахам, то ў самым хуткім часе нашы прыгажуні-модніцы ў Мінску і Бабруйску, Стоўбцах і Зэльве, Смаргоні і Карунах будуць насіць памаду і духі ў такіх жа шыкоўных, суперпрэстыжных сумачках з кракадзілавай скуры, як і ганарыстыя мільярдэршы Каліфорніі".
- Ну і што? - спытаўся ў сына Андрон. - Хай сабе носяць.
- Тата, - залыпаў вачыма Цімка, - гэта ж гумар. Скуль у нас кракадзілы?
- Прыплылі, - адказаў Андрон і сеў на матацыкл. - Пазаўтра табе ў школу ісці, там і спытайся, як яны да нас дабраліся.
Андрон крануўся з месца. Цімка скочыў з валуна на задняе сядзенне матацыкла.
- Тата, - спытаўся ён, абхапіўшы Андрона за бакі, - ты хоць раз у жыцці памаду ці духі маме купіў?.. - Але за трэскам матацыкла Андрон яго не пачуў. "А можа і праўда, хай сабе Ютка вежу будуе, - раптам падумалася Андрону. - Вежа да неба - гэта табе не кракадзілы, не сумачкі ў Карунах насіць".
"Трах-тых-тух-тах", - страляў матацыкл, імчаўся на ім у невядомую будучыню старшыня Андрон Сыцюк, ляцеў за ім крэўны ягоны сын Цімка, курыўся пыл вечаровы па доўгай вясковай вуліцы.
Першага верасня Цімка Сыцюк пайшоў у школу і на першым жа ўроку паказаў настаўніцы газету, спытаўшыся, скуль у нас узяліся кракадзілы, калі ў
школе яго вучылі, што ніякіх кракадзілаў на Беларусі не было і быць не можа. Настаўніца Цімку асадзіла, тады ён спытаўся пра тое самае на другім уроку ў іншай настаўніцы. Другі ўрок быў урокам роднай мовы, якую выкладала Хрысціна Сымонаўна Моргаўка з роду таго самага Моргаўкі са Стрыпун, які некалі паехаў у Амерыку, каб купіць зямлю на дне акіяна, а замест гэтага стаў мільярдэрам. Хрысціна Сымонаўна Цімку не асадзіла, бо ён быў сынам старшыні калгаса, але адказаць яму нічога не змагла, таму, прыйшоўшы са школы дахаты, села каля акна, за якім адцвіталі ганарлівыя вяргіні, і, гледзячы на гэтую чароўную, але не вечную прыгажосць прыроды, напісала на газету скаргу. Ну, куды ў нас пішуцца скаргі, мы ўсе ведаем. Ці нам у аўтобусе на мазоль наступяць, ці на кашулі ў атэлье гузікі са спіны прышыюць, ці купім зубную пасгу, а ў цюбіку акажацца гуталін - адрас скаргаў у нас адзін: у найвышэйшую інстанцыю. Таму пачакаем, пакуль наша скарга туды дойдзе, пакуль з ёй разбяруцца, пакуль зловяць таго грубіяна ў аўтобусе, памяняюць краўцоў з атэлье і перавядуць гуталінавую фабрыку на вытворчасць зубной пасты, а самі тым часам будзем хукаць на мазоль, хадзіць у кашулі наросхрыст і начышчаць боты сажаю, змешанай са свіным тлушчам. І-эх, нам, як кажуць, не прывыкаць, таму давай, Хрысціна Сымонаўна, дыхай глыбей водарам першага дня восені, крыштальным паветрам, якое, здаецца, пераломіцца надвае, калі да яго дакрануцца рукамі, рассцілай сурвэтку, кладзі на яе ліст паперы ў клетачку, вырваны з вучнёўскага сшытка, і пішы, пішы, даражэнькая, стараючыся не націскаць моцна шарыкавую ручку, каб не нарабіць у пісьме дзірак ды памылак, каб пасля, не дай Бог, не спыталі: а што ж гэта за настаўніца такая, якая па-руску слова "крокодил" праз два "а" піша?
Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па-свойму можна зразумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра паспачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сыцгок, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна - не крамніца Яня Каняўка з таго самага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў... Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павязаныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца - і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Ведаеце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на якога Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзецца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у самую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы "Adidas", пакуль не дагнала яго спадарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. "Тп-ру-у", - сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. "Ц-ц, но!" - прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад'ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. "Тп-ру-у", - спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, карэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пасля спытаўся ў дзеда: "Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога падвёз?" -. "Дык другі ж доктар", - адказаў дзед. "А першы?" - "Той настаўнік", - абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур'ёзныя справы і займацца толькі гумарам, балазе былі ў яго да гэтага здольнасці.
"Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, - пісала Хрысціна Сымонаўна. - Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савецкай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо кахала яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.
Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў газету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за трынаццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жартаваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, пакуль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы".
Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.
Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяртацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.
3 найвышэйшай інстанцыі, засыпанай скаргамі, як млын мукою, пісьмо Хрысціны Сымонаўны было пераслана з адпаведнай папераю ў інстанцыю рангам ніжэй: Інстытут заалогіі Акадэміі навук. Чаму туды, спытаецеся вы? А куды ж яшчэ, калі скарга на кракадзілаў? I раз прыйшла яна ў інстытут з папераю адпаведнай інстанцыі, дык тут не да таго ўжо, каб разбірацца: жартачкі гэта ці не? Таму толькі ўздыхнуў інстытут, сеў за навуковы стол і напісаў сваю паперыну, на сваім фірменным бланку:
"Паважаная рэдакцыя! У нумары вашай газеты за 28 жніўня быў надрукаваны матэрыял пра кракадзілаў у Свіслачы. Матэрыял бяздоказны, навукова неабгрунтаваны, ён поўнасцю супярэчыць апошнім дасягненням навукі. Просім у будучым больш асцярожна падыходзіць да публікацыі падобных сенсацый, таму што яны не толькі прыносяць шкоду навуцы, але і адмоўна ўздзейнічаюць на тую частку насельніцтва, якая чытае вашу газету".
Атрымаўшы такую паперыну, на якой значыўся подпіс навуковага супрацоўніка і стаяла пячатка афіцыйнай установы, рэдактар газеты ціха, сам сабе, вылаяўся, выклікаў таго карэспандэнта, які знайшоў у Свіслачы кракадзіла, закаціў яму строгую вымову і выправіў у камандзіроўку ў Каруны.
- Што мне там рабіць? - спытаўся карэспандэнт.
- Нічога, - адказаў рэдактар. - Паглядзі, што там за людзі жывуць. А ў інстытут я ўжо сам падыду, гэта цераз дарогу.
Ну, хай сабе карэспандэнт едзе, калі яго рэдактар выправіў, выпісвае камандзіроўку, вымольвае аванс у бухгалтэрыі, клапоціцца пра білет, а мы чакаць яго не будзем, хуценька вернемся тым часам да Юткавай вежы.
Вежа расла і, праўду сказаць, з кожным днём усё больш падабалася карунцам. Ці то Ютка ўдала для яе месца выбраў, ці то выпадкова так сталася, але відаць яна была з любога канца, любога двара Карун, і кожны карунец, малы і вялікі, першае, што рабіў з раніцы, - гэта прыкідваў: наколькі ўзнялася вежа над вёскай, наколькі паднялася да неба.
Фірма, што займалася замежным турызмам, ударнымі тэмпамі пабудавала на ўездзе ў Каруны, непадалёк ад карабля пана Цырлюкевіча, кэмпінг, гасцініцу з рэстаранам і барам, з канферэнц-залай, дзе Ютка сустракаўся з прафсаюзнымі і палітычнымі замежнымі дзеячамі, з вядомымі літаратарамі і мастакамі, з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі - і ўсім ім, направа і налева, раздаваў інтэрв'ю. Ён адказваў на ўсе пытанні, нічога не баючыся, бо баяцца яму не было чаго, і толькі тады, калі ў яго пыталіся, навошта ўсё-ткі, дзеля чаго ён будуе сваю вежу, Ютка замаўкаў, нібыта замок яму на рот накідвалі.
- Ён хворы! - падымаючы пыл на сваім матацыкле, пралятаючы міма іншаземнага гарадка, што чорт ведае скуль, без дазволу праўлення вырас у цэнтры роднага калгаса, крычаў Андрон Сыцюк. - Ён вальтануты, а вы з ім як са здаровым размовы водзіце! Ён хоча пабудаваць вежу, легчы пасля на самым версе і дыхаць горным кліматам! Яго ў Жодзішкі, у жоўты дом заканапаціць трэба, а пра яго ва ўсім свеце як пра героя трубяць! Не, я выведу яго з праўлення! Выведу, вось пабачыце!
Як вы мяркуеце, чаго злаваўся Андрон Сыцюк? Ну, вядома, злаваўся ён таму, што Юткаў сын Ромка кінуў свой культурны інстытут, вярнуўся ў Каруны і стаў па пратэкцыі бацькі дырэктарам, а дакладней, шэфам Карунскага аддзялення фірмы іншаземнага турызму. Ромка хадзіў цяпер увесь у нянашым, смактаў цыгаркі "Кэмэл", слухаў магнітафон "Соні", а калі ў яго пыталіся: "Як жывеш, Ромка?" - адказваў "ол райт" альбо "о'кэй", у залежнасці ад таго, з англічанамі ці амерыканцамі ён перад тым сустракаўся. Астатнія словы розных моў народаў свету - італьянскія, нямецкія, французскія, іспанскія і іншыя - Ромку не вельмі падабаліся.
Акрамя ўсіх гэтых вонкавых пераваг аклад у Ромкі быў утрая большы ад таго, што зарабляў, ганяючы на сваім матацыкле, Андрон Сыцюк.
Нельга сказаць, каб Андрон не змагаўся супроць пранікнення формаў і метадаў замежнага жыцця на тэрыторыю свайго калгаса. Ён пісаў ва ўсе інстанцыі, ездзіў да раённага і абласнога начальства і, між іншым, шмат дзе знаходзіў разуменне і падтрымку. Але толькі да той пары, пакуль не мінуў год і фінансавыя органы не падлічылі, што за дванаццаць месяцаў Юткава вежа прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас "Каруны" разам з Сыцюком і ягонымі папярэднікамі за ўвесь час свайго існавання. Прычым даход гэты вызначаўся не буракамі і бульбай, што патрабавала рэальнай працы, рэальных затрат і рэальных датацый, не лёнам, малаком і морквай, пералічанымі ў капейкі і рублі, а нечым лятучым, эфемерным, абстрактным, незразумелым, як час і прастора, але што тым не менш абсалютна рэальна матэрыялізавалася ў марках і іенах, франках і рупіях, а таксама ў доларах і фунтах стэрлінгаў. Пасля гэтакіх метафізічных пераўтварэнняў Андрона Сыцюка паўсюль перасталі разумець, а паколькі старшыня не здаваўся, дык яму далі зразумець, што калі ён не выправіць сваю лінію, то ў хуткім часе можа развітацца з пасадаю кіраўніка сярэдняга звяна і вельмі проста пайсці зусім па іншай лініі. Розум падказваў Сыцюку здацца і папрасіцца да Ромкі экскурсаводам на паўстаўкі, але характар Андронаў аказаўся мацнейшы за розум, і старшыня вырашыў змагацца да канца, сам па сабе, ні на кога не спадзеючыся і ні ад кога не чакаючы падтрымкі. "Вежа для калгаса - ці калгас для вежы. Ютка для карунцаў - ці карунцы для Юткі?" - паставіў Андрон перад сабой пытанне, на якое загадзя ведаў адказ, толькі не прыдумаў пакуль, як узяцца за справу, з якога боку піхнуць каменнага ідала, каб той паваліўся, чым адолець жалезную, а дакладней, залатую логіку фінансавых органаў.
Неспадзявана дапамога прыйшла адтуль, скуль, здавалася, і прыпаўзці не магла: Андрон знайшоў верную і бясстрашную саюзніцу ў асобе Хрысціны Сымонаўны Моргаўкі, настаўніцы роднай мовы, а таксама спеваў і фізкультуры.
Так проста ні ворагамі, ні саюзнікамі ні ў наш час, ні ў якія іншыя часы не станавіліся і не становяцца, на ўсё былі і ёсць свае, іншым разам няўлоўныя, тонкія, патаемныя, глыбока захаваныя прычыны.
Прычына, па якой Хрысціна Сымонаўна пайшла ў саюзніцы да Андрона Сыцюка, была вонкавай, для ўсіх адкрытай і ўсім зразумелай, як даросламу, так і малому.
Аднаго разу з чарговай іншаземнай дэлегацыяй завітаў у Каруны амерыканскі мільярдэр Фрэнк Морган - і не абы-які мільярдэр, не які-небудзь там іншы Морган, а з таго самага клана Морганаў, пачатак якому даў некалі Кірыла Моргаўка са Стрыпун, крэўны родзіч Хрысціны Сымонаўны. Ох ужо і сустракалі гэтага Фрэнка, ох ужо і віўся вужом вакол яго Ромка Казубоўскі, ох ужо і панаехала ў Каруны газетчыкаў, фарцоўшчыкаў, дыпламатаў, каментатараў і іншай дробнай чэлядзі! Ажно ў гасцініцы ўсе не змясціліся - і многія начавалі на караблі пана Цырлюкевіча, пад адкрытым небам, хоць стаяла позняя восень. I такое рабілася ў вёсцы, нібыта свет з ног на галаву перакуліўся. Фрэнк Морган падымаўся ў сем гадзін раніцы, а з сярэдзіны ночы яго ўжо чакалі, душыліся каля ўвахода ў гасцініцу, лезлі на каркі адзін аднаму, каб толькі ўбачыць, глянуць хоць адным вокам на таго, хтомог быць нікім, нічым, проста ёлупнем са Стрыпун, а стаў акулай імперыялізму, мільярдэрам, магнатам, у адной кішэні якога столькі грошай, колькі не назбіраеш, прайшоўшы з торбай па ўсіх дварах ад Карун да Смаргоні ці нават да Вільні. А Фрэнк Морган выходзіў з гасцініцы ў зеленаватай, не вельмі нават свежай спартыўнай майцы, на якой была намаляваная вялізная муха з напісаным пад мухай словам FLY, у зеленаватага колеру рэйтузах, у гэткіх жа зеленаватых, трохі ўжо скасалапленых тапачках - і ва ўсім гэтым амаль што жабіным адзенні пачынаў бегаць ад гасцініцы да Юткавай вежы, ад Юткавай вежы зноў да гасцініцы, туды-сюды, туды-сюды, не менш як пяць разоў у абодва канцы, а гэта выходзіла каля дзесятка кіламетраў. Ну і натрэніраваўся ж з ім Ромка Казубоўскі, які заўсёды бег паперадзе і сачыў, каб на дарозе, бронь божа, не аказалася каменя, за які Фрэнк Морган мог зачапіцца і бразнуцца ці, аступіўшыся, падвярнуць нагу, - і што тады змогуць зрабіць нашы дактары, якія нагу мільярдэра і ў вочы не бачылі?.. Ды хіба адзін Ромка натрэніраваўся? А фарцоўшчыкі з валютчыкамі? А рэпарцёры? А іншая дробная чэлядзь?.. Толькі не яны, не, зусім не гэтая хеўра вывела з сябе Хрысціну Сымонаўну. Штораніцы бегала за мільярдэрам уся карунская школа, уся, колькі яе было, карунская дзятва - ад першага камсамольца да апошняга падшыванца. Чаго вы думаеце яны гэтак разбегаліся? Можа, думаеце вы, яны так палюбілі фізкультуру, якой старанна, але беспаспяхова займалася з імі апошнія два гады Хрысціна Сымонаўна, бо штатнага настаўніка фізкультуры ў школе не было? О, каб яно было так, то сэрца Хрысціны Сымонаўны толькі б узрадавалася. Але сэрца яе засмуцілася, моцна засмуткавала, так, што нетры ягоныя напоўніліся абурэннем і гневам. Каб ведаў пра тое Фрэнк Морган, ён бы зарокся займацца тым, чым займаўся ў час сваіх ранішніх лёгкаатлетычных прабегаў. А займаўся ён тым, што набіраў, выходзячы з гасцініцы,
лоўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, яна наследавала пачуццё гэтае ад сваіх продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па прыездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашыбавала ў праўленне калгаса.
- Андрон, - сказала яна па-свойску, бо вучыла Сыцюка некалі спевам, - я патрабую, каб ты аб'явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун...
Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельсавецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з'яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкавання, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі старшыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад конвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха:
- Ты што ж, дальбог, пра такія рэчы па тэлефоне?.. Спадарожнікі-шпіёны паўсюль над намі, лазерныя каналы сувязі, наогул чорт ведае што, а ў цябе ўсё, як у цара Гароха: зняў трубку - і алё, даўно цябе нешта не чутно было. Галаву ж трэба мець на карку, а не гарбуз. А Морква праз цябе яшчэ і аплявуху мне ўрэзала.
- Ладна, - павінаваціўся Андрон. - Ператрываеш. Будзь тут, можаш спатрэбіцца.
- Давядзі да ведама містэра Фрэнка Моргана, - вярнуўшыся ў праўленне, сталёвым голасам сказаў Андрон Ромку Казубоўскаму, што сёння ў 12.00 па маскоўскім часе яго выклікаюць мясцовыя ўлады. Для перамоў і афіцыйнай заявы.
- Гм, - хмыкнуў Ромка. - Чхаць ён хацеў на тваю ўладу. У яго ў 12.00 прамая сувязь з прэзідэнтам Злучаных Штатаў.
- Прэзідэнт пачакае, - цвёрда заявіў Андрон. - У крайнім выпадку, калі размова важная, містэр Морган можа перагаварыць з прэзідэнтам з майго кабінета.
Ромка зірнуў, скасіўшы вочы, на дапатопны Андронаў тэлефон з рычажком-відэльцам і разрагатаўся.
- Таварыш участковы! - гукнуў за акно Андрон. - Пакажыце, калі ласка, пісталет, з якога мы расстраляем грамадзяніна Казубоўскага без суда і следства як амерыканскага шпіёна.
Сліж падышоў да акна і ўзяўся абедзвюма рукамі за кабуру, у якой аніколі не было ніякай зброі, а ляжалі толькі цыгаркі, запалкі, схаваная ад жонкі заначка паўтара рубля і насатка, каб запалкі і заначка не бразгалі.
- Цю-цю-цю, - захарахорыўся шэф Карунскай вежы, але і ў Сліжа, і ў Сыцюка былі такія твары і гэткім цьмяным бляскам адлівалі вочы, што ў Ромкі раптам ёкнула ў нырках. "Заб'юць, - мільганула думка. - А што?.. Кокнуць удвух і не скажуць, дзе пахавалі".
- Ну, вы... - выціснуў Ромка, стараючыся ўсё ж трымаць марку фірмы, - прыдуркі, я скажу Фрэнку, што ў вас да яго неадкладная размова. А захоча ён прыйсці ці не - гэта ўжо ягоная справа.
- Захоча, - з намёкам кіўнуў галавою Андрон. - Сліж пойдзе з табою.
- Не, гэтага не трэба, - шчоўкнуў пальцамі па кабуры Сліж. - Яно можа за арышт сысці. Прадажная прэса тады такі вэрхал падыме, такога слана пастараецца з мухі раздзьмуць, што... - тут Сліж крыху задумаўся, - што вынікі могуць быць планетарнымі. Ромка сам яго да цябе прывядзе. Прывядзеш? - ласкава запытаўся Сліж у Ромкі.
- Прывяду, калі пойдзе, - паспешліва згадзіўся Ромка і, выскачыўшы з праўлення, спачатку трушком, а пасля спрынтэрскім бегам запыліў па вуліцы, раз-пораз азіраючыся назад, дзе, гледзячы яму ўслед, нерухома стаяў Сліж і цвёрдай рукою трымаўся за пустую кабуру.
Фрэнк Морган пастукаўся ў дзверы Андронавага кабінета з шостым сігналам дакладнага часу. "У Маскве поўдзень, - сказаў па радыё дыктар. - У Тбілісі і Астрахані трынаццаць, Алма-Аце пятнаццаць, Іркуцку семнаццаць, Благавешчанску васемнаццаць, Петрапаўлаўску-Камчацкім - дваццаць адна гадзіна".
"Шн-ро-ка стра-на мо-я род-на-я", - увайшоўшы, праспяваў Фрэнк Морган і працягнуў Андрону руку:
- Ду ю спік інгліш?
- Но, - адказаў Андрон, асіліўшы ў сабе нянавісць да імперыялізму, і паціснуў руку Фрэнку Моргану.
- Шпрэхэн зі дойч? - перапытаў тады Фрэнк.
- Найн, - трохі пачырванеўшы, адмовіўся размаўляць па-нямецку Андрон і з дакорам зірнуў на сваю былую настаўніцу, якая ціха сядзела ў кутку кабінета, склаўшы рукі ча каленях.
- Іа, - шапнула Хрысціна Сымонаўна, не вытрываўшы дакору ў вачах свайго былога вучня, і вінавата апусціла вочы.
- Гут! - энергічна павярнуўся Фрэнк да Хрысціны Сымонаўны. - Вас волен зі?.. Энтшульдзіген зі: воцу браухен зі міх?
- Вір... - устрапянулася была Хрысціна Сымонаўна, але, набраўшы ў грудзі паветра, тут жа безнадзейна яго выпусціла і прамаўчала. Сітуацыя станавілася небяспечнай, бо перавага яўна пераходзіла на бок Фрэнка Моргана, а значыць, на бок імперыялізму.
- Яна твая радня! - раптам злосна выпаліў у вочы Фрэнку Андрон. - Мог бы намагнуцца і па-нашаму са сваякамі пагаварыць, містэр!
Што тут сталася з Фрэнкам Морганам! Ён падскочыў, не, ён узляцеў з крэсла, на якім быў рассеўся без аніякага запрашэння гаспадара, ён кінуўся да Хрысціны Сымонаўны і на рэліктавай беларускай мове з вымаўленнем дыктараў радыё "Свабода" і тых беларусаў, што жывуць на Беласточчыне ў Польшчы, закрычаў:
- Няўжо вы з роду Моргаўкі?! Але хіба не быў я ў Стрыпунах? Хіба мне не сказалі там, што нікога з Моргаўкаў пасля вайны ў жывых не засталося?.. Не, я не веру! Не, я баюся паверыць! Скажыце мне праўду, заклінаю вас усімі святымі!.. Няўжо вы з роду таго самага Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, які з'ехаў быў у Амерыку, каб стаць там найпершым і найлепшым амерыканцам з усіх амерыканцаў, якія некалі жылі, жывуць і будуць жыць у Новым свеце? Скажыце мне, што гэта такг, і вы зробіце мяне, Фрэнка Моргана, самым шчаслівым на зямлі чалавекам! Бацькі мае памерлі, жонка кінула мяне і выйшла замуж за прынца ў Саудаўскую Аравію, а дзяцей яна мне не нарадзіла. Мне
беспрытульна ў свеце, я адзінокі ў ім, нібы Юткава вежа, на якую я гатовы залезці і кінуцца ўніз - сторч галавою ад сваёй адзіноты. Вы зратуеце мяне, калі ў вашых жылах цячэ хоць кропля крыві Кірылы Моргаўкі. Ну дык зратуйце мяне альбо даканайце! На ўсё ваша воля, бо вы пасланніца лёсу...
Сказаць па праўдзе, Хрысціна Сымонаўна здорава перапудзілася, слухаючы гэты вулканічны маналог, гледзячы, як Фрэнк Морган заломвае рукі і, хліпаючы носам, выцірае вочы, на якія наплылі сентыментальныя амерыканскія слёзы. Так, яна, вядома, моцна спалохалася, але жаль, звычайны жаночы жаль напоўніў сэрца Хрысціны Сымонаўны, выціснуўшы адтуль былы гнеў і цяперашні страх, і, устаўшы, яна, як дзіця малое, пагладзіла Фрэнка Моргана па галаве - ад макаўкі да патыліцы.
- Так, - сказала яна, - у маіх жылах цячэ кроў Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, бо ён быў не кім іншым, як прадзедам маёй маці.
- Божа! - павярнуўшыся да сцяны, на якой вісеў партрэт Мічурына, ускрыкнуў Фрэнк Морган. - Дзякуй табе, што ты пачуў мае малітвы.
- Гэта не Бог, а Мічурын, - спагадліва сказаў Андрон, якому на хвіліну таксама стала чамусьці шкада амерыканскага мільярдэра. - Вядомы рускі вучоны, які займаўся сельскай гаспадаркай. Сорамна не ведаць. А Бога ў нас няма.
- Ну і чорт з ім, што няма, - радасна згадзіўся Фрэнк Морган і абняў Андрона за плечы. - Слухай, Андрон, давай будзем на ты, га? Мы ж з табой амаль што аднагодкі, маладыя яшчэ мужыкі, камар цябе ўбрыкні!
- Давай, - разгублена пацепнуў плячыма Андрон. - Яму было ніякавата, але, што цяпер рабіць, ён не ведаў: як аб'явіць чалавека персонай нон грата, калі той такі радасны?.. Хрысціна Сымонаўна глядзела на іх абодвух і каўнерыкам сукенкі выцірала расчуленыя слёзы:
- Не плач, Хрысця, - зусім па-свойску абняў яе адной рукою Фрэнк, не здымаючы другой рукі са спіны Андрона. - Не плач, родная, залатая мая, бо я таксама заплачу. Скажы мне лепш, што б мне такое зрабіць для Андрона ў падзяку за сённяшні дзень, за нашу з табою сустрэчу?.. Хочаш пагаварыць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў? - тузануў ён раптам Андрона. - У мяне з ім зараз якраз прамая сувязь. Хвілін на дваццаць мы, праўда, спазніліся, але нічога, ён пачакае. Ну, хочаш ці не?
- Хацеў бы, - усміхнуўся Андрон, успрыняўшы прапанову Фрэнка, натуральна, як жарт. - Мне ёсць што яму сказаць.
- Ну дык скажы! - узрадаваўся Фрэнк, відавочна задаволены тым, што дагадзіў Андрону.
- Дзе і як? - іранічна глянуў на яго Андрон. - Мне ў Амерыку ехаць часу няма.
- Ды не трэба нікуды ехаць, тут можаш пагаварыць, па сваім тэлефоне, - сказаў Фрэнк, здымаючы з абкалупанага рычажка тэлефонную грубку і набіраючы нумар.
- Ты што, нуль сем набіраеш? - з'едліва спытаўся Андрон.
- Не, - крутнуў галавой Фрэнк, - прамы нумар прэзідэнта. У нас гэта проста, ніякіх праблем.
Фрэнк набраў нумар, пачакаў трохі і працягнуў трубку Андрону:
- На, гавары. Я толькі электроннага перакладчыка падключу, каб вы з прэзідэнтам зразумелі адзін аднаго. - Фрэнк дастаў з кішэні бліскучую трубачку накшталт аўтаручкі з дроцікам і ўтыркнуў канец дроціка ў тэлефонны шнур.
Андрон прыцягнуў трубку да вуха.
- Кабінет прэзідэнта, - пачуўся ў трубцы немалады, але даволі цвёрды голас.
Андрона потам прабіла.
- Ну, адказвай, - падміргнуўшы, бадзёра штурхнуў яго ў бок Фрэнк Морган. - Кажы, што хочаш, я ўсё на сябе бяру. Пра галоўнае пытайся, бо часу ў цябе ўсяго сем мінут.
- Кабінет старшыні калгаса "Каруны" Андрона Сыцюка, - здолеў разняць здранцвелыя губы Андрон. - Як здароўе?
- Нармальна, - уздыхнуў прэзідэнт. - Хоць старасць, як у нас кажуць, не радасць.
- У нас таксама гэтак кажуць, - крыху свабадней сказаў Андрон, узрадаваўшыся, што знайшоў за што зачапіцца.
- Так, у нас шмат агульнага, - згадзіўся прэзідэнт.
- А сям'я як? - спытаўся Андрон.
- Нічога, мае ўсе ў Каліфорніі зараз, - сказаў прэзідэнт. - Там цяплей. А вашы дзе?
- Тут, у Карунах, - адказаў Андрон. - Жонка на ферме, а сын у школе.
- У вас вялікая ферма? - зацікавіўся прэзідэнт.
- Вялікая. I не адна, а цэлых восем, - уздыхнуў Андрон, успомніўшы, што гэтую зіму тугавата будзе з кармамі. - У нас мяса-малочны накірунак.
- Мнагавата работы? - паспачуваў прэзідэнт.
- Хапае, - прызнаўся Андрон. - Рабочых рук не стае. Маладыя хлопцы ў армію ідуць, а назад пасля ў вёску амаль ніхто не вяртаецца.
- Міграцыя, - сказаў прэзідэнт. - Заканамерны працэс.
- Міграцыя! - узлаваўся раптам Андрон. - Каб вы са сваёй праграмай "зорных войнаў" не насіліся, як дурань з торбай, то ніякай бы міграцыі не было. Распусцілі б арміі, і ўсё. Мы тут за мір змагаемся, а вы...
- I мы змагаемся, - нервова перапыніў яго прэзідэнт.
- Чаму ж тады міру няма? - з'едліва спытаўся Андрон.
- Як гэта няма, калі ёсць, - не згадзіўся прэзідэнт.
- Але ж няўстойлівы, на грані катастрофы, - набіраў голас і ўпэўненасць Андрон. - Ваенныя базы па ўсім свеце раскіданы. Лакальныя войны амаль на ўсіх кантынентах ідуць. I любая з іх у любы момант можа перарасці ў сусветную. Хіба не так?
- Так, - вымушаны быў згадзіцца прэзідэнт.
- Што ж рабіць? - з прамым падтэкстам спытаўся Андрон.
- А хрэн яго ведае, - другі раз уздыхнуў прэзідэнт, і па ўздыхах лік стаў адзін - два на карысць Андрона. - Сам пра гэта думаю.
I тут сувязь абарвалася.
- Нармальны мужык, - голасам пераможцы сказаў Андрон, паклаўшы трубку і накрыўшы тэлефон далонню. - Але хай падумае, яму за гэта грошы плацяць.
Тэлефон раптам зазваніў, Андрон падняў трубку.
- Хелло, - пачуў ён той жа голас, але ўжо ў англійскім яго варыянце, бо якраз у гэты момант Фрэнк Морган вырваў дроцік свайго электроннага перакладчыка. - Выбачайце, зусім забыўся пра галоўнае ў вас запытацца.
- Пра што? - нечакана для сябе самога ўсё зразумеў і па-англійску адказаў Андрон.
- Як там Юткава вежа? - спытаў прэзідэнт. - Стаіць, не падае? Да неба колькі засталося?.. I ці не маглі б вы мне па сакрэту сказаць, навошта ўсё-ткі ён яе будуе?..
Андрону аж дух заняло. Ён вылаяўся па-нашаму, чаго прэзідэнт, дзякуй Богу, не зразумеў, і з грукатам кінуў трубку.
3 прэзідэнтамі хутчэй за ўсё мала хто з нас асабіста знаёмы, таму вернемся давайце да Юткі Казубоўскага, дзеля якога і пачалі мы распавядаць усю гэтую фантастычна-дакументальную, але малаверагодную гісторыю. Звесіўшы ногі, сядзіць зараз Ютка на самым версе, на самым крайку сваёй вежы, а над русявай галавою ягонай - так блізка, што можна, здаецца, рукой крануць, - праплываюць нізкія, шэрыя, мокрыя асеннія аблокі. Пара лістапада - сумнаватая пара, і, можа, праз тое на душы ў Юткі няўтульна, дрогка, прыцемна, нібыта ўвайшоў ён пасля доўгай дарогі ў настылую хату і ніяк не знойдзе запалкі, каб распаліць печ. Чаго Ютку сумна, хто яго ведае, хоць ёсць на тое прычыны - і няма прычын, а сумна іншым разам чалавеку і ні з чаго бывае, проста так, з таго, што жыве. "Э, такой бяды, - думае Ютка. - Вось уздыму вежу за аблокі, дык і весялей будзе. Старана наша не надта сонечная, а над аблокамі заўсёды сонца. Кожнаму чалавеку трэба вежу сваю збудаваць, каб да яго падняцца..."
Бюлетэнь Ютку ўрачы закрылі, і зараз яму штодня прыходзіцца ўставаць рана-раненька, бо працуе цяпер Ютка праз сваю хваробу на лёгкай рабоце, паштаром. Кожную раніцу - замест таго, каб падымаць вежу, - даводзіцца яму ехаць у Смаргонь, браць там пошту і, вярнуўшыся, разносіць па дварах газеты, у якіх шмат пра што напісана, але мала што чытаецца, і пісьмы, якіх усе чакаюць, але амаль ніхто іх не піша, нібыта адразу пасля таго, як краіна стала пагалоўна адукаванай, тут жа ўсе і развучыліся пісаць. А якое, вы думаеце, трэба мець сэрца, каб штодня глядзець у вочы Броні Карунскай, якая, як на варце, чакае цябе каля весніц, у якой раскідана па далёкіх гарадах чацвёра сыноў і трое дачок, якіх яна, гаротніца, салдатка, удава, адна падняла, не дала ім ні замерзнуць з холаду, ні памерці з голаду, а яны цяпер - хоць бы адно пісьмо ў год на ўсіх сямёх, хоць бы адну паштоўку... І-эх, Броня, Броня, а ты яшчэ двух парсюкоў гадуеш, карову трымаеш з цялушкаю і прадаеш штогод тых парсюкоў з цялушкамі нарыхтоўшчыкам, а яны ўсё морды перад табою крывяць, каб цябе абдурыць: то вага ім не тая, то тлустасць не гэтакая, а ты, адна вінаватая, маўчыш, ківаеш згодна галавою, разводзіш рукамі - што ж, маўляў, зробіш, хоць бы ўзялі, прынялі, абы самой на кірмаш не цягнуцца, бо дзе той час возьмеш на той кірмаш, калі і парасяткі зноў на табе, і карова, і куры, і свае соткі, і калгаснае поле... А пасля, наслюнявіўшы пальцы, удоўж і ўпоперак пасечаныя лёнам і бульбоўнікам, крапівою ды лебядою, закасцянелыя не столькі ад старасці, колькі ад сцюдзёнай вады ды сырой зямлі, ты пералічваеш старгаваныя грошы і рубель да рубля, капейку да капейчыны складваеш іх у бляшанку з-пад галандскага масла, якое ні з таго ні з сяго прывёз табе некалі ў падарунак наймалодшы сын Павэлак - на, мама, пасмакуй галандскага масла, - а тую бляшанку хаваеш у склепе, у самым дальнім кутку, у ямінцы пад кадушкай з засоленымі гуркамі... I нашто табе, Броня, ламаць хрыбет, для чаго табе тыя грошы, што і калі ты на іх купіш? Нічога і ніколі, проста няма як жыць, не робячы спрадвечнай сялянскай работы, няма як, перад суседзямі сорамна не трымаць парсюкоў, ды курэй, ды карову з цялушкай, калі на тое ёсць яшчэ, здаецца, сілы. А грошы - што ж, яны хіба лішнія, яны ой як могуць спатрэбіцца, бо раптам у каго з дзяцей суд ці няшчасце якое, прыляцяць дахаты, а тут Броня і дастане сваю бляшанку, і спытаецца, колькі там каму даць трэба, ці на суд, ці якому начальніку. Мала ўжо, Броня, работнікаў засталося ў вёсцы такіх, як ты, ці як Хведар Былінскі - вунь ён якраз сунецца з фермы, хаваючыся за кустамі, каб не ўбачыла баба, бо тая адразу дахаты яго пагоніць, а яму хочацца з Юткам пабыць, забрацца на ягоную вежу, сесці, звесіўшы ногі, засмаліць цыгарку і пагаварыць альбо памаўчаць, гледзячы на восеньскую, трохі пуставатую, але ўсё адно найпрыгажэйшую ў свеце, родную вёску... Здароў быў, Хведар, забірайся давай на вежу, пакуль дажджу няма, пасядзім разам, бо нешта
аднаму сёння Ютку сумнавата, хутчэй за ўсё праз сына свайго самотна, бо, здаецца, пакаціўся Ромка каменьчыкам не з той гары і не ў той бок... Э, Ютка, не было б большай бяды, а гэту агораем! Ну падабаецца дзецюку апрануцца хораша, дым пусціць у вочы, дык хіба мы з табою ў свой час пра хромавыя боты з халявамі гармонікам не марылі?.. Не, Хведар, тут не тое, тут з душою нешта: пабыў хлопец два гады ў горадзе - і нібыта яго падмянілі... Э, Ютка, можа, яно і так, але нашто ўсё на горад валіць, нібыта там добрых людзей няма. Хіба ў вёсцы ў нас ніколі зладзеяў ды шэльмаў не было? А Ромка ж твой не злодзей, не шэльма, усяго толькі абэлтус, якому трэба мазгі ўправіць, а ты замест таго вунь на якую работу яго ўладкаваў, дык хто ж вінаваты?..
Так сядзяць яны на вежы, Ютка і Хведар, размаўляюць сабе паціху, і плывуць над імі няспешна нізкія асеннія аблокі, а пад імі ляжаць Каруны, па якіх бяжыць Юткаў сын Ромка і на ўсю вёску крычыць:
- Бацька! Злазь са сваёй вежы, чаго ты там рассеўся? Фрэнк Морган цябе на вячэру кліча, каб у Амерыку запрасіць!
- Пойдзеш? - спытаўся Хведар.
- Што я там не бачыў, у Амерыцы ягонай, - прабурчэў Ютка, тужліва гледзячы на Ромку. - Але павячэраць давай сходзім, бо мне абрыдла штодня адну зацірку хлябаць.
- Дык мяне ж ніхто не запрашаў, - сумеўся Хведар.
- Я цябе запрашаю, - сказаў Ютка. - Папалам з'ядзім, што дадуць.
Яны злезлі з вежы, Ютка зайшоў дахаты, пераапрануўся ў святочнае, даў і Хведару чыстую кашулю і порткі, бо той асцерагаўся да сябе ісці, баючыся, што баба ўпрэцца і, чаго добрага, з дому не выпусціць, а Ромка ўсё круціўся вакол бацькі і лісліва зазіраў яму ў вочы, нават адарваны гузік на зялёным Юткавым фрэнчы прышыў - так хацелася Ромку ў Амерыку.
- Не круціся, як г.... ў віры, - асадзіў яго Ютка. - Я калі і паеду, дык цябе не вазьму.
- Як гзта не возьмеш, - адгрызаючы нітку, ледзь не праглынуў яе разам з іголкаю Ромка. - Ты ж мне бацька! Я крэўны твой, адзіны сын! Ты не маеш права!
- Я на ўсё маю права, - адрэзаў Ютка. - Чыя вежа: мая ці твая? Ты хоць адзін каменьчык наверх падняў?.. Ён во падняў, - паказаў Ютка на Хведара. - Ён і паедзе.
- Нікуды я не паеду, - адразу ж не згадзіўся Хведар, стараючыся як мага ніжэй спусціць у поясе Юткавы порткі, якія былі яму караткаватыя. - Мне Рыжулю ў рэкардысткі сёлета выводзіць, на рубеж пяці тысяч літраў. Апошні квартал застаецца, зімні, самы адказны, а я ў Амерыку падамся. Як я пасля Рыжулі ў вочы гляну? Што ёй скажу?
- А ты з ёю едзь, - раптам разважліва сказаў Ромка, у якім, трэба прызнацца, шмат чаго і добрага было, у тым ліку і прастадушнасць, і вясёлы нораў, толькі ўсё гэта не атрымала свайго развіцця, знаходзілася ў першабытным стане, а вось усё астатняе, што не вельмі падабалася бацьку, цудоўна развілося і мела зусім сталы выгляд абэлтуса і дармаеда. - Сваё малако мець будзеш, менш на яду патрацішся, новыя порткі купіш.
- Малайчына, - пахваліў яго Хведар, азіраючы сябе ў люстэрку. - Я ж табе казаў, Ютка, што ён яшчэ не зусім кончаны чалавек... А ў портках тваіх мне на вуліцу выходзіць нельга. Я ўсё-ткі даяр, кавалер ордэна "Знак Пашаны", а не Карлсан, што жыве на даху. Так што ідзіце без мяне.
- Тады і я не пайду, - заявіў Ютка. - Заціркай павячэраем.
Ромка падняўся, сцягнуў з сябе джынсы фірмы "Levis", зняў кашулю той жа фірмы і, ні слова не кажучы, працягнуў сваю апратку Хведару.
- А ты? - прымяраючы джынсы, спакойна, нібыта нічога іншага ад Ромкі і не чакаў, быццам той і насіў порткі толькі для таго, каб аддаць іх суседу, а самому застацца голым, спытаўся Хведар, якому фірмовыя джынсы з кашуляй не толькі спадабаліся, але і прыйшліся самы раз, бо Ромка вылузаўся куды вышэйшы за бацьку, які амаль што ўсё жыццё, сам таго не ведаючы, быў вегетарыянцам, еў адно раслінную ежу, бульбу ды яшчэ зацірку, а праз тое не дабраў вітамінаў.
- А я не даяр і не кавалер "Знака Пашаны", я і ў тваім халаце магу лайсці, - сказаў Ромка, выцягваючы з-пад ложка куфэрак і дастаючы адтуль вельветавыя штаны і велюравую кашулю, новенькія, у цэлафанавых мяшэчках. Ён напяў на сябе вельвет, накінуў велюр, адарваў ад адзежы стракатыя этыкеткі і ўручыў іх Ютку з Хведарам, кожнаму па адной.
- Наце, трымайце пропускі на вячэру. Я вам не паеду ў Амерыку, карчы старыя!
- От жа шчанюк, - сплюнуў Ютка. - Пашкадаваў-такі новае.
- Ведаеш што, Ютка, - задумліва сказаў Хведар, круцячы ў пальцах этыкетку ад велюравай кашулі, - усё ў свеце можа стацца. Мажліва, ты нават вежу сваю да неба дабудуеш, але халат мой даярскі падшыванец гэты аніколі ўжо не апране. Надта ты ўжо шчасця для яго хацеў, перастараўся...
- Амэн, - паставіў кропку Ромка і зарагатаў.
Фрэнк Морган сустракаў гасцей каля ўвахода ў гасцініцу, стоячы ў абдымку з Андронам Сыцюком. Ютку спачатку гэта не дужа спадабалася, але пасля ён падумаў, што, можа, яцо і на лепшае: Андрон цяпер хоць да вежы ягонай чапляцца не будзе, у чым, як паказалі далейшыя падзеі, Ютка здорава памыляўся.
На вячэру апроч Андррна, Ромкі, Юткі і прыведзенага ім Хведара былі запрошаны таксама дырэктар школы Ігнат Валошка, галоўны ветэрынар Васіль Блізнюк, аптэкар Саламон Цукерман, аграном Станіслаў Стапуль і ўчастковы міліцыянер Кузьма Сліж, які знаходзіўся тут як бы ў двух іпастасях: і ў гасцях, і пры службовым выкананні, а таму зорка і напружана пазіраў на гасцей, на ўсіх разам і на кожнага паасобку.
Усе названыя асобы, у тым ліку і Андрон, як ён ні тыкаўся і ні братаўся з Фрэнкам, - лічыліся гасцямі з боку Хрысціны Сымонаўны, гаспадыні вечара, якая, як і належыць жанчыне, завіхалася недзе разам з поварамі на рэстараннай кухні, хоць Фрэнк усяляк яе ад гэтага адгаворваў. 3 боку самога Фрэнка Моргана гасцямі на вячэры былі:
генерал-пракурор Самшытавых астравоў;
намеснік міністра замежных спраў Францыі;
ваенны аташэ невядома скуль;
былы чэмпіён свету па шахматах Бобі Фішэр;
камандуючы Шостым амерыканскім флотам;
міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля;
дацкі прынц, пляменнік каралевы Англіі;
не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса;
і, нарэшце, магістр нейкай тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі, а з ім ягоная сакратарка з такімі нагамі і грудзьмі, што Ромка, як толькі яе ўбачыў, адразу прарос коранем у спякотную сіцылійскую зямлю - і ўсім стала ясна, што ніхто цяпер яго з той зямлі не вырве, акрамя хіба што Кузьмы Сліжа.
Фрэнк Морган прадставіў гасцей са свайго боку гасцям з боку Хрысціны Сымонаўны, раздаў і тым і другім слухаўкі электроннага перакладчыка - і ўся кампанія, начапіўшы слухаўкі на вушы, дружна рушыла ў банкетную залу.
Тое, што адкрылася вачам у банкетнай зале, прыемна ўразіла як гасцей з боку Хрысціны Сымонаўны, так і гасцей з боку Фрэнка Моргана, прычым невядома, каго больш. Калі сказаць, што сталы ламаліся ад яды, то гэта значыць не сказаць амаль нічога, бо сталы стагналі, знемагалі ад пітва і закусак. Чаго тут толькі не стаяла - і, галоўнае, было абсалютна незразумела, скуль яно ўсё ўзялося. Ну, дапусцім, свежых, вяндлёных вугроў і вугроў ва ўласным саку з Нарачы можна было прывезці. Ну, дапусцім, зубраціна, ласяціна і кабаніна водзяцца ў нас у Белавежскай пушчы. Ну, дапусцім, заліўныя язычкі, ялавічыну, цяляцінку, свінінку, кожная лустачка якіх свяцілася ружовай свежасцю, з Маладзечанскага мясакамбіната можна было даставіць. Ну, дапусцім, чырвоныя горы памідораў, зялёныя піраміды гуркоў, сінія стагі баклажанаў можна было набраць з мінскіх цяпліц. Дапусцім, нарэшце, недзе ёсць у нас на Беларусі, у самай глыбінцы, раёны, дзе можна было знайсці чырвоную і чорную ікру, ракаў і лангустаў, сёмгу і вустрыц, артышокі з труфелямі, не кажучы пра гусей з качкамі, курапатак з фазанамі і іншую дробную птушку. Але скуль узяліся сапраўдныя бананавыя і какосавыя пальмы, што стаялі па вуглах банкетнай залы і на якіх віселі сапраўдныя какосы і бананы? Скуль выраслі каля сцен цытрусавыя - апельсіны і персікі, мандарыны і айва, абрыкосы і інжыр, галіны якіх прагіналіся ад спелых пладоў? Як прыжылася тут цеплалюбівая вінаградная лаза, што вілася па столі банкетнай залы, скуль звісалі агромністыя, як крышталёвыя люстры, гронкі залацістага вінаграду?.. А да ўсяго гэтага з усіх бакоў зайграла раптам музыка, успыхнулі рознакаляровыя ліхтары і сафіты, усё наўкола замігцела, заззяла, заіскрылася - і ў залу ўвайшла Хрысціна Сымонаўна з пляшкаю самагонкі ў руках, а за ёю роўным строем крочылі шасцёра повараў, першы з якіх нёс саган толькі што зваранай, дурманна пасыпанай кропам бульбы, другі - цалкам засмажанае парася з моркаўкай замест хвосціка і часначынамі замест вочак, трэці - бабку са скваркамі, затушаную ў тоўстых свіных кішках, чацвёрты - кадушку квашанай капусты, пяты - выварку салёных рыжыкаў і груздоў і апошні - місу халадцу з хрэнам. Калі і гэта ўсё ўмясцілі на сталы, то нават міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля, які шмат чаго ў сваім жыцці пабачыў, вымушаны быў падысці да Андрона Сыцюка, паціснуць яму руку і сказаць:
- Не слаба жывеш. Відаць, калгасная форма гаспадаркі ўсё-ткі даволі перспектыўная. Толькі чаму на сталах няма яйкаў і малочных прадуктаў?
- А мы не дыетчыкі, - нахабна адказаў Андрон. - У нас шлункі не баляць, ядзім, што ёсць, не перабіраючы.
Распавядаць вам, як яно ўсё елася і пілося, у летапісца гэтых абсалютна праўдзівых падзей нямашака ніякіх сіл і мажлівасцей, бо летапісец ніколі не быў гурманам і, па праўдзе сказаць, не ведае нават, як і з чым ядуць лангусты і вустрыцы, а калі вяндлёных вугроў яму аднойчы і ўдалося пасмакаваць, дык жывых какосаў на пальмах ён і ў вочы не бачыў. Аднак паколькі вячэра мела не толькі гастранамічны, але і сацыяльны, а таксама палітычны аспекты, то апусціць іх, пакінуць у небыцці летапісец проста нё мае права, бо адчувае, што гэтага яму не даруе гісторыя, на якую, дарэчы, летапісец вельмі разлічвае.
Дык вось, Фрэнк Морган, гаспадар вячэры, падняў першы тост, а сказаў наступнае:
- Паважаны пан старшыня (тут Фрэнк Морган злёгку кіўнуўся ў бок Андрона Сыцюка), паважаныя пані і панове, лэдзі і джэнтльмены, землякі! Я рады вітаць вас на гэтай сціплай урачыстасці, якую мы з Хрысцінай Сымонаўнай, маёй шчасліва знойдзенай сястрой, наладзілі ў гонар крэўнай еднасці паміж людзьмі самых розных рас і рэлігій, паміж усімі краінамі і народамі. Мне хацелася б верыць, што гэтыя мае словы не застануцца проста гучнай дэкларацыяй, а з сённяшняга дня пачнуць увасабляцца на справе, бо што, як ні справа, будаўніцтва Карунскай вежы да неба, аб'яднала нас і сабрала ўсіх разам. Таму я прапаную пасля вячэры, як толькі развіднее, пайсці да вежы, дзе кожны з нас пакладзе свой камень у будаўніцтва шчаслівай будучыні, каб даказаць, што трагедыі вежы Вавілона не наканавана вечна вісець над намі вогненным мячом боскага праклёну, што мы можам і павінны знайсці агульначалавечую мову для ўзаемапавагі, любові і ўсяго астатняга. Я мяркую, што ў эпоху электронных перакладчыкаў не мае асаблівага значэння выбар агульначалавечай мовы, англійскай яна будзе ці рускай, іспанскай ці кітайскай, абы яна была мовай міру. Такою моваю, дарэчы, па праву магла б стаць мова нашчадкаў самых міралюбівых плямён - крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, у могільніках якіх ніколі не знаходзілі пры раскопках аніякай зброі. Сімвалічна, што сёння гэта мова зямлі, на якой усё вышэй падымаецца, як наша надзея, вежа да неба... Ваша здароўе, пан старшыня, ваша здароўе, пані і панове, ваша здароўе, лэдзі, джэнтльмены, ваша здароўе, землякі! - I з гэтымі словамі Фрэнк Морган па-маладзецку, па-нашаму кульнуў першую чарку самагонкі, закусіўшы яе салёным груздом і лыжкай квашанай капусты.
Хораша Фрэнк сказаў - добра яму за гэта і пайшло. I давайце парадуемся, што не было ў той час на той вячэры ні нацыяналістаў, якія б маглі скарыстаць планетарнае мысленне Фрэнка ў сваіх рэгіянальных мэтах, ні шавіністаў, якія ад такой прамовы амерыканскага мільярдэра маглі б падавіцца мяккім бананам.
Пасля некалькіх прамежкавых тостаў нязначных асоб, адна з якіх доўга і нудна пераказвала змест маніфеста Б. Расела і А. Эйнштэйна: "Памятайце пра тое, што вы належыце да роду чалавечага, і забудзьцеся пра ўсё астатняе", адказнае слова ўзяў Андрон Сыцюк.
- Сёння якраз я меў гутарку з прэзідэнтам Злучаных Штатаў, - пачаў Андрон, строга гледзячы прама ў вочы камандуючаму Шостым амерыканскім флотам, - і ён мне абяцаў падумаць над тым, як скараціць колькасць ваенных баз. як пакласці канец так званым лакальным войнам, як прадухіліць мажлівую сусветную катастрофу, а таксама над іншымі, пастаўленымі мной, пытаннямі стратэгічнага значэння. Так што калі весці разумную палітыку, то ўсё ў свеце можна наладзіць найлепшым чынам, таму я цалкам згодны з першай паловай выступлення паважанага містэра Моргана. Аднак, што да другой паловы ягонага выступлення, - тут Андрон перастаў нарэшце свідраваць позіркам камандуючага Шостым амерыканскім флотам і перавёў вочы на генерал-пракурора Самшытавых астравоў, які залез у гэты час на какосавую пальму, сарваў какос і цэліўся ім у галаву дацкага прынца, пляменніка каралевы Англіі, - а канкрэтна, што да Юткавай вежы, - прадаўжаў Андрон, думаючы пра тое, пападзе генерал-пракурор у макаўку дацкага прынца ці прамахнецца, а калі пападзе, то што расколецца, гарэх ці галава, - дык тут я катэгарычна супраць. Ютка Казубоўскі - авантурыст, акцыя ягоная - звычайная пагоня за сенсацыяй і наогул шкодная справа, якая спарадзіла нездаровы ажыятаж, няправільнуй фінансава-гаспадарчую і палітычную арыентацыю, што адцягвае найлепшыя сілы нашага калгаса, раёна, рэспублікі і ўсяго чалавецтва ад стварэння сапраўдных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Хіба нам няма чым ганарыцца, акрамя ягонай вежы? - знайшоўшы вачыма ў дальнім кутку зялёны фрэнч Юткі Казубоўскага, які піў якраз на брудэршафт з магістрам тайнай італьянскай масонскай ложы, - выгукнуў з пафасам Андрон Сыцюк. - Хіба ў нас няма чаго паказаць дарагім гасцям, акрамя гэтай груды ледавіковага камення!
- Няма, - спакойна адказаў Ютка на Андронаў выпад, а магістру паківаў пальцам: "Няма... I ты ў мяне не пытайся..."
Акурат у гэты момант генерал-пракурор Самшытавых астравоў шпурнуў-такі свой гарэх, але прамахнуўся - і какосавае ядро, прасвістаўшы над плячом дацкага прынца, чмякнулася ў місу з разлезлым халадцом, над якім, прыцмокваючы, завіхаліся лыжкамі ваенны аташэ невядома скуль, міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля і не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса. Тое, што адбылося, калі халадзец вылецеў з місы, нават для мужчын было непрыемна, а для жанчыны, на якой адной плаціны ды каштоўных камянёў на добрых чатырыста тысяч долараў, - можаце сабе ўявіць! Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера падняла страшэнны вэрхал! Яна крычала, што жыхарам Самшытавых астравоў разам з іх генерал-пракурорам яшчэ тры стагоддзі на пальмах сядзець трэба, а не ў Еўропу сунуцца, каб на халяву жлукціць тут самагонку з цывілізаванымі людзьмі. Пасля яна такое панесла, з такімі слоўцамі, што нават электронны перакладчык анямеў, а калі апрытомнеў, паўтараў толькі: "Ідыёма, перакладу не падлягае... Ідыёма, не перакладаецца..." - і нарэшце вымушаны быў сарамліва папрасіць прабачэння за сваю недасведчанасць у тонкасцях грэчаскай мовы. Аднак дзіўная рэч: тое, што не зразумеў электронны перакладчык, цудоўна зразумелі і Хведар, і Ютка, і Андрон, і Ромка, і аптэкар Саламон Цукерман, карацей, усе, хто ведаў па-нашаму, і кожны з іх паасобку адчуў гонар за моц і сілу роднага слова, падзівіўся глыбіні ягонага пранікнення ў іншаземныя моўныя пласты. Адзін толькі ўчастковы Кузьма Сліж гэтаму не здзівіўся і не адчуў аніякага гонару, бо не трываў хуліганства ні ў слове, ні ў дзеянні, веў з ім духоўную барацьбу, а таму зараз прыкідваў: ці не пасадзіць яму грэчаскую бабу сутак на пяць у каталажку? Баючыся ўзяць на сябе непамерную міжнародную адказнасць, Кузьма выказаў свае меркаванні ваеннаму аташэ невядома скуль, бо той, па-першае, быў пры місе з халадцом, а па-другое - пры форме, якая скрозь і заўсёды ўвасабляла дысцыпліну і парадак. Але ваенны аташэ, акуратна скідваючы з эпалетаў цялячыя і свіныя костачкі, Кузьму не падтрымаў, адхіліў ягоную прапанову рэзка і нечакана:
- Не, хай тут сядзіць, баб і так мала. Як у вас, дарэчы, з публічнымі дамамі?
Наогул гэты ваенны аташэ невядома скуль аказаўся проста паталагічным бабнікам. Спачатку, паабтрусіўшыся сам і дапамогшы ачысціць ад халадцу плаціну і камяні грэчаскай не то ўдавы, не то дачкі, ён пачаў прыставаць да яе, але тая шчыра ўпадабала здаровага, пад два метры ростам, ветэрынара Васіля Блізнюка і ўсім сваім выглядам давала зразумець, што яе сексуальныя інтарэсы знаходзяцца ў даны момант на славянскай тэрыторыі. Тады ваенны аташэ пачаў чапляцца да Хрысціны Сымонаўны, ні разу не прамінаючы пацалаваць ёй руку, калі гаспадыня вячэры абыходзіла залу, падліваючы гасцям упадабаную імі карунскую гарэлку ўсё з адной і той жа паўлітэркі, якая, нібыта ў чароўных казках пра джынаў, сама па сабе зноў рабілася поўнай.
- Ды адна, адна, для сябе трохі выгнала, дзе ж мне на магазінную грошай набрацца, - вінавата казала Хрысціна Сымонаўна, сустракаючыся з пагрозлівым позіркам Сліжа, і бегла ад яго хутчэй на другі канец залы пад абарону міжнароднага таварыства.
Паколькі Сліж не меў фантазій і, зразумелая справа, ні па ўзросце, ні па пасадзе не верыў ані ў якія казкі пра джынаў, а хацеў дазнацца, дзе і колькі самагонкі хавае яго былая настаўніца, ён амаль неадступна хадзіў за Хрысцінай Сымонаўнай. Таму ваенны аташэ расцаніў іх адносіны як інтымныя - і ў смелым адчаі перакінуўся на сакратарку магістра тайнай масонскай ложы, што прывяло ў сляпую ярасць Ромку, які на добрым падпітку кінуўся на ваеннага аташэ, ірвануў яго за мокрью эпалеты і прароў, як паранены ў адну галаву Змей Гарыныч:
- Давай выйдзем, генерал!
Залатыя ніткі трэснулі са звонам скрыпічных струн, бліскучыя эпалеты засталіся ў Ромкавых руках. Ромка і ваенны аташэ невядома скуль, хістаючыся, стаялі адзін насупраць другога, наспяваў міжнародны канфлікт нават больш небяспечны, чым скандал з какосавым арэхам, але, дзякуй Богу, сітуацыю выратаваў магістр тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі. У пераднавальнічнай імгненнай цішыні ён раптам рэзка падняўся ў сваім белым балахоне з чорным крыжам і зялёнай зоркай на каўпаку, распасцёр перад сабою рукі і высокім голасам, падобным на голас Раберціна Ларэці ў дзяцінстве, калі той на ўсіх зямных кантынентах спяваў знакамітую песню пра Ямайку, сказаў на тайнай масонскай мове некалькі слоў, з якіх ніхто ніводнага не зразумеў, а таму гэта і прыцягнула агульную ўвагу. Не змог справіцца з таемнаю мовай сіцылійскіх масонаў і электронны перакладчык. Пасля таго, як ён здаўся, прамыкаўшы ўжо знаёмае "перакладу не падлягае", паднялася сакратарка магістра і бясстрасным голасам, нават не пачырванеўшы, аб'явіла:
- Магістр пажадаў сказаць, што ён прывёз мяне ў падарунак, я належу тут усім адразу і кожнаму паасобку, прычым як мужчынам, так і жанчынам. Таму са мной, - сакратарка вінавата глянула на Ромку, - не павінна быць аніякіх праблем.
Ад гэткіх слоў Хрысціна Сымонаўна адчула неверагодную млявасць, поўная паўлітэрка выслізнула ў яе з рук і грукнулася на падлогу. Нават Сліж, які ў іншы момант не прамінуў бы падысці і рэквізаваць чароўную бутэльку, стаяў, адвесіўшы сківіцу, і вочы ягоныя, што неадрыўна глядзелі на сакратарку, знянацку зрабіліся цёмнымі і вільготнымі.
- Далей магістр пажадаў сказаць, - як ні ў чым не бывала прадаўжала сакратарка, - што цяпер, калі яму будзе дазволена, ён хацеў бы зрабіць значна больш важнае паведамленне.
Магістр павярнуўся да Фрэнка з Андронам, што на пару ўселіся пад бананавай пальмай і па чарзе збівалі бананы з рагаткі, якую Андрон адабраў у свайго сына Цімкі. Андрон хацеў быў запярэчыць масонскім намерам, але тут якраз прама ў рукі яму ўпаў банан, збіты Фрэнкам, і Андрон заняўся ім, вяла махнуўшы магістру бананавай шалупінінай: давай, маўляў, паведамляй...
Усе зноў сталі глядзець на магістра і чакаць, калі сакратарка пачне распранацца. Магістр крывавата ўсміхнуўся, ледзь заўважна, мезенцам кіўнуў сакратарцы і праспяваў некалькі фраз салаўіным голасам знакамітага спевака.
- Магістр жадае сказаць, - распранаючыся, стала перакладаць сакратарка, і ў яе інтанацыі з'явіліся ноткі ўзнёслай урачыстасці, - што па даручэнні тайнай ложы і законнага ўрада Італіі ён мае гонар паведаміць пану старшыні Андрону Сыцюку і ўсім тут прысутным масонам наступнае:
Першае. Горад Піза, у якім таксама ёсць вежа, хоць і пахіленая, аб'яўляецца горадам-пабрацімам Карун. Афіцыйную карунскую дэлегацыю будуць чакаць у Італіі на Новы год. Італьянскі ўрад прыме ўсе захады для таго, каб да навагодняга свята Пізанская вежа цэліла ў неба гэтак жа прама, як і Карунская.
Другое. Тайная італьянская ложа з Сіцыліі і масонскі ўрад Італіі (так пераклала сакратарка) прызначаюць прэмію 300 мільёнаў лір для любога грамадзяніна любой краіны, нават калі ён знаходзіцца ў турэмным зняволенні або ў доме для вар'ятаў, які зможа вызнаць і паведаміць магістру: нашто Ютка Казубоўскі будуе сваю вежу да неба і якая ў яго канчатковая мэта?
У гэты момант сакратарка засталася абсалютна без анічога, ва ўсім сваім, а таму сэнс апошніх слоў магістра да болыпасці публікі дайшоў слаба.
- Мат, - сказаў Бобі Фішэр, які даваў сеанс адначасовай гульні на васемнаццаці дошках, па колькасці гасцей, але гуляў з ім толькі дырэктар школы Ігнат Валошка, дый то не ў шахматы, а ў марскі бой.
Пад выглядам таго, што ёй тэрмінова неабходна прасушыць сукенку, залітую халадцом, пачала распранацца не то ўдава, не то дачка Анасіса, папрасіўшы Васіля Блізнюка дапамагчы ёй вызваліцца ад плаціны і каштоўных камянёў.
- Корсіка, Сіцылія і Каруны вызначалі лёс Еўропы - вось што будзе запісана ў падручніках гісторыі! - тэмпераментна ўсклікнуў намеснік міністра замежных спраў Францыі і, падышоўшы да сакратаркі масонаў, падараваў ёй лёгкі пацалунак.
- Мадэмуазель... шарман... - з французскім акцэнтам сказаў аграном Станіслаў Стапуль, які ўвесь вечар быў заняты думкай пра тое, што калі прышчапіць да фікуса гарбуз, то гэта, мусібыць, і будзе какосавая пальма, якая зможа прыжыцца на паўднёвых схілах карунскіх пагоркаў.
Камандуючы Шостым амерыканскім флотам аб'явіў авіяносец "Амерыка" пабрацімам карабля пана Цырлюкевіча, прапанаваў зняцца з якара і плыць на Блізкі Усход, дзе цёплае мора і можна ўсім разам пакупацца, не маючы клопату пра купальнікі.
- Няхай баба апранецца! - абурыўся Хведар Былінскі. - Бо я дахаты пайду!
- А дзе ж той сорам, людцы? - ні да кога не звяртаючыся, прашаптала Хрысціна Сымонаўна. - Што ж гэта робіцца ў белым свеце?..
Магістр масонаў глянуў на незадаволенага Ютку. Той нервова мучыўся, таму што бачыў, як б'ецца ў канвульсіях ягоны сын Ромка. Магістр склаў на грудзях рукі крыж-накрыж - і сакратарка, абвёўшы ўсіх позіркам не тое каб з пагардай, але ўсё ж з яўнай насмешкай, стала апранацца.
Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса зграбла ў ахапак ветэрынара Васіля Блізнюка і вынесла яго з банкетнай залы.
Кузьма Сліж глытнуў паветра, выцягнуў з кабуры насатку і выцер буйна ўспацелы лоб.
- Трыста мільёнаў лір... гэта ж колькі будзе ў доларах? - спытаўся ў міністра сельскай гаспадаркі Ізраіля аптэкар Саламон Цукерман.
Саламона, брат якога з'ехаў за мяжу і згубіў там двух сваіх сыноў на чужой вайне, цікавілі і непакоілі масоны, але мала забаўляла іхняя сакратарка, таму ён добра ўцяміў сэнс апошніх слоў магістра і рабіў папярэднія падлікі. Ды аказалася, што Андрон Сыцюк, які хоць і аб'еўся бананамі, таксама не спаў у шапку.
- Не лічы, Саламон, не намагайся дарма, - сказаў Андрон бананавым голасам. - Ютка зараз сам расколецца, заграбе прэмію, а на калгас, на ўсіх нас яму напляваць.
Усе ўтаропіліся ў Ютку і чакалі, калі ён стане багацеем.
Ютка падышоў да Хведара, сеў, наліў сабе і яму па кілішку.
- Будзь здароў, Хведар. Апошні раз бедным п'ю. Што ты на тое скажаш?
- На здароўе, Ютка, - сказаў Хведар. - Чаго толькі не было ў нашым жыцці - няхай і гэта будзе.
- Палову прэміі возьмеш? - закусваючы, спытаў Ютка.
- Не, - адмовіўся Хведар, - нашто мне?.. На адзежу нам з бабай хапае, а яда свая.
- От і ў мяне тое самае, - сказаў Ютка.
- То, можа, пойдзем адсюль? - спытаўся Хведар. Ютка падумаў і згодна паківаў галавой. Яны падняліся і скрозь усю банкетную залу, што не спускала з іх ніводнага свайго вока, прайшлі да дзвярэй, дзе іх пераняў Фрэнк.
- Гуд бай, - сказаў яму Ютка. - Гульба была ўсялякай, а за хлеб ды соль дзякуй.
- Прыедзь да мяне ў Амерыку, Ютка, - папрасіў Фрэнк. - Ну хоць паабяцай, што прыедзеш. Такіх, як ты, там у нас зусім няма.
- Ладна, - згадзіўся Ютка, - зазірну як-небудзь, калі час будзе. Чаму б не глянуць на Ціхі акіян.
- У нас там яшчэ Атлантычны ёсць, - паспешліва падхапіў Фрэнк. - 3 другога боку.
- Шчаслівы ты, - сур'ёзна сказаў Ютка. - Два акіяны маеш. А ў нас тут і мора нямашака.
- Затое ёсць карабель, - напомніў Хведар, забаяўшыся на міг, што Ютка збярэцца ў Амерыку. - Дзе ты яшчэ карабель на гары бачыў?
- I то праўда... Быў бы карабель, а вада нацячэ. Калодзеж пракапаем! Нам, карунскім, гэта раз плюнуць, - падміргнуў Ютка Фрэнку, а на тым і скончыў размовы вадзіць, чужое слухаць і сваё даводзіць.
Ютка з Хведарам выйшлі на волю, падыхалі. Прама перад імі калыхаўся ў начы карабель пана Цырлюкевіча. Не згаворваючыся, рушылі да яго.
Каля Літвінавай гары іх дагнала Хрысціна Сымонаўна, моўчкі пайшла побач. Яны ўтраіх падняліся на гару, узышлі на карабель. Ютка стаў да штурвала, і яны паплылі.
Пад небам, абсыпаным на халады зорамі, спакойна спалі Каруны. Над імі велічна, упіраючыся ў рог новенькага, нібы толькі што адкаванага маладзіка, высілася Юткава вежа.
- Паслухай, Хведар, - трымаючы курс на вежу, спытаўся Ютка, - як ты думаеш: чаму гэта магістр быў масонамі нас назваў?
- Палітыка такая, - адазваўся Хведар. - Спачатку назавуць масонамі, пасля запішуць, а потым і абмасоняць. Яно заўсёды так рабілася.
Падплылі да Хведаравай хаты, у двух вокнах якой гарэла святло.
- Ой будзе мне, - працяжна пажаліўся Хведар, сыходзячы з карабля. - Ой, што мне будзе...
Ютка пачакаў, пакуль у Хведаравай хаце трохі сціхла, і пусціў карабель далей.
- Мне таксама дадому, - папрасілася Хрысціна Сымонаўна. - Дыктанты заўтра дзецям раздаваць, а яны ў мяне яшчэ не правераныя.
Ютка павярнуў штурвал, пераплыў вуліцу, рэчку і спыніўся каля гародчыка Хрысціны Сымонаўны.
- Дабранач, Ютка, - развіталася Хрысціна Сымонаўна. - Далёка не плавай. Хто яго ведае, гэты карабель, ці можна на яго спадзявацца.
- Я недалёка, - сказаў Ютка, - да вежы толькі. Яна ў мяне як маяк.
Адплыўшы, ён азірнуўся: Хрысціна Сымонаўна стаяла ў гародчыку і махала ўслед яму хвартушком.
Ютка кіраваў напрасткі і ўверх, даплыў да вежы, перабраўся на яе і адштурхнуў карабель да Літвінавай гары. Пачакаў, пакуль той аказаўся на звыклым месцы, разаслаў на плоскім камені свой парадны фрэнч, лёг і заснуў. Каля новенькага, толькі што адкаванага, распаленага яшчэ маладзіка Ютку было цёпла. Нават прыпякала са спіны.