Введение в общую теорию политики

Учебное пособие для филоматов.


Формы дзяржаўнага кіравання

1. Што такое форма кіравання?

2. Якія бываюць формы кіравання?

3. Дэмакратычныя формы кіравання

4. Формы кіравання ў пераходным грамадстве

Вынікам агульнанацыянальных выбараў з’яўляецца выбранне прадстаўнічых органаў вярхоўнай дзяржаўнай улады — парламенту, а ў многіх краінах і прэзідэнта. Яны фарміруюць урад і іншыя вышэйшыя органы дзяржавы. Арганізацыя вярхоўнай улады традыцыйна характарызуецца праз паняцце «форма кіравання». Ад таго, якая ў краіне форма кіравання, залежыць, наколькі дзяржаўная ўлада падкантрольная грамадзянам, стабільная і эфектыўная. Таму цяжка ўявіць, каб палітычна адукаваны чалавек не арыентаваўся ў спосабах арганізацыі вярхоўнай улады, структуры і парадку ўзаемадачыненняў вышэйшых дзяржаўных інстытутаў. Без валодання такімі ведамі немагчыма атрымаць больш дэтальнае ўяўленне аб механізмах сучаснай дэмакратыі, разабрацца ў спецыфіцы палітычнай сітуацыі ў дадзенай краіне, аказваць эфектыўны ўплыў на палітыку парламенту і ўраду. Грамадскасць, абсалютна неінфармаваная пра розныя формы дзяржаўнага кіравання, наўрад ці будзе здольная на здзяйсненне любога кантролю над сваёй уласнай дзяржавай. Гэтыя веды асабліва неабходныя ў пераходным грамадстве, адной з праблем якога з’яўляецца выбар канстытуцыйнай сістэмы кіравання, якая спрыяе зацвярджэнню ўстойлівай і жыццяздольнай дэмакратыі. У гэтым раздзеле мы і пагаворым аб тым, што такое форма кіравання, якія яе асноўныя разнавіднасці, як яны функцыянуюць, у чым іх перавагі і недахопы і, нарэшце, якая з іх больш спрыяе ўмацаванню дэмакратыі ў тым альбо іншым пераходным грамадстве.

1. Што такое форма кіравання?

Сёння ў свеце налічваецца каля 190 дзяржаў. Кожная з іх адрозніваецца ад іншых не толькі сваёй тэрыторыяй, эканомікай, культурай, традыцыямі, але і асаблівасцямі сваёй унутранай арганізацыі.

Толькі на першы погляд здаецца, што па сваім уладкаванні ўсе дзяржавы, ў прынцыпе, аднолькавыя. Паўсюль ёсць парламенты і ўрады, суды і пракуратуры, армія і паліцыя. Аднак пры бліжэйшым разглядзе высвятляецца, што, напрыклад, у Японіі кіраўніком дзяржавы з’яўляецца імператар, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах - Вышэйшы Савет эміраў, ў ЗША — прэзідэнт. А вось ў Швейцарыі пасада кіраўніка дзяржавы ўвогуле адсутнічае. Яшчэ больш уважлівы погляд заўважыць, што пры адным і тым самым складзе дзяржаўных органаў (парламент, прэзідэнт, урад) маюцца істотныя адрозненні ў іх узаемадачыненнях. Прэзідэнт Расіі можа, калі яму захочацца, адправіць у адстаўку ўрад, які нават карыстаецца падтрымкай парламенту, распусціць Дзяржаўную Думу і прызначыць датэрміновыя парламенцкія выбары. У ЗША прэзідэнту таксама належыць вядучая роля, аднак распусціць Кангрэс ён не можа ні пры якіх абставінах. А вось федэральны прэзідэнт Германі, будучы галавой дзяржавы, практычна не мае ўладных паўнамоцтваў. Першай асобай у палітычнай іерархіі з’яўляецца федэральны канцлер (прэм’ер-міністр), які ўзначальвае ўрад. Датэрміновы роспуск Бундэстагу магчымы толькі ў строга абумоўленых канстытуцыяй выпадках. Тыя альбо іншыя асаблівасці арганізацыі дзяржаўнага жыцця ўласцівыя і іншым краінам. У чым тут справа? Кожная з гэтых дзяржаў адрозніваецца спецыфічнай формай кіравання.

Форма кіравання - гэта спосаб утварэння і арганізацыі вышэйшых органаў дзяржавы, сістэма іх узаемадачыненняў адзін з адным і з насельніцтвам. Вывучэнне формы кіравання дазваляе вызначыць, хто і як кіруе ў грамадстве, як фарміруецца вярхоўная дзяржаўная ўлада, якімі інстытутамі яна прадстаўлена, як уладкаваныя і ўзаемадзейнічаюць дзяржаўна-ўладныя структуры і які характар адваротнай сувязі насельніцтва з дзяржаўнай уладай. Таму форма кіравання служыць, па сутнасці, формай увасаблення таго ці іншага палітычнага рэжыму. Форма кіравання ў значнай ступені вызначае практычныя паводзіны персанажаў палітыкі. Ад яе шмат у чым залежыць кансалідаванне, легітымнасць і эфектыўнасць дзяржаўных структур, а значыць, устойлівасць, стабільнасць самой дзяржаўнай улады.

У сучасным свеце існуюць розныя сістэмы кіравання. Можна, нават, сказаць, што кожнай дзяржаве ў нейкай ступені ўласцівая свая, не падобная да іншых, арганізацый вышэйшых органаў улады, асаблівая форма кіравання. Аднак для таго, каб разабрацца ў гэтай шматстайнасці, зусім не абавязкова апісваць усю сукупнасць вядомых сёння форм кіравання. Ёсць такія прыкметы форм кіравання, якія аднолькавыя для розных дзяржаў. Гэта дазваляе праводзіць класіфікацыю форм кіравання, якая дапамагае арыентавацца ў рэальным палітычным жыцці.

2. Якія бываюць формы кіравання?

Формы кіравання падзяляюцца па спосабу ўтварэння і арганізацыі ўлады, яе фармальнай крыніцы, на манархіі і рэспублікі. Манархія (ад грэцкага - «адзінаўладздзя») - гэта такая форма кіраваньня, пры якой вярхоўная дзяржаўная ўлада юрыдычна сканцэтравана ў руках адзінаасобнага кіраўніка дзяржавы - манарха (караля, цара, шаха, імператара і г.д.) і пераходзіць, як правіла, у спадчыну незалежна ад волі народа ці прадстаўнічых органаў улады.

Існуе некалькі разнавіднасцей манархічнай формы кіравання:

Абсалютная манархія (Саудаўская Аравія, Катар, Аман, Бахрэйм, Бруней і г.д.), для якой характэрна поўнае ўсяўладздзе манарха, адсутнасць якіх было б прадстаўнічых інстытутаў, абмяжоўваючых яго ўладу. Канстытуцыйная манархія - форма кіраваньня пры якой ўлада манарха мае абмежаванне, зафіксаванае ў канстытуцыі. Канстытуцыйная манархія ў сваю чаргу падзяляецца на дуалістычную і парламенцкую.

Дуалістычная манархія (Іарданія, Кувейт, Марока і г.д.) характэрызуецца падзяленнем ўлады паміж урадам, які фармуецца манархам і адказны толькі перад ім, і парламентам, абіраемым народам. Парламент ажыццяўляе заканадаўчыя паўнамоцтвы, але манарх валодае правам адкладальнага вета і правам роспуску парламента. Парламенцкая манархія (Вялікабрытанія, Іспанія, Швецыя, Нарвегія, Японія і г.д.) адрозніваецца поўным безуладздзем манарха. Ён лічыцца кіраўніком дзяржавы, але фактычна валодае толькі прадстаўнічымі і цэрэманіяльнымі функцыямі. Такі манарх мусіць быць сымвалам дзяржаўнага суверанітэту і адзінства нацыі. Ён, як кажуць, царствуе, але не кіруе. Кіраванне краінай здяйсняе урад (на чале з прэмер-міністрам), які формуецца парламенцкай большасцю і справаздачны не манарху, а парламенту. Таму, пераважная большаць дэмакратычных манархіяў - парламенцкия манархіі.

Рэспубліка (ад лацінскага - «грамадзкія справы») - гэта другая асноўная форма кіравання, пры якой дзяржаўная ўлада здзяйсняецца выбарнымі органамі, абіраемымі насельніцтвам на пэўны тэрмін. Крыніцай ўлады з`яўляецца народная большасць, па даручэнню якой здяйсьняецца ўлада. У сучасным свеце існуюць тры асноўныя разнавіднасці рэспублікі: парламенцкая, прэзідэнцкая і змешаная (паўпрэзідэнцкая ці паўпарламенцкая). Адрозненні паміж імі абумоўлены суадносінамі паўнамоцтваў прэзідэнта, парламента і ўрада, пранцыпамі іх узаемаадносінаў.

Дэмакратычны тып кіраваньня функцыянуе ў межах рэспублікі і парламенцкай манархіі. Таму разгледзім гэтыя формы кіравання падрабязней.

3. Дэмакратычныя формы кіравання

Парламенцкая сістэма кіравання

Парламенцкая рэспубліка і парламенцкая манархія з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі формамі дэмакратычнага кіравання. Яны характэрныя для большасці краін Заходняй Еўропы, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Нешматлікія дэмакратыі ў краінах Цэнтральнай Амерыкі, Азіі і Афрыкі таксама, як правіла, парламенцкага тыпу.

Характэрныя прыкметы парламенцкай мадэлі наступныя:

- Фарміраванне ўраду парламентам (звычайна парламенцкай большасцю);

- Адказнасць ураду перад парламентам. Ён здяйсьняе кантроль над урадам і ў выпадку неабходнасці можа галасаваць за давер або недавер да ўраду. Вотум недаверу, як след, цягне за сабою адстаўку ўрада.

- У выпадку няздольнасці парламенту сфармаваць новы ўрад (парламенцкі крызіс) адбываецца роспуск парламенту і аб’яўляюцца датэрміновыя парламенцкія выбары;

- Членства ва ўрадзе сумеснае, як правіла, з захаваннем дэпутацкага мандату;

- Старшыня ўраду (прэм’ер-міністр) з’яўляецца фактычна першай асобай у палітычнай іерархіі;

- У парламенцкай рэспубліцы кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, які абіраецца, як правіла, парламентам. Ён, як і манарх у парламенскай манархіі, не валодае рэальнай уладай і ажыццяўляе прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі.

Разуменне парламенцкай формы кіравання: выканаўчая ўлада існуе толькі за кошт парламенту. Таму не толькі заканадаўчая, але і выканаўчая ўлада фактычна належыць парламенту. Гэта рэжым «супрацоўніцтва ўлад».

У сучасным свеце існуюць два асноўныя тыпы парламенцкіх рэжымаў:

Першы можа быць апісаны як рэжым аднапартыйнай большасці у парламенце, калі адна партыя пастаянна настолькі моцная, каб утвараць урад. Іншы раз гэта называюць «Вестмінстэрскай мадэллю», маючы на ўвазе брытанскі парламент, у якім асобна ўзятай партыі дастаткова 50% галасоў, каб утварыць урад на ўвесь тэрмін пасля выбараў.

Другі тып — гэта рэжым кааліцыйнай большасці, калі кабінеты фарміруюцца на аснове кааліцый розных партый, з якіх ніводная не мае абсолютнай большасці ў парламенце. Кааліцыі могуць быць доўгачасовымі, як, скажам, у ФРГ, дзе раней супрацоўнічалі хрысціянскія дэмакраты і свабодныя дэмакраты, а зараз правячую кааліцыю складаюць сацыял-дэмакраты і «зялёныя». Аднак ў многіх іншых краінах кааліцыі адрозніваюцца нетрываласцю. Напрыклад, у Італіі ўрад утвараецца на аснове пастаянна зменлівых кааліцый. Доўгі час асновай кааліцыі з’яўляліся хрысціянскія дэмакраты, да якіх далучаліся розныя іншыя партыі.

Сярод некласычных тыпаў парламенцкіх рэжымаў часцей за ўсё называюць кансэнсуальны парламенцкі рэжым. Гэты варыянт парламенцкай формы кіравання можа быць карысны для краін, падзеленых на вялікія і малыя рэгіянальныя ці этнічныя групы. Дапусцім, у Бельгіі, дзе фламандцы складаюць менш 15% бельгійскага, ў асноўным франкамоўнага, насельніцтва, і дзе пры звычайным парламенцкім ці прэзідэнцкім праўленні фламанская меншасць ператварылася б у людзей «другога гатунку», была вынайдзена сістэма загадзя спланаваных кампрамісаў, г.зн. такая сітуацыя, пры якой абараняюцца правы абедзвюх лінгвістычных груп. Скажам, урад ці парламенцкая большасць не мае права дыктаваць свае ўмовы ў галіне адукацыі — замест гэтага ўтвараецца камісія па адукацыі з роўнай колькасці прадстаўнікоў ад абедзвюх моўных груп і г.д.

Нарэшце, існуе такая ўнікальная сёння разнавіднасць парламенцкай сістэмы, як рэжым асамблеі (Швейцарыя). Ён як звычайны парламенцкі рэжым характарызуецца змяшчэннем паўнамоцтваў у бок заканадаўчай улады. Парламент з’яўляецца вышэйшай уладай у дзяржаве, ён выбіраецца беспасярэднімі выбарамі, урад фарміруецца парламентам і нясе адказнасць перад ім. Аднак, у адрозненне ад звычайнай парламенцкай сістэмы кіравання, улада парламенту тут абмежаваная правамі народу і кантонаў. Гэта выражаецца ў тым, што многія пытанні ў дзяржаве вырашаюцца шляхам агульнанацыянальнага рэферэндуму, вынікі якога абавязковыя для выканання дзяржаўнаю ўладаю.

Перавагі і недахопы парламенцкага рэжыму

Шматгадовы досвед існавання парламенцкіх сістэм дэманструе як перавагі так і недахопы парламенцкага кіравання. У якасці найважнейшых перавагаў гэтай мадэлі звычайна зазначаюць:

- Супрацоўніцтва вышэйшых эшалонаў улады, што дазваляе эфектыўна пераадольваць палітычныя крызісы, памяншае верагоднасць канфліктаў паміж галінамі ўлады;

- Гнуткасць і здольнасць рэагаваць на змены. Гнуткі, які загадзя не вызначаецца, тэрмін паўнамоцтваў ураду дазваляе ў выпадку неабходнасці сваечасова мяняць кабінет або ўносіць карэктывы ў яго палітычны курс;

- Значнае памяншэнне небяспекі канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека, устанаўлення адзінаўладнай дыктатуры;

Крытыкі парламенцкай дэмакратыі акцэнтуюць увагу на яе наступных недахопах:

- Распыленне адказнасці улады перад выбаршчыкамі;

- Памяншэнне легітымнасці кіруючага рэжыму, бо прэм`ер-міністры не выбіраюцца ўсенародным галасаваннем (таму ім часта не стае аўтарытэту);

- Калі парламенцкую большасць складае нетрывалая шматпартыйная кааліцыя, то тады і ўрад схільны да няўстойлівасці, да шматлікіх урадавых крызісаў і адставак (напрыклад, ІІІ і ІV Рэспублікі ў Францыі з іх бясконцым шэрагам «прэм`ераў на гадзіну», сучасныя Ізраель, Індыя ці Італія, дзе за апошнія 50 год змянілася болей чым паўсотні кабінетаў міністраў);

- Адсутнасць фармальных інстытуцыянальных абмежаванняў парламенцкай перавагі. Калі моцная, устойлівая парламенцкая большасць праводзіць памылковую палітычную лінію, то апроч інстытуту рэферэндуму няма ніякай іншай легальнай магчымасці выправіць яе, пакуль не скончыцца тэрмін паўнамоцтваў парламенту. Аднак рэферэндум таксама мае свае недахопы, галоўным з якіх ёсць недастатковая кампетэнтнасць грамадзянаў, што ўдзельнічаюць у прыняцці рашэння. Таму у сучасных дэмакратыях практыка прымяненя гэтага інстытута на агульнанацыянальным узроўні вельмі абмежавана. Выключэнне сладаюць Швейцарыя і Швецыя;

- Адсутнасць інстытуту эфектыўнага кантролю за дзейнасцю парламенту стварае пагрозу тыраніі з боку парламенцкай большасці. Прычым улада парламенцкай большасці можа персаніфікавацца ў дыктатары — прэм’ера, добра маніпулюючага воляй большасці. Роля парламента як калегіяльнага органа выцясняецца адзінаасабовай ўладай прэм’ер-міністра. Формай такога выраджэння парламенцкай мадэлі з’яўляецца «прэм’ерская рэспубліка» (напрыклад, Індыя ў 1975-77 г., Славакія ў 1994-98г.) .

Прэзідэнцкая рэспубліка

Другой дастаткова распаўсюжанай формай рэспубліканскага кіравання з`яўляецца прэзідэнская рэспубліка. Яна характарызуецца значнай роляй прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў (ЗША, большасць краін Лацінскай Амерыкі, многія краіны Афрыкі і Азіі). Можна назваць наступныя асноўныя прыкметы прэзідэнцкай рэспублікі:

- Асобныя выбары прэзідэнта і парламента ўсеагульным галасаваннем на жорстка фіксаваны і незалежны адзін ад аднаго тэрмін;

- Прэзідэнт з’яўляецца адначасова кіраўніком дзяржавы і стаіць на чале выканаўчай улады;

- Прэзідэнт самастойна фарміруе ўрад і асабіста кіруе яго дзейнасцю. Прычым дэпутаты не могуць адначасова быць сябрамі ўраду;

- Адказнасць ураду перад прэзідэнтам, а не парламентам;

- Прэзідэнт валодае значнай самастойнасцю ў правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі (немагчымасць вотуму недаверу);

- Прэзідэнт можа накласці адкладальнае вета на любы ўхвалены парламентам законапраект;

- Права прэзідэнта на заканадаўчую ініцыятыву;

Але наяўнасць такой колькасці паўнамоцтваў зусім не азначае, што прэзідэнт - дыктатар. Яго ўлада мае процівагі з боку парламенту і судовай улады. У прыватнасці:

- Заканадаўчая ўлада належыць парламенту. Менавіта ён вырашае пытанні бюджэту.Болей таго, парламент можа скасаваць любы прапанаваны прэзідэнтам законапраект;

- Склад ураду зацвярджаецца са згоды парламенту;

- Парламент мае магчымасць пераадолець прэзідэнцкае вета, зноў ухваліўшы адхілены прэзідэнтам законапраект, калі за яго паўторна прагаласуе не менш чым 2/3 ад складу парламенту (кваліфікаваная большасць);

- Прэзідэнт не мае права роспуску парламенту;

- Парламент мае права на імпічмент (ад ангельскага - «асудджэнне»), г.зн. адстраненне прэзідэнта ад улады праз суд у выпадку парушэння ім Канстытуцыі і законаў краіны.

Разуменне прэзідэнцкай рэспублікі: гэтая форма кіравання прадугледжвае спалучэнне моцнай выканаўчай улады з эфектыўным парламенцкім кантролем. Стасункі між галінамі ўлады будуюцца на аснове сістэмы «стрымак і проціваг». Магчымасці ўзаемных умяшальніцтваў моцна абмежаваны. Гэта рэжым «жорсткага размежавання ўлад».

Перавагі і недахопы прэзідэнцкай рэспублікі

Прэзідэнцкая сыстэма кіравання таксама мае як моцныя, так і слабыя бакі. Да ліку яе пераваг звычайна адносяць:

- Узмацненне адказнасці ўлады перад выбаршчыкамі. Прэзідэнт абіраецца ўсім народам і нясе персанальную адказнасць за ўнутраную і знешнюю палітыку краіны;

- Павышэнне дэмакратычнай персанальнай легітымнасці, бо прэзідэнт заўжды прадстаўляе большасць насельніцтва;

- Забяспячэнне больш самастойнай і стабільнай выканаўчай улады, чым парламенцкая рэспубліка, паколькі прэзідэнт абраны на фіксаваны тэрмін, вызначаны канстытуцыяй, і незалежыць ад змены суадносінаў сілаў у парламенце;

- Сістэма «стрымак і проціваг» служыць гарантыяй стабільнай дэмакратыі;

- Здольнасць запяспечываць аператыўнае прыняццё рашэнняў.

Але прыхільнікаў у прэзідэнскай дэмакратыіі нашмат меней, чым апанентаў. Крытыкі прэзідэнцыялізму адзначаюць наступныя яго недахопы:

- Двайная дэмакратычная легітымнасць, абумоўленая паасобнымі выбарамі прэзідэнта і парламента, з’яўляецца асноўнай структурнай крыніцай канфлікту паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі, выхад з якога досыць часта суправаджаецца парушэннем дэмакратычных прынцыпаў і нават прыводзіць да дзяржаўных пераваротаў (сярод апошнізх прыкладаў - Перу ў 1992г., Расія ў 1993г., Беларусь ў 1996г.);

- Выбары прэзідэнта, заснаваныя на мажарытарнам прынцыпе, даюць яму ўсю паўнату выканаўчай улады і дазваляюць ігнараваць інтарэсы меншасцей (прынцып «пераможца атрымлівае ўсё»), што падрывае дэмакратычную легітымнасць прэзідэнскага рэжыма і правакуе апазыцыю на незаконныя метады ўплыву на ўладу;

- Жорсткія, нягнуткія тэрміны знаходжання прэзідэнта ля ўлады не пакідаюць ніякай надзеі што-небудзь змяніць да новых прэзідэнцкіх выбараў. Гэта толькі вядзе да абвастрэння канфлікту паміж пераможцамі і пераможанымі і далейшай палярызацыі грамадства;

- Моцная залежнасць прэзідэнцкага рэжыму ад інтэлектуальных, маральных і фізічных якасцей аднаго чалавека;

- Канцэнтрацыя вялікай улады ў руках прэзідэнта, які атрымаў падтрымку большасці грамадзян, можа прывесці да адзінаўладнай дыктатуры. Формай выраджэння прэзідэнцкай сістэмы кіравання звычайна з’яўляецца суперпрэзідэнцкая рэспубліка. Такая форма кіраваньня раней была шырока распаўсюжаная у краінах Лацінскай Амерыкі, а сёння - у многіх краінах былога СССР, у Афрыцы і Азіі (напрыклад Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Туркменістан і інш.). У суперпрэзідэнцкай рэспубліцы уся рэальная ўлада засяроджваецца ў прэзідэнта, які кантралюе парламент, судовыя органы і фактычна валодае дыктатарскімі паўнамоцтвамі, а іншы раз (Малаві, КНДР) нават аб’яўляецца пажыццёвым кіраўніком дзяржавы.

Змешаныя формы кіравання

Змешаныя формы рэспубліканскага кіравання з’яўляюцца спробай аб’яднаць перавагі парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублік з адначасовым пераадоленнем іх недахопаў. «Гібрыдныя» формы рэспублікі маюць розныя варыянты. Алеж агульнымі прыкметамі змешанай мадэлі з’яўляюцца:

- Асобныя выбары прэзідэнта і парламенту ўсеагульным галасаваннем;

- Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, а выканаўчую ўладу (фармальна ці фактычна) ўзначальвае прэм’ер-міністр;

- У многіх выпадках прэзідэнт кіруе знешняй палітыкай, адказвае за абарону, грамадскі парадак і дзяржаўную бяспеку (у астатнім урад карыстаецца пэўнай аўтаноміяй);

- Прэзідэнт валодае правам адкладальнага вета на рашэнні парламенту;

- Парламент валодае правам галасавання за давер альбо недавер ураду. У выпадку вынясення вотуму недаверу кабінет сыходзіць у адстаўку ці распускаецца парламент;

- Права роспуску парламенту належыць прэзідэнту, які пасля абавязаны прызначыць новыя парламенцкія выбары;

- Парламент мае права прыцягнуць прэзідэнта да крымінальнай адказнасці пры дапамозе імпічменту.

Змешаная форма рэспубліканскага кіравання магчымая ў двух варыянтах. Першы з іх - прэзідэнцка-парламенская рэспубліка (Егіпет, Перу, Турцыя, Расія, Украіна), якая прадуглежвае інстытут падвойнай адказнасці ўрада перад прэзідэнтам і парламентам, выяўленай ў праве прэзідэнта назначаць і здымаць прэм’ер-міністра і іншых членаў ураду і адначасна ў магчымасці вотума недаверу кабінету міністраў з боку парламенту. Аднак гэты прынцып дастаткова спрэчны, так як стварае пэўную невызначанасць у становішчы ураду. Апроч таго, як паказвае гістарычны вопыт, прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка таксама схільная пры пэўных абставінах транфармавацца ў суперпрэзідэнцкую сістэму кіравання (напрыклад V Французкая Рэспубліка пры дэ Голя, сучасныя Расія і Беларусь).

Другі варыянт - парламенска-прэзідэнская рэспубліка - адрозніваецца тым, што прэм’ер-міністр і кабінет фактычна адказны толькі перад парламентам (сучасная Францыя, Аўстрыя, Ісландыя, Партугалія, Фінляндыя, Польша, Літва і інш.) Гэтая форма кіравання найлепш забяспечвае дэмакратычную стабільнасць, паколькі яна, з аднаго боку, характэрызуецца наяўнасцю ў прэзідэнта значных уладных паўнамоцтваў (напрыклад права адкладальнага вета, права роспуска парламента і г.д.), а з іншага боку - прэзідэнт павінен прызначыць на пасаду прэм’ер-міністра толькі кандыдата ад парламенскай большасці. Такім чынам прызначэнне і зняццё прэм`ера (а часам і асобных міністраў) аказваецца ўрэшце-рэшт выключнай прэрэгатывай парламента.

Разуменне змешанай формы кіравання: У рэальнасці паўпрэзідэнцкая і паўпарламенцкая рэспублікі не маюць усіх пералічаных вышэй устойлівых тыповых рыс, як чыста прэзідэнцкія альбо чыста парламенцкія. Дамінаванне ўлады прэзідэнта альбо парламенту ў змешанай мадэлі залежыць ад расстаноўкі палітычных сіл у парламенце. Увогуле, гэтая сістэма, асабліва парламенцка-прэзідэнцкая, працуе як бы ў «дзвюхфазавым рэжыме», чаргуючы пэрыяды моцнай прэзідэнцкай улады з перыядамі парламентарызму.

Перавагі і недахопы змешанай формы рэспублікі

Да ліку пераваг адносяцца:

- Гнуткасць тэрмінаў знаходжання ва ўладзе кабінэту міністраў, паколькі існуе інстытут вотума недаверу;

- Адначасова забяспечваецца стабільнасць кіравання краінай, ліквідуецца магчымасць частай змены ўраду, паколькі прэзідэнт мае права роспуску парламента;

- Змяшаная форма кіравання схіляе прэзідэнта і выканаўчую уладу да мірнага суіснавання з парламентам.

Недахопы гібрыднай мадэлі:

- Парушаецца ўласцівае той ці іншай форме кіравання структурнае адзінства, узнікаюць новыя канфлікты, якіх не было ў раней апрацаваных сістэмах кіравання;

- Узрастанне ролі парламенту ў прэзідэнцкай рэспубліцы - часта толькі знешняя, памылковая з’ява; у парламенцкай рэспубліцы адбываецца ўзмацненне ўлады прэзідэнта, да чаго гэтая форма не прыстасаваная;

- Зніжаецца роля інстытуцыйных фактараў, узмацняецца залежнасць ад асобы канкрэтнага прэзідэнта.

4. Формы кіравання ў пераходным грамадстве

Форма кіравання аказвае непасрэдны ўплыў на характар і функцыяванне палітычнага рэжыму ў краіне. Адны формы кіравання садзейнічаюць умацаванню дэмакратыі, іншыя, наадварот, могуць весці да спынення дэмакратычных працэсаў і замацаваньня аўтарытарных рэжымаў.

Неабходна ўлічваць усю сукупнасць інстытутаў, дзеючых у той ці іншай дзяржаве, а таксама характэрныя для яе эканамічныя і культурныя фыктары, робячыя станоўчы ці, насупраць,адмоўны ўплыў на нармальнае функцыянаванне дадзенай формы кіравання. Выбар той ці іншай формы кіравання залежыць ад наступных умоваў:

- стан эканомікі (устойлівае развіццё ці крызіснасць);

- ступень грамадскай згоды адносна фундаментальных светапоглядных каштоўнасцей (грамадскі кансэнсус ці раскол);

- стан партыйнай сістэмы (кансалідаваны плюралізм ці фрагментаваная шматпартыйнасць, палярызаваны плюралізм);

- тып выбарчай сістэмы, адпавядаючы дадзенай форме кіравання;

- палітыкакультурныя традыцыі (дэмакратычныя ці аўтакратычныя);

- досвед папярэдняга кіравання (дэмакратычны, аўтарытарны ці таталітарны);

- рэальныя суадносіны палітычных сіл, выступаючых за той ці іншы рэжым кіравання ў дадзенай краіне.

Пералічаныя ўмовы могуць накладаць такі адбітак на практычнае функцыянірванне канстытуцыйнай сістэмы ўлады, што апошняя зменіцца як дэ-факта, так і дэ-юрэ.

Парламенцкая альтэрнатыва

Парламенцкая сістэма прыцягвае сёння беларускую контрэліту тым, што яна дае магчымасць папярэдзіць чарговую узурпацыю ўсёй паўнаты ўлады ў адных руках. Аднак ёсць усе падставы сцвярджаць, што парламенцкія ідэі адлюстроўваюць у Беларусі хутчэй абстрактна-дэмакратычныя памкненні чым рэальныя ўмовы, неабходных для нармальнага функцыянірвання парламенцкага рэжыму. Эфектыўнае функцыянірванне парламенцкай формы кіравання прадугледжвае:

- эканамічную і сацыяльна-палітычную стабільнасць;

- грамадскі кансэнсус у дачыненні да фундаментальных каштоўнасцей;

- наяўнасць дакладна структураванай і кансалідаванай партыйнай сістэмы;

- наяўнасць выбарчай сістэмы, стымулюючай з’яўленне дзвюх-пяці моцных палітычных партый;

- дэмакратычную палітычную культуру кіруючай эліты і контрэліты;

- глыбока ўкаранёныя традыцыі дэмакратыі.

Нічога падобнага ў Беларусі няма. Наадварот, у гэтым пераходным грамадстве назіраюцца:

- глыбокі сістэмны крызіс, перманентная эканамічная і сацыяльна-палітычная нестабільнасць;

- рэзка палярныя палітычныя арыентацыі, што выклікае сур’ёзныя перашкоды на шляху іх ўзгаднення;

- фрагментаваная партыйная сістэма, якая валодае ўсімі адзнакамі «крайняга плюралізму»;

- неадэкватная выбарчая сістэма, якая наўрад ці будзе падвержана радыкальнаму рэфармаванню ў бліжэйшай будучыні;

- аўтарытарныя сацыякультурныя традыцыі;

- адсутнасць досведу дэмакратычнага кіравання.

У такім расколатым і фрагментаваным грамадстве недахопы парламенцкай сістэмы выявяцца асабліва рэльефна. Галоўныя з іх будуць заключацца ў наступным: паколькі палітычныя сілы ў краіне расколатыя і крайне падзеленыя, то ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве наўрад ці ўдасца сфарміраваць аднапартыйны ўрад з дакладнай рыначна-дэмакратычнай арыентацыяй. У выпадку захавання мажарытарнай сістэмы абсалютнай большасці да ўлады ў парламенце хутчэй за ўсё прыйдуць партыі левай арыентацыі. Больш за тое, адсутнасць інстытутаў эфектыўнага кантролю за дзейнасцю парламенту можа стварыць пагрозу тыраніі з боку парламенцкай большасці. Падобная «зверхмагутнасць» парламенту неаднаразова назіралася ў Францыі (I, III-IV Рэспубліка), што кожны раз набліжала пагрозу нацыянальнага краху. У падобных выпадках улада парламенцкай большасці непазбежна персаніфікуецца ў дыктатара-прэм’ера, які прафесійна маніпулюе воляй большасці («прэм’ерская рэспубліка»).

Калі ж у выніку прыняцьця прапарцыйнай ці смешанай выбарчай сістэмы да ўлады ў парламенце прыйдзе аб’яднаная апазіцыя, то яна зноў расколецца на шэраг канкурыруючых фракцый і эфемерных партыйных кааліцый. Таму правячая кааліцыя не будзе трывалай і разбурыцца пры першых жа прыкметах чарговага абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі. Дададзім да гэтага невысокую здольнасць лідэраў выкарыстоўваць кансэнсусныя тэхналогіі ўладарання і тады непазбежнасць замарожвання законатворчага працэсу, частых адставак ураду і парламенцкіх крызісаў стане больш відавочнай. У такіх умовах урад будзе проста няздольным на рашучыя і эфектыўныя рэформы.

Сапраўды, парламенцкая сістэма пры наяўнасці пэўных умоваў больш спрыяльная для ўстанаўлення стабільнай дэмакратыі, чым іншыя формы кіравання. Тым не менш ва ўмовах падзеленага грамадства чыста парламенцкая форма нярэдка вядзе да супрацьлеглага выніку. У гэтым выпадку ёсць цвёрдыя падставы для адраджэння ў Беларусі прэзідэнцкай рэспублікі ці пераходу да змешанай сістэмы кіравання. Практыка паказвае, што лепей перадаць большыя кампетэнцыі вузкай, нават адзінаасобнай выканаўчай уладзе, але з іншага боку, устанавіць над ёй эфектыўны парламенцкі кантроль.

Вяртанне да прэзідэнцыялізму

Прыхільнікі рэанімацыіі канстытуцыйнага прэзідэнцкага кіравання ўзору 1994 года лепей улічваюць канкрэтныя рэаліі, апелююць да рэальных традыцыяў, асаблівасцей менталітэту сучаснага беларускага насельніцтва. На іх думку, у сітуацыі падзення жыццёвага ўзроўню, перманентнага эканамічнага крызісу, расколатасці і неструктураванасці грамадства толькі моцная выканаўчая ўлада, у спалучэнні з эфектыўным парламенцкім кантролем, здольна правесці неабходныя рэформы і вывесці краіну на траекторыю сацыяльна-эканамічнага росту.

Небяспека, аднак, заключаецца ў тым, што ў краінах з доўгімі аўтарытарнымі традыцыямі прэзідэнцыялізм часцей за ўсё выраджаецца ў суперпрэзідэнцкую форму кіравання. Невыпадкова большасць краін на постсавецкай прасторы аказаліся суперпрэзідэнцкімі рэспублікамі з той ці іншай ступенню персаналізацыі ўлады. Беларусь на гэтым фоне не з’явілася выключэннем. У выніку дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996 г. ў Беларусі была прынята новая канстытуцыя з суперпрэзідэнцкай формай кіравання. Па гэтай канстытуцыі прэзідэнт мае неабмежаваныя правы па прызначэнню і змяшчэнню прэм’ер-міністра і іншых членаў урада, кіраванню работай урада і прыняццю рашэння па яго адстаўцы. Прэзідэнт карыстаецца і неабмежаванымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Ён не толькі можа накласці вета на прыняты Палатаю Прадстаўнікоў закон, але і выдаваць дыкрэты, што маюць сілу закона Літаральна неабмежаваным з’яўляецца права прэзідэнта вызначаць і вызваляць суддзяў усіх узроўняў. Настолькі неабмежавана і права прэзідэнта разпускаць парламент. У сваю чаргу груваздкая працэдура імпічмента практычна выключае магчымасць датэрміновага змяшчэння прэзідэнта.

Што ж штурхае новаспечаных «дэмакратычных» лідэраў у абдымкі прэзідэнцыялізму? Гэта, перш за ўсё, іх аўтакратычныя звычкі, узятыя ў спадчыну ад таталітарнага мінулага. Канцэнтрацыя вялікай улады ў руках прэзідэнта, яго адносная незалежнасць ад парламенту і тое, што прэзідэнт заўсёды прадстаўляе (няхай нават адносную) большасць выбаршчыкаў, значна палягчае прыцісканне апазыцыі і ўстанаўленне персаналісцкай дыктатуры. Парадокс у тым, што, з аднаго боку, прэзідэнцкая рэспубліка з яе прынцыпам двайной легітымнасці патрабуе большай культуры ўзгаднення інтарэсаў між заканадаўчым органам і ўрадам, чым чыста парламенцкая мадэль, а з іншага, сістэму прэзідэнцкага кіравання выбіраюць, як правіла, тыя краіны, якія пазбаўленыя падобных традыцый.

Да таго ж трэба мець на ўвазе, што ў расколатым грамадстве прэзідэнту вельмі цяжка дамагчыся стабільнай большасці ў парламенце. Больш за тое, непазбежны раскол кааліцыі, якая ўтварылася вакол кандыдата, які перамог: калі ўрад падпарадкаваны не парламенту, а прэзідэнту, няма лепшага спосабу набраць палітычныя балы для наступных выбараў, чым канфрантацыя з прэзідэнцкай уладай, адказнай за ўсе. Прэзідэнт, у сваю чаргу, не можа не патрабаваць усё новых і новых паўнамоцтваў, а гэта ўсё больш абвастрае супярэчнасці з парламентам і палітычнымі партыямі.

Менавіта ў сілу гэтых абставін прэзідэнцкая дэмакратыя нараджае ў пераходных грамадствах (асабліва ва ўмовах абвастрэння сацыяльна-эканамічнага крызісу) жорсткі канфлікт між прэзідэнтам і апазіцыяй у заканадаўчым органе, адзіным выхадам з якога становіцца дзяржаўны пераварот, які ініцыюецца, як правіла, выканаўчай уладай.

Існуюць, па меншай меры, тры ўмовы, неабходныя для хаця б частковай нейтралізацыі прэзідэнцыялізму ў расколатым грамадстве:

Першае. Неабходная такая сістэма прэзідэнцкіх выбараў, якая магла б забяспечыць шырока размеркаваную падтрымку выбранага прэзідэнта. Напрыклад, метад альтэрнатыўнага галасавання, калі выбаршчык можа галасаваць за некалькіх кандыдатаў на пост прэзідэнта, расставіўшы іх у парадку перавагі. У гэтым выпадку кандыдаты могуць пабудаваць сваю большасць на другіх і трэціх перавагах тых выбаршчыкаў, якія аддалі свой першы голас іншым кандыдатам. Ці гэта можа быць прынцып «двайной умовы». Калі кандыдату ў прэзідэнты для выбрання неабходна мець не толькі большасць галасоў, але і атрымаць падтрымку ў пэўнай колькасці тэрыторый.

Другое. Патрэбна такая сістэма парламенцкіх выбараў, якая спрыяла б таму, каб колькасць «дзейных» палітычных партый не перавышала 3-4. Гэта можа быць выбарчая сістэма адноснай большасці, якая спрыяе зацвярджэнню дзвюхпартыйнасці, ці мажарытарныя выбары ў два туры, якія вядуць да з’яўлення ў парламенце дзвюх устойлівых партыйных кааліцый. Чым большая колькасць партый у парламенце, тым менш шанцаў на захаванне стабільнай прэзідэнцкай партыйнай кааліцыі, тым вышэй верагоднасць, што прэзідэнт будзе кіраваць краінай ва ўмовах пастаяннай меншасці яго прыхільнікаў у парламенце з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі (немагчымасць правядзення хуткіх і жорсткіх рэформ, непазбежнасць канфліктаў і прымянення сілавых метадаў). Вось чаму ва ўсіх трывалых дэмакратычных сістэмах прэзідэнцкага тыпу дзейнічае не больш чым 2-6 палітычных партый.

Трэцяе. Здольнасць і гатоўнасць палітычных эліт да супрацоўніцтва і кампрамісу, што, у прынцыпе, у расколатым грамадстве з’яўляецца хутчэй добрым пажаданнем.

Да ўмоваў, якія памяншаюць небяспеку інстытуту моцнага прэзідэнта, можна было б, у прынцыпе, дадаць (4) увядзенне інстытуту калегіі выбаршчыкаў і (5) спрашчэнне звычайна празмерна ўскладненай працэдуры імпічмэнту пры наяўнасці даказанага абвінавачвання кіраўніка выканаўчай улады ў службовых злачынствах. Аднак усе пералічаныя вышэй умовы з’яўляюцца неабходнымі, але зусім не дастатковымі для нармальнага функцыяніравання прэзідэнцкай дэмакратыі ў падзеленым грамадстве. Сістэма прэзідэнцыялізму пазбаўляецца ад большасці сваіх недахопаў толькі ва ўмовах, магчымых пры кансалідаваным дэмакратычным рэжыме. Да ліку такіх умоваў адносяцца:

- Трывалы кансэнсус у грамадстве адносна дэмакратычных працэдур і інстытутаў як найлепшага спосабу кіравання.

- Дзвюхпартыйная сістэма, пры якой партыі не ідэалагізаваныя, не адлюстроўваюць супрацьлежныя палітычныя плыні расколатага грамадства, а усмоктваюць у сябе асноўную частку спектру палітычных настрояў. (Аднак, нельга не адзначыць, што дзвюхпартыйная сістэма даволі рэдкая з’ява ў сусветнай практыцы, і ствараць яе «па замове» немагчыма.)

- Дэцэнтралізацыя кіравання (федэралізм ці развітае мясцовае самакіраванне ва ўнітарнай дзяржаве), калі рэальная палітыка робіцца на ўзроўні рэгіёнаў і лакальных супольнасцей. Важнейшыя сферы прыняцця рашэнняў кантралююцца мясцовымі органамі улады. Цэнтар не нясе адказнасці «за ўсё» і гэта памяншае небяспеку ціску на яго.

- Агульнапрызнаная роля Канстытуцыйнага суду як арбітру ў спрэчках паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады, паміж цэнтральным урадам і мясцовым самакіраваннем.

Паколькі ў пераходным грамадстве гэтыя ўмовы адсутнічаюць па вызначэнні, то небяспека прэзідэнцыялізму рэзка ўзрастае. І гэта падцвярджае як лацінаамерыканскі досвед, так і навейшы досвед краін СНД і Беларусі. У сітуацыі крызісу, ва ўмовах палярызаванага грамадства «чысты» прэзідэнцкі рэжым з падпарадкаванымі яму вертыкальнымі структурамі часцей за ўсё аказваецца контрпрадуктыўным. Ён яшчэ больш падзяляе грамадства, замест таго, каб прывесці яго да згоды, і таму не гарантуе стабільнасці.

Варыянт парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі

Значыць, «чыстыя» формы кіравання маюць недахопы, якія асабліва выяўляюцца ў пераходных грамадствах. Для парламенцкай рэспублікі аказваюцца характэрныя нестабільнасць ураду, частыя ўрадавыя крызісы і адстаўкі. Прэзідэнцкая ж рэспубліка мае тэндэнцыю да прэзідэнцкага аўтарытарызму.

Таму, як ужо казалася, ў апошнія дзесяцігоддзі адбываецца ўзаемнае ўспрыманне, перапляценне розных форм, узнікаюць розныя варыянты змяшанай, «гібрыднай» формы кіравання. На нашую думку, ў будучым канстытуцыйны працэс у Беларусі будзе прасоўвацца у кірунку парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання. Яна найбольш гарманічна спалучае перавагі парламенцкай і прэзідэнцкай сыстэм дзяржаўнага ладу.

Права парламента на змену прэм`ер-міністра і урада забяспечвае гнуткасць тэрмінаў знаходжання кабінета ва уладзе, магчымасць сваечасовай карэкцыі палітычнага курса і тым самым значна памяншае небяспеку канфліктаў паміж выканаўчай уладай і парламентам. Права ж прэзідэнта ў пэўных, строга азначаных канстытуцыяй, выпадках распускаць парламент і прызначаць новыя выбары з`яўляецца моцнай зброяй супраць узнікнення шматлікіх урадавых і парламенцкіх крызісаў і тымсамым замацоўвае стабільнасць урада.

Няцяжка заўважыць, што такая сістэма накіравана на пераадоленне асноўных недахопаў як «чыстага» парламентарызму, так і «чыстага» прэзідэнцыялізму. Тым не менш ніякая, нават самая прадуманая і якасная канстытуцыя няможа служыць панацэяй ад парушэнняў дэмакратычных прынцыпаў. Гатоўнасць палітычных элітаў да супрацоўніцтва і кампрамісу - найменшая ўмова нармальнага функцыявання любой дэмакратычнай, ў тым ліку і парламенцка-прэзідэнцкай, формы кіравання.

В. Чарноў

Дадатак 1.

Схема 1. Парламенцкая форма кіравання

Схема 2. Прэзідэнцкая форма кіравання

Схема 3. Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка

Схема 4. Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка

Схемы толькі ў друкаванай кніжцы

Сцэнарый правядзення лекцыі–практыкума

«Перавагі і недахопы парламенцкай і прэзідэнцкай форм кіравання»

Праслухаўшы лекцыю аб асаблівасцях парламенцкай сістэмы кіравання і яе перавагах, навучальная група атрымлівае заданне: выявіць асноўныя недахопы чыста парламенцкай мадэлі.

Для выканання задання група дзеліцца на дзве падгрупы (магчымы папярэдні падзел кожнай з падгруп на «двойкі» альбо «тройкі» з наступным аб’яднаннем у поўную падгрупу - метад «снежнага камяка»).

Кожная з падгруп атрымлівае ад трэнера першае навучальнае заданне (№1) ў пісьмовай форме на спецыяльнай картцы.

Заданне №1

Адшукайце слабыя моманты ў парламенцкай сістэме, прааналізаваўшы наступную сітуацыю ў нейкай выдуманай краіне - Парламентарыі.

У выбарах парламенту ўдзельнічала 20 партый. 10 з іх атрымалі аднолькавую колькасць месцаў - кожная па 10. Ніводная партыя не мела большасці, неабходнай, каб зацвердзіць урад. Такім чынам, па меншай меры пяць партый павінны былі дамовіцца паміж сабой і стварыць кааліцыю. Але праграмы партый былі настолькі розныя, што па любым пытанні ўзнікалі непаразуменні. За паўгода змянілася тры ўрады. У кожным выпадку прыходзілася ўтвараць новую кааліцыю. У выніку спынілася прыняцце законаў. Дэпутаты рабілі спробы ўтварыць стабільны ўрад, але беспаспяхова. У краіне валадарыў хаос, раслі злачыннасць і кантрабанда. А законы былі блытаныя і незразумелыя. Але распусціць парламент ніхто не мог, бо і прэзідэнта, і ўрад прызначаў сам парламент (тэрмін яго паўнамоцтваў сканчаўся толькі праз тры гады). У сваю чаргу, большасць партый не хацела рызыкаваць і праводзіць новыя выбары. Ніхто з іх не быў упэўнены ў тым, што ўдасца зноў перавыбрацца ў парламент.

Задачай падгруп з’яўляецца аналіз прапанаванай сітуацыі і самастойнае выдзяленне асноўных недахопаў парламенцкай формы кіравання.

Пасля абмеркавання сітуацыі ў падгрупах яе ўдзельнікі выступаюць з публічным спавешчаннем аб выніках зробленай працы.

Пасля кожнага выступу, адказаў на пытанні і іх абмеркавання трэнеры ўносяць карэктывы ў праслуханае спавешчанне, указваюць на магчымыя памылкі і падводзяць вынік у форме кароткай лекцыі-каментарыя (да 10 хв.). У ёй на прыкладзе прыведзенай сітуацыі выдзяляюць асноўныя недахопы парламенцкай формы кіравання.

Напрыклад: «У гэтай не надта прыемнай сітуацыі мы бачым наступныя недахопы парламенцкай сістэмы: па-першае - гэта нетрываласць шматпартыйнай кааліцыі. Партыям, якія занялі месцы ў парламенце, удаецца дамовіцца паміж сабой далёка не заўсёды. Гэта пагражае нестабільнасцю ўраду, г.зн. шэрагам адставак. А адстаўка ўраду - гэта не шараговая падзея ў жыцці краіны. Яна можа спараджаць канфлікты ў самім грамадстве. Апрача таго, кожны новы ўрад пачынае з нейкіх, вялікіх альбо малых, змен у палітыцы, што таксама адбіваецца на сацыяльным самапачуванні грамадзян.

Па-другое, у гэтай сістэме парламент не стрымліваецца і не ўраўнаважваецца нейкім іншым органам улады. Урад у вялікай ступені аказваецца па-за канкурэнцыяй.Пры гэтым нельга цалкам выключыць магчымасць таго, што большасць месцаў у парламенце дастанецца партыі, якая праводзіць памылковую палітычную лінію. Спыніць яе дзеянні можна будзе толькі з дапамогай новых парламенцкіх выбараў, якіх іншы раз прыходзіцца чакаць надта доўга.»

Пасля гэтай часткі выкладчык пераходзіць да аналізу асаблівасцяў прэзідэнцкай формы кіравання. У рэжыме лекцыі-дыялогу ён паказвае перавагі гэтай мадэлі дзяржаўнага ўладкавання ў параўнанні з парламенцкай.

Затым навучальная група атрымлівае заданне: выявіць асноўныя недахопы чыста прэзідэнцкай мадэлі.

Для выканання задання група зноў дзеліцца на дзве падгрупы (магчымы папярэдні падзел кожнай з падгруп на «двойкі» альбо «тройкі» з наступным аб’яднаннем у поўную падгрупу - метад «снежнага камяка»).

Кожная з падгруп атрымлівае ад трэнера другое навучальнае заданне (№2) у пісьмовай форме на спецыяльнай картцы.

Заданне №2

Адшукайце недахопы ў прэзідэнцкай форме кіравання, прааналізаваўшы сітуацыю ў краіне з умоўнай назвай Прэзідэнтыя.

На выбарах прэзідэнта перамог лідэр партыі рэфарматараў N. Падчас выбарчай кампаніі ён абяцаў змагацца са злачыннасцю, павялічыць дапамогу беспрацоўным, даць крэдыты прадпрымальнікам, панізіць падаткі. Усе былі задаволеныя і галасавалі за яго, але праз паўгады аказалася, што прэзідэнт няздольны выканаць свае абяцанні. Каб змагацца са злачыннасцю і павялічыць дапамогу, не ставала грошай. Прыйшлося ў некалькі разоў павялічыць падаткі. Гэта выклікала незадаволенасць прадпрымальнікаў, яны зачынілі прадпрыемствы і з’ехалі за мяжу. Пачаўся эканамічны крызіс. Але прэзідэнт упарта працягваў павышаць падаткі і стаў выпускаць больш грошай. Гэта выклікала новы віток інфляцыі. Апрача таго, парламент выступіў супраць такой эканамічнай палітыкі. Пачаўся канфлікт між галінамі ўлады. Усе выбаршчыкі былі вельмі незадаволеныя. Партыя рэфарматараў выключыла прэзідэнта са сваіх шэрагаў, але адклікаць прэзідэнта з пасады было немагчыма, бо ён быў выбраны на чатыры гады і не падпарадкоўвася ні парламенту, ні сваёй партыі.

Задачай падгруп з’яўляецца аналіз прапанаванай сітуацыі і самастойнае выдзяленне асноўных недахопаў прэзідэнцкай формы кіравання.

Пасля абмеркавання сітуацыі ў падгрупах яе ўдзельнікі выступаюць з публічным спавешчаннем аб выніках зробленай працы.

Пасля кожнага выступу, адказаў на пытанні і іх абмеркавання трэнеры ўносяць карэктывы ў праслуханае спавешчанне, указваюць на магчымыя памылкі і падводзяць вынік у форме кароткай лекцыі-каментарыя (да 10 хв.). У ёй на прыкладзе прыведзенай сітуацыі выдзяляюць асноўныя недахопы прэзідэнцкай формы кіравання.

Напрыклад: «Аналізуючы гэтую выдуманую сітуацыю, мы без цяжкасці знаходзім слабыя звенні ў прэзідэнцкай сістэме. Па-першае, гэта засяроджанасць вялікай улады ў руках аднаго чалавека, ды яшчэ які атрымаў падтрымку большасці выбаршчыкаў, можа ператварыцца ў яго адзінаасобную дыктатуру.

Па-другое, у прэзідэнцкай сістэме павялічваецца верагоднасць канфліктаў паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі. Суперніцтва паміж імі можа перайсці тую мяжу, дзе яно з’яўляецца плённым, г.зн. служыць на карысць справе. Захопленыя барацьбой за паўнамоцтвы і прэрагатывы, прэзідэнт і парламент забываюцца на дзяржаўныя справы.

Па-трэцяе, дадзеная форма праўлення моцна залежыць ад інтэлектуальных, маральных і проста фізічных якасцей аднаго чалавека. Натуральныя слабасці і недахопы, якія можна дараваць у звычайным жыцці, могуць адыграць лёсаносную роль ў палітычным жыцці. Нечаканая хвароба прэзідэнта часам ставіць пад удар усю сістэму ўлады, якая склалася.”

Затым выкладчык робіць агульны вывад:

«Як бачым, і парламенцкая, і прэзідэнцкая рэспублікі маюць свае неаспрэчныя перавагі і свае відавочныя недахопы. Таму ў палітычнай практыцы часцей сустракаюцца не прэзідэнцкія і парламенцкія рэспублікі «ў чыстым выглядзе», а іх змяшаныя варыянты. Кожная дзяржава як бы «прымервае» розныя элементы той ці іншай формы праўлення і знаходзіць патрэбныя спалучэнні».

Пасля гэтага выкладчык пераходзіць да аналізу змешаных форм кіравання. Пажадана, каб навучэнцы прыйшлі да вываду, што для Беларусі аптымальнай з’яўляецца парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка.