Лабух

Раманчык

Някляеў Уладзімір


4 Росцік калі і ўзяў піва...

Росцік калі і ўзяў піва, дык глыток на двух, а мог і зусім не ўзяць, скажа: „Мая лазня — тваё піва", — і па дарозе я заскочыў у краму, дзе наткнуўся на пакамечанага і пакалашмачанага Алеся Крабіча, з якім былі мы некалі сааўтарамі і напісалі з тузін песень. У свой час, звязаны сем’ямі, праблемамі іх дагляду і пракорму, ва ўсім вольнаму Крабічу я нават зайздросціў. Да пачатку ўсялякіх там саюзных перабудоў і нацыянальных адраджэнняў Крабіч жыў сабе нармальным жыццём паэта, вершаваў, піў і гуляў, а потым даў нырца ў барацьбу — і дагэтуль з яе не выплывае, хоць піць не кінуў. Перапачывае ён ад барацьбы хіба толькі з перапою — і сёння, выглядала на тое, быў дзень адпачынку.

Паэт Алесь Крабіч спаткаў мой позірк вачамі пакутніка, падняў руку і пуста пстрыкнуў пальцамі... Я падумаў і вырашыў, што цэхавае братэрства ёсць цэхавае братэрства, лабухі ў ім разам з паэтамі — ды й двум нам з Росцікам трэці не надта зашкодзіць.

— Ты галодны? — спытаў я Крабіча, і ён на пытанне маё зморшчыўся: „Якая яда!.."

Да перакруту з паэтаў у змагары Алесь быў для мяне калі не найблізкім сябрам, дык і не староннім чалавекам... Ва ўсялякім разе адным з тых нямногіх сярод мужчынскай хеўры, каго мог я паблізу трываць. Заадно, праўда, даводзілася трываць і ягонае нахабства, якога з гадамі, калі ён пачаў прапівацца, усё болела і болела. Паэт прыроджаны, ён да таленту свайго адносіўся недаверліва, як да нечага дзіўнага ў ім і не яму прыналежнага, і, напіваючыся, крычаў звычайна тым, хто ўпікаў за п’янку: „Не сваё прапіваю!.. Не ваша!.. Ні-чый-на-е!..” Пра палітыку ў той час гаварыў ён рэдка, не глядзеў тэлебачанне і не чытаў газет, толькі кнігі, якімі заваленая была ўся ягоная, перагароджаная напалам з братам-міліцыянтам, даўжэзная, як два сашчэпленыя вагоны, хата на Грушаўцы, куды я часцяком збягаў і ад першай, і ад другой сям’і, і дзе мы нясумна бавілі ночы з выпадковымі спадарожніцамі жыцця.

У адну з такіх начэй мы напісалі гімн. Прычым, хутка, за нейкія паўгадзіны, заведзеныя жаночым квартэтам, які ў тую ноч нам спадарожнічаў. У стомленай паўзе паміж нашымі гулькамі заплялася балбатня пра конкурс на новы дзяржаўны гімн — і квартэтысткі нас папросту справакавалі: ні за што вам, маўляў, гімн такі не напісаць, каб ва ўсіх выйграць, п’янтосы вы і імпатэнты...

На новы дзяржаўны гімн быў аб’яўлены конкурс, бо гімн стары, пра беларусаў з братняю Руссю, стаў нібыта гістарызмам. „Стварыць шэдэўр!” — заклікала маладая незалежная краіна сваіх музыкаў і паэтаў, і ўсе, хто ўмеў хоць адной рукой на гармоніку граць і маму з рамай рыфмаваць, навыперадкі кінуліся ствараць... Мы напісалі хай не шэдэўр, але і не кволенькі гімн змайстравалі — абодва здзівіліся. У Алеся стаяла піяніна старэнькае, я прысеў да яго — і музыка, як толькі таго і чакала, сама па клавішах прабегла, ад першай да апошняй ноты. Алесь звычайна падоўгу вымучваў вершы на музыку, а тут яны да яго таксама быццам самі прыляцелі, і такое адчуванне было, нібы вершы гэтыя і гэтая музыка даўно шукалі адно адное — і знайшлі. Голенькі вакальны квартэт з ліста, прафесіяналкі ўсё ж, той гімн і праспяваў — і гэта было феерычнае відовішча для брата-міліцыянта, які, пачуўшы гукі музыкі, зазірнуў на спеўку.

Брат-міліцыянт сказаў: „Гэта гімн! Стаяць хочацца!” — і квартэтысткі адразу спыталіся: „А колькі прастаіш?.."

Больш наш гімн ніхто, апроч голага вакальнага квартэта, не спяваў, і ніхто, апрача брата-міліцыянта, не чуў. Недзе праз тыдзень, калі я амаль дамовіўся пра запіс гімна з хорам і аркестрам, каб ва ўсёй красе паказацца на гімнавай камісіі, да мяне, ліхаманкава-нервовы, уварваўся Крабіч, згроб вершы і пры мне іх спаліў. Потым ён таптаў нагамі попел, крычаў — і аказалася, што я д’ябал, які разам з голымі ведзьмамі ледзьве не спакусіў яго, але беларускі Бог яму дапамог, адкрыў, што гімнавы конкурс — хітрая выдумка перафарбаваных камунякаў, бо для незалежнай Беларусі гімн даўно напісаны, гэта „Магутны Божа", і не патрэбны ніякі іншы.

Мне шкада было музыкі, такая не кожнага разу прабяжыць па клавішах, ды й амбіцыі торгалі: а раптам?.. — і я сказаў спсіхаванаму Крабічу, што паэт ён на Беларусі не адзіны. Мне напісалі новыя вершы, шмат хто напісаў, я выбраў лепшыя і аддаў гімн на конкурс. Пасля гэтага Крабіч, сустракаючыся са мной, стаў пераходзіць на другі бок вуліцы. Неяк у інтэрв’ю на радыё ў яго спыталіся, чаму ён даўно ўжо нічога са мной не піша, і ён адказаў, што знацца не хоча з людзьмі, якія заадно з камунякамі і маскалямі.

Толькі гады праз два мы зноў пачалі здароўкацца...

А з конкурсу нічога не выйшла. У той гімнавай камісіі ўсе былі кампазітары ды паэты, і які адзін жывы кампазітар альбо жывы паэт маглі дапусціць, каб другі жывы кампазітар альбо жывы паэт сталі аўтарамі дзяржаўнага гімна?.. Адзін аднаго спляжылі, забамбілі — і засталіся беларусы з братняю Руссю, з савецкім гімнам, толькі без слоў. Пасля быў яшчэ адзін конкурс, ужо пры новай уладзе, але і новая ўлада пакінула беларусаў з савецкім гімнам, у якім ціхенькі прыўладны акын, якога, як кажа Крабіч, ад молі не адрозніць, трохі словы пераакыніў.

Я доўга не ведаў, Марту ўжо з Рыгі прывёз, калі дазнаўся, што з нейкай з нашых спадарожніц жыцця, якая абвясціла яму, што цяжарная, Крабіч быў прыажаніўся. Дзіця нарадзілася і памерла, спадарожніцу Крабіч выгнаў, смерць дзіцяці ўспрыняў, як Боскую кару, замкнуўся ў сваім пакутніцтве і жыў на Грушаўцы нелюдзімам. Адно змагацца выбіраўся.

Паўскрыні піва і дзве пляшкі гарэлкі, якія з прылаўка я перадаваў Алесю, каб дапамог паднесці, ён браў і засоўваў у кішэні адной левай рукой, правая рука вісела, як перабітая.

— Хто гэта цябе так?.. Грушаўскія?..

— Хрэнушаўскія... Шэсце ўчора было да пляцу Волі... Я па адзін бок, а брат па другі.

— Твой брат цябе так?..

— Не ён сам... Браты ягоныя... Мой з пастарунку мяне выцягнуў... Пасля паіў да паўночы, плакаў... І ведаеш, што сказаў?

— Што?

— Што правільна мы па розныя бакі! Зараз ён мне дапаможа, а потым, калі што якое, дык я яму... Куды мы з табой?

— У лазню.

— Правільна. Зараз ты мне дапаможаш, а потым, калі што якое, дык я табе...

Мушкетон, слуга Партоса, любіў расказваць, як у час войнаў каталікоў з гугенотамі бацька ягоны вынайшаў змешаную веру, якая дазваляла яму быць то каталіком, то гугенотам — гледзячы па выгадзе. Калі ён сустракаў каталіка, дык рабаваў яго, як гугенот, а гугенота рабаваў, як каталік... І ўсё у яго ладзілася, пакуль не аказаўся ён аднойчы між каталіком і гугенотам на вузенькай сцяжанцы... На дрэве павесілі, аб’яднаўшыся, каталік з гугенотам бацьку Мушкетона. Хітрага чалавека, які і сыноў сваіх зрабіў — аднаго гугенотам, а другога каталіком.

У лазні чакала неспадзяванка: Росцік адвёў мяне з раздзявальні ў пакой з камінам і більярдам, дзе пры каміне быў накрыты стол, і на прамілуй Бог пачаў прасіць, каб Алеся я выправіў.

— Налі яму шклянку — і няхай ідзе. Я людзей па справе запрасіў, памочніка дзяржсакратара і таго кандыдата ў дэпутаты, а з нацыяналістам гэтым якая справа? Ён жа ў бойку з імі кінецца!

— Не кінецца, у яго рука перабітая...

— Ён і з адбітай галавой кінецца! А то я не ведаю яго! Ды няхай сабе і пры ціхім, як пры ім дамаўляцца, ты што?..

Выправіць Крабіча я не мог — і раззлаваўся на Росціка.

— Папярэдзіць трэба было! Сказаў бы, калі званіў!

— А сюрпрыз? — спытаў Росцік, разумеючы, што і сам вінаваты... І далей абмяркоўваць не было чаго, бо ў пакой зазірнуў голы Крабіч.

— Тут госці да вас ломяцца... Морда ў аднаго аднекуль знаёмая...

— Я табе дам, морда! — штурхнуў Крабіча ў спіну і выпіхнуў з дзвярэй Барыс Шыгуцкі, шапачна знаёмы мне памочнік дзяржсакратара, мужык сапраўды з мордай, па якой бегалі па-хутаранску хітрыя, учэпістыя вочкі, што імгненна абшнырылі з кута ў кут увесь пакой. — А бабы дзе?..

Мусібыць, гэта належыла расцэньваць, як жарт.

Прыведзены Шыгуцкім кандыдат у дэпутаты, які ніяк не выглядаў і нічым не запамінаўся, увайшоў і сказаў:

— О, більярд...

Ён ніяк не выглядаў, але імя і прозвішча ў яго былі квяцістыя: Рычард Красевіч.

— Сёння парымся, распранайцеся... — замітусіўся Росцік перад дарагімі, на тры с паловай тысячы даляраў, гасцямі. — Баб іншым разам нагонім...

Алесь Крабіч, паэт і змагар з дыктатарскім рэжымам, адмяцелены ўчора міліцыянтамі, з’індэфікаваў нарэшце аблічча ворага і зыркнуў на Шыгуцкага ваўкалакам. Шыгуцкі таксама, пазнаўшы яго, не выявіў радасці ад сустрэчы, а Красевіч сказаў: „О, беларускі паэт...” Нічога добрага ў гэткай кампаніі чакаць не даводзілася, і я вырашыў, пакуль не позна, заняцца тым, дзеля чаго і закруціў Росціка з лазняй: чысціцца ды мыцца. Мне здавалася, што потам і міязмамі „прафесаршы” я ўжо да касцей прапах.

На палітычная страсці, якія віравалі ў краіне з канца васьмідзесятых, я глядзеў так, як глядзіш з берага на штармавое мора: страшнавата, але што яно мне, калі я на беразе? Адштарміць і суціхне... Я музыкант, на які чорт мне палітыка? Музыка пры любой уладзе — музыка...

Тыя, хто ўладарыў апошнімі гадамі — ні прэзідэнт, ні хэўра ягоная нічым мне не заміналі. Яны не надта мне падабаліся, выпірала з іх нахабная пыха людзей, што з гразі выскачылі ў князі, але і тыя, хто тузаўся з імі, каб скінуць, не выглядалі вытанчанай шляхтай. Нацыяналісты, камуністы, патрыёты, незалежнікі — усе былі для мяне на адзін капыл. Гвалт пра незалежнасць, дэмакратыю, нацыянальную ідэю, славянскае адзінства і народнае шчасце выклікаў слыхавую алергію — і хацелася, каб усе знямелі. Мяне не здзіўляла, што яны змагаюцца — якое тут дзіва? Мяне здзіўляла, што яны не заўважаюць, зацятыя ў барацьбе, як марна губляецца час і пуста мінае жыццё. Мне здавалася, што яны захварэлі, павар’яцелі і страцілі адчуванне часу, адмеранага ім у часе жыцця, якога на баку будучыні, за якую яны змагаюцца, усё меней... Ува мне адчуванне гэтае білася метраномам, імгненні токам душу пранізвалі, іголкамі цела наскрозь прашывалі: раз — і няма, два — і ніколі не будзе... Не тое, каб я надта баяўся памерці, я баяўся не жыць. Зараз, цяпер не жыць, пакуль жывы.

— Пах тут нейкі бабскі, — заходзячы з усімі ў парыльню, куды я паспеў праслізнуць першы, і дзе з мяне разам з маім потам выходзіў пот „прафесаршы", пацягнуў носам Шыгуцкі. — Я заўсёды ведаў, што там, дзе артысты, там і бабы.. — І ён тыркнуў пальцам у жывот Росціку. — А ты мяне, каб мазоль працоўны паказаць, запрасіў?

Тыркнуў ён, мусібыць, адчувальна, бо Росцік прысеў.

— Дык не заказвалі, Барыс Сцяпанавіч...

— Не заказвалі!.. Жаданні начальства ўгадваюць, калі мець ад яго нешта хочуць. Нават патаемныя, а я не хаваю... Добра, што Рычард пакуль не дэпутат, без баб абыйдзецца.

— Я без баб не абыходжуся, — сказаў Красевіч. — Ні дня.

Тут не прамінуў, каб не ўставіць свае пяць капеек, Крабіч.

— Ды ну!.. Па абхадняку тваім не скажаш. Абы як глядзіцца абхадняк, без такога бабы і ператрываць могуць.

— Ён у яго, як у жарабца, у капшук хаваецца... — рагатнуў Шыгуцкі, а Крабіч ні да чаго зрыфмаваў:

— Хрэн з капшука ў былым цэка... Папарыш? — раптам сунуў ён адной рукой венік Шыгуцкаму. — Твае мяне паламалі, а ты адрамантуеш. Справядліва?..

Усе ўсё пачулі, нават Красевіч: будынак былога партыйнага ЦК пад рэзідэнцыю забраў прэзідэнт, выгнаўшы парламент, які, як у пекла ўпоперак бацькі, у той будынак праскочыў...

— Справядліва, — гэтак жа нечакана згадзіўся Шыгуцкі. — Я вас, нацыяналістаў, люблю, толькі выгляду не падаю... Кладзіся.

Злезшы з палка, я ўступіў месца Алесю, Шыгуцкі стаў над ім і з усёй сілы ўдарыў па хрыбціне камлём веніка.

— На! Я цябе адпару! Ты каму растыкаўся? Ты каго ў капшук?!.

Крабіч нават не зварухнуўся.

— Бі... Забі, ты ж гэтага хочаш? Вы ўсіх бы нас пазабівалі...

— І заб’ю! На кавалкі парву! — да крыві раздзіраючы спіну Крабічу, ашалела ўсхадзіўся Шыгуцкі, якога мы ўтрох ледзьве здолелі абваліць і выцягнуць з парыльні ў душавую...

Росцік глядзеў на мяне, як на чалавека, які ўзарваў сінагогу. Глядзеў і, здавалася, з адчаю слеп.

Крабіч выйшаў з парыльні, стаў пад душ — і вада з яго сцякала чырвоная. Цалавальніца-вада...

— Гарэлкай яго палі, — буркнуў Шыгуцкі, ужо трохі супакоены. — А то здохне ад інфекцыі, а я вінаваты буду... Яшчэ і героя з мудака злепяць.

Узяўшы прасціну, я выліў на яе амаль пляшку гарэлкі і накрыў Крабічу спіну. Прасціна адразу набраняла крывавымі плямамі.

— Не здохну я, — сказаў Крабіч. — Усіх вас перажыву, сукі бляцкія. Вунь і рука ажыла, ад нянавісці выправілася.

Шыгуцкі бліснуў зрэнкамі ў бок панічна разгубленага Росціка.

— Слухай, ты мяне запрасіў? Мне яго выкідваць?..

— Ніхто тут не стане нікога выкідваць, — адказаў я за Росціка, які ўжо і не бачыў, і не чуў са дна катастрофы. — Вып’ем і разыйдземся.

Алесь, відаць, надумаў мне дапамагчы і міралюбіва падыйшоў да Шыгуцкага.

— Чаго ты, вып’ем сапраўды... А пасля я цябе камлём адхвашчу.

— О, мір... — сказаў Красевіч, і Шыгуцкі, скрывіўшыся на Алеся, махнуў рукой:

— Ды пайшоў ты...

У каміннай, дзе сталі ладзіцца да стала, Росцік заспяшаўся наліваць. Крабіч, сцягнуўшы з сябе прасціну, спыніў яго.

— Чакай, не прападаць жа дабру... Рытуальна ўсё зробім...

— Не трэба, — з насцярогаю, бо ведаў штучкі Крабіча, запярэчыў Росцік, але Шыгуцкі, якому стала цікава, кіўнуў:

— Давай рытуал.

Крабіч падсунуў да сябе пустую талерку, выціснуў над ёй прасціну, пераліў выціснутае ў шклянку, падзяліў на ўсіх і, стоячы голым, збітым, раздрапаным, крыкнуў, узняўшы рытуальнае пітво:

— Ну, што, жыды з камунякамі?! Вып’ем крыві маёй за Беларусь!

— О, тост... — сказаў Красевіч, а Росцік, страсянуўшыся жывоцікам, плёхнуў ружовую гарэлку Крабічу ў твар.

Крабіч выпіў сваё і выцерся прасцінай.

— Можна і так. Рытуал да канца пакуль не адпрацаваны...

Росціка пакалочвала. Я перасунуў па стале да Крабіча сваю шклянку.

— На яшчэ... Можа, да канца рытуал адпрацуеш...

Крабіч узяў з-пад рук Росціка пляшку гарэлкі, даліў шклянку дапаўна і трыма глыткамі да дна выпіў. Не закусваючы, спытаў:

— А ты чаго калоцішся, Росцік? Гэта ж я жартам, жыды кроў не п’юць, байкі гэта...

— Вон! — збялелым шэптам сказаў Росцік. — Пайшоў адсюль вон!

Крабіч сеў і наліў сабе піва.

— Не ты мяне запрашаў.

— Цікава ў вас, — сказаў Шыгуцкі. — Без баб абыйсціся можна.

З нечаканкамі ў мяне сёння выходзіў відавочны перабор.

— Пайшлі, — падняўся я і ўзяў Крабіча са спіны пад пахі. — Табе пара...

— Ты мяне выганяеш?

— Я не выганяю цябе. Я прашу цябе пайсці.

— Дык не пайду, калі не выганяеш. Мне з вамі весела.

— Вон! Вон! Вон! — пачаў хапаць са стала і шпурляць у Крабіча ўсім, што пад руку пападала, Росцік. Крабіч нахіліўся пад стол — і кавалкі хлеба, сыра, кілбасы, нажы і відэльцы, слізгаючы па ягонай збітай спіне, ляцелі ў мяне. Росцік нібы не бачыў гэтага, не мог суняцца — і цяжкі, сталёвы, востры, як восці, відэлец утыркнуўся ў самы корань майго раманчыка.

— О, бля... — сказаў Красевіч. — Каб трохі ніжэй...

Я і сам, пахаладзеўшы, так падумаў.

— Ромчык... — разявіўшыся, застыў Росцік. — Я не хацеў...

Боль наскрозь працяў мяне ад раманчыка да хвастца, а ад яго ўніз і ўверх, да пятаў і да патыліцы. Відэлец упіўся, здавалася, ва ўсё маё нутро, у самыя глыбіні... Я выцягнуў яго — і па раманчыку пацякла кроў.

— Гарэлкай палі, — у другі раз адно і тое ж параіў Шыгуцкі і пырснуў. — Усё! Ад баб ты вольны, адной праблемай меней...

Ну, і што я цяпер Лі-Лі скажу?..

Росцік падбег з гарэлкай і чыстай прасцінай.

— Паехалі ў паліклініку, Ромчык... Ці мала што...

Я ліў на рану гарэлку, глядзеў на свайго скрываўленага раманчыка — і нада мной з высокага белага воблака, са снежна-тварожнай гурбы выляплялася і ўсё ніжэй і бліжэй апускалася студэнтка медыцынскага інстытута, піянерская медсястра, фея мая Таццяна Савельеўна. Калі нехта мне зараз і дапамог бы, дык гэта яна.

— Абразанне жыды зрабілі? — выцягнуў галаву з-пад стала Крабіч. — Магу і тваёй крыві за Беларусь выпіць.

— Накапай яму, — сказаў Шыгуцкі. — Няхай вып’е.

Крабіч перадумаў і пакрывіўся.

— Ага... Хуй я з хуя вып’ю...

Росцік пачаў збіраць з падлогі раскіданае.

— Прыдурак ён... Я даўно ведаю, што прыдурак, а ўсё забываюся... Разбіраюся, як з нармальным... Давай у паліклініку адскочым, Раман?

Можа, і праўда трэба было б доктару паказацца, але ж не відэльцам параненаму ў такое месца...

— О! — як толькі што ўспомніў нешта кандыдат у дэпутаты. — У мяне швагер — хрэновы доктар.

— Дзякуй... — паспрабаваў я прысесці. Балець балела, але ўжо не так востра, не наскрозь. — Абыйдзецца...

— Ды я не да таго, — сказаў нарэшце болей, чым адну фразу, Красевіч. — Швагер пра гэта гісторыі расказвае — жывот парвеш. Прывозяць неяк бабу аглушаную і мужыка з перакушаным. Баба без памяці, у мужыка пытаюцца: што і як? Аказваецца, яны суткі адзін з аднаго не злазілі, рэкорд асабісты паставіць хацелі. А захацелі есці. І ён на кухню пайшоў бліны пячы. Ён пячэ іх, на патэльні падкідвае, пераварочвае гэтак, а яна падпаўзла... ну, рэкорд жа паставіць трэба... і смокча. Ён вочы закаціў... ну, соладка... і блін з агню міма патэльні ёй на спіну плясь! Яна і грымзанула! А ён з размаху ёй патэльняй па макаўцы! О!..

Красевіч глядзеў на ўсіх, чакаючы смеху, але ўсе маўчалі, і ён спытаў:

— Не смешна хіба?.. Блін плясь... баба грымзь... а мужык...

"Гы-гы-гы!..” — першым загыгыкаў Шыгуцкі, хмыкнуў Росцік, разрагатаўся Крабіч, і ўва мне міжволі пачаў падымацца смех — з дурнаватай гэтай гісторыі, якраз адтуль, дзе балела... Кампанія хай не назаўсёды, на нейкі час, але зладзілася.

Зладзіўшыся, вырашылі, што перш чым піць і зноў біцца, можна ўсё ж паспрабаваць папарыцца. „Табе толькі грудзі парым", — паклапаціўся Шыгуцкі пра Крабіча, на што той сказаў: „І толькі не ты”.

Рытуальнае ў лазні — не п’янка, рытуальнае — дзея ў парыльні. Па асалодзе яна для мяне — адразу пасля дзеі з жанчынай. Душ, як я ні люблю яго, з парыльняй не раўняць. Душ і з жанчынай цябе прымае, нават падбівае на тое, каб ты быў з ёй, а парыльня — не. Жанчына ў парыльні — пагібель, катастрофа, развал дзеі. Таму жанчына — асобна, парыльня — асобна.

І ўсё ж у двух асобных адчуваннях жанчыны і парыльні ёсць блізкае, амаль злітнае падабенства. Найбольшай асалоды ў абодвух выпадках дасягаеш тады, калі ты ўвесь у жанчыне ці ўвесь у парыльні — і ні кроплі цябе не застаецца па-за імі. З жанчынамі ў мяне так, каб я ўвесь, цалкам быў у іх, нідзе і нічога ад сябе не пакінуўшы, рэдка здараецца — у парыльні часцей... Зразумела, гэта зусім інакшы смак, розныя адчуванні — я не пра нейкія там адхіленні...

Парыльня, як і жанчына, пачынаецца з пахаў. Па-свойму пахнуць камяні печы, дошкі палка, ашалёўкі. Асінавая дошкі — пах скразны, прасторны, сасновыя — пах натолены, сгусцелы. Я люблю сумесь гэтых пахаў, асінавага палка і сасновай, смалістай ашалёўкі, хоць лепш для парыльні — асіна. Аднак галоўнае нават не ў тым, якое дрэва, а ў тым, каб сам пах парыльні табе не хацелася змяняць. Можна іншым разам падліць кроплю-другую настою мяты, эўкаліпта, каб дадаць духмянасці, але толькі дадаць, не змяняючы сам пах парыльні, які ці па табе, ці не... Гэтак парфюмерыя дадае водараў, але не змяняе сам пах жанчыны, які ці твой, ці не твой.

Як і жанчына, не кожная парыльня — твая. Знешне яна можа выглядаць шыкоўна, але з шыку таго — адзін пшык, што вылятае ў шчыліны. Не са сваёй жанчынай не налюбішся, не ў сваёй парыльні не напарышся. Жанчына тая твая, якая ўзбуджае роўна тваю страсць. Парыльня тая твая, якая трымае роўна тваю пару.

Процьма ў парыльні тонкіх, незаўважных для недасведчанага, а тым больш для выпадковага чалавека, нюансаў, але ўсё гэта і паасобку, і разам нічога не значыць, калі няма з табою ў парыльні роўна тваёй кампаніі. А кампанія гэтым разам была не мая, зусім не мая...

У мяне ёсць свая кампанія, якая збіраецца ў лазні кожны чацвер, незалежна ад таго, стаўся ў сераду патоп, ці землятрус. Нас роўна тузін, мы сябры КАП — клуба аматараў пары. Мужчынскі клуб свой мы прыдумалі нібыта жартам, на тыдзень, а жарт расцягнуўся на гады і аказаўся чымсьці такім, што пераважыла многае сур’ёзнае, і без чаго ніхто з нас не можа ўжо абыйсціся. Хоць нас не звязвае нічога, апроч парыльні, апроч пары.

Па-за лазняй мы амаль не сустракаемся. Не змаўляючыся, так само выйшла, мы стараемся не карыстацца нашым знаёмствам для вырашэння асабістых праблем, каб захаваць чысціню чыстага чацвярга. „Каб сто гадоў чацвяргаваць нашай сябрыне", — як спяваецца ў нашай клубнай песні. Вершы для песні напісаў Крабіч, якога часцяком па чацвяргах браў я з сабой, калі мы сябравалі.

Песня стала ў клубе нечым накшталт гімна, а дзе гімн, там і герб, і сцяг, і статут... Мы абралі прэзідэнта клуба, прыдумалі клубную форму — доўжылі свае чацвярговыя забаўкі. І дзіўна: ніхто не спытаўся ніколі, нашто гэта ўсё? А ўсе ж даўно дарослыя мужыкі, кожнаму ці сорак, ці каля таго, ці нават за...

Думаю, мы зразумелі тое, што сапраўды маем, калі ўсё наўкол пачало абрушвацца і валіцца. Абрушвалася нешта ў нашых справах, валілася ў лёсе кожнага з нас, трашчалі і ламаліся ўсе падпоркі, а чысты чацвер не меў ніякіх падпоркаў — і не валіўся. І пара не абрушвалася, бо не можа абрушыцца вада ў газападобным стане.

У лазню можа набіцца колькі заўгодна народу, а рытуальная дзея ў парыльні — дзея для трох, ролі якіх дакладна распісаны. Трымаць у парыльні роўна тваю пару — абавязак чарпавога. У параўнанні з парыльшчыкам, які завіхаецца над табой з венікам, роля чарпавога нібыта другога плану, але гэтак толькі здаецца — з чарпаком каля печы не паставіш абы-каго. Прафесійны чарпавы адчувае і печ, і ўсю прастору парыльні, і парыльшчыка, а найперш палочнага — таго, хто на палку. Сапраўдны чарпавы інтуітыўна ўгадвае, на якой пары палочнага папярэдне разаграваць, ведае, колькі і калі падкінуць, калі і колькі перачакаць. Прагрэў палочнага парыльшчык і ўзяўся ўсур’ёз парыць, прабіваць пяты — пару ў пад’ём, перакінуўся венік на лыткі — пару на спад, венік на сцёгны — напаўпад’ём, а перакаціўся венік на паясніцу і па пазванках пайшоў падымацца, туліцца да плячэй і шыі — падкідваць ды падкідваць і трымаць пару роўна-роўненька, каб яна падушай ляжала на ўсёй спіне палочнага, пакуль той не перавернецца. Перавярнуўся палочны — перачакаць, даць яму ўраўнаважыцца, адчуцца ў паўзе, бо ў парыльнай дзеі, як і ў дзеі любоўнай, рытм складаецца з запавальненняў... Паўзу чарпавы не перацягне, патрымае, пакуль паганяе пад столлю пару, збіраючы яе пад венік, парыльшчык, — і зноў страсна і горача коціцца пад венікам паравая хваля: ступні, калені, жывот, грудзі, левы бок з рукою левай, плячо, локаць, запясце, пальцы, правы бок з рукою правай, плячо, локаць, запясце, пальцы, і ўрэшце ў другі раз спіна, на якую ўжо можна нагнаць пары да мяжы трывання, каб парай палочнага да палка прыбіла, ад якога ледзь адарваўся б ён да ледзяной вады басейна — ужо ў другое жыццё...

Чарпавы — стваральнік пары. Нечага такога, чаго нібыта не існуе, што ў кожнае імгненне з’яўляецца і знікае. Таму чарпавы звычайна — асоба вытанчаная, нават эстэт. Найлепшыя чарпавыя выходзяць з дактароў, з матэматыкаў і мастакоў.

Найлепшыя парыльшчыкі — спартсмены, асабліва былыя, якія праз гады трымаюць форму. Някепскі парыльшчык можа выйсці з вучонага, але не гуманітарыя, і з сярэдняга ўзроўню кіраўніка. А наогул парыльшчык — гэта песня: ці ёсць, ці няма.

Клопат парыльшчыка — не даць пары дарма прапасці, злавіць, сабраць яе пад венік і так пакласці на палочнага, каб прагрэць і расслабіць, раздыхаць кожнаю ягоную мышцу і жылку, пранікнуць праз іх да кожнай ягонай костачкі. Калі апынуўся ты ў парыльні ў выпадковай кампаніі і нехта размахвае над табой венікам, лупцуе і хвошча, нібы пыл з дывана выбівае, не чакай рубцоў і апёкаў, а саскоквай з палка. Венік сапраўднага парыльшчыка ляціць і плыве, перакручваецца, перакочваецца, туліцца і ласціцца — і раптам раз! — прыпаў і прыпёк! — і якраз там і тады, дзе і калі ты захацеў, бо парыльшчык падрыхтаваў цябе да гэтага, а як толькі ты адчуўся амаль невыносна, дык зноў венік прытуліўся, прыласціўся, паклаўся на цябе падушкай... Ён з табою ў любоўнай дзеі, а не ў мокрай і душнай бойцы, і ў нейкі момант ты праз усе твае адкрытыя для дыхання поры спатольным выдыхам вызваляешся з самога сябе і плывеш у пары разам з парай...

Парыльня — адзінае месца, дзе мужчынскае цела не ўяўляецца мне пачварным, дзе я дапускаю, што яго можна любіць, і нават разумею гомасексуалістаў.

— А ты не підар? — пытаецца Алесь у Красевіча, які пляскае яго венікам па грудзях, як мух б’е.

— Підар, — адказвае Рычард. — А што?..

— Нічога, — кажа Крабіч. — Падобны...

Росцік, якога я калі-некалі, як і Крабіча, запрашаў на чацвяргі, з выглядам спрактыкаванага спецыяліста ўзяўся парыць Шыгуцкага, але той праз хвіліну буркнуў: „А, ты не ўмееш...” — сеў па палку і сам сябе адхвастаў. Росцік і Красевіч пад венік не клаліся, проста папацелі, а мяне з большага прагрэў Алесь... Каб у парыльню з такой кампаніяй тэрарысты падклалі міну, я б не стаў размініраваць.

У сваёй кампаніі мы ніколі ў лазні не п’ём, стол накрываецца ў іншым месцы, куды, хто хоча, той ідзе, а хто не хоча — вольны. Лазня не для п’янкі, п’янка зусім не абавязковы дадатак да яе. Як, дарэчы, не абавязковы яна дадатак і да любоўных гульняў, у якіх тым не менш мала хто абыходзіцца без стандартных джэнтльменскіх набораў: каньяка з лімонам, шампанскага з шакаладзінай... „О!..” — як сказаў бы Красевіч.

Кветкі б лепей прыносілі...

І чаго мы п’ём? З прычыны і без прычыны, па справе і не па справе — п’ём, п’ём і п’ём...

— Не, ты скажы мне, — абдымаючы Алеся, як патрыцый патрыцыя, за сталом дапытваўся Шыгуцкі, — чым табе ўлада наша замінае? Якім бокам? Пры ранейшай табе хіба лепш было?

Крабіч хоць і не зыркаў на яго болей ваўкалакам, аднак з абдымкаў вызваліўся.

— Мне ні пры якой уладзе не лепш... Мне лепш, калі я сам пры сабе.

— Дык і жыві сабе, пішы! Толькі ў палітыку не лезь, што табе тая палітыка?

— Ага... Туды не лезь, сюды не лезь... І пытаешся, чым замінаеш?

— Я?

— Ты. А то ты не ўлада...

— Э, — сарваў са стала локаць Шыгуцкі. — Улада... Ведаў бы ты, якая я ўлада...

Крабіч падтрымаў яго пад руку.

— Сам ты яшчэ таго не ведаеш. Даведаешся, кім вы былі, калі вас скінуць і пагоняць.

— Хто скіне, дзівак ты? За нас народ... А за вас хто?

— Беларусь.

Шыгуцкі нібыта падлавіў Крабіча.

— Дык гэта адно і тое ж! І не можа быць так, каб адно і тое ж было і за нас, і за вас.

— Не адно... — не згадзіўся Крабіч. — Зусім не адно і тое ж... Толькі табе не зразумець.

Шыгуцкі крыўдануў.

— Чаму не зразумець?.. Растлумач, калі такі разумны.

Крабіч памаўчаў, гледзячы на ўсіх.

— Ну, каб прасцей, народ — гэта цяпер жывыя, а Беларусь — гэта і тыя, хто жыў, і тыя, што будуць жыць. Беларусь — усё і ўсе разам, без пачатку і скону.

— Балбатня, вершы нейкія... — падумаўшы трохі над тым, што сказаў Крабіч, заключыў Шыгуцкі. — Хто жывы, той і жыве. Га, Рычард?

— Само сабой... — згадзіўся Красевіч, які, адышоўшы ад кампаніі, у адзіноце качаў рукамі шары на більярдным стале — і з трэскам закінуў шар у лузу. — Каб мне ў дэпутаты так!

— Табе? — вылупіўся на яго Алесь. — Што ты ў дэпутатах рабіць будзеш? Швагеравы байкі расказваць?

Рычард узняў палец.

— О, пытанне... За Беларусь змагацца буду... Давайце згуляем пара на пару, пазмагаемся... А то ганяем вецер.

— Не выйдзе, — сказаў Росцік, гледзячы на Крабіча. — Адзін лішні.

Крабіч падняўся і пайшоў не надта роўна да більярднага стала.

— Я не лішні, я першы... А лішні — Раман, у яго траўма кія. Між іншым, Росцік, праз цябе.

— Табе б дзядоўнікам быць, да ўсіх чапляцца, — зноў касавата паглядзеў на Алеся Шыгуцкі. — Пакачай там шары замест Рычарда. — І паклікаў Красевіча. — Ідзі сюды, абгаворым, што і як.

Рычард закінуў яшчэ адзін шар, астатнія пакінуў Крабічу і сеў за стол з выглядам абранага ўжо дэпутата, які хоць і страшэнна заняты, але гатовы выслухаць пажаданні выбаршчыкаў.

Росцік кіўнуў на Крабіча, які азартна ўзяўся за кій... Шыгуцкі з Красевічам не звярталі на яго ўвагі — думалі, мусібыць, што ён хоць і нападае на ўсіх, але ў кампаніі з намі, з кім яму яшчэ быць?

— Нічога, — супакоіў я Росціка. — Мы ў агульных рысах. План сустрэч у вас ёсць?

— Схадзіць за паперамі? — прыпадняўся Красевіч.

Шыгуцкі спыніў яго.

— Сядзі пакуль. План у нас ёсць, вы нам патрэбныя на дзесяці сустрэчах... І што ў агульных рысах?

Я не надта быў гатовы да размовы, але вырашыў не цацкацца і адразу набіваць цану.

— Іміджа, у агульных рысах, ніякага. Ён ніякі, разумееце, Барыс Сцяпанавіч? І трэба зрабіць яго якім-небудзь, гэта раз.

Рычард зноў прыўзняўся, выяўляючы на гэты раз справядлівае недаўменне.

— Што значыць ніякі?

— Слухай, — абсадзіў яго Шыгуцкі.

— Гаварыць не ўмее, трэба навучыць яго гаварыць — гэта два. Калі ён сваю прадвыбарчую праграму будзе распавядаць так, як гісторыю швагера, за яго і аглушаная баба не прагаласуе. Значыць, апроч таго, што мы сцягваем канцэртамі людзей на сустрэчы, дзе славім кандыдата, нам дадаецца яшчэ работа менеджмейкераў. А яна каштуе не танней, чым канцэртная.

— Колькі? — спытаў Шыгуцкі.

Я зрабіў выгляд, што думаю і прыкідваю.

— Не менш, чым яшчэ столькі ж...

"Дзынь-бах!” — разляцелася ў друз перад маімі вачыма, шклом сыпанула ва ўсе бакі амаль дапітая пляшка гарэлкі, і більярдны шар ядром прасвістаў каля майго локця. За ім другі, трэці, Крабіч цэліў толькі ў мяне: „Сука бляцкая!.. З гэтай поскуддзю!.. Прадаеш Беларусь!.. За срэбранікі!.. Юда!..” — з кожным выкрыкам ляцеў новы шар, ад якіх я ледзь паспяваў ухіляцца, адварочвацца, а Росцік, які сядзеў насупраць мяне, спінай да Крабіча, замест таго, каб нахіліцца пад стол ці хоць да стала, раптам падскочыў... Калі б ён не падскочыў, хай бы нават сядзеў, як сядзеў, дык нічога б і не сталася: Крабіч кідаў ужо апошні шар, але Росцік з нечаканкі падскочыў — і слановай косці, кінуты з ўсёй сілы шар урэзаўся яму ў патыліцу. Росцік кіўнуўся да стала, налёг на яго жывоцікам і сутаргава, як рыба на беразе, хапануўшы ротам, абваліўся на падлогу...

Зратавала Росціка тое, што Шыгуцкага з Красевічам чакала каля лазні машына, а бальніца была побач, за пяць мінут паспелі...

— Піздзец табе, калі ён памрэ, — сказаў Крабічу, які дабег да бальніцы за машынай, Шыгуцкі. — Па наўмысным пойдзеш, нас трое сведкаў... Я сам паклапачуся, каб табе быў піздзец. Турму ў любым выпадку абяцаю.

Росціка аперыравалі больш за тры гадзіны — і ён не памёр... Што з ім будзе далей, ніхто з дактароў сказаць мне не мог.