Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


На савецкай службе

Віхура Кастрычніцкай рэвалюцыі перакаламуціла жыццё губернскага Віцебска. У яе вірах разам з рэшткамі старога рэжыму ламаліся чалавечыя лёсы, губляліся культурныя набыткі мінулага.

Недзе каля 1917 г. Аляксей Сапуноў пасяліўся ў доме №18 на Набярэжнай Дзвіны (да нашага часу вуліца не захавалася) у другой частцы горада[1]. Ён здымаў кватэру ў доме, што належаў Аляксею Ануфрыевічу Валковічу, колішняму дэпутату гарадской думы, які сам жыў у доме №10 па вуліцы Саборнай (цяпер вуліца камісара Крылова). Пасля адрачэння ад прастола Мікалая II і адхілення ад улады віцебскага губернатара А.А.Валковіч стаў губернскім камісарам Часовага ўрада, аднак пасля захопу ўлады бальшавікамі вельмі хутка быў вымушаны скончыць сваю палітычную кар’еру[2]. На пачатку ХХ ст. на Набярэжнай Дзвіны знаходзіўся дом, якім валодала Варвара Паўлаўна Валковіч, цешча Аляксея Парфенавіча. У 1912 г. гэты дом быў прададзены ўладаркай Аляксандру Цэккель–Райзенгофу[3].

У другой палове 1918 г. Сапуноў падаў у суд прашэнне аб скасаванні шлюбу з Юліяй Сапуновай. Што стала прычынай гэтага — дакладна невядома. На пачатку кастрычніка ў газеце «Известия Витебского Губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов» у раздзеле аб’яў была змешчана інфармацыя наступнага зместу: «Мясцовы народны суддзя 2–га ўчастка г.Віцебска ў выніку прашэння гр. Аляксея Парфенавіча Сапунова, які жыве ў Віцебску ў 2–й частцы па Набярэжнай р.Дзвіны ў д.№18, аб скасаванні шлюбу яго з гр. Юліяй Садэкаўнай Сапуновай (народжанай Валковіч) выклікае ў камеру сваю, што знаходзіцца ў Віцебску ў будынку был. Полацкай духоўнай кансісторыі, гр. Юлію Сапунову на працягу 2–х месяцаў з дня гэтай публікацыі <…> Калі ж выкліканая гр. Юлія Садэкаўна Сапунова (народж. Валковіч) не з’явіцца на працягу азначанага часу і не прышле замест сябе давераную асобу і не дасць на гэта пісьмовых тлумачэнняў, то на падставе дэкрэта Савета Народных Камісараў будзе вынесена завочнае рашэнне па прашэнні грамадзяніна Сапунова і шлюб будзе скасаваны»[4]. Юлія Сапунова ў азначаны тэрмін, відаць, у суд не з’явілася, і ў адным з дакументаў за 1919 г. знаходзім згадку ўжо пра новую жонку Аляксея Парфенавіча — Марыю Іпацеўну Сапунову (народжаную Талоцкую), якая была маладзейшая за яго гадоў на 18. Яна заставалася сябрам гісторыка ўжо да канца ягонага жыцця.

Пасля рэвалюцыі Аляксей Сапуноў стаў савецкім служачым — загадваў статыстычным аддзелам губернскага выканаўчага камітэта. Структура новых дзяржаўных органаў на той час была яшчэ неадпрацаванай, і пасля чарговага дэкрэта СНК у кастрычніку 1918 г. статаддзел пры губвыканкаме быў ліквідаваны. Замест яго стваралася Віцебскае губстатбюро з дзесяццю секцыямі. Сапунову прапанавалі з 1 лістапада загадваць «секцыяй дэмаграфічнай і маральнай статыстыкі»[5]. Статбюро размяшчалася ў Гутараўшчыне ў будынку былога сялянскага банка (цяпер ветэрынарнай акадэміі). Заробак Сапунова складаў спачатку 650 рублёў у месяц, а з 1 снежня 1918 г., калі былі ўведзены новыя стаўкі, — 900 рублёў[6]. Пенсія прафесару новымі ўладамі не выплочвалася.

У абавязкі служачых секцыі дэмаграфічнай статыстыкі ўваходзіў збор звестак пра шлюбы, нараджэнні, смерці, веравызнанні, перамяшчэнні насельніцтва губерні — кожны дзень лічбы, лічбы, лічбы. Хворыя вочы навукоўцы не вытрымлівалі такога напружання. 31 сакавіка 1919 г. ён напісаў прашэнне наступнага зместу: «З нагоды хваробы вачэй (cataractes) я, на вялікі жаль, не магу адносіцца да маіх службовых абавязкаў належным чынам, а таму вымушаны выйсці ў адстаўку»[7]. На наступны дзень, 1 красавіка, Сапуновым было складзена яшчэ адно прашэнне на імя загадчыка губстатбюро, якое яскрава сведчыла пра ягонае тагачаснае матэрыяльнае становішча: «Вымушаны ў выніку хваробы вачэй (cataractes) выйсці ў адстаўку, я, не маючы дастатковых сродкаў ні для лячэння вачэй, ні ўвогуле для далейшага існавання, рашаюся звярнуцца да Вас з пакорнай просьбай: ці не знойдзеце Вы магчымым прызначыць мне аднаразовую дапамогу. Справе статыстыкі я праслужыў 18 гадоў»[8]. Маладой савецкай уладзе трэба аддаць належнае: просьба састарэлага прафесара была задаволена.

Пасля рэвалюцыі Сапуноў працягваў чытаць лекцыі ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Расклад заняткаў друкаваўся на старонках мясцовых перыёдыкаў. Так, у «Паведамленнях Віцебскага Губернскага Савета сялянскіх, рабочых, чырвонаармейскіх і батрацкіх дэпутатаў» за 1919 г. знаходзім абвестку, што ў суботу, 1 сакавіка, з 7 да 8 гадзінаў вечара ў ВАМАІ чытаў лекцыю пра старажытнасці Паўночна–Заходняга краю А.П.Сапуноў, пасля чаго гадзіна часу была адведзена на заняткі па французскай мове, і яшчэ адна — па мове эсперанта[9]. У працоўныя дні заняткаў было менш (1 або 2 гадзіны на дзень).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі цыркулярам Наркамасветы ад 27 жніўня 1918 г. Віцебская навуковая архіўная камісія была перададзена ў ведамства Галоўнага ўпраўлення архіўнай справай. Разам з тым яна была пазбаўлена раскватараванымі ў горадзе вайсковымі аддзеламі памяшканняў для сваёй бібліятэкі, архіва і музея. Пастановай агульнага сходу 12 красавіка 1919 г. яна перапыніла сваё існаванне і перадала ўсю маёмасць, а дакладней, рэшткі сваёй калекцыі ВАМАІ.

Яшчэ 26 кастрычніка 1918 г. губернскі аддзел народнай асветы перадаў пад апеку ВАМАІ губернскі архіў, не маючы магчымасці займацца ім уласнымі сіламі. Дзякуючы намаганням інстытута, на пачатку 1919 г. пры вышэйзгаданым губаддзеле быў створаны архіўны пададдзел, які здолеў праіснаваць толькі некалькі тыдняў. Зрэшты, 31 сакавіка 1919 г. выйшаў дэкрэт за подпісам старшыні СНК У.Ульянава (Леніна) аб стварэнні губернскіх архіўных фондаў. Галоўным упраўленнем архіўнымі справамі, якое знаходзілася ў Петраградзе, быў прызначаны спецыяльны ўпаўнаважаны па Віцебшчыне. У чэрвені таго ж года пачалася праца па стварэнні губернскага архіўнага фонда ў Віцебску[10].

Аляксей Парфенавіч Сапуноў быў запрошаны да супрацоўніцтва. На пасяджэнні 14—16 чэрвеня калегіі Галоўнага ўпраўлення архіўнымі справамі разам яшчэ з сямю асобамі ён быў зацверджаны ў штаце Віцебскага губархіва на пасадзе выконваючага абавязкі архіварыуса[11]. Тады ж увесь губернскі архіўны фонд вырашана было падзяліць на 7 секцый: юрыдычную, ваенную, народнай асветы, гістарычна–эканамічную, унутранага ўпраўлення і самакіравання, гістарычна–рэвалюцыйную і друкаваных выданняў. У сваю чаргу секцыі былі аб’яднаны ў два аддзелы, адным з якіх павінен быў кіраваць Алаізі Брэжга, другім — Аляксей Сапуноў. Апроч таго, на абодвух архіварыусаў ускладаліся абавязкі агляду прыватных архіваў[12].

Адным з кірункаў дзейнасці губархіва быў збор звестак пра розныя павятовыя архівы губерні. Дзеля гэтага рассылаліся апытальныя лісты, на падставе якіх павятовыя архівы браліся на ўлік. Іншым разам архівы браліся на ўлік і пасля агляду іх накіраванымі ў паветы супрацоўнікамі губархіва. На пачатку кастрычніка 1919 г. Сапуноў атрымаў заданне агледзець валасныя, сядзібныя і царкоўныя архівы Віцебскага, Сенненскага і Аршанскага паветаў Віцебскай губерні[13]. Так, па восеньскай бездаражы, пад пранізлівымі вятрамі 67–гадовы прафесар вымушаны быў выправіцца ў цяжкае падарожжа. Рух цягнікоў па чыгунцы быў амаль што перапынены, гаспадары, у якіх яшчэ заставаліся коні, адмаўляліся даваць іх, знясіленых бяскорміцай і хваробамі, у дарогу. А іншым разам фронт падыходзіў так блізка, што далейшае перамяшчэнне рабілася проста небяспечным.

І ўсё ж цэлую восень, зіму і вясну наступнага года Аляксей Сапуноў са сваімі памочнікамі ўпарта перабіраўся ад вёскі да вёскі, ад сядзібы да сядзібы, аглядаў і апісваў дакументы, кнігі, старыя калекцыі. Вынікі гэтай адысеі ён апісаў потым у сваёй справаздачы: «Маёнтак Лускінопаль (Машканскай вол., Сенненскага пав.). Ёсць невялікі архіў, які складаецца з цікавых сельскагаспадарчых запісаў і метэаралагічных (назіранняў — Л.Х.) за апошнія 20 гадоў. Запісы гэтыя вяліся былым уладальнікам А.І.Балкашынавым і цяпер парадкуюцца. Ёсць некалькі цікавых кніг, якія выпадкова захаваліся.

21 (8) снежня 1919 г. мы азнаёміліся з архівам Машканскага валаснога праўлення (Сенненскага пав.). Архіў аказаўся ў поўным парадку.

10 студзеня 1920 г. (28 снежня 1919 г.) агледжана бібліятэка ў маёнтку Зацішша (Машканскай вол., Сенненскага пав.), які належаў памерламу А.Ф.Заблоцкаму. Каштоўнасці не ўяўляе (белетрыстыка і раскіданая). Архіва няма.

Маёнтак Любашкава (Сялюцкай вол., Віцебскага пав.), належаў памерламу Уладзіміру Рыгоравічу Лужынскаму. Некалі маёнтак належаў архіепіскапу Васілю Лужынскаму (вядомы дзеяч уз’яднання заходне–рускіх уніятаў). Маёнтак гэты мы наведвалі тройчы (другі раз 12 кастрычніка 1919 г., трэці — 12 студзеня 1920 г.[14]). Складзены вопіс рэчаў і хатняга начыння. У тым ліку: абраз Св.Тройцы 1816 г. пісаны на палатне алейнымі фарбамі; 6 партрэтаў у залатых рамах, з якіх адна алеаграфія Аляксандра III, астатнія жывапісныя: Мікалая I, аднаго з членаў царскай сям’і, Васіля Лужынскага, невядомай асобы каталіцкага або уніяцкага веравызнання, невядомай асобы з сям’і Глазка (партрэты царскай сям’і і В.Лужынскага з папраколванымі вачыма). Камода кацярынінскіх часоў чырвонага дрэва з бронзавымі ўпрыгожваннямі. Складзены і падрабязны каталог кніг. Узяты намі архіў перавезены пакуль што ў маёнтак Лускінопаль і аказаўся вельмі цікавым. Па–першае, там знаходзілася некалькі кніг і папераў з сельска–гаспадарчымі запісамі пачатку XIX ст. і да апошняга часу (ёсць і падрабязнае ўказанне аканому м.Любашкава, напісанае ўласнаручна архіепіскапам Васілём у 1864 г.). Асаблівую цікавасць уяўляюць дзве кнігі з сакрэтнымі дакументамі за 1839, 1840 і 1848 г. Цяпер мы заняты падрабязным азнаямленнем з гэтым архівам.

18 студзеня 1920 г. мы азнаёміліся з бібліятэкай і архівам Любашкаўскай царквы. Вопіс кніг і спраў дадаецца. Сярод іх: трэбнік мітрапаліта Пятра Магілы і Евангелле паловы XVII ст. У склепе Любашкаўскага храма пахаваны архіепіскап Васіль.

30 (17) студзеня 1920 г. мы наведалі Высачанскае валасное праўленне (Віцебскага пав.). Архіва не аказалася, па словах тав. старшыні Комава, ён быў разрабаваны пад час хваляванняў[15]. Вопіс кніг і архіва Высачанскай царквы дадаецца. На гарышчы Высачанскай фабрыкі (некалі б. папяровая фабрыка, якая належала Рамейку–Гурку), паводле заявы святара а.Бекарэвіча і настаўніка М.Ф.Свідзерскага, знаходзілася шмат кніг і архіваў, якія належалі некалі сям’і Гуркаў (з гэтай сям’і вядомы фельдмаршал Гурка). Усе кнігі з архівам былі адвезены ў 1919 г. у Воршу[16].

28 лютага 1920 г. мы наведалі Каралёўскае валасное праўленне (Віцебскага пав.). Архіў знаходзіцца ў асобным пакоі.

Побач з валасным праўленнем знаходзіцца сядзіба Новае Каралёва, якое належала памерламу Андрэю Сімпліцыянавічу Бялыніцкаму–Бірулі (памёр у 1917 г., на 92–м годзе жыцця). Сям’я Бялыніцкіх–Біруляў — адна са старажытных беларускіх і згадваецца ўжо ў сярэдзіне XVI ст. У гэтым жа маёнтку знаходзіцца і метэастанцыя, якая функцыянавала на працягу апошняга паўстагоддзя. Станцыя гэтая абсталявана цудоўна на ўласныя сродкі А.С.Бірулі (і на працягу больш як 50 гадоў знаходзілася пад ягоным непасрэдным наглядам). У апошні час яна была ахвяравана А.С.Бялыніцкім–Бірулем Галоўнай Фізічнай Абсерваторыі, сябрам якой ён быў.

10 сакавіка мы наведалі маёнтак Цялышы (Высачанскай вол., Віцебскага пав.), які належаў Адляніцкім–Пачобутам. Ян Адляніцкі–Пачобут быў вядомым дзеячам сярэдзіны XVII ст. і пакінуў дзённік вайны цара Аляксея Міхайлавіча з каралём польскім Янам Казімірам. Асабліва падрабязна апісана ім бітва пад Кушлікамі (Полацкі пав.). У другой палове XVIII і пачатку XIX ст. жыў вядомы астраном і прафесар Віленскага універсітэта Адляніцкі–Пачобут. Цяпер ні бібліятэкі, ні архіва ў сядзібе няма. Бібліятэка адвезена ў Высачанскае валасное праўленне, а архіў некалькі гадоў назад адасланы ў Кракаў»[17].

У некаторых месцах архівы і бібліятэкі ўжо паспелі рэквізаваць, і Сапуноў у сваёй справаздачы абураўся тым, што нацыяналізаваныя культурныя каштоўнасці незваротна страчаны: у маёнтку Лускінопаль узяты рукапіс XVIII ст., асобныя дакументы і граматы; у маёнтку Даманова Віцебскага павета, які раней належаў Заранку — пергаментная Біблія XVI ст. Сляды зніклых дакументаў знайсці было немагчыма.

Па распараджэнні губархіва, зацікаўленага ў зборы архіўнага фонда, у маёнтку Лускінопаль быў створаны часовы архіў, дзе працаваў Сапуноў і куды звозіліся розныя дакументы з ваколіц. У красавіку 1920 г. з’явіўся яшчэ адзін аналагічны часовы архіў у маёнтку Берднікі Віцебскага павета, дзе таксама працаваў віцебскі краязнаўца разам з двума памочнікамі[18]. Такім чынам, прафесару Сапунову ў 1919—1921 г. давялося жыць паміж Віцебскам, маёнткамі Лускінопаль і Берднікі, а таксама станцыяй Замасточча, дзе жыў ягоны сябра Аляксандр Іванавіч Балкашынаў.

У траўні 1920 г. пры ўпраўленні губернскага архіўнага фонду была створана спецыяльная камісія для разгляду архіўных матэрыялаў, якія былі прызначаны да знішчэння. У склад камісіі ўвайшло 9 чалавек — прадстаўнікі розных навучальных устаноў і навуковых таварыстваў. У іх ліку быў і архіварыус губархіва Аляксей Сапуноў. Пазней гісторык быў уключаны таксама ў склад асобнай камісіі для разбору архіваў горада Віцебска[19].

Аднак адначасова левая рука новай улады разбурала тое, што стварала правая. У гады грамадзянскай вайны ўратаванне архіваў у правінцыях, па сутнасці, амаль што цалкам трапіла ў залежнасць ад асабістай самаадданасці дзеячаў культуры. Яшчэ з пачатку 1919 г. нават і тыя архівы, што знаходзіліся пад дахамі архіўных сховішчаў, падвяргаліся значнаму спусташэнню: Галоўбум (Галоўнае ўпраўленне папяровай прамысловасці) стаў выкарыстоўваць старую паперу для вытворчасці новай. У кастрычніку 1920 г. Віцебскі губархіў атрымаў цыркуляр, у якім было «прапанавана тэрмінова адпусціць Шклоўскаму заводакіраўніцтву пяць тысяч пудоў архіўнай паперы. Гэтае распараджэнне Галоўархіва прыміце да дакладнага і няўхільнага выканання»[20]. Якія дакументы трапілі ў тыя пяць тысяч пудоў? А колькі ж іх усяго загінула, калі ўлічыць, што патрэба ў паперы была не ў аднаго толькі Шклоўскага заводакіраўніцтва?

З 1 студзеня 1922 г. у адпаведнасці з распараджэннем Галоўнага ўпраўлення архіўнай справай аб скарачэнні штатаў Віцебскага губархіва быў «вызвалены ад пасады архіварыус А.П.Сапуноў з пераводам яго на здзельную аплату працы»[21]. Голад і галеча, якія ўсё часцей станавіліся гасцямі сапуноўскага жытла, зноў паказалі сваю кашчавую ўсмешку.

[1] ДАВВ, ф.1001, воп.1, спр.23, арк.231.

[2] Пра яго гл.: ДАВВ, ф.67, воп.2, спр.364, арк.1, 2, 5, 13; Подлипский А. Витебская Александровская гимназия (1808—1918). Витебск, 1994. С.43—44.

[3] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.5152, арк.171адв.—172.

[4] Известия Витебского Губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов. 1918. №213. 4 октября. С.5. Выказваю шчырую падзяку Шышанаву В.А. за дапамогу ў адшуканні гэтага дакумента.

[5] ДАВВ, ф.1821, воп.2, спр.2, арк.194.

[6] Тамсама, спр.1, арк.15—21.

[7] Тамсама, спр.2, арк.384.

[8] ДАВВ, ф.1821, воп.2, спр.2, арк.385.

[9] Известия Витебского Губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов. 1919. №44. 25 февраля.

[10] Брэжга Б. Архівы і архіўная праца ў Віцебшчыне // Віцебшчына. Т.1. С.56—57.

[11] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.13, арк.7. Праўда, у адной з анкет Сапуноў згадваў, што працаваў архіварыусам з 1 красавіка 1919 г. (Тамсама, спр.21, арк.57).

[12] Тамсама, спр.2, арк.3.

[13] Тамсама, спр.23, арк.7.

[14] У Любашкава даводзілася вяртацца некалькі разоў таму, што былыя дваровыя людзі адразу не дазволілі вывезці старыя дакументы (ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.4, арк.9).

[15] У ліпені 1920 г. рэшткі архіва Высачанскага валаснога праўлення аглядаў сябра камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва А.Ц.Жудра, які ў сваёй справаздачы пісаў: «Справы, складзеныя раней на гарышчы ў парадку, звязанымі ў папкі, размешчаныя па гадах, прыблізна з часу Кастрычніцкай Рэвалюцыі 1917 г., аказаліся ўсе разбітымі, расцяганымі і рэшткі ўсяго архіва цяпер уяўляюць сабой раскіданыя па ўсім гарышчы асобныя аркушы ад ранейшых спраў. Сабраць і прывесці да ладу рэшткі архіва не ўяўляецца ніякай фізічнай магчымасці <…> Ведаючы, што на гарышчы Валвыканкама ёсць вялікі запас паперы і дакументы, якія могуць потым аказаць вядомы ўплыў на тых ці іншых грамадзянаў воласці, насельніцтва сяла Высачанаў і навакольных вёсак на падставе таго, што яму патрэбна папера для палення, здзейсніла паход на гарышча Валвыканкама <…> Да дарослых далучыліся і дзеці–школьнікі дзеля кардонных папак з–пад спраў, абрывалі карашкі кніг» (ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.20, арк.4 а).

[16] 16 сакавіка 1920 г. Сапуноў быў камандзіраваны губархівам у Воршу для пошукаў і вывазу ў Віцебск архіва Гуркаў (ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.20, арк.4 а).

[17] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.17, арк.1—4.

[18] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.20, арк.44.

[19] Тамсама, спр.3, арк.7, 8, 10, 37.

[20] ДАВВ, ф.289, воп.1, спр.3, арк.61.

[21] Тамсама, спр.21, арк.63.