Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Колькі слоў на пачатку

Чаму я ўзяў на сябе абавязак напісаць успаміны пра беларускае студэнцтва на эміграцыі? Ня так даўно я меў гутарку адносна гісторыі беларускага студэнцтва ў Лювэне з доктарам Янкам Запруднікам, адным з актыўных студэнтаў таго пэрыяду. Ён мне шчыра сказаў, што да сёньня ня ведае, як мы трапілі ў Лювэн, як мы знайшлі гэтае мейсца і хто нам дапамог. Я зазначыў, што Кастусь Мерляк у сваіх успамінах прыгадаў пра Лювэн, але, ня ведаючы дэталяў, падаў фальшывую інфармацыю, прадстаўляючы Лювэн як тварэньне вуніяцкай царквы. Янка Запруднік адказаў мне, што нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо нават тагачасныя студэнты таксама мала ведаюць, як усё было ў сапраўднасьці. Тады-ж ён мне параіў напісаць успаміны пра Лювэн, каб засьведчыць праўду аб важным этапе ў гісторыі беларускага студэнцтва на Чужыне.

Даволі цяжка пісаць пра падзеі, што адбыліся 50 гадоў назад. Няма архіваў, прыходзіцца абапірацца на кволую людскую памяць. Ёсьць вялікая небясьпека, што аўтар можа паграшыць суб’ектыўнасьцю. Аляксей Арэшка мне піша: „Твае ўспаміны больш падобныя да аўтабіяграфіі, але гісторыя творыцца адзінкамі, і вельмі цяжка адзьдзяліць асабістае ад гістарычных фактаў”. Таму я зьвярнуўся да ўсіх былых студэнтаў Марбургу ды Лювэну з просьбай даслаць свае ўспаміны. Былыя лювэнцы з разуменьнем і спагадай паставіліся да майго намеру.

„Часта гэтак бывае, што неабходную, патрэбную кнігу-ўспаміны пачынае адна асоба, якая вядзе гэтую працу да канца. У ходзе працы аўтар ўсьведамляе, што ягоны высілак станецца вартасьнейшым, больш грамадскім, узбагачаны ня толькі асабістымі дэталямі, але і ўспамінамі іншых саўдзельнікаў падзеяў, адначасьнікаў, сяброў. І гэткай працай-успамінам ёсьць задуманая й запачаткаваная Барысам Рагулем кніга пра беларускіх студэнтаў у паваеннай Эўропе, дапоўненая іншымі былымі студэнтамі. З прыемнасьцю раблю і я свой уклад -- успамін аб далёкіх студэнцкіх часох”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Васіль Шчэцька зь вялікай ахвотаю адгукнуўся на маю просьбу дапамагчы больш дакладна ўзнавіць гісторыю беларускага студэнцтва ў Лювэне й пераслаў свае запісы пэрыяду 1950-1954 гадоў. У кнізе максымальна выкарыстаны ягоныя занатоўкі. Між іншым, Васіль якраз і ёсьць адзін з так званай „Дванаццаткі”. Ён цяпер жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі і па-ранейшаму вельмі актыўны ў грамадскай дзейнасьці. Ягоныя зацемкі найбольш дакладна адлюстроўваюць жыцьцё й дзейнасьць студэнтаў Лювэну.

На маю просьбу адгукнуліся іншыя былыя студэнты ня толькі Марбургу і Лювэну -- Аляксей Арэшка, Раіса Жук-Грышкевіч, Янка Жучка, Анатоль Занковіч, Янка Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі, Лаўрын Клыбік, Мікола Латушкін, Уладзімер Набагез, Міхаіл Наўмовіч, Вітаўт Рамук, Язэп Сажыц, Зоя Смаршчок-Жалязоўская, Івонка і Янка Сурвіллы, Віктар Сянькевіч, Лявон Трусэвіч, Павал Урбан, Міхаіл Швэдзюк.

Вялікі ім усім дзякуй!

Я хачу пазьбегнуць памылак іншых, што ў сваіх ўспамінах расказваюць пра мінулае так, быццам-бы яны, аўтары ўспамінаў, вызначалі ход падзеяў. Я перакананы, што, калі-б ня было мяне, нехта іншы выканаў-бы маю ролю. Магчыма, у іншай форме, але канчатковы вынік быў-бы той самы. Мне пашчасьціла апынуцца ў адпаведным мейсцы, у адпаведны час, пры адпаведных спрыяльных абставінах ды спаткаць адпаведных людзей. Мне ўдалося выкарыстаць гэтыя акалічнасьці, каб асягнуць сваю мэту быць лекарам і пры гэтым дапамагчы іншым.

Студзень 1996 году