Введение в общую теорию политики

Учебное пособие для филоматов.


Выбары і выбарчыя сістэмы

1. Навошта патрэбны выбары

2. Што такое выбарчае права

3. Удзел у выбарах: права ці абавязак?

4. Якімі павінны быць выбары?

5. Рэферэндум

6. Выбарчы працэс

7. Выбарчыя сістэмы

8. Некаторыя парады па арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній

9. Ці патрэбны кантроль за выбарчым працэсам?

Права выбару - адно з фундаментальных правоў чалавека. У арт. 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека адзначаецца: „Кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай беспасярэдна альбо праз пасярэдніцтва свабодна выбраных прадстаўнікоў. Воля народу павінна з’яўляцца асновай улады ўраду. Гэтая воля павінна знаходзіць сваё выражэнне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах, якія павінны праводзіцца пры ўсеагульным і роўным выбарчым праве шляхам тайнага галасавання ці іншых раўназначных формаў, якія забяспечваюць свабоднае галасаванне”.

Напэўна, кожны дарослы чалавек у сучасным грамадcтве ведае, што такое выбары. Адны заўсёды прымаюць у іх удзел, другія робяць гэта ад выпадку да выпадку, трэція назіраюць за гэтым працэсам з боку. Ва ўяўленні звычайнага грамадзяніна выбары часта зводзяцца да простай працэдуры запаўнення бюлетэню, якая - не больш, чым эпізод у іх паўсядзённым жыцці. Важнасць выбараў многія схільныя недаацэньваць. Ці справядліва гэта? Паспрабуем знайсці адказ на гэтае пытанне.

1. Навошта патрэбны выбары

Выбары - гэта юрыдычна ўзаконеная працэдура, у рамках якой грамадзяне вызначаюць, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў тых ці іншых органах улады. Але гэта не проста мерапрыемства, у працэсе якога высвятляецца, якія менавіта людзі зоймуць крэслы дэпутатаў, хто стане прэзідэнтам ці ўзначаліць мясцовую адміністрацыю. Іх палітычная місія значна шырэйшая.

Па-першае, выбары нараджаюць у выбаршчыкаў пачуццё прыналежнасці да палітыкі, да прыняцця палітычных рашэнняў. Выбары ўмацоўваюць веру простых грамадзян у тое, што яны маюць магчымасць кантраляваць урад і прыманыя ім рашэнні. Па жартаўлівай заўвазе Б.Шоу, „дэмакратыя - гэта вынаходніцтва, якое забяспечвае нам урад, якога мы заслугоўваем”. Іншымі словамі, у дэмакратычным грамадстве менавіта ад грамадзян залежыць тое, хто менавіта будзе кіраваць імі напрацягу пэўнага тэрміну. У рэшце рэшт, яны здольныя падтрымліваць у людзях пачуццё ўласнай грамадскай значнасці, і, значыць, пачуццё ўласнай годнасці.

Па-другое, выбары дапамагаюць людзям выказаць падтрымку ці расчараванне ў дачыненні да існуючага кіраўніцтва. Гэта легальная магчымасць заявіць аб сваёй згодзе ці нязгодзе з палітыкай, якая праводзіцца. Невыпадкова, многія тэарэтыкі дэмакратыі пішуць аб тым, што выбары - гэта адзін з самых надзейных сродкаў супраць пашырэння паўнамоцтваў улады: кожны выбраны на тую ці іншую пасаду пастаянна памятае, што яго чакае той „судны дзень”, калі яго будуць ацэньваць „шэраговыя” выбаршчыкі.

Па-трэцяе, выбары прадстаўляюць адну з найэфектыўнейшых магчымасцей палітычнай асветы насельніцтва. Калі на вачах выбаршчыкаў адбываецца грандыёзная гульня пад назвай „выбарчая кампанія”, ім прыходзіцца выслухваць палітычныя праграмы кандыдатаў і партый, супастаўляць іх і аналізаваць. Гэта дазваляе грамадзяніну, які сур’ёзна хоча ўдзельнічаць у палітыцы, значна папоўніць свае веды.

Па-чацвёртае, выбары вядуць і да палітычнага самавызначэння грамадзян, якія атрымліваюць магчымасць зразумець, якія лідэры, партыі ці грамадскія рухі найбольш блізкія ім па поглядах. Гэта асабліва важна ў так званых пераходных грамадствах, дзе яшчэ не склаліся традыцыі ўдзелу ў палітыцы, і грамадзяне не заўсёды могуць вызначыць сваю палітычную пазіцыю. Канечне, палітычнае самавызначэнне адбываецца не толькі падчас выбараў, аднак менавіта яны становяцца свайго роду каталізатарам гэтага працэсу.

Па-пятае, выбары з’яўляюцца адным з дакладнейшых барометраў грамадскай думкі. Калі яны праводзяцца ў адпаведнасці з дэмакратычнымі прынцыпамі (г.зн. сумленна і адкрыта), іх вынікі дазваляюць выявіць рэальную расстаноўку палітычных сіл у краіне, паказваюць, як ставяцца выбаршчыкі да той ці іншай партыі ці лідэра.

Нарэшце, выбары прадстаўляюць унікальную магчымасць беспасярэдніх зносін выбаршчыкаў з кандыдатамі, прадстаўнікамі партый і грамадскіх арганізацый, вядомымі лідэрамі.

Усе гэтыя меркаванні трэба прымаць пад увагу, калі вы вырашаеце, ці трэба ўдзельнічаць у выбарах. Іншым разам здаецца, што голас аднаго чалавека нічога не значыць. Але гэта далёка не так. З адзінак складаюцца сотні, тысячы і мільёны. Іншы раз ад аднаго ці двух галасоў залежыць канчатковы вынік выбараў. Кожны адказны грамадзянін павінен разумець, што, магчыма, менавіта яго голас і стане той апошняй кропляй, якая можа пераважыць вагі ў той ці іншы бок.

2. Што такое выбарчае права

Каб прымаць удзел у выбарах, неабходна валодаць выбарчым правам. Выбарчае права - гэта права грамадзяніна выбіраць і быць выбраным у дзяржаўныя органы. Выбарчае права бывае актыўным і пасіўным. Актыўнае выбарчае права азначае, што грамадзянін можа выбіраць і адклікаць дэпутатаў, удзельнічаць у рэферэндумах і плебісцытах („Я выбіраю”). Пасіўнае выбарчае права дапускае, што грамадзянін можа быць выбраны сам, заняць месца ў парламенце, органах мясцовай улады ці якім-небудзь іншым прадстаўнічым органе („Мяне выбіраюць”).

Цяпер у большасці краін свету дзейнічае выбарчае права. Аднак для яго зацвярджэння спатрэбілася доўгая, больш чым двухсотгадовая, барацьба. Так, у Нідэрландах у 1800 г. электарат уключаў усяго 12% насельніцтва, у 1890 г. - 27%, у 1900 г. - 63%. Нарэшце, усеагульнае выбарчае права было ўведзена ў гэтай краіне для мужчын у 1917 г., а для жанчын - у 1919 г.

Звернем увагу і на тое, што да пачатку ХХ стагодздзя правам голасу валодалі выключна мужчыны. Дэмакратыя - дастаткова старадаўняя форма кіравання, аднак да нядаўняга часу яна насіла выключна „мужчынскі характар”. У ЗША жанчыны атрымалі выбарчае права толькі ў 1920 г., у Францыі ў 1944 г., у Італіі 1945 г., у Грэцыі ў 1956 г., а ў Швейцарыі жанчыны не ўдзельнічалі ў выбарах да 1971 году.

Трэба адзначыць, што і сёння існуюць абмежаванні ва ўсеагульным выбарчым праве практычна ва ўсіх краінах. Падобныя абмежаванні прынята называць цэнзамі, многія з якіх дыктуюцца звычайнай жыццёвай логікай. Гэта тычыцца, напрыклад, узроставага цэнзу, які ўстанаўлівае, з якога ўзросту чалавек можа карыстацца актыўным і пасіўным выбарчым правам.

Цэнз грамадзянства ўтрымлівае патрабаванне з’яўляцца грамадзянінам дадзенай дзяржавы. Гэта азначае, што замежнікі, а таксама асобы, якія жывуць у гэтай краіне, але не атрымалі грамадзянства гэтай краіны, да выбараў не дапускаюцца.

Цэнз аседласці дапускае, што правам удзелу ў выбарах могуць валодаць толькі тыя, хто жыве ў краіне напрацягу пэўнага часу. Гэты перыяд можа вагацца ў межах ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. Цэнз аседласці перш за ўсё абмяжоўвае права эмігрантаў, г.зн. асоб, якія прыязджаюць у краіну ў пошуках працы, на атрыманне адукацыі і г.д.

У шэрагу краін існуюць і іншыя цэнзы - маёмасныя (напрыклад, забарона на ўдзел у выбарах чалавека, які збанкрутаваў), маральныя (забарона на ўдзел у выбарах асоб, якія пазбаўленыя волі за здзяйсненне злачынстваў), адукацыйны цэнз (патрабаванне да кандыдатаў на выбарчыя пасады мець неабходны ўзровень адукацыі) і інш.

3. Удзел у выбарах: права ці абавязак?

Пытанне аб удзеле ці няўдзеле ў палітыцы далёка не заўсёды ўваходзіць у кола натуральных жыццёвых праблем звычайнага чалавека. Часта мы сутыкаемся з тым, што ён разглядае палітыку ўвогуле і выбары ў прыватнасці як сферу, дзе „ад яго ўсё роўна нічога не залежыць”. У апошнія гады Беларусь, як і іншыя постсавецкія краіны, сутыкнулася з тым, што часта палова і больш дарослага насельніцтва адмаўляюцца здзяйсняць палітычны выбар. Няўдзел грамадзян у галасаванні называецца абсентэізмам.

Перш за ўсё заўважым, што сам па сабе факт абсентэізму нельга ацэньваць адназначна адмоўна. Нагадаем, што ўдзел у палітыцы - гэта перш за ўсё канстытуцыйнае права грамадзяніна. Наша нядаўняя гісторыя пераконвае нас у тым, што прымусовы пагалоўны ўдзел у тых самых выбарах на справе аказваўся амаль поўным няўдзелам. Разам з тым, нельга проста ігнараваць тое, што многія людзі зусім адмаўляюцца ад выканання свайго грамадзянскага абавязку. Таму ў некаторых краінах галасаванне на выбарах разглядаецца як грамадзянскі абавязак. Напрыклад, у Аўстраліі, Грэцыі, Чылі выбаршчыкі, якія не прынялі ўдзелу ў галасаванні, падвяргаюцца штрафам. У Італіі ўхіленне ад выбараў без уважлівых на тое прычын фіксуецца ў судовых органах напрацягу 5 гадоў, апрача таго, мэрам камуны складаюцца адпаведныя спісы грамадзян, якія вывешваюцца для ўсеагульнага аглядання. Гэта свайго роду маральнае пакаранне несвядомых грамадзян, якое не цягне за сабой нейкай матэрыяльнай, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.

Заўважым, што людзі, ігнаруючыя выбары, зусім не з’яўляюцца нейкай маналітнай масай. Іх матывы няўдзелу могуць быць розныя. Назавём тыповыя.

Па-першае, ёсць людзі, якія аб выбарах практычна нічога не ведаюць і ў палітыцы не разбіраюцца. Іх можна назваць інфантыльнымі грамадзянамі, маючы на ўвазе зусім не іх ўзрост, а тое, што яны паводзяць сябе як дзеці. У зменах іх паводзінаў пэўную ролю можа адыграць палітычная асвета, якая павінна праводзіцца сістэматычна, а не за тры тыдні да выбараў.

Па-другое, нямала грамадзян, якія шчыра лічаць, што ад іх нічога ў палітыцы не залежыць і залежаць не будзе. „Усё роўна падмануць”, „а што я магу зрабіць адзін?” - такія тыповыя адказы тых, каго можна назваць фаталістамі. Адразу заўважым, што змяніць такога роду матывацыю вельмі цяжка.

Па-трэцяе, існуюць так званыя забыўлівыя грамадзяне - тыя, для каго выпадковыя абставіны (кепскае ці, наадварот, добрае надвор’е, цікавы фільм, паездка на дачу) становяцца перашкодай для ўдзелу ў выбарах. Канечне, іх можна і трэба пераконваць у тым, што ўдзел у выбарах - сур’ёзная, адказная справа. Іншым разам сваечасовы напамін аб даце выбараў можа істотна паўплываць на яўку выбаршчыкаў.

Па-чацвёртае, ёсць людзі, якія свядома, рацыянальна і аргументавана адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах. „Палітыка - брудная справа” — гэты вядомы выраз мог бы стаць іх лозунгам. Асаблівасць гэтай групы ў тым, што тут нямала людзей, якія добра разбіраюцца ў палітыцы. Яны могуць шмат і з ахвотай разважаць пра яе, але на практыцы рэдка мяняюць свае палітычныя паводзіны.

Па-пятае, існуюць так званыя і расчараваныя грамадзяне. Гаворка вядзецца пра тых, якія проста не знаходзяць свайго кандыдата. Яны не адмаўляюць выбары як такавыя, а, наадварот, былі б гатовыя прыняць у іх удзел, калі б знайшлі ў спісах прэтэндэнтаў чалавека ці партыю, чыя пазыцыя аказалася б для іх блізкай.

Падобная тыпалогія, вядома, не раскрывае ўсіх магчымых матываў няўдзелу ў выбарах. Але яна можа прынесці і карысць, у прыватнасці тым, хто хацеў бы прысвяціць сябе грамадскай дзейнасці і навучыцца пераконваць людзей прымаць удзел у выбарах. Разуменне матываў - неабходная ўмова для пошуку пераканаўчых аргументаў.

4. Якімі павінны быць выбары?

Ці заўсёды выбары бываюць сумленнымі і справядлівымі? Нажаль, адказаць на гэтае пытанне адназначна станоўча нельга. Гэта не можа не хваляваць сусветную грамадскасць. За апошнія некалькі дзесяткаў год у свеце выпрацаваныя так званыя міжнародныя стандарты сумленных і справядлівых выбараў.

У адпаведнасці з імі выбары павінны быць усеагульнымі, роўнымі, справядлівымі, тайнымі, свабоднымі, адказнымі, адкрытымі. За кожным з гэтых слоў хаваецца вельмі канкрэтны змест.

Прынцып усеагульнасці разумеецца як забеспячэнне свабоднага доступу да рэгістрацыі як выбаршчыкаў, так і кандыдатаў. Гэта не значыць, што з гэтага правіла ўвогуле не павінна быць выключэнняў (мы ўжо казалі аб выбарчых цэнзах). Аднак адмова ў рэгістрацыі можа здзяйсняцца толькі ў рамках закону, а не па жаданні асобных людзей.

Прынцып роўнасці дапускае, што ўсе галасы выбаршчыкаў маюць роўную вагу для забеспячэння роўнага прадстаўніцтва. Выбарчыя акругі павінны стварацца такім чынам, каб кожны дэпутат выбіраўся прыблізна роўнай колькасцю жыхароў ці выбаршчыкаў. Зразумела, напрыклад, што калі ў дзвух побач размешчаных акругах выбіраецца па адным дэпутаце, але ў першай акрузе налічваецца 50, а ў другой 70 тыс. жыхароў, то вага галасоў выбаршчыкаў у гэтых акругах будзе рознай. Па міжнародных стандартах, розніца ў колькасці выбаршчыкаў у акругах не павінна складаць больш 10%.

Прынцып справядлівасці дапускае роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу. Кожны выбаршчык павінен мець роўны доступ да інфармацыі аб кожным кандыдаце. З іншага боку, кожнаму кандыдату ці партыі павінны быць забяспечаны роўныя стартавыя магчымасці і ў сэнсе фінансавых рэсурсаў, і ў сэнсе распараджэння такімі рэсурсамі, як сродкі масавай інфармацыі, арганізацыя сустрэч з выбаршчыкамі, распаўсюджанне рэкламнай прадукцыі (лістовак, газет і інш.).

Прынцып выканання тайны галасавання можа быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі выбаршчык апускае бюлетэнь без пабочнай прысутнасці, у зачыненай выбарчай кабіне і пры ўмове, што ніхто не можа зафіксаваць тое, як ён запоўніў бюлетэнь. Любая пазнака ў бюлетэні, якая не пазначаная ў правілах, павінна выклікаць у выбаршчыка трывогу: бо менавіта па ёй можна будзе пасля адсачыць яго выбар.

Прынцып свабоды павінен забяспечыць грамадзянам права зрабіць свой выбар без запалохвання і шантажу. Ён таксама прадугледжвае, што права грамадзян на самавыражэнне, свабоднае волевыяўленне, свабоду сходаў і асацыяцый будзе выконвацца напрацягу ўсяго выбарчага працэсу. Рэалізацыя прынцыпу свабоды забяспечвае рэальную канкурэнцыю на выбарах. Апошняя вызначаецца не толькі (а іншы раз і не столькі) колькасцю кандыдатаў, колькі наяўнасцю розных палітычных пазыцый і платформ, прадстаўленасцю розных палітычных сіл.

Прынцып адказнасці патрабуе, каб удзельнікі выбарчага працэсу пагадзіліся прыняць іх вынікі ў тым выпадку, калі выбары праводзіліся без грубых парушэнняў. У гэтым сэнсе арганізатары кампаніі нясуць адказнасць за прадстаўленне дакладных дадзеных аб выніках выбараў. Апрача таго, гэты прынцып утрымлівае ў сабе і маральны аспект: усе выбраннікі, уступаючы на пасаду, павінны прызнаць сваю адказнасць перад выбаршчыкамі. Невыпадкова прыктычна ўсе выбраныя прэзідэнты даюць клятву, у якой абяцаюць сумленна і аддана служыць свайму народу. Канечне, далёка не заўсёды яна выконваецца, але ў тэксце клятвы сканцэнтраваны спадзяванні грамадства на справядлівае кіраўніцтва. Апрача таго, сучасная дэмакратыя выпрацавала і розныя механізмы грамадскага кантролю за дзейнасцю выбраннікаў.

Прынцып адкрытасці дапускае правядзенне выбараў у адпаведнасці з законам і пад кантролем грамадства. Здзяйсняць кантроль могуць як прадстаўнікі міжнародных арганізацый - ААН, АБСЕ і інш., так і прадстаўнікі грамадскасці той краіны, у якой праводзяцца выбары. Невыпадкова Капенгагенскі дакумент, прыняты на другім паседжанні АБСЕ ў 1992 годзе, абвяшчае, што прысутнасць замежных і мясцовых назіральнікаў можа паспрыяць большай справядлівасці выбарчага працэсу. Такім чынам, назіранне за выбарамі прызнана як эфектыўная і каштоўная паслуга, якую дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ забяспечваюць для ўзмацнення і развіцця дэмакратычнага кіравання.

5. Рэферэндум

Рэферэндум - гэта беспасярэдні зварот да выбаршчыкаў для прыняцця рашэння па якім-небудзь унутры- ці знешнепалітычным пытанні. Калі выбары - гэта механізм прадстаўнічай дэмакратыі, то рэферэндум - элемент беспасярэдняй дэмакратыі.

На першы погляд можа падавацца, што менавіта на рэферэндуме і здзяйсняецца самае свабоднае волевыяўленне народу. Тут людзі самі кажуць сваё „так” ці „не” па канкрэтным пытанні. Але практыка паказвае, што ацаніць рэферэндум выключна як станоўчую з’яву было б няправільна. Больш узважаны падыход да рэферэндуму прымушае ўлічваць: першае, ягоны характар, і другое, кім ініцыюецца яго правядзенне. У першым выпадку рэферэндум можа мець рэкамендацыйны ці абавязковы характар. Значыць, яго вынікі могуць выступаць альбо як апытанне грамадскага меркавання, да якога неабходна прыслухоўвацца, альбо як рашэнне, якое павінна набыць сілу закону. Рэкамендацыйны характар насілі вынікі рэферэндуму ў СССР у 1991 г., калі яго насельніцтва выказалася адносна працягу існавання СССР. Абавязковы характар меў рэферэндум у Расіі ў снежні 1993 г. па зацвярджэнні Канстытуцыі.

У другім выпадку ініцыятыва аб правядзенні рэферэндуму можа зыходзіць ад розных суб’ектаў. Ён можа быць ініцыяваны афіцыйнымі асобамі ці структурамі (прэзідэнтам, парламентам, групай дэпутатаў) ці беспасярэдне пэўнай колькасцю грамадзян (Швейцарыя, Італія, ЗША). Часцей за ўсё рашэнні, прынятыя ў ходзе народнай ініцыятывы (вынікі рэферэндуму) падлягаюць зацвярджэнню ў парламенце.

Гэты спосаб прыняцця рашэнняў мае не толькі свае перавагі, але і свае слабыя бакі.

Па-першае, вялікая колькасць тых, хто не ўдзельнічае ў рэферэндуме, і таму нават пасля яго правядзення нельга сцвярджаць, што рашэнне было менавіта ўсенародным. Між тым, нават нязначная перавага часта дае падставы палітыкам спасылацца на „ўсенароднасць” рашэння і дзейнічаць ад імя ўсяго народу.

Па-другое, грамадскае меркаванне часта бывае непастаянным. Яно можа хутка змяняцца. Бывае так, што вынікі рэферэндуму перастаюць адпавядаць настроям вялікай часткі грамадства ўжо праз невялікі прамежак часу. Такія змены асабліва заўважныя ў краінах, якія перажываюць складаныя трансфармацыі, і менавітатаму ў гэтых умовах карыстацца інстытутам рэферэндуму неабходна вельмі асцярожна, бо існуе вялікая спакуса многіх палітыкаў адыграцца на эмоцыях народу. Мы шмат разоў былі сведкамі таго, калі прымаліся такія рашэнні, аб якіх пасля шкадавалі.

Па-трэцяе, пытанні, якія выносяцца на рэферэндум, могуць быць сфармуляваныя такім чынам, што людзі далёка не заўсёды разумеюць, за што менавіта яны галасуюць. Таму павінен існаваць пэўны грамадскі кантроль і экспертаванне пытанняў, якія выносяцца на рэферэндум. Разважлівасць і асцярожнасць — неабходныя якасці для грамадзян, якія вырашаюць сваю будучыню на рэферэндуме. Бо цяжка сумнявацца ў тым, што ўсякі ўрад, ініцыюючы рэферэндум, стараецца паставіць пытанні так, каб атрымаць патрэбны для сябе вынік. Невыпадкова кажуць, што рэферэндумы распачынаюцца не дзеля таго, каб іх прайграваць. Скажам, калі на рэферэндум выносяцца змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, то грамадзянам прапаноўваецца толькі падтрымаць ці не ўжо загадзя напісаны дакумент.

Гэтыя меркаванні пераконваюць нас у тым, што захапленне беспасярэдняй дэмакратыяй можна было б назваць палітычнай наіўнасцю. Беспасярэдняя дэмакратыя, даведзеная да абсурду, прыводзіць іншы раз да самых непажаданых наступстваў. Думаецца, што ў бліжэйшы час развіццё сусветных інфармацыйных сетак зробіць рэальна магчымым правядзенне рэферэндумаў шляхам націскання клавіш хатняга кампутару. Але ці будзе такая сітуацыя нармальнай? Гэтае пытанне цалкам можа стаць прадметам дыскусіі. Не будзем толькі забывацца, што напрацягу вельмі кароткага часу людзі пад уплывам імгненных настрояў (гнеў, абурэнне, страх) могуць прыняць драматычнае, а іншым разам і фатальнае, для краіны рашэнне.

Гаварыць аб недахопах рэферэндуму - зусім не значыць адмаўляць яго. Не трэба забывацца, што ўсё-такі ў працэсе ўсенароднага галасавання грамадзяне атрымліваюць рэдкую магчымасць выразіць сваю волю наўпрост, без пасярэднікаў, выступіць вышэйшым арбітрам у спрэчцы між галінамі ўлады, калі развіццё падзей, здавалася б, заходзіць у тупік. Нарэшце, рэферэндум нараджае грамадскую дыскусію, у ходзе якой людзі імкнуцца разабрацца ў складаных палітычных пытаннях.

Плюсы і мінусы рэферэндуму, безумоўна, павінны ўлічвацца ў палітычнай практыцы. Аб іх павінны памятаць і тыя, хто ініцыюе ўсенароднае галасаванне, і тыя, хто яго арганізоўвае, і тыя, хто ў ім удзельнічае. Калі рэферэндум праводзіцца ў строгай адпаведнасці з законам, калі пры яго падрыхтоўцы вядзецца шырокая тлумачальная праца, калі прадстаўляецца магчымасць свабодна выказваць розныя пункты погляду, рэферэндум можа быць карысным.

6. Выбарчы працэс

Выбарчым працэсам мы называем дзеянні ўсіх палітычных суб’ектаў, якія так альбо інакш звязаныя з выбарамі. Увесь выбарчы працэс можна ўмоўна падзяліць на тры стадыі.

1. Стадыя падрыхтоўкі, куды ўключаюцца такія дзеянні, як прызначэнне даты выбараў, стварэнне выбарчых акругаў і выбарчых камісій (тэрытарыяльных, акруговых, участковых), стварэнне спісаў выбаршчыкаў, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў.

2. Выбарчая кампанія, якая ўключае агітацыйна-прапагандыстскія дзеянні кандыдатаў ці палітычных партый, што ўдзельнічаюць у выбарах.

3. Галасаванне, падлік галасоў, агульнае падвядзенне вынікаў.

Кожная з гэтых стадый аднолькава важная. Тым, хто збіраецца ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, важна ўважліва паставіцца да кожнага з пералічаных дзеянняў, звяртаць увагу на іх адпаведнасць заканадаўству.

Выбарчы працэс ва ўсіх краінах заканадаўча рэгламентуецца. У аснове такой рэгламэнтацыі звычайна ляжаць тры прынцыпы:

- забеспячэнне роўнасці магчымасцей (прадстаўленне роўнага ліміту выдаткаў, абмежаванне сумы прыцягнутых сродкаў, роўны доступ да СМІ і інш.),

- прынцып лаяльнасці (абавязак весці сябе лаяльна ў дачыненні да праціўніка),

- прынцып нейтралітэту дзяржаўнага апарату.

Асаблівую ўвагу ў выбарчым працэсе трэба звярнуць на перадвыбарчую кампанію. У нечым яна нагадвае рынак, дзе ёсць свой прадавец (кандыдат), пакупнік (выбаршчык), тавар (праграмы, ідэі, платформы), дзе дзейнічае і свая грашовая адзінка - галасы выбаршчыкаў. Многім пачынаючым палітыкам здаецца, што існуе нейкая таямніца ці магічная формула, даведаўшыся якую можна заўсёды і паўсюль з лёгкасцю выйграваць выбары. Між тым, досвед паказвае, што пошук падобнай таямніцы такі ж бясплённы, як пошукі формулы золата сярэдневяковымі алхімікамі. Канечне, у выбарчай кампаніі іншы раз выпадкова шанцуе і можна атрымаць перамогу. Аднак сапраўдны поспех чакае тых, хто вучыцца разумець законы палітыкі, правільна выкарыстоўвае палітычныя тэхналогіі, чуйна ставіцца да «попыту» і «прапановы» і не баіцца цяжкай і маруднай працы.

7. Выбарчыя сістэмы

Для таго, каб лепей арыентавацца ў выбарчым працэсе (што неабходна ў роўнай ступені і выбаршчыку, і тым больш кандыдату), трэба разумець, што многія яго асаблівасці звязаныя з тым, у рамках якой выбарчай сістэмы адбываюцца выбары. Выбар той ці іншай выбарчай сістэмы афармляецца заканадаўча. Ад яе залежыць не толькі фіксацыя правілаў, па якім будзе адбывацца вылучэнне кандыдатаў, агітацыя і галасаванне, але і варыянты фарміравання органаў улады, колькасць і актыўнасць партый у краіне, развіццё палітычнага працэсу ў цэлым.

Выбарчыя сістэмы ў залежнасці ад спосабу галасавання падзяляюцца на мажарытарныя і прапарцыянальныя.

Пры мажарытарнай (ад слова majorite - большасць) выбарчай сістэме (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя) ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. І, значыць, вылучэнне кандыдатаў адбываецца ў акругах, на якія разбіваецца краіна. Пераможцам становіцца кандыдат, які атрымаў большасць галасоў выбаршчыкаў. Мажарытарныя сістэмы могуць быць абсалютнай ці адноснай большасці. Сістэма абсалютнай большасці патрабуе, каб кандыдат набраў падчас выбараў 50% галасоў выбаршчыкаў плюс адзін голас. Калі гэтага не адбываецца, то прызначаецца другі тур выбараў, у якім супернічаюць кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў у першым туры. Як правіла, сістэма абсалютнай большасці дапускае двухтуравыя выбары, бо практычна мала хто з кандыдатаў здольны карыстацца такой значнай падтрымкай выбаршчыкаў, якая дазваляе яму „пераскочыць планку” 50% з першай спробы. У большасці краін, прымяняючых сістэму абсалютнай большасці, у другім туры дастаткова атрымаць адносную (ці простую) большасць галасоў. Калі заканадаўства прадугледжвае атрыманне кандыдатам абсалютнай большасці галасоў і ў другім туры, то часцей за ўсё вынікам гэтага становяцца працяглыя давыбары, узрослы абсентэізм і „неўкамплектаваныя” цалкам органы ўлады, як гэта было ў Беларусі ў перыяд выбараў у Вярхоўны Савет 13 склікання ў 1995-1996 гг.

Сістэма адноснай большасці (ЗША, Вялікабрытанія) дазваляе вызначыцца пераможцу ў першым туры, ім становіцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў у параўнанні з іншымі кандыдатамі. Пры гэтым у некаторых краінах устанаўліваецца неабходны мінімальны працэнт удзелу выбаршчыкаў у выбарах для таго, каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, а ў іншых краінах гэтая ўмова адсутнічае.

Прапарцыянальная выбарчая сістэма (Іспанія, Швейцарыя, Нідэрланды, Чэхія і інш. краіны) заснавана на галасаванні не за канкрэтнага кандыдата, а за спіс кандыдатаў - прадстаўнікоў канкрэтнай партыі. І ў гэтым выпадку для ўсіх выбаршчыкаў краіна становіцца быццам бы адзінай акругай, у якой супернічаюць палітычныя партыі. Гэтая сістэма, безумоўна, дапускае не толькі наяўнасць партый, але і некаторую гатоўнасць выбаршчыкаў да аналізу іх палітычных праектаў у рамках існуючага палітычнага спектру.

Сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва ў розных краінах адрознівае разнастайнасць варыянтаў размеркавання мандатаў у адпаведнасці з колькасцю галасоў, атрыманых партыямі. Напрыклад, прынцып акруглення колькасці галасоў (Нідэрланды), дзельнікаў ці каэфіцыентаў (Польшча), „найбольшай сярэдняй” (Швейцарыя) і г.д. Спісы прэтэндэнтаў часцей за ўсё складаюцца ў адпаведнасці з рангам кандыдатаў і чарговасцю атрымання імі мандатаў па выніках выбараў. Колькасць мандатаў у розных акругах, як правіла, зыходзіць з колькасці жыхароў ці выбаршчыкаў адпаведнай акругі. Для большага ўліку меркаванняў выбаршчыкаў пры размеркаванні мандатаў у некаторых краінах, напрыклад, у Польшчы, выбаршчык мае права рабіць адзнаку ў выбарчых бюлетэнях насупраць прозвішча пажаданага кандыдата (прэферэнтнае галасаванне).

Пры супастаўленні дзвух прапарцыянальных сістэм лагічна ўзнікае пытанне аб тым, якая ж сістэма найбольш аптымальна адлюстроўвае меркаванні грамадзян, і ад чаго залежыць выбар той ці іншай сістэмы? Кожная з іх мае свае перавагі і недахопы. Агульнапрызнана, што краіны, набываючы досвед дэмакратычныхвыбараў, стараюцца ўдасканальваць свае выбарчыя сістэмы. Гэта ў свой час рабілі Францыя, ФРГ, Італія, Польшча і інш. Сёння многія з краін таксама стаяць на парозе рэфарміравання выбарчага заканадаўства.

Часткова некаторыя праблемы ўдаецца вырашыць у рамках змяшанай выбарчай сістэмы, якая заснавана на прымяненні прынцыпаў і мажарытарнай, і прапарцыянальнай сістэм (ФРГ, Італія, Расія, Польшча, Венгрыя, Балгарыя). Апрача таго, ў розных краінах зацвердзілася практыка змяшанага прымянення выбарчых сістэм да выбараў прэзідэнта, парламенту (у тым ліку і ў дачыненні да выбараў у ніжнія і верхнія палаты парламентаў), мясцовых органаў улады. Так, напрыклад, у Польшчы і ў Расіі прэзідэнта выбіраюць па мажарытарнай сістэме, а ніжнюю палату парламенту - па змяшанай.

Выбар спосабу галасавання шмат у чым залежыць ад традыцый, палітычнай культуры той ці іншай краіны, ад яе дзяржаўнага ўладкавання (унітарнасць, федэралізм, мультыкультурнасць), а таксама ад формы кіравання. Не трэба, аднак, забывацца, што на гэты выбар можа актыўна паўплываць палітычная кан’юнктура і расстаноўка палітычных сіл, асабліва ў пераходныя перыяды.

Вядомы французскі палітолаг М.Дзювержэ, супастаўляючы дзве выбарчыя сістэмы, сфармуляваў сацыялагічныя законы, якія даюць нам панараму магчымага функцыянавання палітычнай сістэмы ў цэлым. Схематычна гэтыя законы выглядаюць наступным чынам:

1. Прымяненне мажарытарнай сістэмы адноснай большасці, калі выбары праходзяць у адзін тур, спрыяе ўстанаўленню ў краіне дзвухпартыйнасці (біпартызму), як у Англіі ці ЗША. Гэта можна растлумачыць наступным чынам. Для таго, каб забяспечыць сабе перамогу, партыі вымушаныя нарошчваць сілу, валодаць значнай падтрымкай выбаршчыкаў. Асабліва гэта тычыцца Англіі, дзе дзейнічае прынцып „пераможца атрымлівае ўсё”. Выбаршчыкі ў гэтым выпадку аддаюць перавагу партыі, якая мае рэальны шанс выйграць, нават калі іхныя сімпатыі на баку маленькай партыі, якая не мае, аднак, рэальных шансаў на поспех. Пры гэтым, пры парламенцкай форме кіравання прынцып адноснай большасці дае моцны ўрад, бо перамагае вялікая і ўплывовая партыя, якая яго і фарміруе. Аднак, існуюць перасцярогі рэзкай змены курсу ў выпадку прыходу да ўлады іншай партыі.

Для прэзідэнтцкай формы праўлення з мажарытарнай сістэмай адноснай большасці (ЗША) характэрныя, як правіла, моцны прэзідэнт і парламент, незалежнасць галін улады. Аснова стабільнасці такой сістэмы ва ўменні знаходзіць кампрамісы паміж парламентам і прэзідэнтам, асабліва ў тым выпадку, калі прэзідэнт і большасць у парламенце прадстаўляюць сабой розныя палітычныя сілы. Часта гэта прыводзіць да аслаблення палітычных партый, да ўзнікнення інстытуту пасярэднікаў у кантактах між прэзідэнтам і парламентам, узмацнення ўплыву груп ціску (лобі), арыентацыі на пэўныя асобы.

2. Мажарытарныя выбары ў два туры (Францыя) прыводзяць да стварэння дзвух партыйных кааліцый.

3. Прапарцыянальная сістэма спрыяе зацвярджэнню шматпартыйнасці, што асабліва карысна для існавання мноства дробных партый, для павелічэння прадстаўнічасці розных груп і інтарэсаў. У той самы час прапарцыянальная сістэма з удзелам малых партый вымушае ўрад да пошуку кааліцый, якія не заўсёды аказваюцца доўгачасовымі. Гэтая сістэма пажаданая для поліэтнічнага, мультысацыяльнага асяроддзя.

Каб пазбегнуць надзвычай шматлікага прадстаўніцтва дробных партый, краіны вымушаныя ўводзіць так званую выбарчую квоту, мінімальны працэнт галасоў, неабходных для атрымання партыяй мандату (прыблізна 3-5% у розных краінах).

4. Прэзідэнцкая форма з прапарцыянальным прадстаўніцтвам (большасць дзяржаў Усходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі) - найменш устойлівая камбінацыя. Партыйнай большасці ў парламенце не патрэбна асабліва кааліцыя, бо ўрад фарміруе прэзідэнт. Прэзідэнт павінен мець падтрымку парламенту. Але парламент не нясе адказнасці за дзейнасць ураду і не абавязаны яго падтрымліваць. Наадварот, часцей за ўсё кожная з галін улады займаецца пошукам вінаватага. Вельмі частыя канфлікты і „высвятленні” адносінаў, дзяленне ўлады. Прэзідэнт рэдка выяўляе здольнасць знаходзіць кампраміс з парламентам. Таму магчымае прымяненне сілавых метадаў, якое вядзе да заняпаду дэмакратычных інстытутаў і страты аўтарытэту парламенту ці дэмакратычных інстытутаў у цэлым. Шмат што ў гэтай сітуацыі залежыць ад асабістых якасцей лідэраў і здольнасці эліты пераадолець крызіс ўлады.

Дзве сістэмы, такім чынам, адрозніваюцца спосабам фарміравання парламенцкай большасці, якая заўсёды неабходна для эфектыўнай і стабільнай працы ўраду. Партыя, якая перамагла на выбарах (аднак практычна ніколі не маючая абсалютнай большасці), вымушана ствараць яе, альбо з дапамогай так званай „прэміі” большасці (добраахвотнай перадачы ёй часткі галасоў меншасці), як, напрыклад, адбываецца ў Вялікабрытаніі; альбо наладзіць супрацоўніцтва на падставе кааліцыі, напрыклад, у Францыі, Германіі і г.д.. Першы варыянт звычайна характэрны для мажарытарных сістэм, а другі - для прапарцыянальных.

8. Некаторыя парады па арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній

Такім чынам, вызначыўшы прастору, у якой нам трэба будзе дзейнічаць, мы можам вырашаць канкрэтныя пытанні аб арганізацыі выбараў. Арганізацыяй і правядзеннем выбарчых кампаній звычайна займаюцца спецыялісты - так званыя палітычныя тэхнолагі. Аднак далёка не кожны кандыдат, асабліва ў нашых умовах, можа дазволіць сабе карыстацца паслугамі такога роду. Таму шмат чаму ў выбарчай кампаніі прыходзіцца вучыцца самім на практыцы.

У рамках дадзенага падручніка немагчыма выкласці ўсе дэталі і нюансы выбарчых тэхналогій. Аднак мы можам, улічваючы беларускі палітычны досвед (выбары па мажарытарнай сістэме!), сфармуляваць тое, што трэба рабіць і чаго трэба пазбягаць у перадвыбарчай кампаніі.

Такім чынам, у перадвыбарчай кампаніі неабходна:

1. Выбраць выбарчую акругу на падставе яе экспертызы. Для гэтага вам неабходна мець максімальна поўную інфармацыю аб выніках папярэдніх галасаванняў у дадзенай акрузе, аб кандыдатах, якія перамаглі і прайгралі, аб палітычных настроях грамадзян і сацыяльных праблемах.

2. Стварыць штаб выбарчай кампаніі і дакладна размеркаваць абавязкі. У штаб як мінімум павінны ўвайсці: мэнэджэр кампаніі, адказны за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне кампаніі, палітычны кансультант, адказны за працу з валанцёрамі.

3. Мець і ведаць выбарчае заканадаўства і каляндар правядзення выбарчых кампаній.

4. Мець карту акругі, з дапамогай якой размяркоўваюцца ўчасткі працы валанцёраў і вызначаюцца месцы правядзення агітацыйных мерапрыемстваў (пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі і інш.).

5. Скласці сеткавы графік кампаніі (гл. дадатак).

6. Мець неабходны набор агітацыйных матэрыялаў: лістоўка-біяграфія, лістоўка-праграма, лістоўка для расклейвання, лістоўка-напамін аб дні выбараў.

7. Падабраць каманду валанцёраў і навучыць іх асноўным правілам паводзінаў і вядзення агітацыйнай працы.

8. Арганізаваць маніторынг грамадскага меркавання (бліц-апытанні, тэлефонныя апытанні).

9. Арганізаваць пастаянны кантроль за дзеяннямі валанцёраў.

10. Арганізаваць назіранне за галасаваннем у дзень выбараў.

Досвед правядзення выбарчых кампаній таксама паказвае, што кандыдаты і іх каманды часта здзяйсняюць тыповыя памылкі. Сярод іх:

1. Выбар акругі па выпадковых ці суб’ектыўных падставах. Так часта кандыдат перабольшвае сваю вядомасць у акрузе ці мяркуе аб сацыяльна-дэмаграфічным складзе выбаршчыкаў па сваім доме альбо двары.

2. Падбор членаў штабу з ліку блізкіх сяброў і сваякоў, ад якіх часам бывае цяжка патрабаваць дакладнага выканання сваіх абавязкаў.

3. Адсутнасць дакладнага размеркавання ролей, калі ўсе займаюцца ўсім, а ў выніку, ніхто не займаецца нічым.

4. Спробы кандыдата праводзіць, кантраляваць сваю выбарчую кампанію і тым самым дублірваць працу штабу. Гэта не толькі павялічвае нагрузку на кандыдата, але і часта прыводзіць да канфліктаў у камандзе.

5. Ігнарыраванне магчымасцей сацыялагічных апытанняў, калі аб настроях выбаршчыкаў мяркуюць па суб’ектыўных адчуваннях („сярод маіх знаёмых усе будуць галасаваць за нашага кандыдата!”).

6. Уяўленне аб тым, што агітацыя не павінна быць занадта актыўнай. У членаў каманды часта існуе ілюзія, што выбаршчык „перакормлены” лістоўкамі і іншымі перадвыбарчымі матэрыяламі. Практыка паказвае, што гэта далёка не так.

7. Адсутнасць кантролю за працай валанцёраў. Паведамленне аб тым, што іх праца пракантралірвана з дапамогай тэлефонных ці іншых выбарачных апытанняў стварае дадатковую матывацыю да добрасумленнага выканання імі абавязкаў.

8. Ігнарыраванне некаторых, на першы погляд дробных, фармальных патрабаванняў у правядзенні выбарчай кампаніі, такіх як своечасовая падача тых альбо іншых дакументаў, памылкі ў афармленні падпісных лістоў і інш.

9. Ці патрэбны кантроль за выбарчым працэсам?

Агульнавядома, што ў многіх краінах выбары праводзяцца пры дасканалым кантролі з боку самай шырокай грамадскасці. Чаму такі кантроль неабходны?

Іншы раз кажуць аб тым, што неабходнасць падобнага кантролю хаваецца ў самой прыродзе чалавека, які па натуры сваёй паддадзены спакусе атрымаць перавагу, якую не заслугоўвае. Канечне, гэта пытанне філасофскае, а значыць і спрэчнае. Аднак цяжка адмаўляць той факт, што гісторыя фальсіфікацый у ходзе выбараў і ў працэсе падліку галасоў з’яўляецца такой жа даўняй, як і гісторыя саміх выбараў. Менавіта таму існуе неабходнасць забяспечыць прызнанне і павагу да вынікаў выбараў як з боку грамадзян дадзенай краіны, так і з боку сусветнай супольнасці. Толькі тады, калі выбары прызнаныя сумленнымі і справядлівымі, з іх вынікам будуць згодныя і пераможцы, і пераможаныя.

Кантроль за правядзеннем і ходам выбараў можа ажыццяўляцца па-рознаму. Так, наяўнасць у краіне свабодных СМІ можа лічыцца адной з гарантый таго, што парушенні ў ходзе выбарчага працэсу будуць выяўленыя і абнародаваныя. Іншым разам, менавіта дзеянні СМІ прыводзяць да таго, што вынікі выбараў могуць быць аспрэчаны і адменены.

Другім спосабам кантролю можа лічыцца фарміраванне выбарчых камісій з прадстаўнікоў розных палітычных партый, як, напрыклад, у Польшчы. Менавіта яны здзяйсняюць узаемнае назіранне за дзейнасцю адзін аднаго і тым самым забяспечваюць роўныя магчымасці для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

Апрача гэтага існуе і асаблівая сістэма назірання за выбарамі, якая ўключае прысутнасць прадстаўнікоў шырокай (у тым ліку і міжнароднай) грамадскасці ў ходзе ўсяго выбарчага працэсу. Цяпер пры розных міжнародных арганізацыях, уключаючы і такія буйныя, як ААН і АБСЕ, створаны спецыяльныя інстытуты, якія не толькі час ад часу дасылаюць сваіх назіральнікаў у розныя краіны свету, але і аказваюць дапамогу ў правядзенні выбарчых кампаній. Сярод іх адной з найбольш вядомых з’яўляецца Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Толькі ў 1998 годзе БДІПЧ здзяйсняла маніторынг выбараў у Арменіі, Малдове, Украіне, Чарнагорыі, Венгрыі, Славакіі і інш.

Як жа ажыццяўляецца назіранне за выбарамі? Назіранне за выбарамі павінна пачынацца задоўга да дня галасавання. Як вядома, парушэнні не зводзяцца толькі да спробаў падкінуць у ўрну пачак бюлетэняў і аказваць ціск на разгубленага ці маладасвечанага выбаршчыка. Уласна сістэма кантролю ўключаецца ў той самы дзень, калі паўнамоцны орган аб’яўляе аб дні выбараў. Менавіта ў гэты момант пачынаюць працаваць так званыя доўгачасовыя назіральнікі. У іх задачу ўваходзіць назіранне за тым, як складаюцца спісы выбаршчыкаў, ці выконваецца прынцып роўнага доступу да СМІ, як адбываецца фінансаванне, і якія парушэнні дапускаюць кандыдаты ў дачыненні адзін да аднаго, ці аказваюць улады ціск на выбаршчыка, як працуюць выбарчыя камісіі, як абсталяваныя выбарчыя ўчасткі, як праводзіцца папярэдняе галасаванне і інш.

Найбольш адказным з’яўляецца назіранне непасрэдна ў дзень выбараў. У ідэале карціна выглядае наступным чынам. У 6 гадзін раніцы на кожны выбарчы ўчастак прыходзіць назіральнік, які павінен адсачыць і зафіксаваць усе дэталі праходзячага галасавання. Такая праца здаецца лёгкай толькі на першы погляд. Вобразна кажучы, назіральнік - гэта чалавек, у якога павінна быць мноства вачэй і вушэй, які павінен валодаць такімі якасцямі як уважлівасць і педантычнасць, вынослівасць і псіхалагічная ўстойлівасць, уменне спраўляцца са стомай і камунікабельнасць, непрадузятасць і аб’ектыўнасць.

Апрача таго, назіральнік павінен быць гатовым да таго, што ён можа дзейнічаць у абстаноўцы псіхалагічнага дыскамфорту. Выбарчыя камісіі не любяць назіральнікаў. І справа тут не ў тым, што ўсе яны загадзя настроеныя на парушэнні і фальсіфікацыі. Проста кантралёраў не любіць ніхто. Ды і самі недасведчаныя назіральнікі часта перабольшваюць значэнне дробных інцыдэнтаў і не бачаць галоўнага. Яны могуць паддавацца на правакацыі, захапіцца падлікам галасоў, пададзеных за іх кандыдата, і забыцца запоўніць пратакол цалкам. Нарэшце, і гэта вельмі важна, назіральнік павінен ведаць свае правы і паўнамоцтвы і дзейнічаць строга ў адпаведнасці з імі.

Неабходна памятаць, што назіральнік - гэта палітычна нейтральны чалавек. Адна з найбольш распаўсюджаных памылак заключаецца ў тым, што назіранне расцэньваецца як адна з магчымасцей дапамагчы свайму кандыдату і перашкодзіць канкурэнтам. Падобныя паводзіны могуць прывесці да канфліктаў і дыксрэдытаваць саму працэдуру назірання. Апрача таго, назіральнік не мае права ўмешвацца ў працэс правядзення выбараў. Яны толькі фіксуюць парушэнні, але не навучаюць і не крытыкуюць.

Якія ж парушэнні найбольш распаўсюджаныя ў ходзе выбараў? Канечне, іх мноства. Нажаль, вынаходніцтва чалавека выяўляецца ў поўнай меры і ў гэтым выпадку. Назавём толькі самыя распаўсюджаныя: неабгрунтаваная адмова ў рэгістрацыі, няроўная нарэзка акругаў, выкарыстанне неўдакладненых спісаў выбаршчыкаў, дыксрэдытацыя кандыдатаў (ці партый) у дзяржаўных СМІ, няроўны доступ да СМІ, агрэсіўная прапаганда аднаго кандыдата ці партыі і замоўчванне пазыцый іншых, адсутнасць на выбарчых участках неабходнай інфармацыі, парушэнні ў працэдуры галасавання (галасаванне без дакументаў, сямейнае галасаванне), прыхаваная агітацыя на карысць таго ці іншага кандыдата на выбарчым участку, некантраляванае выкарыстанне перасовачных выбарчых урн, несумленны падлік галасоў і інш.

Місія назіральніка - сабраць максімальную колькасць інфармацыі аб выбарчым працэсе і з пратакольнай дакладнасцю зафіксаваць дапушчаныя парушэнні. На падставе такой інфармацыі робіцца вывад аб легітымнасці вынікаў выбараў.

Канечне, тут пералічаны толькі мінімальны набор патрабаванняў і парад, без рэалізацыі якіх поспех на выбарах наўрад ці магчымы. Разам з тым трэба памятаць, што любая выбарчая кампанія павінна быць пабудаваная з улікам канкрэтнай сытуацыі і асаблівасцей канкрэтнага кандыдата. Ваш поспех будзе шмат у чым залежаць, з аднаго боку, ад зладжанасці і дысцыплінаванасці ўсёй каманды, а з другога - ад умення прымаць нестандартныя рашэнні, імправізаваць, рызыкаваць.