Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Annex - Мадрыд

У канцы саракавых гадоў група гішпанскіх інтэлектуалаў пастанавіла дапамагчы здабыць асьвету моладзі з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая ў выніку вайны апынулася на Захадзе і якая не жадала вяртацца дамоў, бо там Масква ўсталёўвала камуністычныя рэжымы. З гэтай мэтай была створаная арганізацыя Obra Catòlica de Asistencia Universitaria, або ў вольным перакладзе Каталіцкі фонд дапамогі студэнтам. Дзеля практычнай рэалізацыі задумы гэтая арганізацыя заснавала Калеж у Мадрыдзе: Colegio Mayor Santiago Apòstol (Унівэрсытэцкі калеж Апостала Якуба). Калеж гэты, у першую чаргу, быў рэзыдэнцыяй для студэнтаў, бо веды здабываліся на розных факультэтах Мадрыдскага Ўнівэрсытэту і ў спэцыяльных вышэйшых школах. Калеж, праўда, меў і сваю акадэмічную праграму, але яна ня была зьвязаная з праграмай унівэрсытэцкай, а мэтай яе было спрычыніцца да інтэлектуальнага развою студэнтаў. У рамках гэтае праграмы былі даклады ведамых навукоўцаў, пісьменьнікаў, кампазытараў... На чале Калежу стаяў дырэктар і ягоны заступнік, або сакратар, які выконваў абавязкі дырэктара ў няўрадавыя гадзіны, бо жыў у Калежы. Паралельна была адміністрацыя, якая займалася матэрыяльным жыцьцём інстытуцыі.

У Калежы знаходзілася штогод, у сярэднім, сто пяцьдзясят студэнтаў. Сярод іх албанцы, беларусы, вугорцы, летувісы, латышы, расейцы, румыны, сербы, славакі, славенцы, чэхі, харваты, эстонцы і, праз пэўны час, нават кітайцы (яны пазьней займелі свой уласны калеж). Хаця Фонд дапамогі меў у сваім назове прыметнік „каталіцкі”, ніякай дыскрымінацыі іншых веравызнаньняў ня было.

Рэфэрэнтам для беларускіх студэнтаў быў айцец Леў Гарошка, г. зн. ён мог прапанаваць кандыдатаў на студыі ў Гішпаніі. Айцец Гарошка быў ведамы айцу Санцьяга Марыльлё (Santiago Morillo), які быў сябрам Рады Obra Catòlica de Asistencia Universitaria.

Першы беларускі студэнт зьявіўся ў Мадрыдзе ў 1950 годзе. У 1952 было ўжо чатырох студэнтаў. Яны заснавалі Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Гішпаніі, якое сталася сябрам Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў. Індывідуальна студэнты былі сябрамі Беларускага Каталіцкага Студэнцкага Аб’яднаньня „Рунь”.

Нажаль, большасьць студэнтаў ня прыжылася на мадрыдскім унівэрсытэцкім грунце і ў тым-жа 1952 годзе выехала. Застаўся толькі Янка Сурвіла, да якога ў 1953 годзе далучыўся Віктар Сянькевіч. Абодва яны закончылі студыі, адпаведна эканамічныя навукі і гісторыю. Адначасна дзякуючы шчыраму сяброўству і надзвычай гарманічнаму супрацоўніцтву спрычыніліся да пашырэньня імя Беларусі ў Гішпаніі.

Нашыя студэнты ладзілі штогоду сьвяткаваньне ўгодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. З гэтай нагоды адпраўлялася служба Божая, на якой былі прысутныя студэнты Калежу і прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў. Пасылалася інфармацыя ў цэнтральную прэсу, якая ніколі не адмаўлялася зьмясьціць нататкі пра беларускае нацыянальнае сьвята. Былі гэта газэты: Arriba, ABC, El Alcazar, Hoja del Lunes, Informaciones, Lìnea, Madrid, Pueblo, La Vanguardia Española (Barcelona), Ya і іншыя. Але галоўным мерапрыемствам была спэцыяльная праграма, прысьвечаная ўгодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, якая перадавалася праз Гішпанскае Нацыянальнае Радыё і кіравалася на Беларусь. Такія пятнаццаціхвілінныя праграмы перадаваліся 25 сакавіка кожны год, пачынаючы ад 1952 году, аж пакуль не пачаліся сталыя штодзённыя беларускія радыёперадачы ў сьнежані 1958 году. Здабыцьцё гэтых радыёперадачаў таксама трэба заўдзячыць беларускім студэнтам або тым, што ўжо атрымалі ўнівэрсытэцкія дыплёмы.

Тут трэба сказаць, што для першай радыёперадачы ў 1952 годзе выдатна спрычыніўся беларускі студэнцкі хор у Лювэне пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага, які пераслаў запіс песьняў „Магутны Божа”, „Пагоня” і беларускага нацыянальнага гімну „Мы выйдзем шчыльнымі радамі...”. Гэтыя творы выкарыстоўваліся пазьней у штодзённых радыёперадачах аж да паловы 1965 году.

Беларускія студэнты чыталі даклады як для студэнтаў, так і для агульнай публікі ў Мадрыдзе і ў іншых гарадох Гішпаніі, давалі інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі, прымалі ўдзел у сэмінарах, прысьвечаных пытаньням Цэнтральнай і Сярэдняй Эўропы, супрацоўнічалі з навуковымі інстытуцыямі.

У Centro de Estudios Orientales (Цэнтр Усходніх Дасьледаваньняў) быў створаны беларускі адзьдзел, а Янка Сурвіла яшчэ студэнтам быў запрошаны ў сябры рэдакцыйнай калегіі квартальніка Цэнтру Oriente Europeo. У гэтым квартальніку публікаваліся матэрыялы на беларускую тэматыку. Бібліятэка Цэнтру мела салідны збор беларускай літаратуры і пэрыядычных выданьняў. Дырэктарам Цэнтру быў айцец Санцьяга Марыльлё (езуіт!), аб якім ужо ўспаміналася. Беларускія студэнты спрычыніліся таксама да ўзбагачэньня Гішпанскай Нацыянальнай Бібліятэкі беларускімі выданьнямі.

Нашыя студэнты прымалі ўдзел ува ўсіх мерапрыемствах, ладжаных гішпанскімі грамадскімі арганізацыямі ў падтрымку паняволеных народаў і Царквы Маўчаньня. Сярод такіх мерапрыемстваў былі публічныя маніфэстацыі на галоўных вуліцах Мадрыду і іншых гарадоў, а таксама рэлігійныя акты з удзелам шматтысячных масаў народу. Незабыўным засталося ўражаньне ад заканчэньня Кангрэсу ў кастрычніку 1954 году ў горадзе Сарагоса. Туды былі запрошаныя таксама студэнты з паняволеных краінаў з нацыянальнымі сьцягамі. І вось, калі вядучы прадставіў Беларусь, з грудзей больш чым стотысячнай масы грымнула „Viva Belarus!” (Жыве Беларусь!). Нічога не магло паўстрымаць сьлёзаў эмоцыі.

З беларускага жыцьця ў Мадрыдзе трэба ўспомніць падзею прыезду ў гішпанскую сталіцу ў ліпені 1957 году беларускага князя Базыля Сьвятаполка-Мірскага. Князь Сьвятаполк-Мірскі быў нядаўна вярнуўся з савецкага Гулагу і прыязджаў у Мадрыд з мэтай дапамогі ў арганізацыі беларускіх радыёперадач. Ягоная візыта мела вялікі рэзананс: для яго была арганізаваная прэс-канфэрэнцыя. Ён даў некалькі інтэрв’ю цэнтральным газэтам і зрабіў даклад. Спонсарам стаўся Centro de Cultura Hispànica, даклад адбыўся ў прэстыжнай аўдыторыі Цэнтру гішпанскай культуры (Centro de Cultura Hispànica). Разам з князем Базылём Сьвятаполк-Мірскім прыязджаў вялікі прыяцель беларускіх студэнтаў у Лювэне айцец Робэрт ван Кавэлярт.

У канцы варта хіба сказаць, што ў гадох 1957 і 1958 сакратаром Colegio Mayor Santiago Apòstol быў беларус Янка Сурвілла, тады ўжо магістар эканамічных навук.

(З успамінаў Янкі Сурвіллы і Віктара Сянькевіча)