Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Лювэн

Цягнік затрымаўся ў Аахэне, недалёка ад бэльгійскай граніцы. Міхась Жылік ня спыняўся гаварыць. Відаць, крыху нэрваваўся. Янка Жытко доўга маўчаў. Часам здавалася, што Міхасёва гутарка яго раздражняла.

-- Што-ж цяпер? -- запытаў Янка. -- Ці маеш нейкі плян?

Было тры гадзіны папаўдні.

-- Пойдзем у рэстаран, трэба нешта перакусіць, -- сказаў я.-- Паглядзім на мапу. Плян будзе. Магу цябе запэўніць, што заўтра будзем абедаць у Рыжага-Рыскага.

Я ня ведаю, ці я сам быў так упэўнены, але мае словы добра падзейнічалі як на Янку, так і на Міхася. У рэстаране заказалі „айнтоф” (нешта між зупай і кашай), які давалі бяз картачак. Пасьля выпілі па шклянцы „эрзац” кавы. Я выцягнуў мапу, добра разгледзеў дарогу да граніцы і намеціў маршрут, аддалены ад галоўных шляхоў. Мясцовасьць тут была вельмі выгодная для нелягальнага пераходу граніцы. Лес, ня надта густы, пагоркі ды пара тапаграфічных знакаў, якія можна добра пазнаць упоцемку. Набліжаўся час вячэры. Мы мелі крыху прадуктаў, якія захапілі ў дарогу. Пачынала шарэць. Пара ісьці. Гавару:

-- Захоўвайцеся як найбольш нармалёва, не аглядайцеся і трымайцеся бліжэй да мяне.

Выехалі трамваем за горад. Адтуль пехатою, не сьпяшаючыся, у напрамку фэрмы, якая была блізка ад граніцы. Мінуўшы фэрму, я азірнуўся вакол, ці няма нямецкіх патрулёў. Нікога ня відаць. Хутка сышлі з дарогі ў лес і рушылі паўз ручайка, які паказваў дарогу да граніцы і далей -- у Бэльгію. Граніца не такая, як савецкая, зусім не абазначаная. Я толькі ведаў, што наступныя два хутары ўжо на бэльгійскім баку. Мы заляглі ў кустох. Ужо добра сьцямнела, але чэрвеньскія ночы даволі відныя. Дзесьці праз пару гадзін прайшоў нямецкі патруль. Значыць, яны ходзяць нячаста. Мы пасунуліся бліжэй да граніцы. Прайшоў бэльгійскі патруль. Наперадзе, можа з кілямэтр, -- два хутары. Хаты асьветленыя: гаспадары, відаць, дома. Напрамак добра бачны -- нават компас не патрэбны. Кілямэтры праз два пагранічная станцыя. Мы мусім дайсьці да наступнай, бо тут могуць запытаць дакумэнты. Ужо даволі сьмела ідзём уздоўж чыгункі. Пад раніцу дабрылі да нейкага гарадка (не памятаю назову). Я вырашыў пачакаць, пакуль пачнецца рух, каб згубіцца сярод мясцовых пасажыраў. Падышлі да станцыі.

-- Калі ласка, тры білеты ў Льеж!

Касір бяз ніякай падазронасьці ані пытаньняў даў тры білеты. Яшчэ раней мы атрымалі ад Рыскага бэльгійскія франкі, так што ўсё ішло вельмі гладка. Праз гадзіну падышоў цягнік у напрамку Льежу, і мы селі ў выгодным купэ. Ніхто не запытаўся дакумэнтаў ані зацікавіўся намі. Кожны пасажыр заняты сваімі думкамі. Якая розьніца з краінай сацыялізму, „где так вольно дышит человек”! Мы не адны былі чужынцы. Вакол чулася мова польская, украінская, нямецкая, і таму ніхто не зьвяртаў на нас увагі. Мы гутарылі між сабою па-беларуску і, прызнацца, не адчувалі сябе нелягальнымі.

У Льежы даволі хутка знайшлі адрас Рыжага-Рыскага. Ён мне быў ужо крыху ведамы з апавяданьняў людзей, якія яго спатыкалі раней: вельмі энэргічны, бескампрамісовы патрыёт, ідэяліст, поўны новых ідэяў, інтэлігентны, але даволі эксцэнтрычны. У той час яму здавалася, што ён хоча быць каталіцкім сьвятаром. Ён стараўся з дапамогай япіскапа Слосканса паступіць на тэалягічны факультэт у Лювэне. Рыжы-Рыскі быў сам каталік, але ніколі ня мог пагадзіцца з польскай тэорыяй, што беларускія каталікі павінны стацца палякамі. Ён хацеў высьвяціцца ў сьвятары, каб служыць Богу на роднай беларускай мове. Аднак яго не прынялі ў духоўную сэмінарыю ў Лювэне, і ён адрокся каталіцкай царквы ды арганізаваў сваю рэлігійную арганізацыю, стаўся там япіскапам ды выдаваў нейкія адмысловыя дыплёмы. Пазьней я бачыў яго часта: з малітоўнікам хадзіў па парку, як гэта рабілі каталіцкія сэмінарыстыя. У часы нямецкай акупацыі ён быў актыўным сябрам Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Тады гэтая партыя была нелягальная, і ягоны экспрэсіўны характар часта ставіў Рыжага ў небясьпечнае становішча -- пад пагрозу быць выкрытым немцамі ды заплаціць галавой. Рыжы -- гэта ягонае праўдзівае прозьвішча, у Бэльгіі ён дадаў -- Рыскі.

Тымчасам ён спаткаў нас вельмі радасна, пачаставаў ды адразу прыступіў да плянаваньня нашага побыту ў Бэльгіі. На другі дзень завёў нас на фабрыку бляхі і тут-жа ўладкаваў на службу. Праца была даволі цяжкая. Нам, няпрывычным да аднастайнага, аўтаматычнага занятку, здавалася, што розум пераставаў функцыяваць. На фабрыцы я спаткаў маладога работніка, які не выглядаў на тыповага сталявара. Ягоныя рукі былі далікатныя, мова інакшая, чым другіх работнікаў. Хаця я мала разумеў па-французску, але адчуў, што ён не такі, як іншыя. Аднаго разу, калі мы палуднавалі за адным сталом у абедзенны перапынак, я, папрасіўшы прабачэньня, запытаў, як ён трапіў на фабрыку.

-- А як ты сюды трапіў? -- кінуў ён мне. -- Ты-ж таксама не работнік...

Я яму расказаў, як мог, хто я, адкуль прыйшоў, што маю намер прадаўжаць студыі мэдыцыны ў Бэльгіі.

-- А я каталіцкі сьвятар. Тут я пачуваю сябе бліжэй да Бога, чымся ў царкве, адпраўляю імшу і даю работнікам прычасьце. Мне забаранілі служыць, і мне пагражае экскамунікацыя, адлучэньне ад царквы. Мяне абвінавачваюць у камунізме, але я не камуніст. Тутэйшыя работнікі ня ходзяць у касьцёл, бо там яны чужыя. Тут я магу ім служыць.

Я адразу адчуў вялікую сымпатыю да гэтага маладога сьвятара. І я-ж так думаю: для майго Бога было-б цеснавата ў любой царкве. Гэты малады сьвятар здаўся сапраўдным хрысьціянінам, і, напэўна, быў бліжэй да Бога, чымся сам Папа Рымскі: я стаўся сьведкам кароткіх багаслужбаў у часе абедзенных перапынкаў, а таксама бачыў, як работнікі ішлі да яго прымаць прычасьце. Між намі завязалася цесная дружба. Я бачыў, што мы думаем амаль аднолькава. Ён дапамог мне і ў інтэнсыўнай працы над вывучэньнем французскае мовы. За пару тыдняў я ўжо даволі добра гутарыў зь ім па-французску.

Час мінаў хутка. Я пачаў націскаць на Рыжага-Рыскага, каб паехаць у Лювэн ды разгледзецца, якія там магчымасьці студыяў для нашых студэнтаў. Ён неўзабаве скантактаваўся зь япіскапам Слоскансам, на той час Апостальскім Адміністратарам для беларусаў каталіцкага веравызнаньня. Спадзяваліся, што менавіта япіскап Слосканс будзе нашай найлепшай стаўкай у пошуках сувязі з унівэрсытэтам і дапаможа знайсьці нейкае выйсьце для нашых студэнтаў. Недзе на трэці тыдзень нашага жыцьця ў Бэльгіі, у ліпені, выбраліся ў Лювэн.

Лювэн -- тыповы ўнівэрсытэцкі горад, у ім каля 60.000 насельніцтва ды блізу 25.000 студэнтаў. Лювэн знаходзіўся на флямандскай тэрыторыі. Як ведама, насельніцтва Бэльгіі складалася зь дзьвюх этнічных групаў. Адна, меншая, -- валёны, гаварыла па-французску й лічыла сябе вышэйшай расай, больш культурнай і больш здатнай кіраваць дзяржавай. Другая група -- флямандцы, галяндскага паходжаньня. Яны гаварылі па-флямандску, вельмі блізкай да галяндскай мовы, і адчувалі сябе, або, праўдзівей, валёны лічылі іх, грамадзянамі другога сорту. Флямандцы ўпорыста дамагаліся роўных правоў і фактычна асягнулі статус, раўнапраўны з валёнцамі. Аднак напружаньне між гэтымі дзьвюма групамі існавала і тады і часта выклікала больш ці менш сур’ёзныя сутычкі.

Канфрантацыя найбольш адчувалася сярод студэнтаў. Лювэнскі Ўнівэрсытэт быў падзелены на дзьве моўныя групы. Фактычна -- два асобныя ўнівэрсытэты з адным рэктарам, якім быў япіскап флямандскага паходжаньня ван Уайэнбэрг, а ягоны заступнік -- япіскап Літт -- французскага паходжаньня. Вельмі часта выбухалі канфлікты паміж валёнамі і флямандцамі, бывала, гэтыя сутычкі выліваліся на вуліцу, але ніколі ня прымалі крымінальных формаў.

Лювэнскі Ўнівэрсытэт быў заснаваны ў палове ХВ стагодзьдзя. Усе акадэмічныя ўрачыстасьці адбываліся ў мурох будынку таго часу. Калі я першы раз зайшоў у актавую залю, падалося, што нават муры тут насычаныя ведай. Унівэрсытэт -- крыніца веды. Падумалася, што наш народ заўсёды быў прагны да навукі, але нажаль, за малымі выняткамі, ня мог яе асягнуць. Тут, у Лювэне, я набраў нейкага даверу, што гэтым разам, у гэтай далёкай і чужой старане, нашы мары споўняцца. „Беларускія студэнты ў паваенны пэрыяд пачалі студыяваць у Бэльгіі ў 1948 годзе. Аднак гэта былі першыя пачаткі: некаторыя толькі прабавалі вучыцца, а іншыя засталіся настала”. (З успамінаў Васіля Шчэцькі)

Рыжы-Рыскі завёў мяне ў манастыр, дзе меў кватэру япіскап Слосканс. Япіскап Слосканс па дзяржаўнай прыналежнасьці быў латыш, але, мусіць, меў этнічныя карані на Беларусі. Ён даволі добра гаварыў па-беларуску. Высокі, хударлявы, зь сіваватымі валасамі, ветлівым паглядам. Сядзеў япіскап за вялікім бюро. Спружыніста ўстаў нас прывітаць.

Рыжы-Рыскі быў знаёмы зь япіскапам Слоскансам і прадставіў мяне. Япіскап тут-жа запытаў, ці радня я былому сэнатару Васілю Рагулю.

-- Я -- ягоны пляменьнік. Васіль Рагуля цяпер у Нямеччыне, у лягеры ДП.

-- Я яго ведаў, -- сказаў япіскап.

Тут мне павесялела. Можа, ён нам што й паможа. Япіскап дакладна распытаў аба мне, нашых студэнтах ды цяжкасьцях.

-- Лювэнскі Ўнівэрсытэт вельмі прыхільны да замежных студэнтаў, у ім вучыцца хіба больш за трыццаць розных нацыянальнасьцяў. Між імі шмат уцекачоў з „савецкага раю”. Напрыклад, украінцы маюць свой студэнцкі дом, але я ня ведаю, як яны утрымліваюцца і хто ім памагае. Тут ёсьць айцец „ардэн, які мае міжнародны дом ды за пару гадзінаў працы дае кватэру й харчаваньне. Я вас пазнаёмлю зь ім ды, хто ведае, можа, ён вам дапаможа.

Маленькі праменьчык надзеі... Ужо мы былі гатовы разьвітацца, калі раптам япіскап заўважыў:

-- Пачакайце. Я ведаю аднаго дамініканскага манаха, які захоплены ўсходнім царкоўным абрадам. Ягонае прозьвішча айцец Робэрт ван Кавэлярт. Яго дзядзька -- прэзыдэнт бэльгійскага парлямэнту. Я вас зь ім пазнаёмлю. Чакайце, зараз я патэлефаную.

Гутарка па тэлефоне ішла на французскай мове, але я зразумеў: япіскап расказваў, хто мы, і асабліва доўга гаварыў пра нашае становішча як уцекачоў ад камуністычнага рэжыму. Па ім было відаць, што ён задаволены размовай.

-- Айцец Робэрт гатоў вас зараз прыняць у сваім манастыры, але, незалежна ад гэтага, я вас пазнаёмлю і з айцом „ардэнам. Хай Бог будзе з вамі! -- сказаў ён ды ўстаў для разьвітаньня.

Бог быў з намі, як аказалася пазьней. Ён, мусіць, забыўся аб маім канфлікце зь ім, калі я арганізаваў забастоўку сярод царкоўных прыслужнікаў. Ён, мусіць, забыўся, што я ня біў Яму паклоны ні ў праваслаўнай, ані ў іншых цэрквах. Можа, маё ўяўленьне аб Ім Яму спадабалася? Хто ведае, але ад гэтага мамэнту падзеі разгортваліся ў вельмі карысным для нас напрамку.

Мы хутка знайшлі манастыр айца Робэрта. Гэта быў невялікі дом. Звонім. Адчыняе дзьверы малады манах у белай сутане -- бэнэдыктынцы насілі белыя сутаны. Заходзім. Бачым капліцу, прастол, іканастас, крыжы васьміканцовыя. Ну, вось зусім як у нашых цэрквах.

-- Вы, мусіць, спадар Рагуля? -- запытаў ён мяне.

-- Так, -- адказаў я.

-- Заходзьце. Сядайце. Айцец Робэрт выйдзе зараз да вас.

Мне здалося, што нешта падобнае адбывалася са мною і раней. Сапраўды, так -- спатканьне з прафэсарам Бэннінггофам у Марбургу! Многа чаго зацёр час, але спатканьня з прафэсарам Бэннінггофам ды цяперашняга спатканьня з айцом Робэртам не забудуся да канца жыцьця. Гэта былі два паваротныя мамэнты як у маім жыцьці, так і ў жыцьці іншых беларускіх студэнтаў.

Адчыняюцца дзверы. Невялікага росту манах, можа, 1 м 65 см росту, энэргічным крокам падышоў да мяне й моцна сьціснуў руку. Я заўсёды ацэньваю людзей па поціску рукі. Ягоная рука выдавала чалавека энэргічнага. І ў гэтым выпадку я не памыліўся. У ягоных карых вачох я бачыў шчырасьць, адкрытасьць, прыязнасьць і зацікаўленасьць. Магчыма, такое ўражаньне склалася ў мяне пасьля нашага доўгага супрацоўніцтва, але цяпер мне здаецца, што менавіта так я тады адчуваў.

-- Япіскап коратка паінфармаваў мяне пра вас, але раскажыце больш пра сябе, вашых студэнтаў, ваш край.

Мне ня прыйшлося шукаць слоў. Ня ведаю, колькі часу прайшло, а ён усё пытаўся ды пытаўся -- пра Беларусь, яе гісторыю і лёс, палітычнае, культурнае жыцьцё, рэлігійныя праблемы...

Малады манах падаваў каву, і я, няпрывычны да яе, востра рэагаваў на кафэін ды яшчэ з большым энтузіязмам адказваў на ягоныя пытаньні. Пасьля маленькага перапынку, калі я закусваў нейкім пячэньнем, айцец Робэрт запытаў, ці арыентуюся я ў структуры каталіцкай царквы.

-- Думаю, што так, -- адказаў я.

-- Я -- бэнэдыктынскі манах, вельмі зацікаўлены ўсходнім праваслаўным абрадам. Я падлягаю ўладам каталіцкай царквы і прызнаю аўтарытэт Папы Рымскага. Вы-ж не прызнаяце Папы, і вамі кіруе сабор япіскапаў. Адкажыце мне шчыра, ці лічыце вы мяне гэрэтыкам?

Пытаньне было такое неспадзяванае, што я разгубіўся, шукаючы адказ:

-- Бачыце, ойча, гэтае слова ці паняцьце яго для чалавека, які выйшаў зь Беларусі, -- чужое. Я ведаю гісторыю гішпанскай інквізыцыі, Варфаламеевую ноч у Францыі, дзе так званых гэрэтыкаў палілі на агні. На Беларусі гэтакага ня было. Там знаходзілі прытулішча і гішпанскія гэбраі, і французскія ды нямецкія рэфарматары, і татары -- ды ўсе тыя, каго дзесьці лічылі гэрэтыкам. На Беларусі ўсе яны жылі дружна й шанавалі адны адных. Многа было мяшаных сем’яў, якія жылі ў згодзе ды гадавалі дзяцей у духу талеранцыі і пашаны да другіх. Па вёсках каталікі ня выходзілі на працу ў праваслаўныя сьвяты, а праваслаўныя шанавалі каталіцкія традыцыі. Калі й былі непаразуменьні, дык адбываліся яны там, дзе сьвятары таго ці іншага веравызнаньня ўтыкалі свае тры грошы. Не, я ня лічу вас гэрэтыкам!

Тут ён нечакана схапіў мяне ў мядзьведжыя абдымкі. Мае рэбры, здалося, затрашчалі.

-- Дзякую вам, -- сказаў ён мне. -- Я веру, я перакананы, што мы будзем сябрамі. Я зраблю ўсё магчымае, каб дапамагчы вашым студэнтам пераехаць у Бэльгію ды здабыць асьвету ў нашым унівэрсытэце.

Была ўжо позьняя гадзіна. Айцец Робэрт запрасіў нас на вячэру й паабяцаў сустрэцца з айцом „ардэнам, каб даведацца, ці зможа ён нам паспрыяць. Дамовіліся спаткацца на наступную суботу.

Мы пакінулі Лювэн у паднятым настроі.

-- Ну, як, Барыс, -- запытаў Рыжы,-- задаволены паездкай?

Якое магло быць сумненьне? Я лічыў, што гэта быў вялізарнейшы посьпех.

Вярнуўшыся ў Льеж, я напісаў ліст да Людмілы пра добрую навіну ды выслаў крыху грошай. Я надумаўся зарабіць больш і папрасіўся ў дзясятніка даць мне працу на дзьве зьмены. Той зірнуў на мяне зьдзіўлена ды хутка згадзіўся. Пасля аднаго тыдня я пераканаўся, што немагчыма працаваць шаснаццаць гадзін у суткі, і мусіў пакінуць гэты экспэрымэнт, каб сканцэнтравацца болей на вывучэньні мовы. Зь нецярплівасьцю чакаў суботы, каб зноў паехаць у Лювэн.

Канец ліпеня ці пачатак жнівеня... Я еду ў Лювэн. Гэтым разам ужо сьмялей. Ведаю, што нехта мяне чакае. Я проста скіраваўся да айца Робэрта. Ён спаткаў мяне зноў з энтузіязмам.

-- Маю добрыя навіны. Айцец „ардэн хоча мяне бачыць і, здаецца, зможа ўладкаваць вашых студэнтаў, гэта значыць, кватэра і яда за чатыры гадзіны працы, але гэта яшчэ ня зусім пэўна.

Ідзём да айца „ардэна. Высокі чалавек ў чорнай сутане, ня зусім чыстай, што вельмі рэдка можна бачыць у сьвятароў. Ягоны стол быў завалены паперамі, здавалася, ён іх ніколі не парадкаваў. Паліцы застаўлены кнігамі, кніжкі й на падлозе разам з нейкімі папкамі. На кожным крэсьле паперы. Ён сядзеў за сталом і быў ледзь відаць за стосам кніг і часапісаў.

-- Айцец „ардэн, спадар Рагуля, -- пазнаёміў нас айцец Робэрт.

„ардэн закідаў мяне рознымі пытаньнямі ды так хутка, што я ня мог добра зразумець. Прыйшлося растлумачыць, што мая французская мова даволі прымітыўная, і ён крыху звольніў тэмп... Пытаўся, колькі ўсіх студэнтаў, колькі зь іх дзяўчат. Калі я сказаў, што будзе хіба тры студэнткі, ён задумаўся.

-- Бачыце, тут складаная праблема зь дзяўчатамі. Яны могуць жыць толькі ў спэцыяльным жаночым інтэрнаце, але на гэта патрэбны дазвол рэктара й дырэктаркі інтэрнату, таксама манашкі.

Я ня бачыў у гэтым ніякай перашкоды. Мне важна забясьпечыць пражываньне студэнтаў, бо гэта было асноўнай перадумовай, каб атрымаць візы на ўезд у Бэльгію. Адносна хлопцаў вырашылася, што яны будуць жыць у ягоным інтэрнаце. Гэта быў даволі вялікі дом на Пляцы Гувэра, у цэнтры гораду.

-- Акадэмічны год пачынаецца зь верасьня. Я вам раю прабыць у Льежы да канца жнівеня. Ад верасьня будзеце працаваць у студэнцкім рэстаране як кельнэр. Міхась і Янка дапамогуць на кухні. Чатыры гадзіны працы на дзень, а таксама суботы і кожную другую нядзелю. За гэта атрымаеце кватэру й харчаваньне...

--Дзякую, -- адказаў я з удзячнасьцю.

Тут ён устаў ды разьвітаўся з намі.

Айцец Робэрт пазнаёміў мяне са сваім плянам атрыманьня віз для нас трох і тых студэнтаў з Марбургу, якія захочуць пераехаць у Бэльгію. Айцец Робэрт быў амаль пэўны, што візы атрымаем.

--Я маю добрае „заплечча”, -- пацешыў ён мяне.-- У найгоршым выпадку зьвярнуся да дзядзькі, прэзыдэнта парлямэнту. Тут ў нас важна мець „плечы”... Здаецца, плечы памагаюць усюды.

І мне прыпомніўся польскі анэкдот. У аднэй полькі нарадзіўся сын зь вялікім дэфэктам -- амаль бяз мозгу. Яна расказала сяброўцы пра сваё гора. „А ці плечы ў яго ёсьць?”-- запыталася сяброўка. „Пэўне-ж”, -- адказала яна. „Дык чаго пераймаешся? Яго будучыня забясьпечана”.

Мне палягчэла на душы. Пераезд у Бэльгію здаваўся больш рэальны. Наступны крок -- атрымаць сьпіс студэнтаў з усімі біяграфічнымі зьвесткамі, і працэс пераезду пачнецца ўсур’ёз. Цяжка апісаць мае пачуцьці ў той мамэнт. Я, здавалася, не адчуваў зямлі пад нагамі. Ехаў у Льеж, каб падзяліцца радаснай весткай зь Міхасём і Янкам.

На працы я расказаў пра важную навіну свайму новаму сябру, сьвятару, які вельмі ўсьцешыўся нашымі посьпехамі. Я бліжэй прыгледзеўся да ягоных адносінаў з работнікамі. Было выразна відаць, як яго шанавалі. У гэты дзень, як ніколі, вялікая колькасьць работнікаў пайшла да прычасьця. На іхніх тварах відаць быў уздым. Яны ішлі не таму, што выпадала, не таму, што мусілі, але з глыбокім перакананьнем і любоўю. Пасьля прычасьця сьвятар коратка гутарыў зь імі. Не аднабаковая пропаведзь -- адкрытая дыскусія. Гаварылі пра штодзённыя клопаты, дзяліліся сваімі цяжкасьцямі, праблемамі. Ён слухаў і толькі зрэдку даваў нейкія парады. Як шкода, што такіх людзей каталіцкая царква экскамунікавала. Ён быў бліжэй да Бога, чым большасьць кардыналаў ды япіскапаў.

Час ляцеў. Айцец Робэрт пачаў рабіць захады для атрыманьня візаў нашым студэнтам з Марбургу. Прамінуў жнівень. У міжчасе мы больш знаёміліся з работнікамі-беларусамі. Найлепш засталася ў памяці сям’я Стрэчаняў. Гэта былі беларускія самародкі, патрыёты, у якіх мы часта гасьцявалі. Яны прынялі нас як сваіх блізкіх.

Пад канец жнівеня мы перабраліся ў Лювэн да айца „ардэна, які кіраваў інтэрнатам для замежных студэнтаў, дзе жылі партугальцы, гішпанцы, мэксыканцы... Між іх былі й даволі заможныя -- арабы ды індусы. Украінцы мелі свой асобны дом і рэдка спатыкаліся з намі.

Як я ўжо гаварыў, айцец „ардэн запрапанаваў мне працу кэльнера ў рэстаране. Я быў заняты дзьве гадзіны ў абед і дзьве вечарам. Напачатку мяне гэта задавальняла, але праз пару тыдняў я ўжо ня мог цярпець няпрыемных заўвагаў кліентаў. Пэўне-ж, была й мая віна -- часта блытаў заказы. Я папрасіўся ў айца „ардэна працаваць на кухні -- абіраць бульбу ды мыць судзьдзё. Мне гэта спадабалася больш.

Дзесьці ў палове сьнежаня айцец Робэрт прынёс радасную навіну.

-- Маем візы для тваіх студэнтаў, -- заявіў ён аднаго дня, зайшоўшы на кухню.

Я, як стаяў з мокрымі рукамі, ашаломлены навіной, апынуўся ў ягоных мядзьведжых абдымках. Заняло мне дух. Ня ведаў, што казаць. „Зараз будзе разам са мною мая Людмілка. Канец разлукі. Студэнты будуць тут, і зноў загучыць родная мова”... За час пабыту ў Марбургу мы сталіся больш як сям’я, і зусім зразумела, што тут мы адчувалі недахоп сяброўскай цяплыні.

Набліжаліся Каляды. Мой плян быў перайсьці зноў нелягальна граніцу назад у Нямеччыну, каб потым афіцыйна вярнуцца ў Бэльгію. Паводле інфармацыі, атрыманай праз айца Робэрта, калі зловяць на граніцы, могуць даць тры месяцы турмы. Гэта ня страшна, але я не магу сабе дазволіць патраціць тры месяцы і згубіць цэлы вучэбны год. Адно цешыла, што пераход граніцы ня лічыўся крымінальным учынкам і ня мог перашкодзіць мне ў далейшых студыях...

Купіў я маленькую бутэлечку лікёру ды пару нэйлонавых панчох. Гэта-ж будзе куцьця, калі я прыеду ў Марбург. Айцец Робэрт праводзіў мяне ў Льеж. Там я затрымаўся на хвілінку ў Рыжага-Рыскага. Ён купіў мне білет да той станцыі недалёка граніцы. Мейсца было знаёмае. Я рашыў пайсьці той самай дарогай, але гэтым разам удзень. Разьвіталіся мы з айцом Робэртам, і мне здалося, што я пакідаю роднага брата.

-- З Богам, Барыс, -- сказаў ён на разьвітаньне.

Я быў перакананы, што Ягоная помач мне можа прыдацца.

-- Калі зловяць на граніцы, патэлефануй мне, і я пастараюся дапамагчы.

Як добра было пачуць такія словы! Я ўжо не адзін. Нехта думае пра мяне ды пераймаецца мною. Гэта дадало мне энэргіі ды адвагі. Я ўжо з большай упэўненасьцю ўвайшоў у вагон. Нарэшце цягнік рухнуўся. Памалу постаць айца Робэрта зьнікала ў аддаленьні, але я доўга яшчэ бачыў яго...

Даехаў да знаёмай станцыі. Хутка падаўся ў напрамку граніцы да ведамага мне хутару. Пагранічнікаў ня было відаць: магчыма, удзень яны ня так пільна ахоўвалі граніцу. Лес даволі густы. Выходжу на ягоны край ды бачу знаёмы хутар. Тут лес парадзеў. Радасьць, што хутка спаткаюся зь Людмілай, прытупіла маю асьцярожнасьць.

-- Стой ! Рукі ўверх! Хто ты й куды ідзеш?

-- Я студэнт Лювэнскага Ўнівэрсытэту,-- паказаў студэнцкае пасьведчаньне.

-- Што маеш у торбе? -- запытаў ён. (Пагранічнікі пераважна шукалі спэкулянтаў).

-- Вось пара кніжак ды маленькі падарунак для маёй жонкі. Сёньня куцьця, і яна чакае на мяне, -- адказаў я ўсхваляваным голасам.

Пагранічнік глянуў на мяне. Гэта быў чалавек сталага веку. Я з палёгкай убачыў на ягоным твары сымпатычную ўсьмешку, і зьявілася надзея.

-- Я не спэкулянт. Я студэнт. Вы, напэўна, сёньня будзеце са сваёй сям’ёй -- жонкай, дзецьмі. Я-ж буду ў турме, а мая жонка прычакаецца на станцыі -- ды надарма.

Пагранічнік доўга маўчаў.

-- Бачыш, мой абавязак цябе затрымаць. Можа, мой начальнік цябе адпусьціць, -- сказаў ён няпэўным тонам.

-- Спадар, -- пасьля даволі доўгага маўчаньня зьвярнуўся я да яго,-- вясёлых Калядаў.

І тут я дастаў маленькую бутэлечку лікёру.

-- За Ваша здароўе і за здароўе Вашае сям’і і маёй жонкі!

Гэта было рызыкоўна, але памагло. Мы селі пад кустом, выпілі лікёр. Пагранічнік паказаў мне напрамак, каб абысьці нямецкіх вартавых.

-- Вясёлых Калядаў Вам і Вашай жонцы, -- сказаў ён ды рушыў сваёй дарогай.

Я перайшоў граніцу бязь ніякіх цяжкасьцей. Сеў на цягнік і толькі тады адчуў сябе стомленым. Але не надоўга. Думка, што хутка спаткаюся зь Людмілай і студэнтамі, не дала мне спаць.

-- Наступная станцыя Марбург, -- чую голас кандуктара.

Стралой выскачыў я зь цягніка. Бегма бег дадому. Людміла спаткала мяне са сьлязамі радасьці.

-- Людмілка, будучыня перад намі. Студыі забясьпечаны. Вясёлых Каляд!

І сапраўды, Каляды былі вясёлыя.

Назаўтра я падзяліўся добрай весткай са студэнцкай грамадой. Пачалі рыхтавацца на выезд у Бэльгію... Язэп Сажыч, Пётр Гайдзель, Анатоль Бразоўскі, Раіса Жукоўская, Лявон Трусэвіч, Уладзімер Красоўскі, Маркевіч засталіся ў Марбургу.

Пра гэты пераломны этап у жыцьці беларускіх студэнтаў Марбургу ўспамінаюць Аляксей Арэшка і Ўладзімер Набагез.

„Становішча стала бязвыхадным у 1948 годзе пасьля грашовай рэформы ў Заходняй Нямеччыне. Вось тады Барыс Рагуля, Янка Жытко ды Міхась Жылік падаліся на разьведку ў Бэльгію, каб там адшукаць магчымасьці прадаўжэньня вучобы. Дзякуючы ініцыятыве й настойлівасьці гэтай тройкі ды добрым людзям -- каноніку „ардэну, айцу Робэрту ван Кавэлярту, а можа, крыху і япіскапу Слоскансу, -- удалося знайсьці ў Каталіцкім Унівэрсытэце ў Лювэне трывалы прыстанак і дасканалыя магчымасьці вучыцца шматлікім беларускім студэнтам ня толькі зь Нямеччыны, але і зь іншых эўрапейскіх краінаў, з Амэрыкі і Аўстраліі. У самым канцы 1948 году мы былі там”. (З успамінаў Аляксея Арэшкі)

„Барыс Рагуля, Міхась Жылік ды Янка Жытко арганізавалі выезд студэнтаў на студыі ў Бэльгію. Кандыдатаў на выезд было каля 30. Я не запісаўся, бо меў дапамогу са Злучаных Штатаў і спадзяваўся неяк закончыць навуку ў Марбургу. Калі надышоў час вырабляць паперы, дык мала хто адважыўся на гэты крок. Але Барыс Рагуля ўгаварыў мяне выкарыстаць добрую нагоду і далучыцца да групы „авантурыстаў”. Такім чынам я трапіў у Лювэн і ніколі гэтага кроку не пашкадаваў”. (З успамінаў Уладзімера Набагеза)

Хутка перад Новым, 1949 годам мы апынуліся ў Лювэне. Пачалася вучоба... Мне залічылі тры гады мэдычнай школы ў Марбургу і прынялі на чацьвёрты курс. Янка Жытко пайшоў на хімію, а Жылік разам са мною -- на мэдыцыну. Людміла паступіла на чацьвёрты курс фармацэўтыкі на флямандскі адзьдзел. Флямандская мова бліжэй да нямецкай, і яна спадзявалася, што будзе лягчэй прыстасавацца да гэтай мовы. Новыя абставіны, чужая мова... Колькі энэргіі патрацілася на вывучэньне моваў! Дома гаварылі па-беларуску, далей -- польская, пасьля -- нямецкая, французская, ды пазьней прыйшлося пераключацца на ангельскую, але ўжо ў сьнежані апанавалі даволі мову, каб разумець даклады і свабадней карыстацца французскімі падручнікамі. Кажуць, што кожная мова -- гэта дадатковае акно ў сьвет, але часам замнога вокнаў таксама ня зусім зручна... Усім нам прыйшлося нясоладка. Праўда, яды хапала, але працаваць і вучыцца было складана.

Выбар будучай прафэсыі тлумачыўся рознымі прычынамі: зьбегам абставін, уплывам настаўнікаў, сяброў, асабістымі інтарэсамі.

„Запісаўся я на геалягічны факультэт, -- расказвае Вітаўт Кіпель. -- Чаму на геалёгію? Невялікі экскурс у мінулае дасьць тлумачэньне майму выбару. Калі мы з маці, напачатку 30-х гадоў, былі вымушаны пакінуць Менск і Беларусь і жыць у Вяцкім краі, сустрэчы зь геалягічнымі партыямі ў тых краёх былі частымі зьявамі. Там у мяне й зарадзілася зацікаўленьне да людзей з компасамі й малаткамі, якія зьнікалі ў тайзе. Пазьней, калі нам было дазволена вярнуцца ў цэнтральныя часткі „необ,ятной”, мы пасяліліся ў горадзе Арле, я шмат чытаў пра геолягаў, захапляўся кнігамі акадэміка Ферсмана -- і гэта культывавала цікавасьць да геалёгіі. Нейкі ўплыў меў на мяне і доктар Аляксандар Орса, бо-ж і ён заканчваў геалёгію ў Празе. Вось гэткім шляхам я і прыйшоў на геалягічны факультэт.

Курс навучаньня на геалёгіі быў чатыры гады. Першыя два мы былі найчасьцей зь хімікамі -- хімія давалася поўна: неарганічная, арганічная, фізычная. Былі курсы з горнымі інжынэрамі -- геафізыка, падземная тапаграфія і з прыродаведамі -- палеанталёгія (палеазаалёгія й палеабатаніка). Шмат было матэматыкі, філязофскіх дысцыплінаў. Праграма насычаная: тыднёва 14-16 гадзінаў лекцыяў, потым практычныя заняткі. Кажнае серады геолягі выязджалі „ў поле”: пераважна ў Ардэны й вугальныя басэйны. На трэцім і чацьвёртым гадох (на 6-8 сэмэстрах) трэба было адбываць стаж на палявых працах -- пераважна палявая здымка. У летнія й вясеньнія канікулы выязджалі на экскурсыі: у Швэцыю, Нямеччыну, Францыю. Аглядалі клясычныя шахты, кар’еры, геалягічныя структуры. Ад трэцяга году навучаньня амаль усе студэнты-геолягі станавіліся членамі геалягічных таварыстваў -- трэба было браць удзел і ў гэтых праграмах. Дарэчы, у часы геалягічных сэмінараў я ціраз чытаў лекцыі „Навінкі ў геалёгіі Беларусі”, у выніку чаго й выдрукаваў у Мюнхэнскім беларускім зборніку артыкул пра мінеральныя рэсурсы БССР (1955).

Сярод колькіх дзясяткаў прафэсуры асабліва запомніліся „тузы” геалёгіі Бэльгіі і Бэльгійскага Конга: Эцьен Ассэльбэрг, Фэлікс Кайзэн (бацька й сын), „ак Таро, Марыюс Леконт, а сярод іншых прафэсараў: Альбэрт Бруйлянтс, Пол Мюнд, Шэнуан Лемэтр.

Свой пабыт у Лювэне я хутчэй назваў-бы бэльгійскім эпізодам жыцьця на эміграцыі, бо хоць, фігуральна кажучы, „база” мая была ў Лювэне, аднак шмат аспэктаў жыцьця ў тым часе зьвязана з цэлай Бэльгіяй.

Якім чынам прыпамінаецца той пэрыяд? Перш-наперш, і найбольш выразна, ды гэта й цалкам зразумела, у памяці ўстае Лювэн акадэмічны. Бо-ж дзеля навукі, і толькі дзеля навукі, зьехаліся мы, маладыя беларусы, у гэны выдатны горад, у тую добрую краіну, з разьбітае, галоднае й халоднае Нямеччыны, каб там атрымаць акадэмічную пуцёўку ў жыцьцё!” (З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Айцец Робэрт разам з айцом „ардэнам заняліся нашым раскватэраваньнем. Складанасьць была ў тым, што жанчыны, у тым ліку й Людміла, мусілі жыць у дзявочым інтэрнаце, пакуль знойдзецца асобная кватэра. Але гэта паўбяды, галоўнае -- мы ўжо разам.

Айцец Робэрт шукаў нейкага выйсьця для нас. Насупраць дому, дзе гаспадаром быў айцец „ардэн, на гэтым-жа самым Пляцы Гувэра, быў другі дом -- нумар 8, там жылі арабскія студэнты. Пляц Гувэра (ад імя амэрыканскага прэзыдэнта Гэрбэрта Кларка Гувэра, 1929-1933) знаходзіцца ў цэнтры Лювэну, каля ўнівэрсытэцкай бібліятэкі. Адсюль недалёка да галоўных унівэрсытэцкіх школаў і ўстановаў. А наагул -- гэта было даволі прыемнае мейсца пабыту ў Лювэне.

Айцец Робэрт дагаварыўся з айцом „ардэнам пасяліць там беларускіх студэнтаў. Напачатку мы занялі толькі адзін паверх, а пазьней, калі арабы выбраліся ў собскі дом, мы занялі цэлы будынак для нашых студэнтаў. „Першы Дом беларускіх студэнтаў быў невялікі: партэр і два паверхі. Але ён быў асноўным прыпынішчам Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, тут жыло каля 20 студэнтаў. На партэры (уваходны паверх) была вялікая сьвятліца, дзе студэнты зьбіраліся, дзе былі пробы хору ды іншыя прынагодныя зборкі. Тут студэнты сьнедалі, абедалі й вячэралі. Кухня была збоку, у двары. У падвале быў прыладжаны душ, дзе можна было памыцца”.(З успамінаў Васіля Шчэцькі)

Неўзабаве Людміла перайшла сюды, нам адвялі вялікі пакой, які мы разгарадзілі дзяружкай і такім чынам мелі спальню й салён. Амаль уся нашая ўвага была сканцэнтраваная на навуцы. Каб дзешавей пражыць, мы пачалі самі варыць. Кожны дзень іншая пара студэнтаў гатавала ежу. Валодзя Набагез дзяжурыў зь Людмілай і хваліўся, што іхняя яда была найлепшая. Можа так, а можа й не, але важна тое, што выдаткі сталі мінімальныя.

„У адрозьненьне ад беларускіх студэнтаў-хлапцоў, якія жылі амаль усе разам у беларускім інтэрнаце-бурсе на Пляцы Гувэра, беларускія дзяўчаты жылі ў розных інтэрнатах. Беларускіх студэнтак у Лювэне было, дарэчы, няшмат. Праз гады было нас нешта сем ці восем, але студыі скончылі толькі пяцёх: Зоя „алязоўская-Смаршчок, Люда Рагуля, Зора Савёнак, Іна Саўка і Вольга Харытончык.

У Лювэн я прыехала ўлетку 1949 году. Навучальны год яшчэ не пачаўся, і я колькі тыдняў была бяз сталага мейсца жыхарства і перакідалася з аднаго мейсца ў другое. Нарэшце, каб я апанавала крыху французскую мову ды мела нейкі занятак, уладкавалі мяне на працу ў багатую валонскую сям’ю на поўдні Бэльгіі, каля Нямюру, дапамагаць у хатняй гаспадарцы, а папросту -- быць пакаёўкай.

Праз тры месяцы я крыху авалодала мовай і, калі прыехала ўвосень у Лювэн, мне пашчасьціла пасяліцца ў дзявоцкім інтэрнаце Sedes Sapientia (што прыблізна можна перадаць як „Мудрая Сядзіба”). Кажу „пашчасьціла” зусім сьведама, бо Сэдас, як мы ўсе гэтае мейсца называлі, быў для мяне ўсе шэсьць наступных гадоў ня толькі мудрай, але й бясьпечнай, утульнай, прыязнай сядзібай. Пасьля цяжкіх ваенных гадоў, гадоў выгнаньня, гадоў у лягерох для перасяленцаў Сэдас быў для мяне першым мейсцам, дзе я пачулася нармальным чалавекам.

У Сэдасе жылі пераважна студэнткі-чужынкі. Было шмат дзяўчат з Усходняй Эўропы -- латышкі, полькі, мадзяркі, зь Югаславіі, Арменіі, Заходняй Эўропы, а гэтаксама зь В’етнаму й Карэі. Былі дзяўчаты з Амэрыкі і Кубы. Жылі, зразумела, у Сэдасе і бэльгійскія студэнткі. Зь беларусак была я адна, і шмат даводзілася расказваць дзяўчатам пра сваю краіну. Усе мы добра сябравалі і стараліся пазнаць і зразумець культуру сваіх каляжанак, дапамагалі адна адной прыстасавацца да новага для нас усіх студэнцкага жыцьця. А яно было нялёгкае. Акрамя вялікіх акадэмічных нагрузак -- студыявала я хімію, -- была яшчэ і цяжкасьць з новай мовай, якую засвойвалі мы пераважна нахаду, вучыліся адзін ад аднаго. І таму спрыяльныя магчымасьці для студыяў, сяброўская атмасфэра Сэдасу стваралі найлепшыя жыцьцёвыя ўмовы, якія можна было сабе ўявіць і пра якія ў тыя цяжкія саракавыя гады можна было толькі марыць.

Пасьля гадзінаў, адведзеных для студыяў, былі ў нас сяброўскія вечары, гутаркі. Пераважна слухалі мы музыку альбо чыталі, гулялі ў розныя настольныя гульні (тэлевізіі, на шчасьце, у нас тады ня было). У Лювэне я навучылася ад студэнтак-в’етнамак гуляць у мажонг (кітайскае даміно) і гатаваць інданэзійскія стравы. Найпрыямнейшыя нашыя дні былі ў часе музычных фэстываляў каралевы Альжбэты, калі найлепшыя піяністы і скрыпачы сьвету зьязджаліся ў Брусэль на конкурсы. Тады я пазнала й палюбіла клясычную музыку, і любоў гэтая засталася на ўсё жыцьцё.

Дысцыпліна ў Сэдасе была даволі строгая. Дзьверы замыкаліся а дзясятай гадзіне ўвечары, і ўсе студэнткі мусілі быць дома да гэтага часу. Здаралася, прыходзілася пакідаць кінатэатр яшчэ да заканчэньня фільма, каб папасьці своечасова ў бурсу. Між іншым, хлопцам у дзявочую бурсу ўваход быў забаронены, але спатканьні паміж дзяўчатамі і хлопцамі, зразумела, адбываліся, як у кожнай студэнцкай грамадзе. Беларускім студэнтам было зручна, бо ў хлапецкай бурсе гэткіх абмежаваньняў ня было. Праўду кажучы, хлапецкі інтэрнат на Пляцы Гувэра быў для нас усіх другой хатай, клюбам і асяродкам. Тут мы сыходзіліся на розныя зборкі, лекцыі, сьпеўкі, на рэпэтыцыі танцавальнага гуртка, на розныя сьвяткаваньні і імпрэзы.

Умовы для студыяў у Лювэне былі для нас усіх надзвычайныя. Жылі мы на ўсім гатовым. Ад нас вымагалася толькі вучыцца і здаваць экзамены. Улетку тыя, што здалі экзамены вясной, мелі магчымасьць недзе й папрацаваць альбо проста адпачыць, паехаць да бацькоў ці падарожнічаць па Эўропе. Я, між іншым, адным летам працавала гідам на індустрыяльнай выстаўцы ў Антвэрпэне, а другім летам -- гувэрнанткай у сям’і прафэсара заалёгіі Дэбэзьё. Тыя, што вясною экзамены не здалі, мелі магчымасьць здаваць іх яшчэ восеньню і мусілі цэлае лета вучыцца, пераважна недзе ў манастыры ці яшчэ ў нейкім спакойным мейсцы. Прыкладам, Сэдас меў вілу над морам, дзе студэнткі маглі і вучыцца і адпачываць. З прыемнасьцю ўспамінаюцца гэтыя летнія месяцы, праведзеныя на Паўночным моры, хоць часьцяком прыходзілася шмат рыхтавацца да экзаменаў.

Калі ў 1987 годзе наведалі мы з мужам Вітаўтам Кіпелем Лювэн, то ўбачылі: шмат што ад нашых студэнцкіх гадоў зьмянілася. Галоўны будынак Сэдасу зьнесены. На гэтым мейсцы нешта будавалася. Інтэрнат яшчэ ёсьць, але гэтаксама перабудаваны. Толькі невялікі парк, празь які столькі хадзілася з аднаго будынку ў другі, яшчэ ўсё такі-ж самы, нават падалося, што тыя самыя качкі плаваюць у азярку.

На сустрэчу былых сэдаўцаў, якая адбылася ў 1989 годзе ў Новым Лювэне, прыехаць, нажаль, не давялося, але сымпатыі мае і вялікая ўдзячнасьць да гэтай установы, да гэтай мудрай сядзібы і ягоных кіраўнічак Гюгэтты і Сабіны Дэленуа застануцца ў сэрцы назаўсёды”. (З успамінаў Зоры Савёнак-Кіпель)

У 1951 годзе Камітэт дапамогі беларускім студэнтам заарандаваў стары будынак на Пляцы Гувэра, 19, паправіў яго і зрабіў прыгодным для жыцьця. Гэта быў вялікі трохпавярховы дом з багатым уваходам, заляй і кухняй у падвале, дзе разьмяшчалася і сталоўка. У гэты будынак мы перабраліся 2 кастрычніка 1951 году. Даволі вялікі новы дом даў магчымасьць амаль усім студэнтам памясьціцца разам. Усе студэнты-адзіночкі пераехалі сюды. Тут-жа пасяліліся прафэсар Мікола Равенскі і айцец Робэрт. Дзяўчаты-студэнткі жылі ў „Sedes Sapientia” (унівэрсытэцкая жаночая бурса) і на прыватных кватэрах. Мы знайшлі беларускага патрыёта Міколу Шуста, які працаваў на шахтах, і далі яму працу кухара для студэнтаў. Новы студэнцкі дом -- вялікае дасягненьне Камітэту дапамогі. Думаецца, што ў ягонай арганізацыі найбольшая заслуга айца Робэрта.

Надыходзіў Вялікдзень 1949 году. Згодна традыцыі, студэнты шукалі магчымасьці споведзі і прычасьця перад сьвятам -- такі быў звычай дома. Для адных гэта была толькі традыцыя, для іншых -- духовая патрэба. Я даведаўся, што ў Брусэлі ёсць праваслаўная царква, якая належала да расейскай зарубежнай царквы. Нешта ўва мне бунтавалася супраць такога прыстасаванства, але-ж ёсьць традыцыя, трэба яе трымацца. „Якая розьніца -- пойдзем туды”. На вербную нядзелю ўсе праваслаўныя студэнты выбраліся ў царкву. Сьвятяр зь сівой барадою спаткаў мяне ды запытаў, хто мы, адкуль і што робім у Бэльгіі. Я расказаў. Дагаварыліся пра споведзь і прычасьце. Раптам сьвятар павярнуўся да мяне й запытаў:

-- Ці вы часам не належыце да беларускіх „самастыйнікаў”?

-- Так, -- адказаў я. -- Належу. Але ці мае гэта нешта супольнае з царквой і нашым жаданьнем паспавядацца ды прыняць прычасьце паводле старой традыцыі?

-- Не, не, -- пасьпешліва адказаў сьвятар і зьнік за алтаром.

Хутка ён выйшаў, і студэнты адзін за адным пацягнуліся да споведзі. Прыйшла й мая чарга. Ён нечым накрыў мяне (ня памятаю, як называецца гэтая частка сьвятарскага аблачэньня), прамармытаў малітву ды неспадзявана запытаў:

-- Ці грашыў ты?

-- А што, ойча, Вы разумееце пад грэхам? Я не прыпамінаю нічога такога, што мог-бы назваць сваім грэхам, а калі і здарылася нешта, як Вы называеце, грахоўнае, дык думаю, за гэта я заплаціў ў савецкай турме.

-- Ты павінен ведаць сем асноўных грахоў, -- заявіў ён з ноткай нецярплівасьці ў голасе.

-- Прызнацца, ойча, ня ведаю.

-- Ты служыў у нямецкай арміі?

-- Ох, ойча, гэта, мабыць, паводле НКВД, адзін з найстрашнейшых грахоў. Але гэтая інфармацыя патрэбна каму -- Богу ці НКВД? Каму Вы служыце, ойча?

Пасьля хвіліны маўчаньня ён прамармытаў хіба малітву, і мая споведзь на гэтым закончылася.

Гэты інцыдэнт характэрны для нашых як праваслаўных, так і каталіцкіх цэркваў, -- служыць чужым інтарэсам і выкарыстоўваць храмы для варожых беларусам плыняў. Мне прыпомніўся канфлікт з царквой у мае дзіцячыя гады, і прыгадаліся словы нашага Якуба Коласа:

Родны край! У Божа імя,
Ў чэсьць касьцёлаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа выйшла трасяніны --
Меч, агонь зьнішчалі край:
З двух бакоў „айцы” дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
І цяпер над намі, брацьце,
Яшчэ ў сіле той раздор --
І папоўскае закляцьце,
І ксяндзоўскі нагавор...

Тут я падумаў пра майго сябра, які адмовіўся ехаць да расейскага сьвятара і пайшоў прычашчацца да айца Робэрта, які выслухаў яго бязь ніякіх засьцярогаў. Гэты выпадак быў нармалёва прыняты студэнтамі, але выклікаў пратэст з боку айца Часлава Сіповіча, які належаў да каталіцкай царквы ўсходняга абраду і быў галавою беларускіх марыянаў у Лёндане. Якраз неўзабаве пасьля гэтага здарэньня ён прыехаў да нас зь візытай з Ангельшчыны і, калі даведаўся, што адзін з нашых сяброў прыняў прычасьце ў айца Робэрта, дык з абурэньнем заявіў:

-- Айцец Робэрт ня мае права даваць прычасьце неперахрышчанаму праваслаўнаму.

Ягоныя словы выклікалі між намі вострую спрэчку. Я шанаваў айца Сіповіча за ягоны вялікі патрыятызм, адданасьць беларускай справе, аднак ня мог зь ім пагадзіцца ў сярэднявеччавым падыходзе да рэлігій.

-- Дарагі ойча, -- запратэставаў я, -- праваслаўны хіба не хрысціянін? Можа, давайце іх абаіх на касьцёр!?

І тут мне стала няёмка за сваю рэзкасьць. Айцец Часлаў стараўся растлумачыць мне пэўныя правілы каталіцызму, якія не дазваляюць святарам даваць прычасьце няхрышчаным у каталіцкай веры.

-- Магчыма, для айца Робэрта гэтага правіла ня існуе, -- адказаў я. -- Айцец Робэрт, відаць, на пару дзясяткаў гадоў наперадзе вас. Ды зрэшты, пагаварыце самі з айцом Робэртам і, можа, яго пераканаеце.

Айцец Робэрт таксама зарэагаваў вельмі востра ды параіў айцу Сіповічу ня ўмешвацца ў нашыя справы. Пазьней яны мелі прыватную гутарку між сабой, і ніколі больш не вярталіся да гэтага канфлікту.

Зь цягам часу і мае адносіны з айцом Сіповічам значна паправіліся. Мы абодва быццам-бы забыліся пра інцыдэнт.

Айцец Чэслаў Сіповіч быў чалавекам свайго часу, і я яму нічога не закідаю. Наадварот, аддаю пашану за вялізарную працу, якую ён правёў у Ангельшчыне. Беларускі музэй -- гэта ягонае дзецішча, кантакты з палітычнымі коламі Ангельшчыны -- ягоная заслуга. Яму належыць ідэя стварэньня Камітэту ангельска-беларускай прыязьні ды шмат іншых асягненьняў прапаганды беларускага імя сярод чужынцаў. Ягоная прадчасная сьмерць была вялікай стратаю для нашага грамадства.

Вельмі хутка пасьля гэтых інцыдэнтаў зарадзілася ідэя заснаваць прыход Беларускай Аўтакефальнай Царквы, якая даволі хутка ажыцьцявілася.

Арганізацыя прыходу Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Лювэне -- вельмі важная падзея. Большасьць студэнтаў была праваслаўнага веравызнаньня і адчувала патрэбу ў сваёй царкве. З дапамогай айца Робэрта ўжо ў 1950 годзе айцец Аўген Смаршчок узначаліў нашую маладую парафію. Вельмі добра адукаваны, доктар псыхалёгіі, ён аказаў вялікі ўплыў на духовае жыцьцё нашых студэнтаў. Заснаваньне парафіі Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў Лювэне на чале з айцом Аўгенам Смаршчком было надзвычайным дасягненьнем: у цэнтры каталіцызму -- праваслаўная царква! Нашы ўкраінскія сябры не маглі паверыць, што гэта нам удалося зрабіць. Але я павінен сказаць, што для айца Робэрта арганізацыя праваслаўнай парафіі -- зьява нармалёвая: ён бачыў далёка наперад у параўнаньні са сьвятарамі часткова закасьцянелай каталіцкай царквы...

Каталіцкі Ўнівэрсытэт у Лювэне быў вельмі талерантны, нягледзячы на тое, што цьвёрда прытрымліваўся царкоўнай дысцыпліны і ўстаноўленых парадкаў. Ён прыгарнуў людзей розных веравызнаньняў, ня робячы ніякіх высілкаў, каб навярнуць іх у каталіцкую веру.

На мэдычным факультэце студэнт павінен быў здаваць экзамены па тэалёгіі разам з выпускнымі экзаменамі па мэдычных прадметах. Незадоўга перад іспытамі мяне выклікаў дэкан факультэту мэдыцыны і паведаміў, што паколькі я праваслаўны, то магу быць вызвалены ад гэтага экзамену. Я-ж заявіў, што хачу экзаменавацца, хаця маё разуменьне рэлігійных пытаньняў можа і не адпавядаць дагматычным канонам.

-- Вельмі добра, -- адказаў дэкан. -- Хачу вас запэўніць, што ацэнка экзамену па тэалёгіі ня будзе ўплываць на агульную ацэнку па мэдычных прадметах.

Тэма была „Бог і Царква”. Мне пашанцавала, што я мог выказаць свае думкі. Пазьней у рэформах Папы Яна ХХІІІ я ўбачыў ідэі, сугучныя маім.

Экзамены я здаў даволі добра. Праз некалькі дзён дэкан запрасіў мяне і айца Робэрта на гутарку, падчас якой тлумачыў, што царква ня можа хутка рэфармавацца і прымаць новыя ідэі, але ўвогуле мая праца яму спадабалася.

Шмат пазьней айцец Робэрт сказаў:

-- Барыс, твае ідэі, калі і споўняцца, дык, праўдападобна, не за нашае жыцьцё.

Надышоў канец вучэбнага году. Усе беларускія студэнты пасьпяхова закончылі яго. Летам я пайшоў на працу да фэрмэра, каб падзарабіць крыху грошай на вучобу. Многія студэнты таксама шукалі занятку, і кожны працаваў, дзе толькі мог уладкавацца.

Прыязджалі новыя студэнты:

„У Лювэн, ва ўнівэрсытэт, -- піша Вітаўт Кіпель, -- я трапіў на параду доктара Аляксандра Орсы, былога нашага дырэктара гімназіі. Аднойчы, прыехаўшы зь Цюбінгену ў гарадок Кам, выпадкова сустрэўся там з доктарам Орсам. Прыпамінаю такую размову: „Ну, што ты думаеш рабіць? Едзеш за акіян?”. Бяз хістаньня я адказаў: „Пакуль што нікуды выязджаць ня думаю. Вырашыў прадаўжаць вучобу ў Эўропе, хоць прыходзіцца і нялёгка”. Тады дырэктар Орса сказаў, што парэкамэндуе мяне на студыі ў Бэльгію, у Лювэнскі Ўнівэрсытэт. На што я даў згоду. І праўда, хутка пасьля тае гутаркі я атрымаў зь Лювэну ліст, у якім паведамлялася, што я магу прыязджаць у Лювэн, вывучаць мову ды запісвацца на студыі.

У Лювэн я выехаў зь беларускага ДП лягеру ў горадзе Бакнанг, каля Штутгарту. Было гэта ў канцы чэрвеня 1949 году. Прыехаўшы ў Лювэн, першае, што я зрабіў, -- купіў падручнікі французскае мовы, некалькі дзіцячых кніжак для чытаньня й паехаў на працу да фэрмэра (у Лювэнскім Унівэрсытэце пачыналіся канікулы, і студэнты разьязджаліся). У фэрмэра зубрыў мову, як мог, сіліўся гаварыць па-французску і, колькі мог, -- чытаў.

Зуброжка працягвалася і ў Лювэне, куды ўсе студэнты зьехаліся ўвосень. Наагул, колькі помніцца, першы год вывучэньне мовы займала гэтулькі-ж часу, як і лекцыі”. (З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Пачаўся 1949/50 акадэмічны год... Ён быў ужо шмат весялейшы. Усе мы засвоілі французскую мову, а некаторыя -- флямандскую. Навука пайшла лягчэй. Першыя цяжкасьці з мовай ды новай мэтодай навучаньня ва ўнівэрсытэце, асабліва на мэдычным факультэце, былі амаль пераадолены.

Усё гэта радавала, але не задавальняла. Мае пляны былі значна шырэйшыя. У 1947 ці 1948 закончыла Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе група студэнтаў, якія пазьней назваліся „Дванаццаткай”. Яны выдавалі надзвычай добры часапіс моладзі пад назвай „Наперад!” на высокім літаратурным узроўні. Матэрыяльныя ўмовы змусілі іх эміграваць у Ангельшчыну, дзе яны працавалі на шахтах і працягвалі выдаваць часапіс.

Пра гісторыю „Дванаццаткі”, яе жыцьцё ў Ангельшчыне расказвае Павал Урбан:

„Апрача мяне, да групы завербаваных належалі: Янка Жучка, Васіль Шчэцька, Янка Запруднік, Уладзімер Цьвірка, Алесь Бута, Піліп Дзяхцяр, Міхась (Цімох) Вострыкаў, Леанід Карась, Алесь Марговіч і Леанід Швайчук. Па дарозе далучыўся да нас яшчэ Павел Дзімітрук. І гэтак стварылася „Дванаццатка”. Гэта тая „Дванаццатка”, якая пачне выдаваць у Вялікабрытаніі рататарным спосабам літаратурна-грамадскі часапіс для моладзі пад назвай „Наперад!”. Два першыя нумары часапісу, як орган „Адзінаццаткі”, у выглядзе лісткоў былі выдадзеныя ў зборным пункце і ў цягніку па дарозе і датаваліся 13-м і 15-м студзенем 1948 г. У часапісе гэтым я выступаў пад псэўданімам Паўлюк Вазёрны (у нашай мясцовасьці на Бацькаўшчыне было шмат азёраў).

Пасьля месячнай трэніроўкі ў Шатляндыі мы затым працавалі ў розных, але блізкіх капальнах цэнтральнай Англіі. Жылі ў былых вайсковых бараках недалёка ад шахцёрскага гораду Тамвордз, дзе было шмат палякаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых славянскіх і неславянскіх народаў. Часьцяком наведваліся ў Лёндан, бо ўжо тады там мацаваўся беларускі грамадска-культурны цэнтр”. (З успамінаў Павала Ўрбана)

Мяне не пакідаў клопат, як даць магчымасьць вучыцца гэтай групе таленавітых маладых патрыётаў. Я часта гутарыў пра гэта з айцом Робэртам. Ён разумеў мой клопат. Мы разглядалі розныя магчымасьці прыезду ў Бэльгію гэтых маладых беларусаў, але справа ўпіралася ў фінансы. Дзе ўзяць сродкі, каб пераканаць урад даць ім візы?

Увосень 1949 году мне ўдалося зьезьдзіць у Ангельшчыну. Там я спаткаўся з „Дванаццаткай”. Усе яны хацелі вучыцца, але я ня мог іх абнадзейваць, толькі запэўніў, што робіцца ўсё магчымае (і немагчымае!), каб даць ім нагоду атрымаць адукацыю. У Лёндане я першы раз спаткаўся з айцом Сіповічам. Ён зрабіў на мяне вялікае ўражаньне як патрыёта, які аддаваў усе свае сілы, каб служыць беларускаму народу. Я таксама гутарыў зь ім пра мае пляны, як дапамагчы дванаццаці сябрам прадоўжыць вучобу, але ён ня бачыў, чым можа быць карысным у гэтай складанай справе.

Я вярнуўся ў Лювэн і падзяліўся сваімі ўражаньнямі і клопатамі з айцом Робэртам. Ён сур’ёзна задумаўся... Відаць было, што ён зразумеў, як важна для нас сабраць у Бэльгіі больш студэнтаў-беларусаў.

Аднаго дня неспадзявана айцец Робэрт зайшоў да мяне на Пляц Гувэра. Ён выглядаў вельмі ўзрушаным.

-- Барыс, -- адразу зьвярнуўся ён да мяне, -- Беларусь некалі плаціла падаткі ў Ватыкан -- у ХВІІ-ХВІІІ стагодзьдзях?

-- Так, -- адказаў я, -- у нас было шмат каталікоў, а пазьней вуніяцкая царква. Я думаю, што яны нямала дабра палажылі ў ватыканскія куфры.

-- Вось пра што я й хачу з табой, Барыс, гаварыць. Чаму не патрабаваць ад Ватыкану сплаціць маленькі працэнт для беларусаў, якія пацярпелі ад камуністаў? Ватыкан мае грошы, -- заявіў ён з упэўненасьцю.

-- Добра, але як мы зможам пераканаць Ватыкан даць нам дапамогу?

-- Вельмі проста. Мы паедзем у Ватыкан і будзем прасіць дапамогі беларускім студэнтам у Лювэне.

Я быў ашаломлены такім праэктам і ня ведаў, што сказаць... Да каго ехаць, у каго прасіць? Нейкі студэнт паедзе ў Ватыкан... Што ён там зробіць? З кім будзе гаварыць? Ці захоча хто яго выслухаць?..

Айцец Робэрт, відаць, быў падрыхтаваны да гэтага:

-- Мой дзядзька, прэзыдэнт бэльгійскага парлямэнту, нам дапаможа. Ён зробіць для цябе ватыканскую візу, а таксама дамовіцца пра аўдыенцыю ў Папы. Ён знаёмы і з кардыналам Тыссэрантам.

Кардынал Тыссэрант у той час быў галавой Калегіі кардыналаў і лічыўся другім пасля Папы ў ватыканскай гіерархіі.

Мне трэба было нямала часу, каб усё гэта ўцяміць. Я, маленькая пешка, паеду ў Рым да Папы?!

Айцец Робэрт раскрыў свой плян. Першы крок -- паехаць да яго дзядзькі і растлумачыць сытуацыю.

-- Рэшту пакінь мне,-- заявіў рашуча айцец Робэрт.

Праз некалькі дзён мы паехалі ў Брусэль на спатканьне з прэзыдэнтам парлямэнту. Зайшлі ў ягоны кабінет. Дубовая мэбля, паліцы з кніжкамі. Скурай абабітыя крэслы. Усё гэта зрабіла на мяне вялікае ўражаньне, але не спалохала. Я быў гатовы расказаць пра становішча нашага народу й нас, як ахвяраў жудаснага камуністычнага рэжыму, верачы, што патраплю закрануць чулыя струны ў ягоным сэрцы. Чалавек гэты быў высокага росту, хіба 1 м 80 см. Шырокія плечы, прамы нос ды густыя навіслыя бровы над шэрымі вачыма. Яго пагляд здаўся мне вельмі цёплым ды прыязным.

Пасьля некалькіх ягоных пытаньняў я абмаляваў яму нашае становішча ды наагул палітычную сытуацыю на Беларусі. Гаварыў пра цяжкі лёс народу, асаблівую ўвагу зьвярнуў на жахлівае становішча цэркваў -- як праваслаўных, так і каталіцкіх. Прэзыдэнт даў мне выгаварыцца. Пасьля задаў некалькі пытаньняў адносна студэнтаў-беларусаў ды нашых плянаў на будучыню.

-- Наша мэта -- вучыцца, каб вярнуцца на Бацькаўшчыну ды памагчы нашаму народу пазбыцца д’ябальскага ярма.

-- Як рэальна выглядае такая магчымасьць? -- запытаў ён.

-- Можа, зусім нерэальна, -- адказаў я. -- Можа, гэта толькі лятуценьне, але гэтым лятуценьнем мы жывём, і яно дае нам сілу жыць і глядзець у будучыню.

Мне здалося, што я зрабіў на прэзыдэнта добрае ўражаньне.

-- Я жадаю вам посьпехаў і зраблю ўсё магчымае, каб пралажыць вам шлях у Рым да Папы.

Я быў глыбока ўсхваляваны ягонай прыхільнасьцю. Калі дзякаваў, мой голас дрыжаў. Прэзыдэнт устаў ды моцна паціснуў маю руку.

-- Пакіньце мне гэтую справу. Я хутка вам паведамлю пра свае захады. Шчасьць вам Божа!

Мы вярнуліся ў Лювэн у паднятым настроі. Айцец Робэрт запрасіў мяне ў кафе, і там мы адсьвяткавалі наш посьпех кубкам бэльгійскай кавы.

На Каляды 1949 году настрой у студэнтаў быў цудоўны. Для сьвяточнага стала купілі дзьве бутэлькі віна. Ды цяжка паверыць, што ўся група мела добры настрой. Відавочна, гэта доказ, што шмат віна ня трэба, калі людзі пачуваюць сябе шчасьліва. Маладосьць -- скарб, якога ніхто не даацэньвае, аж пакуль ня страціць. Айцец Робэрт далучыўся да нашага сьвята. Песьні і жарты доўга гучалі на Пляцы Гувэра да позьняй раніцы.

За некалькі дзён перад куцьцёй зайшоў да мяне айцец Робэрт. Ён моцна абняў мяне і ўсхвалявана загаварыў:

-- Барыс, мы едзем у Рым! Ужо маем італьянскія й ватыканскія візы, а таксама прыватную аўдыенцыю ў Папы!

Я быў ашаломлены гэтай весткай... Мне не хапала слоў яму адказаць. Здавалася, што я сьню. Такой малой пешцы, як я, -- аўдыенцыя ў Папы Рымскага?! Да таго-ж -- у Сьвяты год, які выпадае толькі праз кожныя 25 гадоў! Гэта вельмі важны час у Рыме, і Папа асабліва заняты публічнымі ды прыватнымі аўдыенцыямі...

-- Так, Барыс, гэта ня сон, а рэальнасць. Адразу пасьля Новага Году едзем у Рым. Мы маем даволі часу падрыхтавацца да такога важнага падарожжа. Яно можа вырашыць будучыню беларускіх студэнтаў у Бэльгіі.

Новы, 1950 год пачынаўся, як бачна, вельмі добра. Усе былі заняты студыямі ды вывучэньнем мовы. Айцец Робэрт шмат часу праводзіў са мною, расказваючы пра Ватыкан і ягоную палітычную структуру, даваў дакладныя інструкцыі па пратаколу спатканьня, акрэсьліваў ролю паасобных япіскапаў ды кардыналаў ў каталіцкай гіерархіі Ватыкану.

-- Барыс, -- казаў ён, -- мы едзем у Рым ня толькі як у цэнтар каталіцкай царквы, але і як у цэнтар сусьветнай палітыкі. Памятай, ты будзеш гаварыць не зь япіскапамі, а з дасьведчанымі палітыкамі й дыпляматамі. На ўсе пытаньні рэлігійнага ці палітычнага зьместу давай адказы, якія ты зможаш дастаткова падмацаваць фактамі. Старайся заўсёды быць зраўнаважаным і не паказваць зашмат эмоцыяў. Там пра цябе будуць меркаваць па зьмесьце тваіх выказваньняў, а не па тваіх пачуцьцях. Першая візыта да Мантыні асабліва важная. Я буду з табою. Зь япіскапам нельга гаварыць агульнымі фразамі. Ён будзе аналізаваць кожнае тваё слова. Трымайся вызначанай лініі дамаганьня пэўнага працэнту з капіталу, які Беларусь улажыла ў свой час у Ватыкан. Прыпомні добра дэталі гісторыі. Мантыні можа задаць неспадзяваныя пытаньні. Не сьпяшайся й лепш скажы, што ня маеш адказу, чым прыдумваць. Ён будзе добра паінфармаваны ў гісторыі тваёй бацькаўшчыны. Да Папы і кардынала Тыссэранта пойдзеш сам. Памятай, што ўсё залежыць ад Мантыні. Калі ён палічыць законным патрабаваньне стыпэндыяў для нашых студэнтаў, дык візыта да Папы будзе толькі фармальнасьцю.

Я ўсё гэта матаў на вус. Толькі цяпер я поўнасьцю змагу рэалізаваць уклад айца Робэрта ў маю палітычную адукацыю. Ён дапамог мне зразумець ролю Ватыкану ў заходнім сьвеце ды наагул узбагаціў мой інтэлектуальны набытак. Мэдыцына дала мне прафэсыю, айцец Робэрт -- шырэйшае разуменьне гісторыі й сучаснасьці.

Я зь вялікай увагай прыслухоўваўся да парадаў айца Робэрта і ня трывожыўся, хаця ведаў, што нас чакаюць вельмі адказныя выпрабаваньні. Шмат важнейшыя, чым мае спатканьні з прафэсарам Бэннінггофам ды айцом Робэртам. Як прафэсар Бэннінггоф, так і айцец Робэрт спантанна адчулі сымпатыю да нас, беларусаў. На такую спантаннасьць я ня мог разьлічваць у Рыме. Тут прыйдзецца быць сапраўдным дыпляматам, каб пераканаць Ватыкан у ягоным маральным абавязку дапамагчы ўцекачам ад камунізму, нашчадкам слаўнага Княства Літоўскага.

Нарэшце надышоў дзень ад’езду. Пажаданьні посьпеху ад студэнтаў, цёплае разьвітаньне зь Людмілай, і мы па дарозе ў Італію. Падарожжа было вельмі прыемнае. Асаблівае ўражаньне зрабілі на мяне Альпы, Італія, Рым... Рым, які я ўяўляў па аповесьці Гэнрыка Сянкевіча „Quo vadis?”. А ўбачыў і Рым часоў Імпэрыі, сярэднявечны, хрысьціянскі, і Рым Мусаліні, які быў больш набліжаны да старажытнага Рыму...

Памясьціліся мы ў манастыры францысканцаў недалёка ад Forum Romanum. Там нам далі кватэру і сталаваньне. Мы елі разам з манахамі, што дало мне магчымасьць бліжэй пазнаёміцца зь іхнім жыцьцём. На свае вочы ўбачыў надмерную дысцыпліну. Падумалася, хіба што няма арміі, якая магла-б раўняцца з дысцыплінай манастыроў. Магчыма, у гэтым і заключаецца моц Ватыкану. Вялікая армія манахаў, здавалася, -- большая сіла, чым самыя магутныя арміі сьвету.

Мы мелі адзін свабодны дзень перад візытай да мансіньёра Мантыні, міністра замежных спраў Ватыкану (пазьней -- Папы Паўла І), і два дні -- перад прыватнай аўдыенцыяй у Папы Пія ХІІ. Гэты час рашылі выкарыстаць для спатканьня з айцом Татарыновічам і некалькімі студэнтамі з Русікум -- духоўнай сэмінарыі, якая рыхтавала царкоўныя кадры ўсходняга абраду. Айцец Татарыновіч -- ведамы беларускі патрыёта, выдатны беларускі каталіцкі сьвятар. Ён быў нашым неафіцыйным амбасадарам у Ватыкане. Ён першы арганізаваў радыёперадачы з Рыму, накіраваныя на Беларусь. Ягонае слова даходзіла да слухачоў, нягледзячы на інтэнсыўнае забіваньне радыёперадач савецкімі станцыямі глушэньня. Гэта быў адзіны ў той час голас нашага вызвольнага руху. (Праўда, амаль адначасна спадар Сянькевіч наладзіў падобныя перадачы з Мадрыду). Айцец Татарыновіч быў староньнікам лацінскага абраду, і ён непакоіўся магчымасьцямі рэлігійнага супраціву, падобнага да ХВІ стагодзьдзя, часу ўвядзеньня вуніі на Беларусі. Але, з другога боку, ён бачыў украінскую вуніяцкую царкву, якая сталася крыніцай украінскага нацыяналізму ды захавала заходнюю частку Ўкраіны ад расейскіх уплываў. Праваслаўная-ж царква на той час выкарыстоўвалася Расейскай імпэрыяй як інструмэнт русыфікацыі, сьлед якой мы бачым сёньня і на Беларусі, і на Ўкраіне.

Айцец Татарыновіч быў вельмі эмацыянальны сьвятар. Ён адкрыта дзівіўся, як гэта здарылася, што я атрымаў прыватную аўдыенцыю ў Папы.

__ Памятай,__ казаў ён мне,__ як Папа ўвойдзе ў тронную залю, ты мусіш стаць на адно калена. Толькі дыпляматы звольнены ад гэтага рытуалу.

-- Я не магу гаварыць з такой пазыцыі...

-- Папа падасьць табе руку, ты можаш, калі хочаш, пацалаваць пярсьцёнак, а тады ён дасьць знак падняцца.

-- Я магу яго пацалаваць куды хочаце, абы ён даў стыпэндыі нашым студэнтам.

І тут я адразу пашкадаваў свайго жарту. Айцец Татарыновіч назваў яго амаль блюзьнерствам. „Ты павінен памятаць, што ідзеш на спатканьне са Сьвятым Айцом”. Я ўстрымаўся выказваць свае думкі адносна сьвятасьці і хуценька перапрасіў яго. Зноў вярнулася прыязная атмасфэра. Калі айцец Робэрт пазьней запытаў мяне, што такога я сказаў, чаму так востра зарэагаваў айцец Татарыновіч, і я пераказаў яму свае словы, дык ён шчыра сьмяяўся. Відаць, у яго вачох гэта ня было блюзьнерствам. У далейшых гутарках з айцом Татарыновічам я высьцерагаўся выказваць свае меркаваньні, каб яго не абразіць.

У маіх вушох заселі словы айца Робэрта: „Ты ідзеш на спатканьне з палітычнымі лідэрамі, якія маюць уплыў на сусьветны ход падзей”. Паступова ў маёй галаве пачалі фармавацца плян і стратэгія важнай сустрэчы. Пэўне-ж, гісторыя каталіцкай царквы ўсходняга абраду на Беларусі даволі контравэрсыйная. Але калі глянуць на прыклад украінцаў, дык гэтая царква адгарадзіла іх, прынамсі ў Заходняй Украіне, ад прарасейскай праваслаўнай царквы й польскага касьцёлу.

Такая сытуацыя ня зьменіцца, пакуль ня будзе сваёй незалежнай царквы, якая паслужыць нашаму народу. Трэба шмат часу, каб вярнуць давер вернікаў. Царква можа мець вялікі маральны ўплыў на наш народ, але толькі тады, калі яна станецца часткай гэтага народу. Вось гэты матыў падказаў мне пэўную лінію паводзін у гутарцы з Мантыні.

Я атрымаў шмат парадаў і пажаданьняў ад нашых сьвятароў. Яны шчыра перажывалі за мяне ды, можа, у душы зайздросьцілі, што такая „фігура” атрымала нагоду мець прыватную аўдыенцыю ў Папы. Для іх, хіба, такая нагода ніколі ня здарыцца. Дзень мы з айцом Робэртам закончылі вячэрай у італьянскім рэстаране і позна вярнуліся ў манастыр.

Я доўга ня мог заснуць, ды і айцец Робэрт ня спаў. Кожны па-свойму перажываў. Заўтра а 10 гадзіне раніцы візыта да мансіньёра Мантыні! У думках я дыскутаваў з гэтым дасьведчаным дыпляматам, уяўляў розныя сытуацыі.

Нарэшце раніца. Падняліся чуць сьвет. Пасьнедалі з манахамі, ды ўжо не сядзелася. Пайшлі спацыраваць па вуліцах Рыму. Безьлічныя фантаны, манумэнты, катэдры, статуі зрабілі на мяне непазбыўнае ўражаньне. На мамэнт я забыўся, што неўзабаве -- важнае і вельмі адказнае спатканьне. Шпацыр па вуліцах Рыму зусім мяне супакоіў, і я ўжо амаль без хваляваньня ішоў на аўдыенцыю...

Кабінет Мантыні быў, відаць, па-за тэрыторыяй Ватыкану, бо ў мяне не запыталі візы. Увайшлі ў прыёмную -- багатая абстаноўка, выгодныя крэслы. Айцец Робэрт ціха шэпча мне на вуха:

-- Памятай, як штурхану цябе нагой пад сталом, значыць, ты адыходзіш ад тэмы або завостра гаворыш...

Ягоныя словы дадалі мне ўпэўненасьці, што я атрымаю дапамогу, калі яна спатрэбіцца. Нам адвялі 15-20 хвілін часу. За намі была візыта партугальскага амбасадара. „Вось куды я ўлез, любчанская пешка...”.

-- Спадар Рагуля і айцец Робэрт ван Кавэлярт, заходзьце, -- запрасіў манах.

Я глыбока ўздыхнуў. Цяжка апісаць мае пачуцьці. Было страшна, каб не зрабіць памылкі. Ад гэтага-ж можа залежаць лёс нашых студэнтаў! Заходзім у кабінет Мантыні. Ён устаў і ветліва працягнуў мне руку, энэргічны ўціск выяўляў рашучасьць і сілу. Высокі лоб, востры нос, жывыя, здаецца, шэрыя вочы, пагляд не варожы, але й ня цёплы.

-- Сядайце, -- зьвярнуўся ён да нас.

Айцец Робэрт сеў блізка каля мяне, насупраць япіскапа. Блізкасьць айца Робэрта дадала мне адвагі, і я раптоўна адчуў сябе спакойна. У галаве стала ясна.

-- Я крыху арыентуюся ў мэце вашае візыты. Раскажыце пра сябе.

Гэта было вельмі лёгка. Я коратка акрэсьліў гісторыю Беларусі, польскую й савецкую акупацыю, мой арышт, сьмяротны прысуд занішто ды амаль роўнае з цудам вызваленьне. Нямецкая акупацыя. Выезд на Захад. Наш намер здабыць адукацыю, каб надалей больш эфэктыўна змагацца з ворагам людскасьці -- камуністычнай сыстэмай. Я падкрэсьліў глыбокую рэлігійнасьць беларускага народу і ягонае жаданьне быць вольным сябрам суполкі вольных народаў.

Мантыні слухаў вельмі ўважліва, зрэдку перабіваючы кароткімі пытаньнямі.

-- Якія адносіны паміж каталікамі і праваслаўнымі на Беларусі? -- нечакана запытаў ён у мяне.

Я быў упэўнены, што ён сам усё добра ведае, але хоча пачуць мой адказ на гэтае пытаньне.

-- На Беларусі прыблізна 70% праваслаўных, 25% каталікоў, а рэшта -- гэбраі, мусульмане ды пратэстанты. Беларускі народ добра ведамы сваёй талерантнасьцю да іншых веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў. Таму да нас уцякалі гэбраі ад прасьледваньняў у Гішпаніі, пратэстанты з Францыі пасьля Варфаламеевай начы, мусульмане ды ўсе тыя, каго дзе прыцясьнялі за веру ці вольнасьць думкі. Гэтыя ўцекачы асядалі на Беларусі, бо Расея ня прымала іншаверцаў. Асабліва баялася подыхаў свабоды й дэмакратыі.

Япіскап сваімі пытаньнямі пераканаў мяне, што ён добра ведае нашую гісторыю і падзеі, пра якія я гаварыў. Наступіла паўза. Я быў задаволены сабою. Раптам Мантыні падсунуў крэсла бліжэй, глянуў мне проста ў вочы й запытаў:

-- Чым-жа вы можаце растлумачыць той факт, што на Беларусі забівалі ксяндзоў?

Гэтае пытаньне было неспадзяванае для мяне, але я не разгубіўся, прыпомніў, што такія выпадкі былі.

-- Так, мне гэта ведама, Вашая Эксцэленцыя. Былі два выпадкі. Гэта ня робіць нам гонару, але адказнасьць за іхнюю сьмерць ляжыць на вашым сумленьні, Вашая Эксцэленцыя, -- адказаў я даволі спакойна ды чакаю, калі айцец Робэрт будзе мяне штурхаць нагой. Ён гэтыя факты таксама ведаў, але ці не занадта рэзка я гаварыў?

Япіскап Мантыні ўстаў з крэсла і ўзрушаным голасам сказаў:

-- Гэта цяжкое абвінавачаньне. Яно патрабуе тлумачэньня і доказу.

-- Тыя ксяндзы былі забітыя не таму, што яны -- каталіцкія сьвятары, а таму, што яны былі польскімі агэнтамі, якія дзейнічалі супраць беларускай сьведамасьці беларускіх каталікоў. Да Вашага ведама -- на беларускай зямлі каталіцкі касьцёл служыць інтарэсам польскай дзяржавы так, як праваслаўная царква -- расейскаму імпэрыялізму. Тыя сьвятары, высьвечаныя вамі, выконвалі ня хрыстовую місію, а работу польскіх агэнтаў. Гэта сумныя факты, але такія выпадкі не характэрныя для беларусаў. У нас вялікая колькасьць насельніцтва, асабліва зь беларускай інтэлігенцыі, -- мяшаныя сужэнствы. Сыны гадаваліся ў веры бацькі, а дочкі -- у веры маткі. Жылі дружна й расьлі ў хрысьціянскім духу. Гэта сапраўдная талеранцыя, уласьцівая беларускаму народу.

Айцец Робэрт яшчэ ня штурхае, відаць, усё добра. Япіскап Мантыні сеў і задумаўся... Пасьля некалькіх хвілін маўчаньня ён заявіў:

-- Пасьлязаўтра атрымаеце аўдыенцыю ў Папы. Падрыхтуйце мэмарандум, каб яму перадаць, а я вам жадаю посьпеху.

-- Прашу прабачэньня, Ваша Эксцэленцыя, мне вельмі важна ведаць Ваш пагляд на дапамогу нашым студэнтам, нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага, прадзеды якіх унесьлі значны ўклад у скарбніцу Ватыкану. Я перакананы, што калі Вы падтрымаеце маю просьбу наконт стыпэндыяў беларускім студэнтам, Яго Сьвятасьць гляне на гэтую справу больш ласкавым вокам. Калі-ж Вы ня лічыце нашыя дамаганьні справядлівымі, думаю, што будзе шкада часу Ягонай Сьвятасьці займацца гэтай праблемай.

-- Вы што, ня хочаце бачыць Папу? -- запытаў ён мяне.

-- Вельмі хачу і вельмі спадзяюся на Вашую дапамогу.

Зноў хвіліны маўчаньня... Мне здаліся яны гадзінамі...

-- Добра, -- адказаў япіскап Мантыні, -- але патрэбна яшчэ згода кардынала Тыссэранта, які сам належыць да ўсходняга абраду і зьяўляецца таксама дэканам Калегіі кардыналаў... Я зараз затэлефаную і дамоўлюся пра спатканьне зь ім.

Я ўздыхнуў лягчэй. Адчуў руку айца Робэрта на сваёй, ягоны моцны поціск. У ягоных вачох я бачыў радасьць. Здаецца, усё ідзе добра. Празь некалькі хвілін япіскап Мантыні сказаў:

-- Заўтра а 10 гадзіне раніцы вас прыме кардынал Тыссэрант.

Мантыні хутка ўстаў, паціснуў энэргічна мне руку ды пажадаў посьпеху.

Наша размова цягнулася больш за гадзіну. Партугальскі амбасадар чакаў у прыёмнай. Мне хацелася бегчы, крычаць аб посьпеху, але я стрымліваўся так доўга, аж пакуль мы не апынуліся на вуліцы, дзе айцец Робэрт чуць не паламаў мне рэбры сваімі мядзьведжымі абдымкамі...

У той самы вечар я спаткаўся з айцом Татарыновічам, каб паінфармаваць яго аб візыце да Мантыні. Айцец Татарыновіч лічыў: тое, што адбылося, -- вялікае дасягненьне. Ён мне расказаў крыху больш пра кардынала Тыссэранта. Я зноў рыхтаваўся да наступнага кроку, але ўжо з большай верай у магчымы посьпех...

Назаўтра задоўга да прызначанага часу я сядзеў у пачакальні кардынала. Дакладна ў дзесяць увайшоў ягоны сакратар.

-- Кардынал гатовы вас прыняць, -- сказаў ён па-французску.

Заходжу. Кардынал устаў і пайшоў насустрач. Высокі, з доўгай сівой, добра дагледжанай барадою. Прыязны пагляд яго вачэй, цёплы поціск рукі, здаецца, гаварылі мне, што ўсё будзе добра. Ён больш цікавіўся студэнтамі, на якіх факультэтах яны вучацца, якая надзея на іхні будучы ўплыў на Беларусі, калі такая гістарычная нагода выпадзе. Візыта працягнулася, можа, 20 ці 30 хвілін.

-- Заўтра вы пабачыце Яго Сьвятасьць. „адаю вам посьпеху. Я, з майго боку, пастараюся вам дапамагчы.

Мне здалося, што ён мяне палюбіў. Я адчуў вялікую сымпатыю, нейкае цяпло. Калі Мантыні рабіў уражаньне дыплямата, у Тыссэранце ўбачылася мне нешта бацькоўскае.

Айцец Робэрт чакаў мяне ў манастыры. Я хутка пераказаў яму размову з Тыссэрантам.

-- Барыс, візыта ў Папы -- гэта толькі фармальнасьць. Вось тут я падрыхтаваў мэмарандум, прачытай і, калі згодны, мы яго аформім, а ты падпішаш.

Мэмарандум был кароткі, аднак вельмі зьмястоўны. Я ня мог нічога да яго дадаць.

-- Барыс, сёньня мы павінны адсьвяткаваць наш посьпех. Вечарам пойдзем у бібліятэку.

Я ня мог схаваць расчараваньня, якое адбілася на маім твары. Бібліятэка!? Якое там можа быць сьвяткаваньне?! Але, убачыўшы радаснае нецярпеньне ў вачох айца Робэрта, я хутка згадзіўся.

Вечарам, дзесьці каля 9 гадзін, мы пакінулі манастыр. Падышлі да нейкага старога будынку. Вузкі праход. Сьцены абкладзены цёмнай цэглай. Здавалася, са столі капае вада. Пахла вохкасьцю. Мусіць, нейкая даўнейшая бібліятэка, можа, будзе цікава? Заходзім у слаба асьветленую залю. Бачу на сьценах рады нібы кніжак. Сядаем за стол, накрыты, як у рэстаране... Падыходзіць да нас малады чалавек. Мне ён выдаўся кельнэрам, а не бібліятэкарам. Айцец Робэрт заказвае па-італьянску:

-- Першы том Lakryma Chrysti (сьлязы Хрыста).

Я ўсё яшчэ стараюся скумекаць, што тут робіцца... Зноў падыходзіць той самы малады чалавек, запальвае сьвечкі, ставіць на стол кілішкі ды адкрывае „Першы том Lakryma Chrysti”. Айцец Робэрт падняў кілішак:

-- За посьпех нашае місіі!

Раптам асьвятлілася заля, на сцэну выйшаў артыст, прывітаў гасьцей. Аказваецца, я трапіў у начны клюб, які называецца „Бібліятэка”. Толькі цяпер я заўважыў, што мой айцец схаваў белы каўнерык і выглядаў зусім як ўсе іншыя.

-- Бачыш, Барыс, сюды нам няможна хадзіць, але гэта прыстойны клюб, і нічога грэшнага няма яго наведаць.

Праграма была цікавая і на высокім мастацкім узроўні. Песьні, танцы, жарты, якіх я не разумеў, але сьмяяўся, захоплены шчырым сьмехам айца Робэрта. Апоўначы вярнуліся ў манастыр. Айцец Робэрт нешта доўга тлумачыў манаху пры дзьвярах. Відаць, мы парушылі правілы манастыра, але, паколькі я ня быў духоўнай асобай, гэта нам даравалася...

Новы дзень, новыя ўражаньні...

Раніца. 11 гадзін. Аўдыенцыя ў Папы Пія ХІІ. Нам прапанавалі быць пры ўваходзе да Ватыкану ў 9.30. Мы зьявіліся своечасова. У дзьвярах спаткаў нас валем (швэйцарская стража). Тут айцец Робэрт разьвітаўся, сказаў, што будзе чакаць мяне каля Базылікі сьв. Пятра.

-- Вашыя дакумэнты! -- афіцыйна зьвярнуўся да мяне вартавы.

Я паказаў пашпарт з ватыканскай візай.

-- На якой мове хочаце гаварыць зь Яго Сьвятасьцю? -- запытаў ён мяне.

-- А на якой мове Яго Сьвятасьць гаворыць?

-- Вы маеце выбар, -- сказаў валем. -- Яго Сьвятасьць гаворыць на розных мовах.

-- Па-французску, -- вырашыў я.

-- Чакайце тут.

Праз хвіліну прыходзіць іншы служка.

-- Ідзеце за мной, -- гаворыць па-французску.

Я іду. З адной залі ў другую, ды кожная багацейшая... Вось тут тронная заля, дзе Папа прымае наведнікаў. У мяне заняло дух, калі я ўбачыў багацьце гэтага памяшканьня. Падумалася мне, ці ангельскі кароль можа параўняцца багацьцем з Ватыканам? У залі стаяла дванаццаць швайцарскіх гвардзейцаў (ці як іх назваць) са старажытнымі галябардамі. Пры сьцяне -- вялікі трон, пакрыты шкарлатовым аксамітам. Міжвольна прамільгнула думка, ці трэба гэта Богу? Напэўна, не майму Богу...

Нарэшце я пачуў каманду, і галебардзісты сталі „на зважай”. Здалёк я ўбачыў Папу ў белай сутане. Высокі. Твар здаваўся бледны. Выглядаў, як Хрыстос на іконах. Ён прайшоў каля швайцарскай варты, як генэрал у арміі, і падышоў да мяне. Я стаў на адно калена. Папа працягнуў руку. Белая, далікатная, шляхетная рука. На пальцы вялікі пярсьцёнак. Я нагнуўся й лёгка даткнуўся да яго вуснамі. Папа зараз-жа даў знак мне падняцца і запытаў, зь якой справай я прыйшоў да яго. Я помніў, што мне далі толькі 5 хвілін часу! Коратка і зьмястоўна сфармуляваў праблему нашых студэнтаў як ахвяраў бязбожніцкага камунізму і прасіў ягонай дапамогі. Папа задаў мне некалькі пытаньняў, дакладна не магу прыпомніць якіх, і сказаў:

-- Я буду маліцца за вашую хрысьціянскую бацькаўшчыну й за вашых студэнтаў.

І тут я зусім нечакана для сябе сказаў:

-- Ваша Сьвятасьць, калі ўключыце ў вашыя малітвы стыпэндыі для нашых студэнтаў, гэтага ані мы, ані наш народ ніколі не забудзем!

Кардынал, які стаяў побач з Папай і якому я перадаў мэмарандум, глянуў ня мяне, здалося, зьнішчальным паглядам. Я зразумеў, што, відаць, сказаў нешта лішняе, але ўжо сказаў...

Аўдыенцыя закончылася, і я ня памятаю, як апынуўся каля базылікі сьв. Пятра, дзе мяне чакаў айцец Робэрт. Калі я расказаў яму пра аўдыенцыю ды пра маю заўвагу, ён мяне суцешыў, заўважыўшы, што мая шчырасьць магла зрабіць большае ўражаньне на Папу, чым дыпляматычная гутарка.

Празь некалькі дзён вярнуліся мы ў Лювэн. Тры тыдні пазьней віцэ-рэктар Лювэнскага Ўнівэрсытэту мансіньёр Літт заявіў, што папскі нунцый у Бэльгіі паведаміў: нам прызначана 10 стыпэндыяў. Гэта была радасная вестка, і я расказаў яму, што мы маем намер прыцягнуць у Лювэн большую колькасць студэнтаў. Я меў на ўвазе „Дванаццатку”, добра ведамую беларускаму грамадству на эміграцыі. Віцэ-рэктар пацікавіўся маімі візытамі да Папы, Мантыні і кардынала Тыссэранта. Калі я ўсхвалявана пераказаў усе размовы, ён запытаў:

-- Спадар Рагуля, чаму вы пайшлі на мэдычны факультэт, вам больш падышло-б права!

Я палічыў гэта за камплімэнт ды падзякаваў яму.

-- Які працэнт вашых студэнтаў, думаеце вы, дасьць пазытыўны плён і апраўдае вашыя спадзяваньні?

-- Калі дзесяць працэнтаў апраўдаюць мае надзеі, дык я лічу, што высілкі аплаціліся на сто працэнтаў.

Як пазьней аказалася, шмат большы працэнт былых лювэнцаў апраўдаў надзеі нашага грамадства.

Пляны былі гатовыя... Візы атрымалі, і 13 сакавіка 1950 году прыехала з Англіі „Дванаццатка”. У Лювэне пачаўся новы этап студэнцкага жыцьця.

„Зь Вялібрытаніяй мы разьвіталіся 13 сакавіка 1950 году, бо надарылася магчымасьць працягваць далейшае навучаньне ў Бэльгіі -- у Лювэнскім (тады яшчэ адзіным Каталіцкім) Унівэрсытэце. Хоць я марыў стацца архітэктарам, але, як і мой сябра Янка Запруднік, падаўся ў гісторыю і запісаўся на факультэт філясофіі.

Шкада, што з той нашай „Дванаццаткі” ў Лювэн не змаглі прыехаць тры іншыя добрыя хлопцы: Алесь Бута, Піліп Дзяхцяр і Леанід Швайчук. Яны яшчэ ня мелі сярэдняй адукацыі. Пасьля нашага выезду зь Вялікабрытаніі Піліп Дзяхцяр неўзабаве павесіўся”. (З успамінаў Павала Ўрбана)

„Як кіравалася й жыла група нашых студэнтаў, пакуль прыехала „Дванаццатка” з Англіі, --успамінае Васіль Шчэцька, -- добра ня ведаю. „Дванаццатка” прыехала (і я зь ёю) 13 сакавіка 1950 году. У доме на Пляцы Гувэра нумар 8 нас вельмі цёпла спаткалі студэнты, што ўжо вучыліся ў Лювэне, і апякун групы айцец Робэрт. Некаторыя з нас пасялілася тут-жа ў доме, а частка -- на прыватных кватэрах.

Вось прозьвішчы студэнтаў, да якіх мы далучыліся:

1. Арэшка Аляксей

2. Харытончык Вольга

3. Кіпель Вітаўт

4. Лазанаў Аляксандар

5. Лызлаў Юрка

6. Набагез Уладзімер

7. Рагуля Барыс

8. Рагуля Людміла

9. Рамук Вітаўт

10. Савёнак Зора

11. Вініцкі Лявон

12. Занковіч Анатоль (быў у санаторыі -- Eupen)

13. „алязоўская Зоя

14. Жылік Міхась

15. Жытко Янка

Былі ў Лювэне да нас іншыя студэнты, якія пасьля выехалі:

1. Арэхва Аркадзь

2. Родзька Галіна

3. Рыжы-Рыскі Уладыслаў

Дзевяць з „Дванаццаткі” былі:

1. Цьвірка Ўладзімер

2. Дзімітрук Павел

3. Карась Леанід

4. Марговіч Алесь

5. Шчэцька Васіль

6. Урбан Павал

7. Вострыкаў Міхась

8. Запруднік Янка

9. Жучка Янка

Сакавік ня быў пачаткам новага сэмэстру на ўнівэрсытэце, таму ўвесь час мы прысьвяцілі вывучэньню французскай мовы. Да пачатку новага акадэмічнага году (кастрычнік) заставалася пяць месяцаў. Вучылі французскую мову з кружэлак на патэфоне і да іх мелі кніжкі (слова ў слова).

Чатырох з нас былі пасланыя на месячны адпачынак у Chalet International des Etudiants u Combloux (Францыя, недалёка ад Chamonix, Mont Blanc): Цьвірка, Марговіч, Шчэцька, Запруднік. Там аказалася бальшыня французскіх студэнтаў, а таксама адзінкі з розных кранаў. Гэта была цікавая паездка і для мовы, і для знаёмства з краінай, і для кантактаў зь іншымі студэнтамі.

У той час дзейнічала ўжо Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ўЛювэне, і старшынёй быў Барыс Рагуля. БСЗ фактычна заснавалася ў 1949 годзе. Яно пачало існаваць у ня вельмі спрыяльных матэрыяльных абставінах. Але з часам, дзякуючы прэзыдэнту Міколу Абрамчыку, калегу Барысу Рагулю ды іншым сябрам, БСЗ пачало мацнець.

У 1950 годзе Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне лічыла 31 сябра. Дзякуючы айцу Робэрту БСЗ знаходзілася ў добрым матэрыяльным стане. Стараньнямі Згуртаваньня ў чэрвені 1950 году ўдалося перавезьці зь Нямеччыны кампазытара прафэсара Міколу Равенскага ды пачаць працу Ансамблю беларускае народнае песьні.

На агульным сходзе сяброў Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня 17 лістапада 1950 году быў выбраны наступны склад ураду БСЗ: Міхась Жылік -- старшыня, Чэслаў Кукель -- заступнік, Васіль Шчэцька -- сакратар, Уладзімер Цьвірка -- скарбнік, Янка Запруднік -- сябра. Далей, штогоду, выбіраўся новы склад ураду БСЗ. Увосень 1950 году прыехала шмат новых кандыдатаў студыяваць, прыязджалі яны і дапаўнялі нашыя групы і ў наступныя гады”.(З успамінаў Васіля Шчэцькі)

„Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Лювэне, -- гаворыць Вітаўт Кіпель, -- было асноўнай арганізацыяй студэнтаў, якая кіравала студэнцкім грамадскім жыцьцём. Я пару гадоў уваходзіў ва ўрад і гэтае арганізацыі, хоць большасьць часу мае грамадскай дзейнасьці праходзіла па-за межамі Студэнцкага Згуртаваньня. Безь перабольшаньня можна сьцьвярджаць, што Беларускі студэнцкі хор займаў у нашым жыцьці найбольш часу. Апрача хору, мы ўдзельнічалі ў шмат якіх міжнацыянальных імпрэзах, палітычных дэбатах. Часта хадзілі на сходы студэнтаў іншых нацыянальнасьцяў: добрыя кантакты былі зь немцамі, французамі, галяндцамі. У 1952-1953 гадох мы арганізавалі сыстэматычныя курсы беларусаведы для студэнтаў, было прачытана каля 20 лекцыяў. Трэба памятаць, што й беларускае студэнцтва ня было аднаўзроўневае пад гледжаньнем ведаў пра Беларусь. Былі сярод нас і такія, што ніколі ў беларускай школе ня вучыліся, і мэтай такіх курсаў было якраз даць асноўныя веды зь беларусікі”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

„З пачаткам 1950-1951 навучальнага году жыцьцё беларускіх студэнтаў у Лювэне было даволі ажыўленае. Студэнты-пачаткоўцы стараліся добра сябе зарэкамэндаваць, а старэйшыя лічылі сваім абавязкам быць прыкладам і ставіліся да малодшых вельмі па-сяброўску. Калі гаварыць аб грамадскай працы, дык нашы студэнты ў Лювэне бралі актыўны ўдзел у грамадскім і нацыянальным беларускім руху. Яны кіравалі Саюзам Беларусаў Бэльгіі, Згуртаваньнем беларускіх камбатантаў ды іншымі беларускімі арганізацыямі, што лучыліся зь беларускімі лювэнцамі. Рэпрэзэнтавалі беларусаў і Беларусь дзе толькі маглі. Зразумела, націск быў на незалежнасьць Беларусі ад Польшчы і Расеі”.(З успамінаў Васіля Шчэцькі)

„Калі ў Беларускім Студэнцкім Згуртаваньні даводзілася працаваць і плянаваць для студэнцкае грамады і працаўнікоў хапала, дык ня ўсё ішло гладка ў працы Саюзу Беларусаў Бэльгіі -- найбольшай грамадскай арганізацыі бэльгійскіх беларусаў. Тут працаўнікоў не заўсёды ставала. Я ўключыўся ў працу Саюзу Беларусаў Бэльгіі хутка па прыезьдзе ў Бэльгію, увайшоў ва ўрад гэтае арганізацыі ды на працягу 5-6 гадоў працы займаў розныя становішчы, доўгі час быў заступнікам старшыні.

Праца ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі займала вельмі шмат часу. Справа ў тым, што ў 1948-1949 гадох у беларускіх работнікаў, якія прыехалі ў Бэльгію ў 1947 годзе, заканчваліся кантракты. Шмат хто з работнікаў хацеў перамяніць працу, выехаць з Бэльгіі -- трэба было дапамагаць, хадзіць па ўстановах, запаўняць фармуляры і г. д. Цімала было працы і ў дачыненьнях з сындыкатамі -- дамагацца розных дапамогаў, аплатаў за прапушчаныя тэрміны працы, за павышэньне кваліфікацыі... Адным словам, занятасьць у Саюзе Беларусаў Бэльгіі была штодзённая, карпатлівая і, часта, аб’ёмістая.

Да таго-ж мы разгарнулі шырокую культурніцка-асьветна-палітычную працу сярод работнікаў. Ладзілі культурныя вечары, міні-канцэрты, сустрэчы. Варта мець на ўвазе, што праца ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі адбывалася па-за Лювэнам. Прыходзілася разьязджаць, пры гэтым вельмі часта ня толькі ў свабодныя ад вучобы дні. Залагоджваньне-ж усякіх адміністрацыйных справаў адбывалася ў буднія дні, а гэта азначала, што часта прыходзілася прапушчаць заняткі. Ну, але неяк ішло. Я ў гэтай дзялянцы чуўся вельмі добра і, бадай, ня было ў Бэльгіі шахты-асяродку, дзе мне не давялося працаваць з работнікамі. Адной зь дзялянак працы ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі было таксама ладжаньне курсаў беларускае мовы для дзяцей беларускіх работнікаў.

Відавочна, што ў нас, студэнтаў, склаўся выдатны каляктыў для працы ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі, мы таксама вельмі пасьпяхова супрацоўнічалі з Аўгенам Смаршчком, колькігадовым кіраўніком Саюзу Беларусаў Бэльгіі. Дарэчы, я асабіста дапамагаў айцу Аўгену ў наладжваньні царкоўных службаў амаль ва ўсіх большых прамысловых асяродках: Монсе, Шарлеруа, Льежы, Лімбургу. Падчас працы ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі мы, бадай ці не ўпяршыню, сустрэліся лоб у лоб з савецкай прапагандай, скіраванай супраць нас. Былі гэта прасавецкія „ячэйкі” розных патрыётаў (у Бэльгіі па вайне асела цімала беларускіх дзяўчатаў, якія павыходзілі замуж за бэльгійцаў), што адкрыта вялі супрацьбеларускую прапаганду. Асабліва дзейныя антыбеларускія групы былі ў гарадох Антвэрпэне, Брусэлі і Вэрвіе. Але... як-бы там ні было -- бо ўвесь час трэба было мець на ўвазе, што ў канцы году трэба здаваць экзамены, -- праца ў Саюзе Беларусаў Бэльгіі была цікавая і давала маральнае задавальненьне”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Дзейнасьць студэнцкіх арганізацыяў у Бэльгіі атрымала прызнаньне грамадскасьці:

„Беларускія студэнты ў Бэльгіі ня толькі паглыбляюць свае веды, але, акрамя грамадскай працы паміж беларускімі работнікамі, таксама выконваюць ролю нашых прапагандыстаў на Захадзе. Місію амбасадараў Беларусі нясуць гэтыя студэнты годна на бэльгійскай тэрыторыі. З глыбіні ўдзячнага сэрца трэба жадаць беларускаму студэнцкаму цэнтру ў Бэльгіі як найлепшых посьпехаў у гэтай для нашай культуры вялікай працы. Дык дапамажы ім, Божа!” („Бацькаўшчына”, 25 сьнежня 1951)

„Пры ўсёй занятасьці рознымі справамі, нягледзячы на досыць спартанскі спосаб жыцьця, -- найчасьцей мы жылі па двух-трох у пакоі, усё было рэглямэнтавана, усё было супольнае, -- заставаўся час і на прыватнае жыцьцё, -- працягвае Вітаўт Кіпель. -- Кожны з нас атрымліваў дзьвесьце бэльгійскіх франкаў кішанковых грошай на месяц. З гэтае сумы трэба было забясьпечваць свае прыватныя патрэбы. Праўда, амаль кожны студэнт падрабляў нейкую капейчыну. Напачатку гэта былі падработкі на некваліфікаваных працах -- у рэстаранах, на фабрыках, а потым падработкі трапляліся й лепшыя. У маім выпадку -- я даваў рэпэтыцыі з крысталаграфіі, мінэралёгіі, рабіў шмат перакладаў з расейскае мовы ў французскую. А потым прыйшлі і зусім нядрэнныя заробкі: на трэцім-чацьвертым годзе даводзілася рабіць карты кар’ераў, старых шахтаў, бо ўласьнікі прадавалі зямлю.

У асабістым пляне -- шмат студэнтаў мелі „сваіх дзяўчатаў”, той-сёй „гуляў” з бэльгійкамі, плянавалі будучыню. Я, вядома, сябраваў з Зорай Савёнак, маёй сяброўкай яшчэ зь юнацкіх гадоў. Тут мы заручыліся й вырашылі жаніцца, калі закончым навуку. У Лювэне было 7 кінатэатраў, амэрыканскія-ж фільмы былі ў зэніце! Але мы з Зорай штотыдня езьдзілі ў тэатр. У Брусэлі іх былі дзясяткі, а мы абое зь дзяцінства тэатр вельмі любілі, дык у Брусэлі, думаю, мала прапусьцілі прэм’ераў, асабліва тэатру французскага. У тым самым часе мы з Зорай пачалі зьбіраць сваю бібліятэку: таксама штотыдня езьдзілі ў кнігарню „Цэлы Сьвет”, куплялі амаль усё, што было там беларускага, а потым яшчэ доўга-доўга лазілі па кнігарнях букіністаў.

Былі ў нас блізкія кантакты з бэльгійцамі: шмат з кім зь іх трымалі лучнасьць і ў Амэрыцы, а з аднэй нашай сяброўкай Анітай Мюнд сустрэліся ў ЗША ў той дзень, калі Зора сабралася ў шпіталь (раджалася дачка). Аніта з намі не парывала сувязі і пазьней”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

„Калі ўдалося стварыць Камітэт дапамогі беларускім студэнтам, беларуская група пачала расьці й выходзіць на адно зь першых мейсцаў сярод чужынцаў у Лювэне.

Камітэт дапамогі беларускім студэнтам стварыўся ў 1949 годзе пры ўдзеле ўнівэрсытэцкіх аўтарытэтаў. Узначальваў Камітэт прафэсар Дэніс (Denis), у ягоны склад увайшлі айцец Робэрт ван Кавэлярт (Robert van Cauwelaert) , айцец Аерт (Aerts), Міль дэ Ляўніс (Mile De Wael), Міль дэ Вэл (Міле Де Шаел). Апошнія тры кіравалі рэлігійнымі справамі альбо студэнцкімі інтэрнатамі, займаліся адміністрацыяй. Прафэсар Дэніс выкладаў гісторыю мастацтва. Айцец Робэрт быў ігуменам невялікай групы студэнтаў-каталікоў усходняга абраду бэнэдыктынаў. Найважнейшай асобай для нашых студэнтаў быў айцец Робэрт, непасрэдны апякун нашай групы. Высокаадукаваны чалавек, энэргічны па натуры, флямандскі патрыёт, ён лёгка й хутка знаёміўся зь людзьмі. Сям’я Van Cauwelaert’аў была ведамая бэльгійскаму грамадству, а дзядзька айца Робэрта быў прэзыдэнтам Бэльгійскага Сойму. Айцец Робэрт, як флямандзец, хутка зарыентаваўся ў нашых палітычных імкненьнях. Фляндрыя знаходзілася ў падобным гістарычным становішчы адносна Францыі і Галяндыі, як Беларусь адносна Польшчы і Расеі. І ён нам ад душы спрыяў.

Вось, дзякуючы дапамозе айца Робэрта нашай групе, знаёмствам з бэльгійскімі коламі ды з аўтарытэтамі каталіцкай царквы наагул, -- ён змог забясьпечыць беларускім студэнтам ў Лювэне матэрыяльнае ўтрыманьне і ўладкаваньне на ўнівэрсытэт, каб здабыць асьвету. Ён нас падтрымліваў і натхняў, каб мы як найлепш і як найшчырэй паказалі Захаду Беларусь і ейныя імкненьні”. (З успамінаў Васіля Шчэцькі)

Менавіта тады мы даведаліся, што чалавек, які мог дапамагчы нам ажыцьцявіць гэтыя задачы, марнуецца ў Нямеччыне -- гэта ведамы кампазытар Мікола Равенскі... Яго пераезд залежаў ад вырашэньня матэрыяльных праблем. Мы ня мелі ніякіх дадатковых фондаў, каб забясьпечыць яго. Студэнты, аднак, ахвотна запрапанавалі падзяліцца сваімі сьціплымі сродкамі і прыняць Міколу Равенскага ў нашую студэнцкую сям’ю. Яго прыезд запачаткаваў новы напрамак дзейнасьці студэнтаў Лювэну, як відаць з успамінаў Вітаўта Кіпеля і Васіля Шчэцькі.

„Зь верасьня 1950 году прафэсар Равенскі пачаў сур’ёзна працаваць са студэнцкім хорам. Таксама была арганізавана група беларускіх народных танцаў -- 4 пары. У Ансамбаль беларускіх студэнтаў уваходзілі:

1. Арэшка Аляксей

2. Арцюх Мікола

3. Цьвірка Ўладзімер

4. Дзімітрук Павел

5. Карась Леанід

6. Кукель Чэслаў

7. Лазанаў Аляксандар

8. Мак Станіслаў

9.Марговіч Алесь

10. Набагез Уладзімер

11. Шчэцька Васіль

12. Сянькоўскі Юрка

13. Урбан Павал

14. Запруднік Янка

15. Жучка Янка

16. Кіпель Вітаўт

Танцавальная група:

1. Мак Станіслаў 1. Харытончык Ольга

2. Шчэцька Васіль 2. Савёнак Зора

3. Урбан Павал 3. Аўсей Інна

4. Запруднік Янка 4. Родзька Таня

5. Жучка Янка 5. Бэльгійскія дзяўчаты

Хор меў сьпеўкі кожны вечар ад панядзелку да пятніцы. Салістамі Ансамблю былі Ўладзімер Цьвірка, Юры Сянькоўскі і Людміла Рагуля. Яна-ж выступала часам і ў праграме Ансамблю, дзе пела сола беларускія народныя песьні. Валодзя Набагез выконваў беларускія рамансы.

Кіраваў хорам прафэсар Мікола Равенскі. Юрка Лызлаў акампанаваў хору на піяніна ды іграў для народных танцаў. Пазьней, з адыходам у 1953 годзе прафэсара Равенскага, хор узначаліў Кастусь Кіслы. Калегу Лызлава пазьней замяняў кампазытар Алесь Карповіч. Часам з хорам выступаў наш ведамы бас Пётра Конюх.

З прыездам кампазытара Міколы Равенскага ў чэрвені 1950, арганізацыяй Ансамблю беларускіх студэнтаў у Лювэне, узросшым майстэрствам сьпевакоў і танцораў беларускай нацыянальнай рэпрэзэнтацыі быў адчынены шырокі шлях да дзеяньня.

Першы канцэрт адбыўся 18 сьнежаня 1950 году ў Grande Rotonde, на ўнівэрсытэце. Нават першы канцэрт удаўся, дзякуючы настойлівай працы прафэсара Равенскага, паважным адносінам да абавязкаў усіх выканаўцаў, непасрэднай падтрымцы нашага апякуна айца Робэрта, энтузыязму калегі Барыса Рагулі... Ансамбаль беларускіх студэнтаў у Лювэне каля пяці гадоў з годнасьцю прадстаўляў Беларушчыну ва ўнівэрсытэце, у Бэльгіі наагул, у Францыі, Ангельшчыне й Нямеччыне”. (З успамінаў Васіля Шчэцькі)

„Мікола Равенскі прыехаў у Лювэн у сярэдзіне 1950 году, калі там ужо дзейнічала ладная сцэмэнтаваная грамада беларускіх студэнтаў. Ясна, што наш пабыт у Лювэне вызначаўся асноўным заданьнем -- здабыць вышэйшую адукацыю. Але грамадскія патрэбы, вонкавая палітычная праца, накіраваная як на арганізацыю беларускіх работнікаў, так і на рэпрэзэнтацыю Беларусі, займалі таксама важнае мейсца. Каб больш удала рэпрэзэнтаваць Беларусь навонкі, студэнты вырашылі арганізаваць хор і запрасіць кіраўніком кампазытара Равенскага. Хутка па прыезьдзе ў Бэльгію Мікола Равенскі пачаў сьпеўкі з тымі, хто ў часе летніх канікулаў быў у Лювэне. З восені-ж 1950 году пачалася сталая праца -- раз ці два разы на тыдзень адбываліся агульныя сьпеўкі, а ў іншыя дні -- рэпэтыцыі з паасобнымі партыямі, заняткі з салістамі, лекцыі -- практыка гармоніі, ігра на розных інструмэнтах. Быў арганізаваны таксама царкоўны хор.

Калі жыцьцё й дзейнасьць бальшыні студэнтаў у Лювэне былі досыць напружаныя й поўныя, дык поўным і працавітым было таксама жыцьцё спадара Равенскага. Сьвецкі хор часта выязджаў з канцэртамі, мы выступалі ў Льежы, Брусэлі, вугальным басэйне Лімбургу. Езьдзілі з канцэртамі ў Парыж, Ліль. З салістамі кампазытар Равенскі часта выязджаў на канцэрты для беларускіх работнікаў.

Доўгі час я займаў у Саюзе Беларусаў Бэльгіі пасаду заступніка старшыні, і ў мой абавязак уваходзіла якраз арганізацыя сьвяткаваньняў, лекцыяў, канцэртаў на правінцыі, і заўсёды нам у правядзеньні розных імпрэзаў дапамагаў спадар Равенскі. Сьвецкі хор выступаў у гарадох Мэхэльне, Лювэне, Намюры, Брусэлі, Монсе, а царкоўны хор штогоду браў удзел у Тыдні Хрысьціянскае Еднасьці ў Брусэлі, Генце.

Аднак, апрача творчай, прафэсійнай, грамадскае дзейнасьці, і прыватнае жыцьцё Міколы Равенскага было вельмі насычанае. Часта да яго ў госьці прыязджаў кампазытар Алесь Карповіч зь Нямеччыны. Равенскі са студэнтамі наведваў музэі, мастацкія галерэі. Некалькі разоў мы зь ім зьведалі Антвэрпэн і мясьціны, зьвязаныя з творчасьцю Рубэнса і іншых флямандскіх мастакоў і дзеячаў культуры. Наведалі амаль усе музэі і Брусэлю, ды асабліва спадабаўся музэй Бэльгійскага Конга, які тады знаходзіўся паміж Брусэлем і Лювэнам у гарадку Тэрвюрэн. Любіў Мікола Равенскі бываць і на прыродзе: мы пабывалі ў Ардэнах, Дынанце, Бастоні. Любіў хадзіць у кіно, на розныя канцэрты. Бываў частым госьцем і беларускіх работнікаў у Шарлеруа, Монсе, Гасэльце.

Асабліва-ж актыўны ў лювэнскім пэрыядзе спадара Равенскага выдаўся час, калі ягоны хор запісваў песьні на кружэлкі. Было нялёгка: кампазытар чуўся хворым, перанёс апэрацыю (у Равенскага выявілі рак лімфатычнае сыстэмы), сушыла горла, а езьдзіць на студыю ў Брусэль зь Лювэну (26 км) прыходзілася некалькі разоў на тыдзень. Перашкаджалі непаладкі ў раскладах -- ня ўсе сьпевакі маглі адлучацца, бо-ж была і адказная навучальная праграма, трэба было рыхтавацца да залікаў. Аднак усе разумелі: выдаць кружэлкі -- нацыянальны абавязак. І працу зрабілі. Кружэлкі са сьвецкімі песьнямі і царкоўнымі напевамі былі выдадзеныя. На вялікі жаль, творца, рухавік гэтага ўсяго працэсу, Лірнік Краіны Ветлай, як назваў кампазытара Равенскага ягоны блізкі доўгагадовы сябра прафэсар Антон Адамовіч, ужо ня мог убачыць вынікаў свае працы. У сакавіку 1953 году Мікалай Равенскі памёр. Мы з Зорай былі апошнія наведнікі яго ў шпіталі. Для студэнцкае грамады ў Лювэне насталі жалобныя, сумныя дні. Пахавалі Міколу Равенскага ў Лювэне. На ягонай магіле стаіць помнік работы скульптара Міхася Наўмовіча.

Наперадзе былі заплянаваныя выступы, патрэбен быў кіраўнік. На нейкі час выручыў спадар Алесь Карповіч, а з часам кіраўніцтва хорам прыняў спадар Кастусь Кіслы. Па сьмерці спадара Равенскага ягоны хор даваў яшчэ канцэрты ў Ангельшчыне, Нямеччыне ды на міжнародным фэстывалі ў Брусэлі, за што хор адзначылі ўзнагародай. Вялікую ролю ў прапагандзе беларускай музыкі мелі кружэлкі з запісамі рэпертуару хору. Трэба мець на ўвазе, што айчынная прадукцыя беларускіх кружэлак, калі ў тым часе і была, дык у Эўропе яе ня ведалі, і толькі кружэлкі хору Равенскага знаёмілі з беларускай музыкай і песьняй. Мне давялося бачыць нашы лювэнскія кружэлкі ў шмат якіх музычных установах Заходняй Эўропы. Я таксама дакладна ведаю, што трапілі тыя запісы і ў Бэльгійскае Конга, і Анголу. Шмат кружэлак набылі беларускія эмігранты.

Але ня толькі ўспаміны, гымн „Магутны Божа”, „Скаўцкая малітва”, „Гымн Ваўчанятаў” і іншыя песьні ды кружэлкі засталіся ў спадчыну па Міколу Равенскім. Інтэнсыўна ён рыхтаваў (а закончылі ўжо ягоныя вучні) сьпеўнік сьвецкіх песьняў, які з прычыны тэхнічных цяжкасьцей ня быў у тым часе выдрукаваны, але старанна перахоўваўся былымі ўдзельнікамі Ансамблю беларускіх студэнтаў Уладзімерам Цьвіркам, Васілём Шчэцькам, Уладзімерам Бакуновічам, Янкам Жучкам і, дзякуючы былому лювэнцу, паэту й навукоўцу доктару Янку Запрудніку, трапіў у архіў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк). Рэлігійная-ж спадчына сьв. пам. Міколы Равенскага сабрана спадаром Гаем Пікардам у Лёндане”. (З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Сам Мікола Равенскі зь цяплынёй і ўдзячнасьцю гаварыў пра жыцьцё ў Брусэлі і магчымасьцях плённай творчай дзейнасьці: „Шчасьлівыя-ж тыя людзі, якія разьвязаліся зь лягерным жыцьцём, а хто-ж яшчэ там застаўся, адчувае сябе дрэннавата ня толькі ў адносінах забесьпячэньня, а і наагул -- сумна.

У катэгорыю шчасьлівых далучаю й сябе. Пераездам у Бэльгію цалкам задаволены, бо такіх умоваў, якімі тут карыстаюся, я ўпэўнены, не знайшоў-бы ні ў адной іншай краіне. Галоўнае-ж -- тое, што працую па фаху і да гэтага пры добрых і спрыяльных абставінах; дык адсюль і вынікі добрыя.

За гэты час майго бытаваньня ў Бэльгіі шмат чаго зрабіў як у творчасьці, так і ў рабоце з ансамблем. У сучасны момант я заняты працай над складаньнем зборніка беларускіх песьняў. Праца, у асноўным, закончана, і вядуцца перагаворы з друкарнямі наконт яго выданьня.

Асабліва-ж вялікая праца праведзена з ансамблем. Штодзённая трэніроўка, як агульная, так і індывідуальная, дала вельмі добрыя вынікі. Дзякуючы гэтай працы і, можна сказаць, адданасьці да яе нашага студэнцтва, дасяглі значна высокай мастацкай якасьці ў выкананьні. Зь першага выступу на канцэрце ў Лювэне ансамбаль рэпрэзэнтаваў сябе перад цаніцелямі мастацтва, як адзінку вышэй аматарскай. А ў сучасны мамэнт ён стаў яшчэ на больш высокую ступень мастацкага выкананьня.

Апошні наш выступ адбыўся ў Льежы 26 сакавіка ў агромнай залі (каля тысячы мейсцаў) пры поўным зборы. Гэты канцэрт арганізавала ІМК пад шыльдай паказу бэльгійцам народнай песьні розных нацыянальнасьцяў „з-за зялезнай заслоны”. Фактычна-ж гэта быў конкурс на лепшае выкананьне. У канцэрце прынялі ўдзел: бэльгійцы, украінцы, расейцы, казакі, ну і мы, беларусы. Бэльгійцы выставілі свае лепшыя артыстычныя сілы, якія паказалі свае выдатныя галасы і высокамастацкае выкананьне. Нажаль, абышлі народныя песьні, як відаць, гэты бок у іх досыць слабенькі. Украінцы нядрэнным хорам выканалі свае народныя песьні, але іхнія танцы -- на больш высокім узроўні выкананьня, чымся сьпевы. Расейцы -- слабавата, не дапамаглі ім ні сарафаны, ні ўборы баярышняў. Казакі выступілі зусім неарганізавана і няцікава. Што-ж да выступу беларусаў, дык можна ганарыцца, адразу, амаль зь першае песьні, паказалі сябе выдатнікамі. Мастацкае выкананьне ў сувязі з прыгожымі мэлёдыямі песьняў, ды да гэтага ў складанай апрацоўцы, змусіла загаварыць аб якасьці ня толькі залю, а і саміх удзельнікаў канцэрту. Бісіравала заля, бісіравалі закулісы. З усіх бакоў чуецца гутарка пра беларускі ансамбаль.

Сам кіраўнік быў так захоплены песьнямі і выкананьнем, што зараз-жа заангажаваў нас на тры канцэрты. Бэльгійскім артыстам таксама вельмі спадабаліся нашыя песьні, і яны зьвярнуліся да мяне з просьбай напісаць колькі сольных і для жаночага квартэту рэчаў для выкананьня па радыё і на канцэртах. Просьбу іхнюю я паабяцаў выканаць, над гэтым цяпер і працую. Са свайго-ж боку, яны абяцалі бясплатна выступаць у нашых канцэртах.

Прымалі таксама ўдзел у богаслужэньні ў касьцёлах Брусэлю. Апошняя багаслужба адбылася пры ўдзеле папскага нунцыя. Пасьля службы я быў прадстаўлены яму як прафэсар музыкі, атрымаў ад яго павіншаваньне з посьпехам і падзяку за ўдзел, а таксама падкрэсьліў, што яму спадабаліся нашыя царкоўныя напевы.

Як бачыце, справа -- дзякаваць Богу. Мяне гэта вельмі радуе і надае яшчэ больш энэргіі да працы. Афішыруюць мяне ў якасьці прафэсара, так што цяпер выходзіць, што я ўжо ня просты Міколка, альбо „Міколка-рыбалоў”, а „Міколка-прафэсар”. Вось яно!”. (Зь ліста Міколы Равенскага да Лявона Савёнка ад 2 красавіка 1951 году. Архіў БІНіМ’а, Нью-Ёрк)

Наагул, эміграцыйны пэрыяд быў вельмі плённы ў творчасьці кампазытара Міколы Равенскага. У сваім „Жыцьцяпісе” ён адзначае: „На эміграцыі мною апрацаваны для хору шэраг беларускіх народных і скаўцкіх песьняў, малых харавых твораў і твораў для жаночага ансамблю. Зь вялікіх рэчаў: фантазыя для скрыпкі і фартэпіяна, фартэпіянная трохгалосная фуга „На выгнаньні”. Узноўлены: „О Беларусь, мая шыпшына!”, арыя Браніславы з опэры „Браніслава” (тэкст Уладзімера Дубоўкі), беларуская калыханка для жаночага квартэту і фартэпіяна, „Мой родны кут” -- дуэт для жаночых галасоў і фартэпіяна, арыя „Ноч над Менскам” (словы Уладзімера Дубоўкі), тры оды для мужчынскіх галасоў, „Слуцкія ткачыхі” для хору, сола барытона і фартэпіяна. Апрацаваны народныя песьні: „Чаму-ж мне ня пець?”, „Ты, чырвоная каліна”, „Дарагая мая староначка”, „Песьня бабыля” ды шмат іншых твораў, усе яны ў суправаджэньні фартэпіяна. Узноўлена з апэрэты „Залёты” песьня Сабковіча „Маю грошы, маю я...”. Апрацавана народная песьня для голасу і фартэпіяна „Чалавек жонку б’е, бічуе...”. Сабрана 270 беларускіх народных песьняў. Падрыхтаваны для друку зборнік народных беларускіх песьняў і ўласных твораў на словы беларускіх паэтаў, які складаецца зь 75 нумароў”.

(Мікола Равенскі „Жыцьцяпіс”. Рукапіс. Архіў Фундацыі імя Пятра Крэчэўскага, Нью-Ёрк)

1950 год быў годам першага выпуску студэнтаў. Зоя „алязоўская, пазьней Смаршчок, і Людміла Рагуля закончылі фармацэўтыку. Людміла яшчэ тры месяцы да заканчэньня вучобы атрымала працу як асыстэнтка прафэсара фармакалёгіі Ральфа Дэквэкара. Яе заданьнем было наладжваць экспэрымэнты для студэнтаў ды рыхтаваць іх да экзаменаў. Крыху пазьней прафэсар папрасіў Людмілу дапамагаць у навуковай працы, асабліва ў мікраскапічных падліках. Пасьля надрукаваньня працы ён узяў яе да сябе як супрацоўніцу. Яна здала экзамены ў чэрвені і працавала асыстэнткай да верасьня, а пасьля па рэкамэндацыі прафэсара атрымала працу ў фармацэўтычнай фірме Куврэра ў Брусэлі. Ёй быў даручаны кантроль якасьці мэдыкамэнтаў перад масавым выпускам. Ейная праца паправіла нашае матэрыяльнае становішча, і мы змаглі перабрацца на прыватную кватэру.

Прыблізна ў гэтым часе я даведаўся, што мой дзядзька Васіль Рагуля апынуўся ў лягеры -- у Нямеччыне. Ягоны сын Міхась Рагуля зь сям’ёй эміграваў у ЗША, а Васілю Рагулю не далі візы па незразумелай для нас прычыне. Я адчуваў, што мой абавязак заняцца ім і не дапусьціць, каб чалавек з такой слаўнай палітычнай ды нацыянальнай мінуўшчынай прападаў адзінока ў лягеры. Я перагаварыў зь Людмілай, і яна ахвотна згадзілася забраць яго да нас ў Бэльгію. Ён хутка асвоіўся з нашымі студэнтамі і стаўся вельмі ўплывовай асобай для ўсіх нас.

1 кастрычніка 1951 лювэнцы сьвяткавалі пачатак новага акадэмічнага году. Як адзначала газэта „Бацькаўшчына”, паводле ўнівэрсытэцкай традыцыі год пачаўся ўрачыстым шэсьцем прафэсараў у тогах ды студэнтаў са сьцягамі розных студэнцкіх арганізацыяў. Нашая група выдзялялася белымі студэнцкімі шапкамі з крыжам Ярылы і бел-чырвона-белым сьцягам. Шэсьце закончылася ва ўнівэрсытэцкай залі, дзе рэктар аб’явіў пачатак новага акадэмічнага году. Нашыя студэнты прыцягнулі ўвагу бэльгійцаў з розных акадэмічных ды ўрадавых колаў. Вялікае поле інфармацыі пра Беларусь!

Пазьней айцец Смаршчок адслужыў малебен з просьбай да Бога мець сваю ласку для нашых студэнтаў ды напомніў студэнтам пра іхнія абавязкі як асабістага росту, так і вернасьці сваёй Бацькаўшчыне.

-- Вы-ж цьвет свайго Народу, -- казаў ён. -- Не забывайцеся, што вы -- ягоная надзея і ягоная будучыня. Імкніцеся дасягнуць ступені дасканаласьці. Карані нашыя там, на Бацькаўшчыне. Пільнуйма, каб нашая духовая лучнасьць з Бацькаўшчынай не перарвалася, каб не засохлі мы, як тыя кветкі, вырваныя з зямлі ды перасаджаныя ў іншую глебу.

Не марнуйце талентаў, якімі вас Бог надарыў як слугаў сваіх. Не закопвайце іх, але імкніцеся да іхняга разьвіцьця ды ўдасканаленьня ў кожнай галіне. Жывіце ў пагоні не за славай, а за асабістым удасканаленьнем. Дыплёмы і ступені, слава й павага між людзьмі прыйдуць самі, як вынік вашае працы.

Вось мая навука душпастырская і сяброўская ды пажаданьні вам на дарогу новага акадэмічнага году, новага і мазольнага этапу працы над сабою, ды, памятайце, ня толькі для сябе. („Бацькаўшчына”, 15 кастрычніка 1951 г.)

1951 год даў новы выпуск студэнтаў. Я ды Валодзя Набагез закончылі мэдыцынскі факультэт. Некаторы час я працаваў недалёка ад Лювэну, каля Намюру, пераймаючы практыку хворага лекара. Пазьней перадаў гэтае мейсца Валодзю Набагезу, а сам атрымаў працу ў Брусэлі ў Мэдычна-Хірургічным інстытуце доктара Дабрэса. Новыя падзеі вымагалі маёй прысутнасьці ў Лювэне.

У міжчасе Людміла зайшла ў цяжарнасьць ды чакала нашага першынца на пачатку 1951 году. Працаваць ёй было даволі цяжка. Яна мусіла наняць прыватную кватэру ў Брусэлі. Апошні месяц цяжарнасьці змусіў яе пакінуць працу, і на Каляды 1950 году яна вярнулася ў Лювэн, каб тут чакаць на роды. Я тады адбываў стажыроўку ў шпіталі, у аддзяленьні гінекалёгіі ды абстэтыкі. 31 сьнежаня пачаліся болі, і Людміла прыехала ў шпіталь -- сталася маёй пацыэнткай. Гэта было вельмі складанае дзяжурства. Трынаццаць жанчын чакалі на роды. Я быў адзін у адзьдзяленьні і ня меў часу стаяць пры Людміле. Прымаючы роды ў іншых парадзіх ды асыстуючы прафэсару пры кэсаравым сячэньні, я занядбаў сваю жонку. Раптам прафэсар запытаў, як маецца Людміла.

-- Я думаю, што яна гатова радзіць...

Тут я атрымаў наганяй за сваю „няўважлівасьць” да жонкі. Нарэшце а першай гадзіне нарадзілася Рагнеда.

Які падарунак на мае ўрадзіны! Я бег у студэнцкі дом, дзе сябры ўжо чакалі на навіну.

-- Маем дачушку, -- закрычаў я, убягаючы.

-- „Дамский портной”, -- заўважыў Арэшка.

Я праглынуў крыўдную заўвагу, бо радасьць стацца бацькам была бязьмежная. Гучна адсьвяткавалі першы прыбытак -- новае пакаленьне на Чужыне.

У лютым 1952 году быў арганізаваны канцэрт, каб азнаёміць бэльгійскую моладзь зь Беларусьсю і ейнай культурай. Заля на дзьве тысячы мейсцаў была поўная.

З уступным словам выступіў айцец Робэрт ван Кавэлярт:

-- Каб бліжэй пазнаёміць вас, паважаныя слухачы, зь Беларусьсю, напомню, што ў мінулым гэты край называўся Вялікім Княствам Літоўскім. Думаю, што гэтым я скажу шмат для тых, хто ў большай ці меншай меры цікавіўся гісторыяй Усходняй Эўропы. Многія з вас ня бачаць розьніцы паміж расейцамі і беларусамі якраз дзякуючы назову, накінутаму Екацярынай Вялікай. Але мыляецца кожны, так думаючы, як памыляецца той, хто думае, што Галяндыя -- гэта Нямеччына, а флямандская мова -- гэта дыялект мовы нямецкай.

Паказваючы на Ансамбаль беларускіх студэнтаў у прыгожых нацыянальных вопратках, айцец Робэрт прадаўжаў:

-- Гэта вось нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага. Яны сёньня тут, у Бэльгіі, каб падрыхтаваць уваскрашэньне сваёй Бацькаўшчыны, каб стварыць ідэйныя кадры будучага дзяржаўнага будаўніцтва. Смаленск, Менск, Магілёў, Віцебск, Вільня -- старажытная сталіца Беларусі -- гэта і ёсьць Беларусь...

Грымяць ягоныя словы ў перапоўненай залі. Хвалююцца прысутныя беларусы...

Потым выступіў хор пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага. Канцэрт удаўся. На заканчэньне публіка ўстала і доўга крычала „ўра!” беларускім студэнтам.

18 лютага 1952 году адбыўся другі канцэрт у залі калежу Сэнт-Мішэль.

Прэса асабліва падкрэсьлівала, што „беларуская студэнцкая група ў Лювэне выказала дагэтуль многа ахвярнасьці, добрае волі ды юнацкага энтузіязму ў нястомнай працы -- прапагандзе беларускага імені перад бэльгійскім грамадствам. Усё гэта заслугоўвае ўвагі й пахвалы яшчэ і ў сувязі з тым, што нашыя студэнты, змушаныя здаваць экзамены на французскай мове, умеюць знайсьці вольны час для такой плённай працы на карысьць нацыянальнай справы.

Гэтая іхняя дзейнасьць не застанецца бясьсьледнай у агульным балянсе нашай дзейнасьці на Чужыне. Дзякуючы ім беларуская праблема -- ужо ня чужая для бэльгійскага грамадства. Таму застаецца толькі пажадаць, каб нашыя іншыя эміграцыйныя асяродкі бралі прыклад зь лювэнскіх студэнтаў”. („Бацькаўшчына”, 10 лютага 1952)

Прыезд Кардынала Тыссэранта на асьвячэньне Беларускага Студэнцкага Дому даў яшчэ большую рэкляму для беларускіх студэнтаў. Да гэтай падзеі была падрыхтаваная вялікая імпрэза, якую варта тут апісаць.

„25 сакавіка 1952 году -- важная падзея ў жыцьці Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня: сьвяткаваньне 34 гадавіны Дня Незалежнасьці і афіцыйнае адкрыцьцё Беларускага Студэнцкага Дому ў Лювэне.

А 8 гадзіне раніцы айцец Аўген Смаршчок адправіў літургію на Avenue des Allie 69, прысьвечаную 25 сакавіка. У 10:30 урачыстая Акадэмія 25 сакавіка на Пляцы Гувэра, 22. Прысутныя: тры прадстаўнікі з Ангельшчыны, тры з Францыі, два ад работнікаў Бэльгіі і сябры БСЗ. Урачыстасьць пачалася ўнясеньнем сьцягу Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, і калега Лызлаў выканаў на піяніна Grande Suite Міколы Равенскага. Віталі прысутных старшыня БСЗ Вітаўт Рамук і ад БНР Барыс Рагуля. Замест рэфэрату быў мантаж: калега Янка Запруднік чытаў тэксты з гісторыі Беларусі, а між тэкстамі ўпляталіся песьні, вершы, вытрымкі зь дзяржаўных актаў БНР. Мантаж выйшаў удалы, і прысутныя высока яго ацанілі. Закончылася Акадэмія беларускім гымнам.

Дом быў прыгожа ўдэкараваны сьцягамі ад вуліцы: сьцяг беларускі, ватыканскі й бэльгійскі. Унутры ўсё памяшканьне хораша прыбралі. У 15:30 студэнты апрануліся ў нацыянальныя касьцюмы, а хто іх ня меў, павязаў бел-чырвона-белую стужку праз грудзі.

У 16 гадзін пачалі прыбываць госьці. Было іх каля ста. Між іх -- прафэсары, япіскапы, дырэктары ўстановаў, міністры ды іншыя высокія асобы, рэпарцёры са шматлікіх бэльгійскіх газэтаў і радыё. Хор стаяў наперадзе дзеля выкананьня сьвяточнае цырымоніі.

А 17 гадзіне прыбыў кардынал Тыссэрант у суправаджэньні Апостальскага Нунцыя Чэнто і Рэктара Ўнівэрсытэту. Япіскап Слосканс, прафэсар Дэніс і айцец Робэрт сустракалі яго хлебам і сольлю пры ўваходзе ў дом. Калі кардынал увайшоў у залю, хор запеў „Многая лета”. Прафэсар Дэніс вітаў кардынала перад публікаю. Хор азваўся „Одай”, напісанай для кардынала спадаром Міколам Равенскім. Айцец Робэрт расказаў гісторыю Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня і Студэнцкага Дому. Хор выканаў „Магутны Божа”. Калега Барыс Рагуля вітаў ад ураду БНР -- хор сьпеў „Пагоню”. Калега Вітаўт Рамук вітаў ад БСЗ -- хор засьпяваў беларускі нацыянальны гымн. Пасьля Яго Эмінэнцыя кардынал Тыссэрант зьвярнуўся да прысутных, выказваючы свае сымпатыі да беларускіх студэнтаў. Хор зноў прасьпяваў яму „Многая лета”.

Кардынал абышоў дом і высьвяціў яго. Калі ён вярнуўся ў залю, пачалася афіцыйная частка. Цырымонія ў Доме скончылася а 19 гадзіне. Усе адчувалі ўздым, былі перапоўныя пачуцьцём еднасьці і сяброўства.

У 19:30 запрошаныя госьці сабраліся ў кабінеце рэктара, куды прыйшлі старшыня парлямэнту і некаторыя міністры бэльгійскага ўраду. Пачаставалі ўсіх віном. А 20 гадзіне пачалася вячэра ва ўнівэрсытэцкай залі. Хор прасьпяваў „Ойча наш”. За сталамі сядзела каля двухсот чалавек. У часе вячэры хор выканаў некалькі песьняў і „Оду”. На заканчэньне прагучала „Дастойна”.

Усе ізноў пайшлі ў кабінет рэктара, дзе ўвесь час забрала зьбіраньне аўтографаў кардынала і іншых „кітоў”. Была кава і моцныя напоі. Пасьля 22 гадзіны на разьвітаньне з кардыналам хор прасьпяваў „Многая лета”. На гэтым прыём скончыўся.

Уражаньні ад імпрэзы былі вельмі вялікія, і нагода -- рэдкасная. Тут, як нідзе раней, удалося задэманстраваць, хто такія беларусы і чаго яны хочуць. Кардынал падкрэсьліў, што ён толькі дзеля беларусаў прыехаў у Бэльгію, прафэсар Дэніс асьвятліў усе нашыя сувязі з асобамі бэльгійскага ўраду, айцец Робэрт выказаў усе нашыя імкненьні. Прадстаўнікі іншых студэнцкіх арганізацыяў зайздросьцілі. Агулам дзень прайшоў выдатна. Пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі, выказваючы падзяку, хор пеў „Многая лета” айцу Робэрту, прафэсару Дэнісу, прафэсару Равенскаму. Дома студэнты паднялі на „ўра” прафэсара Равенскага і айца Робэрта, сьпяваючы „Сто год”. Зразумела, хор надаў сьвяту асаблівую ўрачыстасьць і прыгажосьць. Назаўтра й пасьлязаўтра ў бэльгійскіх газэтах было шмат артыкулаў і здымкаў аб адкрыцьці Беларускага Студэнцкага Дому”. (З успамінаў Васіля Шчэцькі)

Васіль Шчэцька расказаў вельмі падрабязна пра падзеі, зьвязаныя з прыездам кардынала Тыссэранта ў Лювэн. Хачу дадаць некалькі дэталяў, якія могуць быць цікавымі для чытача. Вось колькі выняткаў з прывітаньня айцом Робэртам кардынала Тыссэранта.

Айцец Робэрт даў кароткі нарыс жыцьця студэнтаў на эміграцыі, пачынаючы з Марбургу. Далей ён апісаў дакладна дзейнасьць студэнтаў ня толькі ў навуковым напрамку, але і ў сацыяльнай працы сярод беларускіх работнікаў у Бэльгіі. З поўным разуменьнем яны адгукнуліся на заклік нацыянальных кіраўнікоў асягнуць маральныя і гістарычныя навукі, якія адпавядаюць больш дла падрыхтоўкі культурных і сацыяльных дзеячаў. Нашыя студэнты, далей прадаўжаў ён, выдалі пятую частку свайго сьціплага бюджэту на сацыяльныя патрэбы. Яны гэта робяць з надзеяй стварыць сацыяльнае, нацыянальнае ды хрысьціянскае ядро працоўных, якое станецца некалі ў вольнай Беларусі пачаткам сацыяльнага ды рэлігійнага адраджэньня. Сюды, у Бэльгію, была перанесена таксама Цэнтраля Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў на Чужыне, якая аб’ядноўвала маладых дзеячаў хрысьціянскага адраджэньня сваёй Бацькаўшчыны.

Пасьля айца Робэрта выступіў я, як старшыня ЦБСА на Чужыне:

-- У прамове нашага апякуна, якую вы толькі што пачулі, акрэсьлены той ідэал, які намі кіраваў апошнія тры гады... Так, мы хочам падрыхтаваць будучыню нашае Бацькаўшчыны і прыняць актыўны ўдзел у яе нацыянальным, сацыяльным ды рэлігійным адраджэньні. Мы гэта мусім рабіць у цесным супрацоўніцтве з нашымі суродзічамі на Бацькаўшчыне й беларускай эміграцыяй на Чужыне. Наш народ праходзіць цяжкія выпрабаваньні, і нашай надзеяй зьяўляецца тое, што мы здабудзем усё для ажыцьцяўленьня гэтага вялікага ідэалу.

Пасьля я зачытаў прывітаньне ад прэзыдэнта Рады БНР, дзе ён выказаў вялікі жаль, што ня змог быць прысутным на гэтай урачыстасьці:

„Лювэн зьяўляецца для мяне крыніцай супакою ды падтрымкі. З нагоды сьвята 25 сакавіка скажыце сваім студэнтам, што яны павінны апраўдаць зьвернутую на іх увагу, каб сваёй працавітасьцю ў студыях ды адданасьцю нацыянальнай справе яны стварылі із свайго дому сапраўдны куток Беларусі і для сваіх суродзічаў-работнікаў, дзе магла-б захавацца любоў да Бацькаўшчыны, Народу ды хрысьціянскіх традыцыяў ня толькі на працягу выгнаньня, але аж да таго часу, калі мы будзем мець падобны да Лювэну цэнтар -- кузьню выдатных людзей і верных хрысьціянаў, якіх так патрабуе нашая краіна”.

-- Дазвольце, Вашая Эмінэнцыя, -- зьвярнуўся я да кардынала Тыссэранта, -- зацытаваць некалькі выняткаў зь лістоў з Канады, Нямеччыны, Аргэнтыны, Ангельшчыны ды іншых краінаў, якія вельмі пазытыўна адгукаюцца аб Лювэне. У адным лісьце з Буэнас-Айрасу гаворыцца: „Я жадаю вам умацаваць вашыя пазыцыі ў Лювэне й пашырыць яшчэ больш лік нашых студэнтаў. Мне здаецца, што вы зможаце падрыхтаваць людзей, якіх у блізкай будучыні будзе патрабаваць Беларусь”. Што за прарочыя словы!

Ліст з Лёндану (Англія): „Я прабыў тры дні ў Лювэне і вярнуўся на дзесяць гадоў маладзейшы...”.

-- Ваша Эмінэнцыя, вось што думае беларускае грамадства -- ад ейнага прэзыдэнта да работніка -- аб справе, якая робіцца ў Лювэне. Прыміце, Ваша Эмінэнцыя, нашую агульную падзяку.

Тады забраў голас кардынал Тыссэрант. Вось вынятак з ягонае прамовы:

-- Свабоднае духовае разьвіцьцё зьяўляецца найгалоўнейшай патрэбай кожнага чалавека. Вы маеце ўсе магчымасьці свабодна разьвівацца ў хрысьціянскім духу. Культывуйце й перахоўвайце свае рэлігійныя й нацыянальныя традыцыі і сваю культуру. Мне было вельмі прыемна пачуць, што вы цікавіцеся сацыяльным становішчам беларускіх работнікаў у Бэльгіі.

Доктар Вітаўт Рамук, старшыня Студэнцкага Згуртаваньня, завяршаючы ўрачыстасць, падзякаваў прысутным, і тут загрымела „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”...

Папаўдні кардынал Тыссэрант быў маім госьцем. Людміла спаткала яго ў нашым сьціплым памяшканьні ды частавала кавай. Ён прабыў у нас каля гадзіны. Гутарка ў асноўным вялася пра Беларусь, ейнае цяперашняе становішча -- эканамічнае, сацыяльнае ды рэлігійнае. Тыссэрант слухаў уважліва, зацікаўлена, хаця я ня сумняваюся, што Ватыкан меў дакладную інфармацыю. Людміла была на апошнім месяцы цяжарнасьці зь Вітаўтам, і гэтая акалічнасьць стварала яшчэ больш прыязную сямейную атмасфэру. Кардынал на разьвітаньне прасіў інфармаваць яго аб посьпехах нашай групы ды запрашаў нас наведаць яго ў Рыме.

У гэты самы дзень вечарам быў прыём ва ўнівэрсытэцкай залі ў гонар кардынала. Абед даваў рэктар унівэрсытэту япіскап ван Уайэнбэрг. Падчас абеду сьпяваў наш хор.

Цікава падаць меню, якое мы склалі з айцом Робэртам:

Полацкі боршч
Наваградская парасяціна
Беластоцкая салата
Віленскія індыкі з гомельскай бульбай
Бургундскае віно
Торт „Кардынал”

Была вельмі прыязная атмасфэра. Гучалі беларускія народныя песьні. З прывітальнай прамовай выступіў рэктар унівэрсытэту:

-- Ваша Эмінэнцыя, я вельмі рады, што вы наведалі наш унівэрсытэт. Хоць ініцыятыва запрасіць Вас, прызнаюся, не мая, мы заўдзячваем гэта беларускім студэнтам. Мы чакалі на Вас ад 1938 году. Вітаць Вас тут -- вялікая радасьць.

На заканчэньне свайго прывітаньня рэктар падняў тост за Папу, Караля і Беларусь, а маладым беларускім студэнтам ад усяго сэрца пажадаў, каб у блізкай будучыні яны вярнуліся на сваю Бацькаўшчыну.

Кардынал падзякаваў беларускім студэнтам і рэктару за запросіны.

Доўга яшчэ гучала бяседа ў Беларускім Студэнцкім Доме. Падкідалі на „ўра” кампазытара Равенскага ды айца Робэрта. Зазначу, што падзеі гэтага дня мелі выключнае значэньне для беларусаў.

На наступны дзень кардынал спаткаўся зь бэльгійскім каралём Бадуэнам. Здавалася, што прэса прысьвяціла шмат больш мейсца ягонай візыце ў Лювэне.

Тут падаю сьпіс прысутных гасьцей:

„Яго Эмінэнцыя Кардынал Аўген Тыссэрант, Дэкан Сьв. Калегіі Кардыналаў, Сакратар Сьв. Кангрэгацыі для Ўсходняй Царквы.

Яго Эксцэленцыя Апостальскі Нунцый Чэнто.

Яго Эксцэленцыя Япіскап Сюнэнс, прадстаўнік Яго Эмінэнцыі Вялікага Канцлера Лювэнскага ўнівэрсытэту, Кардынала Архіяпіскапа Малінскага ван Руй.

Яго Эксцэленцыя Менскі й Магілёўскі Апостальскі Адміністратар Япіскап Б. Слосканс.

Пралат ван Уайэнбэрг, Рэктар Лювэнскага Ўнівэрсытэту.

Пралат Літт, Віцэ-рэктар Лювэнскага Ўнівэрсытэту і Старшыня Акадэмічнага Камітэту для чужынцаў.

Прафэсар Ван дэр Эссэн, Сакратар Лювэнскага Ўнівэрсытэту.

Прафэсар Дэніс, Старшыня Камітэту Дапамогі Беларускім Студэнтам у Лювэне.

Яго Эксцэленцыя Дзяржаўны Міністар Ф. ван Кавэлярт, Прэзыдэнт Бэльгійскага Парлямэнту.

Яго Эксцэленцыя Міністар Юстыцыі й Культу, былы Прэм’ер Фальен і Мадам.

Паўнамоцны Міністар Мэнье, прадстаўнік Міністра Замежных Справаў П. ван Зэлянд.

Былы Прэм’ер-міністар Эйскенс.

Спадар Ж. Воссэн, Галоўны Сакратар Міністэрства Ўнутраных Справаў.

Спадар Спрэўтэльс, Шэф Кабінету Міністра дэ Тай -- Міністра Народнага Здароўя й Сям’і.

Спадар Ван дэн Боррэн, Дырэктар Міністэрства Народнага Навучаньня, прадстаўнік Міністра Гармэль.

Прафэсар Лееманс, Дзяржаўны Дараднік.

Яго Эксцэленцыя Галоўны Архімандрыт Зільянты, Эгзарх манастыра Монт Олівэтто.

Пралат Заніні, дараднік Нунцыятуры.

Пралат Аста Орлянда, Аўдытар Нунцыятуры.

Архімандрыт манастыра Монт Сэзар у Лювэне, Капэльле.

Дэ Уільс, Архімандрыт манастыра ў Афлігем.

Спадар Ансьё дэ Фаво, аташэ пры Кабінеце Міністэрства Замежных Справаў.

Спадар Сімонс, Эшвэн Прыгожых Мастацтваў места Лювэна.

Спадар Помба, Адміністратар Паліцыі для Чужынцаў.

Спадар Сэнатар Васіль Рагуля.

Прафэсар „ардэн.

Паважаныя айцы Гарошка, Сіповіч і Чарняўскі.

Паважаны айцец Смаршчок, Старшыня СББ і Кіраўнік Інтэрнату Беларускае Моладзі ў Лювэне”.(„Бацькаўшчына”, 25 сакавіка 1952)

У 1953 годзе студэнты Лювэну наладзілі сьвяткаваньне 25 сакавіка ў Рыме. Удзел прыняла маленькая беларуская калёнія, знакаміты наш сьпявак Пётра Конюх ды група артыстаў зь ягонага асяродзьдзя. Там-жа, у прыгожым гатэлю, зрабілі прыняцьце для палітыкаў ды гасьцей з Ватыкану.

Газэта „Бацькаўшчына” (красавік 1953) падрабязна асьвятляла слаўныя ўгодкі.

„Дзень пачаўся ўрачыстай багаслужбай у Санта Франчэска Романа, недалёка ад Форум Романум і слаўнага Колісэум. Пасьля багаслужбы ўсе былі запрошаны ў манастыр на бяседу й пачастунак.

Тут айцец Робэрт пазнаёміў прысутных зь беларусамі і іхняй Бацькаўшчынай. Калі ён пачаў гаварыць, то хваляваўся, і ягоны голас дрыжаў. Зацытуем ягоныя словы, якія пакінулі ва ўсіх незабыўнае ўражаньне.

-- Беларусь пэўны час была для мяне няведамым паняцьцем, -- сказаў ён. -- Я узяў мапу ды пачаў яе шукаць. Сёньня, калі я пазнаў беларускую моладзь, ейны гранічны ідэялізм і адданасць вялікай ідэі, я пазнаў Беларусь і паверыў у яе ўваскрашэньне і няўміручасьць.

Айцец Робэрт быў відавочна ўсхваляваны. Ён электрызаваў прысутных сваёй бязьмежнай верай у Беларусь.

Бяседа закончылася чаркай Lakryma Chrysti. Увечары адбылася Акадэмія ў Гранд-Гатэль. Тут ужо айцец Татарыновіч выявіў свае арганізацыйныя здольнасьці.

Айцец Татарыновіч быў старшынёю рымскага адзьдзелу Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў на Чужыне. Ён прывітаў гасьцей і даў слова старшыні ЦБСА доктару Барысу Рагулю, які зрабіў даклад на французскай мове. Пераклад дакладу, зроблены айцом Робэртам на італьянскую мову, быў загадзя раздадзены прысутным.

Пачалася мастацкая частка. Першай выступіла ліцэнцыятка Лювэнскага Ўнівэрсытэту спадарыня Людміла Рагуля з народнымі песьнямі ў апрацоўцы кампазытара Равенскага. Тыпова народны жанр песьняў, які гарманізаваў зь беларускай народнай вопраткай, выклікаў вельмі прыемнае ўражаньне. Але вось засьпяваў Пётра Конюх, наш славуты бас. Першая песьня, італьянская, -- „Бацькаўшчына”, другая -- „Жыў на сьвеце Лявон”. Здавалася, замерла заля, калі пачуўся ягоны магутны голас. „Не пазводзяцца Лявоны у нас...” -- у гэтых словах чулася прароцтва, што Беларусь яшчэ аджыве. Спадар Уладзімер Цьвірка таксама выканаў некалькі народных песьняў.

Пасьля абеду ўсе адказвалі на пытаньні прысутных пра Беларусь. Акружылі госьці Цьвірку, айца Татарыновіча, айца Робэрта... Сакратар бэльгійскай амбасады паабяцаў наведаць студэнтаў у Лювэне, каб лепш пазнаць Беларусь. Прафэсар Маніні зь міністэрства асьветы дамаўляўся пра спатканьне, каб атрымаць больш інфармацыі пра нашую Бацькаўшчыну. Доктар Энрыко Інсабата падзяліўся сваімі ўражаньнямі зь ягоных спатканьняў з прадстаўнікамі БНР у І918 у Жэнэве. Карэспандэнт „Фігаро” не даваў супакою Пятру Конюху, просячы засьпяваць яшчэ беларускіх песьняў.

На наступны дзень айцец Робэрт запрасіў беларускую калёнію на абед, каб яшчэ раз падзяліцца ўражаньнямі. Там было выказана пажаданьне, каб ЦБСА наладжвала штогод такія сьвяткаваньні ў розных краінах Эўропы”.

„7 ліпеня 1953 году Беларускі Ансамбаль быў запрошаны на канцэрт, ладжаны ЮНЕСКА ў Брусэлі. Хор выступаў пад кіраўніцтвам Алеся Карповіча, які замяніў адышоўшага ад нас сьв. памяці Міколу Равенскага і атрымаў мэдаль ЮНЕСКА. Яшчэ адна перамога на міжнародным форуме!” („Бацькаўшчына”, жнівень 1953)

17 кастрычніка 1953 году адбыўся чацьвёрты гадавы Кангрэс ЦБСА. У кангрэсе прынялі ўдзел наступныя арганізацыі: Беларускае Студэнцкае Аб’яднаньне „Жыцьцё ў Ангельшчыне”, Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Лювэне (Бэльгія), Беларускае Студэнцкае Аб’яднаньне ў Францыі, Беларускае Студэнцкае Таварыства ў ЗША, Адзьдзел ЦБСА ў Італіі, Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Мадрыдзе (Гішпанія), Беларускае Студэнцкае Аб’яднаньне ў Нямеччыне, Беларускі Студэнцкі Ансабаль у Лювэне.

Працу Кангрэс пачаў традыцыйнай малітвай „Ойча Наш” і нацыянальным гымнам „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Я быў старшынёй, прывітаў удзельнікаў і даў кароткі нарыс дзейнасьці за мінулы год. У пляне далейшай працы падкрэсьліў неабходнасьць выкарыстаньня тых, хто закончыў вучобу, у грамадскай і палітычнай дзейнасьці з мэтай пашырэньня інфармацыі пра Беларусь і яе імкненьне да незалежнасьці, пошукаў новых кандыдатаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Падкрэсьліў важнасьць утрыманьня інтэрнату для вучняў сярэдняй школы, каб папаўняць рады студэнтаў. Інтэрнат існаваў у Лювэне ад 1952 году. Мы мелі толькі дзьве дзяўчыны. Адна зь іх -- дачка ведамага патрыёта і героя Ўсевалада Родзькі, які загінуў так, як Кастусь Каліноўскі, -- на савецкай шыбеніцы. Увесь гэты час утрыманьне інтэрнату было дадатковай фінансавай нагрузкай на сьціплы бюджэт студэнтаў.

Пасьля справаздачаў ад паасобных адзьдзелаў была выбрана новая ўправа ЦБСА ў наступным складзе:

Старшыня Уладзімер Цьвірка, студэнт апошняга году палітыкі і сацыялёгіі.

Заступнік старшыні доктар Аўген Вярбіцкі, ЗША.

Сябры управы -- доктар Уладзімер Набагез, Аляксей Арэшка, ліцэнцыят хіміі, доктар Анатоль Занковіч, Станіслаў Мак, студэнт трэцяга году палітыкі і сацыялёгіі.

Рэфэрэнтам студэнцкага стыпэндыяльнага фонду быў абраны айцец Аўген Смаршчок.

У нядзелю 18 кастрычніка айцец Аўген Смаршчок адслужыў службу, пры якой ахрысьціў свайго сына Андрэя. Гэта быў ужо трэці прыбытак у нашай студэнцкай грамадзе. Першая Рагнеда, а тады Вітаўт -- дзеці Людмілы й Барыса Рагуляў, нашыя дзеці.

19 кастрычніка былі даклады доктара Набагеза „Выкарыстаньне студэнцкае моладзі ў службе Беларусі” і мой -- „Патрыятызм і касмапалітызм”. У сваім дакладзе я паказаў, што шлях для служэньня чалавецтву вядзе праз шлях служэньня свайму народу. Неабходна падняцца да высокага духовага ўзроўню, каб стацца больш карысным для агульналюдской садружнасьці.

Кангрэс паслаў прывітальную тэлеграму прэзыдэнту Рады БНР Міколу Абрамчыку і выказаў падзяку айцу Робэрту за ягоную ахвярную працу для беларускага студэнцтва.

У гэтым-жа годзе наш хор і таночны ансабаль быў запрошаны Беларускім Згуртаваньнем у Вялікабрытаніі з канцэртам. Я быў прыемна зьдзіўлены, убачыўшы поўную залю ангельскіх гасьцей. Пры мне сядзела жонка аднаго лорда і, калі выступіў Пётра Конюх, яна схапіла мяне за руку дый кажа: „Гэта -- Шаляпін!”. Трэба прызнаць, што Конюх выканаў некалькі нумароў з вялікім майстэрствам.

У канцы гэтага году мы панесьлі вялікую маральную страту. Ватыкан забраў ад нас айца Робэрта й перавёў яго ў манастыр дзесьці ў глухім кутку Аўстрыі. Сумная вестка адбілася на нас вельмі трагічна. Гэта было раўназначна выгнаньню ды пакараньню за ягоныя прагрэсыўныя рэлігійныя погляды. Яшчэ перад выездам айца Робэрта мы даведаліся, што ватыканскія стыпэндыі закончацца ў 1953-54 акадэмічным годзе. Айцец Робэрт ня паў духам. Праз свае кантакты ён атрымаў аўдыенцыю ў спадара Шпака, міністра замежных спраў Бэльгіі. Мы пайшлі ўдваіх. Нам удалося пераканаць міністра, каб грошы, якія Бэльгія дае ЮНЕСКО, перадалі Лювэнскаму Ўнівэрсытэту, бо менавіта тут вучылася найбольшая колькасьць чужынецкіх студэнтаў. Цяжка паверыць, але манэўр удаўся, і тут зноў мансіньёр Літт прызнаў нашую перамогу. Такім чынам, на якісь час беларускія студэнты былі забясьпечаныя стыпэндыямі. Усё гэта, аднак, ня цешыла мяне.

У выгнаньні айцец Робэрт апынуўся ізаляваным ад сьвету. Я наведаў яго ў закінутым маленькім манастыры. Сумнае гэта было спатканьне. Ён не наракаў на лёс, але, калі мы сустрэліся, ня мог паўстрымацца ад сьлёз. Мне таксама сьціснула горла. Пасьля доўгага маўчаньня ён пацікавіўся жыцьцём студэнтаў. Здавалася, ён страціў волю да жыцьця... Чалавек, які так шмат зрабіў для нас, заплаціў выгнаньнем за сваю любоў і талерантнасьць... І ўсё-ж мы зь ім не хацелі здавацца. Разам выпрацавалі плян дзейнасьці. Я паабяцаў пачаць захады, каб перавесьці яго назад у Лювэн.

Пасьля майго звароту ў Лювэн я папрасіў дзядзьку айца Робэрта дапамагчы мне атрымаць аўдыенцыю ў кардынала Тыссэранта ды ягонага садзеяньня ў вяртаньні айца Робэрта. Ён ахвотна згадзіўся мне дапамагчы, і праз некалькі тыдняў я быў ў Рыме, каб падаць пэтыцыю нашай грамады ў абарону свайго апякуна. Мы падрыхтавалі прыгожы альбом пра жыцьцё лювэнскіх студэнтаў-беларусаў і пра ўдзел айца Робэрта ў нашых справах.

-- Ваша Эмінэнцыя, -- зьвярнуўся я да кардынала Тыссэранта, -- усё, што Вы зрабілі для нас, амаль анулюецца фактам выгнаньня айца Робэрта.

Кардынал не запратэставаў і даў магчымасьць мне выказацца. Цяжка прыпомніць усе мае аргумэнты. Яны былі эмацыянальныя, але, відаць, таксама і пераканаўчыя. Пасьля хвіліны маўчаньня кардынал адказаў:

-- Я глыбока цаню вашую любоў і прывязанасьць да айца Робэрта. Я зраблю ўсё магчымае, каб вярнуць яго да вас...

Хіба здарылася цуда. У кастрычніку айцец Робэрт быў пераведзены назад у Лювэн і трыумфальна вярнуўся да сваіх дзяцей. Дый мы зноў адчулі, што маем бацьку.

-- Барыс, гэта не надоўга, -- гаварыў ён мне, -- яны мяне адсюль усё роўна забяруць.

Ён ведаў сыстэму. І не памыліўся.

Ватыкан не дараваў яму прагрэсыўных рэлігійных поглядаў. У 1955 годзе, амаль адразу пасьля майго выезду ў Канаду, я даведаўся, што айцец Робэрт быў перакінуты ў Афрыку...

З часам ён вярнуўся ў Бэльгію, зламаны фізычна й духова. Шмат пазьней я спаткаўся зь ім у доме хранічна хворых інвалідаў-манахаў недалёка ад Брусэлю -- незадоўга перад ягонай сьмерцю. Айцец Робэрт быў спараліжаваны, ня мог гаварыць, аднак пазнаў мяне: у яго вачох я ўбачыў радасьць спатканьня. Ён слаба сьціснуў маю руку. Нешта падобнае на ўсьмешку асьвяціла ягоны твар. Мы абняліся на разьвітаньне, і ў нашых вачох былі сьлёзы. Я не саромеўся сваіх сьлёз. Мы ведалі, што гэта -- наша апошняя сустрэча й разьвітаньне... Я апошні раз бачыў гэтага чалавека зь вялікім сэрцам, зь вялікай душою ды бязьмежнай адданасьцю ў службе для другіх. Некалі ён мне казаў:

-- Ты, Барыс, ніколі ня бачыў, каб я спацыраваў з малітоўнікам па парку. Мае малітвы -- рабіць добрыя ўчынкі, і я веру, што нашаму Богу, Барыс, гэта падабаецца.

Трапна і мудра ён сказаў.

І добра пазнаў мяне...

Неўзабаве пасьля гэтай візыты айцец Робэрт адышоў ад нас, але ўжо не па волі Ватыкану, а па волі вышэйшай інстанцыі Усемагутнага Бога, які даў нам айца Робэрта. Мы Яму будзем дзякаваць як доўга будзем жыць. Магчыма, калі-небудзь на Беларусі яму паставяць помнік. Але ніякі помнік не заменіць нашай памяці аб велічы духу айца Робэрта.

Усё новыя і новыя студэнты заканчвалі вучобу, уладкоўваліся на працу -- разьязджаліся па розных краінах...

„На чацьвёртым годзе навучаньня, -- расказвае Вітаўт Кіпель, -- пачыналася дыплёмная праца: я выбраў тэму -- перагляд здымкі Візэйскага ярусу ў раёне Буфію, басэйн Шарлеруа. Дыплёмная праца ўзяла прыблізна год. У восень 1953 году мне быў уручаны дыплём геоляга (зразумела, папярэдне я здаў усе залікі і абараніў працу!).

Далей трэба было рабіць выбар -- што наступнае? Можна было адразу ехаць у Бэльгійскае Конга і працаваць, можна было заставацца пры ўнівэрсытэце альбо рабіць дактарат. Прафэсар „ак Таро запрапанаваў мне тэму для дактарату: вывучэньне літыевых сьлюдаў зь пегмаціту Маноно. У распрацоўцы тэмы была зацікаўленая кампанія Юніён Мініер, бо літыевыя сьлюды ў тым мейсцы вельмі абнадзейвалі як сыравіна. Я з прыемнасьцю ўзяўся за дактарат. Праца трывала добрыя два гады. Дактарат я закончыў у верасьні 1955 году, абарона дысэртацыі была абвешчаная месяц наперад у розных прафэсыйных часапісах, бюлетэнях. У дзень абароны прыехала ладне геахімікаў з Брусэлю, Льежу. Я падрыхтаваўся, і ўсё прайшло вельмі добра. Для мае пэрсанальнае сатысфакцыі абарона прайшла нагэтулькі пасьпяхова, што мне была дадзеная адзнака „Гранд дістанксіон” -- „вельмі добра”. У 1956 годзе вынікі маёй доктарскай дысэртацыі былі выдрукаваныя ў працах Бэльгійскае Акадэміі Навукаў”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Выбух карэйскай вайны на кароткі час ажывіў нас, даючы надзею, што, можа, гэты канфлікт набудзе шырэйшы маштаб і прысьпешыць вызваленьне Беларусі ды магчымы наш зварот дадому. З другога боку, пэрспэктыва нуклеярнай вайны ды яе вынік, асабліва для Беларусі, якая магла-б стацца першай ахвярай, напоўніла нас страхам і трывогай. Заканчэньне вайны падзелам Карэі на Паўночную ды Паўдзённую пераканала нас, што Захад не гатовы да канфрантацыі, а нам трэба настройвацца на даўжэйшы пэрыяд эміграцыі і думаць, як уладкавацца на чужыне, быць гатовымі да доўгага выгнаньня; трэба рыхтавацца да доўгага змаганьня і, каб яно было эфэктыўным, неабходна забясьпечыць таксама матэрыяльны бок жыцьця як для сябе, так і для сваіх сем’яў. Аднак прафэсыйная будучыня ў Бэльгіі не абяцала шмат. Бэльгійцы стваралі цяжкасьці для эмігрантаў у атрыманьні ліцэнзыяў на прыватную мэдычную практыку. Мы вырашылі ехаць у Канаду...

У лістападзе 1954 году айцец Робэрт зрабіў у гатэлі ўрачысты разьвітальны абед для мяне й Людмілы. На гэтым абедзе прысутнічалі: рэктар Лювэнскага Ўнівэрсытэту, віцэ-рэктар, прафэсары, члены Камітэту дапамогі беларускім студэнтам у Лювэне ды калегі й сябры-студэнты... Чульлівае разьвітаньне зь сябрамі ды супрацоўнікамі... Слова рэктара...

Трэцяга сьнежаня ў Амстэрдаме разьвіталіся і з Валодзем Набагезам. Там ён мне усунуў канвэрт ў кішэню:

-- Не пераймайся, можа, калі і я папрашу дапамогі ад цябе...

Апошнія абдымкі. Карабель памалу аддаляўся... Доўга мы глядзелі на постаць Валодзі. Берагі Эўропы зьніклі за даляглядам. Людміла і двое дзетак, Рагнеда й Вітаўт, -- уся мая маёмасьць. Глыбока ў душы я паабяцаў забясьпечыць ім будучыню.

Праблему далейшага ўладкаваньня вырашалі і іншыя выпускнікі Лювэнскага Ўнівэрсытэту.

„У асабістым пляне паўстала і гэткая справа: у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў мы, студэнты, добра ўсьведамілі, што павароту на Бацькаўшчыну няма -- у найлепшым выпадку „пуцёўка ў лягер”, у найгоршым... хто яго ведае?! Дык у кожнага ў галаве была думка: дзе атайбоўвацца? Далёка ад Бацькаўшчыны ад’язджаць не хацелася, бо мы Беларусьсю жылі. Мне асабіста колькі разоў прапаноўвалі ехаць у Бэльгійскае Конга, быць геолягам, але я прапановы адхіляў. Калі скончыў дактарат, дзякуючы маім кантактам з кампаніяй „Пэтрафіна” (я для гэтае кампаніі працаваў -- аналізаваў фарамініфэры трацічных пародаў Бэльгіі), мне было прапанавана ехаць у Парыж, адбыць шасьцімесячную спэцыялізацыю ў Вышэйшым Інстытуце Нафты, а потым ехаць у французскі Габон. І гэтае прапановы я ня прыняў. Паступова прыйшло рашэньне: трэба перабірацца ў ЗША. Там будзе і праца і грамадства, бо ад беларускага зямляцтва адзьдзяляцца ў мяне нават і ў думках ня было!

І гэтак напрыканцы 1955 году, Зора пару тыдняў раней, а я на Каталіцкія Каляды, прыехалі ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Бэльгійскі эпізод жыцьця закончыўся.

Я пражыў у Лювэне больш за шэсьць гадоў, Лювэнскі Каталіцкі Ўнівэрсытэт быў маёй першай Alma Mater, бо крыху пазьней я закончыў яшчэ і ўнівэрсытэт амэрыканскі, а ў 1993 годзе меў гонар атрымаць дыплём, гэтым разам Honoris causa, і ўнівэрсытэту на Бацькаўшчыне, Гарадзенскага. Дарэчы, атрымліваючы ганаровы дыплём нумар першы наймалодшага тады ўнівэрсытэту Беларусі, я прыпомніў там і Лювэнскі Каталіцкі Ўнівэрсытэт, як адзін са старэйшых унівэрсытэтаў сьвету, заснаваны ў 1525 годзе”. (З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Лювэнскі Ўнівэрсытэт даў нам каштоўную групу інтэлігентаў, адданых беларускай справе. Шмат больш чым дзясятая частка аказаліся высока вартаснымі ня толькі для Бацькаўшчыны, яны таксама зрабілі вялікі ўклад для тых дзяржаў, дзе іх прынялі і дзе далі ім магчымасьць працаваць, рэалізаваць свае веды і здольнасьці.

За час існаваньня Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня ў Лювэне (1949-1963) закончылі Лювэнскі Ўнівэрсытэт трыццаць чатыры асобы: сем -- мэдычны факультэт, тры -- хімічны, тры -- эканамічны, сем -- факультэт палітычных і сацыяльных навук, тры -- фармацэўтычны, тры -- псыхалягічны, два --агранамічны, два -- інжынэрны, адзін -- матэматычны, адзін -- геалягічны, адзін -- гістарычны і адзін -- гісторыі мастацтва.

„Палавіна з выпускнікоў увесь час удзельнічала ў беларускай нацыянальнай працы. Чалавек дванаццаць зь іх былі (ці ёсьць і сёньня, хто жывы) актыўнымі грамадскімі ці навуковымі беларускімі работнікамі. А чалавек шэсьць, што не закончылі студыі, але былі ў Лювэне, засталіся і пазьней актыўнымі ў беларускай нацыянальнай ці навуковай працы. Некаторыя закончылі студыі ў іншых мейсцах.

Ці апраўдала лювэнская група беларускіх студэнтаў надзеі беларускага грамадства ды кіраўнікоў беларускай эміграцыі? Я асьмельваюся сказаць, што апраўдала. Лік студэнтаў, што закончылі студыі, паказвае, што трэць іх засталася адданымі працаўнікамі беларускай справы. У гэтым-жа выхаваўчым асяродзьдзі Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня прайшлі стаж і тыя, што ня скончылі студыяў, але сфармаваліся як вартасныя беларускія працаўнікі. Гэта я кажу аб’ектыўна. Але ёсьць у беларускім грамадстве людзі, што любяць мераць рэчы на свой капыл. Напрыклад, яны пішуць, што беларускія лювэнскія студэнты -- гэта „апосталы Ватыкану”, „навернутыя вуніяты”, „прыстасаванцы” і г. д. Ёсьць і іншыя паклёпы. „Што галава, то і розум”... Кожны па-свойму думае. Аднак падобных рэчаў у беларускай студэнцкай групе ў Лювэне мне не даводзілася чуць або бачыць. Прынамсі, ніхто нас не намаўляў мяняць нашыя рэлігійныя погляды ці перакананьні. Гэтага ня было ні афіцыйна, ні прыватна”. (З успамінаў Васіля Шчэцькі)

Я хачу тут даць агульны агляд гэтага часу й падкрэсьліць найважнейшыя факты. Паездка ў Рым, атрыманьне, хаця й сьціплае дапамогі -- толькі дзесяць стыпэндыяў, -- але гэта дало нам патрэбную фінансавую базу. Прыезд „Дванаццаткі” ў Лювэн быў пераломным выдарэньнем -- жыцьцё актывізавалася. Сустрэча з кампазытарам Міколам Равенскім у Лювэне запачаткавала новы пэрыяд культурніцка-асьветніцкай дзейнасьці студэнтаў -- прапаганду беларускае культуры, песьні ды танцаў -- ня толькі сярод эмігрантаў-суродзічаў, але і сярод бэльгійскага грамадства, Францыі ды Ангельшчыны. Шматлікія выезды з канцэртамі па асяродках ў Бэльгіі, канцэрты ды сьвяткаваньне нацыянальных угодкаў на акадэмічным форуме Бэльгіі, канцэрты на французскім тэлебачаньні, выступленьні ў Ангельшчыне распаўсюдзілі ідэю беларускага нацыянальнага жыцьця і яго няўтомнага імкненьня да вызваленьня беларускага народу зь ярма бальшавіцкага таталітарызму.