Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Культурны фон беларускай палітыкі

Мэта гэтага артыкулу — разгледзець асобныя праблемы культурнага фону беларускай палітыкі. Перш за ўсё будуць прааналізаваныя вынікі ідэалягічнага „павароту” беларускіх уладаў пасьля 2001 г. Сутнасьць „павароту” ў адыходзе ад „рэвалюцыйнай” панславісцкай/русісцкай ідэалёгіі з элемэнтамі савецкай рэстаўрацыі да „ідэалёгіі беларускай дзяржавы”, якая адлюстроўвае пераход з „імпэрскага” да „тутэйшага”. Панрусісцкая[1] палітычная мова дамінавала з самага пачатку прыходу А. Лукашэнкі да ўлады, а адпаведная ідэалёгія зьведала сапраўдны ўздым у 2-й палове 1990-х гг., фактычна атрымаўшы афіцыйны статус. Новая ідэалёгія фармавалася на жорсткай апазыцыі да ідэалёгіі беларускага адраджэньня, што мела ўздым у 1988-1995 гг., і шмат у чым — у апазыцыі да ідэі незалежнасьці. Але на пачатку ХХІ ст. панрусізм выявіў відавочную палітычную бездапаможнасьць і неадэкватнасьць як патрэбам беларускага грамадзтва, так і рэальным палітычным працэсам у Беларусі. 2000-2002 гг. увогуле сталі завяршэньнем эпохі транзыту і адпаведна выклікалі значныя зьмены ў палітычнай мове, а таксама праблематыцы палітычных дыскусіяў. У палітычнай мове практычна перасталі выкарыстоўвацца старая тэрміналёгія „пераходнага пэрыяду”, фразэалёгія „камунізму” і „антыкамунізму”. Акрамя таго, адбылося станаўленьне дзяржаўных і нацыянальных ідэнтычнасьцяў у новых постсавецкіх дзяржавах, што зьменшыла дыскусію пра нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне. Паварот ад панрусізму да „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” — відавочная праява гэтага агульнага рэгіянальнага працэсу.

Надалей мы разгледзім практычныя захады афіцыйных уладаў для стварэньня „ідэалёгіі беларускай дзяржавы”, мадэль ідэнтычнасьці, якую прапануе ўзгаданы ідэалягічны комплекс, а таксама асноўныя тэндэнцыі культурнай і палітычнай ідэнтыфікацыі, характэрныя для беларускага грамадзтва.

Праект „ідэалёгія беларускай дзяржавы”

На пачатку коратка пазначым праблему крыніцаў „ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Пераважная большасьць дасьледнікаў, аналітыкаў і публіцыстаў яе зьяўленьне зьвязваюць з адраджэньнем савецкай палітычнай традыцыі, дзе існавала кананізаваная дзяржаўная ідэалёгія, ролю якой выконваў марксізм-ленінізм. Значныя складнікі савецкай ідэалёгіі (напрыклад русацэнтрызм, ідэя „адзінага народу”) альбо ўвогуле не ўваходзілі ў склад кадыфікаванай ідэалёгіі, альбо прысутнічалі толькі ў якасьці фону. Зь „дзяржаўнай ідэалёгіяй” мы маем тую ж сытуацыю: далёка ня ўсе значныя для ўлады канцэпты (асабліва „палітычна некарэктныя”) уключаныя ў яе корпус.

Збольшага ўплыў савецкай традыцыі відавочны, асабліва пры рэалізацыі гэтага праекту на нізавым узроўні. Але ўплыў мае месца ня ў зьмесьце ідэалёгіі — тут простых перайманьняў нямнога, найбольш паказальны прыклад — героіка Вялікай айчыннай вайны. Мае месца пераважна структурнае перайманьне ідэі дзяржаўнай ідэалёгіі як „цэмэнтуючай і арганізуючай сілы” грамадзтва і ўяўленьне пра ідэалёгію як неабходны элемэнт завершанай дзяржавы. Непасрэдным пазычаньнем ёсьць і перайманьне самога тэрміну „ідэалёгія”, які б не выкарыстоўваўся без уплыву савецкай традыцыі, асабліва ўлічваючы нэгатыўныя, часам нават палітычна некарэктныя канатацыі, якія ўзьнікаюць у сувязі зь ім. (У іншай сытуацыі замест „ідэалёгіі” ўжываўся б больш палітычна карэктны канцэпт „нацыянальная ідэя” ці „дзяржаўная ідэя”, а яе рэалізацыя адбывалася б больш ускосным чынам — праз СМІ, гісторыю, літаратуру.) Што тычыцца зьместу, то савецкую ідэалягічную дактрыну лічыць крыніцаю „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” нельга, а тлумачыць беларускую ідэалёгію ўплывам расейскага мэсіянізму, як і мэсіянізмам увогуле, недарэчна. Нязначныя мэтафары „беларускай місіі” толькі эпізадычна і вельмі абмежавана прысутнічалі ў прамовах афіцыйных асобаў, напрыклад, А. Лукашэнкі на ідэалягічным сэмінары ў сакавіку 2003 г.: „Беларусь павінна прыцягваць сілы патрыятычнай накіраванасьці з усёй нашай айчыны, постсавецкай прасторы. Менавіта тут людзі павінны атрымаць трыбуну, вольную ад нэалібэральнага тэрору і цкаваньня”. Але такі мэсіянізм практычна не прысутнічае ў больш рафінаваных тэкстах і малаверагодна, каб задумваўся як нешта большае, чым мэтафара. Прынамсі, ні палітычная, ні ідэалягічная практыка пра гэта ня сьведчыць.

Завяршаючы агляд магчымых крыніцаў дзяржаўнай ідэалёгіі, трэба адзначыць, што яна ня мае інтэлектуальных сувязяў з традыцыяй беларускага нацыянальнага адраджэньня ХІХ-ХХ стст. Больш за тое, прынамсі фармальна, новая ідэалёгія знаходзіцца ў апазыцыі да нацыянальнай спадчыны. Уплыў заходне-русізму ў форме яго сучасных вэрсіяў, адноўленых вузкімі коламі расейскаарыентаванай інтэлігенцыі ў 1990-х гг., і розных канцэптаў расейскіх нацыяналістаў, якія былі перанятыя ў пэрыяд панаваньня панрусізму, больш адчувальны. Але такія ўплывы абмежаваныя інтэрпрэтацыяй гісторыі і рознымі антызаходнімі канцэпцыямі (а звычайна — толькі мэтафарамі), якіх, ізноў жа, адносна нямнога. Цэнтральнае месца ў новай спробе скласьці ідэалягічную дактрыну занялі ўсё ж праблемы „дзяржаўнага” і „беларускага”: „беларуская мадэль разьвіцьця”, „беларуская палітычная сыстэма”, „беларускі шлях”, „беларускі досьвед дзяржаўнага будаўніцтва” і г. д. Заходнярускія канцэпты выглядаюць у такім кантэксьце хутчэй як рудымэнт, які застаўся ад старых ідэалягічных схемаў.

На нашую думку, усе спробы знайсьці доўгую генэалёгію „дзяржаўнай ідэалёгіі” ня маюць падставаў. „Ідэалёгія беларускай дзяржавы” ёсьць пераважна новы фэномэн, які вельмі ўмоўна і ў абмежаванай ступені можна зьвязваць з апісанымі вышэй інтэлектуальнымі крыніцамі. Больш за тое, аснова новай ідэалягічнай дактрыны — канцэпт „беларускай дзяржавы” — практычна не спалучаецца ні з адной зь іх. „Ідэалёгія беларускай дзяржавы” мае характар апэратыўнага зводу канцэпцыяў, які складваецца як апісаньне існага рэжыму для патрэбаў „тут” і „цяпер”, і па сутнасьці сваёй гэта вельмі фрагмэнтаваны і да гэтага часу не кадыфікаваны корпус.

Сама „дзяржаўная ідэалёгія” звычайна пазначае сваю кароткую генэалёгію. Пачатак уласна беларускай дзяржаўнасьці зь яе пазыцыяў месьціцца не ў расейскай мэтраполіі (заходне-русізм), не ў БССР (саветызм) ці ВКЛ/БНР (традыцыя адраджэньня), але ў значна больш позьнім пэрыядзе — у 1991 г., а больш дакладна — у 1994 г., калі пачаў складвацца сучасны рэжым.

Фармальна разгортваньне „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” як палітычнага праекту пачалося вясною 2003 г. з пасяджэньня дзейнага сэмінару кіраўнічых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў „Аб стане ідэалягічнай работы і захадах для яе ўдасканаленьня”[2]. Сэмінар адбыўся 27 сакавіка і суправаджаўся шырокай кампаніяй у дзяржаўных СМІ. Сама „ідэалёгія беларускай дзяржавы” была сфармуляваная як спалучэньне чатырох элемэнтаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі (праўная аснова ідэалёгіі дзяржавы), беларуская эканамічная мадэль (эканамічная аснова ідэалёгіі дзяржавы), беларуская палітычная мадэль (палітычная аснова ідэалёгіі дзяржавы) і беларуская ідэалягічная дактрына / нацыянальная ідэя (сьветапоглядная аснова ідэалёгіі дзяржавы).

На сэмінары не было адзінства аб пытаньні фармату ідэалягічнай працы і яе зьмесьце. У прыватнасьці, шэраг службоўцаў (сярод іх галоўны рэдактар газэты „Беларусь сегодня / Советская Белоруссия” Павал Якубовіч) слушна выступалі супраць выкарыстаньня слова „ідэалёгія”, „ідэалягічная праца” і прапаноўвалі гаварыць пра „інфармацыю” ды „інфармацыйную работу”. А акадэмік Яўген Бабосаў выказаў меркаваньне, што ў якасьці асновы ідэалёгіі можна пакласьці „беларускасьць”. Тым ня менш, гэтыя прапановы не былі падтрыманыя, а сам сэмінар распачаў праект „ідэалёгія беларускай дзяржавы” ў тым выглядзе, які мы маем цяпер. (Паказальнай таксама была дыскусія пра назву: „ідэалёгія беларускай дзяржаўнасьці” ці „ідэалёгія беларускай дзяржавы”. Першая, натуральна, прадугледжвала б зусім іншую стылістыку разгортваньня ідэалягічных канцэптаў.)

Акрамя „навуковай” распрацоўкі ідэалягічных асноваў дзяржаўнай улады, гэты праект уключаў і іншыя арганізацыйныя захады. Зьмены датычыліся перш за ўсё выканаўчых органаў. Была ўтвораная „ідэалягічная вэртыкаль”: у прыватнасьці, у структуру мясцовых выканаўчых органаў была ўведзеная пасада намесьніка старшыні па ідэалёгіі. Паступова „ідэалягічная вэртыкаль” пачала выконваць і іншыя функцыі, дзе-нідзе фармуючы „вэртыкаль палітычную”. На яе, у прыватнасьці, была ўскладзеная значная частка працы для забесьпячэньня выбарчай кампаніі 2004 г. У 2003 г. была прызнаная незадавальняльнай праца Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта і праведзеная яго рэарганізацыя, акрамя таго, пастаўленае пытаньне пра павышэньне якасьці аналітычнай працы структурных падразьдзяленьняў Адміністрацыі прэзыдэнта ўвогуле.

Зьмены закранулі і сыстэму адукацыі. Быў распрацаваны навучальны курс для ВНУ „Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Ён быў уведзены ў навучальныя праграмы і пачаў выкладацца з 2003/04 навучальнага году. Для ідэалягічнай працы з насельніцтвам былі створаныя інфармацыйна-прапагандысцкія групы і праведзеныя некалькі спробаў рэанімацыі грамадзкага аб’яднаньня таварыства „Веды”. Усе гэтыя спробы можна лічыць няўдалымі. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы вельмі хутка паказалі сваю неэфэктыўнасьць, а навучальны курс для ВНУ склаўся ў значнай ступені як фармальны і несыстэмны. Шэраг захадаў тычыўся і арганізацыі інфармацыйнай прасторы: быў пашырэны ўплыў беларускіх тэлеканалаў, зьменены кампанэнты навінаў і павялічаны час гучаньня беларускай музыкі на FM-станцыях і г. д.

Ідэалягічныя зьмены сталі відавочнымі і пры арганізацыі выбарчай кампаніі 2004 г. Праблематыка замежнапалітычных стасункаў з Расеяй альбо Захадам была зьведзеная да мінімуму (асабліва ў параўнаньні з выбарамі 2001 г.). У палітычнай мове перастала ўжывацца апэляцыя да Расеі як сродку легітымацыі беларускай улады. Паказальна, што сымбалем кампаніі па рэфэрэндуме і выбарах у палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу стаў цалкам „патрыятычны” лёзунг „За Беларусь”.

Вэрсія ідэнтычнасьці, прапанаваная „ідэалёгія беларускай дзяржавы”

Звычайна пры аналізе ідэнтычнасьці ў яе структуры вылучаюць кагнітыўную і афэктыўную частку. Кагнітыўная частка ўтрымлівае зьмест ідэнтычнасьці — вэрсіі гісторыі, канцэпцыі паходжаньня, крытэры ідэнтыфікацыі, моўную і культурную кампазыцыі, прыкметы ды маркеры групавой і індывідуальнай тоеснасьці і г. д. Афэктыўная частка ідэнтычнасьці зьвязаная з пачуцьцём гонару, перажываньня, жаданьня належаць ці не належаць да той супольнасьці, зь якой пэўны чалавек сябе ідэнтыфікуе.

Для апісаньня кагнітыўнага кампанэнту ідэнтычнасьці зручна выкарыстоўваць цыркулярную мадэль, якая заключаецца ў вылучэньні „цэнтру” — асновы для самасьвядомасьці — і дастаткова шырокай „пэрыфэрыі”, якая атачае гэты цэнтар. Цэнтрам прапанаванай у „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” ідэнтычнасьці, відавочна, ёсьць канцэпт „беларуская дзяржава”. У сваю чаргу, гістарычная традыцыя і культурная ідэнтыфікацыя маюць у кантэксьце дзяржаўнай ідэалёгіі пэрыфэрыйнае значэньне. Гэта значыць, што адначасова яна можа ўтрымліваць некалькі вэрсіяў гісторыі і культурнай ідэнтыфікацыі, не парушаючы ўласнай цэласнасьці. Акрамя гэтага, зьмены, якія адбываюцца ў інтэрпрэтацыі гісторыі і культуры, мала ўплываюць на разуменьне „беларускай дзяржавы”, у той час як нязначныя зьмены ў разуменьні апошняй выклікаюць актыўнае перапісваньне гісторыі і культуры.

„Беларуская дзяржава” ў межах праекту новай ідэнтычнасьці мае пераважна прасторавае ўвасабленьне, часавая рэпрэзэнтацыя (гісторыя, генэалёгія) акрэсьленая дастаткова слаба. Дзяржава ў кантэксьце ідэалёгіі — гэта перш за ўсё тэрыторыя, а таксама ўлада, якая дамінуе на гэтай тэрыторыі. Сутнасьць улады як атрыбуту „беларускай дзяржавы” — сыстэма дзяржаўных органаў, створаная ў другой палове 1990-х гг. У адрозьненьне ад беларускай нацыянальнай традыцыі, як і традыцыі большасьці краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, у межах ідэнтычнасьці, якая прапануецца беларускімі ўладамі, дзяржаўнасьць ня зьвязваецца з доўгай гістарычнай і культурнай традыцыяй, а значыць, ідэя ўлады мае неакрэсьленае часавае вымярэньне.

Натуральна, падручнікі ідэалёгіі звычайна імкнуцца да фармуляваньня „глыбокай” генэалёгіі — Кіеўская Русь, БССР і г. д., але трывалай згоды на гэты конт не існуе. Частка аўтараў з інэрцыі падкрэсьліваюць „агульнаславянскую” сутнасьць палітычнай традыцыі Беларусі, іншыя асноўны ўхіл робяць на досьвед БССР ці нават спрабуюць упісаць у яе ВКЛ. Апісаньне генэалёгіі вельмі нестабільнае, таму, прынамсі на сёньня, гістарычная самасьвядомасьць займае пэрыфэрыйнае месца ў ідэнтычнасьці (у прынцыпе, уся гісторыя разглядаецца як да-дзяржаўнае разьвіцьцё, гісторыя тэрыторыі). Такім чынам, „беларуская дзяржава” ў кантэксьце новай ідэнтычнасьці — гэта тэрыторыя, мытні, сыстэма заканадаўства, інстытут грамадзянства і іншыя атрыбуты, пэрсаніфікаваныя ў сыстэме дзяржаўных органаў, створаных пасьля 1994-1996 гг., гэта значыць створаных сучасным рэжымам. Усе спалучэньні яе з тымі ці іншымі гістарычнымі традыцыямі, міжнародным кантэкстам, культурнай спадчынай і г. д. маюць другаснае значэньне і пакуль не кадыфікаваныя. (Кадыфікаваная ідэалёгія патрабуе ня толькі апісаньня дзяржавы, але і „ідэі дзяржавы”. Гэтага элемэнту пакуль няма, калі ня ўлічваць некалькіх мэтафарычных выказваньняў.)

Больш за тое, службовыя асобы і афіцыйныя СМІ дастаткова часта падкрэсьліваюць кароткую генэалёгію беларускай дзяржавы, яе малады характар[3]. Тэндэнцыя пачаць адлік гісторыі з 1994 г. вельмі паказальная. Што тычыцца пэрыяду 1991-1994 гг., то ён адназначна выступае ўвасабленьнем хаосу, нестабільнасьці і дэструктыўнасьці.

Як ужо было адзначана, выбар гістарычнай традыцыі для новай ідэалёгіі зьяўляецца праблематычным. З аднаго боку, рэцэпцыя „нацыянальнай” гістарычнай спадкаемнасьці (Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — нацыянальна-вызваленчы рух ХІХ-ХХст. — Беларуская Народная Рэспубліка — Рэспубліка Беларусь) з палітычных прычынаў немагчымая. Па-першае, яна доўгі час рэпрэсавалася ўладаю, асабліва на пачатку панславісцкага пэрыяду. Па-другое, такое разуменьне гісторыі асабіста не прымаецца часткаю кіраўнічай эліты і самім прэзыдэнтам.

Культываваньне панславісцкіх і, тым больш, панрусісцкіх вэрсіяў гісторыі, якія, як мы адзначалі на пачатку, былі асноваю ідэалягічнага аздабленьня рэжыму ў другой палове 1990-х гг., ёсьць дастаткова неэфэктыўным. Правал праекту расейска-беларускай інтэграцыі выявіў яго дрэнную прыстасаванасьць да патрэбаў незалежнай дзяржавы, хоць панрусісцкае разуменьне гісторыі і не адкінутае цалкам. Савецкая гістарычная традыцыя таксама ня можа быць цалкам прынятая. Па-першае, Беларусь цяжка лічыць спадкаемніцай СССР, па-другое, уздым настальгічных пачуцьцяў па былой вялікай дзяржаве даўно мінуў. Так ці інакш, дзяржаўная ідэалёгія не прапануе больш-менш акрэсьленай гістарычнай спадчыны.

Культурная ідэнтыфікацыя

Нягледзячы на значную трансфармацыю палітычнага бачаньня Беларусі і фактычны пераход улады з „імпэрскіх” на „дзяржаўныя” пазыцыі, гэты пераход практычна не закрануў сфэры культурнай ідэнтыфікацыі, якая па-ранейшаму не грунтуецца на беларускай культурнай спадчыне. Манапольны статус расейскай мовы і, у значнай ступені, расейскай культуры не мяняецца. Легітымацыя расейскай мовы мае розныя формы, ад падкрэсьліваньня блізкасьці і агульнасьці яе зь беларускай да канструяваньня адпаведнай генэалёгіі: у ВКЛ дзяржаўнаю была руская мова, на гэтай мове Ф. Скарына выдаў сваю Біблію, празь яе мы атрымалі адукацыю і г. д. Часам уводзіцца тэзыс пра тое, што Беларусь як былая частка савецкай і расейскай імпэрыі мае права на яе культурную спадчыну, перш за ўсё моўную.

Варта адзначыць пэўнае зьмяненьне статусу расейскай мовы. Калі раней, у панславісцкі пэрыяд, расейская мова выступала як доказ адзінства і тоеснасьці беларускага і расейскага народаў і выступала як нешта супольнае і ўнівэрсальнае, то ў мове сучаснай ідэалёгіі сытуацыя выглядае троху інакш. Аргумэнтацыя зводзіцца да доказу таго, што расейская мова — „гэта ня толькі мова расейцаў, але і наша мова”, „расейская мова не належыць расейцам”, „у яе фармаваньні ўдзельнічалі і беларусы” і да т. п. Адбываецца так званая кантэкстуалізацыя, „лякалізацыя” расейскай мовы. Калі раней яна выступала як аргумэнт для „ўзьяднаньня”, то цяпер пачынае інтэрпрэтавацца як фактар, які ўжо ня ёсьць падставаю для інтэграцыі.

Яшчэ больш відавочна гэта прасочваецца ў іншых культурных сфэрах. Улада і яе ідэалёгія практычна не выказваюць узьнёслых эмоцыяў у адносінах да расейскай культуры, асабліва сучаснай. Піетэт захоўваецца, звычайна, да клясычнай расейскай літаратуры ды культуры савецкага пэрыяду. Адпаведна, у большасьці працаў з ідэалёгіі актуалізацыя расейскай культурнай традыцыі альбо адсутнічае, альбо знаходзіцца на пэрыфэрыі. У той самы час узмацняюцца розныя формы культурнага пратэкцыянізму і падтрымкі беларускай культуры, як у яе традыцыйных, так і сучасных формах. Найбольш красамоўны прыклад — увядзеньне ў 2004 г. абавязковай квоты ў 50 % для беларускай музыкі ў этэры, пазьней квота была павялічаная да 75 %.

Такім чынам, расейскамоўная аснова культурнай ідэнтыфікацыі ў праекце новай ідэнтычнасьці захоўваецца, але зьмястоўнае напаўненьне гэтай формы ўсё больш надаецца культурным прадуктам мясцовага паходжаньня. У той жа самы час культурная традыцыя ў ідэалягічным корпусе не зусім прапісаная і звычайна адсылае да наступнай спадкаемнасьці: 1) адраджэньне другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. Гэты пэрыяд быў цалкам упісаны ў савецкую гісторыю беларускай культуры і нацыі. Тут прызнаецца легітымнасьць клясыкаў літаратуры (Я. Купала, Я. Колас), нават „Нашай Нівы” і палітыкі беларусізацыі ў 1920-х гг.; натуральна, БНР, як і нацыянал-дэмакраты, з гэтага корпусу выпадаюць; 2) эпоха беларускай савецкай культуры; 3) сучаснасьць.

Беларуская мова і культура ў ідэалягічным корпусе фігуруюць звычайна ў форме нацыянальнага сымбалю. Фармальнае і публічнае прыязнае стаўленьне да яго ёсьць нормаю — „родная культура”, „матчына мова”, — але сацыяльная ізаляцыя і пэрыфэрыйнае існаваньне беларускай мовы лічыцца адным з дасягненьняў беларускай мадэлі „рэальнага” дзьвюхмоўя. Практычная палітыка ўлады ў моўнай і культурнай сфэры пабудаваная на прынцыпе захаваньня сацыяльнай ізаляцыі функцыянаваньня беларускай мовы і культуры — гэта значыць на захаваньні той культурнай кампазыцыі Беларусі, якая склалася ў БССР і была парушаная хваляй нацыянальнага ўздыму пачатку 1990-х.

Афіцыйна ўлада ніколі не адмаўляла ў каштоўнасьці і значнасьці беларускай мове. Гэта падкрэсьлівалася на ўзроўні як афіцыйных заяваў і публічных выступаў, так і шэрагу нарматыўных актаў. Тым ня менш, у адпаведнасьці з савецкай традыцыяй, легітымна беларуская мова мела падтрымку толькі ў вузкай сацыяльнай сфэры, куды ўваходзяць літаратура, мастацтва, часткова — гуманітарныя навукі (гісторыя Беларусі, філялёгія і г. д.), часткова — сфэра адукацыі. У іншых сфэрах улады схільны падтрымліваць дамінантны статус расейскай мовы, перш за ўсё прызнаньнем яе права на манаполію ў сыстэме гарадзкой адукацыі, ВНУ, бізнэсу і г. д. Праграмаў, што стымулявалі б выкарыстаньне нацыянальнай мовы, якія былі прынятыя практычна ўва ўсіх краінах рэгіёну, у тым ліку і ў Расеі ў адносінах да мовы расейскай, у Беларусі не існуе.

Што тычыцца публічнай сфэры, то ўлада не стымулюе прадстаўніцтва ў ёй беларускай мовы. Расейская мова даўно стала адзінай моваю ўлады. У апошнія гады нават Першы нацыянальны тэлеканал быў практычна цалкам пераведзены на расейскую мову, чаго не было нават у часы БССР (перавод быў патлумачаны, перш за ўсё, маркетынгавымі прычынамі), тое ж тычыцца і астатніх сродкаў масавай інфармацыі. Як паказвае аналіз прамоваў прэзыдэнта і шэрагу афіцыйных асобаў, выкарыстаньне беларускіх словаў і словазлучэньняў на 90 % зьвязана з цытаваньнем апазыцыі ці перадачай кантэксту апазыцыйнасьці. Жывая беларуская мова і культура ў значнай ступені працягваюць асацыявацца з апазыцыяй і апазыцыйнасьцю, а гэта значыць — неляяльнасьцю і крыніцаю дэстабілізацыі. Але гэта тычыцца практычнага ўспрыняцьця беларускай культуры, у корпусе „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” яна трактуецца цалкам паліткарэктна.

Сутнасьць афэктыўнай часткі ідэнтычнасьці, прапанаваная ў „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” як палітычным праекце, дастаткова відавочная. Эмацыйныя перажываньні грамадзяніна Беларусі павінны быць накіраваныя, перш за ўсё, на павагу да сучасных дзяржаўных інстытутаў і, адпаведна, на адчуваньне каштоўнасьці сучаснай эканамічнай і сацыяльнай сыстэмы, палітычнага рэжыму. У ідэале гэта значыць ператварэньне сучаснага палітычнага рэжыму ў аснову для грамадзянскай і нацыянальнай ідэнтыфікацыі насельніцтва краіны. З гэтай прычыны асноўнай праблематыкай тэкстаў па „ідэалёгіі беларускай дзяржавы” ёсьць апісаньне і канцэптуалізацыя існай эканамічнай і палітычнай мадэлі, у той час як эмацыйнаму стаўленьню да розных інтэрпрэтацыяў беларускай (ці нейкай іншай, напрыклад расейскай) культурнай і гістарычнай спадчыны адводзіцца другасная роля.

Асноўныя тэндэнцыі культурнай і палітычнай ідэнтыфікацыі ў беларускім грамадзтве

З розных прычынаў значная колькасьць сучасных дасьледнікаў вызначаюць Беларусь як няскончаны праект нацыятварэньня, што робіцца ў адпаведнасьці з схемамі сучаснай тэорыі нацыяналізму Э. Сьміта, Э. Гелнэра, Б. Андэрсана. У значнай ступені яны маюць рацыю. Беларусы як нацыя не прайшлі ўсе стадыі нацыянальнага самасьцьвярджэньня і не валодаюць моцнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасьцю. Беларускія культура і мова большую частку гісторыі рэпрэсаваліся і былі пазбаўленыя, за выключэньнем кароткага пэрыяду 1990-1994 гг., уладнай легітымацыі.

Відавочна, большасьць насельніцтва Беларусі атаясамлівае сябе зь беларускай нацыяй — 81,2 % (паводле агульнанацыянальнага перапісу 1999 г.). Але для большасьці Беларусь ідэнтыфікуецца не з культурнай ці гістарычнай традыцыяй, але з тэрыторыяй, месцам пражываньня. У той жа час, абсалютная большасьць насельніцтва за 15 гадоў існаваньня дзяржавы прыняла ідэю яе незалежнасьці, што адпаведным чынам адлюстравалася ў ідэнтычнасьці. Таму пераход ад панславізму да „нацыяналізму” для ўладаў быў у значнай ступені вымушаны, прадыктаваны аб’ектыўнымі працэсамі разьвіцьця беларускага грамадзтва і эвалюцыі яго сьвядомасьці. Існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы спрычынілася да складаньня новай самасьвядомасьці, якая прыняла беларускую дзяржаўнасьць, але захавала індыфэрэнтнае стаўленьне да нацыянальнай культурнай традыцыі.

Натуральнае разьвіцьцё грамадзкай сьвядомасьці стала адной з прычынаў няўдачы панрусісцкага (фактычна — заходнерасейскага) праекту нацыянальнай ідэнтычнасьці, які меў афіцыйны статус у 1995-2000 гг. Нягледзячы на значныя ідэалягічныя, інфармацыйныя і арганізацыйныя захады ў другой палове 1990-х гг., розныя варыянты расейскай ды агульнарускай ідэнтычнасьці практычна ня мелі ўплыву на грамадзкую сьвядомасьць, за выключэньнем вузкіх колаў расейскаарыентаванай інтэлігенцыі[4]. Электаральная падтрымка ідэі беларуска-расейскай інтэграцыі ў 1990-х гг. мела пераважна практычную сутнасьць, якая была моцна зьвязаная з надзеямі на эканамічныя прэфэрэнцыі і прыхільным стаўленьнем да савецкай спадчыны.

Радыкальны пералом ідэалягічнай арыентацыі рэжыму і яго практычна поўны адыход ад панрусісцкай і панславісцкай рыторыкі ня выклікаў ніякай прыкметнай рэакцыі насельніцтва, а новы „нацыяналізм” быў успрыняты ляяльна, хоць і з пэўнай іроніяй у гарадзкім асяродзьдзі. Ідэалягічны „паварот” уладаў пасьля 2001 г. быў ня толькі — а магчыма, ня столькі — адкідваньнем ужо зусім не актуальных з палітычнага пункту гледжаньня панславісцкіх і „рэстаўрацыйных” ідэяў, але прывядзеньнем ідэалягічнай сыстэмы ў адпаведнасьць зь існай культурнай сытуацыяй. Гэтыя працэсы можна лічыць „аб’ектыўнымі” як для насельніцтва, якое пасьля пэўнага пэрыяду нявызначанасьці прыняло ідэі дзяржаўнай незалежнасьці, так і для ўлады, для якой ідэалягічны „пералом” быў выкліканы меркаваньнямі палітычнай мэтазгоднасьці. Нават сама расейская праблематыка практычна зьнікла з палітычнай сцэны, саступіўшы месца праблематыцы „ўнутранай”.

У адпаведнасьці зь перапісам 1999 г. 85,6 % беларусаў назвалі сваёй роднай мовай беларускую, 41,3 % зь іх карыстаюцца беларускай моваю ў побытавых зносінах — гэта 33,6 % ад агульнага насельніцтва. (Дакладнасьць дадзеных перапісу часта крытыкавалася, у прыватнасьці, з сацыялягічных пазыцыяў. Але, па-першае, дакладнасьць сацыялягічных апытаньняў непараўнальна меншая, чым нацыянальнага перапісу. Па-другое, такая крытыка вельмі часта ператвараецца ў лінгвістычную спрэчку пра тое, ці аднесьці тую ці іншую гаворку да дрэннай беларускай ці сапсаванай расейскай. Так ці інакш, тое, што значная колькасьць людзей адказала на пытаньне анкеты такім чынам, сьведчыць на карысьць іх культурнай ідэнтычнасьці.) Але большасьць беларусаў карыстаецца расейскай моваю, выбар якой, аднак, зьвязаны не з адданасьцю расейскай культурнай традыцыі, але практычнай мэтазгоднасьцю, якая суправаджаецца фэномэнам нацыянальнай і культурнай індыфэрэнтнасьці. Большасьць беларусаў мае практычнае, а не ідэалягічнае стаўленьне да нацыянальных моваў, як і да ўсяго, што зьвязанае з „сыстэмаю нацыянальных каштоўнасьцяў”.

Гэта тлумачыць тое, чаму фармаваньне новай ідэнтычнасьці ня выклікала прынцыповых зьменаў у адносінах да беларускай культуры і мовы. Іх становішча застаецца ізаляваным з сацыяльнага і палітычнага пункту гледжаньня, палітыка ўладаў у гэтай сфэры накіраваная на захаваньне і замацаваньне status quo.

Тым ня менш, беларуская мова застаецца важным этнічным (нацыянальным) сымбалем для беларусаў. Дарма што дастаткова вялікая частка насельніцтва не гаворыць на беларускай мове, яна прызнаецца роднаю, прызнаецца важным сродкам нацыянальнай і культурнай ідэнтыфікацыі. Акрамя гэтага, беларуская мова захоўвае сваё важнае месца ў сукупнасьці фэномэнаў, якія вызначаюць у грамадзкай сьвядомасьці фэномэн „беларускасьці” і „нацыянальнай культуры”. Хоць у значнай ступені гэты вобраз набывае ня столькі нацыянальны, колькі этнаграфічны характар.

Нягледзячы на ўстойлівыя неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця і пашырэньня беларускай мовы, яна паказвае адносна стабільныя тэмпы ўзнаўленьня колькасьці сваіх носьбітаў. Яна таксама адносна ўстойліва ўзнаўляе сябе ў інтэлектуальнай сфэры, перш за ўсё ў гуманітарных навуках.

Такім чынам, за апошнія гады ў Беларусі завяршылася фармаваньне новай грамадзкай самасьвядомасьці. Большасьць насельніцтва прыняла ідэю дзяржаўнай незалежнасьці, а праблемы яе сьцьвярджэньня адышлі ў палітычных дыскусіях на другі плян. Прыняцьце незалежнасьці, аднак, ня выклікала пашырэньня сацыяльных практыкаў беларускай мовы і культуры.

За апошнія гады адбыўся значны паварот у ідэалёгіі ўлады. Розныя вэрсіі панрусізму і панславізму, якія фактычна мелі афіцыйны статус у другой палове 1990-х гг., з прычынаў натуральнай эвалюцыі беларускай дзяржавы і меркаваньняў палітычнай мэтазгоднасьці былі замененыя на новы ідэалягічны корпус — „ідэалёгію беларускай дзяржавы”. Галоўнай уласьцівасьцю новай ідэалёгіі стала актуалізацыя ідэі беларускай дзяржаўнасьці, а таксама спробы апісаньня і канцэптуалізацыя спэцыфічных рысаў эканамічнай мадэлі і сучаснага палітычнага рэжыму, у тым ліку і для фармаваньня ляяльнай да ўлады самасьвядомасьці большасьці насельніцтва краіны.

1 Тэрміны „панславізм” і „панрусізм” (ідэя палітычнага і культурнага адзінства ўсіх „рускіх” народаў: беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў) для Беларусі зьяўляюцца, па сутнасьці, тоеснымі. Таму ў гэтым артыкуле мы будзем ужываць іх як раўназначныя. Частка дасьледнікаў выкарыстоўвае для азначэньня сучасных вэрсіяў „славянскай ідэі” тэрмін „нэаславізм”, але мы будзем прытрымлівацца больш традыцыйных азначэньняў.

2 Першыя вэрсіі будучай ідэалёгіі зьявіліся раней, яшчэ ў 2002 г., гл.: Белорусская модель развития: механизмы реализации / Под ред. Е. Матусевича. — Мн., 2003.

3 Пар. стылістыку сэрыялу „Найноўшая гісторыя” і кнігі: Лукашенко А. Г. Исторический выбор Беларуси : Лекции, прочитанные в высших учебных заведениях г. Минска. — Мн., 2003.

4 Паказальны і адначасова радыкальны прыклад: Криштапович Л. Е. Белоруссия и Русская цивилизация. Русь и Беларусь. — Мн., 1999.