Вынаходцы вятроў

Кніга лірыкі

Някляеў Уладзімір


Круг

Балада дзялення

«Кацілася торба
3 высокага горба,
А ў той торбе
Хлеб,
Соль,
Вада,
Пшаніца,
3 кім ты хочаш
Падзяліцца?..»

Хачу падзяліцца.
3 усімі хачу падзяліцца.
Усім падзяліцца,
Што мне давялося нажыць —
Не нажыцца.

Хачу падзяліцца з табой,
Чалавек невядомы,
Паловаю хлеба, што маю,
Паловаю дома.

Усё на-
палам.
А калі ты ў нястачы ці ў горы,
I тое аддам,
Што таемна
трымаў у каморах.

У бедных-багатых
Не будзем зайздросна лічыцца.
Хачу падзяліцца.

Не будзем сварыцца
За месцы, за крэслы,
За дачы і за кабінеты...

Паэты,
Усім
Усё роўна не хопіць
Лімітнае бронзы,
Каб у манументы адліцца...
Не будзем сварыцца.

Давайце дзяліцца
I славай — што слава! —
I вершамі лепшымі самымі...

А чым падзяліцца з табой,
Мая бедная мама?

Грашыма?
Не возьмеш.
Здароўем?
Назад усё вернеш
Ды шчэ й ад свайго адарвеш!..

Пакінь мне сумленне,
Балада дзялення!
Не рэж...

Чым мне падзяліцца
3 табою,
Маўклівы мой бацька,
Маўклівы вайною.
Усе тыя цацкі,
Што ты мне прывозіў,
Паўсталі
віною.
Паўсталі віною
Цукеркі ў кішэні,
Што пахлі махоркай.
Мне горка,
Вось-вось заскуголю сабакам на сене
Так горка.

Чым мне падзяліцца
3 табой,
мая любая?..
Плачам?
Бясконцымі згубамі
I несапраўднай удачай?

Чым мне падзяліцца
3 вачыма тваімі,
3 рукамі?
Натхненнем?..
Навошта табе
Гэты камень?..

Чым мне падзяліцца
з табой,
Чалавек невядомы,
Калі ты адзеты,
абуты
I хлеба
дастатак у доме?
Чым мне падзяліцца тады?!.

О, балада дзялення!
Пакінь мне сумленне...

«Кацілася торба
3 высокага горба,
А ў той торбе...»

Ні крошкі ў той торбе...
I ўсё-ткі
хачу падзяліцца...
Хачу падзяліцца начамі,
Якімі не спіцца,
Святочнымі днямі,
Трызненнямі ўсімі і марамі...
Ты слухаеш, мама?

Хачу падзяліцца
Вадой з таямнічай крыніцы,
Жывою вадою,
Каб раны маглі загаіцца
I каб не балелі ўспаміны
Пра здрады і страты...
Ты слухаеш, тата?
Хачу падзяліцца
Хвілінаю радаснай кожнай,
Хачу не забыцца
Цябе ахінаць асцярожна
Пяшчотай,
Якую ў руках сваіх доўга галубіў...
Ты слухаеш, любая?

«Кацілася торба
3 высокага горба...»

Хачу падзяліцца
вось гэтай баладай,
Якая мне змучыла горла.




Дыктант

Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы.
Кручу ў гумне іржавую сячкарню.
Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...»
Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы
У гэтым годзе...»
Дзед яму: «Сухмень...»
Над токам пыл. Гаркава нос казыча.
— Газету сёння ў паштара пазычыў.
— Старая?
— Не шчэ. За ўчарашні дзень.
— Пра што там?
— Ат... Пра што за ўсё часцей...

Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.

— Памёр вось Колас.
— Хто памёр?
— Ды Колас.

Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.

Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!

Вязуць.

Падскокваюць па бруку дробна колы.
— А божухна! Усю руку змалола!..
— Жанілка ёсць — то пенсію дадуць...

Бінты. Пахмурны доктар. На акне —
Замест фіранкі — на цвіках газета.
...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, —
I штосьці адбывалася ўва мне...

Пасля я сніў:
Дыктант. Апошні ўрок.
Настаўнік новы.
«Хто?.. Які?..»
«Сярдзіты!»
— Дзе сшытак твой?
— Забыўся дома сшытак.
— Знарок забыўся?
(Не зманіць.)
— Знарок.
— Гультай?
— Гультай.
— Але на шчырасць здатны.
Святлее поле чыстага лістка...
Я ведаю, што напішу выдатна!
Ды не магу... Баліць, баліць рука!
3 віною ў твар настаўніку гляджу.
Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце!
Не... Як жа так? Яго няма на свеце!

Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.

У гэтым годзе менш на дзве капы
Нажалі жыта...»

I дыктант знаёмы!
«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».
Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»

«Пра што там?»
«Ат... Пра што за ўсё часцей...»
Як добра ведаць, што было, што будзе!

«А суддзі хто?..»
Чакай, якія суддзі?

...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.

Прачнуўся.
Ранак. Радыё.
(Памёр!)
«За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці...
Я словы пераблытаў у дыктанце!

— Тэмпература... Мокры, як бабёр...
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!

Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы.
Касцёл. Бальніца.
— Мне за мост, у школу,
Дыктант...
— Напішуць.
— Жыта жаць...
— Сажнуць.

Вавёркай сонца скача на сасне.
Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.
— Ну, ачуняеш —
будзе, брат, лупцоўка!

— ...Я сплю?
— Не спіш.
— Вы ў сне са мной?
— Не ў сне.
— Дыктуйце.
— Што?
— Няма дажджу. Сухмень.

— Палае ўвесь.
— Магчыма, сепсіс...
— Доктар!

— Я напішу выдатна...
— Добра, добра...
— Я напішу...
— Адно ўсё...
— Трэці дзень...

Партрэт выходзіць з класа, на акне
Гарыць сячкарня, курчыцца газета,
Паштар вавёркай скача на сасне...
— Я напішу...
— А ён усё пра гэта.

...I раптам так, нібы пасля дажджу:
Грыбы па лесе, верасень, кастрыца,
Як не давалі — і далі напіцца...

На лаве ў лазні з паштаром сяджу,
Расказваю, як ён скакаў вавёркай,—
Паштар рагоча...
Добра паштару,

Што я жывы, сяджу з ім, гавару...
Харошая між намі йдзе гаворка.
Ды клічуць...
Чыста. Маладзік над хатай.
Зноў сон...
Зноў той...
Нібы заклаў душу!

I помню ўсё: не дапісаў дыктанта.
I ўсё надзею маю: дапішу.




Балада першага кроку

Жыў на Палессі селянін
У вёсачцы глухой.
Ён цішыню сваіх мясцін
Любіў, як мы з табой.

Як мы з табой, а можа й больш,
Хоць пра сваю любоў
Апавядаць умеў ён горш
На мове гучных слоў.

Ён працаваў, карміў сям'ю,
Ад працы глух і слеп,
I верыў: бог стварыў зямлю,
Каб бульбу даць і хлеб.

I верыў: неба бог стварыў,
Каб дождж і снег ішлі.
I ў што ён верыў — з тым і жыў
Пад небам на зямлі.

Ён чуў, што недзе мора ёсць,
За морам горы ёсць,
А за гарамі горад ёсць...
А што далей — не ведаў...

I так бы ён пражыў свой век
За дзедаўскай сахой,
Калі б не быў ён — чалавек,
Такі ж, як мы з табой.

Калі б употай не жыла
У ім, забітым, цяга
Уведаць сэнс дабра і зла:
Што —
«добра» ёсць,
што «блага».

Каб не карцела знаць яму
Адказ зусім не просты:
Пра лёс свой — як?
Пра свет — чаму?
I пра сябе — навошта?

Так ён глядзець на свет пачаў —
I бачыць ён пачаў,
I нешта разумець пачаў
3 таго, чым жыў гаротна...

I разанула па вачах
Святлом скрозь вечны змрок!
I на пакутны
праўды шлях
Зрабіў ён першы крок.

Яму ў гарляк увішны поп
Штурхаў малітвы кляп:
— Не думаць
твой мужыцкі лоб,
А біць паклоны каб!

Па ім гулялі бізуны
Падпанкаў і паноў,
Каб не забыўся, што яны
Яго паны, а іх сыны
Паны яго сыноў!

За грудзі трос яго жандар,
Каб лепей помніць мог,
Што ёсць на свеце бог і цар
I што — найпершы — ён, жандар,
Яму і цар і бог!

Каб не надумаў, сучы сын,
Наморшчыцца ілбом!
I абавязак знаў адзін:
За ўсё плаціць гарбом...

I ён не разгінаў гарба,
Душыў у горле ком,—
А вочы білі спадылба
Агнём!
Святлом!
Святлом!

I калі ён узняў свой твар —
Мільёны узнялі! —
Ад позірку яго
Пажар
Успыхнуў на зямлі.

I сыпануў — гаркі, як соль,—
Усіх шляхоў уздоўж
Адвечных крыўд адвечны боль —
Цяжкі, свінцовы дождж.

...Як са старой дзяжы,
3 канца ў канец зямлі
Дажджы і зноў дажджы
Лілі і зноў лілі.

Ні ў лесе, ні ў гарах
Ратунку не было,
Нат хвалі на марах
Дажджамі заліло.

I вар'яцеў натоўп
Ад вусцішных падзей.
Царкоўнікі:
— Патоп! —
Палохалі людзей.

— Хай дапаможа бог!..
Ды бог не дапамог,
I той, хто ніцма лёг,
Узняцца ўжо не мог.

I тых, хто жыў святым
I Ноем меціў быць,
Змывала, як масты
Парою навальніц.

I забіваў народ
Жандараў і цароў.
Быў вельмі страшны год,
Патопны год дажджоў...

Але для ўсіх для тых,—

Хто жыў у барацьбе,
Хто не збіваў плыты,
Каб ратаваць сябе,
Хто не палёг трысцём,
А ўстаў, каб права знаць
Між смерцю і жыццём
Свабоду выбіраць,
Хто на гады нягод
Жыццё сваё лічыў,—

Быў год-прадвеснік,
Год
Чырвоных далячынь...

Прад кожным з нас абраны шлях
Ці шлях, што нас абраў.
I не вярнуцца па слядах
Туды, адкуль пачаў

Ісці дарогаю жыцця —
I напрасткі, і ўбок...
Глядзі: шчаслівае дзіця
Зрабіла першы крок.

Хіснулася... Пайшло...
Пайшло!
I дзіва хоць бы ў тым,
Што чалавека
не было —
I вось
сляды за ім.

Яму не хутка зразумець,
Што прыйдзе час здалёк —
I трэба будзе сілу мець,
I мужнасць мець на крок.

Ён і ўпадзе... I ўстане зноў,
Каб на зямлі старой
Прадоўжыць шлях сваіх бацькоў
Або пракласці свой.




Балада пакінутага сэрца

Мне мроіцца часам
Відовішча страшных вякоў:
Нібыта ў пустэчы,
Якая Зямлёю завецца,
Адно —
сярод спаленых,
Попельна мёртвых пяскоў —
Ляжыць чалавечае сэрца
I грукатна б'ецца!

Яно, як гара.
Ледавік на вяршыні яго,
Адтуль
па адхонах
Сцякаюць крывавыя рэкі

I грозна зрываюцца
Лавы чырвоных снягоў! —
I ў чорную бездань
Канаюць
на вечныя векі.

Ударыць яно —
Уздымае да неба віхор
I пыл, і каменні,
Зямля з краю ў край скаланецца
Не бачна Сусвету,
Ні Сонца не бачна, ні зор!
I стогне жалобна —
Гара —
чалавечае сэрца!

Жалоба яго
Аб усім, што было на Зямлі:
Вясёлыя людзі
Смяяліся тут і спявалі,
Кавалі плугі
I аралі вясною палі,
Хадзілі на войны —
I зноў гарады будавалі.

I ў кожным з людзей тых,
То з болем, то з радасцю зноў,
Маленькія сзрцы
На міг не спыняліся біцца,
Маленькія —
толькі
Грымелі мацней ад грамоў,
Маленькія —
толькі
Свяцілі, нібы бліскавіцы!

Таму і змаўкалі,
Згаралі заўчасна яны,
I мудры вучоны
Сказаў:
— Я пазбаўлю вас смерці...
Вось помпа —
не трэба
Плаціць асаблівай цаны —
Надзейная помпа
Замест ненадзейнага сэрца.

Ура вам, вучоны!
Ваш геній дарма не прапаў,
Мільёны мільёнаў
Жылі з вашай помпай бязбедна,
Ніхто з іх ад гора
Сардэчнай хваробы не знаў,
Але і ад шчасця
Салодкага болю не ведаў.

Калі напрадвесні
Хацеў нехта з іх пакахаць
I з вуснаў жаночых
Гарачаю ноччу напіцца,—
Ў грудзях
не
шчымела! —
I нельга было пажадаць:
Няхай зашчыміць там!
Няхай разбаліцца!

Забыліся людзі
Пчаліныя песціць сады,
Аралі, ды болей
Не ведалі радасці ў працы.
Цяснела Зямля,
За гадамі міналі гады,
I час надышоў
Чалавеку з Зямлёй
Расставацца.

На сушы, на моры,
На скалах высока ў гарах,
На могілках продкаў
Жылі неўміручыя людзі...
I вось той вучоны,
Якому крычалі «ура»,
Устаў і сказаў ім,
Што з імі было і што будзе.

— Я самы стары з вас,
Але не адзіны пакуль,
Хто можа прыпомніць,
Як людзі смяяцца умелі,
Як з сэрцам жылі,
Не схаваным ад болю і куль,
Як мёртвых хавалі —
I як бессмяроцця хацелі.

Мы славілі розум
I верылі ў розум вышэй,
Чым продкі далёкія —
Ва ўсемагутнага бога,
Мы так працавалі,
Што дым вырываўся з вушэй,
I ўперад ішлі,
I шырэла прад намі дарога.

Але — толькі людзі —
Не ўсё мы маглі зразумець,
А што і маглі —
не хацелі,
Бо думалі: зможам
Звалодаць з усім,
I, нарэшце, адолеўшы смерць,
Мы
вырвалі
сэрцы! —
I кратамі стаў для нас
Розум.

За гэтыя краты
Мы кінулі нашу любоў,
Як вязні, за імі
Ўсе нашы пачуцці стагналі...
Вось тая цана,
Што заплачана намі, каб зноў
Высока і ясна
Штодня нашы сэрцы згаралі!

...I мроіцца мне:
Да пакінутай грознай гары,
Што стогне жалобна,
Чакаючы лепшае долі,
Ідзе чалавек —
I ў праменні чырвонай зары
Ён лёгка гару
Уздымае на полі далоняў.

Да іншых галактык
Панеслі зямлян караблі,
Адзін ён застаўся —
Як помнік, стаіць нерухома.
Нікога жывога
Няма больш на мёртвай зямлі,
Спрэс попел, ды пыл,
Ды астылы бетон касмадромаў.

Так сонца ўзышло.
I гара не адкінула цень,
I сонечны дождж
Скрозь яе на далоні праліўся,
I з нетраў гары
Раптам пырснуў зялёны прамень,
I парастак жыта,
Прабіўшыся, закаласіўся.

Расталі снягі,
I апоўз ледавік, як кара,
I вецер заняўся
Забытай сяўбою...
Любое
Зярнятка рунела,
I стала маленькай гара,
Падобнай на яблык
На дрэве спазнання любові.

I ўсё на зямлі забуяла,
Усё зацвіло,
Шумелі палеткі,
I з коласам колас шаптаўся;
I крыкнуў Сусвету
тады чалавек:
«Ажыло!» —
I зорам у вочы халодныя
Разрагатаўся...

Стаяў ён — шчаслівы,—
I рогату рэха гуло,
Шаптаў:
— Вось і зноў ты
Збалела і радасна б'ешся
Ў грудзях маіх...
Дзякуй
За тое, што ты зберагло
Жыццё на зямлі,
I за тое,
Што ты застаешся

Нязгасна і верна
Служыць у віхурах часоў
Дабру і любові,
Як ты ім служыла спрадвеку...
I ціхія слёзы
Скаціліся ў попел пяскоў
3 вачэй
Чалавека...




Тэатральная балада

На ранішнім спектаклі, у нядзелю,
Было так малалюдна, што гадалі:
Спектакль паказваць ці прасіць вяртаць
Шаноўнейшую публіку білеты,
А ў сэнсе кампенсацыі маральнай
Прапанаваць ёй з'ездзіць у грыбы
3 артыстамі, з Падзоркавым і Зорнай!
I вось прыйшлі з такою прапановай
Да публікі:
галоўны рэжысёр,
Адміністратар, білецёр і нават
Пажарнік, хоць апошняму было
I лепей тое, што так мала люду
Сягоння ў зале, толькі каб нікога
Там не было,—
Было б, вядома, лепш.
Прапанавалі... У адказ на гэта
Шаноўнейшая публіка сказала,
Што ёй не трэба ні грыбоў, ні ягад,
Бо па пытанню гэтаму якраз
На днях яна блукала ў нейкім лесе
I нешта там збірала, а на сёння
Запланавана загадзя ў яе
Мерапрыемства ў плане тэатральным,
I за яго ёй прыйдзецца трымаць
Адказ не белымі ці іншымі грыбамі,
А слушнай справаздачай у прафкоме.
Шаноўнейшаю публікай быў я...
Як узурпатар, я сядзеў пад люстрай
У восьмым радзе, на чацвёртым месцы,

І мог сядзець яшчэ на сарака
Зусім законна, бо ў маёй кішэні
Ляжалі сорак ранішніх білетаў,
Якія даў мне прафсаюзны дзеяч,
Сказаўшы: «Хоць памры, а забяспеч...»
Па сцэне бег узрушаны Палоній
I Гамлету крычаў:
- Ды зразумей ты!
Я не магу ў пустую залу кідаць
Шэкспіраўскія словы... Гэта смешна!
Ён там ад іх аглухне!
Ён адзін!..
Адказваў Гамлет:
— Іх, Палоній, сорак.
Глядзі на іх: усе яны сядзяць
Крывыя, змрочныя, як каралі без тронаў,
Двурушныя, як твой гофмайстар... Ім
Дарма не трэба нашае мастацтва,
Пляваць ім на яго! Ім толькі б жэрці,
Ды хапаць больш, ды піць, ды ціскаць баб!..
I гэты вось, у восьмым радзе... Ён
Сквалыга са сквалыг! Чаго прыплёўся,
Што тут згубіў,— спытай яго,— і будзе,
Нібы талмач будыйскі, нешта плесці
Пра прыгажосць... гармонію... Душу,
Якая жыць не можа без мастацтва,
Ды ўсё гэта —
Брахня!
А праўда ў тым,
Што мешчанін ён, і яму ў даўбешку
Курыную — такі ж, як ён, сквалыга
Увёў:
ах, жывапіс!
ах, музыка!
тэатр!
Як гэта тонка! — ляпнуць паміж іншым
Пра нейкі там экзістэнцыялізм,
Хоць што гэта такое,
ён, пачвара,
I знаць не знае...
Ён, як ты, Палоній,
Жыве за шырмай... Падслухоўваць, зыркаць,
Разносіць плёткі скрозь, усё пра ўсіх
Збіраць у папку, каб у нейкі час
Яе таму падсунуць, хто нічым
Не грэбуе, і ў барацьбе за месца,
За трон вышэйшы і шырэйшы стол —
За лёкая свайго яго прызначыць!..
Вось тут ён — зух.
Вось тут — мастацтвазнаўца.
О, каб жыццё было тэатрам! Ці
Каб ён іграў гофмайстара на сцэне!
3 якой бы я вялікай асалодай
Не рэквізітнай шпагай, а сапраўднай
Яго праткнуў! I паглядзеў: якая
Мярзоціна у ім
замест крыві!..
Ён скончыў маналог. Палоній лыпаў
Жахлівымі вачыма... Рэжысёр,
Адміністратар, білецёр і нават
Пажарнік
так глядзелі на мяне,
Нібы я зараз вытрасу з кішэні
Не пачак ранішніх скамечаных білетаў,
А сорак бомбаў...
I тады!!!
А Гамлет
Сышоў са сцэны:
— Едзеш у грыбы?
— Пра што пытаць...
Вядома, еду,
Гамлет...




Круг

(Пераклад ненапісанай аповесці
Росена Босева)

Мілене Йоіч

Прыйшла.
Абняла, абвіла,
як мяжою дзяржаўнай.
Вось клетка.
Там жаўранак.
Здаецца, зліліся вытокі і вусце.
Чакаю:
адпусціш.
Амаль вар'яцею ў чаканні,
Як шпак у шпакоўні,
дзе лётку забілі.
Я вязень твой, Мілі...
Ніводнай дарогі,
каб ты не дагнала
ці ўвечар, ці ўранні —
Адны скрыжаванні!
На ўсіх скрыжаваннях
ідзе барацьба з небяспекай...
Кіёск, дзе гашыш з-пад крыса прадаецца,—
Насупраць аптэкі.
На могілкі
вокны
радзільнага
дома
выходзяць.
Аж зубы халодзіць!
Насупраць цябе —
я —
менестрэлі і бітнікі,
Лес Булонскі,
па-восеньску голы,
Гром на ракетадромах
I аўтамабіляў шалёныя колы,
Крыж Сафіі і Ольстэр,
апошняй Сусветнай калекі...
Як насупраць аптэкі.
Дай літасці, Мілі...
Аб меншым прасіць — вадэвільная сцэна.
Устаўлены вокны малюнкаў тваіх у цагляныя сцены,
Ніводнай сцяны не кранулі асколкі і кулі,
У вокнах — архангелы...
Мілі, цябе падманулі!
Архангелаў твары
як з жоўтага воску
адліты.
Найпершы архангел — твой выратавальнік —
Забіты.
Вядома, дарэмна...
Вядома, ён ісціну ведаў...
На гонках ГРАН ПРЫ
абарвалася сувязь па следу.
Ты зблытала след!
Ты мяне прыняла за былога!..
Як страшна,
калі прапануюць
вакантнае месца
Святога.
Заняць яго — быццам
праз часу масткі
перавесіцца
ў вечнае...

Над гулкай маёй галавой
Німб,
як круг аўтадромны,
высвечвае,
Анёлы па ім
пачынаюць сусветныя гонкі...
I рукі ты ломіш,

Зрываючы
3 пальцаў
Пярсцёнкі.
Круг першы
замкнуты. Ля ганка
вішчаць тармазы дапамогі.
I вершы, закутыя ў рамкі,
Прыгожа падобныя
На некралогі.
Што ж дзеецца ў нас?..
сябе не ствараем — вымучваем.
Закручвае час, як віры травяныя закручваюць,
I мы прывыкаем круціцца,
Тануць прывыкаем,
I ўрэшце —
кругі па вадзе,
Быццам
Кінулі
Камень.
У сховах віроў
круг другі,
круг чужы пачынаецца;
Ён ледзь пачынаецца... і разрываецца.
Самкні яго, Мілі...
Ік соладка спіцца на Віташы!
Іа Віташы,
Густа прапахлай апошнімі вішнямі...
Калі застаемся мы
з боку ад хуткасці,
з боку ад гонак,—
быць — не ганьба,
першым — не гонар,
Гады вышыня вымяраецца
не вышынёй
п'едэстала,
А тым, што было вось...
свяцілася ў нас...
і не стала...
Дай радасці, Мілі...
Па Віташы коціцца, выплаканая,
Спякотная вішня
спякотнага месяца ліпеня.