Паліталёгія

Асноўны курс


Прадмова ўкладальнiкаў

Гэтая кнiга задуманая як альтэрнатыва да традыцыйных уводзiнаў у палiталёгiю. Яе задача палягае перадусiм у крытычным i заангажаваным разглядзе цэнтральных праблемаў i асаблiвасьцяў пастаноўкi пытаньняў у палiталёгii, таксама як i тэорыяў, тэмай якiх выступаюць гэтыя праблемы, ды мэтадаў, пры дапамозе якiх яны дасьледуюцца. Выходным пунктам пры гэтым можна лічыць як вялiкiя палiтычныя пытаньнi i праблемы сучаснасьцi, у той меры, у якой яны зрабiлiся прадметам палiталёгii, так i цэнтральныя палi дзейнасьцi гэтай навукi. Расколiна памiж палiтыкай i палiталёгiяй, часам даволi глыбокая, такiм чынам павiнна быць калi i не зьлiквiдаваная зусiм, дык, прынамсi, пераадоленая.

У адпаведнасьцi з гэтым «Палiталёгiя» не прэтэндуе таксама i на поўны агляд мэтадаў, тэорый i дасягненьняў дысцыплiны. З часу свайго другога нараджэньня ў ФРН пасьля другой сусьветнай вайны палiталёгія сутыкаецца з iстотнымi цяжкасьцямi пры вызначэньнi свайго цэнтральнага прадмету і мэтадаў яго дасьледаваньня (гл. «Уводзiны», с. 13 i наступныя). Гэтай праблеме аддаюць належнае якія-любя ўводзiны ў палiталёгiю. Прапанаваная чытачам кнiга робiць гэта, iнтэрпрэтуючы тое, што, з аднаго боку, можа разглядацца як загана палiтычнай навукi — уласьцiвую ёй бесьперапынную дыскусiю аб тым, што ж, урэшце, можа лiчыцца істаю / паняцьцем палiтычнага: улада цi лад, ды часам заблытаную i супярэчлiвую шматстайнасьць нарматыўных i навуковых мэтадаў, якiя ў ёй ужываюцца, — з другога боку, як перавагу, якую нельга недаацэньваць, як адкрытасьць дысцыплiны, шматстайнасць дыскусiй у яе межах, плюралiзм падыходаў i вынiкаў. У гэтым палягае выходны пункт кнiгi: у якасьцi тэмаў бяруцца вялiкiя палiтычныя пытаньнi сучаснасьцi, каб тым самым увесьцi ў дыскусію дысцыплiны, якія часам ідуць паралельнымі шляхамі, а напару таксама i такiмі, што сьпярша разыходзяцца, каб пасьля зноў перакрыжавацца.

Гэта можна паказаць на наступным прыкладзе: Герфрыд Мюнклер у сваім разьдзеле пра мiждзяржаўныя i ўнутрыдзяржаўныя канфлiкты i шляхі вырашэньня канфліктаў выбраў вайну i мiр, дзьве палiтычна-юрыдычныя катэгорыi, у якасьцi вядучых паняцьцяў свайго дасьледаваньня. Дан Дынэр працягвае дасьледаваньне таго ж самага абсягу, але бярэ ўнiвэрсалiзм, iмпэрыялiзм i гегемонiю ў якасьцi галоўных паняцьцяў, каб дасьледаваць суадносiны палiтыкi i эканомiкi ў міжнароднай супольнасьці. Дзеля гэтага адна i тая ж падзея, напрыклад, вайна паміж дзяржавамі або вызваленчая вайна, трапляе ў поле зроку аналізу ў зьвязку з рознымi катэгорыямi і комплекснымі падыходамі — i атрымлiвае часам падобныя, часам адрозныя ацэнкі. Больш за тое: у выніку наявы розных катэгарыяльных узроўняў пры адным падыходзе тэматызуюцца такiя аспэкты праблемы, якiя пры іншым падыходзе на аснове тых жа самых катэгорыяў увогуле не былі б выяўленыя, — i наадварот. Гэта тычыцца амаль усiх разьдзелаў, зьбертых у гэтай кнiзе, што, натуральна, трэба разумець i як заклік у абарону плюралiзму мэтадаў у палiталёгii. Вызначэньне тэмаў i пытаньняў набывае найбольш выразныя контуры тады, калi да iх падыходзяць з розных бакоў пры дапамозе разнастайных мэтадаў у стараннай i адначасова крэатыўнай упарадкаванасьці.

Палiталёгiя, у адрозьненьне ад шмат якiх iншых навук, асаблiва ад прыродазнаўчых, значна больш дасканалых у пляне мэтадаў, — гэта навука, якая толькi часткова аўтаномная ў выбары сваiх тэмаў у тым сэнсе, што яна сама генэруе свае прадметы i праблемы пры дапамозе навуковых мэтадаў. Палiталёгiя ў шмат якiх дачыненьнях гетэраномная: тое, што стаецца ейнай тэмай, вызначаецца ня толькi ў экспэрымэнтальных лябараторыях. Палiтычныя i сацыяльныя працэсы стаўляюць новыя пытаньнi i прыводзяць да бясьсьледнага зьнікненьня старых праблем, вырашыць якiя палiталёгiя спрабавала доўгi час — i напару зусiм пасьпяхова. Наша кнiга iмкнецца ўлiчваць таксама i гэта: побач з такой хутчэй «традыцыйнай» тэмай, як гiсторыя палiтычных iдэй, падаецца ўзглядна «маладая» тэма — дасьледаваньне палiтычнай культуры ў межах палiталёгii, побач з пытаньнем пра стасункі дзяржавы i рынку — пытаньне пра стасункі эканомiкi i экалёгii i г.д.

Укладальнiкi аддаюць гэтую кнiгу на суд чытачоў, спадзеючыся, што ў ёй былі закрануты цэнтральныя тэмы сучаснай палiталёгii без прэтэнзіі на дасканалае цi вычарпальнае асьвятленьне гэтых тэмаў. Таму пасьля амаль кожнага разьдзелу чытач можа знайсьцi ёмiстыя сьпiсы лiтаратурных крыніц, у якіх якоесь толькі мімаходзь узьнятае пытаньне разглядаецца глыбей. У той жа час кожны разьдзел уяўляе сабой закончаны твор, якi павiнен дапамагчы зацікаўленаму чытачу сфармаваць паглыбленае разуменьне палiтычных праграмаў, паняцьцяў i пазыцыяў*.

Франкфурт, лiпень 1985

* У кнізе адлюстраваныя палітычныя і інш. рэаліі на стан 1990 году. — Зацем рэдактара