Паліталёгія

Асноўны курс


4. Грамадзтва і ўлада - Італьянскі і нямецкі фашызм

Нiжэй ужываюцца наступныя скарачэньні: ВК (WRV) = Ваймарская канстытуцыя (Weimarer Reichsverfassung); ІКП (PCI) = Італьянская камуністычная партыя (Partito Communista Italiano); ІНП (PPI) = Італьянская народная партыя (Partito Popolare Italiano); ІСП (PSI) = Італьянская сацыялістычная партыя (Partito Socialista Italiano); Конфіндустрыя (Confindustria) = Генэральная канфэдэрацыя італьянскай прамысловасьці (Confederazione Generale dell’Industria Italiana); КПН (KPD) = Камуністычная партыя Нямеччыны (Kommunistische Partei Deutschlands); НННП (DNVP) = Нацыянальная нямецкая народная партыя (Deutschnationale Volkspartei); ННП (DVP) = Нямецкая народная партыя (Deutsche Volkspartei); НРП (DAF) = Нямецкі рабочы фронт (Deutsche Arbeitsfront); НСАП (NSBO) = Нацыянал-сацыялістычная арганізацыя прадпрыемстваў (Nationalsozialistische Betriebsorganisation); НСРПН (NSDAP) = Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны (Nationalsozialistische Arbeiterpartei Deutschlands); НФП (PNF) = Нацыянальная фашысцкая партыя (Partito Nazionale Fascista); СА (SA) = штурмавы аддзел (Sturmabteilung); СаР (KdF) = «Сіла ад Радасьці» (Kraft durch Freude); СС (SS) = Абарончая каманда; СДПН (SPD) = Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны (Sozialdemokratische Partei Deutschlands).

1. Дыскусiя вакол панятку «фашызм»

Агульнапрыняты панятак фашызму стаў у ФРН прадметам спрэчак. Сьцьвярджаецца, што адрозьненьне памiж iтальянскiм фашызмам і нямецкiм нацыянал-сацыялiзмам настолькi вялiкае, што нельга гаварыць аб нейкiм адзiным фэномэне фашызму. Маўляў, ня маючы аніякай гiстарычна-аналiтычнай рэлевантнасьці і таму «зазнаючы неабмежаваны ўжытак у якасьці клiшэ», агульнапашыраны панятак фашызму становіць сабой ня што іншае, як тэндэнцыйна скіраваны лёзунг палiтычна-iдэалягічнай барацьбы: тыя, хто чапляецца за яго, насамрэч хочуць «адцягнуць увагу ад камунiстычнай дыктатуры» і «проста-такі санкцыянаваць прэтэнзіі камуністаў на дэмакратыю» (Bracher, у: Totalitarismus 1980, S. 15). Iншыя крытыкi, зноў жа, закідаюць дасьледнікам фашызму тое, што яны карыстаюцца агульным паняткам фашызму, але пры гэтым маюць на ўвазе выключна нямецкі нацыянал-сацыялiзм. Падводзячы свае абагульненьні пад гэткі выбарачны эмпiрычны базыс, яны рызыкуюць прыняць панятак фашызму за саму рэалію — такія крытычныя заўвагі выказвалі гiсторыкi Пэтэрсан, Шыдэр, Вiпэрман, Тамэр, Шоркен і iнш.

На маю думку, ёсьць падставы ўспрымаць гэтую крытыку сур’ёзна. Параўнальнага дасьледаваньня, якое б з улiкам найноўшых навуковых дасягненьняў усеабдымна раскрыла б праблему нямецкага і iтальянскага фашызму як у фазе яго станаўленьня, так і ў фазе разьвіцьця, няма; артыкулы і манаграфii заўсёды абмяжоўваюцца толькi параўнаньнем асобных аспэктаў гэтых сацыяльных рухаў і формаў улады. Такiя прагалы ня могуць быць запоўненыя і тут; але мы манімся зьдзейсьніць параўнаньне ў форме зьведзенага да iдэальных тыпаў аналiзу мадэляў, злучальным вязьмом якога будзе сыстэматычнае стаўляньне дваякіх пытаньняў. З аднаго боку, гэтае параўнаньне выходзіць з таго факту, што фашызм ня змог бы прыйсьці да ўлады без дапамогi традыцыйных элiтаў буржуазнага грамадзтва, упаасобку без спрыяньня прадстаўнікоў буйной прамысловасьці, буйных земляўласьнiкаў і блізкіх да іх палiтычных партыяў. Якім чынам утварыўся такi хаўрус? Якую ролю адыграў у гэтым зьвязку крызыс лібэральнай дэмакратыi? І як у Iталii і Нямеччыне фашызм яшчэ перад сваiм прыходам да ўлады здолеў знайсьці масавую падтрымку для правядзеньня сваiх мэтаў? Зь іншага боку, параўнаньне будзе засяроджвацца на пытаньні, як разьвівалася стаўленьне фашысцкiх рухаў у Iталii і Нямеччыне да кансэрватыўных сілаў, якія ім спачувалі. Цi змаглi яны пашырыць, у адрозьненьне ад традыцыйных элiтаў, сваю палiтычную прастору дзеяньняў? Калi так (але з той істотнай розьніцай, што пашырэньне ўлады фашыстаў і пашырэньне ўлады нацыянал-сацыялiстаў мела розныя маштабы), то трэба абмеркаваць прычыны, якiя зрабiлi гэта магчымым.

Адно калі мы высьветлім, прынамсі схематычна, гэтыя пытаньні, можна будзе вярнуцца да выходнай праблемы: цi зводзiцца агульнапрыняты панятак фашызму да палiтычна-iдэалягічнай формулы барацьбы? Цi абазначае ён, не зважаючы на магчымыя глыбокiя адрозьненьні памiж iтальянскiм і нямецкiм варыянтамi, унівэрсальную рэгрэсiўную зьяву ў буржуазна-капiталiстычных грамадзтвах мiжваеннага часу ў Сярэдняй і Паўднёвай Эўропе?

2. Умовы ўзьнікненьня iтальянскага і нямецкага фашызму

Крызыс лібэральнай дэмакратыi

Узьнікненьне фашызму ў Iталii і Нямеччыне як масавага руху і як рэжыму тлумачыцца крызысам лібэральнай дэмакратыi ў абедзьвюх краiнах: ён змог стаць палiтычнай сілай адно тады, калi яму выпаў шанец узмацніць нястаннасьць мэханiзмаў дэмакратычнай iнтэграцыi і выкарыстаць гэта для сваіх мэтаў.

Ужо з 1914 году парлямэнцкая сыстэма Iталii сутыкалася з сацыяльнымі, эканамiчнымі, рэлiгiйнымі і палiтычнымі праблемамі, пераадолець якiя, без сумневу, было ёй не пад сілу. Але лiбэралу Джаліці ўсё ж удалося, прынамсi часткова, прывесьці ўзьніклыя ў выніку індустрыялізацыі масавыя сацыялiстычныя і каталiцкiя рухі рабочых да лібэральна-дэмакратычнага кансэнсусу — дзякуючы простаму ўдзелу іхных прадстаўнiкоў у буржуазным урадзе ды сацыяльным і палiтычным рэформам. Адылі гэты iнструмэнт, trasformismo, з 1918 году пачаў траціць давер палiтызаваных сусьветнай вайной пралетарскiх масаў: абяцаньні рэформаў, якія ім рабілі пачынаючы з уступленьня Iталii ў вайну ў 1915 годзе, аказаліся нявыкананымi, і тады яны, маючы перад вачыма прыклад рэвалюцыйнай Савецкай Расіі, пачалі самi дамагацца свайго вызваленьня: захопы фабрыкаў у жнiўнi-верасьні 1920-га былі толькi відовішчнай кульмінацыяй гэтых памкненьняў (параўн. Spriano 1964). І наадварот, адзін з цэнтральных прынцыпаў trasformismo — нэўтральнасьць ураду ў працоўных канфлiктах — усё часьцей трапляў пад перакрыжаваны агонь буржуазнай крытыкi: прадпрымальнiкі пачуліся зраджанымі выканаўчай уладай, калі Джаліці падчас захопаў фабрык адмовіўся кiнуць супраць рабочых палiцыю і войска. У лягеры прадпрымальнiкаў высьпявала думка аб тым, што паваенны эканамiчны і палiтычны крызыс у Iталii можна пераадолець толькi праз усталяваньне аўтарытарнай дзяржавы, якая пад нацыяналiстычнымі лёзунгамі створыць стабiльныя ўмовы для павелічэньня ўзросту прамысловасьці і будзе душыць у зародку любую радыкальную сацыяльную рэформу (параўн. Sarti 1971, S. 7 ff).

Агонiя Ваймарскай рэспублiкi таксама пачалася з абвастрэньня барацьбы за першынство паміж капiталам і працай, якая, відавочна, мела характар клясавай барацьбы. Мадэлi trasformismo ў толькі часткова функцыянуючай парлямэцкай дэмакратыi Iталii напярэдадні першай сусьветнай вайны адпавядаў у фазе стабiльнасьці Ваймарскай дэмакратыi, памiж 1924 і 1928 гг., кампраміс паміж арганiзацыямі працадаўцаў і найманых працаўнікоў у сфэры сувязі, які знайшоў выражэньне ў тарыфных дамовах, у сацыяльна-палiтычным заканадаўстве і г.д. Дзеля таго што ў сацыяльнай палiтыцы Ваймарскай рэспублікі роля апошняй iнстанцыi ўва ўрэгуляваньні канфліктаў заставалася за дзяржавай, здольнасьць абодвух бакоў да кампрамiсаў станавiла сабой таксама і галоўны падмурак кансэнсусу паміж палiтычнымі партыямі буйной буржуазіі і працоўных. Але з пачаткам абвалу кан'юнктуры гэтае становішча радыкальна зьмянілася: насамрэч прадпрымальнiкі зь цяжкой прамысловасьці на чале з 1929 году фактычна перайшлі да аднабаковага скасаваньня сацыяльна-палітычнага пакту з прафсаюзамi, замацаванага ў артыкуле 165 ВК. З 1930 году прадпрымальнікам удалося «цалкам вывесьці палiтыку заробкаў з абсягу сацыяльнай палiтыкі і падначалiць яе выключна прыватна-эканамiчным iнтарэсам» (Preller 1978, S. 520 f) і замянiць другі нарожны камень ваймарскай сацыяльнай палiтыкi — прынцып страхаваньня — прынцыпам сацыяльнага забесьпячэньня. Нарастаючая бескампраміснасьць асацыяцыяў прадпрымальнiкаў стварыла заразом умовы для таго, каб хутка ўзрастаючае з 1930 году масавае беспрацоўе ператварылася ў адзiн з фактараў сацыяльнай палярызацыi: не выпадкова КПН на выбарах у Райхстаг у лiпенi 1932 г. амаль дагнала СДПН, узяўшы 16,9 % галасоў (параўн. Bracher 1955, S. 664).

Крызыс лібэральнай дэмакратыi ў абедзьвюх краiнах абвастраўся ў выніку таго, што буржуазныя партыi ўсё больш гублялi здольнасьць да кансэнсусу памiжсобку і ўзглядам сваiх выбарцаў. Масавая партыя Popolari (ІНП), якая знаходзiлася пад уплывам Ватыкану і ў выніку выбараў 1919 году стала другой па ўплывовасьці і моцы палiтычнай сiлай Iталii (параўн. Petersen 1983, S. 129, таблiца 5), займала дваістую пазыцыю: яна крытыкавала лібэралаў і адначасова бараніла iх ад сацыялiстаў. Гэтая партыя абвясьціла сябе прыхiльнiцай дэмакратыi і прафсаюзных арганiзацыяў рабочых; але адначасова яна была беспасярэдне зьвязаная з каталiцкай царквой, якая адмаўляла якраз гэтыя ўстаноўкi. Палiтычная лiнiя лібэралаў, якую рэпрэзэнтавала традыцыйная «палiтычная кляса», была ня менш няпэўнай. Расколатая ўжо з 1915 году ў выніку спрэчкі аб уступленьні Iталii ў сусьветную вайну, пасьля яе заканчэньня гэтая партыя пакутавала ад асабістага канфлікту памiж прадстаўнiком цэнтрысцкага крыла Джалiці і правым лібэралам Саландрам, у якога, у сваю чаргу, было надзвычай мала супольнага з такім лібэральным палiтыкам буржуазнай лявіцы, як Нiці, якi — хоць і беспасьпяхова — выступаў за палiтыку рэформаў і шукаў кампрамiсу з сацыялiстамi. Але яшчэ важнейшым было тое, што канстытуцыйныя партыi ані з арганізацыйнага гледзішча, ані з гледзішча перадвыбарнай агітацыі не праявiлi здольнасьцяў, неабходных у эпоху масавай дэмакратыі. Дзеля таго што яны заставаліся ў палоне стылю і самаразуменьня традыцыйнай «партыі ўплывовых людзей», лiстападаўскiя выбары 1919 году, што адбыліся паводле новаўведзенага ўсеагульнага прапарцыйнага выбарчага права, скончыліся для іх цяжкай паразай: бальшыню ў парлямэнце яны прайгралі сацыялiстам і Popolari (параўн. Petersen 1983, S.126 f).

Без сумневу, з 1929 году нямецкая буржуазiя пад ціскам сусьветнага эканамiчнага крызысу была яшчэ больш раздробленая, чымся iтальянскiя вярхi адразу пасьля першай сусьветнай вайны. Разыходзіліся ня толькi iнтарэсы цяжкой прамысловасьці і сфэры спажываньня; таксама і сельская гаспадарка абвяшчала аб сваіх асаблівых пратэкцыянiсцкiх iнтарэсах (параўн. Mason 1968, S. 475 f). Нават буйная прамысловасьць ня мела адзінай канцэпцыi пераадоленьня крызысу. «Новыя галіны прамысловасьці» (хiмiчная, электрычная) цьвёрда выступалі за прынцып рэнтабэльнага выкарыстаньня капiталу з арыентацыяй на сусьветны рынак: зарганiзаваныя ў «лягер Брунінга»[1], яны не выключалі магчымасьці выхаду з крызысу з дапамогай прафсаюзаў. У супрацьвагу ім утварыўся хаўрус цяжкай і горна-мэталюргiчнай прамысловасьці і «Гарцбурскага фронту» (НСРПН, НННП, «Штальгельм»): як «нацыянальная апазыцыя» яны выступалi за рашучую палiтыку ўзбраеньня, якой павінен быў папярэднiчаць разгром арганiзаванага рабочага руху і лібэральнай дэмакратыi (параўн. Saage 1981, S. 41 ff). Апроч таго, пасьля верасьнёўскіх выбараў 1930 году стала ясна, што традыцыйныя буржуазныя партыi ўжо не маглі разьлічваць на дастатковую для фармаваньня ўраду бальшыню ў парлямэнце. Хоць цэнтар і здолеў утрымаць сваю частку галасоў, але колькасьць галасоў за НННП ад 11,3 % у 1928 годзе паменшылася ў лiпенi 1932 году да 5,9 %, а патэнцыял ННП за гэты час паменшыўся ад 8,7 % ажно да 1,2 % (параўн. Bracher 1955, S. 646). Гэта было пачаткам канца дэмакратычнай легітымацыі лібэральнай «буржуазнай рэспублікі» (О.Баўэр): дэмакратычны мэханiзм парлямэнцкай сыстэмы, дзякуючы якому празь перавагу буржуазна-сялянскiх масавых партыяў забясьпечвалася сацыяльнае панаваньне традыцыйных элiтаў буржуазнага грамадзтва, больш не працаваў.

Калi глыбока раздробнены буржуазны лягер у Iталii і Нямеччыне быў, такiм чынам, ня ў стане дэмакратычна легiтымаваць сваю ўладу ў грамадзтве сродкамі парлямэнцкай сыстэмы, дык рабочыя рухі абедзьвюх краiнаў аказаліся заслабымі для таго, каб скарыстаць з палiтычнага і сацыяльнага крызысу для сваiх сацыялiстычных мэтаў. Праўда, ІСП, нягледзячы на адначасны ўздым ІНП, на пачатку карысталася вялікім посьпехам: у лiстападзе 1919 году сацыялісты сталі наймацнейшай палітычнай сілай Італіі, атрымаўшы 156 з 508 месцаў у парлямэнце (параўн. Petersen 1983, S. 129, таб. 5). Адылі па заканчэньні першай сусьветнай вайны ўнутры партыi супрацьстаялі тры вялiкiя блёкi, якiя жорстка змагалiся памiжсобку: максымалiсты пад кiраўнiцтвам Лядзары і Сэраці, рэфармісты-сацыялiсты — iх узначалiлi Тураці і Трэвэс — і група Ordine Nuovo, што ўтварылася вакол Грамшы і Тальяці, якая ў 1921 годзе адкалолася і заснавала ІКП.

Максымалiсты адмаўлялi парлямэнцкую сыстэму як вытвар буржуазнай ідэалёгii: яна, на iх думку, не вызваляла працоўнай клясы, а «ўцягвала» яе ў буржуазнае грамадзтва. Заміж таго, каб прыняць, нават часова, лібэральную дэмакратыю, трэба выкарыстоўваць рэвалюцыйны настрой масаў і дамагацца рэвалюцыйнага, без прамежкавых стадыяў, захопу буржуазнай дзяржавы. У адрозьненьне ад гэтага для рэфармістаў-сацыялiстаў шлях пасьлядоўнага прадстаўленьня iнтарэсаў працоўных у парлямэнцкай сыстэме быў неад’емным складнiкам іхнага разуменьня сацыялiзму. На адбытым у 1918 годзе ў Рыме Нацыянальным кангрэсе сацыялiстаў максымалiсты дабіліся вiдавочнай перамогі. Але ўнутрыпартыйны канфлiкт ня быў да канца разьвязаны, і дзейнасьць ІСП была паралiзаваная (параўн. Priester 1972, S.175). Яе палiтычная недзеяздольнасьць узмацнялася яшчэ й тым, што максымалiсты выключалі любую каалiцыю з дэмакратычнымi сiламi буржуазii. Адылі адначасна іхная стаўка на дактрыну сусьветнай рэвалюцыi моцна кантраставала з практычнай пасіўнасьцю і адсутнасьцю палiтычнай канцэпцыі: захопы фабрык і страйкi рабочых-максымалiстаў заканчваліся нічым, Джалiці нават ня трэба было ўмешвацца ў працоўныя канфлікты. Для рэвалюцыйнага рабочага руху правал захопаў фабрык стаў цяжкой паразай, ад якой ён так і не ачомаўся (параўн. Priester 1972, S. 177 f).

Аслабленьню магутнасьці партыяў буржуазнага спэктру Ваймарскай рэспублiкi з 1930 году спадарожнічаў адыход арганiзаванага рабочага руху ў Нямеччыне ў стан палiтычнай абароны, з чым можна правесьці паралелі ў вычакальнай пазыцыі ІСП напярэдадні захопу ўлады фашыстамi. Праўда, СДПН паспрабавала пазьбегчы памылак максымалiсцкага крыла ІСП: Брайтшайд[2] адкрыта апраўдваў ляяльную палiтыку СДПН у дачыненьні да кабінэту міністраў Брунiнга тым аргумэнтам, што было б няправiльна заўсёды гаварыць пра буржуазiю як пра адзіную рэакцыйную масу і не «выкарыстоўваць тыя адрозьненьні, што існуюць насамрэч унутры буржуазii і капiталiстычных партыяў, на карысьць рабочага руху і сацыял-дэмакратыі» (Breitscheid 1931, S. 177). Аднак такая палiтыка ляяльнасьці насамрэч хутчэй замацоўвала пасіўнасьць СДПН, чымся пашырала прастору яе дзеяньняў. Зацыкліўшыся на Ваймарскай дзяржаве і пакладаючыся на ўяўную жыцьцяздольнасьць сваіх арганiзацыяў на месцах, СДПН ня здолела падчас глыбокага крызысу 1929—1930 гадоў змабілізаваць для выратаваньня дэмакратычнай рэспублiкi непарлямэнцкiя і неiнстытуцыяналізаваныя сiлы. Камунiстам нашмат лепей удалося змабiлiзаваць пралетарскія масы, але гэтая мабілізацыя адбывалася ў фатальным кірунку, які прывёў да яшчэ большага абмежаваньня дзеяздольнасьці рабочага руху. Зачараваныя тэзысам Сталiна і Зiноўева аб сацыял-фашызьме, яны бачылi ў СДПН галоўную перашкоду пралетарскай рэвалюцыi, якую трэба было лiквiдаваць у першую чаргу. Не выпадала спадзявацца на пераадоленьне спаралiзаванасьці раздробленага пралетарскага лягеру таксама і з боку хрысьціянскага рабочага руху. У яго шэрагах, аддзеленых ад сацыялiстаў і камунiстаў сьветапагляднымі разыходжаньнямі, пашыралася «незадаволенасьць парлямэнцкай дэмакратыяй, якая выяўлялася ў жаданьні «моцнай рукi» і... у выступах за станава-прафэсійны парадак, якi бачыўся карэктывай да шматпартыйнай дзяржавы» (Schneider 1986).

Як бы ў поўнай адпаведнасьці зь лёгiкай «клясавай раўнавагi слабасьці» (О.Баўэр) памiж арганiзацыямi рабочых і традыцыйнымi партыямi буржуазнага лягеру палiтычная палярызацыя памiж імі яшчэ больш паглыбiлася ў выніку таго, што апошнім пагражала страта выбарцаў. Бяз здатнай да фармаваньня ўраду бальшыні парлямэнт як орган iнтэграцыi ўсяго грамадзтва станавіўся ўсё больш недзеяздольным. Фактычна ў меру таго, як у Iталii пачасьціліся ўрадавыя крызысы і прыпынілася рэгулярная заканадаўчая дзейнасьць, узмацнiлася дзяржаўная бюракратыя. Таксама і ў Нямеччыне такая ўнутрыграмадзкая канстэляцыя прывяла да ўтварэньня кабінэтаў міністраў, якiя, фармальна абапертыя на артыкул 48 ВК, узапраўды былі залежныя ўжо не ад парлямэнту, а ад даверу райхспрэзыдэнта. Адначасова — таксама як і ў Iталii — узмацнялася ўлада мiнiстэрскай бюракратыi, «якая на падставе надзвычайных паўнамоцтваў магла ў шмат якіх пытаньнях выходзіць з-пад парлямэнцкага кантролю» (Preller 1978, S. 522). У гэтай сытуацыi, калі трансфармацыя парлямэнцкай сыстэмы ў аўтарытарную адміністрацыйную дзяржаву ўзмацняла антыдэмакратычныя афэкты як буржуазнага электарату, так і камунiстычнай рабочай клясы, на крызыс лібэральнай дэмакратыi ў Iталii і Нямеччыне вырашальна паўплывала не «бальшавiцкая небясьпека», пра якую крычала правая буржуазiя, а сам фашызм. Ён выкарыстаў разбурэньне законнага дэмакратычнага парадку, якое імкліва адбывалася ў абедзьвюх краiнах памiж 1920 і 1922 i, адпаведна, 1930 і 1933 гадамi, паскараючы яго сродкамi, падобнымi да сродкаў, ужываных падчас грамадзянскай вайны. Адначасова ён прапанаваў сябе на ролю гаранта спакою і парадку, новай нацыянальнай згоды на правым флянгу лібэральнай дэмакратыі, ня толькі занепакоеным сярэднім слаям, але таксама і традыцыйным элiтам.

Аднак трэба дадаць, што вядучыя колы буйной прамысловасьці і буйных земляўласьнiкаў не адразу пайшлі на гэтае супрацоўніцтва, бо не чакалі, што яно прывядзе да ўстанаўленьня фашысцкай дыктатуры. І наадварот, няправільна было б трактаваць фашызм вылучна як iнструмэнт на службе капiталiстычных сiлаў. Хутчэй трэба інтэрпрэтаваць абодва бакі як узглядна аўтаномныя велiчынi, якiя вельмі павольна збліжаліся міжсобку. Але як была ўладкаваная структура гэтага кампрамiсу? І, найперш, якім чынам фашызму ў Iталii і Нямеччыне ўдалося заручыцца масавай падтрымкай, якая ў рэшце рэшт і падштурхнула традыцыйныя элiты да хаўрусу з фашызмам?

Ператварэньне фашызму ў «трэцюю сiлу»

Пачаткі самастойнай арганiзацыi fasci di combattimento наўрад ці дазваляюць адназначна вызначыць клясавую прыналежнасьць «фашыстаў першай гадзіны». Удзельнiкаў устаноўчага сходу 23 сакавiка 1919 году ў Мілане дэ Фэлічэ падзяліў на тры групы:

«Першая, напэўна, найбольшая катэгорыя, складалася са «старой гвардыi» рэвалюцыйных iнтэрвэнцыянiстаў: сацыялiстаў, сындыкалiстаў, анархiстаў, якiя ў 1914—15 годзе стварылі fasci d’azione revolutionaria; асаблiва шмат было рэвалюцыйных сындыкалiстаў... Другая катэгорыя складалася з новых сiлаў, з франтавiкоў, дэмабiлiзаваных жаўнераў; асаблiва шмат было Arditi (былыя жаўнеры элiтных частак iтальянскай армii — Аўт.). Урэшце, асобную групку ўтваралі футурысты, якiх узначальваў Марынэці, адзіны з прысутных, хто сапраўды карыстаўся нацыянальным аўтарытэтам» (1965, S. 505).

Калi ў 1919 годзе гэтая групоўка ўзяла ўдзел у выбарах, яна зазнала поўны правал. У адзінай выбарчай акрузе, дзе выстаўляліся яе кандыдаты, а наймя ў Мілане, яна ня здолела здабыць ніводнага мандату. Але ў траўнi 1922 году, маючы 322 000 сяброў, яна ўжо была найбольшай — зь вялікім адрывам — партыяй Iталii (Petersen 1983, S.133). Як магло здарыцца, што з маргінальнай палiтычнай групоўкi фашызм менш як за два гады ператварыўся ў наймацнейшы палiтычны масавы рух Iталii?

Найперш у зьвязку з гэтым неабходна заўважыць, што пасьля прайграных выбараў Мусалiнi пачаў адмаўляцца ад сваёй першапачатнай мэты, мабiлiзацыі прыхiльнiкаў з пралетарскiх слаёў: ён паступова збочыў направа, каб прыцягнуць на свой бок сeti medi, сярэднія слаі. Гэтая тэндэнцыя ўзмацнiлася тады, калі ў 1920 годзе да фашызму пачалі далучацца студэнты, дробная буржуазiя і вельмi маладыя ўдзельнiкi вайны, якiя ўбачылi ў iм «дзейны сродак супраць сацыялiзму, а таксама супраць каталiцкай народнай партыi» (de Felice 1965, S. 590). Адначасна старыя левыя элемэнты, г.зн. сындыкалiсты, анархiсты, сацыялiсты — былі ўсё больш і больш прымушаныя перайсьці да абароны: яны або зьнікалі, або прыстасоўвалiся да новага клiмату. Праўда, прадухіленьне «левых» элемэнтаў у праграме дзеньняў раньняга фашызму нельга ані пераацэньваць, анi тлумачыць чыста кан'юнктурнымі палітычнымі разьлікамі. Мусалiнi ўважаў сябе, нават пасьля яго выключэньня ў лiстападзе 1914 году з ІСП, якую ён марна спрабаваў схіліць да падтрымкі ўступленьня Iталii ў сусьветную вайну на баку заходнiх дзяржаваў, за сацыяліста: нездарма ён апраўдваў iнтэрвэнцыялiзм тым аргумэнтам, што вайна паскорыла б выбух сацыяльнай рэвалюцыi ў Iталii. Але адначасова ён пачаў дыстанцыявацца ад цэнтральных марксiсцкіх палажэньняў. Рашучы паварот Мусалiнi зьдзейсьніў пасьля ваеннай паразы Iталii пры Капарэта на Ізонцкім фронце (Isonzo-front) у кастрычнiку 1917 году. Ён прыйшоў да высновы, што ваенныя перамогi магчымыя толькi тады, калi ўся нацыя будзе станаўко і супольна імкнуцца да павышэньня грамадзкага багацьця. Ня клясавая барацьба, а prodottivismo на капiталiстычнай аснове расставіць акцэнты, якiя ад гэтага моманту будуць прадвызначаць яго палiтычнае мысьленьне (параўн. Sarti 1971, а таксама Petersen 1976, S. 153 f).

Але сапраўды эфэктыўна гэтая пераарыентацыя пачала праводзіцца ў жыцьцё адно тады, калi пасьля правалу захопаў фабрык увосень 1920 году сфармавалася вайсковае крыло фашызму, squadre d’azione: згрупаваныя вакол вайскова-палiтычных кіраўнікоў, «якiя арыентаваліся на архаiчную мадэль Condottieri», «эскадры» валодалі «зброяй і транспартнымі сродкамі, былi рухомыя і здольныя дзякуючы хуткаму сьцягненьню вялікіх сiлаў здушыць асобныя пралетарскiя асяродкі, якiя не былі ўзброеныя і не маглі весьці барацьбу ў гэтым полі» (de Luna 1978, S. 40). У гiсторыi арганiзаванага рабочага руху да 1920 году насамрэч цяжка знайсьці тэрарыстычныя формы накiраванай супраць iх клясавай барацьбы, якiя можна было б параўнаць з брутальнай дынамiкай так званага аграрнага фашызму. Фiнансаваны буйнымi земляўласьнiкамi і прыкрываны дзяржаўнай выканаўчай уладай, фашысцкi наступ пачаўся ў кастрычнiку 1920 году з маланкавага захопу чырвонай Балёньі; неўзабаве фашысты кантралявалi Мадэну, Фэрару, Эмілью, Таскану і ўрэшце ўсю даліну По. Мэтай «карных экспэдыцыяў» было зьнішчэньне эканамiчных заваёваў сельскага пралетарыяту, г.зн. прафсаюзаў, лiгаў, рабочых сходаў, а таксама спажывецкiх ды вытворчых каапэратываў.

Няма сумневаў, што выбухападобнае пашырэньне фашызму ў 1920—1921 гадох было б немагчымае без ужыцьця арганізаванага пры дапамозе вайскоўцаў гвалту як сродку палiтычнай барацьбы і без імкненьня буржуазных ceti medi да падрыву ролі пралетарыяту. Праўда, кiдаецца ў вочы, што ў 1921 годзе доля пралетарыяту ў НФП была надзiва вялiкаю: 24,3 % сялянаў і 15,5 % прамысловых рабочых (параўн. Petersen 1983, S. 142, таб.5). Але няма сумневу таксама і ў тым, што многiя рабочыя далучылiся да НФП толькi з боязі страціць сваё працоўнае месца. Насамрэч палiтычны профiль фашызму як масавага руху вызначаўся «групамі новай сярэдняй клясы і адукаванай буржуазiі... Доля гэтых групаў была значнай ужо ў партыйным апараце, асабліва сярод партыйнай верхавіны. Разам з прадстаўнікамі старой сярэдняй клясы яна складала амаль палову ўсіх сяброў партыi і прыкладна 90 % партыйных кадраў (Petersen 1983, S. 150 f).

З упэўненасьцю можна сказаць, што эканамiчны крызыс у Iталii пасьля першай сусьветнай вайны таксама і ў гэтых ceti medi паспрыяў узьнікненьню антыкапiталiстычных настрояў, скіраваных супраць тэндэнцыяў канцэнтрацыi вытворчасьці ў руках буйных капіталістаў і звышпрыбыткаў вайскова-прамысловага комплексу. Пры гэтым, безумоўна, на іх накладалася ўсё большая нянавісьць да вызвольных памкненьняў рабочай клясы. Адно дзякуючы таму, калі падагульніць, што iтальянскі фашызм выкарыстаў абедзьве тэндэнцыі, ён стаў масавым рухам: ён прапанаваў разгубленым сярэднім слаям новую арыентацыю, замянiўшы лібэральна-дэмакратычны trasformismo ваяўнiчым вобразам ворага: арганiзаванага рабочага руху.

У адрозьненьне ад iтальянскага фашызму нямецкi нацыянал-сацыялiзм адразу пасьля вайны ня здолеў заручыцца масавай падтрымкай. Пасьля няўдалай спробы путчу Гiтлера ў лiстападзе 1923 году НСРПН, заснаваная ў 1919 годзе, мела 55 287 сяброў. Хоць пасьля перарэгістрацыі ў 1925 годзе колькасьць яе прыхiльнiкаў бесьперапынна расла і ў сакавiку 1928 дасягнула 85 464 чалавек (параўн. Kater 1983, S. 25), але ў пэрыяд стабiльнасьці Ваймарскай рэспублiкi яна не адыгрывала значнай палiтычнай ролi. На выбарах у райхстаг у 1928 годзе НСРПН так і ня здолела пераадолець бар’ер у 3,5 % галасоў выбарцаў (параўн. Bracher 1955, S. 646). Атрымаць масавую падтрымку НСНРП удалося толькi падчас сусьветнага эканамiчнага крызысу 1929 году. У сакавiку гэтага году яна налічвала ўжо больш за 121 178 сяброў (параўн. Kater 1983, S. 26, табл. 26), а праз тры гады, у сакавiку 1932 году, гэтая колькасьць узрасла да 1 002 157. У верасьні 1930 году НСРПН атрымала 15,3 % галасоў і ўтварыла другую па колькасьці фракцыю ў райхстагу, а ў лiпенi 1932-га з 37,2 % галасоў — найбольшую. Чым можна растлумачыць тое, што НСРПН, хоць і з затрымкай прыкладна на 8 гадоў, яшчэ да прыходу да ўлады здолела паўтарыць і нават пераўзысьці посьпехі фашысцкага руху ў Iталii 1921—1922 гадоў?

Найперш важна тое, што НСРПН ужо падчас сваёй стагнацыi ў пэрыяд да 1928 году стварала істотныя перадумовы для свайго будучага посьпеху: ёй пасьпяхова ўдалося стварыць копію фашысцкіх squadre d’azione ў выглядзе СА. Хаця таксама і ў СА найважнейшыя кіраўнічыя функцыi выконвалi былыя афiцэры і ўдзельнiкi вайны, яна не адасобілася ў асобную параваенную структуру: як і фашысцкiя эскадры да ўсталяваньня адкрытай дыктатуры ў 1925 годзе і неўзабаве пасьля гэтага, так і СА як палiтычна найактыўнейшая частка партыi дэманстравала сваю тэрарыстычную зьнішчальную волю да левых радыкальней за ўсе iншыя групоўкi з антыдэмакратычнага лягеру правых. Калі СА да прыходу нацыстаў да ўлады, нават у 1932 годзе, не разгарнула такой бурлівай тэрарыстычнай дзейнасьці, як эскадры ў пэрыяд аграрнага фашызму 1921—1922 гадоў, дык гэта тлумачылася не лібэральным стаўленьнем да «нутраных ворагаў», а той акалічнасьцю, «што грамадзтва ў Iталiі было мадэрнізаванае значна менш» (Der ital. Faschismus 1983, S. 80), чымся ў Нямеччыне мiжваеннага часу. Але яшчэ больш істотнае тое, што падчас сваёй стагнацыi, да 1928 году, НСРПН з дапамогай СА ўдалося паглынуць усе праварадыкальныя групы; таму яна ня мела канкурэнтаў, «калi разам з сусьветным эканамiчным крызысам пачаўся працэс радыкалiзацыi масаў» (Broszat 1969, S. 37). Тады выявілася, што і ў Нямеччыне нацыянал-сацыялiстычныя мэты і фашысцкі стыль прапаганды найбольш прыцягвалі буржуазныя сярэднія слаі. Праўда, памiж 1930 і 1933 гадамi да НСРПН далучылася значная колькасьць сяброў зь лiку неарганiзаваных рабочых, і іх доля ў партыі склала больш за 26 % (Kater 1983, S. 30, табл. 3). Адылі асноўная маса новых сяброў партыі была рэкрутаваная зь сярэднiх слаёў, прычым у ёй пераважалi — у адрозьненьне ад масавага базысу НФП — ня школьнiкi ды студэнты з адукаванай буржуазii, і ня «новая сярэдняя кляса» (службоўцы сярэдняга і нiжняга зьвяна), а «старая сярэдняя кляса», то бок камэрсанты, рамесьнікi, дробныя гандляры і г.д., доля якіх сярод усіх тых, хто ўступiў памiж 1930 і 1933 гадамi, складала 35,1 % (тамсама).

Паварот буржуазных сярэдніх слаёў, упаасобку «старой сярэдняй клясы», да НСРПН адбыўся толькі пасьля пачатку сусьветнага эканамiчнага крызысу, калi яны адышлi ад традыцыйных буржуазных партыяў цi адмовіліся ад сваёй палiтычнай нэўтральнасьці: НСРПН уяўлялася ім «дынамiчным і актыўным змагарным рухам новага стылю» (Бросцат), адзінай сілай, якая, на іх думку, сапраўды магла выканаць два патрабаваньнi: (1) разгром арганiзаванага рабочага руху, якому з 1924 году, пасьля пэрыяду iнфляцыi, удалося дабіцца павышэньня рэальнай заработнай платы, пашырэньня ўплыву прафсаюзаў у дробных прадпрыемствах і заканадаўчага замацаваньня нормы, паводле якой сацыяльнае страхаваньне ажыцьцяўлялася за кошт працадаўцаў; (2) замена эканомікі на базе манапольнага капіталізму рэгуляванай дзяржавай эканомікай, «якая ўлічвае патрэбы айчынных вытворцаў» (Winkler 1972, S. 178) і скіраваная супраць «бяздумнай» канкурэнцыi і тэндэнцыяў канцэнтрацыi буйнога капiталу. Але спачуваньне «вялікай антыкапiталiстычнай жарсьці», як гэта назваў Грэгар Штрасэр[3] у сваёй прамове ў райхстагу 10 траўня 1932 году (параўн. Kissenkoetter 1979, S.113 ff), стала праблемай у той момант, калі выявiлася, што дасягчы прарыву фашыстаў да ўлады можна было толькi дзякуючы іх хаўрусу са старымi элiтамi. Такую выснову рашуча зрабiлi як Мусалiнi, так і Гiтлер: яны загадзя ажыцьцявілі ў сваiх партыях асноватворную пераарыентацыю сваёй партыйнай праграмы.

Выдаленьне антыкапiталiзму з партыйнай праграмы фашыстаў

Без сумневу, «Праграма iтальянскага фашысцкага руху» чэрвеня 1919 году, не зважаючы на свой нацыяналiстычны і праваенны кiрунак, была ў вялікай ступені абумоўлена сацыял-дэмакратычным мiнулым Мусалiнi. Яе цэнтральныя палiтычныя патрабаваньні тычыліся ня толькi ўвядзеньня ўсеагульнага выбарчага права, што ўлучала актыўнае і пасіўнае выбарчае права жанчын, але і зьніжэньне ўзроставага цэнзу для выбарцаў да 18 гадоў і для дэпутатаў — да 25 гадоў. Няма, праўда, патрабаваньня лiквiдацыi манархii, якое Мусалiнi выстаўляў быў яшчэ ў сваёй прамове 23 сакавiка 1919 году (параўн. Delzell 1971, S.10), але затое прысутнічае патрабаваньне скасаваць другую гасподу парлямэнту, Сэнат, а таксама патрабаваньне склiкаць нацыянальны сход, найважнейшым заданьнем якога павінна стаць распрацоўка канстытуцыi ў трохгадовы тэрмiн. Апроч таго, патрабуецца «стварыць на нацыянальным узроўні тэхнiчныя рады працы, прамысловасьці, сацыяльнай гiгiены, сыстэмы транспарту і сувязі» і г.д., «якiя павiнны выбiрацца прафэсійнымі калектывамі і атрымаць заканадаўчыя паўнамоцтвы, а таксама права выбiраць генэральнага камiсара з правамі мiнiстра» (тамсама, S. 12). У пляне сацыяльнай палiтыкі праграма ставіць на палітычны парадак дня заканадаўчае замацаваньне васьмiгадзiннага працоўнага дня для ўсiх рабочых, гарантыю мiнiмальнай заработнай платы ды паляпшэньне мэдыцынскага і пэнсійнага страхаваньня, а таксама зьніжэньне пэнсійнага ўзросту з 65 да 55 гадоў. Патрабуецца таксама ўдзел прадстаўнікоў рабочых у тэхнічным кіраваньні прамысловай вытворчасьцю, а арганiзацыям рабочых, «калi яны маральна і тэхнiчна вартыя гэтага» (тамсама, S. 131), прапануецца цеснае супрацоўніцтва ў кіраваньні прамысловасьцю і сэктарам грамадзкіх паслугаў. Сацыяльныя выдаткi гэтых рэформаў павiнны пакрывацца за кошт прагрэсiўнага падаткаабкладаньня капiталу, якое павінна мець характар рацыянальна матываванага частковага адчужэньня ўсiх вiдаў багацьця. Замыкаецца гэты пералік захадаў, накiраваных супраць старых элiтаў, патрабаваньнем канфiскацыi маёмасьці ўсiх ордэнаў і ліквідацыі ўсіх біскупскіх рэзыдэнцыяў, «гэтага надзвычайнага цяжару для ўсёй нацыi і прывiлею для абраных» (тамсама). Апрача гэтага, праграма прадугледжвае перагляд усiх дамоваў на пастаўку вайсковай тэхнікі і канфiскацыю 85 % прыбыткаў, атрыманых ВПК: патрабаваньне, наўпрост скіраванае супраць iнтарэсаў iтальянскай вайсковай прамысловасьці.

Цяпер вельмі важна адзначыць, што ўжо за некалькi месяцаў, у траўнi 1920 году, у «Патрабаваньнях фашысцкай праграмы» (тамсама, S. 14—18) прынцыповыя пастуляты чэрвеньскай пляцформы 1919 году былi скарэгаваныя цi наагул больш не ўзьнімалiся. Так, была ўскосна прызнаная манархiя. Пра скасаваньне Сэнату няма й мовы, гэтаксама як і пра склiканьне нацыянальнага сходу для прыняцьця канстытуцыi. Зьнята шмат накiраваных супраць буйной прамысловасьці патрабаваньняў 1919 году. Канфiскацыя прыбыткаў ВПК прадугледжваецца толькi ў тым выпадку, калi яны не былi рэiнвэставаныя ў вытворчасьць. Апроч таго, «Патрабаваньні» выразна выступаюць супраць рэарганiзацыі народнай гаспадаркi на выключна калектыўнай аснове: вырашальным крытэрам стаецца гарантыя максымальнай вытворчасьці, незалежна ад арганізацыi прадпрыемстваў. Удзел рабочых у кіраваньні ў складзе назіральных радаў абмяжоўваецца кадравымі пытаньнямі. Адначасна яны салiдарызуюцца зь меншынёй пралетарыяту, якая гарманiзуе свае клясавыя iнтарэсы з iнтарэсамi нацыi: цалкам у духу заснаваных крыху пазьней фашысцкiх прафсаюзаў легiтымнымi абвяшчаюцца толькі такiя формы барацьбы працоўных, якiя спрыяюць забесьпячэньню дабрабыту ўсiх вытворцаў, г.зн. таксама і прадпрымальнiкаў. Антысацыялiстычны характар гэтых патрабаваньняў узмацняецца ў фашысцкай аграрнай праграме ў студзенi 1921 году (тамсама, S. 18—22): яна зусім ня ведае адрозьненьня памiж сацыялiзмам і камунiзмам. Дагэтуль Мусалiнi хоць і нападаў на ІСП за тое, што яна працягвала крытыкаваць вайну, за ейны iнтэрнацыяналiзм і ўнутрыпалiтычную тактыку, але адначасова ён сымпатызаваў ейнай праграме грамадзкiх рэформаў: сапраўднага ворага ён бачыў у бальшавiзьме. У аграрнай праграме, адылі, навідавоку ўжо зацятая варажнеча фашызму да «сацыял-камунiстычнай прапаганды». Маўляў, сацыялiстычныя і камунiстычныя варыянты разьвязаньня аграрных праблемаў зводзяцца да стварэньня паразытычнай бюракратыi і ўзьнікненьня новай касты эксплюататараў, як паказвае прыклад Савецкага Саюзу.

Калi хочаце, гэтая праграмная пераарыентацыя фашызму складала тую супольную платформу, на якой адбывалася ягонае зблiжэньне з кансэрватыўнымі групамі ўплыву ў Iталii. У той момант, калi спроба Турацi стварыць у 1922 годзе антыфашысцкі каалiцыйны ўрад сацыялiстаў і левай буржуазii пад кiраўнiцтвам Баномi правалілася ў выніку супраціву Джалiці і Ватыкану (параўн. Lyttelton 1973, S. 80 ff), традыцыйныя элiты фактычна дасягнулi point of no return — мяжы, за якой не было звароту назад:

«Пасьля бурнага павелічэньня колькасьці чальцоў і ўплыву руху ў 1921—1922 гадох, пасьля пераўтварэньня руху ў партыю (лiстапад 1921 году), пасьля захопу ўлады на лякальным і рэгiянальным узроўні ў вялікай частцы паўночнай і сярэдняй Iталii і пасьля гвалтоўнага задушэньня апошняга вялiкага ўсеагульнага страйку на пачатку жніўня 1922 году перад фашызмам адкрыўся, на думку ўсіх сур’ёзных назіральнікаў, шлях да ўдзелу ўва ўрадзе. У наступныя 90 дзён вырашалася толькi пытаньне аб тым, якім будзе склад гэтага новага хаўрусу, на якіх умовах і пад якiя гарантыі традыцыйныя ўладныя элiты ад манархii, партыяў, эканомікi, войска і бюракратыi прыцягнуць фашызм да ўдзелу ў фармаваньні ўраду» (Petersen 1976, S. 155 f).

Характэрна, што згрупаваная вакол Гiтлера кіраўнічая група нацыянал-сацыялістаў прынамсі пасьля яго прысягі на вернасьць закону ў 1924 годзе ахвяравала антыкапiталiстычнымі патрабаванньнямі партыйнай праграмы НСРПН ад 1922 году (параўн. Hirsch u.a. 1984, S. 275—277) на карысьць жаданага збліжэньня з кансэрватыўнай Нямеччынай вiльгельмаўскага ўзору. На першы погляд, у iх праграме цяжка знайсьці элемэнты, якiя маглi б выклiкаць недавер кансэрватыўных элiтаў з войска, бюракратыi, буйной прамысловасьці і буйных земляўласьнiкаў: бальшыня патрабаваньняў нiчым не адрозьніваецца ад патрабаваньняў іншых нацыяналiстычных правых груповак. Але антыкапіталізм, якi ўтрымліваўся ў пунктах 12,13,16,17 і 18, дапускаў іх «левую» iнтэрпрэтацыю, накiраваную супраць буйной прамысловасьці і буйных земляўласьнiкаў: яны патрабавалi мунiцыпалiзацыi буйных крамаў на карысьць дробных рамесьнікаў, скасаваньня арэнднай платы за зямлю і прадухіленьня спэкуляцыi зямлёй, барацьбы супраць лiхвяроў, спэкулянтаў і г.д., але таксама і супраць тых, хто нажываўся на ваенных пастаўках. Апроч таго, у пункце 13 пастулюецца «нацыяналiзацыя ўсiх (дагэтуль) ужо аграмаджаных прадпрыемстваў (трэстаў)», а таксама «ўдзел дзяржавы ў разьмеркаваньні прыбыткаў буйных прадпрыемстваў» і «істотнае паляпшэньне пэнсійнага забесьпячэньня» (тамсама, S. 276). Антыкапiталiстычная скіраванасьць гэтых праграмных установак узмацнялiся яшчэ і тым, што пункт 17 прадугледжваў прыняцьцё закону аб «бязвыплатнай экспрапрыяцыi зямлi для грамадзка-карысных мэтаў» і «зямельную рэформу ў адпаведнасьці да нацыянальных патрэбаў» (тамсама), чыё ажыцьцяўленьне магло адбыцца толькі за кошт буйных земляўласьнiкаў.

У мадэль адмовы фашыстаў ад антыкапiталiстычных элемэнтаў праграмы пачынаючы ад 1920 году цалкам упісваецца тое, што на Бамбэрскiм паседжаньні кіраўніцтва руху 14.02.1926 году Гітлер жорстка спыніў спробу левых нацыянал-сацыялiстаў на чале з Грэгарам Штрасэрам разьвіць антыкапiталiстычныя патрабаваньні партыйнай праграмы ў канцэпцыю «нямецкага сацыялiзму» з моцнай арыентацыяй на сярэднiя слаі (Kühnl 1966, S. 324—333). 13 красавiка 1928 году Гiтлер зрабіў агаворку да патрабаваньня бязвыплатнай экспрапрыяцыi ў пункце 17 партыйнай праграмы, апублiкаваўшы наступнае тлумачэньне:

«Што да iлжывых тлумачэньняў пункту 17 праграмы НСРПН нашымi працiўнiкамi неабходна даць наступнае выясьненьне. З прычыны таго, што НСРПН стаіць на грунце прыватнай уласнасьці, з гэтага само сабой вынікае, што фармулёўка «бязвыплатная экспрапрыяцыя» датычыць толькi стварэньня законных магчымасьцяў экспрапрыяцыi (пры неабходнасьці) зямлi, набытай незаконным шляхам цi якую выкарыстоўваюць не дзеля народнага дабрабыту. Такім чынам, гэта накiравана ў першую чаргу супраць жыдоўскіх кантораў, якія спэкулююць зямлёй» (параўн. Hirsch u. a. 1984, S.276, зацем 1).

Ясна, што такі скіраваны толькі на сфэру абарачэньня антыкапiталiзм быў плёнам расiсцкага антысэмiтызму нацыстаў: аснову самой капiталiстычнай сыстэмы, прыватную ўласнасьць на сродкi вытворчасьці і працы, ён не закранаў: для буйных прадпрымальнiкаў і землеўласьнiкаў ён нават не абмяжоўваў iндывiдуальнай свабоды распараджацца.

Аднак гэты аснаватворны паварот на збліжэньне з кансэрватыўнымi верхнімі слаямі ў поўнай меры прынёс палітычны плён толькі тады, калi 30 верасьня 1930 году НСРПН стала другой па моцы фракцыяй райхстагу, а антысацыялiстычны кансэнсус унутры буржуазнага лягеру на ўзроўні райхстайгу пасьля разбурэньня вялiкай каалiцыi ўвесну 1930 году ўмацаваўся настолькі, што СДПН выпала з кола тых партыяў, зь якімі вяліся перамовіны аб каалiцыі. Калi лiстападаўскiя выбары 1932 году скончылiся для нацыстаў адчувальнай паразай і ўсе надзеi на абсалютную бальшыню давялося пахаваць, Грэгар Штрасэр дабіваўся ўдзелу нацыянал-сацыялiстаў ува ўрадзе на чале з канцлерам Шляйхерам[4] і з прыцягненьнем свабодных прафсаюзаў. З увагі на тое, што ў Нямеччыне тады налічвалася больш як шэсьць мiльёнаў беспрацоўных, асновай меркаванай каалiцыi павiнна была стаць праграма стварэньня працоўных месцаў (параўн. Kissenkoetter 1979, S. 125 ff). Пры дапамозе «прафсаюзнай восі» Штрасэр меўcя вырвацца з антымарксiсцкага кансэнсусу нямецкай буржуазiі, найбольш радыкальным прадстаўніком якога была НСРПН: сам таго ня хочучы, дзякуючы гэтаму кроку ён паскорыў гатовасьць нямецкiх нацыяналістаў і Гіндэнбурга ці, інакш кажучы, буйной аграрнай вытворчасьці і цяжкой iндустрыi, якія стаялі за імі, прыняць канцлерства Гiтлера. Гiтлерава палiтыка элімінацыі антыкапiталiстычных патрабаваньняў з партыйнай праграмы ўжо пасьпела заваяваць у пануючых колах кансэрватыўных элiтаў такі давер, што яны ўбачылi ў iм гаранта iснуючых суадносiнаў сілаў, якому, здавалася, не было альтэрнатывы з увагі на «левую» палiтыку Штрасэра і Шляйхера зь iхнай сымпатыяй да свабодных прафсаюзаў. Ім абодвум потым давялося дорага заплацiць за сваю неляяльнасьць: яны былi расстраляныя СС улетку 1934 году, калi Гiтлер загадаў лiквiдаваць верхавіну СА, згрупаваную вакол Рома. Фашысцкiя рэжымы ў Iталii і Нямеччыне кансалiдавалiся, фактычна, толькi пасьля таго, як тыя сiлы руху, што імкнуліся да «другой рэвалюцыi», былi ня толькi пераможаныя на ўзроўні праграмы, але і канчальна нэўтралізаваныя як палітычная сіла.

3. Iтальянскi і нямецкi фашызм ува ўладзе

Прэвэнтыўны разгром «другой рэвалюцыi» і кансалідацыя фашысцкай «падвойнай дзяржавы»

Хто хоча зразумець структуру фашысцкай сыстэмы ўлады падчас фазы кансалiдацыі гэтай сыстэмы, з 1922 да 1928 г. у Iталii i з 1933 да 1934 г. у Нямеччыне, той мусіць зьвярнуць увагу на характар кампрамiсу, які ляжаў у аснове гэтай сыстэмы. Прычыны яго нестабільнасьці палягалі ў тым, што ён абдымаў як палiтычных актывiстаў буржуазных сярэдніх слаёў, зь якіх рэкрутавалася фашысцкае кіраўніцтва, так і тыя пралетарскiя групы, што ў Iталii былі арганізаваныя ў фашысцкiх прафсаюзах, а ў Нямеччыне — у СА і НСАП. Але перадусім ён улучаў традыцыйныя элiты, асаблiва з буйной прамысловасьці і буйной аграрнай вытворчасьці, якiя найбольш прычыніліся да фiнансаваньня фашысцкага руху. Абедзьве грамадзкiя сiлы зьядналiся, як было паказана вышэй, найперш з нэгатыўных прычынаў: яны не хацелі мірыцца з узростам моцы арганiзаванага аграрнага і прамысловага пралетарыяту пасьля першай сусьветнай вайны. Яны не давяралi абапертым на парлямэнцкай бальшыні ўрадам, якія, на іх думку, былі няздольныя забясьпечыць законнасьць і парадак. Яны таксама баялiся, што парлямэнцкая дэмакратыя, на грунце якой узмацнiліся сацыялiстычныя рабочыя рухі, спрыяе «паўзучай сацыялiзацыi». Адылі гэтыя дзьве грамадзкiя сiлы ня мелi пазытыўнага кансэнсусу што да таго, як павінна выглядаць разьмеркаваньне ўлады ў фашысцкай дзяржаве; гэта стала відавочна пасьля прыходу да ўлады Мусалiнi і Гiтлера, калi ў шэрагах НФП і НСРПН голасна загучаў заклік да «другой рэвалюцыi». Барацьба супраць пануючага становiшча ў грамадзтве старых элiтаў вялася ўнутры фашысцкага руху перадусім на двух палітычна значэнных палёх: з аднаго боку, тое крыло НФП ці НСРПН, якое сымпатызавала найманым рабочым, спрабавала абмежаваць аўтаномiю буйной прамысловасьці. Зь іншага боку, кіраўніцтва эскадраў і СА намагалася зламаць манаполiю буржуазнай дзяржавы на ўладу і падпарадкаваць яе фашысцкаму «руху».

Пасьля разгрому сацыялiстычнага рабочага руху небясьпечны канфлiктны патэнцыял для буйной прамысловасьці ў iтальянскiм фашызьме станавіла сабой яго прафсаюзнае крыло. Заснаванае ў 1921 годзе Эдмондам Расонi як альтэрнатыва разгромленым аграрным фашызмам прафсаюзным арганізацыям, яно да пачатку 1924 году вырасла да 1,8 мiльёнаў сяброў (параўн. Petersen 1976, S.162). Дзеля таго каб адыгрываць эфэктыўную ролю ў фашысцкiм руху, Расонi прызнаў абвешчаны Мусалiні прымат павелiчэньня капiталiстычнай вытворчасьці ды яго лягічны карэлят — клясавае замiрэньне і супрацоўніцтва; але гэтыя пастуляты фармулявалiся досыць шырока, дазваляючы іх вельмі розныя iнтэрпрэтацыi. Вядучыя тэарэтыкi нацыяналiстаў, група Альфрэда Рока, якая ў 1923 годзе зьлілася з ФНП і ўтварыла яе кансэрватыўнае крыло, зьвязалі гэтыя паняткі з сыстэмай сындыкалiзму, якая бачыла найважнейшы падмурак prodottivismo ўва ўзмацненьні эксплюатацыi рабочых; прафсаюзы былi для іх ня чым іншым, як падкантрольнымі дзяржаве iнструмэнтамі дзеля дасягненьня гэтай мэты. У адрозьненьне ад гэтага канцэпцыя iнтэгральнага сындыкалiзму, якую адстойваў Расонi і ягоны прафсаюз, расстаўляла зусім іншыя акцэнты: яны хацелі арганiзаваць магутны прамысловы саюз Конфіндустрыя і прафсаюзы ў адзіную карпарацыю, каб разам з аўтаномiяй ажыцьцяўленьня iнтарэсаў прамысловасьці разбурыць і аснову яе палiтычнага ўплыву. Характэрна, што Мусалiнi пасьля пэўнага ваганьня адкiнуў першую канцэпцыю і стаў на пазыцыі Конфіндустрыі (параўн. Sarti 1971, S. 58 ff).

Распрацаваны Альфрэдам Рокам «Закон аб працы і страйках» ад 3.4.1927 (Delzell 1971, S.111—120) насамрэч быў скіраваны на фактычнае пазбаўленьне ўлады «левых» фашыстаў, якое распачалося ўжо ў выніку дамовы ў Палаца Кіджы (Palazzo Chigi, 19.12.1923; тамсама, S. 108 f) і дамову ў Палаца Відоні (Palazzo Vidoni, 2.10.1925; тамсама, S.110). Рабочыя і прадпрымальнiкi, асобна адзін ад аднаго, арганізоўваліся ў дванаццаць сындыкатаў, па шэсьць на першых і другіх, якiя апекаваліся працоўнымі ўзаемадачыненьнямі ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, гандлі, морскім і паветраным транспарце, наземным і рачным транспарце ды банках. Беспасярэднім вынiкам гэтай рэформы было, без сумневу, павелічэньне дзяржаўнай рэглямэнтацыі дачыненьняў паміж капіталам і працай, бо ў выпадку канфлiкту пры калектыўных перамовінах аб заробках прадугледжвалася аўтарытарнае дзяржаўнае прымусовае ўрэгуляваньне. Апроч таго, згодна зь літарай закону ў выніку забароны страйкаў і лакаўтаў ад абодвух бакоў патрабавалася аднолькавая дысцыплiна. Але цiск, пад якiм знаходзiлiся арганiзацыi рабочых і прадпрымальнiкаў, быў якасна і колькасна адрозным. На практыцы сындыкаты рабочых дзеялі як дзяржаўныя агенцтвы, работнікаў якiх прызначала НФП. Фашысцкiм прафсаюзам не ўдалося нават замянiць дэмакратычныя рады прадпрыемстваў сваiмі даверанымі асобамі. У адрозьненьне ад гэтага сындыкаты прадпрымальнiкаў захавалi сваю поўную аўтаномiю: хоць і iхныя прадстаўнiкi фармальна прызначалiся ўрадам, але фактычна яны несьлі адказнасьць толькi перад Конфіндустрыяй.

Адылі аднаўленьне «клясычных гiерархiяў» у сфэры вытворчасьці прадугледжвала ня толькi прыручэньне фашысцкiх прафсаюзаў; яшчэ больш важна было накiраваць агульную дынамiку сквадрызму ў патрэбнае рэчышча і паставiць яе пад дзяржаўны кантроль. Праўда, першапачатны буржуазны клясавы характар сквадрызму не падлягае сумневу. Падтрымліваны ад самага пачатку буйнымi аграрамi, буйной прамысловасьцяй і войскам, сквадрызм стаў асновай лякальнай фашысцкай дыктатуры «расаў» (панятак «рас», які даўней у Этыёпii абазначаў княскую рангу, ужываўся ў дачыненьні да лякальных фашысцкiх дыктатараў) паўсюль, дзе шматлiкi аграрны і прамысловы пралетарыят быў арганiзаваны ў прафсаюзы: у сярэдняй і паўночнай Iталii; на напаўфэадальным поўдні, насупраць, ён наўрад ці адыграў нейкую ролю. Адылі для «рас» і іхных паплечнікаў з эскадраў выкарыстаньне незаконнага гвалту не было толькі вынікам пераходнай фазы, якая скончылася заснаваньнем дыктатуры. Яны хутчэй надалі яму статус пэрманэнтна дзейнага палiтычнага прынцыпу, якi мусiў дзеяць і пасьля лiквiдацыi сацыялiстычнай і буржуазнай апазыцыi: «Барацьба павiнна была працягвацца супраць нэўтральных, iндыфэрэнтных, і новых ахвярных казлоў, якіх можна было знайсьці паўсюль» (Lyttelton 1973, S. 289).

Калi ў верасьні 1925 году ў Флярэнцыi дайшло да брутальных эксцэсаў сквадрызму, са сьпісу ахвяраў можна было ўбачыць, што за фашысцкiм тэрорам стаяла мэта пазбавіць улады вядучыя колы iтальянскай буржуазii, падобна як раней — рабочай клясы (тамсама, S. 282). Зразумела, што такi кiрунак удару ставiў пад сумнеў сам падмурак кампрамiсу, на якiм грунтаваўся фашысцкi рэжым. У кастрычнiку 1925 году памiж Мусалiнi ды нацыяналiстычнымi прыхiльнiкамi аўтарытарнай дзяржавы з групы Рока і Фэдэрцонi, з аднаго боку, і буйнымі кіраўнікамі прамысловасьці й фiнансавай сфэры, зь іншага боку, фактычна ўтварылася каалiцыя супраць партыi і сквадрызму (тамсама, S. 283). Разам з звальненьнем Фарыначы, галоўнага прадстаўнiка «расаў», з пасады генэральнага сакратара НФП у сакавiку 1926 году была лiквiдаваная апошняя важная перашкода «нармалiзацыi» фашысцкага рэжыму ў Iталii.

У лiтаратуры замала надавалася ўвагi таму, што кансалiдацыя «Трэцяга райху» ў Нямеччыне беспасярэдне пасьля прыходу да ўлады Гiтлера адбылася — хоць і за значна карацейшы пэрыяд — паводле ўзору, якi быў надзіва падобны да iтальянскага. У Нямеччыне хаўрус традыцыйных уладных элiтаў з нацыянал-сацыялiзмам таксама быў з шматлiкiмi агаворкамi да таго часу, пакуль складзенае з найманых рабочых крыло ў форме НСАП і пазьней НРФ пасьля разгрому сацыялiстычнага рабочага руху працягвала клясавую барацьбу «іншымі сродкамi» і пакуль існавала пагроза таго, што анархiчны тэрор СА павернецца таксама і супраць пануючых элiтаў. НСАП, заснаваная ў 1928 годзе ў Бэрліне як чыста прапагандысцкая арганiзацыя НСРПН, першапачатна павiнна была «паўстрымлівацца любой прафсаюзнай дзейнасьці і абмяжоўвацца толькi заплянаванай для яе роляй «штурмавой групы» на прадпрыемствах» (Mason 1977, S. 69). Адылі НСАП ужо падчас сацыяльнай палярызацыi ў выніку сусьветнага эканамiчнага крызысу 1932 году пачала хiліцца налева: яна ня толькi падтрымлівала страйкi, але і прапагандавала ідэю стварэньня адзiнага агульнанямецкага прафсаюзу пасьля прыходу нацыянал-сацыялiстаў да ўлады. У першыя месяцы «Трэцяга райху» гэтая радыкалiзацыя яшчэ больш узмацнiлася тым, што НСАП разам з НРФ пасьля разгрому СДПН, Свабодных прафсаюзаў і КПН засталіся адзiнымi арганiзацыямi, што прадстаўлялі iнтарэсы рабочых. Ад iмя НСАП і НРФ былі праведзеныя шматлiкiя «радыкальна-папулiсцкія акцыі дзеля паляпшэньня ўмоваў працы» (тамсама, S. 102). Адначасова «структуры НСАП і НРФ працягнулi... прафсаюзную практыку калектыўных тарыфных перамоваў, хоць яны ўжо не былі законным сродкам вызначэньня ўмоваў працы» (тамсама, S. 103). Функцыянэры НСАП выкарыстоўвалi «сваю нованабытую ўладу ў якасьці камiсараў падпарадкаваных пануючай ідэалёгіі прафсаюзаў дзеля розных умяшаньняў у кiраваньне прадпрыемствамі» (Broszat 1969, S. 185). Увогуле ў прадпрымальнiцкіх і ўрадавых колах узмацнялася падазрэньне, што ў НСАП пранiклi марксiсты, якiя працягваюць клясавую барацьбу таксама і ў «Трэцiм райху». Але неўзабаве выявілася, што прафсаюзныя памкненьні НСАП і раньняга НРФ сутыкнулiся з сыстэмнай мяжой, якая паставiла пад сумлеў саму падставу хаўрусу памiж старымi элiтамi і нацыстамі: «хто-гаспадар-у-хаце» маёмных слаёў. Адказ рэжыму на гэты выклік не прадвяшчаў нічога добрага.

«Закон аб парадку нацыянальнай працы» ад 20.01.1934 г. (параўн. Hirsch u.a. 1984, S. 199—202) зьлiквiдаваў аўтаномнае прадстаўнiцтва iнтарэсаў працоўных яшчэ больш радыкальна, чымся антыстрайкавы закон аб працы ў фашысцкай Iталii. Нямецкі закон пераняў катэгарычную забарону страйкаў і лакаўтаў, але, звыш гэтага, скасаваў безь ніякай замены тарыфную дамову і калектыўныя перамовы аб заробку, якія ў Iталii прынамсі фармальна захаваліся: «апякунскія рады працы» (параўн. тамсама, S. 196), і якiя падпарадкоўвалiся беспасярэдне райхсмiнiстэрству працы, аўтарытарна давалі агульныя дырэктывы аб памеры заробкаў і ўмовах працы. У адведзеных імі межах прадпрымальнiк меў разьвязаныя рукі. Рады даверу, якiя прыйшлi на зьмену дэмакратычным Радам прадпрыемстваў, наўрад ці маглi ўважацца за прафсаюзных абароньнікаў інтарэсаў працоўных у канфліктах з капiталiстамі. На прапанову прадпрымальнікаў рабочыя мелi права адмовіцца ад iх; але ў такiм выпадку яны назначалiся «Апякунскімі радамі працы», якiя ў канфлiктных сытуацыях заўсёды абаранялi інтарэсы буйной прамысловасьці. Кампэтэнцыя НРФ і падпарадкаванай ёй НСАП заставалася маргiнальнай. Калі не лічыць асобных посьпехаў у пытаньнях прававой абароны, якая абараняла рабочых прынамсі ад дробных самавольстваў прадпрымальнiкаў, цэнтральная сфэра прафсаюзнай дзейнасьці, тарыфныя перамовы і ўдзел у кiраваньні прадпрыемствам былі для іх закрытыя (Broszat 1969, S. 194 ff). Пры гэтай умове нават райхсфэдэрацыя нямецкай прамысловасьці нічога ня мела супраць далучэньня да НРФ. Ёй толькі на карысьць было тое, што НРФ бачыў сваё галоўнае заданьне ўва «ўлагоджаньні» прадпрыемстваў: ці то праз арганiзацыю касаў падтрымкi ў надзвычайных выпадках, цi то праз імкненьне падтрымліваць добры мікраклімат у калектыве з дапамогай турыстычнай арганізацыі «Сіла ад Радасьці» (СаР), створанай на ўзор фашысцкага Dopo Lavoro («Пасьля працы»). Iнстытут «грамадзкага суду гонару» таксама быў цалкам прымальны для прадпрымальнiцтва: ён служыў перадусім выпрацоўцы дысцыплiны ў «калектыву прадпрыемства» і ўжываўся тады, калі работнiкі недастаткова добра выконвалі свой «абавязак вернасьці» ў стасунку да «кiраўнiка прадпрыемства», г.зн. прадпрымальнiка. «Мэтанакіраваная клясавая барацьба працоўных была ў кампэтэнцыі іншых iнстанцыяў — гестапа і канцлягеру» (Mason 1977, S. 118).

Разгром «другой рэвалюцыi» быў завершаны 30.06.1934 году дзякуючы адхіленьню ад улады СА: не выпадкова разам зь лiквiдацыяй кіраўніцтва СА на чале з Ромам адбыліся адстаўкі цi забойствы (Грэгар Штрасэр) вядучых функцыянэраў НСАП. Пераважна спантанны тэрор СА, разьвязаны пасьля выбараў у сакавiку 1933 году, Гiтлер сьпярша бараніў ад кансэрватыўнай крытыкi. Гiтлер заўдзячваў яму ня толькi прымусовае дасягненьне кантролю над яшчэ не кантраляванымі нацыстамi землямі, якое адбылося за некалькi тыдняў; яшчэ важнейшым было тое, што пры «назiральнай пазыцыі дзяржаўных установаў» (тамсама, S. 83) арганiзаваны рабочы рух бадай ня мог нічога супрацьставіць «гвалтоўнаму фанатызму» і непрадказальнасьці аддзелаў СА. Але пасьля крывавага вынiшчэньня палiтычнай апазыцыi ў арганiзаваных адразу пасьля прыходу нацыстаў да ўлады канцлягерах ужо нельга было не заўважыць сымптомаў незалежнай дынамiкi тэрору СА. Плебейскi антыкапiталiзм шматлiкiх фармаваньняў СА, якая пасьпела вырасьці ў мiльённае войска і мела значны збройны патэнцыял, устрывожыў ня толькi прамысловасьць. У такой сама ступені важную ролю адыграла і тое, што бальшыня кiраўнiкоў СА не хавала сваёй пагарды да «рэакцыйнага райхсвэру»: Эрнст Ром публiчна заявiў, што хоча, «каб шэрая скала райхсвэру патанула... у карычневай плынi СА» (параўн. Broszat 1969, S. 270). Хоць разгалінаванай праграмы гэтай «другой рэвалюцыi» не існавала, «але на буржуазiю і асаблiва на кансэрватыўных саюзьнікаў НСРПН гэты ўяўны «сацыялiзм СА», без сумлеву, зрабіў уражаньне вялікай пагрозы» (Jamin 1984, S. 208).

Як Мусалiнi ў Iталii празь лiквiдацыю сквадрызму, так і Гiтлер толькі празь лiквiдацыю ўплыву СА шляхам забойстваў яе кiраўнiкоў цалкам выканаў умовы хаўрусу НСРПН са старымi элiтамi: толькi пасьля гэтага рэжымы Мусаліні і Гітлера сталі кансалiдаванымі, бо ад гэтага часу фашысцкая гамагеннасьць прыймала — хоць і зусім не бесканфліктна — «дзяржаватворную ролю» традыцыйных элiтаў, не сутыкаючыся з супрацівам «левых» (Расонi, Штрасэр) і незамiрэнчых (Фарыначы, Ром). Эрнст Фрэнкель (1974) назваў гэтую «нармалiзаваную» фашысцкую сыстэму ўлады «падвойнай дзяржавай»: ейнай найбольш яскравай сацыяльна-эканамiчнай праявай быў характэрны функцыянальны падзел палiтычнай і сацыяльнай улады. З аднаго боку, перадумоваю забесьпячэньня традыцыйных структураў грамадзкай улады была палiтычная манаполiя фашысцкай дыктатуры; таму разам з разбурэньнем лібэральнай дэмакратыi былi разгромленыя ня толькі масавыя партыi сацыялiстаў, камунiстаў і палiтычнага каталiцызму, але таксама і буржуазныя партыi ў вузейшым сэнсе — іх замяніла фашысцкае аднапартыйнае панаваньне. Зь іншага боку, незалежная ад лібэральна-дэмакратычных кантрольных мэханiзмаў «адасобленая выканаўчая ўлада» фашызму ўмацавала і зацьвердзіла прывiлеяваны статус старых пануючых элiтаў з буйной прамысловасьці, буйных земляўласьнiкаў, войска і дзяржаўнай бюракратыi. Прайгралi ад гэткага характэрнага ўладкаваньня ў абедзьвюх краiнах такія грамадзкія групы, як сярэднiя і дробныя прадпрымальнiкi, а таксама сярэднія слаі (пра Нямеччыну параўн. Petzina 1968, S. 123 f, пра Iталiю параўн. Petersen 1976, S. 143 f), але перадусім - рабочая кляса: яна была пазбаўленая магчымасьці аўтаномна прадстаўляць свае iнтарэсы, і ў абедзьвюх краiнах ёй давялося несьці сапраўдны цяжар сацыяльных выдаткаў фашысцкай сыстэмы ўлады (пра Нямеччыну параўн. Mason 1977, S. 147 ff, пра Iталiю параўн. Sarti 1971, S. 88 ff).

Калі грамадзкi зьмест фашысцкiх рэжымаў у Iталii і Нямеччыне ў значнай ступені быў iдэнтычны, дык сродкi, якiмі Мусалiнi і Гiтлер грамілі «другую рэвалюцыю», сьведчаць пра істотнае адрозьненьне апаратаў улады ў вузкiм сэнсе. Мусалiнi, у адрозьненьне ад Гiтлера, паўстрымаўся ад лiквiдацыi сквадрызму сваімі собскімі незаконнымі сродкамі: ён абясшкодзіў яго звычайнымі мэтадамі аўтарытарнай дзяржавы. Але ня менш важна тое, што iтальянскi фашызм хоць і пераўтварыў прафсаюзы ў iнструмэнты дзяржаўнага кантролю, але не скасаваў iх, у адрозьненьне ад нацыянал-сацыялізму.

Два варыянты фашысцкага дзяржаўнага апарату: ад «Левiятана» Мусалiнi да «Бэгемота» Гiтлера

Для структуры фашысцкага апарату ўлады ў Iталii вялiкае значэньне мела тое, што пастанова Мусалiнi аб рэарганiзацыі НФП «з улікам бесьпярэчнага і абсалютнага прыярытэту дзяржавы над партыяй» (de Felice 1974, S. 91 f) было выкананае на ўсiх узроўнях. Фашысцкае ўмяшаньне ў кадравую структуру чынавенства насамрэч у вялікай ступені было пазбаўленае iдэалягічнага цiску (параўн. Aquarone 1974, S. 103 f). Адначасова шляхам глыбокай рэформы НФП iнстытуцыйна аформілася яе падпарадкаванасьць дзяржаве. Гэта выявілася ў артыкуле 1 партыйнага статуту ад 12.11.1932 г., згодна зь якім НФП абвяшчалася цывiльнай міліцыяй на службе фашысцкай дзяржавы пад кіраўніцтвам дучэ (параўн. Delzell 1971, S. 77). Гэтаксама характэрна, што сфэра дзяржаўнай улады была значна абмежаваная мясцовым самакiраваньнем і, перадусім, уладнымі паўнамоцтвамі фашысцкiх «расаў»: 09.10.1925 г. Рада мiнiстраў пастанавіла ўзмацнiць кантрольныя і каардынацыйныя функцыi прэфэктаў, якiя падпарадкоўвалiся толькi мiнiстру нутраных справаў, каб «забясьпечыць палiтычнае адзiнства» (Aquarone 1974, S. 111). Але таксама і стварэньне новай пасады podestа зводзілася да разбурэньня мясцовых фашысцкiх цэнтраў улады: podestŕ прызначаўся каралеўскiм дэкрэтам на 5 гадоў і мог быць пазбаўлены паўнамоцтваў толькi каралём на ўзгодненае зь мiнiстрам нутраных справаў прадстаўленьне прэфэкта. Podestŕ пераняў усе функцыi, што раней выконвалiся выбарным бургамiстрам, мясцовым магiстратам і гарадзкой радай (тамсама, S. 109 f).

Ключавая роля ўва ўзмацненьні аўтарытэту дзяржавы сярод актывістаў партыі выпала пытаньню аб тым, якія iнстанцыі ў фашысцкай Iталii кантралявалi палiцыю. Гэтае пытаньне ўлады таксама было адназначна вырашана на карысьць дзяржавы. Нават палiтычная палiцыя засталася органам, падкантрольным прызначаным дзяржавай podtestas, якi цалкам абсарбаваў рэпрэсiўныя функцыi сквадрызму ў барацьбе супраць «нутраных ворагаў». Праўныя падваліны «абсалютнай палiцыйнай дзяржавы» ўтваралі leggi di pubblica sicurezza ад 06.11.1926 г. (параўн. Delzell 1971, S. 64 ff) і надзвычайны дэкрэт ад 25.11.1926 г. (параўн. тамсама, S. 67 ff): яны скасавалi ўсе iндывiдуальныя асноўныя правы, якія бароняць асобу ад паліцыйнага самавольства. Адзiнай гарантыяй бясьпекі грамадзянiна было самаабмежаваньне дзяржавы ў выніку ўнiфiкацыi і празрыстасьці цэнтралiзаванага ажыцьцяўленьня ўлады. Наколькі фашысцкая дзяржава дбала, каб рэпрэсii не набылі самастойнай і некантраляванай дынамікі, добра відаць на прыкладзе абыходжаньня з жыдамі. Хоць пад уплывам нацыянал-сацыялiстаў у 1938 годзе Мусалiнi выдаў расавыя законы (параўн. тамсама, S. 178 ff), якiя моцна дыскрымiнавалi іх у прыватным і грамадзкiм жыцьці, але пагроза iх фiзычнага вынiшчэньня ў Iталii паўстала толькi ў верасьні 1943 году, калі нацысты занялi паўночную Iталiю: да 1945 году яны зьнішчылі 9 000 жыдоў, што жылі ў Iталii (тамсама, S. 183 f). Нельга абмінуць увагай і тое, што нават заснаваны 01.02.1927 году адмысловы палітычны суд, пастановы якога ўжо нельга было абскардзіць, параўнальна стрымана абыходзіўся з апазыцыяй. Памiж 1927 і 1943 гадамi ў гэтым судзе разглядаліся справы 5 319 асобаў; 5 155 зь iх былі ў сукупнасьці асуджаныя на 28 115 гадоў пазбаўленьня волi. У 329 выпадках адмысловы суд выракаў на сьмяротнае пакараньне, у сямёх выпадках — на пажыцьцёвае зьняволеньне (тамсама, S. 67). А ў Нямеччыне толькi ваеннымі судамі да 1939 году было вынесена больш за 10 000 сьмяротных прысудаў (Der ital. Faschismus 1983, S. 83), ня кажучы ўжо пра масавыя экзэкуцыі на пастановы сумна вядомага «народнага суду» ў пэрыяд да 1945 году. Такім чынам, «iрацыянальная рацыянальсьць» фашысцкай палiцыйнай дзяржавы палягала ў тым, што яна паставіла скасаваньне асноўных правоў чалавека на службу ясна вызначанай мэты, збольшага не абцяжаранай сьветапагляднымі імпэратывамі: мэты зьнішчэньня ўсiх неляяльных сілаў, якiя маглi б паставіць пад сумнеў iснуючую палiтычную гамагеннасьць фашысцкай дзяржавы.

Тут трэба заўважыць, што ня толькі рэпрэсiўныя функцыi iтальянскага фашызму зьдзяйсьняліся ў пэўных межах, прадвызначаных «татальнай дзяржавай». Таксама і скіраваныя на дасягненьне ўхваленьня з боку насельніцтва iнтэграцыйныя мэханiзмы сындыкалiсцкiх і карпаратыўных установаў мелі на мэце палагодзіць (абмежаваны) канфлiкт памiж капiталам і працай з гамагеннасьцю аўтарытарнай дзяржавы. Тут ня час і ня месца акрэсьліваць стадыі пераходу ад сындыкалiсцкай да карпаратыўнай сыстэмы. Мэта гэтых рэформаў была ў тым, каб паставіць дзяржаўны ўплыў на службу буйной прамысловасьці ў імя прымату павелічэньня капiталiстычнай вытворчасьці і адначасова зьмякчыць канфлiкт памiж капiталам і працай. Архiтэктары карпарацыйнай дзяржавы — як, напрыклад, Альфрэд Рока — ведалi, што ў буржуазна-капiталiстычным грамадзтве клясавую барацьбу нельга зьвесьці са сьвету аднымі сродкамi палiцыйнай дзяржавы. Таму ў якасьці iнтэграцыйных інстанцыяў яны падключылі арганiзацыi, якія найбольш эфэктыўна праводзілі клясавую барацьбу ў масавай парлямэнцкай дэмакратыi прафсаюзы. Фашысцкiя прафсаюзы хоць і выражалi, як бы імі ні маніпулявалі, iнтарэсы працоўных, але, будучы агентамі «татальнай дзяржавы», пазбаўленыя свайго вузка клясавага характару, яны фармулявалі свае патрабаваньні такім чынам, што іхнае выкананьне было магчымае толькi шляхам павелiчэньня капiталiстычнай вытворчасьці, якое, у сваю чаргу, было цесна зьвязанае з гарантаванымi «татальнай дзяржавай» рамкавымі ўмовамi. Можна сумнявацца ў тым, ці гэтая канцэпцыя iнтэграцыi калі-небудзь функцыянавала ў фашысцкай Iталii ў поўнай меры; адылі наўрад ці можна аспрэчыць тое, што яна значна паспрыяла заспакаеньню iтальянскай працоўнай клясы. Аньёлi (Agnoli 1973, S. 46, 49) з поўным правам канстатуе «мадэрнісцка-тэхнакратычны паварот iтальянскага карпаратызму», якi ў вялікай ступені адмовiўся ад адкрытага тэрору для разьвязаньня праблемаў iнтэграцыі буржуазнага грамадзтва.

Гэта, несумненна, сьведчыць аб тым, што фашысцкi апарат улады ў Iталii арыентаваўся на тыя арганізацыйныя прынцыпы, якія Томас Гобс рэкамэндаваў для стабілізацыі буржуазных грамадзтваў свайго часу. Як вядома, ягоная палітычная тэорыя грамадзтва грунтуецца на тым прыпушчэньні, што прамежкавыя ўлады, г.зн. месты, манаполii, заснаваныя на фэадальных прывiлеях надзвычайныя паўнамоцтвы і г.д. прывядуць да выбуху «вайны ўсiх супраць усiх», калi моцная дзяржава не нэўтралiзуе iх палітычна яшчэ ў зародку. З гэтай мэтай, як мы бачылi, карпарацыйныя і сындыкалiсцкiя ўстановы фашысцкай Iталii набылі такую ж самую функцыянальную зададзенасьць, як і ўладныя паўнамоцтвы палiцыйнай дзяржавы, падпарадкаваньне НФП дзяржапарату і абмежаваньне мясцовага самакiраваньня на карысьць этатысцкай цэнтральнай улады. Безумоўна, нельга змоўчаць і адрозьненьні ад Гобсавага «Левiятана». Яны палягаюць у харызматычнай легiтымацыi ўлады замест заснаванага на грамадзкай дамове кансэнсусу і ў тэхнакратычна арыентаванай iнтэграцыi з дапамогай карпарацыйных установаў замест рэпрэсiі выключна з боку адміністрацыйнага апарату дзяржавы. Адылі няма падставы пераацэньваць гэтыя адрозьненьні: Гобс, назіраючы ўзьнікненьне буржуазнага грамадзтва, яшчэ мысьліў у катэгорыях iндывiдуальнага канфлiкту, тым часам як iтальянскi фашызм прыстасаваўся да рэаліяў разьвітага буржуазнага клясавага грамадзтва XX стагодзьдзя.

Цi можна перанесьці гэтую левiятанаўскую мадэль дзяржаўнай гамагеннасьці і на «Трэцi райх»? Не зважаючы на многія ўскосныя прыкметы, якiя пасьля 30 чэрвеня 1934 году дазвалялi прадказаць кірунак ягонага разьвіцьця — да аўтарытарнай дзяржавы, нельга не заўважыць істотнае адрозьненьне ад «нармалiзацыi» фашысцкага рэжыму ў Iталii. У адрозьненьне ад Мусалiнi, Гiтлер ад самага пачатку пазьбягаў таго, каб лёгка мабілізоўная дынаміка партыі палiтычна была цалкам падпарадкаваная дысцыплiне дзяржавы. Гэтак, адразу пасьля прыходу да ўлады ён паставіў на дзяржаўныя пасады імпэрскіх намесьнікаў, обэрпрэзыдэнтаў і мiнiстраў земляў, пераважна «старых змагароў», гаўляйтараў. Ён сьвядома згадзіўся з тым, чаго фашысцкая Iталiя імкнулася ўнікнуць любой цаной — наймя з тым, што праз гэты асабісты хаўрус прамежкавыя ўладныя структуры партыi накладуцца на структуру дзяржавы (параўн. Broszat 1969, S. 140).

Аднак яшчэ большае значэньне мела тое, што ўжо зiмой 1933—1934 гг. тыпова ідэалягічнае падразьдзяленьне «руху» захапіла кантроль над палiтычнай палiцыяй: СС пад кiраўнiцтвам Гайнрыха Гiмлера. Гэтае зьліцьцё было не «ўбудовай у дзяржаўнае ўладкаваньне райху», а «вылучэньнем палiтычнай палiцыi з структуры нутраных справаў, г.зн. інстытуцыйным адасабленьнем гестапа ў выніку рэвалюцыйнай узурпацыi палiтычнай палiцыi з боку СС, што адбылося ў сакавiку 1933 году» (тамсама, S. 269). Тым самым ад самага пачатку ўтварылася вялікая расколіна ў абсягу сувэрэннасьці аўтарытарнай дзяржавы: у адрозьненьне ад СА і squadre d’azione, СС хоць і ня супярэчыла сувэрэннасьці дзяржавы ў тым сэнсе, што імкнулася не да ўтварэньня скіраванага супраць дзяржавы альтэрнатыўнага цэнтру ўлады, а да зьліцьця партыйнай і дзяржаўнай структураў. Але для маналiтнай структуры татальнай дзяржавы гэты шлях зь цягам часу аказаўся прынамсі нагэтулькі ж небясьпечны, як і адкрыты канфрантацыйны курс Фарыначы і Рома: падкантрольная СС палiтычная палiцыя пасьля выхаду з-пад кантролю райхсмiнiстэрства нутраных справаў стала iнструмэнтам на службе руху, якi пачуваўся падкантрольным толькi перад Гiтлерам, а ня перад дзяржаўным апаратам. Адно гэтая перадумова зрабіла магчымай пабудову ідэалягічна абгрунтаванай сыстэмы тэрору — бюракратычна сплянаванага i зарганiзаванага «вынішчэньня ворагаў» — вяршыняй злачынстваў якой стала забойства шасьцёх мiльёнаў жыдоў.

Праўда, у першыя гады рэжыму яшчэ не было відавочна, што ён выкліча гэткія наступствы. Асобныя нацыянал-сацыялiстычныя цэнтры ўлады, такія як арганiзацыя Тодта, імпэрская служба працы, райхсфюрэр СС і шэф нямецкай палiцыi, а таксама беспасярэдне залежнае ад фюрэра ведамства Герынга, здавалася, з увагі на ключавую ролю традыцыйных элітаў у тэхнічным кіраваньні буйной прамысловасьцяй, войскам і бюракратыяй маглі запаволіць трансфармацыю рэжыму ў аўтарытарную дзяржаву на чале з харызматычным фюрэрам, калі зусім не спынiць. Адно з 1937—1938 пачалі зьяўляцца сьведчаньні таго, што дзяржаўныя структуры «Трэцяга райху» ўсё больш падрываюцца знутра і губляюць сваю магутнасьць. Марцiн Бросцат называе тры тэндэнцыі, якiя пацьвярджаюць гэты тэзыс: (1) «канец супольнага кiраваньня ў «вяліканямецкім райху» і новыя апрычоныя ўлады на анэксаваных тэрыторыях» (тамсама, S. 269); (2) страта дзяржаўнай бюракратыяй прэстыжу і значэньня (тамсама, S. 162 ff); (3) «палiкратыя ведамстваў», неабходным наступствам якой было спыненьне ўсіх абмежаваньняў на ўжываны рэжымам гвалт (тамсама, S. 363 ff). Гэтаму пераходу да нічым не абмежаванага фiзычнага зьнішчэньня так званых «ворагаў», пачынаючы з 1938 году на анэксаваных і акупаваных тэрыторыях, а тады і ў Нямецкім райху, адпавядала мадэль грамадзкай iнтэграцыі, якую Франц Нойман з дапамогай сымбаля «Бэгемота» вызначыў як анты-дзяржаву. Праўда, і ў «Трэцiм райху» мэханiзмы прыватна-капiталiстычнага павелічэньня нормы прыбытку, а таксама сацыяльныя прывiлеi кансэрватыўных сілаў, на якія абапіраўся рэжым, засталіся ў некранутым стане. Але дзякуючы скасаваньню прафсаюзаў і калектыўнай працоўнай дамовы нацысты заразом адмовіліся ад дзяржаўнага разьвязаньня сацыяльных канфлiктаў пры дапамозе карпаратысцкіх мадэляў на ўзор iтальянскага фашызму. Замест гэтага падзеi прывялi, як паказвае Нойман, да нэгатыўнага плюралiзму канкуруючых уладных цэнтраў — прамысловасьці, войска, дзяржаўнай бюракратыi і партыi, у якiм можна было распазнаць тэндэнцыю да беспасярэдняга панаваньня над народам — без пасярэдніцтва дзеючага паводле рацыянальных крытэраў дзяржаўнага апарату прымусу. У сутнасьці, толькі дзьве акалічнасьці пакрывалі глыбокiя канфлiкты памiж гэтымi цэнтрамі ўлады і забясьпечвалі пэўную ляяльнасьць: харызматычная ўлада Гiтлера ды супольны інтарэс ува ўладзе і прыбытку, якi суадносіцца зь іхным «страхам перад прыгнечанымi масамi» (Neumann 1977, S. 544).

Чым можна растлумачыць тое, што фашысцкi рэжым у Iталii арыентаваўся на прынцыпы Левiятана, моцнай аўтарытарнай дзяржавы, тым часам як «Трэцi райх» з 1937 году можна ахарактарызаваць хутчэй як іх адмаўленьне, як увасобленую ў сымбалі Бэгемота самадэструкцыйную сыстэму канкуруючых цэнтраў улады?

4. Заключныя заўвагi

На першы пагляд відавочна, што прычыны адрознай інстытуцыялізацыі фашысцкiх рэжымаў у Iталii і Нямеччыне трэба шукаць у iдэалягічных устаноўках Мусалiнi і Гiтлера. Адрозьненьні паміж імі адзначалiся шмат якімі дасьледнікамі (параўн. Fetscher 1962; Nolte 1979; Knox 1984). Ідэалёгiя Мусалiнi, якой бы шматстайнай і супярэчлівай яна ні была, была арыентаваная на «(хутчэй традыцыяналісцкае) аднаўленьне «Imperio Romano» (Брахер). Гiтлер жа цьвёрда стаяў на сваіх сьветапаглядных пастулятах зьнішчэньня жыдоўства і заваёвы «жыцьцявой прасторы на Ўсходзе» як асновы «гераiчнага існаваньня расы паноў» (Бросцат). Ці не абумоўлівалі гэтыя розныя iдэалягічна-палiтычныя мэты ў той меры, у якой мэханiзм дыктатуры абодвух рэжымаў стабілізаваўся ў сваёй самадастатковасьці ўзглядам сваіх кансэрватыўных групаў падтрымкі, таксама і сродкі ажыцьцяўленьня ўлады? Было б памылкова недаацэньваць ролю ідэалёгii ў фашысцкiх дыктатурах. Аднак гэтаксама бясспрэчна, што яе аднабаковае выпукленьне ня дасьць вялікага плёну: iдэалягічныя канцэпцыі застаюцца бясьсільнымі, пакуль iхныя носьбiты ня маюць палiтычнай свабоды дзеяньняў, неабходнай для іхнага ажыцьцяўленьня. Тым ня менш пытаньне аб велічыні шанцаў на «ажыцьцяўленьне сваёй волі ў сацыяльных дачыненьнях нават насуперак супраціву» (Макс Вэбэр) у нашым кантэксьце прымушае зьвярнуцца да сфэры канфлiктаў iнтарэсаў памiж фашысцкiмi ўладамі і традыцыйнымi элiтамi. Вынік гэтых сутыкненьняў прадвызначыў палiтычную структуру фашысцкіх сыстэмаў улады ў Iталii і Нямеччыне, безумоўна, у большай ступені, чымся наперад дадзеныя iдэалягічныя мадэлі.

З увагі на гэта вельмі важна, што аўтарытарна-этатысцкае крыло ўнутры НФП пасьля зьліцьця з нацыяналiстамi ў 1923 годзе было значна мацнейшае, чымся нацыянал-сацыялістычныя прыхільнікі моцнай аўтарытарнай дзяржавы на чале з райхсмiнiстрам нутраных справаў Фрыкам. Нацыяналiсты, згрупаваныя вакол Рока (мiнiстра юстыцыi) і Фэдэрцонi (мiнiстра нутраных справаў), беспасярэдне ў НФП адстойвалі iнтарэс традыцыйных элiтаў у прадказальным правядзеньні дзяржаўнай улады: Рока сам у якасьці мiнiстра юстыцыi ствараў законы, якiя інстытуцыйна абгрунтоўвалі фашысцкую дзяржаву, пры поўнай падтрымцы Мусалiнi, якi зь iхнай дапамогай спадзяваўся ўзмацніць сваю собскую пазыцыю і ўбясьпечыць сябе ад апазыцыйных плыняў усярэдзіне партыі. Фрык, у адваротнасьць ад гэтага, не валодаў уладным рэсурсам у НСРПН: ягоны ўплыў залежаў ад стабiльнасьці хаўрусу памiж рэжымам і яго кансэрватыўнымi групамі падтрымкі. Але ўладна-палітычны балянс гэтага хаўрусу зьмянiўся на карысьць нацыстаў у той момант, калi ў 1936 годзе Гiтлеру ў рамках чатырохгадовага пляну ўдалося разьбіць адзіны блёк інтарэсаў буйной прамысловасьці (параўн. Petzina 1968, S. 364 f) і адначасова раскалоць армiю на «традыцыяналiстаў» і «калябарацыянiстаў» (параўн. Broszat 1969, S. 364 f). Fiancheggiatori — калi не лічыць старой лібэральнай элiты — наадварот, удалося прынамсі ўтрымаць сваю пазыцыю ў стасунках з Мусалiнi. Гэтак, Конфіндустрыя была дастаткова моцнай, каб адмежавацца ад фашысцкага рэжыму, калi ўжо можна было прадбачыць ягоную ваенную паразу (параўн. Sarti 1971, S. 132). Таксама й iтальянскае войска змагло скінуць 25.7.1943 г. Мусалiнi, не баючыся ўдару фашысцкай мiлiцыi ў адказ (параўн. Sarti 1974, S. 44 f).

Але існуе яшчэ адзін важны аспэкт. Спрашчаючы, можна сказаць, што кансэрватыўныя хаўрусьнікi Мусалiнi рэагавалi на праблемы iнтэграцыі падзеленага на клясы індустрыйнага грамадзтва нашмат больш гнутка, чымся выразьнікі інтарэсаў буржуазнай клясы ў Нямеччыне: яны не змаглі супрацьставiць этатысцкай мадэлi тэхнакратычна-карпаратыўнага фармаваньня буржуазнага грамадзтва нічога супастаўнага. У сутнасьці, кансэрватыўны супрацiў Гiтлеру ў 1944 годзе вызначаўся такой жа палiтычнай бездапаможнасьцю, як і буржуазныя хаўрусьнікі Гітлера ў 1933 годзе: яны хацелi вяртаньня да аўтарытарнай паліцыйнай дзяржавы насуперак волі шырокіх масаў, якiя патрабавалi большай роўнасьці і ўліку сваіх інтарэсаў. Аднак бяз здольнай забясьпечыць палітычны кансэнсус канцэпцыi масавай iнтэграцыi злачыннай палiтыцы фашызму яны маглi супрацьставiць у лепшым выпадку маральныя прынцыпы (параўн. Broszat 1969, S. 440 f). Дык ці не падрываюць гэтыя глыбокія адрозьненьні агульнапрыняты панятак фашызму ў сваёй аснове?

Мы паказалі, што iтальянскi і нямецкi фашызм да кансалiдацыі iхных рэжымаў мелi больш супольнага, чымся адрознага: iхнае падабенства сягае ад падобнасьці ўмоваў іхнага ўзьнікненьня ды праз разгром арганiзаванага рабочага руху і «другой рэвалюцыi» ў собскiх шэрагах ажно да падзелу палiтычных і эканамiчных функцыяў iхных рэжымаў. Значныя адрозьненьні пачынаюцца толькi разам з разьвіцьцём апарату ўлады ў вузейшым сэнсе. Але калi адпавядае праўдзе тое, што вырашальнымi прычынамі гэтай розьніцы былi гістарычна выпадковыя акалічнасьці, дык няма падставы адмаўляцца ад агульнапрынятага панятку фашызму. Як структурны панятак ён можа прэтэндаваць на такую сама гiстарычна-аналiтычную рэлевантнасьць, як канцэпты фэадалiзму цi абсалютызму: само сабой зразумела, што iхныя ўнівэрсальныя элемэнты павінны суадносіцца з своеасаблiвымі рамкавымі ўмовамі iх адпаведнага нацыянальнага, гiстарычнага цi культурнага кантэксту. Але супольныя для розных краінаў элемэнты фашызму дазваляюць разумець яго як цэльны фэномэн яшчэ з аднаго гледзішча. У якасьці унівэрсальнай мадэлі пераадоленьня крызысу буржуазна-капiталiстычных грамадзтваў мiжваеннага часу ў значнай частцы Эўропы для многiх сваіх сучасьнікаў ён азначаў сьмяротную пагрозу тым заваёвам, якіх дабіліся сацыяльныя рухі раньняй буржуазii і рабочай клясы: не выпадкова антыфашызм такi ж стары, як і сам фашызм.

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Жаролы зь італьянскага і нямецкага фашызму

Delzell, Charles F. (Hrsg.) 1971: Mediterranean Fascism 1919—1945, New York u.a.

Hirsch, Martin / Majer, Dietmut / Meinck, Jürgen (Hrsg.) 1984: Recht, Verwaltung und Justiz im Nationalsozialismus, Köln.

Noite, Ernst (Hrsg.) 1984: Theorien über den Faschismus, Königstein / Ts.

Літаратура зь італьянскага фашызму

Aquarone, Alberto 1974: The Rise of the Fascist State, 1926-1928, in: Roland Sarti (Hrsg.), The Ax within Italian Fascism in Action, New York.

Der italienische Faschismus. Probleme und Forschungstendenzen, München 1983.

Felice, Renzo de 1970: Der Faschismus. Ein Interview, Stuttgart.

— 1974: From the Liberal State to the Fascist Regime: The First Steps, in: Sarti (Hrsg.), The Ax within Italian Fascism in Action, New York.

— 1965: Mussolini il rivoluzionario, Turin.

Luna, Giovanni de 1978: Benito Mussolini, Reinbek bei Hamburg.

Lyttelton, Adrian 1973: The Seizure of Power. Fascism in Italy 1919—1929, London.

Petersen, Jens 1976: Faschismus und Industrie in Italien 1919—1929; in: Gesellschaft. Beiträge zur Marxschen Theorie, Bd. 7, Frankfurt/M., S. 133—189.

—1983: Wählerverhalten und soziale Basis des Faschismus in Italien zwischen 1919 und 1928; in: W. Schieder (Hrsg.), Faschismus als soziale Bewegung, Göttingen.

Priester, Karin 1972: Der italienische Faschismus, ökonomische und ideologische Grundlagen, Köln.

Sarti, Roland 1971: Fascism and the Industrial Leadership in Italy 1919—1940. A Study in the Expansion of Private Power under Fascism, Berkely / Los Angeles / London.

— (Hrsg.) 1974: The Ax within Italian Fascism in Action, New York.

Spriano, Paolo 1964: L’occupazione delle fabbriche, Turin.

Літаратура зь нямецкага фашызму

Bracher, Karl Dietrich 1955: Die Auflösung der Weimarer Republik. Eine Studie zum Problem des Machtverfalls in der Demokratie, Villingen.

Breitscheid, Rudolf 1931: Die Überwindung des Faschismus. Rede vom 2. Juni

1931 auf dem Parteitag der SPD; in: Protokoll über die Verhandlungen des SPD-Parteitags Leipzig 1931, Leipzig.

Broszat, Martin 1969: Der Staat Hitlers. Grundlegung und Entwicklung seiner inneren Verfassung, München 1969.

Fraenkel, Ernst 1974: Der Doppelstaat, Frankfurt / Köln.

Jamin, Mathilde 1984: Das Ende der «Machtergreifung»: Der 30. Juni 1934 und seine Wahrnehmung in der Bevölkerung; in: Wolfgang Michalka (Hrsg.), Die nationalsozialistische Machtergreifung, Paderborn u.a., S. 207—219.

Kater, Michael H. 21983: Sozialer Wandel in der NSDAP im Zuge der nationalsozialistischen Machtergreifung; in: W. Schieder (Hrsg.), Faschismus als soziale Bewegung, Göttingen, S. 25—67.

Kissenkoetter, Udo 1979: Gregor Strasser und die NSDAP, Stuttgart.

Kühnl, Reinhard 1966: Zur Programmatik der nationalsozialistischen Linken: Das Strasser-Programm von 1925 / 26; in: Vierteljahreshefte für Zeitgeschichte, Bd. 14 (1966), S. 317—333.

Mason, Timothy W. 1977: Sozialpolitik im Dritten Reich. Arbeiterklasse und Volksgemeinschaft, Opladen.

— 1968: Der Primat der Politik — Politik und Wirtschaft im Nationalsozialismus; in: Das Argument Nr. 41, S. 193—209.

Neumann, Franz 1977: Behemoth. Struktur und Praxis des Nationalsozialismus 1933—1944, Köln / Frankfurt/M.

Petzina, Dieter 1968: Autarkiepolitik im Dritten Reich. Der nationalsozialistische Vierjahresplan, Stuttgart.

Preller, Ludwig 1978: Sozialpolitik in der Weimarer Republik, Düsseldorf.

Saage, Richard 1981: Faschismustheorien. Eine Einführung, München.

Schneider, Michael 1986: Zwischen Annäherung und Abgrenzung: Zum Verhältnis von Christlichen und Freien Gewerkschaften in der Weimarer Republik; in: Richard Saage (Hrsg.), Zwischen Integration und Klassenkampf. Politische Konzeptionen der Sozialdemokratie zwischen den Weltkriegen, Frankfurt/M (друкуецца).

Winkler, Heinrich A. 1972: Mittelstand, Demokratie und Nationalsozialismus, Köln.

Параўнальная літаратура на тэму італьянскага і нямецкага фашызму

Agnoli, Johannes 1973: Zur Faschismus-Diskussion I und II; in: ders., Zur Faschismusdiskussion, Hamburg, S. 37—63.

Fetscher, Iring 1962: Faschismus und Nationalsozialismus. Zur Kritik des sowjetmarxistischen Faschismusbegriffs; in: Politische Vierteljahresschrift, 3. Jg., S. 42—63.

Knox, Mac Gregor 1984: Conquest, Foreign and Domestic in Fascist Italy and Nazi Germany; in: The Journal of Modern History, Vol. 56, S. 1—57.

Noite, Ernst 51979: Der Faschismus in seiner Epoche. Die Action française. Der italienische Faschismus. Der Nationalsozialismus, München / Zürich.

Schieder, Wolfgang 1968: Faschismus; in: Sowjetsystem und demokratische Gesellschaft. Eine vergleichende Enzyklopädie, Bd. II, Freiburg u.a., калёнкі 438—477.

Schörken, Rolf (Hrsg.) 1982: Das Dritte Reich. Geschichte und Struktur, Stuttgart (ёсьць матэрыял і на тэму італьянскага фашызму).

Thamer, Hans-Ulrich 1984: Der Marsch auf Rom — ein Modell für die nationalsozialistische Machtergreifung; in: Michalka (Hrsg.), Die nationalsozialistische Machtergreifung, S. 245—260.

— / Wippermann, Wolfgang 1977: Faschistische und neofaschistische Bewegungen, Darmstadt.

Totalitarismus und Faschismus. Eine wissenschaftliche und politische Begriffskontroverse, München / Wien 1980.

Wippermann, Wolfgang 1983: Europäischer Faschismus im Vergleich 1922-1982, Frankfurt/M.

Карысная літаратура

Bloch, Charles 1970: Die SA und die Krise des NS-Regimes 1934, Frankfurt/M.

Broszat, Martin / Möller, Horst (Hrsg.) 1983: Das Dritte Reich. Herrschaftsstruktur und Geschichte, München.

Buchheim, Hans u.a. 1967: Anatomie des SS-Staates, 2. Bde., München.

Falter, Jürgen 1979: Wer verhalf der NSDAP zum Sieg? in: Aus Politik und Zeitgeschichte, B 28—29 / 1979, S. 3—21.

Hofer, Walther (Hrsg.) 1957: Der Nationalsozialismus. Dokumente 1933-1945, Frankfurt/M.

Hüttenberger, Peter 1980: Bibliographie zum Nationalsozialismus, Göttingen (велізарная, добра апрацаваная бібліяграфія).

— 1969: Die Gauleiter. Studie zum Wandel des Machtgefüges in der NSDAP, Stuttgart.

Jäckel, Eberhard 1981: Hitlers Weltanschauung. Entwurf einer Herrschaft (erw. und überarb. Neuausg.), Stuttgart.

Klinksiek, Dorothee 1982: Die Frau im NS-Staat, Stuttgart.

Klönne, Arno 1982: Jugend im Dritten Reich. Die Hitler-Jugend und ihre Gegner. Dokumente und Analysen, Düsseldorf / Köln.

Longerich, Peter 1989: Die braunen Bataillone. Geschichte der SA, München.

Macciocchi, Maria-Antonietta 1976: Jungfrauen, Mütter und ein Führer. Frauen im Faschismus, Berlin.

Majer, Diemut 1987: Grundlagen des nationalsozialistischen Rechtssystems. Führerprinzip, Sonderrecht, Einheitspartei, Stuttgart u.a.

Mommsen, Hans 1966: Beamtentum im Dritten Reich, Stuttgart.

Müller, Klaus-Jürgen 1987: Armee und Drittes Reich, Paderborn.

Nolte, Ernst 1966: Die faschistischen Bewegungen, München.

Payne, Stanley G. 1980: Fascism. Comparison and Definition, Madison.

Rafalski, Traute 1984: Italienischer Faschismus in der Weltwirtschaftskrise, Opladen.

Rüthers, Bernd 1989: Entartetes Recht. Rechtslehren und Kronjuristen im Dritten Reich, München.

Schäfer, Hans Peter 1981: Das gespaltene Bewußtsein. Über deutsche Kultur und Lebenswirklichkeit 1933—1945, Frankfurt/M.

Schmädeke, Jürgen/Steinbach, Peter (Hrsg.) 1985: Der Widerstand gegen den Nationalsozialismus, München.

Scholder, Klaus 1980ff: Die Kirchen und das Dritte Reich, 2 Bde., Frankfurt/M. und Berlin.

Schoenbaum, David 1968: Die braune Revolution. Sozialgeschichte des Dritten Reiches, Köln / Berlin.

Turner, Henry A. Jr. 1985: Die Großunternehmer und der Aufstieg Hitlers, Berlin.

Зацемы рэдактара

1. «Лягер» атрымаў свой назоў ад прозьвішча нямецкага палітыка Гайнрыха Брунінга (1885—1970), лідэра нямецкіх прафсаюзаў у 20-х гадох XX стагодзьдзя, з 1924 і да 1933 году дэпутата райхстагу, які ў 1929 годзе ўзначаліў фракцыю дэпутатаў-цэнтрыстаў нямецкага парлямэнту. З 1930 і да 1932 году быў райсхканцлерам, а ў кастрычніку 1931 да таго ж заняў пасаду міністра замежных справаў Нямеччыны. З 1934 году Брунінг перабываў на эміграцыі ў ЗША.

2. Рудольф Брайтшайд (1874—1944) — нямецкі палітык. У 1917 годзе прымкнуў да Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (Unabhangige Sozialdemokratische Partei Deutschlands (USPD). У 1922 годзе пасьля аб’яднаньня СППН і НСДПН стаў упаўнаважаным сацыял-дэмакратычнай партыі з вонкавапалітычных пытаньняў. У траўні 1928 году стаецца адным з кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнай партыі ў райхстайгу. З сакавіка 1933 году на эміграцыі сьпярша ў Швайцарыі, пасьля ў Францыі. У 1941 годзе быў арыштаваны, зьмешчаны сьпярша ў Бэрлінскую турму, пасьля ў канцлягер Заксэнгаўзэн і нарэшце ў канцлягер Бухенвальд, дзе 24 жніўня загінуў, паводле афіцыйнай вэрсіі, у выніку бамбардаваньня.

3. Грэгар Штрасэр (1892—1934) – нямецкі палітык. У 1921 прымкнуў да НСРПН, быў кіраўніком аддзяленьня НСРПН у Ніжняй Баварыі. У 1923 годзе за ўдзел у гітлерскім путчы быў асуджаны на паўтара году зьняволеньня. У 1924—1933 гадох дэпутат райхстагу. У 1925 годзе пасьля рэарганізацыі НСРПН прызначаецца партыйным кіраўніком Паўночнай Нямеччыны, засноўвае бэрлінскі аддзел CА і разам з сваім братам Ота нацыянал-сацыялістычнае выдавецтва «Kampf-Verlag». У 1930 годзе Штрасэр, які настойваў на сацыял-рэвалюцыйнай праграме, дзякуючы сваёй антыкапіталістычнай і русафільскай праграме сутыкнуўся з адкрытым супрацівам Гітлера. Увосень 1932 году Штрасэр вядзе з Куртам фон Шляйхерам перамовы аб удзеле ў нямецкім урадзе. Пасьля доўгіх роздумаў ён нарэшце выражае згоду ўвайсьці ўва ўрад як віцэ-прэм’ер з сацыяльных пытаньняў. Узімку таго ж году яго спроба раскалоць НСРПН шляхам удзелу ўва ўрадзе церпіць няўдачу дзякуючы моцнай пазыцыі Гітлера ў партыйным жыцьці. У 1933 годзе Штрасэр пакідае ўсе партыйныя пасады і сыходзіць з палітыкі. 30 чэрвеня 1934 году яго забіваюць у Бэрліне падчас так званага путчу Рома.

4. Курт фон Шляйхер (1882—1934) — нямецкі вайсковы і палітычны дзеяч. У 1926 годзе быў прызначаны кіраўніком новастворанага аддзяленьня вэрмахту пры міністэрстве абароны Нямеччыны. У красавіку 1932 году ў сувязі з забаронай нацыянал-сацыялістычных штурмавых аддзелаў (CА) адбыўся разрыў паміж ім і міністрам абароны Нямеччыны Гронэрам. Канцэпцыя Шляйхера прадугледжвала «стрымліваньне» нацыянал-сацыялістаў праз улучэньне СА ў надпартыйныя ваенізаваныя арганізацыі.1 чэрвеня 1932 Шляйхер стаецца міністрам аброны Нямеччыны. 3 сьнежня таго ж году пасьля беспасьпяховых перамовінаў з Гітлерам аб удзеле ўва ўрадзе НСРПН Шляйхер прызначаецца Гіндэнбургам райхсканцлерам; яму ж даручаецца фармаваньне ўраду. Але спроба фармаваньня ўраду на аснове хаўрусу правых прафсаюзаў і левых нацыянал-сацыялістаў накшталт Штрасэра церпіць няўдачу ў выніку супраціву Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччны (СДПН) і нацыянал-сацыялістаў (НСРПН). 28 студзеня 1933 Шляйхер ідзе ў адстаўку, на яго месца прыходзіць Гітлер. 30 чэрвеня 1934 году Шляйхер разам з сваёй жонкай быў забіты падчас так званага путчу Рома камандай СС.