Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Annex - Старонкі жыцьця

Арэшка Аляксей [1]

Нарадзіўся 18 лістапада 1923 году ў вёсцы „арабковічы Ляхавіцкай гміны Наваградскага ваяводства Баранавіцкага павету. Бацька Сыльвэстар, матка Палуся з роду Праневічаў. У сям’і было пяцёра дзяцей.

Сям’я, відаць, была ўніяцкая. Зямлі мелі мала. Падчас камасацыі і хутарызацыі ў 1935-1937 гг. бацькі ўзялі гэктараў пяць запушчанай і неўрадлівай зямлі. Пабудаваліся на хутары. Прыйшлося шмат папрацаваць, каб палепшыць гэты надзел, дзе расьлі толькі асот і іншае пустазельле. Бацькі пастанавілі, каб малодшыя хлопцы скончылі „навукі” ды пайшлі ў сьвет зарабляць сабе на жыцьцё.

Яшчэ перад школай Аляксей умеў чытаць па-беларуску. Дома было некалькі часапісаў, календароў зь Вільні і кніг („Саха”, „Родныя Гоні”, „Родны Край”, „У палескай глушы” Якуба Коласа і іншыя).

У сярэдзіне трыццатых гадоў у вёсцы арганізаваўся гурток „Грамады”, пасьля -- Таварыства Беларускай Школы, пры іх мелася досыць багатая бібліятэка. Па ліквідацыі гэтых асьветніцкіх асяродкаў кнігі разабралі вяскоўцы, якія цікавіліся нацыянальным жыцьцём. Вёска была вельмі палітызаваная, што трагічна адбілася на лёсе шматлікіх яе жыхароў падчас бальшавіцкай акупацыі (1939-1941 гг.) і нямецкай (1941-1944 гг.).

У 1937-1938 навучальным годзе Аляксей паступіў у польскую гімназію ў Баранавічах. Плата за вучобу, кнігі, кватэра каштавалі вельмі дорага бацькам, братам і сёстрам, што заставаліся пакуль што на гаспадарцы. Скончыў дзьве клясы гімназіі, калі прыйшлі бальшавікі, і пачаліся зьмены. Мужчынскую гімназію ператварылі ў расейскую сярэднюю школу (хоць расейцаў там ня было), у ёй мала хто з вучняў застаўся. Пераважная большасьць пад уплывам айца Льва Гарошкі перайшла ў беларускую сярэднюю школу, створаную на базе польскай жаночай гімназіі.

У 1942 годзе скончыў бухгалтарскія курсы, працаваў і вучыўся на вячэрніх матуральных курсах. Атрымаў у 1944 годзе атэстат сталасьці на беларускай і нямецкай мовах, які даваў права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Відавочны крах нацызму, імклівы наступ савецкага фронту, боязь са зваротам бальшавікоў новых рэпрэсіяў, высылак, расстрэлаў падштурхнулі да эміграцыі.

У Мюнхэне сабралася вялікая група беларускай моладзі, якая пачала вучыцца ва Ўнівэрсытэце UNRRA для перамешчаных асобаў. Сярод прафэсарскага корпусу было некалькі беларусаў: Барыс Кіт, Уладзімер Тамашчык, Янка Станкевіч.

Тут-жа, у Мюнхэне, у лістападзе 1945 году паўстала хіба што першае Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне. Ягоным друкаваным органам была „Студэнцкая Думка”, а пасьля -- „Крывіцкі Сьветач”.

„аданьне прадоўжыць студыі ў нармалёвай вышэйшай навучальнай установе прывяло Аляксея Арэшку ў 1947 г. у Марбургскі Філіпс Унівэрсытэт (спачатку на геалёгію, пасьля на хімію), а ў 1949 годзе -- у Лювэнскі Ўнівэрсытэт. Студыяваў хімію. У 1953 годзе атрымаў званьне ліцэнцыята, а ў 1956 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Адначасна выконваў абавязкі асыстэнта на практычных занятках для студэнтаў-хімікаў.

Заснаваў Аб’яднаньне Беларускіх Студэнтаў Абсальвэнтаў (выпускнікоў) Лювэнскага Ўнівэрсытэту Academicus. Гэтае аб’яднаньне выдала некалькі бюлетэняў пад той-жа назвай. Дапамагаў айцу Францішку Чарняўскаму выдаваць на беларускай мове „Божае Слова”.

З 1957 году А. Арэшка працаваў у фармацэўтычнай фірме Labaz, у яго пошукавым цэнтры як кіраўнік групы дасьледчыкаў. Напісаў (або прымаў удзел у рэдагаваньні) больш за дзесяць артыкулаў для спэцыялізаваных бэльгійскіх і французскіх часапісаў. Атрымаў пяць патэнтаў (гл. Chemical Abstracts ад 1958 да 1977 гг.).

Ажаніўся ў 1959 годзе, мае трое дзяцей.

Браў і бярэ актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцьці ў Бэльгіі.

Жук-Грышкевіч (Жукоўская) Раіса

Нарадзілася ў беларускай сям’і земляробаў у Пружанах Берасьцейскага ваяводства 22 кастрычніка 1919 году. Бацькі: Надзея з дому Мэеравічаў і Мікола Жукоўскі, радавітыя пружанцы. „Дзед мой Ясь Жукоўскі, -- успамінае Раіса, -- у вялікі пост перад Вялікаднем сьпяваў з кніжкі, што перахоўвалася ў хаце на высокай палічцы, рэлігійныя гымны. Мова песень была не царкоўнаславянская і ня польская, а добра мне зразумелая, хоць і інакшая беларуская. І мова і асабліва некаторыя словы і выразы дзеда Яся і ягоных сяброў-равесьнікаў, што прыходзілі да яго ў адведкі, была для нас, дзяцей, трохі дзіўнай, ня зусім такой, якой гаварылі нашыя бацькі. Кніжку дзеда Яся памятаю, цяпер мяркую, што гэта была ўніяцкая беларуская кніжка, уцалелая ад агню, на які была асуджана царскім указам уся ўніяцкая беларуская літаратура. На пытаньне, ці былі нашыя продкі калісь прыгоннымі, тата адказаў: „Не, мы заўсёды былі гаспадарамі...”.

У сям’і было сямёра дзяцей. Бацька ня меў асьветы, але разумеў ейнае значэньне і стараўся за ўсякую цану даць яе дзецям. Беларуская нацыянальная сьведамасьць прыйшла ў сям’ю празь Вільню. У Пружанах жыла далёкая цётка, выдатная беларуская дзеячка Кацярына Стаўбунік. Яна была правадніком беларускай нацыянальнай сьведамасьці ў Пружаншчыне ды наагул на Палесьсі. Ад яе ў хаце была хіба ўся папулярная беларуская літаратура, што выдавалася ў дваццатыя і трыццатыя гады ў Вільні: беларускія календары, газэты, напрыклад, „Крыніца”, часапісы і іншыя выданьні. Вільня была сталіцай Заходняй Беларусі, культурным і палітычным беларускім цэнтрам, і адыграла выключную ролю ў пашырэньні беларускай нацыянальнай сьведамасьці па ўсёй Заходняй Беларусі.

„Асабліва беларускія календары былі для мяне ўнівэрсытэтам беларушчыны, а прафэсарам гэтага ўнівэрсытэту быў мой тата Мікола, які чытаў нам уголас усе календары -- кніжкі й насьценныя адрыўныя -- ад дошкі да дошкі. Мы, дзеці, хадзілі ў польскія школы, і я не магла чытаць кірыліцай. Верш Янкі Купалы „Ворагам беларушчыны” мне так падабаўся, што я захацела вывучыць яго напамяць, і па ім стала вучыцца чытаць кірыліцай”.

У травені 1938 году Раіса закончыла польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Увосень гэтага-ж году паступіла на юрыдычны факультэт Унівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні; была прынята ў сябры Беларускага Студэнцкага Саюзу.

Улетку 1939 году пачалася вайна, а ў верасьні ў Пружаны прыйшлі бальшавікі. Кацярына Стаўбунік сабрала беларускіх студэнтаў і сказала: „Дзеці, цяпер ня час вучыцца. Усім вам трэба ісьці ў школы і выкладаць беларускую мову, каб у кожнай школе Пружаншчыны быў настаўнік беларускай мовы”.

Раіса працавала спачатку ў пачатковай школе вёскі Дзярэчына, а пасьля -- Смаляніцы. Туды накіравалі і Ніну Ляўковіч, беларускую віленскую студэнтку зь вёскі Шанёў. Удваёх вялі школу, якая была сапраўднай беларускай. Толькі як прадмет выкладалася ў ёй расейская мова. Праз год прыслалі зь Менску кіраўніка школы, які гаварыў толькі па-расейску, панавыпісваў расейскіх часапісаў (маладыя настаўніцы выпісвалі толькі беларускія). Вучні-ж і іхнія бацькі і надалей гаварылі толькі па-беларуску.

У 1941 годзе немцы акупавалі Беларусь і пачалі вывозіць моладзь на работы ў Нямеччыну. „28 травеня 1942 году з транспартам павезьлі й мяне. Тады гэта для мяне і бацькоў была трагэдыя. Мама ў роспачы ламала рукі. Тата ад болю счарнеў. Забралі ад іх дзіця навекі. Болей яны мяне ня ўбачылі”.

Пасьля вайны Раіса апынулася ў беларускім лягеры Ватэнштэце ангельскае зоны Нямеччыны. Як і ўсе лягеры пераселеных немцамі людзей, што не хацелі вяртацца пад савецкую акупацыю, гэты лягер быў на ўтрыманьні аліянцкай арганізацыі UNRRA, але нутраное жыцьцё арганізоўвалі самі. „Мы мелі сваё беларускае кіраўніцтва, сваю паліцыю, сваю кухню, сваё школьніцтва -- пачатковую школу і гімназію, сваю царкву, свой беларускі мужчынскі і жаночы скаўтынг, сваё (рататарнае) выдавецтва школьных падручнікаў, скаўцкай і лягернай пэрыёдыкі, сваю мастацкую самадзейнасьць, свой клюб, сваю лякарню -- мелі свайго беларускага лекара доктара Вітаўта Тумаша і свайго беларускага дантыста сьв. пам. доктара Баляслава Грабіньскага. Урачыста адзначалі свае рэлігійныя й нацыянальныя сьвяты. У школах і скаўтынгу праводзілі беларускае нацыянальнае ўзгадаваньне дзяцей і моладзі”.

Раіса заўсёды імкнулася да вышэйшай адукацыі. Студыявала дантыстыку і закончыла Філіпс Унівэрсытэт у Марбургу ў 1948 годзе.

У 1949 годзе эмігравала ў Канаду. Студыявала пры Таронцкім Унівэрсытэце дантыстыку, у травені 1954 году закончыла студыі, атрымала дыплём з навуковай ступеньню Doctoris in Chirurgia Dentali.

У верасьні 1953 году выйшла замуж за доктара філязофіі Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

Яшчэ будучы студэнткай, увесь час была актыўнай у беларускім арганізацыйным жыцьці. Ад 1965 году была сябрам галоўнай управы Згуртаваньня Беларусаў Канады. У гэтым-жа годзе заснавала Задзіночаньне Беларускіх „анчын Канады і да 1975 г. была ягоным старшынёй. Як прадстаўнік ад беларускай этнічнай групы Канады ўведзена ў 1973 годзе Канадскім Фэдэральным Урадам у Кансультатыўную Раду для Спраў Шматкультуралізму. У 1973 г. разам з др. Вінцэнтам Жук-Грышкевічам заснавала Фонд беларускіх падручнікаў і Выдавецкі камітэт пры Каардынацыйным Камітэце Беларусаў Канады, ад пачатку да сёньня -- сакратар-скарбнік Выдавецкага камітэту, адміністратар і экспэдытар Фонду беларускіх падручнікаў. З 1990 г. два гады была сябрам дырэктара Канадыйскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Была ўдзельнікам Зьезду Беларусаў Сьвету ў Менску летам 1993 году, выбрана сябрам Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету „Бацькаўшчына”.

У гэтых гадох сабрала архіўныя матэрыялы ад часу заснаваньня Згуртаваньня Беларусаў Канады ў 1948 і Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ў 1966 па сёньня і выслала іх у многія музэі, бібліятэкі і дасьледчыя цэнтры.

У 1995 г. прыняла ўдзел у Другім Міжнародным Кангрэсе Беларусістаў у Менску, прачытала даклад „Роля беларускай эміграцыі ў Канадзе” і атрымала Дыплём Ганаровага Сябры Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў.

У лютым 1989 г. Раіса Жук-Грышкевіч страціла мужа. У гэтым-жа годзе пачала працаваць над кнігай „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, якая пабачыла сьвет ў 1993 г.

Жучка Янка

Нарадзіўся 15 красавіка 1928 г. у Жучычах Нясьвіжскага павету Наваградскага ваяводства. Скончыў 6 клясаў польскае пачатковае школы ў Сіняўцы. Калі на пачатку 1939 г. савецкая армія „вызваліла” Заходнюю Беларусь, вучні сёмай клясы былі пераведзены ў пятую клясу няпоўнай сярэдняй школы ў той-жа самай Сіняўцы, але ўжо Клецкага раёну Баранавіцкай вобласьці.

Падчас нямецкае акупацыі вучыўся ў сярэдне-тэхнічнай школе (мэханічны адзьдзел) у Клецку. Скончыў толькі тры курсы гэтае школы (поўны цыкл займаў чатыры гады). Як і бальшыня вучняў гэтае школы браў актыўны ўдзел у Саюзе Беларускай Моладзі (СБМ) і ў Беларускай Нацыянальнай Самапомачы (БНС). У 1944 г., за нейкі месяц перад заканчэньнем апошняга курсу школы, пад пагрозай новае акупацыі савецкай арміі рашыў выехаць у Нямеччыну.

У канцы 1945 г. паступіў у Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. Атрымаў атэстат сталасьці, у 1947 г. здаў экзамены ў Вышэйшую Тэхнічную Школу (Technische Hochschule) у Карлсруэ. Аднак, каб паступіць у Школу, трэба было чакаць мінімум год, бо колькасьць вакансій была абмежаваная, а першынства давалася былым нямецкім жаўнерам. З гэтае прычыны Янка і яшчэ дзесяць маладых беларусаў вырашылі выехаць на працу у Вялікабрытанію. Яны заарганізаваліся ў групу, якая пад назвай „Дванаццаткі” ў хуткім часе стала вядомай на эміграцыі. У Ангельшчыне Янка працаваў да сакавіка 1950 г. у вугальнай капальні.

У 1950 г., дзякуючы намаганьням прэзыдэнта БНР спадара Міколы Абрамчыка і асабліва тагачаснага студэнта Лювэнскага Ўнівэрсытэту Барыса Рагулі, пры дапамозе айца Робэрта ван Кавэлярта ды айца Чэслава Сіповіча дзевяці з „Дванаццаткі”, у тым ліку і Янку Жучку, удалося атрымаць стыпэндыю для навучаньня ў Лювэнскім Унівэрсытэце.

Студэнтам Янка прымаў актыўны ўдзел у нацыянальным беларускім руху: быў сябрам Саюзу Беларусаў Бэльгіі, займаўся сацыяльна-культуральнай працай сярод беларускіх працоўных, якія прыбылі ў Бэльгію дзесь у 1947 г.; удзельнічаў у студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага, а таксама ў танцавальным гуртку пад кіраўніцтвам студэнткі Людмілы Рагулі.

Скончыў політэхнічны факультэт Лювэнскага Ўнівэрсытэту і атрымаў дыплём інжынэра-будаўніка. Увесь працоўны шлях Янкі Жучкі зьвязаны з распрацоўкай і выкарыстаннем сталёвых канструкцый у будаўніцтве. На самым пачатку -- у разліках мастоў і індустрыяльных будынкаў, пасьля -- зьмешаных сталёва-бэтонных канструкцый, а з 1968 г. да канца кар’еры працаваў у інфармацыйным цэнтры па выкарыстаньні сталі ў будаўніцтве. У гэтым цэнтры да 1985 г. быў галоўным рэдактарам часапісу „Сталь” (Acier-Stahl-Steel), прысьвечаным ужываньню сталі ў пабудовах. Часапіс быў інтэрнацыянальны і выдаваўся на пяці мовах: французскай, ангельскай, нямецкай, італьянскай і гішпанскай. У гэтым часапісе, акрамя ягонага рэдагаваньня, зьмясьціў вялікую колькасьць артыкулаў пра стальныя пабудовы, пераважна індустрыяльных будынкаў і мастоў.

З 1985 і да выхаду на пэнсію (1 травеня 1993 г.) займаў становішча дарадчыка па стальных пабудовах. Часта рабіў даклады для інжынэраў і архітэктараў, асабліва для студэнтаў старэйшых курсаў інжынэрыі і архітэктуры. Кожны год і да сёньняшняга дня (хаця і на пэнсіі) бярэ ўдзел у журы на конкурсах студэнцкіх праэктаў ужываньня сталі ў будаўніцтве.

Пасьля заканчэньня Лювэнскага Ўнівэрсытэту Янка Жучка ажаніўся, мае трох сыноў. Двое зь іх скончылі таксама Лювэнскі Ўнівэрсытэт: старэйшы, Юрка, атрымаў дыплёмы магістра фізыкі і магістра інфарматыкі; малодшы, Андрэй, атрымаў дыплём інжынэра, па спэцыяльнасьці „Электроніка”; Юзік, сярэдні сын, скончыў гімназію.

Янка Жучка і сёньня актыўна ўдзельнічае ў беларускім нацыянальным і палітычным жыцьці. Ён сябра Саюзу Беларусаў Бэльгіі, сябра БНР, карэспандэнт газэты „Беларусь”.

Занковіч Анатоль

Нарадзіўся 11 травеня 1925 году. Вучыўся ў беларускай гімназіі Рэгенсбургу, матуральны экзамен здаваў у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе (1946). У гэтым-жа годзе пачаў вучыцца на хімічным факультэце Тэалягічна-Філязафічнай Вышэйшай Школы ў Рэгенсбургу, з другога сэмэстру перавёўся на мэдыцынскі факультэт Мюнхэнскага Людвіг Унівэрсытэту.

Быў заснавальнікам і старшынёй Рэгенсбугскага адзьдзелу Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў у Нямеччыне.

Ад 1949 г. вучыўся на мэдыцынскім факультэце Лювэнскага Ўнівэрсытэту, дзе ў 1954 г. атрымаў дыплём доктара мэдыцыны.

Прайшоў рэзыдэнтуру ў агульнай хірургіі ў шпіталях Сьв. Францыска (Эванстон) і Гурон Роад (Кліўленд, Агаё).

Сябра Амэрыканскай Калегіі Хірургаў, Чыкагскага і Ільлінойскага мэдычных таварыстваў.

Ад 1979 г. узначальвае Hyper-Alimentation Committee пры шпіталі Сьв. Элізабеты.

Ад 1956 г. жыве ў Чыкага, ЗША.

Запруднік Янка

Нарадзіўся 9 жнівеня 1926 году ў мястэчку Мір на Наваградчыне ў сям’і Мікалая і Веры Вільчыцкіх (у 1946 г., жывучы ў Нямеччыне, каб ня ставіць сваякоў на Беларусі пад пагрозу перасьледу НКВД, перайшоў на прозьвішча Янка Запруднік). Бацькі мелі настаўніцкую адукацыю, але працавалі на сваёй зямельнай гаспадарцы.

Вучыўся ў Міры ў польскай, а пасьля верасьня 1939 -- у беларускіх школах. У Баранавічах скончыў прагімназію (1943 г.) і трэці курс чатырохгадовае гандлёвае школы (1944 г.), належаў да Саюзу Беларускай Моладзі.

Улетку 1944 г. выехаў у Нямеччыну. У 1947 г. у Міхэльсдорфе скончыў Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы. У студзені 1948 г. з групай сяброў, выпускнікоў і вучняў гімназіі (якія пасьля сталіся ведамыя як „Дванаццатка”), выехаў на працу ў Англію ў вугальных капальнях. Браў удзел, як аўтар, у выдаваным „Дванаццаткай” часапісе „Наперад!” (1948-1953 гг.), быў сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі.

Увесну 1950 г. разам з васьмю сябрамі з „Дванаццаткі” прыехаў у Бэльгію на навуку ў Лювэнскім Унівэрсытэце. Разам з Паўлам Урбанам паступіў на гістарычны факультэт. Летам таго-ж году, дзякуючы айцу Робэрту ван Каўэлярту, апякуну й адміністратару беларускіх студэнтаў Лювэнскага Ўнівэрсытэту, разам з Паўлам Урбанам наведалі Італію, займаліся росшукам матэрыялаў у бібліятэках Рыму. У 1953 г. падарожнічаў па Злучаных Штатах і Канадзе, азнаёміўся там зь беларускім жыцьцём. Навуку ў Лювэнскім Унівэрсытэце скончыў з выдатнай адзнакай у 1954 г. Дыплёмную працу напісаў на тэму „Першая вунія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай (1385-1386 гг.)”.

Падчас вучобы ў Лювэне сьпяваў у студэнцкім хоры (пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага), удзельнічаў у танцавальным гуртку беларускіх народных танцаў, уваходзіў у рэдкалегію часапісу „Наперад!”, супрацоўнічаў з газэтай „Бацькаўшчына”, дзе публікаваў свае вершы, артыкулы, рэпартажы.

У верасьні 1954 г. пачаў працаваць камэнтатарам Беларускай сэкцыі радыё „Вызваленьне” (пазьнейшая „Свабода”) у Мюнхэне. У тым-жа годзе, ажаніўшыся ў Лювэне з Вольгай Харытончык, перабраўся на сталае жыцьцё ў Мюнхэн. Супрацоўнічаў там зь Інстытутам Вывучэньня СССР, пісаў пра кампартыю Беларусі, культурную палітыку, гістарыяграфію ў інстытуцкіх „Беларускіх зборніках”.

У сакавіку 1957 г., пакінуўшы працу на радыёстанцыі, перабраўся разам зь сям’ёй на сталае жыцьцё ў Нью-Ёрк, прыняў прапанову радыё „Вызваленьне” працаваць карэспандэнтам мюнхэнскай Беларускай сэкцыі радыё. Актыўна ўключыўся ў Нью-Ёрку ў грамадскае і палітычнае жыцьцё: стаўся сябрам Прэзыдыюму Рады БНР, управаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, БІНіМ’а, Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, рэдкалегіяў шэрагу часапісаў і газэт. Разам з жонкай сьпявалі ў царкоўным хоры сабору Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.

На працягу 1960-1990 гг. браў актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцьці: у сэсіях Рады БНР, кангрэсах БАЗ’а, сустрэчах беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Янка Запруднік -- удзельнік міжнародных саветаведных канфэрэнцыяў і кангрэсаў у ЗША, Нямеччыне, Англіі, Італіі, Канадзе, выступаў з дакладамі пра гісторыю, палітыку і культуру Беларусі. Ад 1991 г. -- сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1993 г. браў актыўны ўдзел у Першым Зьездзе Беларусаў Сьвету, увайшоў у склад Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету „Бацькаўшчына”.

У 1969 г. атрымаў ступень доктара гісторыі пры Нью-Ёркскім Унівэрсытэце. Тэма дысэртацыі -- „Палітычнае змаганьне за Беларусь у Дзяржаўных Думах Расеі (1906-1917 гг.)”. У 1970-1975 гг. выкладаў гісторыю Расеі і Савецкага Саюзу ў Квінскім калежы Нью-Ёркскага Гарадскога Ўнівэрсытэту. Выдаў 10 нумароў англамоўнага бюлетэню „Факты пра Беларусь” (1972-1975). На працягу многіх гадоў рэдагаваў газэту „Беларус” (ад 1980 г. па сьнежань 1995 г. зь невялікімі перапынкамі).

У 1990 г. абраны сябрам Украінскай Вольнай Акадэміяі ў ЗША.

Друкавацца пачаў ад 1947 г. Літаратурныя творы, публіцыстыка і навуковыя працы (падпісаныя Янам або Янкам Запруднікам ці псэўданімамі Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, Рыгор Ліцьвін, Арсень Загорны, Янка З., крыптанімамі: Я.З., З., А.Б., А.З.) апублікаваныя ў шматлікіх беларускамоўных і англамоўных выданьнях. У 1994-1995 гг. Янка Запруднік надрукаваў шэраг артыкулаў у менскіх навуковых зборніках („З гісторыяй на „Вы”, „Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытаньні. Да 600-годзьдзя Карэліч і Міра”). У 1996 г. павінен выйсьці ў Менску беларускі пераклад ягонай кнігі „Belarus: At a Crossroads in History” (1993), дапоўненай падзеямі 1993-1995 гадоў.

У верасьні 1987 г. памерла жонка Вольга.

У жнівені 1991 г. выйшаў на пэнсыю пасьля 37 год працы на радыё „Вызваленьне”. Застаецца актыўным грамадска-палітычным дзеячам, аўтарам, рэдактарам, кансультантам-беларусістам. Ад 1994 году -- ад’юнкт-прафэсар Калюмбійскага Ўнівэрсытэту, выкладчык курсу „Гісторыя і палітыка Беларусі”.

У травені 1995 г. ажаніўся з Надзеяй Кудасавай.

Запруднік (Харытончык) Вольга

Нарадзілася 18 студзеня 1928 году на Нясьвіжчыне ў сям’і былога слуцкага паўстанца Юркі Харытончыка. Бацька быў добрым будаўніком мастоў, але, ня маючы польскага грамадзянства, перабіваўся рознымі будаўлянымі работамі.

Летам 1944 г. сям’я выехала ў Нямеччыну, жыла спачатку ў лягеры для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу, а пасьля -- у Міхэльсдорфе. Тут Вольга скончыла Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы.

У 1950 г. Вольга Харытончык прыехала вучыцца ў Лювэнскі Ўнівэрсытэт. Удзельнічала ў танцавальным ансамблі, які разам са студэнцкім хорам пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага гастраляваў па Бэльгіі, выступаў у Лёндане, Парыжы, Боне і іншых гарадох.

Скончыла ў 1953 годзе факультэт мэдычнай лябараторыі, працавала год у шпіталі.

У 1954 г. выйшла замуж за Янку Запрудніка. Выехала з мужам у Мюнхэн.

Ад 1957 г. жыла зь сям’ёй у Злучаных Штатах Амэрыкі. Гадавала дзьвюх дачок: Ніну, цяпер яна доктар-дантыстка, і Веру, цяпер яна мэнаджар.

Брала актыўны ўдзел у грамадскай працы, уваходзіла ва Ўправу Нью-Ёркскага адзьдзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, сьпявала ў царкоўным хоры, дапамагала мужу ў ягонай грамадскай і навуковай працы.

Ад 1973 г. да пачатку хваробы ў 1985 г. працавала мэдычнай лябаранткай.

Памерла 30 верасьня 1987 году

Карась Лявон (Леанід)

Нарадзіўся ў 1923 г. на Дзісьненшчыне, у вёсцы Дзямідзенкі. На Бацькаўшчыне, а потым у Нямеччыне быў адным з кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі. Стаўся адным з членаў „Дванаццаткі” і адным з тых дзевяці, што атрымалі стыпэндыі для навучаньня ў Лювэнскім Унівэрсытэце. У Лювэне вучыўся на агранамічным факультэце. Але, калі арганізоўвалася радыёстанцыя „Вызваленьне” („Свабода”), перад Лявонам, як яму здавалася, адкрылася магчымасьць з большай карысьцю служыць Бацькаўшчыне. Ён кінуў вучобу і пераехаў у Мюнхэн. Праца на радыёстанцыі працягвалася нядоўга. У хуткім часе Карась загінуў пры нявысьветленых абставінах. Многія былі ўпэўнены, што Лявон Карась стаўся адной зь першых ахвяр савецкага тэрору ў Заходняй Нямеччыне, які асабліва быў відавочны ў пэрыяд арганізацыі радыёстанцыі.

Трывожную атмасфэру таго часу і адносіны эміграцыі да сьмерці Лявона Карася перадае ліст Юркі Віцьбіча да Ўладзімера Дудзіцкага:

„Пераходжу цяпер да таго небясьпечнага, што нясе з сабой пасада ня толькі дырэктара, але перш -- лепшая ў Беларускай Філіі „Вызваленьня”...” Па-першае, ад бальшавіцкіх агэнтаў, ахвярамі якіх ужо стаўся не адзін працаўнік „Вызваленьня”...” у тым ліку і 7 верасьня 1954 году Сьвятое Памяці добра знаёмы мне беларус зь Дзісьненшчыны Леанід Карась. Той самы, што на фронце сьпяваў французскую жаўнерскую песьню:

Заўтра...
Людзі сустрэнуць сонца
І будуць пець і піць,
І нават мо’ ня ўспомняць,
Як мы хацелі жыць...

Ягонае цела з адзнакамі катаваньня знайшлі ў рацэ Ізары, на якой стаіць Мюнхэн. Дагэтуль добра невядома, хто забіў яго, -- ці непасрэдна бальшавіцкія агэнты, ці „единонеделимовцы” (бальшавік -- расеец), але адзінае не падлягае сумніву: забіты ён за тое, што зьяўляўся на працягу ўсяго свайго жыцьця, а значыцца, і ў „Вызваленьні”, беларускім патрыётам”.

Кіпель Вітаўт

Нарадзіўся ў Менску ў 1927 г. Калі споўнілася пяць гадоў, разам з маці пераехаў у г. Налінск (Расея, Вяцкая вобл.), куды маці прапанавалі выехаць як „жонцы нацдэма” і ня выдалі пашпарту. Бацька Вітаўта быў арыштаваны ў Менску ў 1930 г. і высланы ў тую-ж Вяцкую вобласьць. У 1935 г. сям’я пасялілася ў г. Арле, бо забаронена было вяртацца на Беларусь. Бацьку зноў арыштавалі напрыканцы 1935 г., але маці зь Вітаўтам дазволілі застацца ў Арле. Раз у год даязджалі ў Менск адведаць дзеда, матчынага бацьку.

Да часу, калі Вітаўту давялося паступаць у школу, ён добра арыентаваўся ў савецкай рэчаіснасьці (даводзілася цяжка і з прадуктамі, і з адзежай, і з памяшканьнем -- доўгі час прыйшлося жыць у Доме калгасьніка). Хлапчук таксама добра ведаў, што такое беларускасьць, дарэчы, у ссылцы бліжэйшымі суседзямі-сябрамі сям’і Кіпеляў былі Мікола Ўлашчык і Мікола Азбукін.

У Арле Вітаўт распачаў навуку ў школе (1935 г.), перад вайной закончыў шэсьць клясаў. Прадоўжыў вучобу ў Менску -- сям’я вярнулася на Беларусь у 1942 г., а закончыў сярэднюю асьвету ў Заходняй Нямеччыне, у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе. Па заканчэньні гімназіі паступіў ва ўнівэрсытэт у г. Цюбінген (1948), потым перайшоў у Лювэнскі Ўнівэрсытэт (1949 г.). Закончыў яго ў 1955 г., зрабіўшы дактарат у галіне мінэралёгіі.

У 1955 г. перабраўся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе нейкі час працаваў гэолягам, але вырашыў перамяніць прафэсію і цалкам аддацца працы на беларускай грамадскай ніве. Закончыў Ратгэрскі Штатны Ўнівэрсытэт, факультэт інфарматыкі і бібліятэказнаўства (1962 г.). Ад таго часу працаваў у Нью-Ёркскай Публічнай Бібліятэцы на розных становішчах, выйшаў на пэнсію ў 1985 годзе з пасады дзейнага шэфа навуковага адзьдзелу.

У беларускую грамадскую працу ўключыўся яшчэ ў Менску, у часы вайны, калі школьнікі рэгулярна, у парадку грамадскай нагрузкі, хадзілі па хатах зьбіраць харчы, вопратку ды наагул дапамогу для шматлікіх сіротных менскіх прытулкаў.

Па заканчэньні вайны Вітаўт Кіпель уключаецца ў арганізацыю беларускага скаўтынгу ў г. Рэгенсбург. Калі беларускае селішча з Рэгенсбургу перамясьцілася ў Міхэльсдорф, Вітаўт становіцца кіраўніком беларускага скаўцкага сьцягу і кіруе ім да 1948 г., да паступленьня ва ўнівэрсытэт. У выніку актыўнай дзейнасьці беларускага скаўтынгу за межамі Бацькаўшчыны, беларускія скаўцкія адзінкі зацьвярджаюцца Міжнародным Скаўцкім Бюро, як правамоцныя, ды Галоўнае Кіраўніцтва Беларускага Скаўтынгу на Чужыне ўваходзіць у склад гэтае міжнароднае арганізацыі.

У Бэльгіі Вітаўт уваходзіць у склад студэнцкіх урадаў, сьпявае ў хоры М. Равенскага, але найбольш працуе ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі на розных становішчах. Бярэ ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях работніцкага руху, наладжвае працу ў адзьдзелах арганізацыі, дапамагае работнікам у справе эміграцыі, перамены кантрактаў, арганізуе суботнія і нядзельныя лекцыі для дзяцей работнікаў і г. д.

У ЗША дзейнасьць Кіпеля ідзе ў некалькіх напрамках. Першы -- навуковая праца у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва ў цесным супрацоўніцтве з доктарам Вітаўтам Тумашам, а з 1982 г. і кіраўніцтва БІНіМ’ам. Другая дзялянка -- грамадска-культурная: дапамагае ў заснаваньні селішча Белэр-”Менск”, арганізуе там лягеры моладзі, розныя імпрэзы. Падчас сьвяткаваньня двухсотгодзьдзя ЗША арганізуе фэстывальную групу, якая выдатна прапагандавала беларускую музычную культуру. Вітаўт Кіпель бярэ ўдзел у шматлікіх канфэрэнцыях у розных гарадох Амэрыкі, прадстаўляючы інтарэсы беларускіх арганізацыяў (Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Кангрэсавы Камітэт і інш.).

Палітычная дзейнасьць Кіпеля зьвязана з рэспубліканскай партыяй. Ён узначальваў беларускі камітэт па выбарах падчас выбарчай кампаніі прэзыдэнта Рычарда Ніксана, арганізоўваў Фэдарацыю Беларускіх Рэспубліканскіх Клюбаў і ачольваў яе з 1972 да 1982 г. Дзякуючы ягоным стараньням, інфармацыя пра Беларусь распаўсюджвалася ў рамах дзейнасьці рэспубліканскай партыі краіны. Беларусы ЗША былі частымі гасьцьмі на палітычных канфэрэнцыях у Белым Доме, сталіся ініцыятарамі візыты прэзыдэнта Р. Ніксана на Беларусь (тады БССР). Адбыліся дзясяткі сустрэч з сэнатарамі, кангрэсмэнамі і іншымі дзеячамі. Кніжка пра Курапаты, выдадзеная БІНіМ’ам, была ўручана прэзыдэнту Білу Клінтану задоўга перад ягонай візытай на Беларусь і наведаньнем Курапатаў.

За працу ў пашырэньні інфармацыі пра Беларусь і беларускую спадчыну ў Амэрыцы Вітаўт Кіпель узнагароджаны рознымі адзнакамі, яму нададзена ганаровае грамадзянства горадам Кліўлендам (1984 г.).

Вітаўт Кіпель надрукаваў сотні артыкулаў у беларускамоўных і англамоўных выданьнях. Найбольш прац ён прысьвяціў вывучэньню беларускай спадчыны ў ЗША (каля 80 назваў). Ягоная кніга „Беларусы ў ЗША” была выдадзена ў 1993 г. у Менску.

Пачынаючы ад 1991 г., В. Кіпель наладзіў цеснае супрацоўніцтва з навуковымі ўстановамі ў Менску, надрукаваў там некалькі артыкулаў.

У 1993 г. Вітаўту Кіпелю было прысвоена ганаровае званьне доктара філёлягічных навук Гарадзенскага Ўнівэрсытэту. У 1994 г. ён абраны акадэмікам Міжнароднай Акадэміі Навукаў Эўразіі.

Кіпель (Савёнак) Зора

Нарадзілася ў 1927 г. у Менску. З малых гадоў была добра азнаёмленая зь беларускім рухам: бацька Лявон Савёнак, журналіст, супрацоўнік шматлікіх газэтаў, у 1933 г. быў асуджаны па справе СВБ і высланы ў Сыбір. Маці Апалёнія Раткевіч, настаўніца, аўтар некалькіх дзіцячых падручнікаў. Пасьля арышту бацькі сям’і было запрапанавана выехаць у Крычаў, дзе і прайшлі дзіцячыя гады Зоры.

Перад самой вайной Зора вярнулася з маці ў Менск, вучылася тут аж да 1944 г., калі сям’я выехала на эміграцыю. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Нямеччыне, закончыла Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе ў 1948 г. Паступіла ў Цюбінгенскі Ўнівэрсытэт (1948 г.), а ў 1949 г. перабралася ў Лювэн. У Лювэне паступіла на хімічны факультэт, які і скончыла са званьнем магістра аналітычнай хіміі ў 1955 г.

У 1955 г. пераехала ў ЗША, дзе ў 1956 г. выйшла замуж за Вітаўта Кіпеля, сябра школьных і ўнівэрсытэцкіх гадоў. У Амэрыцы працавала ў галіне крышталяграфіі (адна з укладальнікаў ведамае падручнае кнігі-даведніка амэрыканскіх хімікаў Crystal Data, Determinative Tables, Washington, D. C. Am. Crystallographic Assn., 1963), а потым, каб мець магчымасьць аддавацца больш грамадскай і навуковай працы ў галіне беларусазнаўства, скончыла факультэт інфарматыкі і бібліятэказнаўства Ратгэрскага Штатнага Ўнівэрсытэту ў штаце Нью-Джэрсі (1966 г.).

Працуючы на розных пасадах у Нью-Ёркскай Публічнай Бібліятэцы, улучна з пасадай заступніка дырэктара Славяна-Балтыцкага адзьдзелу, зацікавілася перакладной літаратурай на беларускай мове, асабліва ХV-ХVІ стагодзьдзямі, і, каб больш прафэсыйна падыходзіць да тэмы, паступіла на факультэт параўнаўчых літаратураў таго-ж Ратгэрскага Ўнівэрсытэту, які і закончыла са званьнем магістра ў 1988 г.

Зора Кіпель у грамадскім жыцьці ад дзіцячых гадоў: яшчэ ў Менску ўдзельнічала ў розных тэатральных і танцавальных гурткох. У Нямеччыне арганізоўвала дзявочы скаўтынг ды брала ўдзел ва ўсіх скаўцкіх зьездах. Дапамагала арганізоўваць скаўцкія бібліятэкі ў Міхэльсдорфе і Остэргафэне. Была адной зь ініцыятарак дзявочае танцавальнае групы сярод студэнтаў у Лювэне. У ЗША уваходзіла ва ўправы БАЗА і БІНіМ’а. Падчас працы ў Нью-Ёркскай бібліятэцы падрыхтавала каля дзесяці вялікіх выставаў на розныя беларусазнаўчыя тэмы, арганізоўвала выставы беларускага народнага ўмельства ў дзясятку штатаў.

З пачатку 70-х гадоў, як толькі кампутарызацыя пачынала ўваходзіць у бібліятэчную практыку, Зора Кіпель сталася адным зь піянэраў пераводу каталягізацыі Славяна-Балтыцкага адзьдзелу на кампутарную тэхніку і ў гэтай якасьці прадстаўляла Нью-Ёркскую бібліятэку на агульнаамэрыканскіх форумах прафэсыйных колаў.

Адначасна Зора Кіпель надрукавала шмат артыкулаў на беларусаведныя тэмы: кнігазнаўства, бібліятэкарства, гісторыя пасяленьня беларусаў у ЗША. Мела стыпэндыю ад штату Нью-Джэрсі на ўкладаньне першага ў гісторыі штату даведніка аб нацыянальнасьцях гэтага штату. Ад 1991 г. рэдагуе газэту „Беларус”.

Зора Кіпель склала бібліяграфіі да збору твораў Н. Арсеньневай, А. Салаўя і М. Кавыля. Разам з мужам Вітаўтам апрацавала некалькі хрэстаматыйных бібліяграфіяў, цяпер яны рыхтуюць да друку бібліяграфічны паказьнік беларускіх выданьняў за межамі Беларусі ад 1920 году. Мае шэраг англамоўных прац. Публікуецца ў навуковым друку Беларусі.

Апошнімі гадамі Зора Кіпель -- актыўная ўдзельніца шматлікіх кангрэсаў і канфэрэнцыяў на Бацькаўшчыне.

Зора і Вітаўт Кіпелі выгадавалі дзяцей: Алеся -- адвакат у Вашынгтоне, Юрка -- дзіцячы кардыёляг. Абодва актыўныя ў беларускім жыцьці, належалі да арганізацый беларускай моладзі, больш за дзесяць гадоў танцавалі ў ансамблі „Васілёк”, выступаюць зь беларускай тэматыкай у англамоўным і беларускім друку.

Клыбік Лаўрын

Нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 году ў сялянскай сям’і ў вёсцы Хадзевічы на Слонімшчыне. Там закончыў пачатковую школу, прадаўжаў вучобу ў Слоніме ў беларускай школе.

У 1944 г. вір ваеннай завірухі загнаў Лаўрына праз Польшчу, Нямеччыну, Францыю, Італію ў Англію. У Лёндане пачаў працаваць у аптэцы памочнікам фармацэўта. Памятаючы словы маці, якая часта паўтарала: „Вучэцеся, дзеткі, вучэцеся, навука -- гэта скарб, якога ніхто вам не забярэ”, пачаў хадзіць на вячэрнія курсы ў Лёнданскі „Фінчлей Калеж”. У 1952 г. атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі.

На той час у Лювэне існавала і добра разьвівалася досыць вялікая група беларускіх студэнтаў. Лаўрын выслаў туды заяву, каб далучыцца да студэнцкае групы ды запісацца на вышэйшыя студыі ў Лювэнскім Унівэрсытэце. У 1953 г. пераехаў у Лювэн. Прыйшлося вельмі многа працаваць, каб авалодаць французскай мовай і засвоіць вучэбны матэрыял. У 1958 г. закончыў фармацэўтычны факультэт, атрымаў дыплём аптэкара, але толькі „à titre scientifique” (навуковай вартасьці), які па бэльгійскіх законах не даваў права чужынцам быць адказным аптэкарам. Каб атрымаць гэтае права, трэба было пераздаць усе экзамены перад „Jury Control” (Дзяржаўнай Экзаменацыйнай Камісіяй).

У 1962 г. Лаўрын Клыбік гэтыя экзамены здаў і пачаў пацаваць кіраўніком аптэкі ў Брусэлі, а пасьля ў Мэхэлен. Маючы добрую практыку, у 1966 г. адчыніў уласную аптэку. Меў добры кантакт з кліентамі, карысныя парады аптэкара прыцягвалі людзей здалёк. Стварыў некалькі дзясяткаў прэпаратаў уласнае формулы, якія і да сёньняшніх дзён карыстаюцца попытам ня толькі ў Бэльгіі, а і за яе межамі.

Лаўрын Клыбік зацікавіўся гамеапатыяй і ў 1977 г. паступіў на вячэрнія курсы гамеапатычнай школы ў Брусэлі, а ў 1981 г. адкрыў ужо сваю лябараторыю.

У 1991 г. абараніў навуковую працу „Кава і яе ўзьдзеяньне на чалавечы арганізм” і быў прыняты ў Асацыяцыю Гамеапатаў Бэльгіі. Гэтая праца выклікала влікую цікавасьць у Бэльгіі і за мяжой, была апублікаваная ў спэцыялізаваных часапісах Бэльгіі, Францыі і Беларусі. Напісаў працу „Праполіс і дзеяньне радыяцыі на жывы арганізм”. У 1994 г. быў на Беларусі, у Валожыне наладзіў супрацоўніцтва з беларускімі мэдыкамі для апрабацыі гамеапатычнага сродку супраць хвароб, выкліканых радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі, забруджанай радыёнукляідамі ў выніку Чарнобыльской катастрофы.

„Хоць маё сьведамае жыцьцё, -- піша Лаўрын Клыбік, -- праходзіць далёка ад Бацькаўшчыны, але і тут, на чужыне, я заўсёды думаю, як памагчы людзям у бядзе. Веру, што мая праца дапамагае і маім землякям на Беларусі”.

Лаўрын Клыбік ажаніўся ў 1961 г. з бэльгійкаю „анін Сакрэ. У іх дзьве дачкі: Соня замужам за французам і жыве ў Францыі, Надзя -- за бэльгійцам і жыве ў Бэльгіі, мае двое дзяцей -- Бэнжаміна і Валентыну.

Латушкін Мікола

Нарадзіўся 15 студзеня 1922 году ў Менску. Там-жа закончыў сярэднюю школу.

Пасьля вайны паступіў ва Ўнівэрсытэт УНРРА ў Мюнхэне (1946-1947 гг.), закончыў там тры сэмэстры. Прадоўжыў вучобу на ветэрынарным факультэце Ўкраінскага Тэхнічна-Гаспадарчага Інстытуту ў Рэгенсбургу, які закончыў у 1949 г. Кароткі час працаваў у ДП-лягеры „Warner-Kaserne” ветэрынарным лекарам.

У 50-я гады перабраўся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Закончыў школу мэханічнага чарчэньня ў 1957 г. (Скрэнтан, Пэнсільванія), а пасьля працаваў чарцёжнікам у Чыкага.

Мікола Латушкін быў у 1955 - 1957 г.г. старшынёю БАЗа ў Кліўлендзе. З 1958 г. да 1989 г. быў прадстаўніком ад Беларускага Кангрэсовага Камітэту ў штаце Ільлінойс, уваходзіў у ініцыятыўную групу арганізацыі Беларускага праваслаўнага прыходу Сьв. Юрыя ў Чыкага пад юрысдыкцыяй Грэцкага Экзарха ў Амэрыцы Якаваса. Больш за 25 гадоў займае пасаду сакратара парафіяльнае ўправы.

Набагез Уладзімер

Нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Сельцы пад Навагрудкам.

У 1945 г. паступіў на мэдыцынскі факультэт Філіпс Унівэрсытэту ў Марбургу. Прадоўжыў заняткі ў Лювэне, куды пераехаў у 1949 г. У 1951 г. атрымаў званьне доктара мэдыцыны і пачаў практыкаваць у мястэчку Буён на французска-бэльгійскай граніцы, дзе здабыў павагу мясцовага насельніцтва.

У 1956 г. выехаў у ЗША да свайго дзядзькі, старога эмігранта. Здаўшы экзамены, у 1962 г. распачаў прыватную практыку ў Волдэн, штат Нью-Ёрк, дзе працуе і сёньня.

Нягледзячы на занятасьць, актыўна падтрымлівае ўсе грамадскія і царкоўныя ўстановы беларускай дыяспары. Пэўны час займаў пасаду старшыні БАЗа ў Нью-Ёрку.

Наўмовіч Міхась

Нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Рамашкевічы на Наваградчыне. Пасьля заканчэньня гімназіі ў Наваградку амаль усе хлопцы-выпускнікі былі забраныя ў Менск у арганізаваную тады афіцэрскую школу Краёвай абароны. Аднак заняткаў яшчэ ня было, як пачалося адступленьне. Шмат хлопцаў загінула падчас савецкай бамбардыроўкі Віленскай чыгуначнай станцыі. Пасьля маршу празь Вільню, Каўнас, Варшаву, курсантаў апранулі ў сіне-зялёную ўніформу і залічылі ў дывізію фон Зіглінга. Міхась Наўмовіч зь сябрамі адразу вырашылі, што ў нямецкай арміі яны служыць ня будуць і пададуцца ў дэзэртыры. Магчымасьць уцёкаў зьявілася ў Францыі. Падчас адступленьня Наўмовіч уцёк у лес да французскіх партызанаў, пазьней да яго далучыліся Віктар Сянькевіч, Сыльвэстар Буткевіч і Павал Асіповіч. У партызанах доўга не затрымаліся, таму што, як піша Наўмовіч, ніхто з хлопцаў не валодаў французскай мовай. Французы адвезьлі ўцекачоў пад швайцарскую граніцу, дзе яны пэўны час працавалі ў сялянаў.

Пад канец 1944 г. Міхась зь сябрамі далучыліся да аліянцкае арміі, адтуль -- у пешаходны абоз корпусу Андэрса, у якім было каля 40% беларусаў. Корпус уваходзіў у склад арміі маршала Аляксандра. У складзе гэтага корпусу ў чэрвені 1945 г. апынуўся ў Італіі. Тут многа маляваў, прымаў удзел у мастацкіх конкурсах, займаўся атлетыкай, належаў да дружыны атлетыкі сёмае дывізіі. Мастацтва і спорт пазьней дапамаглі вярнуцца ў Францыю.

У 1947 г. Міхась Наўмовіч быў дэмабілізаваны і прыехаў у Парыж да польскага скульптара з Познані Вэнглеўскага. Пачаў вучыцца ў Нацыянальнай Вышэйшай Школе Мастацтва Парыжу, куды быў залічаны яшчэ ў 1946 г., калі прыязджаў на адпачынак зь Італіі. У Школе ад прафэсара скульптуры, кіраўніка майстэрні, атрымаў прапанову ўдзельнічаць у стварэньні помніка дзеду эгіпецкага караля Фазука, але з прыходам да ўлады Насэра праца над помнікам была спыненая. Крыху пазьней другі прафэсар знайшоў сваім вучням працу пры аднаўленьні касьцёлу, Міхась выразаў там на камені „Вясельле ў Кане Галілейскай”. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай Вышэйшай Школы Мастацтва Парыжу ў 1953 г.

Многа працаваў. Быў пераможцам конкурсу на стварэньне статуі Сьвятое „анны Д’Арк. Міхась Наўмовіч зрабіў помнік на магілу кампазытара Міколы Равенскага. Выразаў у камені больш за дзесяць работ.

Аднак праца мастака не давала сродкў для існаваньня. Па падказцы аднаго з прафэсараў Акадэміі Мастацтва пайшоў вучыцца ў школу фізіятэрапіі і атрымаў дыплём у 1955 г., некалькі пазней здаў экзамены і атрымаў права выкладаць у школах фізіятэрапіі.

У 1956 г. ажаніўся, узгадаваў чацьвёра дзяцей, шмат працаваў, пабудаваў сваімі рукамі дамы, але скульптуру крыху занядбаў, бо часу ня было, а таксама і мейсца, дзе працаваць, праўда, рабіў скульптуры для маста Аляксандра ІІІ і Новага Маста ў Парыжы.

Акрамя скульптуры, Міхась Наўмовіч выявіў вялікія здольнасьці ў акварэлі. У гэтай галіне працуе цікава і плённа. Як графік, у 50-60-х гадох аформіў кнігі: „Спадчыну” Янкі Купалы, „Сымона-музыку” Якуба Коласа, „Матчын дар” Алеся Гаруна.

Міхась Наўмовіч -- вельмі актыўны ў беларускай грамадскай і палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Парыжы беларускі студэнцкі часапіс „Моладзь”.

„Я яшчэ маю вельмі шмат праэктаў у жыцьці, --піша Міхась Наўмовіч, -- хачу зрабіць некалькі скульптураў, намаляваць шмат акварэляў, напісаць і аформіць кніжку па анатоміі, якую выкладаю ў вышэйшых школах, бо кніжка вельмі патрэбная. Ці Бог дасьць мне на ўсё магчымасьцяў? Я спадзяюся на 15-20 гадоў добрага здароўя, якое, дзякаваць Яму, маю цяпер, і тады ўсё будзе, як прадбачваю...”.

Рагуля Барыс

Нарадзіўся 1 студзеня 1920 году у Турцы. Бацька быў лекарам, але памёр падчас эпідэміі тыфусу, калі Барысу было толькі два гады. Маці з сынам пераехалі ў Любчу. Пасьля заканчэньня акушэрскіх курсаў у Варшаве маці атрымала працу ў наваградскім шпіталі ў 1930 г.

У гэтым-жа годзе Барыс паступіў у беларускую гімназію, дзе ён і атрымаў нацыянальнае выхаваньне. Варожыя да ўсякіх праяваў беларускага нацыяналізму, палякі закрылі беларускую гімназію ў 1935 г., і Барыс быў вымушаны перайсьці ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Атмасфэра там была вельмі няспрыяльная і дыскрымінацыйная ў адносінах да беларусаў. „У беларускай гімназіі я ведаў, што я беларус, а ў польскай я адчуў сябе беларусам”, -- гаворыць Барыс Рагуля. Ён закончыў гімназію ў 1938 г. і здаў конкурсныя экзамены на мэдычны факультэт Унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Польскія ўлады не далі магчымасьці вучыцца і ў абыход закону забралі ў армію.

Вайна. Палон. Уцёкі з палону. Першыя, няўдачныя, у студзені 1940 г., другія ў жнівені. Вярнуўся на вызваленую Беларусь. Арышт. Сьледства. Сьмяротны прысуд. Нарэшце ўцёкі з-пад Чэрвеню і зварот дахаты. Асабістая трагэдыя -- маці загінула падчас бамбёжкі Наваградка, ратуючы пацыэнтаў.

У часы нямецкай акупацыі браў актыўны ўдзел у палітычных, грамадскіх, школьных ды вайсковых акцыях, аднак ніколі на пакінуў думкі быць лекарам.

Ажаніўся з Людмілай Гутар, дачкой шчырага беларускага патрыёта, які загінуў у падвалах НКВД дзесьці ў 1948 г. Сям’я так і не знайшла ягонай магілы.

Эміграцыя. Канец вайны. Нарэшце ўнівэрсытэт у Лювэне.

Пасьля заканчэньня карэйскай вайны было відавочна, што мрыя павароту на Бацькаўшчыну сталася нязбытнай, і Барыс, заклапочаны будучыняй сям’і, вырашыў пераехаць у Канаду. 4 сьнежаня 1954 г. Варыс Рагуля, Людміла і дзеці, Рагнеда і Вітаўт, адплылі ў Канаду.

Пасяліліся ў Лёндане (Антарыё). 16 месяцаў стажыроўкі, экзамены і нарэшце ліцэнзыя на практыку. Зацікавіўся прэвэнтыўнай мэдыцынай, асабліва выяўленьнем раньніх сымптомаў рака шыйкі маткі. Вынікі працы зацікавілі Pan American Cancer Cytology Society (New York), і ён быў запрошаны з дакладам на трэці Панамэрыканскі Кангрэс, які адбыўся ў травені 1967 г. Даклад быў вельмі добра прыняты і апублікаваны ў часапісе Cancer Cytology a Journal for cinicians Dedicated to Cancer Detection. У гэтым-жа годзе ён быў выбраны Chairman of the Cancer Cytology Research Committee and Cytology Campaign, London Ont., а Кангрэс запрасіў яго на становішча сакратара гэтай арганізацыі.

У 1967-1968 гг. Барыс Рагуля разгарнуў шырокую адукацыйную акцыю сярод жанчын Лёндану і прадмесьцяў, прапагандуючы штогоднае абсьледаваньне ўсіх жанчын у веку ад 17 да 65 гадоў. Вынікі былі вельмі добрыя. На чарговым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Jamaica, 1970) ён ужо мог паінфармаваць, што 84% жанчын абсьледавана, у адной са ста выяўлена пачатковая стадыя захворваньня. Дзякуючы раньняй дыягностыцы больш за 85% былі вылечаныя. На пятым Кангрэсе ў Аўстрыі (Зальцбург, 1973) Рагуля зрабіў даклад пра вынікі сваёй працы.

Яшчэ ў 1971 г. Canadian Cancer Society запрасіла яго на становішча мэдычнага дарадчыка і папрасіла заняцца досьледамі раньняга выяўленьня рака страўніка і тоўстай ды адхадной кішак. Рагуля паказаў, што спэцыяльным мэтадам аналізу крыві можна выявіць каля 80% захворваньняў і пасьпяхова лячыць. Вынікі сваёй працы ён далажыў на шостым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Las Vegas, 1976). Мэдыкі Лёндану, а пазьней і іншых правінцыяў сталі пасьпяхова выкарыстоўваць гэты мэтад дыягностыкі.

У 1971 г. здаў дадаткова экзамены на права выкладаць у мэдычнай школе і быў запрошаны на факультэт мэдыцыны, дзе працаваў да 1991 г., не пакідаючы прыватнай практыкі.

У 1973 г. Барыс Рагуля быў выбраны прэзыдэнтам London Academy of Medicine. Гэта быў першы лекар неканадыйскага паходжаньня, якога выбралі на такое становішча. Ён скарыстаў гэтую нагоду для прапаганды мэдыцынскіх ведаў сярод насельніцтва. Асаблівую ўвагу зьвярнуў на вучняў. У сярэдніх школах рэгулярна праводзіліся лекцыі і гутаркі аб шкоднасьці курэньня, алкаголю ды наркотыкаў. Ён дабіўся забароны курэньня на тэрыторыі школаў, пазьней -- у шпіталях і публічных мейсцах.

Рагуля заўсёды надаваў вялікую ўвагу фізычнаму стану моладзі і старэйшага пакаленьня. Сам даваў прыклад, на працягу 15 гадоў браў удзел у двухдзённым лыжным марафоне на 160 км.

Заняты прафэсійна, Рагуля актыўна ўдзельнічае ў справах беларускага грамадства Канады. Ён -- сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады ад самага першага дня ў краіне; старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ад 1971 да 1989 году; сябра Canadian Councel of Multiculturalism ад 1976 да 1989 году. У 1963 г. быў запрошаны прадставіць ад імя беларускага грамадства ў Канадзе меркаваньні адносна двухкультурнасьці і двухмоўя краіны. Ягоныя прапановы былі вельмі добра прынятыя і разасланыя больш як у 160 бібліятэкаў. Ад 1971 г. і па сёньня Б. Рагуля -- заступнік прэзыдэнта Рады БНР.

Ад 1976 г. да 1978 г. працаваў з прадстаўнікамі латышоў, летувісаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакумэнтам аб дэкалянізацыі Савецкага Саюзу. Гэты дакумэнт быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 г.

Ад 1990 Рагуля -- мэдычны дырэктар дапамогі дзецям, ахвярам Чарнобылю. Ад 1994 г. -- старшыня камітэту, мэта якога пабудаваць дзіцячую дантыстычную клініку ў Менску паводле канадыйскіх стандартаў.

Жонка Людміла пакінула працу ў фармацыі, каб заняцца дзецьмі -- Рагнедай, Вітаўтам, Валодзем ды Андрэем.

Рамук Вітаўт

Нарадзіўся 15 ліпеня 1914 году на Ўкраіне, у Екацерынаславе. У 1922 г. сям’я вярнулася на бацькаўшчыну, у роднае мястэчка Ліпнішкі, што на Лідчыне. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі да 1931 году, скончыў гімназію ў Пінску ў 1937 годзе. У 1938 г. паступіў на біялягічны факультэт Віленскага Ўнівэрсытэта імя Стэфана Баторыя, вучыўся адзін год. У 1939 г. перайшоў на мэдычны факультэт, дзе правучыўся толькі адзін трымэстр.

Пасьля вайны ў Нямеччыне вывучаў мэдыцыну ва Унівэрсытэце УНРРА ў Мюнхэне і мясцовым Мюнхэнскім Унівэрсытэце (1946-1949 гг.). У 1949 г. пераехаў у Лювэн, дзе прадоўжыў мэдычныя студыі ў Каталіцкім Унівэрсытэце. Падчас свайго пабыту ў Лювэне прымаў удзел у жыцьці беларускай студэнцкай грамады і ў 1952 г. быў ейнай старшынёй. Належаў да беларускай каталіцкай студэнцкай арганізацыі „Рунь”, якая была прынята ў склад сусьветнай каталіцкай студэнцкай арганізацыі „Pax Romana”. Прымаў уздел разам з іншымі беларускімі студэнтамі ў зьездах „Pax Romana” ў Амстэрдаме (Галяндыя, 1950 г.) і Рэймсе (Францыя, 1951 г.).

У 1953 г. здаў экзамены і атрымаў дыплём доктара мэдыцыны, працаваў у дзіцячым шпіталі ў Брусэлі.

У 1956 г. пераехаў у ЗША. Пасьля рэзыдэнтуры ў агульнамэдычнай практыцы (Peoria, 1957) працаваў у шпіталі штату Ільлінойс (State Hospital). Прайшоў рэзыдэнтуру ў пэдыятрыі (1962-1963), здаў экзамены, працаваў ад 1965 г. у Пэдыятрычным Інстытуце ў Чыкага (Illinois State Pediatric Institute). У 1966 г. атрымаў Diplomate of the American Board of Pediatrics. Належыць да American Academy of Pediatrics. У 1968 г. атрымаў званьне Assistant Professor of Pediatrics at the College of Medicine, University of Illinois. Ад 1975 г. працаваў як пэдыятар і мэдычны дырэктар у дзіцячым цэнтры. У студзені 1988 г. выйшаў на пэнсію.

У 1958 г. Вітаўт Рамук ажаніўся зь Верай з дому Жызьнеўскіх.

Вера і Вітаўт Рамук актыўна працуюць у Беларускім Каардынацыйным Камітэце ў Чыкага, ладзяць імпрэзы, прымаюць удзел у сустрэчах з рознымі этнічнымі групамі, супрацоўнічаюць з амэрыканскімі арганізацыямі.

Вера Рамук закончыла факультэт вольных навук ва Ўнівэрсытэце Брэдлі ў Пэорыі (1954). Прымала актыўны ўдзел у студэнцкім жыцьці Пэорыі, арганізавала жаночы ансамбаль беларускага танцу. Вядзе плённую перапіску з прэзыдэнтамі, кангрэсмэнамі, сэнатарамі, губэрнатарамі адносна беларускіх справаў. Колькі разоў была запрошана ў Белы Дом на канфэрэнцыі, сустракалася з прэзыдэнтам Рональдам Рэйганам. Піша вершы на беларускай і ангельскай мовах.

Вітаўт Рамук супрацоўнічае з газэтай „Беларус”, прынагодна выступае ў беларускай радыёперадачы „Нёман”.

Дзеці Веры і Вітаўта, Ірэна і Янка, закончылі ўнівэрсытэты, прымаюць удзел у беларускім арганізацыйным жыцьці, хаця і жывуць далёка ад бацькоў.

Сажыч Язэп

Нарадзіўся 5 верасьня 1917 году ў вёсцы Гарадэчна пад Наваградкам. Адзін год правучыўся ў беларускай гімназіі, а калі яе закрылі, перайшоў у польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Пасьля заканчэньня гімназіі Язэпа Сажыча забралі ў войска і накіравалі ў афіцэрскую школу. Пачалася польска-нямецкая вайна, і Сажыч трапляе на фронт. Раненьне, нямецкі палон. Уцёкі. Два гады правучыўся у Львоўскім Унівэрсытэце. Падчас вайны вярнуўся на Беларусь, удзельнічаў у арганізацыі беларускіх вайсковых адзьдзелаў. У канцы вайны апынуўся ў Нямеччыне. Тут ажаніўся з Варай Мазур. Нарадзілася дачка Лена.

Паступіў у Марбургскі Філіпс Унівэрсытэт. Закончыў мэдычныя студыі ў 1950 г., атрымаў дыплём лекара.

У лістападзе 1950 г. Сажычы выехалі ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Пасяліліся ў Дэтройце. Хутка ўдалося ўладкавацца на працы тэхнікам-анэстэзіёлягам. Адначасна рыхтаваўся да экзаменаў на атрыманьне амэрыканскага дыплёму доктара мэдыцыны.

Сумесна з сябрамі Юркам Мазурам ды Міколам Прускім наладзілі кантакты зь іншымі беларусамі і ў студзені 1951 г. заснавалі адзьдзел Беларуска- Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) у штаце Мічыган. У 1952 г. ужо сьвяткавалі ў Дэтройце 25 сакавіка. Наведаў Дэтройт япіскап Васіль і адслужыў беларускую багаслужбу. У 1953 г. прыязджаў прэзыдэнт БНР Абрамчык, які прыняў Язэпа Сажыча ў Раду БНР.

Наладзілі хор пад кіраўніцтвам Юркі Мазура. Супрацоўнічалі з адзьдзелам БАЗА ў Кліўлендзе. Давалі канцэрты пад кіраўніцтвам Куліковіча ў клюбе старой беларускай эміграцыі, зь якой у Сажыча склаліся добрыя адносіны. Салісты беларускага хору Дэтройту -- Вара Сажыч, Юрка Мазура, Вера Лубнік -- удзельнічалі ў канцэртах падчас нацыянальных сьвятаў у Таронта, Лёндане (Канада), Чыкага і Кліўлендзе.

У 1962 г. арганізавалі ў Дэтройце сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Грамадская дзейнасьць брала шмат часу, таму Сажычу спатрэбілася амаль дзесяць гадоў, каб атрымаць дазвол на працу доктара-анэстэзіёляга.

Некалькі разоў быў старшынёй кангрэсу БАЗА, заступнікам старшыні.

Заснаваў адзьдзел Беларускіх Вэтэранаў у Дэтройце, супрацоўнічаў з генэралам Кушалем. Пасьля ягонай сьмерці прэзыдэнт Абрамчык прысвоіў Язэпу Сажычу званьне палкоўніка і даручыў выконваць абавязкі сакратара па справах вэтэранаў пры Радзе БНР.

На 50-я ўгодкі БНР сэсыя Рады прысвоіла Сажычу званьне генэрала і даверыла яму павысіць у званьні заслужаных беларускіх афіцэраў.

У 1982 г. Сажыч быў абраны на старшыню Рады БНР, адбыў два шасьцігадовыя тэрміны і ў 1994 г. зноў перавыбраны на апошняй сэсіі БНР у Нью-Ёрку.

„Найбольшым асабістым задаваленьнем, -- гаворыць Язэп Сажыч, -- была для мяне нагода вітаць урачыстае сьвяткаваньне 25 сакавіка ў Менску ў 1993 г. поруч са старшынёй Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславам Шушкевічам і старшынёй сойму БНФ Зянонам Пазьняком”.

Сажыч вельмі актыўны ў царкоўным жыцьці, верыць у неабходнасьць Беларускай Аўтакефальнай Царквы, заснаваў у Дэтройце парафію Сьвятога Духу.

„Нягледзячы на няспрыяльныя падзеі на Беларусі, я веру, што Ўсемагутны верне нам украдзеную Рэспубліку Беларусь”.

Саўка Міхась

Нарадзіўся 19 ліпеня 1927 году ў вёсцы Загор’е на Наваградчыне. Памёр 10 верасьня 1990 году ў Брусэлі, а пахаваны, па ягонай просьбе, у Лёндане, побач з сынам Маркам, які колькі год перад тым трагічна загінуў у Ангельшчыне.

Сярэднюю асьвету Міхась Саўка атрымаў у Баранавічах. Хлапчуком быў вывезены ў Нямеччыну. У 1951 г. паступіў у Лювэнскі Ўнівэрсытэт на факультэт археалёгіі й гісторыі мастацтва, закончыў яго ў 1955 г.

Міхась Саўка далучыўся да беларускага руху яшчэ на Бацькаўшчыне. Быў дзейным у Саюзе Беларускай Моладзі ў Бэльгіі. Пісаў артыкулы для часапісу „Наперад!”, газэты „Бацькаўшчына”.

Закончыўшы ўнівэрсытэт, Саўка застаўся ў Бэльгіі і ўладкаваўся на працу мастаком-рэстаўратарам у Каралеўскі Інстытут Мастацкае Спадчыны ў Брусэлі.

У 1963 г. атрымаў бэльгійскае грамадзянства, быў залічаны ў склад сталых працаўнікоў Інстытуту. У 1969 г. пасьля адпаведных экзаменаў заняў пасаду адміністрацыйнага сакратара, а ў 1982 г. -- кіраўніка працаў Інстытуту. Шмат друкаваўся, выязджаў на археалягічныя раскопкі ў Грэцыю, Турцыю, Алжыр. Дзякуючы выдатным вынікам у працы, атрымаў прызнаньне бэльгійскіх мастацкіх колаў і быў пакліканы ў каралеўскі палац, дзе вучыў каралеву маляваньню і рэстаўрацыі.

Асабліва шмат новага ўнёс Міхась Саўка ў галіну рэстаўрацыі, быў спэцыялістам па старажытным насьценным росьпісе. Ён распрацаваў спэцыяльную тэхніку рэстаўрацыйнага працэсу; тэарэтычныя асновы і практычныя рэкамэндацыі асьвятліў у шэрагу публікацыяў.

Улічыўшы важнасьць навуковых распрацовак Міхася Саўкі, на падставе прапановы спэцыяльнай камісіі, Міністэрства Французскай Культуры Бэльгіі прысвоіла яму званьне доктара мастацтва. Зьява рэдкая й неардынарная.

За заслугі ў галіне рэстаўрацыі М. Саўку было прысвоена званьне Кавалера Ордэна Кароны.

Нажаль, доктар Саўка рана захварэў -- частковы параліч. Апошнія гады свайго жыцьця знаходзіўся ў доме для спараліжаваных.

Міхась Саўка быў сябрам Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва і арганізаваў некалькі сваіх выстаў пад спонсарствам БІНіМ’а ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Смаршчок Аўген

Смаршчок (Жалязоўская) Зоя

Аўген Смаршчок нарадзіўся 25 верасьня 1914 году ў мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне. Бацькі: Трафім і Алена, з дому Тукальскіх. Трафім Смаршчок быў настаўнікам у парафіяльнай школе.

Падчас Першай Сусьветнай вайны былі ў бежанцах, жылі пад Масквою. Вярнуліся на Беларусь у 1921 г. Аўген вучыўся ў польскай пачатковай школе, пасьля ў настаўніцкай сэмінарыі ў Слоніме. Пераехаў у Сьвіслач і там у 1934 г. атрымаў дыплём настаўніка.

Пасдьля адбываў вайсковую службу, працаваў настаўнікам у Порызаве.

У 1939 г. быў мабілізаваны, як афіцэр рэзэрву, у польскае войска, браў удзел у польска-нямецкай вайне, трапіў пад Варшавай у палон, дзе прабыў да кастрычніка 1940 г. Вызвалены зь лягеру, Аўген Смаршчок працаваў у Бэрліне на фабрыцы.

Увосень 1947 г. пераехаў у Марбург і паступіў на псыхалягічны факультэт Філіпс Унівэрсытэту. У 1950 г. атрымаў дыплём магістра псыхалёгіі. Адначасна пры дапамозе прафэсара Гайлера і мясцовага праваслаўнага сьвятара Аўген Смаршчок рыхтуецца да душпастырскай працы ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве на Чужыне (БАПЦ).

У 1950 г. ажаніўся з „алязоўскай Зояй, студэнткай фармацэўтыкі ў Марбургу, пасьля ў Лювэне. У гэтым-жа годзе япіскап БАПЦ Васіль (Тамашчык) рукапалажыў Аўгена Смаршчка на сьвятара.

У кастрычніку гэтага-ж году а. Аўген пераехаў у Бэльгію і паступіў на пэдагагічны факультэт Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Атрымаў дыплём доктара пэдагогіі (1957).

Ад самага прыезду айца Аўгена ў Лювэн тут арганізуюцца царкоўныя службы для студэнтаў, а таксама для работнікаў-беларусаў, якія, каб выбрацца зь лягераў у Нямеччыне, падпісалі кантракты на працу ў бэльгійскіх капальнях. Айцец Аўген нёс ім духоўную і маральную падтрымку, а таксама дапамагаў як дарадчык у вырашэньні сацыяльных праблем, быў заступнікам перад бэльгійскімі ўладамі.

Ад 1962 г. а. Аўген пачаў студыі у Інстытуце Філялёгіі і Гісторыі Ўсходніх Славян пры Брусэльскім Унівэрсытэце. Скончыў яго ў 1966 г., напісаў працу „Гісторыя і актуальны стан беларускай бібліяграфіі”. У 1968 г. атрымаў дыплём магістра філялёгіі.

Адначасна а. Аўген прадаўжаў свае сьвятарскія студыі, кантактуючы зь Інстытутам сьв. Сергія ў Парыжы -- вядомай ва ўсёй Заходняй Эўропе навучальнай установе для сьвятароў.

У 1969 г. яму прапануюць пасаду дацэнта ў Вышэйшай Флямандскай Школе ў Антвэрпэне, дзе ён выкладаў расейскую мову. А. Аўген працаваў там да выхаду на пэнсію (1980 г.). Пакідаў Школу з жалем, хацеў яшчэ працаваць. У апошнія гады працы яму нададзена званьне прафэсара вышэйшых школаў.

Зоя Смаршчок скончыла ў 1950 г. факультэт фармацэўтыкі Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Працавала фармацэўтам у розных аптэках.

У 1953 г. нарадзіўся сын Андрэй.

У 1956 г. Зоя здала экзамен перад Камісіяй (Jury Central) і атрымала дыплём, які даваў ёй права самастойна працаваць у бэльгійскіх аптэках. Спачатку працавала ў г. Мэхэлен, а потым -- кіраўніком аптэкі ў Вілебрук. За ёю пераязджала і ўся сям’я.

У 1963 г. нарадзіўся сын Петрык.

Зоя выйшла на пэнсію ў 1982 г.

Смаршчкі купілі домік з агародам у вёсцы Гэвэр, паміж Мэхэлен і Леўвэн. Айцец Аўген яшчэ абслугоўваў дзьве парафіі, парафіяне яго любілі і шанавалі. Ён заўсёды для кожнага меў добрае слова. Вельмі перажываў раскол БАПЦ у ЗША, шукаў шляхоў прымірэньня.

25 верасьня 1984 году айцец Аўген Смаршчок адсьвяткаваў свае 70-ыя ўгодкі. Празь 9 дзён раптоўна і неспадзявана памёр ад разрыву сэрца. Пахавалі яго на могільніку ў Гэвэр.

Зоя пражыла ў Гэвэр 12 гадоў. З часам дом, асабліва гарод, стаўся ёй завялікі, і яна пераехала ў Вільрайк каля Антвэрпэну.

Вышэйшая Флямандская Школа ў Антвэрпэне сталася сямейнаю школаю Смаршчкоў. Старэйшы сын Андрэй скончыў Школу як перакладчык зь нямецкай і ангельскай моваў, працуе там дацэнтам нямецкай мовы, жыве ў Анвэрпэне. Малодшы сын Петрык скончыў тую самую Школу, вывучаў нямецкую і французскую мовы. Закончыў славістычны факультэт Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Жыве ў Мюнхэне, працуе на радыё „Свабода”.

Сурвілла (Шыманец) Івонка Іоанна

Нарадзілася 1 красавіка 1936 г. у Стоўбцах. Бацькі: Уладзімер і Эвеліна. Уладзімер Шыманец -- мастак, намаляваў каля двухсот карцін, выстаўляўся ў многіх гарадох Эўропы і Амэрыкі. Сям’я пераехала зь Беларусі ў Францыю ў 1948. Івонка скончыла ў Парыжы сярэднюю школу. Пасьля году вучобы ў Вышэйшай Мастацкай Школе паступіла на філялягічны факультэт Сарбоны. Вывучала ангельскую і скандынаўскія мовы і літаратуры. Закончыла ўнівэрсытэт у 1959 г. з дыплёмам першай ступені.

Выйшла замуж і пераехала ў Мадрыд. Ад 1959 да 1965 году працавала ў беларускіх радыёперадачах Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, потым выкладала французскую мову ў Французскім Інстытуце ў Мадрыдзе, працавала рэдактаркай-перакладчыцай, рэдагавала па-французску навіны дня Гішпанскага Нацыянальнага Радыё.

У канцы 1969 г. пераехала ў Канаду на працу перакладчыцы з ангельскай на французскую мову ў фэдэральным Бюро перакладаў Канады, дзе працуе да сёньня. Займае становішча кіраўніка адзьдзелу.

Прымае актыўны ўдзел у беларускім і канадыйскім грамадскім жыцьці. У розныя гады яна -- сябра ўправы Асацыяцыі перакладчыкаў Антарыё; старшыня БІНіМ’а ў Канадзе; сябра ўправы Шматкультурнай Рады „анчынаў Атавы; каардынатар беларускага ўдзелу ў Атаўскім шматкультурным фэстывалі „Бацькаўшчынаў”; сябра ўправы Калежу агульных і прафэсыйных студыяў Заходняга Квэбэку; сябра ўправы Канадыйскай Рады Шматкультур’я (38 нацыянальных арганізацыяў); сябра ўправы Рады мастацтваў Атавы; старшыня Канадыйскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі; сябра ўправы Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады (рэфэрэнт сувязі).

Нягледзячы на вялікую прафэсійную і грамадскую занятасьць, Івонка Сурвіла не пакідае мастацтва. Яна прымала ўдзел у канфэрэнцыях Асацыяцыі славістаў Канады, дзе прачытала шэраг дакладаў на тэму беларускага мастацтва. Арганізавала выстаўку беларускага народнага мастацтва ў Атаўскай гарадской (Public) бібліятэцы (1977 г.). Ад 1951 г. да 1995 г. удзельнічала ў 29 мастацкіх выставах, сярод якіх тры выставы індывідуальныя. Найбольш вядомыя ейныя карціны „Вёска Даманавічы”, „Беларускае мястэчка”, „„анчына”, „Беларуска”, „Калыханка”.

Сурвілла Янка

Нарадзіўся 20 чэрвеня 1925 году ў вёсцы Бялені.

Паступіў на факультэт палітычных і эканамічных навук (адзьдзяленьне эканомікі) Мадрыдскага Ўнівэрсытэту ў сакавіку 1951 г. Закончыў вучобу са ступеньню магістра ў 1956 г. Пачаў працу над доктарскай дысэртацыяй, атрымаў стыпэндыю ад Інстытуту Ўсходніх Студыяў у Мадрыдзе, зьбіраў матэрыялы для дысэртацыі на беларускую тэму ў Нямеччыне. Нажаль, развой падзеяў прымусіў пакінуць навуковую працу ўвосень 1958 г.

Яшчэ ў студэнцкія гады ўваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі навуковага квартальніка Цэнтру Ўсходніх Студыяў „Oriente Europeo”, таксама ўзначальваў Беларускую сэкцыю названага Цэнтру.

Прымаў актыўны ўдзел у працах сэмінару па справах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы ў Colegio Mayor Santiago Apostol, дзе чытаў даклады і паведамленьні. Два гады (1957-1958) выконваў абавязкі сакратара калежу.

„Калі прыехаў у Мадрыд вясной 1951 г., -- піша Янка Сурвіла, -- убачыў, што сярод радыёперадачаў Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, якія вяліся на мовах народаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, ня было толькі перадачаў на беларускай мове. З такім станам рэчаў цяжка было пагадзіцца, а таму пачаў разглядацца, як зьмяніць сытуацыю. Справа выявілася складаная: тэхнічныя цяжкасьці, патрэба людзей і фінансавых сродкаў”.

Пасьля шматлікіх захадаў Янкі Сурвілы 25 сакавіка 1952 г. на Гішпанскім Нацыянальным Радыё прагучала першая перадача на беларускай мове, прысьвечаная 34-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі -- зварот да беларускага народу тагачаснага старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Гэта быў пачатак. З прыездам у Мадрыд Віктара Сянькевіча (1953 г.) працаваць стала лягчэй: усю грамадскую працу рабілі разам. У наступныя гады аж да ўвядзеньня штодзённых беларускіх праграмаў у сьнежані 1958 г. кожнага 25 сакавіка рэгулярна перадаваліся спэцыяльныя праграмы. Ад 1957 г. Рада БНР узяла на сябе ўтрыманьне двух працаўнікоў (было выдзелена 200 амэрыканскіх даляраў у месяц на дваіх, што адпавядала студэнцкай стыпэндыі), а таксама дапамогу матэрыяламі.

8 сьнежаня 1958 г. пачаліся штодзённыя беларускія праграмы Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, скіраваныя на Беларусь. Спачатку пятнаццаціхвілінныя, а пазьней дваццаціхвілінныя. Трэба зазначыць, што гэтыя перадачы былі вольныя ад усялякай цэнзуры. Да восені 1961 г. Янка Сурвіла вёў радыёперадачы разам зь Віктарам Сянькевічам, а пазьней, калі той перайшоў на Радыё „Свабода”, -- да 31 травеня 1965 г. з жонкай Івонкай. У гэты дзень былі закрытыя 13 радыёперадачаў, у тым ліку беларуская. Прычына (неафіцыйная): кантакты Мадрыду з Масквою (гішпанскае золата, вывезенае ў Маскву рэспубліканцамі падчас грамадзянскай вайны, а таксама рынак збыту для прадукцыі гішпанскай лёгкай індустрыі -- рынак, заблакаваны ў той час Эўрапейскай Эканамічнай Супольнасьцю). Афіцыйных прычынаў ніхто ня прымаў усур’ёз.

Пазьней і да часу выезду ў Канаду (сьнежань 1969 г.) Янка Сурвіла быў рэдактарам гішпанскіх праграмаў Гішпанскага Нацыянальнага Радыё.

У Канадзе працаваў эканамістам у фэдэральным міністэрстве занятасьці і эміграцыі. На працягу апошніх сямі год перад выхадам на пэнсію ў 1991 г. -- на становішчы рэдактара-выдаўца штомесячнага двухмоўнага эканамічна-статыстычнага часапісу міністэрства „Labour Market Bulletin -- Bulletin du Marché du travail”.

Янка Сурвіла -- прадстаўнік ад беларусаў у Канадыйскай Радзе Паняволеных Эўрапейскіх Народаў і сябра кіруючых ворганаў гэтае Рады. Рада праіснавала да канца 80-х гадоў і вызначылася выдатнымі вынікамі ў супрацоўніцтве зь міністэрствам замежных спраў, а таксама ў сферы палітыкі шматкультур’я.

Янка Сурвіла прычынны да вытокаў усіх пачынаньняў на беларускай палітычнай і грамадскай ніве, што зарадзіліся і рэалізаваліся або прадаўжаюць ажыцьцяўляцца ў Атаве.

Ён -- старшыня Атаўскага Адзьдзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады. Сябра Рады БНР ад 1948 году.

Памёр.

Сянькевіч Віктар

Нарадзіўся 19 студзеня 1926 году ў вёсцы Гірстуны на Глыбоччыне. Вучыўся ў мястэчку Глыбокае. У 1944 г. паступіў у Менскую афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. Калі пачаўся хуткі наступ савецкіх войскаў з усходу, курсантаў быццам-бы для далейшай вучобы ў Гародні пасьпешліва вывелі зь Менску. Ішлі пехатою праз Маладэчна, Вільню, на чыгуначнай станцыі трапілі пад бамбёжку. Далей быў Вірбален -- мястэчка на летувіска-прускай мяжы, а ў жнівені 1944 г. апынуліся ў Бэзансоне (Францыя) у складзе нямецкай дывізыі. Разам зь сябрамі ўцёк да французскіх партызанаў антыфашысцкага Супраціўленьня, удзельнічаў у баявых апэрацыях.

З Францыі трапіў у Італію, дзе разам з іншымі жаўнерамі-беларусамі быў уключаны ў польскі корпус генэрала Андэрса. Удзельнічаў у вызваленьні г. Балоньні. Віктар Сянькевіч браў удзел у арганізацыі Першага зьезду беларусаў-вайскоўцаў з Другога корпусу генэрала Андэрса (Мадэна, сакавік 1946).

Перад расфарміраваньнем корпус быў пераведзены ў Вялікабрытанію. Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. Сянькевіч прадоўжыў там вучобу і атрымаў сярэднюю адукацыю. У складзе беларускага актыву прымаў удзел у стварэньні Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі і арганізацыі ягонага першага зьезду.

У 1953 г. Віктар Сянькевіч паступіў на факультэт філясофіі Мадрыдскага Ўнівэрсытэту, які закончыў у 1958 г. Абараніў доктарскую дысэртацыю „Пачаткі Княства Літоўскага”.

У 1958-1961 гг. працаваў у Беларускай сэкцыі Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, выступаў з паведамленьнямі і камэнтарам на актуальныя беларускія тэмы. З 1965 г. пачынаецца цеснае супрацоўніцтва Сянькевіча з радыёстанцыяй „Вызваленьне”. Ён вёў перадачу „Беларускі гістарычны каляндар”, гутаркі на рэлігійныя тэмы. Адначасна дасылаў карэспандэнцыі ў Беларускую сэкцыю Ватыканскага радыё. Усяго выслаў туды некалькі сотняў гутарак і артыкулаў на розныя тэмы. Паводле падлікаў Сянькевіча, ён напісаў каля дзьвюх тысяч гутарак-артыкулаў. Значная частка зь іх друкуецца ў Вільні пад назовам „Гаварыў Язэп Барэйка” (Язэп Барэйка -- псэўданім Віктара Сянькевіча).

Шмат друкаваўся ў беларускіх эміграцыйных выданьнях (часапісы „На Шляху”, заснавальнікам якога быў сам Сянькевіч, „Зважай!”, газэты „Бацькаўшчына”, „Беларус”). Пераважная тэматыка ягоных публікацыяў ваенна-гістарычная.

Чытаў лекцыі пра Беларусь у Каталіцкім Унівэрсытэце (Гішпанія, г. Памплёна). Яму-ж і падараваў частку сваёй бібліятэкі.

Ад 1992 г. Віктар Сянькевіч на пэнсыі, жыве ў ЗША, каля г. Сан-Францыска.

Сянькоўскі Юрка

Нарадзіўся ў 1926 годзе, памёр у 1995. Паходзіў зь вёскі Залесьсе на Вілейшчыне. Скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Вільні. Быў адным з кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі.

Апынуўся на Захадзе ў 1946 г. Скончыў беларускую гімназію ў лягеры Ватэнштэт. Працаваў у скаўтынгу, у 1949 г. быў абраны галоўным кіраўніком беларускіх скаўтаў на Чужыне.

Прыехаў у Лювэн у 1950 г. і паступіў на эканамічны факультэт Лювэнскага Ўнівэрсытэту. У 1956 г. абараніў дыплёмную працу „Экспартная палітыка Заходняй Нямеччыны пасьля 1945 г.”.

Быў актыўны ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі і Студэнцкім Згуртаваньні. Меў добры голас і ў хоры Міколы Равенскага выступаў салістам.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў журналістам на радыёстанцыі „Вызваленьне”. Ад сярэдзіны 80-х гадоў быў загадчыкам Беларускае сэкцыі радыё „Вызваленьне”. Пісаў пад псэўданімамі Залескі, Дубовік. Браў удзел у Першым Зьезьдзе Беларусаў Сьвету.

Трусэвіч Лявон

Нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Палапой каля Наваградку. Вучыўся ў пачатковай школе ў Палапоі, потым у карэліцкай сямігодцы. Польска-нямецкая вайна перашкодзіла закончыць наваградскую гімназію. У 1942 г. вучыўся на кароткатэрміновых настаўніцкіх курсах, працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі на Лідчыне.

У 1944 г. трапіў у Нямеччыну, дзе да канца вайны працаваў у баўэраў. Ад 1945 г. Трусэвіч у лягеры ДП (Рэгенсбург), паступіў у беларускую гімназію, закончыў яе ў 1946 г. у Міхэльсдорфе.

У тым-жа годзе паступіў у Марбургскі Філіпс Унівэрсытэт і закончыў яго 10 чэрвеня 1950 г. з дыплёмам лекара-дантыста. А ўжо 4 ліпеня прыбыў караблём у Нью-Ёрк. Дапамагла яму ў гэтым сям’я доктара Аляксандра Орсы, якая апекавалася ім яшчэ ад 1942 г.

Празь пяць гадоў настойлівай працы закончыў Чыкагскі Ўнівэрсытэт і атрымаў новы, амэрыканскі дыплём хірурга-дантыста. Па амэрыканскіх законах, кожны лекар павінен быў адслужыць два гады ў войску. Лявон Трусэвіч пайшоў у службу аховы здароўя амэрыканскай арміі. Гэтая служба мела ўсе прывілеі ваеннага флёту. У яе абавязкі ўваходзіў нагляд за здароўем службоўцаў з аховы берагоў Амэрыкі, цывільных матросаў, дзяржаўных вязьняў і амэрыканскіх індзейцаў.

У 1958 г. быў накіраваны ў індзейскі рэзэрват у Арызоне. Ажыцьцявілася дзіцячая мара ўбачыць герояў Купэра і Майн Рыда. Сям’я пражыла там тры гады. Сын Лявона Трусэвіча, які нарадзіўся ў рэзэрвацыі, быў прыняты ў індзейскае племя. Гэта быў вялікі гонар.

У 1960 г. прайшоў рэзыдэнтуру ў ваенным шпіталі Нью-Ёрку. Пасьля заканчэньня атрымаў накіраваньне ў Заходнюю Вірджынію лекарам жаночай турмы, дзе сярод іншых адбывалі тэрмін пакараньня асобы, што супрацоўнічалі зь японцамі і немцамі падчас Другой Сусьветнай вайны. У 1963 г. Трусэвіча перавялі ў Дэтройт (Мічыган), тут пражылі чатыры гады. З Дэтройту -- у Флярыду, каб наглядаць за пабудовай новага шпіталю. Меркавалася -- толькі на адзін год, аказалася, што адслужыў там аж чатырнаццаць гадоў, да 1981 г.

Пасьля 27 гадоў вайсковай службы выйшаў на пэнсію ў чыне капітана (ранг ваеннага флёту), ці палкоўніка (ранг арміі). Жыве ў Флярыдзе з жонкай і дзецьмі.

Падчас усёй службы Лявон Трусэвіч супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі на Чужыне і падтрымліваў іх. Дзе-б ён ні паяўляўся, хутка знаходзіў землякоў і актыўна ўключаўся ў беларускую грамадскую дзейнасьць.

Урбан Павал

Нарадзіўся 27 сакавіка 1924 году на Лепельшчыне ў вёсцы Закаліўе. Бацькі: Кастусь і Аўгіньня -- звычайныя сяляне і нават няпісьменныя. У сям’і было сям’ёра дзяцей.

Зямлі -- дзьве з паловаю дзесяціны. Падчас „хутарызацыі” бацька атрымаў дзевяць гэктараў замлі разам зь сенажацямі. Але радасьць была нядоўгая: пачалася масавая калектывізацыя, і сям’ю аб’явілі кулацкай. Бацьку арыштавалі, ён чакаў прысуду ў лепельскай турме больш за шэсьць месяцаў. Выратаваў сталінскі артыкул „Головокружение от успехов”. Вярнуўшыся з турмы, бацька быў вымушаны ўступіць у калгас.

У 1933 г. Павал пайшоў у школу, але закончыў толькі 7 клясаў, бо ў 1940 г. было ўведзена платнае навучаньне. Паехаў у Віцебск і паступіў у школу фабрычна-заводскага навучаньня. Хацеў быць слесарам, але як „сыну кулака” вызначылі прафэсію цесьляра. Павал страшэнна перажыў гэткае абыходжаньне, плакаў тры дні, ня выходзячы зь інтэрнату.

Падчас вайны вёска Закаліўе знаходзілася ў партызанскай зоне. Жыхары нацярпеліся і ад немцаў і ад партызанаў. „На пачатку студзеня 1943 году немцы абкружылі ўначы і спалілі вёску Слабодку, што ляжала крыху воддаль ад Закаліўя. Спалілі яе разам зь ейнымі жыхарамі, а там жыла і сястра майго бацькі, у якой было сямёра дзяцей -- усе дзяўчынкі. Іхні бацька памёр яшчэ перад вайной. Прычынай для гэткай зьверскай акцыі было тое, што партызаны забаранілі старасту вёскі накіроўваць людзей з падводамі для вывазу нарыхтаванага лесу або для ачысткі ад сьнегу шашы, якая вяла ў Лепель і праходзіла каля вёскі Студзёнкі, дзе разьмяшчаўся нямецкі гарнізон пасьля таго, як партызаны выкурылі яго зь мястэчка Пышна. Стараста вёскі Слабодка са сваім сынам, які калісьці вучыўся са мной у адной клясе, нейкі час хаваўся ў недалёкім лесе ад магчымага пакараньня яго немцамі. Былі яны ў лесе і ў тую страшную ноч, а пасьля падаліся да партызанаў. Па дарозе яны і былі расстраляныя партызанамі недалёка ад вёскі Пуцілкавічы”, -- успамінае Павал Урбан адзін з жудасных эпізодаў ваеннага часу.

Ратуючыся ад вывазу ў Нямеччыну, Урбан вырашыў „запісацца ў паліцаі”. Служыў у Лепелі.

У чэрвені 1944 г., калі набліжаўся фронт, разам з адзьдзелам „дапаможнай паліцыі” пакінуў Лепель. Трапіў у 30-ую нямецкую Ўсходнюю дывізію, што неўзабаве была перакінута ў Францыю. Служыў абознікам у батальёне, які хутка перайшоў на бок амэрыканцаў.

На гэтым вайсковая эпапея Ўрбана не закончылася. Ён апынуўся зноў у Нямеччыне, у арміі генэрала Ўласава.

Дывізія, у якой служыў Урбан, была раззброена амэрыканцамі і перададзена пад кантроль савецкіх вайсковых злучэньняў.

Удалося пазьбегнуць „вяртаньня на радзіму”. Павал Урбан трапліў ў ДП-лягер у Інгальштадце. Тут сустрэўся зь Янкам Жучкам, Сьцяпанам Кісялём і Васілём Шчэцькам. Пераехаў у Рэгенсбург і пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі. Пакідаў Нямеччыну ўжо з другога лягеру, які знаходзіўся ў вёсцы Міхэльсдорф, недалёка ад гораду Кам. Завербаваўся на працу ў каменнавугольныя капальні ў Вялікабрытаніі, куды з групай сяброў выехаў у студзені 1948 г.

Ад 1950 г. вучыўся ў Лювэнскім Унівэрсытэце, які скончыў у 1954 г., атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук. Тэма дысэртацыі -- „Вялікае Княства Літоўскае за часоў вялікага князя Аляксандра ў 1492-1506 гг.”.

Падчас навучаньня быў сакратаром і скарбнікам лювэнскай студэнцкай арганізацыі (колькасьць беларускіх студэнтаў даходзіла да 50 чалавек), сакратаром Саюзу Беларусаў Бэльгіі. Удзельнічаў у студэнцкім харавым і танцавальным ансамблі.

Павал Урбан стаўся дактарантам Лювэнскага Ўнівэрсытэту (гэта давала права на стыпэндыю), празь нейкі час выехаў у Рым, дзе зьбіраў матэрыялы для доктарскай дысэртацыі ў багатай бібліятэцы Ўсходняга Інстытуту. Меў таксама доступ у Ватыканскую бібліятэку і нават у Ватыканскі сакрэтны архіў. Пропускі сюды дапамог атрымаць кардынал Тыссэран, які сам і запрапанаваў дапамогу. У Рыме сышоўся бліжэй з айцом Аляксандрам Надсанам, які вучыўся тады ў Грыгарыянскім інстытуце. Пасябраваў са сьпеваком Пётрам Конюхам і айцом Пётрам Татарыновічам, які вёў беларускія перадачы на Ватыканскім радыё.

Напрыканцы сьнежаня 1955 г. пераехаў у Мюнхэн, уладкаваўся на працу ў Інстытут вывучэньня СССР, дзе ўжо працавалі доктар Ст. Станкевіч і былы лювэнскі студэнт Алесь Марговіч. Быў навуковым супрацоўнікам і рэдактарам. Пазьней узначальваў адзьдзел, які рыхтаваў да выданьня біяграфічныя даведнікі. Адначасна быў сябрам Прэзыдыюму Навуковай Рады і сакратаром гэтай Рады. Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода” і газэты „Бацькаўшчына”. Быў скарбнікам і адміністратарам выдавецтва „Бацькаўшчына”, якое, апрача газэты, выдавала яшчэ мастацкую літаратуру і навуковы зборнік „Запісы”.

Ад 1974 г. быў супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода”. Пакінуў яе ў 1989 г. у сувязі з выхадам на пэнсію.

Швэдзюк Міхаіл

Нарадзіўся 4 лістапада 1926 году ў вёсцы Патапавічы Янаўскага (Іванаўскага) раёну Брэсцкай вобласьці. Бацькі: Савва і Марыя -- сяляне, мелі сваю гаспадарку да вайны 1939 г.

У 1933 г. пайшоў у польскую пачатковую школу, у якой ня было ні аднаго паляка, але ня было і ніводнага прадмета на беларускай мове. У 1939 г. паступіў у пінскую гімназію, аднак там вучыўся нядоўга.

На пачатку 1940 г. усю сям’ю арыштавалі, а потым вывезьлі бяз суда на лесараспрацоўкі ў Архангельскую вобласьць. Праз год іх амнісьціравалі, і сям’я Швэдзюкоў перабралася ў Краснаводск, адкуль ім удалося выехаць напрыканцы сакавіка 1942 г. у Іран. Адтуль Міхаіл Швэдзюк пераехаў у Палестыну, дзе ўступіў у польскую Кадэцкую Школу. Гэта была сярэдняя школа на ўзор гімназіі або ліцэю з вайсковай дысцыплінай і вайсковымі заняткамі. У 1947 г. закончыў Школу і атрымаў атэстат сталасьці. Тады-ж праз Егіпет перабраўся ў Англію. Тут вывучыўся на інжынэра-электратэхніка і ад 1953 г. да 1991 г. працаваў у вялікай ангельскай фірме інжынэрам-канструктарам, распрацоўваў генэратары пастаяннага і пераменнага току, узначальваў групу інжынэраў-канструктараў. Быў прыняты ў ангельскае Згуртаваньне Інжынэраў-Электрыкаў.

Добра ведаючы ангельскую, польскую і рускую мовы, рабіў тэхнічныя пераклады. Як перакладчык выязджаў за мяжу -- у Польшчу, СССР.

Міхась Швэдзюк зьяўляецца сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі, бярэ чынны ўдзел у рабоце гэтай арганізацыі. Цікавіцца рэлігійным жыцьцём беларусаў. Выступае з публіцыстычнымі артыкуламі ў беларускім, польскім і ангельскім друку.

Жонка Швэдзюка -- беларуска з Наваградчыны. Маюць двое дзяцей. Дачка Галіна закончыла ўнівэрсытэт у Бірмінгаме, працуе акулісткай. Сын Пётр закончыў Лёнданскі Ўнівэрсытэт, доктар мэдыцыны.

Шчэцька Васіль

Нарадзіўся 18 сакавіка 1923 году ў вёсцы Апечкі Стаўпецкага павету ў сялянскай сям’і. Бацькі: Янка і Надзя (з дому Кутас). Бацька памёр у 1924 г. У сям’і было шасьцёра дзяцей, у жывых засталіся трое. Маці, удава, каб справіцца з гаспадаркай (поўдзесяціны зямлі) зышлася зь Дзянісам Курылам, нежанатым мужчынам зь вёскі Ячнае. „Гэткім чынам мы атрымалі новага бацьку, які быў і добрым бацькам і добрым гаспадаром”.

У 1930 г. пачаў вучыцца ў школе ў сваёй вёсцы. Вучылі на польскай мове. У тым-жа часе пачалі рэзаць зямлю на хутары. Сям’я атрымала чатыры гэктары зямлі і аж два гэктары сенакосу, бо ён быў незавідны па якасьці. Дзякуючы айчыму, гаспадарка наладзілася.

Беларускае жыцьцё ў вёсцы Апечкі пачало зараджацца пад уплывам стаўпецкага вясковага актыву. Хоць палякі стараліся паўсюдна ўкараняць польскую мову, актывістам удавалася раз ці два на год ладзіць сцэнкі, зь якіх адна была польская, другая -- беларуская. Брат прысылаў з Вільні шмат матэрыялаў на беларускія тэмы. Тады і прыйшло ўсьведамленьне пра Беларусь і беларускі народ.

У 1939-1941 гг. Васіль вучыўся ў беларускай вясковай школе. Падчас нямецкай акупацыі закончыў сем клясаў беларускай школы. Пасьля, зь перабоямі, вучыўся ў мэдыцынскай школе ў Баранавічах.

Пад канец вайны лёс закінуў яго ў Нямеччыну, дзе ён трапіў у амэрыканскую зону (Баварыя). Тут напрыканцы 1945 г. паступіў у беларускую гімназію ў Рэгэнсбургу і закончыў яе ў 1947 г. у Міхэльсдорфе.

Разам з групай сяброў і аднадумцаў Васіль Шчэцька выехаў у Англію, працаваў у вугальных капальнях. Належаў да групы „Дванаццатка”, якая выдавала часапіс „Наперад!”. Друкаваўся ў часапісе пад псэўданімам М. Багун (1948-1950 гг.) -- тады ён яшчэ ня ведаў, што ёсьць беларускі пісьменьнік Міхась Багун.

У 1950-1955 гг. вучыўся на факультэце палітычных і сацыяльных навукаў Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Ажаніўся зь бэльгійкай „анэт.

Эміграваў у Злучаныя Штаты Амэрыкі ў ліпені 1956 г. Пасьля працяглых пошукаў працы і часовых заняткаў атрымаў у 1959 годзе пасаду ў бібліятэцы Калюмбійскага Ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку, адкуль і выйшаў на пэнсію ў 1988 г.

Васіль Шчэцька прымаў і прымае актыўны ўдзел у беларускіх арганізацыях -- грамадскіх і царкоўных.

Ягаўдзік Мікола

Нарадзіўся 15 лютага 1926 году на Слонімшчыне. Памёр 8 сакавіка 1989 году ў Кліўлендзе.

Капітан Ягаўдзік пачаў сваю вандроўку зь Беларусі зь Менскай школы камандзіраў БКА. Вайну закончыў у мундзіры восьмай Брытанскай арміі ў Італіі.

Прыехаў з Ангельшчыны ў Лювэн у кастрычніку 1951 г. Вучыўся на факультэце палітычных і сацыяльных навукаў Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Скончыў у 1955 г. Падчас студыяў належаў да ўраду Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, на працягу 1952-1954 гг. быў адміністратарам.

У 1956 г. выехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі і пасяліўся ў Кліўлендзе. Закончыў бухгалтарскія курсы і працаваў увесь час па гэтай спэцыяльнасьці.

Быў жанаты, меў двух сыноў.

Узначальваў Згуртаваньне Беларуска-Амэрыканскіх Вэтэранаў. Доўгія гады браў удзел у беларускай грамадскай і царкоўнай працы.

Хоць мы лісты, што восеньскі віхор,
разгойдаўшы, мяце па далячынях сініх, --
карэньне нашае ўлілося ў падзол
радзімай глебы, і таму -- ня гінем.
Ня выкарчаваць нас сякерай ці агнём,
сталёвай сеткаю ўкавалі мы суглінак.
Калі вярнуць -- вярнеце нас зь зямлёй
із спадчынай дзядоў, інакш яе ня кінем.
Адно, ці стане ёй, Радзіме, на гады
жывой вады й пажывы для згалелых?
І ў восеньскім лісьці хтось, вецер мо’, шасьціць:
Трывайце...
З вамі я...
Адзіны лёс мы дзелім.

Натальля Арсеньнева 1. Разьдзел створаны паводле архіўных матэрыялаў і лістоў, прысланых аўтару кнігі былымі студэнтамі на Чужыне, і адрэдагаваны Лявонам Юрэвічам. Рэдактар імкнуўся захаваць, па магчымасьці, асаблівасьці мовы і стылю карэспандэнтаў.