Так

Кніга паэзіі

Някляеў Уладзімір


Айчына. А чаму?.. Паэмы - Ложак для пчалы

Маці

"Загляне сонца і ў наша ваконца..."
Беларускае народнае.
"Пчала якраз у макаўку ўпякла!.."
Паэма "Вера", 1970.
"Быў сон, які Маланкай звалі..."
Паэма "Маланка", 1981.
"Калі ты паэт ці калі ты званар -
Ты лішні, ты вольны..."
Паэма "Прошча", 1993.
"І што ў вас там, дальбог, за людзі?.."
Паэма "Паланэз", 2000.



Ч а с т к а п е р ш а я
Калявала



Чуваць, як адрастае барада, -
Так ціха тут...

У возеры, бы ў сподку,
Як вока поўным,
Круглая вада
Уздрыгвае, калі штурхаю лодку
Ад берага...

Слізгаюць па вадзе
І расхінаюць возера дзве хвалі...

Дзве хвалі... два жыцці...

Адно нідзе,
Другое ў Тэйска, дзе мяне схавалі
Ад фінаў фіны, каб лавіў вугроў,
Збіраў грыбы і ягады, і слухаў,
Як барада расце...

Маіх сяброў
І схоўшчыкаў завуць Ану і Юха,
Тут хутар іх...
Тут продкі іх жылі...
Аралі, жалі
І спявалі песні,
Як фіны ўсе, што маюць на зямлі
Па востраве, па возеры, па лесе
Пры хутары...

Я, увайшоўшы ў дом,
Убачыў печ з ляжанкай, скарб прыпечны,
Драўляны калаўрот з верацяном
Пашчэрбленым -
і кросны...
Дух спрадвечны
Над калаўротам з кроснамі лунаў,
І пахла лёнам, ніткамі, кудзеляй,
Аўчынай, на адну з шырокіх лаў
Насцеленай...

Я лёг.
Са сцен глядзелі
Дзяды і дзеці, мужыкі, жанкі,
Медсёстры, гімназісты і салдаты,
Пыталіся ў мяне: "Ты хто такі?
Адкуль ты тут? Сваёй не маеш хаты?
Згубіў Айчыну? Ну, чаго ты лёг?.."
"Каб паляжаць, - сказаў я. - На аўчыне
Даўно не спаў..."

У кут пусты, дзе Бог
Пыліўся ў кожнай хаце на Айчыне,
Я паглядзеў...

"Ты звык да абразоў? -
Стары ў капелюшы спытаў, прыўзняўшы
Свой капялюш... Я прамаўчаў. Ён зноў
Прыўзняў свой капялюш: - Багі ўсе нашы
У возеры і ў лесе, гэты край
Паганскі..." Я падняўся: "Наш таксама.
Вада ды лес. Не пекла і не рай".

Глядзелі са сцяны - да рамы рама -
Сям'я ўся, род... Тут Юха і Ану
Апошнія.

Суворы лёс...
Сяляне...

Сярод усіх убачыў я адну...
Яна на фотаздымку, бы ў тумане,
З'яўлялася, знікала, як са мной
У хованкі гуляла... Падміргнула -
І род сялянскі ўвесь
усёй сцяной
Так уздыхнуў, што ледзьве не пагнула
Цвікі ў сцяне...
Я глянуў на сцяну:
"Тут нешта ёсць, - падумаў. - Таямніца...
Дазнацца трэба ў Юхі і Ану,
Калі прыедуць з Тампэрэ..."

"Не спіцца?.." -
Спытаў Стары.
"А вам?.."
"Мне не да сну".
"Чаму?"
"Бо я памёр".
"Ну што ж, не дзіва..."
"Не дзіва? - ён здзівіўся
і крыўдліва
Падціснуў губы... - Што ж тады з дзівос
Цябе здзіўляе?.."
"Апрача нябёс,
Ужо нічога".
"Зорная імгла,
Што сонцы пухірамі надзімае,
Цябе здзіўляе?.."
"Так. А вас?.."
"Пчала".
"Вас муха мёдазборная здзіўляе?" -
Не даў я веры.
"Так".
"А смерць?"
"Пустая
Бяссонніца..."

"А хто жанчына тая?.." -
Абрыдла мне пра смерць і пра імглу.
Стары схмурнеў. "Лятучае лятае -
І хай сабе... Не прыручай пчалу".

І нешта празвінела над сталом...

Была нядзеля.
Белым палатном
З чырвонай вышыванкай стол заслаўшы,
Паставіў я, што меў: кансервы, кашы,
Сыры, вяндліну - стол быў не малы...
І ў сподку кропля мёду для пчалы.

"Прашу!" - я запрасіў, і на сцяне
Замерлі ўсе. Глядзелі на Старога...
Ён капялюш прыўзняў: "Не, дзякуй. Не.
Нам нельга тут. Ніяк. Сваё мы ў Бога
Застолле маем. Там не сыр. Не каша..."
Я перабіў: "А тут хіба не ваша?.."

Ён замаўчаў. Што адказаць, не ведаў.
Прамармытаў там нешта... "я ўжо снедаў..."
А я сваё: "Што маю, і чым хата
Багата..."

Медсястра ўспрасіла: "Тата...
Мы так даўно ўсе разам не сядзелі!..
Вы пагаворыце... Я дапраду кудзелю,
Перад вайною так і не дапрала..."

"А я ў адрыне так і не прыбрала,
Як сэрца тук - і стала... - да капрала
Старая павярнулася. - Сынок..."

"А я тым часам скочыў бы ў шынок,
Сустрэўся б з Пекам, Хоканам і Вілі,
Пакуль яшчэ нікога не забілі..." -
Ужо ўчапіўся гімназіст за раму...

Стары маўчаў.
"Ды пашкадуй ты маму! -
Сястра ўскрычала. - Ды скажы ты, брат!.."
Капрал азваўся ціха: "Я салдат", -
Але чакаў таксама...

На сцяне
Наструніліся так, што затрымцела
У вокнах шкло... І стала нават мне
Не па сабе... Адна глядзела смела
Пчала Старому ў вочы - і ўзляцела,
Як толькі ёй адной
сказаў ён: "Не!"

Сцяну хіснула...
У адным акне
Шкло лопнула - і ф-ф-ы-ы-р пчала ў акно...

"Яна чакала гэтага даўно! -
Стары, губу куснуўшы, сціснуў рот. -
Яна - пчала.
Мы - людзі. Род. Народ.
Не нам, не фінам парушаць закон!.."
І ў вокнах сціх, ледзь пастаяўшы, звон.

Я кінуўся за дзверы!.. Ды куды?..
Сцямнела ўжо, пакуль я прыбіраўся,
Стол гатаваў...
Я ў цемру азіраўся -
І нешта падказала: "Да вады".

Але ж тут возера... і мора... і рака...
Дык да якой вады?..

Яе рука
Маю руку ўзяла - і пацягнула:
"Хутчэй! Хутчэй!" - да рэчкі павяла,
І толькі я абняў яе - куснула,
Каб я не забываўся, што пчала...

"Як зваць цябе?.."
"Я Кася. Тут я - Кайса".
"А дзе ты - Кася?"
"Гэта ўсё - па часе,
Пасля, пасля... Вунь бачыш: там кастры...
Шкада, што не ўдалося медсястры
З капралам... У, Стары!.. На Міттумары
Не грэх павесяліцца..."

Як пажары,
Кастры над рэчкай іскрамі ўскіпалі!..

"На чым павесяліцца?.."
"На Купаллі!"

Купалле сёння! Юханас!..
Яна
Інакш чамусьці свята называла...

"Дык гэта па-паганску. Я не знала -
Стары сказаў..."
"А хто ён, той Стары?.."

Трашчалі, іскры сыплючы, кастры,
І дым лунаў - паганскі, пахкі, мройны...

"Зануда ён, стары наш Вяйнямёйнен!..

Ён мне сам спяваў пра Сампа
І пра чары хітрай Лоўхі,
І старэла Сампа ў песнях,
І старэлі ў песнях чары,
І не мог сам Вяйнямёйнен
З чэрава на свет з'явіцца...

Вось слупы вятроў паўсталі,
Камяні ўзыйшлі і скалы,
І стварыліся краіны,
Толькі вешчы Вяйнямёйнен
З чэрава ніяк не выйдзе...

- Як жа быць і што рабіць мне? -
У сябе ён сам пытаўся, -
У прасторы гэтай цеснай,
У нязручным, цёмным месцы,
Дзе ні зор святла, ні сонца,
Нават месяц не блукае...

І казаў тады ён словы:
- Месяц, сонца залатое
І Мядзведзіца на небе!
Дайце выйсці мне з цямніцы,
Каб убачыць месяц светлы,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца!..

Ды не даў свабоды Месяц,
Не дало свабоды Сонца.

І тады сам Вяйнямёйнен
Зрушыў пальцам безыменным
Цёмнай крэпасці вароты,
Іх рассунуў, касцяныя,
Меншым пальцам левай ножкі, -
Праз парог перапаўзае,
Цераз сені на каленях...

Ён упаў у сіне мора,
Ухапіў рукамі хвалі,
На якіх пракалыхаўся
Шэсць гадоў і сем, і восем,
Покуль выбраўся на водмель,
На бязлесы выплыў бераг...

Тут падняўся ён з каленяў
І ступіў з вады на сушу,
Каб убачыць светлы месяц,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца
І лічыць у небе зоры..."

- Ён на гэты выплыў востраў? -
Ціха я спытаўся ў Кайсы,
І яна мне даспявала...

"Так з'явіўся Вяйнямёйнен
З дзевы вольнага паветра,
Вешчы прашчур-песнятворца...
...Ды згубіў ён дар пяснярскі,
Капялюш сабе надзеўшы..."

Мы ўжо каля кастра былі.
Прысеўшы
На валуне, я ўсё ж яе абняў...

- А ты, скажы, дзе быў? Дзе ты блукаў?
Адкуль і як у гэты свет з'явіўся?
Вароты зрушыў?.. Збіў замок?..

Іскрыўся
У ёй агонь: у целе, унутры.

Я захінуў кашуляй:
- Не згары... -
Але знутры агонь не захінаўся.

І я падумаў: "Што ні гавары -
А як ніяк... Нібы і не з'яўляўся..."

Каб не адказваць, я спытаў:
- А ты?
- Сюды я замуж выйшла з беднаты, -
Зусім не тое, што чакаў, сказала
Яна ў адказ. - Ты бачыў... За капрала.
Але яго забілі на вайне.

- Цябе таксама, Кася?..
- Што ты! Не...
Хто мог забіць? Я нават не памерла...
Пчалою стала.
- А чаму пчалой?
- Бо мёд люблю. А ты мне, як малой,
На донца! Кроплю!..
- Кася, ты павер мне...
- Ды веру, веру... Думаў: я пчала?

Яна празрыста-голая была
У залатым агні: пчала?.. жанчына?..

Яна спытала раптам:
- Як Айчына?.. -
І тут жа крыльцы тонкія ўзняла
І паляцела...

Не, усё ж пчала.

- Скачы за мной! - цераз агонь ляцела
Пчала-жанчына... Я адчуў, як цела
Празрыста-голым стала - і ўзляцеў,
І слухаў над агнём пчаліны спеў,
Яму ў адказ гукаўся...

С п е ў д у э т а м...

"Што ты мне дасі за гэта,
Калі я цябе дастаўлю
На радзімую старонку,
Даімчу да самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае?.."

"А чаго б ты захацела,
Калі ты мяне даставіш
На радзімую старонку,
Даімчыш да самай хаты,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае, -
Шапку золата ты хочаш,
Ці ты возьмеш срэбра шапку?.."

"Ах ты хітры песнятворца,
Ведаеш, што абяцаеш,
Бо мне золата навошта,
Як сама я залатая,
Як яно - забаўка дзецям,
Срэбра - коням для убранства.
А ці можаш ты мне Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
Адкаваць з пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
І з ячменнага зярняці?
Вось за што цябе дастаўлю
На радзімую старонку,
Даімчу да самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае".

"Я скаваў бы табе Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
З лёгкага пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
І з ячменнага зярняці,
Каб даставіла да дому,
Толькі сумна мне адному
Будзе слухаць, як зязюля
Там гады мае кувае".

"Дык дастаўлю з прыгажуняй,
Чараўніцаю-дачкою
Лоўхі, Пох'ёлы ўладаркі,
Каб яна табе спявала,
Каб не слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае..."

- Я мрою, Кайса?.. Гэтак не бывае...
- Вазьмі зярнятка, воўну і пяро,
А малака надоіш... На дабро
Нічога не шкада. Адкуй мне Сампа!

- Калі б умеў, дык я даўно ўжо сам бы...
Хіба зашкодзіў мне б чароўны млын?

Сцішэла Кайса:
- Што ж... Жыві адзін.
Хто марыць пра чароўнае - умее
Чароўнае каваць...

Я ўбачыў: тлее
Адно крыло! І Кайсу падхапіў:
- Ты надта блізка да агню лятаеш!

- Яна спытала:
- Ты мяне кахаеш?..

Каго кахаць?. Пчалу-жанчыну... Кайсу,
Ці Касю?.. Хто яна?..

- Ды не кусайся! -
Усклікнуў я - уджаліла яна!

- Пайшлі купацца. Даставай да дна! -
Яна нырнула. - Што ты невясёлы?..

Адно я ведаў: не ныраюць пчолы.

- Калі ж купацца, як не на Купалле!
На Міттумары!.. Юханас!.. - Яна
Глыбей плыла... І ўся была відна,
І пад вадой свяцілася знутры...
Мяне перавярнула дагары -
І ўбачыліся зоркі, ясны месяц
Так нізка над вадой, нібы павесіў
Яго, скаваўшы, на цвічку каваль...

Мы праплывалі каля дна амаль,
Але ніяк да дна не даставаў я:
Вось-вось... вось-вось... а дно ніжэй, ніжэй...
Нарэшце, камень... і на камень стаў я...
- Табе жыццё, ці Кайса даражэй? -
Перавярнуўся пада мною камень
І нада мной - накрыў і прыдушыў,
І выціснуў з мяне, нібы ціскамі,
Мой дух увесь, я ўжо зусім не жыў,
Таму сказаў - што мёртваму? - што Кайса...

- О, Віпунен!.. Дарэмна... Не старайся...
Што скажа ён, не ведаючы, што?.. -
Шапнула Кайса каменю. - А хто
Цябе сюды закінуў, быццам камень?..

"Гэты вешчы Вяйнямёйнен,
Каве сын, паветра дзевы,
Мацеркі вады, што з хваляў
Падняла адно калена,
Каб на ім зляпіла вуця
Для сябе жытло-гняздзечка,
Залатых нанесла яйкаў
Шэсць, а сёмае - з жалеза,
Каб упалі яйкі ў воду,
Каве, Ільматар у лона,
І каб з яйка, з ніжняй часткі,
Цвердзь стварылася зямная,
І каб з яйка, з верхняй часткі,
Звод нябёс паўстаў высокі,
І з жаўтка каб, з верхняй часткі,
Сонца яснае паўстала,
І з бялка каб, з верхняй часткі,
Ясны месяц засвяціўся,
Са стракатай шкарлупінкі
Зоркі высыпалі ў небе,
А з жалезнай цёмнай часткі
Хмары ў ім павыплывалі...

Гэта вешчы Вяйнямёйнен,
Сын усёстваральнай Каве,
Скрозь пайшоў шукаць два словы,
Тры, не болей, для закляцця,
Што ў любой бядзе зратуе.

Ён шукаў заклёны-словы
У мазгах рачных касатак,
У галовах лебядзіных,
У лапатках у гусіных,
У малой вавёркі ў роце,
Пашчы летняга аленя.

І набіў ён шмат касатак,
Лебядзяў набіў чароды,
Процьму ён здабыў вавёрак,
Табуны злавіў аленяў,
Ды паўслоўца не знайшоў ён,
Што ў любой бядзе зратуе,
На зямлі і ў падзямельным
Царстве змрочнага Туоні.

Стуль дабраўся да мяне ён
Па канцах іголак тонкіх,
Па наточаных сякерах,
Вастрыях мячоў сталёвых,
Ссек з плячэй маіх асіну,
І са скроні ссек бярозу,
Вольхі высек з падбародку,
З барады лазняк пахілы,
З лобу елку векавую,
На зубах ссек бор сосновы,
І калом расціснуў зубы,
Каб сказаў яму тры словы
Віпунен, пясняр заклёнаў, -
Тут яго і праглынуў я.

Ды ўва мне ён зладзіў човен,
Па маіх паплыў ён кішках,
Змайстраваў у бруху кузню,
Стаў каваць, як Ільмарынен,
Грукатаў і біў па сэрцы,
Па пячонцы, селязёнцы,
І з майго дыміўся роту
Жар палёнага жалеза.

Я пачаў заклёны-спевы,
Віпунен, пясняр заклёнаў,
Каб ён вылез з майго бруха,
Каб ён выплыў з маіх кішкаў, -
І ён выйшаў з майго роту,
Словы тыя ўчуўшы ў спевах,
Што зратуюць у няшчасці,
У любой бядзе памогуць...
...І падняў мяне, як камень,
З-пад зямлі ў бяздонне кінуў".

"Мне дазнацца тыя словы
Самы час было б", - падумаў
Я, канаючы, і камень,
Віпунен, пясняр заклёнаў,
Валадар тых слоў таемных
Так спытаў...

"А ты нядрэмна
Грукатаў у маім бруху,
Молатам ты біў па сэрцы,
Па пячонцы, селязёнцы?

Многа ластавак злавіў ты,
Процьму ты здабыў вавёрак,
Табуны дагнаў аленяў,
Лебядзяў набіў чароды
На зямлі і ў падзямельным
Царстве змрочнага Туоні?

Стуль дабраўся да мяне ты
Па канцах іголак тонкіх,
Па наточаных сякерах,
Вастрыях мячоў сталёвых,
Ссек з плячэй маіх асіну,
І са скроні ссек бярозу,
Вольхі высек з падбародку,
З барады лазняк пахілы,
З лобу елку векавую,
Бор з зубоў ты ссек сосновы
І калом расціснуў зубы,
Каб сказаў табе тры словы
Віпунен, пясняр заклёнаў?"

- З яго ўжо вылятае дух ягоны,
Пусці! - штурхнула Кайса. - Мы ляцім!..

І камень адваліўся - і над ім
Так нізка, як на нітачцы, плыў месяц,
І мы на месяц селі, дзе павесіць
Я быў гатовы Кайсу, ды была
Бязважкаю лятучая пчала...

"Пчолка, лёгкі чалавечак,
Моры два пералятае,
Тры, не меней, не спачыўшы
Ні ў чаротніку, ні ў лесе,
Цераз водныя бяздонні,
Вогненныя вадаспады,
Ледзяныя цераз горы,
Цераз неба ўсё да Сонца
Па здабытак: кроплю мёду...

Думаеш, не страшна пчолцы?"

"Дык нашто? - калі на сподку..."
"А адкуль?.." - яна спытала.

Па ёй, нібыта ў дожджык па вясёлцы,
Вада начная кроплямі сцякала...

Яна над цёплым месяцам лятала,
Які квітнеў мурожнымі лугамі -
Я думаў: тут пустэча...
Побач з намі
Мільгнуў хлапчук... той гімназіст! "Уцёк!" -
Ён пракрычаў, ударыўся ў ражок,
Ледзь зачапіўшы месяц - і за хмары!..

- Павесяляцца ўсе на Міттумары,
Нікога не ўтрымае наш стары
І вешчы Вяйнямёйнен!..

Ля гары,
Нібы пасечанай, стаялі граблі, вілы...
Я налятаўся, мне балелі крылы,
І я ўзмаліўся: "Адпачыць пара!.."
"Па-мойму, - голас Кайсы завагаўся, -
Яшчэ лятаць таму, хто налятаўся,
Не адпачыць... Бо гэта не гара".

Я дзвюх жанчын убачыў пад гарой,
Старую з маладой, і ў маладой
Спытала Кайса:
- Кюллікі, а колькі
Вы згрэблі?

Адказала тая:
- Толькі
Двух пальцаў не падгрэблі... Драбязы...
А так наш Леммінкяйнен цалкам цэлы,
Мой Каўкам'елі-валацуга... Цела,
Каб склеіць нажыва, у іншыя разы
Намазвалі мы мёдам... Ты злятаеш?..

"Кайса, пчолка залатая, -
Узмалілася старая, -
Сын мой, Ахці Леммінкяйнен,
Развясёлы валацуга,
Лоўхі ў парабкі наняўся,
Доннай Пох'ёлы ўладаркі,
Каб здабыць лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаць Нязлоўцу,
Лебедзя злавіць Святыню,
Заслужыць пасаг у Лоўхі
І дачку яе ў нявесты".

"Вецер..." - Кюллікі ўздыхнула.

"Ды пастух у мокрай шапцы,
Дзед сляпы з краіны Маны,
Падсцярог яго дарогу,
Перапоўз яе змяёю,
Вадзяной прабіў гадзюкай,
Найатрутнай, сэрца сына.

Потым сына сек сякерай,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
Разляталіся, як трэскі,
Па зямлі далёка косці,
А скрываўленае мяса
На сякеру наліпала.

Векавечны Ільмарынен,
Што каваў для Лоўхі Сампа,
Мне скаваў такія граблі,
Адкаваў такія вілы,
Каб па ўсёй зямлі зграбала,
Каб да месяца дастала.

Я зграбла ўсе чыста косці,
Віламі знасіла мяса,
Склала цела майго Ахці,
Майго Каўкі, Каўкам'елі,
Не хапае ў ім двух пальцаў
І жыцця ў ім не хапае.

Кайса, пчолка залатая,
Два разы ты ўжо лятала,
Паляці яшчэ і ў трэці
За нябесныя вышыні,
За дзевятае за неба,
За Мядзведзіцы лапатку
Ды за спіну сямізор'я,
За касу сузор'я Дзевы,
Скуль да Боскага палацу
Недалёкая дарога,
Дзе ты возьмеш мёду ў Бога,
Што Ён толькі сам смакуе,
Толькі Ён ім валадарыць,
Каб зрасціць уцэла часткі,
Хай сабе і без двух пальцаў,
Майго Ахці, Каўкам'елі,
І ўдыхнуць у іх жывое..."

Я падумаў, што такое
Мне не менш, чым Каўку, трэба,
Каб раскіданыя часткі
У сабе зрасціць уцэла,
Хай бы нават без двух пальцаў,
Ды не стаў прасіць у Кайсы,
Бо ўжо ведаў, што спытае:

"Ці дачку ты сватаў Лоўхі,
Доннай Поўначы ўладаркі,
Ці здабыў лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню,
І пасля цябе на часткі
Сек пастух у мокрай шапцы,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
І ляцелі, нібы трэскі,
Па зямлі далёка косці,
І скрываўленае мяса
На сякеру наліпала?.."

Пакуль пчала нястомная лятала
Да Бога ў госці, я пабыў адзін
На Месяцы... Адтуль было відаць
Адразу ўсё, што бачыў я па частках,
Калі быў на зямлі і ў частках жыў...

Я там не бачыў, што я там згубіў,
А тут адкрылася:
і лебедзя Святыню,
і жарабя Нязлоўцу,
і лася...
І нават згуба гэтая - не ўся.

Ды тое - патаемнае... Няхай...
Не, не Айчына... Не зямля, не край,
Дзе я з усімі разам кукурэкаў -
Такое б лепш згубіць...

"Сустрэўся з Пеккам!" -
За Месяцам я ўчуў лятучы крык,
Які ў ражок ударыўся і знік.

І жаргнуў ён па мне, нібыта пуга!..
Я ж некалі лятаў! Ныраў на дно!..

У Крэве вечар... з танцамі кіно,
Мяне чакае Кася там даўно,
А я, як Леммінкяйнен-валацуга,
Пасечаны, на Месяцы ажно...

І там Купалле! Што мне Міттумары!..

А ў Менску сумна піва п'юць у бары
Лявон з Ляксеем... Кажа Аляксей:
"Давай шукаць Валодзьку, дзе ён дзеўся?.."

Глядзяць на месяц...

"Ён агню аб'еўся?.." -
Лявон пытае.
Кажа: "Не касей, -
Яму Ляксей. - Не астранаўт. Не Амстранг".

Я рваў для Касі ў Стапуліхі астры,
Крычала тая: "Ты свае пасей!.."

"Пайшоў па бабах", - кажа Аляксей.

Амаль што і ўгадаў... З нябёс дзевятых,
З-пад самага сузор'я Дзеў крылатых
Зляцела Кайса, лёгкая, як сон...

"Тады за Месяц!" - піва ўзняў Лявон.

"Цудадзейным мёдам Бога
Маці сына націрае,
Мажа косці па расчэпах,
Мяса мажа па разрэзах,
Мажа зверху, мажа знізу
І ў сярэдзіне, дзе будзе
Ажываць у ім жывое,
Каб стаў гэткім, як ранейшы,
За ранейшага стаў лепшым..."

"Як ранейшым лепшым стаць?.."

А Леммінкяйнен стаў ужо ўставаць,
Пацягваўся спрасонку, валацуга...

"Я з Хоканам сустрэўся!" - крыкнуў з луга
Лятучы гімназіст. За ім сястра
Мігцела, як жарынка ад кастра:
"Раздумала я дапрадаць кудзелю!
Павесяліцца лепей у нядзелю
На Міттумары!.. Кюллікі! Сто год
Не бачыліся! Кінь ты граблі-вілы!.."

Размашысты ў Фінляндыі народ.
Вясёлы. А ўсё кажуць, што панылы...

"Я здабыў лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню",-
Як ранейшы і як лепшы,
Абудзіўся Леммінкяйнен,

Кюллікі сказала: "Кінь ты..."

"Ты падзякаваў бы Богу,
Мне і Кюллікі, і Кайсе,
І занёс дахаты граблі,
Зацягнуў дахаты вілы,
Каб іх зноў наступным разам
Не каваў мне Ільмарынен", -
Маці стомлена сказала,

Толькі лепшы Леммінкяйнен,
Не падзякаваўшы Богу,
Маці, Кюллікі і Кайсе,
Згледзеўшы, што ясны Месяц
Плыў усё далей ад цёмнай
Пох'ёлы, дзе валадарыць
І дачок гадуе Лоўхі,
Ды такіх, што ў іх са скроняў
Срэбрана святло ліецца,
А з грудзей сцякае сонца,
З плеч - Мядзведзіцы блісканне,
Са спіны ўсіх зор зіхценне,
Скочыў з Месяца адчайна
Валацуга Леммінкяйнен,
Як стаяў, сторч галавою,
Пракрычаўшы: "Без двух пальцаў
Як цягнуць мне граблі-вілы?.."

"Што ж..." - тут Кюллікі сказала,
Узляцеўшы за сястрою
І лятучым гімназістам.

Было ў нябёсах велічна і чыста.
Мяне даўно ўжо ні адно з дзівос
І не здзіўляе, апрача нябёс.

Але стары здзіўляецца пчале
Таксама нездарма...
На поўні тле
Ляцелі мы, абняўшыся, да рэчкі,
Дзе, з вышыні падобныя на свечкі,
Кастры гарэлі - і каля кастроў
Скакалі, голыя, з капралам ("Будзь здароў! -
Яму я крыкнуў) пад вянкамі дзевы...

- Тады ляцім да мора... - ("Кайса! Дзе вы?" -
Скрозь полымя галёкаў нам капрал).

- Там ложак у мяне. Марскі карал.
Калі не заканапіў, не затахтаў
Мой ложак Ахта.
- Ахта?.. Хто такі?
- Слуп вадзяны. Зялёны бог марскі.
Сустрэча сёння ў іх з азёрным богам
І богам рэк... Уся вада ў адну
Зліваецца ў Купалле...

- Дай мне сну, -
Праплёскаў Ахта. - Не будзі старога...
- Цябе пабудзіш... З дзевамі зноў спіш?
- Я так і думаў: сёння прыляціш.

Я спытаўся: "Хто з ім злева?"
"Удутар, туману дзева".
Я спытаўся: "Хто з ім справа?"
"Мар'ята, таксама дзева,
Што ад ягады зачала."
"Як ад ягады зачала?"
"Так ад ягады зачала, -
Тут жа Кайса паказала:
Скокнула з зямлі брусніца
Ёй на чыстае калена,
З чыстага яе калена
На фальбону пад сукенку,
Скочыла вышэй на пояс,
С пояса на белы грудзі,
А з грудзей на падбародак,
З падбародку ўжо на губы...
З губ у рот яна слізнула..."

Ахта мовіў: "Я раўную".
"Велламу раўнуй!.."
"Старую
Раўнаваць вады царыцу,
Што сама не паляніцца
Збегаць сёння ў ягады?.."

Цягнула золлю ад марской вады
І ў Кайсы трохі ацяжэлі крыльцы...
- Давай паспім хвілінку, хай прысніцца
Табе Айчына... Ты хлапчук малы...

Не мог заснуць я ў ложку для пчалы.

Раптам трое падыходзяць,
З імі - лепшы Леммінкяйнен:
"Будзеш спаць ты ўночы, Ахта,
Не падымеш шторм у моры,
Па якім нам плыць на Поўнач,
Каб забраць у Лоўхі Сампа?"

"Буду спаць я, Леммінкяйнен,
З дзевай левай, Ільмарынен,
З дзевай правай, Вяйнямёйнен,
І царыца шторм не ўздыме,
Ноччу ў ягады адбегла".

Гэта вешчы Вяйнямёйнен!
Векавечны Ільмарынен!
З імі лепшы Леммінкяйнен, -
І плывуць яны па Сампа,
За які мяне даставіць
Пчолка Кайса да Айчыны,
Дзе пачне куваць зязюля -
Золата ліецца з роту,
І сцякае медзь па пёрках
На далінкі ды пагоркі...

Я ўзмаліў: "Мяне вазьміце!.."
Ды не ўзяў бы Вяйнямёйнен,
І не ўзяў бы Ільмарынен,
Калі б лепшы Леммінкяйнен
Не прамовіў: "Як два пальцы...
Разам мы былі на поўні,
Разам паплывем на Поўнач".

Разам стаўшы каля мора,
Мы да чоўна так сказалі:
"Як пухір, плыві па хвалях,
Кветкай па вадзе-быстрыцы.
Тры пяры ты дай, арол нам,
Тры - арол і два - варона".

- Тут нявыкрутка такая... -
Як свайму, мне Леммінкяйнен,
Калі човен мчаў у мора,
Давяраўся. - Я не маю,
Апроч вольнага занятку,
Аніякага другога,
Ды і вешчы Вяйнямёйнен,
Так бы мовіць, толькі вешчы,
Толькі кантэле і мае.
Лоўхі выбрала скупая
З трох зяцёў... каго б ты думаў?..

Я сказаў: "Цябе, вядома".

- Каваля!.. Бо Ільмарынен
Адкаваў ёй млын чароўны,
Каб муку адным ён бокам,
А другім ён соль малоў бы,
Трэцім - каб намолваў грошы...

Праз выпадак нехарошы
Ды праз час, што хуткацечны,
Ільмарынен векавечны
Стаў, канечне, удаўцом,
А той млын малоў і меле...
Ну дык мы на трох падзелім,
Забярэм у Лоўхі Сампа!..

"З ім дамоўлюся, бадай што", -
Усплыла ўва мне надзея".

Хутка лодка ў ноч нядзелі
На Купалле ў мора мкнула,
І расказваў Леммінкяйнен,
Каб яшчэ хутчэй плылося,
Як ён плыў і плыў аднойчы
І прыплыў на Востраў Дзеваў,
Дзе іх тысяча, нястомных,
І яшчэ тры сотні ўдоваў,
І як лепшы Леммінкяйнен
З іх ніводнай не пакрыўдзіў,
Апрача адной бабулі...

Тут і вешчы Вяйнямёйнен
Над кармой устрапянуўся,
Расказаў, як шчупачыху
Неяк быў злавіў такую,
Што з зубоў яе і пашчы
Кантэле такое выйшла,
Што зляталіся ўсе дзевы
Тое кантэле паслухаць,
І збягаліся ўсе ўдовы,
І прыйшла адна бабуля...

Векавечны Ільмарынен
Расказаў, як ён для Лоўхі
Адкаваў той млын чароўны,
Каб муку адным бы бокам,
А другім ён соль малоў бы,
Трэцім - каб намолваў грошы...

А цікавага нічога
Не паведаў Ільмарынен.

Так даплыў да Сарыёлы
Па спакойным моры човен,
І на бераг выйшла Лоўхі,
Снежнай Поўначы ўладарка,
І сказаў ёй Вяйнямёйнен:

"Прыплылі забраць мы Сампа,
Падзяліць на трох герояў".

"Паміж трох дзяліць вавёрку?
Разам грызці курапатку?
Я адна ўладарка млына,
Пох'ёле належыць Сампа".

І пайшлі, каб Сампа сілай
Адабраць у гор скалістых,
Вяйнямёйнен, Ільмарынен,
Самы лепшы Леммінкяйнен.

Верны вешчы Вяйнямёйнен
Распачаў заклёны-спевы
Каля скал меднакаменных,
Перад крэпасцю гранітнай -
Пахіснуліся вароты,
І крукі ў іх затрашчалі...

Векавечны Ільмарынен
Раскаваў замкі рукамі,
Пазрываў з варот засовы -
Расчыніліся вароты...

Стаў вясёлы Леммінкяйнен
Вырываць са скалаў Сампа,
Што карэнні запусціла
У граніт на дзевяць сажняў -
І не вырваў... Бык здаровы,
У чатыры сажні морда,
Кожны рог ягоны ў сажань,
Побач пасвіўся на скалах,
Жэр гранітнае каменне,
І, бычыну ў плуг упрогшы,
Выкарчаваў млын чароўны
Самы лепшы Леммінкяйнен...

Паплылі назад пад песні...
Тут усіх і папрасіў я,
Леммінкяйнена найболей:
"Вы мне дайце частку Сампа,
Каб яе аддаў я Кайсе,
Што дамчыць мяне дадому,
На далёкую Айчыну,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае".

Тут вясёлы Леммінкяйнен
І пачаў: "А ты?.." Чакаў я,
Што закруціць ён катрынку
Зноў пра тое: пра Гардэчу,
Пра Нязлоўцу, пра Святыню
Ды яшчэ быка-бычыну
З мордаю ў чатары сажні, -
Не!.. Адно ўсяго спытаўся
Самы лепшы Леммінкяйнен:
"Ты на Востраў Дзеваў плаваў?.."

"А якую хочаш частку? -
Запытаўся Вяйнямёйнен. -
Млын, што соллю пасыпальны,
Ці мукою павявальны,
Ці грашымы пакружальны?.."

Мне б не ў шкоду пакружальны
Млын займець было б, вядома, -
Весялей бы слухаў дома,
Як зязюля мне кувае, -
І насыпаў бы ён солі,
І мукі б ён мне навеяў -
А які прасіць для Кайсы?
Што б яна займець хацела?.."

І пчала на вуха села:
"Мець хачу душу я ў целе -
Тую частку мне, што меле,
Проста меле, як спявае,
Як душа млына жывая..."

Векавечны Ільмарынен
Не спытаўся анічога,
Быццам ведаў, што патоне
У марскім бяздонні Сампа,
Што раз'юшаныя хвалі
Трэскі выкінуць на бераг,
І што ўсё, што застанецца -
Песня і душа жывая...

Калі словы, што на вуха
Прашапталіся пчалою,
Паўтарыў я - Вяйнямёйнен
Так сказаў: "Прасі, што хочаш,
Анічога не шкада нам,
Ані хлеба, ані солі,
Ані грошай незлічоных,
Ды аддаць табе не можам
Песню і душу жывую...

А калі аддаць не можам -
І не можам не аддаць мы,
Бо ты з намі плыў на Поўнач
І спяваў са мной заклёны,
І стаяў каля варотаў,
І быка памог упрэгчы,
Дык тады - у мора Сампа,
У палац падводны Ахты!.."

Тут як крыкнуўАхта:
"Ах ты!.."
Як ускочыў Ахта:
"Што вы?!." -
Ды як грозна ўзбушаваўся:
- Хто млынамі на голавы
Сярод ночы раскідаўся?!.

Я прачнуўся, дзе паклаўся...

"Ты лепшы, чым я думала, у снах", -
Шаптала Кайса, як вада шумела,
І цалавала... На яе губах
Брусніца недаспелая кіслела.

Былі ўдваіх мы ў ложку для пчалы -
Ні Удутар, ні Мар'яты, ні Ахты...

"А дзевы дзе?.."
Пчала сказала: "Ах ты
Мой Леммінкяйнен!.."
З мора, з-за скалы
Вясёлы голас тут жа даляцеў
І каля вуха прасвістаў, як куля:
"Мы прамінулі ўночы Востраў Дзеў!
Там засталася для цябе бабуля..."

"Чаму ты анічога ў іх не ўзяў?" -
Пчала куснула.
"Я хацеў... ты ж чула..."
"Але ж не ўзяў..."
"А ты мне што шапнула?..
Я тое і прасіў, чым млын спяваў:
Душу млына. Яго жывую сілу...
На лішні грэх мяне ты спакусіла,
І так грахоў тых..."
"Я не спакуша…"
"А хто
прасіў душу?!"
"Дык для цябе прасіла!"
"Як - для мяне?.. Свая ўва мне душа".

"Ты гэтак думаеш?.."
Я ўстаў.
"Ну ты спытала!.."
"А ты дачуўся, што пытаю я?..
Ну вось карал. У ім душа карала.
Ва ўсім - ягоная. А ў чым твая - твая?

Глядзі: сусвет які ў адным карале...
Якія звівы... Космасу вузлы...
Ён луг... Ён неба... Вулей... Для пчалы
Карал - найлепшы ложак... І не злы
Карал, як ты! - пчала ўзляцела, краля
Празрыста-голая. - Да возера ляцім!
А то праспім усё тваё Купалле
І Міттумары наша ўсё праспім!.."

Не надта мне ляцелася... Я цела
Абмацваў: дзе душа?..
Яна была,
Яна ўва мне, нібы пчала, звінела,
Ва ўсе бакі ляцела, як пчала...

Адно здзіўляла толькі: не балела.
Так не балела, быццам не жыла.

Ля возера - наўкол - жанкі стаялі,
Вязалі з ніцяў сеці,
і луналі
Над імі спевы - тыя ж, што і ў нас,
Калі жанкі спявалі ў даўні час...

"Ты, лянок, што ўночы вырас,
Месяцам напасяваны,
У вадзе ты мякка вымак,
Абабраны, ачасаны,
І пад сонцам хутка высах,
Цвёрда біты, цвёрда драты,
Растрапаны на валокны,
У кудзелю перамяты,
Скручаны на верацёнцы,
Спрадзены ў тугія ніці,
Сплецены ў тугія сеці -
Сонца ў Алуэ лавіці..."

Было іх многа... Столькі - не злічыць...
І столькі ж у жанок, сплятаўшых сеці,
Мужчын было, каб кожную - любіць.
І Кайса да мяне прыльнула -
вецер...

Спляталі палюбоўнікам вянкі,
У луг і лес апранутыя, дзеці...
- Скажы мне, Кайса: для чаго ім сеці? -
А Кайса: "Ах!.. Няўважлівы які!..

Ты нават не заўважыў, што такая,
Як сеці, ноч купальская даўгая...

Скажы: так доўга
ты кахаў?.. любіў?.."

І ўджаліла, каб я яе не сніў,
Мой мёд сабраўшы, залатая муха!..

Я ўбачыў Ільмарынена: ён плыў
У чоўне тым, што мне пакінуў Юха.

Ляцела Кайса лёгка над вадой,
Спяваючы - верацяно пустое!
Абы круціцца ёй!..

"Прысядзь са мной, -
Сказаў мне Ільмарынен. - Залатое
Ты меў што-небудзь у сваім жыцці?.."
"Пчалу".
"І ўсё?"
"Бадай што..."
"Адпусці!"
"Чаму?"
"Бо залатое ўсё - не тое...

Адкаваў я неба кроквы,
Дах лятучаму паветру,
Караблі каваў і зброю,
Рыб каваў, звяроў і птушак,
Анічога ў Калявале
І няма, што не скаваў я,
Ды таго скаваць не выйшла,
Што хацеў скаваць найболей.

Браў я золата марское,
Срэбра браў з рачных быстрыцаў,
Кідаў іх у плаўкі горан,
Каб скаваць сабе нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
Выйшла з горана авечка
Серабрыста-залатая.

Хай бы бэкала авечка,
Ды я кінуў яе ў горан
І каваў з яе нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
Выйшаў з горана жарэбчык
Серабрыста-залацісты.

Хай іржаў бы той жарэбчык,
Ды яго я ў горан кінуў
І каваў, каваў нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
І нарэшце выйшла дзева
З залатымі валасамі.

Адкаваў я рукі, грудзі,
Губы, вочы, як жывыя,
І паклаў сваю нявесту,
Жонку любую для ўцехі
На высокія падушкі,
На пуховую пярыну,
На засланы шоўкам ложак -
А яна не абдымае.

Насцяліў я цёплых коўдраў,
Шалікаў, накідак, хустак,
Дываноў ваўняных, мяккіх,
Воўчых і мядзвежых футраў -
Толькі холад пранізае
Ды марозам цягне лютым.

І рашыў я: Вяйнямёйнен,
Што дачку не ўзяў у Лоўхі,
Хай маю нявесту возьме,
Жонку любую для ўцехі.

Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Падарунак мой не ўзяўшы,
Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Кінь ты ў горан гэту дзеву
І накуй карысных рэчаў".

Стаў тады каваць я Сонца,
Кінуў дзеву ў горан плаўкі
І каваў тры дні і ночы,
Адкаваў, падняў на елку
Над святой палянай Восма -
Толькі сонца не свяціла.

Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Што зірнуць прыйшоў на сонца,
Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Золата не стане любай.
Сонцам золата не стане".

Не стрываў я:
- Ільмарынен!..
А нашто каваў ты жонку?.."

- Бо адна, што ўзяў у Лоўхі,
Жонка першая, памерла,
А другую жонку ў чайку,
Не стрываў, перакаваў я,
Каб лятала ў дальнім моры
І на хвалі там крычала.

- А нашто каваў ты сонца?..

- Бо варонай чорнай Лоўхі,
Каб за Сампа нам адпомсціць,
Узляцела, сонца ўкрала,
Цёмнай стала Калявала.

"Вось чаму яна такая
Ноч купальская даўгая!" -

Зірнуў я ў ноч... І ўбачыў на вадзе
І пад вадой святла блуканні... Плямы,
Што ў возеры ўсплывалі дзе-нідзе...
- Там камяні... карчы... прадонні... ямы... -
Сказаў каваль, з тугой пацёршы скронь. -
Знайдзі, дзе ён стаіўся...
- Хто?..
- Той самы
Шчупак... ці сіг, які зглынуў агонь.

"Як не стала ў небе сонца,
Як яго не адкаваў я,
Дык здзівіўся нават Ука,
Цар нябесны, Бог вярхоўны,
Што так светла ва ўсім свеце -
І так цёмна ў Калявале.

Ён на межы неба выйшаў,
Стаў у сіненькіх панчошках,
Выбіў Ён агонь з пазногця,
З пальца выпусціў зарніцу,
І аддаў іскрынку тую
Дзеве вольнага паветра,
Каб яна злюляла Сонца
З той іскрынкі Калявале.

Дзева села на аблоках,
На крайку высокай хмары,
Каб агонь на ёй люляці,
Закалыхваці зарніцу
У чырвоназлотай люльцы
На сярэбраных падвязках,
Каб хутчэй расло з дзіцяці
Сонца цёмнай Калявале.

Ды ўсчалася навальніца,
Перагнуўся дах нябесны,
Выпала дзіця з калыскі,
Тая кропля залатая,
Праляцела, прышыпеўшы,
Вокамгненная, праз хмары,
І ў глухую ноч упала -
Невядома, як далёка...

Тую вогненную іскру
Я пайшоў шукаць па свеце,
І пайшоў шукаць са мною
Іскру тую Вяйнямёйнен,
Праплылі Няву-раку мы,
За Нявой сустрэлі Каве,
І сказала маці сыну
Дзе шукаць агонь нябесны.

Ён у Алуэ скаціўся,
Многа бедаў натварыўшы,
Паў-Карэліі спаліўшы,
Пох'ёлы і Савы хаты,
І яго ў вадзе халоднай
Сіні сіг зглынуў галодны,
Сіга - хуткая пяструшка,
А яе - шчупак зубаты.

Ды ўскіпець паспелі воды,
Алуэ катлом бурліла,
І кідаўся сіг на сіга,
І пяструшка на пяструшку:
"Дзе мужчыны Калявалы?
Шчупака чаму не ловяць?
Можа, ім не трэба Сонца,
Калі ўжо агню баяцца?

Дык на тых, хто жыць баіцца,
Бог з нябёс праклён абрыне!.."

Над берагамі іскрай, бліскавіцай
Лятала Кайса... Ноч маўчала глуха...
Закідваў сеці ў воды Ільмарынен,
З той лодкі, што пакінуў схоўшчык Юха.

І падляцела Кайса: "Не баішся?
Як што - паспі. Тут ложак у мяне
На шчупаку. На самым-самым дне..."

"Ты б не іскрыла так... Пераіскрышся..." -
Сказаў я ёй, узяўшыся за сеці...

Мужчыны і жанкі,
Старыя, дзеці,
Увесь народ па берагах усіх
За сеці ўзяўся...
Толькі так у іх -
Калі ўсе разам! -кінуты з нябёс
Агонь злавіцца можа: доля, лёс,
Злавіцца Сонца можа з цемнаты -
І той шчупак, што зжэр агонь святы...

Праз імглу, праз ноч, праз вецер
Ставяць сеці, цягнуць сеці
Мужыкі, жанкі і дзеці -
Да крывавых мазалёў!
Вось што значыць
Жыць у свеце,
Дзе адзін агонь:
Любоў.

Выйшаў волат з вод азёрных,
Сеці там да дна давёўшы,
Кажа волат: "Трэба нехта,
Хто пагнаў бы тую рыбу
Найвялікай самай палкай", -
І герой, ад немаўляці
Трохі большы, ссек асіну,
Прывязаў скалу да верху,
Грукануў з пляча ў прадонне...

Воды Алуэ ўзбурлілі,
Сеці рваў шчупак зубамі,
Рваў хвастом і плаўнікамі,
Сам сябе парваў - не іх:
Сеці, сплеценыя з бітых,
Сеці, сплеценыя з мятых,
Сеці, сплеценых з дратых,
Вечных нітак ільняных.

Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Шчупака наверх падняўшы,
Запытаў: "Хто возьме рыбу
Без жалезных рукавіц?"
І другі герой - скалаю
І яшчэ скалой другою -
Распластаў імгненна рыбу,
Як маланкамі нажніц.

Трэці ўзрэзаў так пяструшку
І ў пяструшцы ўзрэзаў сіга,
Сіні клуб з яго дастаўшы -
Разматаўся сіні клуб,
І пабег па сіняй нітцы
Сам-агонь, клубок чырвоны,
Вяйнямёйнену спаліўшы
Бараду да самых губ.

І ад возера пабег ён
Па ядлоўцу - берагамі,
Па сасонніку - раўнінай,
Па пагорках - дубняком,
Паў-Карэліі спаліўшы,
Пох'ёлы і Савы хаты..."
...Востраў, хутар спапяліўшы -
Дом Ану і Юхі дом.

"Дзе ж мне жыць цяпер?.." -
я ўсплакаў...

Верны вешчы Вяйнямёйнен,
З кантэле з касцей шчупачых -
І таму такіх шчыпачых -
Са спалёнай барадой,
Распачаў заклёны-спевы
На святой паляне Восма,
Па-над Пох'ёлай і Савай,
Над зямлёй і над вадой.

Голас плыў, бы ў моры хвалі,
Па ядлоўцы - берагамі,
Па сасонніку - раўнінай,
Па пагорках - дубняком,
І ён выспяваў нанова,
І, як новыя, паўсталі
На святой паляне Восма
Кожны хутар, кожны дом.

А агністы той клубочак,
Як пачуў заклёны-спевы,
Так схаваўся ў залацістых,
У дубовых жалудах,
І яго на іх сабрала
Залатая пчолка Кайса
І па горанах разнесла
Ды па хатніх ачагах.

Ты, агонь, у іх гары,
Плаў жалеза, боршч вары.

Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Што ўсё выспеваў нанова
У далёкіх і найдальніх
Калявалаўскіх краях,
Блізка - і не нахіліўся,
Побач - і не азірнуўся
На Ану і Юхі хутар,
На ягоны пыл і прах...

"Ё-маё... - я думаў ціха. -
Не было, дык стала ліха...
Што скажу Ану і Юху?
А казаў жа мне Стары...
Бляха-муха, гэту муху,
Гэту муху-палятуху,
Залатое яе бруха -
Кожнай ножкай дагары!..

Хоць за джала... хоць за крылы...
Хоць на граблі... хоць на вілы...

Ды згары яно, каханне...
Хоць уночы... хоць уранні...
Не хачу ўжо анічога:
Ні расстанняў, ні сустрэч...
Калі ўсё, што ёсць у Бога
Для мяне на белым свеце:
Дым пусты жытла чужога
Ды задымленая печ.

- Паслухай, Кайса... Лёс мой чалавечы
Пчаліным мог бы доўжыцца... але...

- Бывай! - пчала ўзляцела. - Не на печы
Задымленай
Спаць залатой пчале.

І знікла з ветрам... човен загайдала...

Над востравам, як стала, ноч стаяла.
Да берага я човен падагнаў
І лёг на печ, дзе ўсё дзяцінства спаў.

Заснуў каменна. Як на дне. Глыбока.
З глыбокіх сноў відаць усё далёка...

На пагорку найвысокім
Крэўнакрэўскага Святгор'я
Плача, як спявае, маці
І спявае так, як плача,
Каля гуры белых трэсак...

Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..

Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...

Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...

Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...

Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...

Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...

"Што ты плачаш, мая маці,
Гэтак плачаш, як спяваеш,
І спяваеш так, як плачаш,
Каля гуры белых трэсак,
Каля ссечанага вецця,
Каля змеценай лістоты?.."

Плача маці, кажа маці:
"Гэтым летам на Святгор'і
Паваліла Дуб Маланка,
Што з табой жыла ў пячоры,
Што прапала-знікла ў моры, -
Помніш?.."

"Помню..."

"Што спаліла
Крыж над нашаю царквою,
Калі ты ішоў да шлюбу,
Калі браўся ты з другою, -
Не забыўся?.."

"Не..."

"І ўзяўся
Цар нябесны наш Пяруне
Дуба секчы, Дуба трушчыць,
За дачку з табой квітацца.

Верхавіны абламаў ён,
Тысячы сукоў-галінаў,
Ствол ушчэнт пабіў, на трэскі,
І кару парваў на крыльцы
Меншыя за матыльковы,
Ды яшчэ лісцё развеяў..."

"І няхай пасек, патрушчыў,
Што мне тыя верхавіны,
Тысячы сукоў-галінаў,
Трэскі ўсе, кара ды лісце?.."

Ціха маці праўздыхала:
"Тое ёсць, што не казала...

Я сем год цябе чакала,
Дзевяць месяцаў насіла,
А пасля і сем, і дзевяць
Дзён яшчэ ты не з'яўляўся,
І жывы ўва мне ты?.. Мёртвы?.. -
Не было на тое знаку.

А калі я на Святгор'е
Паднялася памаліцца -
Так у мне ты скалануўся,
Што замглілася я цёмна.

І пачула голас з Дуба:
"Сына ты тады народзіш,
Калі мне паабяцаеш
Даць душу яго жывую".

"Душы Богу абяцаюць!..
Хто ты?.." - стала я хрысціцца.
Голас быў: "Тады нікому -
Хай не выйдзе ён з цямніцы".

Можа, Боскі голас?..
"Як мне
Абяцаць душу-жывіцу
Ды на страту ці на згубу?.."

"Ёсць дупло ў грудзях у Дуба,
Дно пасыпана травіцай,
Што былінку да былінкі,
Кожну-розну, па Святгор'і,
А чатыры па ўсім свеце
Назбіраў лятучы вецер.

Падыміся, пакладзіся
Ты на ложа траў гаючых,
На якім народзіш сына,
Паляціць які па свеце,
А душою, першым крыкам,
Будзе жыць у шуме Дуба
І лунаць па-над Святгор'ем
У яго зялёным шуме".

"Ой ты бедны мой жураўку,
Мой ты вецер, мой ты сыне...

То ж не дуба павалілі,
Не яму пасеклі вецце,
А душу тваю пабілі,
Раскідалі па ўсім свеце...

Я сабрала, мой ты сынку,
Жураўку ты мой жураўку,
І душы тваёй галінкі,
І кару яе, і трэскі,
І лістоту зеляную,
І гадаю, як жа сілу
У яе ўдыхнуць жывую?..

Помніш, сыне, тыя вуллі,
Што ты ставіў з дзедам разам
На сямідзевяцігор'і
За сямідзевяцізор'ем,
Дык з таго, мой сынку, мёду
Нават камень ажывае,
Толькі дзе такая пчолка,
Што так высака лятае?.."

Туман, туман па даліне,
Ліст шырокі на каліне.

Яшчэ шырэй на дубочку,
Кліча галуб галубочку.

Хадзі, міла, пацалую,
Хоць не сваю, а чужую.

Нашто ж маеш цалаваці,
Сэрцу жалю задаваці?

Сэрцу жалю, а мне тугі,
Ты не возьмеш - возьме другі.

Ты не возьмеш - возьме трэці,
Майму сэрцу вас жалеці.

- Ты як?.. - пчала вярнулася. - Са сталі,
Каб вечнае было, дадаўшы медзь
І золата, і срэбра... не скавалі.
Не свеціцца, не грэе... Мне ляцець.
Пасунься ты... Спачну перад дарогай...
- Куды табе ляцець?..
- Пчале - да Бога.
А мухам-палятухам - хоць куды.
- Прабач... я не стрываў... з такой бяды...
- Хіба гэта бяда?.. Бяда тады,
Калі не дом згарае - а што ў доме...
Вакол яго... над ім... душа млына...
Вось бачыш ты: пабілася адна -
І цёмна як ва ўсіх дамах Суомі.

- А ты па што да Бога? Не па мёд?..
Дык кропля ёсць на сподку...
- Я пад'ела...
З'еш ты... Глядзі ты: кропля не згарэла...
Мёд са Святгор'я...
- Скуль?
- Адсюль на ўсход
І ледзь на поўдзень... Я туды ляцела
Тры дні і ночы... Там на Дубе села
Перапачыць - і бачу ў ім дупло,
Засланае гаючаю жывіцай,
І ў ім такое дрогкае святло...

А тут якраз ідзе жанчына... жніца...
І стала там... і пачала маліцца,
Каб Бог памог ёй нарадзіць дзіця,
Якое, як у Каве Вяйнямёйнен,
Блукала ў ёй... І голасам падвойным,
З самога Дубу і з яго лісця
Святло ў дупле сказала...

Ну, спытайся, -
Сама сябе перапыніла Кайса, -
Што ёй сказала дрогкае святло?..

Я ўрос у печ...

- Дык там была ты... Кася?..
І ты?.. тым голасам...

- Там шмат чаго было, -
Пчала мяне куснула бесклапотна,
Пацалавала ў лоб, ад страху потны,
Ад жаху, што аўчынай мёртвай пах...

Пчала адчула...
- Што за мёртвы страх?..

Аднойчы ў печ мае ўрасталі плечы
З такога страху... Я сядзеў на печы,
Калі туды мне ўскінулі кажух
Нябожчыка:
"Насі!.."
Кажух дзіцяці
Суседскага... І крык мой ва ўсёй хаце
Па ўсіх кутах ударыўся - аглух! -
Як сам памёр я... вырвалі мой дух...

- Дуб вырвалі... - сказаць я змог. - Зваліла
Яго маланка...
- Тая?.. - і ўкусіла
Сябе самую Кайса за язык!
Ці Кася?
Ці Маланка?..

Я ўжо звык,
Што залатая, срэбная лятала
І медная пчала ў пчале, з карала,
З агню, з вады, з паветра - з усяго...
А тут адчуў:
зашмат на аднаго,
Калі ў адной пчале - сусветны вулей...

- Там хата... на адной з бліжэйшых вуліц
Да могілак у Крэве... - працяла
Душу мне несмяротная пчала
Гадзюкай вадзяною, найатрутнай -
І я памёр...
Не адчуваў душы
Ні цэлай, ні пасечанай...
Мне рутай
І медуніцай выслалі труну -
Хаваць панеслі... Юха і Ану,
І гімназіст... Стары ў капелюшы,
Што зняў свой капялюш... капрал і Пекка...
Сястра і Хокан... Вілі... сотні тры
Прыстойных фінаў...
І ва ўсіх Стары
Спытаў: "Ці так хаваюць чалавека?..
Без крэўных... без Айчыны... нават без..." -
На неба ён зірнуў...

"Спыніць працэс!" -
Не стаў даслухваць - без чаго? - капрал.

Мяне з труны паклалі на карал...
Там Ахта з дзевамі...
спіхнуў...
"Ды йдзі ты прэч!.."

Тады я ўстаў і зноў залез на печ.

"Так лепей... - падаслала мне Ану. -
А то спаліў нам хутар - і ў труну".

А Кайса па мне ўсплакала... Я слёзы
Паспеў заўважыць, покуль іх яна
Не скінула...

- На вуліцы бярозы
Былі... - сказаў я ціха.

- Навіна,
Што Дуба паваліла, мне да дна,
Як камень той, накрозь душу прабіла! -
Глядзела ветрам Кайса...

- Паваліла,
Дык што ж цяпер паробіш?..

- Так... але...

- Да Бога шлях ні доўгі - ні кароткі...

- Але яго не праляцець пчале,
Не адпачыўшы ў тым святле дрыготкім
На ложку траў гаючых у дупле.

У печ пастукаў нехта...
- Хто?..
- Каваль...
- Давай залазь...
- Свяцілася амаль,
Амаль што грэла... Кайса, ты ляціш?..

Пчала яго - кусаць!
- За што ты? Кыш! -
Махаў рукамі, як вятрак, каваль. -
За сонца ты?..
- Амаль! Амаль! Амаль! -
У неба звон узнёсся за пчалой...

- Ну, злючая... Як ты на печы з ёй?..
Там Вяйнямёйнен...
- Кліч...
- Ты гаспадар...

Залез на печ асмалены пясняр...
- За хутар і за дом які ты дар
Хацеў бы?..
- Дом не мой... Я тут чужы...
- А выглядаеш фінам...

- Пакажы
Яму прапіску... - рагатнуў каваль.

- Зусім чужы?

Амаль... амаль... амаль...

- Тады праблема, гром яе скасі, -
Зірнуў каваль на прысак... - Не з'ясі,
Не вып'еш на чужыне ў смакату...

Пчала - кусаць!
- Чаго? За што? Ату! -
Па пчолцы ляснуў кантэле пясняр! -
І печ у друз...

Ну ўсё...

- Дык быў пажар... -
Сказаў, што мне сказаць гаспадарам,
Пясняр, калі мы з горам папалам
Ледзь выбраліся з-пад гары цаглін...
- За гэта - дар.
Любы.
Але адзін.

- Вазьмі з яго ты грошай натрасі, -
Сказаў каваль, чыхнуўшы сажай чорнай,
І з чыху птах зляпіўся, чорны воран -
І за пчалой!..
Яна то ў печ!..
То ў горан!..
Нарэшце ў вуха: "Дуба папрасі!.."

Падумаў я: "І праўда... Дуб - не млын.
Ён і ў пчалы,
Ён і ў мяне
Адзін".

"Выспявай ты, Вяйнямёйнен, -
Як ты выспяваў быў елку
На святой паляне Восма,
Верх і вецце залатыя,
Месяц у якой на версе
І Мядзведзіца на вецці,
І якая аж за хмары,
Аж за неба высягала,
На якую Ільмарынен
Ускараскаўся і ветрам
Перанёсся ў Сірыёлу, -

Выспявай ты, Вяйнямёйнен,
Гэткі Дуб мне на Святгор'і,
Як павалены маланкай,
На які пастух у шапцы
Насадзіў сякеру-месяц,
Каб ён сотні верхавін меў,
Тысячы сукоў-галінаў,
Меў карэнняў больш, чым Сампа,
Каб і бык яго не вырваў,
І яшчэ каб гэны Дубе
У грудзях сваіх магутных
Меў дупло, каб вольна дыхаць,
Каб у тым дупле дубовым,
У Сусвеце ўсім, што з яйка
Дзева Ільматар стварыла,
Нарадзіўся я ў матулі,
Ускрычаўшы першым крыкам,
І душа мая ўзлунала
Над пагоркамі Святгор'я
У зялёнавечным шуме..."

З прадоння мора, у якого гора,
Пчала глядзела на мяне балюча,
І быў яе пагляд, як соль, сыпучы,
Нібы мука, развеены на ветры, -
Бо я забыўся...

"Вяйнямёйнен! -
Я абняў пчалу-жанчыну, -
Даспявай яшчэ ў выспевах
Драбязу зусім малую,
Не Мядзведзіцу на вецці -
За пчалу яна не болей,
За адну з пчаліных ножак,
І ты горла не намучыш,
У дупле травой гаючай
Для пчалы заслаўшы ложак".

Верны вешчы Вяйнямёйнен
Так пачаў свае выспевы,
Што ў мяне, як соль, сыпучы
Стаў пагляд - мука на ветры...

"Лепей лапцем воду чэрпаць
На радзімай на старонцы,
Чым на дальняй на чужыне
Мёд - хоць чашай залатою.

З тым, што вольна не пяецца,
З тым, што здушваецца ў горле,
Жыць - як з ранаю пад сэрцам.
Я хадзіў па свеце з ранай.

Не пакінуў ні пясчынкі,
Што не змочана слязою,
Не пакінуў ні травінкі
Не залітае крывёю.

Ці ты за багатай доляй,
Ці за доляю-жанчынай -
Толькі на гадзючым полі
Знойдзеш долю на чужыне.

Векавечны Ільмарынен,
Каб араць такое поле,
Выкаваў са сталі боты,
Порткі з медзі ды кашулю
Адкаваў сабе з жалеза
І жалезныя пальчаткі...

Каб там зайца ўпаляваці,
Ён каваў ваўка з туману,
Каб там рыбіну злавіці,
Ён каваў арла з агніска.

Птушцы вогненнай праз горла,
Зверу дымнаму праз зяпу
І па лёдзе цераз бездань
Паўз змяінай агароджы
І паўз плоту з чарапамі
Па чужыне прабіраўся
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Каб глынуць з мядовай чашы
Жаб з гнілымі чарвякамі...

Хоць ядлоўцам стань пад елкай,
Хоць альхою над ракою,
Стань хоць ягадай, хоць рыбай,
Ці хоць воўкам, хоць мядзведзем -
А туга ў грудзях збалелых
Застанецца там тугою,
Як яе не выракайся...

...Вырас дуб.
Пчала, збірайся".

Залатая Кайса - ф-ф-ы-ы-р па Сонца
Ветрам у пабітае аконца,
Калі вырас дуб на Свят-гары...

Капялюш услед
прыўзняў Стары.

Верны вешчы Вяйнямёйнен выпеў
Дом і хутар...

Каб я з'еў і выпіў,
Наспяваў гарэлку і кансервы...

Выпіў я...
заплакаў...
мусіць, нервы...

Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..

Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...

Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...

Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...

Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...

Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...

Кулікамі над балотам
Плачуць тут па мне і ў Крэве...
Не такі ўжо я гаротны!
Што вы ўсе, як падурэлі?

Я жывы - дык я здаровы,
А здаровы - дык багаты,
А багаты - дык шчаслівы,
А шчаслівы - дык крылаты, -

І магу я сам ускрыліць,
Паляцець да роднай хаты!..

"Не бывае, каб бяскрылы,
А лятаці можа.
Ды бывае, што нямілы,
А такі прыгожы.

І бывае, што крылаты,
А не трэба крылы.
І бывае, што багаты,
А такі нямілы..." -

Плача і спявае маці
Над калыскаю маёй...

...Я ўсё прыбраў, спарадкаваў у хаце
І паляцеў за залатой пчалой.

Пакуль ляцеў, вярэдзіла адно:
Што не зашкліў пабітае акно.

На дальняй старане
Мне наплывае ў сне
Дом з Дубам пад акном
За дымам-туманом...
А там, у тумане,
А там, у тым акне,
А там няма мяне
На роднай старане...

Там босыя сляды,
Там неба ў галубах,
Там ад жывой вады
Так горка на губах...
Там жытам узыйшлі
І запляліся ў лёс
Спеў сцішанай зямлі,
Гнеў зрушаных нябёс...

Мне птушкай з выраю
Да Дому прылятаць
І абдымаць зямлю,
І неба цалаваць...
А як таму не быць -
Дык хоць бы сном праплыць,
Хоць дымам-туманом
Над Дубам пад акном...

З дальняй стараны да Дому
Сам гукаюся самому,
Тому Дому, Дубу тому -
І плывуць, як сны,
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
Дым ды туманы...




Ч а с т к а д р у г а я
Святгор'е



Дуб там стаяў, дзе ўпаў... Была бяда -
І адбыла... І я над Свят-гарою
Развеяўся, пасеяўся травою,
І трэскамі раскінуўся, карою,
І да зямлі - і ў ёй зямной крывёю -
Была бліжэй, чым я, адна вада.

Плылі аблокі, як акінуць вокам -
Ва ўсе бакі... Не знаючы дарог...
І нават з-пад гары да тых аблокаў
Бліжэй, чым я, быў, можа, толькі Бог.

Сцякаў з царквы
на могільніка схілы
Плакучы звон - гукаўся мне здаля...
Бліжэй, чым я, да крэўных тых магілак -
Адна матуля ды сама зямля.

І з магілы ўстала маці,
Пачала мяне зграбаці,
Віламі мяне насіці,
Цела ў цэлае складаці,
Душу ў цэлае ляпіці.

І пакуль душу складала,
І пакуль ляпіла цела,
Байкі-казкі мне казала,
Каб не гэтак мне балела...

"Ёсць сястрыца ў плынь-вадзіцы,
Ветраснежна мецяліца,
Што ляціць на вецярку
У срабрыстым кажушку.

Кажушок свой сцеле новы
На паляны і дубровы,
На пагоркі і лясы,
А на елку - для красы.

А стара Баба-Яга,
Касцяна яе нага,
Праз лясочак скок ды скок -
Скрала з елкі кажушок.

Сама ходзіць, як царыца,
Плача ў полі мецяліца,
Мерзне елачка ў ляску
У зімовую траску.

Бег лясочкам Дзед-Мароз,
Сіні сам, чырвоны нос,
І злавіў Бабу-Ягу
За касцяную нагу.

Баба з ім давай хітрыцца,
Кажа Баба: "Я лісіца,
Бегла лесам я наўпрост,
Злапаў ты мяне за хвост".

Дзед ёй кажа: "Так і ёсць,
У лісіцы мякка поўсць,
Ды адкуль такі хрумсцяны
У лісіцы хвост касцяны?"

Баба кажа: "Шэры воўк
Хвот лісіцы драў ды тоўк,
І набіў на ім гузоў,
Што хрумсцяць ад маразоў".

Адпусціць хацеў лісіцу
Дзед-Мароз, ды мецяліца
Прыляцела з поля гола,
Закруцілася, як кола.

"То не воўк і не лісіца, -
Заспявала мецяліца, -
То сама Баба-Яга,
Касцяна яе нага!

Цар-царыца чорных кветак,
Што ўначы пужае дзетак,
Што лясочкам скок ды скок -
Скрала з елкі кажушок".

Раззлаваўся Дзед-Мароз,
Скрыўдаваўся аж да слёз
І занёс ён сам-адзін
Касцяну нагу на млын.

Там змалоў яе ў муку,
Каб не бегала ў ляску
Ні лісіцай, ні ваўком,
Ні срабрыстысм кажушком.

Кінуў мех з мукой на вецер,
Той панёс яго па свеце -
Рассыпаць на ўсе снягі
Костачкі Бабы-Ягі.

З тых часоў, як толькі вокам
Сонца гляне з-за аблокаў,
Тыя костачкі ўсе чыста
На снягах блішчаць срабрыста.

Казка ўся... Табе, мой Стася,
Гэта казка бабы Стасі,
Што ляжыць у руце-мяце
У магіле - вечнай хаце.

У зямным пчаліным гудзе,
Што гудзець не перастане -
І калі мяне не будзе,
І калі цябе не стане.

А яшчэ табе, мой Стася,
Пакідаю словы-веды,
Запавет ад дзеда Яся,
Ад твайго ўжо пра-прадзеда.

Ён сказаў іх, як сабраўся
У шлях вечнанезваротны,
Як у доме ўсім прыбраўся,
Зачыніў усе вароты.

Ён адкрыў мне тайну гэту,
Мой ты Стасю, з таго свету:
"Прыйдзе час - душой пакойся...
Тут не цёмна... Ты не бойся..."

- Як ты плакаў, мой ты Воўка,
Па лісіцы і па воўку,
Ды па Бабе па Язе,
Касцяной яе назе.

І прасіў ты дзеда Яся,
Бабу не малоць Алімпу,
А яе - кажух не красці,
Каб мінула тое ліха.

І як зараз па ўсім свеце
Ты збіраеш мёд тугі,
Так збіраў ты па ўсім снезе
Костачкі Бабы-Ягі.

Каб сабраці яе цела,
Каб мяцеліцай ляцела,
Ці каб бегала цішком
Хоць лісіцай, хоць ваўком.

Каб душу яе зляпіці
З касцяной нагой уцэла
Серабрыста бела-чыста,
Серабрыста чыста-бела....

- Залаціста-залаціста, -
Мне пчала на вуха села.

- Ну як? - яна спытала. - Пацяплела
На скразняку?..
- Ты першай даляцела,
Дык як табе Святгорскі наш скразняк?
- Такі ж ён, як і ў нас... Хавалі так
І плакалі... без толку... толькі б плакаць...

Па скразняку
маю ганяла памяць
Да вежы Юткавай,
Літвінавай гары...

Стары ўжо Ютка... І памёр стары...
Яны як не былі тут маладымі...

Вунь ён сядзіць у вечаровым дыме
На вежы - за аблокамі амаль:
Глядзіць у высь і паглядае ў даль...

З далечыні да вежы крочыць Хведар:
"Ну што ты ў Бога, Ютка, сёння ўведаў?
Што новага ў нябеснае красе?
Як будзем жыць?.."

"Да смерці. Як і ўсе".

"То злазь тады. Карэнчыха нагнала
Атрутнай самагонкі. Запрашала..."

Яны на карабель удвух сядаюць,
Што на гары Літвінавай стаіць,
Карэнчыху бяруць... і адплываюць...

- Дык як?.. Пчала да Сонца даляціць? -
З-за карабля пытаюся я ў Кайсы. -
Даведаецца там, як будзем жыць?..

І Ютка кажа: "Ты ж ужо пытаўся..."
І Хведар кажа: "От жа звон стаіць
Які ў вушах... І ўсё адно і тое...
І ўсе з гаўна. Хоць нешта б залатое..."

"Дык вунь!.. - крычыць Карэнчыха. - Зямля!
Не бачыце хіба? Пчалу!.. Чмяля!.."

"Атруту, - Хведар кажа, - як дап'ём,
Дык станем - хто пчалою, хто чмялём".

"А хто - гаўном", - жартуе Ютка тонка.
Карэнчыха - у смех!.. Далёка-звонка
Спявае, што ў яе за самагонка...

Самагонку ведзьма гнала,
Каб ад кроплі - з ног збівала,
Ад паўкроплі - з ног валіла,
Як нячыста валіць сіла.

Кінула ў кацёл дзяўчыну,
Клык мядзведжы, хвост ваўчыны,
І курынага памёту,
Што набрала каля плоту.

І злавіла хлапчучка,
Адшчыкнула ад стручка.
Горка плача хлапчучок,
У катлы кіпіць стручок.

Тры начы кацёл бурліў...
Воўча хлопчыка не збіў,
Не зваліў яго мядзведзь,
А памёт курыны - ледзь...

Налівае хлапчуку
Ведзьма дзеўчыну ў саку,
Тут яго нячыста сіла
На палаткі й паваліла.

А дзяўчына скок ды скок:
"Не кладзіся на бачок,
Прыдзе шэранькі воўчок,
Адгрызе табе стручок.

А калі пакіне ледзь -
Прыдзе буранькі мядзведзь
І парве цябе клыком,
Вырве душу са струком".

І не спіць той хлапчучок,
І кіпіць яго стручок
У катле, дзе свет зварыла
Белы ўвесь
нячаста сіла".

- Як быць табе чмялём? - пчала пытае.

Ах, Кайса, Кайса, пчолка залатая...
Хоць кім мне быць... Абы кружыцца тут...

Пчала ўядае: "Крэўнакрэўскі кут,
Дзе ўсе з... з-звініць..."
- Я вырву з цябе крылы!..

Пчала - увысь: "Мой кут, як ты мне мілы..."

"Йшла малінка на чужбінку,
Да чужога саду - вішня,
І кацілася брусніца
Да атручанай вадзіцы,
І хапаў іх дуб дарогай,
І бяроза веццем біла,
Каб ні вішня, ні малінка
На чужбінку не хадзіла..."

Ну... родны кут... Няхай сабе ў закутку...
Ды Хведар тут... Карэнчыха і Ютка...
Баруны і Каруны...
Валуны...

Пчала ўжо проста рве маё цярпенне:
"Паўсюль хапае гор, дубоў, камення!.."

Ды ну яе... лятучае стварэнне...

Душа мая - не трэскі,
а карэнне,
Душа мая і ёсць - адны яны.

Я не патрушчу іх і не парэжу -
І праз усе, што ёсць, зямные межы,
Як плыў малы, так праплыву стары
На Юткавай - пад самы Месяц - вежы,
На караблі Літвінавай гары.

Ой ты злая даль-чужына,
Адпусці жураўку-сына.
Як пачую ў небе звон,
Так гадаю: а ці ён?..

А сама не ўчую сына,
Дык учуе кроў-рабіна.
Я рабіну заламаю,
У печ кіну запалаю.

Як вада з яе пальецца,
Дык прыцісну сына к сэрцу.
Як з яе пальецца кроў -
Не чакаць мне журавоў.

Дні за днямі, з году ў год
Круціць маці калаўрот
І глядзіць усё ў акно:
Не відаць мяне даўно.

Круціцца верацяно...

Я ўжо сеў на дзедаў вулей -
Што ж не бачыш ты, матуля?..
У кашы рабіны поўна -
А ў душы не ўчула Воўку?..

Толькі прала ды спявала -
Во якое ў чмеля джала!..

Вокны ў хаце ветрам біты...
"Ты, дзіравае карыта,
Ты, старая чапяла,
З кім гуляла? З кім хадзіла?
Сына ты сама радзіла,
Ці Айчына нарадзіла,
Ці лятучая пчала?..

Ці дрыготкае святло?
Ці дубовае дупло?
Дзе гуляла?.. З кім была?!."

Маці аж аслупенела,
Стала млява, стала бела,
Зварухнуцца не магла.

"Ах ты чмелю!.." -стала маці
Мяне з хаты выганяці,
А душа чмяля ўзляцела
На яе калена бела,
З белага яе калена
На фальбону пад сукенку,
Скочыла вышэй на пояс,
З пояса на белы грудзі,
А з грудзей на падбародак,
З падбародку ўжо на губы,
З губ у рот яна слізнула
І да лона паляцела,
Дзе маё блукала цела
У глыбі радовых вод...

"Ах!.." - схапіцца не паспела
За сцяну, куснуўшы рот,
Маці - і ў кутку абсела,
Дзе круціўся калаўрот...

І пачаў я ў лоне маці
Маці біці,
грукатаці
Па пячонцы, селязёнцы:
"Нарадзі ты, маці, Сонца!.."

Ой як маці з болю ўзвыла,
Як ваўчыца вые ў сцюжу:
"Я бы Сонца нарадзіла,
Ды няма такога мужа..."

Я давай ёй біць па сэрцы,
Забіваць яе да смерці:
"Нарадзі Красу дзявочу,
Мёдам - губы, Сонцам - вочы!.."

Ледзь не мёртвай маці стала.
"Спрабавала, - прастагнала, -
Нарадзіць Красу дзяўчыны,
Нарадзіўся звон пчаліны..."

То ў яе нястача мужа!
А то звон у ёй пчаліны!
"Нарадзі, ваўчыца-сцюжа,
Ваўчаня сабе ты сына!.."

"Нарадзіла ўжо ад воўка
За сінь-дымам, шэр-туманам
Ваўчаня я пад парканам,
І таму назвала Воўкам,
А не бацькавым Іванам.

Воўк той скрухаю-грызухай
З маці сэрца выгрызае,
У маім грукоча бруху,
Мне вантробы адбівае..."

Я злавіў у маці воўка,
Звера шэра-залатога,
Кінуў воўка ў плаўкі горан,
Стаў каваць сябе-другога.

"Ці ад мужа ад мужчыны,
Ці ад Сонца, ці ад Бога,
Нарадзі мяне ты, маці,
Лепшым за мяне самога!.."

"Я цябе бы нарадзіла
Лепшым за цябе самога,
Ды нічога, сын, жывога
Не скуецца з залатога.

Ты чаго там раззвярэўся?
Ці ты, сын, агню аб'еўся,
Ці ўсчадзіўся ў маім лоне,
Дзе мая надзея тоне..."

"А на што твая надзея?.."

"А на тое, каб кудзелю
Мне дапрасці з таго лёну,
Што на полі нашым вырас,
Месяцам напасяваны,
У вадзе што мякка вымак,
Абабраны, ачасаны,
І пад сонцам хутка высах,
Цвёрда біты, цвёрда драты,
Растрапаны на валокны,
У кудзелю перамяты,
Скручаны на верацёнцы,
Спрадзены ў тугія ніці,
Сплецены ў тугія сеці,
Каб у родавыя воды
Іх закінуць і злавіці
Людзям - сонца, маці - сына,
Што пад Сонцам будзе жыці..."

"Ой ты, мацерка-Айчына,
Як ты соладка спяваеш,
А мяне ваўком ганяеш
Па ўсім лесе, па ўсім свеце...
Дык закідвай свае сеці,
Можа, зловіш імі воўка,
Назавеш якога Воўкам,
Можа, зловіш імі сіга,
Назавеш якога сынам,
Можа, зловіш імі Сонца,
Што ў пабітае ваконца
Зазірае, залатое,
Пад якім я сіратаю
Застануся, як той вецер,
Ва ўсім небе, ва ўсім свеце,
Ва ўсім Крэве, ва ўсёй хаце
Без цябе, мая ты маці..."

"Што ж ты плачаш, мой харошы,
Мой ты сынку, мой ты Вова?..
Ці ў цябе нястача грошай?
Ці ты жонку хочаш нову?

Грошы я табе сабрала,
Тры рублі і тры капейкі,
Хітранька ў прыпол звязала,
Каб не выкраў злыдзень нейкі...

А ўжо жонку, можа, Божа
Табе знойдзе, дапаможа.
Жонка,
мой жураўку -
Доля,
Не капейчына ў прыполе..."

Пра адно ўсе ў маці думкі!
Ці пра гэна, ці пра тое!..

Па Крэве Кася йшла з чырвонай сумкай,
Цок-цок на шпільках - дзіва залатое.

І сказала каралева
Лепшага ў сусвеце места:
"Не твая я, воўча, дзева,
Не табе я, чмель, нявеста!"

"І не трэба мне нявеста, -
Адказаў я Касі дзёрзка, -
Што такая ж, як і места:
І не горад, і не вёска.

Як звычайная нядзеля -
І не будзень, і не свята.
З кім хадзіла ты без чмелю,
З кім гуляла без ваўка ты?!."

Ах як Кася ды ўзвілася,
Ды як цокнула абцасам!
"Як паклічу зараз Воўку
З нашай хеўрай ды ўсім класам!

Як табе начысцяць рыла -
Будзеш ведаць, з кім хадзіла!
Як табе зламаюць джала -
Будзеш ведаць, з кім гуляла!

Пра адно ў цябе ўсе думкі:
З кім гуляла! З кім хадзіла!.."

Ды як лясне Кася сумкай! -
Ледзь да смерці не забіла...

- Характар... - прыкладала грошык медны
Да гузака руплівая пчала.
- Уся ў цябе, - сказаў я.
- Мой ты бедны... -
Пчала ўядала. - Я б так не змагла...
Ты кінь яе... У гэтых маладых
Заўсёды так: ці ў лыч, ці ўніз... пад дых!

Так дала, што дых займае,
У малога хлапчука...
А пчала сабе лятае,
Як Карэнчыха спявае:
"Застанешся без стручка..."

"Хоць і фінка, але сцерва..." -
Я падумаў.
Кася хеўру
Назбірала - мала мне?
Гэны гэнага папхне,
Гэты зваліцца на тога,
На чмяля ўсе - і да Бога
Адляціць душа чмяля...
Во бандыцкая зямля!
Партызанская ад веку...
Тут прырэзаць чалавека,
Як два пальцы... А ваўка
Ці якога-небудзь чмеля...

Падыйшлі... "Здароў, зямеля!
Ты з Масквы?.."

Чаму з Масквы?..
Можа, тут маскоўскіх рэжуць?..
Тут з Масквой ніякіх межаў...

Я пытаюся: "А вы?.."

"Паглядзі на лыч ягоны! -
Кажа першы ў шынялі
Са слядамі ад пагонаў,
Нож вымае з кішані.

Ой жа ён чмяля парэжа
Ды на Юткаву на вежу
Забярэцца ды пасее
На ўсе трэскі ды кару!..

Я кажу: "Мы ўсе з Расеі..." -
З думкай: "Можа, не памру?.."

"Мы - не ўсе!" - сказаў другі
Без рукі і без нагі -
І шарах па мне пратэзам!..
А ўжо трэці - той з абрэза!
Каб пацэліў - дык кранты...

Муха ў смех: "Закляты ты..." -
Курва, час знайшла смяяцца!..

Я - ад хеўры ратавацца
З боку гэтага - на той,
Што на захад - за гарой...

Там таксама з шэр-туману
Хеўра прэцца...
"Вітам пану!.."

Гэтыя не ў шынялях -
Але толку?.. Той жа страх...

Скрозь тут Польшча... Скрозь Расея...

Дух чмяля як раззвярэе!..
"А каму вы гэта вітам?!.
На зямлі, дзе біўся Вітаўт,
На зямлі, дзе замак Крэўскі,
Дух адкуль у вас псякрэўскі?.."

Тыя мне: "Мы не палякі,
Мы свае..." - і лыбяць лупы...
"Дык тым больш пайшлі да сракі,
І тым больш пайшлі да дупы,
Калі гэткія свае,
Што па-свойму - ані слова!.."

Фінка з неба: "Брава, Вова!..
Хоць культуры не стае..."

Тыя хітра: "Мы расейцы..."
Тут мяне ўзняло на вілы:
"Дык пайшлі кабыле ў сенцы -
Дзе там сенцы ў той кабылы!.."

І панёсся чмель лятаць,
Дупы з сенцамі шукаць...

- Накінуўся чаго на ўсіх на свеце? -
Пытае Кайса, што ў зялёным вецці
Расчэсвае на дубе валасы...
Русалка - не пчала...
З такой красы
Забыўся я на рускіх, на палякаў...

- Дзевяты плач ужо ўва мне праплакаў.
Пчале пара.
- Які дзевяты плач?..
- Па-фінску раскажу... Пераінач
Па-беларуску...

І ўсчала зацята:

Калі з вайны вярнуліся салдаты:
"Дайшлі, - сказаў ім маршал. - Дажылі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.

Віна вайны і жах яе, і страты
На мне адным, бо вы за мной ішлі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.

Кідайце зброю і стаўляйце хаты,
Бярыце баб, каб роду не звялі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі".

"Пра што ён кажа? - думалі салдаты. -
Пра што ён плача?!. Мы перамаглі!.."

Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ нам доўга плакаць на зямлі.

"Пра што твой плач?.."
"Пра тое, што пара.
Яшчэ пра тое, што цябе кахала
І, як магла пчала, дапамагала...
Усё зрабіла, што паабяцала -
Даставіла да роднага двара.
Цяпер стаўляй тут хату. Баб бяры..."
"І колькі браць?.."
"А колькі на двары
Памесціцца..."
"Але ж цябе не будзе..."
"Не разбярэшся ты ў пчаліным гудзе,
Якой пчалы ў ім болей не чутно...
І будзе вечар... з танцамі кіно..."

Яна раўнуе!.. Да каго? Да Касі?..
Ды гэта ж смешна... Хеўра ў нашым класе...

"Скажы, як зваць цябе?.."
А як здавён
Пчала завецца?.."
"Кася, пчол мільён..."
"Заві, як дзвюх..."
"Жанчыне двух імён
Замала нават... Але ты - пчала.
Хоць у мяне без імені была
Адна жанчына..."
"Як гэта?.."
"Спаліла
Яна імя".

І Кайса закружыла,
Мільгаючы, нібы верацяно:
- Спаліла? Як? Калі? Даўно?
- Даўно...
- Як яе звалі?

Пчолы ўсё ж -
ёсць пчолы...

- Ніяк не звалі!

Кася-Кайса ў голым
Зялёным танцы ўспыхнула агнём!..

Круціўся калаўрот з верацяном...

Пчалы не стала. Проста не было.
Плыло адно дрыготкае святло...
Сляды агню... Бы ў возеры тым плямы...
З якой цяпер яе мне выгнаць ямы,
Як сіга сіняга... як шчупака... пяструшку?..
Дзе - яма?
У паветры?.. У вадзе?..
І голас са святла сказаў: "Нідзе..." -
Так мякка лёг пад вуха, як падушка.

"Я ўсюды, сынку. Як усюды Бог".
"З пчалой я гаварыць хачу!.."
"Ну добра..."

"Кацілася торба
З высокага горба,
А ў той торбе соль, пшаніца
Ды пчаліца-жартаўніца..."

"Пара па Сонца... Ноч у Калявале".
"Даруй, пчала, што я ў такой навале
Амаль нічым дапамагчы не змог".
"Бо думаў пра сябе. Больш ні пра кога".
"Няпраўда!"
"Праўда... Дый няма нічога
У нас, пустых, апроч сябе саміх".
"Чаму пустых?.."
"Бо толькі з нас пустых
І можна чыста-чыста скласці Бога.
Як дзеці - казку... Вяйнямёйнен - спеў...
З чаго яны?.. Я думала: саспеў
Ты да таго, каб гэта зразумець..."
"Але ж не смерць?.."
"І чыста-чыста - смерць".

І з Дуба працяклі агонь і дым...
І я пустым застаўся.
І адным.

"Вецер коціцца па полі -
У зямлі шукае долі.
Доля рвецца з цёмных нетраў
І сябе шукае ў ветры.

Вецер. Поле. Доля. Дым -
Скрозь пустое
у пустым.

Ты ў жыцці сваім зямным
Возьмеш толькі ў дыме дым.
Тое возьмеш ты ў агні,
Што сякера ў камяні".

Што аддасць сякеры камень?..

Нас кідаюць, мы кідаем -
Так і гэтак наліваем,
Мы інакш не ўмеем як,
Мы інакш ніяк не ўмем...

Я да ведзьмы - чмель, бядак...
Тут якраз Лявон з Ляксеем:
- Во!.. Здароў!.. А дзе ты быў?
Што на Месяцы рабіў?..

- Што рабіў?.. На Месяц лётаў!

- Амстранг... - Аляксея ўпотай
Душыць зайздрасці змяя...

Чалавек... Такі ж, як я...

Селі разам, без работы...
У Карэнчыхі пад плотам -
Самагонны родны кут...

Яно й добра... Ну, што ўпотай...
Каб адкрыта - пяць мінут
Ёй на ўсіх хапіла б тут,
Той змяі...

На граблі-вілы
Самагонка падымала!..
Першая, што воўк, не збіла...
Што мядзведзь - не разарвала...
Але ж ёсць нячыста сіла,
Што малойца ўпалявала,
Самагонны дух святы,
Што за душу - і ў кусты...

Ані хаты. Ні граша.
Голы, голая душа.

Ведзьма ўпотай шчыравала,
Дзеўка гола заскакала, -

Дык гары, што не прапала,
Што было, як не было:
Грошы! Вошы! Лёс! Жытло!..

А маё жытло - дупло,
Дзе дрыготкае святло.

Вось што ў лёсе, можа быць,
Не прап'ецца, не згарыць.

Дык яно і не згарэла...
Бо няма ў святле тым
цела,
Бо з дупла
адна душа
Льецца, як вада з каша...

Не туляецца пад плотам,
Дзе шчыруе ведзьма ўпотай -
А да неба, а да Сонца,
А да Бога ў свет бясконцы!..

У Святгор'і, на высокіх могілках,
У буянні руты і гарквы,
У зямлі змаганай ды нязможанай
Дзед з бабуляй - вочы да царквы.

Іх жыццё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе...
І ляжаць Іван з Алімпіядаю.
Дзе іх душы?.. Невядома, дзе.

У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу.
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?

Не збалела?.. Крылы не намуліла
Над царквой маўкліваю кружыць?..

Вымытай хусцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.

Маці ў воблаку палошча,
Як у Алуэ ці ў Прошчы,
З вышыванкай ручнікі...

Бог пытае:
"Хто такі?.."

Маці кажа:
"Ды жураўку..."

Кліча хітры Бог Маланку:
"Хто такі?" - яе пытае.

"Ды жураўку..." - кажа тая.

І абедзьве запяваюць,
Як адна адную знаюць:
"Ой жураўку, жураўку,
Чаго крычыш на ранку?.."

Ды хіба падманеш Бога?
Ён да Кайсы:
"Ты такога
Ведаеш? З тваіх зямель?.."

Кайса кажа:
"Журавель..."

Там яшчэ адна жанчына,
Што сама, як аблачына,
Воддаль ад усіх плыве,
Бо няма імя ў яе,
Аніяк яе не зваць...

Тых, каго ніяк не зваць,
Як пытаць?.. Пра што пытаць?..

Нават Бог таго не знае...
Аблачыну засцілае
Васільковым сінь-абрусам...

Можа, вып'е з беларусам?

Не, нічога на стале...
Але неба... Бог але...

"Калі ты ўзляцеў да неба,
Калі ты ўжо Божы госць,
Папрасі ў Мяне, што трэба.
Ну, з таго, што ў Бога ёсць..."

"А чаго ж няма
У Бога?
Як жа нечага не быць
Можа ў Бога?.."

"Ат!.. Ніколі ўжо такога
І не меў я анічога!.. -
Бог давай мяне дурыць. -

Столькі траты, бронь ты Божа!..
Смерць сама
ужо не можа
Для касы купіць брусок!
"Дай, - прыпёрлася, - квіток!.."

"А які квіток?.."
"Дарожны..."

І я бачу: гэты Божа -
Хітранькі беларусок.

Ён далей мне гне ляшчыну:
"Цягне ўсіх на дармаўшчыну!
Бог не даў! Бог не пачуў!..
Каб я сам меў, што б я:
Сына
Не абуў, не апрануў?

А так што на ім? Нічога!
Голы ўвесь, як Дух Святы!..

От, прыдумалі:
У Бога ўсяго многа!
Вунь у Бога
Мех адзін!.. І той пусты..."

"Але ж нешта ёсць на донцы?..
Гэта ўсё-ткі мех мяхоў..."

Бог зірнуў у сховы схоў:
"Што там?.. Пара верацёнцаў...
Смецце... Пара бессмяроццяў -
Адпушчэнне ўсіх грахоў".

Тут я выдаў нецярпенне,
Бог адразу ў мех палез:
"Не, няма ўжо з адпушчэннем,
Засталіся толькі без..."

"А на складзе?.. Дзесьці ў спраце?..
Недзе ў пыле?..
Патрасі
Мех..."

Як смерць,
бялее маці,
Ціха кажа:
"Не прасі...

Ані каліва якога,
Ні свайго і ні чужога,
Як бы ты ні бедаваў,
Не прасі ніколі ў Бога -
Ён і так табе ўсё даў...

Калі Божа даў суму -
Дзякуй за суму Яму.

Калі ў слёзы ты заплакаў -
Богу ты за слёзы дзякуй.

Кожна просьба
Богу ў вушы,
Кожны дзякуй
Богу ў душу".

Кажа Бог: "Я тут прыглух...
Што ты папрасіў?.. Кажух?..
Гэтай просьбе дам я рады...
На кажух... Насі на радасць..."

І я бачу: з той аўчыны...
Той суседскі... з мертвячыны...
Мусіць, любіць Бог не ўсіх,
Калі гэтак б'е пад дых..."

"Калі Твой я, Божа, госць,
Калі я ўзляцеў на неба,
Большай радасці не трэба,
Дзякуй той, якая ёсць".

Я вырастаў з дзіцячых апранах
Хутчэй, чым травы ў лета вырасталі...
Ды не ў дакор
за рост не па гадах
Абновы мне гады ў рады спраўлялі.

Ну што пашыеш з лахманоў вайны?
Якія ў вёсцы зрабаванай грошы?
А дзед бухторыў: "Поліўка... бліны...
Някепская яда - і рост харошы".

Як ні зіма - так звычная бяда:
Што апрануць, каб халады агораць?
Маўчаў я злосна: "Добрая яда!
У Лёнькі вунь суседава не горай.
Але ў мяне палаплены кажух,
А Лёньку на зіму пашылі новы..."

Дзед уздыхаў, дзед пераводзіў дух,
Казаў: "У Лёнькі бацька не вясковы.
І старшыня. З тваім не параўнаць".

"Кіла ў яго! - злаваў я. - Сквапны. Хіжы.
А старшыня - дык заўтра могуць зняць.
Ён рыжы. П'е. У нас не любяць рыжых.
Ім шчасце чорт варожыць на ражнах,
Вядзьмак ліе
алей ім у маслёнку..."

Патроны мы шукалі ў бліндажах -
І тут лімонкай і забіла Лёньку.

Ягоны бацька з п'яных слёз апух,
А вечарам, памінкамі дабіты,
Прынёс да нас пад пахаю кажух
І кінуў: "На!.. Хоць не табе пашыты".

Я закрычаў. Я ўрос плячыма ў печ.
Да кажуха баяўся дакрануцца.
Сусед прасіў: "Вазьміце... Гэта ж рэч...
Вазьміце, людцы! Ну вазьміце, людцы!.."

Знямеў мой крык. Паплыў у вочы змрок.
"Ачуйся ты!" - суседа ў спіну білі.
А ён сваё: "Харошы кажушок...
Прымерайся... Навыраст Лёньку шылі...
Тебе, бадай што, будзе ў самы раз,
Ты ўзяўся ростам!.. Вунь які ты выйшаў!.."

І белы свет памерк, патух, пагас...
Дзед плакаў ранкам: "Малайчына... Выжыў..."

Хоць я радасны, як з крамы,
Спеўны, як з вясны шпачок, -
Бачыць Бог, што я таксама,
Радасны такі, крамяны,
Хітранькі беларусок.

"Ну... - пацёр ён патыліцу, -
Калі так, тады пыліцца
Больш мяшку няма чаго...
Я завязваю яго?.."

Лёс мой папрасіць?.. Завяжа
Мех вяроўкай... Не пакажа...
Хітра здзівіцца... Маўляў,
Даў усім - табе не даў?..
І цябе ад завірух
Грэў-хаваў чужы кажух?..

Мех у Бога, бачу, новы...
Тут адразу зырк сурова
Бог на маці...

З той кудзелі!..
З таго лёну!..

Ё-маё...

Дык ты во што, маці, прала,
Дык ты во што, маці, ткала,
Вось на што твая надзея
І жыццё пайшло тваё...

Дык якога
з твайго лёну,
Мая маці,
майго лёсу, -
Што ў тваім у лоне вырас,
Што на полі нашым высах:
Лёсу біту? Лёсу драну?
Абабрану? Абчасану?
Перамяту? Перавіту?
Лёсу, скручанага ў ніты?
Лёсу, сплеценага ў сеці,
Каб лавіць па свеце вецер? -
Мне
У бога
Папрасіць?..

- Праз мяне акно пабіта.
Мог бы Бог яго зашкліць?

Так і села мая маці...
Бог, як гаспадар у хаце,
Не здзівіўся, не ўсхадзіў...
Ён пазногцем, як жалезам,
Чырк! - ад неба шкла адрэзаў,
Даў анёлу - той зашкліў.

"От ты Богу даў работу...
Мне б работу, каб да поту!..
Што яшчэ ты будзеш біць?
Што Мне за цябе зрабіць?

Ці кажух табе пашыць?.."

Глянуў я на тога Бога,
Мяшкаватага такога,
Ну, такога, як жывога,
І падумаў: "Хоць ты... хоць
Галавой
да дна марскога! -
Болей хітрага
другога
Не знайсці, як наш Гасподзь..."

Ды і я не лыкам шыты,
Ільняныя ўсё-ткі ніты...
"Можа, тых, каго люблю,
Ты вярнуў бы на зямлю?.."

Як Гасподзь ускоча: "Хлопча!
Забірай ты хоць усіх!
То адтуль не вырваць іх -
То назад ніхто не хоча!

Як па мне - хай тут жывуць.
Але ж там... абрыдла чуць,
Як буркоча грамада,
Што няма й няма Суда.

Я б даўно... за пяць мінут
Там наладзіў Страшны Суд!
Ды няма каго судзіць..." -
Зноў Ён хітранька глядзіць.-

"Так што ўсіх!.. Апроч траіх...
Выбачай, але ўжо іх
Не магу... Бо ўсё, што маю...

Ну, хіба што з іх адну,
Як пайсці захоча з раю
На тваю на старану".

Кажа перша: "Не мая
Старана твая, мой родны..."

Друга кажа: "Там халодна..."

"Што ж, сынок, тады ўжо я..." -
Плача маці безвыходна.

...Я ўявіў у плачы маці
Зноў у той скразянай хаце,
Што паліць - не напаліць,
З буракамі, парсюкамі,
Што карміць - не накарміць,
З ашурпелымі рукамі,
З адубелымі нагамі
Ад крапівы-лебяды,
Ад лядзянае вады,
Ад гароты ды бяды,
Ад памёту каля плоту,
Ад астрожнай той работы,
Што рабіць - не дарабіць!..

"Дзякуй, Божа.
Буду жыць
З тым, што ёсць... А маю - многа..."

"Мала не бывае ў Бога, -
Усміхнуўся хітры Бог. -
Ты памог мне - я памог,
Гэны - гэнаму,
папхнулі,
павалілі - і пайшло!.."

"Што пайшло?.."

"А што было.
Што папхнулі, павалілі..."

...Знаў я Хокана і Вілі,
Юху знаў, Ану і Пекку,
Вяйнямёйнена старога...

На зямлі, бадай, нікога
І няма, каго не знаў...

Ды хітрэйшага за Бога
Беларуса, фіна, грэка,
Хоць цыгана, хоць габрэя -
Далібог, не сустракаў.

Думаў Бог: усё, я здаўся.
Не на гэнага нарваўся...

"Так тут пуста... чыста-сіне...
Матэр'яльных спраў няма..."

Мы сядзелі
чын па чыне,
Ён на вечнай аблачыне,
Я на печы на аўчыне,
Кожны ведаў месца... "Сыне!.." -
Маці ўскрыкнула.
Дарма...

"Ты вярні імя жанчыне.
Гэта ж гук пусты - імя".

І ўчуўся мне
Касмічны Боскі Выдых!..

І разам -
Сонца выйшла,
Месяц выбег,
І зоры ўсе
у рой
з усіх дарог
Зляцеліся, каб чуць, што скажа Бог.

А Бог - да Маці: "Ты ў Мяне ні піць
Ні есці не прасіла - прытуліць
Да сэрца сына ты Мяне маліла.
І ты маліла - і твая магіла.

Дык вось ён, той, каго да сэрца туліш
І пасля смерці..." - Бог сказаў і ўстаў.

Так капялюш услед пчале прыўзняў
Стары...
І ў Бога, хто мая матуля -
Пацалаваўшы, я пытаць не стаў.

"А імя? - спытаў. - Жанчыне?.."

Бог нябёсы як расчыне
Ды як крыкне! - я ў кусты,
Не ўяўляў Яго такога:
"Слова Бога - гук пусты?!."

І знайшлі мяне, п'янога,
Незямнога, ледзь жывога,
Ну, такога - што не жыць,
У кустах, дзе Бог пасеяў,
П'яныя Лявон з Ляксеем,
Сталі радасна душыць:
"Чыста сіла ў самагонцы!
Будзем піць адно яе!
Ад яе пчалой пад сонцам
Галава звініць-пяе..."
"От жа дух у самагона!
Аднаго і будзем піць!
Ад яго нябесным звонам
Галава пяе-звініць..."

І думаў я пяючай галавой:
"Хоць міг пражыць, але пражыць пчалой..."
І слухаў, як
у галаве звініць:
"Хоць міг прысніць, але з пчалой прысніць..."

І ў дупле заплюшчыў вочы:
"Спіце, пчолы. Добрай ночы..."

І быў голас: "Спі, мой госць.
Сон твой - гэта ўсё, што ёсць...

...Імя тваё - усё, што ў цябе ёсць, -
Далей казаў ён. - З тым ты нарадзіўся
І з тым памрэш. І не нябесны госць,
Хто выракся імя. Самаспаліўся.

У Богу Бога ты раззвераваў,
Сказаўшы, што імя - як гук пустэльны..."
"Не пра сваё я! І не так казаў..."
"Шануй імя. Яно - твой крыж нацельны.
Цалуй імя..."

І я пацалаваў
Імя, як мяне маці цалавала...

І Кайса, павярнуўшыся, сказала:
- І так тут цесна!.. Дзе яго ты ўзяў?..
Жыцця няма ад гомасексуалаў.

- Ты дзе была?
- У Бога, дзе ж яшчэ!..

Засос на шыі ў Кайсы... На шчацэ
Кустоў падрапы...
- Так нас Бог цалуе?
- Калі ты кінеш піць напрапалую?
Дарваўся да Радзімы - і ў кусты!
Нібы няма ў нас ложка з траў гаючых...

- Дык гэта я быў?..
- Хто ж, калі не ты!
Не Бог у тых кустах.
Не дух святы...

І стала мне так крыўдна, так балюча
За наш народ!..
А пчолка Кайса ў рот,
Што я разявіў, ад пітва мікстуры
Як сыпане! - я з Дуба, з верхатуры
Як скакану!- бо рот пячэ, жывот!
Бяда!..
Так даў я дуба за народ,
Што гіне ад
адсутнасці культуры.

Ну, а памёр... дык што ж... з такой бяды...
Канечне, норма меней...
Час.
Гады.

- Раззвераваў ты Бога тым імя...
А ўсё-ткі: хто яна?
- Яе няма.

- Няхай няма... Праблема засталася:
Адмовіў
Бог у злосці
пчолцы Кайсе.
Сказаў Ён Сонцу: "Зловяць - падымайся.
А то прывыклі, каб усё за так,
Ды яшчэ плакаць: як мы драты, біты!.."

Дык ты ўяві: якія трэба ніты?
Якія сеці і які рыбак...

Выспевай ты, Вяйнямёйнен,
Як ты выспеваў нанова
Калявалу па пажары,
Непапалены бары,
Выспевай так, Вяйнямёйнен,
Мне спрадвечнае Святгор'е -
Хоць на той, ці хоць на гэты,
Хоць на гэны бок гары.

Хоць на захад, хоць на ўсход,
Хоць ты задам напярод,
Хоць бы люба, хоць нялюба,
Хоць пад плотам, хоць пад дубам,
Ды каб толькі ясна стала:
Тут стаіць, як тут стаяла!

Выспевай ты, Вяйнямёйнен,
Як ты выспеваў нанова
Калявалу па навале -
Кожны хутар, кожны дом,
Выспевай так, Вяйнямёйнен,
Намі страчанаю волю,
Нашу долю з сінім лёным,
Поле наша з тым ільном,

Што, нарваны, гэтак вымак,
Цвёрда біты, цвёрда драты,
Растрапаны на валокны,
У кудзелю перамяты,
Скручаны на верацёнцы,
Спрадзены ў тугія ніці,
Сплецены ў такія сеці,
Што агнём не папаліці,
Калі будзем імі Сонца -
Долю ясную лавіці...

- А не хочаш, Вова, дулю
З мёдам? - Кайса запытала
Дальнім голасам матулі -
І пчалою зноў прапала.

І далей святло казала...
вецер... бітае акно...
"Ты й навучыны не мала -
І навукі не відно.

Помніш, як шукаў тры словы
У таемнай Боскай спраце
Для выспеваў, для закляцця -
Што не ссохнуць і не змокнуць,
Што ў любой бядзе памогуць,
Што злавіць памогуць сонца,
Вяйнямёйнен-песнятворца?

Ён шукаў выспевы-словы
У мазгах рачных касатак,
У галовах лебядзіных,
У лапатках у гусіных,
У малой вавёркі ў роце,
Пашчы летняга аленя.

І набіў ён шмат касатак,
Лебядзяў набіў чароды,
Процьму ён здабыў вавёрак,
Табуны злавіў аленяў,
І да Віпунена пашчы,
Песняра заклёнаў-словаў,
Па канцах іголак тонкіх,
Па наточаных сякерах,
Вастрыях мячоў сталёвых
Ён прабраўся - і маланкай
Ссек з яго плячэй асіну,
І са скроні ссек бярозу,
Вольхі высек з падбародку,
З барады лазняк пахілы,
З лобу елку векавую,
Ссек з зубоў ён бор сосновы
І калом расціснуў зубы,
Каб сказаў, узвыўшы з болю,
Віпунен, пясняр заклёнаў,
Для выспеваў тыя словы,
Што зратуюць у няшчасці,
У любой бядзе памогуць,
І злавіць памогуць Сонца..."

Голас сціх...

"Далей ты помніш?.. -
Залатое верацёнца,
Пчолка
тут як тут якраз. -
Пра агонь? Пра дым?
Пра бруха?..
А калі ўжо, бляха муха,
Над табой і ў трэці раз
Праплыве ўсё - дым над полем,
Дык тады змагайся з доляй,
Як захочаш. Кайса - пас".

І на ложы траў гаючых
Укусіла так балюча,
Як ізноў пад дых дала -
І трава не памагла...

І калі я ўзвыў ад болю,
Голас зноў - далей і болей...

"А калі пайшоў па долю
Самы лепшы Леммінкяйнен,
І здабыў ён лёс - Гардэчу,
Волю закілзаў - Нязлоўцу,
І злавіў бы долю-Сонца,
Ды пастух у мокрай шапцы,
Дзед сляпы з краіны Маны,
Падсцярог яго дарогу,
Перапоўз яе змяёю,
Вадзяной прабіў гадзюкай,
Найатрутнай, яму сэрца,
Потым сек яго сякерай,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
І ляцелі, быццам трэскі,
Па зямлі далёка косці,
А скрываўленае мяса
На сякеру наліпала..."

"Пакажы... - пчала кусала, -
Твае раны,
твае шнары
Па навале,
па пажары!..
Дзе яны ў таго героя,
Што схаваўся за гарою?.."

Зараслі...

Ды пад карою
Сокам-сочацца-крывёю
Так пякуча, што не спаці,
Так балюча - не ўтрываці...

Стала маці ратаваці:
"Хлопчык мой, - казала маці, -
Пратрывайся, хоць балюча,
Праз сябе, праз кроў, праз жылы,
Ты ў мяне такі трывучы,
Ты ў мяне такі цярплівы..."

"Ну... як дуб..." - куснула Кайса.

"А ты, пчолка, не чапляйся...
Як лятаеш, так лятай
Вакол Дубу зелянога,
Як збіраеш, так збірай,
З яго мёду залатога,
Як кахаеш, так кахай,
І не выдумляй - што Бога..."

От уела дык уела!
Дзякуй, маці... Палягчэла.
А то ўсё зы-зы, жы-жы...
І фарсіць, што з-за мяжы.

Маці ўраз зламала джала!..
Пчолка села, крыльцы склала,
Стала раны цалаваці...

І заклёны-словы маці
Стала ціха выспяваці:

"Як парве трыванне душу,
Як пачнеш каменне трушчыць,
Дык вазьмі ты ў камяні,
Што жалеза і ў агні,
І ў вадзе бярэ адразу,
Каб цвярдзейшым стаць за сталь..."

"Ці амаль! амаль! амаль!" -
Кайса зноў кусаць! Зараза,
Закавай цябе каваль!..

А пчала - у высь, у неба...
Ёй сталёвыя не трэба
Песнятворцы-кавалі...

Ільмарынен з-пад зямлі
Грукнуў молатам...

"Паслухай!.." -
Кайса з неба,
Бляха-муха...

Скуль сілу ўзяць, каб трушчыць камяні?
Ну, дзе яна ў вадзе і дзе ў агні?
Дзе ў Дубе?.. У карэнні? Пад карой?
Тут -
у зямлі?
Там - на нябёсах ясных?

І ці яна ў любові іскраной -
Альбо яна ў нянавісці нязгаснай?..

У чым шукаць?
І для чаго шукаць?
Ці - каб адпомсціць?
Ці - каб дараваць?..

Грукнуў так, што Дуб ускрыліў
Разам з ветрам над гарою,
Векавечны Ільмарынен
З царства Маны, дзе сырою
Круглай шапкаю пастух
Не накрыўся - і аглух.

На гары
кавале зрушыў
Круглы камень... Цёмны, скрушны,
Бы ў душы... Яго папхні
Валаском - ён гэтак рыне!..
Так, што ўнізе не пакіне
Камяня на камяні!

А якраз унізе хеўра!..
Толькі лярвы! Толькі сцервы!
Крывацмокі! Стукачы!..

Я жанглёрам на мячы
Пахістаўся - і піхаці...

А пад камень легла маці.

"Лепш прымі манашы пострыг,
Толькі, Божа барані,
Не спяшайся спраўдзіць помсту,
Патрывай, душу не рві".

"А як з праўдай? А як з крыўдай,
Калі здрадзілі сябры?"
"Бог на іх свой гнеў абрыне.
Ты не помсці. Лепш памры".

"Грэх смяротны лепш за помсту?!" -
Трушчыць маці я гатоў!..

А пад каменем - апостал...
Той... Што вера і любоў.

Ён адзін і больш нікога.
Ну, і камень... Праз які
У жыцці адным
Ад Бога
Мы па розныя бакі.

І ўскаціў назад валун
Ільмарынен.
Як Пярун,
раззлаваўшыся,
разбіў!...

"Кулерву, раба купіў
Быў я ў Унтамы, што брата -
Бацьку крэўнага забіў
Кулервы. Раб рос з зацятай,
Неўміручай прагай помсты,

І яго ў смалёнай бочцы
Унтама ў бяздонне кінуў.
Выбіў з бочкі дно хлапчына,
Сеў на хвалі, ловіць рыбу
Вечнай вудай з вечнай жылай -
Неўтапляльнай прагай помсты.

Кулерву ў агонь укінуў
Унтама, касцёр расклаўшы
З соснаў самых найсмалістых...
Як згарэла ўсё дачыста,
Бачыць: попел разграбае,
Седзячы ў агні самлелым,
Раб жалезнай качаргою -
Незгаральнай прагай помсты.

Унтама на дуб павесіў
Кулерву, расцягваў жылы
На суках ад верхавіны
Да карэнняў, а хлапчына
Ані войкнуў, ні заплакаў,
Выгрыз на кары, надрапаў
Сотні вершнікаў з мячамі -
Незнішчальных вояў помсты..."

Першы грук заціх...

"Пра што ты,
Ільмарынен?.." - я спытаўся.
Ды за каваля азваўся
Голас маці... як з пустыні...
З-пад зямлі... з магільнай стыні:

"Ты мяне не слухай, сыне.

Лепш мне мора тое выпіць
Перш, чым некага ты ўтопіш.

Лепей мне агонь той з'есці
Перш, чым некага ў ім спаліш.

Лепш сама я стану Дубам,
Сябе буду крыжаваці,
А раскрыжаванца буду
Плакаць, сынам называці".

Спытала Кайса ў маці: "А вайна?..
А брат на брата?.."
"Лепей плач дзевяты,
Чым кроў на сыне..."

Рэхам перуна
Азваўся грук другі з падземнай хаты.

"Як толькі ўзяў я гэтага раба,
Так Унтама сканаў. З нябёс расплату
Абрынуў Бог. Але куды зацяты
Кулерва дзеўся?.. Півам быў - стаў пенай
На піве. Толькі здзьмуць... Дзе па калена -
Тануў, і там гарэў, дзе паўпалена.

І хоць аддаў за гэтага раба
Я цэлых два катлы старых жалезных,
Пяць кос тупых, пагнутых шэсць лапат
І тры крукі - пусціў яго на волю.

Меў нянавісць - меў ён сілу,
Не ўвагнаць яго ў магілу!
Без яе ён гэткім стаў,
Што ўпадзе, дзе ні пастаў.

Як забраў Гасподзь нянавісць -
Пастухом не мог быць нават,
А тым болей
кавалём.

Ні на што ён стаў не здольны...
Быў рабом, а жыў, як вольны.
Вольным стаў, а жыў рабом.

Змоўк каваль... Апошні грук,
Што данесся з царства Маны,
Быў настолькі нечаканы -
Быццам молат выпаў з рук...

"Слухай праўду, сын, - сказала
Раптам маці...

Бачу: джала!
І змяі ў яе язык! -

Не піла б я тое мора,
Хай бы ў ім тапіўся крык
Тых, хто кінуў цябе ў горы!

І агонь бы той не ела,
Хай бы ў ім душа гарэла
Тых, хто на цябе грашыў!

А калі б Гасподзь рашыў,
Каб я Дубам вечным стала,
Я б на ім раскрыжавала
Тых, хто ў сыне задушыў
Прагу помсты, спеў адплаты!.."

І агонь з падземнай хаты,
З коміна Святой гары,
Што вулканам стала раптам,
Джала ўзняў! - змяёю, лавай:
Я направа - ён направа,
Я налева - ён налева,
Быццам Кася, каралева
Лепшага на свеце места,
Не чмялёвая нявеста,
З сумкай вогненнай за мной,
За чмялінай галавой,
Я з гары - ён пад гарой,
Я ў двары - і ён дварамі,
Іскранымі тапарамі
У бяссонечнай начы
Лазні, пуні секучы,
Свіраны, хлявы, адрыны!..
Што за гнеў Гасподзь абрынуў
Са сваіх падземных спрат?!.
Пяць хвілін - і ўсё! Ні хат,
Ні двароў! - і да сінечы
Распалёныя цвікі,
Ды задымленыя печы -
Сіраціны-жураўкі.

"Прыляцелі, селі-селі,
Ці пілі вы, ці вы елі?.."

Святагор'е да Смаргонь
Зжэр нянавісці агонь,
Што таіўся пад зямлёй...

Той, што ў маці ўпоўз змяёй.

Маці села на маю
Правую сядзець руку:
"Выцягні з мяне змяю,
Мой жураўку-жураўку".

Я абняў сыру зямлю,
Стаў цягнуць з яе змяю -
Левай не магу рукой
Выцягнуць змяі такой.

Села маці на маю
Левую сядзець руку:
"Выцягні з мяне змяю,
Мой жураўку-жураўку".

Я абняў сыру зямлю,
Стаў цягнуць з яе змяю -
Правай не магу рукой
Выцягнуць змяі такой.

Маці я падняў маю,
Кінуў у сыру зямлю.
Я падняў на плечы печ-
Кінуў маці ў горла з плеч.

"На ты, маці, падавіся,
Ты змяёю пакруціся!"

Пачала круціцца маці,
Дымам рваці, сажай рваці.
І праз комін у зямлю
Вырвала з яе змяю.

Быць перастала чорнаю змяёй -
І ўстала маці белаю царквой,
І, як царква, гукнулася здаля,
Звысоку, скуль гара - пустыя схілы...

Як азірнуццца - голая зямля.
Як углядзеццца - попел ды магілы.

Селі мы ў царкве на печы
І сядзім - адны на свеце.
А ці раніца? Ці вечар?
Цёмна. Пуста. Дым ды вецер.

Што рабіць, з чаго пачаць,
Як нічога не відаць?
І які пасеяць лён,
Каб без сонца вырас ён?

Во загадка-загадайка,
Што пра курыцу ды яйка -
Галава адно баліць...

Ад няма чаго рабіць
Стаў я ў дым і вецер выць:
"Выспевай ты, Вяйнямёйнен..."
Маці ў карак: "Сціхні, Воўка!.."

Злезла з печы і сказала:
"Ты й навучаны нямала -
І навукі ніякой.
Не такі ўжо голас твой...
Трэба разам... Талакой".

"Во, наладзіць зараз хор", -
Я падумаў.
Маці ў двор
Да суседкі Стапуліхі,
Там пазычыла грачыхі,
У Былінскіх памяняла
Грэчкі пуд на лусту сала,
З салам збегала ў Ваўкі,
Памяняла на цвікі,
А цвікі занесла ў Клышкі,
Памяняла іх на кніжкі
І прынесла: "На чытай.
І не вый, не замінай..."

Падала да кніжак чаю -
Я ляжу сабе... Чытаю...

Верны вешчы Вяйнямёйнен
Стаў на кантэле іграці
Так, што слёзы з Каве-маці
Пакаціліся крыштальна -
Слёзы шчасця... Іх сабрала
Залатая ў моры вуця,
Склала ўсе ў жытло-гняздзечка,
Выседзела шчасцянятак,
І яны з калена Каве
Узляцеліся па свеце...

Струн пачуўшы пералівы,
Ты заплакаў?.. Ты шчаслівы.
У тваё гняздзечка-хатку
Прыляцела шчасцянятка.

Я сеў на печы, звесіў ногі з неба,
З якога Бог мяшком мяне прагнаў...
Пра тое думаць стаў, пра што не трэба,
Што за жыццё мяшкамі нацягаў.

Пыл у мяшкі збіраў, а думаў - шчасце...
На свеце тым - мяшок не развязаць.
Заставіў хату - яблыку не ўпасці.
Завесіў вокны - яблынь не відаць.

І што
мяне купляла?.. Рабавала...
Пяць кос тупых ды шэсць зламаных віл?
Ну то і добра, што ў агні спалала.
Не засціць свет і не збірае пыл.

Кайса, вуця залатая,
Шчасцянятка залатое,
Запыталася б ты ў Бога,
У якога ўсяго многа,
Можа, мае Божа тое,
Ну, не надта дарагое,
Для маёй гаротнай маці,
Каб заплакала ад шчасця?..

Кніжка - вуцяй з рук!.. За ёю
Паляцеў сторч галавою
Я, зусім без галавы,
У кацёл чарны-травы,
Дзе варыўся ўжо бурліва
Самагон для талакі...

Маці крыкнула жахліва!
Потым бачыць: я жывы,
Хоць і трохі не такі -
І заплакала шчасліва...

А я жыў у маці ў хаце,
Біў па ўсім, што ў ёй было:
"Што зварыў, кацёл твой, маці,
Чорнае тваё дупло!.."

А цяпер - пра што пытаці?
Позна плакаць-гараваці,
Воўкам, ветрам завываці:
"Ты адна, мая ты маці,
І Айчына, і святло..."

А маці шкадаваць: "Не плач... бывае...
Я ж не крыўдую... дый не ў навіну,
Што маці б'юць і тузаюць... струну
Не закрані - яна не заспявае..."

"Як Бог, ты, маці, хітрая такая..."

"Так не кажы... Бо маем мы ад Бога
Адразу ўсё з нябеснага каша...
Вунь дзіцянятку з целейка малога
Яшчэ расці... а ўся ўжо ў ім душа.

Усё - любоў... тут хітрага нічога..."
"Але ж пяе па-рознаму струна..."
"Як любіш ты пчалу - яна для Бога
Спявае... ненавідзіш - дык яна..."

- Для мухі-прасвістухі! - мне пчала
У кацялок, у макаўку ўпякла! -
Палёг на печы! Труцень! Абібок! -
І два разы яшчэ! У кожны бок! -

Развесіў сліні, нюні: родны край...
А ты яго не горлам праспявай,
А ты яго - рукамі! Ты - гарбом!
Каб у ваконца сонца ў кожны дом!..

Я да маці шкадавацца,
Каб дала пчале калодай!..

Але даў мне Божа маці:
Можа толькі забівацца -
І не можа забіваці.
Чмеля, крумкача, удода...

Ні казурку ні малу -
Ані муху, ні пчалу.
Ані восу касавосу,
Ні стракозу сінякосу.

Ані злыдня-авадня,
Што куснуў-пагнаў каня
Ашалелага - праз лёс...

Маці, горкая ад слёз,
Збіты лоб цалуе мой,
Авадня кляне кляцьбой.

"Ах ты, злыдзень-авадзень,
Злая конская кусачка,
А бадай бы, авадзень,
На цябе напала срачка!.."

Накусаўся - і праз дзень
Абдрыстаўся авадзень.

Я да маці ратавацца,
Каб дала пчале калодай!..

Маці Кайсе патакае:
"Гэта ж трэба ў свет сабрацца
Па святло,
любоў,
свабоду,
Сто разоў лятаць на неба,
Хоць усе, што пчолцы трэба -
Роўненька, што пчолка мае:
Кропля сонца,
кропля мёду".

Нават гэта маці знае...

З усіх двароў, з найдальніх хутароў
Па спаленым да попелу Святгор'і
Пайшоў народ, каб разам быць у горы,
І гнаў, што меў: авечак, бараноў,
Быкоў, кароў і цельных, і няцельных,
І кожны на сабе нёс крыж нацельны,
І нёс імя, і з ім - усё, што меў,
Што прыхаваць, што зратаваць паспеў,
Хто нітку, хто іголку, хто адно,
Што стала залатым, верацяно,
Што нейкім цудам у агні ўцалела -
І тым, што меў, народ складаўся ўцэла...

З таго, што меў, на Святгары народ
Сабраў адзін чароўны калаўрот,
Як Ільмарынен млын скаваў чароўны
З пяра лябёдкі, малака і воўны, -

І, як народ, падраты і пабіты,
Стаў скручваць калаўрот жывыя ніты,
Мацнейшыя за жылы і драты,
З жывой душы - пяючай пустаты...

І ўзвіўся над Святгор'ем вольны вецер,
І ў неба ўскінуў залатыя сеці.

Праз імглу, праз ноч, праз вецер
Ставяць сеці, цягнуць сеці
Мужыкі, жанкі і дзеці -
Да крывавых мазалёў!
Вось што значыць
Жыць у свеце,
Дзе агонь - душа.
Любоў.

Да жанчыны, да Айчыны,
Што на цёмнай старане,
Да, няхай чмяля, мяне.

"Палюбіў агонь лучыну..." -
Прашаптала Кайса ў сне...

Ой ты Кайса мая Бася -
Мая хеўра... Маці... Стася...

Ой ты Кайса мая Вольга -
Над ракою-лёсам вольха...

Ой ты Кайса сон-Наталля...

Тут жанчына без імя:
"Ты ж казаў, што іх няма!.."

Тут яны і надавалі
Мне
ды ўсе, каб выбіраў,
З кім лятаць, калі паспаў -

І я ў Крэва
да сяброў.

- Во!.. А дзе ты быў? Здароў! -
Па плячах Лявон з Ляксеям. -
Ты б нам дзевак не падсеяў
Са сваіх?.. Бо на вяселлі
Гэткіх, як твае, няма.
І нявеста без імя.

Ё-маё!.. Маё вяселле
У жанатага ў мяне!
І па ўсіх кутах паселі,
Што віселі на сцяне...

Гімназіст, капрал і Юха,
І Стары, і бляха-муха,
Медсястра, і дзевы з Ахтам,
Што са Стапуліхай...

"Ах ты!..
Стапуліха, раз'яціттваюмаць,
Навучы мяне лявоніху скакаць!"

"А ці будзем мы скакаці, а ці
Ты пярвей мяне памні, памалаці!"

"Я з табой скакаць лявоніху хачу,
А пасля цябе памну, памалачу!"

"Ступуліху ды Стапуль палюбіў,
Стапулісе Стапулёначка зляпіў.
Хоць гаўняны Стапулёначак
Ды затое без пялёначак".

"Ані кроку я дахаты, пакуль
Цісне кнопкі на гармоніку Стапуль.
Ён заняты гарманістаю,
А я той, якую ціскаю".

"Не пайду я сала есці датуль,
Пакуль грае на гармоніку Стапуль.
Хоць я сала больш за музыку люблю,
Але я паабяцала Ступулю".

"Стапуліха, як ты малада была
Дык каня паіла з чорнага катла.
А як стала ты кацёл стапуліць,
Дык ня можа конь ня есці, ня піць".

"А ў начное гэта я ці ня я
Пасвіць гнала твайго здыхлага каня?
А твой конь у маю чорну траву
Толькі звесіў-перавесіў галаву.
А мой конь, рухавы коніку
Цісне кнопкі на гармоніку.
А ягоны конік рупіцца -
І таўчэ мяне і рухаецца".

"А скажы ты, раскажы ты, Станіслаў,
Як ты гэтакім канём рухавым стаў?
Рухавейшым за рухавы калаўрот,
Як каню твайму ўляцела муха у рот!"

"А я гэтакім-такім рухавым стаў
Як у паху Стапуліхі паскакаў.
Як не спаў я соннай мухаю,
Стапуліху рухаў-рухаўся".

"Стапуліха, раз'яціттваюмаць,
Ты давай мне рухаць-рухацца-даваць!"
"Каб не спаў ты з бляхай-мухаю,
Заскачу цябе зарухаю!"

"Каб я рухаў і зарухаў белы свет
Ты купі мне для каня веласіпед.
Будзе ён круціць педалямі,
Буду я канём з медалямі..."

І тут пчала - каня! Ах, бляха-муха!..
Бадай бы срачка ў залатое бруха
Табе, кусачка, авадня сяструха!..

Ну, а цяпер паслухай, засяруха...

Шалёная шаша ад Крэва да Варшавы!
Нябёсы п'е нагбом Мядзведзіца з Каўша,
І ў кожным з нас душа
разбойніка Варавы -
Вясёлая гульба, віно і анаша.

З чаго гульба пайшла?.. Забылася прычына!
З таго, што ў нас жыццё - адно і на глыток!
І ў нас адна на ўсіх - навошта больш? - жанчына,
Калі адзін канец - і ўсім у той жа бок!

"А ну нам раскажы, як ты да нас блудзіла!
А ну нам пакажы кайфовае кіно!
А ну ўсё загалі!.. "
"Ты меней пі,вадзіла!
Ці, калі хочаш, пі! Усё на ўсіх адно..."

Як смокча! - ах ты, б..! Як языком казыча!
Мы б не ўзялі з сабой старой якой каргі!..
"Гэй, музыку гучней, бо за вакном кыгыча,
І хто б гэта мог быць?! - кы-гы! кы-гы! кы-гы!"

А хто б ні быў - пляваць! Я сам сябе не помню!..
Забыўся, хто я ёсць!.. Крумкач? Пугач? Удод?..
І нахі-
ля-
ецца, плыве на захад поўня
Над скошанай шашой, што ўпаварот -
на ўсход.

Вадзіла, ты куды?! Мне ў гэты бок не ўспешкі!..
Там на мяне сіло! Я выскачыў з яго!
Дык для чаго - назад?
Які язык у Гнешкі!..
Але ж не жыць было - на ўсходзе - са свайго.

Ні анашу курыць, ні піць было ў астрозе!..
Я заплаціў за ўсё! Я ўсе вярнуў даўгі!..
Ды што за птушка там - наперарэз дарозе?!
Пра што яна крычыць: "Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!"

Мне патакае ўсё - яна не патакае!..
І што гэта за крык,
і што гэта за знак? -
Я б разгадаў, але
кампанія такая! -
І Гнешцы ўсё адно - і хто крычыць, і як.

А гэтае "кы-гы"
заходзіцца над намі!
Як з адзіноты ўсёй! З усёй маёй тугі!
З маёй маны! З віны! Аглухлымі званамі
З расхрастанай душы: "Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!"

Ламае кайф, як лёс!
Спыніся ты, вадзіла!..
Не спыніцца ніхто! Шалёная шаша!
І ў кожным, як віхор, віруе злая сіла,
У кожнага свая шалёная душа!

Канае ўжо мая!.. Ды блізка да Варшавы -
Світанак там! -
і ў ім
касцёльны крыж дрыжыць...
І толькі пра адно ў разбойніка Варавы
Пытае Ешуа:
"Скажы,
ты хочаш
жыць?.."

Пра што пытаць?.. Калі
кампанія такая!
Такая Гнешка ў нас!
Не капай на мазгі!...

А ў цёмнай вышыні, якая ўся пустая,
Няўцямнае, як Бог:
"Кы-гы, кы-гы, кы-гы..."

Кайса ў спевы: "Каб ты ведаў,
Скуль засос і драпыгы -
Я з твайго веласіпеда
Пазданулася!..
Кы-гы..."

Ах, што за мова!.. Колькі звону ў слове!..
А восы - супраць! Авадні ўсе ў змове:
Таго няма! Сяго ёй не стае...
А як пчала на беларускай мове
Звініць-пяе!

І не адно звініць... Збірае мёд.
І не паздзіць пра мову і народ.

Я і ўсіх, і ўсё я зведаў,
Я пад пахай Бога ўзрос.
Ды не знаў веласіпеда,
Што паставіў бы засос.

Тут давай скакаць Лявон:
"Ты ж млявей за млявы сон!"
Тут давай касіць Ляксей:
"Зайца косага касей!"

"Хай сабе я заяц косы,
Млявы хай, як зайца сон,
Але хто - пчалу за косы?
Га, Ляксей?"
"Кы-гы!" - Лявон.

Ну ў мяне і дружбаны
З той і з гэтай стараны...

Той дружбан, які палева,
Цісне Касю-каралеву.
Той дружбан, які паправа...

Кайса: "Хочаш кавы?.."

"Каве!.. -
Маці ў лона скочыў зайка. -
Што з чаго ўсё?.."

Каве:
"З яйка".

"А з чаго ўсё ў яйку? Дзе
Само тое, з чаго яйка?"
"У Нябеснае Вадзе,
Дзе загадка-загадайка".

Маці кажа, не трывае:
"Бог нам з неба налівае
Роўна ўсім да аднаго.
А ўжо хто як выпівае,
Як хмялее, як гуляе -
Гэта клопат не Яго".

Каве развяла каленкі -
Воды як ліну-
ліся!..
"Ты з мяне - зусім маленькі,
А душа ў табе ўжо ўся".

Маці зноўку, нестрывайка:
"Вось разгадка-разгадайка".

Каве легла ўніз спіною,
Мяне клала ўверх спіною -
І круціла мае яйкі
Па-над прорваю пустою:

"Вы, млыны, мукою белай,
Дробнай соллю пасыпайце,
А вы, яйкі, прорву-бездань
Зорным смеццем засявайце".

Клала маці на палаткі
Мяне з жонкай маладою,
Маю жонку ўніз спіною,
Мяне мужа ўверх спіною -
І круціла мае яйкі
Жонка белаю рукою:

"Вы, млыны, мукою белай,
Дробнай соллю пасыпайце,
А вы, яйкі, прорву-бездань
Зорным смеццем засявайце".

Круціцца ў нябёсах яйка,
Пасыпайка-Засявайка:
Ваўчаня. Мядзведзік. Зайка...

Ходзіць Бог па сцяне
У чырвоным каптане:
Воўку - казка, Зайку - байка...

Як мне лепшым з лепшых стаць?..
Каб кахаць і быць каханым?
Можа, мне гарой паўстаць?
Можа, легчы мне туманам?

І, паклаўшы ў люльку-Неба,
Бог Зямлю закалыхаў:
"Каб каханым быць, дык трэба
Каб хто-небудзь пакахаў".

"А каб лепшым? Во на стулькі..." -
Мезенец я паказаў.

"Стулькі выпала ўжо з люлькі", -
Палец Бог у неба ўзняў.

Тут і ўцяміў крэўскі малец,
Не гара і не туман:
Калі ў неба кажа палец,
Дык адзін баран на палец
Пазірае, як баран.

Мне міргнула
Неба вейкам!..
Падлавіў я цудам нейкім
І лябёдку, і лася...
Сам, як мезенец, маленькі,
А душа ўва мне - уся.

І ў яе -
у плаўкі горан
Я з агнём і дымам горкім
Удыхнуў Сусвет-Святгор'е
І, як мог, з яго каваў
Лёгкае пяро лябёдкі,
Малако кароў няцельных,
Воўну доеных авечак
І ячменнае зярняці - ...
Калаўрот і Дуб скаваў,
Авадня, каб не кусаў...

Ды не змог скаваці маці.
Бог не даў.

...Я Богу ўсё перамаўчаў,
Як сіла слабла,
І кнігу шостую пачаў... -
Да д'ябла!

Ён спакусіў узняць кулак
На самым нізе -
І праступіў ягоны знак
На шостай кнізе.

Каб зноў я ў мораку начы
Глядзеў, здзіўлёны,
На строгія, як на мячы,
Пісьмёны.

Каб меч, які мне лёс скаваў
Я ўзяў - і рогам
Упёрся, і паспрабаваў
Пабіцца з Богам.

І калі Бог мяне зваліў,
Як Дуба вецер,
Душа мая пяяла: быў!..
Любіў на свеце.

Пакінуўшы свята на свяце,
Я выйшаў, адчуўшы спіной,
Як лёгка адразу за мной
І весела сталася ў хаце.

Цямрэча гусцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла святло
Адтуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я смех і гаворку.

І доўга на блізкіх і родных,
З якімі ў застоллі сядзеў,
Глядзеў я, гледзеў і глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.

І плакаў амаль да відна.
На свяце жыццё сатанела.
Піло. Цалавалася. Ела.

І толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Убачыла цень у акне
І глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака -
І ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.

Так я памёр.
На яве.
Сапраўды.
Не піў ні самагонкі, ні вады.
Бог не даваў. Казаў:
"Папіў. Пабіўся".
І я ў яго пад пахай пасяліўся,
Дзе зоркі ўсе. І дзіўны сон мне сніўся:
На Дубе залатыя жалуды.

І думаў я:
ну што ж... калі памру,
Збяру ўсе трэскі, лісце і кару
Сваёй душы - і занясу да Бога
Усе грахі майго жыцця зямнога
Да каліва, ды пылу і трухі:

Даруй ты, Божа,
Мне
Свае грахі.

Бог мяне як гахне мехам! -
Смецце зорнае мне ўслед!..

А як яшчэ пакінуць гэты свет?..
Калі не так?..
Са светласцю.
Са смехам.