Так

Кніга паэзіі

Някляеў Уладзімір


Прыснілася, што ёсць на свеце Бог

***
Я Богу ўсё перамаўчаў,
Як сіла слабла,
І кнігу шостую пачаў... -
Да д'ябла!

Ён спакусіў узняць кулак
На самым нізе -
І праступіў ягоны знак
На шостай кнізе.

Каб зноў я ў мораку начы
Глядзеў, здзіўлёны,
На строгія, як на мячы,
Пісьмёны...



***
Да Бога дрогкая дарога...
Здарожаны,
сабой самім
Зняможаны,
шукаў я Бога
Ва ўсім, бо Ён і быў ва ўсім.

Яго ў спакусах прагла цела,
І дух быў з целам заадно...

А неба ямінай цямнела -
І праступала ў небе дно.

Над ямай неба стаўшы з краю
І ўбачыўшы сябе на дне,
Спытаўся я:
"Каго шукаю?.."
І выдыхнула дно:
- Мяне.



НАД ВАДОЙ

Святая, запаветная,
Уся ў сабе сама,
Вада
такая светлая,
Нібы яе няма.

І да святла празрыстая,
Уся сама ў сабе,
Душа
такая чыстая,
Нібы няма яе.



АНЁЛЫ

Як час настаў -
і рушыў я да Бога,
Анёлы - тры - мне перайшлі дарогу.

Адзін спытаўся: "Ты куды ідзеш?.."
Другі спытаўся: "Што з сабой нясеш?.."

А трэці не спытаўся анічога.
Ці быў нямы -
ці знаў, што я да Бога.



АПОСТАЛ

Ступіў апостал з неба на зямлю
І першае, што ёй сказаў: "Люблю".

Другое, што сказаў апостал ёй:
"Усё тут стане некалі зямлёй".

А трэцяе, што ён сказаць бы мог,
Ён не сказаў, бо тое скажа Бог.

І ўсё пра ўсё, што мае Бог сказаць,
Нам праз жыццё і смерць распазнаваць.



МАНАХ

Ён прыняў ад лёсу пострыг,
Кажа: "Божа барані,
Не спяшайся спраўдзіць помсту,
Патрывай, душу не рві".

Я ў адказ: "А з крыўдай як жа,
Калі здрадзілі сябры?"
"Мір прымі, - ён зноўку кажа, -
І не помсці. Лепш памры".

"Грэх смяротны лепш за помсту?!" -
Я жахаюся, хоць ён
Проста кажа, як апостал,
Словы, знаныя здавён.

Проста словы, больш нічога -
Праз якія ўсё-такі
У жыцці адным
Ад Бога
Мы па розныя бакі.



***
Пацалавала ў чало
І засмяялася...
Гэта амаль што было
Тым, чым здавалася.

Што, як са срэбрам эмаль,
Музыка з голасам,
З лёсам зраслося амаль -
І раскалолася.

Што заблукала, як боль,
Сэрца паблізу,
Не паўтарыўшыся больш
Нават прыблізна.



КОШКА

Не пачую водгуку ў мальбе,
Пракрычу ў прасцяг глухі: "Ісусе!.."

Божа мой, я плачу без цябе,
Божа мой, я без цябе смяюся.

З чым я рушыў з лёсу ў лёс наўпрост?
Для чаго? Каб у чужым заглушку
Скруха кошкай выгінала хвост,
Кіпцюрамі драпала падушку?

Каб у бок, дзе ты, напружваць зрок
Так, што ў вокнах выгінае шыбы?..

Вораг не прыдумаў бы знарок
Кары той, што сам сабе я выбраў.

Любая!..
Але паклаўся шлях
Незваротны прад любой мальбою...

Кошка ліжа кроў на кіпцюрах.
Шчэрыць іклы. Дыбіць хвост трубою.



ЭМІГРАНТЫ

Ні тэарэм. Ні аксіём.
Спажыўнае ў цане.
Што Бог пашле - ядзім і п'ём,
А не пашле - дык не.

Учора - склеп, сягоння - дах,
А заўтра
без жытла,
І ўсюды горка-кіслы пах
Прыгарку, пылу, тла.

Ні аксіём. Ні тэарэм.
Цыбуля. Хлеб. Алей.

Як добра ўсё ж, што мы памрэм
Прад тым, як жыць далей.



МОСТ ПАНЯТОЎСКАГА

Адчай. Спякота. Духата.
Да Віслы рушыў, каб тапіцца,
Ды папярэднік з-пад маста
Сказаў: "І гэта марната,
Ніякая не таямніца".

Трамвай на мосце рэйкі тоўк
Ад соннай Віслы незалежна.
Вада сплывала кругабежна.

"Які ў тым толк?! Які ў тым толк?!" -
Грымела польскае жалеза,
Іскрыўся пад дугою ток.



ВЕРАБЕЙКА

На рабіне золак стыне.
"Верабейка, як жывеш?
Што ты робіш на рабіне,
Як рабіны не дзяўбеш?"

Верабейку на мякіне,
Чык-чырык, не правядзеш:
"Што ты робіш на чужыне,
Як жывеш і сэрца рвеш?

Як няма на ёй нічога,
Да чаго душой прывык?.."

Верабейка,
птушка Бога,
скок ды скок,
чырык-чырык.



СТРАХ

У краях, збітых войнамі
Так, што страх не злячыць,
Нават воля не вольная
Вольна душы лучыць.

Там няма ў яе вернікаў,
А халопы адны, -
Прагнуць пугі і перніка,
А не волі яны.



***
Рака крыві за волю - праз вякі...
Калі і хто той волі меў даволі?
Зацятыя рабы зацятай волі
Не лепей, чым яе рабаўнікі.

Ніхто не змог, як воля, вольным стаць...
Хоць абдымайся з воляю аберуч -
Паэту вольнай птушкай не спяваць,
Не паляваць тырану вольным зверам.

А вольны, можа, толькі плач сірочы,
Няўцямны крык у прадсмяротны час, -
І кожны з нас здабудзе волю двойчы,
І двойчы згубіць волю кожны з нас.

Усім на волю Бог дае іспыт -
І не займець збавення ад іспыту:
Адзін раз воля - калі ты з нябыту,
Другі раз воля - калі ты ў нябыт.



***
Перайначыць, парваць, папаліць -
Божа мой, колькі попелу ў лёсе!
І нічога ўжо не засталося,
І няма -
а баліць.

Дык няхай бы застаўся, не тух
Сам агонь, што мы ў ночы расклалі,
Сон пра той, што над рэчкаю, луг,
Сон пра тыя - за рэчкаю - далі...

Сон пра сны... Пра той бераг лясны,
Дзе нічога майго не ўцалела,
Дзе ў мяне і былі толькі сны...

Што ж тады
там згарэла?



ДАЎГІ

Жыццю, што займета ў пазыку,
Нібыта сплаціў я даўгі,
І рэчкай з паводкі вялікай
Шукаю свае берагі.

Даволі.
У роднай краіне,
Калі я камусьці і вінны,
Дык тым, хто ўскапае і скіне
Зямлю
на маю дамавіну.



***
У сваім народзе
ты жывеш,
У чужым народзе
пражываеш,
Як ідзеш сабе самому ўсцеж
І хады сваёй не адчуваеш...




***
...я прамоўлю апошняе слова -
Бог суддзя...
а душа да суда не гатова...

так у мора, што зеўрыць сурова,
выплыць страшыцца
напалову
непрасмоленая ладдзя.




***
Што вернешся - сам ты не верыў.
Ды ўспомніў: цябе там чакаюць,
Як з выраю...
З пылам і ветрам
За спінаю -- далеч.

Ты - ветрам у браму. Прыбег ты.
На крык твой - з трахеі, з аорты -
Няхай бы гукнуўся хоць нехта,
Хоць той, хто не мёртвы.

Ды ўголас заходзяцца жалем
Цвікамі прыбітыя дзверы.
І попелам цягне зляжалым,
І мышы пагрызлі шпалеры.

Ты хрысцішся, молішся Богу,
Ды позна - наўрад ці, наўрад ці...
Трыпутнік прыбег да парогу -
Па пыле, па ветры, па страце.

Два цені з акна цікавалі,
Забраныя ў белую раму.

Ты рукі параніў цвікамі.
Загойваў трыпутнікам раны.



***
Быў я - як і ўсе былі.
Жыў - за што плачу.
Гнеў нябёс і спеў зямлі
Зведаў. Бачыў. Чуў.

І нібыта меў свой лёс -
І не меў яго...
Спеў зямлі і гнеў нябёс
Быў ні для чаго.



***
Яшчэ нічога не было,
І ўсё ўжо сталася -
Дрыготка,
Як па вадзе азяблай лодка,
Завеславала, паплыло...

Такое ў лодцы той са мной,
Што невыносна, немагчыма!..
Адна Айчына за плячыма -
І анікога за спіной.




***
Ноч - і д'ябал грае на трубе,
Пацяшае ведзьмаў-бессаромніц...

Анікому - і найперш табе
Я ўжо не расказваю бяссонніц.

Не маню, што на тваім плячы
Сніў-лічыў радзімкі залатыя...

Ах, як граюць!.. Скачуць уначы!..
Д'ябал гэты... Ведзьмы маладыя...



***
Голкай зноўку сэрца мецяць!
- Хто забойца?.. Дзе жыве?.

Анікога...
Востры месяц
Шые воблакі,
Плыве.

- Дзе забойца?.. Што за ліха!..

Ні гу-гу. Маўчаць усе...
Вар'яцею ціха-ціха.
Так, як трэба. Пакрысе.



***
Завея... Снегавыя дзюны...
Паўночны кут.
Калі я недзе жыць не думаў -
Дык гэта тут.

Куды мяне занеслі чэрці
Ад крэўскіх брам?
Калі і думаў я памерці -
Дык гэта там.

Спачну, адолеўшы адлегласць,
У тым куце...
Завея легла пад адлегу -
І не мяце.

Схаваю ў злепленую ўсмешку
Адчай, нуду.
Зляплю і кіну ў мора снежку -
Ваду ў ваду.



5 САКАВІКА

Гуд зялёны, гуд вясновы,
Калі трэскаюць аковы
Рэк - і снег з палёў спаўзае...

Хто, як час праб'е суровы,
Гэты гуд за нас пазнае?

Застанецца ў гэтым гудзе
Наша памяць пра спатканне -
І калі мяне не будзе,
І калі цябе не стане.



***
Я люблю твае вочы
У ночы,
У начы,
Дзе вачэй не відно,
Дзе схаваны твой голас сірочы:
"Я адна.
Ты адзін.
Мы адно".



***
Усё, што ўбірае пагляд,
Напрамку не мае:
Сад-Верасень... Дым-Лістапад...
І дым застаецца, і сад -
Пагляд прападае.

Знікае.
Душу ледзяніць
Над дымам, над садам...
І вецер сустрэчна глядзіць
Тым самым паглядам.



***
Знаю: любая дарога вядзе ў бездарожжа,
Ды прамінаю агні і паўстанкаў, і станцый...

Толькі таму, хто нідзе заставацца не можа,
Лёс дазваляе
аднойчы
дзе-небудзь
застацца.




УСПАМІН ПРА БЕЛАРУСЬ НАД МАГІЛАЙ МАРЫНГЕЙМА

Геній Купалы і Коласа геній
Дзякуй, што даў нам... Але заклінаю:
Госпадзі! Сіла твая незямная!
Дай ты нам хоць аднаго Марынгейма!..
Хай у чатыры бакі пастраляе.



***
Гародня сустрэне журбой,
Забытым, аджаленым жалем.
Давай пастаім пад гарой -
Папалім.

Учуем, як вецер шуміць,
Як, што адбалела, баліць, -
Ды позна, не трэба!..

Глядзі: вунь жураўка ляціць -
Адзін праз высокае неба...



***
Нервова накіну кашнэ
/Французскае нешта/.
- Ты прыйдзеш яшчэ да мяне?
- Канешне.

Глядзіць, як русалка ў ваду.
- Сагрэць яшчэ чаю?
Я ведаю, што не прыду.
Яна адчувае.

Паводле законаў гульні,
Абняўшы за плечы,
Пакорліва кажа: "Звані.
Пакуль. Да сустрэчы".

З двара азірнуся ў акно -
Рукой памахае...
За ёй тэлевізар міргае,
Французскае кажа кіно.



***
Чакаць
гэтых дзесяць хвілін
Няведама колькі! З нізін
Падняцца паспеюць туманы
На вішні, на бэз, на язьмін -
Насыпала іх, нечаканых,
Запозненых дзесяць хвілін!..

Ды во ты мільгнула ў вагоне,
І во мы бяжым па пероне,
Мілуемся, - дзесяць хвілін
Наперадзе!..
Ззаду ўсё тоне:
і вішні...
і бэз...
і язьмін...



***
Усё, што праносіцца міма,
Са скрухі, з адчаю
Ужо адчуваць немагчыма -
І ўсё ж адчуваю.

Бамжу наліваю ў буфеце,
Ён сочыць: а колькі?..
Дзівосныя людзі на свеце -
А толку?..

Хрэн з імі. "Падай ты нам, Дуся,
Халоднага піва..."
Што сам сабе дзіву даюся -
Адзінае дзіва.



П'ЯНКА

У пакоі, замглёным ад дыму,
Непрытомным амаль ад віна,
Трое
поўныя шклянкі падымуць
І налітае вып'юць да дна.

Утаропяцца ў сцены. Запаляць.
Вочы ў вочы няўтульна зірнуць.
Ні за што не зачэпіцца памяць -
І яны наліваюць і п'юць.

Трое - з Менску, з Бярэсця, з Гародні -
Ледзьве знаюць адзін аднаго,
Дык з чаго яны п'юць так гаротна?
Проста так.
Проста п'юць.
Ні з чаго.

Бо пакуль на абшарах Айчыны,
Што ўсё толькі збіраецца быць,
Аніводнай не знойдзеш прычыны,
Каб не піць.



***
На ўскрайку самым, на краёчку
Таго ўсяго, чым даражу,
Я даначую гэту ночку,
Тваю падушку даляжу.

Мы родныя крывёй і духам,
Мы - духу і крыві зліццё...

А страсць падушку рве з-пад вуха,
Пераварочвае жыццё.



МАСТЫ

Левыя і Правыя Масты.
Сонны Нёман вусцішна пусты.
І трымціць апошнімі лістамі
Стомленая восень над Мастамі.

Я прайду на Правыя Масты.
Нешта з Левых пракрычыш мне ты.
Птушку таямнічую, начную,
Я не распазнаю, не пачую.

Цераз Нёман, поўны цемнаты,
Рынуся на Левыя Масты.
І няўцямна, як вада на дне,
Нешта з Правых пракрычыш ты мне.

Я спытаю: "Ты не там жывеш,
Скуль падманны голас падаеш?.."
І тады гукнешся з двух бакоў,
З двух-абодвух цёмных берагоў.



***
Як душу атуляе
пранізлівы жах небыцця:
Хто такі?!
Хто такая?!.

А ўжо згатавана куцця.



***
Вазьму ў далонь лязо калянае
І кроплю выцісну з ляза...
Агню - агнём наканаванае,
Вадзе - сляза.

У цемру болем перакулены,
Па-азіяцку торгну скуламі,
Зглыну слязу…
А па лязе
З вады ў агонь
Змяя паўзе.



ЗМЯІНЫ БОГ

Усё, што ёсць - ёсць назва. Ёсць палова
Таго, што ёсць…
У цэлае не сшыць
Змяю - і рух - і рукі змеялова -
І шып, які шыпіць...



НЕПАГАДЗЬ

Усхліпне дождж, заплача ў фортку вецер.
"Не плач, не плач", - пачуеш галасы.
А непагадзь на тым і гэтым свеце
Па два бакі нейтральнай паласы.

Не плач па тым...
Хоць там жыццё пражыта.
Ды жыць - адно, другое - дажываць.
Таму маліся, каб даспела жыта,
Каб каласок да каласка дажаць...

Увесь ты тут!
Ды што за злая сіла
Тугой пад дых
Таўчэ, таўчэ, таўчэ,
І молішся,
каб дзе зямля ўрадзіла?..

Там, на Радзіме. Дома. Дзе ж яшчэ?



САМАЛЁТ

Першы раз за ўсё жыццё
Новы год
у адзіноце -
І такое пачуццё,
Як адзін
у самалёце.

Што ж, і так яно бывае...
І нябёсаў пасярод
З пляшкі корак выбіваю:
- З Новым годам,
самалёт!



***
Устаць. Прыбрацца. Выпіць каву.
Пісаць і кінуць. Праз Варшаву
Ісці, не знаючы, куды.

Купіць цыгаркі, піва. Злоты
Падаць жабрачцы. З павароту
Вярнуцца на свае сляды.

Так пражываеш адзіноту.



***
Чэрствым хлебам чужыны, які здабываю штодня,
Прылятае штораніцы птушка нябесная снедаць.
- Ты скажы, што ты ведаеш, лёгкая дружка мая,
З тых тайніц занябесных, з якіх мне не дадзена ведаць?

Ну чаму табе выпала - проста лятаць і спяваць,
Мне - свой хлеб здабываць і блукаць у дарозе да Бога?.. -

Гэта глупства, вядома, у птушак такое пытаць,
Ды пра тое ж пытацца ў людзей - разумней не намнога.

На чужыне і дома - усе мы ў адной чарадзе,
Што не ведае межаў, ляціць і радзее паволі
Млечным Шляхам, дарогай, якая няўмольна вядзе
Ад няволі зямной да нязнанай нябеснае волі.



***
З далёкага даля,
з прасторы, дзе ўжо болей
Нічога і няма, апроч далечыні,
Аднойчы ціха я гукну цябе на волю -
Ты голасу майму акенца адчыні.

У дом ён заляціць,
заб'ецца ў клетку тую,
Дзе котка наша спіць, і побач з ёй засне...
І будзеш ты глядзець у далячынь пустую,
І волю ў ёй шукаць, і думаць пра мяне.



СКАРЫШЭЎСКІ ПАРК

На Скарышэўскі парк за лета ўсё не ўпала
Ні кропелькі дажджу, а ўсё адно раса
На скурчаным лісці крыштальна высыпала,
І ззяла ў Боскі свет адчайная краса.

Ты ў Скарышэўскі парк ні разу не ступала
Ні летам, ні зімой, а ўсё адно відно,
Як дрогкую расу, блукаючы, збівала
З вясельных нашых руж, што высахлі даўно.

Каханая, даруй!.. Але не ўсё прапала,
Калі я помню ўсё... Калі я плачу так...

Ах, як яно было! Ах, як яго не стала!..
Прабегла па расе праз Скарышэўскі парк.



***
Вечаровыя цені плывуць ад акна,
Пагаворым пад вечар
Не аб вечным, аб нечым,
Хоць пра тое, што хутка вясна.

Як даўно я табе не казаў пра вясну!
Прабачаюся, чуеш:
Ты са мной вясною начуеш,
Не баішся, што я не засну.

Усміхаешся ў сне, як глядзішся ў ваду,
Не баішся, што ў ноч нечакана сыйду -
І не страшна да рання
І чакаць, і баяцца вяртання...



***
Выб'ю дзверы плячом у начное жытло -
Закрычаць, завішчаць і запаляць святло,
Ратавацца зачыняцца ў ваннай...

Сплю пасля з істэрычнаю паннай.
Проста так. Абы ціха было.



ЛАЗЕНКІ

Тое ўсё, што назвалася Зося
І паклалася ў лёсе, як знак,
Я не ведаю, як пачалося,
І не думаю, скончыцца як.

Проста гэтак яно выпадае,
Праступае кляймом на ілбе...
Прастытутка мая маладая,
Дай за ўсіх пашкадую цябе!

Адкіпела і збегла, як пена,
Адбыло, што было... Перадых.
...Слаўна слухаць, як граюць Шапэна
А дванаццатай па выхадных.

Слаўна з Зосяй бадзяцца ў Лазенках,
Забываючы, хто ты такі...
На яе сінякі на каленьках,
Як на кветкі, ляцяць матылькі.



***
Зламаўся лёс... Ну, што ж, не ў першы раз,
Жыццё не да капейчыны прайграна,
І кажа пакаёўка: "Проша пана,
Я сёння зноў малілася за вас..."

Яна таропка накрывае стол,
Бялее тварам, быццам на марозе...
- Малілася? Чаму?
- А тут касцёл
Ад нас да вас якраз на паўдарозе.



***
І гэта ноч -
чарней, чым сажа,
І - з цыгарэтай на губе -
Бадзяжны чалавек, што кажа:
"Я знаю, хто цябе заб'е".

І гэты свет, жыццё ўсё гэта,
І ўсё, што ў ім было, -
нібы
дапаленая
цыгарэта,
прылепленая
да губы.



***
Я жыў з гары, а брат мой - угару...
Брат, не памры! А калі я памру,
Як мае быць
усё зрабі ў пару -
І на магілу перасунь гару.



***
Бліжэй за ўсіх да Боскага суда
Паселены ў нябёсах спеў птушыны,
А да зямлі, да камянёў і гліны
Бліжэй за ўсіх паселена вада.

Я спевам быў - і з рознаю брыдою
Спяваў штодня!.. А ў роспачнай начы
Я сніў ваду
і быць хацеў вадою,
Па гліне плыць, па камянях цячы...



***
Тым часам, як час прабягае,
Пытаюся з часам сам-насам:
"Скажы мне, мая дарагая,
Ці ты не самоцішся часам
Па часе, які пралятае,
Як пыл залаты скрозь праменні,
Скрозь сны нашы, мары, трызненні,
Скрозь тое, што назвы не мае?.."



***
Вялікдзень. Сонечна. Званы.
Хрыстос васкрос. Чакаюць дзіва.

Антыхрысты прыйшлі з вайны;
Без дай чаго рабіць, яны
Хрыстосваюцца сарамліва.



ЛАНЦУГ

З пустот і разрываў нябесны каваль
Ланцуг адкаваў і наважыў мой лёс...
І ўсё ж
між пустотаў з разрывамі
сталь -
І па ланцугу прабягае мароз...



КРЫГАХОД

На Фінскім заліве адтайвае лёд.
Ускрыкваюць чайкі над Фінскім залівам.
На міг мне здалося шчаслівых сярод,
Што я паміж імі таксама шчаслівы.

Ды вецер, як чайку, ускрыліў тугу
З паводкавай Віслы, з дрыготкай Варшавы,
Дзе я ўсё - па лёдзе - на бераг бягу,
Налева - на левы, направа - на правы.

Плыве пад нагамі і трушчыцца лёд -
Плыву - і бягу - дзень за днём, год за годам -
І дыбіцца лёс, як сцяной - крыгаход,
Упёршыся ў мост - і ламаецца лёдам!

Як страшна ён падае ў цемень вады!..
Як дна там няма!..
Як паводка не пройдзе!..
І я ўжо - не знаю, па што і куды? -
Па лёдзе - па лёдзе - па лёдзе - па лёдзе...

Направа, налева - адна старана -
Налева! - направа! - па крыгах! - адчайна!..
А ледзь прыпынюся - палонка без дна,
А ледзь азірнуся - ускрыквае чайка.



***
Вецер коціцца па полі -
У зямлі шукае долі.
Доля рвецца з цёмных нетраў
І сябе шукае ў ветры.
Вецер. Поле. Доля. Дым -
Скрозь пустое
у пустым.

Ты ў жыцці сваім зямным
Возьмеш толькі ў дыме дым.
Тое возьмеш ты ў агні,
Што сякера ў камяні.