Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Палітычны кантэкст напярэдадні парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. як унутраная, так і вонкавая палітыка адміністрацыі Лукашэнкі была падпарадкаваная мэце стварэньня спрыяльных умоваў для правядзеньня рэфэрэндуму аб „трэцім тэрміне”.

Найбольшых посьпехаў бок Лукашэнкі дасягнуў на „ўнутрыпалітычным фронце”. Была ліквідавана магчымасьць выступленьня на баку апанэнтаў рэжыму лідэраў дырэктарскага корпусу, усталяваны кантроль над ФПБ і галіновымі прафсаюзнымі аб’яднаньнямі. Ува ўмовах эканамічнага росту адсутнічала пагроза антырэжымных выступленьняў рабочых. Была праведзена „зачыстка” трэцяга сэктару.

На фоне слабасьці палітычных пазыцыяў апанэнтаў рэжым дасягнуў надзвычайна высокай ступені мабілізацыі рэсурсаў дзяржаўнага апарату. З аднаго боку, для гэтага была выкарыстаная „пуга” (узначаленыя генпракурорам Шэйманам камісіі праверылі дзеяздольнасьць органаў МУС, выканаўчай вэртыкалі, Рада бясьпекі выступіла з інспэкцыяй дзейнасьці КДБ), з другога — „пернік” (была працягнутая палітыка прыярытэтнага фінансаваньня „выканаўчай вэртыкалі”, сілавых структураў, органаў судовай улады). У выніку намаганьняў улады ўзімку 2002/03 г. унутры краіны адсутнічалі фактары, якія б перашкаджалі Лукашэнку абвесьціць правядзеньне рэфэрэндуму 3 сакавіка 2003 г., „з мэтай эканоміі дзяржаўных сродкаў” сумясьціўшы рэфэрэндум з выбарамі ў мясцовыя Рады.

Але замежнапалітычная сытуацыя ў той час не спрыяла рэалізацыі плянаў Лукашэнкі. Адмова прадаць зьвязаным з Крамлём расейскім алігархам кантрольныя пакеты акцыяў найбольш рэнтабэльных беларускіх прадпрыемстваў мела вынікам „інтэграцыйныя” прапановы У. Пуціна і катэгарычныя заявы шэрагу расейскіх палітыкаў аб тым, што Масква не падтрымае „трэці тэрмін” Лукашэнкі.

Пры існаваньні пэрспэктывы аблогі заходнімі і ўсходнімі „ворагамі” было вельмі цяжка размаўляць аб стабільнасьці палітычнай кар’еры Лукашэнкі. Аднак захаваньне аб’ектыўных супярэчнасьцяў у адносінах Расеі з Захадам, складаны характар рэфармаваньня расейскага грамадзтва — усё гэта сьведчыла, што пагроза міжнароднай ізаляцыі мае кароткачасовы характар, у бліжэйшай пэрспэктыве Расея павінна даць „зялёнае сьвятло” руху да „трэцяга тэрміну”. Чакаючы свайго часу, Лукашэнка працягнуў палітыку, накіраваную на аслабленьне палітычных пазыцыяў сваіх апанэнтаў у Беларусі і канфрантацыю з Захадам, што падтрымлівае беларускіх дэмакратаў. Пры гэтым ён быў гатовы супрацьстаяць спробам Крамля ўзмацніць расейскі ўплыў у Беларусі і зрабіць натурыстага беларускага саюзьніка марыянэткай, паслухмянай волі Масквы.

Цьвёрдая рашучасьць

У пачатку сакавіка 2003 г. адбыліся падзеі, якія істотна павялічвалі значэньне існага ў Беларусі рэжыму як стратэгічнага саюзьніка Расеі. Замежныя мэдыі паведамілі аб тым, што ў ходзе амэрыкана-польскіх перамоваў абмяркоўваецца магчымасьць перадысьлякацыі на базы на тэрыторыі Польшчы значнай часткі амэрыканскіх войскаў, разьмешчаных на тэрыторыі Нямеччыны. Асаблівае значэньне мела інфармацыя аб плянах стварэньня базаў ваенна-паветраных сілаў ЗША недалёка ад беларуска-польскай мяжы — каля гарадоў Мінск-Мазавецкі і Бяла-Падляска (апошні — за 35 км ад беларускай мяжы). Рэальная магчымасьць разгортваньня базаў NATO на тэрыторыі новых чальцоў альянсу — у Польшчы і Вугоршчыне — выклікала выбух абурэньня расейскага кіраўніцтва.

Рэзананс павялічваўся тым, што вялікую турботу афіцыйнай Масквы выклікаў факт разгортваньня базаў NATO на поўдні СНД: у Грузіі, Узбэкістане, Кыргыстане, будаўніцтва базаў у Азэрбайджане. Кіраўніцтва Грузіі заяўляла аб уступленьні краіны ў NATO як стратэгічнай мэце. Разьвіцьцё вайсковага супрацоўніцтва ЗША і іншых краінаў альянсу з цэнтральнаазіяцкімі і закаўкаскімі краінамі СНД суправаджалася інтэнсіўным разьвіцьцём эканамічнага супрацоўніцтва, што ў выніку азначала пашырэньне сфэры ўплыву ЗША і іх партнэраў.

Гэтыя крокі NATO азначалі, што тыя працэсы, якія наглядаліся ў Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзі, у недалёкай пэрспэктыве будуць адбывацца і каля заходніх межаў Расеі. Як красамоўная характарыстыка разьвіцьця цэнтрабежных працэсаў на абшарах СНД прагучала заява Зьбігнева Бжазінскага аб тым, што да 2017 г. Украіна і Беларусь могуць стаць чальцамі NATO.

Палітычную эліту і грамадзкую думку Расеі вельмі хвалявала ня толькі аслабленьне пазыцыяў у бліжэйшым замежжы, але і яўная няздольнасьць абараніць расейскія інтарэсы ў т. зв. далёкім замежжы. У пачатку сакавіка 2003 г. з дня на дзень чакаўся ўдар па рэжыме Хусэйна. Гэта азначала, што ў вельмі хуткай пэрспэктыве расейскія кампаніі згубяць магчымасьць зарабіць 10 млрд USD за ўдзел у будаўніцтве эканамічных аб’ектаў у Іраку і яшчэ 40 млрд USD — суму, у якую ацэньваліся абмяркоўваныя з Хусэйнам эканамічныя праекты.

У Лукашэнкі зьяўляліся моцныя вагары ўплыву на пазыцыю Крамля ў „беларускім пытаньні”. Ён мог быць упэўнены, што гульня на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам рана ці позна прынясе свае вынікі.

4 сакавіка афіцыйны Менск дэманстрацыйна прыняў дэлегацыю, узначаленую мэрам Багдаду Аднанам Хамэдам. У той жа час безвынікова скончыліся чарговыя перамовы па супольнай валюце. Менск і Масква зноў ня здолелі дамовіцца аб адзіным эмісійным цэнтры. (Беларуская дэлегацыя на перамовах катэгарычна настойвала на тым, каб у структуру эмісійнага цэнтру быў уключаны Нацыянальны банк РБ.) Тым самым расейскаму кіраўніцтву было дадзена зразумець: у абмен на аказаньне Расеі замежнапалітычнай падтрымкі беларускі саюзьнік разьлічвае на вельмі істотныя саступкі зь яе боку. Бясконцая гульня ў аб’яднаньне грашовых сыстэмаў дазваляла афіцыйнаму Менску, нягледзячы на напал жарсьцяў у адносінах з Расеяй, мець зручную падставу для таго, каб пры неабходнасьці пасадзіць расейскіх партнэраў за стол перамоваў з мэтай абмеркаваньня розных, у тым ліку і вырашальных, пытаньняў.

Адлігі ў адносінах з усходнім суседам трэба было пачакаць. Масква вуснамі пасла Расеі ў Беларусі нагадала Лукашэнку, што яна жадае атрымаць у абмен цяпер ужо на падтрымку „трэцяга тэрміну”. 8 сакавіка Аляксандар Блахін адзначыў, што беларускі ўрад цягне з прыватызацыяй прадпрыемстваў і завышае цану кантрольных пакетаў акцыяў.

22 сакавіка Міхаіл Хвастоў, які на даручэньне Лукашэнкі адыгрываў ролю актыўнага ўдзельніка халоднай вайны з Захадам, быў прызначаны паслом у ЗША. Гэтае кадравае рашэньне было заклікана прадэманстраваць Захаду, што нармалізацыя адносінаў з афіцыйным Менскам магчымая толькі пры ўмове аднабаковых крокаў насустрач Лукашэнку. Хвастова на пасадзе міністра замежных справаў замяніў Сяргей Мартынаў, былы пасол у Бэльгіі, сталы прадстаўнік Беларусі пры эўрапейскай супольнасьці і NATO.

На фоне складанай сытуацыі ў адносінах з Расеяй Лукашэнка атрымліваў добрыя зьвесткі з „унутрыпалітычнага фронту”. У шэрагах актыўных супраціўнікаў рэжыму ў сакавіку адбыўся чарговы раскол. У выніку разьвіцьця канфліктнай сытуацыі ў складзе БНФ ад партыі адкалолася група Паўла Севярынца „Малады фронт”. Як знак часу людзі ўспрымалі словы Васіля Быкава, адрасаваныя Першаму ўсебеларускаму сходу інтэлігенцыі (адбыўся ў Менску 16 красавіка): „Што рабіць? Мяняць кіраўніцтва. На якое? Ці не адбудзецца так, што на месца кепскага старога прыйдзе яшчэ больш кепскае новае?”

Для таго каб мець магчымасьць выкарыстаць слабасьць апанэнтаў, трэба было падтрымліваць высокую ступень гатоўнасьці „вэртыкалі” выконваць загады зьверху. Была працягнута барацьба з карупцыяй. АБЭЗ МУС атрымаў загад Лукашэнкі праверыць чысьціню шэрагаў „вэртыкалі”. У выніку праверкі ў красавіку былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў адносінах да старшыні Драгічынскага райвыканкаму Сяргея Мамацюка, намесьніка старшыні Крупскага райвыканкаму Ўладзімера Ганчара і шэрагу чыноўнікаў Смалявіцкага райвыканкаму. Новы віток антыкарупцыйнай кампаніі стаў каталізатарам закуліснай барацьбы за ўплыў, магчымасьць прасоўваць „сваіх людзей” паміж найбліжэйшымі паплечнікамі Лукашэнкі. Генпракурор Віктар Шэйман разгарнуў наступ на пазыцыі галоўнага канкурэнта па сілавым кантролі над бюракратыяй і дырэктарскім корпусам — свайго былога вылучэнца старшыні КДК Анатоля Тозіка. 10 красавіка на нарадзе ў Лукашэнкі Шэйман адзначыў „адсутнасьць належнага кантролю за выкананьнем заканадаўства” з боку старшыні КДК. Генпракурор абвінаваціў ДФР КДК у адсутнасьці сур’ёзных вынікаў дзейнасьці.

Мэта была дасягнутая. Лукашэнка патрабаваў узмацненьня пракурорскага нагляду над КДК. Згодна зь яго загадам, у структуры пракуратуры было створанае ўпраўленьне па надглядзе за захаваньнем законнасьці ў падразьдзяленьнях КДК. Што было ня менш істотна, Шэйман замацаваў за сваім ведамствам выключнае права расьсьледаваць крымінальныя справы, зьвязаныя з службовымі злачынствамі. Такім чынам Шэйман замацаваў статус найбольш уплывовай фігуры ў атачэньні Лукашэнкі.

Прысутнасьць Шэймана сярод першых пэрсон беларускай палітыкі сьведчыла аб адсутнасьці зьменаў у палітычным курсе. У пачатку траўня 2003 г. МЗС Беларусі ў сувязі з разглядам у Кангрэсе ЗША „Акту ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” абвінаваціў Злучаныя Штаты ў намеры „аказаць ціск на Беларусь за яе незалежную ўнутраную і вонкавую палітыку”. Патрабаваньне расьсьледаваньня справаў зьніклых апанэнтаў рэжыму, у сувязі з чым прагучала прозьвішча бліжэйшага хаўрусьніка Лукашэнкі, было названае афіцыйным Менскам „маніпуляваньнем праваахоўнай тэматыкай”.

Працягваючы халодную вайну з Захадам, бок Лукашэнкі зрабіў рашучы крок, дэманструючы нежаданьне ісьці на саступкі ў адносінах з Расеяй. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., падчас абмеркаваньня ўмоваў прызнаньня расейскім бокам „элегантнай перамогі прэзыдэнта Беларусі”, афіцыйная Масква вуснамі прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава выказвала вялікую зацікаўленасьць у набыцьці расейскімі нафтавымі кампаніямі кантрольных пакетаў акцыяў беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў: адзін з найбуйнейшых экспартэраў „чорнага золата” ў сьвеце, Расея адчувала востры недахоп магутнасьцяў перапрацоўкі нафты. У траўні 2003 г. стала вядома, што расейскія нафтавыя кампаніі адмовіліся ад удзелу ў конкурсе па продажы акцыяў ААТ „Нафтан”, „Палімір”, „ГроднаАзот”, „Гроднахімвалакно”. Нафтавым „баронам” было прапанавана набыць каля 43 % акцыяў гэтых прадпрыемстваў. Пры гэтым міністар эканомікі Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што кантрольныя пакеты акцыяў застануцца ўва ўласнасьці беларускай дзяржавы.

Сутыкненьне інтарэсаў у пытаньні прыватызацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў стала першай прыкметай сканчэньня пэрыяду нармалізацыі беларуска-расейскіх адносінаў (у пэрыяд з чэрвеня і да першай паловы лістапада 2002 г. бакі „высьвятлялі адносіны” ў сувязі з прапановамі Пуціна аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі).

Актуалізацыя за мяжой праблемы зьнікненьня палітычных апанэнтаў Лукашэнкі мела наступствы для вызначэньня характару палітычнага дыскурсу ў Беларусі. 7 траўня на прэс-канфэрэнцыі дэпутацкай групы „Рэспубліка” Валеры Фралоў заявіў аб стварэньні грамадзкай камісіі для расьсьледаваньня зьнікненьняў (у яе склад увайшлі Валеры Фралоў, Зінаіда Ганчар, праваабаронцы Алег Воўчак, Гары Паганяйла, былы палкоўнік спэцназу Ўладзімер Барадач, былы маёр міліцыі Ўладзімер Арэсаў). Падчас прэс-канфэрэнцыі адбылася прэзэнтацыя ўсебеларускага грамадзкага руху „За годнае жыцьцё”. Мэта руху (паводле В. Фралова) — „праз свабодныя і дэмакратычныя выбары зьмяніць палітычны і эканамічны курс краіны для забесьпячэньня годнага жыцьця грамадзянаў Беларусі”.

Пытаньне, сфармуляванае Васілём Быкавым, не было пачутае апазыцыяй. На шчыт апанэнтамі Лукашэнкі падымалася ўжо ня новая для электарату тэма зьнікненьняў. Апазыцыя зноў уваходзіла ў каляіну крытыкі Лукашэнкі без прапанаваньня альтэрнатывы існаму рэжыму. Без адказу на пытаньне „каго” і „што” выбіраць заклік да барацьбы за свабодныя і дэмакратычныя выбары быў асуджаны застацца непачутым.

Узьнікненьне новых апазыцыйных арганізацыяў ня так турбавала ўладу, як дзейнасьць ужо даўно наяўных. „Зачыстка” трэцяга сэктару была адным з кірункаў руху да „трэцяга тэрміну”. У траўні 2003 г. улады пачалі працэс ліквідацыі ГА „Грамадзянскія ініцыятывы”, якое мела афіцыйна зарэгістраваныя філіялы ў 14 з 21 раёнаў Гомельскай вобласьці.

Удар быў нанесены і па незалежнай прэсе. Пры канцы траўня 2003 г. „Белорусская деловая газета” атрымала тры папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі, а яе выхад быў прыпынены на тры месяцы. Зачыстка інфармацыйнага поля была расцэненая апанэнтамі рэжыму як прыкмета заплянаванага рэфэрэндуму.

Сутыкненьне вакол „Белтрансгазу”

Карныя акцыі ў адносінах да грамадзкіх арганізацыяў, незалежнай прэсы былі адзначаныя кіраўніцай спэцыяльнай рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Утай Цапф, якая пры канцы траўня 2003 г. наведала Беларусь. „Жорсткая і гарачая дыскусія” (паводле словаў У. Цапф) афіцыйнага Менску з ПА АБСЭ ў прыватнасьці і з Захадам увогуле заставалася важнай умовай пасьпяховай гульні з Расеяй.

Лукашэнка меў чым шантажаваць Маскву. Пры канцы траўня Польшчу з афіцыйным візытам наведалі прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і брытанскі прэм’ер Тоні Блэр. Працягваліся перамовы аб разьмяшчэньні базаў NATO на польскай тэрыторыі. У падтрымку гэтай ідэі на старонках часопісу „Wprost” выступілі вядомыя польскія палітыкі, сярод якіх экс-прэзыдэнт Лех Валэнса і былы прэм’ер Ян Кшыштаф Бялецкі (на старонках часопісу было адзначана, што разьмяшчэньне базаў дазволіць Польшчы стварыць 20 тыс. працоўных месцаў, прыцягнуць больш за 20 млрд USD інвэстыцыяў, атрымліваць штогод прыбытак з кожнай базы ў 150 млн USD).

Гэтую інфармацыйную хвалю ўлады выкарысталі для арганізацыі чарговай дэманстрацыі значэньня Беларусі як саюзьніка Расеі. 3 чэрвеня А. Лукашэнка наведаў 115-ю зэнітную ракетную брыгаду ВПС і СПА РБ і зрабіў шэраг гучных заяваў аб вонкавай палітыцы Беларусі. Заплянаваную перадысьлякацыю амэрыканскіх войскаў у Польшчу ён назваў „пагрозай нацыянальнай бясьпецы Беларусі” і „неразумным крокам”: „Яны моцна падстаўляюцца, разьмяшчаючы свае войскі ў зоне нашай дасягальнасьці. Гэтыя базы будуць узятыя ня толькі пад кантроль, але і пад прыцэл”. Важнае значэньне для разуменьня бачаньня сытуацыі Лукашэнкам мае яго выказваньне аб тым, што Расея ніколі ня ўступіць у нейкія геапалітычныя саюзы з ЗША і краінамі Заходняй Эўропы. „Для Масквы, як і раней, прыярытэтам нумар адзін ёсьць абарона зоны сваіх жыцьцёвых інтарэсаў, якая пашыраецца на ўсю постсавецкую прастору. Можна гуляць у эканоміцы, палітыцы, дыпляматыі. Што датычыцца бясьпекі, тут гуляць нельга. Расея разумее гэта”[1].

Добра ведаючы свае казыры, афіцыйны Менск дэманстраваў Крамлю моц сваіх пазыцыяў. Вельмі непрыемнай зьвесткай для расейскага боку стала прыняцьце Радай міністраў праграмы рэканструкцыі найбольш прывабнага для расейскага бізнэсу нафтаперапрацоўчага прадпрыемства — ААТ „Нафтан”. Было вырашана цягам 2004—2008 гг. мадэрнізаваць „Нафтан” пераважна за кошт уласных сродкаў. Пры гэтым падкрэсьлівалася, што кантрольны пакет „Нафтану” не падлягае продажу.

У той жа час афіцыйнай Маскве далі зразумець, што, калі яна ня будзе належным чынам ставіцца да беларускага саюзьніка, інвэстыцыі ў беларускую эканоміку прыйдуць з Захаду. Аўстрыйская фінансавая група „Reiffeisen” да 50 % акцыяў „Прыёрбанку”, што ў яе ўжо былі, дакупіла яшчэ 8,5 %.

Згодна з укладзеным 12 красавіка 2002 г. беларуска-расейскім пагадненьнем аб супрацоўніцтве ў газатранспартнай сфэры, афіцыйны Менск узяў на сябе абавязкі да 1 ліпеня 2003 г. стварыць на базе ААТ „Белтрансгаз” сумеснае прадпрыемства з „Газпромам”. Беларускі бок да апошняга часу цягнуў з прызначэньнем тэрміну перамоваў, на якіх павінен быў вырашыцца лёс гэтага стратэгічна важнага аб’екта для беларускай эканомікі. У Польшчы на адбытым 6 чэрвеня 2003 г. рэфэрэндуме было прынятае рашэньне аб уступленьні краіны ў ЭЗ. Але значна большае значэньне для пазыцыі беларускага боку мела іншая інфармацыя. 7 чэрвеня замежныя мэдыі паведамілі аб тым, што Польшча пацьвердзіла гатоўнасьць разьмясьціць на сваёй тэрыторыі кантынгенты войскаў ЗША і іншых краінаў NATO, а пры неабходнасьці — і элемэнты амэрыканскай сыстэмы СРА. Разгортваньне войскаў NATO на тэрыторыі новых чальцоў альянсу (Польшчы, Румыніі, Баўгарыі, краінаў Балтыі) прадугледжана распрацаваным пад кіраўніцтвам міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэлда дакумэнтам „Усебаковы агляд становішча і пэрспэктываў разьвіцьця УС ЗША”. Наведаўшы Маскву, спэцыяльны дарадца генэральнага сакратара NATO ў пытаньнях Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Крыс Данэлі даў зразумець, што Захад ня будзе браць пад увагу заклапочанасьць Крамля аб перадысьлякацыі войскаў альянсу.

11 чэрвеня 2003 г. беларуская дэлегацыя, узначаленая першым віцэ-прэм’ерам Сяргеем Сідорскім, правяла перамовы з кіраўніцтвам „Газпрому” ў Маскве. Расейскі бок прапанаваў стварыць сумеснае прадпрыемства на наступных умовах: 1) набыцьцё „Газпромам” кантрольнага пакету акцыяў ААТ „Белтрансгаз” за суму балянсавай вартасьці гэтага прадпрыемства (800 млн USD); 2) пастаўка Беларусі штогод 10,2 млрд м[3] газу за цану 5-га цанавога поясу Расеі.

У адказ беларуская дэлегацыя агучыла непрымальныя для Расеі ўмовы: 1) кантрольны пакет акцыяў застаецца ўва ўласнасьці беларускай дзяржавы; 2) „Газпром” поўнасьцю забясьпечвае патрэбы Беларусі ў стратэгічным для яе эканомікі паліве (у 2003 г. — 16,5 млрд м3, у 2004 г. — 19 млрд м3... у 2020 г. — 24 млрд м3) за цану 5-га цанавога поясу Расеі; 3) рынкавая цана „Белтрансгазу” складае 3,5 млрд USD; 4) „Газпром” у бліжэйшыя два гады інвэстуе ў разьвіцьцё газатранспартнай сыстэмы Беларусі 200 млн USD; 5) інвэстар фінансуе будаўніцтва Прыбускага і Васілевіцкага падземных газасховішчаў.

Працягваючы гульню ў аб’яднаньне грашовых сыстэмаў, афіцыйны Менск пачаў іншую — ужо на „газавым полі”. Беларускі бок ня мог ня ведаць, што найбольш „прымальная” для інвэстара з сфармуляваных умоваў (адносна ацэнкі пакету акцыяў „Белтрансгазу”) — абсалютна непад’ёмная для „Газпрому”. На той момант вонкавы доўг апошняга складаў больш за 14 млрд USD.

Падзеі на самым важным для Лукашэнкі — „замежнапалітычным” фронце ў першай палове чэрвеня адбываліся пры адпаведным яго плянам разьвіцьці падзеяў у самой Беларусі.

4 чэрвеня 2003 г. на грунце ГА „Хартыя’97” узьнік новы дэмакратычны рух „Свабодная Беларусь”. Падрыхтоўка апазыцыі да выбараў ізноў палягала ня столькі ў працы з электаратам, інфармацыйнай актыўнасьці, колькі ў стварэньні прэтэндэнтаў на лідэрства ў выглядзе разнастайных рухаў.

Улада плянамерна рыхтавалася да выбараў. 5 чэрвеня ПП НС прыняла папраўкі да заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (законы „Аб палітычных партыях” і „Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з прэзыдэнцкім дэкрэтам ад 7 траўня 2001 г. „Аб некаторых захадах для ўдасканаленьня парадку правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў у РБ”; закон аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні быў прыведзены ў адпаведнасьць з прэзыдэнцкім дэкрэтам ад 9 верасьня 1999 г. „Аб некаторых захадах для папярэджаньня надзвычайных здарэньняў пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў”). Была значна ўзмоцненая жорсткасьць патрабаваньняў да правядзеньня масавых мерапрыемстваў і ўзмоцненая адказнасьць арганізатараў за захаваньне парадку. Папраўкі прадугледжвалі ліквідацыю без судовага папярэджаньня палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў „у выпадку незабесьпячэньня належнага парадку арганізацыі масавай акцыі і прычыненьня шкоды на суму 10 тысяч базавых велічыняў альбо істотнага парушэньня праваў і законных інтарэсаў грамадзянаў і грамадзтва”.

6 чэрвеня 2003 г. у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту РБ на даручэньне Лукашэнкі была створаная катэдра ідэалёгіі і палітычных навук. Яе мэтай была абвешчана падрыхтоўка спэцыялістаў у галіне ідэалягічнай працы. Лукашэнка даўно задумваўся аб тым, што задача „прамыўкі мазгоў”, фармаваньне „правільнага мысьленьня” грамадзянаў патрабуе рэгулярнай дзейнасьці адпаведных агітатараў. Актуалізацыя пытаньня аб „трэцім тэрміне” падштурхнула паскорыць іх падрыхтоўку.

Выканаўшы прэвэнтыўны ўдар супраць імаверных апанэнтаў у складзе эканамічнай эліты, улады праявілі і міласэрнасьць. 12 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску вызваліў зь зьняволеньня былога гендырэктара ЗАТ „Атлянт” 64-гадовага Леаніда Калугіна. Але знаходжаньне за турэмнымі кратамі былога гендырэктара МТЗ М. Лявонава па-ранейшаму надавала „справе дырэктараў” палітычнае адценьне.

18 чэрвеня Лукашэнка выступіў з чарговай заявай аб намеры запытаць „дазвол народу” на свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Упэўнены ў тым, што „народ падтрымае”, ён працягваў зандаваць пазыцыю Расеі — ці „сасьпела” яна да кроку насустрач у гэтым пытаньні. Аднак Маскве быў патрэбны час, каб пераканацца ў поўнай немагчымасьці дабіцца ад афіцыйнага Менску саступак Крамлю і расейскаму буйному бізнэсу. 20 чэрвеня „Газпром” паўтарыў свае прапановы аб стварэньні СП. Кіраўніцтва кампаніі заявіла аб магчымасьці куплі кантрольнага пакету акцыяў ня больш за 1 млрд USD. 200 млн з гэтай сумы прыпадала на даўгі Беларусі за расейскі газ.

Прапановы „Газпрому” выклікалі абурэньне Лукашэнкі: „Ні за якія даўгі. Ні за які намінальны кошт акцыі „Белтрансгазу” прадавацца ня будуць. І ніякія кланы, ніякія жулікі нашы прадпрыемствы за бесцань ня возьмуць”[2].

24 чэрвеня беларускі ўрад паўтарыў свае прапановы аб стварэньні СП з „Газпромам”. Пры гэтым рынкавы кошт „Белтрансгазу” быў ацэнены ўжо ў 4,5—[5] млрд USD (адпаведна „Газпрому” для набыцьця мінарытарнага — менш за 50 % — пакету акцыяў ААТ „Белтрансгаз” трэба было заплаціць ня менш як 2,25—2,5 млрд USD).

Сутыкненьне Менску і Масквы пры канцы чэрвеня закранула і ідэалягічную сфэру. 25 чэрвеня 2003 г., у дзень пахаваньня Васіля Быкава, Рада міністраў выдала пастанову № 850, якая ў мэтах „аптымізацыі навучальнага працэсу” прадугледжвала цягам двух месяцаў ліквідацыю Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа. Ціск на беларускасьць адбываўся на фоне гаворак пра зьмест навучальнага курсу „Ідэалёгія беларускай дзяржавы”, які з новага навучальнага году павінен быў выкладацца ў ВНУ краіны. 27 чэрвеня, падчас сустрэчы з студэнтамі Калінінградзкага ўнівэрсытэту, У. Пуцін заявіў: „Адзіная дзяржаўная ідэалёгія — гэта прыкмета таталітарнай дзяржавы. У Расеі няма і ня будзе адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі. У любой краіне, якая прэтэндуе на эфэктыўнае разьвіцьцё, павінна адбывацца барацьба меркаваньняў”3.

Прэзыдэнт Расеі ня мог ня ведаць аб „вынаходцы” Лукашэнкі. Рэакцыя ўлады на неразуменьне з боку Масквы зьявілася 28 чэрвеня, калі МУС пастанавіла выдаліць зь Беларусі журналістаў расейскага тэлеканалу НТВ Паўла Селіна і Юр’я Арэхава.

30 чэрвеня беларускі бок заняў яшчэ больш жорсткую пазыцыю ў пытаньні прыватызацыі „Белтрансгазу”. Згодна з пастановай ураду № 882 былі сфармуляваныя новыя ўмовы стварэньня СП з „Газпромам”: 1) Беларусь захоўвае кантрольны пакет акцыяў; 2) „Газпром” забясьпечвае патрэбы Беларусі ў газе ў значна большым (у параўнаньні з раней прапанаванымі беларускім бокам аб’ёмамі) памеры (у 2003 г. — 18,5 млрд м3, у 2004 г. — 21,5 млрд м3, у 2005 г. — 25 млрд м3... у 2010 г. — 33 млрд м3) за цану 5-га цанавога поясу Расеі; 3) 100 % акцыяў „Белтрансгазу” ацэненыя ў 4,5—5 млрд USD; 4) „Газпром” павялічвае аб’ём пампаваньня газу праз тэрыторыю Беларусі да 100 млрд м3 (у 2003 г. праз тэрыторыю Беларусі было прапампавана 30,9 млрд м3); 5) „Газпром” уносіць у статутны фонд СП у якасьці неграшовага ўнёску беларускі ўчастак газаправоду „Ямал—Эўропа”; 6) СП забясьпечвае ўнясеньне 1,726 млрд USD у рэканструкцыю газатранспартнай сыстэмы Беларусі.

У новай рэдакцыі патрабаваньні Менску былі непрымальнымі для Масквы ня толькі з эканамічных, але і з палітычных прычынаў. Іх рэалізацыя мела б вынікам згортваньне расейска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў газатранспартнай сфэры. Расея губляла б адзін з найбольш важных інструмэнтаў уплыву на Ўкраіну. Гэта азначала б стварэньне ўмоваў для палітычнай арыентацыі Ўкраіны (а значыць, і Малдовы) на Захад і абумовіла б сытуацыю, пры якой усе намаганьні Расеі былі б сканцэнтраваныя на разьвіцьцё супрацоўніцтва з адным саюзьнікам ува Ўсходняй Эўропе — Беларусьсю.

10 ліпеня Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага, віцэ-прэм’ера Аляксандра Папкова (адказваў за сельскую гаспадарку), міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Русага, старшыню канцэрну „Белдзяржхарчпрам” Анатоля Кузьму. Іх замянілі адпаведна Сяргей Сідорскі (першы віцэ-прэм’ер), Раман Унучка (памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар у Менскай вобласьці), Зянон Ломаць (памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар у Гомельскай вобласьці), Уладзімер Далжанкоў (старшыня Горацкага райвыканкаму, Магілёўская вобласьць).

У выніку ратацыі ў складзе вышэйшых эшалёнаў улады яшчэ больш узмацнілася прадстаўніцтва ўраджэнцаў усходніх рэгіёнаў Беларусі, даўніх знаёмых Лукашэнкі (Р. Унучка, З. Ломаць, У. Далжанкоў былі знаёмыя Лукашэнку яшчэ з сумеснай працы ў Вярхоўнай Радзе XII скліканьня). Фармальнай зачэпкай для адставак стала невыкананьне Г. Навіцкім і чальцамі яго кабінэту распараджэньня аб поўным пагашэньні запазычанасьці перад сялянамі. Але ў Лукашэнкі былі і іншыя прычыны замяніць памяркоўнага Г. Навіцкага. Ураду ўсё часьцей прыходзілася вырашаць задачы, зьвязаныя з „высьвятленьнем адносінаў” з Расеяй. Апошнім часам адказныя перамовы з расейскім бокам даручаліся С. Сідорскаму. Гэтая асоба значна больш адпавядала неабходнасьці дэманстрацыі афіцыйнай Маскве жорсткасьці пазыцыі Менску. Для таго каб даціснуць Крэмль у пытаньні „трэцяга тэрміну”, было патрэбна, каб Беларусь у адносінах з Расеяй прадстаўляла асоба зь іміджам жорсткага палітыка. Паводле словаў намесьніка гендырэктара „Цэнтру палітычных тэхналёгіяў” РФ Дзьмітрыя Арлова, Навіцкі паплаціўся за тое, што рэальна разумеў расейскія інтарэсы ў Беларусі і імкнуўся іх задаволіць. Анатоль Лябедзька ўбачыў у адстаўцы Навіцкага элемэнт агульнай стратэгіі Лукашэнкі напярэдадні рэфэрэндуму для працягу сваіх паўнамоцтваў.

Думка, што рэфэрэндум можа быць абвешчаны ўвосень 2003 г., падштурхнула лідэраў БНФ, АГП, БСДГ, БПП, ПКБ да падпісаньня 15 ліпеня пагадненьня аб „агульнай стратэгіі супрацьдзеяньня правядзеньню рэфэрэндуму для працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі”. Было заяўлена аб узгадненьні агітацыйнай кампаніі супраць прапановаў улады. Разам з тым лідэры партыяў выказалі думку, што Лукашэнка, магчыма, не прызначыць рэфэрэндуму, улічваючы свой беспрэцэдэнтна малы рэйтынг (12,8 %, паводле словаў А. Лябедзькі) і ня маючы яўнай падтрымкі з боку Расеі. „Пяцёрка” пацьвердзіла намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах 2004 г.

19 ліпеня Лукашэнка заявіў, што, „калі захоча народ”, ён гатовы застацца прэзыдэнтам. Быў зроблены чарговы зандаж пазыцыі Расеі — заява была зроблена падчас інтэрвію тэлеканалу НТВ. Інтрыга з вызначэньнем тэрміну правядзеньня рэфэрэндуму працягвалася. Паводле словаў Лукашэнкі, „у бліжэйшы час палітычных баталіяў” не прадбачылася[4].

22 ліпеня лідэры БНФ, АГП, БСДГ, БПП, ПКБ уклалі пагадненьне аб аб’яднаньні намаганьняў супраць „трэцяга тэрміну” з дэпутацкай групай „Рэспубліка”. Пагадненьне прадугледжвала тры кірункі захадаў: 1) дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства; 2) узаемадзеяньне ў пытаньнях выбараў у парлямэнт; 3) супрацьдзеяньне імкненьню ўладаў зьмяніць рэдакцыю арт. 81 Канстытуцыі.

Пагадненьне стала каталізатарам расколу ў апазыцыі. Каардынатар „Хартыі’97” Андрэй Саньнікаў выступіў супраць стварэньня кааліцыі апазыцыйных партыяў з групай „Рэспубліка”. На яго думку, пагадненьне фактычна прызнала незаконна абраную „палатку”. Вельмі крытычна былі ім ацэненыя і пэрспэктывы кааліцыі зь пяці партыяў: „Партыі дакладна паўтараюць сцэнар „шырокай кааліцыі” 2001 г., у якой дзейнічалі прынцыпы „хто ў плот, а хто ў агарод” (”кто в лес, кто по дрова”). Аб’яднаньне ёсьць шырма, за якой праглядаецца мэта рашэньня ўнутрыпартыйных задачаў асобна ўзятых партыяў. Цяжка ўявіць, каб падчас выбараў актывісты БНФ агітавалі за камуністаў і наадварот”5.

Такім чынам, ужо ў ліпені 2003 г. стала ясна, што апазыцыя ня зможа выступіць адзіным фронтам на парлямэнцкіх выбарах, а таксама супраць „трэцяга тэрміну”. Апазыцыя была расколатая як на ўзроўні міжкааліцыйным, так і на ўзроўні міжпартыйным. І першым імпульсам для расколу стала інфармацыя аб заплянаваным рэфэрэндуме.

Пэрыядычныя сыгналы аб рэфэрэндуме трансьляваліся і з мэтай высьвятленьня магчымых апанэнтаў гэтай ідэі з боку прадстаўнікоў улады. 25 ліпеня старшыня Рады рэспублікі Аляксандар Вайтовіч у інтэрвію журналістам НТВ выказаўся аб тым, што ня бачыць неабходнасьці ў „трэцім тэрміне”. Ён асудзіў ліквідацыю Нацыянальнага ліцэю, заявіў аб неабходнасьці лібэралізацыі выбарчага заканадаўства. У той жа дзень Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні пазачарговай сэсіі верхняй палаты парлямэнту. 28 ліпеня на месца А. Вайтовіча быў абраны экс-прэм’ер Г. Навіцкі. Фармальнай падставай для адстаўкі А. Вайтовіча было дасягненьне ім 65-гадовага ўзросту. Але свой юбілей ён адзначыў яшчэ 5 студзеня 2003 г.

Пералік прынадаў, якія Лукашэнка імкнуўся выкарыстаць для працягу бясконцай гульні з Масквой, не абмяжоўваўся супольнай валютай і „Белтрансгазам”. Пры канцы ліпеня, падчас сумесных вайсковых вучэньняў падразьдзяленьняў УС РБ і РФ каля Воршы, камандуючы ВПС і СПА РБ генэрал-маёр Алег Пафераў адзначыў: „Адсутнічае нарматыўная база, якая дазваляла б на тэрыторыі Беларусі ўжываць адзіныя ўзброеныя сілы. Пакуль не падрыхтаваная база для ўкладаньня такога пагадненьня”[6].

У ліпені на фоне значнага паніжэньня актыўнасьці ў адносінах з Расеяй Лукашэнка атрымаў сыгналы аб нязьменнасьці пазыцыі Захаду ў ацэнках падзеяў у Беларусі. 19 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дж. Буш назваў Беларусь у ліку краінаў, дзе адкрыта парушаюцца правы чалавека (у ліку дзяржаваў з рэпрэсіўнымі рэжымамі, акрамя Беларусі, былі названыя Іран, Паўночная Карэя, Куба, Бірма і Зімбабвэ). Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла акт аб міжнародных адносінах на 2004 і 2005 гг. Дакумэнт прадугледжваў увядзеньне санкцыяў супраць беларускага ўраду і выдзяленьне сродкаў на падтрымку беларускай дэмакратыі.

Нэгатыўныя навіны з Захаду атрымліваў ня толькі бок Лукашэнкі. Як зьяву разьвіцьця аўтарытарных тэндэнцыяў у Расеі Захад ацаніў разгортваньне справы „ЮКОСа” і ўзбуджэньне крымінальнай справы ў адносінах да найбагатшага расейскага бізнэсоўца Міхаіла Хадаркоўскага. Падобныя ацэнкі падзеяў у Расеі спрыялі ўзмацненьню пазыцыяў афіцыйнага Менску ў адносінах з Крамлём: расейскі бок, нават калі б хацеў, ня мог выкарыстаць як інструмэнт ціску на існую ў Беларусі ўладу абвінавачаньні ў адхіленьні ад дэмакратычных стандартаў.

У жніўні Лукашэнка паклаў на стол перамоваў з Расеяй яшчэ адзін козыр. З заявы намесьніка міністра эканомікі Алега Мельнікава вынікала, што Беларусь можа нацыяналізаваць нафтапрадуктаправоды, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. (У ліпені 2002 г. Найвышэйшы гаспадарчы суд Беларусі скасаваў рэгістрацыю расейскага прадпрыемства „Транснафтапрадукт”. Нафтапрадуктаправоды, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, перасталі быць расейскай уласнасьцю. Іх статус стаў спрэчным.)

20 жніўня Лукашэнка зрабіў прызначэньні з мэтай узмацніць кантроль над інфармацыйнай прасторай. Міністрам інфармацыі быў прызначаны Ўладзімер Русакевіч. Вэтэран змаганьня зь незалежнай прэсай Міхаіл Падгайны атрымаў прызначэньне на іншы „фронт” — заняў пасаду гендырэктара РА „Белсаюздрук”.

Пры канцы жніўня ўлада нанесла чарговы ўдар па трэцім сэктары. 21 жніўня Гарадзенскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць абласное ГА „Ратуша”. Пачаўся судовы разгляд пазову Менскага абласнога ўпраўленьня юстыцыі аб ліквідацыі ГА „Прававая дапамога насельніцтву”. Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне ГА „Беларускі Хельсынскі камітэт”.

Гульня на „трубе” і ў „рубель”

29 і 30 жніўня супрацоўнікі КДБ затрымалі начальніка замежнаэканамічнага ўпраўленьня Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (КСП) Юр’я Матусевіча і 5 іншых кіраўнікоў структураў КСП. У іх ліку былі гендырэктар Галоўнага прамыслова-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства „Белая Русь” КСП Віктар Асіпенка і яго намесьнік Аляксандар Мурашка. Усе затрыманыя абвінавачваліся ў атрыманьні буйных хабараў і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. У атачэньні Лукашэнкі пачаўся новы падзел сфэраў кантролю над фінансавымі патокамі. Супраць кіраўніцы КСП Галіны Жураўковай адзіным блёкам выступілі сілавікі: В. Шэйман, А. Тозік, Л. Ерын. Яе арышт стаў справай часу і адбыўся 10 лютага 2004 г. За кратамі апынуліся і яе муж і старэйшы сын. Сьледзтва паводле яе справы было даручанае пракуратуры. 13 лютага 2004 г. таксама па падазрэньні ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтве быў затрыманы гендырэктар НДТРК Ягор Рыбакоў.

Паводле вынікаў праверкі КСП, праведзенай КДК, распрацоўку КСП пачалі пракуратура і КДБ. Помста сілавікоў Г. Жураўковай за прычыненьне шкоды інтарэсам апяканых імі камэрцыйных фірмаў і прамысловых прадпрыемстваў мела палітычныя наступствы. 1. Кіраўніца КСП і яе асяродзьдзе выбывалі з кулюарнай барацьбы за „выхад” на Лукашэнку. Памятаючы пагром КСП, любы яе кіраўнік адцяпер будзе дзейнічаць з максымальным улікам інтарэсаў сілавікоў. 2. У выніку „распрацоўкі” КСП нядобразычліўца В. Шэймана, кіраўнік АП Урал Латыпаў губляў моцнага саюзьніка. 3. Выкарыстоўваючы ў якасьці саюзьнікаў А. Тозіка і Л. Ерына, В. Шэйман замацоўваў сваё становішча найбольш уплывовай фігуры ў асяродзьдзі Лукашэнкі.

Узбуджэньне крымінальных справаў што да шэрагу кіраўнікоў КСП шырока асьвятлялася СМІ. Лукашэнка меў свой інтарэс у інфармацыйным раскручваньні гэтай справы. 1. Ён пацьвярджаў свой імідж „змагара з карупцыяй”, „маланкі намэклятуры”. Ён мог быць упэўнены, што нават калі б рэфэрэндум быў прызначаны і пазьней за год пасьля распрацоўкі КСП, вялікая колькасьць выбарнікаў будзе памятаць гэтую гучную справу: дагэтуль у грамадзкай думцы было пашырана меркаваньне, што барацьба з карупцыяй ніколі не закране гаспадарку „змагара” і „маланкі”. Разьвеяць гэты міт было вельмі карысна. 2. „Бі сваіх, каб чужыя баяліся”... Лукашэнка мог быць упэўнены, што запалоханая эканамічная эліта правільна зразумее „справу КСП”, атрымае дадатковую матывацыю для ляяльных паводзінаў. 3. Ён мог быць цалкам упэўнены ў адданасьці тых, хто выконваў ролю яго „карнага мяча”. Кіраўніцтва КСП мела нямала нядобразычліўцаў унутры краіны, але пры неабходнасьці ўсё ж такі магло дамовіцца зь імі. Да кіраўнікоў КСП не было вялікіх прэтэнзіяў з боку замежных палітычных актараў. У выпадку калі абвяшчэньне рэфэрэндуму мела б усё ж такі стварэньне экстрэмальнай сытуацыі, існавала імавернасьць, што кіраўніцтва КСП „ударыць у сьпіну”, паспрабуе „сысьці з гульні” з добрай часткай дзяржаўнай маёмасьці.

29 жніўня расейскі бок ізноў паставіў перад Менскам пытаньне аб’яднаньня грашовых сыстэмаў. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Расея гатовая да падпісаньня пагадненьня аб увядзеньні супольнай валюты. Тэрмін падпісаньня залежаў цяпер толькі ад Беларусі. 1 верасьня Лукашэнка назваў увядзеньне супольнай валюты „часткай агульных праблемаў” і абвінаваціў Расею ў тым, што яна не выконвае палажэньняў саюзнай дамовы. Патрабуючы гарантыяў таго, што Беларусь не застанецца „бяз грошай, зарплатаў і пэнсіяў”, Лукашэнка паўтарыў сфармуляваныя раней непрымальныя для Расеі прапановы аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру. Крамлю было прапанавана спачатку выканаць пагадненьні аб выраўнаваньні цэнаў і ўмоваў для прадпрыемстваў, поўнасьцю адкрыць свой рынак для беларускіх тавараў[7].

Такім чынам, афіцыйны Менск заняў больш жорсткую пазыцыю і ў пытаньні супольнай валюты. Разыходжаньня пазыцыяў аб эмісійным цэнтры хапала, каб зрабіць беспэрспэктыўнымі ўсе перамовы на гэтую тэму, перасунуць іх з плашчыні рэальнай палітыкі ў сфэру палітычнай гульні. Шэраг новых умоваў, сфармуляваных Лукашэнкам, вызначаў і адзіныя цэны на паліва (у тым ліку на нафту і нафтапрадукты).

Як новыя радкі ў фантастычным рамане аб супольнай валюце прагучала новая ініцыятыва Лукашэнкі 8 верасьня. Расеі было прапанавана пачаць працэс аб’яднаньня грашовых сыстэмаў з прыняцьця канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Беларускі варыянт гэтага дакумэнту паводле шэрагу палажэньняў быў абсалютна непрымальным для Расеі.

9 верасьня „Газпром” паведаміў беларускаму ўраду аб адкліканьні сваіх прапановаў аб стварэньні СП зь „Белтрансгазам” і намеры спыніць пастаўкі газу за ўнутрырасейскія цэны. Сам факт, што такі крок „Газпрому” быў зроблены не пры канцы чэрвеня, на што кампанія мела права згодна з умовамі пагадненьня ад 12 красавіка 2002 г., а пасьля значнага часу, калі газ працягваў паступаць у Беларусь за цану 5-га цанавога поясу Расеі, красамоўна сьведчыў аб посьпеху жорсткай размовы з Масквой. Атрымліваючы газ за цану 5-га цанавога поясу Расеі, Беларусь за год эканоміла 210 млн USD. Як апошняя прапанова абмяняць „трубу” на танны газ прагучала заява расейскага прэм’ера М. Касьянава пра тое, што ў бліжэйшы час будзе дэнансаваная пакетная дамова пра супрацоўніцтва ў газатранспартнай сфэры. У адказ на прапанову прыняць канстытуцыйны акт М. Касьянаў паўтарыў прынцыповую пазыцыю прэзыдэнта Расеі аб інтэграцыі дзьвюх краінаў: альбо Беларусь уваходзіць у склад Расеі і адбываецца стварэньне „паўнавартаснай дзяржавы”, альбо інтэграцыя паводле мадэлі ЭЗ.

Як адказ на чарговы ўльтыматум з боку Расеі зьявілася інфармацыя пра канфіскацыю беларускімі мытнікамі буйных расейскіх грузаў на беларуска-польскай мяжы[8].

15 верасьня, пасьля доўгага перапынку, які сьведчыў аб даволі халодным клімаце ў беларуска-расейскіх адносінах, Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы. Абодва яны не сустракаліся амаль 8 месяцаў. Прыём быў халодны. Пуцін дэманстрацыйна не сустрэў „стратэгічнага саюзьніка” ў аэрапорце, хоць 14 верасьня ўрачыста сустракаў Дж. Буша старэйшага. Было заяўлена, што Беларусь і Расея пераходзяць на рынкавыя адносіны ў газавай сфэры.

Займаючы жорсткую пазыцыю ў тым, што датычылася „інтэграцыі” з Расеяй, Лукашэнка дэманстраваў разуменьне інтарэсаў Расеі ў яе палітыцы на постсавецкай прасторы. 17 верасьня ў Ялце Беларусь, Казахстан, Расея, Украіна падпісалі дамову аб стварэньні „Адзінай эканамічнай прасторы”, якая зьмяшчала пустыя дэклярацыі пра стварэньне супольнай мытнай тэрыторыі і супольныя прынцыпы работы эканомік, але мела і пэўнае практычнае значэньне: бакі ўзялі на сябе абавязкі ўзгадняць дзеяньні, накіраваныя на ўступленьне ў СГА.

Паставіўшы пакуль кропку ў гульні з Расеяй у пытаньні прыватызацыі „Белтрансгазу”, афіцыйны Менск стварыў „тэатар абсурду” з „грашовай” тэматыкі. 6 кастрычніка быў сфармуляваны пералік умоваў стварэньня супольнай валюты: 1) адзіны эмісійны цэнтар уключае Цэнтральны банк РФ, Нацыянальны банк РБ і створаную бакамі Міжбанкаўскую валютную раду; 2) Расея ратыфікуе пагадненьне ад 12 красавіка 2002 г., якое прадугледжвае стварэньне роўных умоваў у цанавой сфэры; 3) газ у Беларусь пастаўляецца выключна „Газпромам” за цану 5-га цанавога поясу Расеі; 4) мытны кантроль у адносінах да тавараў з трэціх краінаў на беларуска-расейскай мяжы скасоўваецца (калі б Расея пагадзілася на гэта, то ў выніку дзейнасьці структураў кшталту кампаніі „Торгэкспо”, „Фонду Махмуда Эсамбаева” яна зноў губляла б мільярды USD); 5) Расея кампэнсуе Беларусі страты ад уводзінаў расейскага рубля (2,1 млрд USD).

Пры канцы кастрычніка ў Расеі адбыліся падзеі, якія адцягнулі ўвагу Крамля ад Беларусі. Быў затрыманы кіраўнік кампаніі „ЮКОС” М. Хадаркоўскі. ЗША вуснамі свайго пасла ў Расеі Аляксандра Вэршбоў заявілі аб „выбарачным ужываньні расейскага заканадаўства”. Справа М. Хадаркоўскага была названая замежнымі мэдыямі палітычнай.

Заявы з боку дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША і АБСЭ выклікала і ліквідацыя (згодна з рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі) праваабарончага цэнтру „Вясна”. Кіраўнік амэрыканскай місіі пры АБСЭ Стэфан Мінікес адзначыў, што ўрад Беларусі па-ранейшаму не выконвае ўмоваў АБСЭ, вылучаных тры гады таму: спыненьне рэпрэсіяў і запалохваньня, свабода слова, празрысты выбарчы працэс, пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту.

У канфлікце з краінамі Захаду стала ўсё часьцей гучаць і тэма буйных канфіскацыяў тавараў на беларуска-польскай мяжы. Пасол Нямеччыны ў Беларусі Гельмут Фрык на спэцыяльна скліканай канфэрэнцыі заявіў, што калі беларуская мытня ня спыніць экспрапрыяцыю нямецкага абсталяваньня і транспартных сродкаў, то нямецкі бізнэс можа ўвогуле сысьці зь Беларусі.

Бок Лукашэнкі дэманстраваў рашучасьць працягваць „халодную вайну” з Захадам. 12 лістапада пачаўся судовы працэс у адносінах да актывістаў АГП Алеся Карніенкі і Васіля Палякова, якія былі абвінавачаныя ў парушэньні арт. 167 Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў; паводле вынікаў праведзенага А. Карніенкам і В. Паляковым апытаньня, 1947 жыхароў Гомелю выказаліся „супраць” трэцяга тэрміну Лукашэнкі і 208 — „за”). 23 лістапада з грубымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства былі праведзеныя давыбары ў Раду г. Белаазерску. Адміністрацыйны рэсурс быў выкарыстаны для „рэваншу” за паразу падчас першага туру выбараў у гарадзкую Раду. (Падчас першага туру выбараў у сакавіку 2003 г. дэмакраты, узначаленыя кіраўніком Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ Юрасём Губарэвічам, атрымалі 8 (з 13) месцаў у Радзе.)

28 лістапада ўлады зрабілі крок да спыненьня расьсьледаваньня справаў зьніклых. Суд Фрунзэнскага раёну г. Менску прызнаў Дзьмітрыя Завадзкага памерлым.

10 сьнежня лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч абвясьціў пра стварэньне Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”, мэта якой — інтэграцыя Беларусі ў ЭЗ. Словы М. Статкевіча сьведчылі пра раскол апазыцыі. Як і іншы чалец кааліцыі А. Саньнікаў, М. Статкевіч адзначыў: „Разнамасная кааліцыя камуністаў, лібэралаў і нацыяналістаў наўрад ці зможа прапанаваць эфэктыўную і папулярную праграму. Можна аб’яднаць нават ідэалягічна розныя партыі, але складана аб’яднаць іх электарат. Блякаваньне з камуністамі не дазволіць акумуляваць галасы праэўрапейска настроеных выбарнікаў”[9].

Дарма што раскол апазыцыі на шэраг неэфэктыўных кааліцыяў ня мог не задаволіць уладу, адсутнасьць вынікаў працы ў гэтым кірунку стала падставай для жорсткай крытыкі Лукашэнкі на адрас КДБ 16 сьнежня. „Спэцслужба ня бачыць і ня ведае каналаў паступленьня ў краіну фінансавых патокаў для радыкальнай апазыцыі. Складаецца ўяўленьне, што КДБ збоку наглядае так званы імпарт дэмакратыі”[10].

Абурэньне Лукашэнкі выклікалі і факты ўцечкі інфармацыі з КДБ. Л. Ерын быў абвінавачаны ў тым, што аслабіў міжведамасны кантроль па абароне дзяржаўных сакрэтаў.

З моманту абраньня першага намесьніка кіраўніка АП Леаніда Козіка старшынём ФПБ намаганьні ўлады былі накіраваныя на прасоўваньне „сваіх людзей” на пасады кіраўнікоў апошніх непадпарадкаваных галіновых прафсаюзаў. 27 сьнежня 2003 г. пад ціскам улады сход прафсаюзу працоўных аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня зьняў з пасады старшыні лідэра БПП Аляксандра Бухвостава. (Старшыня ФПБ, добра разумеючы, што пры тайным галасаваньні чарговая спроба зьняць А. Бухвостава зноў праваліцца, настаяў на адкрытым галасаваньні.) У складзе ФПБ застаўся толькі адзін галіновы прафсаюз, непадкантрольны ўладзе, — працоўных радыёэлектроннай прамысловасьці на чале з Генадзем Фядынічам.

7 студзеня 2004 г. Л. Козік выступіў з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму, на які будзе вынесенае пытаньне аб вяртаньні прафсаюзам права заканадаўчай ініцыятывы.

Парушэньне правоў прафсаюзаў у Беларусі стала прадметам разгляду ў Эўрапейскай камісіі. Як было заяўлена з боку ЭК, Беларусь можа быць пазбаўленая прэфэрэнцыяў у гандлі з ЭЗ, у выніку чаго будзе штогод губляць 100 млн эўра. (У 2003 г. аб’ём беларускага экспарту ў ЭЗ склаў 587 млн эўра.)

Аднак, працягваючы жорсткую размову з Захадам, прэзыдэнцкі бок атрымаў інфармацыю, якая сьведчыла аб скасаваньні адзінай перашкоды рэфэрэндуму — дадатных для яго зьменах у пазыцыі Расеі. 4 студзеня прэзыдэнтам Грузіі быў абраны Міхаіл Саакашвілі. Такі ж перакананы прыхільнік уступленьня краіны ў NATO, як і яго папярэднік, М. Саакашвілі выступаў за прыняцьце рашучых захадаў супраць дэзінтэграцыі Грузіі. „Грузінскае пытаньне” заўсёды востра стаяла ў амэрыканска-расейскіх адносінах. Падтрымка з боку Расеі абхаскіх, паўднёваасецінскіх і аджарскіх сэпаратыстаў павінна была выклікаць наступны віток напружанасьці ў адносінах Расеі з Захадам. Акцыі Лукашэнкі як саюзьніка Расеі падвышаліся.

8 студзеня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў аб тым, што сумяшчэньне рэфэрэндуму з парлямэнцкімі выбарамі дазволіць удвая скараціць выдаткі на яго правядзеньне. У той жа дзень былы гендырэктар МТЗ М. Лявонаў быў прыгавораны судом да 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

11 студзеня П. Севярынец абвесьціў аб стварэньні кааліцыі „Маладая Беларусь”. Падзеі ў Беларусі разьвіваліся самым спрыяльным для Лукашэнкі чынам.

„Газавы тэрарызм”

24 студзеня 2004 г. пастаўкі расейскага газу ў Беларусь былі поўнасьцю спыненыя. Паводле паведамленьняў „Газпрому”, Беларусь 16 студзеня выбрала аб’ёмы газу, закупленыя ў кампаніяў „Ітэра” і „Транснафта” (адпаведна ў гэтых кампаніяў было закуплена 0,8 і 0,5 млрд м3), а пасьля гэтага вяла несанкцыянаванае адпампаваньне паліва, якое прызначалася для заходніх пакупнікоў, — каля 300 млн м3. Расея зноў паспрабавала прымусіць Лукашэнку аддаць „трубу”. Міністар энэргетыкі РФ Ігар Юсуфаў заклікаў беларускі ўрад разгледзець прапановы „Газпрому” аб стварэньні СП зь „Белтрансгазам”.

„Газпром” прапанаваў беларускаму ўраду падпісаць кантракт на пастаўку газу цаной 50 USD за 1 тыс. м3 — як для Ўкраіны. Але, прывязаўшы „газавае” пытаньне да „грашовага”, Менск адхіліў прапанову „Газпрому”. 30 студзеня ўрад уклаў дагавор з кампаніямі „Ітэра” і „Транснафта” аб пастаўках газу цаною 46,68 USD за 1 тыс. м3.

Закупленага газу стала менш як на месяц. Да траўня ўключна беларускі ўрад пры канцы кожнага месяца ўкладаў кантракты на пастаўку месячнага аб’ёму газу кампаніямі „Ітэра”, „Транснафта” і „Сібур” цаной 46,68 USD за 1 тыс. м3. Назапашаныя ў газасховішчах аб’ёмы, а таксама запасы мазуту дазвалялі Беларусі „пратрымацца” яшчэ месяц, пасьля якога — поўнае спыненьне эканомікі і холад у хатах. Лукашэнка ня меў ілюзіяў, што „Газпром”, не атрымаўшы „трубу”, будзе пастаўляць газ за расейскія ўнутраныя цэны. І тым ня менш Менск ставіў перад Масквой загадзя непрымальныя для яе ўмовы, адмаўляўся ад укладаньня доўгатэрміновага кантракту на пастаўку газу. Напярэдадні рэфэрэндуму бок Лукашэнкі сьвядома ствараў вострую канфліктную сытуацыю ў адносінах з Расеяй. Гэтым вырашаліся наступныя задачы.

1. Ува ўмовах выбуху зацікаўленасьці беларускага грамадзтва да „газавай” праблемы канфлікт выкарыстоўваўся для дыскрэдытацыі кіраўніцтва Расеі. Быў нанесены моцны інфармацыйны ўдар па станоўчым іміджы У. Пуціна, якога дагэтуль немалая частка беларускіх выбарнікаў успрымала як больш эфэктыўнага лідэра за Лукашэнку. Інфармацыйная кампанія была накіраваная на ўспрыманьне Пуціна як прадстаўніка інтарэсаў алігархічнага капіталу, які цісьне на Беларусь з мэтай куплі расейскімі „жулікамі” беларускіх прадпрыемстваў — з усімі нэгатыўнымі для звычайнага беларуса наступствамі.

2. Беларускай аўдыторыі была прапанаваная пераканаўчая аргумэнтацыя жорсткай пазыцыі афіцыйнага Менску ў адносінах з Расеяй: тая была абвінавачаная ў здрадзе беларускаму саюзьніку (было заяўлена, што, дзякуючы выкананьню Беларусьсю ролі „заходняга шчыта” Расеі, тая эканоміць больш за 21 млрд USD — суму, якую давялося б выдаткаваць на стварэньне вайсковай і абароннай інфраструктуры на беларуска-расейскай мяжы. Пры гэтым падкрэсьлівалася, што з геаграфічных прычынаў Расея безь „беларускага шчыта” ня можа мець эфэктыўнай сыстэмы СПА) і злоўжываньні альтруізмам афіцыйнага Менску. 26 студзеня ў інтэрвію БТ Лукашэнка заявіў, у прыватнасьці, што праз тэрыторыю Беларусі штогод за самыя льготныя тарыфы перавозіцца больш за 200 млн т грузаў: „Поўзаюць, езьдзяць, лётаюць... І ўсё бясплатна!”

Так былі падрыхтаваныя спрыяльныя ўмовы для таго, каб вытрымаць ціск з боку Расеі: любыя абвінавачаньні Крамля на адрас Лукашэнкі ня выклікалі рэзанансу сярод значнай большасьці беларусаў. Пераканаўшыся ў немагчымасьці прымусіць Лукашэнку пайсьці на саступкі, Масква павінна была яшчэ раз пераканацца ў тым, што яе палітыка адносна Беларусі абмежаваная дзьвюма альтэрнатывамі: Лукашэнка альбо яго праціўнікі, што выступаюць за ўступленьне краіны ў ЭЗ і NATO…

Доўгая, поўная ўзаемных абвінавачаньняў барацьба за „трубу” і „рубель” паміж Менскам і Масквой, якую беларускі бок падаграваў пэрыядычнымі буйнымі канфіскацыямі расейскіх тавараў на беларуска-польскай мяжы (за студзень — сакавік 2004 г. ДМК Беларусі канфіскаваў на беларуска-польскай мяжы расейскіх грузаў на суму 23,2 млн USD; пры захаваньні такой дынамікі за год было б канфіскавана расейскіх грузаў на 90 млн USD), была выкарыстаная Лукашэнкам для інфармацыйнай вайны супраць Крамля. Пры канцы траўня 2004 г. памочнік прэзыдэнта РФ Сяргей Прыходзька адзначыў: „Толькі 30 % публікацыяў у прапрэзыдэнцкай газэце „Советская Белоруссия” мае нэўтральны характар. 70 % — антырасейская прапаганда”[11].

4 чэрвеня 2004 г., калі ўжо было вядома аб тым, што ў кастрычніку адбудуцца парлямэнцкія выбары і вельмі часта зьяўлялася інфармацыя аб магчымым сумяшчэньні зь імі рэфэрэндуму, Пуцін і Лукашэнка сустрэліся ў Сочы. „Газавая вайна” была скончаная на ўмовах захаваньня статус-кво. „Газпром”, заяўляючы напярэдадні сустрэчы аб тым, што ўмовай укладаньня зь беларускім урадам кантракту на пастаўку газу будзе цана 53,5 USD за 1 тыс. м3, пагадзіўся пастаўляць газ цаною 46,68 USD. Пры гэтым Расея зрабіла значны крок насустрач Лукашэнку. Беларусі быў выдзелены на самых ільготных умовах крэдыт на набыцьцё газу — 200 млн USD, хаця яшчэ ў сакавіку 2004 г. міністар фінансаў Расеі А. Кудрын катэгарычна заяўляў, што ня можа быць гаворкі аб крэдыце для Беларусі ўвогуле. У сваю чаргу, Лукашэнка пагадзіўся захаваць старую цану за пампаваньне газу праз тэрыторыю Беларусі — 0,75 USD за транзыт 1 тыс. м3 на 100 км.

Акрамя таго, было вырашана адкласьці абмеркаваньне аб’яднаньня грашовых сыстэмаў да 2006 г. Тое, што на бліжэйшы час у беларуска-расейскіх адносінах не прадбачылася вострых дыскусіяў, пацьвярджалася тым, што У. Пуцін прыняў запрашэньне наведаць Беларусь 3 ліпеня, у лукашэнкаўскі дзень незалежнасьці Беларусі.

Шлях да „трэцяга тэрміну” быў адчынены.

Пасьля сочынскай сустрэчы „пеўчыя птушкі Крамля” (кшталту лідэра партыі „Радзіма” Дзьмітрыя Рагозіна), якія зусім нядаўна катэгарычна заяўлялі аб тым, што Расея не прызнае вынікаў рэфэрэндуму, ізноў разам сталі „сьпяваць” аб пэрспэктывах інтэграцыі і значэньні стратэгічнага саюзьніка.

* * *

Набліжэньне барацьбы паміж Расеяй і Захадам за Ўкраіну надавала Лукашэнку ўпэўненасьці ў тым, што Расея пасіўна (а большага ад яе і не патрабавалася) падтрымае яго ініцыятыву, заявіць аб тым, што рэфэрэндум — унутраная справа Беларусі. Ува ўмовах сілкаванага прытокам расейскіх нафтадаляраў росту УВП (10,6 %) ён мог быць упэўнены ў чарговай „элегантнай перамозе”: на кожную незадаволеную галаву на вуліцах Менску мелася больш за дзясятак дручкоў. Існуе толькі адна прычына таго, што Лукашэнка да апошняга часу цягнуў з прызначэньнем рэфэрэндуму, захоўваў інтрыгу: такім чынам абмяжоўваліся магчымасьці апазыцыі аказаць супрацьдзеяньне правядзеньню рэфэрэндуму. Пры ўсёй відавочнай яму слабасьці апазыцыі ён, магчыма, пераацэньваў функцыянальнае становішча актыўных апанэнтаў.

1 Белорусский рынок. 2003. 9—15 июня.

2 Белорусский рынок. 2003. 30 июня — 6 июля.

3 Тамсама.

4 Белорусский рынок. 2003. 21—27 июля.

5 Белорусский рынок. 2003. 4—10 августа.

6 Белорусский рынок. 2003. 4—10 августа.

7 Белорусская деловая газета. 2003. 3 сентября.

8 Белорусская деловая газета. 2003. 17 сентября.

9 Белорусская деловая газета. 2003. 12 декабря.

10 Белорусская деловая газета. 2003. 19 декабря.

11 Белорусская деловая газета. 2004. 25 мая.