Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


„Лепшы час майго жыцця”

1 верасня 1897 г. па прапанове кіраўніка Маскоўскай навучальнай акругі Аляксей Сапуноў быў пераведзены на пасаду памочніка інспектара студэнтаў Маскоўскага універсітэта. Здаўшы ўсе справы ў архіве старажытных актаў, гісторык перабраўся на часовае жыхарства ў сталіцу.

Маскоўскі універсітэт тады перажываў далёка не лепшыя часы. У адносінах паміж адміністрацыяй універсітэта і студэнтамі выразна адчуваліся канфлікты і супрацьстаянне. У сферы вышэйшай адукацыі тады ўвогуле адбываўся наступ рэакцыі, на пасады рэктараў прызначаліся найбольш рэакцыйныя прафесары. Студэнты наладжвалі дэманстрацыі ў абарону сваіх правоў, за што падвяргаліся масавым арыштам.

У 1899 г. рэктарам Маскоўскага універсітэта быў прызначаны прафесар заалогіі А.А.Ціхаміраў, які вызначыўся тым, што ў барацьбе са студэнтамі не грэбаваў ніякімі метадамі. Менавіта ў гэтыя часы ва універсітэце павялічылася колькасць даносаў на студэнтаў і прагрэсіўную прафесуру, а універсітэцкая інспекцыя канчаткова ператварылася ў агентуру паліцыі. У шматлікіх данясеннях папячыцелю навучальнай акругі і міністру асветы Ціхаміраў прасіў павялічыць штат інспекцыі і надаць ёй больш правоў, уключаючы прымусовы разгон студэнцкіх сходаў. У дарэвалюцыйнай Расіі малодшых служачых, якія сачылі за паводзінамі студэнтаў, называлі педэлямі. Гэтую пасаду выконвалі нават салдаты. Як адзначаў у сваім дзённіку ў 1899 г. выкладчык Маскоўскага універсітэта І.У.Цвятаеў, «салдаты–педэлі здаўна карыстаюцца рэпутацыяй хабарнікаў і душаў прадажных, за 2—3—5 рублёў несумленна пацвярджаюць добрае наведванне лекцый багатымі студэнтамі»[1].

Шмат разоў напрыканцы стагоддзя ва універсітэце ўзнікалі студэнцкія хваляванні. Яшчэ ў 1887 г., пасля таго, як на канцэрце універсітэцкага хору і аркестра ў зале Маскоўскага дваранскага сходу студэнт юрыдычнага факультэта А.Сіняўскі даў аплявуху інспектару студэнтаў А.Брызгалаву, што бясконца прыніжаў навучэнцаў, пачаліся хваляванні, якія прывялі нават да часовага закрыцця універсітэта. Моцныя студэнцкія хваляванні адбыліся і зімой 1899 г. Ад адміністрацыі універсітэта студэнты патрабавалі: 1) недатыкальнасці асобы студэнта; 2) права сходаў; 3) права вольнага ўваходу на дыспуты і неабавязковыя лекцыі; 4) паслаблення інспектарскага нагляду. 17 сакавіка 1899 г. з–за бесперапынных студэнцкіх хваляванняў і байкоту лекцый царскія ўлады абвясцілі ўсіх студэнтаў Маскоўскага універсітэта выключанымі, а універсітэт зачыненым. Зваротны прыём студэнтаў павінен быў адбывацца толькі пры ўмове добрага водгуку ахоўнага аддзялення. Такім чынам, больш за 1000 чалавек было адмоўлена ў зваротным прыёме[2].

Вядома, што Аляксей Сапуноў, пагадзіўшыся перайсці на пасаду памочніка інспектара студэнтаў Маскоўскага універсітэта, тым ці іншым чынам быў вымушаны ўдзельнічаць ва ўсіх гэтых справах. Аднак прыцягвала віцебскага гісторыка да сталіцы, відавочна, іншае — магчымасць працаваць у багатых архіўных ды бібліятэчных зборах, а таксама непасрэдныя кантакты з навукоўцамі. Варта адзначыць, што гісторыкі Маскоўскага універсітэта на той час уяўлялі самую шматлікую і найбольш аўтарытэтную групу сярод прадстаўнікоў універсітэцкай прафесуры Расійскай імперыі. Тут працягваў сваю навукова–педагагічную дзейнасць Васіль Восіпавіч Ключэўскі, які, па словах сучаснікаў, «для маскоўскіх гісторыкаў <…> быў богам, да якога нельга было падыходзіць з нячыстымі думкамі»[3]. Ва універсітэце працавалі вучні Ключэўскага А.Кізеветэр (выкладаў гісторыю сялянскай рэформы), М.Багаслоўскі (рэформы Пятра I), М.Ражкоў (гісторыя прыгоннага права) і інш. Цікава адзначыць, што якраз у 1897—1901 г. студэнтам гістарычна–філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта быў Уладзімір Іванавіч Пічэта, які пад кіраўніцтвам Ключэўскага пісаў кандыдацкую працу на тэму «Юры Крыжаніч пра Маскоўскую дзяржаву».

«З задавальненнем прыняў я месца памочніка інспектара ў Маскоўскім універсітэце, — пісаў пазней Сапуноў. — Службовых заняткаў было вельмі мала, і я старанна наведваў пасяджэнні навуковых таварыстваў, сябрам якіх я да таго часу быў — «імператарскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў пры Маскоўскім універсітэце» і «Археалагічнага таварыства» <…> Час гэты — лепшы час майго жыцця»[4].

Варта адзначыць, што на пасяджэннях навуковых таварыстваў у Маскве гісторык з Віцебска прысутнічаў не толькі ў якасці пасіўнага слухача, але і чыннага даследчыка–выступоўцы. Так, у 1898 г. на пасяджэнні Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй якога быў прафесар Ключэўскі, Сапуноў прачытаў навуковы рэферат на тэму «Сапраўднасць урыўка з Полацкіх летапісаў, змешчанага ў «Гісторыі Расіі» Тацішчава пад 1217 г.». Сапуноў не пагадзіўся з аўтарытэтным меркаваннем К.Бястужава–Руміна і Р.Данілевіча, што прыведзены Тацішчавым летапісны ўрывак, у якім размова ідзе пра полацкага князя Барыса Давыдавіча, ягоную жонку Святохну і сыноў Васільку, Вячку і Уладзіміра, з’яўляецца не сапраўдным, а толькі выдумкай Яропкіна. Гісторык выкарыстаў перш за ўсё пацверджанні іншых крыніц — «Хроніку» вядомага прыбалтыйскага летапісца Генрыха Латыша, а таксама падвергнуў аналізу самі факты, выкладзеныя Тацішчавым. Доказы Сапунова былі сустрэты слухачамі прыхільна, а прысутны на пасяджэнні прафесар Ключэўскі адзначыў, што сапраўднасць урыўка з Полацкіх летапісаў заўсёды здавалася яму несумненнай.

Маскоўскае археалагічнае таварыства, якім кіравала графіня Ўварава, займалася, як ужо адзначалася вышэй, не толькі праблемамі непасрэдна археалогіі, але і іншых навук, у тым ліку археаграфіі. Пры таварыстве дзейнічала спецыяльная археаграфічная камісія, з якой пад час свайго побыту ў Маскве цесна пачаў супрацоўнічаць Аляксей Сапуноў. Як добры знаўца архіваў Беларусі, у сваіх выступленнях на пасяджэннях камісіі ён зрабіў агляд стану і зместу некаторых з іх: архіва Полацкай духоўнай кансісторыі, архіваў Магілёва (епархіяльнага старажытнасховішча, семінарскага, кансісторскага, пры Брацкім манастыры, губернскім праўленні і статыстычным камітэце), а таксама архіваў Мінска (пры Св.Духавым манастыры, духоўнай кансісторыі, статыстычным камітэце і губернскім праўленні). Мяркуючы па ўсім, Сапуноў меў ад археаграфічнай камісіі, якая ўздымала пытанні аховы дакументальнай спадчыны, спецыяльнае заданне на агляд архіваў Мінска і Магілёва, бо ў сваёй справаздачы ад 2 лістапада 1898 г. ён адзначаў, што архіў у Шчорсах, маёнтку графа Буцянёва, не змог агледзець па незалежных ад яго абставінах, а архіў Мінскага статыстычнага камітэта, дакументы якога захоўваліся без усялякіх вопісаў у 9 звязках, адаслаў у Маскву ў археаграфічную камісію[5]. Выступленні Сапунова на пасяджэннях камісіі былі надрукаваны ў «Працах Археаграфічнай камісіі», а пазней, у 1902 г., выйшлі асобнымі кніжкамі ў маскоўскай друкарні А.І.Снегіровай.

Да восені 1898 г., праслужыўшы 25 гадоў па навучальнай частцы, Аляксей Сапуноў меў права пакінуць службу і выйсці на пенсію. Аднак ён ім не скарыстаўся і па распараджэнні папячыцеля Маскоўскай навучальнай акругі быў «пакінуты на службе ў займаемай пасадзе» яшчэ на 5 гадоў[6].

Застаўшыся і надалей жыць у сталіцы, віцебскі даследчык вымушаны быў здымаць часовае жыллё. У грунтоўным даведніку «Уся Масква» знаходзім некалькі ягоных адрасоў: вуліца Плюшчыха, дом Копцева, а таксама Вялікая Грузінская, дом Станішавай[7]. Пражыўшы ў сталіцы яшчэ тры гады, восенню 1901 г. Сапуноў вярнуўся ў горад, які стаў яму ўжо родным.

[1] Каган Ю.М. И.В.Цветаев. С.65.

[2] История Московского университета. Т.1. Москва, 1955. С.234.

[3] Пичета В.И. Воспоминания о Московском университете (1897—1901 гг.) // Славяне в эпоху феодализма. Москва, 1978. С. 53.

[4] ВАКМ, КП 7285(1).

[5] Сапунов А. Архивы в городах Могилеве губ. и Минске. Москва, 1902. С.11.

[6] ВАКМ, КП 7285/1.

[7] Вся Москва. Москва, 1901. С.386; 1902. С.386.