Прошча
Вершы і паэмы
Някляеў Уладзімір
Саракавіны. Вершы
***
У сферных люстрах плаўных небасхілаў
Абвалы зор і роўны рух снягоў
Пад поўняю, што вёслаў не згубіла
Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш
I пустату закідвае насеннем,
Што прарасце маланкамі
паміж
Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца -
То скручваецца ў ніць на верацёнца,
То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная, нямая,
Як гэта плынь, што берагоў не мае
I шырыцца - шукае берагі.
***
Хто па чым маркоціцца ў журбе,
Да жніва дапесціўшы сяўбу.
Я сумую па самім сабе,
Па сваім жыцці спялю журбу.
I па ўсім, чым я не даражыў,
Што касіў, як ля дарог траву,
Я смуткую так, нібы не жыў,
Толькі бачыў сон, нібы жыву.
Гэты сон мне нанава не сніць.
Незабудкай ён засне са мной.
Я спакойны ўжо, калі шуміць
Несаснёны вецер за спіной.
Мне журбу дакошваць і сушыць,
Мне маркоту спелую збіраць.
Божа мой, якая стома - жыць
I да самай смерці паміраць.
***
Пакінуушы свята на свяце,
Я выйшаў, адчуўшы спіной,
Як лёгка адразу за мной
I весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла святло -
Адгуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я смех і гаворку.
I доўга на блізкіх і родных,
3 якімі ў застоллі сядзеў,
Глядзеў я, глядзеў і глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна.
На свяце жыццё сатанела:
Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Заўважыла цень у акне
I глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака -
I ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.
***
Выйшаў летам.
Вярнуўся зімой.
"Дзе ты быў?"
Ён маўчаў, як з партрэта.
"Дзе ты быў?"
Раптам ён:
- Божа мой,
Не давайце мне плакаць пра гэта!
Павялі на магілы: "Тут брат.
Тут сястра. Ці за гэта не плацяць?
Дзе ты быў?!"
А ён зноў, як вар'ят:
- Не давайце пра гэта мне плакаць!
"Хоць падробныя слёзы сатры,
Хоць адну
па сястры ці па браце,
А пасля хоць жыві, хоць памры,
Дзе ты быў?!"
А ён зноў:
- Не давайце...
Адракліся яго. Ён прадаў,
Што было на падворку і ў хаце
I прапіў, і пайшоў, і прапаў,
I ніхто не жалобіўся ў страце.
Летам плакаў туман па сястры,
А зімою завея па браце,
Захлыналіся плачам вятры:
"Не дава... не дава... не давайце".
***
Не з тымі пайшоў i дарогай не той.
Дарэмна дарога прасіла:
"Чакай.
Азірніся.
Падумай.
Пастой".
Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: "Ты не тая. Маўчы".
Ні д'яблу не верыў, ні Богу -
I крочыў, і крочыў
удзень і ўначы,
Пакуль не адолеў дарогу.
I рушыў далей - на цалік, і сляды
Пакінуў, што сцежкаю сталі.
А тыя, што з ім не пайшлі,
хто куды
Пазбочвалі і заблукалі.
Глядзелі яны - хто з дупла, хто з нары,
Аброслыя мохам з карою -
Як ён пад гарою,
як ён на гары,
як знік
і прапаў за гарою.
***
З нянавісці - пасля ужо з усяго
Астатняга...
А ён пачаў з любові.
I ўжо калі ўзнялі на крыж яго,
Нянавісць выйсце ведала - любое.
Не ведала любоў ні аднаго.
Натоўп глядзеў натоўпам, як звычайна,
А ён канаў, спрабуючы адчайна
Знайсці хоць апраўданне: "Для чаго?" -
I не знайшоў...
Хацеў быў крыкнуць груба:
"3 нянавісці! Пасля ўжо з усяго..."
I не разняў скрываўленыя губы.
ГУЛЬНЯ
Ранкам неба пацямнела, а днём
На дарогу ўпала чорным агнём.
Нахіліўся і падняў я агонь,
Перакінуў з далані на далонь.
I на правай - прапаліў скуру ён,
I на левай, як кляймо, стаў відзён.
I спытала даланя ў далані:
- Для чаго нам перакідваць агні?
I сказала далані даланя:
- Гэта забаўка такая. Гульня.
***
Восень. Сівізна ды пазалота.
Веерам раскінецца лістота,
Змеценая ветрам да акна.
Адзінота, друг мой, адзінота.
Налівай віна.
Сядзем. Памаўчым ды пагаворым.
Дзякуй Богу, тут ніхто не хворы
I няма пытання: піць ці не?
Апрыёры, друг мой, апрыёры:
Ісціна ў віне.
Хораша сядзім. I п'ём са смакам.
За сцяной сусветнага барака
Вые недарэзаны сабака
У глухія, шэрыя палі.
А на шклянках - знакі задыяка,
Вершы па кутах - хоць печ палі.
Будзь.
Як той казаў:
хай скажуць дзякуй
нам, што мы пілі.
***
Добра быць ні бацькам і ні сынам,
I ні дзядзькам, і ні братам быць.
Анікому нічарта не вінным
Жыць у краме,
у аддзеле вінным,
Дзе ў чарзе - уся радня стаіць.
ВАР'ЯТ
"Што робіш, брат?"
"Грудок капаю брату.
Прасіўся пахаваць каля царквы".
Не замінайце вар'яцець вар'яту.
Тым больш, што ён капае, а не вы.
Тым больш - нікога: ні сястры, ні брата
Няма ў яго, ніколі не было.
Не набягайце шкадаваць вар'ята -
Яму няўцям, што розум адняло.
Не з вамі ён,
Ягоны брат не з вамі.
Вялікаму ў дзіцячым паліто
Яму баліць над зрослымі брывамі, -
Бог ведае, з чаго баліць і што.
Бог ведае, каго якія страты
Пільнуюць - і да страты не дапяць:
Хто ў немачы, хто ў розуме
вар'яты,
Хто брату брат - адно грудок капаць.
***
Шастае вецер па даху.
Гулка - як б'юць у званы.
Ноч набіраецца страху.
Зданямі поўняцца сны.
Гэтак душы адзінока,
Скрушна - хоць крыкам крычы…
Днём яна - д'яблава вока.
Боскае вуха ўначы.
МАТЫЛЁК
Замкнуў яму я горла, да таго ж
Другой рукой над ім занёс я нож.
Як ён баяўся, гледзячы ў нябыт!
I плыў, і плыў з вачэй яго блакіт.
Ніхто ўжо быў ён і нішто, мярцвяк,
Мой вораг, ненавіснік мой. Аднак
3 дзяцінства, з лугавіны ля ракі
Блакітныя ўзляцелі матылькі.
I сеў яму на вейка матылёк.
Я кінуў нож і адпусціў замок.
ГАЛУБЯТНЯ
Над хатай галубіны дах.
I ўсе нябёсы ў галубах,
I брат на галубятні.
Са свістам кружаць галубы
I ніжуць круг на круг,
любы -
Апошні і астатні.
I ніжуць
круг на круг
гады.
Адбіўшыся ад чарады,
Што свіст у небе сее,
Апошні братавы галуб,
Астатні -
п'е з ягоных губ
I на вачах сівее.
АДЗІН
Чужы чужым - яны знайшлі свайго,
Не свой сваім - яны пайшлі з чужымі,
Не тузайся ні з тымі, ні з другімі.
Як ты адзін - ты больш за аднаго.
У высі птушка,
Рыба ў глыбіні,
Вандроўнік на фантомным небакраі,
Як ты адзін - ты не змарнуеш дні
На тое, каб спазнаць законы зграі.
Як ты адзін - аднойчы ўночы ты,
Угледзеўшы імгненны след каметы,
Уцяміш таямніцу пустаты,
3 якой Гасподзь саткаў усе Сусветы.
Як ты адзін - ты боскай тканкі ніць
У вушка голкі зловіш і, быць можа,
Пустое станеш ткаць, пустое шыць, -
Як ты адзін,
Як Бог у тым паможа.
***
Струменіцца па жылах халадок.
Сплывае час па стылых небасхілах.
Завершана. Дапісаны радок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Ужо надзеі белы галубок
Мяне не ўздыме на самлелых крылах.
Завершана. Гасподзь глядзіць з аблок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Лучыць і блытаць вусце і выток
Ракі быцця мне болей не па сілах.
Завершана. Я сеў на беражок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Мне галасы гукаюцца здалёк -
I памяць на астылых небасхілах
То пырхае, нібыта матылёк,
То круціцца, нібы змяя на вілах.