Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Палітычнае разьвіцьцё апазыцыі ў 2003—2004 гг.

Падчас выбараў у мясцовыя Рады дэмакратычныя сілы не стваралі шчыльнай палітычнай кааліцыі. Сытуацыя выбараў 2003 г. выявіла адносна нізкую канкурэнцыю паміж дэмакратычнымі кандыдатамі ў асобных выбарчых акругах, што ў значнай ступені было зьвязана зь нізкай палітычнай актыўнасьцю. Большасьць асобаў, здольных весьці актыўную выбарчую кампанію, не канкуравалі, а супярэчнасьці і нязначныя канфлікты вырашаліся лякальнымі перамовамі. Самастойны ўдзел кожнай партыі меў сваю лёгіку, бо дазваляў выявіць палітычны патэнцыял, які захавалі палітычныя суб’екты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Практычна ўсе палітычныя суб’екты сутыкнуліся з праблемаю матываваньня сваіх актывістаў і патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел у мясцовых выбарах. Гэта было зьвязана з малою вераю ў магчымасьць сумленных выбараў, боязьзю звальненьня і іншых формаў ціску з боку выканаўчай улады, нязначнай колькасьцю рэсурсаў і пэўнай стагнацыяй пасьля кампаніі 2001 г. (натуральны адток палітычных актывістаў, дыстанцыяваньне ад палітыкі структураў НДА і г. д.). Акрамя таго, правядзеньне агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі з арганізацыйных прычынаў было немагчымае. З гэтых і шэрагу іншых пазыцыяў фармаваньне шырокай палітычнай кааліцыі мела мала сэнсу. Большасьць партыяў перадалі ініцыятыву стварэньня перадвыбарных блёкаў на рэгіянальны ўзровень, у некалькіх рэгіёнах такія кааліцыі былі створаныя.

Вынікі кампаніі былі супярэчлівыя. З аднаго боку, апазыцыйныя групы правялі вельмі мала кандыдатаў у мясцовыя Рады. З другога, кампанія мела дадатны псыхалягічны эфэкт, бо на лякальным узроўні была адчута магчымасьць палітычнай перамогі. Выбарчая кампанія выявіла наяўнасьць пэўнага арганізацыйнага патэнцыялу палітычных партыяў і стала важным досьведам у разуменьні мэханізмаў магчымага мадэляваньня вынікаў галасаваньня[1].

Вынікі выбараў яшчэ раз пацьвердзілі існую недзе з 1999—2000 гг. структуру апазыцыйнага палітычнага поля Беларусі, цэнтар якой складаюць чатыры адносна буйныя партыі: БНФ, АГП, БСДП (НГ) і ПКБ, якія валодаюць прыкладна аднолькавым палітычным патэнцыялам.

Вынікі выбараў 2003 г. сталі асноваю для ініцыяваньня працэсу палітычных перамоваў і адкрылі новыя магчымасьці для стварэньня кааліцыяў і ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2004 г. Было адчуваньне, што сур’ёзнай канкурэнцыі паміж партыямі на парлямэнцкіх выбарах не пазьбегнуць. Акрамя таго, аб’яднаньне было неабходнай перадумоваю для акумуляваньня рэсурсаў, неабходных для кампаніі. Для большасьці палітычных партыяў ніякіх асаблівых перашкодаў у стварэньні кааліцыі не існавала. Палітычныя амбіцыі згубілі сваю вастрыню ўва ўмовах сямёх гадоў пазасыстэмнай дзейнасьці, а ідэалягічнае супрацьстаяньне страціла сваю актуальнасьць і энэргетыку. Асобным фактарам аб’яднаньня выступала міжнародная супольнасьць, якая дэкляравала аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў як важную перадумову для аказаньня вонкавай падтрымкі.

Як паказаў досьвед палітычнага разьвіцьця апазыцыі 2003—2004 гг., утварэньне кааліцыяў адбывалася не на ідэалягічнай аснове, але на прынцыпах „арганізацыйнай спалучальнасьці”. Галоўнымі сталі фактары ўзаемнага даверу, магчымасьці выконваць пагадненьні і іншыя абавязкі. Ня меншае значэньне мела дасягненьне адносна жорсткай структураванасьці кааліцыі і адпаведнасьць удзелу ў кіраваньні розных суб’ектаў іх рэальнаму палітычнаму патэнцыялу.

Трэба зазначыць, што ў пытаньні магчымага рэфэрэндуму і зьменаў у Канстытуцыю, якія б дазволілі А. Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін, кансэнсус у колах апазыцыі быў дасягнуты яшчэ раней. Натуральна, што адсутнасьць дакладнай інфармацыі пра намеры ўладаў у адносінах да рэфэрэндуму рабіла немагчымым плянаваньне супольных дзеяньняў (першыя выказваньні кіраўніка беларускай дзяржавы пра магчымасьць „трэцяга тэрміну” адносяцца да 2002 г. Практычна ўвесь 2003 г. хадзілі настойлівыя чуткі пра непазьбежнасьць рэфэрэндуму і яго хуткае правядзеньне, у якасьці магчымага часу называліся лета — восень 2003 г., пазьней даты пераносіліся. Нягледзячы на высокі кансэнсус апазыцыйных сілаў што да рэфэрэндуму, ува ўмовах няпэўнасьці плянаваньне і каардынацыя дзеяньняў былі сумнеўныя).

Народная кааліцыя „5+”

Адразу пасьля выбараў у мясцовыя Рады паміж палітычнымі партыямі пачаліся кансультацыі пра магчымасьць стварэньня шырокай апазыцыйнай кааліцыі. Папярэднія перамовы выявілі магчымае кола чальцоў: БНФ, АГП, БСДГ, ПКБ, БПП. Шэраг кансультацыяў з БСДП (НГ) у першай палове 2003 г. ня меў выніку. Трэба адзначыць, што калі раней, у 1997—2001 гг., вялікую ролю ў кансалідацыі апазыцыі адыгрывала КНГ АБСЭ ў Менску, то пасьля 2001 г. галоўную функцыю ў гэтай сфэры стаў выконваць офіс „IRI” ў Вільні. Аб’яднаньне палітычнага патэнцыялу трох адносна буйных партыяў: БНФ, АГП, ПКБ, а таксама БСДГ, БПП і шэрагу іншых палітычных і каляпалітычных арганізацыяў у адзін палітычны блёк выглядала як стварэньне манапаліста на апазыцыйным палітычным полі Беларусі, хоць гэтая манаполія і не была поўнаю без БСДП (НГ). Магчымая кааліцыя сапраўды мела б вельмі шырокі характар і аб’яўдноўвала вельмі розныя палітычныя сілы, ад камуністаў да кансэрватараў і нацыянал-дэмакратаў. Такое аб’яднаньне адразу паставіла пытаньне пра ідэалягічную сумяшчальнасьць удзельнікаў кааліцыі і магчымасьць іх шчырае супольнае працы. Асобнай праблемаю была нэгатыўная рэакцыя функцыянэраў сярэдняга і ніжняга зьвяна ў БНФ і ПКБ. Але практыка паказала, што непрыманьне мела абмежаваны характар. Нават калі прыняць пад увагу „антыкамуністычную” пазыцыю „Маладога фронту” і „Зубра” на перамовах з „5+” (восень 2003 г.), то яна мела выключна рытарычны характар, за якім хавалася ўласная палітычная стратэгія на перамовах.

Практычнае стварэньне кааліцыі пачалося з кансультацыяў і папярэдніх дамоўленасьцяў у красавіку — траўні 2003 г., публічная прэзэнтацыя пачалася з шэрагу інфармацыйных акцыяў. У траўні 2003 г. палітычныя партыі (суб’екты кааліцыі) прапанавалі супольны праект зьменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі. (У межах акцыі быў падрыхтаваны адпаведны зварот палітычных партыяў супольна з шэрагам грамадзкіх арганізацыяў у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусі. Суд, праўда, не прыняў зварот да разгляду.) Праект прадугледжваў зьмену працэдуры фармаваньня выбарчых камісіяў (уключэньне ў іх сяброў апазыцыйных палітычных партыяў), статусу наглядальнікаў (наданьне ім дадатковых правоў, у прыватнасьці — права на атрыманьне інфармацыі) і скасаваньне датэрміновага галасаваньня. Зьмены павінны былі зрабіць працэдуру волевыяўленьня празрыстай і прадухіліць магчымыя фальсыфікацыі. У чэрвені 2003 г. на ініцыятыву чатырох партыяў (БНФ, БСДГ, АГП, ПКБ) утварылася Асамблея дэпутатаў мясцовых Радаў — каардынацыйны орган для дэмакратычных дэпутатаў, якія атрымалі мандаты на выбарах 2003 г. Функцыянальная карыснасьць ад Асамблеі адразу была пад пытаньнем, але асноўнаю яе мэтаю быў працяг інфармацыйнай кампаніі кааліцыі праз дэманстрацыі сваіх дасягненьняў, арганізацыйнага патэнцыялу і палітычнага капіталу.

З чэрвеня 2003 г. сустрэчы кіраўнікоў пяці партыяў (БНФ, АГП, ПКБ, БСДГ, БПП) сталі пастаяннымі, фактычна сфармаваўся супольны цэнтар прыняцьця палітычных рашэньняў. У гэтым жа месяцы была дасягнутая дамоўленасьць пра стварэньне супольнага сьпісу кандыдатаў на парлямэнцкія выбары 2004 г. Гэта значыць, кааліцыя, якая атрымала назву „5+” (пяць палітычных партыяў, якія склалі аснову кааліцыі, плюс грамадзкія аб’яднаньні, вядомыя асобы, прафэсійныя саюзы і г. д., якія далучыліся пазьней. „Плюс” сымбалізаваў незакрытасьць працэсу пашырэньня і магчымых перамоваў. Прычым у якасьці абазначэньня было рэкамэндавана ўжываць „пяць” лацінскімі лічбамі — „V+”, як на лягатыпе, што павінна было перагукацца з лац. victoria — перамога), набыла фармальныя рысы. Намаганьні пашырыць кааліцыю працягваліся, і ў ліпені было падпісана пагадненьне з дэпутацкай групаю „Рэспубліка” пра каардынацыю сумесных дзеяньняў, аднак трывалага супрацоўніцтва ня выйшла. У пачатку 2004 г. далучылася яшчэ адна партыя, Экалягічная. Канчатковая назва кааліцыі — Народная кааліцыя „5+”. Улетку і восеньню 2003 г. яна правяла перамовы наконт далучэньня з моладзевымі арганізацыямі, прафэсійнымі саюзамі, незалежнымі СМІ, НДА, што часткова пашырыла яе арганізацыйную і палітычную аснову.

Найбольш важным палітычным пытаньнем для кааліцыі было стварэньне адзінага ўзгодненага сьпісу кандыдатаў у дэпутаты. Праца над сьпісам ішла ў межах прынятай формулы 110 + 110, гэта значыць па два кандыдаты ад кааліцыі на кожную акругу. Адзін — умоўна „левай” арыентацыі, другі — умоўна „правай”. Прапанаваная схема павінна была забясьпечыць ахоп максымальнай колькасьці электарату, а таксама засьцерагчы ад магчымай нерэгістрацыі аднаго з дэмакратычных кандыдатаў. Акрамя сьпісу, разглядаліся розныя мэханізмы адбору найбольш пэрспэктыўных кандыдатаў (з жніўня 2003 г.), зьняцьця кандыдатураў дэмакратычных „канкурэнтаў” непасрэдна перад днём галасаваньня ці падчас агітацыі і г. д. На першых этапах фармаваньня сьпісу канкурэнцыя паміж партыямі і патэнцыйнымі кандыдатамі, асабліва ў Менску і іншых буйных гарадох, была вельмі высокаю, таму знайсьці кампраміс было не заўсёды проста. У 2003 г. канкурэнцыя за некаторыя акругі мела месца ня толькі паміж партыямі, але і ўнутры саміх партыяў, што прыводзіла да асабістых канфліктаў. Было адчуваньне, што гэта „важна” і „ганарова”.

У адзіны сьпіс уключаліся ня толькі прадстаўнікі палітычных партыяў, але і непартыйныя кандыдаты, якія сымпатызавалі „5+”, проста вядомыя асобы. Усё гэта павінна было забясьпечыць высокую канкурэнтаздольнасьць кааліцыі. Першы варыянт сьпісу кандыдатаў быў вельмі шырокі, што адлюстроўвала пачатковы аптымізм, але з часам актыўнасьць патэнцыйных кандыдатаў з розных прычынаў спала. Афіцыйная прэзэнтацыя кандыдатаў кааліцыі „5+” адбылася ў студзені 2004 г. Сьпіс утрымліваў каля 150 кандыдатаў і быў дастаткова фармальным і незавершаным, значная колькасьць асобаў не была заяўленая, што тлумачылася іх нежаданьнем раней часу прыцягваць увагу ўладаў (асабліва гэта тычылася сяброў ПКБ).

Трэба адзначыць, што ў кадыфікаванай і нязьменнай форме адзіны сьпіс ніколі не існаваў, некаторыя асобы траплялі туды статусна, але ніколі сур’ёзна не зьбіраліся балятавацца, іншыя адмаўляліся ад удзелу пасьля ціску з боку ўладаў, уразуменьня арганізацыйных складанасьцяў. Сьпіс пастаянна карэктаваўся, адначасова ў партыях ішоў працэс пошуку новых кандыдатаў. Людзі пагаджаліся, адмаўляліся, потым ізноў пагаджаліся, мянялі выбарчыя акругі, і гэты працэс не перапыняўся да самой выбарчай кампаніі.

Палітычная сытуацыя канца 2003 — пачатку 2004 гг. сур’ёзна зьмяніла псыхалягічнае стаўленьне да выбараў. Недзе ўвесну 2004 г. стала зразумела, што маштабнай выбарчай кампаніі, хутчэй за ўсё, ня выйдзе. Летам гэта было відавочна для большасьці ангажаваных у палітыку, нягледзячы на агучаныя нізкія рэйтынгі А. Лукашэнкі і вялікія магчымасьці для электаральнай працы. Акрамя гэтага, стала ясна, што справядлівых выбараў ня будзе і ўлада ня дасьць перамагчы, а пры неабходнасьці будзе дзейнічаць жорстка. Да таго ж, не было акумулявана дастатковай колькасьці арганізацыйных і матэрыяльных рэсурсаў для шырокай агітацыйнай кампаніі, а ўзровень вонкавай падтрымкі быў значна ніжэйшы, чым чакалася. На пачатку для большасьці патэнцыйных кандыдатаў удзел у выбарах падаваўся гонарам і прыкметаю палітычнай значнасьці і адкрываў, як здавалася, вялікія пэрспэктывы. Бліжэй да выбараў зьявілася адчуваньне, што „нічога ня будзе”, дэманстрацыя сілы з боку ўлады і дастаткова няпэўная падтрымка з боку міжнароднай супольнасьці ўзмацнялі такія настроі. Вылучэньне ў кандыдаты паступова стала непрыемным абавязкам, які быў зьвязаны зь ціскам з боку дзяржаўных органаў і адсутнасьцю рэальных пэрспэктываў. Атрыманьне мандата ўсё больш выглядала нерэальным, а актыўная дзейнасьць — бессэнсоўнай. Такія настроі былі характэрныя для ўсіх кааліцыяў і „незалежных” кандыдатаў, хоць і нельга сказаць, што яны былі татальныя.

Кампанія „110+1”

Зь сярэдзіны 2003 г. у межах кааліцыі „5+” абмяркоўвалася неабходнасьць правядзеньня так званай кампаніі „110+1” (ці „111-ы”). Гэта значыць, што акрамя акруговых кампаніяў павінна была зьдзяйсьняцца і агульнанацыянальная кампанія кааліцыі, якая б вялася пад супольным брэндам, лёзунгамі і інфармацыйнай актыўнасьцю. Кампанія „100+1” павінна была ўключаць у сябе мабілізацыю, мэтавую працу з сацыяльнымі групамі (моладзь, жанчыны, сталыя людзі і г. д.) і работу ў „слабых” акругах. Але ў выніку, акрамя нязначнай колькасьці брэндавых і інфармацыйных захадаў, шырокая агульнанацыянальная кампанія не праводзілася. Сярод галоўных прычынаў звычайна называліся абмежаванасьць арганізацыйных і матэрыяльных рэсурсаў, а таксама супрацьдзеяньне з боку ўлады, у прыватнасьці ціск з боку Міністэрства юстыцыі на суб’ектаў кааліцыі і СМІ за распаўсюд інфармацыі ад імя „незарэгістраванай ува ўстаноўленым парадку кааліцыі „5+”, а пазьней — і ліквідацыя БПП Вярхоўным судом.

Іншыя палітычныя блёкі

У апазыцыйным палітычным полі заставалася кола суб’ектаў, якія з розных прычынаў не былі ўцягнуты ў працэс пабудовы кааліцыі „5+” ды імкнуліся да арганізацыі самастойных палітычных праектаў.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя „Народная грамада”. БСДП (НГ), якую ўзначальваў М. Статкевіч, пасьля канстытуцыйнага крызысу 1996 г. і роспуску Вярхоўнай Рады ХІІІ скліканьня стала часткаю дэмакратычнай апазыцыі, якая мела ў той час крыху іншую канфігурацыю. Яна ўключала БНФ, АГП, БСДП (НГ), БСДГ і іншыя арганізацыі, якія былі аб’яднаныя ў Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, і выключала некаторыя іншыя арганізацыі, якія цяпер адносяцца да дэмакратычных, у прыватнасьці ПКБ. Канфрантацыя паміж БСДП (НГ) і большасьцю апазыцыі пачалася ў 2000 г. „Народная грамада” не падтрымала ідэю байкоту парлямэнцкіх выбараў, якую актыўна прасоўвала большая частка апазыцыйных партыяў, разглядаючы яго як вельмі важную кампанію. Пазыцыя М. Статкевіча ўспрымалася як разбуральная. БСДП (НГ) ізалявалася ад большасьці апазыцыйнага поля і пачала дыстанцыявацца ад шчыльнага ўзаемадзеяньня зь іншымі апазыцыйнымі партыямі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. БСДП (НГ) адкрыта выступіла з абвінавачаньнямі ў адрас лідэраў шэрагу партыяў, а таксама „Хартыі’97” у нямэтавым выкарыстаньні грошай і карупцыі, што паспрыяла павышэньню ўзроўню палітычнага недаверу. Калі пасьля выбараў 2003 г. пачаліся кансультацыі пра стварэньне шырокай кааліцыі, БСДП (НГ) намагалася захаваць сваю аўтаномную і крытычную пазыцыю, таму больш шчыльная інтэграцыя партыі ў „5 +” была практычна немагчымаю. БСДП (НГ) шукала альтэрнатыўных палітычных праектаў.

Трэба сказаць, што з палітычнага пункту гледжаньня БСДП (НГ) выйграла. Пры далучэньні да кааліцыі „5 +” БСДП (НГ) не заняла б там дамінантных пазыцыяў. Яе арганізацыйны патэнцыял прыкладна раўназначны БНФ, АГП, ПКБ (паасобку), але ня большы. У Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”, якая была створана як альтэрнатыва „5+”, БСДП (НГ) стала адзінай структурай, якая мае палітычную вагу. Дзякуючы добрай інфармацыйнай кампаніі, Эўрапейская кааліцыя атрымала статус другой кааліцыі, ці ня роўнай „5+”, дзе палітычнае значэньне БСДП (НГ) мела вырашальнае значэньне.

„Хартыя’97”. Палітычны капітал — гэта ня толькі арганізацыйны патэнцыял (структуры, людзі і г. д.), але і інфармацыйныя, тэхналягічныя ды, часам, проста крэатыўныя магчымасьці. Менавіта гэта вызначае месца невялікай групы „Хартыя’97” у палітычнай структуры беларускай апазыцыі. „Хартыя’97” стваралася ў 1997 г. як свайго роду каардынацыйны цэнтар апазыцыі для арганізацыі дзейнасьці пасьля канстытуцыйнага крызысу 1996 г. Дзейнасьць была ня толькі ў каардынацыі, але і ў прасоўваньні розных палітычных праектаў, акцыяў і г. д. Аднак імкненьне дамінаваць у партыйным полі ў 2000—2001 гг. паступова прывяло да несупадзеньня інтарэсаў партыйнага мэнэджмэнту і кіраўніцтва „Хартыі’97”, асабліва недзе пасьля кампаніі байкоту. „Хартыя’97” ніколі не была разгалінаванаю структураю, але дзякуючы добрым стасункам з замежжам, кантактам з апазыцыйнымі функцыянэрамі, здольнасьці весьці інфармацыйныя кампаніі і фармаваць палітычныя брэнды стала часткаю палітычнага поля. Да 1999—2000 гг. „Хартыя’97” спрабавала актыўна ўплываць на разьвіцьцё палітычных партыяў, а пазьней перайшла да самастойных палітычных праектаў. У 2001 г. падчас прэзыдэнцкай кампаніі „Хартыя’97” стварыла і прасоўвала, часам дастаткова пасьпяхова, моладзевую арганізацыю „Зубр”, кантроль над якой захоўваецца і дагэтуль.

„Зубр” у палітычных кансультацыях 2003—2004 гг. фармальна захоўваў нэўтралітэт, пазыцыянуючы сябе як рух, які не зьбіраецца непасрэдна ўдзельнічаць у выбарах — вылучаць кандыдатаў ці весьці агітацыю за пэўную палітычную сілу. Сваю ролю „Зубр” абазначыў пераважна ў мабілізацыйнай і „нэгатыўнай” кампаніі. Практычна, падчас выбараў 2004 г. „Зубр” быў у сыстэме распаўсюджваньня палітычнай інфармацыі.

Непасрэднага ўдзелу ў мясцовых выбарах „Хартыя’97” не брала, але ўжо ўвесну 2003 г. пачала падрыхтоўку да выбараў 2004 г. Удзел у кааліцыі палітычных партыяў, якія пазьней склалі „5+”, быў праблематычны, калі ўвогуле магчымы, прынамсі на ўзроўні прыняцьця найбольш важных палітычных рашэньняў, таму „Хартыя’97” пачала працаваць над уласнымі палітычнымі праектамі. Першым такім праектам стала кааліцыя „Свабодная Беларусь”, якая была створаная ў траўні 2003 г.

„Свабодная Беларусь” фармальна была першай абвешчанай выбарчай кааліцыяй. Яна складалася зь сьпісу вядомых асобаў і „рэгіянальных лідэраў” розных кірункаў. Асобы зь сьпісу павінны былі ў пэрспэктыве стаць кандыдатамі ў дэпутаты, мэнэджэрамі, супрацоўнікамі штабоў і г. д. Блёк ня быў прывязаны да палітычных структураў і ня меў аформленай структуры. „Свабодная Беларусь” ставіла за мэту фармаваньне сьпісу з 110 кандыдатаў у дэпутаты. Акрамя гэтага, блёк ставіў задачу арганізацыі акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня ў выпадку фальсыфікацыяў выбараў. Мэты блёку, прынамсі дэклярацыйна, выходзілі за межы выбарчай кампаніі 2004 г. і ўключалі распрацоўку стратэгіі разьвіцьця Беларусі ў пасьлявыбарны пэрыяд.

„Рэспубліка”. Парлямэнцкая група „Рэспубліка”, якая аб’ядноўвала ў розныя часы ад 3 да 10 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, не была масавай і ня мела арганізацыйных структураў. Тым ня менш, яна валодала выключным сымбалічным капіталам і мела адносна шырокую папулярнасьць. Група рэпрэзэнтавала свайго роду „сыстэмную” апазыцыю, якая нечакана зьявілася ў, здавалася б, цалкам ляяльным для прэзыдэнта парлямэнце. Фактычным лідэрам парлямэнцкай групы „Рэспубліка” быў Валеры Фралоў, адстаўны вайсковец, выбраны дэпутатам у Гарадзенскай вобласьці. Шэраг палітычных групаў і аналітыкаў нават называлі Фралова сярод патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі ў 2006 г. Пэўную актыўнасьць у дзейнасьці „Рэспублікі” праяўлялі таксама Ўладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец. Як было адзначана, дэпутацкая група мела папулярнасьць і ўнікальную для апазыцыйнага поля легітымнасьць, таму розныя палітычныя групы імкнуліся да супрацоўніцтва зь ёй. Амбіцыі „Рэспублікі” і, перш за ўсё, яе лідэра, былі вялікія. Сярод іншага, яны ўключалі імкненьне заняць „цэнтральную” пазыцыю ў апазыцыйным полі, а таксама быць свайго роду каардынатарам працэсу аб’яднаньня дэмакратычных сілаў: у пачатку 2004 г. В. Фралоў неаднаразова прапаноўваў свае паслугі пасярэдніка для перамоваў дзеля аб’яднаньня. „Рэспубліка” ўклала пагадненьне з „5+”, але зьдзяйсьняла сталыя кантакты з „Эўрапейскай кааліцыяй „Свабодная Беларусь”, зь якой склаліся трывалыя стасункі, і нарэшце В. Фралоў стаў сябром БСДП (НГ).

Найбольш гучнай акцыяй „Рэспублікі” ў 2004 г. стала галадоўка ў чэрвені трох найбольш актыўных сяброў групы: В. Фралова, С. Скрабца, У. Парфяновіча, да якой далучыўся шэраг актывістаў АГП і БНФ. Мэтай галадоўкі былі зьмены ў Выбарчым кодэксе, якія павінны былі павысіць празрыстасьць і дэмакратычнасьць парлямэнцкіх выбараў, вызваленьне зьняволенага Міхаіла Марыніча і недапушчэньне пераабраньня Лукашэнкі на трэці тэрмін. Галадоўка трывала 18 дзён, але была праігнаравана афіцыйнымі структурамі, у тым ліку і парлямэнтам. Акцыя суправаджалася шырокай інфармацыйнай кампаніяй у краіне (толькі ў незалежнай прэсе) і за яе межамі, а таксама акцыямі падтрымкі і мела шырокі грамадзкі рэзананс.

„Маладая Беларусь”. У першай палове 2003 г. адбыўся канчатковы разрыў паміж партыяй БНФ і яе моладзевай арганізацыяй „Малады фронт”. Канфлікт быў зьвязаны, перш за ўсё, з пагаршэньнем стасункаў лідэра „Маладога фронту” П. Севярынца з кіраўніцтвам партыі. Восеньню 2003 г. адбыліся кансультацыі „Маладога фронту” і іншых моладзевых палітычных арганізацыяў („Зубр”, „Маладыя дэмакраты” (АГП), ЛКСМБ) з „5+” пра магчымасьць супрацоўніцтва ў арганізацыі і мабілізацыі кампаніі перад выбарамі 2004 г. Але перамовы былі безвыніковымі, і „МФ” стварыў уласны блёк маладых кандыдатаў „Маладая Беларусь”. (Фактычна размова ніколі ня йшла пра кааліцыю ў поўным разуменьні гэтага слова, але толькі пра складаньне сьпісу кандыдатаў, якія мелі тыя альбо іншыя дачыненьні да „Маладога фронту”.) Першапачаткова дэкляравалася, што ў склад „Маладой Беларусі” ўключана 80 чалавек, пазьней лічба была паменшана да 30, да фармаваньня ініцыятыўных групаў прыступілі толькі 17, непасрэдна ў выбарах удзельнічалі яшчэ меней, прычым некаторыя сябры „Маладой Беларусі” адначасова ўваходзілі і ў больш значныя кааліцыі: „5+” і „Эўрапейскую кааліцыю”. Патэнцыялу адной арганізацыі „МФ” было недастаткова для фармаваньня самастойнай і тым больш значнай палітычнай сілы.

Эўрапейская кааліцыя „Свабодная Беларусь”. Палітычныя суб’екты, якія намагаліся рабіць самастойныя палітычныя праекты, ня мелі той колькасьці структураў і рэсурсаў, каб быць самадастатковымі. Гэта прымушала да пошуку розных формаў аб’яднаньня для павышэньня ўласнай значнасьці. Гэтага патрабавала ня толькі стварэньне шырокай кааліцыі „5+”, але і замежнапалітычная каньюнктура.

Кансультацыі для стварэньня новай кааліцыі пачаліся ў сярэдзіне лета 2003 г. Увосень яны праходзілі ў фармаце „рабочай групы”. Фармальна колькасьць суб’ектаў перамоваў была дастаткова шырокая, але фактычна перамовы ішлі паміж БСДП (НГ) і „Хартыяй’97”. У выніку 1 лістапада 2003 г. было аб’яўлена пра стварэньне Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”.

Кааліцыя відавочна мела палітычныя мэты, але яе прэзэнтацыя была стылізавана ў значна шырэйшым фармаце, як, дарэчы, большасьць ініцыятываў „Хартыі’97” (дастаткова згадаць, што на першых этапах сваёй прэзэнтацыі ў пачатку 2001 г. „Зубр”, кіраваны „Хартыяй’97”, падаваў сябе як „экалягічны рух”). Кааліцыя дэкляравала сярод сваіх мэтаў ня толькі фармаваньне дэмакратычнай дзяржавы і ўдзел у выбарах. У якасьці місіі аб’яднаньня называліся сацыяльныя і культурныя трансфармацыі, у прыватнасьці пашырэньне ідэяў эўрапейскай інтэграцыі, а эўрапейская ідэя была выбраная ў якасьці „плятформы” новага ўтварэньня. (Першай і галоўнай прычынаю ўзьнікненьня гэтага ўтварэньня трэба лічыць канфліктныя стасункі з БНФ, хоць у якасьці прычыны называлася прысутнасьць у кааліцыі „5+” камуністаў і „адсутнасьць стратэгіі”.) У практычнай дзейнасьці непалітычныя і каляпалітычныя мэты кааліцыі ў хуткім часе адышлі на другі плян. Збольшага інфармацыйная кампанія „Эўрапейскай кааліцыі” была больш эфэктыўнай, чым „5+”.

У склад новай кааліцыі ўвайшлі БСДП (НГ), Беларуская партыя жанчын „Надзея”, „Хартыя’97” (дакладней, блёк „Свабодная Беларусь”), а таксама шэраг грамадзкіх арганізацыяў і прадпрымальніцкіх структураў (усяго каля 20). Стварэньне новай кааліцыі было падтрыманае рухам „Зубр” і „Маладым фронтам”. Нягледзячы на спробы пашырыць кааліцыю ці ўвогуле правесьці поўнае аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў, фармат Эўрапейскай кааліцыі не зьмяніўся да выбараў 2004 г. Непасрэдна перад выбарамі, 20 жніўня, паміж Эўрапейскай кааліцыяй „Свабодная Беларусь”, „Рэспублікай” (В. Фралоў на гэты час ужо быў сябром БСДП (НГ)) і „Маладой Беларусьсю” было ўкладзена пагадненьне пра супрацоўніцтва. Поўная інтэграцыя „Маладой Беларусі” ў Эўрапейскую кааліцыю адбылася ўжо пасьля выбараў і рэфэрэндуму.

Увесну 2004 г. Эўрапейская кааліцыя „Свабодная Беларусь” была аслабленая ў выніку арышту Валера Леванеўскага і Міхаіла Марыніча (праўда, ёсьць зьвесткі, што апошні схіляўся да ўдзелу ў „5+”). В. Леванеўскі, сябра каардынацыйнага камітэту Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”, старшыня Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў, непасрэдна ўдзельнічаў у арганізацыі страйку прадпрымальнікаў і мітынгу 1 траўня 2004 г. у Горадні. У сярэдзіне траўня супраць В. Леванеўскага была ўзбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 368 КК Беларусі „Зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі” („зьнявага”, у адпаведнасьці з пазыцыяй праваахоўных органаў, утрымлівалася ўва ўлётцы, якую В. Леванеўскі распаўсюджваў перад мітынгам 1 траўня; разам з В. Леванеўскім паводле гэтага артыкулу быў асуджаны намесьнік старшыні Агульнанацыянальнага страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў). Яго ўтрымлівалі ў СІЗА, а пазьней асудзілі на два гады пазбаўленьня волі. У красавіку 2004 г. быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар блізкі да Эўрапейскай кааліцыі грамадзкі і палітычны дзяяч М. Марыніч. Ён быў абвінавачаны паводле ч. 2 арт. 295 („Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”) і ч. 4 арт. 210 („Крадзеж праз злоўжываньне службовым становішчам”). У лістападзе 2004 г. справа была накіраваная ў суд для разгляду, а ў студзені 2005 г. Марыніча асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі (пасьля тэрмін быў зьменшаны да 3,6 году).

Праблема поўнага аб’яднаньня

Магчымасьць і нават неабходнасьць стварэньня адзінай дэмакратычнай кааліцыі апазыцыйных сілаў абмяркоўвалася цягам 2003—2004 гг. Працэс суправаджаўся ня толькі кансультацыямі, але і ўзаемнымі абвінавачаньнямі розных палітычных сілаў у нежаданьні аб’ядноўвацца ды дэструктыўнай палітычнай пазыцыі. Пра аб’яднаньне многа казалі ня толькі беларускія, але эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі (у прыватнасьці, на гэтым настойваў „IRI”; пра магчымыя схемы аб’яднаньня — „5+1”, пяць партыяў кааліцыі „5+” і БСДП (НГ), — казала Ута Цапф і г. д.), але звычайна без дастатковага разуменьня сытуацыі. Шэраг палітычных групаў намагаліся заняць пазыцыю пасярэднікаў і каардынатараў аб’яднаньня („Рэспубліка”), але такія захады посьпеху ня мелі. Часткова прычыны складанасьцяў пры аб’яднаньні былі пазначаны пры разглядзе працэсу фармаваньня дзьвюх асноўных перадвыбарных кааліцыяў, але варта зазначыць наступнае. Умовы для поўнага аб’яднаньня апазыцыі ў 2003 — пачатку 2004 гг. ня склаліся, супраць гэтага было многа арганізацыйных і псыхалягічных фактараў, і мэханічнае аб’яднаньне, безь неабходнага ўзроўню ўзаемнага даверу, было б безвыніковым і бессэнсоўным. Для зьняцьця многіх праблемаў было неабходна рэальнае супрацьстаяньне з уладаю і фармаваньне новай палітычнай сытуацыі, што магло адбыцца толькі ў працэсе выбараў. У той жа час дасягнуты кансэнсус паміж палітычнымі сіламі апазыцыі наконт такіх праблемаў, як прадухіленьне крытыкі і ўзаемнай нэгатыўнай агітацыі, сумеснае назіраньне і магчымае супрацоўніцтва ў другім туры, ня выклікаў пярэчаньняў у апазыцыйным полі.

Такім чынам, у выніку палітычных перамоваў 2003—2004 гг. склаліся дзьве розныя палітычным патэнцыялам кааліцыі дэмакратычных сілаў: Народная кааліцыя „5+” і Эўрапейская кааліцыя „Свабодная Беларусь”, а таксама дзьве адносна аўтаномныя невялікія групы: „Маладая Беларусь” і „Рэспубліка”. Існаваньне некалькіх блёкаў не прывяло да канфрантацыі. Прагнозы пра тое, што барацьба зь існай уладаю скончыцца супрацьстаяньнем партыяў, не апраўдаліся. Пераважная большасьць палітычных суб’ектаў разумела адзінства палітычных інтарэсаў (прынамсі тактычных), супрацоўніцтва ў большасьці выпадкаў было канструктыўнае, а адчуваньне фатальнасьці і нэгатыўныя эмоцыі былі скіраваныя на непранікальны маналіт дзяржаўнага апарату.

Варта адзначыць, што практычна ўсе палітычныя групы выявілі сваё жаданьне і імкненьне да актыўнага ўдзелу ў выбарах, выключэньне склала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, якая стварылася ў выніку расколу БНФ у 1999 г. На зьезьдзе КХП БНФ у сьнежні 2003 г. партыя пацьвердзіла сваю вернасьць вядомаму палітычнаму дзеячу 1990-х гг. З. Пазьняку, які знаходзіцца ў эміграцыі (абавязкі старшыні ў яго адсутнасьць выконвае Юры Беленькі). Як і ў адносінах да мясцовых выбараў 2003 г., КХП БНФ прыняла рашэньне байкатаваць выбары і магчымы рэфэрэндум, а таксама зьвярнулася з адпаведнай заяваю да шырокай грамадзкасьці.

Эвалюцыя партыйнай сыстэмы

У 2003—2004 гг. партыйная сыстэма Беларусі не зазнала прынцыповых палітычных зьменаў. Як і раней, большасьць дзеяздольных і ўсе буйныя і дэмакратычныя партыі знаходзіліся ў апазыцыі. У сваёй аснове апазыцыя носіць несыстэмны характар і практычна ня ўключаная ў дзяржаўныя органы. Большасьць партыяў захавала сваю цэласнасьць, ідэалягічныя схільнасьці, а таксама пераймальнасьць мэнэджмэнту. Найбольш значныя зьмяненьні закранулі сацыял-дэмакратычнае поле, а таксама партыю БНФ, дзе фактычна адбылася зьмена генэрацыяў у кіраўніцтве.

БСДГ. Як вядома, пасьля расколу ў БСДП (НГ) апазыцыйная фракцыя Аляксея Караля, частка партыі „Надзея” і БСДГ (С. Шушкевіч) у 2002 г. зрабілі спробу стварыць новую партыю. Але ў верасьні 2002 г. Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі. У сувязі з гэтым адбылася інкарпарацыя розных сацыял-дэмакратычных групаў у БСДГ, што некалькі зьмяніла яе нутраную структуру. На працягу 2003 г. мела месца абмеркаваньне будучыні партыі і яе ідэалягічнага пазыцыянаваньня, частка сталых сяброў БСДГ настойвала на „правым” і „адраджэнскім” вызначэньні, у той час як кіраўніцтва і новыя групы былі схільныя да прасоўваньня клясычных сацыял-дэмакратычных ідэяў. Зьезд БСДГ некалькі разоў пераносіўся і ў рэшце рэшт адбыўся ў студзені 2004 г., завяршыўшы інтэграцыю новых партыйных структураў у БСДГ, дэкляраваная колькасьць якіх склала 600 чалавек. Старшынём быў пераабраны С. Шушкевіч, намесьнікамі старшыні сталі вядомыя палітыкі А. Кароль, М. Грыб.

БСДП(НГ). На фоне зьменаў у БСДГ назіралася адхіленьне палітычнага балянсу ў самай буйной сацыял-дэмакратычнай партыі — БСДП (НГ). У 2004 г. да БСДП (НГ) фактычна далучылася парлямэнцкая група „Рэспубліка”, а яе лідэр В. Фралоў стаў сябром партыі. Шчыльныя кантакты паміж В. Фраловым і шэрагам партыйных структураў склаліся яшчэ ў 2003 г. Перш за ўсё гэта тычылася берасьцейскай абласной арганізацыі, якая стала галоўнай рухальнай сілай унутрыпартыйнай апазыцыі ў БСДП (НГ) у 2004 г. Старшыня партыі М. Статкевіч само зьяўленьне „апазыцыі” зьвязваў з інтрыгаю сяброў парлямэнцкай групы „Рэспубліка”. На VIII зьезьдзе партыі, які адбыўся 25 чэрвеня 2004 г., імкненьне да зьмены мэнэджмэнту партыі прыняло адкрытую форму. М. Статкевіч захаваў пасаду старшыні, атрымаўшы толькі 95 галасоў супраць 81 у яго галоўнага канкурэнта Анатоля Ляўковіча (г. Берасьце), які стаў намесьнікам старшыні партыі. У выніку галасаваньня адбылося пэўнае абнаўленьне кіраўнічага складу партыі. Зьмены, з аднаго боку, узмацнілі апазыцыю, але і дазволілі захаваць М. Статкевічу кантроль над партыяй: палітычная барацьба не прывяла да сур’ёзнага расколу і канфрантацыі. Некаторае кадравае абнаўленьне адбывалася і пазьней (у прыватнасьці, пры абраньні сяброў выканаўчага бюро на пасяджэньні Цэнтральнага камітэту ў жніўні 2004 г.).

У сувязі з новай кансалідацыяй палітычных сілаў, у межах левых партыяў працягваюцца дыскусіі пра магчымасьць стварэньня адзінай сацыял-дэмакратычнай партыі, ідэя якой падтрымліваецца рознымі групамі сацыял-дэмакратаў, але зьяўляецца цяжкай для рэалізацыі.

БНФ. Значныя зьмены адбыліся ў кіраўніцтве партыі БНФ. На VII зьезьдзе партыі, які адбыўся ў сьнежні 2003 г., старшынства як вынік кансэнсусу большасьці ўнутрыпартыйных групаў захаваў В. Вячорка. Намесьнікамі старшыні сталі В. Івашкевіч, Ю. Хадыка, а таксама прадстаўнікі „маладой генэрацыі” функцыянэраў А. Міхалевіч і А. Янукевіч. Вынікі зьезду зьмянілі расклад у партыі, а таксама фактычныя ўплывы на прыняцьце рашэньняў, што дазваляе казаць пра зьмену генэрацыі ў найстарэйшай палітычный арганізацыі Беларусі.

Парадаксальным чынам гэта адбылося паралельна з радыкальным разрывам партыі БНФ з моладзевай арганізацыяй „Малады фронт”. Крызыс стасункаў прывёў да поўнага разрыву і, у рэшце рэшт, выключэньня лідэра „Маладога фронту” П. Севярынца з партыі БНФ. Гэтая акалічнасьць стала галоўнаю прычынаю таго, чаму „Малады фронт” ня змог наладзіць супрацоўніцтва з кааліцыяй „5+” і заснаваў невялікі блёк „Маладая Беларусь”, які моцна імкнуўся да Эўрапейскай кааліцыі.

АГП. Значных палітычных зьменаў у АГП у 2003—2004 гг. не назіралася, збольшага партыя дэманструе ўстойлівасьць сваёй гіерархіі з 2000 г. VII зьезд у траўні 2004 г. фактычна ня ўнёс ніякіх зьменаў ува ўнутрыпартыйны расклад, як і ня выявіў больш-менш трывалых апазыцыйных ці „абнаўленчых” групаў. Захавалі свае пасады тры з чатырох намесьнікаў старшыні: С. Альфер, Я. Раманчук, А. Дабравольскі (нягледзячы на праблему з падтрымкаю зьездам, у прыватнасьці, С. Альфера). Чацьвёртай намесьніцай старшыні стала Л. Гразнова, але гэта быў больш сымбалічны жэст, чым палітычнае прызначэньне. Адзінай шумнай падзеяй у асяродзьдзі АГП стала акцыя былога палітвязьня Андрэя Клімава. А. Клімаў прыпыніў сяброўства ў партыі і абвясьціў пачатак уласнай прэзыдэнцкай кампаніі, што суправаджалася актыўнай крытыкаю кіраўніцтва АГП. Клімаў выступіў на зьезьдзе ў траўні 2004 г., яго пазыцыя была прынятая да ўвагі, але не падтрыманая ўдзельнікамі зьезду.

Пэўныя зьмены тычыліся моладзевай арганізацыі АГП. Як вядома, у лістападзе 2002 г. адбылося аб’яднаньне „Моладзі АГП” і Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу ў новую арганізацыю — МХСС „Маладыя дэмакраты”, якая стала афіцыйнай моладзевай арганізацыяй партыі. У чэрвені 2003 г. МХСС „МД” быў ліквідаваны пастановай Вярхоўнага суду і надалей вымушаны працягваць дзейнасьць як незарэгістраваная арганізацыя.

ПКБ. ПКБ, як і АГП, захавала арганізацыйную стабільнасьць і пераемнасьць уласных палітычных органаў. На чарговым VII (XXXVIII) зьезьдзе ПКБ, які адбыўся 25 траўня 2003 г., кіраўнічыя органы партыі засталіся практычна бязь зьменаў. Старшынём быў абраны С. Калякін (які кіруе партыяй з 1994 г.). Трэба адзначыць і стабільнасьць складу сакратароў ЦК ПКБ. Два зь пяці займаюць свае пасады з 1993 г. (Іван Акінчыц, Анатоль Лашкевіч) і два — з 1997 г. (Алена Скрыган, Аляксандар Пахлопка). Тым ня менш, ПКБ выявіла значныя зьмены ў ідэалёгіі і стратэгіі палітычных дзеяньняў. З 2003 г. (асабліва пасьля зьезду ў траўні 2003 г. і прыняцьця новай праграмы) назіраецца тэндэнцыя да мадэрнізацыі партыі і яе ідэйных пазыцыяў. У праграмных дакумэнтах, а таксама публічных заявах больш увагі акцэнтуецца на неабходнасьці дэмакратычнага разьвіцьця краіны, каштоўнасьцях свабоды і г. д., у той час як традыцыйная савецкая рыторыка адыходзіць на другі плян, хоць і не зьнікае поўнасьцю. Відавочным зьяўляецца ўплыў эўрапейскага левага дыскурсу на палітычную мову ПКБ. Больш за тое, пасьля мясцовых выбараў 2003 г. партыя ўзяла курс на актыўнае палітычнае супрацоўніцтва з шырокім спэктрам дэмакратычных сілаў Беларусі, што зрабіла магчымым стварэньне шырокай палітычнай кааліцыі „5+”.

Палітычная эвалюцыя апазыцыі 2003—2004 гг. была моцна зьвязаная з падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі 2004 г. У выніку шматлікіх кансультацыяў і ўзгадненьняў былі створаны дзьве палітычныя кааліцыі: Народная кааліцыя „5+” (заснаваная 5 палітычнымі партыямі) і Эўрапейская кааліцыя „Свабодная Беларусь” (заснаваная БСДП (НГ) і „Хартыяй’97”), якія сталі цэнтрамі прыцягненьня для астатніх дэмакратычных сілаў. Менавіта гэтыя дзьве кааліцыі сталі асноўнымі ўдзельнікамі палітычнай кампаніі 2004 г. і шмат у чым вызначалі яе разьвіцьцё.

1 Маніпуляваньне вынікамі падчас выбараў 2003 г. для палітычных партыяў было відавочным, тым ня менш, быў досьвед і адносна „сумленных” выбараў. У першай палове 2003 г. практычна ўсе меркавалі, што маніпуляцыі будуць часткаю кампаніі 2004 г., але здавалася, што ім можна будзе супрацьдзейнічаць і яны ня будуць мець татальнага характару, асабліва ўлічваючы магчымы кантроль з боку міжнароднай супольнасьці. Так ці інакш, праблема мадэляваньня вынікаў выбарчымі камісіямі яшчэ не ўяўлялася такой непераадольнай.