Паліталёгія

Асноўны курс


3. Міжнародная палітыка - Трэці сьвет: сьветы багацьця, беднасьці і масавай галечы

1. Маштаб і праявы «чумы беднасьці»

Франц Нушэлер

На пачатку «другога дзесяцігодзьдзя разьвіцьця», у 1973 годзе, былы прэзыдэнт Сусьветнага банку Робэрт Мак-Намара ў сваёй драматычнай «Найробскай прамове» зьвярнуў увагу на ўзрост «абсалютнай беднасьці» ў краінах Трэцяга сьвету:

«Абсалютная беднасьць... характарызуецца такім нягодным станам умоваў жыцьця, як хваробы, непісьменнасьць, недаяданьне і беспрытульнасьць, тым, што ахвяры гэтай беднасьці ня могуць здаволіць нават самых элемэнтарных патрэбаў чалавечага жыцьця...

— З двух мільярдаў людзей у разьвіваных краінах ад адной траціны да паловы галадуюць ці церпяць ад недаяданьня.

— Ад 20 да 25% дзяцей паміраюць ува ўзросьце да пяцёх гадоў, а мільёны тых, хто не памёр, асуджаныя на жалюгоднае існаваньне, таму што недаяданьне пашкодзіла іхныя мазгі, скалечыла іхныя целы і вычарпала іхную жыцьцёвую сілу.

— Сярэдняя працягласьць жыцьця складае на 20 гадоў меней, чымся ў заможных краінах...

— 800 мільёнаў чалавек непісьменныя, і бальшыня іхных дзяцей, не зважаючы на пашырэньне сыстэмы адукацыі і выхаваньня, у наступныя гады застанецца непісьменнай.

— Для абсалютнай беднасьці характэрныя нагэтулькі катастрафічныя ўмовы жыцьця, што немагчымым робіцца разьвіцьцё задаткаў, якія людзі маюць ад нараджэньня, зьневажаецца людзкая годнасьць. І тым ня менш гэтыя варункі нагэтулькі пашыраныя, што абумоўліваюць лёс прыкладна 40 % людзей у разьвіваных краінах».

Сёньня, па яшчэ адным «дзесяцігодзьдзі разьвіцьця», эканамічнае і сацыяльнае палажэньне краінаў Трэцяга сьвету пагоршылася яшчэ больш: Лацінская Амэрыка зазнала найцяжэйшую за апошнюю палову стагодзьдзя эканамічную крызу, а ў Афрыцы ў 1983—1984 гг. пачаўся найвялікшы ў ейнай гісторыі масавы голад.

У сакавіку 1983 г. далёкая ад усякай драматызацыі «Пятая справаздача Фэдэральнага ўраду па разьвіваных краінах» дала шмат новай інфармацыі па сацыяльных пытаньнях. Але з прычыны выкліканай сусьветнай эканамічнай крызай сацыяльных наступстваў і накладзеных Міжнародным валютным фондам (МВФ) строгіх санацыйных абавязкаў, што падобныя да лекаваньня галаданьнем, яна зноў састарэла:

— Сотні мільёнаў людзей хворыя на заразныя хваробы (малярыя, більгарцыёз, гельмянтоз).

— Сьмяротнасьць жанчын пры цяжарнасьці і родах у 10—15 разоў вышэйшая, чымся ў індустрыйна разьвітых краінах.

— Толькі 20 адсоткаў насельніцтва маюць доступ да эфэктыўнага мэдыцынскага абслугоўваньня. У найбяднейшых краінах адзін лекар прыпадае на 19460 чалавек, а ў заходніх індустрыйна разьвітых краінах — на 620.

— З 400 мільёнаў інвалідаў у краінах Трэцяга сьвету 140 мільёнаў — дзеці.

— Толькі каля траціны (29 адсоткаў) людзей, што жывуць у найбяднейшых краінах, маюць доступ да чыстай пітной вады.

— Яўнае і сукрытае беспрацоўе пазбаўляе каля 34 адсоткаў працаздольнага насельніцтва магчымасьці самім забясьпечыць сябе праз працу.

— Колькасьць гарадоў з насельніцтвам, большым за 500000 жыхароў, з прычыны ўцёкаў зь вёсак за два толькі дзесяцігодзьдзі (ад 1960 да 1980) павялічылася ад 114 да 266. Ужо сёньня 250 мільёнаў гарадзкіх жыхароў жывуць у трушчобах.

Усе гэтыя паказьнікі ёсьць сярэднімі велічынямі, якія часам нават прыхарошваюць сацыяльныя катастрофы ў асобных краінах ці рэгіёнах. Яны хаваюць, напрыклад, драматычны ўзрост дзіцячай сьмяротнасьці ў выніку голаду і авітамінозаў на паўночным усходзе «краіны эканамічнага цуду» Бразыліі. Сацыяльнае становішча бальшыні насельніцтва маскуецца перадусім тады, калі ўзровень разьвіцьця краіны вымяраюць адзінкай валавога нацыянальнага прадукту (ВНП).

ВНП на душу насельніцтва ўсё яшчэ ўважаецца за аснаватворную велічыню для вызначэньня беднасьці ці разьвітасьці, дарма што ейныя статыстычныя пасткі і сутнасна падманлівыя высновы даўно ведамыя: перадусім, яна хавае няроўнасьць даходаў і жыцьцёвых варункаў за сярэднімі велічынямі і пакідае «без увагі фундамэнтальныя элемэнты сацыяльнага ўладкаваньня, правоў асобы ды іншыя вартасьці, якія нельга вымерыць маркамі і пфэнігамі» (Brandt-Bericht 1980, S. 65). Частая адначаснасьць эканамічнага ўзросту і ўзросту згаленьня добра ілюструе гэты падманлівы эфэкт статыстыкі.

Прыклады багатых краінаў-экспартэраў нафты і беднага Кітаю паказваюць, што багацьце не абавязкова азначае разьвітасьць, а нізкі даход на душу насельніцтва — масавую галечу. Бедным ёсьць таксама і той, хто мае дастаткова ежы і адзеньня ды можа хадзіць у пачатковую школу. Але беднасьць Кітаю мае зусім іншую якасьць, чымся «абсалютная беднасьць». Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Кітаі складае 68 гадоў (у 1949 г. — 36 гадоў!), у Савудаўскай Арабіі — толькі 55 гадоў. Розьніца паміж «мала» для амаль усіх, «амаль нічога» шмат для каго і «шмат» для мала каго — вельмі вялікая.

Навука ня можа здавальняцца фіксацыяй бачных праяваў пэўнай праблемы, наколькі б рафінаваныя мэтады для гэтага не ўжываліся. Яна павінна шукаць прычыны, залежнасьці і як мага глыбейшыя тлумачэньні. Ейныя падпарадкаваныя інтэрсуб’ектыўнаму дыскурсу пазнавальныя высілкі і ейная палітычная асьветніцкая функцыя павінны пачынаць з высьвятленьня паняткаў, таму што яны становяць сабой інструмэнт аналізу і сродак камунікацыі. Прычына шматлікіх кантравэрсій у палітыцы, якая датычыць разьвіваных краін, палягае таксама і ў бабілёнскай мешаніне паняткаў.

2. Трэці сьвет і канфлікт паміж Поўначай і Поўднем: папулярныя, але спрэчныя паняткі

Панятак «Трэцяга сьвету»

У палітычным жаргоне і мове прафэсійных палітолягаў зборны панятак Трэці сьвет ужо даўно стаў само сабой зразумелым; ён адцясьніў прынятыя раней родавыя паняткі недаразьвітыя краіны (з прычыны пагардлівага адценьня) або разьвіваныя краіны (з прычыны сымуляцыі таго, што адсутнічае, г.зн. разьвіцьця). Трэці сьвет яшчэ не бяруць у двукосьсе, пакліканае абараняць паняткі ад памылковых асацыяцыяў.

Кажны, здаецца, ведае і пагаджаецца зь іншымі ў тым, што трэба разумець пад гэтым Трэцім сьветам: сьвет бедных, эканамічна адсталых і палітычна слабых краінаў Паўднёвага паўкульля, якія не належаць або ня хочуць належаць, ані да заходне-капіталістычнага Першага сьвету, ані да ўсходне-сацыялістычнага Другога сьвету. Тыя краіны, да якіх яно адносіцца, цэняць азначэньне «Трэці сьвет», таму што яно замоўчвае іхныя слабасьці і заразом прыпісвае ім аўтэнтычную ролю ў сусьветнай палітыцы ў якасьці трэцяй сілы паміж усходнім і заходнім блёкамі.

Сапраўды, гэтая зьмена азначэньня дазваляе ўнікнуць непаразуменьняў, уласьцівых даўнейшым родавым паняткам; адылі салямонава формула «Трэці сьвет» выклікае новыя непаразуменьні і эфэкты падману. Зь цягам часу зноў пачалі гучаць патрабаваньні «разьвітацца з фальшывым паняткам» (Eikenberg 1983). Ёсьць важкія падставы для гэтага патрабаваньня адмовіцца ад панятку, які набыў папулярнасьць, але асацыюецца зь цьмянымі ці ўвогуле памылковымі ўяўленьнямі і тым самым з навуковага гледзішча стаў спрэчным.

Але пакуль больш адэкватны панятак яшчэ ня выпрацаваны. Панятак пэрыфэрыі, які наагул сьцьвярджае наяўнасьць супольных структурных прыкметаў (а наймя пэрыфэрыйнага капіталізму) і гіерархічных дачыненьняў улады і залежнасьці паміж цэнтрам і пэрыфэрыяй, быў пастаўлены пад пытаньне дзякуючы розным тэндэнцыям разьвіцьця ў межах гэтай пэрыфэрыі і дзякуючы зрухам у суадносінах сілаў Поўначы і Поўдня. Зборны панятак «Поўдзень» таксама не ўяўляе сабой лепшага разьвязаньня, дарма што ягоная зьмястоўная невыразнасьць магла б як найлепш засьцерагаць ад памылковых асацыяцыяў.

Формулы, якія аднойчы ўвайшлі ў палітычны жаргон, вельмі жывучыя і ня могуць зьмяняцца абы-як, а таму навукоўца, які паслугоўваецца імі, мусіць прынамсі ўсьведамляць зьмены зьместу панятку ці, інакш кажучы, зьмены рэаліяў, якія крыюцца пад пэўным паняткам. І хаця ў гэтым разьдзеле з прычыны адсутнасьці лепшае альтэрнатывы выкарыстоўваецца панятак «Трэці сьвет», ён уяўляе сабой ня больш, чымся зручнае зборнае пазначэньне краінаў, арганізаваных у «Групу 77-ёх» (гл. ніжэй), якія зазвычай называюць таксама разьвіванымі краінамі.

Узьнікненьне і зьмястоўнае зьмяненьне канцэпцыі Трэцяга сьвету

Панятак Трэцяга сьвету, які спарадычна мільгацеў ужо ў 50-х гадох, першапачатна меў палітычны падтэкст у рамках халоднай вайны і глябальнай канкурэнцыі ўсходняй і заходняй сыстэмаў. «Маладыя дзяржавы», што пасьля другой сусьветнай вайны сталі (згодна зь міжнародным правам) незалежнымі, імкнуліся не дапусьціць, каб іх уцягнулі ў канфлікт паміж Усходам і Захадам у якасьці арэны ідэалягічных і патэнцыйна ваенных канфліктаў. Уяўленьне пра Трэці сьвет як пра тэрыторыю па-за вайсковымі блёкамі і палітычнымі сыстэмамі капіталізму і сацыялізму служыла ім сродкам ідэнтыфікацыі і набыцьця самастойнай ролі ў сусьветнай палітыцы, абумоўленай біпалярнай блёкавай сыстэмай. У міжнароднай палітыцы ўтварыўся новы структурны элемэнт і паступова — паралельна з канфліктам паміж Усходам і Захадам, які наклаўся і ўсяляк уплываў на яго — разгарэўся новы «канфлікт паміж Поўднем і Поўначай».

Але спачатку да Трэцяга сьвету залічалі толькі афра-азіяцкія краіны, якія ўступілі ў рух недалучэньня, што паўстаў на Бандунгскай канфэрэнцыі 1955 году[1]. Лацінская ж Амэрыка згодна з дамовай, падпісанай у 1947 годзе ў Рыё-дэ-Жанэйра[2], была хаўрусьніцай ЗША і зь вялікай няўпэўненасьцю прылічала сябе да Трэцяга сьвету (і няўпэўненая яна да сёньня, як паказвае рознай велічыні дыстанцыя паміж бальшынёй лацінаамэрыканскіх дзяржаваў і рухам недалучэньня).

Ужо на пачатку 60-х гадоў гэтае вузкае разуменьне «Трэцяга сьвету» як палітычнага хаўрусу было расшыранае: па-першае, дзякуючы фактычна адвольнаму тлумачэньню «недалучэньня», якое не выключала ні шчыльнага прымыканьня да «Першага сьвету» (як у выпадку франкамоўнай Заходняй Афрыкі, прывязанай да Францыі мноствам дамоваў, ці некаторых блізкіх партнэраў ЗША), ці да «Другога сьвету» (пад маскай «пазытыўнага нэўтралізму», прадстаўнікамі якога былі, напрыклад, Насэр, Нкрума ці Кастра); па-другое, дзякуючы ўзрастаючаму ўсьведамленьню і артыкуляцыі канфліктаў інтарэсаў паміж «багатай Поўначай» і «бедным Поўднем», якія раней былі схаваныя пад покрывам каляніяльных імпэрыяў і тычыліся замежнаэканамічнай дзейнасьці і палітыкі пераразьмеркаваньня даходаў. Ужо Франц Фэнан у сваёй слыннай працы «Выклятыя гэтай зямлі» (1961) атаясаміў «Трэці сьвет» з калянізаваным і недаразьвітым сьветам і тым самым напоўніў панятак падвойным значэньнем, якое ён захаваў дагэтуль.

У 70-х гадох панятак набыў дадатковае палітычнае адценьне як заклік да адзінства і супольнасьці ў бурлівым «паўночна-паўднёвым дыялёгу». Заснаваная ў 1967 «Група 77-ёх», да якой сёньня належаць 126 краінаў, дзеяла як своеасаблівы «прафсаюз Трэцяга сьвету», які патрабаваў Новага сусьветнага эканамічнага парадку (НСЭП) штораз больш актыўна і ўльтыматыўна. Таксама і на канфэрэнцыях руху недалучэньня, да якога сёньня належыць каля 80 адсоткаў чальцоў «Групы 77-ёх», НСЭП выйшаў на першы плян.

Гэтая групавая салідарызацыя атрымала моцны імпульс, калі картэль OPEC прадэманстраваў непахіснай на першы погляд «Поўначы», што краіны-экспартэры сыравіны могуць пасьпяхова весьці перамовы і ажыцьцяўляць байкот. Дзякуючы гэтай дэманстрацыі сваёй сілы «Група 77-ёх» скарысталася са сваёй перавагі ў Генэральнай асамблеі ААН і іншых міжнародных арганізацыях для радыкальнай на словах палітыкі канфрантацыі (прычым краіны РЭУ апартуністычна падтрымвалі гэтыя атакі, пакуль не былі закранутыя іхныя собскія інтарэсы). Трэці сьвет дзякуючы сваёй узгодненай лініі паводзінаў зрабіўся ўплывовым фактарам міжнароднай палітыкі.

Канфлікт паміж Поўначай і Поўднем: пустая фраза ці апакаліпсыс?

«Канфлікт паміж Поўначай і Поўднем» — гэты выраз стаў крылатым, аднак ягоны зьмест застаўся цьмяным. З прычыны спадчыны каляніялізму, слабых гандлёвых і фінансавых стасункаў паміж Усходам і Поўднем і скіраваных з боку Поўдня пераважна да эканамічна магутнейшага Захаду патрабаваньняў праводзіць палітыку пераразьмеркаваньня даходаў гэты канфлікт паміж Поўначай і Поўднем у сутнасьці аказаўся канфліктам паміж Захадам і Поўднем.

Усход скарыстаўся з гэткай хады канфлікту, прапанаваў сябе Поўдню ў якасьці антыімпэрыялістычнага «натуральнага хаўрусьніка», але адмовіўся ад усялякіх абавязкаў што да дапамогі ў разьвіцьці (за выняткам дапамогі зброяй вызваленчым рухам, якія служылі ягоным собскім геастратэгічным інтарэсам), спаслаўшыся на тое, што ён не нясе гістарычнай віны за недаразьвітасьць Поўдню. Але ягоная прапаганда не магла запабегчы таму, што ён усё больш разумеўся Трэцім сьветам як частка Поўначы і такім чынам як удзельнік канфлікту паміж Поўначай і Поўднем, бо ён таксама вёў свой невялікі гандаль з Поўднем пры («імпэрыялістычных») умовах сусьветнага рынку, у выпадку канфліктаў інтарэсаў (як у перамовах аб новым морскім праве) сьцьвярджаў свае собскія інтэрасы і ўвогуле не вырозьніваўся «братняй салідарнасьцяй» ад суворых нораваў у стасунках паміж Поўначай і Поўднем (параўн. Damus 1983).

На пачатку 70-х гадоў канфлікт паміж Поўначай і Поўднем выклікаў ува ўсім сьвеце пачуцьцё пагрозы, падмацаванае вайной у Віетнаме, крышам партугальскага каляніялізму, спробамі арганізацыі новых сыравінавых картэляў і радыкальнай на словах дэманстрацыяй сілы з боку прамоўцаў ад Трэцяга сьвету ў органах ААН. Лёзунгі накшталт «collective self-reliance» ці дэзінтэграцыі, а таксама ўсемагчымыя рэвалюцыйныя тэорыі, здавалася, веставалі заняпад заведзенага Захадам сусьветнага парадку. У гэтыя гады абмену ўдарамі паміж Поўначай і Поўднем у нямецкіх унівэрсытэтах адбыўся выбух зацікаўленьня тэорыямі імпэрыялізму і залежнасьці[3].

Некаторыя тэарэтыкі рэвалюцыі ўбачылі ў «пэрыфэрыі» новы эпіцэнтар сусьветнай рэвалюцыі і панавыдумлялі сабе страшлівых сцэнароў міжнароднай клясавай барацьбы паміж багатырамі на Поўначы і жабракамі на Поўдні. Яны ўсё больш аддаляліся ад рэальных і патэнцыйных магчымасьцяў; яны не заўважалі розьніцы інтарэсаў паміж краінамі Трэцяга сьвету і супадзеньня інтарэсаў у стасунках паміж Поўначай і Поўднем; яны ігнаравалі ролю пануючых элітаў, якія хоць і ня могуць агулам лічыцца пляцдармам і памагатымі мэтраполіяў, але ўжо дзеля самазахаваньня ня могуць быць і сьцяганошамі сусьветнай рэвалюцыі; уведзеныя ў зман ваяўнічымі лёзунгамі, яны прадчувалі антаганістычныя канфлікты таксама і там, дзе насамрэч ход быў адно пра пераразьмеркаваньне выдаткаў і прыбыткаў у эканамічных стасунках паміж Поўначай і Поўднем.

Разглядаючы антыкаляніяльныя вызваленчыя войны ў Індакітаі і Паўднёвай Афрыцы ці паўстанцкія рухі ў цэнтральнаамэрыканскім рэгіёне як сцэнар канфлікту паміж Поўначай і Поўднем, гэткія тэорыі канфлікту прыпісвалі стасункам паміж Поўначай і Поўднем ваяўнічы антаганізм і адводзілі ўвесь Трэці сьвет за пэўны «паўночны фронт», які быў хутчэй уяўнай, чымся рэальнай лініяй фронту.

Гэтыя перасьцярогі што да інфляцыі панятку канфлікту і скепсыс што да напоўненых надзеяй ці адчаем галюцынацыяў пра масавае рэвалюцыйнае паўстаньне «вёсак» (= Поўдню) супраць «гарадоў» (= Поўначы), як яго праектавалі з гісторыі кітайскай рэвалюцыі на сусьветную сцэну мааісцкія рэвалюцыйныя стратэгі, ні ў якім выпадку не павінны прытупіць увагу да канфліктнага патэнцыялу, які ўтрымліваецца ў стасунках паміж Поўначай і Поўднем. Гэтыя стасункі з гледзішча тэорыі канфліктаў — стасункі структурнага гвалту (Ёган Гальтунг), абумоўленыя структурна прадвызначанай, забясьпечанай пры дапамозе няроўнага разьмеркаваньня ўлады асымэтрыяй жыцьцёвых магчымасьцяў і шанцаў на разьвіцьцё. Гэта было важным адкрыцьцём так званага крытычнага дасьледаваньня міру і канфліктаў, якое не здавольвалася падлікам танкаў і ракетаў.

Гэтую асымэтрыю Поўначы і Поўдню можна пацьвердзіць некаторымі лічбамі, якія ілюструюць структурны гвалт, але ня могуць абняць яго ўва ўсіх ягоных вымерах і праявах:

— перапад даходаў паміж Першым і Трэцім сьветам пагоршыўся да прапорцыі 14:1, паміж Першым і «Чацьвертым сьветам» (34 найбяднейшыя краіны) да прапорцыі 40:1 і ўвесь час працягвае пагаршацца;

— тры чвэрткі чалавецтва мусяць здавольвацца менш як чвэрткай (на 1980 г.: 21,5 адсотку) сусьветнага даходу (і гэтая чвэртка, зноў жа, надзвычай няроўна разьмеркаваная паміж групамі краінаў і сацыяльнымі клясамі);

— доля Трэцяга сьвету ў сусьветнай індустрыйнай вытворчасьці за два з паловай «дзесяцігодзьдзі разьвіцьця» павысілася толькі на 9 адсоткаў (прычым, напрыклад, доля ўсёй чорнай Афрыкі дасягнула толькі 0,6 адсотку);

— ягоная доля ў сусьветным экспарце, не зважаючы на скачкі цэнаў на нафту, паменшылася ад 27,3 адсотку (1955) да 21,4 адсотку (1980), доля экспарту 34 найбяднейшых краінаў нават ад 5,6 адсотку да 1,9 адсотку;

— цэны на сыравіну (за выняткам цэнаў на нафту) у 1982 годзе былі найніжэйшыя за ўвесь час па другой сусьветнай вайне, тым часам як цэны на прамысловыя вырабы і крэдыты стала павышаліся;

— розьніца ў сярэдняй працягласьці жыцьця пацьвярджае тэзу аб тым, што і структуры забіваюць — праз структурны гвалт.

Гэтая сацыяльная палярызацыя Поўначы і Поўдню з гледзішча маралі выклікае скандал, з гледзішча тэорыі міжнародных стасункаў уяўляе сабой палітычна канфліктны матар’ял. І нават сытуацыйна абумоўленыя хістаньні настрою ў паўночна-паўднёвых стасунках, ідэалёгіі партнэрства ці частковыя супадзеньні інтарэсаў паміж элітамі і дзяржавамі ня могуць увесьці ў зман што да гэтага.

Такім чынам, «канфлікт паміж Поўначай і Поўднем» — яшчэ не пустая фраза, але ў штодзённым ужытку часам уводзіць у зман, калі яна памылкова асацыюецца з антаганістычным канфліктам паміж Захадам і Ўсходам, дзе адзін аднаму супрацьстаяць вялікія вайсковыя арсэналы, або зь ня менш памылковым уяўленьнем, быццам існуе адзіная лінія фронту на Поўдні. Пагроза для міру, якая вынікае з палярызацыі Поўнач—Поўдзень, палягае не ў небясьпецы ваеннага сутыкненьня Поўначы і Поўдня ці пажару сусьветнай рэвалюцыі, а ў канфліктным патэнцыяле голаду, клясавай барацьбы і дзяржаўных крызысаў, у магчымым «эфэкце Сараева» ці ў тэндэнцыі інтэрнацыяналізацыі грамадзянскіх войнаў ці рэгіянальных канфліктаў дзякуючы глябалізацыі канфлікту паміж Усходам і Захадам. Амаль усе 148 войнаў, зарэгістраваныя паміж 1945 і 1982 гадамі, адбыліся ў Трэцім сьвеце. Такім чынам, вайна зь цягам часу зрабілася, здаецца, сумнеўным «прывілеем слабых і недаразьвітых» (параўн. Khan / Matthies 1981).

Такая частата канфліктаў мае шматлікія і разнастайныя прычыны. У справаздачы Бранта была вылучана гэткая фундамэнтальная падстава: «Гісторыя навучыла нас, што войны прыносяць голад, але мы ў меншай ступені ўсьведамляем тое, што масавая беднасьць, са свайго боку, можа прывесьці да вайны ці выліцца ў хаос. Там, дзе пануе голад, мір ня можа быць трывалым». Робэрт Мак-Намара хацеў прадухіліць гэтыя пагрозы палітычнай стабільнасьці, што вынікаюць з голаду, пры дапамозе «барацьбы супраць беднасьці», скіраванай на задавальненьне асноўных патрэбаў. Але нават той «свабодны ад забабонаў собскі інтарэс», да якога ён апэляваў, у сталіцах Поўначы ня здолеў прывесьці да поступу ў палітыцы што да разьвіваных краін, як паказала жалюгодная гісторыя дыялёгу паміж Поўначай і Поўднём.

«Канец Трэцяга сьвету»?

Захад зрэагаваў на арганізаваны ціск Поўдню неахвотнай прапановай «дыялёгу паміж Поўначай і Поўднем», згуляў на зацягваньне часу і выкарыстаў шанцы, якія даў яму сусьветны эканамічны і крэдытны крызыс, што закрануў Трэці сьвет на пачатку 80-х гадоў. Дыялёг паміж Поўначай і Поўднем адбываўся як міжнародная драма ў некалькіх актах (канфэрэнцыях Поўнач—Поўдзень), дзе Поўдзень рэпэтаваў бурнае паўстаньне, а Поўнач па-майстэрску дэманстравала тактыку зацягваньня перамоўнага працэсу.

Адміністрацыя Рэйгана, у карціне сьвету якой існаваў канфлікт не паміж Поўначай і Поўднем, а толькі — у глябальным маштабе — паміж Усходам і Захадам, адмовілася нават ад тых малых саступак, на якія пайшла адміністрацыя Картэра (напрыклад, у канвэнцыі аб морскім праве, у пытаньні міжнародных банкаў разьвіцьця і двухбаковай замежнай дапамогі) (параўн. Nuscheler 1984). Канцэпцыя рэйганомікі была скіраваная супраць палітыкі павышэньня дабрабыту ў міжнародным маштабе і ўсім спробам перабудовы міжнароднай эканомікі супрацьстаўляла «магію рынку».

Сустрэча Поўначы і Поўдню на найвышэйшым узроўні, наладжаная ў кастрычніку 1981 у Канкуне і Мехіка, скончылася неабавязковай дэклярацыяй аб намерах. Міжнародная гандлёвая Канфэрэнцыя Аб’яднаных Нацыяў па гандлі і разьвіцьці (UNCTAD VI) у Бялградзе (1983) прадэманстравала канец амаль усіх ілюзіяў, якія абудзіў быў дыялёг паміж Поўначай і Поўднем. Рух недалучэньня на сваёй канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні ў Нью-Дэлі (сакавік 1983 г.) практыкаваўся ў фрустрацыях і прагматызьме, што амаль нічым не нагадвала ваяўнічага запалу 70-х гадоў.

Калі час вялікіх паўночна-паўднёвых рэзалюцыяў, якія ня мелі амаль ніякіх вынікаў, скончыўся разам з сусьветным эканамічным крызысам, выявілася, якім крохкім было так званае адзінства дзеяньняў Трэцяга сьвету. Праграмы дзеяньняў па супрацоўніцтве паміж Поўначай і Поўднем, якія зноў і зноў зацьвярджаліся на канфэрэнцыях Групы 77-ёх і Руху недалучэньня, як правіла, не даходзілі да фазы рэалізацыі. Праўда, гандаль паміж Поўднем і Поўначай у 70 х гадох павялічыўся ад 20,3 да 24,7 адсотку (1979) аб’ёму вонкавага гандлю Трэцяга сьвету; але за гэтым узростам крыецца перадусім павышэньне цэнаў на нафту і прыросты экспарту некаторых нешматлікіх «парогавых краінаў». «Калектыўны фонд для эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця краінаў-удзельніцаў Руху недалучэньня», які краіны-ўдзельніцы Руху недалучэньня пастанавілі стварыць у 1973 годзе, так і не паўстаў, бо падпісалася замалая колькасьць краінаў. І для краінаў-экспартэраў нафты, якія павінны былі фінансаваць фонд у першую чаргу, калектыўная салідарнасьць мела фінансавыя межы (параўн. Opitz 1984, S. 30 ff).

Асаблівы канфліктны матар’ял у стасунках паміж Поўначай і Поўднем стварыла роля транснацыянальных карпарацыяў у Трэцім сьвеце. На патрабаваньне бальшыні ў ААН была скліканая Спэцыяльная камісія ААН, пакліканая распрацаваць кодэкс паводзінаў для транснацыянальных кампаніяў. Адылі ня столькі супраціў (заходніх) краінаў, зь якіх яны паходзілі, колькі стрыманасьць краінаў, у якіх яны дзеялі (перадусім у Лацінскай Амэрыцы) прывялі да бяззубага праекту пастановы, які наўрад ці апраўдаў выдаткі на шматгадовыя перамовы.

Рыторыка «супольных інтарэсаў» хавала шматузроўневы працэс дыфэрэнцыяцыі краінаў Трэцяга сьвету, якім тлумачыліся адрознасьці інтарэсаў у стасунку да Першага сьвету і які размываў лініі фронту ў канфлікце паміж Поўначай і Поўднем (гл. ніжэй, с. 379). Таму няма дзіва, што ўсё часьцей гаворка ішла пра «канец Трэцяга сьвету». Але калі пачынаюць сьпяваць гэты хаўтурны сьпеў, то забываюцца, што Трэці сьвет ніколі ня быў гамагеннай адзінкай.

3. Трэці сьвет як недаразьвіты сьвет: мадэлі і тэорыі

Гэты «канец Трэцяга сьвету» як эканамічнай і палітычнай супольнасьці, праўда, не азначае, што Трэці сьвет перастаў быць сынонімам недаразьвітага сьвету. Краіны «Поўдню» на палітычным жаргоне ўсё яшчэ лічацца «разьвіванымі краінамі», што паклікана сыгналізаваць, што яны меней разьвітыя, чымся індустрыйныя краіны ў Першым і Другім сьвеце. Але адсутнасьць чаго забясьпечвае гэтую прайгранку ў разьвіцьці? Якія структурныя прыкметы робяць краіну «разьвіванай»? Што супольнага маюць краіны ад Чылі да Кітаю, ад Кубы праз Катар да Кірыбаці?

Прыкметы тыповай разьвіванай краіны

Мноства навукоўцаў спрабавала вызначыць структурныя прыкметы і формы дэфіцыту тыповай разьвіванай краіны пры дапамозе каталёгаў прыкметаў. Такія вызначэньні ёсьць адно эўрыстычнымі дапаможнымі сродкамі, якія не выяўляюць рэгіянальных і культурных асаблівасьцяў, адрозьненьняў ува ўзроўнях разьвіцьця, прычыннасьцяў, гіерархіі важкасьці праблемаў ці прыярытэтаў палітычнага ладу:

Праблемы ўтварэньня капіталу:

— нізкі даход на душу насельніцтва (як галоўны эканамічны паказьнік недаразьвітасьці);

— нізкая здольнасьць да назапашваньня і нізкі аб’ём інвэстыцыяў;

— высокая квота спажываньня (г.зн. высокая доля спажываньня харчовых прадуктаў і звычайных спажывецкіх тавараў);

— нізкая забясьпечанасьць капіталам і нізкая прадукцыйнасьць працы, асабліва ў сельскай гаспадарцы;

— надзвычай няроўнае разьмеркаваньне даходаў, якое, аднак, у вышняй даходнай групе выкарыстоўваецца пераважна не для назапашваньня, а для раскошы, уцечкі капіталаў ці ўтварэньня індывідуальных багацьцяў і замінае фармаваньню масавай пакупніцкай здольнасьці як перадумовы індустрыялізацыі, арыентаванай на нутраны рынак. Можна назіраць «канвэргенцыю недаразьвітых краінаў зь неэгалітарным тыпам грамадзтва» (Eisenhans 1984, S. 36).

Праблемы гаспадарчай і інфра-структуры:

— нязначная дывэрсыфікацыя структуры вытворчасьці;

— монакультурная арганізацыя экспарту, што выклікае рызыку замежна эканамічнай дзейнасьці пры хістаньнях попыту і цэнаў;

— высокая залежнасьць усёй эканомікі ад вонкавай дынамікі і вонкавых пастановаў;

— у экспарце высокая доля сыравіны нізкай апрацоўкі;

— нізкая ступень індустрыялізацыі (як галоўнае адрозьненьне ад індустрыйных краінаў);

— высокая аграрная квота, г.зн. занятасьць найбольшай часткі працаздольнага насельніцтва ў сельскай гаспадарцы, часта дзеля забесьпячэньня собскага выжываньня (натуральная гаспадарка);

— з аднаго боку, высокае яўнае і сукрытае беспрацоўе, зь іншага боку, вялікая нястача кваліфікаваных работнікаў і кіраўнікоў;

— недастатковае асваеньне і выкарыстаньне зямлі і карысных выкапняў, часткова таксама неспрыяльныя экалягічныя варункі з прычыны кліматычных умоваў, абмежаванасьці водных рэсурсаў і нізкай урадлівасьці глебаў;

— нездавальняючая інфраструктура (транспартныя шляхі, камунікацыя, энэргетычнае забесьпячэньне) і недастатковая рынкавая інтэграцыя.

Дуалізм або структурная гетэрагеннасьць / маргінальнасьць

Эканамісты доўгі час бачылі ў дуалізьме спэцыфічную структурную прыкмету недаразьвітасьці, бо ступень інтэграцыі пэўнай нацыянальнай эканомікі ўяўляе для іх вызначальны крытэр разьвітасьці. Панятак дуалізму стаўся папулярным, бо ён абыймаў пад адной сукупнай назвай шматстайныя і выяўныя зьявы дэзінтэграцыі ў эканоміцы і грамадзтве.

Эканамічны і тэхналягічны дуалізм павінен быў пазначыць суіснаваньне сучаснага сэктару, для якога ўласьцівыя капіталістычная арганізацыя, інтэнсіўнасьць капіталу, пераважна экспартная арыентацыя і панаваньне замежнага капіталу, — і традыцыйнага натуральнага сэктару, які працуе з прымітыўнай тэхнікай і вельмі слаба прывязаны да нацыянальнага таварнага і грашовага рынку; рэгіянальны дуалізм — супярэчнасьці паміж разьвітымі і адсталымі рэгіёнамі, паміж індустрыялізаванымі цэнтрамі і маргіналізаванай правінцыяй; сацыяльны і культурны дуалізм — супярэчнасьці паміж маёмнай клясай і мноствам безмаёмных, паміж элітамі з заходняй адукацыяй і непісьменнай бальшынёй насельніцтва.

У інтэрпрэтацыі тэорыі дуалізму недаразьвітасьць у такіх расколатых грамадзтвах спараджаецца жывучасьцяй традыцыйна-адсталых субструктураў, а разьвіцьцё магчымае толькі праз пашырэньне (дыфузію) сучаснага сэктару, г.зн. праз «капіталізацыю» ўсёй нацыянальнай эканомікі.

Крытыка кружляе вакол фіксацыяў негістарычных момантаў і падманных эфэктаў вонкавай простасьці формулы дуалізму: вакол суседзтва з выгляду незьвязаных адна з адной субструктураў, якія насамрэч зьвязаныя супольнай гісторыяй узьнікненьня, шматстайнымі структурна-функцыянальнымі перакрыжавальнымі повязямі, перадусім абменам тавараў і працоўнай сілы. Апрача таго, панятак структурнай гетэрагеннасьці, які спачатку ўжываўся лацінаамэрыканскімі тэарэтыкамі залежнасьці да свайго субкантынэнту, а пазьней быў абагульнены Самірам Амінам і Дытэрам Зэнгасам для пэрыфэрыйнага капіталізму, скіраваны супраць (папулярызаванай Андрэ Гундэрам Франкам ды інш.) тэзы аб тым, што капіталізм ад каляніяльных часоў гіерархічна разьмешчанымі ад цэнтру да пэрыфэрыі коламі пашырыўся аж да апошніх заакіянскіх кутоў.

Тэарэтыкі залежнасьці (зборны панятак, што абдымае шматлікія варыянты тэорыі) разумеюць структурную гетэрагеннасьць як асноўную прыкмету недаразьвітасьці і таму як катэгорыю, ад якой нельга адмовіцца пры аналізе недаразьвітых грамадзтваў (чым ня надта адрозьніваліся ад ганьбаваных да гэтага тэарэтыкаў дуалізму). Яны былі адзіныя ў тым, што гэтая структурная дэфармацыя ёсьць гістарычным вынікам улучэньня «пэрыфэрыі» ў (капіталістычны) сусьветны рынак, г.зн. нацыянальную дэзінтэграцыю трэба разумець як эфэкт транснацыянальнай інтэграцыі.

Разам з гэтым істотна разыходзіліся меркаваньні што да таго, як можна вызначыць і апэрацыяналізаваць «структурную гетэрагеннасьць». Нолен / Штурм (1982, S. 94 f) распрацавалі адзінаццаць розных дэфініцыяў, якія, аднак, можна абагульніць да трох асноўных канцэпцыяў:

— як панятак унутры- і міжгаліновых нераўнавагаў, якія могуць быць вызначаныя перадусім дзякуючы адрозьненьням у прадукцыйнасьці (але тым самым ня могуць быць асабліва спэцыфічнымі для недаразьвітых грамадзтваў);

— як суіснаваньне або дамінаваньне аднаго над другім спосабаў вытворчасьці ў катэгорыях Карла Маркса (г.зн. фэадалізму / капіталізму ці «дакапіталістычных» вытворчых стасункаў, прычым капіталістычны спосаб вытворчасьці лічыцца дамінантным), якія, аднак, з прычыны іхнага паняткавага схематызму аказаліся аналітычна непрыдатнымі, таму што хаваюць шматстайныя мяшаныя формы спосабаў вытворчасьці і не зважаюць на ўнутрыгаліновую гетэрагеннасьць;

— як спэцыфічную і ўвадначас унівэрсальную структурную прыкмету «пэрыфэрыйнага капіталізму». Пасьля таго як ужо і марксісцкія аўтары адмежаваліся ад гэтага — накінутага на ўвесь Трэці сьвет без уліку адрозьненьняў — тэарэтычнага канструкту (параўн. Schoeller 1976; Simonis 1981; Boeckh 1985), вытворная катэгорыя «структурнай гетэрагеннасьці» таксама згубіла тэарэтычны тлумачальны патэнцыял.

Якім бы чынам ні вызначалася структурная гетэрагеннасьць, тэарэтыкі адзіныя ў тым, што яна спараджае маргінальнасьць, якая часта лічыцца сутнасьцю ці нават увасабленьнем недаразьвітасьці. Калі даўнейшыя тэарэтыкі дуалізму яшчэ разумелі маргінальнасьць як жыцьцёвую сытуацыю пазбаўленых каранёў ускраінных групаў, якім не ўдалося прыстасавацца да «культуры прагрэсу», дык тэарэтыкі залежнасьці перасунулі ейную прычыну з галоваў маргіналізаваных людзей у сацыяэканамічныя наступствы структурнай гетэрагеннасьці, перадусім беспрацоўя і недастатковай занятасьці.

Шматмернасьць недаразьвітасьці: заганныя колы «зачараваных кругоў беднасьці»

У меру ўзросту ўсьведамленьня таго, што недаразьвітасьць ёсьць ня толькі і нават ня ў першую чаргу эканамічнай праблемай, каталёг прыкметаў эканамічнай недаразьвітасьці папаўняўся шэрагам грамадзкіх і палітычных, культурных і антрапалягічных фактараў. Ціканьне «дэмаграфічнай бомбы» было пачутае яшчэ тры дзесяцігодзьдзі таму і неўзабаве стала звычайнай паўпраўдай (бо пераблытана прычына і наступства: беднасьць — не наступства, а прычына дэмаграфічнага выбуху). Сацыяльныя паказьнікі накшталт нізкай сярэдняй працягласьці жыцьця (у якасьці паказьніку кепскіх жыцьцёвых умоваў) і высокая доля непісьменных (у якасьці паказьніку недастатковай разьвітасьці «гуманітарнага капіталу») былі ўлучаныя ў крытэры вымярэньня ўзроўню разьвіцьця. Да іх былі далучаныя палітычныя інтэрпрэтацыйныя фактары — такія, як нестабільнасьць, карупцыя і нізкая дзеяздольнасьць «слабой дзяржавы», а таксама паразытычны інтарэс уладных элітаў у захаваньні статус-кво.

Сканструяваная Майклам П.Тодарам (1977) схема наглядна паказвае шматмернасьць недаразьвітасьці. Але пазначаныя ім узаемадзеяньні паміж асобнымі фактарамі небясьпечна набліжаюцца да ўсё яшчэ папулярнага, але надзвычай сумнеўнага «зачараванага кола беднасьці», вонкавая простасьць якога спараджаецца заганнымі коламі высноваў. Яно робіць больш ці менш адвольна выбраны факт канстантай прычыннага ланцуга і тым самым падпарадкоўвае гэтай канстанце шэраг залежных пераменных, прычым межаў фантазіі амаль няма.

Такім уяўна лягічным чынам нават гэткая складаная праблема, як праблема абмежаванасьці капіталу, разьвязваецца простым прычынным ланцугом: нізкі даход › нізкая здольнасьць да назапашваньня › нізкая доля інвэстыцыяў › нізкая прадукцыйнасьць › нізкі даход. Калі ў якасьці канстанты выбраць недаяданьне, можна ўтварыць наступны прычынны ланцуг: недаяданьне › нізкая працаздольнасьць › нізкая прадукцыйнасьць › нізкі даход › недаяданьне. Вынаходлівасьці амаль няма межаў. Урэшце выходзіць звычайнае заганнае кола: краіна бедная, таму што яна бедная.

Такія «зачараваныя колы» могуць давесьці тое, што яны павінны давесьці. Яны кружляюць наўкола адвольна прызначанага выходнага пункту і шукаюць для пэўнай прычыны адпаведнае наступства, якое пасьля, у сваю чаргу, робіцца прычынай. Такім чынам, яны ўгрунтаваныя на таўталёгіях (параўн. Grimm 1979, S. 44). Іхная простасьць небясьпечная таму, што яны прадстаўляюць беднасьць як непазьбежны лёс, які сам сябе ўвекавечвае, не шукаюць ані прычынаў, што ляжаць глыбей, ані выйсьцяў, бо нібыта «дзеюць разбуральныя сілы, якія цэмэнтуюць стан беднасьці» (Stucken 1966, S. 54).

Спрэчка пра прычыны недаразьвітасьці

Датуль, пакуль так, як вышэй, будуць навязвацца сымптомы недаразьвітасьці, будуць узьнікаць несупадзеньні меркаваньняў у справе іх выбару і ступені іх важнасьці. Зацятыя кантравэрсіі ў тэорыі разьвіцьця, якія ў 70-х гадох выліліся ў сутыкненьне сьветаглядаў, разгарэліся толькі пасьля пошуку прычынаў і тлумачэньняў, сэнсавай канструкцыі для разуменьня недаразьвітасьці: ці вінаватая ўва ўсім культура і «залежнасьць»? Якія фактары прывялі да недаразьвітасьці — эндагенныя (мясцовага паходжаньня) ці экзагенныя (навязаныя звонку)?

На працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў цэлыя сотні дасьледнікаў разьвіваных краін, экіпаваныя Максам Вэбэрам, Толкатам Парсансам ці Габрыэлем А.Альмонам, займаліся своеасаблівым дасьледаваньнем родавых схватак «маладых дзяржаваў». У Андах, у афрыканскіх джунглях ці ў індыйскіх вёсках яны знаходзілі адзін і той жа ўнівэрсальны ключ да тлумачэньня недаразьвітасьці: «статычную» традыцыйную культуру. Тое, што яны дазнаваліся, можна прачытаць ужо ў творы Макса Вэбэра «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму»: адсутнасьць «дыстанцыі да сьвету», застыгласьць у вызначаным рэлігіяй «заўжды ўчорашнім», адсутнасьць дынамічнай эканамічнай этыкі і homo oeconomicus, які мысьліць і дзеіць рацыянальна.

Ня так ужо далёкае ад гэтых вытрыманых у духу тэорыі культуры тлумачэньняў недаразьвітасьці перадузятае меркаваньне, якое дзякуючы Дж.К.Гелбрайту[4] нават атрымала акадэмічнае прызнаньне: «Людзі бедныя, таму што ім так падабаецца». За гэтым крыецца перадузятае меркаваньне, якое мае расісцкую афарбоўку, пра «бедных, але шчасьлівых» дзікуноў у набедраных павязках, што ляжаць пад бананавым кустом і чакаюць, пакуль плод упадзе ім у рот.

Пры больш пільным разглядзе панятак традыцыі ў тэорыі мадэрнізацыі аказаўся вельмі далёкім — ад гісторыі культуры і сацыялёгіі рэлігіі — клішэ для адсталасьці і прасякнутай эўрацэнтрычнай культурнай саманадзейнасьцяй процілегласьцю ідэалізаванаму ўзору заходне-капіталістычных грамадзтваў. Мадэрнізацыя аказалася «вэстэрнізацыяй». Квінтэсэнцыя і інструкцыя па стратэгіях разьвіцьця ў тэорыі мадэрнізацыі гучала так: разьвіваныя краіны будуць недаразьвітыя датуль, пакуль яны не пераймуць структураў і цнотаў гэтага першаўзору. Уліваньні капіталу і інавацыяў звонку павінны былі дапамагчы гістарычным аўтсайдэрам навучыцца «разьвіцьцю празь перайманьне» і ўступіць на гістарычна-тэлеалягічна прадвызначаны шлях да мадэрнасьці.

Праўда, гэтае разуменьне разьвіцьця як імкненьня дагнаць і пераняць, разам зь іншымі адзнакамі палітычнага ладу, прысутнічае таксама і ў савецка-марксісцкіх дактрынах разьвіцьця, у якіх мадэль «рэальнага сацыялізму» становіць сабой канчальны арыенцір, хоць і плянуюцца тактычныя пераходныя этапы «некапіталістычнага разьвіцьця». Тэарэтыкі і палітыкі разьвіцьця на Ўсходзе і Захадзе не маглі ўявіць сабе альтэрнатыўных «трэціх шляхоў» ці цалкам іншых шляхоў разьвіцьця і выкарыстоўвалі дапамогу разьвіваным краінам як сродак для экспарту палітычнага ладу.

Такім чынам, калі тэорыі мадэрнізацыі ў «экзагенных фактарах» бачылі спрыяльныя разьвіцьцю парасткі ўва ўлоньні гамуючай разьвіцьцё традыцыі, то для тэарэтыкаў імпэрыялізму і залежнасьці, якія пры канцы 60-х гадоў выступілі супраць «галечы буржуазнай тэорыі разьвіцьця» (Hauck 1975), гэтыя фактары станавілі сабой галоўную прычыну недаразьвітасьці. Імпэрыялізм, або dependencia, і культура, або традыцыя, сталі словамі-стымуламі для палемічнага абмену ўдарамі.

Імпэрыялізм і эксплюатацыя сталі лёзунгамі, якімі тлумачылася ўсё, разьвіваныя краіны былі перайменаваныя ў «краіны, утрымліваныя ў недаразьвітасьці». Гісторыя і сучаснасьць стасункаў паміж Поўначай і Поўднем толькі ўзмацняла вастрыню аргумэнтацыі:

— брутальны «драпежніцкі імпэрыялізм» пасьля спаборніцтва эўрапейскіх морскіх дзяржаваў за ўладаньні за акіянам;

— «каляніяльныя звышпрыбыткі» і «выпампоўваньне скарбаў» транснацыянальнымі канцэрнамі, якім адвялі ролю казлоў выкупленьня за галечу ў Трэцім сьвеце;

— ашуканьне Трэцяга сьвету ў гандлёвай палітыцы — праз пагаршэньне terms of trade паміж экспартаванай сыравінай і імпартаванымі прамысловымі вырабамі ці праз сукрыты «няроўны абмен».

Тэорыі імпэрыялізму мелі ўва ўнівэрсытэтах і на кніжным рынку спрыяльную кан'юнктуру, але хутка, падобна галашэньням, пачалі кружляць па няплённым і стамляльным коле (параўн. Nuscheler 1971).

Больш прэтэнцыёзнымі і каштоўнымі ў пазнавальным пляне, чымся дасьледаваньні імпэрыялізму, якія зацыкліліся вакол фінансавых і гандлёвых плыняў, былі (і ёсьць) структуралісцкія варыянты тэорыі залежнасьці, якія, зноў жа, маюць шмат супольнага з канцэпцыяй пэрыфэрыйнага капіталізму. Яны адмовіліся ад вырозьненьня экзагенных і эндагенных фактараў, угледзеўшы карэнь залежнасьці ня толькі ў вонкавых стасунках, але і ў эканамічнай і сацыяльнай структуры, а таксама ў палітычнай і культурнай надбудове «пэрыфэрыйных краінаў»; яны паказалі, як «структурная залежнасьць» прывяла да вытворчасьці для сусьветнага рынку, а не для патрэбаў собскіх грамадзтваў, да абумоўленых вонкавымі фактарамі перакосаў вытворчай структуры (якраз да структурнай гетэрагеннасьці), да блякаваньня акумуляцыі капіталу і дынамікі разьвіцьця на «пэрыфэрыі».

Абедзьве інтэрпрэтацыйныя мадэлі цьвердзілі, што гэтая пэрыфэрыя недаразьвітая і няздольная да разьвіцьця ня ў выніку абмежаванасьці рэсурсаў і капіталу, дэмаграфічнага выбуху ці ўвогуле якіх-колечы культурных дэфіцытаў, а ў выніку яе ўлучэньня ў міжнародныя дачыненьні дамінаваньня і залежнасьці ў якасьці «зьнявечанага прыдатку» мэтраполіяў. У сьмелым Валерштайнавым праекце сыстэмы сьвету, дзе ўсе «тры сьветы» падпарадкаваныя молаху (капіталістычнага) сусьветнага рынку і нацыянальныя дзяржавы як суб’екты права скасаваныя, няма паратунку ад сыстэмнай лёгікі сусьветнага рынку, няма нават рэвалюцыйных выбухаў (параўн. Worsley 1983; Boeckh 1985).

Якраз гэтае прыпушчэньне пра структурна абумоўленую няздольнасьць да разьвіцьця стала выходным пунктам крытыкі — у сьвятле скачкоў узросту ў некаторых «парогавых краінах», а таксама самакрытыкі некаторых тэарэтыкаў залежнасьці. Эмпірычнае дасьледаваньне разьвіцьця, ажыўленае гэтай тэарэтычнай спрэчкаю, хоць і ня цалкам зьняпраўдзіла тэзу пра эксплюатацыю і тэарэмы «структурнай залежнасьці» і «структурнай гетэрагеннасьці», але скарэгавала іхную прэтэнзію на ўнівэрсальную слушнасьць; пры пэўных інтрасацыяльных і міжнародных умовах яно ўжо не выключала разьвіцьцё на «пэрыфэрыі» як сыстэмна абумоўленую немагчымасьць. Абмен ударамі ў рамках тэорыі разьвіцьця, які запачаткаваў Рыхард Ф. Бэрэнт (1971) сваёй палемікай супраць тэорыяў імпэрыялізму і залежнасьці, стаў больш карэктным. Назіраліся інтэлігентныя спробы замірыць міжсобку тэорыі мадэрнізацыі і залежнасьці праз «крытычную тэорыю мадэрнізацыі» (параўн. Schütt 1976; Mansilla 1978).

Насамрэч істотнай памылкай матэрыялістычнай тэорыі было тое, што яна апэравала толькі палітэканамічнымі катэгорыямі і не хацела прызнаваць за «суб’ектыўным фактарам», г.зн. думкамі і ўчынкамі людзей, ніякага вытлумачальнага патэнцыялу. Некаторыя марксісцкія палітэканомы, відаць, не чыталі «Тэзаў пра Фаербаха» ці «Брытанскага каляніяльнага панаваньня ў Індыі», дзе Маркс — у пэўным сэнсе як раньні тэарэтык мадэрнізацыі — услаўляў як акт рэвалюцыйнага вызваленьня разбурэньне брытанскім імпэрыялізмам рэлігійна абумоўленай вясковай ідыліі. Апошнім часам гісторыя разьвіцьця ў «канфуцыянскім культурным коле» прымушае таксама і палітэканомаў нанова прадумаць узаемасувязь культуры і разьвіцьця.

Інтэрдысцыплінарнае міжнароднае дасьледаваньне разьвіцьця паказала, што прычыны і істотныя элемэнты недаразьвітасьці немагчыма прывесьці да простых назоўнікаў. Той, хто коратка дэфінуе недаразьвітасьць як недастатковую разьвітасьць прадукцыйных сілаў, пры спробе адказаць на пытаньне «чаму» вельмі хутка натыкаецца на сацыякультурныя акалічнасьці. Не існуе ўсеабсяжнай і ўсёвытлумачальнай тэорыі разьвіцьця, а ёсьць толькі часава абмежаваныя, спэцыфічныя для пэўнай прасторы і культуры тэорыі сярэдняга радыюсу дзеяньня.

Адно назначаныя тут кантравэрсіі пра прычыны недаразьвітасці і ўмоваў разьвіцьця мы разгледзім яшчэ на прыкладзе дзьвюх канкрэтных інтэрпрэтацыйных праблемаў: па-першае, на прыкладзе пытаньня аб тым, як можна патлумачыць скачкі ўзросту «парогавых краінаў», якія даганяюць разьвітыя краіны; па-другое, на прыкладзе супрацьлеглага пытаньня аб тым, як можна патлумачыць адначасны адкат назад Афрыкі. Гэтая канкрэтызацыя можа таксама зьменшыць уплыў закладзенай у шмат якіх grand theories, што прэтэндуюць на ўнівэрсальную слушнасьць, істотнай прычыны памылак.

4. Працэсы дыфэрэнцыяцыі ў Трэцім сьвеце

Ад самага пачатку група дзяржаваў, аб’яднаных пад зборным паняткам Трэцяга сьвету, уяўляла сабой надзвычай гетэрагенную сумесь вялікіх і малых, багатых на сыравіну і бедных на сыравіну, з добрым ці благім экалягічным і тапаграфічным становішчам, вельмі розных паводле ўзроўню разьвіцьця, вонкавапалітычнай арыентацыі і палітычнага ладу старых і новых нацыянальных дзяржаваў. Гэты суплёт, які дзякуючы дэкалянізацыі ў карыбскім басэйне і на поўдні Ціхага акіяну ўзбагаціўся карлікавымі выспавымі міні-дзяржавамі, неабходна разблытаць. Міжнародныя арганізацыі даўно аб’ядналі розныя групы краінаў, у чым выяўляецца ўсё большая структурная дыфэрэнцыяцыя Трэцяга сьвету. Гэты працэс дыфэрэнцыяцыі прымушае нас прадумаць парадыгмы тэорыі разьвіцьця.

Некалькі назоваў для найбяднейшых краінаў: «Чацьверты сьвет», LLDC ці LIC

Генэральная асамблея ААН ужо ў 1971 годзе вылучыла групу «найменш разьвітых краінаў» (LLDC = Least Developed Countries) зь вялікай групы «меней разьвітых краінаў» (LDC = Less Developed Countries) на падставе трох крытэраў адбору: валавы нацыянальны прадукт (ВНП) на душу насельніцтва меншы за 250 даляраў ЗША (у цэнах на 1980 год); доля індустрыйнай вытворчасьці ў ВНП меншая за 10 адсоткаў; доля пісьменных меншая за 20 адсоткаў дарослага насельніцтва (старэйшых за 15 гадоў). На палітычным жаргоне гэтыя LLDC былі вылучаныя з Трэцяга сьвету, атрымаўшы назоў «Чацьверты сьвет» (што першапачатна пазначаў таксама краіны OPEC).

Дзьве параўнальныя статыстычныя велічыні сьведчаць пра ўзрастаючы перапад узроўню разьвіцьця паміж LLDC і LDC: у LLDC ВНП на душу насельніцтва ад 1970 да 1979 гг. павялічваўся штогод толькі на 0,7 адсотку (у LDC — да 2,9 адсотку), а іхная аграрная вытворчасьць на душу насельніцтва нават зьмяншалася штогод на 1,3 адсотку (у LDC — да 0,1 адсотку). Як выявіцца пазьней, адлегласьць LLDC ад парогавых краінаў сярод LDC павялічылася яшчэ больш значна. Ужо тая акалічнасьць, што колькасьць LLDC ад першапачатных 25 за гэты час вырасла да 36, паказвае на прагрэсуючы працэс згаленьня і дыфэрэнцыяцыі ў Трэцім сьвеце. Разам з гэтым істотна, што паводле ацэнак Сусьветнага банку толькі 20 адсоткаў з 300 мільёнаў людзей, якія жывуць у LLDC, належыць залічаць да «абсалютна бедных». Індыя, якая да LLDC не належыць, адна мае больш «абсалютна бедных», чымся ўсе LLDC разам узятыя.

КНР, насупраць, дзе даход на душу насельніцтва складае 310 даляраў ЗША (1982 год), хоць і належыць да найбяднейшых краінаў, але ў значнай ступені пераадолела «абсалютную беднасьць»; акрыленая эканамічнымі рэформамі на вёсцы, што пачаліся ў 1978 годзе, яна далучылася да тых нешматлікіх краінаў, якія дасягнулі высокіх тэмпаў узросту ў аграрнай вытворчасьці. Тым часам як шмат якія «разьвіваныя краіны» зазнаюць хутчэй адкат назад, чымся разьвіцьцё, Кітай насамрэч можа лічыцца «краінай, якая разьвіваецца».

Пасьля першага скачка цэнаў на нафту зь ягонымі цяжкімі наступствамі для эканомік, моцна падлеглых вонкавым уплывам, Генэральны сакратарыят ААН у 1974 годзе ўтварыў дадатковую групу «найцяжэй пацярпелых краінаў» (MSAC — Most Seriously Affected Countries), да якой сёньня належаць 50 краінаў (між іх амаль усе LLDC). Мяккімі крытэрамі пераменнай належнасьці да гэтай групы служаць: нізкі даход на душу насельніцтва; высокая доля экспарту (як паказьнік замежнаэканамічнай залежнасьці); пагаршэньне прапорцыі паміж цэнамі на імпарт і цэнамі на экспарт; значнае памяншэньне выручкі ад экспарту і валютных рэзэрваў; высокія выдаткі на абслугоўваньне доўгу.

Аднабокай і тым самым вельмі агульнай ёсьць практыкаваная Сусьветным банкам клясыфікацыя на групы, якая адрозьнівае «краіны зь нізкім даходам» (LIC = Less Income Countries) ад «краінаў зь сярэднім даходам» (MIC = Middle Income Countries) вылучна на падставе велічыні даходу на душу насельніцтва. У 1984 годзе лінія падзелу праходзіла па адзнацы 400 даляраў ЗША. Гэты спосаб клясыфікацыі, які мае важкія наступствы для ўмоваў крэдытаваньня (велічыня адсоткаў, тэрмін, гады адтэрміноўкі), не выпадковы, а адлюстроўвае ўласьцівае «Банку бедных» разуменьне разьвіцьця, арыентаванае на ўзрост (параўн. Tetzlaff 1980). Паказальна, што сярод іх 34 LIC ёсьць толькі 24 LLDC (= «найменш разьвітыя краіны»). Гэтае несупадзеньне абедзьвюх групаў супярэчыць меркаваньню, што краінам з аднолькавым даходам на душу насельніцтва ўласьцівыя таксама аднолькавыя велічыні структурных і сацыяльных паказьнікаў.

Калі LLDC за два «дзесяцігодзьдзі разьвіцьця» хоць і зрабілі пэўныя сьціплыя посьпехі ў сацыяльным разьвіцьці (сыстэме адукацыі і ахове здароўя), але ў эканамічным разьвіцьці адсталі ці нават адкаціліся назад, дзьве іншыя групы краінаў зазналі эфэктныя скачкі эканамічнага ўзросту і даходаў:

Краіны-экспартэры нафты: багатыя, але недаразьвітыя

Неаднаразовыя павышэньні цэнаў на нафту ў 70-х гадох забясьпечылі надзвычай вялікія валютныя рэзэрвы краінам-экспартэрам нафты, зарганізаваным у картэль OPEC, і найвышэйшы ў сьвеце даход на душу насельніцтва маланаселеным дзяржавам Пэрсыдзкай затокі. Адылі трэба адрозьніваць «нуварышаў з Блізкага Ўсходу», галоўнай праблемай якіх спачатку было рацыянальнае выкарыстаньне неспадзяванага даляравага шчасьця, і краіны OPEC зь вялікім насельніцтвам і зь вялікай патрэбай у імпарце. Некаторыя зь іх (Нігерыя, Мэксыка, Вэнэсуэла, Эквадор) зазналі ўжо балючае апрытомненьне ад нафтавай ліхаманкі, якая спакусіла іх, спадзеючыся на ўсё большыя нафтавыя даходы, будаваць паветраныя замкі. Мэксыка і Нігерыя апынуліся на мяжы банкруцтва.

Дарма што Сусьветны банк цяпер ужо вырозьнівае ў Трэцім сьвеце экспартэраў нафты і імпартэраў нафты, эканамічная і сацыяльная сытуацыя краінаў-экспартэраў нафты таксама надзвычай адрозная. Той, хто думае толькі пра багацьце нафтавых шэйхаў на Бліжнім Усходзе, мае памылковае ўяўленьне пра краіны-экспартэры нафты. Але ўсе краіны — у тым ліку краіны-экспартэры нафты, — што сутыкаліся з крызысам плацежнага балянсу, пацьвярджаюць сумнеўнасьць даходу на душу насельніцтва як ключавога паказьніка разьвіцьця. Дзякуючы падарунку лёсу і выкарыстаньню моцы картэлю OPEC яны зазналі скачкі даходаў, але засталіся недаразьвітымі, калі пад разьвітасьцю разумець здольнасьць шляхам самастойнага разгортваньня прадукцыйных сілаў забясьпечваць грамадзтва жыцьцёва неабходнымі матэрыяльнымі і культурнымі дабротамі і паслугамі.

Калі краіны-экспартэры нафты імпартуюць гатовыя пад ключ фабрыкі і эксплюатуюць іх пры дапамозе замежных спэцыялістаў, яны сапраўды дасягаюць індустрыйнага ўзросту, але не разьвіцьця, бо не разьвіваецца «гуманітарны капітал». Даход на душу насельніцтва тут адлюстроўвае хіба што матэрыяльны патэнцыял разьвіцьця, але ня стан разьвіцьця прадукцыйных сілаў. Гультайскае жыцьцё нафтавых шэйхаў уяўляе сабой доказ разьвіцьця толькі ў статыстыцы Сусьветнага банку.

Краіны-экспартэры нафты гралі і граюць асаблівую ролю таксама і ў дачыненьнях паміж Поўначай і Поўднем. Картэль OPEC дзякуючы свайму перамоўнаму патэнцыялу цяпер не баіцца ісьці на канфлікты. Нафтавае багацьце, якое ўмагчыміла таксама буйныя закупкі зброі, забясьпечыла некаторым краінам (напрыклад, Мэксыцы, Вэнэсуэле, Нігерыі, Савудаўскай Арабіі, Ірану і Інданэзіі) ролю рэгіянальных супэрдзяржаваў (new influentials), якія, разам узятыя, ні ў якім разе не разумеюць сябе і паводзяць сябе, у катэгорыях тэорыі імпэрыялізму, як «субімпэрыялістычныя агенты» Захаду.

Міт Трэцяга сьвету, які ўвасабляе картэль OPEC, неўзабаве разьвеяўся ў выніку канфліктаў інтарэсаў усярэдзіне картэлю і ў дачыненьнях паміж экспартэрамі і імпартэрамі нафты ўсярэдзіне Трэцяга сьвету, а таксама ў выніку супадзеньня інтарэсаў Поўначы і Поўдню, якое хавалася за ўсёй рыторыкай канфлікту. Тым часам як заходнія індустрыйна разьвітыя краіны былі ня толькі ахвярамі, але ў якасьці рынкаў укладаньня нафтадаляраў і ў якасьці пастачальнікаў тавараў і зброі, попыт на якія з боку нафтавых краін рос, атрымалі сваю карысьць ад «нафтавага шоку», краіны-імпартэры нафты ў Трэцім сьвеце ня мелі магчымасьці кампэнсаваць рэзка ўзрослыя цэны на нафту ростам экспартных апэрацыяў. Цэнавая палітыка OPEC пашкодзіла эканомікам засталага Трэцяга сьвету больш, чымся спад цэнаў на іншую сыравіну ці павелічэньне ў міжнародным маштабе працэнтных ставак па крэдытах.

Краіны-экспартэры нафты зь іх вялікімі валютнымі рэзэрвамі ніяк ня могуць быць зацікаўленыя ў тым, каб шляхам скарачэньня прапановы ці завышаных цэнаў аслабіць заходнія эканомікі: там іхныя капіталаўкладаньні павінны даваць надзейныя даходы, і адтуль усходнія дэспаты чакаюць таксама вайсковай падтрымкі для прадухіленьня нутраных і вонкавых пагрозаў рэжыму. Супадзеньне інтарэсаў, зьвязаных з атрыманьнем капіталістычнай рэнты і меркаваньнямі палітычнай бясьпекі, тут пераважвае адрознасьці інтарэсаў паміж Поўначай і Поўднем.

Собскі інтарэс густанаселеных краінаў-экспартэраў нафты палягаў у іншым: яны хацелі пры дапамозе бесьперапынна ўзрастаючых нафтавых даходаў прафінансаваць індустрыйны скачок, палітычную стабільнасьць рэжыму, а таксама часам — як у выпадку іранскага шаха ці палкоўніка Кадафі — амбіцыі вялікай ваеннай сілы. Гэтыя разыходжаньні інтарэсаў усярэдзіне картэлю і зьмены на сусьветным нафтавым рынку, празьмерная прапанова ў выніку зьмяншэньня спажываньня нафты ў індустрыйна разьвітых краінах і асваеньня новых радовішчаў вонках картэлю ўрэшце падарвалі манапольны статус і перамоўны патэнцыял OPEC.

Парогавыя краіны: take off куды?

Зь вялікай групы «нармальных разьвіваных краін» (LDC) у апошнія два дзесяцігодзьдзі вылучылася малая група краін, якія атрымалі міжнароднае пазначэньне NIC (= Newly Industrializing Countries), ці Take-off-Countries, а ў нас былі названыя парогавымі краінамі. Застаецца адкрытым пытаньне, якія краіны і на падставе якіх крытэраў належыць залічаць да гэтай групы (параўн. Табліцу 1).

У сьпісах краін, укладзеных АЭСР і МВФ на падставе толькі двух паказьнікаў (долі ў сусьветнай прамысловай вытворчасьці і сусьветным экспарце гатовых тавараў) фігуруе толькі 6 NIC, якія зазвычай залічаюць да Трэцяга сьвету: усходнеазіяцкая «чацьвёрка» (Паўднёвая Карэя, Тайвань, Ганконг і Сынгапур), а таксама Бразылія і Мэксыка. АЭСР у 1982 годзе пашырыла свой сьпіс «другой генэрацыяй» з 16 экспартэраў гатовых тавараў, якія ў 70-х гадох дасягнулі высокіх тэмпаў узросту ў экспарце гатовых тавараў.

Фэдэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва Нямеччыны вылучыла нават 30 парогавых краінаў, спаміж якіх ёсьць таксама краіны кшталту Эквадору, Ямайкі, Уругваю ці Нікарагуа, якія яшчэ не набралі дастатковай сілы для індустрыйнага take-off. Яго крытэры адбору: разам з даходам на душу насельніцтва, ня меншым за 630 даляраў ЗША, шырака праведзеная дывэрсыфікацыя, хуткі прамысловы ўзрост, растучая інтэграцыя ў сусьветны рынак і посьпехі ў здавальненьні асноўных патрэбаў.

Калі гаворка заходзіць пра NIC, у цэнтры зацікаўленьня, як правіла, апынаецца згаданая «чацьвёрка», а таксама Бразылія і Мэксыка. Дзясятку АЭСР абгрунтоўваюць наступныя статыстычныя выкладкі. Дзесяць АЭСРаўскіх NIC дасягнулі вышэйшых за сярэднія тэмпаў узросту, якія перавысілі нават тэмпы ўзросту ў краінах АЭСР; яны павялічылі і расшырылі перадусім прамысловую вытворчасьць, разьвілі ўшыркі і ўглыб структуру перапрацоўчай прамысловасьці; з 1963 і да 1977 году яны здолелі патроіць сваю долю ў сусьветным экспарце гатовых тавараў і такім чынам амаль зраўнавацца з доляй краінаў РЭЎ (прычым адна «чацьвёрка» дасягнула долі ў 60 адсоткаў усіх экспартаваных з Трэцяга сьвету гатовых тавараў); дзякуючы падобнай прадукцыйнасьці працы і значна ніжэйшаму ўзроўню заробкаў яны ў некаторых галінах (апрача тэкстылю і электронікі таксама ў караблебудаваньні, вытворчасьці сталі, цэмэнту) адваявалі сэгмэнты рынку ў індустрыйна разьвітых краінах; яны, такім чынам, выйшлі за межы спэцыялізацыі, якая ўважалася за тыповую для разьвіваных краінаў на сусьветным рынку, спэцыялізацыю на экспарт сыравіны і імпарт гатовых тавараў; яны вялікімі скачкамі наблізіліся да індустрыйнага take-off ці ўжо — як два гарады-дзяржавы — дасягнулі яго.

Статыстыка сьведчыць, што паміж гэтымі NIC і LLDC ляжаць «сьветы разьвіцьця» (параўн. табліцу 2). Але колькасьць «абсалютна бедных» расьце таксама і ў NIC (перадусім у Бразыліі і Мэксыцы). Калі ў аснову пакласьці сьпіс Фэдэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва ФРН, дык нават і бальшыня «Чацьвертага сьвету» апынецца ў парогавых краінах. ФМЭС нават лічыць «тыповым для гэтых краінаў», што іхнае сацыяльнае разьвіцьцё не пасьпявае за эканамічным (BMZ: Journalisten-Handbuch Entwicklungspolitik 1982, S. 245).

Гэты «ўзрост без разьвіцьця» ставіць пад пытаньне панятак разьвіцьця. Калі да ацэнкі ступені разьвіцьця прыцягнуць «магічны пяцікутнік разьвіцьця», абгрунтаваны Ноленам / Нушэлерам (1982), дык выходзіць, што прынамсі азіяцкая «чацьвёрка» дасягнула ня толькі ўзросту, але і поступу ў стварэньні працоўных месцаў, разьмеркаваньні нацыянальнага даходу і павялічэньні свабоды дзеяньня ў палітыцы разьвіцьця. Тым ня менш, палажэньне сялян і работнікаў прамысловых прадпрыемстваў у Паўднёвай Карэі наўрад ці дазваляе зрабіць выснову, як гэта робіць Зэнгас / Мэнцэль (1985), што таксама і гэтая NIC спалучыла высокі эканамічны ўзрост з большай справядлівасьцяй разьмеркаваньня («growth with equity»).

5. Зьмена парадыгмаў і канвэргенцыі ў тэорыі разьвіцьця

Ужо ў 70-х гадох акрэсьліліся, а на пачатку 80-х абвастрыліся дзьве ўзаемавыключальныя тэндэнцыі: з аднаго боку, павелічэньне эканамічнага росту і індустрыялізацыі ў парогавых краінах, зь іншага боку, стагнацыя ці ўвогуле адкат назад, узгляднае і абсалютнае згаленьне ў LLDC, перадусім у Афрыцы. Тэарэтыкі разьвіцьця надта павольна выбіраліся з выкапаных у 70-х гадох акопаў і шукалі тлумачэньняў для гэтых адрозных працэсаў разьвіцьця. Цягам гэтых пошукаў мелі месца ашаламляльныя канвэрсіі і канвэргенцыі.

Досьвед гісторыі посьпеху парогавых краінаў

Надзвычай паказальна, што акурат два вядучыя архітэктары тэорыі «пэрыфэрыйнага капіталізму» (Зэнгаз / Мэнцэль) заняліся новым фэномэнам парогавых краінаў, якога, згодна з жалезнымі законамі іхнай мадэлі, увогуле не павінна было быць (параўн. Menzel 1983; Menzel / Senghaas 1985). Паводле кантравэрсійнай тэзы Мэнцэля (1983, S. 41), што мадэлі цэнтар—пэрыфэрыя, прынятыя тэорыяй залежнасьці, цяпер вымагаюць рэвізіі, стаіць крытыка ўсіх тэорыяў, якія звальваюць галоўную віну за недаразьвітасьць на вонкавыя чыньнікі. Больш за тое, ён нават прызнае за тэорыямі мадэрнізацыі права прыводзіць NIC як доказы сваёй правільнасьці і закідае як «артадаксальным прадстаўнікам тэорыі залежнасьці накшалт Франка», так і аўтарам накшталт Валерштайна ці Аміна (з працаў якіх ягоная собская тэарэтычная вэрсія пэрыфэрыйнага капіталізму атрымала істотныя імпульсы) тое, што яны надалі вонкавым чыньнікам «занадта выключную ролю ў разьвіцьці і недаразьвітасьці». Мэнцэлевы высновы з гісторыі посьпеху NIC выбіваюць глебу таксама і з-пад настойліва прапанаванага Зэнгасам імпэратыву дысацыяцыі:

— што «адно замежнаэканамічная палітыка, незалежна ад таго, інтэграцыйная яна ці дысацыяцыйная, ня ёсьць адзіным ключом да разьвіцьця, а ў залеж насьці ад зьменлівых рамкавых умоваў уяўляе сабой толькі стратэгічную пераменную» (S. 45):

— што адказ на пытаньне, як абмінаць рызыкі сусьветнага рынку і выкарыстоўваць ягоныя магчымасьці, безумоўна, залежыць ад іншых фактараў, якія «трэба шукаць хутчэй у палітычнай сыстэме і сацыяльнай структуры, хай нават калі яны, у рознай ступені, прадвызначаюцца звонку».

Да падобных высноваў прыходзілі таксама і іншыя аўтары, якія раней былі прыхільнікамі парадыгмы dependencia. Айзэнганс (1984), напрыклад, ня толькі адпрэчвае ўласьцівы тэорыям імпэрыялізму і залежнасьці догмат, што разьвіцьцё на (капіталістычнай) Поўначы ёсьць адно зваротным бокам недаразьвітасьці на Поўдні, бо эканамічны ўзрост тут тлумачыцца эксплюатацыяй там; ён таксама бачыць істотную прычыну недаразьвітасьці ў адсутнасьці буржуазнай рэвалюцыі і ў недастатковай насычанасьці Трэцяга сьвету вартасьцямі і інстытуцыямі буржуазных грамадзтваў. Пытаньне пра ўзаемасувязь культуры і разьвіцьця было пастаўленае, сама позьняе, дынамікай разьвіцьця ў канфуцыянскім культурным коле.

У палітычнай дыскусіі пра разьвіцьцё і надалей застаецца шмат кантравэрсіяў, але зьявілася шмат канвэргенцыяў паміж ранейшымі праціўнікамі (параўн. Dauderstädt / Pfaller 1984). Зьмена парадыгмы тэорыі разьвіцьця сьведчыць пра посьпехі дасьледаваньня і пра здольнасьць вучыцца; праўда, яна будзіць падазрон, што насамрэч ёсьць адно касмэтычнай зьменай і тэарэтычнай пасьпешлівасьцю. Парогавыя краіны аддаўна ўважаліся за рэдкія выняткі з правіла. Гэты падыход давялося хапатліва мяняць. Сапраўды, калі жменя краінаў зь вялікай «Групы 77-ёх» здолела стаць галоўным доказам новай парадыгмы, паўстала мэтадалягічнае пытаньне аб магчымасьці абагульненьня высноваў зь нетыповых асобных выпадкаў і пра трываласьць тэарэтычных канструкцыяў, якія грунтуюцца на вельмі кароткачасовым гістарычным досьведзе.

Здаецца, што парадыгма NIC у сьвятле актуальных тэндэнцыяў разьвіцьця ўжо зноў сутыкаецца зь межамі тлумачэньня. Ні нэаклясычныя апалягеты інтэграцыі ў сусьветны рынак і экспартнаарыентаванай індустрыялізацыі, якая ўсё больш натыкаецца на пратэкцянісцкія бар’еры, ні нэафіты зь лягеру тэорыі залежнасьці не зрабілі дагэтуль пераканаўчых высноваў з драматычнага крызысу запазычанасьці, у які трапілі некаторыя з «краін эканамічнага цуду» ў Трэцім сьвеце (параўн. Asche / Ramalho 1984).

Пастка запазычанасьці зь ейнымі доўгатэрміновымі структурнымі зьмяненьнямі, наступствамі ў выглядзе згаленьня грамадзтва, стратай палітычнай легітымнасьці і аўтаноміі ў выніку накладзеных звонку стабілізацыйных і санацыйных абавязкаў не выключае, што высновы, зробленыя тэорыяй разьвіцьця з гісторыі посьпеху NIC, хутка зноў трэба будзе пераглядаць і што ківач гайданецца назад да парадыгмы тэорыі залежнасьці. Гэты зрух ківача могуць таксама паскорыць мікрапрацэсары, якія ўвасабляюць тэндэнцыю вяртаньня тых галінаў прамысловасьці, якія калісьці былі пераведзеныя ў краіны з таннай працоўнай сілай, назад у індустрыйныя мэтраполіі.

Зоны стагнацыі LLDC уяўляюць сабой антыпод зонаў узросту NIC, які неабходна вытлумачыць. Усярэдзіне гэтага «Чацьвертага сьвету», у сваю чаргу, Афрыка як кантынэнт крызысаў і катастрофаў становіць сабой сацыяльны прэцэдэнт міжнароднага значэньня.

Высновы з голаду ў Афрыцы

Ужо арыгінальны ангельскі назоў адной з найбольш папулярных кніжак пра Афрыку, «How Europe Underdeveloped Africa» («Як Эўропа недаразьвіла Афрыку») Уолтэра Родні (1972), выяўляе вельмі пашыранае меркаваньне: афрыканскія грамадзтвы былі б у стане, калі б не ўмяшаньне каляніялізму, разьвіць свае прадукцыйныя сілы паводле сваіх собскіх законаў разьвіцьця да такой ступені, што сёньня яны не былі б недаразьвітымі. Каляніялізм тут служыць казлом выкупленьня за недаразьвітасьць, беднасьць і голад.

Ня толькі расісты і каляніяльныя рамантыкі, але таксама і вельмі шанаваныя каляніяльныя гісторыкі, у адваротнасьць ад гэтага, падкрэсьліваюць вялікую культурную місію каляніялізму. Праўда, цяжка ўлічыць у гэтым пазытыўным балянсе каляніяльнага ўплыву суму прыроджаных хібаў і структурных калецтваў, якая прывяла да «фальстарту» Афрыкі ў незалежнасьць:

1. Раздрабленьне Афрыкі на штучныя дзяржаўныя ўтварэньні, якім не ставала амаль усяго, што ўтварае нацыянальную дзяржаву, ад самага пачатку сутыкнула гэтыя каляніяльныя вытвары зь цяжкімі інтэграцыйнымі крызысамі. Трайбалізм лічыцца «афрыканскай хваробай», але ён быў наступствам адвольна праведзеных каляніяльных межаў, якія разарвалі народы, што хацелі жыць разам, і злучылі часткі народаў, якія дагэтуль ня мелі міжсобку нічога супольнага. Посткаляніяльная палітыка абвастрыла рэгіянальныя, сацыяльныя і культурныя супярэчнасьці, якія ўборзьдзе праяўляліся ў выглядзе «трайбалісцкіх» канфліктаў.

2. Каляніяльнае панаваньне чужынцаў пакінула па сабе глыбокія крызысы ідэнтычнасьці і культурнае адчужэньне. Тое, што тэарэтыкі мадэрнізацыі ўслаўлялі як дыфузію цывілізацыяў, шмат калі значыла аддаленьне ад собскай гісторыі і культуры, страту «афрыканскай асобы», расколатую сьвядомасьць «чорных у белых масках» (Франц Фэнан).

3. Сыстэма адукацыі і аховы здароўя за гарадамі і селішчамі каляністаў была надзвычай неразьвітая, арыентаваная ў большай ступені на патрэбы каляніяльнай адміністрацыі і эканомікі, чымся на патрэбы бальшыні насельніцтва. У шмат якіх дзяржаўных новаўтварэньнях практычна адсутнічалі собскія лекары, інжынэры, кваліфікаваныя работнікі ці кваліфікаваны адміністрацыйны пэрсанал.

4. Апрача транспартных артэрыяў каляніяльнай эканомікі амаль не было транспартных і гандлёвых камунікацыяў. Монакультурная спэцыялізацыя зрабіла афрыканскія эканомікі прыдаткамі мэтраполіяў, надзвычай залежнымі ад хістаньняў попыту і цэнаў на рынках сыравіны.

5. Індустрыялізацыя была настолькі рудымэнтарнай, што не магла забясьпечыць ні здавальненьня собскай патрэбы ў найпрасьцейшых спажывецкіх таварах, ні перапрацоўку, апроч самай прымітыўнай, сыравіны. У Афрыцы каляніяльны падзел працы быў узорным: экспарт сыравіны і паўфабрыкатаў, імпарт гатовых прадуктаў. Афрыка, паводле выслоўя Юліюса Ньерэрэ[5], вырабляе тое, што сама не спажывае, і спажывае тое, што сама не вырабляе.

6. Наступствам няўвагі да правінцыі і яе зьнякроўленьня (сьпярша дзякуючы прымусовай працы, пазьней дзякуючы адсутнасьці стабільных працоўных месцаў) была надзвычай нізкая прадукцыйнасьць натуральнай гаспадаркі, што яшчэ больш за адчужэньне найурадлівейшай глебы для экспартнай вытворчасьці (бавоўны, кавы, какавы, арахісу, сызалі і г.д.) нясе адказнасьць за тое, што сяляне ня могуць забясьпечыць харчамі ні саміх сябе, ні ўзрастаючае гарадзкое насельніцтва.

7. Афрыка ўспадкавала надзвычай нізкі ўзровень разьвіцьця прадукцыйных сілаў, разарваную паміж сельскай натуральнай гаспадаркай і экспартнымі анклявамі эканамічную структуру, надзвычай залежную ад сусьветнай кан'юнктуры структуру экспарту і, у выніку, няздольнасьць стаяць на сваіх нагах. Афрыка таксама ўспадкавала і дэфармацыі структурнай гетэрагеннасьці ў сваіх тыповых праявах.

8. Найцяжэйшыя праблемы разьвіцьця і выжываньня шмат якіх афрыканскіх краінаў палягаюць у сельскай гаспадарцы. Калі ў 60-х гадох аграрная вытворчасьць яшчэ амаль не адставала ад узросту насельніцтва, у 70-х гадох яна ледзьве дасягала паловы ўзросту насельніцтва (2,7 % у год). Прадукцыйнасьць працы зьнізілася як у экспартнай вытворчасьці, так і ў вытворчасьці прадуктаў харчаваньня.

Рэнэ Дзюмон[6] тлумачыў «фальстарт» Афрыкі таксама сацыяпалітычнай каляніяльнай спадчынай, якая сталася цяжкім балястам для посткаляніяльнага разьвіцьця: утварэньнем уладнай клясы, якая прасьлізнула ў абалонку каляніяльнай сыстэмы і пад знакам незалежнасьці працягнула старую палітыку здушэньня і эксплюатацыі. Гэты падвойны фальстарт праяўляецца ў крызысе сельскай гаспадаркі, за які нясуць адказнасьць і неспрыяльныя прыродныя ўмовы, але перадусім каляніяльная спадчына, памылковая палітыка спадкаемцаў каляніялізму ў пампэзных урадавых палацах і не ў апошнюю чаргу памылковая палітыка дапамогі разьвіваным краінам звонку:

1. Бальшыня краінаў церпіць ад нястачы ўрадлівай і дастаткова арошанай зямлі. Толькі прыкладна на чвэртцы сукупнай плошчы Афрыкі выпадае дастатковая колькасьць ападкаў. Аднак у экалягічна неспрыяльным становішчы знаходзяцца ня толькі вялікія абсягі пустынь і стэпаў, але і вільготныя і цёплыя зоны трапічных лясоў. Тут глеба бедная на арганічныя і мінэральныя пажыўныя рэчывы, слаба паглынае ваду, хутка вымываецца і марнее, таму мала прыдатная для сельскагаспадарчых культураў з працяглым вэгетацыйным цыклем. Толькі дрэвы пры дапамозе прыроджанай пасткі для пажыўных рэчываў, разгалінаванай каранёвай сыстэмы, могуць кампэнсаваць натуральную іх нястачу.

2. Традыцыйная экстэнсіўная чаргавальная гаспадарка (shifting cultivation) з пасечна-падпальнай сыстэмай земляробства, севазваротам і працяглым перабываньнем зямлі ў папары выглядае адсталай, але ў дадзеных экалягічных варунках аказваецца аптымальнай формай землекарыстаньня. Дылема палягае ў тым, што ўзрастаючы дэмаграфічны ціск вымушае да больш інтэнсіўных формаў землекарыстаньня і да выкарыстаньня горшых земляў. Але калі спальваецца лес, разбураецца верхні слой зямлі — гумус, скарачаецца і пэрыяд перабываньня зямлі ў папары; у выніку глебы вычэрпваюцца і ўраджаі зьмяншаюцца. Занядбаньне вялікіх абсягаў зямлі ёсьць наступствам людзкога ўмяшаньня ў чуйную экасыстэму.

3. Вільготны і адначасна гарачы клімат прыводзіць да павелічэньня захворваньняў расьлінаў, тэмпаў пашырэньня эпідэміяў, размнажэньня паразытаў. Каля 10 мільёнаў км2 патэнцыйных пашаў не выкарыстоўваюцца дзеля распаўсюджаньня мухі цэ-цэ; роі саранчы зноў і зноў дашчэнту выядаюць вялізныя прасьцягі.

4. Краіны, што ляжаць на поўдзень ад Сахары, і некаторыя паўзасушлівыя тэрыторыі ўва Ўсходняй і Паўднёвай Афрыцы зноў перажылі цяжкія засухі. Аналітыкі афрыканскага крызысу сыходзяцца ў тым, што ўмагчымленае масавымі прафіляктычнымі прышчэпкамі і штучным арашэньнем, а таксама абумоўленае меркаваньнямі сацыяльнага прэстыжу павелічэньне статкаў прывяло да празьмернай нагрузкі на пашу і да буйнамаштабнага разбурэньня дзёрну. Гэтая празьмерная нагрузка на пашу, драпежніцкая эксплюатацыя трапічных лясоў, культывацыя асобных сельскагаспадарчых культур і выкарыстаньне сьсечаных дрэваў як паліва ў саване паскорылі эрозію глебы, ператварэньне цэлых прасьцягаў урадлівай зямлі ў стэпы і пустыні.

5. Тое, што распачалі каляніяльныя адміністрацыі, давяршылі посткаляніяльныя ўрады: для здабыцьця валюты яны спрыялі экспартнай вытворчасьці на лепшых глебах і ня дбалі пра забесьпячэньне ўласнага насельніцтва прадуктамі харчаваньня. Але часта экспарту аграрнае прадукцыі не стае, каб фінансаваць узрастаючы імпарт прадуктаў харчаваньня, і тады стары разьлік на параўнальную выйгранку ў цэнах ня спраўджваецца.

6. Шмат якія краіны, падахвочаныя дараднікамі і капіталадаўцамі з Усходу і Захаду, а таксама міжнароднымі арганізацыямі, зрабілі стаўку на буйныя праекты з дарагімі арашальнымі сыстэмамі і машыннымі паркамі, якія ў бальшыні выпадкаў з прычыны браку тэхнічнай адукацыі сялян не давалі ніякіх вынікаў. Нацыянальныя і міжнародныя дараднікі і бюракраты ад сельскай гаспадаркі амаль не зважалі на сацыякультурныя варункі (напрыклад, хочучы перавыхаваць пастухоў, што маюць высокі сацыяльны прэстыж, у земляробаў, што маюць нізкі сацыяльны прэстыж); яны навязвалі сялянам мэтады працы і аграрныя тэхналёгіі, якімі тыя не авалодалі; у выніку недастатковага ўліку інтарэсаў сялян у плянаваньні праектаў яны заахвочвалі іх хутчэй да сабатажу, чымся да супрацоўніцтва.

7. Асноўная прычына нізкай гатовасьці сялян інтэнсіфікаваць вытворчасьць аграрных прадуктаў палягае ня ў іхнай «традыцыйнай» апатыі і няздольнасьці ўспрымаць новае, а ў дзяржаўнай цэнавай палітыцы. Амаль усе ўрады схіляюцца да таго, каб праз кантраляваньне цэнаў на прадукты харчаваньня заручыцца палітычнай падтрымкай гарадзкіх спажыўцоў, але такім чынам адбіваюць у вытворцаў ахвоту вырабляць больш, чымся трэба для пражыцьця; яны рабуюць фэрмэраў, якія працуюць на экспарт, нізкімі закупнымі цэнамі, прымусовым продажам і падаткамі на экспарт, якія складаюць галоўную крыніцу даходаў фінансава слабых дзяржаў.

8. Такое выйсьце, як імпарт прадуктаў харчаваньня, патрабуе канвэртаванай валюты, выціскае собскіх сялян з рынку і стварае попыт на прадукты харчаваньня, якія ня могуць вырабляцца ў краіне ўвогуле ці ня могуць вырабляцца ў дастатковай колькасьці. Прычынамі ўзросту імпарту пшаніцы і рысу ёсьць ня толькі собская недавытворчасьць традыцыйных асноўных прадуктаў харчаваньня, адпаведных экалягічным варункам і маючых, як правіла, высокую пажыўную вартасьць, але таксама недастатковыя сыстэмы забесьпячэньня і зьмены спажывецкіх паводзінаў (напрыклад, рыс замест сорга, пшанічны хлеб замест касавы).

9. «Салодкай атрутай» трэба лічыць, у прыватнасьці, бясплатную дапамогу прадуктамі харчаваньня, калі яна не абмяжоўваецца неадкладнай дапамогай пры катастрофах: тады яна падрывае собскія намаганьні краіны ў аграрнай палітыцы, зьнішчае сялянства і ў пэрспэктыве фармуе псыхалёгію ўтрыманства.

10. Некаторыя рэгіёны неаднаразова зазнавалі цяжкія засухі. Аднак голад — гэта не неўнікнёны кон, а наступства памылковых людзкіх паводзінаў і памылковых палітычных паводзінаў. Аграрная палітыка, засяроджаная на экспарце і здабыцьці валюты, і аграрная дапамога звонку, якая абмінае дробных сялян, прывялі да таго, што здольнасьці афрыканскіх народаў да забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня і ўзаемадапамогі зьніклі адно ў посткаляніяльныя дзесяцігодзьдзі.

Палітычныя прычыны голаду і высновы для палітыкі разьвіцьця з афрыканскага харчовага крызысу можна абагульніць для ўсяго Трэцяга сьвету. Выточным пунктам для пераадоленьня голаду і вясковай масавай беднасьці павінна быць падвышэньне вытворчасьці і даходаў сялян. У Лацінскай Амэрыцы і Азіі гэтая мэта разам з падвышэньнем цэнаў на прадукты аграрнага сэктару вымагае зямельнай рэформы, за якую прамаўляюць ня толькі маральны прынцып справядлівасьці і палітычныя прынцыпы пазьбяганьня канфліктаў, але і эканамічная рацыянальнасьць. КНР, якая ў значнай ступені пераадолела голад і масавую галечу, ёсьць і будзе павучальным прыкладам пасьпяховай палітыкі, накіраванай супраць голаду. Гэтую палітыку запачаткавала рэвалюцыя ў вытворчых і ўладавых дачыненьнях.

Сусьветны банк як праграмны авангард заходняй палітыкі ў дачыненьні разьвіваных краін у 70-х гадох сваёю дробнасялянскай стратэгіяй (small-scale-farming) і сваімі праграмамі падвышэньня даходаў і вытворчасьці распачаў разумную палітыку. Аднак «Банк бедных», іншыя міжнародныя і міждзяржаўныя агенцыі для разьвіцьця ажыцьцяўлялі гэтую дробнасялянскую стратэгію вельмі непасьлядоўна і зь цягам часу зноў аддаліся старой маніі ўзросту, якая ідзе на карысьць сярэднім і буйным прадпрыемствам і асуджае масу дробных сялян, «выклятых гэтага сьвету», на змаганьне з галоднай сьмерцю (параўн. Hanisch / Tetzlaff 1979).

Моцныя «дзяржаўныя клясы» ў «слабой дзяржаве»

Эліты Трэцяга сьвету на высокім стылі тэарэтыкаў мадэрнізацыі называюць «носьбітамі разьвіцьця», вестунамі мадэрнізацыі ў традыцыйна адсталым асяродзьдзі, а апарат дзяржаўнага плянаваньня — «дэміюргам разьвіцьця». Сёньня ў дыскусіі пра палітыку ў дачыненьні разьвіваных краін існуе ўсеагульная згода, што ані палітычныя кіруючыя групы, ані разьдзьмутыя дзяржаўныя апараты, што паглынаюць рэсурсы, не выконваюць ускладзеных на іх разьвівальных функцыяў.

Дыскусія, якая вялася ў паліталёгіі і ў тэорыі кіраваньня пра структуру і функцыю «пэрыфэрыйнай дзяржавы» (параўн. Hanish / Tetzlaff 1981; Eisenhans 1981), пра клясавую прадвызначанасьць і скіраванасьць інтэрасаў палітычных кіруючых групаў («дзяржаўных клясаў») і пра адміністрацыйную бязьдзейнасьць і некіроўнасьць (параўн. Fürst / Hesse 1982), пацьвердзіла сындром «слабой дзяржавы», у якім ужо Гунар Мюрдаль (1973) убачыў галоўную прычыну «азіяцкай драмы».

Паказальна, што эканаміст Мюрдаль досыць рана сутыкнуўся з гэтым палітычным сындромам, тым часам як палітолягі-прыхільнікі тэорыі імпэрыялізму і залежнасьці зацыкліліся на дасьледаваньнях эканамічнай структуры і гаспадарчых крызысаў. Наўрад ці можна запярэчыць крытыцы Манфрэда Мольса (1982), што паліталягічнае дасьледаваньне разьвіваных краін часам губляла з поля зроку свой палітычны прадмет. Тым ня менш вузкае разуменьне яе прадмету перакрыла б паліталёгіі доступ да ўладавых і клясавых дачыненьняў і такім чынам да надзвычай істотных рэчаў.

У сутнасьці, «слабая дзяржава» ў сьвятле гіпэртрафічнай разьдзьмутасьці і лішку паўнамоцтваў дзяржаўных апаратаў у Трэцім сьвеце — гэта парадокс. Гэты парадокс узмацняецца яшчэ больш, калі дыктатуру ў цывільным ці вайсковым адзеньні пачынаюць уважаць за «мадэль дзяржавы для Трэцяга сьвету» (параўн. Illy u.a. 1980). Зрэшты, шмат якія разнастайныя вайсковыя рэжымы хоць і выявілі большы рэпрэсіўны націск, але нягледзячы на больш апэратыўнае прыняцьцё рашэньняў, гіерархічныя кіраўнічыя структуры і значны патэнцыял запалохваньня і санкцыяў так і не прадэманстравалі большай дзеяздольнасьці ў палітыцы разьвіцьця, чымся скінутыя імі цывільныя рэжымы (параўн. Büttner u.a. 1976; Nuscheler 1979). Тое, якую палітыку імкнуцца рэалізаваць сваімі гвалтоўнымі сродкамі афіцэры, — якраз клясавае пытаньне.

На што хварэе «слабая дзяржава»? Важныя прычыны ейнай нізкай дзеяздольнасьці праяўляюцца па-рознаму ў залежнасьці ад эканамічнай канстытуцыі, формы кіраваньня, ступені прамысловага і палітычна-культурнага разьвіцьця:

— абмежаванасьць фінансавых рэсурсаў: дзяржава слабая, таму што яна бедная, але яна і бедная, таму што слабая (напрыклад, калі яна ня мае эфэктыўнай сыстэмы збору падаткаў);

— адсутнасьць кваліфікаванага адміністрацыйнага пэрсаналу, які пераважна набіраецца згодна з прынцыпам асабістай адданасьці і кругавой парукі, а не кампэтэнтнасьці;

— шматстайныя формы карупцыі, якія ператвараюць дзяржаву ў аб’ект рабаваньня і разам з палітыкамі і бюракратамі робяць прадажнымі таксама і палітычныя рашэньні;

— агульная нястача адміністрацыйнай рацыянальнасьці, прававых сродкаў кіраваньня, выразных межаў кампэтэнцыі, часьцяком нават простых адміністрацыйных тэхнік;

— нізкая гатовасьць да рызык і інавацыяў з прычыны неўрэгуляванага дэлегаваньня паўнамоцтваў і няпэўных правілаў кар’еры;

— сіла вэта ўплывовых грамадзкіх групаў, якія супрацьстаяць непажаданым рашэньням дзякуючы кумаўству ў дачыненьнях з тымі, хто прымае рашэньні, хабару ці нават пагрозам;

— малая прастора для манэўру ў стасунку да замежнага капіталу і міжнароднай фінансавай сыстэмы (напрыклад, у стасунку да дапамаговага патэнцыялу МВФ);

— адсутнасьць стабільнасьці і легітымнасьці, якая арыентуе дзяржаўную і адміністрацыйную дзейнасьць на як мага больш кароткатэрміновыя, не зьвязаныя з рызыкай, сымбалічныя мэты і замінае правядзеньню доўгатэрміновай палітыкі.

Гэты тып «слабой дзяржавы» ў Трэцім сьвеце сустракаецца не паўсюль: найбольш у Афрыцы, найменш ува Ўсходняй Азіі, дзе Мэнцэль (1983) тлумачыць гісторыю посьпеху NIC таксама і ўзроўнем разьвіцьця палітычнай сыстэмы.

Але нават не арганізацыйныя слабасьці, не фінансавыя і кадравыя дэфіцыты ці карупцыйныя пухліны так моцна паралізуюць ажыцьцяўленьне палітыкі разьвіцьця ў «пэрыфэрыйных дзяржавах». Акурат схільныя да карупцыі і паразытычныя пануючыя эліты выкарыстоўваюць дзяржаву ў большай ступені для асабістага ўзбагачэньня і рэпрэсіўнага замацаваньня собскіх інтэрасаў і прывілеяў, чымся для скіраванай на супольнае дабро арганізацыі і зьмяненьня варункаў вытворчасьці і жыцьця. Гэтыя «дзяржаўныя клясы» ёсьць своеасаблівымі манапалістамі выкарыстаньня і разьмеркаваньня прывілеяў; яны ня носьбіты і маторы, а хутчэй тормазы разьвіцьця ўсяго грамадзтва.

Тут няма магчымасьці вызначыць месца гэтых «дзяржаўных клясаў» у тэорыі клясаў шляхам дыфэрэнцыяванага аналізу клясаў з улікам рэгіянальнай спэцыфікі. Як правіла, яны як «пануючая кляса» вызначаюцца не праз камбінацыю наяўнасьці ў іх капіталу і ўлады, а праз камбінацію наяўнасьці ўлады і магчымасьці кіраваць эканомікай. Уладавыя і клясавыя дачыненьні ў Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амэрыцы, якія адзначаюцца шматстайнымі зьмяшанымі формамі, немагчыма ўціснуць у стандартныя схемы. Але нягледзячы на ўсе гэтыя дэфініцыйныя праблемы ўсё-ткі існуюць досыць падобныя функцыянальныя і паводзінныя мадэлі, незалежна ад таго, ці гэтыя дзяржаўныя клясы набіраюцца з групаў з высокім эканамічным статусам, ці то з інтэлігенцыі, ці з войска, ці з усіх групаў разам. Досыць малаістотнай заўсёды аказваецца ідэалёгія, якая ў большай ступені служыць сродкам папулісцкай апрацоўкі масаў, чымся арыенцірам для дзеяньняў.

Палітэканамічныя аналізы ўлады і клясаў часам прыпісвалі дзяржаўным клясам як гарантам экспартнай вытворчасьці, як карыстальнікам зь міжнароднага падзелу працы і як функцыянальным шарнірам паміж мэтраполіямі і пэрыфэрыяй прызначаную звонку ролю агентаў і служак міжнароднага капіталу. Для Гальтунга (1975) ЦП (= цэнтар пэрыфэрыі) становіць сабой, «з аднаго боку, марыянэтку і інструмэнт у руках цэнтру цэнтральнай нацыі, але, зь іншага боку — рабаўнікоў пэрыфэрыі пэрыфэрыйных нацыяў».

Такія тэорыі пра агентаў і змову мелі агітацыйную папулярнасьць, але яны недаацэньваюць свабоду манэўру мясцовых элітаў у канкурэнцыі паміж Усходам і Захадам, якую некаторыя зь іх умела выкарыстоўваюць дзякуючы «палітыцы арэляў»; яны прыпісваюць «марыянэткам і агентам» ня толькі неахвоту, але і няздольнасьць да палітыкі рэформаў; яны навязваюць нэакаляніялізму вобраз закуліснага лялькавода і такім чынам даюць «дзяржаўным клясам» алібі на асабістую нястаннасьць і палітычную адказнасьць. Дзяржаўныя клясы не асуджаныя на вякі вечныя выконваць дэструкцыйную ролю, якую яны выконваюць у бальшыні дзяржаваў.

Якія б «дзяржаўным клясам» ні даваліся дэфініцыі і якое б ім ні адводзілася месца ў міжнароднай палітыцы, яны ўяўляюць сабой кардынальную праблему палітыкі разьвіцьця. Ад усіх мільярдаў дапамогі разьвіцьцю і ўсіх рэформаў сусьветнага эканамічнага парадку будзе мала карысьці, калі нутраныя варункі замінаюць ужываньню сродкаў у мэтах разьвіцьця. Мабуту, Самоза, «Baby Doc» Дзювалье ці Маркас былі і ёсьць толькі самымі адыёзнымі прыкладамі «дыктатураў для собскага ўзбагачэньня» (і, упаасобку, блізкімі «сябрамі Захаду»).

Варункі Трэцяга сьвету зьмяняюцца толькі ў адзінкавых выпадках, таму што арганізаваная рэакцыя ўсярэдзіне на ціск звонку занадта слабая, а сам ціск звонку, які забясьпечвае статус-кво, занадта моцны. Заходнія ўрады, праўда, увесь час патрабуюць рэформаў, таму што зацяжная масавая галеча і палітычны ўціск контрапрадуктыўныя таксама і для іхных собскіх эканамічных і палітычных інтарэсаў; але яны самі, зьвяртаючыся да гвалтоўных сродкаў, ускладняюць ці ўвогуле тарпэдуюць сапраўдныя сыстэмныя пераўтварэньні (як у выпадку Нікарагуа).

Найробскія фанфары Мак-Намары ня надта ўпудзілі слухачоў у дарагіх строях, бо ягоныя рэцэпты тэрапіі супраць «абсалютнай беднасьці» так і ня здолелі аспрэчыць непазьбежную выснову: без радыкальнага зьмяненьня міжнароднага пераразьмеркаваньня даходаў і без перабудовы нутраных уладавых і клясавых дачыненьняў сацыяльную катастрофу ў Трэцім сьвеце немагчыма прадухіліць.

6. Пэрспэктывы: згаленьне замест разьвіцьця

Пры канцы другога дзесяцігодзьдзя разьвіцьця (1970—1980), якое пачыналася вялікімі спадзяваньнямі і скончылася ўсебаковай фрустрацыяй, выкананае на замову прэзыдэнта ЗША Картэра дасьледаваньне «Global 2000» намалявала жахлівую карціну будучыні таксама і для Трэцяга сьвету, якая спраўдзіцца ў тым выпадку, калі пазнавальныя ў 70-х гадох тэндэнцыі разьвіцьця ня будуць неадкладна выпраўленыя актамі палітычнай сілы. Гэтага не адбылося, хаця тэндэнцыі разьвіцьця і прагнозы будучыні нават драматычна пагоршыліся.

Іншыя «мадэлі сьвету», накшталт спавешчаньня «Будучыня сусьветнай эканомікі» Ляонцьева (1977)[7] ці дасьледаваньня «Межы галечы» аргентынскай фундацыі «Bariloche» (Herrera u.a. 1977) былі менш пэсымістычнымі — але пры ўмове глыбокіх зьменаў вартасьцяў, мадэляў спажываньня і структураў ува ўсіх «трох сьветах», гіганцкіх тэмпаў узросту і радыкальнага ўнутрыдзяржаўнага і міждзяржаўнага пераразьмеркаваньня рэсурсаў. Гэтыя прагнозы ілюзорныя. Паводле мадэльных разьлікаў Сусьветнага банку і МАП (Міжнароднай арганізацыі працы), напрыклад, толькі пры гадавых тэмпах узросту 11 адсоткаў да 2000 году можна было б задаволіць асноўныя патрэбы 20 адсоткаў сем’яў у Афрыцы. У сапраўднасьці сярэднегадавая велічыня эканамічнага ўзросту ў 70-х гадох дасягнула толькі 1,3 адсотку і за апошнія гады апусьцілася ніжэй за нулёвую адзнаку.

Калі ствараліся гэтыя спавешчаньні, статыстыка нават дазваляла распазнаць узглядна спрыяльныя тэндэнцыі разьвіцьця. Але ад пачатку 80-х гадоў штогадовыя справаздачы Сусьветнага банку з сусьветнага разьвіцьця ці гадавыя справаздачы МВФ (World Economic Outlook) пацьвярджалі змрочныя прагнозы будучыні, намаляваныя дасьледаваньнем АЭСР «Interfutures», і ператварылі ў макулятуру кампутарныя прагнозы Ляонцева. Справаздача з сусьветнага разьвіцьця 1982 году ўжо прагназавала для ўсіх разьвіваных краінаў цягам «трэцяга дзесяцігодзьдзя разьвіцьця» (1980—1990) гадавыя тэмпы ўзросту ВНП на душу насельніцтва толькі ў 2,2 адсотку, для чорнай Афрыкі нават адмоўныя тэмпы ў 1 адсотак. Найбяднейшым краінам яна прадказвала «драматычны ўзрост беднасьці, беспрацоўя і галечы». У Афрыцы гэтая апакаліптычная будучыня катастрофаў у выніку масавага голаду ўжо спраўджваецца. Палітычная дэстабілізацыя, мілітарызацыя і эпідэмія грамадзянскіх войнаў і рэгіянальных канфліктаў, ад якіх засьцерагала справаздача Бранта (Brandt-Bericht), вымалёўваюцца ўжо сёньня.

Урады і міжнародныя арганізацыі будуць распрацоўваць новыя «мадэлі сьвету», але затым зноў хаваць іх ува ўжо бітма набітыя шуфляды. Не зважаючы на ўсё большую галечу на Поўдні, багатыя краіны Ўсходу і Захаду не гатовыя паступіцца большай часткай свайго дабрабыту. ЗША скарацілі эканамічную дапамогу на карысьць «дапамогі ў імя бясьпекі», а Савецкі Саюз і раней пастаўляў больш зброі, чымся пшаніцы ці машынаў. Тым часам як гандаль таварамі паміж Поўначай і Поўднем знаходзіцца ў стане стагнацыі, гандаль зброяй квітнее. Спадзяваньні, якія Айзэнганс (1984) ускладае на альянс рэфарматарскіх сілаў Поўначы і Поўдню, пераацэньваюць ня толькі палітычную здольнасьць вучыцца на памылках з боку Поўначы, але і волю да рэформаў «дзяржаўных клясаў» з боку Поўдню.

Што застаецца ўрэшце — роспач, якая не вырашае праблем, ці ўсё ж надзея на непазьбежнасьць рэвалюцыйных узрушэньняў? Дагэтуль вульканічны ціск знутра толькі ў нешматлікіх месцах здолеў прарваць заслону замоўчваньняў і недагаворак, якой нацыянальныя ўплывовыя групы дзякуючы міжнароднай падтрымцы ахінулі масавую галечу. Іхная боязь некантраляваных выбухаў гвалту не выключае, праўда, прагрэсіўных сацыяльных стратэгіяў. Але масавую галечу ўжо нельга лячыць пры дапамозе сацыяльнай дэмагогіі і рыторыкі, яна вымагае радыкальных сацыяльных і палітычных мэтадаў лекаваньня. Крызыс Трэцяга сьвету можа — як і любы крызыс — прывесьці да катастрофы, але можа і мабілізаваць невядомыя дагэтуль гаючыя сілы.

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Amin, S. / Palloix, C. 1973: Neuere Beiträge zur Imperialismustheorie, Bd. l, München.

Asche, H. / Ramalho, L. 1984: Die Schwellenländer in der Weltwirtschaftskrise; in: Peripherie, Nr. 15 / 16, S. 10—41.

Behrendt, R.F. 1971: Die Zukunft der Entwicklungsländer als Problem des Spätmarxismus; in: M. Bohnet 1971, S. 86—101.

Boeckh, A. 1985: Dependencia und kapitalistisches Weltsystem, oder: Die Grenzen globaler Entwicklungstheorien; in: F. Nuscheler 1985.

Brandt-Bericht = Bericht der Nord-Süd-Kommission: Das Überleben sichern, Köln.

Büttner, F. u.a. 1976: Reform in Uniform? Militärherrschaft und Entwicklung in der Dritten Welt, Bonn / Bad Godesberg.

Damus, R. 1983: Sowjetische Außenpolitik und Dritte Welt: Theoretische Legitimation und ökonomische Interessen; in: Weltpolitik. Jahrbuch für Internationale Beziehungen 3, S. 55—92.

Dauderstädt, M. / Pfaller, A. 1984: Bestandsaufnahme und Bewertung neuer entwicklungspolitischer Ansätze (= Forschungsberichte des BMZ, Band 53), München / Köln / London.

Eikenberg, A. 1983: Die Dritte Welt — Abschied von einer bequemen Vorstellung; in: Weltpolitik, Jahrbuch für Internationale Beziehungen 3, S. 166-192.

Eisenhans, H. 1981: Abhängiger Kapitalismus oder bürokratische Entwicklungsgesellschaft, Frankfurt/M.

— 1984: Nord-Süd-Beziehungen, Stuttgart usw.

Fanon, F. 1969: Die Verdammten dieser Erde, Reinbek bei Hamburg.

Fürst, D. / Hesse, J.J. 1982: Bürokratie und Unterentwicklung; in: J.J. Hesse (Hrsg.): Politikwissenschaft und Verwaltungswissenschaft (= Sonderheft 13 der PVS), S. 293—308.

Galtung, J. 1975: Strukturelle Gewalt. Beiträge zur kritischen Konfliktforschung, Reinbek bei Hamburg.

Grimm, K. 1979: Theorien der Unterentwicklung und Entwicklungsstrategien, Opladen.

Hanisch, R. / Tetzlaff, R. (Hrsg.) 1979: Die Überwindung der ländlichen Armut in der Dritten Welt, Frankfurt/M.

Hauck, G. 1975: Das Elend der bürgerlichen Entwicklungstheorie; in: Tibi/Brandes 1975, S. 36—63.

Herrera, A. u.a. 1977: Grenzen des Elends. Das Bariloche-Modell: So kann die Menschheit überleben, Frankfurt/M.

Illy, H. F. / Sielaff, R. / Werz, N. 1980: Diktatur — Staatsmodell für die Dritte Welt? Freiburg / Würzburg.

Khan, K. M. (Hrsg.) 1980: Self-Reliance als nationale und kollektive Entwicklungsstrategie, München / London.

— / Matthies, V. (Hrsg.) 1981: Regionalkonflikte in der Dritten Welt, München / Köln / London.

Mansilla, H.C.F. 1978: Entwicklung als Nachahmung, Meisenheim.

Menzel, U. 1983: Der Differenzierungsprozeß in der Dritten Welt und seine Konsequenzen für den Nord-Süd-Konflikt und die Entwicklungstheorie; in: PVS, Jg.24 / Heft 1, S. 31—59.

— 1985: In der Nachfolge Europas, München i. E.

Mols, M. 1982: Politikwissenschaft und Entwicklungsländerforschung in der Bundesrepublik Deutschland; in: F. Nuscheier (Hrsg.) 1985 a, i. E.

Myrdal, G. 1973: Asiatisches Drama, Frankfurt/M.

Noblen, D. (Hrsg.) 1984: Lexikon Dritte Welt, Reinbek bei Hamburg.

— / Nuscheler,F. (Hrsg.) 1982ff: Handbuch der Dritten Welt, 2. Aufl., 8 Bde, Hamburg.

— / Sturm, R. 1982: Über das Konzept der strukturellen Heterogenität; in: Nohlen / Nuscheler, Bd. l, S. 92-116.

Nuscheier, F. 1971: Dritte Welt und Imperialismustheorie; in: Civitas X, S. 28-84.

— 1979: Erscheinungs- und Funktionswandel des Prätorianismus in der Dritten Welt; in: Civitas XVI, S. 171-213.

— 1984: Entwicklungspolitische Wende in den USA (= Friedrich-Ebert-Stiftung, Analysen Nr. 114), Bonn.

— (Hrsg.) 1985: Dritte Welt-Forschung: Entwicklungstheorie und Entwicklungspolitik (= Sonderheft 16 der PVS), i. E.

— (Hrsg.) 1985 a: Politikwissenschaftliche Entwicklungsländerforschung, Darmstadt i. E.

Opitz, P.J. (Hrsg.) 1984: Die Dritte Welt in der Krise, München.

Schöller, W. 1976: Weltmarkt und Reproduktion des Kapitals, Frankfurt/M.

Schütt, K. P. 1976: Imperialismus- und Modernisierungstheorie als Analyseschemata gesellschaftlicher Entwicklung und Unterentwicklung; in: Verfassung und Recht in Übersee, Jg. 9, S. 469—486.

Senghaas, D. (Hrsg.) 1972: Imperialismus und strukturelle Gewalt, Frankfurt/M.

— (Hrsg.) 1974: Peripherer Kapitalismus. Analysen über Abhängigkeit und Entwicklung, Frankfurt/M.

— / Menzel, U. 1977: Multinationale Konzerne und Dritte Welt, Opladen.

Simonis, G. 1981: Autozentrierte Entwicklung und kapitalistisches Weltsystem; in: Peripherie, Nr. 5/6, 32-48.

Stucken, R. 1966: Der «Circulus vitiosus» der Armut in Entwicklungsländern; in: Besters / Boesch 1966, S. 53—70.

Tetzlaff, R. 1980: Die Weltbank: Machtinstrument der USA oder Hilfe für Entwicklungsländer? München / London.

Todaro, M. P. 1977: Economic Development in the Third Worid, London usw.

Wallerstein, I. 1979: The Capitalist World Economy, Cambridge.

— 1979: Aufstieg und künftiger Niedergang des kapitalistischen Weltsystems. Zur Grundlegung vergleichender Analyse; in: D. Senghaas 1979, S. 31-67.

Weltbank: Weltentwicklungsberichte (jährlich).

Worsley, P. 1983: Drei Welten oder eine? Eine Kritik der Weltsystemtheorie; in: J. Blaschke (Hrsg.): Perspektiven des Weltsystems. Materialien zu Immanuel Wallerstein, «Das moderne Weltsystem», Frankfurt / New York, S. 32—79.

Карысная літаратура

Adler-Karlsson, G. 1978: Der Kampf gegen die absolute Armut, Frankfurt/M.

Besters, H. / Boesch, E.E. (Hrsg.) 1966: Entwicklungspolitik. Handbuch und Lexikon, Stuttgart usw.

Bohnet, M. (Hrsg.) 1971: Das Nord-Süd-Problem, München.

Cardoso, F. H. 1981: Die Entwicklung auf der Anklagebank; in: Peripherie, Nr. 5 / 6, S. 6-31.

Datta, A. 1982: Ursachen der Unterentwicklung, München.

Hanisch, R. / Tetzlaff, R. (Hrsg.) 1981: Staat und Entwicklung, Frankfurt/M.

Hemmer, H.-R. 1978: Wirtschaftsprobleme der Entwicklungsländer, München.

Hesse, H. / Sautter, H. 1977: Entwicklungstheorie und -politik, Bd. l, Entwicklungstheorie, Tübingen / Düsseldorf.

Hohnholtz, J. H. (Hrsg.) 1980: Die Armut der ländlichen Bevölkerung in der Dritten Welt, Baden-Baden.

Kidron, M. / Segal, R. 1981: Hunger und Waffen. Ein politischer Weltatlas zu den Krisen der 80er Jahre, Reinbek bei Hamburg.

Kurian, G. T. 1979: Encyclopedia ofthe Third World, 2 Bde., London.

Matthies, V. 1980: Neue Weltwirtschaftsordnung, Opladen.

— 1982: Kriege in der Dritten Welt, Opladen.

Myrdal, G. 1972: Politisches Manifest über die Armut der Welt, Frankfurt/M.

Nuscheler, F. 1986: Politikwissenschaftliche Entwicklungsländerforschung, Darmstadt.

Ochel, W. 1982: Die Entwicklungsländer in der Weltwirtschaft, Köln.

Schmidt, A. (Hrsg.) 1976: Strategien gegen Unterentwicklung. Zwischen Weltmarkt und Eigenständigkeit, Frankfurt / New York.

Schweers, R. 1980: Kapitalistische Entwicklung und Unterentwicklung, Frankfurt/M.

Schwefel, D. 1978: Grundbedürfnisse und Entwicklungspolitik, Baden-Baden.

— (Hrsg.) 1987: Soziale Wirkungen von Projekten in der Dritten Welt, Baden-Baden.

Senghaas, D. 1977: Weltwirtschaftsordnung und Entwicklungspolitik. Plädoyer für Dissoziation, Frankfurt/M.

— (Hrsg.) 1979: Kapitalistische Weltökonomie, Frankfurt/M.

— 1982: Von Europa lernen, Frankfurt/M.

Simonis, U.-E. (Hrsg.) 1983: Ordnungspolitische Fragen zum Nord-Süd-Konflikt (= Schriften des Vereins für Socialpolitik, NF Band 129), Berlin.

Spanger, H.-J. / Brock, L. 1987: Die beiden deutschen Staaten in der Dritten Welt. Die Entwicklungspolitik der DDR — eine Herausforderung für die BRD?, Opladen.

Tetzlaff, R. 1975: Die Ursachen von Unterentwicklung in der Dritten Welt und das Problem ihrer Überwindung; in: Friedensanalysen l, Frankfurt, 150—181.

Tibi, B. / Brandes, V. (Hrsg.) 1975: Handbuch 2. Unterentwicklung, Frankfurt / Köln.

Transnational Institute 1974: World Hunger. Causes and Remedies, Washington (D.C.)

Зацемы рэдактара

1. На міжнароднай канфэрэнцыі, праведзенай у красавіку 1955 году ў Бандунгу (Інданэзія), былі зацьверджаныя «Пяць прынцыпаў мірнага суіснаваньня» (узаемная павага тэрытарыяльнай цэльнасьці і сувэрэнітэту; адмова ад вайсковых інтэрвэнцыяў; неўмяшаньне ў нутраныя справы іншых краін; раўнапраўнасьць і ўзаемадапамога; мірнае суіснаваньне). Лічыцца, што гэты акт прывёў да ўзмацненьня пазыцыяў новых незалежных дзяржаваў у стасунках з былымі мэтраполіямі, а таксама даў новы імпульс для змаганьня з дэструкцыйнымі камуністычнымі і сэпаратысцкімі рухамі ўсярэдзіне краін. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі 23 краін Азіі і 6 краін Афрыкі.

2. Дамова, укладзеная ў 1947 годзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, прадугледжвала сумесную абарону Лацінскай Амэрыкі і ЗША ад пазаамэрыканскіх уплываў (перадусім у абліччы камунізму), а таксама мірнае ўрэгуляваньне канфліктаў, ваенна-палітычнае, эканамічнае супрацоўніцтва. Некаторыя заходнія аналітыкі параўноўваюць гэтую дамову з актам, які паклаў пачатак утварэньню Паўночна-атлянтычнага альянсу (NATO). Дамову падпісалі ЗША, Мэксыка і яшчэ 17 цэнтральна- і паўднёваамэрыканскіх дзяржаваў.

3. Тэорыі залежнасьці (ням. Dependenztheorien) пачалі распрацоўвацца зь сярэдзіны шэсьцьдзясятых гадоў у Лацінскай Амэрыцы. Тэарэтыкі залежнасьці датрымваюцца гэткіх канцэптуальных установак: разгляд дачыненьняў паміж індустрыйна разьвітымі і разьвіванымі краінамі з пэрспэктывы адсталых і залежных грамадзтваў; акцэнтаваньне шматстайнасьці гэтых дачыненьняў як ня толькі да эканамічных або сацыякультурных; усеабсяжны аналіз залежнасьцяў — будзь яны гаспадарчага, палітычнага, вайсковага або сацыякультурнага характару; праграмнае адмежаваньне ад марксісцкай тэорыі нэакаляніялізму і «буржуазных» тэорыяў мадэрнізацыі; успрыняцьцё недаразьвітасьці Трэцяга сьвету як фатальнай камбінацыі эндагенных і экзагенных фактараў.

4. Джон Кенэт Гелбрайт (нар. 1908) — амэрыканскі эканаміст, дзяржаўны і палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў Канадзе. У 1941 годзе ўзначаліў «Камітэт кантролю за цэнамі» («the Office of Price Administration»), вельмі ўплывовае падчас вайны ведамства ўраду ЗША. У 1945 годзе вывучаў вынікі стратэгічнага бамбардаваньня Нямеччыны, дзеля чаго сустракаўся з арыштаванымі нямецкімі ваеначальнікамі. Пасьля другой сусьветнай вайны некалькі гадоў працаваў паслом ЗША ў Індыі. Аўтар кнігаў «Modern Competition and Business Policy» (1938), «A Theory of Price Control» (1952), «American Capitalism: The Concept of Countervailing Power» (1952), «The New Industrial State» (1967), «Economics and the Public Purpose» (1973), «The Age of Uncertainty» (1977), «A Journey Through Economic Time» (1994), «The Good Society: the Humane Agenda» (1996).

5. Юліюс Ньерэрэ (1922—1999) — у 50—60-я гады актыўны змагар супраць брытанскага каляніяльнага панаваньня, пасьля прэзыдэнт Танзаніі, адзін з найбольш выдатных афрыканскіх лідэраў XX стагодзьдзя. Паводле маштабу постаці яго ставяць у адзін шэраг з Нэльсанам Мандэлам і Патрысам Лумумбам. Адзіны прэзыдэнт у Афрыцы, які добраахвотна пайшоў у адстаўку. Гл. таксама кн. William R. Duggan. Tanzania and Nyerere, Orbis Books, Maryknoll, New York, 1976.

6. Рэнэ Дзюмон — францускі інжынэр і аграном. Крама электроннага гандлю www.amazom.com прапануе на продаж гэткія яго кнігі «False Start in Africa», «Stranglehold on Africa», «Cuba: Socialism and Development», «The Hungry Future», «Is Cuba Socialist?», «Utopia or Else...». Палемізаваў з прэзыдэнтам Танзаніі Юліюсам Ньенэрэ.

7. Гаворка йдзе пра кнігу брытанскага эканаміста Васілія Ляонцьева (Wassily Leontief) Essays in Economics, Volume 2: Theories, Facts and Policies, Theoretical Assumptions and Nonobserved Facts, Basil Blackwell, Oxford, 1977.