Браслаўская стыгмата

Глёбус Адам


Брудны посуд

Рэчы ня любяць Ахрома. За што нi возьмецца — зломiць, сапсуе, запаскудзiць, збаёдае. Пра такiх кажуць — рукi ня тым канцом прышытыя. А яму? Хлебам не кармi, дай на кампутары пазабаўляцца. Пра кампутар скажу пазьней, напрыканцы, пад заслону.

Спачатку знаёмства, даволi банальнае, каб не рэкамэндацыя, якую нашаптаў мне брат. Таленавiты музыка, пiянiст. Скончыў кансэрваторыю, захапляецца Скрабiным, хоча пiсаць у твой часопiс. Даўжэзная паўза. Наркаман, палiць марыхуану, але ня колецца. Музыкi ўсе паляць анашу, як мастакi п’юць. Дапаможаш?

Нiчога я не абяцаў.

З пэўных часоў не дапамагаю чужым людзям. Спрабаваў, спадзяваўся, ратаваў. Чым скончылася? А нiчым. Пераканаўся: калi чалавеку выпаў лёс утапiцца, ён не задушыцца. Дазваляю назваць мяне фаталiстам. Адзiн раз. Дарую. Ёсьць лекары, сваякi, сьвятары. Хай ратуюць душу й цела. Некаторым зь iх за гэта грошы плоцяць. А я павiнен сям’ю кармiць. Дзецi-школьнiкi, жонка — вольны мастак бяз пэўных грошавых крынiцаў. Свайго хапае, пад самую плешку.

Хочаш пiсаць у часопiс? Пiшы. Ведаеш музыку? Любiш рок-н-рол? Джагер, Колiнз, Ленан, Плант? Выдатна. Буду рады прачытаць. Сказаў i забыў.

Але Ахром вярнуўся. Прыцёгся праз тыдзень з пакамечаным сшытачкам. Уладкаваўся ў фатэль, каля майго стала, чакаў, думаў — я адразу кiнуся чытаць ягонае шрайбаваньне. Дулю з макам. Прыходзь праз тыдзень. Будзе час — пагляджу тваю пiсанiну. Потым i пагаворым. Бай-бай! Пакры-ы-ыўдзiўся. Сыйшоў. Яны крыўдлiвыя, гэтыя маладыя аўтары рок-н-рольных нататак.

А мне чыхаць на iх крыўду ўсю. А мне пля-а-аваць на жорсткасьць сваю. Жорсткасьць ратуе. А калi ня жорсткасьць, дык прынцыповасьць выратоўвае. Сказаў? Паабяцаў? Зрабi! Прачытаў я нататку з пакамечанага сшытка. Слабiзна. Усе факты перацягнуты з часопiсу «Музычнае жыцьцё». Жыўцом навыскубаныя й сяк-так сфастрыгаваныя. Але, як на пачаткоўца, дык уежна.

Брату затэлефанаваў. Скажы свайму лабуху, каб зайшоў да мяне. Дарэчы, дзе ты яго выкалупаў?

Каля крамы «Фiлятэлiст». Прывалокся прадаваць дзедаў ордэн. У яго дзед энкавэдыстам быў, савецкую ўладу ўсталёўваў у Беларусi й Лiтве, нядаўна ў Троках памёр. Дык уяўляеш, Ахром папёрся да новай дзедавай жонкi ў Трокi, каб аддала ордэны. А яна яму. Ты да дзеда прыехаў? Вось i кацiся на могiлкi. Правы бок, трэцi рад, магiла каля плота. А гэты ордэн у першай жонкi, з часоў вайны захоўваўся. Ахром яго ўкраў i хацеў прадаць. А Калтовiч. Ведаеш Калтовiча?! Забраў. Ха-ха-хi. Мне стала шкада лабуха. Вось i пазнаёмiлiся.

Удакладняю. Калтовiч абрабаваў ня толькi Ахрома. Ён рабаваў усiх, хто трапляўся на шляху. Пасадзiлi. Праз тры гады Калтовiч вызвалiўся з турмы й абвясьцiў па Менску, што мае цяпер цэлае войска палонных i рабоў. Рубель — ня грошы. Калтовiч перабраўся ў Польшчу, дзе на лясных дарогах спыняў аўтобусы з турыстамi, зьбiраў падаткi. Беларускi Робiн Гуд.

Але жыцьцё — ня казка. Ня змог Калтовiч падзялiць нарабаванае памiж сваiмi палоннымi. Адзiн з рабоў стрэлiў з рэвальвэра ў левае вока атамана. Аман! Хай душа беларускага Робiна ня вельмi пакутуе ў пекле. Сьпi спакойна, спадар Калтовiч.

Кожнаму свой шлях. Адзiн крадзе ў сям’i дзедаву ўзнагароду, другi яе забiрае, трэцi спрабуе прымiрыць рабаўнiка са злодзеем. Марная справа.

Усё марная марнасьць, i ловы ветру, i стома духу.

Цi, як сьпяваў Морысан. Што яны ўтварылi з нашай зямлёю? Што яны зрабiлi з нашай сястрою? Спустошылi й абрабавалi, зрэзалi й скусалi, скалолi нажамi.

Жа-а-ах! Рукi апускаюцца.

Дарэчы, пра Морысана была напiсаная першая нататка аматара марыхуаны, Славы Ахроменкi, а па-сяброўску — Ахрома.

Руды. Два днi няголены. Вочкi мiтусьлiвыя, а калi вочы ў вочы — нежывыя, бо знарочыста станоўчыя. Пастава хранiчнага баязьлiўцы. Такi Ахром. А ходзiць так, нiбыта баiцца, што зямля пад нагамi вось-вось завiшчыць ад болю. На мяне наступi-i-iлi! I разам з тым Ахром не выклiкаў у мяне адмоўных пачуцьцяў, прынамсi спачатку.

Калi я сказаў, што згодны зь iм працаваць пры адной умове, Ахроменка пабажыўся. Забуду наркату! Далiбог, кiну палiць!

Што-што, а вось раздаваць абяцаньнi ён любiць. Абяцае ўсiм што заўгодна, калi заўгодна й колькi заўгодна. Ахром паталягаманюка. Змагацца з iлжывымi абяцаньнямi немагчыма. На адну хлусьню накладаецца наступная, да трэцяга падману дадаецца чацьверты, сам заблытваешся, нэрвуешся й нарэшце ненавiдзiш не падманшчыка, а самога сябе.

Найвялiкшая мана з боку Ахрома. У мяне бацькi няма. Толькi мама й бабуля, якiя жывуць у Гомлi.

Ахроменка — сiрата, яму трэба дапамагаць, яго трэба пашкадаваць i абласьцiць. А як жа ж?

Толькi празь пяць гадоў пасьля нашага знаёмства даведваюся, што ў Ахрома ёсьць бацька, якi жыве ў адным двары з мамай i бабуляй. У бацькi залатыя рукi, ён можа адрамантаваць, направiць, адладзiць усё на сьвеце — ад тэлекамбайна да мапэда. Праўда, ён п’е вiно й гарэлку штодня, таму з мамай яны разышлiся. Бывае. Часьцяком.

Якi ж ты сiрата, Слава Ахроменка? Просты! Сiрата па ўласным жаданьнi. Байструк дзеля выгоды. Як у песьнi. Сiраце паўсюль у нас дарогу, байструку павага й дапамога! Ня трэба быць Плятонам, каб скемiць: у чужым горадзе лепш назвацца байстрылам, чым сынам старшынi калгасу цi таго ж майстра на ўсе рукi. Сiрата можа папрасiць грошы ў пазыку. Не адмовiш.

Ахром пазычаў ня толькi рублi. Ён i ключы ад кватэры ў мяне выпрасiў, калi прачуў, што я зьяжджаю ў адпачынак разам зь сям’ёю. Даў. Канечне, пашкадаваў. Жонка дагэтуль не даравала Ахрому тры рэчы. Сапсаваў нямецкую друкарскую машынку «Эрыка». Падрапаў панiву з тэфлонавым пакрыцьцём, на якой можна было смажыць блiны без алею, тлушчу й сала. Можна было, пакуль Ахром не падсмажыў яйкi. Панiву падарыла жонцы цётка, даслала зь Вялiкага Макацялёма, няблiзкi сьвет — Мардовiя. А што Ахрому?.. Ён яшчэ i ўнiтаз пабiў, упусьцiў у чарупiну малаток.

Зрэшты, не сыйшоўся клiнам сьвет для мяне на гэтых унiтазе, панiве й машынцы «Эрыка». Будзе дзень, будзе й хлеб. Будзе хлеб, будзе й да хлеба.

Ахрома ня любiць тэхнiка. Яго не паважаюць рэчы. Гэта — найцiкавейшая адметнасьць Ахроменкавай асобы. Просьценькая шарыкавая асадка, патрапiўшы ў парослыя белымi валаскамi Слававы рукi, бунтуецца, пачынае цячы, пэцкаць у нязмыўную пасту ўсё чыста — паперу, стол, падлогу й рабацiнiсты нос няздары.

Неахайнасьць — вызначальная рыса Ахроменкавага аблiчча. Даводзiлася пасылаць. Слава, iдзi ў лазьню!

Не дапамагала. Крыўдаваў. Сыходзiў. Зьнiкаў. Прападаў. А калi вяртаўся, дык выгляд i пах прыносiў ранейшы.

О, саладжава-цьвiлы дух самотных мужчын! Мусiць, так патыхала ад пустэльнiкаў. Пэўна, такi смурод сыходзiў ад сьвятога Антонiя. Жах у тым, што смурод ты глынаеш нават ня хочучы. Нябожчыкi былi б не такiя страшныя, каб не даводзiлася ўсмоктваць у сябе часьцiнкi раскладзенага цела. Як разумею людзей, што ўлiваюць у горла паўшклянкi гарэлкi перад тым, як iсьцi на пахаваньне.

Пах самоты Ахром захаваў i пасьля ўласнага вясельля. Мусiць, таму, што жонку ўзяў наўзьдзiў адпаведную сабе — армянку Гулян, таўсташчокую, дзюбаносую, з вусамi. Гулян, як i Ахром, не галiлася. Яна й не выбельвала рэдзенькiя, чорныя, мяккiя вусiкi. Кажуць, вусатыя жанчыны вельмi тэмпэрамэнтныя, палкiя, гарачыя. А што iм застаецца гаварыць?

Чорт зь iмi. Вусатыя дзеўкi мяне таксама вабiлi.

Не пра эротыку гаворка.

Пра Ахрома. Пры ўсiм тым ён — творца, мастак. Хто можа быць цiкавейшы за чалавека апошняй у сьвеце вольнай прафэсii? Няма ў яго грошай, апранаецца, як Бог дасьць, пахне не пранцускiм адэкалёнам. Адкiнем умоўнасьцi, палонных i рабоў. Ахром — вольны чалавек. Захацеў — прыйшоў, не пажадаў — лёг спаць. З Ахроменкам цяжка дамаўляцца, можа падмануць. Толькi лёгка дамаўляцца з чалавекам, якi ня носiць уласных думак, якому ў галаву ня прыйдзе паразважаць, падумаць i перадумаць. А мастак? Ён можа й адаслаць куды найдалей. Ненадзейныя людзi — творцы. Неспакойныя, неўраўнаважаныя, нахабныя. Лезуць, шчэмяцца, цiкавяцца. Iх гоняць, iх зьневажаюць, крыўдзяць, б’юць.

Вось i з Ахромам выйшла непрыемнасьць, празь лiшнюю цiкаўнасьць.

Прыйшоў, сеў у фатэль, нагу на нагу закiнуў i кажа. Я для вашага часопiсу пра рок-н-рол пiшу? Пра Джагера, Планта й Колiнза накрэмзаў. Правiльна?

Маўчу, чакаю. Ахром ня толькi пра рокераў нашрайбаў. Ён даволi разумна выпiсаў эсэ пра кiч-культуру, з прытоеным снабiзмам пазьдзекваўся з аматараў канiбальскiх застольляў, калi ядуцца тарты, выпечаныя ў выглядзе чалавечых рук i галоў. Дый пра хiповы камунiзм, з распуснымi летнiкамi, у Ахрома атрымаўся добры нарыс.

А рок-н-рол здох! Нарадзiўся ў сутарэньнях, выпаўз, павесялiў падлеткаў на стадыёнах, запоўз назад пад скляпеньнi дый сканаў. Што яшчэ пра яго пiсаць? Згасьлi зоркi. Мне нецiкава, колькi ў каго засталося дзяцей ад першай i пятай жонкi. Мяняю тэму. Буду шукаць гандляроў наркотыкамi. Змагацца з наркамафiяй. Хi-лi. Сур’ёзна! Ёсьць хлопчык у Санкт-Пецярбургу. Выведзе на аптавiкоў. А далей глядзецьму.

Аглядайся! На твой труп глядзецьмуць усе, акрамя цябе самога.

Да трупаў ня дойдзе. Дамоўлюся. Толькi камянi ня могуць паразумецца.

А я супраць. Ня мой аддзел, не мая парафiя. У Менску. Дый у Менску нiхто цябе баранiць ня будзе. А ў Пiцеры без страхоўкi лезьцi да наркаманаў i наркабiзнэсмэнаў — iдыятызм.

А Вы баiцёся за мяне?

Сумеўся. Ну, чаго перажываць за байструка Славу Ахроменку? Хоча даць нырца ў ледзяную палонку? Хоча стаць пiянэрам-героем у мiрны час? Сьцяг у рукi. Багнет на бэронь, тшэба крвi! А вось i заперажываў, забаяўся, спалохаўся грэх на душу браць. Заб’юць байстручка Ахроменку, вiнаваты буду. Ня вымалю ў Бога дараваньняў.

Не паслухаўся Ахром. Зьехаў i прапаў.

Да Ахромавых зьнiкненьняў я прывык, як i да бясконцых падманаў. Цi першы раз прападае?! Сто першы! I як чалавеку не прападаць, калi ў яго жонка армянка, а ў Закаўказьзi раскруцiлася шырокамаштабная армяна-азэрбайджанская бойня? Каб мне сказалi: Ахром возiць зброю й наркотыкi ў Карабах — зрабiў бы зьдзiўлены твар. Бо нашто, скажы, цягнуць жонку з гадавалым сынам Глебам у зруйнаваны грамадзянскай ды расейска-грузiнскай вайною Тбiлiсi? Якая выгода?

Там у Гуляны заможныя сваякi. У яе дзядзькi Гарыка ўласная фабрыка шкарпэтак. Хай Глеб у яго пажыве, пакуль Гуляна здасьць iспыты ў Ерэванскай кансэрваторыi. Ахромавы аргумэнты i выгоды.

I потым зьяўляецца ў тыднёвiку «Творчасьць» эсэ Ахроменкi пра грузiнскi шавiнiзм i ўцiск армянаў у Тбiлiсi. Спадзяюся: батоны Гамсахурдзiя з таварышам Шэварднадзэ не чытаюць па-беларуску й нiколi не даведаюцца пра армянскiя настроi змагара Ахроменкi. Разумееш? Гарачая кроў. Закладнiкi. Кiнжалы.

Беларусу няма чаго рабiць на каўкаскiх франтах! Нават урад Беларусi гэта ўцямiў. А небараку Ахрома сумненьнi апаноўваюць.

Ён усё перавозiў i перавозiў жонку з сынам цi то з Тбiлiсi ў Ерэван, цi то зь Ерэвана ў Тбiлiсi. Геаграфiя перавозак усё пашыралася й пашыралася: Тбiлiсi–Растоў–Ялта–Менск–Ерэван–Краснадар–Харкаў–Гомель. Дзiўлюся: Ахром нiводнага разу не завiтаў у Вялiкi Макацялём. Цi там захалодна асобам каўкаскiх нацыянальнасьцяў? Не-е-е. Армяне, як i габрэi, раскiданы па сьвеце. Я ў гэтым меў гонар пераканацца.

У рэдакцыi, на сваiм рабочым стале знаходжу рэдакцыйны блянк, запраўлены ў адрамантаваную «Эрыку». На блянку чарнее наступнае:

«Шаноўны спадар Данчык! Рады вiтаць Вас. Дзякуй за дасланы лiст, якiм Вы адгукнулiся на высланыя рэдакцыяй часопiсы. Шчыра парадаваўся, што надрукаваны плякат з Вашым аблiччам прыйшоўся даспадобы. Мяркую й надалей зьмяшчаць на старонках свайго выданьня матэрыялы пра Вашую творчасьць. Яшчэ раз велiзарны дзякуй!

А яшчэ, спадар Данчык, маю да Вас маленькую справу. У ЗША едзе мой далёкi сваяк, вельмi добры чалавек — Гарык Атруцян. Дапамажыце, калi Вам няцяжка, яму ў першыя два-тры тыднi. Калi ласка, буду вельмi й вельмi ўдзячны.

Заўсёды прыхiльнiк Вашага вялiкага таленту. Адам Глёбус.»

Ну, Ахром. Ну, сьмярдзючы пацук. Мала таго, што я ў Пiцерскi рок-клюб не магу зайсьцi, бо, выклянчыўшы ў мяне рэдакцыйнае пасьведчаньне, ён туды зьезьдзiў i ўсiм Шаўчукам, Грабеншчыковым i Кiнчавым сказаў, што яны казлы. Ад майго iмя, вядома. Ну, дык Расею так i трэба называць. Толькi ад свайго iмя. А тут эмiгранты i армяне. Ну, якiя ў мяне сваякi армяне? Якi такi шкарпэтнiк Гарык Атруцян запiсаўся ў мае дзядзькi?

Раззлаваўся. Разьюшыўся. Азьлiўся.

У мяне зь беларускай эмiграцыяй адносiны нiякiя: я iх ня ведаю, i яны маёй асобаю мала цiкавяцца. А тут сьлюнявы, саладжавы, лiсьлiвы лiст да сьпевака Данчыка. Нонсэнс.

Як жа ня любiць Ахрома тэхнiка! Гэта ж трэба, каб так закладала, выдала, застукала з вантробамi простая друкарская машынка. Каля якой ляжаў яшчэ адзiн лiст.

«Добры дзень, Гарык Гамлетавiч!

У ЗША жыве адзiн беларускi сьпевачок па мянушцы Данчык. Сьпяваць ён ня ўмее, галёкае, што завадная машынка. Але справа ня ў тым. Данчык працуе ў банку загадчыкам аддзелу кадраў. На сваёй працы ён — Багдан Андрусiшын. Банк месьцiцца ў Нью-Ёрку. Разумееце? Дасылаю Вам ягоную вiзытоўку. А яму — лiст з просьбаю сустрэць Вас i дапамагчы як сваяку паэта Адама Глёбуса. Спадзяюся, Вам прыдасца такое знаёмства.

Прывiтаньне ад Гуляны й Глеба. Слава.»

Падраў я лiсты разам з Данчыкавай вiзытоўкаю.

Калi беластоцкiя беларусы паскардзiлiся мне на Ахрома: ён падманам празь iх зрабiў трыццаць выклiкаў i запрашэньняў у Польшчу розным Гарыкам, Армэнам дый Гамлетам — я ня даў веры. Колькасьць уразiла. Адзiн, два, тры. Давялося паверыць. Адзiн-тры накiравалiся ў ЗША, а ў ПНР Ахром выправiў тры дзясяткi закаўказцаў.

Насварыўся моцна на Ахроменку, налаяўся, наабражаў — армянскi зяць, iлжывы нахабнiк, наркот.

Некалькi месяцаў не аказваўся, потым тэлефануе й набiваецца ў госьцi. Прыпёрся Ахром з бутэлькай гарэлкi, з доўгiм i нудным плачам пра цяжкое жыцьцё армянскага народу й кароткiм аповедам пра свой арышт у тбiлiскiм аэрапорце.

З Тбiлiсi Ахром прывёз адзiн варты згадкi вобраз.

Сяджу на гаўбцы й бачу: з аднаго боку двара мужчына выбiвае кiлiм: бух-бух-бух, а ў другiм баку хлопец вучыцца страляць: тхрах-тхрах-тхрах. Музыка Тбiлiсi, 1992 год.

У аэрапорце Тбiлiсi Ахрома затрымалi грузiнскiя баевiкi — п’яныя, абкураныя марыхуанай, шаснаццацiгадовыя бэйбусы з аўтаматамi й штых-нажамi. Бэйбусы спадзявалiся, што Ахром — чачэн па нацыянальнасьцi, i яго можна будзе ўзяць закладнiкам, каб пазьней абмяняць на што вартае ў генэрала Джахара Дудаева. Якое ж iх спасьцiгла расчараваньне!

Беларус! Гэта ж чалавек без нацыянальнасьцi — беларус!

Памятаеш. Калi на апошнiм зьезьдзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету СССР абiралi старшыню камiтэту па нацыянальных пытаньнях, прагучала прапанова вылучыць чалавека без нацыянальнасьцi. Я па наiўнасьцi думаў, спадзяваўся, марыў, што габрэя абяруць. У СССР габрэi былi людзьмi без нацыянальнасьцi, касмапалiтамi, савецкiмi чалавекамi. Трасцы! Вылучыўся й абраўся беларус. Нейкi Таразевiч. Вось i маем.

Адзiная карысьць ад беларускасьцi — баевiкi адпусьцiлi Ахрома на ўсе чатыры бакi.

Беларус — неканвэртаваная нацыянальнасьць. Беларусы не абменьваюцца, нi на грузiнаў, нi на мардвiнаў зь Вялiкага Макацялёма.

Ахром вярнуўся ў Менск жывы й нездаровы. Пасьля арышту пачаўся распад асобы.

Ахроменка наняўся працаваць целаахоўнiкам да вiетнамскае прынцэсы. Тая займалася ў кансэрваторыi, а ў вольныя нядзелi гандлявала на кiрмашы рознай драбязою: адэкалёнамi, духамi i газавымi балёнчыкамi. У абавязкi Ахрома ўваходзiла стаяньне побач з прынцэсаю й пакручваньне ў руках газавага балёнчыка. Як ён не спаралiзаваў прынцэсу газам з балёнчыка, не ўяўляю. Хiба што Ахром дэманстраваў на стадыёне «Дынама», дзе атабарыўся рэчавы гандаль, пусты вычханы балёнчык. За дзень стаяньня Ахроменка атрымлiваў пяць даляраў ЗША. Ён казаў — дзесяць. Ня веру. Нельга яму верыць нi на талер, нi на шэлег, нi на беларускi рубель.

Сумна, але Ахрому не давяралi i ў рэдакцыi тыднёвiка «Творчасьць», дзе ён меў гонар працаваць адказным сакратаром.

З дня нашага знаёмства Ахроменка пачаў рабiць сякую-такую журналiсцкую кар’еру. I зрабiў. Ад лiтсупрацоўнiка ў часопiсе для лiцэiстаў «Малады дубок» ён дапхнуўся да пасады сакратара.

Працу Ахром не любiў i не шанаваў — замiнала прападаць, перашкаджала падарожжам, перавозкам, вольнаму жыцьцю. Даводзiлася апраўдвацца, хлусiць, выдумляць. Фантазiя й вынаходнiцтва ў такiх выпадках пакiдалi Ахромаву нячэсаную галаву. Ягоныя сваякi хварэлi выключна на рак. У бабулi рак еў страўнiк, у мамы рак убiўся ў падстраўнiкавую залозу, цесьць пакутаваў з ракам мачавога пухiра, а ў цешчы рак узьнiк у мазгах. На рак не хварэў хiба што дзядзька Гарык Атруцян, мусiць, не было калi, бо маладое армянскае войска мела патрэбу ў шкарпэтках.

Кар’еру Ахром скасаваў уласнаруч. Не адразу, а ў два захады. Па-першае, нашрайбаў зласьлiвую заяву на iмя рэдактрэсы тыднёвiка «Творчасьць», дзе абвяшчаў, што не жадае больш займацца гаспадарчымi пытаньнямi: даставаць унiтазы, вазiць газэтную й прыбiральную паперу ды шукаць дыскеты да кампутараў — а хоча выконваць абавязкi простага беларускага публiцыста.

Ня ведаю, якiя ўнiтазы Ахром змог дастаць для патрэб рэдакцыйнага калектыву «Творчасьцi», а пабiты iм у маёй кватэры я замянiў сам.

Ахрома панiзiлi, улiчылi пажаданьнi й перавялi ў аддзел iнфармацыi. Горшых месцаў у газэтах не бывае. Зрэшты, як каму. Ахрому здавалася — ён, нарэшце, атрымаў тое, што хацеў. Якраз тады яму пашанцавала зьняць на заробленыя ад вiетнамскай прынцэсы даляры аднапакаёвую кватэру амаль у цэнтры Менску, куды ён i перавёз з Тбiлiсi жонку Гуляну i сына Глеба.

I тут, на самай вяршынi самаўпэўненасьцi, Ахрома напаткала неспадзеўка. Ён ледзь не забiў жонку.

Пустая кватэра. Трэба мэбля. Грошай бракуе. Можна й накрасьцi мэблi. Маладая беларуска-армянская сям’я вырашыла пазычыць мэблю ў родным iнтэрнаце кансэрваторыi. Ложак, крэслы й тумбачку спускалi на вяроўцы з другога паверху. Вузлы разьвязалiся. Кажу — ня любяць тэхнiчныя прылады Славу Ахроменку. Тумбачка абрынулася на твар Гуляны. Яна якраз галаву ўзьняла. Цi хутка спусьцiцца? Тыднi тры Ахромава жонка не выходзiла на вулiцу. Куды ты пойдзеш з вусатым сiнiм тварам? Але тое — першы ўдар па Ахроменкавай iнтэрнацыянальнай сям’i.

Другi высьпятак Ахром атрымаў ад рэдакцыйнага кампутара, на якiм набiраў вечарамi свой зборнiк культуралягiчных эсэйчыкаў. Калi супрацоўнiкi тыднёвiка сабралiся макетаваць чарговы нумар «Творчасьцi», высьветлiлася — машына забылася ўсе рэдакцыйныя тэксты. На шматлiкiя запыты яна паказала на экране толькi засыпаныя артаграфiчнымi памылкамi опусы спадара Ахроменкi. Знэрваваная рэдактрэса закрычала. За такiя штукi, Слава, бяруць за каршэль i выкiдаюць прэч!

Запсiхаваў i Ахром. Сьлiмакi, смаўжы, земнаводныя! Ведаць Вас не жадаю! А сьмярдзючую «Творчасьць» у рукi больш не вазьму! Уцёк. Выпарыўся. Прапаў.

ГУЛЯНА МНЕ ПАТЭЛЕФАНАВАЛА. ШУКАЮ, НЕПАКОЮСЯ.

А я адкуль ведаю?

Ён Вас паважае. Скажыце яму, каб не падманваў. Ён усiх падманвае. Ад гэтага яшчэ горш робiцца.

Скажу!

Усплыў Ахром. Матэрыялiзаваўся. Растлумачыў. Быў дома, у Гомлi, хварэў, эпiдэмiя, грып. Добра, што ня рак.

А ў Менску Ахрома падпiльноўвала бяда.

Я здагадваўся: здарыцца падобны эпiзод у Ахроменкавым жыцьцi, але казаць пра яго не казаў. Хопiць, адзiн раз папярэджваў, калi ён намерыўся выкрыць расейскую наркамафiю. Чым скончылася? Не забiлi, а маглi.

Прыпёрся Ахром у Санкт-Пецярбург i завалiўся да знаёмага, зь якiм раней марыхуанай папыхваў. Хочаш паглядзець на аптавiка? Калi ласка, няма пытаньняў, заўтра на кiрмашы пакажу. Паказаў i сказаў. Нi ты мяне, Ахром, нiколi ня ведаў, нi я цябе нi разу ў вочы ня бачыў! Бывай! Аптавiк трапiўся лагодны й памяркоўны, прынамсi, зьнешне. Паабяцаў расказаць, калi без магнiтафонаў i пратаколаў, шмат цiкавага i прызначыў сустрэчу. Не падмануў. Сустрэча адбылася. Толькi аптавiк не зьявiўся, iншыя прыйшлi, нелагодныя й негаваркiя. Зацягнулi Ахрома ў пусты дом, у сутарэньнi, i бiлi тварам аб цагляную сьцяну. Такi сыграўся рок-н-кроў. Шапку й марынарку парвалi знарок. А на разьвiтаньне прабрахалi. У Пiцеры ты — труп. У цябе адна гадзiна. Ахром патэлефанаваў мне з гатэлю. Баяўся. Заб’юць, заб’юць. Я параiў купiць шампанскага й гарэлкi ды прыляпiцца на ўсю ноч, да адыходу цягнiка, да пакаёўкi-прасталыткi. Ня ведаю, цi паслухаў ён мяне.

Сам Ахром любiць падкрэсьлiць. Нi разу ня здрадзiў Гуляне.

А яна яго кiнула. Забрала сына Глеба i зьехала да бацькi ў курортны горад Ялту. Ты ж мне, Славушок, нi яхты, нi вiлы, нi падарожжа ў Эгiпет не падорыш? Не? Не! Дык якога ражна мне з табою трахацца?

Ахром запiў па-чорнаму, без выходных дзён.

Гуляна ўцякла. Ён павалокся ў бар. Знайшлiся знаёмыя. Пiлi. Цемрадзь.

Ахрома знайшлi сабутэльнiкi — непрытомнага на падлозе ў ванным пакоi. Ён ня помнiць, як зьеў паўсотнi таблетак. Ня памятае, як перарэзаў вены на абедзьвюх руках iржавым лязом. Соннае не спрацавала — таблеткi старыя. Вены парэзаў не глыбока — лязо тупое. Выратавалi. Выцягнулi назад у жыцьцё.

Нашто?. Ён i мяне спытае.

А я нi сном, нi духам.

Мяне паклiча Ахроменкава мама. Патэлефануе, раскажа, папросiць зайсьцi i ўгаварыць Славачку паехаць зь ёй у Гомель.

Затэлефаную брату. Твой Ахром. Ён такi ж мой, як i твой. Не перажывай. Мала сваiх праблемаў? Не хадзi.

Не паважаю Ахроменку й нiколi не паважаў. Павага вымагае пасьлядоўнасьцi й розуму. Трэба ведаць, за што паважаць. Люблю Ахрома. А калi любiш, дык i нiчога ня трэба, толькi як паклiчуць, зайсьцi. Завiтаць, каб убачыць непрыбраны пакой зь незапраўленым ложкам, на якiм будзе ляжаць паўжывы чалавек з апухлым, азызлым, чужым тварам. На падлозе будзе стаяць брудны посуд з запляванымi недакуркамi. Паўжывы будзе палiць танную, пляскатую, сьмярдзючую цыгарку й страсаць попел на рудыя прасьцiрадлы. А ты будзеш сядзець побач на хiсткiм крадзеным крэсьле й думаць. Ад любовi да нянавiсьцi адзiн крок, якi трэба зрабiць.

Пад вакном стрэляць. Раз. Другi. Трэцi.

Жаданьнi зьменяцца.

Ракаў. Люты 1993 году