Лабух

Раманчык

Някляеў Уладзімір


14 Дартаньян, пэўна, адчуваў сябе...

Дартаньян, пэўна, адчуваў сябе сабакам, ва ўсіх сэнсах сабакам, які ні за што, па дурасці сабачай угрыз чалавека, з якім яму трэба было б не грызціся, а сябраваць — хоць бы за пракорм... Зашыўшыся пад стол на кухні, ён пазіраў адтуль жаласліва і вінавата.

— Ты ж не шалёны? — спытаў я, і Дартаньян, як мне здалося, здзівіўся. Лідзія Паўлаўна пры кожным зручным выпадку нахвальвала яго: такі ўжо разумны, усё разумее, што кажуць — і я сказаў, каб замірыцца:

— Ёд знайшоў бы, калі вінаваты...

Палены батон, пачуўшы ў голасе маім міралюбівыя ноткі, паклаў морду на лапы і перакінуў хвост з боку ў бок... Ці Лідзія Паўлаўна здольнасці ягоныя перабольшвала, ці ён не ведаў, дзе той ёд шукаць.

Ёд знайшоўся на кніжнай паліцы ў пакоі Ігара Львовіча, у кардонцы з-пад абутку, поўнай лекаў. Не хацеў паміраць Ігар Львовіч... Калі б ведаў, што заб’юць, дык лячыўся б?..

Росцік кажа: „Усё, што пакіну нашчадкам — скарыстаную клізму і пачаты пачак ампіцыліну...” Клізму, можа, і пакіне, а ампіцылін наўрад ці, ён аплаткі ўсе, якія яму прапісваюць, жарэ жменямі, я болей ніводнага такога пажыральніка лекаў не сустракаў. Росцік упэўнены, што таму і жывы...

Кардонку, парыўшыся ў ёй, я няўдала пасунуў на край паліцы, кардонка кульнулася — і ўсё з яе сыпанулася на падлогу разам з заплямленай паперынай, што засцілала дно. Я збіраў па ўсім пакоі пачакі, бутэлечкі, бляшаначкі, цюбікі, гарчычнікі, бінты, прэзерватывы, белыя і чырвоныя, жоўтыя і зялёныя, сінія і блакітныя аплаткі, потым падняў паперыну...

что и было совмещено в устройстве, создающем резонанс с естественными колебаниями земной коры, „сейсмической бомбе”. Прекращение финансирования этой части программы означает свертывание всей работы по созданию принципиально нового вида оружия.

7. Исходя из неблагоприятного местоположения Беларуси, всех факторов, изложенных в п.1 данной аналитической записки, считаю также совершенно необходимым финансирование исследований по воздействию на биоорганизмы магнитных полей, космических и земных излучений. С учетом влияния Чернобыля, факторы эти напрямую связаны с жизнеспособностью населения, проживающего на территории республики.

РУТНЯНСКИЙ И.Л., доктор физико-технических наук, профессор.

З размашыстым подпісам Ігара Львовіча...

Прачытаўшы заканчэнне запіскі, два, пад збітую капірку надрукаваныя, машынапісныя абзацы, я адчуў сябе сабакам, ва ўсіх сэнсах сабакам... Морду на лапы я не кладу і хвост з боку ў бок не перакідваю, але ёсць сіла, якая са мной, як з хвастатым, абыходзіцца... Найвышэйшая яна, найвелічная, хто яе ведае, толькі гэта адзіная сіла, у якой можна выпрасіць грошы на бомбу — больш ніхто грошы на бомбу не дасць.

— Ну, што ты мне скажаш?.. — спытаў я Дартаньяна. — Твой цёзка-мушкецёр сказаў бы: „Пойдзем паміраць, куды нас пасылаюць..."

Дартаньян перакінуў хвост з боку ў бок... Не дурны сабака... Ён мяне ўгрыз, я шукаў ёд, таму і знайшоў паперыну, з якой неаспрэчна вынікала, што і намёкі Шыгуцкага, і страшылкі Панка — не скразная ахінея... Ігар Львовіч, пакуль не захварэў і не запіў, займаўся сур’ёзнымі — не па маім розуме — справамі, пра якія лепей не ведаць, бо закапаюць і свечку не паставяць. У савецкія часы яго самога расстралялі б ужо за тое, што не на рабоце ў сейфах сакрэтчыкаў, а дома такія паперыны трымаў. Ды часы змяніліся, цяпер і бомбы дома трымаюць, перасылаюць адзін аднаму ў кардонках...

что и было совмещено в устройстве, создающем резонанс с естественными колебаниями земной коры, „сейсмической бомбе”.

Колькі праляжала паперына на дне кардонкі?.. Год, два, болей?.. Ігар Львовіч піў на маіх вачах гады тры, так што бомбу гэтую, мусібыць, ужо зляпілі. На што іншае — не, а на бомбу грошы знайшлі.

С учетом влияния Чернобыля, факторы эти напрямую связаны с жизнеспособностью населения, проживающего на территории республики.

Неяк Ігар Львовіч спыніў мяне ў двары, прысадзіў на лаўку, быў вечар, дамаркочваўся чарговы дзень шэрай, змрочнай, бясконцай восені, Ігар Львовіч піў з бутэлькі, не закусваючы, і спытаў: „Хочаце ведаць, чаму я п’ю, Раман?.. — Ён глынуў і працягнуў, не ўдакладняючы, ці хачу я гэта ведаць. — Бо ў гіблым месцы мы жывём... Тут мы сканчаемся значна раней, чым паміраем... Над намі — дзіра, пад намі — яма. — Ён збіраўся яшчэ нешта растлумачыць, але зноў глынуў і махнуў рукой. — А, якая розніца..."

Ён сказаў — я паслухаў і забыўся. Дзіра, яма... Каб навуковую базу пад п’янку падвесці, не абавязкова быць прафесарам. Любы лабух вам такую базу падвядзе...

7. Исходя из неблагоприятного местоположения Беларуси, всех факторов, изложенных в п.1 данной аналитической записки...

І што ў гэтым п.1 изложено?.. І ў шасці п. астатніх?.. Не прычыны, па якіх не стала Ігара Львовіча?..

"Вы былі заняты шчасцем", — расталкаваў Атос д’Артаньяну, які доўга не заўважаў, як сур’ёзна ўзяліся за яго людзі кардынала. Заняты Лі-Лі, я, мусібыць, быў шчаслівы, не надта зважаў на шыгуцкіх з панкамі, на балотных веліканчыкаў — і толькі цяпер да мяне ўсё болей і болей даходзіла, у што яны мяне ўкруцілі... Калі, канечне, гэтыя два машынапісныя абзацы на паперыне пад прэзерватывамі — не навуковая база пад п’янку, не песня адпітых мазгоў... Калі не, тады забілі Ігара Львовіча не „фікасалюб” з „асіметрычным", не „прафесарша” і тым больш не Лідзія Паўлаўна... Таму і з міліцыі крымінальную справу забралі, і ведамства падпалкоўніка Панка не збіраецца шукаць забойцу... Нашто шукаць, калі ў ведамстве ведаюць, хто забіў... Чуеш, Дартаньян: у змове з амерыканскім шпіёнам, я, лабух, забіў твайго гаспадара, доктара фізіка-тэхнічных навук, які займаўся распрацоўкай новай зброі і, спіўшыся, вырашыў прадаць сакрэт зброі за мяжу... Памерці і не жыць, як кажа твая гаспадыня...

Лідзія Паўлаўна ці ведала, ці здагадвалася, чым займаўся Ігар Львовіч... Былі ж нейкія званкі, размовы... Прыйшла дахаты, а тут такое... Савецкая актрыса, пражыўшы савецкае жыццё, зразумела, што да чаго... Таму і пісталет — канечне ж, наўмысна кінуты — схавала, і збегла...

І нечакана мяне закалаціла...

Веліканчыкі-трахальшчыкі!.. Уладная ваша сіла, дзяржаўная?.. Ні з чым яе не параўнаць?.. Ну так, што для вас скрыпка ў параўнанні з бомбай!..

Вы скажаце — ты чуеш, Дартаньян? — што няма тут чаго параўноўваць?.. Ну, скажыце!.. Дык і я вам скажу, што няма чаго параўноўваць — і мудак Апенгеймер у параўнанні з Моцартам!

Трэба ж было так пазавіхацца, усё ў свеце перакруціць, каб тое, дзеля чаго жывем, выглядала дадаткам да жыцця!.. Каб музыка — дадатак, каханне — дадатак!.. А каб самім жыццём здавалася ўсялякая хрэнацень з бомбамі!.. Ах вы сукі!.. Вы і жанчын сваіх навучылі найболей бамбістаў ды тыранаў любіць!.. Тых, хто найбольш парушыў і найболей забіў!.. І яны стаяць — помнікі, героі, сусветныя забойцы, сціскаюць каменныя сківіцы!.. А над нязбытным, няўлоўным, шчымлівым, над кожным жыццём чалавечым, што мільгае знічкай, хто заплача?.. Над вашым жыццём, жабы вы балотныя!.. Хто, як не Бог праз Моцарта?.. Ці хай сабе праз п’янага лабуха, праз блазена са скрыпкай!..

Я раптам пачуў свой голас — я крычаў... Адзін, у пустой кватэры... Дартаньян круціў ва ўсе бакі галавой і глядзеў на мяне здзіўлена...

— Нервы... — сказаў я яму. — Пайшлі прагуляемся, гэта дапамагае пры нервах...

І чаму так: як апошняя надзея — так на габрэя?.. Калі не на Хрыста, дык на Росціка...

— Ну, не ведаю, — кажа Росцік. — Можа, табе на святую гару Афон паломнікам схадзіць, руку Марыі Магдалены пацалаваць... Адзін лабух, ты з ім знаёмы, схадзіў, пацалаваў — вярнуўся іншым чалавекам. Без нерваў... Моліцца, посціць, на храмы ахвяруе... І спіць толькі з жонкай.

— А чаму жыды ў Хрыста не вераць, Росцік?

— Жыды ў Бога вераць, Ромчык.

Росціка не выпісваюць, цягнуць — нагнаў на ўсю бальніцу страху Шыгуцкі. Ён, аказваецца, наведваў Росціка на пару з Красевічам. Росцік задаволены:

— Па блаце здаравейшым зробяць, чым быў...

— Пра што яны гаварылі з табой?

— Пра рознае... — Росцік тузаецца. — І не так са мной, як з Лі-Лі... Якраз Лі-Лі ў мяне была...

— Калі?

— Перад мінулым тваім прыходам... За дзень...

— І ты мне толькі сёння...

Росцік вінавата перабівае:

— Я хацеў сказаць тым разам, ты не спытаўся... Мне здалося, ты не хочаш гаварыць пра Лі-Лі...

Я ўспамінаю, што ён сапраўды ў мінулы раз не даказаў нечага... Скуль я ведаў, што трэба спытацца?..

— Зашмат між намі тонкасцей, Расціслаў Якаўлевіч. Ты не знаходзіш?..

— Жыды — тонкія людзі, — гладзіць жывот Росцік.

— Лі-Лі не прыходзіла болей?

— Не. Як пайшла з імі, так і пайшла...

— З імі?.. І ты адпусціў?

— А то ў мяне пытаўся нехта!.. Яны кіпцюрамі ў яе ўчапіліся!..

Занерваваўшыся, Росцік падымаецца, дастае з тумбачкі аплаткі на сподачку, доўга выбірае, якія выпіць, і ўсе разам высыпае ў жменю і закідвае ў рот. Я чакаю, пакуль ён зап’е...

— Яшчэ не з’елі, а ўжо аблізваліся!.. Абодва! Наваліліся на мяне, каб яна канцэрты вяла!..

— Якія канцэрты?

— Выбарныя, якія!.. Шыгуцкі хоць выгляд рабіў, нібы і не такія кралі ў чарзе да яго ракам стаяць, а Красевіч з порткаў выпаў!.. Яна сподак скінула, аплаткі рассыпала, дык ён па ўсёй палаце поўзаў і збіраў...

Не адзін я, выходзіць, зборам лекаў гэтымі днямі займаўся...

— Але пра тое, што ў цябе праблемы, Шыгуцкі ёй сказаў, не Красевіч, — раптам зусім ціха паведамляе Росцік.

— Чакай... — Я разумею, пра што ён, і ўсё ж пытаюся... — А нашто?..

Росцік глядзіць на мяне, як на прыдурка, яму крыўдна, што я прыдурак, і ён кажа:

— Ты прыдурак. Ты кручок.

Гэта якраз тое, што я зразумеў.

— Лі-Лі выгляд зрабіла, нібы на ўсё дзеля цябе гатовая, — думаючы, што да мяне не дайшло, дагаворвае Росцік.

У яго свая Лі-Лі, не мая і не нечая, і я пытаюся з’едліва — з нервовым смяшком:

— А яна гатовая не на ўсё?..

Росціку не падабаюцца ні маё пытанне, ні мой смяшок... Мне яны яшчэ больш, чым яму, не падабаюццца.

— Не будзь смешным, — заўважае на гэта Росцік. — Яна проста сыграла, што трэба было: аванс Шыгуцкаму выпісала... Бачыў бы ты, як выпісвала! Гэта ўдача, Ромчык, што яна з намі...

Росцік у захапленні ад гульні Лі-Лі, ён не ведае яе гульняў, а я ведаю — і ў мяне скроні халадзеюць: я пачынаю ўсіх, хто да Лі-Лі дакрануцца можа, ненавідзець, нават Росціка, хоць у яго галава праламаная.

— І што за аванс?..

— Запрасіла ў Тэатр моды прыйсці. Шоу яе глянуць. Шыгуцкі паабяцаў, што прыйдзе — і, можа, не адзін...

Росціку хочацца, каб я спытаўся: з кім?.. Я пытаюся, і ён па складах прагаворвае, чакаючы, што я з крэсла ўпаду.

— З прэ-зі-дэн-там.

З крэсла я не падаю. Я ўспамінаю лысіну, вусы, пырскі сліні, калі ён крычыць — і мяне сцінае ўсяго.

— Каб трахнуць, я такое паабяцаю...

— Ты памочнік дзяржаўнага сакратара?.. — пытае Росцік, які ва ўсім за Лі-Лі. — І не ў пасадзе нават справа, ён у сябрах прэзідэнцкіх...

Ну, Лі-Лі... Я ўсю ноч па горадзе, па могілках... Здань выклікаў, у нябожчыцы пытаўся... Вар’яцеў, будзіў дзяцей, жонак... Поля ледзь не адмяцеліў, Максіма Аркадзьевіча... Ну, Лі-Лі...

— Не да твару табе... бледнасць... — гледзячы на мяне і не ведаючы, што казаць, перакідваецца на іронію і гаворыць з паўзамі, як у зубах калупаецца, Росцік. — Не твой... стыль...

У Росціка дзіра ў патыліцы зарастае, ён рады, што гэтым разам не загнуўся, — і спрабуе нібыта жартаваць. Але нешта ўва мне ўсё ж занепакойвае яго і ён лезе ў тумбачку:

— Валідолу даць?..

Мяне адпускае, скроні цяплеюць, толькі ў патыліцы пустата, нібы там дзіра, як у Росціка.

— Пакінь нашчадкам...

— Клізмай абыйдуцца... Калі ўжо тонкасці паміж намі, дык я здзіўлены, Ромчык... Умееш ты здзіўляць. Я развучыўся.

— Сам здзіўляюся...

— Веру... І ні слова пра Лі-Лі, пакуль колеру не набярэш... Нармальна пачуваешся?

— Нармальна... Я да цябе ў бальніцу прыйшоў, а не ты да мяне...

— Добра, што не на могілкі... Шыгуцкі ўсё яшчэ хоча пасадзіць Крабіча. Нашто яму гэта, не скажаш?..

І я распавёў Росціку пра ўсё, што апошнім часам сталася, толькі размову з Панком утаіў. Не ўсю размову — сутнасць. Збіраўся сказаць — і не сказаў, чамусьці такое не выгаворваецца.

— У іх два бамжы з пісталетам, а ім няма на каго, апроч як на цябе, п’янтоса забітага павесіць?.. Нешта тут не так... Ці нечага ты не дагаворваеш...

— Што мне рабіць, Росцік?..

— Не перабольшваць сваёй ролі ў гісторыі. Ты ў ёй не нумар раз. Дзякуй скажы, што мікраскоп навялі, заўважалі...

— Я не перабольшваю... Не я да іх, яны да мяне палезлі...

— І хто палез? Тараканы?.. Улада да цябе палезла. А шмат да каго ўлада лезе?

— Гледзячы з чым...

— Скажуць, з чым, калі не сказалі... З прапановай нейкай цябе шчэмяць. Таму і абстаўляюць усё так, каб па дураце сваёй ад прапановы ты не адмовіўся.

Неяк надта хутка ўгадаў Росцік тое, што я не дагаварыў... Мусіць, не цяжка ўгадаць...

— Ты з чаго гэта ўзяў?

— З захапленняў Красевіча. Такі ўжо ты разумны — куды там!..

"Як Дартаньян, — падумаў я. — Што ні скажуць — разумею..."

— Можна і ў дурня згуляць... Можна?..

— Усё можна... Толькі ўлада — баба крыўдлівая. І помстлівая, — сказаў Росцік так, нібы ад самой улады перадаваў, што яна крыўдлівая і помстлівая.

— Ды якая ўлада!.. Калгас, брыгада...

— Ну і што? — нечакана спытаў Росцік. — А табе якая трэба, калі ты лабух?..

Я вырашыў, што ён падначвае, і адмахнуўся:

— Кінь... Нібы ты не гэтак жа думаеш...

— Я думаю, што я перадумаў.

— Даўно?

— Пасля таго, як Крабіч мне патыліцу праламаў... Уяўляеш яго пры ўладзе?..

Крабіча пры ўладзе я не ўяўляў... Нашто яна яму?.. Хоць хто яго ведае: улада такая цацка, што толькі дай...

— Ты праўда перадумаў?..

— Якая пра ўладу можа быць праўда, Ромчык?.. Праўда пра ўладу — гэта рэвалюцыя.

— Тады пра што мы гаворым?

— Пра выгаду. Гаварыць варта толькі пра выгаду... Але ёсць тонкасці: прыстойнасць, яшчэ там нешта... Таму нам выгадна лічыць, што гэтая ўлада нічым не горшая за іншую.

— Табе выгадна?..

Росцік не стаў пярэчыць:

— Мне, калі так хочаш... Ва ўсякім разе не горшая за тую, якая была. Ведаеш, чым яна змагароў раздражняе?..

На гэты раз Росціку захацелася, каб я спытаўся: чым?.. Я спытаўся:

— Чым?

— Тым, што ёсць такая, якая ёсць. Нібыта і не павінна яе быць — калгас жа, як ты кажаш, брыгада — а яна ёсць. І прэзідэнт той, які ёсць, і міністры, а змагарам усё здаецца, што тут падман нейкі. Каб яны ў прэзідэнтах, яны ў міністрах былі, тады ўсё было б справядліва, а так — не. Іх грызе адчуванне прайгранай гульні, якую, як ім зараз здаецца, яны лёгка маглі б выйграць. Яны паражэнцы, найперш паражэнцы, а потым ужо за нешта там барацьбіты...

Я слухаў Росціка і думаў: нечага ён не дагаворвае... Абодва мы не дагаворваем, таму і пустая гаворка...

— Росцік, — спытаў я, — чаго да цябе Шыгуцкі з Красевічам прыходзілі?

— Праведаць.

— А пасля чаго?..

Росцік таксама, мусіць, адчуў, што далей не дагаворваць — размова без толку. Без выгады.

— А пасля дагаварыць тое, што ў лазні Крабіч дагаварыць не даў... Што дэпутацкія выбары — прыкідка да прэзідэнтскіх, пад якія ўжо ўвесь шоу-бізнес нам аддадуць... І пакінуць яго за намі, пакуль пры ўладзе будуць, а пры ўладзе яны, Шыгуцкі кажа, назаўсёды. — Росцік, які некалі і лабухам быў, і дырэктарам, і канферанс’е, крутнуў кулак на кулаку і сказаў голасам Шыгуцкага: „І ніхто не рыпнецца!.."

Прыблізна гэтага я і чакаў...

— Усё?..

— Амаль што... Драбяза яшчэ... Адыходзячы, абнялі і сказалі: „Не трэба Раману Канстанцінавічу ў аглоблі біць”.

Росцік разумеў, што гэта не драбяза, таму і пракінуў пад самы канец: „Адыходзячы, абнялі і сказалі..."

— Хто сказаў?..

— Шыгуцкі. Красевіч упэўнены, што ў аглоблі біць ты і не збіраешся...

Тут я не стрываў, каб не ўпікнуць:

— І ўсё ж табе даручылі паўплываць?..

Росцік зірнуў на мяне з той габрэйская тугой, з якой самы тужлівы беларус не зірне... Хіба толькі хітрыць будзе, паказваючы, нібы яму гэтак жа тужліва, як габрэю...

— Да мяне прыйшлі і мне адкрыта сказалі пра маю выгаду... А я стары і хворы жыд, каму я на хрэн патрэбны?.. І я ляжаў і думаў: жыццё — чарга. Кожны ў ім, хто не першы, стаіць за некім. Выйшла так, што я за табой... Чым ты бліжэй да першых, тым я да іх бліжэй. Цябе падцягваюць да ўлады — мне гэта выгадна, Ромчык... Давай паспрабуем выкруціць з гэтага ўсё, што можна...

Росцік глядзеў, як сусветны сум — мне шкада яго стала.

— Калі ты ў аглоблі біць не будзеш...

— Не буду, — усміхнуўся Росцік. — Дык што?..

— Не хачу я з імі нічога выкручваць.

— А з кім хочаш? Са змагарамі? З вар’ятамі накшталт Крабіча?..

— Ні з кім.

— З некім прыйдзецца, — сказаў Росцік тое самае, што Крабіч казаў, і выходзіла, што нічым касмапаліт габрэй не разумнейшы за нацыяналіста беларуса.

Тлумачыць Росціку, што мяне не столькі да ўлады падцягваюць, колькі ў стукачы і правакатары цягнуць, было позна. Недагаворанае, як не аднойчы я заўважаў, наогул рэдка калі дагаворваецца. Ва ўсялякім разе так, як яно сказалася б адразу...

— На... — дастаў Росцік з-пад падушкі папку з паперамі. — Пячатку паставіш і аддасі Красевічу.

— Што гэта?..

— Дамова з фірмай, праз якую плаціць нам будуць. — Росцік усміхнуўся. — За культурныя паслугі...

— Не самі, значыць...

— Знайшоў дурных... У іх гэта проста: пазванілі — і плаці. Ці назаўтра праверка па ўсёй праграме — і турма. А ў турме сумна, ніякіх культурных паслуг...

— Скуль ты ведаеш?

— Адчуваю. Жыд, калі чаго не ведае, дык адчувае...

Мне здалося, што Росцік усё круціцца вакол недагаворанага. Я паспрабаваў вярнуць яму папку.

— Выйдзеш і сам гэтым зоймешся.

— Не бі ў аглоблі, Раман Канстанцінавіч, — з недагавораным у вачах сказаў Росцік. — Шыгуцкі настойвае, каб быў твой подпіс...

— Каб ледзь што, дык праверка — і турма?

Росцік, кіўнуўшы, спытаў з тугой габрэйскай:

— А ты як думаў?.. — І ўздыхнуў на развітанне. — Так што глядзі ва ўсе бакі...

Тады я паглядзеў на яго — і пакінуў яму папку.

На калідоры зірнуў я ў адзін бок, у другі — пуста... Зіначка кінула мяне, так я хутка зусім адзін застануся.

Не, не кінула мяне Зіначка — стаяла ў двары бальніцы з Алікам. Наскоквала на яго, нешта даводзіла... Алік — не ў бальнічным, з сумкай на плячы — не хацеў яе слухаць і адварочваўся.

— Хоць вы яму скажыце!.. — нават выгляду не зрабіла, што здзівілася, а значыць, не падпільноўвала мяне, Зіначка. — Яго выпісалі, яму падацца няма куды, хай бы ў нас пажыў, дык упіраецца!

Я б на месцы Аліка не ўпіраўся — такая Зіначка харошанькая... Лялька, якую хочацца ўзяць і за пазухай насіць.

Алік жыў з бацькам, маці два гады як памерла... Бацька запіў і, пакуль Алік ляжаў у бальніцы, прадаў хату і прапаў з грашыма. Алік схадзіў у міліцыю, там сказалі: „Прап’е грошы і аб’явіцца..."

— Я заяву напісаў, дык не ўзялі, — няўцямна паглядзеў на мяне Алік. — Як гэта так?.. Няхай нават п’яніца, але ж чалавек...

Больш у Аліка ніводнай роднай душы ва ўсім свеце... Не ведаючы, што рабіць, ён вярнуўся ў бальніцу, дзе яму растлумачылі, што тут не жывуць, а лечацца. Адна Зіначка яго пашкадавала...

Алік з-за яе і вярнуўся. Не такі ён дурненькі, каб не ведаць, што ў бальніцах не жывуць.

— А чаму ты ў Зіначкі пажыць не хочаш?

— Яна з маці ў палутарцы... Куды я туды пайду?

Мне было не да Аліка, зусім не да яго, ды не пакідаць жа хлапчука на вуліцы, маючы ключы ад двухпакаёвай кватэры, у якой жыве адзін сабака.

— Пайшлі са мной... Сабак не баішся?

— Куды вы яго?.. У сабачнік? — наскочыла Зіначка, нібы я выкрадаў у яе Аліка. Вось жа характару колькі ў такой малечы...

— Убачыш, калі з намі пойдзеш...

— Сабак не баюся... — пераступіў з нагі на нагу Алік . — У нас сабака быў — у будку не ўлазіў...

— Ідзеш з намі?.. — спытаў я Зіначку.

Зіначка падціснула губкі — кінула ж мяне — і ўсё ж кіўнула: „Іду...” На тое я і разлічваў, а то кідаць яна мяне будзе...

— Гляну, як Аліка ўладкуеце, — папярэдзіла Зіначка, каб я не падумаў чаго іншага.

Не да іншага мне, Зіначка, не да іншага... У мяне работы — лапатай не разгрэбці, канцэрт трэба майстраваць, вунь і дамова ўжо ёсць, я адзін, Росцік у бальніцы, Ігар Львовіч у магіле, падпалкоўнік Панок у камітэце дзяржбяспекі, Зоя ў Маскве, Лі-Лі невядома дзе, а ты думаеш, што я пра іншае думаю...

Я падумаў, што час губляю...

— Сама і ўладкуеш, — падаў я Зіначцы ключы з візітоўкай, пераправіўшы нумар сваёй кватэры на нумар кватэры Рутнянскіх. — Ведаеш, дзе гэта?

Зіначка, разгубіўшыся, залыпала ляльчынымі вачамі.

— А вы?..

— Мне на работу. Пабачымся вечарам, Алік.

Каля бальнічнай брамы спынілася таксі, якое заспяшаўся я пераняць — з машыны, нечым моцна заклапочаны, выскачыў палатны доктар Іосіф Данілавіч, павітаўся на бягу:

— Вам бы яшчэ раз аналізы здаць, Раман Канстанцінавіч... З днём нараджэння, Зіначка! Падарунак за мной...

Зіначка паружавела і пагразіла ўслед Іосіфу Данілавічу кулачком. Як мне падалося, трохі дэманстратыўна пагразіла...

Ці не з ёй праблема ў Іосіфа Данілавіча?.. З генам кахання...

— Едзеце? — спытаў таксіст, убачыўшы, што я затаптаўся каля машыны. Не рабіць жа мне выгляд, нібы не расчуў таго, што сказаў Іосіф Данілавіч...

Дзень перастаў быць проста днём, стаў днём нараджэння.

Некуды ехаць трэба было — мы селі ў таксі. Таксіст быў той жа, што вазіў мяне ўночы. Ён што — не спаў?..

— Дык у цябе свята, Зіначка?

— І мне не сказала... — адсунуўся ад Зіначкі Алік. — Я б не замінаў...

— Вы... — пачаў пазнаваць мяне таксіст.

— Не, я брат.

Таксіст не зразумеў.

— Чаму вы брат?..

— Бо за сябе заўсёды даражэй плаціць даводзіцца.

Засмяяўшыся, таксіст сказаў чамусьці:

— Гэта не Масква. Куды едзем?.. На могілкі?

— Вас пазнаюць усе... — знайшла нарэшце, што сказаць, Зіначка. Я не стаў пярэчыць, а таксісту было ўсё адно.

— У рэстаран, — вырашыў я, прыдумаўшы найпрасцейшае. — Выйшла так, што ў нас свята.

Зіначка запрацівілася:

— Не! У мяне дзень нараджэння ўвечары!

Таксіст зноў засмяяўся — ён, відаць, усе ж паспаў.

— Вечар нараджэння ў яе... Далёка табе яшчэ да вечаровай...

— Да вечара і загуляем, — паабяцаў я. — Да ночы.

— Я не люблю рэстараны!

— Тады куды?..

— Нікуды. Туды, куды Аліка — і нікуды. Мяне дома чакаюць.

За рашучасцю ў голасе Зіначкі рашучасці было не надта...

— Значыць, да цябе едзем. Недзе ж трэба адзначыць...

Зіначка насцярожана не паверыла.

— Вы ў госці да нас?..

— Калі запрашаеш...

Я сказаў гэта, каб падражніць Зіначку, а яна раптам рашуча распарадзілася:

— Вуліца Чыгуначная! Ой, як мамка ўзрадуецца!..

Ну, дзе дачка, там і мамка... Па жыцці ў мяне так.

— Ехаць? — спытаў таксіст. — Ноч праездзілі — цяпер дзень... Мяне Віктарам завуць.

І чаго ён, такі вясёлы, каля могілак стаяць баяўся?..

— Зіначка, у мяне работы — лапатай не разгрэбці...

— А лапата ў рэстаране?.. — крыўдліва спытала Зіначка. — Я запрашаю — вы ж самі напрасіліся...

Сапраўды, яна запрашае — і я сам напрасіўся.

— Едзем, Алік?

Я чакаў, што Алік, як звычайна, засаромеецца і адмовіцца... Алік засаромеўся, расшпіліў сумку і дастаў пакамечаны букецік рамонкаў.

— Каля хаты нарваў... Не ведаў, што ў цябе дзень нараджэння, але так нават лепш...

— Алік!.. — расцалавала яго Зіначка. — Як я рамонкі люблю!

Алік зніякавеў, хоць цалавацца яго вучылі і Зіначка, і Лі-Лі.

Гледзячы на Зіначку, можна было паверыць, што яна болей за ўсё на свеце любіць рамонкі... Калі я дарыў кветкі Марце, Марта казала: „Вазьмі вазу і пастаў дзе-небудзь..."

Каб я не думаў, што магу нешта крануць у ёй такой драбязой.

Рэдкая жанчына. Нават сярод немак.

— Паехалі, — сказаў я таксісту. — Праз магазін.

У вітрыне магазіна стаяла лялька з тортам на руках. Не манекен, лялька — ростам з Зіначку і падобная на яе. Грудкі тырчком, спінка роўна, попка кругла...

— Вы што, гэта афармленне! — ледзь бровы не зламала прадаўшчыца, нібы я не ляльку, а яе купіць надумаў. Давялося ісці да дырэктара — я ўжо не бачыў іншага падарунка.

— Ой... — толькі і змагла выдыхнуць Зіначка, калі я пасадзіў побач з ёй ляльку, а таксіст сказаў:

— Як з секс-шопу... Гумовая?

— Як сястра... — здзівіўся Алік.

— Гэта мне?.. — асцярожна пагладзіўшы ляльку па валасах, спытала Зіначка. — Я для вас больш не лялька?..

— Не лялька, — адказаў я. — Ляльчына сястра.

Па Чыгуначнай праязджалі міма Грушаўкі, на тралейбусным прыпынку прамільгнулі Крабіч з братам-міліцыянтам. Брат быў у форме і трымаў Крабіча пад локаць — Крабіч, мусібыць, не цвёрда стаяў на нагах. Збоку можна было падумаць, што яго затрымала міліцыя. Збоку шмат пра што можна падумаць не так, як яно ёсць на самой справе.

— Чакайце, — папрасіла Зіначка, калі мы пад’ехалі да яе дома ў канцы вуліцы і падняліся да дзвярэй кватэры. — Падыміцеся яшчэ на пралёт...

Яна паставіла ляльку перад дзвярыма, пазваніла і ўзбегла да нас.

У адрозненне ад тых дзвярэй, праз якія кахаўся я з Ліляй, гэтыя былі з вочкам, у якое глянулі і адчынілі.

— Ключы згубіла?..

Зіначка далонькі на грудзях сціснула ў захапленні.

Я хоць і так сабе кампазітар, лабух, але з абсалютным слыхам. І я адразу ўспомніў голас, які спытаў: „Ключы згубіла?..” Пералівіста-віхлясты і адначасова млявы, безнадзейны...

Маці Зіначкі пазнала ў ляльцы дачку, а я ў голасе — Стэфу. Адну з выпадковых спадарожніц жыцця, з якімі сустракаўся на Грушаўцы ў доме Крабіча.

Кругамі водзіць нас жыццё...

"Ой, як мамка ўзрадуецца!.."

Хударлявая, маленькая жынчына ў дзвярах толькі аддалена нагадвала Стэфу... Яна змянілася болей, чым яе голас... Значна болей...

— Ты ў чым гэта апранутая?.. — ступіла да лялькі Стэфа, кранула яе, і лялька павалілася дагары — галавой аб прыступкі. — Божа мой! Зіна!

Стэфа, нічога яшчэ не разумеючы, кінулася да лялькі, падняла, ашаломленая...

— Гэта лялька, мамка! — скацілася ўніз Зіначка і паспела падхапіць маці, якая страчвала прытомнасць. — Лялька, падарунак!..

Мамка ўзрадвалася так, што не адразу ачомалася. Яна і ў маладосці была ўражлівай: канчаючы, амаль заўсёды плакала... Млява, безнадзейна...

Пакуль я вагаўся, пазнаваць мне яе пры Зіначцы, ці не, Стэфа, ачуняўшы, без ніякіх ваганняў сама мяне пазнала.

— Жартачкі ў цябе, Раман... Зіна расказвала, як ты ў бальніцы ляжаў... — І яна рассмяялася. Як і раней, калі, адплакаўшы, пачынала смяяцца. Пералівіста-віхляста...

Крабіч сцвярджаў, што ў Стэфы шаленства маткі, бо канчала яна ненасытна. Плакала і смяялася, плакала і смяялася.

— Пра смешнае расказвала?..

— Пра відэлец! — з асалодай сказала Стэфа, і Зіначка ўспыхнула:

— Мамка!

Добра, што не пра шпрыц...

— А ты, значыць, Алік?.. — не звярнула ніякай увагі на рэакцыю дачкі Стэфа і пагладзіла па шчацэ Аліка, які стаяў, так учапіўшыся ў сваю сумку, нібы трымаўся за яе. — Бедненькі... Ты ў нас жыць будзеш?.. З лялькай?..

Толькі зараз я заўважыў, што Стэфа п’янаватая.

— Зіну бацька павіншаваць заходзіў... — сама сябе заўважыла ў тым, што падпіла, Стэфа, садзячы нас за стол, за якім трое ўжо, як відаць было, пасядзелі. — Выпіў і пайшоў.

Зіначка падціснула губкі і хуценька прыбрала са стала.

Кватэра была маленькая. Раскладны стол з шасцю крэсламі, пастаўлены пасярэдзіне, займаў амаль увесь пакой. Астатняе займалі тэлевізар, дыван і шафа. Злева ад шафы — дзверы ў яшчэ адзін пакойчык. Пенальчык — я такія кватэры ведаў. І дзе тут яны збіраліся Аліка з лялькай сяліць?..

Ляльку Зіначка, не знайшоўшы ёй іншага месца, пасадзіла з намі — на крэсла насупраць сябе. Цікавая выйшла кампанія.

— А хлеб вы ўзялі?.. — спытала Стэфа, калі Алік дастаў з сумкі каньяк з шампанскім і цукеркі — джэнтэльменскі набор, які прыкупіў я да лялькі. — Бацька ўвесь хлеб з’еў, я галодная...

— Давай збегаем, Алік, — неяк надта хутка падняла Зіначка Аліка — і Стэфа зноў сказала, як толькі яны выйшлі:

— Я галодная.

— Поўны стол яды, Стэфа...

— Трахні мяне, Раман... Мяне ніхто не трахае, я такая страшная стала?..

Што ж, так, дык так...

— Ты не страшная... Калі хочаш, трахну.

Стэфа вылузналася з сукенкі, скінула трусікі і станік, якому не было чаго трымаць. Дзве зморшчаныя дзічкі...

— Калі гэта я не хацела?..

— Не паспеем...

— Магазін далёка...

Раскінуўшыся, Стэфа ўжо ляжала на дыване — сіняватая, як магазінная курыца савецкіх часоў.

— Ты забыўся, я хуткая...

Яна была не хударлявая, худая — з адных касцей. Ад лабка ўверх па ўпалым жываце цягнуўся шнар...

— Кесаравым Зіну даставалі... Таз у мяне вузкі і піздзюлька, як у мышкі. Помніш?..

Для мяне няма непрыгожых жанчын, але раманчык мой не падымаўся. Не варушыўся нават. Я сядзеў каля Стэфы, гладзіў шнар на яе жываце і глядзеў на ляльку...

Я не магу бачыць шнары на жаночых жыватах.

— Давай...

— Не падымаецца...

— Памінеціць?.. — падхапілася Стэфа і ўгрызлася ў раманчыка... Яна ніколі не ўмела мінеціць, Крабіч называў яе шчупачыхай.

— Ды што ж гэта!.. — выплюнала мяне Стэфа і закачалася, скручваючы ногі, са спіны на жывот, з жывата на спіну. — Тады пальцам, хоць пальцам... — злавіла яна маю руку і кончыла, як толькі я дакрануўся да клітара — гэта ў ёй засталося. Мне пырснула ў далонь — так яна кончыла і тут жа заплакала:

— Раман, блядзь я якая... Ты Зіну хочаш?.. Не чапай яе, яна цэлка... І пра мяне нічога не ведае...

— А што пра цябе ведаць?.. — выцер я руку аб густа, жорстка парослы лабок, успомніўшы валасатую кабылу „прафесаршу” — і раптам захацеў Стэфу, недашчыпаную курыцу... Яна тут жа гэта адчула і абедзьвюма рукамі ўхапіла раманчыка, які ледзьве праламіўся ў яе — такая яна сапраўды была маленькая...

Некалі, першы раз праламіўшыся ў яе, я падумаў, што яна цэлка — і здзіўляўся, не знайшоўшы крыві на прасціне. Таму самаму здзіўляўся Крабіч...

— Што я такая... што я такая... што я такая... — канчала і канчала, плакала і смяялася Стэфа, і мы ці не пачулі званка, ці Зіначка з Алікам і не званілі... На стале ляжаў хлеб — і ляснулі дзверы.

— Хрэн ты цяпер Зіну трахнеш, ляльку сваю трахай, — рассмяялася Стэфа, якая ведала, колькі часу трэба, каб схадзіць у магазін — не такі, аказалася, далёкі. — Дачка ў мяне з гонарам, не тое, што я... Ведаеш, чыя яна?

Заставалася пачуць, што мая...

— Чыя?

— Крабічава!

— У Крабіча дзіця памерла...

Стэфа, блядзь такая, лежачы пада мной, перахрысцілася.

— У брата памерла. Якраз у той час. А ён прыдумаў, што ў яго. Я так і не зразумела: для чаго? Я ж не навязвалася... Яны ўдвух з братам сёння і прыходзілі...

Лялька сядзела за сталом і, мне здалося, лыпала вачыма.